|
Вэраніка Катковіч-Клентак. Успаміны
Гадавалася я без бацькоў, бо рана паўміралі. Была ў цёткі Галены Галавач, сястры майго таты, у Будславе. Мела яна трох сыноў, старэйшых за мяне: Вітаўта (1909 г.) — жыве ў ЗША, Адольфа (1911 г.) — жыве ў Борным Сулінове (Польшча) і Лёніка – памёр у ЗША. Хата іх была вялікая і ўсім хапала месца. Там таксама сабіралася местачковая моладзь на вечарынкі. Сьпявалі мы беларускія песьні, ладзілі прадстаўленьні й танцы. Дзядзькі былі вельмі добрыя. Ужо будучы ў іх кончыла я сяміклясовую паўшэхную школу. Пазьней забрала мяне дачка мамінага брата Яніна Вуйцік (па мужу). Яе муж Станіслаў быў інструктарам пажарнай стражы ў Лунінцы. Там паслалі мяне ў сярэднюю кравецкую школу. Вучылася ў ёй тры гады. Пасьпела яе закончыць да 1939 г.
Калі прыйшлі саветы, вярнулася ў Будслаў і там працавала на пошце. Закончыўшы тэлеграфічныя курсы ў Вілейцы, працавала пры тэлеграфе ў Крывічах. Там пазнала Стаха Клентака.
Як прыйшлі Немцы, вярнулася ў Будслаў да сястры —Анелі. Яна тады жыла яшчэ ў школе. Але ня мела ўжо працы й было небясьпечна. У кастрычніку 1939 г. Анеля паехала ў Менск. Прыслала мне ліст, каб да яе прыехаць.
У гады вайны ў пэўнай ступені яна мною апекавалася. Анеля атрымала працу перакладчыцы ў гарадзкой управе Менску, а мне дапамагла ўладкавацца на вучобу ў Менскай мэдычнай школе пры шпіталі, у якім працавала доктар Надзея Абрамава. Калі вясной 1943 г. паявілася магчымасьць сарганізаваньня Саюза Беларускай Моладзі, доктар Абрамава ўзяла гэта на сябе.
Аднойчы прыйшла да нас (мяне і маёй каляжанкі Зосі Аляхновіч) і кажа: „Знаеце што? Немцы дазволілі нам арганізаваць Саюз Беларускай Моладзі, на падабенства як у Польшчы было гарцэрства. Хто належаў да гарцэрства?” Я падняла руку. Сказала, што была дружыновай, так як і Зося Аляхновіч, якая прыехала з Варшавы. І мы пайшлі працаваць у СБМ. Самым важным была неабходнасьць уключэньня ў арганізацыю сьведамых, адданых беларускай справе маладых людзей. З хвіляй стварэньня СБМ др. Абрамава была назначана галоўнай кіраўнічкай юначак. Мяне яна-ж паклікала на сваю заступніцу й кіраўнічку юначак горада Менска. Я канцэнтравалася галоўным чынам на працы з дзяцьмі.
Як мы пачыналі? Найперш бегалі па школах. Там дырэктары нас спатыкалі, сабіралі дзяцей. Сустракаліся зь дзяцьмі, праводзілі гутарку. Усьведамлялі іх нацыянальна, расказвалі пра беларускія песьні й танцы, чыталі вершы: „Беларуская зямліца мяне ўзгадавала, над зямлёю беларускай песьні мне сьпявала. Гэта мова і край родны над усё мне мілы, не магу іх адцурацца да самай магілы, не магу іх адцурацца як рукі, як вока, няхай слава Беларусі плыве ў сьвет шырока”. Гэтага вось я вучыла сваіх юначак. І ўсе песьні: „Люблю наш край...” і другія, і танцы: лявоніху, крыжачок, юрачку... Я сарганізавала такія заняткі для дзяўчат пры касьцёлах, пры цэрквах. На адных занятках займаліся вышываньнем. Была адна такая настаўніца, якая надта прыгожа вышывала — называлася Ананіч. Яна вучыла дзяцей беларускіх узораў, арнамэнтаў. Пры царкве быў настаўнік, які вучыў рабіць штучныя кветкі.
Мяне вельмі дзеці любілі. Як ішла па Менску, то падбягалі да мяне, хваталі за руку, за спадніцу, каб толькі быць бліжэй і казалі: кіраўнічка Вэраніка, ідзём пасьпяваць, ідзём патанцаваць. Я зараз зьбіралася. Там каля царквы быў пляц і мы рабілі кола й танцавалі беларускія танцы, сьпявалі. Але быў аднойчы такі выпадак: іду я зь дзяцьмі да сваёй хаты на Інтэрнацыянальнай, яны крычаць каб пасьпяваць і патанцаваць; мы робім кола, а тут раптам выбягае хлапец і крычыць: „Кіраўнічка Вэраніка, уцякайце, бо вас парты-заны хочуць забіць” і я тады хутка ўцякла ў хату. І так дзеці мяне абаранілі. А ад партызанаў многа хто загінуў. Мне вельмі добра працавалася з Зосяй Аляхновіч. Вечарам заўсёды справаздачу давалі др. Абрамавай. Надзея Абрамава была псыхіятрам. Працавала ў псыхіятрычным шпіталі і ў шпіталі, дзе была наша школа.
