Месца нараджэння ВКЛ
знаходзіцца ў Верхнім і Сярэднім Панямонні - на тэрыторыі, якая задоўга да
пачаткаў гэтай дзяржавы стала месцам сустрэчы і ажыўленага кантакту двух буйных
этнічных масіваў - балцкага і ўсходнеславянскага. Нас найбольш цікавіць сувязь
названых кантактаў з працэсам стварэння на Панямонні ў сярэдзіне - другой
палове 13 ст. дзяржавы, вядомай як Вялікае Княства Літоўскае. Гэтыя два працэсы
цяжка параўноўваць па параметрах як храналагічных, так і геаграфічных. Першы
толькі на Панямонні працягваўся больш тысячагоддзя, другі заняў гістарычна
нязначны адрэзак часу - у некалькі дзесяткаў гадоў.
Тым не менш яны - з’явы аднаго парадку, паколькі абодва звязаны з арганізацыяй
жыццядзейнасці буйных чалавечых супольнасцей. Нам застаецца “ўсяго толькі”
высветліць характар уплыву першага на другі і наадварот.
На сённяшні дзень
узаемасувязь названых працэсаў даследавана далёка няпоўна. Як яны развіваліся і
які менавіта ўплыў меў першы на другі і наадварот? Каб адказаць на гэтыя
пытанні, мусім найперш высветліць ход працэсу міжэтнічных кантактаў да пачатку
генезісу ВКЛ і пасля заканчэння апошняга. Не менш важна таксама акрэсліцца з
вызначэннем пачатковага цэнтра, ядра дзяржавы, разабрацца, як паўстала і як
эвалюцыяніравала паняцце Літвы гістарычнай, якую яшчэ называюць услед за першым
даследчыкам гэтай праблемы Мацеем Любаўскім “уласна Літоўскай зямлёй” ці
“вялікім княствам у цесным сэнсе”.
Працэс
балта-славянскіх кантактаў на Панямонні з-за яго геаграфічнага маштабу,
храналагічнай працягласці, уплыву на жыццё тутэйшых чалавечых супольнасцей
можна адназначна ацаніць як буйнейшую гістарычную з’яву ў рэгіёне на працягу
ўсяго 2 тыс. н.э. У сваю чаргу названыя кантакты з’яўляліся часткай яшчэ больш
разлеглага ў часе і прасторы працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння,
распачатага каля трэцяй чвэрці 1 тыс. н.э. і ахапіўшага ўсю тэрыторыю сучаснай
Беларусі, а таксама прылеглыя раёны Летувы, Латвіі, Расіі і Украіны. Сучасная
навука лічыць названы працэс важным
чыннікам этнагенезу беларусаў.
Галоўным зместам
працэсу быў каланізацыйны рух славян (той іх часткі, якая пазней стала
ўсходнімі славянамі) на землі, занятыя балтамі, кантакт з тубыльцамі,
асіміляцыя апошніх і, як вынік, кардынальная змена этнічна-культурнай сітуацыі
ў зоне кантакту. Балта-славянскае ўзаемадзеянне разгортвалася нераўнамерна як у
храналагічным, так і геаграфічным вымярэнні. Напачатку (ад 6-7 стст. н.э.) яго
актыўным участкам было Верхняе Падняпроўе і Падзвінне. Славянізацыя мясцовага
балцкага насельніцтва тут была ў асноўным завершана ўжо ў 12-13 стст.
У басейне Нёмана названы працэс актывізаваўся ў канцы 10 ст. і працягваўся да
пачатку - сярэдзіны 20 ст.
Да з’яўлення славян на Панямонні гэты рэгіён быў часткай арэала балцкай
культуры штрыхаванай керамікі (7-6
стст. да н.э. - 4-5 ст. н.э.), якая займала тэрыторыю сярэдняй Беларусі і
ўсходняй Летувы. На змену гэтай культуры прыходзіць банцараўская культура (6-8
стст. н.э.). Лічыцца, што яна склалася ў выніку змяшання прышлых носьбітаў
культуры тыпу Абідні з плямёнамі культур днепра-дзвінскай і штрыхаванай
керамікі. Банцараўская культура займала Верхняе Падняпроўе, Верхняе Панямонне,
Верхняе і Сярэдняе Падзвінне. Большасць даследчыкаў (Пётр Траццякоў, Яўген
Шміт, Валянцін Сядоў, Ірына Русанава, Аляксей Мітрафанаў) лічаць яе балцкай.
Назвы плямёнаў, стварыўшых гэтую культуру, засталіся невядомымі, паколькі яны
былі асіміляваны славянамі яшчэ да з’яўлення першых усходнеславянскіх пісьмовых
твораў - летапісаў.
Таксама на аснове культуры штрыхаванай керамікі ўзнікла культура
ўсходнелітоўскіх курганоў (4-12 стст.), помнікі якой размешчаны ва ўсходняй і
паўднёва-ўсходняй Летуве і паўночна-заходняй Беларусі (ад сярэдняга цячэння
Нёмана на захадзе да возера Свір на ўсходзе). Лічыцца, што гэтыя пахавальныя
помнікі пакінуты ўсходнелетувіскімі плямёнамі, менавіта аўкштайтамі.
Культура доўгіх курганоў
Паўночнай Беларусі (другая палова 1 тыс. н.э.) займала Беларускае Падзвінне і Верхняе
Падняпроўе. Помнікі гэтай культуры сустракаюцца таксама і ў нашым рэгіёне,
менавіта вярхоўях Віліі і Нёмана. Яна сфарміравалася на аснове аднаго з
варыянтаў банцараўскай культуры ў выніку рассялення славян і асіміляцыі імі
мясцовага балцкага і угра-фінскага насельніцтва. Культура атаясамліваецца
археолагамі з полацкімі крывічамі. Георгій Штыхаў лічыць, “што ў доўгіх
курганах пахаваны славянізаваныя балты ці славяне з моцным уплывам матэрыяльнай
культуры балтаў”.
Як ужо ўпаміналася, разгортванне працэсу балта-славянскага
ўзаемадзеяння на Панямонні пачалося значна пазней, чым у Падняпроўі і
Падзвінні. У 1 - пачатку 2 тыс. н.э. Верхняе і Сярэдняе Панямонне, сярэдняе
цячэнне Заходняга Буга займала культура каменных курганоў, якая атаясамліваецца
з яцвягамі. У каменных курганах 11-13 стст. сустракаюцца рэчы як балцкіх, так і
славянскіх тыпаў, што лічыцца сведчаннем славянізацыі балцкіх плямёнаў.
Вынікам эвалюцыі каменных курганоў сталі каменныя магілы 10-17 стст.
(размешчаныя на Беларускім Панямонні), у інвентары якіх выразна адлюстраваўся
працэс разгортвання балта-славянскіх кантактаў.
На момант пачатку
генезісу ВКЛ (каля сярэдзіны 13 ст.) балта-славянскія кантакты на Панямонні
мелі ўжо сваю шматвекавую гісторыю. Для дасягнення мэтаў нашага даследавання, відавочна,
патрэбна сканцэнтравацца на двух важных аспектах названага працэсу, менавіта эвалюцыі балта-славянскай мяжы і характару ўзаемаадносін між прышэльцамі і
тубыльцамі.
З’яўленне славянскіх
паселішчаў у басейне Нёмана адбылося, паводле меркавання даследчыкаў, дзесьці ў
другой палове 1 тыс. н.э.
Археолагі лічаць, што ў гэты час названы рэгіён быў заняты рэдкімі і нешматлікімі балцкімі паселішчамі.
Каланізацыйны рух славян у пачатковай фазе не вызначаўся актыўнасцю, і
балта-славянскую этнічную мяжу ў 6 ст. даследчыкі акрэсліваюць прыблізна па
лініі Прыпяці.
Наступным пасля
Прыпяці важным міжэтнічным рубяжом на пачатку 2 тыс. стала лінія водападзелу
між Дняпром і Нёманам. Звяртае на сябе ўвагу цікавая акалічнасць, якую цяжка
назваць выпадковай: усе без выключэння акрэсленыя даследчыкамі варыянты межаў
(на розных этапах) характарызуюцца ў сваім галоўным кірунку паралельнасцю да
лініі гэтага водападзелу. Лічыцца, што славяне ішлі па рэках, у даным выпадку
ўверх па прытоках Прыпяці. Відавочна, рубеж водападзелу на нейкі час стаў
натуральным бар’ерам, свайго роду стартавай лініяй перад пачаткам новага этапа
славянскага руху, распачатага, па ўсёй верагоднасці, у канцы 10 ст. Пры
тэндэнцыі славянскага руху да раўнамернасці не дзіўна, што пазней кантактная
балта-славянская зона развівалася паралельна лініі водападзелу.
Актывізацыя
славянскага, дакладней ужо ўсходнеславянскага,
каланізацыйнага руху на Панямонне зафіксавана прыблізна з канца 10 -
пачатку 11 ст. Менавіта ў гэты час усходнімі славянамі былі заснаваны асноўныя
гарады рэгіёна, захаваўшыя сваё значэнне да сённяшняга дня: Наваградак,
Гародня, Ваўкавыск, Слонім, падобна, і Вільня. Адной з верагодных прычын
названай актыўнасці можна лічыць прымусовую хрысціянізацыю ўсходніх славян,
якая была праведзена якраз у канцы 10 ст. Гвалтоўная замена карэннага
светапогляду чалавека познеродавага грамадства магла прывесці да адтоку часткі
незадаволенага насельніцтва ў разведаную ўжо панямонскую вобласць.
На карысць гэтага меркавання сведчыць зафіксаванае археолагамі ў Наваградку і
іншых гарадах Панямоння даволі позняе (2-я палова - канец 11 ст.) з’яўленне
прадметаў хрысціянскага культу.
На Панямонні
сустрэліся некалькі каланізацыйных плыняў: крывіцкая - з усходу, дрыгавіцкая і
валынская - з паўднёвага ўсходу і поўдня. З паўднёвага захаду да Панямоння
даходзілі і мазавецкія каланісты. Этнаграфічная экспедыцыя АН Беларусі ў 1954
г. вызначыла, на думку яе кіраўніка Міхала Грынблата, зону сутыкнення між
крывіцкай і дрыгавіцкай плынямі. Месца сустрэчы акрэслена на паўночны ўсход ад
Гародні па лініі Радунь - Воранава - Ашмяны - Астравец і ўяўляе сабой паласу
змешаных гаворак, пераходную ад паўднёва-заходняй да паўночна-ўсходняй групы
беларускіх гаворак. На
Панямонні славяне сустрэліся з яцвягамі (у вобласці левых прытокаў Нёмана)
і аўкштайтамі (культура ўсходнелітоўскіх курганоў у басейне Віліі).
Актывізацыя
славянскай каланізацыі Панямоння ў
канцы 10 ст. значна змяніла этнічную сітуацыю ў рэгіёне. Лічыцца, што на час
утварэння Кіеўскай дзяржавы балта-славянская мяжа праходзіла прыблізна па
лініі: воз. Асвейскае - Дзісна - Пліса - Будслаў - Заслаўе - Рубяжэвічы -
Дзераўная - Беліца - Слонім - Ваўкавыск.
