|
Уводзіны
Анеля й Вэраніка Катковічанкі, як многія другія зь іхняга пакаленьня, не ўвайшлі ў энцыкляпэдыі беларускай гісторыі. У сваім лёсе сьвядома выбралі Беларусь, для якой жылі й працавалі, а пасьля за яе пакутавалі. Пра сваё жыцьцё аставілі ўспаміны. Асаблівасьць іх заключаецца ў тым, што нямногія Беларусы, якія пасьля ІІ сусьветнай вайны й лагераў Савецкага Саюза жылі ў Польшчы ці ў Савецкай Беларусі й наогул у СССР адважыліся сьпісаць сваё перажытае для патомных. Прышываная ім латка „врагов народа”, „беларускіх нацыяналістаў” дыскрымінавала іх у грамадзтве. Усё-ж такі некаторыя зь іх ня здрадзілі сваёй Беларусі. Пачалі даходзіць да голасу й гаварыць праўду асабліва, калі пасьля 1990 г. заіснавала беларуская дзяржава – Рэспубліка Беларусь. У Беластоку ў 1996 г. выйшлі ў кнізе „Лёс аднаго пакалення” ўспаміны Кастуся Сідаровіча, Юстына Пракаповіча, Янкі Жамойціна й Віктара Ярмалковіча. У 1998 г. у Вільні ў выдавецтве „Рунь” выйшлі ўспаміны Марыяна Пецюкевіча „У пошуках зачараваных скарбаў”. Яшчэ тры сшыткі ягоных успамінаў пра сібірскую ссылку „Кара за службу народу” чакаюць свайго добрага часу для выданьня. У 1997 г. у Менску „Наша Ніва” выдала ўспаміны пра Саюз Беларускіх Патрыётаў „Гарт”. Непараўнальна больш беларускай мэмуарнай літаратуры выйшла ў эміграцыі, асобнымі кніжкамі ці ў часопісах. Агляд яе прадставіў Лявон Юрэвіч у кнізе „Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі” (Нью – Ёрк 1999, с. 6 – 111)
Лёс Анелі й Вэранікі падобны таму пакаленьню Беларусаў, якое нарадзілася напярэдадні ці ў І сусьветную вайну й жыло пасьля яе ў ІІ Рэчы Паспалітай на г. зв. „усходніх крэсах”. Жыцьцё дзьвюх беларускіх дзяўчын перапляталася з умовамі і ўсімі складанасьцямі рэчаіснасьці, якой прыйшлося ім быць сьведкамі.
Прыйшлі яны на сьвет у мястэчку Будслаў над рэчкай Сэрвач, цяпер у Мядзельскім раёне, 56 км. на ўсход ад Мядзеля. Гэтае гістарычнае месца славіцца па сёньня касьцёлам бэрнардынцаў з 1643 г. і іконай сьвятой Багародзіцы, званай Маткай Боскай Будслаўскай, якую мен-скі ваявода Ян Пац атрымаў у Рыме ад папы Клімэнта VIII і ахвяраваў бэрнардынцам[1]. Менавіта яны мелі найбольшы ўплыў на развіцьцё мястэчка. У канцы ХІХ ст. у Будславе было 686 жыхароў, у 1921 – 626[2] . Ураджэнец мястэчка, ведамы беларускі дзеяч Вінцэнт Жук-Грышкевіч, так успамінаў даваенную рэчаіснасьць: „Жыхары, пераважна католікі, лікам менш чым 1000 у невялікай ступені цікавіліся беларускім нацыянальным рухам. (...) Пра сябе яны ведаюць толькі, што яны простыя мужыкі, не палякі й не расейцы, але якой нацыянальнасьці — ня знаюць, хіба простыя, тутэйшыя. Газэт не чытаюць. Пра жыцьцё на сьвеце ведаюць толькі з прыпадковых чутак ды прагна ловяць весткі ад сваіх, што варочаюцца з гораду ці з салдатаў. Тады гуртам валяць у хату „гарадзкога” хлапца ці дзяўчыны й гадзінамі слухаюць іхнія апавяданьні”[3]
. Беларуская нацыянальная сьвядомасьць пачала ў Будслаў даходзіць праз „Нашу Ніву” й беларускія кніжкі. Шмат зрабіў у іх распаўсюджваньні Эдвард Будзька й сям’я Мядзёлкаў.
