БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Аляксандр Смалянчук, Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. 

Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй.
Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях

Аляксандр Смалянчук

РАЗДЗЕЛ ІІ.
ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЯ І КУЛЬТУРНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ ПОЛЬСКІХ ПАРТЫЯЎ І АРГАНІЗАЦЫЯЎ У МІЖРЭВАЛЮЦЫЙНЫ ПЕРЫЯД
(ЛІПЕНЬ 1907 – ЛЮТЫ 1917 Г.) 

§ 1. Польскі грамадска-палітычны рух у перыяд выбараў і дзейнасці ІІІ Дзяржаўнай думы (1907 – 1912)

Прыметную ролю ў польскім руху на беларускіх і літоўскіх землях у міжрэвалюцыйны перыяд адыгрывала дзейнасць Польска-літоўска-беларускага кола ў Дзяржаўнай думе ІІІ і IV скліканняў і прадстаўнікоў літоўскіх палякаў у Дзяржаўнай радзе.

Указ пра выбары ад 3 чэрвеня 1907 г. парушаў заканадаўства, якое забараняла змяненне сістэмы выбараў у Дзяржаўную думу без згоды думскіх дэпутатаў. У выніку Указа Дума павінна была стаць у палітычным плане больш кансерватыўнай*, а ў нацыянальным – больш вялікарускай. Невыпадкова ў імператарскім Указе падкрэслівалася, што «Дзяржаўная дума павінна быць рускай і па духу», што «іншыя народнасці <...> не павінны і не будуць з'яўляцца <…> вырашальнікамі чыста рускіх пытанняў» [254, c. 122-123].

У гістарыяграфіі гэтая падзея традыцыйна лічыцца «дзяржаўным пераваротам» [338, c. 267; 360, c. 401; 382, c. 132]. Аднак, на думку вядомага амерыканскага даследчыка Рычарда Пайпса, гэты тэрмін наўрадці апраўданы. Паводле яго меркавання, размову трэба весці хутчэй пра парушэнне канстытуцыі ў духу расійскай традыцыі паглынання незалежнага палітычнага інстытута дзяржаўнай структурай [365, c. 205]. І сапраўды, Дума захавала заканадаўчую і бюджэтную ўладу, акрэсленую ў Асноўных законах, і, як паказала праца дэпутатаў Думы ІІІ склікання, засталася важным фактарам унутрыпалітычнага жыцця імперыі.

Выбарчая кампанія распачалася ў верасні 1907 г. У параўнанні з папярэднімі выбарамі значна павялічвалася колькасць выбаршчыкаў ад землеўласнікаў. Па падліках «Нашай Нівы», на вырашальных выбарчых сходах у шасці губернях павінны былі прысутнічаць 300 выбаршчыкаў ад курыі землеўласнікаў і толькі 187 ад сялянаў і 6 ад рабочых [152. Nr 23]. Іншай асаблівасцю было абавязковае абранне двух «рускіх дэпутатаў» ад Віленскай губ. і аднаго – ад Ковенскай. Іх выбары адбываліся на асобных сходах выбаршчыкаў ад праваслаўнага насельніцтва.

Падчас выбарчай кампаніі сярод польскай грамадскасці практычна адсутнічала палеміка па пытаннях праграмы яе кандыдатаў. 1-2 верасня 1907 г. у Кіеве адбыўся з'езд дэлегатаў губернскіх выбарчых камітэтаў дзевяці «Заходніх губ.» У якасці асноўных пастулатаў выбарчай праграмы літоўскіх палякаў былі прынятыя прынцыпы Віленскага з'езду (6-7 снежня 1906 г.). Абранцы польскай грамадскасці імкнуліся да ажыццяўлення канстытуцыйных прынцыпаў, патрабавалі роўнасці нацыяў і рэлігіяў, адстойвалі недатыкальнасць права ўласнасці, выказваліся за ліквідацыю церазпалосіцы і сервітутаў, камасацыю і ўздым сельскагаспадарчай культуры. Яны па-ранейшым выступалі прыхільнікамі дэцэнтралізацыі ўлады і ўвядзення шырокага самакіравання [176. Nr 84].

Ізноў было прынятае рашэнне пра стварэнне асобнага і «безумоўна самастойнага кола». Падкрэслівалася, што гэтае кола ў сваіх рашэннях павінна абапірацца на разуменне асаблівасцяў краю, клапаціцца пра інтарэсы ўсіх народаў «Літвы і Русі», спрыяць супрацоўніцтву паміж імі на падставе роўнасці. У агульнанацыянальных справах кола абавязвалася дзейнічаць салідарна з прадстаўнікамі Каралеўства Польскага. Праўда, гэтая салідарнасць не павінна была супярэчыць інтарэсам краю. Выніковую рэзалюцыю ад беларуска-літоўскіх губ. падпісалі Б.Ялавецкі і Б.Умястоўскі (абодва Віленская губ.), Ю.Талочка і А.Замойскі (абодва Гарадзенская губ.), Р.Скірмунт і М.Ястшэмбскі (абодва Менская губ.), Г.Дымша і К.Нядзведскі (абодва Віцебская губ.), К.Гардзялкоўскі і М.Абязерскі (абодва Магілёўская губ.), Ю.Монтвіл і Ф.Рачкоўскі (абодва Ковенская губ.). Апроч іх, пад дакументам стаялі подпісы сяброў Дзяржаўнай рады Э.Вайніловіча, У.Войніч-Сянажэнцкага, А.Тышкевіча і былых дэпутатаў Дзяржаўнай думы А.Хаміньскага, М.Хелхоўскага і В.Путкамера. Цікава, што два апошнія паставілі свае подпісы з заўвагай, што рэзалюцыя недаацэньвае значэння салідарнасці абодвух польскіх думскіх колаў [65, a. 19 адв.]. Гэтая заўвага адлюстравала стаўленне мясцовых нацыянальных дэмакратаў да вынікаў «кіеўскага з'езду».

Асцярожная крытыка рашэнняў з'езду прагучала таксама са старонак «Кур'ера літэўскага». На думку В.Бараноўскага, рэзалюцыя не дала яснасці па пытанню ўзаемаадносінаў двух колаў. Рэдактар «Кур'ера» падкрэсліў, што «нацыянальныя справы» Беларуска-Літоўскага краю і Каралеўства Польскага зусім не тоесныя [189. Nr 198].

Ва ўсіх шасці губернскіх цэнтрах мясцовай польскай грамадскасцю былі створаныя Выбарчыя камітэты. У Вільні іх аказалася нават два. Пэўнай супрацьвагой Цэнтральнаму выбарчаму камітэту (ЦВК), які быў задуманы як адзіны орган кіравання і каардынацыі выбарчых намаганняў літоўскіх палякаў, стаўся Дэмакратычны камітэт. Ён аб'яднаў прыхільнікаў «сацыяльнай справядлівасці», г.зв. «прагрэсістаў»* (М.Мінкевіч, В.Маліноўскі, М.Струміла, А.Змачыньскі ды інш.), кандыдатам якіх у Думу ад насельніцтва Вільні з'яўляўся Тадэвуш Урублеўскі.

8 верасня 1907 г. «Кур'ер літэўскі» апублікаваў тэкст інтэрв'ю з віленскім адвакатам. Т.Урублеўскі выказаўся за будучую аўтаномію гістарычнай Літвы, а ў бліжэйшы час – за ўвядзенне шырокага самакіравання. Першачарговымі задачамі кандыдат прагрэсістаў лічыў рэфармаванне мясцовых судоў і дасягненне сапраўднай свабоды веравызнання. Варта адзначыць, што прагрэсіст Т.Урублеўскі, які напрыканцы 1905 г. спрабаваў стварыць у Вільні мясцовую арганізацыю партыі Народнай свабоды, у сваім інтэрв'ю рашуча адмежаваўся ад канстытуцыйных дэмакратаў. Ён заявіў пра ўласнае расчараванне непаслядоўнасцю («апартунізмам») кадэтаў і падкрэсліў, што не можа быць і размовы пра салідарнасць з імі [189. Nr 200]. Дарэчы згадаць, што менавіта «кадэтызм» Т.Урублеўскага быў адной з прычынаў ягонай няўдачы падчас выбараў у ІІ Думу. Кандыдатуру віленскага адваката падтрымала таксама «Наша Ніва» [152. Nr 30].

З'яўленне прагрэсістаў сярод польскай грамадскасці Вільні было досыць красамоўным. Відавочна, што дзейнасць краёўцаў кансерватыўна-ліберальнага кірунку і мясцовых нацыянальных дэмакратаў не адпавядала настроям усіх колаў літоўскіх палякаў. Менавіта пра гэта пісаў І.Рамановіч на старонках «Кур'ера літэўскага». Характэрнай рысай першых аўтар лічыў сацыяльны эгаізм. А вось дзеячоў партыі Р.Дмоўскага ён характарызаваў як нацыянальных эгаістаў [189. Nr 261]. Іншы аўтар сцвярджаў, што ва ўмовах пэўнай раўнавагі паміж краёўцамі і «эндэкамі» менавіта прагрэсісты паўплываюць на вынікі выбараў ад польскай грамадскасці [189. Nr 233]. У кожным выпадку прагрэсісты прыцягнулі да сябе ўвагу.

Аднак ні Дэмакратычны камітэт, ні Т.Урублеўскі не здолелі скласці годнай канкурэнцыі ЦВК і ягонаму кандыдату ксяндзу Станіславу Мацэевічу. Апошні не выступаў у друку з заявамі праграмнага характару. Ён цалкам пагаджаўся з праграмай «кіеўскага з'езду», хоць, паводле інфармацыі «Кур'ера літэўскага», быў прыхільнікам польскіх нацыяльных дэмакратаў [189. Nr 218]. Менавіта ягоную кандыдатуру і падтрымала большасць польскай грамадскасці Вільні. Як сцвярджаў «Дзеннік віленьскі», С.Мацэевіч атрымаў 5703 галасы, а Т.Урублеўскі – толькі 1479 [176. Nr 221].

Створаная ў чэрвені 1907 г. Краёвая партыя Літвы і Беларусі прыметнай актыўнасці не праяўляла. Віленскі губернатар Любімаў, які рэгулярна паведамляў у канцылярыю МУС пра ход выбараў, нават не заўважыў краёўцаў сярод тых выбаршчыкаў, якія павінны былі абраць дэпутатаў Думы ад губерні. Затое ў сваіх лістах ён часта згадваў абраных нацыянальных дэмакратаў [81, a. 9-12]. Урэшце рэшт у Думу быў абраны Станіслаў Ваньковіч, але гэтае абранне, як заўважыў Д.Шпопер, было хутчэй вынікам папулярнасці краёвай ідэі, чым наступствам эфектыўнай прапагандысцкай дзейнасці партыі [476, s. 67]. Сцвярджэнне Мікалая Забаўскага пра «дастатковую актыўнасць лідараў Краёвай партыі» [341, c. 90] падчас выбараў у ІІІ Думу не выглядае абгрунтаваным. Нацыянальныя дэмакраты, якія так і не здолелі стварыць у Беларуска-Літоўскім крае асобнай палітычнай арганізацыі, тым не менш у змаганні за галасы выбаршчыкаў праяўлялі значна большую актыўнасць. У выніку С.Мацэевіч упэўнена перамог на выбарах. Да апошняй хвіліны на дэпутацкія месцы прэтэндавалі таксама М.Хелхоўскі і В.Путкамер.

Якраз у Віленскай губ. літоўскія палякі дасягнулі найбольшага поспеху. Уладальнікамі дэпутацкіх мандатаў сталі С.Мацэевіч, Ю.Монтвіл, С.Ваньковіч і Г.Свянціцкі. Апроч таго, абавязковым сялянскім дэпутатам быў абраны іх «пратэжэ» літовец Мацей Цывунеліс.

Юзаф Монтвіл з'яўляўся адным з галоўных фундатараў развіцця польскай культуры і асветы ў Віленскай губ. Напярэдадні выбараў у размове з журналістам «Дзенніка віленьскага» ён заявіў, што выступае за ліквідацыю антыпольскіх абмежаванняў, за поўную палітычную роўнасць усіх жыхароў краю. Ю.Монтвіл адзначыў, што палякі беларуска-літоўскіх земляў не могуць быць кансерватарамі, бо ў краі адсутнічае самакіраванне, няма земстваў, не хапае школаў, эканомікай кіруюць чужынцы, якія і нясуць галоўную адказнасць за цяжкі стан сялянскай гаспадаркі. Ён лічыў неабходным павелічэнне сялянскага землеўладання у выпадку неабходнасці нават шляхам прымусовага адчужэння памешчыцкіх земляў. Хоць расцэньваў такі крок як выключэнне з агульнага прынцыпу недатыкальнасці прыватнай уласнасці [176. Nr 246]. Юзаф Монтвіл быў прыхільнікам аўтаноміі гістарычнай Літвы. Ён выступаў супраць патрабаванняў літоўскага руху пра вылучэнне «этнаграфічнай Літвы з прылеглымі тэрыторыямі». Аўтаноміі, на яго думку, «павінна папярэднічаць шырокае самакіраванне, пры якім будуць забяспечаны правы нацыянальных меншасцяў» [189. Nr 206].

С.Ваньковіч, фактычны кіраўнік губернскага сельскагаспадарчага таварыства як сябра Краёвай партыі цалкам падзяляў асноўныя палажэнні яе праграмы (прыярытэтнасць краёвых інтарэсаў, роўнасць народаў краю ва ўсіх галінах грамадскага жыцця і магчымасць свабоднага развіцця іх культуры ды інш.). Генрык Свянціцкі быў вядомы як знаўца аграрнага пытання. Ягоны даклад («Аграрнае пытанне») на пасяджэнні Менскага сельскагаспадарчага таварыства 5 сакавіка 1906 г. быў нават апублікаваны асобнай брашурай [221].

У Гарадзенскай губ. выбаршчыкі ад мясцовых польскіх землеўласнікаў пайшлі на скандальнае пагадненне з рускімі правымі («Наша Ніва» і «Кур'ер літэўскі» аднолькава характарызавалі апошніх як чарнасоценцаў [189. Nr 233; 152. Nr 32]). У выніку дэпутатам Думы стаў землеўласнік з Слонімскага пав. Уладыслаў Есьман. У Ковенскай губ. быў абраны таксама землеўласнік Казімір Завіша. Апошні выступаў як прыхільнік канстытуцыйнага ладу і поўнай талеранцыі ў галіне міжнацыянальных адносінаў [189. Nr 235]. Паводле характарыстыкі «Нашай Нівы», ён быў «сярэднім прагрэсістам» [152. Nr 32].

Няўдачай для польскай грамадскасці скончыліся выбары ў трох іншых губернях. У Менскай губ. «правыя» зноў цалкам падпарадкавалі сабе сялянскіх выбаршчыкаў. У выніку быў сарваны намер выбаршчыкаў ад курыі землеўладальнікаў і гарадской курыі аб'яднацца з упаўнаважанымі ад воласцяў. Між іншымі ў Думу быў абраны фанатык «чарнасоценнай справы», рэдактар «Минского слова» Густаў Шмідт. Пасля ягонага абрання выбаршчыкі-палякі разам з прадстаўнікамі гарадской курыі пакінулі выбарчы сход. Падобна скончыліся сходы ў Віцебску і Магілёве.

ІІІ Дума распачала сваю працу напачатку лістапада 1907 г. З 422 дэпутатаў 154 належалі да «Саюза 17 кастрычніка», 147 – да правага крыла і нацыяналістычных груповак. Кадэты захавалі толькі 54 месцы, а прагрэсісты – 28. Сацыялісты атрымалі 32 дэпутацкія мандаты [365, c. 205; 338, c. 268]. Такі склад Думы дазваляў ураду больш аптымістычна, чым раней, глядзець на магчымасці зацвярджэння сваіх законапраектаў. Тым не менш пра «аўтаматычную» падтрымку ўрадавых прапановаў гаворка не ішла.

Прадстаўнікі літоўскіх палякаў у адпаведнасці з рашэннямі «кіеўскага з'езду» стварылі ўласную думскую фракцыю, якая атрымала назву «Польска-літоўска-беларускае кола». Сябрамі кола сталі Юзаф Монтвіл, Станіслаў Ваньковіч, Станіслаў Мацэевіч, Казімір Завіша, Генрык Свянціцкі, Уладыслаў Есьман і Мацей Цывунеліс. Як відаць са складу фракцыі, стварыць сапраўды краёвае прадстаўніцтва ў Думе літоўскія палякі зноў не здолелі. За выключэннем Мацея Цывунеліса іншыя прадстаўнікі Беларуска-Літоўскага краю не падтрымалі абранцаў польскай грамадскасці. Мясцовы польскі друк вітаў стварэнне «Польска-літоўска-беларускага кола», а вось «Наша Ніва» яго нават не заўважыла. Паведамляючы пра думскія фракцыі, яна адзначыла існаванне толькі «Польскага кола» [152. Nr 33]. Пазней «Наша Ніва» пісала пра «Польскае кола дэпутатаў ад беларускіх і літоўскіх губ».

У Польска-літоўска-беларускім коле дамінавала краёвая ідэалогія. Нават беспартыйныя Ю.Монтвіл, Г.Свянціцкі і К.Завіша звычайна дзейнічалі і выказваліся ў духу краёвасці: «Мы прадстаўнікі заходніх губерняў» (Г.Свянціцкі), «Мы прадстаўнікі інтарэсаў усяго нашага насельніцтва <...>» (К.Завіша), «Мае выбаршчыкі не пасылалі мяне адстойваць правы аднаго саслоўя або народу. Яны накіравалі мяне ў Думу дзеля ўсталявання прававога ладу, дзеля панавання законаў, дзеля задавальнення патрабаванняў усіх саслоўяў і народаў, з якіх і складаецца наш край» (К.Завіша) ды інш.

