У гэтым раздзеле ўвага канцэнтруецца на спецыяльных даследаваннях па
праблеме генезы ВКЛ, апублікаваных асобна ці ў складзе абагульняючых прац.
Аўтар не ставіў задачай апісаць ці хаця б пералічыць усе працы, дзе ўпамінаецца
аб названай праблеме. Па-першае, у аб’ёмнай гістарыяграфіі ВКЛ цяжка знайсці
сінтэтычную працу, у якой няма хаця б кароткай інфармацыі аб паходжанні гэтай
дзяржавы. Па-другое, усе гэтыя ўпамінанні даволі аднастайныя і падобныя па ўсім
свеце. Таму вырашана найперш звярнуць увагу на развіццё канцэпцыі, а не на яе
тыражыраванне.
Другую, меншую частку раздзела складае аналіз гістарыяграфіі па
лакалізацыі Літвы, а таксама працэсу міжэтнічных кантактаў на Панямонні,
меўшага, на думку аўтара, непасрэдны і важкі ўплыў на генезіс ВКЛ.
Гістарыяграфіі гэтых двух працэсаў развіваліся амаль незалежна адна ад другой,
таму і аналізуюцца большасцю асобна, за выключэннем выпадкаў узаемаперасячэння.
Аўтар свядома адмовіўся ад асобнага разгляду нацыянальных
гістарыяграфій. Вывучэннем паходжання ВКЛ займаліся вучоныя розных краін, але
яны працавалі не ізалявана адзін ад другога, нягледзячы на ўсю сур’ёзнасць
пралеглых між імі дзяржаўных і ідэалагічных межаў. Актуальная, прызнаная
большасцю канцэпцыя з’яўляецца інтэрнацыянальным навуковым прадуктам, хоць яго
вытворчасць адбывалася далёка не заўсёды спакойна і мірна.
Увогуле, залічэнне некаторых даследчыкаў да той ці іншай нацыянальнай
гістарыяграфіі бывае няпростай справай, што зразумела для рэгіёна, дзе на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў (у
першай палове 20 ст.) некалькі разоў істотна змяняліся дзяржаўныя межы.
Крытэрыем далёка не заўсёды можа быць мова, на якой створана праца, гэтаксама
як этнічнае паходжанне ці дзяржаўнае грамадзянства даследчыка. Пісаўшых
па-расійску прадстаўнікоў кіеўскай гістарычнай школы канца 19 - пачатку 20 ст.
можна залічыць і да ўкраінскай гістарыяграфіі (як тое робяць Уладзімір Пашута і
Хорст Ябланоўскі). У першых
дзесяцігоддзях 20 ст. такія вядомыя ў Расіі гісторыкі, як Мітрафан
Доўнар-Запольскі ці Уладзімір Пічэта, заявіліся як прадстаўнікі беларускай
гістарычнай навукі. А працы асноўнай большасці гісторыкаў часоў БССР, асабліва
пасляваеннага перыяду, паводле іх канцэптуальнай арыентацыі, належаць хутчэй да
расійскай, дакладней, савецка-расійскай гістарыяграфіі. Відавочна, за найбольш
выразны, хоць і не цалкам бясспрэчны, крытэрый можа быць прынята патрыятычная
пазіцыя таго ці іншага даследчыка.
Аналіз развіцця актуальнай канцэпцыі генезы ВКЛ у цэласным неразарваным
выглядзе дазваляе лепей зразумець яе эвалюцыю, знайсці наяўныя супярэчнасці і
магчымасці іх вырашэння. Нязначныя, па сутнасці, канцэптуальныя разыходжанні паміж
версіямі асобных даследчыкаў дазваляюць унікнуць грувасткага дэталёвага разгляду прац кожнага аўтара і
падаць тэкст кампактнымі тэматычнымі блокамі.
Таксама свядома, з разуменнем рызыкі дастаць папрок у ідэалагізацыі
навуковага даследавання прынята назва раздзела. Аўтар лічыць навукова
несумленнай справай ігнараванне ўплыву палітычнай ідэалогіі на распрацоўку
навуковай праблемы, які ў нашым выпадку прасочваецца надзвычай выразна.
Фарміраванне навуковай гістарыяграфіі генезы ВКЛ адбывалася ва ўмовах суперніцтва
між рознымі нацыянальна-палітычнымі сіламі за права на гістарычную спадчыну
гэтай дзяржавы. Гэтая барацьба, якая распачалася ў другой палове 19 ст., не
скончылася яшчэ і сёння.
Польскі, летувіскі, беларускі, украінскі нацыянальна-вызваленчыя рухі
стваралі свае дзяржаўныя ідэалогіі, важнейшае месца ў якіх займала ўласная
трактоўка гісторыі ВКЛ. Даследаванне вытокаў гэтай поліэтнічнай дзяржавы стала
праблемай не толькі навуковай, але і ідэалагічнай. Навукоўцу і сёння даводзіцца
з гэтым лічыцца.
Праблема паходжання ВКЛ упершыню праявілася як ідэалагічны канфлікт
яшчэ ў першых дзесяцігоддзях 16 ст., пад час разгортвання ваеннага
супрацьстаяння Літвы з Масквой. У 20-х гадах 16 ст. у маскоўскіх летапісах
з’явіўся публіцыстычны твор пад назвай “Родословие князей литовских”, меўшы
мэтай давесці паходжанне дынастыі Гедымінавічаў ад дробнага рускага баярына. У
ім апавядалася, як вялікі князь маскоўскі Юры Данілавіч паслаў нейкага Гедыміна
- “служэбніка” аднаго са смаленскіх князёў, за Днепр наводзіць парадак у
спустошанай татарамі краіне. Гедымін прысвоіў сабраныя сродкі, завалодаў
“многими землями” і самавольна абвясціў сябе вялікім князем.
Цікава, што ў тых жа 20-х гадах 16 ст. у Маскоўскай дзяржаве ствараецца
“Сказание о князьях Владимирских”, дзе выкладаецца версія аб прамым паходжанні
роданачальніка дынастыі Рурыка ад рымскага імператара Аўгуста.
У першай палове 16 ст. у беларуска-літоўскіх летапісах канчаткова
афармляецца легендарная частка, пачаткі якой сягаюць у 15 ст. (упершыню
ўпамінаецца, падобна, у Длугаша).
Яна мае загаловак “Летописець Великого князьства Литовъского и Жомоицьского”
(Летапіс Красінскага) ці яшчэ “Вывод и початок о Великом Князстве Литовском и Жмойтском, отколь взмоглися и
пошли” (Хроніка Літоўская і Жамойцкая) і інш. Паводле гэтай легенды, першая
летувіская кіруючая дынастыя паходзіла ад рымскага арыстакрата Палемона. Князі
гэтай дынастыі прыбылі марскім шляхам з берагоў Тыбра да вусця Нёмана,
паспяхова кіравалі краінай, а ў 13 ст. занялі рускія землі, апустошаныя
татарамі, паставілі тут новыя гарады і абаранілі перад татарамі.
Канцэпцыя генезы ВКЛ, якую сёння можна назваць агульнапрынятай, сваімі
каранямі сягае ў гэтую легенду, прынамсі наследуе яе ў некалькіх істотных
момантах, такіх, як ідэя эвалюцыі
літоўскага грамадства да дзяржавы і заваёвы
літоўцамі суседніх усходнеславянскіх земляў.
Гісторыкі 18-19 стст. бачылі ўтварэнне ВКЛ як вынік заваёвы літоўцамі
аслабелай Русі. У расійскай гістарыяграфіі ў 50-70-я гады 19 ст. адбыліся
першыя спробы прадставіць ВКЛ як частку расійскай гісторыі.
Цікавыя погляды на гісторыю ВКЛ, у тым ліку і на пачаткі дзяржавы, выказвалі
віленскія польскамоўныя гісторыкі, найперш Яўхім Лелявель і Юзаф Ярашэвіч.
Генрык Лаўмяньскі прапанаваў залічыць іх да “групы польска-летувіскіх
гісторыкаў з віленскага асяродку”. Лаўмяньскі назваў Лелявеля піянерам
навуковай гісторыі Літвы і Русі і ацаніў яго працу як больш блізкую да
сённяшніх гістарыяграфічных пастулатаў, чым навуковая літаратура другой паловы
19-пачатку 20 ст. (час вострай польска-расійскай палітычна-ідэалагічнай
канфрантацыі). Яўхім
Лелявель, гэтаксама як Тэадор Нарбут, Юзаф Ярашэвіч, Міхал Балінскі, называў
пачынальнікам дзяржавы бацьку Міндоўга князя Рынгольта, якога сучасная навука
лічыць, аднак, міфічнай асобай. Працэс дзяржаваўтварэння, па вобразнаму
ўяўленню Лелявеля і Ярашэвіча, пачынаўся з успышкі літоўскай ваяўнічасці.
Паходы рускіх князёў на Літву абудзілі ваяўнічы дух літоўцаў; яны “выйшлі з
лясоў і, сеўшы на сваіх малых конікаў, пачалі гуляць па Крывічанскай Русі”.
Потым рабаўнічыя напады перайшлі ў тэрытарыяльныя набыткі і г. д.
Пачаткі навуковай гістарыяграфіі генезы ВКЛ выводзяцца з канца 70-х
гадоў 19 ст. У яе фармаванні можна выдзеліць некалькі этапаў: 1. Ад канца 70-х гадоў 19 ст. да 1-й сусветнай
вайны; 2. Два міжваенныя дзесяцігоддзі
- 20-30-я гады; 3. Ад канца 40-х
гадоў да нашага часу. Буйныя палітычныя падзеі ў Еўропе істотна змянялі
ўмовы працы гісторыкаў і непасрэдна ўплывалі на сам працэс навуковага пазнання
гісторыі. Асноўная частка
гістарыяграфіі генезы ВКЛ стваралася на першых двух этапах - у канцы 19
- 30-х гадах 20 ст. Пяцьдзесят гадоў развіцця гістарычнай літуаністыкі пасля
2-й сусветнай вайны нічога канцэптуальна новага ў вывучэнне генезы ВКЛ
практычна не ўнеслі.
Разгортванне ў 19 ст. нацыянальна-вызваленчых рухаў на тэрыторыі былой
Рэчы Паспалітай выклікала ажыўленне навуковай цікавасці да гісторыі неіснуючага
амаль сто гадоў ВКЛ і, у прыватнасці, да генезісу гэтай дзяржавы.
Даследаванне гісторыі ВКЛ асабліва актывізавалася пасля паўстання 1863
г. Даследчая праца гісторыкаў мела на сабе выразны адбітак расійска-польскай
канфрантацыі за дамінаванне на землях былога ВКЛ. У той час расійская
інтэлігенцыя, у тым ліку і гісторыкі, падтрымалі царскі ўрад у яго палітыцы
русіфікацыі “Северо-Западного края”. Узмацненне русіфікацыі мела адным з
наступстваў з’яўленне масы публіцыстычнай і калянавуковай літаратуры (накшталт
твораў ідэолага “западнорусизма” Міхала Каяловіча), меўшай на мэце давесці
“исконную российскость Северо-Западного края”. У гэтым мутным патоку
выдзяляліся сур’ёзныя гістарычныя працы аўтарства Уладзіміра Антановіча,
Мікалая Дашкевіча, Мацея Любаўскага, Мітрафана Доўнар-Запольскага і інш., якія
і сёння захоўваюць навуковую вартасць. Даследчыкі канцэнтравалі ўвагу галоўным
чынам на ролі “русского начала” ў ВКЛ. Само княства яны называлі
“литовско-русским государством”.
