У 13 ст. каля 70 ці
больш працэнтаў тэрыторыі Верхняга Панямоння было занята лясамі.
Астатнія няпоўныя 30% складаліся з балот і адкрытых месцаў - палян сярод
бясконцых лясных абшараў. Тут сутыкаліся два паясы расліннасці: шыльнікавыя
(хваёвыя) лясы мяшаліся з гаямі высакародных ліставых дрэў (пояс мяшаных лясоў
займае ўсю тэрыторыю Беларусі).
Тут было месца сустрэчы двух буйных этнічных масіваў - балтаў са славянамі:
крывічоў з аўкштайтамі і дрыгавічоў з яцвягамі. Менавіта гэтая сустрэча ў
краіне лесу аказалася самай значнай падзеяй яе гісторыі за апошнія паўтары
тысячы гадоў. Адным з наступстваў той сустрэчы стала ўзнікненне на Панямонні ў
сярэдзіне - другой палове 13 ст. балта-славянскай дзяржавы, якая ўвайшла ў
гісторыю Еўропы пад назвай “Вялікае Княства Літоўскае”.
Доўгі час навука аб
утварэнні ВКЛ распачыналася з пастулата аб адвечнай балта-славянскай
канфрантацыі, ці ”змагання за тэрыторыі”. Гісторыкі канца 19-20 ст. аналізавалі
сітуацыю 13 ст. зыходзячы з рэалій сваёй эпохі - часу разгортвання еўрапейскіх нацыянальна-вызваленчых рухаў. З
гэтай, напэўна, прычыны Панямонне 13 ст. уяўлялася ім арэнай барацьбы між двумя
буйнымі этнічнымі групамі. Падобна як мастак-баталіст з пазіцыі на вяршыні
пагорка стварае панараму бітвы, так і гісторык з вяршыні сваёй эпохі маляваў
панарамную карціну балта-славянскага змагання за жыццёвую прастору. Утварэнне
новай дзяржавы бачылася яму як вынік перамогі аднаго з сапернікаў над другім.
Аднак сучасная
навука (найперш археалогія і лінгвістыка) выявіла, што на тым месцы, дзе
гісторыкі доўгі час малявалі полымя ваенных пажараў, у сапраўднасці дыміліся
мірныя печы як балцкіх, так і славянскіх хат, раскіданых уперамешку па ўсяму
Верхняму і Сярэдняму Панямонню. Гэтае адкрыццё, якое грунтуецца на некалькіх
дзесяцігоддзях скрупулёзнай працы многіх даследчыкаў, прымушае зусім па-іншаму
глядзець на гісторыю рэгіёна на працягу ўсяго 2 тыс., у тым ліку і на працэс
утварэння ВКЛ. Яно таксама тлумачыць немалаважны для нас факт, чаму на працягу
некалькіх стагоддзяў, дастаткова надзейна прадстаўленых пісьмовымі крыніцамі
(пачынаючы ад 15 ст. і да пачатку 20 ст.), не зафіксавана выпадкаў
беларуска-летувіскіх міжэтнічных канфліктаў.
Тэза аб спрадвечнай балта-славянскай
канфрантацыі на Панямонні - першы з двух даўніх і надзвычай трывалых
стэрэатыпаў, ад якіх лічу неабходным адмовіцца ў сваім даследаванні.
Другім трывалым і не
менш шкодным стэрэатыпам гістарычнага мыслення з’яўляецца этнічны імператыў у матывацыі дзейнасці арганізатараў ВКЛ. Інакш
кажучы, ад пачатку прымаецца, што Міндоўг і яго наступнікі мелі мэтай стварыць
дзяржаву абавязкова этнічна балцкую ці
этнічна славянскую. Аднак шматлікія
гістарычныя аналагі і само далейшае развіццё ВКЛ паказваюць памылковасць такога
падыходу. Арганізатары ВКЛ будавалі дзяржаву ў біэтнічным балта-славянскім рэгіёне, карыстаючыся даступнымі
матэрыяламі і сродкамі. Этнічнае паходжанне дынастыі і падданых у такой справе
істотнага значэння не мела. На першым і найбольш складаным этапе пабудовы
дзяржавы самымі надзейнымі саюзнікамі балта Міндоўга і яго сына Вайшэлка
аказаліся славянскія гарады Панямоння (потым яшчэ Пінск збройнай рукой
падтрымаў Вайшэлка), а этнічна блізкія жамойты, яцвягі і некаторыя аўкштоцкія
кунігасы ваююць супраць Міндоўга на баку славянскай Галіцка-Валынскай дзяржавы.
Кіруючая дынастыя была балцкага паходжання, гэтаксама як і частка вышэйшай
арыстакратыі. Аднак феадалы русінскага паходжання (праваслаўныя і каталікі)
складалі пераважную па колькасці частку шляхты ды значную частку магнатэрыі, і
ўся дзяржаўная арганізацыя будавалася па ўсходнеславянскаму ўзору.
Невядома ніводнага дзяржаўнага інстытута ў ВКЛ, які б можна было лічыць
летувіскім па паходжанню. Летувіская арыстакратыя, якая быццам бы заваявала
Русь, не мела нават уласнай назвы і прыняла русінскую - баяры, нават дзяржаўны
герб насіў беларускую назву “Пагоня”.
Адмова ад памянутых
вышэй стэрэатыпаў дазваляе зняць шэраг яўных супярэчнасцей у рэканструкцыі
працэсу пабудовы дзяржавы і, здаецца, стварае магчымасць распрацоўкі версіі,
якая па меншай меры не супярэчыць вядомым сённяшняй навуцы гістарычным фактам.
У пачатку 13 ст.,
напярэдадні ўзнікнення ВКЛ, на Панямонні актыўна развіваўся працэс мірнага
балта-славянскага ўзаемадзеяння, аб якім шмат гаварылася ў папярэднім раздзеле.
Характар працэсу быў нязменны ўжо больш двух стагоддзяў: усходнія славяне
пранікалі на землі балтаў і паступова іх асімілёўвалі, адначасова самі шмат
чаго пераймаючы ад абарыгенаў. Усходнеславянскія землі (Полаччына, Міншчына,
Піншчына), на якіх працэс асіміляцыі балтаў закончыўся ці быў блізкі да
завяршэння, ахоплівалі тэрыторыю Панямоння вялізнай дугой-падковай з паўночнага
ўсходу да паўднёвага захаду. Прыблізна пасярэдзіне дугі знаходзіўся Мінск.
Землі між канцамі падковы (Віленшчына, Гарадзеншчына, Наваградчына і частка
Міншчыны) уяўлялі сабой кантактную зону са змешаным балта-славянскім
насельніцтвам. Працягваўся паступовы рух усходніх славян на поўнач і паўночны
захад.
Выказаныя ў
гістарыяграфіі меркаванні аб рэзкіх пераменах у 13 ст., менавіта аб спыненні
славянскага руху і “адваёве” балтамі ранейшых тэрыторый, не знаходзяць
пацвярджэння ў крыніцах, гэтаксама як і ў пазнейшых праявах працэсу. У прасторы
між Мінскам і Вільняй (каля 200 км) у кантактнай зоне мірна суіснавалі
ўсходнеславянскія гарады-дзяржавы (галоўным чынам у паўднёвай частцы зоны) і
племянныя аб’яднанні балтаў (паўночная частка). Найбольш заглыбленымі ў балцкую
этнічную тэрыторыю былі гарады Гародня на Нёмане і Вільня на Віліі. Вясковую
ваколіцу ўсходнеславянскіх гарадоў, гэтаксама як і ўмацаваных сядзіб балцкіх кунігасаў,
складалі змешаныя балцкія і славянскія паселішчы. Можна меркаваць, што балцкае
насельніцтва было больш шчыльным на поўначы зоны, а славянскае - на поўдні.
Да пачаткаў ВКЛ
усходнія славяне і балты мелі на Панямонні ўжо больш чым двухвекавы вопыт мірнага
супрацоўніцтва. Уразіўшы нават спецыялістаў-археолагаў высокі ўзровень
эканамічна-культурнага жыцця панямонскіх гарадоў, на маю думку, быў спавадаваны
менавіта гэтым супрацоўніцтвам. Хаця ўдзел у гарадскім жыцці балтаў даследчыкі
ацэньваюць як намнога меншы за славянскі, самі панямонскія гарады: Наваградак,
Гародня, Ваўкавыск, Слонім і іншыя выступалі як эканамічна-адміністрацыйныя і
ваенна-абарончыя цэнтры ўсёй змешанай балта-славянскай ваколіцы. У той жа час
энклавы славянскага сельскага насельніцтва маглі ўваходзіць у склад балцкай
тэрытарыяльна-племянной арганізацыі[4].
Самым значным
горадам рэгіёна ў 13 ст., па ўсёй верагоднасці, быў Наваградак. На другім месцы
знаходзілася Гародня. Пісьмовыя крыніцы (усходнеславянскія летапісы), найперш
кіеўскага паходжання (Іпацьеўскі летапіс), зрэдку ўпаміналі Гародню ў сувязі з
падзеямі 12 ст. і ўвогуле міналі ўвагай Наваградак і іншыя панямонскія гарады.
Гарадзенскія князі выразна знаходзіліся пад палітычным уплывам Кіева і
неаднаразова па выкліку кіеўскага князя прымалі ўдзел у яго ваенных
прадпрыемствах.
Сітуацыя памянялася
ў 13 ст. Галіцка-Валынскі летапіс значна часцей упамінае Наваградак, чым
Гародню. Гэтая ўвага выклікана разгортваннем на Панямонні дзяржаватворчага
працэсу, які Галіцка-Валынскае княства спрабавала спыніць у самым пачатку і ў
якім Наваградак адыгрываў далёка не апошнюю ролю. Менавіта з Галіцка-Валынскага
зводу паходзіць першая дакладная пісьмовая звестка аб існаванні Наваградка,
Слоніма і Ваўкавыска, якая датуецца 1249/50 г. (недакладная храналогія
Іпацьеўскага летапісу - 1252 г.).
Летапісец падае інфармацыю вельмі сцісла, часцей за ўсё то проста згадка ці
ўпамінанне мімаходам. Па сутнасці старажытныя гарады Панямоння былі
па-сапраўднаму адкрыты археолагамі толькі ў 20 ст. Аказалася, што Гародня,
Наваградак, Ваўкавыск (магчыма, і Слонім) былі заснаваныя ўсходнімі славянамі ў
канцы 10 ст., гэта значыць, што апошнія тры паселішчы на момант узгадкі ў
Галіцка-Валынскім летапісе існавалі ўжо больш двух з паловай стагоддзяў.
Напэўна, найлепей даследаваны
археалагічна якраз Наваградак. Тут больш дваццаці гадоў (з 1956 да 1980 г.)
працавала экспедыцыя пецярбургскіх даследчыкаў пад кіраўніцтвам Фрыды Гурэвіч.
Яна выявіла, што паселішча, ўзнікшае ў канцы 10 ст. на найвышэйшых вяршынях
Наваградскага ўзвышша, у 12-13 стст. перажывала незвычайны росквіт. Сапраўдным
адкрыццём стала выяўленне на вакольным горадзе багатага жылога квартала 12-13
стст., будынкі якога былі, па ўсёй верагоднасці, двухпавярховымі і мелі шкляныя
вокны (вялікая раскоша на той час), а ў адной пабудове адкрыты нават фрэскавы
роспіс. Фрыда Гурэвіч прыйшла да высновы, што гэты квартал не быў нейкім
чужародным элементам у горадзе, а ўзнік у выніку развіцця мясцовай культуры.
Асабліва ўразіла даследчыкаў шырыня і багацце гандлёвых сувязей горада.
Наваградскія купцы актыўна гандлявалі з Прыбалтыкай, Заходняй Еўропай,
Прычарнамор’ем, Візантыяй, Блізкім Усходам, не кажучы ўжо пра землі
ўсходнеславянскага арэала: Полацкую, Кіеўскую і інш.
Шматгадовыя
скрупулёзныя даследаванні як самога горада, так і ваколіц здабылі каштоўную
інфармацыю аб этнічным складзе яго жыхароў.