Памятаю, як ў руінах Менска зрабілі агарод і юначкі нашы сеялі градкі, а плёны насілі ў дзетсад, бо там дзеткі пухлі ад голаду. Арганізацыйная праца захапіла мяне поўнасьцю. Арганізавала выхаваўчую працу ў нацыянальным духу й народнай культуры сярод дзяцей і наймалодшых юначак. Апрача таго мне быў даручаны нагляд над курсамі для кіраўнічак юначак у Драздах пад Менскам, і агульна-арганізацыйная праца ў штабе СБМ. З боку нямецкага Остміністэрыюм нагляд над СБМ у Менску меў нейкі Шульц , а над юначкамі – жанчына Грозэман . Немцы, вядома, мелі сваю мэту – выкарыстаньне моладзі, а нашае кіраўніцтва імкнулася да процістаўнай мэты. Мы імкнуліся абуджаць нацыянальную сьведамасьць і патрыятычныя пачуцьці адказнасьці за сваю бацькаўшчыну й павіннасьці змаганьня за яе вызваленьне. У сувязі з тым між нашым кіраўніцтвам і прадстаўніцтвам нямецкага боку была паўсюдная супярэчнасьць, якая ўскладняла працу, стварала небясьпечныя сытуацыі, уключна з арыштамі працаўнікоў кіраўнічага штабу й пагрозамі зьняволеньня шэфа-правадніка. Сытуацыю, у вялікай ступені, лагодзіў Вільгельм Кубэ , які быў прыхільнікам нашай арганізацыі й проці-стаяў да іншых акупацыйных уладаў, асабліва паліцэйскіх, зь якімі часта ўдаваўся ў канфлікты. Нягледзячы на ўсе цяжкасьці ваенных умоваў і небясьпекі з боку бальшавіцкага й польскага падпольля, а таксама й галоўнага ў тым часе акупанта – Немцаў, моладзь неспадзявана энтузіястычна гарнулася да СБМ. У канцы чэрвеня 1944 г. у СБМ гуртавалася прыблізна каля 45 тыс. юнакоў і дзяўчат.
Мы ўцякалі зь Немцамі перад прыходам бальшавікоў. Да эвакуацыі з бацькаўшчыны ніхто не прымушаў, але амаль уся вышэйшая й кіраўнічая кадра СБМ выяжджала зь Беларусі.
З доктар Абрамавай мы ехалі разам у Нямеччыну. Калі выехалі за Менск — а ехалі цягніком і СБМ, і БЦР, і жаўнеры — аказалася, што былі ўзарваныя пуці. Мужчыны выйшлі, паклалі рэйкі й мы паехалі далей на захад. Было нас каля 40 вагонаў. Раптам наехалі на падложаную міну й каля 10 вагонаў паляцела ў паветра. Загінула шмат жаўнераў і людзей са Смаленшчыны.
Завезьлі нас у Мальту ў Альпы, дзе згуртавалася кіраўніцтва СБМ. Пасьля перавялі нас у Бэрлін-Штандаў Вэст. Адтуль я была назначана ў Катэн. У канцы вайны перавялі мяне ў працоўны лагер пры фабрыцы Юнкерса ў го-радзе Дэсаў у Саксоніі. У лагеры тым было каля 300 беларускіх дзяўчат і каля 1500 хлопцаў, прывезеных Немцамі ў большасьці з паўночна-ўсходняй Беларусі. Тут пачалася сапраўды ахвярная праца. Так як і іншыя сяброўкі, я старалася перад усім аказаць як найбольш сэрца й ласкі дзецям, заступіць ім хоць часткова маці. Прыходзілася ўсяго дабівацца сілай – ваяваць за лепшае харчаваньне дзяцей, за карацейшы дзень працы, за дазвол на навуку, за лекарскую апеку. У вялікай ступені ўсяго гэтага дабіваліся. Немцы пераканаліся, што ад стаўленьня да нашых дамаганьняў залежыць якасьць і вынік працы. У палове красавіка 1945 г. паліцыя выгнала нас — пад пагрозай расстрэлу ў выпадку непадпарадкаваньня — з дзяцьмі й тысячамі іншых чужа-земных працаўнікоў з Дэсаў. Пасьля 12-гадзіннага маршу, перапыненага кулямётнаю стральбою з самалётаў, наш кан-вой раптоўна згубіўся. Мы апынуліся ў лесе, недалёка горада Цэрбст, пакінутыя ўласнаму лёсу. У лесе ініцыятыву пера-нялі мужчыны. У здабываньні ежы рабілі падходы на вяско-выя капцы з бульбаю, якія знаходзіліся за лесам. Да мужчынскіх даручэньняў належала капаньне акопаў у лесе, якія зьберагалі ў дзень ад налётаў, а начамі ад холаду. Сілы аднак трацілі мы з кожным днём. У выніку нарады паста-навілі дамагацца дазволу на вяртаньне ў Дэсаў. Аднак дабрацца туды нам не ўдалося. Над Мульдай (прыток Эльбы) затрымалі нас амэрыканскія жаўнеры, а неўзабаве прыйшлі іх ўсходнія саюзьнікі. Пераход у абшар дзеяньня амэрыканскай арміі быў забаронены пад пагрозай расстрэлу. Дзяцей перанялі ад нас Расіяне. Гэта было драматычнае расстаньне. Пасьля ня менш драматычных прыгодаў мы з Анеляй навязалі сувязь з польскай вайсковай місіяй у Бэрліне й там працавалі. Мяне звольнілі з працы ў 1948 г. і загадалі выехаць у Польшчу.