Для вырашэння
надзвычай складанай праблемы эвалюцыі этнічнай мяжы даследчыкі выкарыстоўвалі
розныя крытэрыі і матэрыялы: археалагічныя, тапанімічныя, антрапанамічныя,
пісьмовыя, этнаграфічныя, у тым ліку звесткі аб канфесійным падзеле
насельніцтва. Аднак усе гэтыя крытэрыі (акрамя этнаграфічных даследаванняў
канца 19-20 стст.), па-першае, не здольныя паказаць дастаткова выразную
лінеарную мяжу, па-другое, не даюць надзейных падстаў для яе датавання.
Для прыкладу
разгледзім адзін з асноўных і шырока ўжываных крытэрыяў размежавання балтаў і
ўсходніх славян - менавіта па канфесійнай прыналежнасці насельніцтва (каталікі
- летувісы, праваслаўныя - беларусы). Так, Ежы Ахманьскі, прааналізаваўшы межы
перавагі каталіцызму (іх аўтары: Рэклус, Пакштас, Грынблат), прыняў, што мяжа
каталіцызму на Віленшчыне ў канцы 18 ст. павінна цалкам адпавядаць арэалу
летувіскай мовы ў ранейшую эпоху.
Мовазнаўца Гаўчас следам за Ахманьскім лічыць, што “веравызнанне насельніцтва ў
канцы 14 ст. (на час увядзення каталіцтва ў Літве. - А.К.) патрэбна лічыць асноўным паказчыкам, які адрозніваў летувісаў
ад беларусаў”. Аднак тут
жа гэты аўтар удакладняе, што на момант хрышчэння летувісаў у каталіцтва (1387
г.) частка летувіскага насельніцтва на ўскраінах этнічнай тэрыторыі ўжо была
праваслаўнай і такой засталася.
Узнікае яшчэ
пытанне: дзе ўзяць даныя аб канфесійных падзелах на канец 14 ст.? Гаўчас, як і
другія даследчыкі, выкарыстоўвае пры аналізе сітуацыі канца 14 ст. матэрыялы
значна пазнейшыя, у даным выпадку запозненыя больш чым на паўтысячагоддзя,
менавіта даныя перапісу 1921 г. з агаворкай, што за мінулыя вякі “адбыліся
змены ў гэтым плане”. Такой агаворкі, на мой погляд, далёка не дастаткова.
Змены, якія адбыліся за пяць вякоў, між 14 і 20 стст., амаль не даследаваліся,
але можна не сумнявацца, што яны былі значнымі.
У 1434 г. польскі
тэолаг Мікалай Казлоўскі паведаміў сабору ў Базэлі, што кароль Ягайла перавёў у
каталіцтва шмат схізматыкаў-праваслаўных. Біскуп Якуб з Сенна дакладваў у 60-х
гадах таго ж стагоддзя папе рымскаму Пію ІІ, што Ягайла прывёў да каталіцкай
веры не толькі летувісаў, але і значную частку русінаў, менавіта ў тых месцах,
дзе апошнія жылі сярод летувісаў або па суседству, у аддаленні ад праваслаўных
парафій.
Можна ўпэўнена
сцвярджаць, што ўжо ад 15 ст. мела месца тэндэнцыя да пераходу праваслаўных
феадалаў рознага этнічнага паходжання (часта і іх сялян) у каталіцызм па
прычыне прывілеяванага становішча каталікоў у дзяржаве. Тэндэнцыя гэтая
ўзмацнілася асабліва пасля Люблінскай уніі і пазней у часы контррэфармацыі.
Адпаведныя прыклады з другой паловы 15 і пачатку 16 ст. прыводзіць Ахманьскі. У
1476 г. князь Аляксандр Гальшанскі надае касцёлу ў Лебедзеве (каля Маладзечна)
уладанні і сялян, з якіх усе (14) маюць “рускія” імёны. Ахманьскі даказвае пры
гэтым, што князь Гальшанскі (частка роду была праваслаўнай, частка -
каталіцкай) фундуе касцёл з мэтай перахрышчэння праваслаўных у каталіцтва. Яшчэ
прыклад. Гаспадарскі пісар Іван (Івашка) Сапега перайшоў з праваслаўя ў
каталіцызм і ў 1501 г. атрымаў дазвол на фундацыю касцёла ў Іказні, каб у ім
службу адпраўляў ксёндз паводле каталіцкага абраду для вернікаў, якімі будуць
“tam Latini, quam Rutheni”.
Ніхто з даследчыкаў
яшчэ не даказаў, што такія выпадкі былі выключэннем у краіне, дзе праваслаўны
феадал, перайшоўшы ў “лацінскую веру”, аўтаматычна атрымліваў дадатковыя і
даволі значныя правы і магчымасці для кар’еры. Асабліва рэальнымі такія
магчымасці былі менавіта на Панямонні - галоўнай вобласці дзяржавы. Да
Люблінскай уніі, калі пашыраецца паланізацыя шляхты ВКЛ, феадалы як
каталіцкага, так і праваслаўнага веравызнання ва ўмовах дамінавання ўсходнеславянскай
культуры стваралі даволі аднародную этнічна-культурную масу. З усяго
вышэйсказанага напрошваецца выснова, што канфесійная прыналежнасць як крытэрый
этнічнай ідэнтыфікацыі насельніцтва Верхняга і Сярэдняга Панямоння ў часы
сярэднявечча выглядае, па меншай меры, сумніўна і патрабуе значнай карэкцыі.
Пэўную папраўку
дазваляе ўнесці інфармацыя аб т. зв. старакаталіцкім насельніцтве, якое
пражывае ў парафіях, заснаваных між 14 і канцом 16 ст. (прыняцце Брэсцкай
царкоўнай уніі). Акрэсленая паводле гэтай папраўкі мяжа перавагі т. зв.
старакаталіцкага насельніцтва можа быць прынята да ўвагі па той прычыне, што
яна ў агульных рысах згаджаецца з мяжой, вызначанай на аснове даных тапанімікі.
Гаворка ідзе аб т.зв. “лініі Сафарэвіча”. Мовазнаўца Ян Сафарэвіч правёў яе на
аснове картаграфавання перавагі айконімаў з суфіксам -ішкі. Устанавіўшы, што ў
раёнах з летувіскім насельніцтвам колькасць такіх айконімаў складае ад 12 да
15%, даследчык акрэсліў паўднёва-ўсходнюю мяжу мясцовасцей, дзе такія назвы
складаюць не менш як 4%. Прызнаўшы атрыманы вынік за мяжу ў “старэйшай фазе
рассялення летувіскага насельніцтва”, даследчык адзначыў яе яўнае супадзенне з
мяжой між раёнамі з перавагай каталіцкага або праваслаўнага насельніцтва.
Працу Сафарэвіча дапоўніў Гаўчас, скарыстаўшы яшчэ айконімы з другімі
летувіскімі суфіксамі, каранямі і канчаткамі.
Значнае супадзенне
мяжы, акрэсленай па двух розных крытэрыях, нельга назваць выпадковым. Лінія
Сафарэвіча, па ўсёй верагоднасці, з’яўляецца вехай, якая зафіксавала нейкі
этапны момант эвалюцыі этнічнай сітуацыі Панямоння. Паколькі яна ў асноўных
рысах супадае з мяжой перавагі каталіцкага (старакаталіцкага - Грынблат)
насельніцтва, то, ведаючы дату хрышчэння летувісаў (1387 г.), даследчыкі
прызнаюць названую мяжу адпаведнай сітуацыі канца 14 ст. і больш ранейшых
часоў. Блізкі да лініі Сафарэвіча кірунак мае этнічная балта-славянская мяжа
12-13 стст., прапанаваная Лаўмяньскім.
Варта адзначыць
таксама значнае супадзенне яе з мяжой распаўсюджвання айконімаў, звязаных з
яцвягамі (беларуская назва Ятвезь і яе летувіскі адпаведнік - Dajnava).
Такія цяжкія для тлумачэння супадзенні сведчаць аб заблытанасці і складанасці
сярэднявечнай этнічнай сітуацыі на Панямонні.
Для акрэслення мяжы
на больш раннія часы выкарыстоўвалася размяшчэнне айконімаў Крывічы, Русакі, Рубяжэвічы. У
аснове гэтага метаду ляжыць дапушчэнне, што Крывічы
- перыферыйная назва ўсходнеславянскага арэала ў племянную эпоху, а Русакі - у часы Кіеўскай Русі. Апошнія
адпаведна прынятыя за больш познія. Правёўшы мяжу паводле гэтага крытэрыю, Ежы
Ахманьскі датаваў яе 7-8 стст. Надзейнасць падобнага метаду праверыць вельмі
складана. Методыка Ахманьскага не дазваляе пазбавіцца некалькіх спрэчных
момантаў. Напрыклад, чаму не выдзяляюцца айконімы, звязаныя з дрыгавічамі? Можа,
балты ў канцы 1 - пачатку 2 тыс. усіх усходніх славян называлі крывічамі (як
славяне называлі ўсіх аўкштайтаў літоўцамі)? Як датаваць айконім Рубяжэвічы? Можа, назва Русакі больш позняга паходжання і
звязана з пазнейшымі (14-18 стст.) межамі гістарычных раёнаў ВКЛ: Русі, Літвы і
Палесся? Такая сувязь выглядае даволі праўдападобнай у выпадку з этнонімам Літва, бо яшчэ ў 20 ст. палешукі
называлі беларусаў на поўнач ад Пружан ліцвінамі.
Даследчыкі
праводзяць свае лінеарныя межы, агаворваючы або разумеючы a priori іх значную
ўмоўнасць. Лінія Сафарэвіча - то мяжа адноснай перавагі назваў на -ішкі.
Мяжа па канфесійнаму крытэрыю паказвае перавагу
адной канфесіі над другой. Акрэсленне прыблізнай мяжы паводле верагодных
крытэрыяў яшчэ не дае магчымасці гэтую мяжу датаваць. Можна казаць толькі аб
адноснай храналогіі, якая адлюстроўвае ўстойлівую і нязменную тэндэнцыю да
перамяшчэння мяжы (кантактнай зоны) у кірунку на поўнач і паўночны захад, гэта
значыць з тэрыторыі славянскай на балцкую.
Урэшце патрэбна
прызнаць, што акрэсленне нават прыблізнай лінеарнай мяжы выглядае справай
надзвычай складанай (калі не безнадзейнай) па дзвюх прычынах: па-першае,
славянскі рух адбываўся пастаянна, па-другое, лінеарнай мяжы фактычна не
існавала; між двума этнасамі мелася шырокая рухомая паласа - зона змешанага
балта-славянскага насельніцтва.
Гэтыя акалічнасці
мелі значны ўплыў на распрацоўкі Генрыка Лаўмяньскага, праведзеныя яшчэ ў 30-х
гадах і пацверджаныя даследчыкам у 60-я гады. Лаўмяньскі прапанаваў разглядаць
мяжу ў “двух аспектах”: палітычным і этнічным. Палітычную мяжу даследчык лічыў
з’явай надзвычай стабільнай (ад 7 да 19 ст. - ад племяннога ладу да межаў
паветаў, а потым губерняў) і акрэсліваў яе кірунак на 12-13 стст. па гарадах:
Гародня - Ваўкавыск - Слонім - Наваградак - Мінск - Заслаўе - Лагойск. Аднак,
на думку гісторыка, дрыгавіцкае і крывіцкае насельніцтва вельмі рана пранікла
на балцкую тэрыторыю і стварыла там свае энклавы, меўшыя тэндэнцыю да
расшырэння і асіміляцыі мясцовага насельніцтва. Тым не менш гэтая пагранічная паласа (“pasmo tego
pogranicza”) заставалася ў складзе летувіскай племянной арганізацыі.
