|
Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях
Аляксандр
Смалянчук
АД АЎТАРА
Прапанаваная манаграфія ўяўляе пэўны этап даследавання польскага руху на беларускіх і літоўскіх землях у перыяд 1864 – 1917 г. Першым манаграфічным выданнем у межах гэтага даследчыцкага праекту стала кніга «Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905 – 1907 гг.» (Гародня: Ратуша, 2000, 204 с.). Праца атрымала ў цэлым станоўчую ацэнку гісторыкаў. У навуковым друку Польшчы былі апублікаваныя дзве рэцэнзіі, аўтары якіх падтрымалі прапанаваную канцэпцыю, хоць адначасова выказалі шэраг заўвагаў.
Гісторык Яўген Мірановіч не згадзіўся, у прыватнасці, з ацэнкай ролі краёўцаў у гісторыі польскага руху. На думку рэцэнзента, тэкст кнігі не дае падставы сцвярджаць, што краёўцы мелі якую-небудзь лагічную праграму вырашэння нацыянальных і сацыяльных праблемаў. Падобна на тое, што яны абмяжоўваліся выключна мілагучнымі пажаданнямі і словамі любові да «краю» (Białoruskiе Zeszyty Historyczne (Białystok). – 2000. – Nr 14. – S. 239). Гэта, безумоўна, не так, і ў дадзенай манаграфіі значна большае месца адве-дзена асвятленню краёвай ідэалогіі і практычнай дзейнасці яе прыхільнікаў.
Галоўнай прэтэнзіяй даследчыка з Любліна Дарыуша Тарасюка было тое, што аўтар гэтых радкоў пры падліках колькасці палякаў на беларускіх і літоўскіх землях на рубяжы ХІХ – ХХ ст. вызначальным крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці лічыў дадзеныя афіцыйнай статыстыкі па роднай мове насельніцтва (Zapiski Historyczne (Toruń). – 2001. – T.LXVI. – Z. 2-3. – S. 207 – 210). На самой справе, у выданні «Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905-1907 гг.» падкрэслівалася, што абсалютызацыя як «лінгвістычнага» («моўнага»), так і «канфесійнага» крытэрыя пры вызначэнні нацыянальнай прыналежнасці жыхароў беларускіх і літоўскіх земляў рубяжа ХІХ – ХХ ст. не дазваляе зразумець і адлюстраваць тагачасную нацыянальную структуру насельніцтва. Менавіта таму досыць высокую ацэнку ў манаграфіі атрымалі публікацыі польскага дэмографа і гісторыка Пятра Эбэрхардта, які паспрабаваў сумясціць абодва падыходы. Прапанаваныя ўвазе чытачоў табліцы «Нацыянальны склад насельніцтва Беларусі і Літвы. 1897 г.» і «Саслоўны склад польскага насельніцтва Беларусі і Літвы. 1897 г.» былі выкананыя ў адпаведнасці з канцэпцыяй «лінгвістычнага» вызначэння нацыянальнасці. Пры гэтым, аднак, звярталася ўвага на адноснасць гэтых падлікаў.
Таксама трэба адзначыць заўвагу гісторыка Станіслава Рудовіча, выказаную падчас канферэнцыі «Праблемы айчыннай гістарыяграфіі» (Гародня, студзень 2001 г.). На думку менскага даследчыка, аналізу польскага руху павінна папярэднічаць спроба вызначэння паняцця «нацыя» для пачатку ХХ ст. для Беларусі і Літвы. Гэтая заўвага была ўлічаная падчас працы над кнігай.
Інфармацыя і кароткі анонс пра выданне «Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905-1907 гг.» былі змешчаныя на старонках беластоцкага часопіса «Biuletyn Historii Pogranicza» (2001. – Nr 2. – S. 141), а таксама ў беларускім перыядычным друку (А.Г. У супрацы і барацьбе // Наша Ніва. – 2000. – 20 лістапада; Паўлёнак І. Краёўцы пачатку стагоддзя // Пагоня. – 2000. – 17 жніўня).
Хачу выказаць удзячнасць шаноўным рэцэнзентам і ўсім тым, хто аказаў фінансавую і навуковую падтрымку даследаванню гісторыі польскага руху.