У адказ расіянам польская гістарычная навука стварыла канцэпцыю
раннефеадальнай летувіскай дзяржавы, якая фармавалася паралельна з заваёвамі
суседніх усходнеславянскіх земляў. Пазней гэтая дзяржава ўступіла ў
добраахвотную унію з Польшчай і з часам стала складной часткай апошняй. Тэма
польска-літоўскіх уній і сёння з’яўляецца адной з важнейшых у польскай
літуаністыцы.
Упершыню навуковы падыход да праблемы паходжання ВКЛ быў сфармаваны ў
працах кіеўскага гісторыка Уладзіміра Антановіча.
Аналізуючы пісьмовыя крыніцы, параўноўваючы грамадскі лад прусаў і літоўцаў,
даследчык вывеў, ”што да сярэдзіны 13 ст. летувіскае племя не складала
дзяржавы; яно ўяўляла сабой рассыпаную масу невялікіх валасцей, якімі кіравалі
незалежныя правадыры, без усялякай палітычнай сувязі аднаго з другім”. Аднак
знешнія абставіны, а менавіта з’яўленне ў канцы 12 - пачатку 13 ст. новага
грознага суседа - германскіх рыцарскіх ордэнаў, змусілі летувісаў паскорыць
палітычную арганізацыю (суседзі-славяне не стваралі занадта вялікай пагрозы
існаванню летувісаў). Пакуль Ордэн заваёўваў землі прусаў і семігалаў, летувісы
і жамойты паспелі стварыць больш трывалы дзяржаўны лад і таму сустрэлі захопнікаў
стройнымі сіламі. “Сілы гэтыя летувісы набываюць у выніку новых адносін з Руссю
на працягу 13 ст.”,
перайшоўшы ад удзелу ў полацкіх міжусобіцах да тэрытарыяльных захопаў. Урэшце,
“факт канчатковага ўтварэння Летувіскага княства на рускай тэрыторыі мы можам
канстатаваць па вартых даверу крыніцах толькі з часу заснавання ў Ноўгарадзе
Літоўскім, у так званай Чорнай Русі, княжання, прадстаўніком якога з’яўляецца
летувіскі князь Міндоўг, сын Рынгольта”. Міндоўг пашыраў свае ўладанні на Русі “з дапамогай летувіскага апалчэння са
свайго Кернаўскага ўдзела” і, “абапіраючыся на апалчэнне сваіх рускіх абласцей,
падпарадкоўваў сабе разрозненыя дробныя летувіскія ўладанні”(выдзелена
мною. - А.К.).
Апошняя ідэя Антановіча выглядае свежа і ў наш час, хоць яна і не
прыжылася ў пазнейшай гістарыяграфіі. Гэты аўтар першым наблізіўся да
пераадолення аднаго шкоднага стэрэатыпу мыслення, уласцівага амаль усім
наступным даследчыкам, а менавіта, неапраўдана завышанай ролі этнічнай
свядомасці ў матывацыі ўчынкаў дзяржаўнага чалавека. Мноства іншых гістарычных
прыкладаў, а таксама логіка дзеянняў Міндоўга (як і яго наступнікаў) паказвае,
што ён не быў адэптам дзяржаўнасці абавязкова этнічна балцкай ці
ўсходнеславянскай. Міндоўг пашыраў свае ўладанні і ўмацоўваў сваю ўладу для
сябе самога і кроўных нашчадкаў, карыстаючыся зручным выпадкам і падручным
матэрыялам. У той жа час Антановіч абараняў сумніўную тэзу аб супрацьстаянні ў
дзяржаве двух “народных начал” з самых першых яе самастойных крокаў.
З Антановічам не пагадзіўся па некаторых другасных пытаннях другі
расійскі гісторык Мікалай Дашкевіч.
Палеміка вялася ў рамках агульнай канцэпцыі расійскай гістарыяграфіі (падобна
як і ўнутраныя дыскусіі ў польскай).
Праз некалькі гадоў пасля прац Антановіча і Дашкевіча з’явілася першае
польскае навуковае даследаванне, прысвечанае пачаткам ВКЛ, - манаграфія Юлюша
Ляткоўскага “Міндоўг, летувіскі кароль”.
Яна была апублікавана на тэрыторыі этнічнай Польшчы, але, і напэўна не
выпадкова, за межамі Расійскай імперыі, у Кракаве - у зоне аўстрыйскай акупацыі
- з адносна высокай нацыянальнай талерантнасцю. Паводле версіі Ляткоўскага, ВКЛ
з’яўлялася вынікам сацыяльнай эвалюцыі
летувіскіх плямёнаў. У ходзе гэтай эвалюцыі ўзнікла арыстакратыя - князі,
кожны з якіх кантраляваў тэрыторыю свайго роду або племені. Пазней, у асяроддзі
важнейшых “старшых” князёў знайшлася здольная энергічная асоба - Міндоўг, якая
аб’яднала ўсе гэтыя тэрыторыі пад сваёй уладай. Гэта быў пачатак ВКЛ. На
стварэнне моцнай летувіскай дзяржавы значна паўплывала небяспека з боку
Тэўтонскага ордэна.
Канцэпцыі
Ляткоўскага было наканавана доўгае жыццё. Сфармуляваная ў канцы 19 ст., яна
застаецца актуальнай да сённяшняга дня. Пазнейшая польская гістарыяграфія
генезы ВКЛ, гэтаксама як летувіская, а потым і савецкая, падае, па сутнасці
справы, толькі варыянты канцэптуальнай канструкцыі Ляткоўскага. Іншыя
даследчыкі выказвалі іншыя погляды на канкрэтны ход справы, дзеючыя сілы
працэсу дзяржаваўтварэння, але галоўную ідэю (эвалюцыі) не аспрэчваў ніхто (за
адным выключэннем у асобе Міколы Ермаловіча, аб чым гаворка будзе пазней).
Адметнасць канструкцыі самога Юлюша Ляткоўскага заключаецца ў
меркаванні аб пачатку захопу Летувай рускіх земляў яшчэ да з’яўлення на
гістарычнай сцэне Міндоўга ў якасці аб’яднальніка. З другой паловы 12 ст. Летува
ад абароны пераходзіць да наступу на Русь. Асновы моцнай летувіскай
дзяржаўнасці закладаліся ў канцы 12 і пачатку 13 ст., калі ўсталявалася ўлада
“старэйшых” князёў. Ужо тады, на думку Ляткоўскага, Летува мела тэрытарыяльныя
набыткі на Русі, прычым пачынала не з Чорнай (як было прынята раней), а з Белай
Русі.
Блізкія да высноў Ляткоўскага погляды выказаў Вітальд Камянецкі ў
невялікай працы, прысвечанай генезе ВКЛ. Паўстанне дзяржавы трактуецца як вянец
шматвяковага развіцця летувіскага грамадства. Кантакты са славянамі прыспешвалі
гэты працэс, усходнеславянская дзяржаўнасць стала ўзорам для летувіскай.
“Мазаіка дробных княствачак, вядучых самастойную палітыку, мусіла сабрацца ў
адно цела, у летувіскую дзяржаву. Шматвяковае развіццё летувіскага грамадства
прывяло ўрэшце да такой змены, а блізкі кантакт з рускай дзяржавай даставіў
гатовыя ўзоры больш дасканалага ладу”.
Важнае месца ў вывучэнні ладу ВКЛ, і ў тым ліку генезы гэтай дзяржавы,
займаюць працы маскоўскага даследчыка Мацея Любаўскага - буйнейшага гісторыка
ВКЛ. Гэты даследчык актыўна працаваў над гісторыяй ВКЛ апошняе дзесяцігоддзе 19
і ў двух першых - 20 ст. і яшчэ ў канцы 20 ст. лічыцца буйнейшым аўтарытэтам па
гісторыі ВКЛ. У працах Любаўскага пазіцыя расійскай гістарыяграфіі прадстаўлена
ў найбольш закончаным выглядзе.
Прызнаны знаўца крыніц, Любаўскі выдатна арыентаваўся ў багацейшай
дакументальнай спадчыне ВКЛ, што дазваляла яму рабіць узважаныя навуковыя
высновы, у тым ліку па праблеме ўтварэння ВКЛ. Многія з гэтых высноў захоўваюць
навуковае значэнне да сённяшняга дня. Напрыклад, навейшымі даследаваннямі
беларускага гісторыка Міхала Спірыдонава пацверджана выснова Любаўскага аб ядры
дзяржавы - Літве як паняцці тэрытарыяльным,
а не этнічным. Мацей Любаўскі першы пераканаўча
паказаў, што гістарычная Літва, ці ядро дзяржавы, якое рознілася сваім устроем
ад іншых абласцей ВКЛ, уключала ў сябе як этнічна летувіскія, так і этнічна
беларускія (рускія - па тагачаснай тэрміналогіі) землі.
Пераканаўча выглядаюць разважанні даследчыка аб шляхах фармавання
набілітэту ў этнічных літоўцаў у 12-13 стст. і г.д. На аснове глыбокага
вывучэння ўнутранага ладу гэтай дзяржавы Любаўскі прыйшоў да высновы, што
“гісторыя Літоўска-Рускай дзяржавы з’яўляецца ў пэўным сэнсе прамым працягам,
далейшым развіццём гісторыі Кіеўскай Русі”.
Працэс утварэння ВКЛ
Мацей Любаўскі ўяўляў як злучэнне двух этнічных чыннікаў - рускага і
летувіскага. Агульная схема ў яго атрымалася такая. Летувіскае грамадства
эвалюцыянуе да дзяржавы. У 12 ст. вайна для летувісаў стала не толькі актам
самаабароны, але і промыслам, і ў гэты час у Летуве меўся клас, адпаведны
германскай і славянскай дружыне. У канцы 12 і пачатку 13 ст. дробныя грамадскія
аб’яднанні летувісаў былі ўжо ў большасці палітычнымі саюзамі. “У другой палове
13 ст. сярод разбітай на дробныя грамадскія саюзы Летувы сфармавалася буйное
палітычнае цела, вялікае княства Летувіскае пад уладай Міндоўга і яго бліжэйшых
пераемнікаў”. Міндоўг быў адным з мацнейшых летувіскіх князёў, гэтаксама як і
яго бацька. Напачатку ўзвышэнне Міндоўга мела характар простага старшынства,
кіраўніцтва ў аб’яднаных ваенных аперацыях. Але з 1248 г. ён перамяніў адносіны
да іншых князёў і пачаў захопліваць іх
маёмасць. Пад час пярэпалаху, выкліканага на Русі татарамі, ён захапіў т. зв.