У І сусьветную вайну ў сакавіку 1916 г. у Будславе разь-мяшчаўся штаб 2 рускай арміі заходнага фронту, у 1918 г. (люты – сьнежань) мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г., гутаркі пра беларускую аўтаномію спрыялі ўзросту нацыянальнай сьвядомасьці сярод будславян. З сакавіка 1917 г. працавала беларуская пачатковая школа пад кіраўніцтвам Івана Васілевіча. На яе базе ў канцы 1917 г. адкрыта была беларуская гімназія. Інжынер Лявон Вітан-Дубейкаўскі запраектаваў яе будынак. Вясной 1918 г. пачалася будова. „Прыйшлі” Палякі й спынілі будову, канфіскуючы будынак і з пачаткам школьнага года 1919-1920 распускаючы бела-рускую гімназію.
Анеля нарадзілася 19 чэрвеня 1914 г., а Вэраніка – 20 чэрвеня 1918 г. Іхнія бацькі: Язэп Катковіч і Мар’я зь Мя-дзёлкаў мелі яшчэ трое дзяцей: Пятра (1912 г.), Галену (1923 г.) і Францішка (1925 г.). Успамінаю ўсіх, бо, як на іронію лёсу, жыцьцё іх не ашчаджала. Спачатку паўміралі бацькі: Язэп у 1929 г., Мар’я – у 1930 г. Круглыя сіроты выжылі дзякуючы сям’і дзядзькоў, цётак і другіх добрых людзей. Аднак найбольшай іхняй трагедыяй былі ссылкі й турмы, якія не абмінулі ні аднаго зь іх. Кожны зь іх дасьведчыў умовы ссыльнага й турэмнага жыцьця, магчыма як ніхто з Будслава.
Пасьля І сусьветнай вайны апынуўшыся з родным мястэчкам у межах ІІ Рэчы Паспалітай, былі вымушаны вучыцца ў польскай школе – беларускай ужо не было. Хаця папольску ў мястэчку гаварылі толькі ўраднікі, паліцыя, настаўнікі й ксёндз. Польская сьвядомасьць прысвойвалася праз школу й касьцёл. У Вілейскім павеце, у якім знаходзіўся й Будслаў, паводле польскага перапісу насельніцтва 1931 г., было 70554 праваслаўных і 53168 католікаў. Як родную мову беларускую падалі 64337 асоб, а польскую – 59477. Францішак Сяліцкі, выхадзец з гэтага рэгіёну й яго знаўца, сьцьвярджаў, што „ostatnia liczba jest zawyżona, że część ludności katolickiej podała język polski jako swój ojczysty „z przechwałki”, bo uważano, że ten jest kulturalniejszy. Chciała też prawdopodobnie zamanifestować swoją polskość, mimo używania na co dzień języka białoruskiego, bo jednak na wsiach mówiono nadal po białorusku, choć młodzież czasem przechodziła na język polski w odpowiednim
towarzystwie”[4].
Анеля й Пётр паступілі ў Віленскую Беларускую Гімназію. Пётр, не спраўляючыся з вучобай, кінуў школу й вярнуўся ў Будслаў. Анеля гімназію закончыла пасьпяхова ў 1934 г. і паступіла ў Віленскі Унівэрсытэт. Вільня ў трыццатыя гады была цэнтрам беларускага руху ў Другой Рэчы Паспалітай. ВБГ была сапраўднай кузьняй беларускай інтэлігенцыі. Працавала ў ёй выкладчыкамі тагачасная беларуская эліта. У Віленскім Унівэрсытэце таксама дзейнічаў ад 1921 г. Беларускі Студэнцкі Саюз, які гуртаваў беларускую моладзь. Анеля ўключылася ў дзейнасьць БСС, сьпявала ў хоры Рыгора Шырмы. У 1935-36 гг. рэдагавала дзіцячы часопіс „Пралескі”. У 1939 г. Анеля закончыла гісторыю ва унівэрсытэце. Анелі пашчасьцілася: сьпярша дапамог ёй Эдвард Будзька, забіраючы яе ў Вільню, а пазьней Язэп Гапановіч, даючы ёй 300 злотых на унівэрсытэцкую навуку. Вэраніка закончыла паўшэхную школу ў Будславе (гадавалася ў бацькавай сястры Галены), а пасьля кравецкую школу ў Лунінцы. Забрала яе туды дачка матчынага брата — Яніна Вуйцік.