Што сталася з доктар Абрамавай, я дакладна ня ведаю. Яна ўзяла на выхаваньне зь сірацінца дзяўчынку, бо сваіх дзяцей ня мела. Яе муж загінуў з рук бальшавікоў. Яе бацька быў мастаком у Менску. Др. Абрамава ўступіла ў кляштар у Мюнхене, а яе дзяўчынку – казалі – партызаны адабралі і ўтапілі ў возеры.
Прыехала ва Ўроцлаў. Тут адшукала сваю першую сымпатыю Стася Клентака з Крывічоў. На пачатку ліпеня 1949 г. выйшла за яго замуж. Працавала ў ваяводзкай управе. 12 жніўня прыйшлі мяне арыштаваць. Вярнуліся мы з мужам з працы й хацелі адпачыць, а нашая гаспадыня кажа, што нехта прыйшоў да мяне. Яны запыталі мяне ці я належала да СБМ. Я прызналася. Адзін быў даволі сымпатычны, як быццам мне спачуваў. А другі крыкнуў: „Rewizję robimy u pa-ni!” Я пабегла пераляканая да мужа, каб паведаміць яго пра рэвізію. Але ў нас нічога не было. Тады мяне забралі з сабой. Я была ў летняй блюзцы. Нават нічога з сабой не ўзяла. Я ня ведала, што яны мяне арыштуюць. Сказалі, што спраўдзяць дакумэнты. Завялі мяне ва УБ (Urzędu Bezpieczeństwa). Бачу, там пад сьцяной стаяць мужчыны з рукамі паднятымі ўверх. Я падумала, што й мяне зараз туды паставяць. Пачалі мяне дапытваць: „Była pani w Sajuzie Biełaruskaj Moładzi?” – Так. – „To pani jest aresztowana.” Сямёх убоўцаў павялі мяне на вакзал і загадалі да нікога на вуліцы не азывацца. Завялі мяне ў міліцыйны пакой і затым у цягнік. Месца ўжо было прызначана. Быў там яшчэ адзін мужчына. Прыехалі мы ў Варшаву. Завезьлі мяне ў Міністэрства Бясьпекі. Сьледчы запытаў: Пані Анеля Котковіч? Было гэта на вул. Кашыковай. Завялі мяне ў падвал, у вельмі малую цэлю, 1,5 на 2 м. Згары проста ў вочы сьвяціла мне лямпачка. Я не магла нічога есьці ані піць. Усё плакала й крычала. Са мной была Сальця, жонка Гішпанца. Яна прасіла, каб я ня плакала. І сапраўды на другі дзень я перастала плакаць. Паколькі я не дала рады есьці, Сальця зьядала й маю порцыю. Я надта дрэнна сябе адчувала. Яшчэ ня ведала, што я цяжарная. Аднойчы, выносячы „парашу”, самлела. Неўзабаве даведалася, што Анеля ў сусед-няй камэры.
Мяне перавялі ў другую цэлю. Там сядзелі 4 жанчыны. Было вельмі цесна. Як ляглі, то не было як павярнуцца. У ліс-тападзе 1949 г. мяне выклікалі, далі вайсковае паліто й сказалі: „Pani jedzie do domu”. Але не відаць, каб я ехала дадому. Завезьлі мяне на Прагу. Гляджу: пад’яжджаем пад браму, кіроўца затрубіў, брама адкрылася. Гляджу – а там салдаты савецкія. Вядуць мяне на гару. А там пракурор і ка-жа: „Каго вы мне прывезьлі? Цяжарная, бяз вопраткі, а тут зімна.” І кажа мне: „Пішыце мужу, каб вам прыслаў вешчы.” І праўда, я напісала, каб муж прыслаў мне абутак, паліто. Муж пераслаў мне футра, кашулі начныя, райтузы, папуці, 2 сукенкі, нагавіцы, і даў маю ашчадную кніжку. Пракурор быў даволі сымпатычны. Запытаў, што мне купіць за гэтыя грошы. Я папрасіла купіць коўдру й сухароў. Гэтая коўдра мне вельмі дапамагла. У маёй цэлі стаў ложак з матрацам, у якім было поўна блохаў. Так мяне абскочылі, што я пачала крычаць. Мая рука была чорная ад іх. Я папрасіла, каб забралі ад мяне гэты матрац. І я 4 месяцы на голых дошках спала прыкрываючыся сваёй коўдрай і футрам.