Чорную Русь - вобласць правых (недакладнасць, правільна будзе - “левых”. - А.К.) прытокаў Нёмана з галоўным горадам
Наваградкам.
Здавалася б, мы
бачым тут класічную схему, уласцівую і для польскай гістарыяграфіі, а менавіта
эвалюцыю летувіскага грамадства да дзяржавы і, урэшце, звяршэнне справы
аб’яднання асобай, адпавядаючай сваімі асабістымі якасцямі ўзроўню гістарычнай
задачы. Аднак Любаўскі падкрэслівае, што “дзяржава
гэтая з самага пачатку была не проста летувіскай, а летувіска-рускай” (выдзелена
мной. - А.К.). Чорная Русь служыла апорай не толькі Міндоўгу, але і яго
наступнікам для распаўсюджвання ўлады вялікіх князёў на Летуву. Міндоўг і яго
пераемнікі, устанаўліваючы сваю ўладу на Летуве, імкнуліся шукаць апоры на Русі
і карыстацца яе палітычнымі сіламі і сродкамі
(падобна як у Антановіча). Любаўскі піша аб збліжэнні “летувіскай народнасці з
рускай”, перанясенні на Летуву рускіх парадкаў.
Палякі і расіяне сыходзіліся ў тым, што ініцыятарам працэсу
дзяржаваўтварэння былі балцкія плямёны, вядомыя ў пісьмовых крыніцах пад назвай
“літоўцы” (Litwini), якія спачатку (у 11-12 стст.) цярпелі ад усходніх славян,
потым (з 80-х гадоў 12 ст.) рэзка актывізавалі рабаўніча-мілітарную дзейнасць,
а яшчэ пазней перайшлі да тэрытарыяльных захопаў земляў старажытнай Русі.
Вынікам стала новая дзяржава - ВКЛ. Такім чынам, абодва бакі падзялялі дзве
галоўныя ідэі: 1. Эвалюцыя летувіскага
грамадства да дзяржавы. 2. Цесная сувязь між утварэннем дзяржавы і захопам
летувісамі земляў на Русі.
Спрэчка, па сутнасці, вялася вакол адной праблемы, менавіта аб акрэсленні этнічнага характару
дзяржавы. Адказ на пытанні: “Ці быў творцам дзяржавы летувіскі князь Міндоўг?”
і “Ці Летува заваявала рускія землі?” быў аднолькавы з абодвух бакоў: ”Так!”
Але далей пачыналася сутнаснае разыходжанне. “Ці ВКЛ было летувіскай
дзяржавай?” - “Так!” - адказвалі палякі, “Не!” - адказвалі рускія - “Гэта была
дзяржава летувіска-руская”.
Такім чынам, згаджаючыся з тэзамі аб ініцыятыве летувісаў у
дзяржаватворчым працэсе і заваёве рускіх земляў, расіяне нейтралізавалі іх значэнне
тэзай “дамінавання рускай культуры” (рускай - у сэнсе вялікарускай, бо
беларусаў і ўкраінцаў не лічылі самастойнымі народамі). Па прычыне нязначнай
колькасці захаваных крыніц меўся шырокі прастор для дыскусіі. Абодва бакі
знаходзілі шмат аргументаў для падтрымання сваіх версій: расіяне найперш ва
ўнутраным устроі дзяржавы 14-16 стст., палякі - у палітычнай гісторыі.
Варта зазначыць, што дыскусія між польскімі і расійскімі даследчыкамі
праходзіла на належным навуковым узроўні з прызнаннем і выкарыстаннем
дасягненняў апанента. Палітычная заангажаванасць бакоў выступала не так яўна,
як у пазнейшай летувіскай і частцы сучаснай беларускай гістарыяграфіі. Як
выключэнне варта разглядаць выпадак, калі Ян Якубоўскі назваў Уладзіміра
Антановіча “польскім рэнегатам” (прычым гэта мела месца не ў навуковым выданні).
Забягаючы наперад, скажу, што ўрэшце перамогу атрымала польская версія
ўтварэння ВКЛ, што было фактычна пацверджана фундаментальнай манаграфіяй
Уладзіміра Пашуты, выдадзенай у 1959 г.
Першая сусветная
вайна і выкліканыя ёю еўрапейскія палітычныя катаклізмы на некалькі
дзесяцігоддзяў перапынілі расійска-польскую спрэчку. Адноўленая значна пазней,
дыскусія мела ўжо іншы характар і накірунак.
У гушчы расійскай і
польскай гістарыяграфічных плыняў патроху выспявалі пачаткі беларускай і
летувіскай гістарыяграфіі ВКЛ. У 19-пачатку 20 ст. пачалі з’яўляцца працы па
этнаграфіі і краязнаўству Летувы і Беларусі, першыя гістарычныя працы
папулярнага характару, мэтай якіх было абуджэнне цікавасці да роднай гісторыі. Першая
летувіская спецыяльная праца па пачатках ВКЛ была выдадзена на нямецкай мове ў
1908 г. Ёнасам Татарайцісам.
Яна цалкам укладвалася ў агульную тэндэнцыю польскай гістарыяграфіі. Ёнас
Татарайціс прыняў погляды Ляткоўскага, толькі перанёс час аб’яднання Міндоўгам
дробных летувіскіх княстваў з 1236 на 1242 г.
Найбольш яркім
прадстаўніком новай беларускай гістарыяграфіі стаў буйны гісторык ВКЛ Мітрафан
Доўнар-Запольскі, які, аднак, спецыяльна генезай дзяржавы не займаўся. Маладая
летувіская гістарыяграфія карысталася набыткам польскіх даследчыкаў з іх
канцэпцыяй ВКЛ як балцкай дзяржавы. Беларускі погляд фармаваўся на глебе
напрацовак расійскай гістарыяграфіі, пры гэтым баронены расіянамі “рускі
пачатак” ВКЛ разглядаўся як уласна беларускі.
Як у пэўнай ступені
“нейтральны” можна ацаніць погляд на праблему генезы ВКЛ вядомага ўкраінскага
гісторыка Міхайлы Грушэўскага. Даследчык не бярэцца меркаваць аб шляхах і
сродках - ваенных ці мірных - фармавання ядра дзяржавы, бо крыніцы пра гэта
маўчаць. Ён проста канстатуе распаўсюджанне ўлады Міндоўга над княствамі т. зв.
Чорнай Русі ў 30-40-х гадах 13 ст.
А вось агульная ацэнка дзяржавы, выказаная Грушэўскім: “Асноваю Вялікага
Княства Літоўскага былі плямёны летувіскія і землі беларускія: той рускі
элемент, які зрушчыў Вял. Кн. Літоўскае быў не ўкраінскі, а беларускі.
Гэтаксама як Вял. Кн. Літоўскае можна (і трэба) да пэўнай меры лічыць
славянскай дзяржавай, спадкаемцай Кіеўскай дзяржавы, то ва ўсялякім разе не
ўкраінскаю, а перш за ўсё беларускаю, і ў цэласці яе гісторыю гэтаксама нельга
ўводзіць ва ўкраінскую гісторыю, як і гісторыю Вял. Кн. Маскоўскага”.
У той жа час гісторык аддае даніну традыцыйным поглядам, ужываючы фармулёўкі
“летувіская акупацыя на Русі” і інш.
Разгортванне ў 19 ст. нацыянальна-вызваленчых рухаў прывяло ў канцы 1-й
сусветнай вайны да стварэння на месцы разваленых імперый новых нацыянальных
дзяржаў. Дабіліся незалежнасці і некаторыя народы з тых, якія ў другой палове
16 - 18 ст. складалі Рэч Паспалітую (канфедэрацыю Вялікага Княства Літоўскага і
Каралеўства Польскага), а менавіта палякі, летувісы і латышы. Не ўдалося гэта
зрабіць украінцам і беларусам.
У 20-30-я гады самы
важкі ўклад у развіццё канцэпцыі генезы ВКЛ зрабіла польская гістарыяграфія.
Праблема ўтварэння дзяржавы, значная частка земляў якой аказалася ў складзе
Польшчы, займала важнае месца ў польскай гістарычнай навуцы. Уласныя версіі
рэканструкцыі працэсу дзяржаваўтварэння распрацавалі Генрык Пашкевіч і Генрык
Лаўмяньскі, многія гісторыкі ВКЛ выказваліся па сутнасці праблемы, якая стала
тэмай ажыўленай дыскусіі на адным з агульных з’ездаў польскіх гісторыкаў. У
польскай гістарычнай літуаністыцы праблема генезы ВКЛ была па значнасці на
другім месцы пасля тэмы уніі Кароны і Літвы.
Даволі арыгінальную
канструкцыю генезісу ВКЛ распрацаваў Генрык Пашкевіч. У адрозненне ад іншых
польскіх даследчыкаў, якія прызнавалі творцам дзяржавы Міндоўга і спрачаліся
галоўным чынам аб храналогіі і канкрэтным ходзе справы, Пашкевіч лічыў Міндоўга
не стваральнікам, а аднавіцелем адзінства дзяржавы, якая склалася ўжо ў апошняй
чвэрці 12 ст. Дэталёва аналізуючы пісьмовыя крыніцы і найперш дамову групы
летувіскіх князёў з Валынскім княствам у 1219 г., даследчык прыйшоў да высновы,
што верагодным першым аб’яднальнікам Летувы быў бацька Міндоўга і Даўспрунка,
невядомы па імю князь, якога пазнейшая традыцыя называе Рынгольтам. Пяць
князёў, пералічаных на першым месцы ў дамове 1219 г., былі членамі аднаго роду,
удзельнымі князямі, якія пасля смерці бацькі Міндоўга валодалі Летувай.
Вярхоўным князем быў адзін з іх - Жывібунд (у дамове названы першым). На думку
Пашкевіча, у тэксце дамовы слова “старейшеи” трэба чытаць у адзіночным ліку -
“старейшей” і адносіць яго да аднаго Жывібунда, а не да ўсіх пяці князёў.
Сваю тэорыю Пашкевіч
прадставіў на V з’ездзе польскіх гісторыкаў (1930 г.),
чым выклікаў там дыскусію.
Ян Якубоўскі паўтарыў сваю даўнюю думку аб магчымасці існавання яшчэ да часоў
Міндоўга федэрацыі некалькіх самастойных княстваў. Ян Адамус заўважыў, што пры
аналізе тэксту нельга абмяжоўвацца інтэрпрэтацыяй аднаго слова, бо тут важныя
гістарычныя высновы залежаць ад наяўнасці або адсутнасці маленькага значка над
літарай “и”. Даследчык, спасылаючыся на даследаванне Грушэўскага,
вывеў, што слова “старейшеи” трэба чытаць у множным ліку.
Генрык Пашкевіч у
вялікай працы “Ягелоны і Масква” развіў сваю тэзу аб суіснаванні ў пачатку 13
ст. інстытута старэйшых князёў і вялікакняскай улады.