У 1939 г., калі саветы занялі Заходнюю Беларусь, Анеля пачала працаваць настаўніцай беларускай мовы ў школе ў Будславе. Пэўны час была яе дырэктаркай. Савецкі рэжым нібыта падтрымліваў беларускі рух. Аднак Анелю хацелі арыштаваць у чэрвені 1941 г. У пэрыяд 1939-41 гг. многія беларускія дзеячы былі арыштаваны. У той час Вэраніка працавала — пасьля курсаў для тэлеграфістак у Вілейцы — на тэлеграфе ў Крывічах. Там пазнала свайго будучага мужа Станіслава Клентака.
22 чэрвеня 1941 г. пачалася вайна зь Немцамі. Усе Катковічы вярнуліся ў Будслаў да Анелі. Аднак не было там бясьпечна. Праца „за саветамі” ў школе й сельсавеце стала прычынай даносаў з боку тутэйшых Палякаў на Анелю як камуністку. У той час бурмістрам Менска быў сябра Анелі з БСС Вітаўт Тумаш. Паехала тады Анеля ў Менск шукаць працу. Працавала перакладчыцай у гарадзкой управе. На яе просьбу ў Менск прыехалі таксама Вэраніка й Францішак. Жылі яны ў памяшканьні Беларускай Народнай Самапомачы. Доктар Іван Ермачэнка дапамог Вэраніцы паступіць у мэдычную школу. Там ад доктар Надзеі Абрамавай атрымала яна прапанову працы ў Саюзе Беларускай Моладзі. Стала яе намесьніцай. 22 чэрвеня 1943 г. падчас сьвяткаваньня ў тэатры Вільгельм Кубэ, генэральны камісар Беларусі, абвясьціў паўстаньне СБМ. Штабам СБМ кіравалі Міхась Ганько (хлопцамі) і доктар Надзея Абрамава (дзяўчатамі). Ім падлягалі акруговыя кіраўнікі, ім-жа — павятовыя. СБМ гуртаваў моладзь ва ўзросьце 10 — 20 гадоў. Беларуская моладзь натоўпам хлынула ў гэту арганізацыю. Беларускі моладзевы рух перажываў свой уздым, якога ні раней, ні пазьней не было. Заснаваньне СБМ лічылася найбольшым дасягненьнем нямецкіх уладаў на Беларусі[5]
. Умовы працы пры Немцах не былі лёгкімі. Трэба было ўмець існаваць між нямецкай уладай і савецкай партызанкай. Аднак хутка пазіцыя Нямеччыны пачала хістацца, аж да ўцёкаў Немцаў зь беларускіх земляў у канцы чэрвеня 1944 г. Што было рабіць беларускай інтэлігенцыі, якая працавала ў беларускіх установах, м.інш. культурна-асьветных, у пэрыядзе 1941-44 гадоў? Можна было аставацца ў савецкай рэчаіснасьці або ўцякаць зь Немцамі. Больш бясьпечным здаваўся быць другі выхад. Пра Беларусь пад саветамі можна было толькі марыць. Анеля, Вэраніка й Франак кінуліся ўцякаць разам зь Немцамі. Апынуўшыся на Захадзе, трэба было знайсьці сабе ў меру магчымасьці бясьпечнае месца. Дзяўчыны атрымалі працу ў Польскай Вайсковай Місіі ў Бэрліне: Анеля была перакладчыцай, Вэраніка касіркай. Пазьмянялі даты сваіх народзінаў (адмалодзіліся) і месца нараджэньня з Будслава на Вільню. Усё гэта каб скрыць сваё нядаўняе прошлае. Аднак у 1948 г. сьпярша з працы была звольнена Вэраніка й паслана яе ў Польшчу, дзе ва Ўроцлаве ў жніўні 1949 г. была арыштавана. У той час Анеля службова была выклікана ў Варшаву, дзе яе таксама арыштавалі. Палічылі іх грамадзянкамі СССР, якія па тадышніх законах падлягалі дэпартацыі ў Савецкі Саюз. Папраўдзе мэтай дэпартацыі было выяўленьне іх дзейнасьці ў беларускім руху ў час ІІ сусьветнай вайны. Абедзьве атрымалі па 10 гадоў „исключительных” лагераў.