Краёвасць выразна адчувалася ў падыходах да вырашэння пытання пра ўвядзенне самакіравання ў беларуска-літоўскіх губ. Яно сталася амаль цэнтральным у дзейнасці Польска-літоўска-беларускага кола. Адным з першых яго ўзняў Юзаф Монтвіл пры абмеркаванні бюджэта МУС. 29 красавіка 1908 г. ён ахарактарызаваў становішча «Паўночна-Заходняга краю» як «невыноснае». Выступоўца падкрэсліў, што ў краі фактычна не дзейнічаюць агульнадзяржаўныя законы. Выключнае заканадаўства моцна абмяжоўвае правы карэннага насельніцтва краю. На думку віленскага дэпутата, толькі чыноўнікі і з'яўляюцца паўнапраўнымі жыхарамі Беларусі і Літвы. Адначасна ён звярнуў увагу на тое, што «ў нас 75%, а па некаторых ведамствах нават 100% чыноўнікаў складаюцца з асобаў, якія часова знаходзяцца ў краі». Факт нізкага маральнага і інтэлектуальнага ўзроўня гэтай чыноўніцкай масы не падлягаў для дэпутата сумненню. Менавіта на яе Ю.Монтвіл усклаў галоўную адказнасць за невыкананне распараджэння імператара пра ўвядзенне шляхецкіх выбараў, якое ўтрымлівалася ва Указе ад 1 траўня 1905 г. Адраджэнне края ён звязваў з адменай абмежавальных законаў, з увядзеннем поўнай грамадзянскай роўнасці, шырокага самакіравання і земстваў [231. Сессия I, стлб. 2491-2496].

Неабходнасць увядзення выбарнага земства ў дзевяці губ. даказвалі таксама Г.Свянціцкі, які заявіў, што земствы павінны грунтавацца на прынцыпе роўнасці [231. Сессия I, стлб. 2792-2793], і К.Завіша. Апошні падкрэсліў, што польская шляхта не жадае карыстацца ніякай перавагай «перад родным <...> літоўскім і беларускім насельніцтвам». На яго погляд, будучы выбарчы закон павінен абараняць правы ўсіх народаў краю [231. Сессия I, стлб. 2794-2795].

Амаль адначасова ў Дзяржаўнай радзе распачалося абмеркаванне сітуацыі з выбарамі яе сяброў ад беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх губ. Гэтая праблема была непарыўна звязаная з антысталыпінскай палітычнай інтрыгай, за якой стаялі манархічныя колы. Пэўную палітычную і эканамічную стабілізацыю, якая назіралася ўжо ў 1908 г., яны ўспрынялі як канец рэвалюцыйнай эпохі. Парламентарны лад і прэм'ер-міністр, які імкнуўся праводзіць уласную палітыку, ужо здаваліся непатрэбнымі і небяспечнымі.

Нагодай для палітычнай інтрыгі стала паступленне ў Дзяржаўную раду зацверджанага Думай урадавага законапраекта аб увядзенні новых пасадаў у ваенна-марскім штабе. На самой справе ўрад не павінен быў перадаваць на разгляд Думы гэты законапраект. Падобныя пытанні знаходзіліся цалкам у яго кампетэнцыі. П.Сталыпін не даглядзеў, а яго праціўнікі вырашылі выкарыстаць сітуацыю, каб зваліць урад. Аднак прагноз галасавання для «змоўшчыкаў» быў не вельмі добрым. Калі «Цэнтр» разам з Саюзам польскіх колаў падтрымае П.Сталыпіна, што было цалкам верагодна, то монархісты не набяруць патрэбнай колькасці галасоў. Старшыня Дзяржаўнай рады Акімаў вырашыў не спяшацца. Ён чакаў вясны 1909 г., калі ў польскіх дэпутатаў ад «заходніх губ.» канчаўся тэрмін абрання. Антысталыпінская інтрыга павінна была разгарнуцца ў перыяд абрання новых прадстаўнікоў ад беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх губ. П.Сталыпін даведаўся пра гэтую змову і прапанаваў працягнуць паўнамоцтвы ўсіх абраных дэпутатаў да верасня 1909 г. Маўляў, каб не дэзарганізаваць працы Рады.

Але, каб гэтая прапанова прайшла, 18 польскіх дэпутатаў у Радзе павінны былі яе падтрымаць. Адзінства сярод іх па гэтым пытанні не было. Э.Вайніловіч настойваў на падтрымцы прапановы прэм'ер-міністра. І.Корвін-Мілеўскі выступаў супраць. Было вядома, што дэпутат Думы Піхно збірае подпісы пад законапраектам пра абмежаванне колькасці польскіх дэпутатаў ад «Паўночна-Заходняга краю» ў Радзе да трох чалавек. Прадстаўнік Віленскай губ. быў упэўнены, што адзіным сродкам не дапусціць зацвярджэння гэтага законапраекту з'яўляецца галасаванне супраць прапановы П.Сталыпіна і ўдзел ў выбарах увесну 1909 г. [279, s. 297]. Аднак польскія дэпутаты ў Радзе ўсё ж падтрымалі Э.Вайніловіча. У выніку іх паўнамоцтвы былі працягнутыя, і П.Сталыпін пазбег палітычнага скандалу. А калі Піхно сабраў неабходныя 30 подпісаў пад сваім законапраектам, то прэм'ер-міністр падтрымаў перадачу гэтага законапраекта на разгляд у думскую камісію па заканадаўстве. Больш таго, урад выступіў з законапраектам пра абмежаванне паўнамоцтваў дэпутатаў ад 9 «заходніх» губ. на тэрмін да 1 года. Гэтага часу павінна было хапіць, каб законапраект Піхно стаўся законам. Аднак Дума адвергла гэтыя прапановы. Яна патрабавала правядзення выбараў на падставе земстваў. Усё гэта значна прыспешыла падрыхтоўку ўрадавага законапраекта пра ўвядзенне земстваў.

Абмеркаванне праекта распачалося ў траўні 1910 г. У звароце да Думы Пётр Сталыпін заявіў, што яго галоўная мэта – забяспечыць рускае панаванне ў краі. Сярод прынцыповых палажэнняў праекта варта адзначыць фіксацыю колькасці земцаў ад рускага і ад польскага насельніцтва; утварэнне нацыянальных курыяў па абранні земцаў; гарантыю колькаснай перавагі «асобаў рускага паходжання» ў земскай управе, а таксама пералік пасадаў, што прызначаліся выключна для рускіх; прыцягненне да земскай працы праваслаўнага духавенства. На Ковенскую, Віленскую і Гарадзенскую губ. земская рэформа не распаўсюджвалася [361, c. 97-98].

Нацыяналісты актыўна падтрымалі ўрадавы законапраект. У большасці выступленняў земская рэформа трактавалася як палітычная акцыя, ад якой, па словах епіскапа Яўлогія, залежыла «быць альбо не быць нашаму Заходняму рускаму краю рускім у палітычным, нацыянальным і культурным значэнні» [361, c. 104]. Аднак прадстаўнікі польскай грамадскасці мелі іншы погляд.

Першым з іх думскую трыбуну ўзняўся Юзаф Монтвіл. У выступленні 7 траўня 1910 г. ён падрабязна ахарактарызаваў расійскую палітыку па «польскім пытанні» ў «Заходніх губернях». Дэпутат прыйшоў да высновы, што ў свеце няма іншага краю, у якім бы дзейнічалі такія «крутыя меры», якія ўведзеныя супраць палякаў на беларускіх і літоўскіх землях. Аналізуючы ўрадавы праект, Ю.Монтвіл падверг крытыцы прынцып нацыянальных курыяў. На яго думку, іх увядзенне выстаўляла на пярэдні план не эканамічнае пытанне, а палітычнае і нацыянальнае. Такая пастаноўка справы можа прывесці да таго, што ў земствы і па «рускай», і па «польскай» курыям будуць абраныя найбольш «крайнія нацыянальныя элементы», а не спецыялісты па земскай гаспадарцы. Дэпутат выказаў меркаванне, што пранаваны праект супярэчыць палажэнням Маніфеста ад 17 кастрычніка 1905 г. Паводле ягоных слоў, урад імкнецца да «супакаення» краіны не дзеля правядзення рэформаў, а дзеля іх поўнай адмены [231. Сессия III, стлб. 762-774].

Г.Свянціцкі параўнаў пранаваны праект з тым, які быў распрацаваны ўрадам Сталыпіна ў 1906 г. Варта нагадаць, што праект 1906 г. нават не выйшаў за межы ўрадавых кабінетаў з прычыны свайго выразнага антыпольскага дыскрымінацыйнага характару. На думку дэпутата ад Віленскай губ., новы праект насіў яшчэ больш дыскрымінацыйны характар. Яго зацвярджэнне магло прывесці да сапраўднага параліча земскай дзейнасці. Г.Свянціцкі з сумнай іроніяй прапанаваў скласці законапраект пра поўнае адхіленне палякаў Беларуска-Літоўскага краю ад земскай дзейнасці. Ад імя польскай грамадскасці ён выказаў упэўненасць, што «прадстаўнікі рускага народу» не дапусцяць знявагі і прыніжэння «народнасці, столькі стагоддзяў насяляючай Заходні край» [231. Сессия III, стлб. 810-823]. Аднак настроям большасці «прадстаўнікоў рускага народу» больш адпавядала рэпліка, што прагучала ў зале напрыканцы выступлення Г.Свянціцкага: «Які ж шкодны народ» [231. Сессия III, стлб. 823].

Сябра Краёвай партыі Літвы і Беларусі С.Ваньковіч заявіў, што прыняцце законапраекта прывядзе да «земскага самаўпраўства», а не да самакіравання. У прапанове ўрада, на яго думку, выразна чытаецца лозунг вялікарускіх нацыяналістаў «Расія для рускіх», які прадугледжвае ўсе правы для рускай нацыянальнасці, а ўсе абавязкі – для «инородцев». Па меркаванні С.Ваньковіча, рэалізацыя гэтага лозунга, у т.л. і праз урадавы законапраект аб земствах, пагражае эканамічным і палітычным аслабленнем Расіі [231. Сессия III, стлб. 1119-1131].

Таксама варта адзначыць выступленне дэпутата ад Ковенскай губ. К.Завішы (11 траўня 1910 г.). Напачатку прамовы ён падверг крытыцы палажэнні даклада П.Сталыпіна, якія датычылі беларускіх і літоўскіх палякаў. У прыватнасці, дэпутат не пагадзіўся з сцвярджэннем кіраўніка ўрада, што польскія землеўласнікі прызвычаіліся трымаць мясцовае насельніцтва пад эканамічным прыгнётам. Ён нагадаў пра тую падзяку мясцоваму «польскаму дваранству», якую выказаў Аляксандр ІІ у сувязі з удзелам землеўласнікаў у рэформе адмены прыгоннага ладу. Затое К.Завіша пагадзіўся з характарыстыкай палякаў як «незадаволенага элемента». Дэпутат прызнаў, што польская грамадскасць сапраўды незадаволеная плачэўным становішчам найпрыгажэйшага і багацейшага краю. «Мы незадаволеныя тым, – казаў ён, – што ўсе намаганні ўрада на працягу дзесяцігоддзяў былі накіраваныя на тое, каб ізаляваць нас ад астатняга насельніцтва <...> зрабіць нас чужымі нашым родным і нашай Радзіме». Між тым, дадаў К.Завіша, «мы ў гэтым краю не чужыя, яго лёс і гісторыя звязаныя з намі <...> Права паводле якога мы знаходзімся ў гэтым крае, гэта па меншай меры права глыбокай прыхільнасці да яго. Абапіраючыся на гэтае права мы не дазволім сябе <...> выгнаць з краю. Мы будзем тут жыць і трымацца» [231. Сессия III, стлб. 1067].

Казімір Завіша першым з дэпутатаў Польска-літоўска-беларускай групы звярнуў увагу на тое, што законапраект накіраваны не толькі супраць палякаў, але фактычна супраць усяго карэннага насельніцтва беларускіх і літоўскіх земляў. Прамоўцу абурыла, што беларусаў, літоўцаў і латышоў у праекце акрэслілі бязлікім тэрмінам «іншыя» («прочие»). Ён таксама адзначыў адхіленне ад земстваў яўрэйскага насельніцтва, якое складала значную частку жыхароў краю.

Дэпутат заўважыў адсутнасць у законапраекце крытэрыя вызначэння нацыянальнасці, які павінен быў палегчыць акрэсленне «рускіх» і «палякаў». Ён адзначыў недапушчальнасць становішча, калі вызначэнне нацыянальнай прыналежнасці залежыць ад чыноўніка [231. Сессия III, стлб. 1075]. У іншым выступленні (29 траўня 1910 г.) К.Завіша заявіў, што адзіным крытэрыем такога вызначэння можа быць толькі самасвядомасць. «Неад'емнай і самай каштоўнай уласцівасцю душы чалавека з'яўляецца паняцце нацыянальнасці», – адзначыў дэпутат. «Я думаю, – дадаў ён, – што вызначаць маю нацыянальнасць апроч мяне ніхто не мае права». К.Завіша лічыў неабходным агаварыць права нацыянальнага самавызначэння ў спецыяльным законе [231. Сессия III, стлб. 2769]. Праблему нацыянальнай ідэнтыфікацыі закрануў у сваім выступленні (17 траўня 1910 г.) таксама Генрык Свянціцкі. Ён прывёў кур'ёзны факт, калі ягонага калегу па думскай фракцыі С.Ваньковіча аднойчы запісалі «палякам», а другі раз – «беларусам». І на яго думку, галоўным крытэрыем ідэнтыфікацыі з'яўляецца самавызначэнне чалавека [231. Сессия III, стлб. 1594].

Дэпутаты Польска-літоўска-беларускага кола не толькі крытыкавалі ўрадавы законапраект. Яны выказвалі таксама ўласныя прапановы адносна земскага самакіравання. У прыватнасці, К.Завіша прапанаваў значнае паніжэнне выбарчага цэнзу і ўвядзенне сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва ўсіх народаў краю [231. Сессия III, стлб. 1080]. У ягоным выступленні найбольш адчувальнай была краёвая ідэалогія.

Уладыслаў Есьман з дапамогай дадзеных статыстыкі абвергнуў сцвярджэнне пра прыгнёт «рускага насельніцтва» краю польскімі землеўласнікамі. Прадстаўленыя лічбы яскрава сведчылі, што сялянства цэнтральных расійскіх губерняў знаходзіцца ў значна больш цяжкім становішчы, чым беларускія і літоўскія сяляне. І гэта пры тым, што ўрад мэтанакіравана перашкаджае паляпшэнню становішча апошніх: «Урад <...> робіць усё магчымае, каб перашкодзіць мясцоваму насельніцтву палепшыць эканамічнае становішча. Ён прызначае на службу на чыгунку і на яе пабудову прышэльцаў з цэнтра, не дазваляе мясцовым жыхарам набываць землі, якія прадаюцца, а Сялянскі банк купляе іх дзеля размяшчэння перасяленцаў з Цэнтральнай Расіі» [231. Сессия III, стлб. 1221-1222].

Спрэчкі набылі вельмі востры характар. Законапраект таксама асудзілі кадэты і левыя фракцыі.

Гістарычныя дакументы не дазваляюць пагадзіцца з тэзісам беларускага даследчыка Міхася Біча, нібыта ў думскіх спрэчках вакол земскага законапраекта выявілася «прапамешчыцкая пазіцыя» Польска-літоўска-беларускага кола, сябры якога выказваліся супраць нацыянальных курыяў і за высокі маёмасны цэнз [360, c. 415]. Безумоўна, сябры гэтай думскай фракцыі не забываліся пра інтарэсы мясцовых польскіх землеўласнікаў, аднак перабольшваць іх «прапамешчыцкія» настроі не трэба. Апроч таго, відавочна, што выступленні дэпутатаў ад літоўскіх палякаў выразна супрацьстаялі палітыцы русіфікацыі. «Калі б у 1907 г. у Літве адбылося паўстанне і для яго падаўлення прыслалі б Мураўёва, то нават ён не прыдумаў бы нічога лепшага», – так ацэньваў гэты праект адзін з дэпутатаў у размове з карэспандэнтам «Дзенніка пецярбурскага» [172]*. Галоўную мэту праекта ён ахарактарызаваў як імкненне «назаўсёды пакончыць з польскасцю ў Літве і Беларусі». А гэта значна аблегчыла б тое самае ператварэнне Гародні ў Тамбоў, пра якое некалі марыў генерал-губернатар Кауфман.

Пасля бурлівых дэбатаў законапраект з папраўкамі камісіі па мясцовым самакіраванні быў прыняты. Дума накіравала яго ў Дзяржаўную раду.

Шмат намаганняў сябры Польска-літоўска-беларускага кола прыкладалі дзеля паляпшэння сітуацыі ў галіне культуры. Асаблівая ўвага надавалася праблеме роднай мовы. К.Завіша ў выступленні 14 сакавіка 1908 г. адзначыў, што палажэнні Указа ад 1 траўня 1905 г., якія датычаць ужывання роднай мовы, не выконваюцца. Між тым, на яго думку, сістэма адукацыі павінна ўлічваць як індывідуальныя, так і этнічныя асаблівасці вучняў. Дэпутат, у прыватнасці, прапанаваў дазволіць выкладанне на роднай мове ў прыватных пачатковых вучылішчах [231. Сессия I, стлб. 565-569]. Пра невыкананне Указа ад 1 траўня 1905 г. у галіне вывучэння родных моваў казаў у сваім выступленні таксама Ю.Монтвіл [231. Сессия I, стлб. 2494-2495].