Погляды свае даследчык пацвердзіў у выдадзенай пасля вайны на эміграцыі працы
“Пачаткі Русі”. Вялікім
князем над групай старэйшых быў спачатку Жывібунд, а потым, верагодна,
Даўспрунк - брат Міндоўга,
ці адразу пасля Жывібунда - сам Міндоўг.
У 1226-1236 гг. Міндоўг дабіўся адзінаўладдзя і тым самым вярнуўся да традыцыі,
закладзенай бацькам. Панаванне Міндоўга склала паваротны этап гісторыі Летувы,
бо гэты ўладар першым здолеў узяць уладу на даволі доўгі час - амаль на
трыццаць гадоў.
Ніякіх прамых ці
ўскосных звестак аб інстытуце вялікакняскай улады ні тым больш аб асобах на
гэтым становішчы ў канцы 12 - пачатку 13 ст. крыніцы не захавалі. Пашкевіч
грунтаваў свае высновы выключна на шэрагу дапушчэнняў і разважанняў
гіпатэтычнага характару. Напрыклад, выснова аб бацьку Міндоўга як стваральніку
адзінай дзяржавы і першым вялікім князі грунтуецца на адной даволі некарэктна
патрактаванай інфармацыі з Лівонскай старэйшай рыфмаванай хронікі, якая
паведамляе аб Міндоўгавым бацьку (імя не называе) - быў такі магутны, што не
меў сабе роўнага.
Кандыдатура Даўспрунка прапаноўваецца даследчыкам на становішча вялікага князя
(пасля Жывібунда) толькі з той прычыны, што ён быў “моцным” князем, бо дачка
яго аддадзена замуж за галіцка-валынскага князя, а крыніцы называюць бацьку
Даўспрунка магутным уладаром і г.д. Пашкевіч бачыў выразную ўзаемасувязь
фармавання вялікакняскай улады з тэрытарыяльнымі заваёвамі на Русі і лічыў, што
нельга “недаацэньваць ролі рускага элемента ў пабудове летувіскай дзяржавы”.
“Вялікія князі Летувы, каб узмацніць сваю пазіцыю ў краіне, узяць верх над
асобнымі кунігасамі, карысталіся дапамогай войскаў з залежных ад іх рускіх
земляў”
(падобна як у Антановіча паўстагоддзя раней).
“Найвялікшым
дасягненнем літуаністычнай медыявістыкі” назваў у 1988 г. Юлюш Бардах
працу Генрыка Лаўмяньскага “Вывучэнне пачаткаў летувіскага грамадства і
дзяржавы” (выйшла ў 1931-1932 гг.).
На аснове дэталёва апрацаванага фактычнага матэрыялу з выкарыстаннем даных
археалогіі, аналагаў з Прусіяй і Лівоніяй Лаўмяньскі намаляваў панарамны вобраз
племяннога ладу старажытных летувісаў: стан гаспадаркі, рассяленне, сацыяльная
структура, арганізацыя кіравання і генезіс дзяржавы. Генрык Лаўмяньскі
з’яўляецца аўтарам т.зв. дружыннай тэорыі ўтварэння дзяржавы, якая дагэтуль
застаецца актуальнай найперш у польскай гістарыяграфіі.
“Манархія не паўстала ў выніку эвалюцыі племянных саюзаў як гэта амаль паўсюдна
прынята ў гістарыяграфіі, а на іх руінах; ствараючыя сілы былі ў дружынах -
плодзе рабаўнічай экспансіі, якія знаходзіліся за межамі тэрытарыяльнага
ўстрою”.
Па меркаванню
даследчыка, пераўтварэнне племяннога
ладу ў дзяржаву было вынікам паскарэння ўнутранай эвалюцыі летувіскага
грамадства, выкліканага знешнімі прычынамі, у першую чаргу летувіскай
экспансіяй на Русі. “Летувіская дзяржава нарадзілася не на фоне абароны ад
ордэна, а экспансіі на Русі”,
- падкрэсліваў даследчык. Дзяржаватворчым чыннікам Лаўмяньскі назваў інстытут
дружын - камандаў прафесійных вояў пад кіраваннем князёў, паўстаўшы ў ходзе
ваенна-рабаўнічай дзейнасці летувісаў. Дружыны патрабавалі сталых сродкаў на
сваё ўтрыманне і дзеля гэтага пайшлі на Русь і пачалі асядаць у рускіх гарадах
- “скінутыя з княскіх сталоў нашчадкі Рурыка саступаюць месца летувіскім
кунігасам”. Заваёва на
Русі для іх была, паводле Лаўмяньскага, лягчэйшай справай, чым падпарадкаванне
ўласнага грамадства. Але ваяўнічым і пераможным летувісам на Русі пагражала
небяспека іншага кшталту - баявыя дружыннікі хутка асімілёўваліся,
пераўтвараліся ў прадстаўнікоў лакальных рускіх інтарэсаў і ўмацоўвалі залогі
рускіх гарадоў “мужным і энергічным летувіскім элементам”. Такі паварот справы
трывожыў арганізатараў экспансіі на Русь - “старшых” правадыроў. З гэтай
сітуацыі, лічыць Лаўмяньскі, “лагічна выцякала неабходнасць стварэння ў краіне
(Летуве. - А.К.)
дзяржаўна-фіскальнага апарату, патрэбнага для падтрымання дружыннай
арганізацыі, па ўзору хоць бы рускіх формаў дзяржаўнага ўстрою, якія ўсё лепей
пазнаваліся летувісамі; неабходнасць заваёвы
летувіскага грамадства дружынамі”.
Гэтая справа была ажыццёўлена Міндоўгам. Літоўскай зямлёй Міндоўг апанаваў
перад сваёй каранацыяй (1253 г.), усёй Аўкштотай - у 1254-1258 гг., Жамойцю - у
1261 г. Лаўмяньскі не пагадзіўся з Пашкевічам, каб аднесці пачаткі дзяржавы да
апошняй чвэрці 12 ст., і заявіў, што князі, пералічаныя ў дамове 1219 г., былі
не манархамі (як лічыў Пашкевіч), а “проста правадырамі рабаўнічых бандаў”
(“poprostu wodzowie band łupieskich”).
Несумненна,
даследчык ставіў перад сабой наступнае пытанне: як жа невялікая Летува
падпарадкоўвала, утрымлівала і кіравала значна большай Руссю, калі да таго яшчэ
была аслаблена пераходам на рускі бок часткі сваіх прафесійных вояў? Адказ на
яго Лаўмяньскі шукаў у дэмаграфічных фактарах.
Даследчык на падставе аналізу попісаў войска ВКЛ 16 ст. (найперш 1528 г.),
прыйшоў да выніку, што летувіскага баярства ў ВКЛ было намнога больш, чым
рускага, і перанёс гэтую выснову на 13 ст. Факт агульнай (і вельмі значнай)
колькаснай перавагі славян над балтамі ён лічыць не маючым значэння ў
дзяржаўным жыцці, бо неарганізаваная сялянская маса не ўяўляла сабой палітычнай
сілы. “Палітычная ўлада асобных тэрыторый вырашалася гушчынёй і якасцю
рыцарскага, баярскага насельніцтва”.
Пад час аналізу
названых вайсковых попісаў, Лаўмяньскі ўжываў для акрэслення этнічнай
прыналежнасці пералічанай там шляхты крытэрый канфесійнай прыналежнасці. Таму
ўсе каталікі ў яго - летувісы, а праваслаўныя адпаведна - русіны. У выніку
гісторык здабыў інфармацыю, што летувісы складалі каля 60% агульнай колькасці
рыцарства, і прызнаў яе адпаведнай сітуацыі 13 ст.
Аднак, па-першае,
стан рэчаў у ВКЛ у 16 ст. моцна адрозніваўся ад сітуацыі 13 ст., таму метад
рэтраспекцыі тут не спрацоўвае. Па-другое, ужыты Лаўмяньскім канфесійны
крытэрый этнічнай ідэнтыфікацыі выглядае вельмі сумніўна, паколькі вядомы
шматлікія выпадкі балцкага паходжання феадалаў праваслаўнага веравызнання і
феадалаў-каталікоў беларускага ды ўкраінскага паходжання.
Выклікае сур’ёзны сумніў і выснова аб малалікасці (у параўнанні з балцкай
Летувай) шляхты на землях, намнога перавышаўшых Летуву памерамі і колькасцю
насельніцтва і даўно ўжо кіруемых феадальным ладам, асновай якога з’яўлялася
вайсковая конная служба рыцара за зямельнае ўзнагароджанне. Аналіз тых самых
вайсковых попісаў з выкарыстаннем іншых крытэрыяў прыводзіць да значна адрозных
вынікаў, што паказаў Анатоль Грыцкевіч праз сорак з лішнім гадоў пасля
з’яўлення працы Лаўмяньскага.
Для падмацавання
сваіх высноў Генрык Лаўмяньскі прыцягнуў таксама псіхалагічны фактар.
Прызнаўшы, што ваенная сіла Русі была большай, чым вынікае са здабытых ім
лічбаў, і што Русь мела перавагу ў некаторых аспектах ваеннай тэхнікі,
даследчык тым не менш заключае: “дзякуючы малодшасці цывілізацыі, двухвяковым
ваенным і палітычным поспехам, летувісы мелі адпаведны псіхічны настрой, былі
больш вынослівымі і ваяўнічымі, жаднымі да здабычы, перамог і тэрытарыяльных
набыткаў”.
Ацэньваючы гіпотэзу
Лаўмяньскага, можна пагадзіцца са Станіславам Заянчкоўскім, які заўважыў, што
Лаўмяньскі пры распрацоўцы сваёй канцэпцыі абапіраўся часам на недастаткова
даказаныя высновы, зробленыя шляхам аналогіі і рэтрагрэсіі. Як “занадта
гіпатэтычную” Заянчкоўскі ацаніў таксама канструкцыю Пашкевіча і прызнаў
праблему генезіса ВКЛ надалей адкрытай.
Сам Заянчкоўскі больш схіляўся да пункту гледжання Пашкевіча з агаворкай наконт
гіпатэтычнасці родавай агульнасці пяці старэйшых князёў у 1219 г., а таксама
зверхніцтва Даўспрунка. Такім чынам, ён, як і большасць калег, лічыў, што
некаторыя кунігасы, у тым ліку выступаючыя ў дамове 1219 г., маглі быць на
становішчы манархаў.
У пасляваеннай польскай гістарыяграфіі прыжылася, аднак, версія Лаўмяньскага;
магчыма, не апошнюю ролю ў гэтым адыграў выезд Пашкевіча ў эміграцыю.
Увогуле можна з
пэўнасцю канстатаваць векавую канцэптуальную стабільнасць польскай
гістарыяграфіі генезісу ВКЛ. Даследчыкі маглі не згаджацца між сабой у бачанні
прычын, дзеючых сіл працэсу, у рэканструкцыі яго канкрэтных праяў. Але дзвюх
галоўных пасылак: 1) дзяржава - вынік
эвалюцыі летувіскага грамадства; 2)
цесная сувязь між утварэннем дзяржавы і захопам летувісамі земляў на Русі -
не кранаў ніхто. Гэтыя дзве тэзы ў польскай гістарыяграфіі выступаюць як
пастулаты - ад пачатку зададзеныя, не падлеглыя дыскусіі аксіёмы. На іх
будуюцца ўсе варыянты рэканструкцыі працэсу ўтварэння ВКЛ. У найбольш сціслым
выглядзе яны прадстаўлены ў невялікай працы Фрыдэрыка Папее. Паводле гэтага
даследчыка, першая дзяржаўная арганізацыя на Летуве ўзнікла ва ўмовах экспансіі
летувісаў на Русі і небяспекі з боку крыжакоў.