Успаміны сёстраў падрабязна расказваюць пра арышт і перанесеныя пакуты да выхаду на волю.
Пасьля вяртаньня ў родны Будслаў абедзьве вырашылі выехаць у Польшчу: Вэраніка да мужа ва Ўроцлаў, а Анеля ў Варшаву. Анеля, дзякуючы даўнім супрацоўнікам з бэрлінскай місіі, атрымала працу ў Міністэрстве Замежных Спраў Польскай Народнай Рэспублікі. Займалася перакладамі. Хвароба, гіпэртанія, не дазволіла ёй доўга працаваць, перайшла на рэнту. Жыла ў Варшаве па вул. Чэрскай 1, кв. 10. Адшукала ў Варшаве сваю гімназічную сяброўку Людку Жамойціну й унівэрсытэцкага сябра з БСС Бэрнарда Стэповіча. Зьвязалася з варшаўскім аддзелам Беларускага Грамадзка-Культурнага Таварыства, якога стала членам. У Варшаве таксама спаткала свайго даўняга дабрачынцу Язэпа Гапановіча.
Анеля пачала пісаць ўспаміны 12 верасьня 1967 г. Пісала іх некалькі гадоў. У рукапісным сшытку знаходзяцца яшчэ даты 3 лютага 1973 г. і 12 сакавіка 1973 г. Прыблізна тады былі закончаны. Успаміны ахвяруюцца дзецям сястры Вэранікі й брата Францішка. Ва ўспаміны не ўвайшлі два эпізоды: з пэрыяду чэрвеня 1941 г., калі хацелі арыштаваць Анелю саветы й калі Палякі хацелі выдаць яе Немцам. Гэтыя эпізоды сьпісаў з аповедаў Анелі Юры Туронак, які ўвесь час мабілізаваў яе да пісаньня ўспамінаў. Незашмат напісана таксама пра пэрыяд працы ў час нямецкай акупацыі. Гледзечы на тое, што Анеля пісала ўспаміны ў 60-ыя — 70-ыя гады, пэўна хацела пазбыцца сваёй „калябаранцкай дзейнасьці”, як тады ацэньвалася беларускую дзейнасьць пад нямецкай акупацыяй. У канцы сямідзесятых гадоў памяняла сваю варшаўскую кватэру на ўроцлаўскую, каб быць бліжэй сястры. Памерла там 8 кастрычніка 1982 года.
Фрагмэнты ўспамінаў Анелі былі апублікаваны ў Варшаве ў 1984 г. у перакладзе на польскую мову ў г. зв. drugim obiegu, у выдавецтве Niezależna Oficyna Wydawnicza, п.з. „Przeżyłam łagry sowieckie (fragmenty wspomnień)”. З беларускай мовы пераклала, уступ і зноскі напісала Русталька Ла-да-Ідэйко (псэўданім сяброўкі Анелі Русталькі Піскурэвіч). Апублікаваныя фрагмэнты галоўным чынам зьвяртаюць увагу на лагерныя пакуты. У арыгінальнай беларускай вэрсіі „Мае ўспаміны” публікаваліся фрагмэнтамі ў эмігранцкім беларускім друку: у часопісе „Беларуская Думка” (1994, нр 38 — пра дзіцячыя й студэнцкія гады) і ў „Полацаку” (1994, нр 2, с. 51-55; нр 3, с. 41-44; нр 4 — пачынаюцца з 1948 г. ад звальненьня з працы Вэранікі).