Другая палова ХІХ – пачатак ХХ ст. – гэта час фармавання сучасных нацыяў на беларускіх і літоўскіх землях. У тэксце кнігі выкарыстоўваюцца паняцці «этнічная група», «нацыя» і вытворныя ад іх. Даць дакладнае і поўнае вызначэнне гэтых тэрмінаў немагчыма з прычыны іх шматзначнасці і існавання розных навуковых падыходаў да вырашэння гэтай праблемы. Напрыклад, вядомы расійскі этнолаг Валеры Цішкоў вылучыў «веберыянскі або гістарычны падыход», канцэпцыю Эрнэста Гелнэра, які звязвае фармаванне нацыі з працэсам мадэрнізацыі, і «канструктывісцкую інтэрпрэтацыю» Бенедыкта Андэрсэна [379]. Беларускі палітолаг і філосаф Уладзімір Роўда адзначыў «валюнтарысцкі падыход» (Б.Андэрсэн), «культурна-арганічную тэорыю», «культурна-плюралістычны падыход», «палітычную канцэпцыю» і спробу разгляду праблемы нацыяналізма ў межах тэорыі мадэрнізацыі [367, c. 6-25]. Кожная канцэпцыя прапануе ўласнае вызначэнне ключавых паняццяў этналогіі і гістарычнай антрапалогіі. «Ядром» разыходжанняў звычайна з'яўляецца розная трактоўка ролі аб'ектыўных і суб'ектыўных фактараў у этнанацыянальных працэсах.
Існуе і больш радыкальны падыход. Валеры Цішкоў, напрыклад, прапанаваў наогул пазбыцца тэрміна «нацыя». На яго думку, «нацыя» – гэта семантыка-метафарычная катэгорыя, якая набыла вялікую эмацыйную і палітычную легітымнасць, але не з'яўляецца катэгорыяй аналіза, а значыць, і навуковай дэфініцыяй [379]. Даследчык прапанаваў замяніць паняцце «нацыя» тэрмінамі «народ», «дзяржава», «культура» і «этнічная група». Аднак і гэтыя катэгорыі (можа, за выключэннем «дзяржавы») носяць таксама шматзначны характар. Апроч таго, наўрадці можна вырашыць усе праблемы, адмовіўшыся ад паняцця, якое непазбежна будзе актыўна прысутнічаць у палітычным і культурным жыцці. Як заўважыў расійскі сацыёлаг А.Здравамыслаў, неабходны аналіз кожнай канкрэтнай сітуацыі, звязанай з этнанацыянальнай дынамікай [342]. Падобнае меркаванне выказаў вядомы польскі даследчык Анджэй Валіцкі. На яго думку, у розных краінах і ў розныя перыяды гісторыі суадносіны суб'ектыўнага і аб'ектыўнага фактараў у стварэнні нацыяў адрозніваліся. Таму ўсялякія тэарэтычныя абагульненні павінны абапірацца на дакладнае вывучэнне канкрэтных выпадкаў [320, c. 156].
Сапраўды канкрэтна-гістарычны падыход звычайна аказваецца багацейшым за ўсе тэарэтычныя канструкцыі, асабліва калі апошнія набываюць характар шырокіх абагульненняў. Звычайна гісторыку не складана падабраць гістарычныя факты, якія абвяргаюць тую або іншую канцэпцыю фармавання нацыі.
Склаўшаяся сітуацыя дазваляе карыстацца аперацыянальнымі або рабочымі вызначэннямі, звязанымі з мэтамі і задачамі канкрэтнага даследавання. Што датычыць паняцця «этнічная група (супольнасць)», то ў да-дзеным даследаванні яно трактуюцца як катэгорыя для пазначэння данацыянальнай супольнасці. У якасці рабочага вызначэння выкарыстоўваецца наступнае: этнічная група (супольнасць) – гэта сацыяльная група, прасякнутая пачуццём культурнай блізкасці (агульнасць звычаяў, традыцыяў і мовы), свядомасць якой не выходзіць за межы пэўнага рэгіёну. Як адзначыў польскі сацыёлаг Рышард Радзік, «у этнічнай групе катэгорыя «мы» ўжываецца толькі ў маштабах вёскі, парафіі і ваколіцы» [457, s. 30].
Прынцыповым адрозненнем нацыі ад этнічнай групы (супольнасці) з'яўляецца нацыянальная свядомасць. Менавіта яна, на думку большасці сучасных даследчыкаў, ператварае досыць аморфную этнічную групу ў палітычна актыўную нацыю. Як заўважыў польскі навуковец Яраслаў Тамасевіч, без нацыянальнай свядомасці этнічная група ў лепшым выпадку застаецца «патэнцыяльнай нацыяй» [482]. Аналагічнага меркавання прытрымліваецца іншы вядомы даследчык Юзаф Хлябоўчык [411]. Р.Радзік лічыць адной з вызначальных рысаў нацыі «нацынальную сувязь», якая абапіраецца на самасвядомасць і самаідэнтыфікацыю і знаходзіць адлюстраванне ў нацыянальнай ідэалогіі [457, s. 32]. Расійскі гісторык Ірына Чуркіна заўважыла, што магчыма існаванне нацыі без дзяржаўнасці, без агульнасці веравызнання і нават без агульнай мовы, але яно немагчыма без нацыянальнай свядомасці [393, c. 40]. Амерыканскі сацыёлаг Эдвард Шылс лічыў нацыянальнасць – феноменам масавай самасвядомасці [467, s. 9].