Самай вялікай, на
мой погляд, цяжкасцю, з якой сутыкнуліся польскія даследчыкі пры пабудове сваіх
канструкцый, была яўная супярэчнасць між аксіёмай аб летувіскасці дзяржавы і
фактамі ўдзелу ў ёй т.зв. рускага элемента. Гэтая супярэчнасць у польскай
гістарыяграфіі была зліквідавана “мілітарным” спосабам, праз прыняцце тэзы аб
адвечнай летувіска-рускай (у сэнсе беларускай) варожасці, якая скончылася
перамогай летувісаў і заваёвай імі вялікіх тэрыторый на Русі.
Сапраўды, летапісы і
хронікі зафіксавалі актыўную ваенна-рабаўнічую дзейнасць т.зв. літоўцаў ад 2-й
паловы 12 ст. Аб’ектамі рабаўнічых нападаў сталі іх блізкія і далёкія суседзі,
у тым ліку землі Русі. Але было адно выключэнне, якое даследчыкі або ўвогуле не
заўважалі, або не прыдавалі яму значэння. Гаворка ідзе аб паўднёвых і
паўднёва-ўсходніх суседзях летапісных літоўцаў, а менавіта аб беларускіх
землях. Пісьмовыя крыніцы захавалі звесткі аб некалькіх дзесятках рабаўнічых
паходаў летапісных літоўцаў у 12-13 стст. ва ўсіх кірунках. Аднак няма
ніводнага сведчання аб нападзе на беларускія землі: Наваградак, Гародню,
Слонім, Ваўкавыск, Полацк і інш. На фоне сапраўды вялікай ваенна-рабаўнічай
актыўнасці летапісных літоўцаў у адносінах да ўсіх астатніх суседзяў такую
з’яву цяжка назваць выпадковай. Наадварот, у тых жа крыніцах можна знайсці
звесткі аб супрацоўніцтве летапісных літоўцаў з полацкімі князямі, напрыклад з
князем Усеваладам з Герсіке, аб паходзе палачанаў разам з літвой на Ноўгарад.
Генрык Пашкевіч выказваў здзіўленне, “што захавалася адносна мала паведамленняў
аб зрабаванні самога Полацка”. Калі бліжэй прыгледзецца да названых
паведамленняў, то высвятляецца іх неаўтэнтычнасць. То радок з літаратурнага
твора “Слова аб паходзе Ігаравым”, кароткая інфармацыя з Гісторыі Длугаша і
радок з Лаўрэнцьеўскага летапісу, з якога не вынікае, што рабавалі менавіта
Полацк.
Добра вядомы факты выкарыстання палачанамі літоўцаў ва ўнутранай барацьбе,
сумесных полацка-літоўскіх выпраў і саюза супраць немцаў. Генрык Лаўмяньскі
заключыў, што напады літоўцаў на Полацк не дасягнулі вялікага напружання, бо
захавалася мала звестак аб літоўска-полацкай барацьбе (даследчык не тлумачыць
якія гэта звесткі).
Маўчанне
сярэднявечных дакументаў пра канфлікты на Панямонні і Падзвінні выглядае
асабліва красамоўным у сугуччы з сённяшнімі сведчаннямі археалогіі і
лінгвістыкі пра мірны характар балта-ўсходнеславянскіх кантактаў у гэтых
рэгіёнах.
Распаўсюджаным
стэрэатыпам польскай, і не толькі польскай, гістарыяграфіі да гэтага часу
застаецца перакананне, што Міндоўг і яго наступнікі будавалі дзяржаву менавіта
балцкую - летувіскую. Аднак невядома ніводнага факта, які б сведчыў, што
дзяржаўная ўлада ў ВКЛ забяспечвала панаванне летувісаў над русінамі.
Дзяржаўная арганізацыя ў ВКЛ будавалася, як вядома, на аснове феадальнага ладу,
пры якім этнічнае паходжанне феадалаў не мела істотнага значэння.
Цікавым прыкладам
таго, як стэрэатып мыслення можа паўплываць на навуковае даследаванне,
з’яўляецца праца вядомага гісторыка ВКЛ Яна Якубоўскага. Прызнаўшы, што
“этнічна летувіская тэрыторыя не займала нават чацвёртай часткі ўсёй дзяржавы”,
даследчык адначасова выводзіць з попісу войска 1528 г., што “ва ўсёй летувіскай
дзяржаве ў 16 ст. насельніцтва карэнна летувіскае калі не складала большасці,
то ва ўсялякім выпадку раўнялася па колькасці рускаму насельніцтву”.
Зразумела, гэтая выснова не была прынята іншымі даследчыкамі з-за яе
фантастычнасці.
Грунтоўная праца
польскіх гісторыкаў міжваеннага часу мела свой плён. Выпрацаваная імі канцэпцыя
была прынятая ва ўсім свеце, у тым ліку ў Савецкім Саюзе (з некаторымі
мадыфікацыямі большай часткай ідэалагічнага характару).
Традыцыйная
расійская гістарыяграфія ва ўмовах савецкага ладу развівацца далей не магла.
Нешматлікія публікацыі, у тым ліку і Мацея Любаўскага, былі паўторамі ранейшых напрацовак. Савецкая
расійская гістарыяграфія сфармавала свае адносіны да праблемы ўтварэння ВКЛ
пазней, ужо пасля заканчэння 2-й сусветнай вайны. Як значную навуковую падзею
канца 30-х гадоў можна ацаніць публікацыю знакамітай “Хронікі Лівоніі” Генрыха
Латвійскага. Гэтае выданне, як і каментарыі да яго, і сёння мае высокую
навуковую вартасць.
У Летуве, каб
задаволіць вырасшы попыт на гістарычныя веды і абудзіць цікавасць насельніцтва
да гісторыі, ствараліся папулярныя і папулярна-навуковыя працы,
выкарыстоўваліся пераробкі з польскіх і расійскіх гісторыкаў: Станіслава
Кутшэбы, Яна Якубоўскага, Уладзіміра Антановіча і Мацея Любаўскага. Паваротным
момантам развіцця гістарычнай навукі ў Летуве было ўтварэнне незалежнай
дзяржавы. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы павялічваецца колькасць гістарычных прац,
гісторык-аматар саступае прафесіяналу. Ад гэтага часу “можна казаць аб сапраўды
навуковым летувіскім руху ў галіне гісторыі”.
У 20-30-я гады ўдзел
летувіскіх гісторыкаў у распрацоўцы праблемы генезы ВКЛ можна ацаніць як вельмі
нязначны. Тэма гэтая глыбока не распрацоўвалася, закраналіся некаторыя моманты
гісторыі 13 ст. (найперш бітва пры Дурбе). Працы Стакаўскаса і Татарайціса аб Міндоўгу адносяцца хутчэй да папулярных.
Летувіскія даследчыкі ў поўнай меры скарысталі навуковы набытак польскай
гістарычнай літуаністыкі, менавіта яе дасягненні ў сцвярджэнні балцкага
паходжання ВКЛ.
Беларуская
гістарыяграфія карысталася напрацоўкамі расійскай гістарыяграфіі, гэтаксама як
летувіская - польскай. Сцвярджалася, што той “рускі пачатак” у ВКЛ, які так
шчыра абаранялі расіяне, з’яўляўся, уласна кажучы, беларускім, а сама дзяржава
называлася літоўска-беларускай. Спецыяльных прац па генезе ВКЛ у гэты час на
Беларусі таксама не з’явілася. Толькі ў працах сінтэтычнага характару Уладзімір
Пічэта, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Усевалад Ігнатоўскі і інш. выказвалі свае
погляды на пачатак гэтай дзяржавы, якія ў галоўных рысах адпавядалі расійскай
гістарыяграфічнай традыцыі.
У першай чвэрці 20 ст. ствараліся публіцыстычныя і навукова-папулярныя
працы па гісторыі Беларусі з мэтай абудзіць сярод беларускага этнасу, практычна
пазбаўленага інтэлігенцыі, цікавасць да сваёй гісторыі. Адпаведным чынам
інтэрпрэтавалася ВКЛ як у значнай ступені беларуская (крывіцкая) дзяржава.
Значны ўплыў на развіццё беларускай гістарыяграфіі аказала адсутнасць
незалежнай дзяржавы. Стварэнне ўласнай гістарычнай школы ў складзе СССР
аказалася справай нерэальнай. Адносна спрыяльны перыяд так званай беларусізацыі
закончыўся фізічным вынішчэннем маладой нацыянальнай інтэлігенцыі, у тым ліку
гісторыкаў. Пад час крызісу Савецкага Саюза і пасля абвяшчэння незалежнасці
Беларусі (27 ліпеня 1990 г.) гістарыяграфія палітычнай і ваеннай гісторыі ВКЛ зноў
пачыналася тут з прац публіцыстычнага і навукова-папулярнага характару.
На гэтым этапе практычна нічога канцэптуальна новага створана не было.
Пасля 2-й сусветнай вайны працягвалася далейшая разбудова канцэпцыі генезы ВКЛ,
якая прадстаўляла працэс дзяржаваўтварэння як справу балтаў.
Найбольш значнай падзеяй стала выдадзеная ў 1959 г. буйная манаграфія
Уладзіміра Пашуты “Утварэнне Летувіскай дзяржавы”. З першага ж погляду гэтая
праца стварае ўнушальнае ўражанне шматлікасцю выкарыстаных крыніц і аб’ёмным
гістарыяграфічным аналізам. Пашута адмовіўся ад традыцыйнай расійскай
інтэрпрэтацыі ВКЛ як летувіска-рускай
дзяржавы ад самых яго пачаткаў і
прыняў польскую канцэпцыю балцкай, а
менавіта летувіскай дзяржавы з
характэрным для яе атаясамленнем сярэднявечнай Літвы з сучаснай Летувай.
У межах гэтай канцэпцыі даследчык прапанаваў уласную рэканструкцыю
працэсу дзяржаваўтварэння, якая не супадала з польскай версіяй у некаторых
важных дэталях. Адным з галоўных пастулатаў традыцыйнай польскай канцэпцыі
генезы ВКЛ да моманту выхаду ў свет працы Пашуты з’яўлялася ідэя аб цеснай
узаемасувязі працэсу ўтварэння дзяржавы з тэрытарыяльнымі летувіскімі захопамі
на Русі. Пашута не прыняў гэтую тэзу і храналагічна аддзяліў фармаванне
летувіскай (монаэтнічнай - балцкай) дзяржавы ад тэрытарыяльных набыткаў на Русі
(ці Беларусі, паводле Уладзіміра Пашуты). Даследчык прадставіў генезу ВКЛ як
трохфазавы працэс: “Палітычны лад Летувы прайшоў наступныя этапы развіцця: канфедэрацыя земляў, потым іх саюз, узначалены князямі Аўкштоты, і,
нарэшце, адносна адзіная раннефеадальная
манархія” (выдзелена мною. - А.К.).