Згадзіўшыся ў асноўных рысах з такой характарыстыкай кантактнай зоны, дадам,
што па сведчанню археалогіі і на тэрыторыі пералічаных вышэй усходнеславянскіх
гарадоў-дзяржаў побач са славянамі жылі таксама і балты.
Мяжу “суцэльнага”
балцкага насельніцтва Лаўмяньскі прапаноўвае прыблізна па пунктах (пакідаючы іх
на балцкім баку): Мерач - Эйшышкі - Ашмяны - упоперак возера Свір - на поўнач
да верхняй Дзісны.
Палітычную мяжу Лаўмяньскага ўдакладняў Ахманьскі. Ён заўважыў, што крывічы
перайшлі Нёман каля Беліцы і крывіцка-летувіская мяжа праходзіла каля
Ваўкавыска па рацэ Зэльвянцы.
Аднак у гэтай удакладненай мяжы на 12-13 стст. (гэтаксама як і ў лініі
Лаўмяньскага) ёсць адзін сур’ёзны “прарыў”, менавіта - у кірунку на Вільню. Але
аб гэтым трохі пазней.
Аб існаванні вялікай
кантактнай зоны са змешаным балта-славянскім насельніцтвам на Панямонні
сведчаць археолагі і лінгвісты.
Для вывучэння гэтай праблемы аўтар выкарыстаў вынікі археалагічных
даследаванняў за апошнія 30 гадоў.
На карту Панямоння былі нанесены археалагічныя помнікі другой паловы 1 і першых
стагоддзяў 2 тыс. н.э., этнічную прыналежнасць якіх, балцкую ці славянскую,
даследчыкам удалося акрэсліць (карты № 2-3; дадатак).
Трэба зазначыць, што археалагічныя помнікі 10-14 стст. і сёння даследаваны
вельмі слаба, этнічная прыналежнасць вызначана толькі для 20-30%. Аднак для
статыстычных высноў гэтага можа быць дастаткова. На карце відаць, што
славянскія і балцкія помнікі размешчаны ўперамешку больш-менш шчыльнымі
“плямамі”. На поўначы, бліжэй да балцкага масіву больш скуплены балцкія, на
поўдні адпаведна - славянскія помнікі. Усе гарады - усходнеславянскія, а
вясковая ваколіца - як балцкая, так і славянская. Славянскія помнікі маюць
тэндэнцыю да размяшчэння ўздоўж рэк, балцкія - у міжрэччах. Асобны від помнікаў
складаюць т.зв. каменныя магілы. Адны даследчыкі лічаць іх балцкімі, дакладней,
яцвяжскімі, іншыя -
помнікамі “старажытнарускага насельніцтва Чорнай Русі, насельніцтва, якое
склалася ў выніку цеснага ўзаемадзеяння яцвягаў са славянамі”.
Больш дакладнае раздзяленне энклаваў балцкага або славянскага насельніцтва ў
кантактнай зоне - справа вельмі складаная, яна патрабуе суцэльнага
археалагічнага абследавання тэрыторыі зоны.
Такім чынам, можам
вывесці, што ў 11-14 стст. у басейне Сярэдняга Нёмана лінеарнай этнічнай мяжы
паміж балтамі і славянамі не было. Адпаведным рэальнаму стану рэчаў будзе
казаць аб кантактнай зоне, ці паласе
шырынёй каля сотні (у кірунку Вільні - больш) кіламетраў. Прапанаваныя
даследчыкамі лінеарныя межы характарызуюцца вялікай ступенню ўмоўнасці і
прыблізнасці. Яны з большай ці меншай дакладнасцю адлюстроўваюць толькі
тэндэнцыю да перавагі на пэўных храналагічных этапах працэсу аднаго этнічнага
элемента над другім у межах кантактнай зоны між двума этнічнымі масівамі. У
кантактнай зоне балты і славяне жылі ўперамешку, больш-меньш кампактнымі “плямамі”.
Гарады ў гэтай зоне: Гародня, Наваградак, Ваўкавыск, Слонім, Здзітаў, Астрэя,
Вевярэск, Вільня былі ўсходнеславянскімі, але абслугоўвалі ўсю балта-славянскую
ваколіцу. Доўгатэрміновае суіснаванне прыводзіла да паступовай асіміляцыі балцкага насельніцтва славянскім, якое ў
сваю чаргу пераймала ад тубыльцаў
многія элементы матэрыяльнай і духоўнай культуры. Працэс узаемадзеяння
добра відаць на характары матэрыяльнай культуры. Росквіт панямонскіх гарадоў у
12-13 стст. (багацце іх матэрыяльнай культуры ўразіла нават
спецыялістаў-археолагаў) выкліканы, на мой погляд, гэтым балта-славянскім супрацоўніцтвам.
І пасля 14 ст.
эвалюцыя балта-славянскай кантактнай зоны працягвалася, захоўваючы свой
характар і кірунак на паўночны захад. Вось выснова мовазнаўцы: “На працягу
шэрагу стагоддзяў да самага пачатку 20 ст., а месцамі і пазней, адбывалася
паступовае перамяшчэнне гэтай кантактнай зоны ў паўночна-заходнім кірунку.
Па-першае, у прылеглых да яе раёнах летувіскае насельніцтва засвойвала
беларускую мову і станавілася двухмоўным. Па-другое, у многіх месцах гэтай зоны
летувіская мова паступова саступала свае пазіцыі беларускай”.
Можна заўважыць, што
з канца 10 да пачатку 20 ст. эвалюцыя названай зоны адбывалася ў прасторы між
Мінскам і Вільняй. Мяжой гэтай тэрыторыі з усходнеславянскага боку быў у
агульных рысах водападзел між Дняпром і Нёманам.
Паўночна-заходняй (балцкай) граніцай стала беларуска-летувіская моўна-этнічная
мяжа пачатку - сярэдзіны 20 ст. Тэрыторыя, акрэсленая гэтымі межамі, з’яўляецца
геаграфічнай прасторай працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння ў 2 тыс. н.э.
Яна ж стала месцам нараджэння ВКЛ, ядром і цэнтральнай вобласцю гэтай дзяржавы.
У 13 ст. за гэтай тэрыторыяй замацавалася назва “Літва”, якую яна ўтрымлівала
да пачатку 20 ст. Сёння этнографы выдзяляюць яе ў асобны гісторыка-этнаграфічны
рэгіён (Панямонне).
Другая буйная фаза
балта-славянскага ўзаемадзеяння (15 - пачатак 20 ст.) праходзіла галоўным чынам
на поўнач ад лініі Сафарэвіча. Мовазнаўца Лешэк Беднарчук зазначае: “чарговы
этна-лінгва-культурны рубеж (назвы на -ішкі, прагістарычнае балцкае
насельніцтва, перавага каталіцызму) усходнія славяне перакрочылі толькі ў часы
гістарычныя, ахапіўшы ўрэшце ў 19 ст. амаль усю Віленшчыну”.
Дзея адбывалася ўжо ў полі зроку т. зв. пісьмовай гісторыі, што дало магчымасць
лепш яе вывучыць. Асабліва гэта тычыцца 19 - пачатку 20 ст., калі далучаюцца
“жывыя” этнаграфічныя матэрыялы, здабытыя непасрэдна на месцы дзеяння.
Асноўны характар
працэсу заставаўся нязменным - славізацыя (беларусізацыя, на якую пазней
накладваецца паланізацыя і русіфікацыя) тэрыторый, заселеных летувісамі. Можна
казаць толькі аб змене формаў працэсу. Як выдаецца, лінія Сафарэвіча
адлюстравала тэндэнцыю да запавольвання (ці перапынення на нейкі час) развіцця
ўсходнеславянскай прысутнасці на Панямонні шляхам каланізацыйнага руху. Аднак
запавольванне каланізацыйнай плыні ўсходнеславянскага насельніцтва не азначала
спынення славянізацыі (беларусізацыі) рэгіёна на поўнач ад лініі Сафарэвіча.
Сваё тлумачэнне
этнічных змен у Летуве, на якое і сёння спасылаюцца некаторыя даследчыкі,
выказаў яшчэ ў першай палове 19 ст. Міхал Балінскі. Вядомы краязнаўца вывеў,
што беларускае насельніцтва прыйшло на этнічна летувіскія землі ў другой палове
17 ст., пасля “патопу” - вядомых войнаў, якія разам са стыхійнымі бедствамі
вынішчылі значную частку насельніцтва Летувы.
Выснова гэтая гучыць не вельмі пераканаўча хаця б па той прычыне, што тыя самыя
войны і эпідэміі пагубілі не менш людзей і ў беларускай частцы ВКЛ. Пісьмовыя
крыніцы не даюць падстаў сцвярджаць аб якім-небудзь значным міграцыйным руху ў
гэтыя часы беларусаў (ці, напрыклад, палякаў) на абсяг летувіскага арэала.
Відавочна,
узмацненне славянскай (беларускай) прысутнасці на Віленшчыне ў гэты час
адбывалася на аснове ўжо наяўнага тут у 15 ст. усходнеславянскага насельніцтва
і не ў апошнюю чаргу дзякуючы дамінаванню ў ВКЛ старабеларускай мовы і
культуры. Беларускія энклавы, прасунутыя шырокім клінам уздоўж рэчышча Віліі,
паступова пашыраліся (галоўным чынам праз асіміляцыю навакольнага балцкага
насельніцтва), утварыўшы да пачатку 20 ст. суцэльны беларускамоўны абшар з
летувіскімі астравамі ў аддаленні ад асноўных рэк і дарог. Урэшце на пачатку 20
ст. Аляксандр Брукнер канстатаваў: ”сёння ў Віленскай губерні ў даўняй Аўкштоце
агромністую перавагу маюць беларусы, летувісы складаюць там толькі дваццаць
працэнтаў, а “гудаў” там амаль у тры разы болей”.
Аб раннім
усходнеславянскім рассяленні на поўнач ад лініі Сафарэвіча ёсць сведчанні як
археалагічныя, для 12-13 стст., так і пісьмовыя - ад 80-х гадоў 14 ст. Гэта
датычыць у першую чаргу Вільні і яе ваколіц. Археалагічныя раскопкі на Верхнім віленскім
замку (дзядзінцы) прывялі іх аўтараў Алену і Уладзіміра Галубовічаў да высновы,
што тут на месцы балцкага паселішча (1 тыс. н.э.) пасля перапынку, магчыма ў
некалькі стагоддзяў, з’явілася іншае паселішча - славянскае. Над культурным
пластом першага паселішча (слой VI), у верхняй частцы слою V і ў слоі Vd
даследчыкі зафіксавалі амаль выключна кераміку, характэрную для славянскіх
магільнікаў 11-13 стст.
“Сляды новага паселішча, зусім іншага характару, чым першае, з’яўляюцца большай
часткай у пачатку феадальнай эпохі і характарызуюцца інвентаром, тыповым для
старажытнарускіх гарадзішчаў. Калі ўзнікла новае паселішча, дакладна сказаць
немагчыма”.
Вільня 14 ст.