Але найбольш высока ацэньваў значэнне нацыянальнай свядомасці Э.Гелнэр. На яго думку, «дзве асобы належаць да той самай нацыі, калі – і толькі калі – яны лічаць, што належаць да адзінай нацыі. Інакш гаворачы, нацыі – гэта стварэнне чалавека, вынік яго жыццёвага вопыту, лаяльнасці і салідарнасці. Група асобаў <...> становіцца нацыяй, калі гэтыя асобы перакананыя, што з прычыны прыналежнасці да гэтай групы маюць адносна адзін аднаго пэўныя абавязкі і правы. Нацыю стварае ўзаемнае прызнанне сваяцтва, а не якая-небудзь іншая сумесная рыса, якая характэрная толькі для іх і адрознівае іх ад іншых людзей» [413, s. 15]. Паводле даследчыка, менавіта «нацыяналізм стварае нацыі, а не наадварот» [413, s. 72]. Падобна ацэньваў значэнне свядомасці Бенедыкт Андэрсэн, які ў дачыненні да нацыяў прапанаваў тэрмін «уяўленыя супольнасці» [Цыт. па: 482].
Прыхільнікі «валюнтарысцкай» канцэпцыі відавочна недаацэньваюць ролю аб'ектыўных фактараў. Між тым бясспрэчна, што суб'ектыўны характар механізма этнічнай ідэнтыфікацыі падтрымліваецца аб'ектыўнымі фактарамі, да якіх трэба аднесці мову, веравызнанне, эканамічныя сувязі, культуру, тэрыторыю ды інш. Яраслаў Тамасевіч канстатаваў ігнараванне Э.Гелнерам факта, што нацыянальная свядомасць узнікае на падмурку рэальнай, аб'ектыўна існай культуры. На яго думку, свядомасць не з'яўляецца нейкім «валюнтарысцкім артэфактам» [482]. А.Валіцкі, аналізуючы працэс фармавання сучаснай польскай нацыі, прыйшоў да высновы, што «воля і ўяўленьне палітычных і культурных элітаў не былі ўсемагутнымі, што нацыі могуць «будавацца» толькі да пэўнай мяжы, што сучасныя нацыі <...> патрабуюць моцных этнічных асноваў <...>». І далей: «Сучасная польская нацыя разьвінулася як этналінгвістычная цэласнасьць на этнічнай тэрыторыі сярэднявечнай Польшчы. У пэўнай ступені яе сфармаваў шляхецкі нацыяналізм, але яна сталася абавязанай сваім існаваньнем аб'ектыўнаму працэсу грамадзка-эканамічнае мадэрнізацыі ў межах існаваўшай раней этнічнай нацыянальнасці» [320]. Іншы польскі даследчык Кшыштаф Квасьнеўскі сцвярджаў, што не існуе нацыі, на адметнасць і згуртаванасць якой не ўплывалі (у рознай ступені) наступныя фактары: агульнае геаграфічнае паходжанне; міграцыйны статус; раса; мова або дыялект; рэлігія або рэлігіі; сумесныя традыцыі, каштоўнасці і сімвалы; культура, фальклор і музыка; унутранае пачуццё адметнасці ды інш. [439, s. 66].
Таксама варта адзначыць ролю гістарычнай памяці або ўласнай рэканструкцыі мінуўшчыны. Дзеяч румынскага нацыянальнага руху Нікола Бальчэску пісаў: «Гісторыя ёсць першая кніга народу. У ёй ён бачыць сваё мінулае, сучаснасць і будучае. Народ без гісторыі з'яўляецца проста варварскім людам, і бяда люду, які загубіў рэлігію сваіх успамінаў» [Цыт. па: 380, c. 134]. Беларускі даследчык Сяргей Токць на канферэнцыі «Праблемы айчыннай гістарыяграфіі» (Гародня, 19-21 студзеня 2001 г.) адзначыў, што «на грунце пашырэння ўсведамлення прыналежнасці да актуальнай моўна-этнічнай супольнасці, звязанай агульнымі лёсамі і спадчынай мінулага, утвараецца нацыянальная повязь як ідэалагічная катэгорыя ў супрацьпастаўленні да чыста тэхнічнай ролі моўнай повязі на пачатковай стадыі нацыянальнага руху» [380, c. 134].