Актыўна выступаў за перамены ў школьнай палітыцы Станіслаў Мацэевіч. На думку дэпутата ад Віленскай губ., школа ў «заходніх губернях» не адпавядае патрабаванням грамадства, бо ператвораная ў зброю палітычный прапаганды. [231. Сессия I, стлб. 581-584].

Аднак крытыка афіцыйнай школы з боку польскіх дэпутатаў не знайшла спачування сярод большасці Думы. Пры абмеркаванні школьнага пытання прадстаўнік партыі «Саюз 17 кастрычніка» фон Анрэп заявіў пра неабходнасць стварэння рускай нацыянальнай школы, якая б з першых гадоў навучання выхоўвала «пачуццё свядомага патрыятызму» і «ўмацоўвала пачуццё нацыянальнай годнасці» [257a, c. 58-59]. У школе, якая б улічвала этнакультурныя традыцыі рэгіёна і яго насельніцтва, думская большасць бачыла пагрозу расійскай дзяржаўнасці.

Тым не менш сябры Польска-літоўска-беларускага кола актыўна выкарыстоўвалі думскую трыбуну, каб пазнаёміць грамадскасць з пунктам погляду нацыянальнай меншасці на школьнае пытанне. Пры абмеркаванні бюджэта МНА у канцы красавіка 1909 г. выступілі трое прадстаўнікоў Кола. Дэпутат ад Гарадзеншчыны У.Есьман звярнуў увагу на невыкананне ўказаў імператара. Ён працытаваў сакрэтнае распараджэнне менскага губернатара Эрдэлі, якое абавязвала паліцэйскія ўстановы ліквідаваць «недазволеныя польскія школы» і прыцягваць арганізатараў школаў і настаўнікаў да судовай адказнасці на падставе артыкула 1052 Улажэння пра пакаранні. Між тым 24 жніўня 1906 г. гэты артыкул Улажэння быў адменены пастановай Камітэта міністраў, якую зацвердзіў Мікалай ІІ [231. Сессия II, стлб. 2632-2633]. Генрык Свянціцкі падверг рэзкай крытыцы царкоўна-прыходскія школы, якія, на яго думку, пераследавалі выключна русіфікацыйныя і праваслаўна-місіянерскія мэты [231. Сессия II. Часть 4, стлб. 410-413].

Казімір Завіша, адвяргаючы абвінавачванні рускіх чарнасоценцаў у пераследзе палякамі літоўскай мовы ў Ковенскай губ., звярнуў увагу на русіфікацыйную палітыку ўрада і адзначыў, што трэба весці гаворку не толькі пра літоўцаў: «<...> Маларосы, беларусы і літоўцы маюць аднолькавыя правы вучыцца і размаўляць на сваёй роднай мове» [231. Сессия IV. Часть 1, стлб. 1322-1323]. Вядома, што расійскія ўлады прадугледжвалі для беларусаў толькі рускую мову навучання.

С.Мацэевіч неаднаразова выступаў па праблеме мовы выкладання Закона Божага ў пачатковых вучылішчах, адзначаючы адыход уладаў ад рашэнняў, прынятых у 1905-1906 г. У лістападзе 1911 г. ён крытыкаваў прапанову епіскапа Яўлогія выкладаць Закон Божы беларусам і ўкраінцам на «роднай» рускай мове. С.Мацэевіч убачыў у гэтай прапанове праяву «састарэлай палітыкі абрусення». Дэпутат нагадаў пра неўдалую спробу каноніка Ф.Сенчыкоўскага ўвесці рускую мову ў касцёльнае набажэнства і катэгарычна адвергнуў абвінавачванні ў моўнай паланізацыі вернікаў. «Каталіцкія святары, – заявіў ксёндз-дэпутат, – не з'яўляюцца палітычнымі дзеячамі або агітатарамі. Яны служаць народу. <...> Калі народ будзе сам патрабаваць выкладання на той або іншай мове, мы падпарадкуемся яго воле» [231. Сессия IV. Часть 1, стлб. 1158]. Адстойваючы права польскай грамадскасці самастойна вызначаць мову вывучэння Закона Божага, ён ізноў падкрэсліў адсутнасць палітыканства ў дзейнасці каталіцкага касцёла: «Мы (каталіцкае духавенства – А.С.) існуем не дзеля таго, каб паланізаваць або русіфікаваць, а дзеля навучання нашага народу ісцінам каталіцкай царквы» [231. Сессия IV. Часть 1, стлб. 1317].

С.Мацэевіч настойваў на адсутнасці паланізацыйных намераў у дзейнасці касцёла на беларускіх і літоўскіх землях. Аднак большасць думскіх дэпутатаў мела іншы погляд на гэтую праблему. Яны імкнуліся максімальна абмежаваць сферу ўжывання польскай мовы і дзеля гэтага былі гатовыя пайсці на перагляд законаў, прынятых у 1905-1907 г.

У сакавіку 1912 г. С.Мацэевіч унёс на разгляд Думы дэпутацкі запыт да ўрада адносна цыркуляра інспектара народных вучылішчаў Дзісненскага пав. Цыркуляр абавязваў кіраўнікоў вучылішчаў назіраць, каб выкладанне Закона Божага для дзяцей-каталікоў адбывалася на рускай мове. Гэта было прамым парушэннем Указа ад 17 красавіка 1905 г., які дазваляў выкладанне на роднай мове вучняў. Прычым родная мова паводле Часовых правілаў МНА ад 22 лютага 1906 г. вызначалася заявамі бацькоў або апекуноў. Запыт быў прыняты нязначнай большасцю галасоў. Ён выклікаў непакой «истиннорусских» дзеячоў. С.Кавалюк, А.Вруцэвіч і Л.Саланевіч прыехалі ў сталіцу, каб непасрэдна паўплываць на лёс дэпутацкага запыту. І ім гэта ўдалося зрабіць. Думскае абмеркаванне скончылася безвынікова. Апошняе слова засталося за чыноўнікамі, якія знайшлі сродак, каб абыйсці згаданы Указ. 27 кастрычніка 1912 г. з'явіўся цыркуляр міністра народнай асветы, якім уводзіўся новы парадак вызначэння роднай мовы. Цяпер гэта павінны былі рабіць кіраўнікі навучальных установаў «на падставе ўсіх фактычных дадзеных, якія меліся па гэтаму прадмету» [392, с. 96].

Станіслаў Мацэевіч таксама часта выступаў па праблемах, звязаным з становішчам каталіцкага касцёла. Пры абмеркаванні сметы МУС дэпутат звярнуў увагу на неабходнасць павелічэння дзяржаўнага фінансавання на патрэбы каталіцкага касцёла, выказаў пажаданне падтрымкі з боку МУС ініцыятываў вернікаў па арганізацыі канфесійных школаў, рэлігійных таварыстваў і саюзаў ды інш. Хваляванне С.Мацэевіча выклікала і тое, што пяць дыяцэзій Расіі (у тым ліку Магілёўская і Віленская) заставаліся без кіраўнікоў. У якасці прыклада адміністрацыйнага гвалту дэпутат нагадаў гісторыю адстаўкі віленскага біскупа Эдварда фон дэр Ропа. Сучаснае становішча каталіцкага касцёла ён ахарактарызаваў як «становішча аблогі» [231. Сессия I. Часть 2, стлб. 2549-2596].

Пазіцыя Польска-літоўскага беларускага кола вельмі моцна разышлася з настроямі думскай большасці таксама пры абмеркаванні пытання пра вылучэнне Холмскай губ. з Каралеўства Польскага ў студзені 1912 г. К.Завіша галоўную прычыну пастаноўкі гэтага пытання бачыў у намаганнях пэўных палітычных колаў працягваць палітыку русіфікацыі. «Усім зразумела, што праблема Холмшчыны гэта не толькі балючая аперацыя над Каралеўствам Польскім і польскім народам, гэта яшчэ і ўстанаўленне народнымі прадстаўнікамі дзяржаўных прынцыпаў рускай акраіннай палітыкі. <...> З цынічнай шчырасцю гвалт ператвараецца ў патрыятычны дагмат». Дэпутат ад Ковеншчыны заявіў, што палякі не перастануць працаваць над нацыянальным самазахаваннем, што яны вытрымаюць і гэты ўдар [231. Сессия V. Часть 2 стлб. 375]. Заўважым, што гэта быў адзін з рэдкіх выпадкаў выступлення сяброў Польска-літоўска-беларускага кола па праблемах Каралеўства Польскага. С.Мацэевіч, які таксама выйшаў на думскую трыбуну пры абмеркаванні праблемы Холмшчыны, перавёў размову на становішча «Заходняга краю». Ён назваў яго краем мучанікаў. Пад шумнае абурэнне большасці дэпутатаў С.Мацэевіч заявіў: «Тут бедны народ страдаў, але не ад палякаў, а ад рускіх, якія <...> спадзяваліся, што пагрозамі, мячом ды штыком яны прымусяць людзей перамяніць свае перакананні, перайсці ў праваслаўе» [231. Сессия V. Часть 2, стлб. 600].

А вось пры абмеркаванні аграрнай рэформы, якая распачалася законам ад 9 лістапада 1906 г., прадстаўнікі польскай грамадскасці Беларусі і Літвы падтрымалі ўрад. С.Ваньковіч ахарактарызаваў аграрны закон як «значны крок на шляху да прагрэсу» [231. Сессия I. Часть 1, стлб. 1224-1225]. Ён жа прапанаваў адмяніць усе абмежаванні па набыцці сялянамі надзельных земляў [231. Сессия II. Часть 2, стлб. 2060-2066].

Ацэньваючы дзейнасць Польска-літоўска-беларускага кола, трэба адзначыць, што яно з'яўлялася невялікай, але даволі актыўнай часткай апазіцыйных да пануючага палітычнага курсу сілаў. Нельга пагадзіцца з ацэнкай М.Забаўскага, які сцвярджаў, што сябры Кола «ў сваіх выступленнях выказалі гатоўнасць верай і праўдай служыць рускаму самадзяржаўю» [341, c. 118]. Калі нават у асобных выступленнях і гучалі вернападданіцкія «ноткі», наўрадці выпадае надаваць ім ідэалагічнае значэнне. Яны выразна супярэчылі агульнаму кантэксту выступленняў сяброў Польска-літоўска-беларускага кола.

Адначасова з пасяджэннямі ІІІ Думы распачалася праца ІІІ сесіі Дзяржаўнай рады. Беларускія і літоўскія губ. былі прадстаўленыя выключна палякамі-землеўласнікамі, абранымі на сходах памешчыкаў яшчэ ў 1906 г. Віленскую губ. прадстаўляў Іпаліт Корвін-Мілеўскі, Гарадзенскую – Дзмітры Карыбут-Дашкевіч, Менскую – Эдвард Вайніловіч, Віцебскую – Станіслаў Лапацінскі, Ковенскую – граф Аляксандр Тышкевіч, Магілёўскую – Уладыслаў Войніч-Сянажэнцкі, які замяніў сябра КДП Г.Выкоўскага. Апошні склаў свае паўнамоцтвы ў знак пратэсту супраць разгону ІІ Думы. Разам з палякамі-землеўласнікамі ад украінскіх губ. беларускія і літоўскія палякі ўтварылі Кола дэпутатаў ад Беларусі, Літвы і Украіны. На чале Кола стаў Э.Вайніловіч. Прадстаўнікі г.зв. «Заходняга краю» дзейнічалі ў цесным кантакце з дэпутатамі ад Каралеўства Польскага. Яны аб'ядналіся ў Польскую групу, правілы паводзінаў у якой вызначаліся даволі жорсткім «Рэгламентам саюза дэпутацкіх колаў Каралеўства Польскага і губерняў Літвы і Русі». Старшынёю Групы быў абраны Э.Вайніловіч. Група зноў далучылася да аб'яднання «Цэнтр», у якое ўваходзілі пераважна губернскія маршалкі шляхты, земцы і ліберальна настроеныя чыноўнікі. Па колькасці сяброў «Цэнтр» зусім не шмат саступаў фракцыі правых.

У 1906 – 1907 г. польскія дэпутаты ў Радзе амаль не выступалі ні ў абарону польскіх нацыянальных інтарэсаў, ні ў абарону інтарэсаў краю. Іх увага была прыкаваная да агульнапалітычных пытанняў. Тым не менш, ідучы на супрацоўніцтва з «Цэнтрам», яны разлічвалі з яго дапамогай палепшыць становішча польскай грамадскасці. Выразны лаялізм Э.Вайніловіча і іншых сяброў Кола павінен быў паспрыяць вырашэнню тых праблемаў, з якімі штодзень сутыкаліся палякі. Гэты ж курс працягваўся і падчас наступных сесіяў Дзяржаўнай рады.

Пасля рэвалюцыі сябры Кола таксама не часта ўздымалі «польскае пытанне». На пачатку працы 3-й сесіі Рады Аляксандр Тышкевіч і Іпаліт Корвін-Мілеўскі выступілі пры абмеркаванні законапраекта пра ўвядзенне выкладання польскай мовы ў Бельскай і Холмскай, а літоўскай мовы – у Вейверскай настаўніцкіх семінарыях. Пры гэтым дэпутат ад Віленскай губ. абвінаваціў праціўнікаў ўвядзення польскай мовы ў ... адсутнасці рускага патрыятызму. Ён сцвярджаў, што адсутнасць польскай мовы ў навучальных установах і няведанне яе рускімі настаўнікамі пазбаўляе іх магчымасці ўплыву на мясцовае насельніцтва [233. Сессия III, стлб. 726]. А.Тышкевіч прывёў лічбы, якія сведчылі пра недахоп настаўнікоў літоўскай мовы ў Ковенскай губ. і выказаўся за неабходнасць іх падрыхтоўкі ў Вейверскай семінарыі [233. Сессия III, стлб. 716-718].

Зрэшты, сама канцэпцыя дзейнасці Кола, выпрацаваная Э.Вайніловічам, не прадугледжвала асаблівай актыўнасці па «польскім пытанні». Сутнасць канцэпцыі заключалася ў дэманстрацыі выразнага лаялізма па агульнапалітычных пытаннях і спадзяваннях, што «Цэнтр» падтрымае Польскую групу пры абмеркаванні праблемаў становішча польскай грамадскасці. Аднак з кожнай новай сесіяй усё больш відавочным станавілася палітычная бесперспектыўнасць гэтай канцэпцыі. Адным з першых гэта зразумеў І.Корвін-Мілеўскі. Прадстаўнік Віленскай губ. прапанаваў дзейнічаць больш актыўна і сам даваў прыклады такой дзейнасці. Увосень 1908 г. ён выступіў у пецярбургскім Клубе грамадскіх дзеячоў падчас абмеркавання справаздачы дэлегатаў чарговага славянскага з'езду. Дэлегаты традыцыйна ругалі немцаў за ўціск славянаў і ў першую чаргу палякаў. А вось І.Корвін-Мілеўскі заявіў, што не бачыць розніцы паміж немцамі і рускімі. Сябра Рады пад акампанемент агульнага абурэння пералічыў усе антыпольскія мерапрыемствы расійскага ўраду і заявіў, што з абодвух бакоў мяжы прадпрымаюцца фактычна аднолькавыя меры па «нацыянальным знішчэнні» палякаў [279, s. 303].

Падчас дыскусіі ў Коле пазіцыя Э.Вайніловіча падверглася жорсткай крытыцы. Раздаваліся нават заклікі пра далучэнне Польскай групы да апазіцыі. Э.Вайніловіч, які не бачыў магчымасці змянення лаялісцкага курсу, пакінуў пасаду старшыні Кола.

На ролю новага лідара прэтэндаваў І.Корвін-Мілеўскі. Ён заўважыў рост апазіцыі ўрадавай палітыцы сярод сяброў Рады і прапанаваў яго выкарыстаць. Дэпутат бачыў магчымасці пэўнага неафіцыйнага пагаднення з урадам: Кола падтрымае закон аб аграрнай рэформе, а ўрад П.Сталыпіна не будзе прапанаваць законапраектаў, якія б пагаршалі становішча палякаў у Расійскай імперыі [279, s. 297-298]. Аднак Польская група не прыняла гэтай ідэі. Не падзяліла яна таксама пазіцыі віленскага дэпутата адносна тэрміну паўнамоцтваў дэпутаў. У выніку І.Корвін-Мілеўскі 11 траўня 1909 г. склаў паўнамоцтвы сябра Рады. Аднак мажліва, што сваёй адстаўкай ён распачаў новую выбарчую кампанію.

Як ужо адзначалася, пытанне пра тэрмін дэпутацкіх паўнамоцтваў прадстаўнікоў Беларусі, Літвы і Украіны ў Радзе прыспешыла распрацоўку законапраекта аб увядзенні земстваў на гэтых тэрыторыях. 31 траўня 1909 г. Дума прыняла законапраект пра скарачэнне тэрміну дэпутацкіх паўнамоцтваў прадстаўнікоў «Заходняга краю» да 1 года. На пасяджэнні Дзяржаўнай рады Э.Вайніловіч заявіў, што законапраект носіць дыскрымінацыйны характар, і паведаміў, што Кола будзе галасаваць супраць яго [233. Сессия III, стлб. 2360]. Аднак прапановы Думы былі прынятыя. Падчас абмеркавання П.Сталыпін паабяцаў на наступную сесію прадставіць праект закона пра земствы ў дзевяці «заходніх губ.»