дзякуючы свайму сталічнаму статусу неаднаразова выступае ў тагачасных пісьмовых
крыніцах. З хронікі Віганда з Марбурга вядома аб існаванні тут у 1383 г.
“civitas Rutenica”
(“рускі горад”). На рэканструкцыі тапаграфіі Вільні канца 14 ст. Ежы Ахманьскі
паказвае ў два разы больш праваслаўных цэркваў (12), чым касцёлаў.
Можна меркаваць, што ў сталіцы ВКЛ у 15-16 стст. не толькі ў “рускім горадзе”,
але па ўсіх яго пасадах, у тым ліку і “ляцкім” (каталіцкім) канцы, дамінавала
“руская” мова.
Па ўсёй
верагоднасці, гэты горад быў заснаваны ўсходнімі славянамі, як і ўсе астатнія
гарады ў рэгіёне: Гародня, Наваградак і інш. Адрозненне толькі ў тым, што ён
размяшчаўся на ўчастку крывіцкай каланізацыі. Характэрна таксама гідранімічная
аналогія з беларускімі гарадамі - на месцы заснавання горада ў раку Вілію
(па-летувіску Нярыс) упадае рэчка назовам Вільня, гэтаксама як Палота ў
Полацку, Гараднічанка ў Гародні, Случ у Слуцку, Менка ў Мінску і г.д.
У прывілеі 1387 г.,
якім вялікі князь Ягайла надаваў свайму брату Скіргайле шэраг зямельных
уладанняў, ёсць цікавыя звесткі аб этнічным вобліку мясцовасцей у ваколіцах
Вільні і ў Троцкім княстве, якое Якубоўскі і Лаўмяньскі бачылі як этнічна
балцкую тэрыторыю. Пералічаныя ў дакуменце імёны баяр і назвы вёсак,
размешчаных паблізу Вільні і Трокаў (на поўдзень і паўднёвы ўсход), носяць
выразны ўсходнеславянскі характар: “в Солчніцах і ў той воласці, тое сяло
Іванава, што Андрэй дзяржаў Барысавіч” (Салечнікі - каля 40 км ад Вільні), “на
Вацэ сяло, што Барыс дзяржаў” (10-20 км ад Вільні). Сёлы “Лебядзеўскай
воласткі” ў ваколіцы Крэва (каля 90 км ад Вільні) таксама маюць выразна
русінскія назвы: “Дзьмітрыева сяло”, “Груздовіца”, “Анцыпарава сяло і Скалубіна
і Тургенева сяло”.
Аб моўна-этнічнай
сітуацыі ў Літве 15-16 стст. ёсць сведчанні сучаснікаў. У 1403 г. кіраўніцтва
Тэўтонскага ордэна заяўляла, што на час прыняцця каталіцтва ў 1387 г. сярод
летувіскага баярства была такая вялікая перавага рускай мовы, веры і звычаяў,
што на аднаго літоўца-язычніка прыпадала, можа, сотня літоўцаў-русінаў. Нават з
папраўкай на неаб’ектыўнасць гэтае сведчанне заслугоўвае ўвагі, асабліва ў святле
іншых падобных паведамленняў. Ян Длугаш пісаў, што літоўцы жывуць разам і
ўперамешку з русінамі (gentis quoque Ruthenicae convictus et commixtio) і ў
выніку кантактаў з імі страцілі шмат сваіх першасных рыс характару. У 1501 г.
сакратар вялікага князя і каталіцкі святар Эразм Вітэліус (Цёлак) у прамове да
папы рымскага Аляксандра VI засведчыў, што “літоўцы, стаўшы каталікамі, не
страцілі ўласнай мовы (linquam propriam observant), але часцей ужываюць мову
рускую, г. зн. беларускую, паколькі яна прыгажэйшая і лягчэйшая, а русінаў (г.
зн. беларусаў, а не расіянаў-маскалёў) у Вялікім Княстве Літоўскім амаль
палова; да чужынцаў адносяцца з уласцівай ім прыроднай ветлівасцю і зычлівасцю”
(пераклад і каментарыі Яна Фіялка. - А.К.).
Заслугоўвае даверу таксама сведчанне Ераніма Пражскага, які быў каталіцкім
місіянерам у Літве ў часы гаспадарання вялікага князя Вітаўта. Па яго
справаздачы, мова народа Літвы прызнана славянскай, а літоўцы залічаны да
славян.
Прыняцце ад самага
пачатку ўсходнеславянскай мадэлі арганізацыі дзяржавы прывяло да дамінавання ў
гістарычнай Літве ўсходнеславянскай (беларускай) культуры, хоць мяркуецца
таксама аб ужыванні ў дзяржаўным жыцці літоўскай (летувіскай) мовы.
Даследчыкі звярнулі ўвагу на супадзенне этнічнай мяжы беларусаў з дзяржаўнай
мяжой ВКЛ. Дзяржаўны
статус старабеларускай мовы спрыяў беларусізацыі мясцовых балтаў. Мовазнавец
Соф’я Кужова лічыць: “у летувіскай дзяржаве запанавала русінская мова, прычым
не толькі як дзяржаўная і афіцыйная мова (як, напрыклад, латынь у сярэднявечнай
Польшчы), але як мова хатняя і сямейная ў колах магнацкіх, а потым баярскіх”.
Да другой паловы 16 ст. працэс беларусізацыі ахопліваў усе сацыяльныя слаі
балцкай часткі Літвы, ад сялян да вялікіх князёў. Цікава, што гэты працэс,
галоўным чынам сярод сялянства, працягваўся і пасля страты беларускай культурай
дамінуючай ролі ў выніку паланізацыі і
русіфікацыі.
Важнейшае значэнне
як для характарыстыкі самога працэсу кантактаў, так і для аналізу генезы ВКЛ
мае высвятленне характару ўзаемаадносін прышэльцаў з тубыльцамі, менавіта варожымі яны былі ці мірнымі. Ад адказу
ў значнай ступені залежыць сутнасная ацэнка нашай галоўнай праблемы - генезісу
ВКЛ.
Для сучасных
археолагаў і лінгвістаў, якія займаліся вывучэннем працэсу балта-славянскіх
кантактаў, адказ настолькі відавочны, што яны звычайна не акцэнтуюць на ім
увагу. Калі ўсё-такі выказваюцца на гэтую тэму, то сцвярджаюць мірны характар балта-славянскіх адносін.
Вось характэрнае выказванне археолага аб этнічнай сітуацыі ў Верхнім Панямонні
ў 10 - 13 стст.: “Прыйшоўшыя сюды славянскія плямёны знаходзіліся ў цесным
кантакце з жыўшымі тут, відавочна, невялікімі групамі балцкімі плямёнамі,
узаемна ўзбагачаючы сваю матэрыяльную і духоўную культуру”.
Іншая справа
гісторыкі, якія займаліся генезісам ВКЛ і звярталіся да працэсу
балта-славянскіх кантактаў у пошуках даных для сваёй тэматыкі. Гэтыя экскурсы,
як правіла, адзначаны выразным уплывам традыцыйнай канцэпцыі ўтварэння ВКЛ.
Аналіз працэсу міжэтнічнага ўзаемадзеяння адбываўся шляхам пераносу на яго
схем, уласцівых гэтай канцэпцыі. Так здарылася з акрэсленнем узаемаадносін між
прышэльцамі-славянамі і тубыльцамі-балтамі. Фармаванне навукі аб генезісе ВКЛ
адбывалася ў час бурнага развіцця нацыянальных рухаў і барацьбы за ўтварэнне
нацыянальных дзяржаў. Дух свайго часу - атмасферу барацьбы за сцвярджэнне
ўласнай нацыянальнай годнасці - гісторыкі міжволі пераносілі на сярэднявечча і
шукалі ў пачатках ВКЛ “барацьбу двух народных пачаткаў” (акрэсленне Уладзіміра
Антановіча).
Імператыў ідэі
міжэтнічнай барацьбы задаў накірунак развіцця ўсёй гістарыяграфіі ВКЛ.
Гісторыкі падступалі да вывучэння генезісу ВКЛ з зараней падрыхтаванай
канцэптуальнай схемай, якая прадугледжвала абавязковы міжэтнічны канфлікт.
Традыцыйная канцэпцыя генезісу ВКЛ грунтавалася на тэзе аб заваёве балтамі
суседніх усходнеславянскіх земляў. Відавочна, па гэтай прычыне тэза аб
балта-славянскай канфрантацыі стала лічыцца адпаведнай і для працэсу
міжэтнічных кантактаў. У сваю чаргу пастулат аб адвечнай балта-славянскай
варожасці стаў адным з галоўных блокаў у падмурку т. зв. балцкай канцэпцыі
генезы ВКЛ. Атрымалася замкнутае кола.
Гісторыя
канфрантацыі падаецца наступным чынам: спачатку ўсходнія славяне перамагалі і
цяснілі балтаў, потым па меры раздраблення і аслаблення Русі балты ў сваю чаргу
перайшлі ў наступ. Паступова балцкая экспансія з ваенна-рабаўнічай перарастае ў
тэрытарыяльна-захопніцкую. Апошняя развівалася паралельна з фармаваннем балцкай
(летувіскай) дзяржавы (польская версія) ці, узмацніўшыся ў выніку паўстання
названай дзяржавы, прывяла да пераўтварэння яе ў ВКЛ (савецка-летувіскі варыянт
канцэпцыі).
Найбольш характэрна
такі падыход праявіўся ў працы Ежы Ахманьскага, прысвечанай балта-славянскай
мяжы да 16 ст. Лейтматывам у адносінах між балтамі і ўсходнімі славянамі на
працягу больш чым паўтысячагоддзя (7-13 стст.), паводле гэтага аўтара,
з’яўлялася непарыўная канфрантацыя, а менавіта “змаганне за тэрыторыі”. На
думку даследчыка, гэта была не проста варожасць, а ўзброеная барацьба. На першым
яе этапе (7-9 стст.) адбылося сутыкненне літоўцаў і крывічоў. Адносіны між імі
ў 10-12 стст. характарызуюцца палітычнай перавагай Полацка. На трэцім этапе
(другая палова 12 - сярэдзіна 13 ст.) адбыўся “трыумф Летувы”. “Паўстаўшая каля
сярэдзіны 13 ст. летувіская дзяржава аб’яднала пад сваёй уладай усе этнічныя
летувіскія землі і заняла таксама тэрыторыі, прылеглыя да карэннай Летувы і
заселеныя русінамі. Летува вярталася ў свае старыя этнічныя межы з-пад рускай
экспансіі”.
Вядома, што ў 12 ст.
балцкія плямёны, акрэсленыя ў летапісах назвай “Літва”, уступілі ў стадыю
познеродавага грамадства - перыяд т.зв. ваеннай дэмакратыі, калі вайна
“вядзецца цяпер толькі дзеля рабаўніцтва, становіцца пастаянным промыслам”.