Пасьля новага 1950 года павезьлі ў Легніцу. Я, адзіная жанчына, і 10 мужчын ехалі ў халодным таварным вагоне. Куды нас везьлі, ніхто з нас ня ведаў. Адгароджаны ад вязьняў жалезнай кратай, нас вартаваў жаўнер з хутка-стрэльнаю зброяй. Апрануты ў кажух і валёнкі, ён быў нашым уладаром, без дазволу якога нельга было варушыцца, гутарыць, нават спраўляць фізіялягічныя патрэбы. У Легніцы, у савецкай контрразведцы, аказалася — на іронію — што я зусім не арыштаваная, а толькі падрыхтаваная да „на родину”. У сувязі з тым мне дазволілі пагутарыць з доктарам, завялі ў баню, пасялілі ў чыстую, але турэмную камэру. Далі мне матрац, добра кармілі. Ідылія трывала аднак коратка. Недзе пасьля 10 дзён, на пераломе студзеня й лютага 1950 г. вывезьзлі мяне зноў этапам у таварным вагоне ў Брэст. У брэсцкай турме ўжо не цацкаліся. Швырнулі мяне ў ка-мэру, дзе былі чатыры бытавыя вязьняркі — што працавалі ў кухні — і ў камэру амаль не вярталіся. Ноччу заатакавалі мяне пацукі, ды такія нахабныя, што я не магла ад іх абара-ніцца. Сьцягвалі зь мяне коўдру й прасьцірадла. Я нарабіла істэрычнага крыку. Раніцай мяне адтуль вывелі. Дабілася размовы зь нейкім турэмным начальнікам – палкоўнікам. Я пра ўсё яму расказала: і пра цяжарнасьць, і пра пацукоў. На яго загад перасялілі мяне ў іншую камэру, зь якой неўзабаве завялі пад эскортай на вакзал. У Менск везьлі мяне ў спаль-ным вагоне, у асысьце ахвіцэра КДБ. Там мяне сустрэлі й на машыне павезьлі ў турму КДБ па вуліцы Камсамольскай. Турму тую вязьні называлі „амэрыканкай”. Тут павялі мяне на размову з начальнікам турмы й пракурорам, якія пацьвердзілі, што да гэтага моманту я была „вольным грамадзянінам СССР”. На заканчэньне гутаркі начальнік паведаміў мяне ахвіцыйна, што пракурор накладае на мяне арышт, падае следзтву й прад’явіў „ордэр на арышт”. У „амэрыканцы” я таксама месца не сагрэла, бо перавялі мяне ў турму па вуліцы Валадарскай, дзе 21 сакавіка 1950 г. нарадзіўся мой сынок — Славік. Такі быў худзенькі – адны скура ды косьці. Але ў маіх грудзях было многа малака й Славік папраўляўся на вачах.
Першы месяц мяне не турбавалі. Пасьля цягалі на дапросы зь дзіцём. Маім сьледчым быў старшы лейтэнант Кутузаў. Дапытваў мяне: „Што вы рабілі ў СБМ?” —Сьпявалі беларускія песьні, танцавалі – адказвала. А ён тады кажа: „А какой черт вас просил, чтобы вы при немцах пели эти песни?” — Мы сьпявалі „Люблю наш край...”, а яе-ж напісала беларуская паэтка Канстанцыя Буйла. Кутузаў быў неўраўнаважаны. У залежнасьці ад настрою — раз быў агрэсіўны, іншы раз — людзкі і ўдаваўся ў гутаркі. Наогул сьледзтва было цяжкае, але ў параўнаньні з тым, што мяне чакала ў этапах падарожжа ў лагер ды ў самім лагеры — гэта можна назваць камфортам. Галоўным закідам супраць мяне была антысавецкая нацыяналістычная дзейнасьць у СБМ. Прычым праца ў галіне нацыянальнага ўзгадаваньня разглядалася як нацыяналістычная й гэта кваліфікавалася як здрада. Практычна, матыў закіду ў калябарацыі — раздуты савецкай прапагандай — ня быў прадметам зацікаўленьня сьледчага. Галоўным для яго было даказаць маю сьвядомую, антысавецкую нацыяналістычную дзейнасьць. Кутузаў добра ведаў, што я заўсёды была акружаная дзяўчятамі або дзяцьмі, знаў маё заданьне, аб якім я ужо ўспамінала. Дзеля пабольшаньня маіх „злачынстваў” залічыў да іх ліку між іншым: удзел у сьвяткаваньні 25-годзьдзя Віленскай Беларускай Гімназіі, удзел у паховінах замардаванага прафэсара Вацлава Іваноўскага, прысутнасьць на ІІ Кангрэсе.
У Менску сустрэлася я зь сястрой Анеляй. Было гэта на судзе Янкі Жамойціна. Так мы ўтраіх пабачыліся. Анеля таксама сядзела ў гэтай-жа турме, што і я. Час ад часу ўдавалася мне яе ўбачыць на калідоры турмы. З Анеляй атрымалі па 10 гадоў зняволеньня ў исправительно-трудовых лагерях.