Таксама варта прывесці вызначэнне нацыі, якое належыць вядомаму польскаму гісторыку Юліушу Бардаху. На яго думку, нацыя – гэта «ўстойлівая, гістарычна сфармаваная грамадскасць, аб'яднаная агульнасцю культуры, моўным адзінствам, якая пражывае на кампактнай тэрыторыі, што ўтварае асобную палітычную адзінку – дзяржаву, або паслядоўна імкнецца да вяртання страчанай палітычнай самастойнасці ці да яе заваёвы» [403, s. 363].
У дадзеным даследаванні ў якасці аперацыянальнага вызначэння нацыі выкарыстоўвалася наступнае: нацыя – гэта сацыяльная група, прасякнутая нацыянальнай свядомасцю, складовымі якой з'яўляюцца ўсведамленне супольнасці інтарэсаў, адметнасці ўласнай культуры, мовы, рэлігіі і палітычнай гісторыі, уяўленне пра ўласную этнічную тэрыторыю. Пры гэтым, каб быць нацыяй, дастаткова мець адну альбо болей з пералічаных характэрных якасцяў. У працэсе ўтварэння нацыі асобныя яе прыметы становяцца дамінуючымі, а іншыя адыходзяць на другі план.
Таксама трэба адзначыць выкарыстанне аўтарам паняццяў «літоўскія палякі» і «беларускія палякі». Гэтыя тэрміны ўжо прайшлі апрабацыю ў выданні «Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905-1907 гг.» Аднак патрэбна ўдакладненне. У выступленні на ІІІ Міжнародным кангрэсе беларусістаў (снежань 2000 г.) аўтар гэтых радкоў выказаў гіпотэзу, што на пачатку ХХ ст. паняцце «літоўскія палякі» пачало набываць новы сэнс. Нацыянальныя памкненні літоўскага этнасу спрыялі таму, што частка эліты «літоўскіх палякаў» пачала актыўна звяртацца да элементаў этнічнай літоўскай культуры. Слова «літоўскія» ў словазлучэнні «літоўскія палякі» звязвалася ўжо не толькі з «гістарычнай», але і з «этнаграфічнай» Літвой. У той жа час па меры развіцця беларускага руху «літоўскія палякі», якія жылі на этнічных беларускіх землях, падпадалі пад пэўныя ўплывы беларускасці. Можна назваць Эдварда Вайніловіча, Аляксандра Ельскага, Марыю Магдалену Радзівіл, Рамана Скірмунта ды інш. Аўтарытэт, якім карысталіся названыя прадстаўнікі эліты «беларускіх палякаў», сведчыць пра тое, што беларускаць у той ці іншай форме прысутнічала ў свядомасці значнай часткі польскай грамадскасці на этнічных беларускіх землях. Усё гэта дае падставы для ўжывання паняцця «беларускія палякі» ў дачыненні да міжрэвалюцыйнага перыяду (1907-1917 гг.) не ў палітычным, як гэта было зроблена ў манаграфіі «Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905-1907 гг.», а ў этнакультурным сэнсе.
Апроч таго, у кнізе ўжываецца паняцце «польскія краёўцы», якое выклікала дыскусію падчас міжнароднай навуковай канферэнцыі «Асобы, нацыі, грамадства ў Літве на рубяжы ХІХ – ХХ ст.» (Вільня, 20-21 кастрычніка 1999 г.). На думку літоўскіх даследчыкаў Рымантаса Мікныса і Дарюса Сталюнаса, паняцці «польскія краёўцы» або «беларускія краёўцы» супярэчаць сутнасці краёвасці як надэтнічнага ідэалагічнага феномена. Аднак больш дакладна было б сцвярджаць, што гэтыя тэрміны супярэчаць разуменню краёвасці ў варыянце Міхала Ромэра. У той жа час нават гэты буйнейшы краёвы ідэолаг карыстаўся падобнай тэрміналогіяй. У прыватнасці, у лісце да Антона Луцкевіча ад 12 сакавіка 1917 г. ён пісаў пра «слабую актыўнасць польскіх краёвых элементаў» [89, a. 35 адв.]. Няцяжка заўважыць, што краёвасць, «ядром» якой з'яўлялася палітычнае або, дакладней, грамадзянскае разуменне нацыі, распадалася на шэраг канцэпцый. Некаторыя польскія і беларускія дзеячы, падзяляючы яе асноўныя прынцыпы, тым не менш імкнуліся выкарыстаць гэтую ідэалогію для ўмацавання пазіцыяў уласнай нацыі. Гэтае і дае падставы для ўжывання тэрміну «польскія краёўцы».