Канфедэрацыя земляў бачылася даследчыку, “як пераходная форма ад
патрыярхальна-абшчыннага ладу да дзяржаўнага”. Потым з асяроддзя нобіляў выдзяліліся
мацнейшыя “і канфедэрацыя летувіскіх земляў змянілася іх саюзам, які дзейнічаў
пад кіраўніцтвам набілітэту на чале з больш моцнымі князямі”. Саюз, на думку
Пашуты, выразна паказаны ў дамове 1219 г. валынскіх князёў з летувіскімі.
Адсюль вынікае выснова даследчыка: “Наўрад ці выкліча пярэчанне, што
адлюстраваная ў дамове вялікакняская ўлада (“старъшеи”), якая абапіраецца на
залежных ці саюзных князёў, сведчыць аб наяўнасці ў Летуве адносна адзінай
дзяржавы”.
Такім чынам, у Пашуты канфедэрацыя - пераходная форма, а наступная
стадыя - саюз - ужо дзяржава. Паводле Пашуты, атрымліваецца, што яна мела ажно
пяцёра вялікіх князёў. Апошні трэці этап - раннефеадальная манархія - то ўжо
ўласна ВКЛ. На гэтай фазе адбылася заваёва беларускіх земляў. Галоўная ідэя канцэпцыі
Пашуты заключаецца ў наступнай сентэнцыі: “захоп
Беларусі летувіскімі феадаламі паклаў пачатак пераўтварэнню невялікай
Летувіскай дзяржавы ў Летувіскае вялікае княства” (выдзелена мной. - А.К.).
Трохфазавая канструкцыя Пашуты выглядае не надта зграбна: выдзеленыя
даследчыкам этапы не маюць выразных сутнасных і храналагічных адрозненняў.
Найперш гэта тычыцца дзвюх першых фаз: канфедэрацыі і саюза. Лаўмяньскі,
ацэньваючы высновы Пашуты, заўважыў, што “паміж паняццем канфедэрацыі і саюза ў
даным кантэксце не бачна істотнай розніцы”.
Відавочна таму, у пазнейшай гістарыяграфіі першыя дзве фазы пачалі лічыцца за
адну, называную ці саюзам плямёнаў, ці канфедэрацыяй земляў.
Варта зрабіць невялікае адступленне, каб удакладніць дэфініцыю самога
паняцця дзяржавы. Уладзімір Пашута карыстаецца прынятай у савецкай
гістарыяграфіі класавай тэорыяй дзяржавы, аўтарства Леніна, менавіта: “дзяржава - апарат улады аднаго класа над
другім”. Аднак у
сусветнай навуцы прынята больш універсальная класічная, т.зв. трохкампанентная
дэфініцыя, паводле якой для дзяржавы неабходна наяўнасць насельніцтва, тэрыторыі,
публічнай улады. Яна сфармулявана
Георгам Еллінекам: “Як прававое паняцце дзяржава ёсць, такім чынам, карпарацыя насяляючага пэўную тэрыторыю
народа, якая валодае першаснай вярхоўнай уладай, ці, ужываючы пашыраны ў
навейшы час тэрмін, тэрытарыяльная
карпарацыя, якая валодае першаснай уладай”.
А вось яе разгорнутае трактаванне: дзяржава
- гэта палітычная, прымусовая, тэрытарыяльная, забяспечаная спецыяльным
апаратам арганізацыя, якая ахоплівае ўсё грамадства і выконвае акрэсленыя
функцыі.
Гэтая арганізацыя канцэнтруецца на кіраванні грамадствам, таму яна палітычная; прымае рашэнні і выконвае
іх, ужываючы пры неабходнасці апарат прымусу, адсюль яна прымусовая; валодае пэўнай тэрыторыяй (тэрытарыяльная); забяспечана спецыяльным
апаратам, створаным з людзей, якія прафесійна займаюцца кіраваннем і
ўжываннем прымусу. Функцыі дзяржавы: унутраная
- падтрыманне прававога парадку і знешняя
- абарона перад знешняй небяспекай.
У люстэрку такой
дэфініцыі група старэйшых літоўскіх князёў, пералічаных у дамове 1219 г., не
выглядае на кіраўнікоў адной дзяржавы. З такой жа верагоднасцю (аднолькава
малой) можна гаварыць пра існаванне на той час у Летуве некалькіх (па колькасці
старэйшых князёў) дзяржаў (Якубоўскі, Заянчкоўскі).
Хутчэй можна пагадзіцца з Лаўмяньскім, лічыўшым гэтую групу “самымі моцнымі
правадырамі дружын” ці “папросту правадырамі рабаўнічых бандаў”.
Ніякіх слядоў летувіскай дзяржавы не знойдзем і ў важнейшай тагачаснай крыніцы
- “Хроніцы Лівоніі” Генрыха Латвійскага.
З’яўляецца відавочным, што афіцыйная савецкая дэфініцыя дзяржавы
абмяжоўвала свабоду навуковага пошуку. Даследчыку не заставалася нічога іншага,
як працаваць у рамках гэтай дэфініцыі і тлумачыць вытокі ВКЛ праз фармаванне
класаў. Адсюль вынікае парадаксальная, здавалася б, блізкасць канцэпцыі Пашуты
да поглядаў польскіх даследчыкаў 19-1-й паловы 20 ст. Польская версія ўнутранай
эвалюцыі летувіскага грамадства да дзяржавы выпадкова аказалася бліжэй да пастулатаў
камуністычнай ідэалогіі, чым погляды традыцыйнай расійскай гістарыяграфіі.
З’яўленне манаграфіі Уладзіміра Пашуты закончыла на карысць польскай
версіі векавую расійска-польскую дыскусію аб генезе ВКЛ. Працы польскіх
даследчыкаў Пашута крытыкаваў з пазіцыі марксісцкай ідэалогіі, уносіў свае
папраўкі ў канцэпцыю, але пагаджаўся з галоўнай яе тэзай: ВКЛ - прадукт
унутранай эвалюцыі балцкай Летувы. Відавочна, найперш з гэтай прычыны, а не
толькі з палітычных меркаванняў можна тлумачыць зычлівую рэакцыю на працу
Пашуты аднаго са “стаўпоў” польскай гістарыяграфіі Генрыка Лаўмяньскага.
Праца Пашуты на
некалькі дзесяцігоддзяў акрэсліла накірунак развіцця гістарыяграфіі ВКЛ у
Савецкім Саюзе і краінах-сатэлітах. Заяўленыя ў ёй метадалагічныя падыходы
аўтаматычна станавіліся ўзорам для гістарыяграфіі іншых краін “сацыялістычнага
лагера”. Універсальны метад гістарычнага аналізу (Пашута называе яго
“марксісцкі параўнаўча-гістарычны метад”),
які, увогуле, не пярэчыць прынцыпу навуковасці, у дадзеным выпадку быў скажоны
палітычнай ідэалогіяй. У выніку буйная і складаная гістарычная з’ява аказалася
ўціснутай ў пракрустава ложа ідэалагічнай догмы.
Ва ўмовах таго часу сур’ёзна крытыкаваць савецкага гісторыка магчыма
было толькі з-за межаў краін савецкага блока. З крытычным разборам канцэпцыі
Пашуты (канцэпцыя была выкладзена ў шэрагу публікацый яшчэ да з’яўлення
асноўнай манаграфіі)
выступіў заходненямецкі гісторык Манфрэд Хэльман.
Аб’ектам крытыкі сталі якраз высновы, зробленыя на аснове марксісцкай
метадалогіі. Паводле назірання Хэльмана, Пашуце ад пачатку патрэбна было
давесці, што летувісы перажылі тыя ж фазы развіцця, якія савецкая
гістарыяграфія лічыць абавязковымі для ўсіх іншых еўрапейскіх народаў. Калі
адкінуць ідэалагічныя інтэрпрэтацыі і бяздоказныя палажэнні, то, на думку
Хэльмана, аснова створанай Пашутам карціны гісторыі старажытных летувісаў,
нямнога розніцца ад поглядаў Генрыка Пашкевіча.
Хэльман назваў “няўдалай” спробу тлумачэння генезісу дзяржавы як выніку
ўнутранага летувіскага развіцця на аснове сацыяльна-эканамічнага базісу і
палічыў “чыстай тэорыяй” разважанні Пашуты аб развіцці летувіскіх вытворчых
сіл, паколькі гэтыя разважанні не падмацаваны крыніцамі.
У адказе на крытыку Пашута пацвердзіў вернасць усім сваім высновам і ў
сваю чаргу пакрытыкаваў Хэльмана, а заадно і польскіх ды летувіскіх
гісторыкаў-эмігрантаў Пашкевіча, Халецкага, Неверавічуса, Шапоку і інш. за
прывержанасць “буржуазным канцэпцыям”, а астатніх яшчэ за ”рэакцыйную
эмігранцкую прапаганду”.
Вернасць сваім поглядам канца 50-х гадоў Уладзімір Пашута захаваў і пазней.
Працамі Пашуты пачалася і фактычна закончылася расійская савецкая
гістарыяграфія генезы ВКЛ. У навуковым сэнсе да вырашэння праблемы яна нічога
новага практычна не ўнесла.
Дзеля цікавасці прывяду арыгінальны погляд на генезу ВКЛ нетрадыцыйнага
расійскага гісторыка Льва Гумілёва. Па ходу аповяду аб паўстанні сённяшняй
Расіі ён закранае гэтую праблему і вырашае яе праз сваю універсальную тэорыю
этнагенезу. Паводле даследчыка, усё пачалося дзякуючы пасіянарнаму штуршку,
меўшаму месца ў пачатку 13 ст. Паводле Гумілёва, такія пасіянарныя штуршкі
выступаюць як глабальныя планетарныя з’явы і ахопліваюць вузкія палосы зямной
паверхні працягласцю ў тысячы кіламетраў. На гэтых палосах адначасова
пачынаюцца этнагенезы розных народаў. У зоне штуршка пачатку 13 ст.,акрамя
Маскоўскай Русі апынуліся даліна Прыпяці і Прыдняпроўе. Штуршок адрадзіў да
жыцця некалькі летувіскіх плямёнаў. Пачаў справу Міндоўг, стварыўшы з тых
плямёнаў адзіную Летуву, а давяршыў Гедымін.
Як бачым, арыгінальны погляд Льва Гумілёва дакладна ўкладаецца ў
традыцыйную савецкую канцэпцыю ўтварэння ВКЛ. Не стасуецца толькі адна
геаграфічная дэталь. На пачатку 13 ст. басейн Прыпяці і Прыдняпроўе засялялі не
летувісы, а ўсходнія славяне. Чаму ж не яны, а летувісы прыйшлі ў этнагенетычны
рух? На жаль, тлумачэння гэтай ”дробязі” Гумілёў не прыводзіць.