Пад канец кастрычніка 1950 г. павезьлі мяне з дзіцём ды іншымі вязьняркамі ў лагер. Падарожжа адбывалася этапамі зь перапынкамі ў турмах: Масквы, Горкага, Арзамаса, Сьвярдлоўска, Петрапаўлаўска, Караганды, Карабаса. Урэш-це я трапіла ў Кінгір, у жаночы лагер.
У этапах чыгуначнага падарожжа мне з дзіцём прыхо-дзілася займаць месца заўсёды на найвышэйшай, трэцяй паліцы. Самай нязручнай, але найменш абдуванай халодным паветрам, асабліва ў час доўгіх праверак, пераліку вязьняў і г.д., калі дзьверы вагона былі адчыненыя. Атрыманых на падарожжа прадуктаў: салёнай рыбы й хлеба, мусіла хапіць толькі мне, бо Славіку адпаведная доля не прадугледжвалася. Карміла я яго толькі сваім малаком, якога лёс, на шчасьце, не паскупіў. Малаком я яго ня толькі карміла, але й абмывала, бо не было іншай магчымасьці. Прасьвет між паліцаю й стольлю вагона быў такі невялікі, што можна было толькі ляжаць ці аперціся на локці. Кармленьне Славіка і ўтры-маньне яго ў сякой-такой гігіене было сапраўднай пакутай. Сынок мімікай папярэджваў аб сваіх фізіялягічных патрэбах, чым дапамагаў мне зьберагчыся ад многіх клопатаў і забру-джэньня. Да горада Горкі ехала са мной у вадным вагоне сястра Анеля, і ў самы цяжкі час яна мне вельмі дапамагла. Першы этап скончыўся ў Маскве, дзе загналі нас у бутырс-кую турму. Камэры былі запоўненыя вязьнямі. У куце стаяла параша, якая мамантальна запаўнялася. Але нашы намаганьні вынесьці яе ці выпусьціць людзей у туалет заставаліся без рэакцыі з боку турэмнага надзору. Неўзабаве пацякло ўсё й камэра напоўнілася смуродам. На шчасьце нядоўга нас там трымалі.
На наступнай перасылцы ў Горкім завялі нас у лазьню, а адзеньне ўзялі на пражарку дзеля дэзынфэкцыі. Усіх нас там было 20 голых жанчын, цесна, нельга павярнуцца, а я са Славікам на руках. Раз душ цёплы, раз – халодны – гэта так страшна. Не ўдалося нам з Анеляй адваяваць пасудзіны на ваду, і ўрэшце трапілі толькі пад халодны душ. Сяк-так абмыліся самі й крыху абмылі Славіка. Выйшлі з лазьні, а на двары холадна. Шчасьце ўсё, што я мела сваё футра, хаця з пражаркі атрымала яго пакурчанае ды цеснае. Абтуліла ім Славіка, каб не замёрз. Там мы разлучыліся зь сястрой — яе павезьлі ў іншае месца, не даўшы нам нават магчымасьці разьвітацца.
Праз пару дзён далей на этап. Сьвярдлоўск. Прыяжджаем — а там людзей поўна: і жанчыны і мужчыны. Там палягалі, хто дзе мог – хто на нарах, хто на зямлі. Перасыльны пункт у сьвярдлоўскай турме запамятаўся калёніяй прусакоў, што залазілі ў кожную шчыліну й выбівалі людзей з апошніх сілаў, не даючы адпачыць. Там сустрэлася і з чалавечнасьцю. Нейкія старэйшыя ад мяне беларускія жанчыны зь іншага этапу зьвярнулі ўвагу на мяне, паўжывую ад зьнямогі й прынеслі сухары з хлебам. Успамін пра гэтае здарэньне да сёньня застаецца жывым і ўзрушаючым. Сынок мой, на шчасьце, разьвіваўся на тыя ўмовы задавальняюча, а псы-хічна – нават вельмі добра. Быў ён вясёлы, яго ўсе любілі. Са Сьвярдлоўска сталі нас рассылаць у рабочыя лагеры. Мяне вывезьлі на перасыльны пункт у Петрапаўлаўск, адтуль накіравалі пачаткова ў Караганду, а пасьля ў Карабах. Увесь час везьлі ў кузаве грузавога самаходу. Нарэшце пасялілі у карабаскім мужскім лагеры ўзмоцненага рэжыму, у не-агрэтым памяшканьні з нарамі без пасьцелі — адны дошкі. На шчасьце й там знайшліся добразычлівыя людзі. У ла-гернай адміністрацыі былі Японкі з спрадвечнымі тра-дыцыямі культу дзіцяці. Вось яны й ратавалі мяне й Славіка ад голаду, хаця за гэта пагражала ім немалая кара. Процістаўнымі гуманным адносінам вязьняў, былі жорсткія адносіны да мяне лагернага надзору. Праз некалькі дзён за-гадалі сабірацца на далейшы этап. Поўная надзеі на заканчэньне цяжкасьці падарожжа, абвінула Славіка ў коў-дру, схапіла валізачку з рэчамі й выйшла. Канвой пяці жаўнераў і ахвіцэра