Пісьмовыя крыніцы (усходнеславянскія летапісы, польскія і нямецкія хронікі)
зафіксавалі дзесяткі рабаўнічых паходаў літоўцаў амаль ва ўсіх кірунках: на
польскія, галіцка-валынскія, чарнігаўскія, смаленскія, ноўгарадскія, пскоўскія
землі, на Лівонію і землі эстаў. У той жа час да Аўкштоты і Жамойці амаль з
усіх бакоў ( з захаду, поўдня, усходу) прылягалі “мірныя” тэрыторыі. Яны
складаліся як з балцкіх (Яцвягія, Прусія), так і бліжэйшых усходнеславянскіх
земляў: Наваградчына, Гарадзеншчына, Полацкая і Турава-Пінскія землі. Сярод
шматлікіх апісанняў літоўскіх бясчынстваў даследчыкам не ўдалося знайсці
прамога ці вартага даверу ўскоснага сведчання аб нападзе летапісных літоўцаў на
Наваградак, Гародню, Ваўкавыск, Мінск, Полацк ці іншыя гарады будучай Беларусі.
І, наадварот, маюцца прамыя сведчанні крыніц аб полацка-літоўскім,
пінска-літоўскім, наваградска-літоўскім супрацоўніцтве. Апошняй акалічнасці
даследчыкі або не прыдавалі значэння, або ў азарце дыскусіі не заўважалі. Між
тым яна ставіць пад сумненне саму аксіёму балта-славянскай канфрантацыі.
Канфрантацыйная
версія прадугледжвае перарастанне рабаўнічых нападаў у тэрытарыяльныя захопы.
Зноў жа гісторыкі не могуць прадставіць сведчанні такіх захопаў. Усе вядомыя
выпадкі прыходу літоўскіх кунігасаў на княжанне ва ўсходнеславянскія гарады ў
13 ст. адбыліся праз запрашэнне (гл. раздзел 3.1).
Ужо ўпаміналася, што
мірны характар працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння (у тым ліку і яго панямонскай фазы) не выклікае сумненняў у большасці
даследчыкаў. Відавочна,
маглі мець месца канфлікты прышэльцаў з тубыльцамі, асабліва на ранняй стадыі
кантактаў, але асновай балта-славянскага ўзаемадзеяння было мірнае
супрацоўніцтва. Аб гэтым яскрава сведчыць сам факт наяўнасці вялікай кантактнай
зоны. Характару працэсу на Панямонні цалкам адпавядае вызначэнне лінгвістаў Тапарова
і Трубачова для Верхняга Падняпроўя: “Відавочна, славянскі рух адбываўся як
натуральнае паступовае пранікненне з асіміляцыяй балтыйскага элемента ў розны
час і ў розных частках гэтай тэрыторыі”.
Вынікам
супрацоўніцтва стала перамешванне прышлых славян з мясцовымі балтамі і
ўтварэнне новай этнічнай агульнасці - беларусаў. Актыўным і культурна
дамінуючым бокам былі ўсходнія славяне, і таму новы этнас стаў пераважна
славянскім.
Пісьмовыя крыніцы,
археалагічныя і лінгвістычныя матэрыялы не даюць падстаў для сцвярджэння, што
ўзнікшая на Панямонні новая дзяржава - ВКЛ прыпыніла ці змяніла ход і характар
працэсу балта-славянскіх кантактаў. Няма доказаў на тое, што ў выніку ўтварэння
ВКЛ балты спынілі рух славян і пачалі па-новаму каланізаваць ужо асвоеныя
славянамі тэрыторыі. Супярэчыць гэтаму таксама і пазнейшы нязменны характар
самога працэсу кантактаў. Тэзіс Ахманьскага аб “вяртанні Летувы ў свае ранейшыя
межы” можа быць расцэнены толькі як даніна традыцыйнаму, але тым не менш
памылковаму стэрэатыпу балта-славянскай канфрантацыі.
Такім чынам, мы
выйшлі на галоўную для нас праблему ўзаемасувязі працэсу балта-славянскіх
кантактаў з генезісам ВКЛ. Тое, што ўзаемасувязь гэтая мела месца, сумненняў не
выклікае. Па-першае, мы бачым, што паўстаўшая дзяржава не супярэчыла, а хутчэй
адпавядала самой логіцы, дапамагала разгортванню працэсу кантактаў і сама
фармавалася ў яго межах. Па-другое, працэс балта-славянскага ўзаемадзеяння на
Панямонні са свайго боку значна паўплываў на генезіс ВКЛ. На час утварэння
гэтай дзяржавы балта-славянскае ўзаемадзеянне было буйнейшай гістарычнай з’явай
у рэгіёне. Дзяржава ўзнікла ў балта-славянскай кантактнай зоне і з самага
пачатку складалася як з тэрыторый славянізаваных, так і балцкіх. Шматвяковы
вопыт і напрацаваныя формы арганізацыі сумеснага жыцця дапамаглі ў крытычны (па
знешніх прычынах) момант арганізавацца для стварэння дзяржавы, якая мела на
сабе выразны адбітак супрацоўніцтва двух этнасаў. Кіруючая дынастыя і частка
арыстакратыі мелі балцкае паходжанне, сістэма дзяржаўнай арганізацыі, сістэма
права, дзяржаўная мова і большасць насельніцтва - усходнеславянскія. Усё гэта
дазваляе вывесці, што ўзнікненне ВКЛ можна лічыць у пэўным сэнсе часткай
працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння.
Такім чынам, у
заключэнне падсумуем:
- Міжэтнічныя кантакты на Панямонні былі часткай буйнога
працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння (працягласцю ў паўтара тысячагоддзя),
ахапіўшага тэрыторыю сучаснай Беларусі і прылеглыя раёны суседніх краін. Сутнасцю працэсу было пранікненне славян на
землі, занятыя балтамі, і асіміляцыя апошніх.
- На Панямонні
названы працэс актывізаваўся ў канцы 10 - пачатку 11 ст. і працягваўся ўсё 2
тыс. н.э. У ім удаецца выдзеліць два буйныя этапы: канец 10 - 14 стст. і 15 -
20 стст. На першым этапе адбываўся актыўны каланізацыйны рух усходніх славян
уздоўж рэчышчаў Нёмана і Віліі. Быў пераадолены рубеж водападзелу Дняпра і
Нёмана і заснаваны шэраг гарадоў. У 15-першай палове 20 ст. павелічэнне
ўсходнеславянскай (беларускай) прысутнасці адбывалася галоўным чынам за кошт пашырэння
культурнага ўплыву на мясцовых балтаў. Беларусізацыя летувісаў (у асноўным
сялянства) працягвалася і пасля страты беларускай культурай дамінуючай ролі ў
рэгіёне на карысць культур польскай і расійскай.
- Лінеарнай мяжы між
этнасамі не было, існавала вялікая кантактная зона, якая перамяшчалася ў
паўночна-заходнім кірунку на прасторы прыблізна між Мінскам і Вільняй.
- Важнейшай рысай
балта-славянскіх кантактаў было мірнае супрацоўніцтва.
- Утварэнне ў
кантактнай зоне ВКЛ не перапыніла і не змяніла характару працэсу, а, наадварот,
спрыяла яго разгортванню праз прыняцце ўсходнеславянскай мадэлі дзяржаўнага
будаўніцтва і старабеларускай мовы ў якасці дзяржаўнай. Адсюль сам генезіс ВКЛ
можна разглядаць як праяву ці эпізод працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння.
Сведчаннем гарманічнай узаемасувязі названых працэсаў з’яўляецца паспяховае
развіццё ВКЛ, якое перарасло тэрытарыяльна не толькі Панямонне, але і ўсю зону
балта-славянскага кантакту.
- Немалаважная
дэталь: працэс беларусізацыі да сярэдзіны 16 ст. (да Люблінскай уніі) ахопліваў
усе сацыяльныя слаі балтаў, ад сялянства да магнатэрыі і кіруючай
дынастыі.
- Працэс моўнай
асіміляцыі летувісаў беларусамі зафіксаваны даследчыкамі яшчэ ў 20 ст.
- Шматвяковыя
міжэтнічныя кантакты на Панямонні сталі часткай этнагенезу беларусаў.
Усходнеславянскі
тэрмін “Літва” ў летувіскай мове мае адпаведнік “Lietuva”. Польская назва
“Litwa”, відавочна, з’яўляецца запазычанай ад усходніх славян.
Этымалогія тэрміна не высветлена. У
гістарыяграфіі вядомы спробы абгрунтавання яго гідранімічнага паходжання (ад магчымай назвы Нёмана -
Атрэмбскі; ад рэчкі
Letaukos ці Lietaukos - Кузавініс),
якія, аднак, не сталі агульнапрынятымі.
Першая вядомая
гісторыкам ўзгадка пра Літву ў пісьмовых крыніцах знойдзена ў т.зв.
Кведлінбургскіх аналах (Annales Quedlinburgenses) 11 ст. Хроніка паведамляе пад
1009 г., што актыўны хрысціянскі місіянер святы Бруна прыняў пакутніцкую смерць
ад язычнікаў на мяжы Русі з Літвой (in confinio Rusciae et Lituae).
“Аповесць мінулых
часоў” - першы летапісны твор усходніх славян, створаны ў пачатку 12 ст.,
называе Літву сярод народаў, якія маюць уласную, адрозную ад славян мову.
Літва ўпамінаецца таксама ў некаторых сярэднееўрапейскіх хроніках 12 ст.
З 12 ст. (асабліва з 80-х гадоў) тэрмін “Літва” трывала замацоўваецца на
старонках усходнеславянскіх летапісаў, што было звязана з узрастаннем
ваенна-рабаўнічай актыўнасці летапісных літоўцаў. Яны нападаюць на дальніх і
бліжніх суседзяў, за выключэннем некаторых роднасных ім плямён (жамойтаў,
прусаў, яцвягаў), а таксама ўсходніх славян, якія засялялі землі будучай
Беларусі (Падзвінне, Падняпроўе, Панямонне). З апошнімі балцкія плямёны, у тым
ліку літоўцы, знаходзіліся ў працяглым мірным кантакце, паступова падпадаючы
пад уплыў усходнеславянскай культуры.
Даследчыкі
адзначаюць, што ў крыніцах 12-13 стст. тэрмін “Літва” ўжываецца ў двух
значэннях: ”Літоўская зямля ў вузкім сэнсе” і “ў сэнсе шырокім як сукупнасць
усіх літоўскіх (летувіскіх. - А.К.)
земляў”.
Падобную двухсэнсоўнасць можна тлумачыць як слабай знаёмасцю тагачасных аўтараў
з племяннымі падзеламі балтаў Панямоння, так і ў некаторых выпадках палітычнымі
прычынамі. Апошняе
мела месца ў суседняй Прусіі, дзе крыжакі імкнуліся ахапіць назвай прусаў як
мага больш мясцовых плямён, паколькі атрымалі дакументы ад папы і імператара на
валоданне менавіта Прусіяй.
Утварэнне
алаэтнонімаў (алаэтнонім - назва этнасу, дадзеная яму другімі этнасамі) шляхам
называння этнасу па імю найбольш блізкага тэрытарыяльна племені - з’ява даволі
распаўсюджаная. Верагодна,
рускія летапісцы, засвоіўшы назву пагранічнага з усходнімі славянамі племені,
пераносілі яе на сваякоў-суседзяў літвы. Розніцу між гэтымі астатнімі славяне
пачалі заўважаць пры бліжэйшым знаёмстве. Падобнае здарылася з немцамі, калі
яны ў вусці Дзвіны першых сустрэлі ліваў, і ў выніку пераважна балцкая краіна
стала Лівоніяй (Livland) па назве гэтага угра-фінскага племені. Гэтаксама па
імені пагранічнага са славянамі племені была названа Прусія, заселеная роднаснымі,
але ўсё ж адрознымі між сабой саюзамі плямён.