Вэраніка вярнулася да мужа ва Ўроцлаў. Жылі ў адрамантаваным доме сярод руін па вул. Тшэбніцкай 42. Мелі двое дзяцей Зосю (1957 г.) і Кшыштафа (1961 г.). Вэраніка сьпярша займалася выхаваньнем дзяцей, а пазьней працавала ў кравецкай майстэрні ў спэцыяльнай школе. Ад 1983 г. — на пэнсіі. Жыве да сёньня ва Ўроцлаве. Яе ўспаміны паўсталі на аснове публікаванага ў часопісе „Полацак” інтэрв’ю Янкі Жамойціна п.з. „З перажытага” (1993, н-ры 9, с. 34-35, 10, с. 24-29; 1994, нр 1, с. 56-58) і аповедаў пра сваё жыцьцё, запісаных на магнітафоннай плёнцы ў лютым 1998 г. і сьнежні 1999 г.
Вэраніка (і раней Анеля), прыехаўшы ў Польшчу наладзілі карэспандэнцыю са сваімі знаёмымі ў эміграцыі. Па сёньняшні дзень лісты Вэраніцы пішуць даўнія сябры Мітрафан Смаршчок, Пятро Нядзьведзкі, Люня Бяленіс (Будзька), Яніна Каханоўская. Вэраніка ў 1993 г. удзельнічала ў сьвяткаваньні 50-ых угодкаў СБМ у Менску. Сустрэлася тады са сваімі сяброўкамі нядолі: Верай Касмовіч, Надзяй Дземідовіч, Жэняй Шастак. Нанова ажылі ўспаміны й пачуцьцё патрэбы давесьці іх да ведама шэрэйшага кола людзей. На сьвяткаваньні ў Менску ў 1993 г. быў таксама Янка Жамойцін, праваднік беларускай моладзі ў Навагарадку. Зь сёстрамі Анеляй і Вэранікай Катковіч сустракаўся ў розных умовах. Супольнасьць лёсу вызначанага ўдзелам у беларускім руху, характэрна і ўспамінам Янкі Жамойціна „З перажытага”, апублікаваным у кніжцы ўспамінаў „Лёс аднаго пакалення” (Беласток, 1996, с. 50-170).
Ва ўспамінах, асабліва Анелі Катковіч, паяўляецца шмат прозьвішчаў настаўнікаў, гімназічных і унівэрсытэцкіх сяброў і іншых асоб сустрэтых на жыцьцёвым шляху. Большасьць іх вядомая зь гісторыі беларускага руху. Успаміны дапаўняюць уступ Янкі Жамойціна, зноскі пра важнейшыя асобы, арганізацыі, падзеі, імянны паказальнік, здымкі й дакумэнты, якія становяць ілюстрацыю да ўспамінаў і захоўваюцца ў хатнім архіве Вэранікі Клентак ва Ўроцлаве.
Асабліву падзяку выказваю спадару Юрку Туронку, які спрычыніўся да паўстаньня ўспамінаў Анелі й дапамог папоўніць зьвесткі пра постаці ў іх, Вячаславу Харужаму за навуковае апрацаваньне зноскаў да ўспамінаў, а таксама Раісе Жук-Грышкевіч, Веры Касмовіч, Надзеі Дземідовіч за дапамогу ў апрацаваньні некаторых біяграфічных зьвестак. Міры Лукшы дзякую за моўную кансультацыю ды карэкту тэкстаў.