Асноўнымі насельнікамі горада і яго бліжэйшай ваколіцы былі ўсходнія славяне з
племяннога аб’яднання дрыгавічоў. Акрамя таго, пэўныя асаблівасці матэрыяльнай
культуры сведчаць аб прысутнасці тут выхадцаў з Валыні, Мазовіі і, натуральна,
з суседніх балцкіх земляў. Побач з горадам яшчэ ў 19 ст. былі раскапаны курганы
з пахавальным інвентаром, уласцівым для ўсходнелітоўскіх пахавальных помнікаў.
Значная частка ювелірных вырабаў мясцовай наваградскай вытворчасці мела яўны
прыбалтыйскі характар, што, на думку Гурэвіч, магло адлюстроўваць знаходжанне ў
Наваградку рамеснікаў - выхадцаў з суседняй Літвы ці, дадам, можа быць
сведчаннем арыентацыі наваградскіх рамеснікаў на балцкі рынак.
Археалагічныя
даследаванні засведчылі высокі ўзровень матэрыяльнай і духоўнай культуры
Гародні ў 12-13 стст.
Буйнейшай культурнай з’явай рэгіёна стала ўзнікненне ў гэтым горадзе ў другой
палове 12 ст. унікальнай па сваіх будаўнічых і мастацкіх вартасцях архітэктурнай
школы. Яна прадстаўлена сёння шасцю мураванымі помнікамі (тры царквы, княскі
церам, участак абарончай сцяны ў самой Гародні і адзін недабудаваны храм у
Ваўкавыску). Амаль усе гэтыя помнікі, за выключэннем знакамітай Барысаглебскай
царквы (Каложы), адкрыты археолагамі. Ёсць падставы меркаваць аб існаванні ў
горадзе яшчэ двух мураваных храмаў 12 ст.
Археалагічныя раскопкі пацвердзілі высокі ўзровень эканамічна-культурнага жыцця
таксама ў Ваўкавыску і Слоніме[10].
Такім чынам,
шматгадовыя даследаванні археолагаў адназначна засведчылі высокі
эканамічна-культурны патэнцыял панямонскіх гарадоў 13 ст., што, несумненна,
адыграла сваю важную ролю ў працэсе пабудовы ВКЛ. Усходнеславянская частка
Панямоння па тэрытарыяльным абсягу, матэрыяльных і людскіх рэсурсах, агульнаму
эканамічна-культурнаму ўзроўню значна перавышала Аўкштоту, не меўшую сваіх
гарадоў, не ведаўшую пісьменства, мураванай архітэктуры і г. д.
За некалькі
стагоддзяў балта-славянскага ўзаемадзеяння ў рэгіёне ўсталявалася адносна
стабільная этна-культурна-палітычная сістэма, спецыфікай якой была яе
біэтнічная аснова. Дынамічная раўнавага ў сістэме трымалася на мірным
суіснаванні ўсходнеславянскіх гарадоў-дзяржаў і балцкіх тэрытарыяльна-племянных
аб’яднанняў. Гэты сімбіёз у сваю чаргу быў часткай велізарнай палітычнай
сістэмы Усходняй Еўропы. У рэгіёне дамінуе ўсходнеславянская культура і
адбываецца паступовая асіміляцыя балцкага насельніцтва, якая з пазіцыі
сённяшняга дня бачыцца як праява працэсу этнагенезу беларускага народа.
Менавіта гэтая тэрыторыя (балта-славянская кантактная зона) стала ядром ВКЛ -
гістарычнай Літвой, утрымлівала назву “Літва” да пачатку 20 ст. і захоўвае
пэўную адметнасць да сённяшняга дня.
Стабільнасці
панямонскай сістэмы не змагла парушыць успышка ваяўнічасці балцкіх плямёнаў,
названых у летапісах “літвой”, зафіксаваная пачынаючы ад 80-х гадоў 12 ст.
Раўнавага захавалася найперш па той прычыне, што ваяўнічы рух балтаў быў
накіраваны за межы сваёй панямонскай сістэмы.
Аднак сам факт гэтай
актыўнасці стаў важнейшай падставай для ўзнікнення тэзы аб заваёве Беларускага
Панямоння (як і ўсёй Беларусі) летувісамі і ацэнкі ВКЛ як балцкай дзяржавы.
Зыходзячы з рэальнага факта літоўскіх паходаў на ўсходнеславянскія землі,
некаторыя гісторыкі высунулі тэзу аб перарастанні рабаўнічых нападаў на Русь у
тэрытарыяльна-захопніцкія. Тым не менш прыхільнікам гэтай тэзы не ўдалося
выявіць ніводнага факта захопу літоўцамі якога-небудзь горада ці зямлі на
тэрыторыі будучай Беларусі. Пісьмовыя крыніцы зафіксавалі выпадкі
супрацоўніцтва, а канфрантацыі - ніводнага. Вядома некалькі выпадкаў мірнага -
па запрашэнню - усталявання князёў-балтаў ва ўсходнеславянскіх
гарадах-дзяржавах і ніводнага - шляхам захопу.
Ды і самі літоўскія
напады не былі настолькі магутным фактарам, каб разбурыць або сур’ёзна парушыць
усходнеславянскую культурна-палітычную сістэму. Іх уплыў на жыццё тагачаснай
Русі можна параўнаць з уплывам печанегаў ці полаўцаў. Спецыяльныя даследаванні
паказваюць, што ў пазнейшыя часы, пасля так званай заваёвы, працэс прасоўвання
славян у балцкія землі не спыняецца, гэтаксама як асіміляцыя мясцовых балтаў. Несумненна,
ваенна-рабаўнічая актыўнасць паскорыла сацыяльную дыферэнцыяцыю балцкага
познеродавага грамадства і была прадвеснікам новага ладу - дзяржаўнага. Аднак
на эвалюцыю патрэбны час, якога якраз не было.
Другой не менш
важнай часткай традыцыйнай канцэпцыі з’яўляецца тэза аб утварэнні яшчэ ў канцы
12 - пачатку 13 ст. папярэдніцы ВКЛ - раннефеадальнай летувіскай (балцкай)
дзяржавы на балцкай тэрыторыі (саюз ці
канфедэрацыя). Гісторыкі паклалі шмат намаганняў, каб выявіць сляды той
дзяржавы. Аднак пошукі гэтыя нельга прызнаць удалымі. Надзейна ўстаноўлены
толькі факт сацыяльнай дыферэнцыяцыі балцкіх плямёнаў, у тым ліку літоўцаў. Яе
паскарала ваенна-рабаўнічая дзейнасць. Асобныя ўдачлівыя правадыры-арганізатары
рабаўнічых паходаў засяроджвалі ў сваіх руках значныя матэрыяльныя багацці.
Выдзяляецца праслойка т.зв. нобіляў, што пацвярджаюць археалагічныя матэрыялы.
Аднак з’яўленне племянной арыстакратыі яшчэ не доказ існавання дзяржавы.
Фактычна адзіным
пісьмовым сведчаннем, якое маюць у сваім распараджэнні адэпты ранняй балцкай (у
сэнсе летувіскай) дзяржавы, менавіта канфедэрацыі (саюза) летувіскіх земляў,
з’яўляецца ўпамінанне “старэйшых” князёў у вядомай дамове 1219 г. Гэтыя пяць
князёў: Жывібунд, Даўят, Даўспрунк, яго брат Міндоўг, брат Даўята Вілікайл
называюцца (як саюзнікі - Пашута ці як манархі - напрыклад, Заянчкоўскі)
уладарамі аб’яднаных Аўкштоты і Жамойці (Летувы - у сённяшнім разуменні).
Аднак гэтая версія
аб аб’яднанай ужо ў першых дзесяцігоддзях 13 ст. пад уладай адной ці некалькіх
асоб Летуве не вытрымлівае праверкі з дапамогай іншых крыніц. Важнейшай і
надзейнейшай з іх лічыцца “Хроніка Лівоніі” Генрыха Латвійскага. Князі,
пералічаныя ў дамове 1219 г., у тым ліку і старэйшыя, зусім невядомы айцу
Генрыху, сучасніку той падзеі, пісаўшаму сваю Хроніку каля 1227 г. У сваю чаргу
Генрых паведамляе аб цесцю князя Усевалада з Герсікі, магутным літоўскім
кунігасе Даугерутэ,
аб якім нічога не ведае Галіцка-Валынскі летапіс. Характэрна, што літоўцы ў
творы Генрыха ў адрозненне ад полацкіх князёў, тытулаваных каралямі, называюцца
проста “літоўцы”, гэтаксама як лівы, эсты, земгалы, куры[12].
Крыніцы зафіксавалі
факты дзейнасці літоўскіх кунігасаў цалкам незалежна адзін ад другога ў
наступных дзесяцігоддзях 13 ст. У 1238 г. Даніла навёў “Літву Міндоўга” на
Конрада Мазавецкага, гэта значыць быў у саюзе з апошнім. А праз тры гады ў 1241
г. брат Данілы Васілька застаўся сцерагчы
зямлю “ад Літвы”, можа іншых несаюзных Раманавічам плямёнаў? У 1243/44
г. літоўцы нападаюць на Валынь на чале з Айшўна Рушкавічам (род Рушкавічаў
названы ў дамове 1219 г.), пасля 1244 г. зноў адбыўся напад пад кіраўніцтвам на
гэты раз Лонькогвена. Амаль у той жа час (1245 г.) Даніла з Васількам пасылаюць
па дапамогу ў Літву для вайны з Расціславам Галіцкім і атрымліваюць яе ад
Міндоўга. Цікавы запіс: “Данило же и Василко посласта въ Литву помощи просяща,
и послана бысть отъ Миндога помощь”.
Такім чынам, выглядае, што еднасці ў Літве не было яшчэ і ў сярэдзіне 40-х
гадоў 13 ст. Адны кунігасы ваююць з Валынню (прычым не “старэйшых” родаў),
другі - Міндоўг выступае як актыўны саюзнік - дасылае туды ваенную дапамогу.
З Ноўгарадскага
летапісу вядома, што ў 1245 г. князь Аляксандр Яраслававіч (вядомы як Неўскі)
забівае пад Тарапцом 8, а потым яшчэ некалькі літоўскіх князёў (“княжиць”).
Нобіль Лінгевін, падтрыманы Міндоўгам, змагаецца з трыма “багатымі братамі” -
Тушэ, Мільгерынам і Гінгейкам.
Апісваючы смерць Міндоўга, летапісец сведчыць, што ён быў адным з кунігасаў у
Літоўскай зямлі (“бысть княжящю ему въ земли Литовьской”), а потым у выніку
пэўных падзей “нача княжити одинъ во всей землъ Литовьской”.
Найверагодней, што
пасольства 1219 г. - прыклад часовага аб’яднання групы правадыроў для вырашэння
канкрэтнай ваенна-дыпламатычнай мэты. Падобныя дамовы ў 13 ст. не былі
рэдкасцю. Генрых Латвійскі паведамляе, што ў 1201 г. перад нападам на землі
земгалаў літоўцы заключылі мір з Рыгай. У 1212 г. пасольства літоўцаў прыйшло ў
Кокнесе прасіць міра, каб прайсці да зямлі эстаў. Лаўмяньскі дэталёва і даволі
пераканаўча паказаў, што Аўкштота не мела над сабой адзінай улады яшчэ ў першых
гадах пасля каранацыі Міндоўга. Падпарадкаванне Аўкштоты каралём даследчык
адносіць толькі да 1254-1258 гг.
Сучасны летувіскі гісторык Гудавічус піша аб “чыста намінальнай” уладзе
Міндоўга над іншымі кунігасамі да канца 40-х - пачатку 50-х гадоў 13 ст.
Заўважу, што крыніцы не дазваляюць сцвердзіць нават гэтага намінальнага
адзінаўладдзя.
Лічу, што няма
надзейных падстаў да высновы аб існаванні ўжо ў першых дзесяцігоддзях 13 ст. (і
наступных таксама) палітычнага аб’яднання балцкіх плямёнаў Аўкштоты і Жамойці -
канфедэрацыі пад верхавенствам аднаго са “старэйшых” князёў. Слядоў адзінай
дзяржавы няма. Моцных людзей, вялікіх правадыроў (könig gros - Старэйшая
рыфмаваная хроніка) у балтаў было шмат. Аднак узгодненыя дзеянні групы
кунігасаў для вырашэння пэўных дыпламатычных (як дамова з Галіцка-Валынскім
княствам) ці ваенных (сумесныя паходы) задач - таксама яшчэ не дзяржава.