Тут старажытная назва краіны захавалася і пасля кардынальнай змены этнічнай
сітуацыі на карысць немцаў.
Акрамя
ўсходнеславянскіх летапісаў важная інфармацыя па гісторыі і геаграфіі Літвы
ўтрымліваецца ў крыжацкіх хроніках 13-14 стст., а таксама ў актавых матэрыялах,
нешматлікіх у 13-14 стст. і прадстаўленых у большай колькасці са стагоддзя
15-га і асабліва з 16-га.
Даволі рана
(магчыма, раней за літоўцаў) усходнія славяне сутыкнуліся з яцвягамі, таму першыя
звесткі аб яцвягах у рускіх крыніцах (ятвяг Гунарев) адносяцца да 10 ст.
Жамойць не мела непасрэднай мяжы з Руссю, таму, відаць, у летапісах з’яўляецца
значна пазней - у 13 ст.
На працягу 2 тыс.
паняцце “Літва” прайшло складаны шлях развіцця, перш чым стабілізавацца ў пачатку 20 ст. У ходзе эвалюцыі яно
набыло тры сэнсавыя значэнні (яшчэ ў пачатку 20 ст. гэта заўважыў Аскар Халецкі):
1. Палітонім, ці абазначэнне ўсёй
дзяржавы - ВКЛ; 2. Харонім, ці
“Літва ў вузкім сэнсе” (тэрмін уведзены Любаўскім) - гістарычны цэнтр дзяржавы;
3. Літва ў сэнсе этнаграфічным (этнаграфічна
балцкім).
Палітонім “Літва”
аб’ядноўваў усе тэрытарыяльныя складнікі дзяржавы, жыхароў якой незалежна ад іх
этнічнай ці канфесійнай прыналежнасці за мяжой называлі ліцвінамі. Па назіранню
Халецкага ўжо ў афіцыйнай тытулатуры Міндоўга ўжывалася толькі адна назва
Літвы, хоць дзяржава складалася як з балцкіх, так і ўсходнеславянскіх земляў.
Дадатак “Русь” з’явіўся ў тытуле гаспадара толькі пры Гедыміне, калі да
дзяржавы былі далучаны некаторыя землі Русі.
У гісторыкаў, як
правіла, не ўзнікае праблем з дакладным ужываннем назвы “Літва” ў сэнсе
палітоніма. Інакш выглядае сітуацыя з двума астатнімі значэннямі. У
гістарыяграфіі часта блытаецца монаэтнічнае (балцкае) разуменне тэрміна “Літва”
з аднайменным сярэднявечным харонімам - абазначэннем ядра ВКЛ - тэрыторыі са
змешаным балта-славянскім насельніцтвам. Іншымі словамі, на сярэднявечча
пераносіцца сітуацыя 20 ст., калі названы тэрмін замацаваўся за этнічна балцкай
тэрыторыяй. У выніку ўзнікаюць праблемы з адэкватнай ацэнкай сутнасных момантаў
гісторыі ВКЛ, асабліва пачаткаў гэтай дзяржавы.
Аўтар капітальных
прац па гісторыі ВКЛ Мацей Любаўскі першы заўважыў, што назвы “зямля
Літоўская”, “вялікае княства Літоўскае”, ”паньства Літоўскае” ў дакументах
14-16 стст. даволі часта абазначаюць не ўсю дзяржаву, а толькі яе частку,
“аддзельную ад усіх астатніх абласцей ці земляў у палітыка-геаграфічных
адносінах”. Даследчык
называе гэтую “ўласна Літоўскую зямлю” ці “вялікае княства ў цесным сэнсе”
ядром, цэнтральнай вобласцю “летувіска-рускай дзяржавы”. Любаўскі прыйшоў да
высновы, што першапачаткова пад гэтай назвай разумелася вобласць правых
прытокаў Нёмана, пераважна ракі Віліі, населеная т. зв. верхняй Літвой
(“Auxtote”). “Але ў даследуемы час (напярэдадні з’яўлення 1-га Статута. - А.К.) назва “зямля Літоўская” нават у
прыватным, цесным сэнсе выйшла ўжо з межаў гэтага першапачатковага абазначэння
і распаўсюдзілася на некаторыя рускія ўладанні, занятыя Летувай да паловы 13
ст. і больш-менш ёй каланізаваныя”
(даныя археалогіі не пацвярджаюць тэзу аб летувіскай каланізацыі, а сведчаць
якраз аб адваротным. - А.К.). Гэта т.
зв. Чорная Русь - ”вобласць на левых прытоках Нёмана з ракой Свіслаччу ўключна,
з гарадамі: Наваградкам, Ваўкавыскам, Слонімам, Здзітавам і Гародняй”.
Любаўскі ўстанавіў, што “ў канцы ўдзельнага перыяду” (пачатак 15 ст.)
“больш-менш устойліва трымалася дзяленне Літоўскай зямлі на наступныя часткі:
1) княства Віленскае, 2) княства Троцкае, 3) княства Гарадзенскае, 4) княства
Наваградскае. Паверх гэтага дзялення праходзіў падзел Літвы на Віленскую і
Троцкую палову, у якім выразіўся ваенна-палітычны дуалізм, усталяваны на Літве
пры Альгердзе і Кейстуце і які трымаўся, як было ўжо ўпамянута, пры Ягайле і
Скіргайле”. Усе
княствы ў ваенным сэнсе падпарадкоўваліся віленскаму (Віленскае і Наваградскае)
і троцкаму (Троцкае і Гарадзенскае) ваяводам. “Але па справах грамадзянскай
адміністрацыі і суда кампетэнцыя віленскага і троцкага ваяводаў абмяжоўвалася
межамі Віленскага і Троцкага княстваў у цесным сэнсе”.
Са спасылкамі на дакументы Любаўскі абгрунтоўвае прыналежнасць да Літоўскай
зямлі Наваградка ў 15 ст. і Гародні ў 14 ст.,
з чаго можна вывесці, што даследчык лічыў стан рэчаў у 16 ст. адпавядаючым
сітуацыі на 14-15 стст.
Высновы Мацея
Любаўскага спрабаваў аспрэчыць Хведар Леантовіч, які прысвяціў праблеме
фармавання тэрыторыі ВКЛ спецыяльную працу.
Аднак даволі заблытаныя геаграфічныя выкладкі Леантовіча не вытрымалі
канкурэнцыі з добра абгрунтаванай схемай Любаўскага і сёння практычна забытыя.
Выснову Любаўскага
аб “Літве ўласнай” як тэрыторыі, складзенай з этнічна балцкіх і этнічна
ўсходнеславянскіх земляў, падтрымала падаўляючая большасць гісторыкаў. Дыскусіі
вяліся галоўным чынам аб канкрэтных межах гэтай біэтнічнай Літвы. Многія
гісторыкі надавалі названаму хароніму значна большыя, чым Любаўскі, памеры
(напрыклад, Кутшэба, Халецкі, Пацеха), а некаторыя летувіскія даследчыкі
(Пакштас, Квіксліс) шукалі яго выключна на балцкай тэрыторыі.
Дэталёвым аналізам
паняцця Літвы ў межах працы аб летувіскай этнічнай мяжы на ўсходзе займаўся
Ахманьскі. Даследчык прыйшоў да наступнай высновы: “Згодна з крыніцамі, за
ўласна Літву ў 15-16 стст. належыць прыняць: два этнічна летувіскія ваяводствы
- Віленскае і Троцкае, Браслаў, Мінск, Наваградак з так званай Чорнай Руссю
(Ваўкавыск, Слонім, Камянец) і Гародню”.
Аднак на прыкладзенай карце, літаральна на наступнай старонцы, даследчык
паказвае зусім іншыя граніцы Літвы і не ўключае ў яе ні Мінска, ні Наваградка
са Слонімам, Ваўкавыскам і інш., затое далучае Жамойць. Акрамя гэтай прыкрай
памылкі яўна не адпавядае рэальнасці акрэсленне Троцкага і Віленскага
ваяводстваў як этнічна летувіскіх, паколькі ў 15-16 стст. да іх належалі тыя ж
Гародня, Наваградак і іншыя этнічна беларускія землі.
Ні на крок не
саступаючы з пазіцыі балцкай дзяржавы,
Ахманьскі сцвярджаў, што “факт залічэння Мінска, Чорнай Русі і Браслаўля да
Літвы можна тлумачыць толькі раннім (найпазней пры Міндоўгу - загінуў у 1263
г.) і цесным з’яднаннем з летувіскай дзяржавай, поўнай ліквідацыяй іх адметнасці,
якую пазней захавалі, бо былі ўключаныя ў 14 ст. іншыя рускія землі, як Полацк,
Віцебск, Кіеў, існуючыя на прынцыпе асобных абласцей”.
І яшчэ важная выснова: “Межы “Lituania Propria”, якія ўдаецца акрэсліць на
падставе крыніц 15-16 стст., несумненна, адпавядаюць межам летувіскай дзяржавы
(усталяваным пры Міндоўгу), якая стала ядром будучага Вялікага Княства
Літоўскага”. Адна з
галоўных тэзаў Ахманьскага - аб “поўнай ліквідацыі адметнасці” Чорнай Русі і
іншых усходнеславянскіх земляў супярэчыць фактам, паколькі ў сапраўднасці
“адметнасць” трацілі этнічна балцкія землі ў складзе Літвы. Працэс
беларусізацыі балтаў у гістарычнай Літве фіксаваўся даследчыкамі яшчэ ў
сярэдзіне 20 ст. Бліжэйшыя
аналогіі таксама сведчаць не на карысць тэзы Ахманьскага. Нямецкія каланісты,
падпарадкаваўшы культурна і палітычна прыбалтыйскія плямёны, захавалі мясцовыя
назвы: Лівонія і Прусія.
У апошнія гады
лакалізацыяй гістарычнай Літвы, а таксама Русі на 16 ст. дэталёва займаецца
Міхал Спірыдонаў (карта № 4). Даследчык канцэнтруе ўвагу на самай складанай
праблеме - размежаванні Літвы і Русі. Для акрэслення межаў названых рэгіёнаў ён
выкарыстоўвае пісьмовыя крыніцы, якія прама ці ўскосна сведчаць аб
месцазнаходжанні канкрэтнага населенага пункта на Русі або на Літве. Метад не
новы, але ў даным выпадку прыведзены ў дзеянне вельмі скрупулёзна. Як адзначае
сам Спірыдонаў, яго ”лакалізацыя названых рэгіёнаў істотна адрозніваецца ад
адпаведных уяўленняў, змешчаных у гістарыяграфіі, як дастаткова пераканаўчай
аргументацыяй, так і адносна высокімі канкрэтнасцю і выразнасцю”.
У сапраўднасці так яно і ёсць. У сумеснай з Вячаславам Насевічам працы,
прысвечанай лакалізацыі Русі ў 16 ст., указаны 122 населеныя пункты,
размешчаныя на Русі, што даволі дакладна акрэслівае месцазнаходжанне апошняй.
Даследчыкі прыйшлі да высновы, што змяшчэнне мяжы адбывалася з захаду на ўсход,
а “Русь - то назва аднаго з некалькіх рэгіёнаў на тэрыторыі ВКЛ - побач з
Літвой, Жамойцю, а таксама Валынню, Кіеўшчынай, Падляшшам, Падоллем і Палессем”.