Пасля завяршэння працы IV сесіі Дзяржаўнай рады абранцы землеўласнікаў Беларусі, Літвы і Украіны склалі свае паўнамоцтвы. Выбары адбыліся ў сярэдзіне верасня 1909 г. Яны прынеслі чарговы трыумф мясцовым землеўласнікам-палякам. Ад Віленскай губ. ізноў быў абраны І.Корвін-Мілеўскі. Ён нават дамогся ад выбаршчыкаў права дзейнічаць у адпаведнасці толькі з уласным бачаннем сітуацыі [191. Nr 205].

А вось Э.Вайніловіч адмовіўся выстаўляць уласную кандыдатуру. Справа ў тым, што яшчэ ў чэрвені 1909 г. на сходзе Кола дэпутатаў ад Беларусі, Літвы і Украіны было прынятае прынцыповае рашэнне аб прадастаўленні аднаго з дэпутацкіх мандатаў ад «Заходняга краю» прадстаўніку рускай грамадскасці. Дэпутаты спадзяваліся, што гэтая «ахвяра» зменшыць нападкі фракцыі правых у Радзе. 28 жніўня 1909 г. на чарговым сходзе, які адбыўся ў віленскай кватэры Юзафа Монтвіла, прынятае рашэнне было канкрэтызаванае. Эдвард Вайніловіч здымаў сваю кандыдатуру на карысць рускага памешчыка, сябра земскай управы М.Кір'якова [308, s. 168-169]. Мажліва на выбар Э.Вайніловіча паўплывала таксама відавочнае паражэнне ягонай канцэпцыі дзейнасці Польскай групы.

Дзеля таго, каб яго пратэжэ быў унесены ў спісы кандыдатаў у сябры Рады, Э.Вайніловіч двойчы звяртаўся да П.Сталыпіна. У лісце ад 6 верасня 1909 г. ён падкрэсліў уласнае імкненне да «ўмацавання ўзаемных адносінаў і садзейнічання сумеснай мірнай працы рускага і польскага насельніцтва ў Заходнім крае» [80, a. 106 адв.]. Аднак рускі кандыдат так і не быў абраны. Большасць польскіх выбаршчыкаў Менскай губ. прагаласавала за былога дэпутата І Дзяржаўнай думы Іераніма Друцкага-Любецкага.

Ковенскую губ. у Радзе павінен быў прадстаўляць Аляксандр Мэйштовіч. Губернатар Вяроўкін характарызаваў яго як «памяркоўна-правага нацыяналіста» [80, a. 91]. На самой справе ён быў прыхільнікам краёвай ідэалогіі ў яе кансерватыўна-ліберальным варыянце. Менавіта А.Мэйштовіч быў адным з ініцыятараў прысутнасці групы літоўскіх палякаў на адкрыцці помніка Кацярыне ІІ у Вільні ў верасні 1904 г.

Д.Карыбут-Дашкевіч адмовіўся выстаўляць уласную кандыдатуру на выбарах ад Гарадзенскай губ. Выбаршчыкі прапанавалі гэта зрабіць уладальніку Моладаўскага маёнтку Канстанціну Скірмунту. Ягоная праграма, якая была агучана напярэдадні выбараў на сходзе польскіх і рускіх выбаршчыкаў, утрымлівала толькі тры пункты. Па-першае, ён абяцаў, што як паляк будзе адстойваць польскія інтарэсы. Па-другое, падкрэсліўшы сваё паходжанне з «забранага краю», а менавіта з Беларусі і Літвы, прызнаў неабходнасць абароны інтарэсаў усяго насельніцтва гэтага краю. Толькі на трэцяй пазіцыі апынулася абяцанне адстойваць агульнадзяржаўныя інтарэсы Расіі [13, s. 13]. Рускім выбаршчыкам гэта не спадабалася, але яны былі ў меншасці. Канстанцін Скірмунт стаў сябрам Дзяржаўнай рады. Ад Віцебскай губ. быў абраны былы дэпутат І Дзяржаўнай думы Станіслаў Лапацінскі, ад Магілёўскай – Уладыслаў Войніч-Сянажэнцкі.

На першым агульным сходзе ўсіх дэпутатаў-палякаў было вырашана стварыць два польскія колы. Прычынай можна лічыць відавочнае незадавальненне фракцыі правых саюзам польскіх колаў падчас IV cесіі Рады. Агульныя нарады колаў адбываліся зрэдку. Паводле ўспамінаў І.Корвін-Мілеўскага, не болей 5 разоў [279, s. 307]. Кола дэпутатаў узначаліў Ян Алізар з Валыні.

Адным з цэнтральных пытанняў V сесіі Дзяржаўнай рады (10.10.1909 – 17.06.1910) было пытанне пра зацвярджэнне ўрадавых мерапрыемстваў у аграрнай галіне, якія ўвайшлі ў гісторыю пад агульнай назвай «сталыпінскай аграрнай рэформы». Пры абмеркаванні даклада аграрнай камісіі «Аб змяненнях і дапаўненнях некаторых пастановаў пра сялянскае землеўладанне» выступілі І.Корвін-Мілеўскі і С.Лапацінскі. Абодва падтрымалі пераход да хутарской гаспадаркі. С.Лапацінскі казаў пра жыццёвую патрэбу ўжо адбываючыхся змяненняў. Між іншым ён адзначыў, што ва ўмовах церазпалосіцы каля 20% плошчы сялянскіх земляў займаюць межы. На думку С.Лапацінскага, сяляне Беларусі падтрымліваюць рэформу [233. Сессия V, стлб. 2570-2571]. Падтрымку пераменаў з боку сялянства адзначыў таксама І.Корвін-Мілеўскі [233. Сессия V, стлб. 2581-2582]. Урэшце рэшт Рада падтрымала ўрад, і Указ ад 9 лістапада 1906 г. стаў Законам ад 14 чэрвеня 1910 г.

У кастрычніку 1910 г. на беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх землях адбыліся новыя выбары сяброў Дзяржаўнай рады. Паколькі земствы яшчэ не былі ўведзеныя, абранне па-ранейшым адбывалася на сходаў землеўласнікаў. Выбары прынеслі некалькі нечаканасцяў. Так, напрыклад, ад Віленскай губ. замест яе нязменнага прадстаўніка ў Радзе І.Корвін-Мілеўскага быў абраны Аляксандр Хаміньскі. І.Корвін-Мілеўскі яшчэ на перадвыбарчым сходзе зняў сваю кандыдатуру з галасавання, заявіўшы пра дрэнны стан здароўя. Магчыма сапраўднай прычынай было нежаданне працягваць актыўную палітычную дзейнасць ва ўмовах аднаўлення антыпольскага курсу ўрада. Што датычыць Аляксандра Хамінскага, то пра ягоную пазіцыю красамоўна сведчыць наступная заява: «Мы не «асобы польскага паходжання», а палякі, якія ўжо некалькі стагоддзяў жывуць у Літве. І тут будуць жыць. Мы павінны абараняць інтарэсы ўсяго насельніцтва, а не толькі «касты» [216. Nr 459].

У Віцебскай губ. неяўка на выбарчы сход часткі мясцовых польскіх землеўласнікаў прывяла да абрання маршалка шляхты Себежскага пав. Я.Афросімава [197]. Карэспандэнт варшаўскага «Слова» («Slowo») характарызаваў яго як «рускага нацыяналіста» [216. Nr 487]. За С.Лапацінскага, апроч польскіх, галасавалі нямецкія землеўласнікі, але і гэта не дапамагло. У Гародні рускія землеўласнікі пакінулі выбарчы сход, зразумеўшы, што іх кандыдат не мае шанцаў. Ізноў быў абраным Канстанцін Скірмунт. Быў пацверджаны мінулагодні выбар таксама ў Магілёўскай (У.Войніч-Сянажэнцкі) і Ковенскай (А.Мэйштовіч) губ. А вось у Менскай губ. выбаршчыкі падтрымалі кандыдатуру былога дэпутата І Дзяржаўнай думы Рамана Скірмунта. Рускія землеўласнікі і ў гэтым выпадку ігнаравалі выбары [80, a. 187-207].

Аднак Р.Скірмунт працаваў у Радзе нядоўга. У студзені 1911 г. падчас праверкі законнасці ягонага абрання Камісіяй па асабістым складзе і ўнутраным распарадку дэпутат сам адмовіўся ад дэпутацтва ў Радзе з прычыны «немагчымасці пастаяннага пражывання ў Санкт-Пецярбургу» [233. Сессия VІ, стлб. 707-708]. Апошняе ён тлумачыў неабходнасцю кіравання маёнткам Парэчча Пінскага пав., які перайшоў у яго рукі пасля смерці бацькі. Месца Р.Скірмунта заняў Караль Незабытоўскі, які ў кастрычніку 1910 г. па колькасці набраных галасоў быў другім.

1 лютага 1911 г. у Дзяржаўнай радзе выступаў П.Сталыпін. Ён палічыў неабходным уласным аўтарытэтам падтрымаць урадавы законапраект пра ўвядзенне земстваў у Валынскай, Віцебскай, Кіеўскай, Магілёўскай, Менскай і Падольскай губ. Кіраўнік ураду абгрунтоўваў утварэнне «рускай» і «польскай» курыяў неабходнасцю супрацьвагі польскім уплывам. З гэтай самай прычыны ён падтрымаў папраўку Думы, якая ўдвая змяншала выбарчы цэнз, настойваў на пышырэнні выбарчых правоў на духавенства, на абранні старшыні земскай управы толькі з ліку «рускіх» (праваслаўных) яе сяброў, прапанаваў асобныя («польскія» і «рускія») выбарчыя сходы. П.Сталыпін быў упэўнены, што без дзяржаўнай падтрымкі «рускага элемента» земствы стануць зброяй у палітычнай барацьбе «палякаў» супраць рускага панавання ў краі. Характарызуючы польскую грамадскасць, ён заўважыў, што палякі «належаць да нацыі, згуртаванай <...> гістарычным няшчасцем і былымі славалюбівымі марамі, яны належаць да нацыі, у якой адна палітыка – Айчына!» П.Сталыпін заклікаў падтрымаць законапраект, бо ў іншым выпадку «ў шматстрадальную гісторыю рускага захаду будзе ўпісана чарговая старонка рускага паражэння» [233. Сессия VI, стлб. 870-879].

Амаль адразу пасля яго на трыбуну падняўся У.Войніч-Сянажэнцкі, які заявіў, што ўрадавы праект пераследуе выключна палітычныя мэты. Галоўная з іх – адхіленне ад земстваў мясцовых землеўласнікаў «польскага паходжання», знішчэнне створанай імі культуры і перадача земскага самакіравання ў рукі «памешчыкаў рускай нацыянальнасці». У выніку абодва народы будуць назаўсёды раз'яднаныя, а земствы будуць займацца не гаспадарчымі, а палітычнымі справамі. Паніжэнне выбарчага цэнза ён расцаніў як спробу знішчэння «культурных центраў як польскага, так і рускага землеўладання», што прывядзе да эканамічнага дамінавання «нізоў» [233. Сессия VI, стлб. 898-900].

Наступны выступоўца Аляксандр Мэйштовіч распачаў прамову з заявы, што прыйшоў у Раду не дзеля абароны вузкакласавых інтарэсаў буйных землеўласнікаў губерні, а дзеля ўсяго краю, які з'яўляецца неад'емнай часткай імперыі. Дэпутат ад Ковенскай губ. даказваў, што паланізацыя Беларуска-Літоўскага краю – гэта міф, які абвяргаецца развіццём самасвядомасці народных масаў. Паводле ягоных словаў, палякі Беларусі і Літвы ў адрозненне ад палякаў з Каралеўства Польскага, што дамагаюцца паўнаты нацыянальных правоў, выступаюць толькі за палітычную роўнасць. А.Мэйштовіч заявіў пра прынцыповую магчымасць дасягнення польска-рускай згоды. Ён падкрэсліў кансерватызм вярхушкі літоўскіх палякаў, каб даказаць адсутнасць у іх антыдзяржаўных пачуццяў. На думку выступоўцы, у абмеркаванні дзяржаўных праблемаў палякі «Заходняга краю» заўсёды знойдуць агульную мову з рускімі, але не трэба на гэта лічыць, калі справы датычаць палітыкі русіфікацыі.

Палітычны недахоп законапраекта ён бачыў у курыяльнай раз'яднанасці польскіх і рускіх кансерватараў, эканамічны – ў дамінаванні палітычных мэтаў, сацыяльны – ў парушэнні саслоўнага прынцыпа. Узнікшыя земствы, на яго думку, не будуць мець дваранскага характару. А.Мэйштовіч таксама адзначыў, што самакіраванне можа апынуцца ў руках не мясцовых ураджэнцаў, а «імпартаванага элементу», што не будзе спрыяць эфектыўнай дзейнасці [233. Сессия VI, стлб. 901-912].

Трэба адзначыць надзвычай энергічную дзейнасць прадстаўнікоў літоўскіх палякаў, каб не дапусціць прыняцця прапанаванага законапраекту. 4 сакавіка 1911 г. ізноў выступаў А.Мэйштовіч. Ён казаў пра ўласнае расчараванне законапраектам і прапанаваў замену «нацыянальных» выбарчых курыяў сістэмай прапарцыянальных (саслоўных) выбараў [233. Сессия VI, стлб. 1215-1217]. Трэба нагадаць, што менавіта прапарцыянальная сістэма прадстаўніцтва прадугледжвалася законапраектам аб земствах 1906 г., супраць якога выступалі тагачасныя сябры Дзяржаўнай рады ад «заходніх губерняў».

Супраць «нацыянальнага сепаратызму», які быццам бы ўзаконьваў урадавы праект, выступіла таксама частка правых на чале з У.Трэпавым. У гэты ж дзень агульным галасаваннем большасць Дзяржаўнай рады адхіліла артыкул законапраекта пра нацыянальныя выбарчыя курыі. Такім чынам, быў адвергнуты адзін з галоўных прынцыпаў ўрадавага праекту. 8 сакавіка 1911 г. дэпутат ад Гарадзеншчыны К.Скірмунт выступіў супраць артыкула, які прадугледжваў, што старшыня земскай управы і не менш за палову яе сяброў павінны былі належаць да «рускай нацыі» [233. Сессия VI, стлб. 1329]. Адначасова прадпрымаліся намаганні і на іншым «фронце». 10 сакавіка 1911 г. прадстаўнікі Польскіх колаў (у т.л. У.Войніч-Сянажэнцкі, К.Скірмунт, А.Мэйштовіч, К.Незабытоўскі) атрымалі аўдыенцыю ў імператара [198. Nr 55]. Размова таксама датычыла земскай рэформы.

Аднак П.Сталыпін не збіраўся саступаць. Ужо 5 сакавіка на рабочы стол Мікалая ІІ было пакладзена прашэнне Старшыні Рады міністраў пра адстаўку. Вынікам гэтага палітычнага дэмарша стала згода імператара на роспуск абодвух заканадаўчых палатаў і на прыняцце законапраекта ў адпаведнасці з 87 артыкулам Асноўных законаў. З 12 па 15 сакавіка абвяшчаўся перапынак у працы Дзяржаўнай рады і Думы. Але Дзяржаўная рада яшчэ паспела вынесці на галасаванне законапраект цалкам і адхіліць яго большасцю галасоў – 134 супраць 23 [311, c. 337-338].

Поспеху польскіх намаганняў у вялікай ступені паспрыяла антысталыпінская палітычная інтрыга, адным з ініцыятараў якой быў ужо згаданы У.Трэпаў. Аднак 14 сакавіка 1911 г. закон пра земствы быў праведзены на падставе 87 артыкула. Гэта была сапраўды «пірава перамога» П.Сталыпіна. Яго дзеянні выклікалі амаль усеагульнае абурэнне. Падобнага здзеку над законам яшчэ не было, як не было нічога падобнага на тыя надзвычайныя абставіны, якія толькі і маглі апраўдаць гэтую меру. Ад кіраўніка ўраду адвярнуліся амаль усе палітычныя партыі. Калі ён з'явіўся ў Думе, каб растлумачыць прычыны здзейсненага, па словах Р.Пайпса, «у яго там не было ўжо ніводнага прыхільніка <...> У афіцыйных колах пачалі казаць, што цар жадае пазбыцца Сталыпіна, і што яго дні на пасадзе Старшыні Рады міністраў ужо падлічаны» [365, c. 210-211].

Як польская грамадскасць сустрэла закон ад 14 чэрвеня 1911 г.? Варта адзначыць, што не было ні панікі, ні чарговага расчаравання. Войцех Бараноўскі ў артыкуле «Барацьба вакол земстваў» параўнаў дэпутатаў з гвардыяй Напалеона пад Ватэрлоа. Публіцыст пісаў пра іх маральную перамогу [198. Nr 59]. Раман Скірмунт таксама высока ацаніў паслядоўнасць і ўпэўненасць дзеянняў прадстаўнікоў польскіх землеўласнікаў ад беларускіх і літоўскіх земляў. Ён наогул не лічыў увядзенне земстваў асаблівым няшчасцем. На яго думку, палякаў у новых земствах не будзе менш, чым у земствах 1903 г. А з'яўленне там рускіх памешчыкаў павялічыць колькасць абаронцаў зямельнай уласнасці. Адхіленне законапраекта Дзяржаўнай радай вядомы палітык расцаніў як слабасць тых, хто, ахвяруючы дзяржаўнымі інтарэсамі, імкнецца надалей распальваць полымя расійска-польскай канфрантацыі. Цалкам у духу Э.Вайніловіча Раман Скірмунт абвясціў, што мэтай значнай часткі польскай грамадскасці Літвы і Беларусі з'яўляецца не канфрантацыя, а паразуменне [198. Nr 65].