Узнікненне новай дзяржавы наўрад ці магло быць не заўважаным сучаснікамі.
Успомнім, наколькі выразна пісьмовыя крыніцы 13 ст. зафіксавалі дзейнасць
Міндоўга ў справе пабудовы ВКЛ.
Даследчыкі
неаднаразова звярталі ўвагу на яўную сувязь генезы ВКЛ са знешнепалітычнай
сітуацыяй ва Усходняй Еўропе. Панямонская сістэма магла існаваць яшчэ доўгі час
у працэсе паступовай эвалюцыі. Аднак важныя знешнія падзеі зрабілі гэты шлях
немагчымым. Палітычная сістэма Усходняй Еўропы аказалася разбуранай у сярэдзіне
13 ст. падзеямі надзвычайнага маштабу і важнасці. Уся паўднёвая і ўсходняя
частка ўсходнеславянскага арэала была зруйнавана мангола-татарамі. Татарская
навала знішчыла існуючыя там дзяржавы, перасекла традыцыйныя гандлёвыя шляхі.
Пагроза з паўднёвага ўсходу пастаянна адчувалася і на Панямонні. Акрамя таго,
знешняя небяспека пагражала з поўначы і з захаду: немцы з пачатку 13 ст.
усталяваліся ў ніжнім цячэнні Дзвіны. Тэўтонскі ордэн, заваяваўшы Прусію, з
1283 г. распачаў актыўную агрэсію на Панямонне. На чатыры дзесяцігоддзі раней,
у 1245 г., Ордэн атрымаў ад імператара прывілей на валоданне будучымі
тэрытарыяльнымі набыткамі ў Літве.
У такіх умовах
наступнай ступенню эвалюцыі балта-славянскага сімбіёзу на Панямонні стала
стварэнне арганізацыі для абароны сваёй жыццёвай прасторы. Выглядае цалкам лагічным,
што на чале арганізацыі стаў мацнейшы, правераны ў баях і паходах ваенны
правадыр. Яго этнічнае паходжанне істотнага значэння не мела, асабліва ў
рэгіёне, дзе два этнасы вякамі жылі ўперамешку.
Гісторыі вядома
некалькі выпадкаў мірнага - па запрашэнню - прыходу балцкіх князёў на сталы
ўсходнеславянскіх гарадоў і ніводнага - шляхам ўзброенага нападу. Пскоўскі
летапіс у паведамленні пра выгнанне з Пскова ў 1213 г. князя Уладзіміра
Тарапецкага называе яго “літоўскім князем”.
У 1248 г. папа піша ліст да “новаахрышчанага” князя Полацка (выказвалася думка,
што адрасатам папы быў Таўцівіл).
“Новаахрышчаны” стан князя ўсходнеславянскага горада з’яўляецца доказам яго
паганскага (балцкага) паходжання і адначасова сведчаннем мірнага прыходу на
полацкі стол. Дэталёва апісана ў летапісах з’яўленне ў Пскове князя Даўмонта ў
1265г.
У гэтым выпадку ніяк не выпадае казаць, што, уцёкшы ад помсты Вайшэлка,
выгнанец збройнай сілай прымусіў пскавічоў выклікнуць сябе князем. Для Пскова,
як і для Полацка і іншых усходнеславянскіх гарадоў, не так важна было этнічнае
паходжанне служылага князя, як яго ваенныя здольнасці ды вернасць дзяржаве.
Даўмонт са сваім статусам выгнанца наўрад ці мог спадзявацца на лепшую кар’еру
дзе-небудзь у іншым месцы. Не дзіўна, што гэты здольны вайсковы кіраўнік
старанна даводзіў вернасць сваёй новай радзіме і найперш у баях са сваімі
былымі этнічна блізкімі суайчыннікамі.
Пісьмовыя крыніцы,
дапоўненыя аналізам працэсу балта-славянскіх кантактаў і пералічанымі вышэй
аналогіямі, паказваюць, што, найверагодней, таксама было і на Панямонні. Даволі
цікавай бачыцца ідэя Міколы Ермаловіча аб запрашэнні Міндоўга на пасаду
наваградскага князя. Няма толькі падстаў лічыць, як гэта робіць Ермаловіч,
Міндоўга ізгоем. Крыніцы сведчаць аб адваротным, ды і палітычная логіка ў даным
выпадку дыктавала наваградцам саюз з мацнейшым.
Такім чынам, у
першых дзесяцігоддзях 13 ст. на Панямонні назіраем лакальную палітычную
сістэму, якая з’яўляецца часткай буйной сістэмы - усходнееўрапейскай. Вядомы
прычыны, якія разбурылі вялікую сістэму і рэальна пагражалі малой. Гэта ваенная
пагроза звонку. Менавіта яна, на думку даследчыкаў, справакавала пачатак
працэсу дзяржаваўтварэння. Іншымі словамі, панямонская палітычная сістэма
атрымала штуршок звонку. Адпаведна другому пачатку тэрмадынамікі (закон
энтрапіі) сістэма атрымлівае першасны штуршок-імпульс і потым растрачвае
атрыманую энергію на пераадоленне супраціву знешняга асяроддзя, пакуль зноў не
прыйдзе да раўнавагі. Але гэта ўжо будзе іншая якасць, іншая сістэма.
Нас найбольш
цікавяць панямонскія ўнутрысістэмныя
працэсы, якія ў гістарычнай літаратуры выступаюць пад назвай “генезіс ВКЛ”.
Ведаючы вытокі знешняга штуршка, заканамерна паставіць наступнае пытанне: што
было самым пачаткам, адпраўным пунктам унутрысістэмнага працэсу? Ці канкрэтней:
што парушыла дынамічную палітычную раўнавагу на Панямонні і прывяло мясцовую
сістэму ў рух?
Аналіз наяўных
пісьмовых звестак у комплексе з данымі археалогіі і лінгвістыкі дазваляе
адказаць на гэтыя пытанні наступным чынам: пачаткам
ВКЛ стаў палітычны саюз двух галоўных рэгіянальных сіл - усходнеславянскіх
гарадоў-дзяржаў з некаторымі найбольш моцнымі правадырамі балцкіх плямёнаў.
Калі яшчэ больш канкрэтызаваць, то пачаткам быў саюз важнейшага горада рэгіёна
- Наваградка з мацнейшым з суседніх кунігасаў Міндоўгам. Менавіта гэты саюз
парушыў дынамічную раўнавагу сіл на Панямонні, даў саюзнікам перавагу і пры
адпаведных знешніх абставінах паклаў пачатак працэсу дзяржаваўтварэння.
Прыняцце версіі балта-славянскага саюза, здаецца, дае магчымасць лагічна
вытлумачыць і ўвязаць між сабою самыя розныя палітычныя падзеі, звязаныя з
працэсам стварэння ВКЛ.
Пісьмовыя крыніцы не
зафіксавалі фармальны акт гэтага саюза, гэтаксама як і час яго ўтварэння.
Вельмі верагодна, што па прычыне адсутнасці звычаю складання падобных
дакументаў названы акт увогуле не быў аформлены пісьмова. Яшчэ ў 14 і пачатку
15 ст. пісаны дакумент у ВКЛ выкарыстоўваўся амаль выключна пры міжнародных
кантактах. Вельмі рэдка вялікія князі карысталіся ім у адносінах з
прадстаўнікамі сваёй дынастыі.
На жаль, не захаваліся тагачасныя ўласна панямонскія летапісы. Галіцка-Валынскі
летапіс (найбольш каштоўная крыніца) паказаў галоўным чынам знешнія праявы
працэсу, ды і то не ўсе. Тым не менш наяўныя летапісы, хронікі і актавыя
матэрыялы выразна адлюстравалі дзейнасць саюза, паколькі гэтая дзейнасць далёка
выходзіла за рамкі рэгіянальных маштабаў. Па шэрагу летапісных звестак можна
вывесці, што ў саюзе з Наваградчынай была не ўся Аўкштота, і нават не ўся
Літоўская зямля, а толькі яе частка, падуладная Міндоўгу, а пазней, у 70-х
гадах - літоўскае ўладанне Трайдэна (карта № 5).
Нам невядома, хто
быў ініцыятарам, у чыёй галаве саспела рашэнне як адказ на надзённыя патрэбы і
трывогі часу. Ці сам Міндоўг прыслаў да наваградчанаў прапанову злучыць свае
сілы, ці наваградскія моцныя людзі, усвядоміўшы раптоўны абрыў усіх багатых
гандлёвых сувязей на паўднёвым усходзе, паслухаўшы ўцекачоў, паслалі запрашэнне
мацнейшаму з суседніх кунігасаў да сябе на княжанне.
На падставе вядомай
сённяшняй навуцы інфармацыі няма магчымасці даведацца, у якой форме адбыўся акт
утварэння саюза, але здаецца магчымым дастаткова надзейна зафіксаваць яго ў
часе з дакладнасцю да дзесяцігоддзя ці нават года. З дастатковай верагоднасцю
можна назваць таксама месца падзеі - Наваградак. Утварэнне ВКЛ - Адказ на
Выклік Гісторыі, які быў зроблены ў форме значных і надзвычайна пагрозлівых для
рэгіёна міжнародных падзей. Адказ стаў магчымым дзякуючы шчасліваму збегу
многіх акалічнасцей. Да апошніх належыць найперш спрыяльнае геаграфічнае
размяшчэнне рэгіёна - будучага ядра дзяржавы. Дарэчы прыйшоўся больш чым
двухвекавы вопыт балта-славянскага супрацоўніцтва, які паспрыяў таксама
росквіту на Панямонні эканамічнага і культурнага жыцця, наяўнасць на месцы
гатовых узораў дзяржаўнасці і развітых дзяржаўных структур, энергічных
военачальнікаў у асобах літоўскіх кунігасаў і г.д.
Тэрыторыя Сярэдняга
Панямоння, а таксама Падзвіння засталася ў баку ад галоўнага кірунку татарскага
прышэсця. Аддаленасць ад узбярэжжа Балтыйскага мора на нейкі час уратавала
Панямонне ад экспансіі з боку тутэйшых нямецкіх дзяржаўных утварэнняў. Татары
прайшлі на захад - праз Польшчу і Венгрыю. Прусы, яцвягі і жамойты да 1283 г.
стрымлівалі Тэўтонскі ордэн. Рыжскае арцыбіскупства і Лівонскі ордэн былі
занятыя ўмацаваннем сваёй улады ў Лівоніі, Эстоніі, разборкамі між сабой і з
суседнімі ўсходнеславянскімі дзяржавамі. Лівонскія немцы доўга не маглі
аправіцца пасля паражэння Ордэна мечаносцаў ад жамойтаў у 1236 г. пад Сауле.
Мечаносцы былі разгромлены разам з дапаможнымі атрадамі эстаў і пскавічоў,
страцілі забітымі каля пяцідзесяці рыцараў, у тым ліку магістра. Паміж
1236-1240 і 1283 гг. Панямонне мела адносна спакойны час, якога аказалася
дастаткова для фармулёўкі Адказу.
Галоўным праціўнікам
на шляху пабудовы панямонскай дзяржавы ў гэты час стаў паўднёвы сусед -
Галіцка-Валынскае княства. У першай палове 13 ст. Верхняе і Сярэдняе Панямонне
ўваходзіла ў сферу ўплыву астатняга. Мясцовыя гарады-дзяржавы ўдзельнічаюць у
валынскіх палітычных справах. У канцы 1228 ці ў 1229 г. у кааліцыі супраць
валынскага князя Данілы Раманавіча прымаюць удзел разам з куранамі, пінянамі і
тураўцамі таксама навагародцы.
Відочны таксама і культурны ўплыў, напрыклад, у Наваградку і Гародні, магчыма,
у Вільні будуюцца абарончыя мураваныя вежы т.зв. валынскага тыпу. Падобныя
пабудовы былі ўзведзены яшчэ на Палессі: у Бярэсці, Пінску і Камянцы.