У іншай працы Міхал Спірыдонаў дае апісанне прыблізнай заходняй мяжы Русі
паводле населеных пунктаў: Ажунічы, Камень Завелейскі, Сялец, Шэметава,
Смілавічы, Мацеевічы, Суцін, Глуск (Дубровіцкі), Скрыгалава, Мазыр і інш.
З дапамогай таго ж
аналітычнага метаду Спірыдонаў лакалізуе і саму Літву. Высновы даследчыка
выглядаюць пераканаўча: “Выкладзеныя даныя дазваляюць сцвярджаць, што ў 16 ст.
сучаснікі адносілі да Літвы перш за ўсё этнічна летувіскія Віленскі,
Вількамірскі, Ковенскі, Троцкі і Упіцкі паветы, а таксама поўнасцю ці часткова
“беларускія” паветы ВКЛ: Браслаўскі, Віленскі, Ваўкавыскі, Гарадзенскі, Лідскі,
заходнюю частку Мінскага, большую частку Наваградскага, амаль увесь Ашмянскі і
Слонімскі”. Мяжу між Літвой і Руссю “ў найбольш агульным выглядзе”, на думку Спірыдонава,
можна правесці па 28 мерыдыяну ад Грынвіча.
Можна прывесці яшчэ назіранне даследчыка аб неадназначнай лакалізацыі
сучаснікамі памежных паселішчаў і важную выснову, што “гістарычныя рэгіёны ВКЛ
істотна не супадалі ні з этнічнымі тэрыторыямі насяляўшых яго розных этнасаў,
ні з адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі ВКЛ”.
Такім чынам можна
канстатаваць: выснова Любаўскага аб існаванні “ўласна Літвы” - ядра ВКЛ - з
балта-ўсходнеславянскім насельніцтвам пацвярджаецца навейшымі даследаваннямі.
Апошнія значна ўдакладнілі прапанаваныя даследчыкам яшчэ ў 19 ст. межы гэтага
хароніма. У гістарыяграфіі прынята таксама, што названы харонім з біэтнічным
напаўненнем існаваў ужо ў часы Міндоўга - у сярэдзіне 13 ст. Аднак яшчэ і сёння
ў літаратуры часам паўтараецца тэза аб летувіскай каланізацыі Наваградчыны і
Гарадзеншчыны ў часы ўтварэння ВКЛ. Ніякіх пацверджанняў гэтаму няма ні ў
пісьмовых, ні ў археалагічных крыніцах. Падставай для названай тэзы служыць
пастулат аб балцкіх пачатках ВКЛ. Факты, якія супярэчаць гэтаму пастулату, на
жаль, ігнаруюцца. Да таго ж шэрагу сумніўных версій належаць меркаванні аб
неверагодна вялікай колькасці насельніцтва на балцкіх землях у параўнанні з
усходнеславянскімі (Якубоўскі) ці незвычайнай шматлікасці летувіскага баярства
(Лаўмяньскі). Не могучы пазбавіцца ад стэрэатыпу балцкасці дзяржавы, даследчыкі
часта механічна пераносяць сітуацыю 20 ст., менавіта формулу Летува = Аўкштота
+ Жамойць, на сярэднявечча, ігнаруючы пры гэтым грунтоўна даказаную
біэтнічнасць гістарычнай Літвы - ядра ВКЛ. Апошнюю, яўна штучную, супярэчнасць
можна лёгка зняць праз адмову ўспрымання
дзяржаўнай арганізацыі ВКЛ як механізма дамінавання адной этнічнай групы над
другой.
Аналіз пісьмовых
крыніц паказвае, што выступаючыя ў іх тры варыянты тэрміна “Літва” маюць пэўную
іерархію, якая ў ходзе гістарычнага працэсу перацярпела значныя змены. У ходзе
эвалюцыі адно разуменне тэрміна набывала важнейшае першаснае значэнне, другое
адыходзіла на задні план. З утварэннем ВКЛ важнейшае першаснае значэнне набыло
разуменне Літвы ў якасці назвы ядра дзяржавы (тэрыторыі з балта-славянскім
насельніцтвам). Адначасова на другім плане існавала ўсведамленне і
балцкаэтнічнага напаўнення тэрміна (мова, свядомасць этнічнай блізасці часткі
Літвы да Жамойці).
Становішча кардынальна змянілася ў 20 ст. пасля ўтварэння балцкай дзяржавы,
прыняўшай назву “Летува” (“Lietuva”). Прыняцце тэзіса аб храналагічна-іерархічнай эвалюцыі трох варыянтаў тэрміна “Літва”
дае магчымасць пазбегнуць блытаніны паміж названымі варыянтамі.
Сітуацыя ўяўляецца
дастаткова тыповай. Агульным момантам між двума відамі чалавечых супольнасцей -
этнасам і дзяржавай - з’яўляецца тое, што яны прызваны забяспечыць членам
супольнасці лепшыя ўмовы для выжывання. Дзяржава (арганізацыя па паходжанню
больш позняя) названую функцыю выконвае з большай эфектыўнасцю. Таму пры
перасячэнні інтарэсаў этнічных і дзяржаўных структур перавагу атрымліваюць
апошнія. У нашым выпадку Літва як дзяржаўная структура (галоўнае ядро дзяржавы)
адсоўвае на маргінес Літву як паняцце этнічнае. У гістарычнай Літве
адміністрацыйны падзел у значнай ступені ігнаруе этнічныя межы.
Каб прадоўжыць
вывучэнне тэрытарыяльнай эвалюцыі хароніма “Літва”, найлепш будзе ісці шляхам
рэтраспекцыі - ад дастаткова добра вывучанай сітуацыі на 15-16 стст. углыб да 11-12
стст. Гэтаксама важна разабрацца ва ўзаемаадносінах тэрмінаў “Літва”,
“Аўкштота”, “Жамойць” і “Літва Завілейская”.
Напачатку паспрабуем
прааналізаваць яшчэ і сёння распаўсюджанае разуменне сярэднявечнай Літвы як
формулы: Літва = Аўкштота + Жамойць. З аднаго боку, ясна, што Літва ў 15-16
стст. складалася з усходнеславянскай і балцкай частак і не ўключала Жамойць. З
другога - паказаная вышэй формула, якая ўяўляе сабой механічны перанос існуючай
сёння сітуацыі на сярэднявечча, традыцыйна прынята ў гістарыяграфіі.
Для яе абгрунтавання часам звяртаюцца да сведчання вялікага князя Вітаўта,
змешчанага ў яго лісце да германскага імператара Жыгімонта Люксембургскага.
Працытуем ліст, датаваны 11 сакавіка 1420 г., з нагоды яго важнасці: ”Вы
выказаліся і прынялі пастанову наконт Жамойці, якая ёсць наша спадчына і наша
ўласнасць, як законная спадчына ад прадзедаў і дзядоў нашых, якою валодаем і
цяпер, ды якая таксама ёсць і заўсёды
была адзінай з Літвой, бо адна і тая самая мова і адныя і тыя ж людзі. Але
дзеля таго, што Жамойць ляжыць ніжэй за Літву, яна і называецца Жамойцю, што
азначае па-літоўску ніжэйшая зямля. А на
Жамойці Літву называюць Аўкштотай (выдзелена мною. - А.К.), што значыць вышэйшая зямля ў параўнанні з самой Жамойцю.
Аднак на Жамойці людзі з даўніх часоў называюць сябе літоўцамі і ніколі
жамойтамі, а таму з гэтае прычыны ў нашым тытуле мы ніколі не пішам сябе з
Жамойці, бо ўсё ёсць адно: і людзі і зямля”.
Наконт апошняга сцвярджэння заўважана, што тут Вітаўт дапускае недакладнасць,
бо назву Жамойці ў сваім тытуле ён ужываў, як, напрыклад, у акце з 1417 г. аб
заснаванні на Жамойці Медніцкага епіскапату. Ёсць сведчанні таксама аб
трактаванні Вітаўтам жамойтаў як асобнага этнасу.
Цытаваны вышэй ліст
з’яўляецца дыпламатычным дакументам, створаным для дасягнення канкрэтных
палітычных мэт, і таму не можа лічыцца сведчаннем незацікаўленага назіральніка.
Тым больш, што ў лісце, як бачым, маюцца сцвярджэнні, не адпавядаючыя
рэальнасці і паўстаўшыя, верагодна, са свядомай волі аўтара дакумента. Вялікі
князь Вітаўт грунтуе сваю аргументацыю на праўдзівай этнічнай блізасці Аўкштоты
і Жамойці, замоўчваючы той факт, што Літва ў той час ужо была славянізаванай. У
лісце вялікага князя, несумненна, ведаўшага сапраўдны стан рэчаў, няма
сцвярджэння, што Літва складаецца з Жамойці і Аўкштоты. Сказана толькі: ”А на
Жамойці Літву называюць Аўкштотай”. Пад апошняй разумеецца, несумненна, балцкая
- паўночная частка хароніма “Літва”.
Перш чым перайсці да
праблемы лакалізацыі Літвы на 13 ст. і раней, варта паспрабаваць разабрацца ў
сітуацыі на 14 ст. Любаўскі, прааналізаваўшы дамову Ягайлы і Кейстута з
хохмайстрам Тэўтонскага ордэна ад 1379 г., адзначае: “Гарадзенская зямля ў
гэтым дагаворы адрозніваецца ад рускіх воласцей, суседніх з уладаннямі ордэна,
а гарадняне ад рускіх, прычым першая назва ў акце дамовы не раз заменена словам
“Літва”.
“Літоўская зямля” выступае ў вялікакняскім прывілеі ад 1387 г., у якім Ягайла
надаваў свайму брату князю Скіргайле шэраг зямельных уладанняў. У дакуменце
таксама ўжываецца выраз “на рускай старане горад Менеск Літоўскага княжання”.
Якубоўскі атаясамліваў “рускую старану” з Руссю і распаўсюджваў гэты выраз на
ўсе пералічаныя пасля Мінска мясцовасці.
Але ў дакуменце назва “руская старана” звязана непасрэдна з Мінскам, з тэксту
нельга вывесці, ці адносіўся ён да Свіслачы, Бабруйска і інш. Аналізуючы
дакумент, Лаўмяньскі вырашыў, што названае ў тэксце Троцкае княства - гэта і
ёсць Літоўская зямля. Аднак не менш верагодна на аснове акрэслення “ў літоўскай
зямлі княжэнне Троцкае” бачыць гэтае княства толькі часткай Літоўскай зямлі.
З названага дакумента Якубоўскі вывеў, што Троцкае княства займала
паўднёва-заходнюю частку ўласна (балцкаэтнічнай. - А.К.) Літвы.
Аднак у другой працы даследчык падтрымлівае тэзу Любаўскага аб біэтнічнай Літве,
ніяк не каментуючы яўную супярэчнасць сваіх выказванняў.
У названым дакуменце
ёсць сведчанні аб славянскай ваколіцы Вільні. Археолагі Галубовічы адкрылі ў
Вільні культурныя напластаванні, тыповыя для ўсходнеславянскага горада.
Пра ролю ўсходнеславянскага каланізацыйнага патоку ў фармаванні этнічнага
вобліку гістарычнай Літвы гаворка была ў папярэдняй частцы.