Э.Вайніловіч таксама не бачыў нічога дрэннага для польскай грамадскасці ў новых земствах. Наадварот. Пазней ва ўласных успамінах ён адзначаў, што польскія землеўласнікі мелі цяпер гарантаваную колькасць сваіх прадстаўнікоў у земствах, абранне якіх цалкам залежала толькі ад мясцовых польскіх выбаршчыкаў. А вось абранне рускіх памешчыкаў у вялікай ступені залежала ад беларускага праваслаўнага сялянства. Адсутнасць нацыянальных курыяў, на думку былога сябра Дзяржаўнай рады, наогул магло зруйнаваць пазіцыі літоўскіх і беларускіх палякаў. Менавіта таму барацьбу супраць земстваў 1911 г. Э.Вайніловіч лічыў прынцыпова важнай толькі з маральнага пункту погляду [67, a. 63].

Падчас наступнай сесіі Дзяржаўнай рады прадстаўнікі «заходніх губерняў» найбольш актыўна выступалі пры абмеркаванні законапраектаў пра пераход з аднаго веравызнання ў іншае і пра пачатковую адукацыю. У.Войніч-Сянажэнцкі адстойваў прынцып свабоды сумлення. Абапіраючыся на палажэнні Указа ад 17 красавіка 1905 г., ён пратэставаў супраць спробаў правых абмежаваць магчымасці перамены веравызнання [233. Сессия VIІ, стлб. 160]. Аляксандр Мэйштовіч у сваім выступленні падтрымаў артыкул 14 законапраекта «Пра пачатковую адукацыю», які прадугледжваў вывучэнне Закона Божага на роднай мове вучняў. Пытанне пра нацыянальную прыналежнасць, на яго думку, павінна было вырашацца на падставе асабістага самавызначэння. А вось родную мову вучняў мелі права вызначаць бацькі або апекуны [233. Сессия VІI, стлб. 2977-2979]. У траўні 1912 г. Дзяржаўная рада прыняла папраўку А.Мэйштовіча, якая дазваляла выкладанне Закона Божага для дзяцей «маларосаў і беларусаў – на рускай мове, для літоўцаў – на літоўскай, а для палякаў – на польскай» [233. Сессия VIІ, стлб. 3850]. Як відаць, абаронцамі беларускай і ўкраінскай моваў польскія абраннікі ў Радзе не былі. Той жа А.Мэйштовіч падтрымаў дэпутатаў Каралеўства Польскага, якія змагаліся супраць законапраекта пра вылучэнне Холмскай губ. Ён падкрэсліў, што ў выпадку такога вылучэння на Холмшчыну будуць распаўсюджаны антыпольскія законы. У выніку ўзнікне яшчэ адзін ачаг канфрантацыі, які не паспрыяе ўмацаванню расійскай дзяржаўнасці [233. Сессия VIІ, стлб. 5070].

Зразумела, што польскі рух не абмяжоўваўся дзейнасцю дэпутатаў Польска-літоўска-беларускага кола ў Думе і прадстаўнікоў мясцовых польскіх землеўласнікаў у Радзе. І пасля рэвалюцыі польскі рух заставаўся істотным фактарам жыцця Беларуска-Літоўскага краю. Пры гэтым усе яго кірункі сутыкнуліся з сур'ёзнымі арганізацыйнымі праблемамі. Нацыянальныя дэмакраты ў 1906 г. толькі абвясцілі пра ўтварэнне ўласнай партыі (Польская Дэмакратычна-нацыянальная партыя Літвы і Беларусі) і апублікавалі яе праграму. Але арганізацыйная структура так і не была створаная. Не атрымалася стварыць віленскі філіял Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі. У 1907 г. адзін з яго арганізатараў Тадэвуш Урублеўскі наогул пакінуў партыйныя шэрагі. За год да таго ў выніку аб'яднання з ЛСДП фактычна перастала існаваць ППС на Літве.

Найбліжэй да стварэння ўласнай партыйнай арганізацыі былі краёўцы. Менавіта гэты кірунак па-ранейшым дамінаваў у польскім руху. Пра гэта сведчаць, напрыклад, артыкулы Чэслава Янкоўскага і Войцэха Бараноўскага. Ч.Янкоўскі на старонках варшаўскага «Слова» яшчэ раз звярнуў увагу на значэнне краёвай ідэі для лёсу ўсяго краю і для будучыні мясцовай польскай грамадскасці [215. Nr 88]. «Слова», якое падтрымлівала краёўцаў кансерватыўна-ліберальнага кірунку, перадрукавала таксама артыкул В.Бараноўскага «Краёвы патрыятызм», упершыню апублікаваны «Кур'ерам літэўскім». На думку В.Бараноўскага, краёвасць з'яўлялася той самай праграмай, якая толькі і можа аб'яднаць жыхароў краю ў іх змаганні за ўмовы свабоднага развіцця кожнай нацыі [216. Nr 103].

Прадстаўнікі краёўцаў у І і ІІ Думах утваралі самастойныя дэпутацкія фракцыі, якія некаторымі назіральнікамі ўспрымаліся як партыйныя арганізацыі. Створаная ў 1906 г. Канстытуцыйна-каталіцкая партыя таксама належала да краёвага кірунку. Хоць адначасова гэта была хрысціянска-дэмакратычная партыя. Адлюстраваннем яе аўтарытэту быў відавочны поспех падчас выбараў у І Дзяржаўную думу. Аднак, як ужо адзначалася, у выніку адміністрацыйных рэпрэсіяў у кастрычніку 1907 г. партыя спыніла сваё існаванне.

Адсутнасць партыйных арганізацыяў значна аслабляла патэнцыял польскага руху на беларускіх і літоўскіх землях. І гэта выдатна разумелі мясцовыя палітыкі. На працягу 1905-1907 г. «Кур'ер літэўскі» быў перапоўнены заклікамі і зваротамі па стварэнні польскай партыі краёвага кірунку. Пра неабходнасць партыйнай арганізацыі пісалі Раман і Канстанцыя Скірмунты, Эдвард Вайніловіч, Аляксандр Лядніцкі ды інш.

Варта спыніцца на публікацыях К.Скірмунт, якая прапанавала ўласную канцэпцыю Краёвай партыі. У лютым 1907 г. яна выступіла ў друку з артыкулам, у якім даказвала неабходнасць стварэння Краёвай партыі, заснаванай на прынцыпе «самага шырокага дэмакратызму» [189. Nr 50]. Гэты прынцып, на яе думку, павінен быў гарантаваць поспех партыйнай дзейнасці па ўздыме культурнага і гаспадарчага ўзроўня народных масаў, забеспячэнні свабоды іх нацыянальнага развіцця, пашырэнні згоды паміж рознымі нацыямі. Публіцыстка была ўпэўненая, што толькі дэмакратызм можа паспрыяць пашырэнню сярод насельніцтва Беларуска-Літоўскага краю пачуцця грамадзянскасці незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання і полу. Краёвая партыя павінна была змагацца за вылучэнне беларускіх і літоўскіх земляў у асобную адміністрацыйную адзінку з самакіраваннем. Яе палітычным цэнтрам станавілася Вільня, а Коўна і Менск утваралі два культурныя цэнтры. На тэрыторыі Віленшчыны, Гарадзеншчыны і Ковеншчыны К.Скірмунт лічыла магчымым будаваць працу Краёвай партыі на глебе каталіцызму, а на Меншчыне – на падставе праграмных установак.

Адным з галоўных кірункаў партыйнай дзейнасці павінна было стаць развіццё культуры. Краёвая партыя бачылася як цэнтр па стварэнні і каардынацыі працы польскіх, літоўскіх, беларускіх ды іншых асветніцкіх установаў, якія павінны былі напоўніць край тысячамі беларускіх і ўкраінскіх лемантароў, школамі на родных мовах і г.д. Галоўнай мэтай партыйнай дзейнасці абвяшчалася «шчасце і дабрабыт усіх нацыянальнасцяў, што насяляюць наш край».

Пазней публіцыстка канкрэтызавала асноўныя задачы Краёвай партыі. На першае месца яна паставіла эканамічны раздзел, які прадугледжваў уздым матэрыяльнага дабрабыту шляхам пашырэння сельскагаспадарчай адукацыі (сельскагаспадарчыя гурткі), правядзення камасацыі, утварэння ашчадных касаў і г.д. Праблема радыкальнай аграрнай рэформы абміналася. Да культурных задачаў адносілася адкрыццё школаў на родных мовах, арганізацыя чытальняў, выданне падручнікаў і літаратуры наогул. Толькі трэцім ішоў палітычны раздзел, які прадугледжваў абарону грамадзянскіх правоў «усіх трох пародненых гісторыяй народаў краю», г.зн., палякаў, літоўцаў і беларусаў. Таксама падкрэслівалася неабходнасць працы ва ўсіх формах самакіравання, якія б удалося стварыць. У рэлігійным раздзеле гаворка ішла фактычна толькі пра падтрымку намаганняў каталіцкага духавенства па вяртанні касцёлаў, якія пасля паўстання 1863-64 г. былі альбо зачыненыя альбо перададзеныя праваслаўным святарам [268, s. 83-84].

Безумоўна, артыкулы К.Скірмунт добра ведаў Раман Скірмунт, які праявіў найбольшую актыўнасць у справе стварэння Краёвай партыі. Ягоныя намаганні далі пэўны вынік толькі ў 1907 г. У распрацаваным былым дэпутатам І Дзяржаўнай думы праекце партыйнай праграмы ў якасці прыярытэтных прынцыпаў сцвярджалася роўнасць усіх народаў ва ўсіх галінах жыцця (між іншым падкрэслівалася роўнасць яўрэяў і неабходнасць паразумення з рускімі); свабода веравызнання; магчымасць для кожнага народа мець пачатковае навучанне на роднай мове; спрыянне павелічэнню сялянскага землеўладання і эканамічнаму росту эвалюцыйным шляхам пры дзяржаўнай падтрымцы і без парушэння правоў уласнасці, ліквідацыя сервітутаў і церазпалосіцы; увядзенне рабочага заканадаўства ды інш. У галіне дзяржаўнага ладу партыя выступала за канстытуцыйную манархію з гарантыяй грамадзянскіх свабодаў. Дэмакратыя разумелася як дзейнасць па эканамічнаму і культурнаму ўздыму працуючых класаў. Але асаблівую цікавасць выклікае ідэя ўтварэння на падставе вышэйазначаных прынцыпаў асобных нацыянальных фракцыяў Краёвай партыі [65, a. 23-25].

Ч.Янкоўскі, які актыўна дапамагаў Р.Скірмунту ў арганізацыйнай працы, наогул сцвярджаў, што апошні планаваў стварэнне свайго роду міжнацыянальнага партыйнага саюза, які павінен быў складацца з самастойных літоўскай, беларускай і польскай партыйных арганізацыяў [275, s. 137].

Р.Скірмунт разлічваў на падтрымку сацыяльных вярхоў мясцовай польскай грамадскасці. Многія вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы з ліку літоўскіх палякаў (Э.Вайніловіч, І.Корвін-Мілеўскі, Д.Карыбут-Дашкевіч, С.Ваньковіч, А.Хаміньскі, К.Шафнагль ды інш.) пагадзіліся з гэтымі прынцыпамі і нават падпісалі праект праграмы. Аднак у рашаючую хвіліну іх пазіцыя змянілася.

17 чэрвеня 1907 г. у Вільні Раман Скірмунт разам з Чэславам Янкоўскім правялі арганізацыйны сход. Аднак тон на ім у вялікай ступені задавалі тыя землеўласнікі, для якіх інтарэсы ўласнага маёнтку адыгрывалі не меншую ролю, чым інтарэсы ўсяго краю. Праект праграмы Р.Скірмунта быў фактычна адвергнуты. Дэлегаты (усяго прысутнічала каля 30 чалавек) зацвердзілі праграму, аснову якой склалі тэзісы перадвыбарчага Віленскага снежаньскага з'езду 1906 г., і ўтварылі ўласны партыйны орган «Глос Польскі» («Glos Polski») на чале з Ч.Янкоўскім. Ад пачатку існавання гэтая партыя набыла выразны памешчыцкі характар.

У прэамбуле праграмы падкрэсліваўся адметны гістарычны шлях Беларуска-Літоўскага краю, асаблівасці яго эканамічнага і культурнага развіцця, разнастайны нацыянальны склад насельніцтва. Звярталася ўвага на тое, што становішча палякаў у краі моцна розніцца ад сітуацыі ў Каралеўстве Польскім. У духу краёвасці сцвярджалася неабходнасць сумеснай працы ўсіх народаў «дзеля гаспадарчага, культурнага і грамадскага ўздыму краю і ўсіх яго жыхароў».

Апроч таго, асноўнымі партыйнымі прынцыпамі абвяшчалася роўнасць усіх народаў ва ўсіх галінах жыцця і стварэнне магчымасцяў для іх культурнага развіцця. Пры гэтым падкрэсліваліся правы літоўцаў і беларусаў на развіццё ўласнай культуры, неабходнасць паўнаты грамадзянскіх правоў для палякаў, важнасць паразумення з рускімі, адмена антыяўрэйскіх законаў.

Праграма патрабавала свабоды веравызнання, выказвалася за канстытуцыйную манархію з гарантыяй грамадзянскіх свабодаў, развіццё пачатковай адукацыі на роднай мове. Адносна аграрнай праблемы партыя абяцала спрыяць пашырэнню сялянскага землеўладання шляхам дзяржаўнай падтрымкі сялянства. Прадугледжваліся продаж маёнткаў і дзяржаўны крэдыт, ліквідацыя сервітутаў і церазпалосіцы. Асобна адзначалася непрымальнасць парушэння правоў уласнасці. Партыя выказвалася за дэмакратызацыю грамадства, якая разумелася як праца над паляпшэннем эканамічнага становішча і культурным ростам працоўных класаў. Падкрэслівалася неабходнасць распрацоўкі рабочага заканадаўства. Нарэшце, выказвалася пажаданне, каб «на глебе партыйных прынцыпаў сфармаваліся асобныя нацыянальныя фракцыі, прасякнутыя духам сумеснай працы на карысць краю, з якімі партыя магла б утвараць саюзы і знаходзіць паразуменне». Гэты пункт праграмы выглядае даволі цьмяна. Мажліва, менавіта тут адлюстраваўся першапачатковы намер Р.Скірмунта, які, аднак, перацярпеў істотныя змяненні. Дарэчы, Р.Скірмунт не падпісаў гэтаю праграму. Ні ён, ні большасць прадстаўнікоў Ковенскай губ. не ўступілі ў партыю. Яны выступалі за больш радыкальныя падыходы да вырашэння аграрнага пытання, што магло б паспрыяць наладжванню адносінаў з дзеячамі беларускага і літоўскага рухаў і прывесці да стварэння міжнацыянальнай Краёвай партыі. Тым не менш такія вядомыя дзеячы-краёўцы, як Э.Вайніловіч (старшыня партыі), А.Хаміньскі, С.Ваньковіч, Ч.Янкоўскі, І.Корвін-Мілеўскі, А.Майштовіч, Д.Карыбут-Дашкевіч, увайшлі ў склад і кіруючыя органы партыі, а значыць цалкам падтрымалі яе праграмныя пастулаты [65, a. 23-25]. Тэрытарыяльна партыя была предстаўленая пераважна землеўласнікамі з Гарадзенскай і Віленскай губ.

Нараджэнне Краёвай партыі выклікала шматлікія крытычныя заўвагі на адрас яе арганізатараў. «Кур'ер літэўскі», які па асобных пытаннях ужо падтрымліваў нацыянальных дэмакратаў, і «Дзеннік віленьскі» змясцілі шэраг даволі рэзкіх артыкулаў. Незадавальненне прыхільнікаў партыі Р.Дмоўскага выклікала адсутнасць у праграме спецыфічна польскіх патрабаванняў. Інтарэсы польскага этнасу разглядаліся ў сувязі з інтарэсамі іншых народаў краю. Дарэчы, гэта дало падставы аднаму з аўтараў «Дзенніка» нават заявіць, што краёўцы імкнуцца адарваць гістарычную Літву ад Каралеўства Польскага [176. Nr 141].

Іншая частка краёўцаў убачыла ў дадзеным варыянце краёвай арганізацыі выразнае імкненне да абароны ўласных сацыяльна-эканамічных інтарэсаў. Менавіта на гэта звярнуў увагу аўтар «Нацыянальнага катэхізісу Літвы» Баляслаў Ялавецкі. Ён ахарактарызаваў Краёвую партыю як «партыю без твару, без сілы і без смеласці». На яго думку, ні літоўцы, ні беларусы ніколі не далучацца да партыі, бо яе праграма супярэчыць назве. Фактычна, на думку аднаго з вядучых ідэолагаў краёвасці, «узнікла эндэцыя № 2» з выразнай «кансерватыўна-каставай» афарбоўкай. Б.Ялавецкі заўважыў таксама, што «гэтае войска правадыроў, якія не маюць салдатаў, можа існаваць толькі на паперы» [189. Nr 162]. Як «аб'яднанне кансерватараў» характарызаваў Краёвую партыю Людвік Абрамовіч [189. Nr 182, 192].

«Кур'ер літэўскі» прадаставіў магчымасць сябрам Краёвай партыі адказаць сваім апанентам. Станіслаў Ваньковіч заявіў, што партыя імкнецца да кампрамісу з рускай нацыяй, вынікам якога можа стаць доўгачаканая палітычная роўнасць палякаў. Краёўцы не выдвігаюць лозунгаў аўтаноміі Літвы і Беларусі толькі таму, што гэта справа далёкай будучыні. Што датычыць радыкальнай аграрнай рэформы, то, на думку С.Ваньковіча, такое патрабаванне па сутнасці не з'яўляецца дэмакратычным. Яно можа прывесці толькі да знішчэння найбольш прыбытковых гаспадарак. Толькі эвалюцыйным шляхам, сцвярджаў аўтар, можна палепшыць становішча дробных гаспадарак [189. Nr 170].