У пасляваеннай Польшчы над праблемай генезісу ВКЛ ніхто спецыяльна не
працаваў. Маўкліва прызнавалася, што яна прынцыпова вырашана. Некаторыя дэталі
сваёй канструкцыі змяняў Генрык Лаўмяньскі.
Яго вучань Ежы Ахманьскі працягваў працу настаўніка. Рэканструкцыя генезы ВКЛ
Ахманьскага ўяўляе сабой своеасаблівы сінтэз даваенных поглядаў Лаўмяньскага і
пасляваенных Пашуты. Ад першага даследчык пераняў “дружынную” тэорыю ўтварэння
дзяржавы (замяніўшы тэрмін “дружыны” на “арыстакраты”). Услед за Пашутам
Ахманьскі разумее дзяржаву як класавую арганізацыю.
Паводле Ахманьскага, пануючы клас - арыстакраты (wieszpacowie) ствараюць
дзяржаву, але робяць гэта не праз падпарадкаванне сваіх суайчыннікаў (“гэта
прыводзіла да вострых класавых канфліктаў”), а шляхам тэрытарыяльных захопаў на
Русі. Хітрасць арыстакратыі заключалася ў тым, каб завабіць сваё грамадства
перспектывай багатай ваеннай здабычы і “ў ходзе ваеннай акцыі навязаць яму акрэсленыя
фіскальныя абавязкі на карысць дзяржавы”.
Увогуле справа выглядае так, быццам Ахманьскі ўзяў на сябе задачу, не
змяняючы сутнасных момантаў канцэпцыі Лаўмяньскага, прыстасаваць яе да рэалій
камуністычнай Польшчы. У асноўных момантах сваёй рэканструкцыі генезы ВКЛ
Ахманьскі захоўваў вернасць традыцыям польскай гістарыяграфіі. Ён лічыў, што ў
выніку летувіскай экспансіі на Русь “нацыянальная летувіская дзяржава вельмі
рана, ужо з першай паловы 13 ст., пачала пераўтварацца ў біэтнічную, летувіска-рускую
- Вялікае Княства Літоўскае, у якім летувісы былі этнасам пануючым і
прывілеяваным, а русіны - залежным і абмежаваным у сэнсе праўна-палітычным”.
Важным крокам на шляху стварэння дзяржаўнай арганізацыі Ахманьскі лічыў
летувіскі племянны саюз (канфедэрацыю, у адрозненне ад Пашуты, не ўпамінае).
Даследчык выказвае дапушчэнне, што памянуты саюз у 1219 г., абяцаючы мір і саюз
Валынскаму княству, вымагаў ад таго згоду на заняцце Чорнай Русі з Наваградкам.
З гэтага дапушчэння ён выводзіць наступную выснову аб пераўтварэнні рабаўнічых
летувіскіх нападаў на Русь ў палітычна-заваявальную экспансію. Выснова
надзвычай важная, але, на жаль, выведзеная праз элементарную лагічную памылку.
Паводле фармальнай логікі нельга на недаказанай пасылцы-дапушчэнні абапіраць
новую выснову, якая ад гэтага становіцца яшчэ менш даказанай. Ахманьскі вывеў
таксама, што перад сярэдзінай 13 ст. акрамя Літвы існаваў яшчэ адзін
дзяржаватворчы асяродак - на Жамойці. Лідэр жамойцкага цэнтра Вікінт, аднак,
саступіў у барацьбе свайму швагру Міндоўгу. Уладу над усёй Аўкштотай Міндоўг
запэўніў сабе каля 1240 г.
Ежы Ахманьскі шмат папрацаваў над стварэннем панарамнай карціны
шматвяковай балта-ўсходнеславянскай канфрантацыі. Працэс утварэння ВКЛ
даследчык разглядаў выключна праз прызму гэтай канфрантацыі. У спецыяльнай
працы, прысвечанай балта-ўсходнеславянскай мяжы, ён трактуе адносіны між
балтамі (летувісамі) і ўсходнімі славянамі (русінамі) з 7 па 13 ст. як
непарыўнае змаганне за тэрыторыі. Напачатку перавагу мелі русіны, потым адбыўся
“трыумф Літвы”, якая аб’яднала этнічныя летувіскія землі і заняла прылеглыя
заселеныя русінамі тэрыторыі.
Між тым аб’ёмная гістарыяграфія
працэсу балта-славянскіх кантактаў (найперш археалагічная і
лінгвістычная) на Панямонні, як і па ўсёй Беларусі, кардынальна супярэчыць тэзе
канфрантацыі гэтаксама, як і выснове пра “трыумф Літвы”. Спецыяльныя
даследаванні паказваюць, што адносіны былі пераважна мірнымі і існавала вялікая
кантактная зона са змешаным балта-славянскім насельніцтвам. Працэс мірнага
прасоўвання ўсходніх славян на балцкія землі працягваўся і пасля ўтварэння ВКЛ.
Этнаграфічныя даследаванні сведчаць аб беларусізацыі летувісаў на этнічнай мяжы
яшчэ ў 20 ст., што, дарэчы, было вядома самому Ахманьскаму.
Сам даследчык прыводзіць таксама шматлікія факты мірнага суіснавання беларусаў
і летувісаў на Панямонні ў 16 ст.
Намаганнямі Уладзіміра Пашуты летувіская савецкая гістарыяграфія
атрымала (падобна як даваенная атрымала ад польскай) гатовую, афіцыйна
прызнаную канцэпцыю і магчымасць развіваць яе далей у духу традыцый перыяду
незалежнасці 20-30-х гадоў. Манаграфія Пашуты была перакладзена і надрукавана ў
Летуве (з невялікімі дапаўненнямі і значнымі скарачэннямі, найперш у
крыніцазнаўчай і гістарыяграфічнай частках).
Летувіская гістарыяграфія пасляваеннага часу занялася разбудовай і
канкрэтызацыяй схемы Пашуты. Яна прадстаўлена галоўным чынам артыкуламі па
розных аспектах працэсу дзяржаваўтварэння. Трохфазавая схема Пашуты
(канфедэрацыя - саюз - манархія) была спрошчана. Засталіся дзве фазы: саюз (або
канфедэрацыя) і дзяржава. Ромас Батура выказаўся па пытанню сталіцы Міндоўга,
месца якой ён бачыў у Вільні. Погляд гэты, аднак, не прыжыўся ў навуцы. Той жа
аўтар стварыў працу аб удзеле Літвы ў барацьбе з татарамі ад другой чвэрці 13
ст. да часоў Альгерда. Аб дзейнасці Міндоўга шмат пісаў у эміграцыі Зянонас
Івінскіс.
Па розных праблемах ранняй гісторыі дзяржавы выступалі Варакаўскас і
Гудавічус. Першы выказаў меркаванне, што палітычнае аб’яднанне летувіскіх
земляў у адну дзяржаву адбывалася ў канцы 12 - пачатку 13 ст. Працы Эдвардаса
Гудавічуса таксама прысвечаны канкрэтным праблемам, аб чым сведчаць іх назвы,
напрыклад: “Да пытання аб цэнтры і часе ўтварэння Летувіскай дзяржавы”, “Аб
часе ўтварэння канфедэрацыі летувіскіх земляў”, “Літва Міндоўга” і інш.
Гудавічус падтрымаў лакалізацыю старажытнай Літвы, прапанаваную ў пачатку 30-х
гадоў Лаўмяньскім, - міжрэчча Нёмана і Віліі. Як арыгінальную можна ацаніць
спробу даследчыка лакалізаваць уладанні літоўскіх князёў 13 ст. па тапонімах,
галоўным чынам 16-20 стст. Гудавічус склаў нават нешта накшталт палітычнай
карты Аўкштоты і Жамойці 13 ст.
Даволі важкі ўклад у распрацоўку праблемы ўнеслі і летувіскія
археолагі, якія падвялі пад існуючую канцэпцыю генезы ВКЛ падмурак у выглядзе
тэорыі аб утварэнні летувіскай народнасці. Вытокі яе акрэслены ў культуры
штрыхаванай керамікі пачынаючы ад сярэдзіны 1-га тыс. н.э.
На месцы адной з груп гэтай культуры з канца 4-5 ст. фармуецца культура
ўсходнелітоўскіх курганоў, якая і была ядром летувіскай народнасці.
У 11-12 стст. такая народнасць ужо існавала, але працягвала фармавацца далей
“сумесна з фармаваннем летувіскай дзяржавы”.
Такім чынам была створана жорстка звязаная ў часе і прасторы схема “вырастання”
летувіскай дзяржаўнасці яшчэ з жалезнага веку. Часам летувіскія даследчыкі
прызнаюць уплыў на працэс існуючых побач дзяржаўных утварэнняў усходніх славян.
Археолагі выказвалі таксама свае меркаванні адносна лакалізацыі сярэднявечнай
Літвы, прычым часта нязгодныя між сабой і амаль заўсёды нязгодныя з гісторыкамі
(гл. раздзел 2.2).
Беларуская гістарыяграфія генезы ВКЛ не існавала як самастойная з’ява
да канца 80-х гадоў 20 ст. (да т.зв. перабудовы). Палітычная гісторыя ВКЛ была
табуіраванай тэмай для беларускіх савецкіх гісторыкаў. Пабудову гэтай дзяржавы
афіцыйна прызналі справай летувісаў.
Дазволенай (а таму і найбольш распрацаванай) тэмай з гісторыі ВКЛ на Беларусі
сталі аграрныя адносіны, найперш гісторыя беларускага сялянства. Працы
беларускіх гісторыкаў у эміграцыі (напрыклад, Яна Станкевіча, Паўлы Урбана) не
аказалі ўплыву на развіццё гістарычнай навукі ў Беларусі, яны тут былі
практычна невядомыя.
З’яўленне ў канцы 80 - пачатку 90-х гадоў і незвычайная папулярнасць
прац Міколы Ермаловіча
тлумачацца
спецыфікай развіцця беларускай гістарычнай навукі ва ўмовах адсутнасці
незалежнай дзяржавы. Польскі і летувіскі вопыт на працягу двух міжваенных
дзесяцігоддзяў паказаў, якое важнае значэнне для фармавання нацыянальнай
гістарыяграфіі мае ўласная дзяржаўнасць. Калі ў Польшчы і Летуве актыўна
распрацоўваліся канцэпцыі нацыянальнай гісторыі, фармаваліся ўласныя
гістарычныя школы, то на Беларусі адбывалася нешта зусім іншае. Кароткі перыяд
росквіту гістарычнай навукі ў 20-я гады, выкліканы да жыцця ўведзенай Масквой
палітыкай “беларусізацыі”, закончыўся фізічным знішчэннем выбітных гісторыкаў у
выніку сталінскіх рэпрэсій. Гістарычная навука фактычна была ператворана ў
служку камуністычнай ідэалогіі. Акрамя Ермаловіча ніхто не пісаў “у шуфляду”, і
пасля развалу Савецкага Саюза яго творы аказаліся адзінымі ў наяўнасці,
адпавядаючымі актуальным патрэбам беларускага грамадства. Відавочна, у гэтым
крыецца прычына іх папулярнасці.