Галена Глагоўская
Прозьвішча Анелі Катковіч стала мне вядомым ужо ў гады пачатковай школы, ад маёй старэйшай сястры Людмілы Жамойцінай — яе сяброўкі зь Віленскай Беларускай Гімназіі, з 30-тых гадоў. Гімназія гэта — адзіная ў той час кузьня беларускай інтэлігенцыі ў Заходняй Беларусі, пад польскім панаваньнем спаўняла адначасова ролю пашыральніка нацыянальнай сьвядомасьці беларускага насельніцтва. Вучні яе распаўсюджвалі беларускі друк сярод землякоў, а перш за ўсё — сярод сваіх блізкіх. Першыя мае крокі ў гэтым напрамку — гэта было распаўсюджваньне прывожаных сястрою зь Вільні беларускіх календароў і брашур, з апавяданьнямі прызначанымі вясковым дзецям. Распаўсюджваньне гэтай літаратуры было ўдзелам і іншых выхаванцаў гімназіі, пра якіх Людка ахвотна расказвала нам дома. З гэтых аповедаў мне запамяталіся такія прозьвішчы, апрача Анелі Катковіч, як Жэня Шастак, Алена Леўковіч, Шура Бязьмен, Жэня Шляхтун, па мужу цяпер Ярмалковіч. Зь ёю й яе мужам Віктарам лёс мяне сутыкнуў у драма-тычных абставінах зьняволеньня ворганамі КДБ у Польскай Народнай Рэспубліцы на пачатку 1950-га года, аб чым я ўжо шырэй спамянуў ва ўспамінах „З перажытага”, якія апублікаваліся ў кніжцы „Лёс аднаго пакаленьня”.
Слоў пару пра Аўтарку лагерных успамінаў — Анелю Катковіч. Цяга да здабыцьця адукацыі пятнаццацігадовай асірацелай дзяўчынкі, якою стала Анеля пасьля сьмерці бацькоў, пасьпяховасьць у навуцы, папоўненай актыўным удзелам у культурнай дзейнасьці, успамаганьне іншых у здабываньні ведаў, пасьля ў выхаваньні малодшых ад сябе, на прыкладзе сястры Вэранікі, сьведчыць аб яе рашучым характары й здольнасьцях. Такою ж асталася Анеля і ў цэлым жыцьці. Такія ж якасьці прывіла й Вэраніцы — вядомай зь яе ахвярнасьці да дзяцей і моладзі з часу працы ў Саюзе Беларускай Моладзі, на пасадзе намесьніцы галоўнай кіраўнічкі СБМ — доктар Надзеі Абрамавай. Жыцьцёвы шлях сясьцёр Анелі й Вэранікі Катковіч — якая па мужу завецца Клентак, сышоўся з маім ад 1943-га года, на палетку дзейнасьці ў СБМ і вёў кожнага з нас сваімі каляінамі, але супольным камяністым руслом, сама менш да 1956-га году — да вызваленьня з савецкіх „особых” лагераў. Перажываньні кожнага з нас на гэтым шляху зводзяцца безумоўна да агульнага назоўніка й выклікаюць рэфлексіі.
Мае рэдкія кантакты з Катковічанкамі з часу дзейнасьці ў СБМ на бацькаўшчыне сталі бліжэйшымі ў даволі драматычных умовах лагеру чужаземных работнікаў — пры фабрыцы Юнкерса ў Дэсаў дзе апынулася вялікая група беларускіх дзяцей і падлёткаў, з агульнай колькасьці каля паўтары тысячы дзяўчынак і хлопцаў, забраных ад сем’яў і вывезеных у лагеры пры розных прадпрыемствах у Саксоніі. Сустрэліся мы ў тым лагеры ў лютым 1945 году, дзе маткавала беларускім дзеткам сястра Анелі — Вэраніка. Безупынныя налёты альянцкіх самалётаў на горад, праца ў майстэрнях фабрыкі, заняткі ў школе, пэрманэнтнае недаяданьне — хлопцы пераносілі лягчэй, сярод тысяч жахароў лагера. Больш складаная сытуацыя была зь дзяў-чынкамі, якія, перанятыя страхам і настальгіяй, перажывалі сваю драму