Праз адносіны з
Галіцка-Валынскай дзяржавай, пакладзеныя на фон іншых міжнародных падзей, можна
ў пэўнай ступені аднавіць развіццё сітуацыі на Панямонні ў 20-70-х гадах 13
ст., прывёўшых да ўтварэння новай дзяржавы. У нашым даследаванні ўжо не раз
упаміналася адна цікавая падзея: аб’яднанае пасольства балцкіх князёў на Валынь
з прапановай міру ў 1219 г. Валынскі летапісец перадаў, па ўсёй верагоднасці,
найбольш важныя, на яго думку, дэталі гэтай падзеі.
Летапісны запіс утрымлівае імёны 21 балцкага князя, якія ўсе (у тым ліку
жамойцкія і дзяволцкія) аб’яднаны назовам літоўскіх. Яны абяцаюць Раманавічам
мір і сапраўды, як паведамляе летапіс, “и бъ земля покойна”.
Гэтае пасольства
шматкратна і па-рознаму інтэрпрэтавалася гісторыкамі. У ім бачылі сведчанне
аб’яднання Летувы, наяўнасці канфедэрацыі летувіскіх земляў з вярхоўнай уладай
у асобах “старэйшых” князёў - тую міфічную балцкую дзяржаву, аб якой мы
гаварылі вышэй. Генрык Пашкевіч угледзеў тут нават наяўнасць вялікага князя ў
асобе названага першым Жывібунда (дыскусія аб значку над “и”). Той жа аўтар
палічыў, што гэтае пасольства было выклікана “жаданнем (Летувы. - А.К.) выкарыстаць цяжкую сітуацыю Данілы
і Васількі для сваіх дзяржаўных мэт”.
Ежы Ахманьскі невядома адкуль вывеў, што ў абмен за мір для Валыні кунігасы
захацелі і атрымалі ў сваё валоданне т.зв. Чорную Русь (гэты недаказаны факт у
даследчыка стаў падставай для высновы аб перарастанні рабавання ў
тэрытарыяльныя захопы і ўвогуле паўстання ВКЛ).
Далейшыя падзеі
паказваюць, што пра еднасць Летувы на гэты час гаварыць нельга. Ужо
ўпаміналася, што аб аб’яднанай Летуве нічога не ведаюць іншыя крыніцы, у тым
ліку надзейны Генрых Латвійскі, хоць такая значная падзея, як утварэнне новай
дзяржавы, не праходзіць незаўважанай. У творы Генрыха на паўночна-ўсходнім
кірунку дзейнічаюць літоўскія князі з зусім іншымі імёнамі, чым пералічаныя ў
тэксце дамовы.
У інспіраваным
валынскімі князямі паходзе 1238 г. супраць Конрада Мазавецкага прымаў удзел
князь Ізяслаў Наўгародскі: Даніла “возведе на Кондрата Литву, Минъдога (трэба
чытаць без коскі - Літву Міндоўга. - А.К.),
Изяслава Новгородьского”.
Адсюль выводзім, што Міндоўг меў уладанні ў Літве, а ў Наваградку сядзеў
праваслаўны князь-славянін (ці хрышчаны балт), які выступаў цалкам самастойна.
Гэтая дата - важная веха ў вывучэнні дзяржаватворчага працэсу, апошняя, бачная
нам перад утварэннем саюза Міндоўга з Наваградкам.
Наступны, даступны
нашаму погляду знак - то ўжо канстатацыя адзінства (саюза) - 1248 г., калі
Міндоўг выганяе пляменнікаў Таўцівіла і Эрдзівіла (яны лічацца сынамі брата
Міндоўга - Даўспрунка). Раманавічы іх прымаюць, рыхтуюцца да вайны з Міндоўгам
і ў 1249/50 г. вядуць войска супраць яго ў Літву, а менавіта на... Наваградак!
Адсюль маем ужо першы зафіксаваны выпадак атаясамлення (г.зн. саюза) Міндоўга з
Наваградкам[29].
Такім чынам, можна з
вялікай доляй верагоднасці вывесці, што ўтварэнне балта-славянскага палітычнага
саюза на Панямонні адбылося менавіта ў гэты адрэзак часу - 10 гадоў між 1238 і
1248 гг. Валынскі летапісец успрымае названы саюз як ужо звыклую справу, для
яго цалкам натуральна лічыць аблогу Наваградка эпізодам вайны з Літвой. Калі
нават прыняць пад увагу, што гэта погляд чалавека, пісаўшага ў канцы 13 ст., то
ўсё роўна істотным чынам справа не змяняецца.
Здаецца, можна
паспрабаваць, не выходзячы за межы праўдападобнасці, яшчэ больш звузіць поле
пошуку і ўдакладніць час знамянальнай падзеі. Усведамленне неабходнасці яднацца
дзеля абароны мусіла праявіцца найвыразней пасля 1240-1241 гг., калі
мангола-татарская небяспека стала рэальнасцю. Мангольскія войскі апустошылі
Паўднёвую Русь, захапілі Кіеў, а ля недалёкага Бярэсця Даніла і Васілька “не
возмогоста в поле ити смрада ради множьства избъеных”. Ордэн яшчэ не мог пачаць
шырокае наступленне на Панямонне з боку Прусіі, але ў 1245 г. ён ужо атрымаў ад
германскага імператара прывілей на будучыя зямельныя набыткі ў Літве.
Яшчэ ў 1245 г.
Раманавічы знаходзяцца ў саюзе з Міндоўгам (атрымліваюць ад яго ваенную
дапамогу). Гэтыя саюзныя адносіны маюць ужо трывалую традыцыю (летапісныя
сведчанні аб іх 1219, 1238, 1245 гг.). Калі ў 1248 г. Міндоўг просіць не
падтрымліваць прыбегшых на Валынь сваякоў, то гэта выглядае цалкам натуральна -
ён звяртаецца да сваіх сталых саюзнікаў.
Аднак Раманавічы
ідуць на парыў даўняга (амаль 30 гадоў) саюза, падтрымліваюць выгнанцаў,
ствараюць супраць Міндоўга магутную кааліцыю ў складзе Лівонскага ордэна,
жмудзінаў, яцвягаў і распачынаюць вайну. Сямейны, здавалася б, канфлікт
нечакана набірае характар вялікай палітыкі. Затым галіцка-валынскія князі ў
1249-1250 г. ідуць супраць Міндоўга на Наваградак. Такім чынам, гэты паход у Літву на Наваградак - першая фіксаваная
звестка аб еднасці ці балта-славянскім саюзе. У выніку названага саюза
ўтварыўся новы дзяржаватворчы цэнтр. Рэакцыя валынскіх князёў паказвае, што яны
цалкам усведамлялі небяспеку гэтага саюза для сваіх пазіцый на Панямонні, таму
і распачалі такое актыўнае і маштабнае супрацьдзеянне.
Падобна, першай
рэальнай праявай балта-славянскага саюза, першым крокам да стварэння новай
дзяржавы (заўважаным і ацэненым у суседніх краінах) была аперацыя, праведзеная
пад кіраўніцтвам Міндоўга, у выніку якой, па словах летапісца, “поимана бъ вся
земля Литовьская”. Таму час правядзення гэтай акцыі - 1248 г.
прапануецца прыняць за пачатак генезы
ВКЛ.
Створаная
Раманавічамі кааліцыя пагражала задушыць працэс дзяржаваўтварэння ў самым
пачатку ці па меншай меры прыпыніць яго на неакрэслены час. Распачатыя для
выйсця з цяжкай сітуацыі дзеянні засведчылі буйны дзяржаўны талент неардынарнай
асобы Міндоўга і здабылі яму рэпутацыю пачынальніка ВКЛ. Адрэзак часу трохі
больш за дзесяцігоддзе - 50-я - пачатак 60-х гадоў 13 ст. (да смерці Міндоўга)
багацей прадстаўлены дакументамі, лепей вывучаны гісторыкамі, чым усе
папярэднія і наступныя дзесяцігоддзі,
што яшчэ раз паказвае значнасць самой падзеі і важнасць гэтага перыяду ў генезе
ВКЛ. Паўстаўшая дзяржаватворчая сіла ў выглядзе саюза Міндоўга з Наваградкам
правяла першую акцыю і выклікала, зразумела, варожую і жорсткую рэакцыю
некаторых суседніх дзяржаў. Поспех справы ў многім залежаў ад выніку гэтага
першага цяжкага выпрабавання. Вынік аказаўся ўдалым, малады дзяржаўны арганізм
давёў сваю жыццястойкасць і набыў запас трываласці, якога аказалася дастаткова,
каб перажыць наступны крызіс, на гэты раз узнікшы ў самой сістэме.
Вельмі цяжка
разабрацца ў складаным клубку буйных і менш значных падзей, праз якія
нараджалася новая дзяржава. Часта ў дакуменце якое-небудзь важнае здарэнне
апісваецца адной фразай ці ўпамінаецца толькі мімаходзь і з-за адсутнасці іншых
крыніц немагчыма правесці карэкцыю суб’ектыўнай ацэнкі аўтара. Таму ход падзей
даводзіцца рэканструяваць вельмі асцярожна, прымаючы за верагодныя найперш
даныя, пацверджаныя іншай крыніцай ці адпаведныя агульнай логіцы працэсу.
Значны ўдзел у
працэсе ўтварэння ВКЛ прыняла суседняя з Панямоннем Піншчына. У 13 ст.
Турава-Пінская зямля знаходзілася ў палітычнай залежнасці ад Галіцка-Валынскага
княства, але пры зручным выпадку імкнулася ўмацаваць сваё незалежнае
становішча. У 1227 г. пінчукі забіраюць Чартарыйск пасля смерці яго гаспадара
Івана Мсціслававіча, і ў наступным годзе Даніла і Васілька Раманавічы сілай яго
адбіраюць. У той жа час князь Расціслаў пінскі, па словах валынскага летапісца,
“не престаяше клевеща, бъша бо дъти его изыманы”.
У канцы 1228 ці ў 1229 г. пінчукі і тураўцы разам з куранамі і наваградцамі
ваююць супраць Данілы Раманавіча. Аднак у тым жа годзе князь Уладзімір пінскі
выступае як васал Раманавічаў. Ідучы ў Польшчу, браты пакінулі яго ў Бярэсці
сцерагчы свае землі ад яцвягаў. Якраз каля Бярэсця паходам на Польшчу
накіроўваўся літоўскі атрад. Літоўцы лічылі, што ідуць па мірнай з імі зямлі
(відавочна, рабілі гэта не першы раз), аднак Уладзімір выйшаў з берасцейцамі з горада
і разбіў літоўцаў.
Гэтае здарэнне - адзіны факт сутыкнення берасцейцаў з літоўцамі, прычым не па
ініцыятыве апошніх.
Са звестак
Галіцка-Валынскага летапісу вынікае, што Пінск стараўся захоўваць мірныя
адносіны з насельнікамі Панямоння і падтрымліваў мясцовы дзяржаватворчы
асяродак. Відавочна, імкненне Пінска да ВКЛ тлумачылася жаданнем выйсці з-пад
залежнасці ад Галіцка-Валынскай дзяржавы. Аднак піняне мусілі дзейнічаць
асцярожна, каб не ствараць для сябе лішняй пагрозы. Валынскі летапіс выразна
паказвае гэтую дваіснасць пінскай палітыкі. Каля 1245 г. пінскі князь патаемна
папярэджвае літоўскі атрад аб надыходзе валынскага войска.
Аднак пінскія войскі некалькі разоў “няволяю” змушаны прымаць удзел у паходах
галіцка-валынскіх князёў на Літву. Пад час крызісу ў ВКЛ, выкліканага
забойствам Міндоўга, піняне рашуча ўмяшаліся ў панямонскія справы: спачатку
прынялі ўцёкшага з Літвы Вайшэлка, а ў 1264 г. іх войска пайшло з ім
наводзіць парадак у Аўкштоце.
Полацкая зямля ў 13
ст. прытрымліваецца традыцыйнай палітыкі мірных адносін з літоўцамі. Полацк не
прымае ўдзелу ні ў адной выправе, скіраванай супраць панямонскай дзяржавы.