КДБ прыняў мяне за паквітаваньнем. З лагера вывелі на ўзгорысты стэп. Ішлі пяшком. Я з коўдрай й сынам на руках. Таксама яшчэ несла іншыя свае рэчы. Ішла і падала — так было цяжка. Праклінала канваіраў, паступова трацячы апошнія сілы. Прасіла іх, каб дапамаглі. „Нельзя, не разрешается” — чула ў адказ. І так ішла 5 кілямэтраў. Дарога замерзшая, курганы, мароз – 30 градусаў. Дайшлі мы ледзь да чыгуначнай станцыі. Пабачылі толькі наш цягнік; як ехаў, так і паехаў. Не затрымаўся на гэтай станцыі. Зьдзічэлы ад злосьці канвой увёў мяне ў закураны, перапоўнены людзьмі пакой, якія суткамі чакалі на цягнік. Я аперлася аб сьцяну ледзь жывая й абясьсіленая. Тады ахвіцэр загадаў ісьці назад. Аднак не змагла зварухнуцца ад стомленасьці ды болю ў ко-жным суставе ног, рук, у кожным кавалачку цела. На штурханцы жаўнераў таксама не рэагавала, а ў канцы, не вытрымаўшы, стала крычаць на ахвіцэра, каб выканаў пагрозу, скіраваную да мяне ў дарозе ды застрэліў нас. Сярод нясьмелых спачатку людзей узрастаў непакой. Урэшце некалькі жанчын, а за імі й мужчыны, сталі бараніць мяне: „Што вы, ня бачыце, што жанчына ледзь жывая, ня мае сілы ісьці зь дзіцём”. Канвой дзесьці прапаў і людзі сталі памагаць мне ўціхамірыцца самой ды супакоіць Славіка. Сярод ночы канвой зноў зьявіўся. Жаўнеры схапілі дзіцё ды мяне пад рукі, вывелі ў марознае надвор’е й кінулі нас абодвух у запрэжаныя сані, што прыгналі з перастрашаным Казахам. Завезьлі нас назад у лагер. Утаўкнулі ў той самы халодны барак усіленага рэжыму, каб праз тыдзень ізноў паўтарыць мукі падарожжа. На гэты раз далі мне дзіцячыя санкі, якія крыху аблегчылі мае мукі, але выварочваліся штораз на буграватай сьлізкай дарожцы. На цягнік усё-такі мы пасьпелі. Прыехаў цягнік ды паехалі ў Кінгір. У ім нейкія людзі так хацелі ўзяць майго сына — лекарка й яе муж маёр. Яны казалі: „Вас павязуць у лагер, там ваш сын не перажыве, а ў нас будзе яму добра”. Я аднак не магла расстацца са сваім Славікам.
У студзені 1951 г., пасьля двух месяцаў кашмарнага падарожжа, я апынулася ў жаночым лагеры ў Кінгіры. Мяне адразу „запраглі ў ярмо”. Працоўны час для вязьнярак трываў 10 гадзін у суткі. Адзін дзень у месяцы быў вольны. Праца мая была цяжкая: земляныя выкапы пры пабудове мосту, па пояс у вадзе. Выладоўваньне вапны ці вугля, разгрузка цэмэнту, што пранікаў у дыхальныя ворганы, у вочы й праз адзеньне прыліпаў да спацелага цела. Разгрузка дрэва вымагала сілы й была вельмі небясьпечнай. Панаваў голад, а тут яшчэ трэба было карміць грудзьмі Славіка. Хлопчык прывык выключна да матчынага малака, якога на шчасьце ў мяне ўвесь час хапала. Славік быў асалодай той горкай долі. Хоць яму ня споўніўся годзік, ён прывык да лагерных умоваў. Быў вясёленькі, кожны дзень вітаў мяне з радасьцю, і не гараваў, калі пакідала яго няням. Добра разьвіваўся. Усіх ён радаваў. Ідылія аднак трывала нядоўга. Калі хлопчыку споўнілася год і тры месяцы, у канцы траўня 1951 г. адабралі ў мяне дзіцятка й перамясьцілі ў дзіцячы садзік, які зна-ходзіўся па-за тэрыторыяй лагера. Маленькі й там пачаткова быў спакойны, чакаючы мяне. На жаль, дарма. Мінуў звычайны час расстаньня, рабочы дзень, і не дачакаўшыся мяне, стаў непакоіцца й плакаць. Прывыкшы да грудзей і за-непакоены маёй адсутнасьцю, не прымаў ніякай яды. Безь перапынку плакаў і зваў маму. Мае намаганьні пабачыцца зь дзіцём, каб хоць накарміць яго, заставаліся беспасьпяховымі. Урэшце рэшт, на адзінаццаты дзень канвой завёў мяне ў дзяцінец. Поўную надзеі на сустрэчу са Славікам, прывялі мяне да паўпрытомнага, засінелага ад голаду, з уздутым жывоцікам дзіцяці; пабуджанага час ад часу сутаргамі бясьсільнага плачу. Я спрабавала ратаваць дзіцё. Было аднак запозна. Славік не рэагаваў на мае пяшчоты. Перамагло яго тое пекла, якое дзяліў са сваёй маці.