з плачам, на мяжы істэрыкі. Тут лічылася толькі безупынная сардэчная турбота апякунак, якія ўкладвалі ў сваю працу ўсе сілы й сэрца. Напрамак і тон гэтай працы зь дзяўчынкамі надавалі сёстры Катковічанкі. Жандарамі выгнаныя з лагера і з горада ў красавіку 1945 г. перад набліжаючымся ваенным фронтам, у напрамку горада Цэрбст, пакінутыя аховай у лесе бязь цёплай вопраткі й прадуктаў харчаваньня, астрэльваныя пэрыядычна савецкай артылерыяй і самалётамі, апынуліся мы зь дзяцьмі ў даволі складанай сытуацыі. Некалькі першых адносна цёплых дзён, вольных ад працы й лагернага рэжыму спрыялі добраму, бадзёраму настрою выгнанцаў. Хлопцы дружна зь дзяў-чаткамі капалі закопы дзеля бяспекі й сховішча ад начных халадоў. Бегалі шукаць бульбы ў адкрытых пасьля зімы капцах за лесам, „пад’ядалі” франтавікоў з суседніх кустоў. Ідылія аднак хутка кончылася. З кожным днём сталі дапякаць холад і голад. У абліччы зьнемажэньня й хваробы дзяцей, апекуны хлопцаў вырашылі выслаць прадстаўніка ў горад і дамагацца згоды на вяртаньне дзяцей у лагер. У выніку жарабёўкі заданьне мусіў выканаць я. Адолеўшы пасьпяхова перашкоды міжфрантавога падарожжа, удалося мне перайсьці мост праз раку Эльбу, які тут-жа быў зьнішчаны амэрыканскай артылерыяй. Маё вяртаньне да групы стала немагчымым.
Шляхі нашы зь сёстрамі Катковіч сышліся зноў у 1949 годзе, у падвалах польскага міністэрства бясьпекі, з некалькі-тыднёвым разыходжаньнем у часе. Пасьля — у 1950 годзе драматычная сустрэча на паседжаньні ваеннага трыбуналу ў маёй справе і ў канцы шчасьлівае спатканьне ў Варшаве ў 1958 годзе й пазьнейшыя сустрэчы. Вэраніка ачуняла ад перажытай гібелі свайго сыночка ў савецкім лагеры, я пага-дзіўся зь сірочым лёсам майго сына пасьля гібелі яго маці. Анеля з аслабленымі слыхам і зрокам у наступстве нялечанай ў лагеры гіпэртаніі, не напамінала той вясёлай, растан-цаванай і расьсьпяванай дзяўчыны, але асталася зычлівай, сяброўскай, кампанейскай, чульлівай да чужых турбот і крыўды, апякунчай. Хутка стала актыўнай і папулярнай у беларускім асяродзьдзі ў Варшаве, памочнай асабліва сту-дэнтам у апрацаваньні й пісаньні іх працаў. Цесна падружыла са сваёю гімназічнаю сяброўкай — маёй сястрою Людмілай Жамойцінай — па мужу Янкоўскай. Абедзьве яны, верныя да канца жыцьця прывітым ім у віленскай гімназіі ідэям, часта сустракаліся зь іншымі сябрамі й аднадумцамі ў Варшаве.
Анеля памерла пасьля цяжкай хваробы, пад апекай сястры Вэранікі, 8-га кастрычніка 1982 года ва Ўроцлаве, пахаваная там на каталіцкіх могілках. Канчына Людмілы наступіла пасьля ракавай хваробы лёгкіх 3-га студзеня 1986 года. Пахавалі яе на праваслаўных могілках у Варшаве.
Ва ўспамінах Анелі Катковіч няцяжка дагледзецца адбіцьця яе характару: схільнасьці да аб’ектывізму, скромнасьці. Зьмест іх утрыманы ў канвэнцыі аповеду бязь лішніх прыметнікаў, бяз клічнікаў — бяз скаргі й нара-каньняў. Прытрымліваецца яна канкрэтнага сьцьвярджаньня фактаў, якія складаюцца ў суме на вобраз вэгетацыі ў савецкай няволі й прынцыпаў на якіх дзейнічала тая лагерная сыстэма.