Беларускія і літоўскія землі ў манаграфіі разглядаюцца ў межах шасці губерняў – Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Ковенскай, Магілёўскай і Менскай. Напачатку ХХ ст. усе азначаныя губерні мелі афіцыйную назву «Паўночна-Заходні край Расіі». Сярод польскай палітычнай эліты ў гэты самы час ужываўся тэрмін «Усходнія крэсы».
Пры аналізе польскага руху другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. аўтар карыстаўся паняццямі «Беларусь», «Літва», «Беларуска-Літоўскі край», «беларускія і літоўскія землі». Вядома, што некаторыя даследчыкі лічаць ужыванне падобнай тэрміналогіі свайго роду мадэрнізацыяй гісторыі. У якасці альтэрнатывы выкарыстоўваюцца паняцці «крэсы» (Напр., Kolbuszewski J. Kresy. – Wrocław, 1995; Zasztowt L. Kresy 1832 – 1864. Szkolnictwo na ziemiach litewskich i ruskich dawnej Rzeczypospolitej. – Warszawa: Wyd. Instytutu Historii Nauki PAN, 1997) або «Заходні край Расіі» (Напр., Черепица В. Польское национальное движение в Белоруссии (последняя треть ХIХ в.): факты, события, комментарии. – Гродно, 1996). Аднак трэба адзначыць, што дадзеныя тэрміны з'яўляюцца носьбітамі ідэалогіі, якая адмаўляе Беларусі права на самастойны гістарычны шлях і не прызнае беларусаў суб'ектам уласнай гісторыі. Пэўным адпаведнікам гэтых паняццяў з'яўляецца тэрмін «Прывіслінскі край», які ўжываўся расійскімі ўладамі ў адносінах да польскіх земляў пасля паўстання 1863–64 г. Аднак наўрадці польскія навукоўцы пагадзіліся б з выкарыстаннем гэтага тэрміну беларускімі або расійскімі даследчыкамі ў якасці назвы польскай тэрыторыі. Таксама вядома, што карэннае насельніцтва і нават мясцовая адміністрацыя ў разгляданы перыяд карысталіся паняццямі «Беларусь» і «Літва», якія паступова замацоўваліся адпаведна за этнічна беларускімі і этнічна літоўскімі землямі. Аднак напачатку ХХ ст. тэрмін «Літва» звычайна ўжываўся таксама ў дачыненні да ўсходняй Віленшчыны і Гарадзеншчыны.
Паняцці «Беларусь» і «Літва» актыўна выкарыстоўваліся палітыкамі, навукоўцамі і дзеячамі культуры пачатку ХХ ст. У якасці прыкладаў можна згадаць артыкулы гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага «Беларускае мінулае» («Белорусское прошлое»), надрукаваныя ў газеце «Минский листок» (1888), паэтычны зборнік Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская» (1891), прадмова да якога стала свайго роду маніфестам беларускага нацыянальнага руху, «Кароткую гісторыю Беларусі» Вацлава Ластоўскага (1910), выданне «Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego» Міхала Ромэра (1908), кнігу Эдварда Малішэўскага «Białoruś w cyfrach i faktach» (1918). Можна сцвярджаць, што паняцці «Беларусь» і «Літва» на працягу даследаванага перыяду паступова набывалі этнанацыянальны змест.
У манаграфіі таксама ўжываецца паняцце «ліцвін» і вытворныя ад яго. Гэтым тэрмінам акрэсліваецца частка сацыяльнай, палітычнай і інтэлектуальнай эліты гістарычнай Літвы да пачатку працэсаў нацыянальнага самавызначэння, якія абумовілі падзел гэтай данацыянальнай супольнасці на літоўскіх палякаў, літоўцаў і беларусаў.
Апроч таго, аўтар карыстаецца тэрмінамі «ліцвінская традыцыя», уведзеным у навуковы зварот Святланай Куль-Сяльверставай [355], «польскае пытанне», «заходнеруская традыцыя», «беларускае культурнае накапленне» ды інш. Абгрунтаванне і тлумачэнне гэтых паняццяў даецца ў тэксце кнігі.
Кніжка
публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Аўтара
|