Выказваліся розныя меркаванні аб часе ўваходу Полацкай зямлі ў сферу
палітычнага ўплыву ВКЛ. Той факт, што Полацк не ўступаў ва ўзброеныя канфлікты
з літоўцамі, даследчыкі часам расцэньвалі (у духу традыцыйнай канцэпцыі) як
сведчанне яго залежнасці ад Літвы (Аўкштоты). Маўляў, раз палачане з літвой не
ваявалі, а прапускалі яе на ноўгарадскія і смаленскія землі, то, значыць,
баяліся і залежалі ад літоўцаў.
Але большасць
гісторыкаў выказваецца на карысць полацка-літоўскага пагаднення. Заўважана
таксама, што Полацк выкарыстоўваў літоўскую рабаўнічую актыўнасць супраць
Ноўгарада і Смаленска - сваіх адвечных сапернікаў у барацьбе за панаванне над
дзвінскім гандлёвым шляхам (гэтаксама як, напрыклад, Пскоў выкарыстоўваў
Лівонскі ордэн супраць Ноўгарада). У барацьбе за матэрыяльныя жыццёвыя інтарэсы
на другі план адсоўвалася ўсведамленне этнічнай роднасці (як, дарэчы, і
кроўнай). Палачане прапускалі літву пустошыць ноўгарадскія і смаленскія
воласці, а пры зручным выпадку і самі бралі ў тым удзел, як тое было ў 1198 ці
1258 г. Магчымы быў іншы варыянт наладжвання адносін: у 1239 г. полацкі князь
Брачыслаў выдае сваю дачку замуж за ноўгарадскага князя Аляксандра Яраслававіча
(Неўскага).
Першая дакладная
інфармацыя аб князі балцкага паходжання на полацкім стале датуецца 1262 г.
Восенню гэтага года ноўгарадскае войска ідзе пад Юр’еў і сярод яго саюзнікаў
называецца полацкі князь Таўцівіл, “с ним полочанъ и Литвы 500”.
Дакладны час усталявання Таўцівіла ў Полацку невядомы. Выказанае Таубэ меркаванне (Пашута палічыў яго
верагодным), што адрасатам ліста папы ад 15 верасня 1248 г. да “новахрышчанага”
князя Полацка быў Таўцівіл,
выглядае сумніўна. Яшчэ ў 1253 г. Таўцівіл знаходзіўся пры двары Данілы
Раманавіча на Валыні і прымаў удзел у паходзе таго ў Сілезію.
Відавочна, Таўцівіл стаў полацкім князем пасля 1258 г. і ўжо як саюзнік
Міндоўга і Вайшэлка. Якраз у 1258 г. Даніла Раманавіч спрабаваў захапіць у Ваўкавыску
Вайшэлка і Таўцівіла. Такім чынам, Таўцівіл у Полацк прыйшоў між 1253 і 1262
гг. У пачатку 50-х гадоў ён разам з Вікінтам ваяваў супраць дзядзькі
(Міндоўга), потым замірыўся і, стаўшы полацкім князем, працягваў традыцыйную
мясцовую палітыку саюза з Літвой.
У Ноўгарадскім
летапісе ёсць указанне, што Таўцівіл быў прыняты на княжанне самімі палачанамі,
а не навязаны ВКЛ. Калі ў 1263 г. Транята забіў Таўцівіла і пажадаў (“просиша”,
- піша летапісец) ад палачанаў выдачы яго сына, то апошні ўцёк са сваімі
прыбліжанымі да Ноўгарада. “Тогда Литва посадиша свои (своего) князъ в Полотьскъ; а полочан пустиша, которыхъ
изъимали с княземь ихъ (выдзелена
мной. - А.К.), и мир взяша”.
Гэта азначае, што аб трывалым уваходзе Полацка пад палітычны ўплыў ВКЛ можна казаць
толькі ад 1263 г.
Пасля гібелі
Таўцівіла нейкі час у Полацку сядзеў князь са славянскім імем, які мог быць яго
сынам.
Пазней тут кіруе Ердзень, які, акрамя таго, як вядома з граматы 1264 г.,
валодаў і Віцебскім княствам.
Пасля яго смерці ў Полацку зноў сядзяць князі з усходнеславянскімі імёнамі -
васалы Вайшэлка. Пасля
ўсталявання ў ВКЛ новай дынастыі Полацк, гэтаксама як Віцебск і Мінск, стала
знаходзіўся з ёй у трывалай палітычнай сувязі.
Полацкая зямля ўсё мацней звязваецца з панямонскай дзяржавай, каб урэшце
канчаткова ўвайсці ў ВКЛ, забяспечыўшы сабе шырокую аўтаномію. Багатыя полацкія
традыцыі дзяржаўнага і культурнага жыцця аказалі значны ўплыў на фармаванне
ўнутранага ладу ВКЛ.
Вялікую заслугу ў
стварэнні дзяржавы і пераадоленні яе першага (знешняга) крызісу навука
прыпісвае Міндоўгу. Асабістых звестак аб гэтым чалавеку захавалася мала:
невядомы дакладны час і месца нараджэння, імя бацькі, дакладнае месцазнаходжанне
яго родавага ўладання ў Літве і г.д. З наяўных крыніц можна вывесці, што гэты
кунігас паходзіў з Аўкштоты, дакладней, з Літоўскай зямлі, верагодна, той яе
часткі, дзе яшчэ не так моцна адчувалася славянская асіміляцыя. Ён належаў да
балцкага арыстакратычнага роду, аднаго з мацнейшых у Літоўскай зямлі, а можа, і
ва ўсёй Аўкштоце.
Першая ўзгадка аб
Міндоўгу адносіцца да 1219 г., калі ў Галіцка-Валынскім летапісе ён называецца
адным са “старэйшых” князёў у Літве. Адсюль вынікае, што ў гэты час Міндоўг ужо
знаходзіўся ў свядомым узросце. Ведаючы дату смерці нашага героя (1263 г.),
можам прыняць, што нарадзіўся ён дзесьці на мяжы 12-13 стст.
Нягледзячы на
сціпласць звестак аб жыцці Міндоўга, яму прысвечана вялікая колькасць навуковых
прац і мастацкіх твораў. Папулярнасць гэтай асобы на працягу некалькіх
стагоддзяў выклікана, несумненна, славай стваральніка ВКЛ. Значнасць падзеі -
стварэнне новай дзяржавы, выклікала зразумелую ўвагу сучаснікаў да асобы яе
першага кіраўніка. Пры ўсёй сціпласці інфармацыі крыніц аб Міндоўгу мы ўсё-такі
ведаем значна больш, чым пра ўсіх наступных вялікіх князёў, кіраваўшых у 13 ст.
Па адрывачных
звестках пісьмовых крыніц (найперш Галіцка-Валынскага летапісу) мы можам у
агульных рысах прасачыць ход яго кар’еры. У дамове 1219 г. Міндоўг, нягледзячы
на тое, што быў у далёкім да сталага ўзросце,
названы на чацвёртым месцы сярод пяці старэйшых князёў. Пераказваючы дамову,
летапісец (у канцы 13 ст.) дадае, што ён пазабіваў братоў Булевічаў і забраў у
аднаго з іх - Вішымунта - жонку.
Той жа летапіс паведамляе пра аналагічны ўчынак Міндоўга (праўда, без
забойства) праз чатыры дзесяткі гадоў, які, урэшце, каштаваў жыцця вялікаму
князю.
Не даводзіцца
здзіўляцца, што малады чалавек з такімі задаткамі і стартавымі магчымасцямі
(прыналежнасць да моцнага роду, бацька - “магутны кароль”)
здолеў зрабіць галосную кар’еру. Вайна - вось спосаб, магчымасць выдзеліцца
сярод такіх жа дробных мясцовых правадыроў, павялічыць уласную дружыну і
аўтарытэт. Вайна, несумненна, паскарала працэс дыферэнцыяцыі ў асяроддзі
мясцовых аўкштайцкіх нобіляў. Ад асабістых якасцей правадыра вельмі значна
залежаў поспех у такой небяспечнай справе, як ваенны напад. Удачлівасць у
падобнага роду прадпрыемствах моцна павышала як матэрыяльны, так і маральны
статус іх арганізатара. За 3-4 дзесяцігоддзі некаторыя літоўскія кунігасы (а
потым іх дзеці) сталі рэальнай ваенна-палітычнай сілай. З масы нобіляў
выдзяліліся найбольш здольныя і ўдачлівыя ў вайне. Некаторых з іх летапіс
называе старэйшымі. Рускія князі родняцца з імі (Усевалад з Герсіке, Даніла
Раманавіч Валынска-Галіцкі). Такога кшталту кар’еру зрабіў і Міндоўг.
Але гісторыя
паказвае, што патрэбны час, праходзіць не адно пакаленне, пакуль знойдзецца
асоба, здольная пры спрыяльных абставінах ажыццявіць справу аб’яднання. Такое
раней ці пазней, напэўна, адбылося б у Аўкштоце ды іншых балцкіх землях.
Паўсталі б уласныя дзяржаўныя арганізацыі, як раней на Русі ці Польшчы. Але
часу на эвалюцыю якраз не хапала.
Дзейнасць Міндоўга ў
ролі кіраўніка дзяржавы, склаўшую першы і самы важны этап генезісу ВКЛ, дзеля
зручнасці выкладання прапаноўваю падзяліць на некалькі храналагічных адрэзкаў:
- 1248-1254 гг. -
канфлікт з Галіцка-Валынскай дзяржавай;
- 1251-1260 гг. -
саюз ВКЛ з Лівонскім ордэнам;
- 1254-1258 гг. -
залежнасць ад Галіцка-Валынскага княства;
- 1258-1263 гг. -
аднаўленне і ўмацаванне незалежнасці ВКЛ.
Пасля падзей 1248 г.
(захопу ўладанняў выгнаных з Літвы сваякоў) Міндоўгу давялося вырашаць праблемы
ўзроўню вялікай міжнароднай палітыкі. А сітуацыя сапраўды склалася складаная і
цяжкая для Панямоння. Даніла і Васілька Раманавічы стварылі ваенную кааліцыю, у
склад якой увайшлі амаль усе суседзі Літвы і Наваградчыны. Землі яе ўдзельнікаў
ахоплівалі Панямонне амаль замкнутым кальцом, адзіным прарывам у якім была традыцыйна
мірная Полацкая зямля. Жамойцкі князь Вікінт прыцягнуў да саюзнікаў “серебромъ
и дарми многими Ятвязъ и полъ Жемоити”.
Да кааліцыі далучыўся Лівонскі ордэн. У ваенных дзеяннях прымалі ўдзел таксама
палавецкія войскі. Дапамогу Галіцка-Валынскаму княству абяцалі польскія князі,
але войскаў не прыслалі.
У 1249/50 г.
адбылося першае ваеннае выпрабаванне маладой дзяржавы - памінаны ўжо паход
Данілы і Васілька Раманавічаў на Наваградак, Ваўкавыск, Слонім і Здзітаў.
Значных вынікаў гэты паход не прынёс, напэўна, не ўдалося захапіць ніводнага з
названых гарадоў, інакш бы летапіс абавязкова паведаміў пра такі поспех.
Летапісец жа абмежаваўся традыцыйнай фразай: “поимаша грады многы и взвратишася
въ домы”.
У 1250 г. адбыўся
новы паход саюзнікаў на Панямонне. На гэты раз ён праводзіўся ўзгоднена з
лівонцамі. Таўцівіл выступіў з Валыні на чале валынскага войска і полаўцаў.
Адначасова з Лівоніі да замка Міндоўга выйшаў лівонскі атрад, якім камандаваў
ландмайстар Андрэй фон Сцірланд. Лівонскае войска ішло праз Нальшаны проста на
ўмацаванае паселішча (burg) Міндоўга.
Далейшы ход гэтага паходу нам невядомы. Пасля яго заканчэння Таўцівіл
накіраваўся ў Рыгу, дзе быў прыняты з пашанай і неўзабаве хрысціўся па
каталіцкаму абраду.
З гэтага сапраўды
цяжкага становішча панямонская дзяржава выйшла дзякуючы заключэнню саюза з
Лівонскім ордэнам. Міндоўгу ўдалося перацягнуць рыцараў на свой бок,
пераканаўшы ландмайстра “дарми многими”, а галоўнае - згодай прыняць
хрысціянства праз пасрэдніцтва (што вельмі важна) Лівонскага ордэна. Магчыма,
гэты ўдалы дыпламатычны манеўр і ўратаваў дзяржаву ў яе першым цяжкім
выпрабаванні.