6 чэрвеня 1951 г. памёр мой сынок. Як на зьдзек загадалі пахаваць яго на праўдзівых могілках, дзе хавалі „вольных”, каб гэткім чынам даць доказ, што ён не лічыўся „ЗК”. Каб не павялічыць статыстыкі лагернай сьмяротнасьці. Мне не дазволілі быць на паховінах. Пазбавілі права быць хаця сьведкам адданьня чужой зямлі таго, хто было маім жыцьцём, надзеяй, радасьцю, часткаю самой сябе. Магілу адзначыла бесканвойная жанчына, якая паставіла на ёй крыж з надпісам імя й датай паховінаў. Ужо пасьля сьмерці Сталіна добразычлівы, сасланы ў Казахстан зямляк, нейкі Рушчыц, уладзіў магілку й паставіў жалезны крыж.
Пасьля сьмерці Славіка, сілы мяне зусім пакінулі й я бы-ла блізкая да маральнага зламаньня. Лагерныя ўмовы, хаця вынішчаюць людзей фізычна, аднак ствараюць магчымасьці маральнай сэлекцыі зьняволеных. На шчасьце, мяне акружалі сябры нядолі, беларускія дзяўчаты, стойкія псыхічна ды маральна. Дзякуючы ім мне ўдалося вытрымаць і гэтую пробу лёсу. З некаторымі зь іх падтрымоўвала доўгую сувязь. Перапісвалася з Жэняй Шастак з Карэліч (напісала верш прысьвечаны Славіку), Верай Касмовіч з Гарадзеі, Надзеяй Дземідовіч са Слоніма. У 1993 г. я іх адведала. У лагеры маімі сяброўкамі былі таксама: Фрося Корч з Баранавіч, Соня Дэрфіль з Маладэчна, Вольга Поляк з Палесься, Ірэна Воўкава зь Вілейкі, Ніна Карлаўна з Воршы . Была там і Жэня Шэфер зь Віцебску — жонка вядамага ў СБМ здольнага арганізатара — менскага кіраўніка моладзі, Сяргея Бузака . Але яна, хаця спагадала нам, аднак цясьней трымалася асяродзьдзя рускіх бытавых вязьнярак, з прычыны выконваньня функцыі ў лагернай адміністрацыі.
Крыху пра лагер у Кінгіры. Жаночы „спэцлагер” быў разьдзелены гаспадарчым дваром ад мужчынскага лагера, з 12 тыс. вязьняў. Зразумела, кожны з лагерных пунктаў меў сваю 3-мэтравай вышыні сьцяну па ўсіх баках, над якой быў яшчэ зьвітак калючага дроту. Па лагерным боку сьцены ў вадным і другім лагеры былі яшчэ адгароджаныя калючкай „забароненай зоны”. Уваход у „хоздвор” быў толькі звонку (але з лагера). Дзеля функцыянаваньня такіх двух зборышчаў людзей, ды яшчэ жыхароў пасёлка Кінгір (каля 30 тыс.), „хоздвор” мусіў быць адпаведна забясьпечаны рознымі прадуктамі харчаваньня.
У траўні 1954 г. у мужчынскі лагер прывезьлі групу вязьняў з іншых лагерных пунктаў. Тыя вязьні расказалі, што ў іншых лагерах пасьля сьмерці Сталіна ўмовы паступова палепшыліся: сталі крыху плаціць за працу ды за тыя грошы можна было купіць хлеб, папяросы й іншыя рэчы. Тады змабілізаваная група адважнейшых хлапцоў паставіла перад лагернай адміністрацыяй патрабаваньні: скараціць працоўны дзень да 8 гадзін, выдзеліць у месяцы 4 вольныя ад працы дні, плату за працу, неабмежаванай перапіскі, непрасьле-даваньня сем’яў зьняволеных, незачыняньня нанач баракаў, правядзеньня супольных культурных імпрэзаў з жанчынамі, паляпшэньня харчаваньня й г.д. Адмоўная рэакцыя камэн-датуры выклікала актыўны супраціў і 16 траўня 1954 г. адбылася атака на камэндатуру. Быў праведзены вылам у сьцяне гаспадарчага двара, апанаваньне вартаўнічых вышкаў і вылам у сьцяне жаночага лагеру. Мужчыны аб’явілі бунт, уварваліся ў жаночы лагер і прызвалі жанчын да аб’яднаньня сіл. Нагаварваць доўга не прыйшлося. На загад лагернай аховы разысьціся жанчыны стварылі жывую сьцяну супраціву, якая не прапусьціла ў лагер жаўнераў аховы. Не памаглі пагрозы, штурханьні ані вадзяныя гарматы. Жанчыны вытрымалі боль сякучай халоднай вады й паднялі страшэнны крык, што выклікаў жудаснае ўражаньне. Асаблівай адвагай і ініцыятывай у гэтай акцыі жанчын выказалася мая