Даследчыкі, якія
займаліся лакалізацыяй Літвы 12-13 стст., як правіла, шукалі яе на тэрыторыі
сённяшняй этнічнай Летувы (выключэнне - Ермаловіч). Дэталёва распрацаваную
лакалізацыю Літвы 13 ст. прапанаваў Лаўмянскі, які лічыў гэтую тэрыторыю
выключна балцкай. У той жа
час Лаўмяньскі ніяк не выказваў сваіх адносін да тэзы Любаўскага аб біэтнічнай
Літве, у сваіх рэканструкцыях ён яе проста ігнараваў. Даследчык прапанаваў
распрацаваную ім палітычную геаграфію балцкіх плямёнаў, якая не страціла
актуальнасці і сёння. Лакалізацыя палітычна-тэрытарыяльных адзінак у гэтай
рэканструкцыі ў шэрагу выпадкаў даведзена да найдрабнейшага ўзроўню - акруга
вакол гарадзішча (пяты ўзровень паводле класіфікацыі даследчыка). Адзінка
першага ўзроўню - саюз плямёнаў пад назвай “Літва”, складалася з двух плямёнаў
- жамойтаў і аўкштайтаў (другі ўзровень). Потым ішлі землі (трэці), воласці
(чацвёрты) і акругі (пяты). “Літва ў вузкім сэнсе”, ці “ўласна Літва”, была
адной з трох ці чатырох земляў Аўкштоты. Межы між землямі Лаўмяньскі праводзіў
па пушчах, паколькі лічыў іх міжплемяннымі пагранічнымі пусткамі. Як выдаецца,
даследчык перабольшваў значэнне пушчаў як міжэтнічных граніц (аб сваёй памылцы
ў выпадку з руска-летувіскай мяжой Лаўмяньскі пазней пісаў сам).
У рэканструкцыі Лаўмяньскага маюцца разыходжанні між апісаннем месцазнаходжання
некаторых земляў і размяшчэннем іх на карце (карта № 4). У тэксце падаецца, што
Нальшанская зямля размяшчалася на паўночным усходзе, а на карце яна паказана на
паўднёвым усходзе і поўдні Аўкштоты. Літоўская зямля размешчана на паўднёвым
захадзе, што не стасуецца з указаннем важнай крыніцы - Галіцка-Валынскага
летапісу: Вайшэлк збудаваў манастыр “на мяжы Наваградка з Літвой”.
Цікава, што праз трыццаць з лішнім гадоў пасля публікацыі сваёй палітычнай
геаграфіі балтаў Лаўмяньскі выказаў (у 1968 г.) цалкам новае разуменне тэрміна
“Літва”, а менавіта як тэрыторыі “змяшэння элемента летувіскага і славянскага”,
або яшчэ, “што Русі плаціла даніну тэрыторыя, заселеная змешаным
руска-летувіскім насельніцтвам, якая ў
рускіх крыніцах мела назву Літвы”
(выдзелена мною. - А.К.).
Як вядома, пісьмовыя
крыніцы ўтрымліваюць толькі ўскосную інфармацыю аб размяшчэнні асобных земляў
Аўкштоты. Так, можна з пэўнасцю вывесці, што з Лівоніяй межавала Нальшанская
зямля, а далей углыб Аўкштоты, гэта значыць на поўдзень ад Нальшанаў,
знаходзілася Літоўская зямля.
Аб размяшчэнні
Дзяволтвы няма нават ускосных сведчанняў, але, ведаючы прыблізнае размяшчэнне
Нальшанаў і Літвы, можна вывесці, што яна знаходзілася ў цэнтры ці ў заходняй
частцы Аўкштоты. Лаўмяньскі лакалізуе яе па населенаму пункту Дзевалтова. У
існаванні Упіцкай зямлі сам Лаўмяньскі не да канца ўпэўнены, бо ў крыніцах яна
ўпамінаецца толькі аднойчы.
Праз паўсотні гадоў
пасля Генрыка Лаўмяньскага да тых жа самых высноў прыйшоў Эдвардас Гудавічус і
ўслед за знакамітым гісторыкам паўтарыў
супярэчнасць між тэкставай і картаграфічнай лакалізацыяй “Літвы ў вузкім сэнсе”.
Ад часу стварэння
канструкцыі Лаўмяньскага новых пісьмовых крыніц па ранняй гісторыі ВКЛ амаль не
выяўлена, затое даныя археалогіі стабільна папаўняюцца з году ў год. Археолагі
(пасля вайны раскопкі на тэрыторыі Летувы праводзяць толькі летувіскія даследчыкі)
прапаноўваюць свае лакалізацыі “Літвы ў вузкім сэнсе”, ігнаруючы пры гэтым
інфармацыю пісьмовых крыніц. Аднак сярод масы археалагічных матэрыялаў не
ўдаецца з дастатковай надзейнасцю выдзеліць рэгіянальныя варыянты. Відавочна, з
гэтай прычыны археолагі надаюць пачатковай Літве (ці арэалу жыхарства літоўцаў)
значна большыя памеры, чым гісторыкі. Напрыклад, Літва гісторыкаў Лаўмяньскага
- Гудавічуса займае толькі паўднёва-заходні ўскраек арэала літоўцаў,
вызначанага археолагам Ваўкайтэ-Кулікаўскіене.
У археолага Таўтавічуса на тым жа самым месцы паказаны ўчастак змешанага
літоўска-яцвяжскага насельніцтва.
Археолагі Лухтан і
Ушынскас крытыкуюць версію Лаўмяньскага - Гудавічуса і прапаноўваюць уласную
лакалізацыю “Літвы ў вузкім сэнсе”. Лухтан і Ушынскас спрабуюць “на базе
археалагічных крыніц прасачыць працэс і асноўныя этапы станаўлення Літоўскай
зямлі” ад сярэдзіны 1 тыс. да 12-13 стст. Лакалізацыя Літоўскай зямлі ў гэтых
аўтараў выступае вельмі невыразна і ў самых агульных выразах: “частка ўсходняй Летувы”,
“басейн ракі Нерыс”, “ва ўсходняй Летуве, пераважна ў басейне ракі Нерыс”.
На прыкладзеных да працы картах межы гэтай зямлі яны не паказваюць. Заўважана,
што летувіскія калегі ў сваіх публікацыях, на жаль, не карыстаюцца дакладнымі
картамі.
Лухтан і Ушынскас
выводзяць, што на названай тэрыторыі ў канцы 4-5 ст. н.э. на месцы “цэнтральнай
групы культуры штрыхаванай керамікі” (першая палова 1 тыс.) з’яўляюцца помнікі
культуры ўсходнелітоўскіх курганоў.
На мяжы 1-2 тыс., па меркаванню аўтараў, гэтая тэрыторыя выступае ўжо як
“Літоўская зямля”. У ёй адбываюцца сацыяльна-эканамічныя змены, пачынаецца
працэс феадалізацыі. Сярод феадальных цэнтраў выдзяляецца Вільня, якая ў 13 ст.
ужо была “буйнейшым феадальным замкам Летувы”, буйным горадам і, верагодна,
з’яўлялася сталіцай Міндоўга.
Такім чынам “вузкі сэнс” Літоўскай зямлі ў Лухтана - Ушынскаса ахоплівае
практычна ўсю Аўкштоту і выглядае намнога шырэйшым за Літоўскую зямлю
гісторыкаў Лаўмяньскага - Гудавічуса.
Галоўным недахопам
гэтай чыста археалагічнай рэканструкцыі з’яўляецца яўная супярэчнасць з
пісьмовымі крыніцамі. Літоўская зямля тут цалкам “паглынула” Нальшаны і
Дзяволтву, якія ў пісьмовых крыніцах выступаюць на адным узроўні з Літвой.
Даследаванні Лухтана і Ушынскаса добра паказваюць складанасць раяніравання
Аўкштоты на грунце археалагічных матэрыялаў.
Арыгінальную версію
лакалізацыі Літвы 12-13 стст. прапанаваў Мікола Ермаловіч. У адрозненне ад
іншых даследчыкаў гэты гісторык знайшоў летапісную Літву не ў сучаснай Летуве,
а на тэрыторыі Беларусі. Галоўная ідэя даследчыка: летапісная Літва - гэта
найбольшы востраў балцкага насельніцтва сярод славянскіх тэрыторый, дакладней,
“яна ўрэзвалася клінам паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі і
побач з імі з’яўляецца адной з гістарычных абласцей Беларусі” (карта № 4). Межы
Літвы Ермаловіч апісвае так: ”На поўначы яна межавала з Полацкім княствам па
нёманскай Бярэзіне”; “На ўсходзе Літва межавала з Мінскім княствам, заходні
рубеж якога не ішоў далей ракі Усы (прыток Нёмана)”. “Далей мяжа Літвы
пераходзіла на Шчару, вялікі паўднёвы выгіб якой і з’яўляўся прыродным рубяжом
Літвы на паўднёвым усходзе, поўдні і паўднёвым захадзе. Прыкладна па вярхоўі
ракі Мышанкі і па ніжнім цячэнні ракі Валаўкі ішоў заходні рубеж Літвы, які ў
больш старажытныя часы аддзяляў яе ад яцвягаў”.
Цікава, што Ермаловіч не ўзгадняе свае распрацоўкі з высновамі Любаўскага,
гэтаксама як не каментуе дэталёвыя рэканструкцыі Лаўмяньскага.
Для сваёй
лакалізацыі Ермаловіч выкарыстаў сведчанні пісьмовых крыніц (часта ўскосныя) і
размяшчэнне тапонімаў “Літва”. Напрыклад, летапіс паведамляе, што ў 1159 г.
мінскі князь Валадар Глебавіч “хадзіў у лясах пад Літвой”, а князь Вайшэлк у
1262 г. заснаваў манастыр “на Нёмане між Літвою і Ноўгарадкам”. На аснове гэтых
звестак даследчык размяшчае старажытную Літву між Наваградкам і Мінскам,
што выглядае не надта пераканаўча. Выснова аб суседстве Літвы з Пінскай зямлёй
узнікла на грунце падобных ускосных звестак, напрыклад, літоўцы з набегу на
Валынь вярталіся праз Пінскую зямлю і г.д. Абапіраючыся на ўказаныя даследчыкам
летапісныя звесткі, можна з такой жа малой верагоднасцю лакалізаваць Літву
зусім у іншым месцы. Размяшчэнне тапонімаў “Літва” таксама не з’яўляецца
дастаткова надзейным аргументам у такім дэталёвым раяніраванні. Яны маглі ўзнікнуць
як перыферыйныя айконімы на мяжы гістарычных раёнаў ВКЛ “Літва” і “Палессе”.
Археалагічныя даныя не дазваляюць казаць аб якім-небудзь значным востраве
балцкага насельніцтва ў пазначаным месцы.
Напрамую супярэчаць
версіі Ермаловіча летапісныя апісанні паходаў галіцка-валынскіх войск на
Наваградак у 1251/52 і 1275 гг.,
якія вызначаюцца падрабязнасцю і дакладнасцю геаграфічных дэталяў. У паходзе
1251/52 г. валынскія князі разлічвалі нечакана заявіцца з войскам на Панямонні,
але каля возера Зьята сутыкнуліся з ліцвінскім дазорам. Тады валыняне хуткім
маршам прайшлі праз балоты да ракі Шчары (якая была, паводле Ермаловіча, мяжой
Літвы), склікалі ваенную раду, а ”нау