Справа была
арганізавана за кароткі тэрмін, абрад хрышчэння адбыўся ў пачатку 1251 г.
Праз прыняцце хрысціянства Міндоўгу ўдалося не толькі нейтралізаваць, але і
перацягнуць на свой бок аднаго з асноўных удзельнікаў варожай кааліцыі.
Наступныя дзесяць гадоў Міндоўг знаходзіўся ў саюзных адносінах з Лівонскім
ордэнам і падтрымліваў ажыўленыя кантакты з каталіцкім першасвятаром. Але аб
гэтым гаворка трохі пазней.
У 1251 г. Таўцівіл
са жмудзінамі свайго дзядзькі Вікінта, яцвягамі і дапаможным атрадам ад Данілы
Раманавіча (у тым ліку полаўцамі) зноў аблягае (і зноў без асаблівага поспеху)
Міндоўга ў яго “градзе”. Лівонскія войскі на гэты раз змагаюцца ўжо на баку панямонскай
дзяржавы і прымаюць удзел у абароне замка Міндоўга. Галіцка-Валынскі летапіс
паведамляе, што Міндоўг замкнуўся ва ўмацаваным паселішчы (“градъ, именемъ
Ворута”; некаторыя даследчыкі чытаюць “во Рута”), дзе паспяхова вытрымаў аблогу.
Напэўна, дзякуючы новаму раскладу сіл, Міндоўг мог ужо праводзіць наступальныя
дзеянні. Сабраўшы вялікае войска, ён ідзе ў Жамойць на замак Вікінта. Тут
падчас адной з сутычак палавецкі воін параніў, здаецца, самога Міндоўга,
і той завярнуў дамоў.
Пераход на бок Міндоўга
аднаго з удзельнікаў варожай кааліцыі не спыніў ваенныя дзеянні з паўднёвым
суседам. Аказалася, што Галіцка-Валынская дзяржава можа паспяхова працягваць
вайну і пасля адыходу не толькі лівонцаў, але і іншых саюзнікаў. У 1251-1252
гг. браты Раманавічы з полаўцамі зноў накіроўваюцца на Наваградак. Па дарозе
яны прыпыніліся ў Пінску і змусілі да ўдзелу ў паходзе мясцовых князёў: ”князи
же Пинсцъи имъяху лесть, и поя ъ со
собою неволею на войну”. Паход гэты выглядаў хутчэй як рабаўнічы набег,
валыняне разлічвалі з’явіцца на Панямонні нечакана, але дзесьці на мяжы
Піншчыны і Наваградчыны сутыкнуліся з ліцвінскім дазорам (ля возера Зьята).
Прайшоўшы хуткім маршам праз балоты да ракі Шчары, князі правялі ваенны савет.
Войска не хацела ісці далей, бо ў Наваградку ўжо было вядома аб яго прыходзе.
Аднак Даніле Раманавічу ўдалося ўгаварыць вояў працягнуць паход. Летапісец аб
яго выніках паведамляе стандартнай фразай: ”наутръя же плъниша всю землю
Новогородьскую”.
Абодва бакі ўжывалі
звычайную тактыку: кароткія нечаканыя напады з мэтай спусташэння варожай
тэрыторыі. Паводле сціслай летапіснай інфармацыі, у 1252 г. валынскае войска
пад камандай Васількі Раманавіча і яго пляменніка Рамана Данілавіча захапіла
Гародню (па ўсёй верагоднасці, ненадоўга і толькі пасады). Неўзабаве войскі
Данілы нападаюць на Літоўскую зямлю (дакладны кірунак паходу невядомы), а сын
Міндоўга, напэўна Вайшэлк, ваяваў у ваколіцы Турыйска на Валыні.
У тым жа годзе
дайшло да перамоў аб міры: Міндоўг прыслаў паслоў, прапаноўваючы прыняць мір і
замацаваць яго шлюбам сваёй дачкі з сынам Данілы. Важкасць мірнай прапанове
надаваў чарговы дыпламатычны поспех Міндоўга. Яму ўдалося вывесці з кааліцыі
Жамойць і Яцвезь: “убъди я серебром многимъ”. Таўцівіл быў змушаны ўцякаць з
Жамойці на Валынь, і Даніла “гнъвъ имъющю на нъ”.
Аднак прапанова аб міры была адвергнута, магчыма, па той прычыне, што на Валыні
стала вядома аб нейкіх унутраных канфліктах на Панямонні. Дзесьці ў канцы 1252
г. Даніла зноў “пошедшу на войну на Литву, на Новъгородок, бывшю роскалью
(расколу)”. Па ўсёй
верагоднасці, паход Данілы меў характар ранейшых - спусташэнне варожага краю на
працягу некалькіх дзён ці тыдняў і адыход на сваю тэрыторыю. Што за “раскол”
узнік на Панямонні, невядома (магчыма, звязаны з увядзеннем каталіцтва і саюзам
з лівонскімі рыцарамі), але ў Міндоўга, напэўна, была яўная патрэба ў міры з
Раманавічамі.
Такім чынам,
Галіцка-Валынская дзяржава праводзіла наступальныя дзеянні на тэрыторыі
праціўніка і мела дастаткова сілы, каб і ў адзіночку ствараць сур’ёзную пагрозу
для маладой панямонскай дзяржавы. Аб гэтым сведчаць вынікі вайны, якая
закончылася пагадненнем 1254 г. Паслом Міндоўга на мірных перамовах быў яго сын
Вайшэлк.
Праз апісанне ўмоў
пагаднення і іншыя звесткі летапісу мы можам прааналізаваць палітычную сітуацыю
на Панямонні напярэдадні міру 1254 г. Кіраўнік дзяржавы Міндоўг меў у
непасрэдным валоданні нейкую частку, а можа, і ўсю Літоўскую зямлю і разам з
сынам Вайшэлкам кіраваў славянскімі гарадамі Панямоння. У адным месцы летапіс
паведамляе, што Вайшэлк быў князем у Наваградку,
а ў 1254 г. па ўмовах міру аддае валынскім князям “Новогородъкъ отъ
Миндога и отъ себе Вослонимъ и
Волковыескъ, и всъ городы”.
Вынікі пяцігадовай
вайны значна змянілі палітычны расклад на Панямонні. Раманавічам не ўдалося зліквідаваць
мясцовы дзяржаватворчы цэнтр, аднак свае ўплывы на Панямонні яны не толькі
аднавілі, але і ўзмацнілі. Па ўмовах пагаднення сын Данілы Раман атрымаў у
валоданне Наваградак, Слонім, Ваўкавыск і іншыя землі на Панямонні, акрэсленыя
летапісцам як “всъ городы”. Сам Вайшэлк адышоў ад свецкага жыцця, прыняў
манаскі сан і накіраваўся ў паломніцтва на Святую Гару (Афон). Мірная дамова
была замацавана шлюбам другога сына Данілы Раманавіча Шварна з дачкой Міндоўга.
На Панямонні
ўстанаўліваецца складаная, але дастаткова тыповая для сярэднявечча сістэма
феадальных адносін. Раман з’яўляецца ўладальнікам славянскай часткі Панямоння,
пад яго верхавенствам знаходзяцца ўдзельныя князі-славяне. Князі гэтыя, па ўсёй
верагоднасці, паходзяць з мясцовых дынастый, здаўна звязаных з Валынню, потым
адсунутых ад кіравання ў выніку балта-славянскага саюза і цяпер вернутых на
ранейшыя месцы. Летапіс разам з Глебам Ваўкавыскім - цесцем Рамана Данілавіча,
называе яшчэ Ізяслава Свіслацкага. Міндоўг захоўвае верхавенства над усім
Верхнім Панямоннем, у тым ліку над уладаннямі Рамана Данілавіча, якое мае
хутчэй намінальны характар. Напрыклад, Даніла, сабраўшыся на яцвягаў, напрамую
звязваецца з сынам, і той прыходзіць з наваградцамі і названымі вышэй князямі.
Але праз паўгода ў падобнай сітуацыі Рамана і наваградцаў да Данілы прысылае
ўжо Міндоўг.
Поўнай інкарпарацыі
Панямоння ў склад Галіцка-Валынскай дзяржавы не адбылося, але можна казаць аб
умацаванні тут валынскага ўплыву. У
новастворанай ці, дакладней, адноўленай палітычнай сістэме не знайшлося месца
сыну Міндоўга - Вайшэлку. Прыняўшы манаскі сан, Вайшэлк, паводле тагачаснага
светапогляду, выключаўся з палітычнага жыцця і не мог быць прэтэндэнтам на
княскую пасаду. Аднак гэты нестандартна арганізаваны адыход, як высветлілася, не
перашкодзіў яму праз некалькі гадоў вярнуцца да актыўнай палітычнай дзейнасці і
працягнуць справу бацькі.
Адначасова з гэтымі
важнымі падзеямі літоўска-валынскіх адносін на працягу 1251-1260 гг.
развіваліся прыязныя кантакты панямонскай дзяржавы з Лівонскім ордэнам і
каталіцкім першасвятаром. Дзесяцігадовы перыяд саюзных адносін Міндоўга з
Захадам стаў першай у гісторыі ВКЛ спробай палітычнай арыентацыі новай дзяржавы
на заходнееўрапейскі гісторыка-культурны арэал. Відавочны таксама культурны
ўплыў Захаду на пагранічных з ім усходнеславянскіх і балцкіх землях (Панямонне,
Полацкая зямля, Галіцка-Валынская дзяржава, Ноўгарадская і Пскоўская
рэспублікі). Найбольш выразна гэты ўплыў заўважны на матэрыяльнай культуры. У
канцы 13 - пачатку 14 ст. на Заходняй Украіне і Беларусі з’яўляюцца новыя
заходнееўрапейскія ўзоры ўзбраення, кафляныя печы, вялікапамерная гатычная
цэгла, дахоўка і г. д. Спачатку ў Галіцка-Валынскай зямлі, а потым на Палессі і
Панямонні ў важнейшых гарадах у другой палове 13 ст. будуюцца т. зв. вежы
валынскага тыпу (у Наваградку, Гародні, Бярэсці і Пінску).
Перамовы аб
хрышчэнні ў каталіцызм Міндоўг распачаў непасрэдна з лівонскім ландмайстрам
Андрэем фон Сцірландам. Той аднёсся да справы з поўнай сур’ёзнасцю і асабіста
прыбыў да Міндоўга ў суправаджэнні світы, складзенай з рыцараў і духоўных асоб.
Міндоўг хрысціўся разам з жонкай Мартай, двума малодшымі сынамі - Руклем і
Рэпеклем і ўсім дваром. Абрад праводзіў Хрысціян - прэсвітэр Лівонскага ордэна.
Месца хрышчэння крыніцы не называюць, але гісторыкі схіляюцца бачыць яго ў
Наваградку. Адразу пасля хрышчэння Міндоўг накіраваў пасольства да папы, а па
дарозе, у Рызе, да яго далучыліся прадстаўнікі Лівонскага ордэна. Аб’яднанае
пасольства накіравалася ў Мілан, дзе ў гэты час знаходзіўся папа, і перадало
першасвятару лісты ад Міндоўга. Вялікі князь пісаў, што стаў хрысціянінам і
прасіў прыняць яго пад апеку рымскай царквы. Папа выканаў просьбу, выставіўшы
спецыяльную булу.
Разам з Міндоўгам
хрысціянства прынялі падуладныя яму балты-язычнікі - папская була паведамляе аб
“вялікай колькасці” неафітаў (numerosa paganorum multitudo sibi subdita),
- аднак далёка не ўсе.
Далейшыя дзеянні Міндоўга паказалі, што прыняцце каталіцтва было чыста
дыпламатычным крокам. Валынскі летапісец паведаміў, што “крещение же его
льстиво бысть”, а, дазволіўшы сябе абхітрыць, ландмайстар Андрэй быў пазбаўлены
пасады
. Рыфмаваная хроніка таксама інфармуе аб пазнейшым адыходзе Міндоўга ад
хрысціянства. Ландмайстар Андрэй фон Сцірланд, паводле гэтай крыніцы, пакінуў
сваю пасаду па стану здароўя.