Гады 1949—1950 характэрны масавым зьняволеньнем ненадзейных рэжыму актуальных у тым часе грамадзян заходніх рэспублік СССР і былых жыхароў тых рэгіёнаў дзе-б яны не знаходзіліся, чыімі не былі-б падданымі. Важна, што былі ў засягу МГБ. На затрыманых накладаўся фармальна арышт пракурорам нярэдка пасьля некалькі-месячнага зьняволеньня. Строгі рэжым у турмах, цякучыя пасудзіны з людзкімі экскрэмэнтамі, лазьні з халоднаю вадою, псыхічнае марэньне людзей сыстэматычнай бяссоньніцай, сухі паёк з хлеба й салёнай рыбы ў транспартах вязьняў таварнымі вагонамі, пазбаўленымі вады й хаця-б найпрымітыўнейшых санітарных умоваў. Пародыя судоў без адвакатаў ці завочных прысудаў, лагерны рэжым і гала-даньне, цяжкая дзесяцігадзінная праца — усё гэта было ўдзелам кожнага, каго дасягнула доўгая рука МГБ. Успаміны кожнага былога зьняволенага з часу сталінізму ў гэтых адносінах сходныя, сьведчаць аб сыстэме паніжэньня чалавечай годнасьці людзей нявыгадных рэжыму, мараль-нага, а то й фізычнага вынішчэньня. Сыстэма тая ня брала пад увагу правоў чалавека, ня мела шмат супольнага з права-судзьдзем. Прысуды былі найчасьцей выпадковай ламаньня псыхікі вязьня, выдумак і намаганьня сьледчага ці палітыч-ных тэндэнцыяў, а не фактычнага правіненьня падсуднага, а затым і прысуджаныя меры пакараньня ня мелі наогул практычна-праўнага значэньня.
Янка Жамойцін
[1] Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі, Т. 2, Мінск 1994, с. 115-116; Будслаўскі Касьцёл сьвятыня Беларусі, Мінск 1993; Franciszek Sielicki, Region dołhinowsko-budsławsko-krzywicki na dawnej Wileńszczyźnie. Kronika historyczna, Wrocław 1989.
[2] F. Sielicki, op. cit., c. 75, 135.
[3] Раіса Жук-Грышкевіч, Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча, Торонто 1993, с. 313.
[4] F. Sielicki, op. cit., с. 149; Працы гэтага аўтара грунтоўна паказваюць рэгіён у міжваенны пэрыяд і ў час ІІ сусьветнай вайны, таму могуць дапамагчы чытачу ў разуменьні складаных падзеяў; Pieśni białoruskie i rosyjskie śpiewane na Wileńszczyźnie w okresie międzywojennym, Wrocław 1992; Podania, legendy, anegdoty i przysłowia na Wilejszczyźnie w okresie międzywojennym, Wrocław 1993; Wierzenia i obyczaje na Wilejszczyźnie w okresie międzywojennym, Wrocław 1993; Losy mieszkańców Wilejszczyzny w latach 1939-1946. Okupacja sowiecka i niemiecka, wywózki, partyzantka, repatriacja, Wrocław 1994; Wspomnienia z zesłania byłych mieszkańców Wilejszczyzny, Wrocław 1995.
[5] Jerzy Turonek, Białoruś pod okupacją niemiecką, Warszawa 1993, c. 164; Янка Жамойцін, Саюз Беларускай Моладзі, „Czasopis”, 1993, н-ры 7-8, с. 2-3; нр. 9, с. 17-18; нр. 10, с. 10; нр. 11, с. 7; Я. Жамойцін, Саюз Бела-рускай Моладзі — міфы й факты (рукапіс); А. Літвін, А калі пастараемся зразумець?, „Голас Радзімы”, нр. 26, 1.07.1993 г.; С. Чыгрын, Саюз Беларускай Моладзі, „Ніва”, 9.07.1995 г., с. 4; К. Харашэвіч, На дзейнасьць СБМ настаў час паглядзець без бальшавіцкай заторанасьці, „Беларускі Дайджэст”, 1994, нр. 3 (5), с. 4; К. Рамановіч, Што такое СБМ?, „Пінскі вестнік”, 4.05.1994 г.
|