«Краёвец» (за гэтым псеўданімам хаваўся хутчэй за ўсё Ч.Янкоўскі) сцвярджаў, што абвінавачванні ў згодніцтве не маюць падставаў. Ён звяртаў увагу чытачоў на тое, што партыя выступае за ўвядзенне Канстытуцыі, якая можа гарантаваць нармальнае палітычнае і культурнае развіццё краю ў межах Расіі. Верагодна, дадаваў аўтар, ён можа развівацца і без Расіі, але такая верагоднасць не разглядаецца ў партыйнай праграме. На сучасны момант краёўцы лічылі найбольш актуальным патрабаванне самакіравання для беларускіх і літоўскіх земляў. «Краёвец» рашуча адмежаваўся ад Каралеўства Польскага. Барацьба за аўтаномію Каралеўства, на яго думку, не магла з'яўляцца палітычным лозунгам партыі, якая абараняе інтарэсы Беларусі і Літвы. Пры гэтым, аднак, ён гарантаваў, што прадстаўнікі Краёвай партыі ў Думе падтрымаюць аўтанамісцкія намаганні дэлегатаў этнічнай Польшчы [189. Nr 157].

У абарону Краёвай партыі выступіў таксама пецярбургскі «Край» Эразма Пільтца. На яго старонках была надрукаваная праграма партыі [183. Nr 21]. Пазней з'явіўся артыкул, аўтар якога сцвярджаў, што пры знаёмстве з праграмай Краёвай партыі адчуваў дух хрысціянскай любові і міра, ідэалы нацыянальнай справядлівасці, роўнасці і згоды. Усё гэта, на яго думку, некалі адрознівала стваральнікаў Люблінскай уніі, «найвялікшай справы польскай гісторыі» [183. Nr 22]. Краёвая ідэя ўспрымалася рэдакцыяй «Краю» як імкненне не змагацца з іншымі народамі, а разам з імі працаваць на карысць роднай зямлі.

Тым не менш перспектыва застацца партыяй толькі на паперы, якую прадбачыў для Краёвай партыі Б.Ялавецкі, была вельмі рэальнай. Вядома, што «Глос Польскі» знайшоў толькі каля 200 падпісчыкаў і праіснаваў вельмі кароткі час. Усяго ўбачыла свет толькі 5 нумароў газеты. Паводле ацэнкі Э.Вайніловіча, Краёвая партыя «праспала» выбары да ІІІ Думы [308, s. 175].

Адначасова з Віленскім з'ездам у Менску пачаўся сход па стварэнні яшчэ адной палітычнай арганізацыі сярод польскай грамадскасці Віленскай губ і этнічных беларускіх земляў. Яму папярэднічала сустрэча вузкага кола польскіх дзеячоў у маёнтку Вітольда Жукоўскага ў Быхаўскім пав. Сярод прысутных былі Э.Івашкевіч, Г.Выкоўскі, А.Яленьскі, Е.Асмалоўскі, К.Гардзялкоўскі ды інш. Вынікам размоваў было зацвярджэнне праекту праграмы і папярэдняга плана арганізацыйных дзеянняў [11, s. 130].

Двухдзённы сход у Менску завяршыўся стварэннем Польскага дэмакратычнага саюза (ПДС) і зацвярджэннем яго праграмы. Галоўнай мэтаю Саюза абвяшчаўся ўздым дабрабыту і культурнага ўзроўня ўсіх жыхароў Беларусі незалежна ад этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці, сацыяльнага становішча. Асноўным сродкам дасягнення гэтай мэты лічылася ўвядзенне валаснога, павятовага і губернскага самакіравання з гарантыяй правоў нярускіх этнічных супольнасцяў. Мэтаю аграрнай рэформы абвяшчалася стварэнне моцнай сялянскай гаспадаркі. Пры гэтым дапускалася магчымасць адчужэння часткі памешчыцкіх земляў за выкуп.

У адрозненні ад Краёвай партыі ПДС не абмінаў сваёй увагай польскія нацыянальныя інтарэсы. Яго праграма патрабавала аўтаноміі Каралеўства Польскага, роўнасці палякаў у правах, захавання і развіцця польскай культуры. У Галоўны камітэт Саюза ўвайшлі К.Гардзялкоўскі, К.Дзямідэцкі-Дзямідовіч, В.Нітаслаўскі, М.Абезерскі, Е.Асмалоўскі, А.Ражноўскі. Адным з кандыдатаў у Галоўны камітэт з'яўляўся Г.Выкоўскі. У Менскай, Віцебскай і Віленскай губ. ствараліся губернскія камітэты ПДС. Падобна на тое, што ў дадзеным выпадку была зробленая спроба арганізацыйнага паяднання краёўцаў абодвух кірункаў, канстытуцыйных дэмакратаў і «левай» часткі мясцовых сяброў ПДНП [373, c. 192].

Трэба адзначыць, што ПДС атрымаў значна лепшую прэсу. На старонках «Кур'ера літэўскага» з тлумачэннем асноўных праграмных прынцыпаў выступіў адзін з арганізатараў В.Жукоўскі [189. Nr 164]. Ён сцвярджаў, што краёвая пазіцыя – адзіна магчымая для польскай грамадскасці краю, характэрнай рысай якога з'яўляецца шматнацыянальнасць. Пры гэтым палякі, яўрэі, літоўцы і беларусы трактаваліся як карэнныя народы краю. А вось рускія былі ахарактарызаваныя як чужы і варожы краёвым інтарэсам «элемент», з якім неабходна змагацца.

Аўтар быў упэўнены, што палякі, калі яны хочуць застацца на беларускай зямлі, павінны бараніць інтарэсы не толькі сваёй супольнасці, але ўсяго мясцовага насельніцтва. Менавіта таму, заяўляў В.Жукоўскі, ПДС імкнецца ў першую чаргу забяспечыць палітычныя і эканамічныя інтарэсы самых шырокіх колаў насельніцтва і ўсіх карэнных народаў краю, бараніць іх ад русіфікацыі.

В.Жукоўскі не стаў супрацьпастаўляць ПДС і Краёвую партыю. Ён толькі адзначыў, што падзеі 17 чэрвеня 1907 г. паказалі прысутнасць двух кірункаў у польскім руху. Калі Краёвая партыя, на яго думку, аб'яднала кансерватыўныя элементы, то ПДС – дэмакратычна настроеных прадстаўнікоў розных колаў польскай грамадскасці. Паразуменне гэтых двух кірункаў, паводле В.Жукоўскага, будзе гарантаваць поспех на чарговых думскіх выбарах. Апошняе дазваляе выказаць меркаванне, што менавіта фактар выбараў у ІІІ Думу з'яўляўся стымулам, які прыспешваў арганізацыйныя намаганні мясцовых польскіх дзеячоў.

Паводле Ежы Асмалоўскага, для ПДС была характэрная спроба спалучэння «інтарэсаў краю пражывання і той зямлі, якая лічылася Айчынай». Гэта было дастаткова складаным і магчымым, па яго меркаванні, толькі на глебе «радыкалізацыі міжнацыянальных адносінаў». Пад апошнім хутчэй за ўсё разумелася сумяшчэнне краёвасці з выразнай дэмакратычнай пазіцыяй [11, s. 142]. Аднак разгарнуць практычную дзейнасць і гэтая партыя не здолела. Е.Асмалоўскі ва ўспамінах адзначыў, што ўсё закончылася фактычна на стадыі прыняцця галоўных партыйных дакументаў [11, s. 130].

Пэўнай рэакцыяй на ўтварэнне Краёвай партыі стала таксама арганізацыя ў кастрычніку 1907 г. Польскага саюза краёвай працы. Спачатку «Кур'ер літэўскі» надрукаваў невялікую абвестку, якая паведамляла, што новая арганізацыя будзе спрыяць вырашэнню найбольш актуальных краёвых праблемаў і імкнуцца да братэрскага супрацоўніцтва палякаў і літоўцаў. Пры гэтым краёвасць характарызавалася як адмова ад «каставасці», г.зн. абароны сваіх вузкасаслоўных інтарэсаў, і прыхільнасць да дэмакратычнай ідэалогіі. Арганізатары Саюза падкрэслівалі, што краёвасць не азначае адмовы паляка ад польскасці, а літоўца – ад літоўскасці. Кожны народ будзе мець мажлівасці для абароны ўласных этнакультурных інтарэсаў і пры гэтым не перашкаджаць іншаму, бо «ўсім хопіць месца на гэтай зямлі» [189. Nr 221].

Пазней на старонках «Кур'ера» была надрукаваная праграма Саюза краёвай працы. Яна заклікала да працы на карысць усяго краю, а менавіта дзеля ўздыму дабрабыту, культуры і асветы ўсіх краёвых народаў. У адрозненне ад праграмных установак Краёвай партыі ўжо першы пункт праграмы Саюза сцвярджаў, што арганізацыя будзе абараняць польскія нацыянальныя інтарэсы, не перашкаджаючы рабіць тое ж самае іншым народам. Больш таго, абвяшчалася, што палякі як карэнныя жыхары Беларуска-Літоўскага краю маюць пэўныя абавязкі адносна ўсяго ягонага насельніцтва. Галоўнай мэтай Саюза абвяшчалася развіццё грамадзянскай свядомасці народаў, уздым іх культурнага і палітычнага ўзроўня. Дзеля гэтага прадугледжавалася дасягненне рэальнай роўнасці ў правах для ўсіх народаў беларускіх і літоўскіх земляў незалежна ад іх нацыянальнасці, мовы і рэлігіі. Асобна адзначалася неабходнасць роўнасці палітычных правоў для палякаў дзеля стварэння нармальных умоваў развіцця польскай культуры.

У сацыяльнай сферы Саюз выступіў прыхільнікам эвалюцыйнага шляху развіцця і «шчырага дэмакратызму», які разумеўся як перакананне, што менавіта народныя масы з'яўляюцца галоўнай сілай развіцця гісторыі. Адпаведна прадугледжвалася распрацоўка рабочага заканадаўства (нармаванне рабочага дня, паляпшэнне санітарных умоваў, стварэнне прафсаюзных арганізацыяў і г.д.), правядзенне аграрнай рэформы з мэтаю ліквідацыі малазямелля (у т.л. і з дапамогай добраахвотнага продажу часткі маёнткаў) і павышэння эфектыўнасці землекарыстання. Сацыяльным вынікам аграрнай рэформы лічылася стварэнне моцнага класа дробных землеўласнікаў, здольных самастойна клапаціцца пра ўласны культурны і гаспадарчы дабрабыт. Планавалася таксама рэформа падатковай сістэмы з улікам інтарэсаў маламаёмасных колаў грамадства. Таксама прапанавалася адмена ўсіх абмежаванняў свабоды веравызнання і рэформа народнай асветы. Апошняя ўключала пачатковую адукацыю на роднай мове і прынцыповую адмову ад выкарыстання школы як зброі ў палітычнай барацьбе.

Краёўцы патрабавалі адкрыцця універсітэту ў Вільні з абавязковымі кафедрамі польскай і літоўскай гісторыі і літаратуры. У палітычнай галіне ідэалам была канстытуцыйная манархія. Цэнтральная ўлада павінна была спалучацца з шырокім самакіраваннем на выбарнай аснове, з выбарнымі судамі, здольнымі абараняць самакіраванне ад ціску бюракратычнага апарату.

Арганізатары Саюза краёвай працы (у далейшым ён будзе звацца «Саюзам сацыяльнай працы») імкнуліся спалучыць краёвую ідэю з пэўнымі ліберальна-дэмакратычнымі пастулатамі.

«Кур'ер літэўскі» актыўна падтрымаў новую польскую арганізацыю. Яго аўтары высока ацэньвалі прыярытэтнасць культурнай і гаспадарчай дзейнасці [190. Nr 32], выразную польскасць Саюза [190. Nr 34]. Той жа «Кур'ер літэўскі» паведаміў у сярэдзіне лютага 1908 г., што да Саюза далучыліся такія вядомыя дзеячы, як Войцэх Бараноўскі (рэдактар «Кур'ера»), Аляксандр Хаміньскі, Станіслаў Ваньковіч, Тадэвуш Дэмбоўскі, Юзаф Монтвіл, Конрад Недзялкоўскі, Казімір Шафнагль, Анджэй Тупальскі, Міхал Венслаўскі ды інш. [190. Nr 35]. Як відаць, значная частка сяброў Краёвай партыі перайшла ў Саюз краёвай працы.

Аналіз крытычных заўвагаў на адрасе Краёвай партыі, знаёмства з праграмамі ПДС і Саюза краёвай працы, шматлікія публікацыі на старонках «Кур'ера літэўскага» сведчаць пра тэндэнцыю пэўнай лібералізацыі краёвай дактрыны.

Нягледзячы на прысутнасць выразных ўплываў нацыянальных дэмакратаў, «Кур'ер» па-ранейшым заставаўся галоўным органам краёўцаў кансерватыўна-ліберальнага кірунку. Менавіта тут з'яўляліся артыкулы, якія абгрунтоўвалі адпаведнасць краёвай ідэалогіі сутнасці этнічнай самаідэнтыфікацыі літоўскіх палякаў. Пра гэта пісалі, напрыклад, Ю.Букоўскі («Калі я жыву ў Літве, кахаю яе суровую прыроду і жыхароў, маю агульныя з Краем інтарэсы, то з'яўляюся грамадзянінам Літвы ў поўным значэнні гэтага слова і літоўцам у грамадскім сэнсе. Аднак таму, што размаўляю і думаю па-польску, што пэўныя імёны польскай гісторыі напаўняюць мяне гонарам або сумам, што выхаваў сваю душу на польскай гісторыі і літаратуры <...> належу да польскай нацыі <…>) [190. Nr 223] і К.Скірмунт [190. Nr 273, 293]. Вядомая публіцыстка была аўтарам найбольш палымяных краёвых заяваў. У лютым 1910 г. яна яшчэ раз заявіла пра сваю прыналежнасць да «літоўскай нацыі», культура якой разумелася як «літоўска-польскае дрэва, што вырасла на глебе лацінства і каталіцтва» [298a, s. 52]. «Літоўкай і толькі літоўкай па воле Госпада была, ёсць і буду да астатняга моманту майго жыцця» [298a, s. 48], – заяўляла яна.

К.Скірмунт разумела неабходнасць барацьбы з уплывамі польскіх нацыянальных дэмакратаў. У студзені 1911 г. яна рэзка крытыкавала рэдактара «Квартальніка літэўскага» Яна Обста, які ўжываў у сваіх публікацыях тэрмін «крэсы». К.Скірмунт заяўляла, што Беларуска-Літоўскі край – гэта не чыйсьці «бераг», а зямля, якая ўяўляе закончаную цэласнасць. Гэты край, па яе словах, «некалі складаў больш чым палову Рэчы Паспалітай, быў цэнтрам працы і ідэі па адраджэнню яе духа, а сёння з'яўляецца Айчынай мільённых народаў, і ні ў якім сэнсе не можа быць названы крэсамі» [298a, s. 79].

Імкненне да лібералізацыі краёвай дактрыны адчувалася ў заявах прадстаўнікоў Польска-літоўска-беларускага кола ў ІІІ Думе. У лістападзе 1911 г. Юзаф Монтвіл у размове з карэспандэнтам варшаўскага «Слова» заявіў: «Мы праводзім палітыку, якая не мае будучыні. Альбо мы паразумеемся з людам і застанемся ў Літве і Русі, альбо не паразумеемся – і загінем <...> Там, дзе існуе супольнасць рэлігіі і веравызнання, такое паразуменнем заўсёды магчымае. Але трэба вызначыцца, кім мы будзем на тутэйшай зямлі: эксплуататарамі маёнткаў ці грамадзянамі краю? <...> Што нам дае сучасная пазіцыя Польска-літоўска-беларускага кола? Дзеля чаго выступае кожны з нашай сямёркі на думскай трыбуне? Дзеля перамогі культуры, справядлівасці або розуму!? На жаль, не ... Альбо пойдзем на паразуменне з людам і захаваем свае пазіцыі, альбо не пойдзем – і загінем» [217].

Яшчэ больш паслядоўнай прыхільніцай лібералізацыі краёвасці была Канстанцыя Скірмунт. У прыватнасці, яна сцвярджала, што краёвасць, якую дэманструюць «літоўцы і русіны, што гавораць па-польску», павінна запоўніць тую бездань, якую «выкапаў» паміж шляхтай і народнымі масамі «эгаізм нацыянальнай выключнасці». Публіцыстка прапанавала землеўласнікам самастойна распачаць аграрную рэформу, прадаючы сваю зямлю мясцоваму сялянству [190. Nr 293]. Канстанцыя Скірмунт не бачыла перспектываў захавання буйнога польскага землеўладання.