сяброўка са Слоніма — Надзя Дземідовіч. У лагеры хутка стварыўся паўстанчы камітэт пад кіраўніцтвам зьняволенага былога палкоўніка Кузьняцова. Лагер сталі ахоўваць вязьні. Была загадана жорсткая дысцыпліна. Камітэт дзейнічаў спраўна. Да супрацоўніцтва згуртаваў розных спэцыялістаў, вёў безупынна, але й беспасьпяхова, перагаворы з прадстаўнікамі КДБ; пачаткова мясцовымі, а пазьней з Масквы. У міжчасе вязьні наладзілі, хаця слабенькую, але ўсё-такі радыёстанцыю, сталі друкаваць лістоўкі, наладзілі балёны, якія напоўненыя лістоўкамі высылалі ў паветра. Кнаты, насычаныя нафтай, даводзілі агонь да балёнаў. Тады яны разрываліся, а вецер разносіў лістоўкі па стэпе. Увесь полк жаўнераў сабіраў тыя паперкі, каб не дайшлі да суседніх лагераў: Джэз-Гэз-Гану. Чэкісты нібыта цягнулі перагаворы, каб мець час на прыход войска, якога сьцягнулі 2 палкі. 24 чэрвеня 1954 г., на досьвітку ў лагер уварваліся танкі Т-34. Прабіваючы сьцены, нішчылі ўсё, што было перад імі, таксама ўцякаючых у па-ніцы людзей. За танкамі йшла пяхота, якая таксама кулямётамі ды аўтаматычнай зброяй касіла людзей. Пасьля таго агню, вадою й газамі выганялі з баракаў ацалелых людзей. Гналі іх на чыгунку й адпраўлялі ў Сібір. Асаблівым садызмам адзначаўся апэратыўны лагерны ахвіцэр Беляеў, які сам расстрэльваў таго, хто паявіўся на яго вачах. Так кончылася барацьба за мінімальныя чалавечыя правы. Масавыя паховіны памардаваных адбываліся за лагернай зонай у невядомым месцы. Мне неяк удалося перажыць і гэ-ты кашмар. Суд над уцалеўшымі сябрамі арганізацыйнага камітэта адбыўся вясною 1955 г., зь якім вынікам — ня ведаю.
Усё-ж умовы сталі крыху лягчэйшымі. Я атрымала працу ў лагернай швальні. У 1956 г. дачакалася звальненьня ў вы-ніку перагляду справаў палітычных вязьняў Вярхоўным Саветам СССР. Пачаткова паехала ў свой родны Будслаў. Там спаткалася з вольнай ужо сястрой Анеляй і братам, які вярнуўся з Варкуты. Хутка атрымала ад мужа запрашэньне на выезд у Польшчу. Думала, што можа ён каго сабе за 7 гадоў знайшоў і напісала яму гэта. Але муж хацеў, каб я да яго прыехала. Не дазваляў мне працаваць. Нарадзіла я двое дзяцей: Зосю й Кшыся. Аднойчы вычытала аб’яву аб працы для краўчыхаў. Я-ж закончыла кравецкую школу й вырашыла пайсьці працаваць.
Верш Жэні Шастак пра Славіка
Сынку маленькі, народжаны вязьнем
У мурах сьцюдзёнай сталічнай турмы,
Раней, чым сьвет божы,
Ты краты пабачыў.
За кратай да неба цягнуліся дымы,
Што пядзю блакітна сінеючы ў далі
Над верхняю шыбу акна,
Чорнай пялёнкай усьцяж засьцілалі
Хаваючы блескі і сонца і дня.
Сыну мой любы,
Прайшоў ты са мною
Усе мукі турэмных цямніц.
Праз рад перасылак
Зімою сьцюдзёнай дабралісь з Табою
Да кінгірскіх граніц.
Сколькі ад жалю ў нас выліта сьлёзаў,
Сколькі цярпеньняў на нашым шляху,
Сэрца ад жалю парвалася-б можа,
Каб не замкнута ў грудзях для пакут.
Сыну мой любы,
Зьнявагі і болі цярпела я, сыну, у імя тваё.
Ты маё шчасьце і доля,
Ты мэта, з каторай я ішла праз жыцьцё.
Твае вачаняты як льны на радзіме,
Як яснага неба блакіт,
Ласкай каханьня як ручкамі ўзьнімуць
Цяжар паднявольнай тугі.
А сёньня ўсё згасла.
Зайшло маё сонца.
Разьбілась надзея мая.
А мэта і мары аб роднай старонцы
Пагасьлі з адлётам майго салаўя.
Прашчай, родны сыну,
У чужой зямліцы не тужы.
Ня зьнёс ты няволі і ў сьмерці бясьпечнай
Прытулак знайшоў і спачын.
Сьпі, мая крошка,
Чужая зямліца хай пухам стане Табе.
Пустыня жытам хай каласіцца,
Камень аб краі пяе.
Сыну мой мілы,
Найвышшаму Богу малітву ад нас занясі
Ад вязьняў няшчасных, усіх,
Што ў трывогах, волю паслаць
Папрасі.
|