Дэкларацыя аб
жаданні прыняць хрысціянства па каталіцкаму абраду аказалася добрым
дыпламатычным ходам у барацьбе з Тэўтонскім ордэнам. Гэты прыём, упершыню
скарыстаны Міндоўгам, кіраўнікі ВКЛ ужывалі яшчэ не адзін раз. Палітычная гульня
на той акалічнасці, што афіцыйнай падставай існавання Ордэна было хрышчэнне
язычнікаў, вялася вялікімі князямі з адной і той жа мэтай - стрымаць крыжацкую
экспансію. Прыняць каталіцтва дакляраваў пазней Віцень, яго брат Гедымін і сыны
апошняга Альгерд і Кейстут[62].
Далейшым крокам
Міндоўга да збліжэння з Заходняй Еўропай было прыняцце каралеўскага тытула.
Ліцвінскія паслы прасілі ў папы рымскага дазволу на каранацыю свайго князя і
сустрэлі з боку першасвятара поўнае разуменне. Аднак завяршыць справу ў бліжэйшы
час (1251-1252 гг.) не было магчымасці: ішла вайна Літвы з Валынню. Да
каранацыі дайшло толькі ў 1253 г. Прызначаны папай прадстаўнік апостальскай
сталіцы - хельмінскі біскуп Генрых правёў цырымонію па прынятаму ў Заходняй
Еўропе рытуалу з усёй належнай урачыстасцю. Рыфмаваная хроніка паведамляе, што,
як толькі паслы прывезлі ў Рыгу папскія булы з дазволам на каранацыю,
ландмайстар адразу ж загадаў зрабіць дзве кароны (другая - для жонкі Міндоўга), упрыгожыўшы іх
каштоўнымі камянямі. Калі ў Рызе з’явіўся выкліканы ландмайстрам хельмінскі
біскуп, то яны разам адразу накіраваліся ў Літву[63].
Цырымоніі каранацыі
заходнееўрапейскіх манархаў арганізоўваліся адной інстытуцыяй - папствам і
ўсюды праводзіліся па аднаму ўзору. Таму, ведаючы пра загад папы выканаць абрад
ад яго імя, аказалася магчымым зрабіць верагодную рэканструцыю гэтай працэдуры.
Пасля ўзвядзення манарха на трон адбылося памазанне яго асвечаным алеем, потым
убранне ў цырыманіяльны строй (каранацыйныя сандалі, белыя шаты), уручэнне
меча, фібулы для каралеўскай мантыі, пярсцёнка і г. д. Каранацыя Міндоўга
азначала працяг саюзных адносін з Лівонскім ордэнам і, адпаведна ўзмацненне
заходнееўрапейскай арыентацыі ВКЛ.
Міндоўг захацеў
каранаваць на дзяржаву аднаго са сваіх сыноў і звярнуўся з адпаведнай просьбай
да папы. Гэты клопат аб працягу дынастыі цалкам зразумелы - кароль быў ужо
чалавекам сталага веку. Папа Аляксандар IV выказаў сваю згоду булай ад 6
сакавіка 1255 г. Адначасова
асобным лістом папа ад імя апостальскай сталіцы зацвярджаў за Міндоўгам усе яго
ўладанні. Імя каралевіча ў дакуменце не называецца, але, напэўна, гаворка не
ішла аб старэйшым - Вайшэлку, паколькі ён у гэты час быў манахам.
Найверагодней, меўся на ўвазе наступны па старшынству сын Рукль. Невядома, ці
адбылася каранацыя, бо ніякіх звестак аб ёй не захавалася.
У сувязі з апісанымі
вышэй падзеямі ўзнікае наступная важная праблема: якой была афіцыйная назва
дзяржавы і як выглядаў тытул яе кіраўніка ? У 14-15 стст. канчаткова
ўсталявалася назва, адпаведная ўсходнеславянскай традыцыі - Вялікае Княства
Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і г.д. Паўстае пытанне: калі ўпершыню панямонская
дзяржава і яе гаспадар пачалі карыстацца фармулёўкай: “Вялікае Княства” і
“Вялікі Князь” ? Міндоўг у сваіх прывілеях з 1253-1260 гг., напісаных па-латыні,
называе сябе “кароль Літвы” (“rex Littowiae”). Як гучаў яго тытул па-русінску,
невядома, бо ніякіх актавых дакументаў, напісаных на гэтай мове не захавалася.
У папскіх булах Міндоўг тытулуецца каралём як да каранацыі, так і пасля яе
правядзення. Але ў адным лісце папы, менавіта буле да куронскага і эзэльскага
біскупаў, дзе гаворка ідзе пра арганізацыю каранацыі, ужыты тытул “super faciem
regem Luthawiae”. Фрыдрых Бунге, які апублікаваў названую булу, перакладае гэты
выраз як “Вялікі Князь”.
Ноўгарадскі летапіс, апісваючы смерць Міндоўга, таксама тытулуе яго Вялікім
Князем (“убиша князя велика Миндовга”).
Такім чынам, улічыўшы тагачасную практыку складання дыпламатычных дакументаў, а
таксама ведаючы, што “Каралеўства Літва” было толькі эпізодам гісторыі дзяржавы,
можна прыняць за яе пачатковую афіцыйную назву: Вялікае Княства Літоўскае, а тытул яе кіраўніка, адпаведна, Вялікі
Князь Літвы, ці Вялікі Князь
Літоўскі. Харонім “Русь” быў уведзены ў тытул гаспадара пры вялікім князі
Гедыміне[68].
На некалькі гадоў
зацягнулася і ўтварэнне літоўскай каталіцкай царквы. Яшчэ ў ліпені 1251 г.,
адразу пасля прыбыцця пасольства Міндоўга з весткай аб яго хрышчэнні, папа
Інакенцій IV (17 ліпеня 1251 г.) піша да хелмінскага біскупа, каб той знайшоў
кандыдатуру на пасаду біскупа Літвы. Аднак пасвячэнне ў сан першага літоўскага
каталіцкага біскупа адбылося пазней - у 1253-1254 гг., ужо пасля каранацыі
Міндоўга. Прычынай затрымкі, відавочна, была тая самая вайна з
Галіцка-Валынскай дзяржавай, актывізацыя якой у 1252 г. супала з унутранымі
нязгодамі на Панямонні. Апошнія, магчыма, былі звязаны са спробай
хрысціянізацыі мясцовых балтаў. Па жаданню караля папа Інакенцій IV прызначыў
на гэтую пасаду прэсвітэра Лівонскага ордэна Хрысціяна. Рукапалажыць новага
біскупа было даручана рыжскаму арцыбіскупу Альберту. Той правёў цырымонію па
ўсіх правілах, але змусіў новага біскупа прысягнуць на вернасць сабе, а не
рымскаму першасвятару. Папе давялося зноў па просьбе караля Літвы выдаць
спецыяльную булу, паставіўшую літоўскае біскупства пад непасрэдную юрысдыкцыю
апостальскай сталіцы. У 1254 г. Міндоўг падараваў новаспечанаму біскупу землі ў
заходняй частцы Жамойці - самым логаве язычнікаў. Так што невядома нават, ці
здолеў біскуп хоць пабываць у сваіх уладаннях.
У тым
жа 1253 г. на “першага біскупа Літвы” быў пасвечаны гнезненскім арцыбіскупам
польскі дамініканін Віт.
Гэтая намінацыя, верагодна, была першай праявай польска-нямецкага саперніцтва ў
справе хрысціянізацыі Літвы. Сам кароль Міндоўг падтрымліваў кандыдатуру
Хрысціяна (аб чым сведчыць наданне яму земляў), і ў 1255 г. папа Аляксандр IV
зняў з Віта годнасць біскупа.
Літоўскае біскупства перастала існаваць фактычна пасля разрыву Міндоўгам саюза
з Ордэнам у 1260 г.
Як
падзяку за саюз і дапамогу Міндоўг дараваў Лівонскаму ордэну шэраг земляў у
Заходняй Жамойці. Акты аб дараванні гэтых земляў складаюць асноўную частку т. зв. дакументаў Міндоўга (гл. раздзел 1 і
дадатак). Некаторыя з гэтых дакументаў лічацца падробкамі, створанымі самім
Ордэнам. Сапраўды, набытыя землі забяспечвалі рэалізацыю важнейшай стратэгічнай
задачы Тэўтонскага ордэна - злучэнне па сушы яго прускай і лівонскай філій.
Падобная практыка фармальнага ўступлення ў валоданне яшчэ непакоранымі землямі
была для Ордэна звычайнай справай. Напрыклад, у 1245 г. ён атрымаў ад германскага
імператара права валодаць яшчэ не набытымі землямі ў Літве.
Часам крыжакі не спыняліся перад фальсіфікацыяй такіх дакументаў. Справай іх
рук лічыцца падроблены прывілей 1260 г. аб пераходзе да Ордэна ўсёй Літвы ў
выпадку адсутнасці ў Міндоўга нашчадкаў.
Лівонскія рыцары
скарысталі цяжкую знешнепалітычную сітуацыю маладой дзяржавы, якая апынулася
сам-насам са скіраванай супраць яе буйной кааліцыяй. Яны пайшлі на сепаратны
мір з Міндоўгам, выціснулі з яго ўсё, што можна было, потым яшчэ самі сфабрыкавалі
некалькі дараванняў. Праўда, як заўважылі гісторыкі, Міндоўг не застаўся ў
пройгрышы. Праз саюз з Ордэнам і хрышчэнне ў каталіцтва яму ўдалося разваліць
варожую кааліцыю, а большасць падораных лівонцам земляў увогуле не належалі да
яго дзяржавы. Пры першым жа зручным выпадку Міндоўг парваў і з Ордэнам і з
каталіцтвам.
Аддаючы Ордэну
жамойцкія землі, Міндоўг не мог не разумець, што іх чакае. Ён выдатна ведаў, як
крыжакі абыходзіліся з непакорнымі жыхарамі суседняй Прусіі. Акрамя таго,
кароль Літвы, як паведамляе Рыфмаваная хроніка, абавязаўся адмовіцца ад
падтрымкі жамойтаў супраць Ордэна. Такім чынам, Міндоўг першы выкарыстаў
Жамойць як разменную манету ў палітычнай гульні з крыжакамі, даўшы пачатак і
прыклад аналагічным дзеянням наступных кіраўнікоў ВКЛ. Такія адносіны да
этнічна роднасных суседзяў яшчэ раз паказваюць, што ні Міндоўг, ні яго
наступнікі пры стварэнні дзяржавы ў Панямонні не кіраваліся прынцыпам этнічнай
дамінанты і не мелі на мэце збудаваць ВКЛ як дзяржаву абавязкова балцкую.
Цаной кампрамісу і
саступак як ворагам, так і саюзнікам Міндоўгу ўдалося пераадолець першы і таму,
напэўна, самы цяжкі знешнепалітычны крызіс маладой дзяржавы. Дзяржаватворчы
асяродак на Панямонні ацалеў, яго лідэр Міндоўг застаўся намінальным вярхоўным
уладаром з тытулам караля, прынятым ад папы, і мы не ведаем, каб ён фармальна
ад гэтага тытула адрокся.
Мірныя адносіны
Літвы з Галіцка-Валынскай дзяржавай працягваліся ад 1254 да 1258 г. і былі
парушаны ўмяшальніцтвам магутнай знешняй сілы - менавіта татараў. Арда свядома
і разлікова разбурала ўсю сістэму знешняй палітыкі Галіцка-Валынскай дзяржавы,
прымушаючы яе да ўдзелу ў ваенных паходах на суседзяў. На гэты раз вялікае
татарскае войска пад камандай Бурундая нечакана з’явілася на Валыні і змусіла
Данілу Раманавіча да нападу на Літву: “иду на Литву; оже еси миренъ, пойди со
мною”.