Верагодна, пачуццё бесперспектыўнасці прымусіла частку краёўцаў кансерватыўна-ліберальнага кірунку шукаць магчымасць умацавання ўласных пазіцыяў на шляху яднання з нацыянальнымі дэмакратамі. Менавіта так трэба расцэньваць аб'яднанне «Кур'ера віленьскага» (у кастрычніку 1910 г. «Кур'ер літэўскі» быў перайменаваны ў «Кур'ер віленьскі») з газетай нацыянальных дэмакратаў «Гонец цодзенны». Аб'яднанне адбылося ў чэрвені 1911 г. Новае выданне захавала назву «Кур'ер віленьскі». Ян Юркевіч ахарактарызаваў гэтую падзею як яднанне кансерватыўных сілаў польскага руху ў Літве і Беларусі [430, s. 69]. Аднак не трэба перабольшваць кансерватызм як краёўцаў, так і нацыянальных дэмакратаў. Галоўнай партыяй кансерватыўнага кірунку заставалася Партыя рэальнай палітыкі (1904), якая не мела ўласных філіялаў на беларускіх і літоўскіх землях. Аб'яднанне выданняў азначала спробу спалучэння двух розных кірункаў польскай палітычнай думкі.

У студзені 1912 г. выданне вярнула сваю старую назву «Кур'ер літэўскі». Але гэта зусім не азначала нейкай палітычнай перамены. Адным з найбольш прыметных супрацоўнікаў рэдакцыі заставаўся вядомы сябра партыі Р.Дмоўскага Юзаф Хласка. Па многіх праблемах газета выказвалася з пазіцыяў нацыянальных дэмакратаў. Аднак па-ранейшым на яе старонках знаходзілася месца і для адэптаў краёвай ідэі.

У першую чаргу гэта датычыла Канстанцыі Скірмунт. Катэгарычна адвяргаючы запрашэнне да краёвага грамадзянства рускіх («Не можа быць грамадзянінам краю прадстаўнік цэнтралізацыі, якая ўсё давіць. Толькі той зразумее нашае «краёвае грамадзянства», для каго гэты край з'яўляецца спрадвечнай Радзімай, каму яго мінуўшчына – прадмет сыноўняй пашаны, а будучыня – мэта клопату і любові» [193. Nr 99]), яна бачыла «грамадзянаў краю» сярод літоўскіх палякаў, а таксама маладой літоўскай і беларускай інтэлігенцыі. Альфай і амегай краёвасці публіцыстка лічыла саюз літоўскіх палякаў з мясцовымі народамі. Менавіта з гэтым яна звязвала з'яўленне тых новых формаў краёвасці, без якіх гэтая ідэя не магла існаваць. «Новая форма – гэта не што іншае, як збліжэнне землеўласнікаў з дэмакратычнымі элементамі, г.зн., з беларускай і літоўскай народнай інтэлігенцыяй – як свецкай, так і духоўнай, з польскім мяшчанствам, з сялянствам, што размаўляе па-польску, з дробнай шляхтай, якая рассеяная па ўсім свеце і цалкам пакінутая» [193. Nr 99].

Дзеля гэтага збліжэння яна лічыла магчымым «адрачэнне ад эгаістычных магнацкіх і земянскіх інтарэсаў». Палітычнае паразуменне літоўскіх палякаў з мясцовым насельніцтвам, на яе думку, з'яўлялася канчатковай мэтай краёвай ідэі ў Беларусі і Літве. А вось шлях да паразумення праходзіў праз шчырую падтрымку народных патрабаванняў і культурнае супрацоўніцтва з беларускай і літоўскай інтэлігенцыяй [193. Nr 99].

Мажліва, менавіта гэта было мэтай той рэформы Краёвай партыі, якую паспрабаваў здзейсніць Р.Скірмунт. Напачатку 1908 г. ён уступіў у яе шэрагі. У лютым таго ж года Раман Аляксандравіч Скірмунт на старонках «Кур'ера літэўскага» ад імя Краёвай партыі ўжо адказваў на крытычныя заўвагі А.Тупальскага. У прыватнасці, было заяўлена, што Краёвая партыя Літвы і Беларусі зусім не з'яўляецца партыяй буйных аграрыяў, утворанай толькі дзеля абароны ўласных інтарэсаў [190. Nr 35]. Р.Скірмунт стаў ініцыятарам правядзення агульнага партыйнага сходу, які павінен быў прывесці да кардынальных зменаў. Сам рэфарматар падрыхтаваў даклад «Развіццё прынцыпаў і мэтаў партыі» [65, a. 26]. Цікава, што віленскі польскі друк цалкам праігнараваў гэтую падзею. Затое інфармацыя з'явілася на старонках варшаўскага «Слова». Паводле карэспандэнта гэтай газеты, у парадку дня з'езда стаялі пытанні пра выбары новага кіраўніцтва, выхад з партыі С.Ваньковіча і Т.Дэмбоўскага і даклад Р.Скірмунта. Таксама адзначалася, што для абмеркавання ўдзельнікаў з'езду будзе прапанаваны «праект арганізацыі партыі». Відаць, меліся на ўвазе прапановы па ператварэнні «войска правадыроў» (Б.Ялавецкі) у масавую палітычную арганізацыю.

Вынікі намаганняў Р.Скірмунта былі мізэрнымі. Праўда, 13 лютага 1908 г. адбыўся партыйны з'езд, які зацвердзіў прапанаваныя Р.Скірмунтам прынцыпы рэарганізацыі. У прыватнасці, было прынятае рашэнне пра стварэнне «польскага» і «беларускага» аддзяленняў, якія павінны былі скаардынавана вырашаць уласныя нацыянальныя задачы [214. Nr 75]. У гэты ж дзень было абранае новае кіраўніцтва. На чале партыі стаў Раман Скірмунт. Але «ажывіць» Краёвую партыю не атрымалася. Яна непрыметна зышла з палітычнай арэны. Аднак гэтага нельга сцвярджаць адносна самой краёвай ідэі. Шмат хто з краёўцаў кансерватыўна-ліберальнай арыентацыі падыходзілі да гэтай ідэі ўсё больш прагматычна, бачылі ў ёй сродак захавання польскіх пазіцыяў у краі.

Чэслаў Янкоўскі ў 1909 г. на старонках варшаўскага «Слова» ўжыў тэрмін «польская краёвая ідэя». На яго думку, толькі яна можа перашкодзіць абвастрэнню канфліктаў і супярэчнасцяў, што пагражаюць адзінству края, які з'яўляецца сумеснай Айчынай розных народаў. Публіцыст быў упэўнены, што «польская краёвая ідэя» будзе гарантаваць польскай грамадскасці становішча карэннага этнасу краю. Ён адназначна лічыў яе больш важнай для мясцовай польскасці, чым нават уласна польскую нацыянальную ідэю («ідэя польскага імперыялізму»): «Толькі пад лозунгам гэтай ідэі ў Літве і Русі можа наступіць яднанне мясцовых нацыянальных сілаў для сумеснай працы дзеля будучыні краю. Толькі і выключна краёвая ідэя як ідэя рознаэтнічнага краёвага грамадзянства, здолее вырашыць праблемы тутэйшых нацыяналізмаў і ў першую чаргу польска-літоўскую праблему, якая, нарэшце, перастане быць праблемай» [215. Nr 88].

Таксама варта звярнуць увагу на артыкул «Неадпаведная тэрміналогія», які быў надрукаваны ў студзені 1912 г. на старонках «Дзенніка пецярбургскага» за подпісам «Незнаёмы» [174. Nr 545]. Аўтар пратэставаў супраць акрэслення літоўскіх палякаў «каланістамі» і «палякамі». Ён падкрэсліваў мясцовае паходжанне пераважнай іх большасці і прапанаваў ім называць сябе літоўцамі і беларусамі: «Каб разглядаць праблему на адпаведнай глебе, мы, жыхары Літвы і Белай Русі павінны называць сябе літоўцамі і беларусамі. Гэта адразу зруйнуе ўсе абвінавачванні ў чужым паходжанні. Мы, безумоўна, з'яўляемся абарыгенамі і жывем на ўласнай зямлі <...> Але трагізм палажэння ў тым, што мы, літоўцы і беларусы павінны афіцыйна называць сябе палякамі, бо ў школьных, касцёльных і выбарчых справах, кожнага непаляка запісваюць адразу ў рускую курыю. Каб не страціць права маліцца па-польску, вывучаць польскую мову і выбіраць дэпутатаў нашай культуры, мы вымушаныя сцвярджаць, што з'яўляемся палякамі».

Артыкул дазваляе ўбачыць яшчэ адну тэндэнцыю ў развіцці краёвай ідэі. Некаторыя краёўцы паступова эвалюцыянавалі ў кірунку ўсведамлення сябе літоўцамі і беларусамі, што спрыяла іх далучэнню да літоўскага і беларускага адраджэнцкіх рухах. У артыкуле пра гэта не ішла гаворка, але ўсведамленне сябе беларусамі ці літоўцамі ў грамадзянскім сэнсе непазбежна да гэтага прыводзіла. Вызначыць імя аўтара артыкула пакуль не атрымалася. Але цалкам верагодна, што гэта быў Раман Скірмунт або Канстанцыя Скірмунт, ці нехта з іх бліжэйшага атачэння, Таксама ў якасці гіпотэзы можна назваць імёны Антона або Івана Луцкевічаў, якія менавіта ў 1912 г. пачалі займацца пэўнай містыфікацыяй, выдаючы сябе то за рускіх («Вечерняя газета», 1912-1915), то за польскіх («Кур'ер краёвы», 1912-1914) прагрэсістаў. Дарэчы, Антон Луцкевіч у 1910 г. надрукаваў у «Дзенніку пецярбурскім» вялікі артыкул «Cправы крэсаў. Пра беларускае пытанне», у якім знаёміў чытачоў польскай газеты са станам развіцця беларускага руху [173. Nr 75, 80]. На карысць меркавання, што за псеўданімам «Незнаёмы» мог хавацца А.Луцкевіч, сведчыць таксама факт даволі цеснага супрацоўніцтва братоў Луцкевічаў і Вацлава Ластоўскага з краёўцамі ліберальна-дэмакратычнага кірунку, якое мела месца ў міжрэвалюцыйны перыяд*.

Пасля закрыцця ў ліпені 1906 г. «Газеты віленьскай» краёўцы ліберальна-дэмакратычнага кірунку страцілі магчымасць шырокага ўплыву на грамадскую свядомасць. Іх сітуацыя ўскладнялася яшчэ і тым, што галоўны іх ідэолаг Міхал Ромэр быў вымушаны тэрмінова пакінуць Вільню. Толькі гэта дазволіла яму пазбегнуць судовай адказнасці за адзін з артыкулаў «Газеты віленьскай». Артыкул быў расцэнены як «заклік да бунту».

М.Ромэр перабраўся ў Кракаў, дзе адбылася ягоная сустрэча з Юзафам Альбінам Хэрбачэўскім. Віленскі публіцыст атрымаў мажлівасць карыстацца архівам кракаўскага краёўца. Багацце матэрыялаў, звязаных з літоўскім рухам, дапамагло М.Ромэру напісаць кнігу «Літва. Гісторыя адраджэння літоўскай нацыі» («Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego») (Львоў, 1908), якая і сёння высока ацэньваецца літоўскімі даследчыкамі.

Падчас выбараў у ІІІ Думу краёўцы ліберальна-дэмакратычнага кірунку стварылі Дэмакратычны выбарчы камітэт і паспрабавалі правесці ў Думу дэпутатам ад Вільні адваката Тадэвуша Урублеўскага. Аднак выразную перамогу на выбарах атрымаў прадстаўнік нацыянальных дэмакратаў і каталіцкага духавенства С.Мацэевіч. Безумоўна, негатыўную ролю адыграла адсутнасць уласнага органа перыядычнага друку. Краёўцы зрабілі высновы, і ўжо ў 1908 г. у іх асяродку ўсё часцей выказваецца ідэя выдання штодзённай газеты.

М.Ромэр вярнуўся ў Вільню ў 1909 г. Пасля шчаслівага для яго вырашэння судовай праблемы актыўна ўключыўся ў палітычную барацьбу. У гэтым годзе прыметнай з'явай грамадскага жыцця Вільні былі «чацвергі» ў Тадэвуша Урублеўскага. Гэта быў свайго роду дыскусійны клуб, дзе абмяркоўваліся грамадска-палітычныя і этнакультурныя праблемы. Характэрнай рысай «чацвяргоў» быў іх шматнацыянальны склад. Тут выказвалі свае думкі палякі, літоўцы, беларусы, яўрэі і прадстаўнікі дэмакратычнай часткі рускай грамадскасці Вільні. Леваліберальныя краёўцы на «чацвяргах» былі прадстаўленыя В.Абрамовічам, М.Ромэрам, З.Нагродскім, А.Заштаўтам, Б.Крыжаноўскім ды інш. З беларусаў часта прыходзілі браты Луцкевічы.

А вось 24 лістапада 1911 г. удзельнікам «чацвярга» апроч прадстаўнікоў мясцовай польскай грамадскасці быў Аляксандр Уласаў. Літоўцаў прадстаўляў Аўгусцінас Янулайціс. У гэты дзень абмяркоўвалася разуменне краёвасці. Пасля выступлення М.Ромэра распачалася дыскусія. У яе цэнтры апынулася пытанне наконт існавання рэальных сацыяльна-эканамічных фактараў самастойнасці Беларуска-Літоўскага краю. У выніку ўдзельнікі абмеркавання выказалі думку пра прысутнасць пэўных перадумоваў гэтай самастойнасці [27. T. 2, s. 100]. «Чацвергі» Т.Урублеўскага быццам працягвалі традыцыі Таварыства шубраўцаў, адноўленага віленскім адвакатам яшчэ ў 1900 г. Гэтае Таварыства з'яўлялася свайго рода «салонам», удзельнікамі якога былі прадстаўнікі ўсіх палітычных кірункаў польскага руху, апроч нацыянальных дэмакратаў [421].

Увосень 1910 г. яшчэ адным дыскусійным цэнтрам стаўся Банкаўскі клуб, у якім збіраліся па аўторках. Асаблівасцю гэтых сходаў быў удзел у іх нацыянальных дэмакратаў. Дыскусіі і абмеркаванні былі важнай часткай грамадска-палітычнага жыцця горада, які заставаўся цэнтрам польскага руху на беларускіх і літоўскіх землях. Менавіта тут выпрацоўваліся і развіваліся тыя ідэалагічныя мадэлі, якія пазней распаўсюджваліся па ўсім краі. На «чацвяргах» і «аўторках» наладжваліся асабістыя кантакты паміж прадстаўнікамі розных палітычных плыняў і нацыянальных рухаў. Мажліва і яны адыгралі пэўную ролю ва ўзнікненні масонскіх ложаў, якія аб'ядналі пераважна прыхільнікаў краёвай ідэі ў яе ліберальна-дэмакратычным варыянце.

Цікавай і важнай старонкай гісторыі грамадска-палітычнага жыцця края з'яўляюцца таксама масонскія ложы ў Вільні, Менску і Віцебску, якія існавалі з 1910 па 1916 г. Гэтыя тайныя арганізацыі ў вялікай ступені замянілі палітычную партыю, якую так і не здолелі стварыць леваліберальныя краёўцы. Галоўнай крыніцай для даследаванняў іх гісторыі з'яўляецца Дзённік Міхала Ромэра. Гэты славуты юрыст і палітычны дзеяч пакінуў амаль 40 тамоў штодзённых запісаў. Першы з іх быў зроблены 1 студзеня 1911 г., а апошні – 18 лютага 1945 г., за некалькі дзён да смерці. Трыццаць чатыры тамы дзённіка захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы, астатнія – у аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага універсітэта. Матэрыялы сталі даступныя для даследчыкаў адносна нядаўна. Справа ў тым, што М.Ромэр дазволіў карыстацца запісамі толькі па прашэсці 25 гадоў пасля яго смерці. Першымі заняліся вывучэннем дзённіка гісторыкі Літвы і Польшчы – В.Марцінкенас, Р.Мікніс, Я.Савіцкі, Б.Макаўскас, З.Соляк ды інш.

У ХХ ст. першая ложа ў Беларусі і Літве была створаная па ініцыятыве расійскіх масонаў у Менску ў 1910 г. Звесткі пра яе склад носяць пераважна фрагментарны і гіпатэтычны характар. Вядомы польскі даследчык Людвік Хас згадаў толькі двух менскіх масонаў – лекара Тэадора Кодзіса [423, s. 222], які раней быў звязаны з партыяй «Пралетарыят», а таксама юрыста і палітычнага дзеяча Казіміра Петрусевіча [423, s. 271]. Апошні ў 1898 г. удзельнічаў у працы І з'езда РСДРП у Менску як прадстаўнік сацыял-дэмакратычнай арганізацыі Екацерынаслава. Пазней пасяліўся ў гэтым горадзе. На момант утварэння ложы быў прыхільнікам ліберальнай ідэалогіі.

Пра ўдзел Т.Кодзіса ў масонскай арганізацыі паведаміла ў сваіх успамінах Зофія Кодзіс-Фрэйерова. Паводле яе да менскай ложы належалі пераважна юрысты і лекары, людзі з рознымі палітычнымі перакананнямі [8, s. 20-21]. М.Ромэр у Дзённіку, распавядаючы пра паездку ў Менск у верасні 1911 г. віленскіх краёўцаў і масонаў Браніслава Крыжаноўскага і Вітальда Абрамовіча, згадаў імёны Эдмунда Івашкевіча, Канстанціна Дземідзецкага-Дземідовіча, К.Петрусевіча і Загорскага [27. T. 2, s. 35]. Мэтаю паездкі быў пошук верагодных аўтараў для «Пшэглёнда віленьскага». Цалкам мажліва, што сустрэча з вышэйназванымі менскімі юрыстамі была вынікам ранейшых масонскіх кантактаў. Таксама варта адзначыць, што Ежы Асмалоўскі, які ў 1912-1914 г. быў сябрам варшаўскай ложы «Вызваленне» («Wyzwolenie»), у 1915 г. у Менску часта наведваў дом адваката Эдмунда Івашкевіча. Яго звычайнымі суразмоўцамі падчас гэтых візітаў былі Казімір Петрусевіч, Канстанцін Дземідзецкі-Дземідовіч і Ігнацы Віткевіч [12, s. 13]. Магчыма менавіта гэтыя асобы і складалі «ядро» менскай ложы.