Паводле Ермаловіча, утварэнне ВКЛ - справа рук наваградскіх феадалаў.
Яны запрасілі на наваградскі стол літоўскага князя-перабежчыка Міндоўга,
пацярпеўшага паражэнне ў міжусобнай барацьбе і вымушанага ўцякаць у Наваградак
(у апошняй працы даследчык гаворыць аб паходжанні Міндоўга з роду полацкіх
князёў).
Атрымаўшы ад наваградчан грошы і войска, Міндоўг заваяваў Літву - востраў
балцкага насельніцтва ў беларускім абшары, падпарадкаваўшы яе сабе, гэта
значыць Наваградку. Выснова гісторыка: ВКЛ ад самых пачаткаў было беларускай
дзяржавай.
Моцным бокам працы Ермаловіча бачыцца яго крытыка тэзы аб заваёве
летувісамі беларускіх земляў, а адным са слабейшых - спроба лакалізацыі
летапіснай Літвы (гл. раздзел 2.2). Выклікае пярэчанні таксама ўпэўненасць у
імкненні паказаць Міндоўга ў статусе ўцекача; выснова гэтая не мае ніякага
падмацавання ў крыніцах. Аднак Мікола Ермаловіч з яго версіяй аб запрашэнні
Міндоўга на наваградскі стол блізка падышоў да ідэі саюза між двума этнічнымі
чыннікамі, саюза які, на мой погляд, даў пачатак працэсу дзяржаваўтварэння.
Канцэпцыя Ермаловіча была негатыўна ўспрынята ў Летуве, аб чым сведчыць
эмацыйная і рэзка адмоўная рэцэнзія Эдвардаса Гудавічуса на яго асноўную працу
“Па слядах аднаго міфа”.
З лакалізацыяй
Літвы, прапанаванай Ермаловічам, не згадзіўся беларускі даследчык Вячаслаў
Насевіч, які следам за летувіскімі археолагамі атаясаміў яе з арэалам культуры
ўсходнелітоўскіх курганоў. Спаслаўшыся на Лаўмяньскага, Насевіч характарызуе
Літву як сукупнасць некалькіх этнічна роднасных плямёнаў: “Дзяволтву, Нальшану,
Упіту” (у Лаўмяньскага яшчэ ёсць “Літоўская зямля”. - А.К.), якія кіраваліся самастойнымі дынастыямі. У першых
дзесяцігоддзях 13 ст. у гэтай Літве існаваў, паводле даследчыка,
“агульналітоўскі палітычны саюз”, на першае месца ў якім каля 1235 г. высунуўся
Міндоўг.
Добраахвотнае
далучэнне да Літвы ўсходнеславянскіх земляў было выклікана імкненнем славянаў
унікнуць залежнасці ад татараў шляхам выхаду з палітычнай сістэмы Русі.
Прыняўшы літоўскіх князёў, славяне парывалі з дынастычнай лініяй Рурыкавічаў,
уладанні якіх былі падпарадкаваны Залатой Ардзе.
Як развіццё поглядаў
Пашуты пра сінтэз летувіскіх і беларускіх грамадскіх элементаў
выглядае тэза Насевіча аб балта-славянскім сімбіёзе, які рэалізаваўся ў
стварэнні двухэтнічнай дзяржавы - ВКЛ. У гэтай дзяржаве балты дамінавалі ў
палітычнай сферы, славяне - у культурнай. Аднак далейшыя разважанні даследчыка
супярэчаць яго ідэі сімбіёзу. Паводле Насевіча, летувісы выкарысталі вышэйшую
палітычную ўладу, каб спыніць славянскую асіміляцыю; у дзяржаве захоўвалася
небяспека міжэтнічных супярэчнасцей. Навідавоку традыцыйны погляд на дзяржаву
як на механізм рэалізацыі этнічных інтарэсаў. Такое разуменне нацыянальнай
дзяржавы, уласцівае новаму і навейшаму часу, далёка не заўсёды адпавядае
сярэднявечнай сітуацыі (як і ў нашым выпадку).
Тэза Насевіча аб
далучэнні панямонскіх славянскіх земляў да аб’яднанай Літвы не зусім стасуецца
з прапанаванай даследчыкам рэканструкцыяй разгортвання працэсу
дзяржаваўтварэння. Каля 1248 г. Міндоўг становіцца наваградскім князем як
“уладар Літвы”, а пазней, у 1252 г., ён выпраўляе на Смаленск пляменнікаў, каб
пад час іх адсутнасці “захапіць аднаасобную ўладу ў Літве”. Атрымліваецца, што
пачынальнік дзяржавы стаў наваградскім князем не як гаспадар усёй Літвы, а,
напэўна, толькі нейкай яе часткі.
Звесткі пісьмовых крыніц (гл. раздзел 3.2.1) супярэчаць меркаванню Вячаслава
Насевіча пра ўключэнне ў пачатковую тэрыторыю дзяржавы ўсёй Аукштоты (даследчык
называе яе “ўласна Літоўскай зямлёй”) і Жамойці. Таму падлікі плошчы гэтай
пачатковай тэрыторыі нельга прызнаць дакладнымі.
Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі паставіла беларускую гістарычную
навуку перад неабходнасцю фармавання ўласнай канцэпцыі нацыянальнай гісторыі.
У гэтай канцэпцыі важнейшае месца, несумненна, павінна належаць ВКЛ - дзяржаве,
у якой адбылося фармаванне беларускага народа. Асноўныя прынцыповыя падыходы да
вывучэння гісторыі ВКЛ на Беларусі былі сфармуляваны на міжнародным “круглым
стале” пад назвай “Беларусь у Вялікім Княстве Літоўскім”, які адбыўся ў Мінску
6-7 красавіка 1992 г. У падсумаванні вынікаў дыскусіі ўдзельнікі гэтага
навуковага збору (беларускія, польскія, англійскія, італьянскія гісторыкі і
філолагі-славісты) адверглі канцэпцыю афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі 30 -
80-х гадоў, якая адмаўляла існаванне беларускай дзяржаўнасці ў эпоху
сярэднявечча, і аднеслі вытокі гэтай дзяржаўнасці да часу ўтварэння Полацкага і
Тураўскага княстваў, а пазней Гарадзенскага, Наваградскага, Смаленскага ды
іншых.
Вялікае Княства Літоўскае “круглы стол” акрэсліў як федэрацыю, у якую
ўваходзілі беларускія, летувіскія і частка ўкраінскіх земляў. Была таксама
выпрацавана сціслая фармулёўка пачаткаў ВКЛ: “Ва ўмовах барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай
мангола-татарскага нашэсця ў першай палове 13 ст. у верхнім Панямонні ўзнікла
беларуска-літоўскае гаспадарства з цэнтрам у Наваградку, якое стала ядром
магутнай еўрапейскай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага, Рускага,
Жамойцкага” (выдзелена мною. - А.К.).
У гэтай фармулёўцы зроблены акцэнт на важнай ролі знешнепалітычных
фактараў і біэтнічнасці пачаткаў ВКЛ, злагоджаны канфрантацыйныя моманты розных
версій дзяржаваўтварэння. У ёй не ўпамінаецца аб існаванні балцкай дзяржавы -
папярэдніцы ВКЛ, адсутнічае тэза аб заваёве летувісамі беларусаў ці наадварот.
Такому разуменню генезісу ВКЛ цалкам адпавядаюць вынікі, атрыманыя аўтарам
гэтай працы.
Беларускія гісторыкі ўзгаднілі сваю пазіцыю таксама і з летувіскімі калегамі.
На сустрэчы ў мястэчку Гервяты Астравецкага раёна 19-20 чэрвеня 1992 г. былі
выпрацаваны агульныя падыходы да вывучэння гісторыі ВКЛ. Даследчыкі дзвюх краін
дамовіліся, што “з сённяшняга гледзішча ВКЛ можна вызначыць як
літоўска-беларускую, ці - раўназначна - беларуска-літоўскую дзяржаву, улічваючы
пры гэтым важкі ўклад, які ў палітычнае і культурнае развіццё ВКЛ працяглы час
уносіў украінскі народ”.
Новыя канцэптуальныя погляды беларускай гістарыяграфіі на гісторыю ВКЛ
(прадстаўленыя ў значнай частцы працамі навукова-папулярнымі і публіцыстычнымі)
атрымалі спакойна-ўзважаную ацэнку на Украіне.
Украінскія калегі з разуменнем і адабрэннем паставіліся да імкнення беларускіх
гісторыкаў ствараць ўласную канцэпцыю гісторыі Беларусі, узгадняючы асноўныя канцэптуальныя
падыходы з гісторыкамі суседніх краін.
Некаторыя іншыя гістарыяграфіі, найперш нямецкая і ў меншай ступені
латвійская і эстонская, адыгралі ў фармаванні канцэпцыі генезы ВКЛ пэўную
дапаможную ролю. Галоўнай заслугай нямецкай гістарычнай навукі ў нашай справе
з’яўляецца публікацыя і апрацоўка сярэднявечных пісьмовых крыніц, створаных у
нямецкіх калоніях над Балтыкай (гл. раздзел 1.1.1). Акрамя таго, нямецкія
гісторыкі дэталёва распрацавалі гісторыю адносін ВКЛ з гэтымі калоніямі, у тым
ліку і ўдзел лівонцаў у генезе гэтай дзяржавы.
У асноўных канцэптуальных поглядах нямецкая гістарыяграфія следавала за
польскай. Пасля 2-й святовай вайны найбольшы ўклад у гістарыяграфію ВКЛ унёс
упамянуты Манфрэд Хэльман. Акрамя спецыяльнага раздзела ў абагульняючай працы,
яго пяру належыць шэраг артыкулаў, звязаных з ранняй гісторыяй ВКЛ.
У апошнія гады новыя падыходы да гісторыі ВКЛ абазначыліся ў расійскай
гістарыяграфіі. Сутнасць іх заключаецца ў адмове ад некаторых стэрэатыпаў
ідэалагічнага характару, уласцівых традыцыйнай расійска-савецкай
гістарыяграфіі, напрыклад тэзы аб імкненні беларусаў да злучэння з Расіяй ці аб
русінска-летувіскай канфрантацыі ўнутры ВКЛ. У гэтым сэнсе знамянальнай з’явай
выглядае праца Міхала Крома аб барацьбе між ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай за
валоданне шэрагам пагранічных земляў.
Разуменне пачаткаў ВКЛ, выказанае расійскім гісторыкам Думіным, найбольш
блізкае да поглядаў, выказаных у маёй працы. Гэты даследчык лічыць, што
ўзнікненне ВКЛ “з’явілася вынікам кампрамісу, пагаднення паміж летувіскай
знаццю і мясцовым усходнеславянскім баярствам”. На думку Думіна, такі кампраміс
не мог быць магчымым без падтрымкі насельнікаў мясцовых гарадоў, якія ў
палітычных справах мелі рашаючы голас.