Даніла вельмі не хацеў гэтага паходу і напачатку ўхіліўся ад асабістага ўдзелу
ў ім, паслаўшы замест сябе брата Васільку. Апасенні валынскіх князёў мелі
сур’ёзныя падставы. У выніку гэтага паходу аказаўся цалкам парушаны выгадны для
іх палітычны расклад на Панямонні. Даніла панёс асабістую страту, яго сын Раман
быў схоплены Вайшэлкам пасля пачатку ваенных дзеянняў. Васілька Раманавіч з
войскам безпаспяхова шукаў пляменніка па ўсёй Літве. З таго часу аб Рамане
Данілавічу болей не чуваць, што наводзіць на сумныя думкі адносна яго лёсу.
Татара-валынскі
паход на Панямонне вялікіх вынікаў не прынёс, а галіцка-валынскі ўплыў тут быў
моцна аслаблены. Ад таго часу галіцка-валынскія войскі калі і хадзілі на
Панямонне, то толькі ў таварыстве з татарамі. Напэўна, самастойныя паходы
аслабленая Галіцка-Валынская дзяржава правесці ўжо не магла. На наступны 1259
г. той жа Бурундай змусіў Раманавічаў знішчыць умацаванні гарадоў амаль па ўсёй
іхняй дзяржаве. Цікава, што ноўгарадскія летапісы паведамляюць аб двух нападах
літоўцаў на ўсходнеславянскія землі ў тым жа 1258 г., калі адбыўся
валынска-татарскі паход на Літву. Разам з палачанамі літоўцы хадзілі на
Смаленск, а восенню таго ж года правялі напад на Таржок. Верагодна, гэта былі
насельнікі непадуладнай Міндоўгу паўночна-ўсходняй часткі Аўкштоты, якая не
ўдзельнічала ў вайне з Валынню.
У 1260 г. жамойты
нанеслі цяжкае паражэнне Тэўтонскаму ордэну ля возера Дурбе. Гэтая падзея
адразу змяніла расклад сіл у Прыбалтыцы. У Прусіі ўспыхнула паўстанне мясцовых
плямёнаў супраць крыжакоў, якое рэальна пагражала існаванню самой ордэнскай
дзяржавы. Яно працягвалася больш дзесяцігоддзя і было падаўлена дзякуючы
падтрымцы еўрапейскага рыцарства. Прускае паўстанне надоўга адцягнула ўвагу
крыжакоў ад Літвы. Праз нядоўгі час пасля дурбенскай бітвы Міндоўг парывае саюз
з Ордэнам. Рыфмаваная хроніка паведамляе, што зрабіў ён гэта пад націскам
жамойтаў, абяцаўшых узамен прызнаць яго ўладу над Жамойцю[73].
На пачатак шостага
дзесяцігоддзя 13 ст. становішча Міндоўга і яго дзяржавы выглядае дастаткова
трывалым. Войскі ВКЛ ужо праводзяць ваенныя аперацыі за межамі сваёй тэрыторыі.
У чэрвені 1262 г. пасланы Міндоўгам атрад, прайшоўшы каля 300 км, дабраўся да
Яздава (Мазовія) і захапіў там знянацку мазавецкага князя Земавіта разам з яго
сынам Конрадам. Самога Земавіта забілі, а Конрада вывезлі ў палон.
У тым жа годзе ў адказ за напад на Панямонне валынянаў пад началам Васількі
Раманавіча войска Міндоўга ваюе ў ваколіцы Каменя[75].
Пасля разрыву з
крыжакамі быў заключаны антыордэнскі саюз ВКЛ з Ноўгарадам. У 1262 г. Міндоўг
разам з жамойцкім князем Транятай арганізоўвае паход на Вендэн. На наступны год
саюзны Міндоўгу Транята разбіў нямецкі атрад пад Дзюнамюндэ[76].
Такім чынам,
дзякуючы эфектыўнай дзейнасці таленавітай асобы, лідэра балта-славянскай
дзяржавы, яна выйшла з першага выпрабавання з запасам трываласці, дастатковым,
каб пераадолець наступны крызіс, на гэты раз унутраны.
Восенню 1263 г. быў
забіты Міндоўг. Ён стаў ахвярай змовы жамойцкага князя Траняты і нальшанскага
князя Даўмонта. Першы кантраляваў, здаецца, усю Жамойць і быў саюзнікам
Міндоўга ў барацьбе з Ордэнам. Даўмонт быў уладальнікам часткі Нальшанскай
зямлі і знаходзіўся ў васальнай залежнасці ад Міндоўга (па загаду апошняга
Даўмонт выступае ў ваенны паход). Як сведчаць крыніцы, Даўмонт стаў ініцыятарам
і выканаўцам замаху, помсцячы за асабістую крыўду. Калі ў Міндоўга памерла
жонка, той запрасіў на пахаванне яе сястру, быўшую замужам за Даўмонтам. Калі
швагерка прыехала, Міндоўг затрымаў яе ў сябе, спаслаўшыся на наказ сястры
перад смерцю: “сестра твоя умираючи велъла ми тя пояти за ся; тако рекла, ать
иная дътій не цвълить”.
Даўмонт не меў сілы, каб адкрыта выступіць супраць крыўдзіцеля і быў змушаны
сцярпець абразу, захаваўшы вонкавую паслухмянасць Міндоўгу. Аднак ён патаемна
ўступіў у змову з уплывовым жамойцкім князем Транятай, які лічыўся саюзнікам
Міндоўга, але меў віды на ўладу ў ВКЛ. Зручны момант наступіў, калі Міндоўг
накіраваў свае войскі ў паход на Бранск. Даўмонт таксама павінен быў прыняць
удзел у выправе, але нечакана павярнуў з дарогі назад, напаў на Міндоўга, забіў
яго і двух малодшых сыноў вялікага князя: Рукля і Рэпекля. У выніку замаху на
Літве і адначасова на Жамойці стаў княжыць Транята.
Сын Міндоўга Вайшэлк уцёк у недалёкі Пінск.
Смерць Міндоўга была
пачаткам унутранага крызісу дзяржавы, які працягваўся некалькі гадоў. Зместам
яго была барацьба за ролю кіраўніка дзяржавы. Асноўнымі дзеючымі асобамі
выступалі князі балцкага паходжання. Аўкштотскія і жамойцкія кунігасы
з’яўляліся на той час вельмі актыўнай палітычнай сілай. Іх баявыя вартасці
высока цаніліся ў суседніх усходнеславянскіх гарадах-рэспубліках. Напрыклад,
Полацк запрасіў да сябе Таўцівіла, Пскоўская рэспубліка прыняла і пасадзіла на
княскі стол уцекача Даўмонта. Пінск і Наваградак добраахвотна ваююць на баку
Вайшэлка. Аднак уласных сіл кунігасаў было недастаткова, каб заняць кіруючую
ролю ў дзяржаве. Поспех у змаганні забяспечваўся падтрымкай, у тым ліку і
збройнай, усходнеславянскага складніка дзяржавы.
Цікава, што ўсе
галоўныя ўдзельнікі гэтай барацьбы знаходзіліся між сабой у роднасных сувязях.
Вядома, што Таўцівіл і Эрдзівіл былі пляменнікамі (сынамі брата) Міндоўга.
Братам апошняга (невядома ці адзіным) быў Даўспрунк. Адсюль даследчыкі прынялі,
што Таўцівіл і Эрдзівіл з’яўляліся сынамі Даўспрунка. Вораг Міндоўга жамойцкі
князь Вікінт названы ў летапісе дзядзькам Таўцівіла і Эрдзівіла. Адсюль вывелі,
што ён быў жанаты на сястры Даўспрунка і Міндоўга. Жонка валынскага князя
Данілы Раманавіча таксама паходзіла з гэтага ж роду - была сястрой Таўцівіла і
Эрдзівіла, г. зн. дачкой Даўспрунка. Транята названы ў летапісе сынам сястры
Міндоўга і братам Таўцівіла.
На падставе гэтай інфармацыі ўзнікла дапушчэнне, што Транята мог быць сынам
Вікінта
і г.д.
У поўнай
адпаведнасці з сярэднявечнай практыкай палітычнай барацьбы забойства Міндоўга
пацягнула за сабой шэраг іншых. Мэтай была ўлада над усёй краінай, таму
прэтэндэнты забівалі сапернікаў не зважаючы на этнічную ці кроўную роднасць.
Траняце яшчэ ўдалося расправіцца з Таўцівілам, які быццам сам рыхтаваў замах на
брата, але быў выдадзены сваім полацкім баярынам Пракопам. Адбылося гэта
дзесьці зімой 1263/1264 г., усяго праз некалькі месяцаў пасля забойства
Міндоўга. Транята пажадаў ад палачанаў выдачы сына Таўцівіла, але тыя дапамаглі
яму ўцячы ў Ноўгарад[81].
Гаспадаранне Траняты
скончылася вельмі хутка - у тым жа 1264 г., калі яго забілі слугі Міндоўга.
Паводле інфармацыі польскіх хронік, арганізатарам замаху быў Вайшэлк.
Ён часова скінуў манаскі строй і ўступіў у барацьбу за бацькоўскі трон. Поспех
яму забяспечыла падтрымка Пінска і Наваградка. Пінчукі далі яму войска, і
Вайшэлк накіраваўся ў Наваградак, дзе да яго далучылася яшчэ і мясцовая
дружына. На чале аб’яднанага войска Вайшэлк уступіў у Літоўскую зямлю. Гэты
прыклад свядомай і рашучай падтрымкі князя-ўцекача сведчыць аб актыўным удзеле
ўсходніх славян у пабудове ВКЛ. Аднак паколькі ён не зусім, мякка кажучы,
адпавядае даўняму ўяўленню пра мясцовых славян як пасіўных аб’ектах летувіскай
экспансіі, то гэты эпізод генезы ВКЛ у гістарыяграфіі звычайна ўпамінаецца
толькі мімаходзь.
Падтрыманы ў
Літоўскай зямлі паплечнікамі і прыхільнікамі бацькі, Вайшэлк заняўся фізічнай
ліквідацыяй ворагаў. Сярод яго ахвяр летапіс называе і Астафія Канстанцінавіча,
былога ваяводу Міндоўга. Відавочна, скарыстаўшы папярэдні вопыт, Вайшэлк
імкнуўся навесці парадак і замацаваць свае пазіцыі ў дзяржаве з дапамогай
фармальнага падпарадкавання паўднёваму суседу. Ён, па сутнасці, вярнуўся да
сістэмы, існаваўшай перад 1258 г. Вайшэлк прызнае сябе васалам Васількі
Раманавіча (называе яго бацькам) і прымае на княжанне ў Літву Шварна Данілавіча
(жанатага з яго сястрой) ужо як свайго васала (называе яго сынам).
Атрымаўшы ў дапамогу яшчэ валынскую дружыну, Вайшэлк разам са Шварнам у 1265 г.
заваёўвае Дзяволтву і Нальшаны.
Забойца Міндоўга Даўмонт уцякае са сваім родам і дваром у Пскоў (1265 г.), дзе
будзе доўга і верна служыць на пасадзе служылага князя[85].
З апісання гэтых
падзей мы можам вызначыць прыблізную тэрыторыю дзяржавы часоў Міндоўга -
Вайшэлка. Да яе належаць славянская частка Панямоння і частка Аўкштоты - уласна
Літоўская зямля. Іншыя землі Аўкштоты, як бачым, даводзілася прыводзіць да
пакорнасці. Такім чынам, ядро ВКЛ ад самага пачатку было біэтнічным і асноўную
частку яго складалі ўсходнеславянскія землі Панямоння.
Нейкі час (другая
палова 1264 - 1267 гг.) Вайшэлк княжыць разам са Шварнам. Аб цеснай сувязі ВКЛ
з Валынню ў гэты час сведчыць канфлікт з мазавецкім князем Баляславам
Сарамлівым. Той ідзе вайной на галіцка-валынскія землі і тлумачыць гэта ўдзелам
вояў Шварна ў выправе ліцвінаў на Мазовію (першая палова 1266 г.).
Як глыбока асабістае рашэнне выглядае чарговы (і апошні) адыход Вайшэлка ад
улады і вяртанне ў манастыр. Паводле летапісу, на ўгаворы Шварна застацца
Вайшэлк адказвае: “земля ти опасена”.
У 1267 г. на Валыні
быў забіты Вайшэлк. Летапісец паведамляе, што Леў Данілавіч, будучы на падпітку
пасля сумеснага піру, уласнаручна засек Вайшэлка быццам за тое,