Напрыканцы 1910 г. у Вільні ўзнікла ложа «Лучнасць» («Jednosc»). Ролю арганізатара адыграў удзельнік першых з'ездаў Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі Ежы Ром. Менавіта ён разам з братам Эліяшам, паводле сведчанняў Антона Луцкевіча, ужо ў 1908 або 1909 г. меў размову з Іванам Луцкевічам, з якой апошні даведаўся пра масонскія арганізацыі ў Расіі [377, c. 106-107]. Дарэчы, паводле М.Ромэра, спачатку масоны звярнуліся да Т.Урублеўскага. Але вядомы адвакат і прыхільнік краёвай ідэалогіі адмовіўся ад супрацоўніцтва [27. T. 4, s. 403].

У ліку заснавальнікаў «Лучнасці» былі ўжо згаданыя Ежы і Эліяш Ромы, браты Луцкевічы, літоўскі дзеяч Данатас Маліноўскас, прадстаўнік левіцы польскіх нацыянальных дэмакратаў доктар Людвік Чаркоўскі. У сакавіку 1911 г. у ложу быў прыняты Міхал Ромэр, які хутка стаў адным з лідараў віленскага масонства. Трэба адзначыць, што афіцыйнае запрашэнне ён атрымаў ад Івана Луцкевіча, што адлюстравалася ў дзённікавым запісу [27. T. 1, s.66].

У 1915 г. М.Ромэр даверыў свайму Дзённіку не толькі таямніцу існавання арганізацыяў масонаў. Ён досыць падрабязна спыніўся на ідэалогіі, якой прытрымліваліся віленскія «браты». «Нашая задача, – пісаў палітык і публіцыст, – не знішчаць, не ламаць, не разбураць, а ствараць і ўдасканальваць. <...> Нашым падмуркам з'яўляюцца ідэі братэрства, любові і свабоды чалавечага духу. Нашае брацтва – гэта Саюз гуманізму ў шляхецкім і адначасова дзейсным значэнні гэтага слова. Мы імкнемся, каб нашыя лозунгі не сталі звычайнай фармальнасцю <...> Мы імкнемся зрабіць іх рэальнасцю сумлення, дзеянняў і дачыненняў у чалавечым сужыцці; каб яны пранізалі адносіны як паміж асобнымі людзьмі, так і паміж усялякімі групамі, нацыямі і, нарэшце, сталі здабыткам усяго чалавецтва <...>». Закранаючы палітычны аспект масонскай дзейнасці, М.Ромэр падкрэсліў, што «брацтва» не з'яўляецца ні палітычным аб'яднаннем, ні партыяй. Аднак ва ўмовах расійскай дзяржавы арганізацыя, якая абвяшчае сваёй мэтай дасягненне свабоды чалавечага духа, непазбежна будзе займаць антыўрадавую палітычную пазіцыю. «Прычына ў тым, – сцвярджаў М.Ромэр, – што гэтая дзяржаўная арганізацыя <...> і сама расійская дзяржаўнасць як канкрэтны гістарычны феномен ёсць найвялікшая перашкода дзеля рэалізацыі нашых прынцыпаў» [27. T. 4, s. 403].

Міхал Ромэр паслядоўна адстойваў асноўныя прынцыпы краёвасці. Менавіта краёвасць для яго з'яўлялася найбольш адэкватнай формай палітычнага існавання масонскіх лозунгаў на тэрыторыі гістарычнай Літвы. У вялікай ступені менавіта намаганнямі М.Ромэра віленскія ложы сталі моцнымі цэнтрамі прапаганды краёвай ідэалогіі, якая супрацьстаяла ідэалогіі нацыянальнага шавінізма. Пры гэтым краёвасць зусім не перашкаджала сваім адэптам актыўна працаваць у рэчышчы ўласных нацыянальных рухаў.

Трэба заўважыць, што М.Ромэр успрымаў грамадства Беларуска-Літоўскага краю як адзінае і непадзельнае, прасякнутае пачуццём краёвай грамадзянскасці і незалежнае ад падзелу на асобныя нацыі [27. T. 2, s. 252]. У грамадска-палітычнай дзейнасці ён імкнуўся да пабудовы «адзінага грамадскага будынку, а не шэрагу нацыянальных хатаў» [27. T. 2, s. 89]. Падмуркам адзінага краёвага будынку аўтар Дзённіка лічыў дэмакратычны лад жыцця. На яго думку, толькі ў гэтым выпадку будуць створаныя адпаведныя ўмовы для ажыццяўлення патрабаванняў кожнага народу краю. Гэтае разуменне краёвасці істотна адрознівалася ад таго, якога прытрымліваліся яго калегі па групоўцы леваліберальных краёўцаў. Напрыклад, Людвік Абрамовіч разумеў краёвае грамадства як свайго роду канфедэрацыю самастойных і роўных нацыянальных супольнасцяў, кожная з якіх мела поўнае права на ўласнае нацыянальна-культурнае развіццё. Пры такім разуменні галоўным у краёвасці станавілася магчымасць абароны інтарэсаў польскай супольнасці. Падобным чынам разумелі краёвую ідэю беларускія дзеячы (браты Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Іван Краскоўскі) – сябры масонскіх арганізацыяў. Адпаведна можна было весці гаворку пра польскіх і беларускіх краёўцаў. Аднак існаванне апошніх стала відавочным толькі пасля з'яўлення такіх органаў друку, як «Вячэрняя газета» (1911) і «Кур'ер краёвы» (1912).

Між тым у 1911 г. афіцыйна «абудзіліся» расійскія масоны. Аднаўленне іх дзейнасці адбылося без санкцыі «Вялікага Усхода Францыі». Расійскія масоны імкнуліся да стварэння самастойнай арганізацыі, якая павінна была аб'яднаць усе ложы на тэрыторыі Расіі. У выніку паўстаў «Вялікі Усход Расіі», які лічыўся «нерэгулярнай» (псеўдамасонскай) арганізацыяй. У 1913 г. арганізацыя атрымала назву «Вялікі Усход народаў Расіі», што павінна было падкрэсліць станоўчае стаўленне «вярхушкі» расійскага масонства да ідэі дэмакратычнай федэратыўнай Расіі. Яна аб'ядноўвала ўжо каля 40 ложаў [422, s. 166]. Сярод іх былі дзве віленскія і адна менская.

У 1911 г. з «Лучнасці» выдзялілася ложа «Літва», якую ўзначаліў М.Ромэр. На момант падзелу ў склад «Лучнасці» ўваходзілі Ежы Ром як кіраўнік, Людвік Чаркоўскі, Іван ды Антон Луцкевічы, Эліяш Ром, дзеячы польскага руху Вітальд Абрамовіч, Браніслаў Крыжаноўскі і Зыгмунт Нагродскі, Іван Прозараў як прадстаўнік рускай грамадскасці, беларускі палітык Іван Краскоўскі*, Майсей Брамсон, Ян Багушэўскі, а таксама дзеячы літоўскага руху Міколас Сляжэвічус і Міколас Біржышка [27. T. 4, s. 404].

У ложу «Літва», апроч М.Ромэра, увайшлі таксама Б.Крыжаноўскі, З.Нагродскі, М.Сляжэвічус, І.Прозараў, І.Краскоўскі, А.Луцкевіч, Э.Ром і М.Брамсон. Пазней у ложу былі прынятыя дзеячы літоўскага руху Вацловас Біржышка, Вацловас Бельскіс, Пеліксас Бугайлішкіс, Андрус Булёта, Юргіс Шаўлюс, Ёнас Вілейшыс, публіцыстка Феліцыя Барткевічэне-Повіцкайтэ, прадстаўнікі віленскай польскай грамадскасці Казімір Астахевіч, Эдвард Сакалоўскі і Уладыслаў Асмалоўскі, а таксама беларускі дзеяч Вацлаў Ластоўскі (1912). Апроч іх, з ложы «Лучнасць» перайшлі ў «Літву» А.Заштаўт і М.Біржышка [27. T. 4, s. 404].

Актыўная грамадска-палітычная і культурная дзейнасць сяброў віленскіх ложаў спрыяла пашырэнню краёвай ідэі ў яе ліберальна-дэмакратычнай форме. Амаль усе яны былі аўтарытэтнымі дзеячамі розных нацыянальных рухаў і мелі мажлівасць уплываць на іх ідэалогію, асабліва ў галіне міжнацыянальных адносінаў. Гэта адлюстравалася ў шматлікіх публікацыях «вольных муляроў» на старонках такіх віленскіх выданняў, як «Наша Ніва», «Lietuvos żinios», «Lietuvos ukininkas», «Przegląd Wilęnski», «Kurier Krajowy» і «Вечерняя газета». Краёўцы-масоны ўваходзілі ў склад кіраўніцтва многіх культурных таварыстваў і гаспадарчых арганізацыяў, дзейнасць якіх выходзіла далёка за межы Віленшчыны. Варта назваць Таварыства сяброў навук у Вільне, Артыстычнае таварыства, Віленскае таварыства падтрымкі хатняга рамяства і народнага мастацтва, Таварыства падтрымкі кааперацыі ды інш.

М.Ромэр пазней адзначаў: «Як уласна масонская арганізацыя мы не дзейнічаем, але ў многіх справах менавіта сярод нас выпрацоўваюцца дырэктывы і нараджаюцца ініцыятывы. Нашыя ложы маюць вялікі ўплыў на ўмацаванне ў свядомасці братоў краёвай пазіцыі» [27. T. 4, s. 404]. На думку гісторыка Збігнева Соляка, менавіта на масонскіх пасяджэннях было прынятае рашэнне пра выстаўленне Браніслава Крыжаноўскага кандыдатам у дэпутаты IV Думы [469, s. 39]. Ложы прычыніліся таксама да выдання «Пшэглёнда віленьскага» і «Кур'ера краёвага», які стаў штодзённай польскамоўнай газетай краёвага і дэмакратычнага кірунку. Дарэчы, гісторыя арганізацыі абедзвюх газетаў паказала адсутнасць адзінства ў асяроддзі краёўцаў. Рознае разуменне краёвасці і польскіх нацыянальных інтарэсаў стала падмуркам таго крызісу, які напаткаў віленскае масонства ў 1913 г.

Асобна трэба адзначыць актыўнасць беларускіх дзеячоў, а менавіта Антона ды Івана Луцкевічаў, у прапагандзе краёвай ідэі. Беларусы спадзяваліся, што яе пашырэнне ўзмоцніць сацыяльную базу беларускага руху і паспрыяе яго падтрымцы дэмакратычнымі элементамі іншых рухаў. Якраз таму яны і распачалі выданне польскамоўнага «Кур'ера краёвага» (1912). Пры гэтым удзел беларусаў у ёй заставаўся таямніцай для віленскай грамадскасці. На падобных пазіцыях знаходзілася рускамоўная «Вячэрняя газета», выданнем якой таксама кіравалі беларусы.

На старонках свайго Дзённіка М.Ромэр адзначыў тыя разыходжанні ў разуменні краёвасці, якія існавалі паміж ім і беларускімі палітыкамі. У прыватнасці, браты Луцкевічы і супрацоўнік рэдакцыі «Нашай Нівы» ў 1910-1911 г. Вітаўт Чыж, больш вядомы пад пседанімам «Ян Яленьскі», на сходзе сяброў віленскага Саюза прагрэсіўна-незалежніцкай моладзі 12 сакавіка 1911 г. заявілі, што праца дэмакратаў павінна ісці ў накірунку абуджэння беларускай і літоўскай нацыянальнай свядомасці. Сацыяльная прапаганда лічылася толькі наступным этапам дзейнасці [27. T. 1, s. 71]. За месяц да гэтага падчас асабістай размовы Іван Луцкевіч заявіў М.Ромэру, што ўсялякая польскамоўная дзейнасць дэмакратычных сілаў у сваім канчатковым выніку спрыяе ўмацаванню ў краі «клерыкалізма» і «рэакцыі» [27. T. 1, s. 48]. Аўтар Дзённіка ацэньваў такую пазіцыю як нацыяналістычную, але ён неаднаразова выказваў упэўненасць, што ўрэшце рэшт браты Луцкевічы прызнаюць факт існавання польскага дэмаса ў краі і адпаведна зразумеюць адметныя нацыянальныя задачы дзейнасці польскіх прагрэсістаў.

Гэтая ўпэўненасць была вынікам досыць цеснага супрацоўніцтва М.Ромэра і кола яго аднадумцаў з беларускімі адраджэнцамі. Запісы Дзённіка студзеня і лютага 1911 г. сведчаць пра пастаянныя кантакты ягонага аўтара з рэдакцыяй «Нашай Нівы». Напрыклад, 23-24 лютага 1911 г. М.Ромэр, выконваючы заказ рэдакцыі, працаваў над артыкулам, які быў прысвечаны дзейнасці псеўдабеларускіх таварыстваў «Крестьянин» і «Белорусское общество» [27. T. 1, s. 54-55]. У студзені 1912 г. ён пераклаў для органа краёўцаў «Пшэглёнда віленьскага» артыкул Аляксандра Уласава, які быў прысвечаны праблеме эміграцыі ў ЗША [27. T. 2, s. 149].

Адзін з галоўных ідэолагаў прагрэсісцкай краёвасці з вялікім задавальненнем супрацоўнічаў з галоўнай беларускай газетай. «Кола супрацоўнікаў «Нашай Нівы», – пісаў М.Ромэр, – для мяне з'яўляецца адным з самых прывабных і сімпатычных у Вільні. Ёсць у іх вялікая шчырасць волі, моцная адданасць справе, якая ўспрымаецца імі не як механічная работа або прафесійны абавязак, а як жывая творчасць, як найбольш поўная праява іх жыцця, іх энергіі, іх волі. Яны цалкам паглыбленыя ў сваю справу, толькі ёй і жывуць. Кожны з іх – адметная асоба, кожны мае выразную і непаўторную індывідуальнасць. Пэўная шаблоннасць думак і дзеянняў, якую часта нараджае калектыўная праца, у беларусаў цалкам адсутнічае. Яркая індывідуальнасць кожнага з іх тлумачыцца шчырымі, сумленнымі адносінамі да справы. Пры энергічнай дзейнасці індывідуальнасць не нівеліруецца паводле пэўнага шаблону, а развіваецца, набывае выразныя контуры, што спрыяе найбольш поўнаму выяўленню асобы» [27. T. 1, s. 38].

Якраз у рэдакцыі «Нашай Нівы» ў лістападзе 1911 г. адбыўся сход, які быў прысвечаны праблеме каардынацыі намаганняў усіх краёвых нацыянальных супольнасцяў. Ініцыятарам схода быў рэдактар беларускай газеты А.Уласаў. Літоўскіх палякаў прадстаўлялі В.Абрамовіч і М.Ромэр, беларусаў – браты Луцкевічы і А.Уласаў, літоўцаў – М.Сляжэвічус, Кішка і С.Кайрыс, яўрэяў – Э.Ром, рускіх – І.Краскоўскі. Адзіным вынікам сходу было агульнае прызнанне неабходнасці стварэння сумеснай інфармацыйнай установы [27. T. 2, s. 82]. Аднак канкрэтныя рашэнні не былі прынятыя.

Верагодна, ложы мелі непасрэднае дачыненне таксама да адраджэння віленскага леваліберальнага краёвага друку. У кастрычніку 1911 г. З.Нагродскі выказаў ідэю арганізацыі штодзённай газеты. В.Абрамовіч прапанаваў на пасаду рэдактара свайго брата Людвіка. Пасля аб'яднання «Кур'ера» з «Гонцам» Л.Абрамовіч у знак пратэсту пакінуў рэдакцыю «Кур'ера» і быў гатовы цалкам прысвяціць сябе працы ў новым выданні. Аднак ягоная кандыдатура выклікала незадавальненне многіх краёўцаў і ў першую чаргу М.Ромэра. Л.Абрамовічу не маглі выбачыць пераход з «Газеты віленьскай» у «Кур'ер літэўскі» (1906). Супрацоўнікі «Газеты» ў свой час ўспрынялі гэты пераход як здраду. М.Ромэр, апроч таго, лічыў Л.Абрамовіча «занадта правым» па сваіх поглядах [27. T. 2, s. 3]. Варта адзначыць, што ў абмеркаванні кандыдатуры рэдактара ўдзельнічалі таксама беларускія і літоўскія дзеячы – сябры масонскіх арганізацыяў (браты Луцкевічы, А.Янулайціс ды інш.). Яны таксама не лічылі асобу Л.Абрамовіча адпаведнай пасадзе рэдактара краёвага выдання. М.Ромэр прапанаваў кандыдатуру Вітаўта Чыжа з «Нашай Нівы». Але падтрымкі сярод польскіх леваліберальных краёўцаў не знайшоў. Большасць з іх усё ж такі выказвалася за Л.Абрамовіча. Сітуацыя змянілася толькі пасля таго як М.Ромэр заявіў свайго рода ультыматум. Ён наогул адмаўляўся быць у складзе рэдакцыі ў выпадку рэдактарства Людвіка Абрамовіча. Гэтая заява зрабіла моцнае ўражанне. Рэдакцыйны камітэт прыняў рашэнне адмовіцца ад кандыдатуры Л.Абрамовіча. Але пошукі новага рэдактара (М.Ромэр і З.Нагродскі нават выязжалі ў Варшаву і Люблін) не прынеслі пажаданых вынікаў. <