ЧОРНЫ ДЗЕНЬ
У кожнага народа, апроч рэлігійных святаў, ёсць яшчэ гады і дні, якія ўвайшлі ў яго жыццё як знамянальныя вехі. Для беларускага народа найбольш значнымі датамі гісторыі з`яўляюцца:
992 год - год узнікнення Полацкай хрысціянскай епархіі (зазначым, што ў той час яшчэ не было афіцыйнага падзелу хрысціянства на каталіцызм і праваслаўе, хаця і існавала ўжо некаторая розніца паміж абрадамі ўсходняй і заходняй яго часткі);
1253 год - год каранацыі першага караля беларуска-літоўскай дзяржавы, якая стала асновай Вялікага княства Літоўскага;
15 ліпеня 1410 года - дзень перамогі войск Вялікага княства Літоўскага (разам з войскамі Польскага каралеўства) над крыжакамі пры Грунвальдзе;
8 верасня 1514 года - дзень перамогі ваяроў Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага над войскамі Маскоўскага князя Васіля ІІІ на рацэ Крапіўна пад Оршай;
1529, 1566, 1588г.г. - гады прыняцця Статутаў Вялікага княства Літоўскага;
25 сакавіка 1918 года - дзень абвяшэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі;
3 ліпеня 1944 года - дзень вызвалення сталіцы Беларусі горада Менска ад нямецка-фашысцкіх акупантаў;
27 ліпеня 1990 года - дзень прыняцця Вярхоўным Саветам БССР Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР;
15 сакавіка 1994 года - Дзень Канстытуцыі (Асноўнага Закона) Рэспублікі Беларусь.
Але ёсць і шмат такіх дат, якія ўвайшлі ў жыццё народа як чорныя, прынёсшыя людзям смутак і гора. Такімі датамі для беларусаў з`яўляюцца, напрыклад:
980 год - захоп Полацку Наўгародскісм князем Уладзімірам і забойства ім Полацкага князя Рагвалода;
1067 год - год бітвы на рацэ Няміга паміж войскамі паўднёва-рускіх князёў Яраславічаў і Полацкага Усяслава Брачыслававіча;
1696 год - забарона дзяржаўнасці беларускай мовы;
1772, 17793, 1795г.г. - гады падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Расейскай і Аўстра-Венгерскай імперыямі і Германіяй, у выніку чаго перастала існаваць Вялікае княства Літоўскае як дзяржава;
1832 год - закрыццё Віленскага універсітэту як галоўнай крыніцы беларускасці;
1840 год - забарона Мікалаем І ужывання назвы Беларусь;
18 сакавіка 1921 года - падпісанне дагавору паміж РСФСР, Украінай і Польшчай, згодна з якім заходняя частка Беларусі адышла да Польшчы;
канец 1929 - пачатак 1930 года - пачатак сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі супраць прадстаўнікоў так званага нацыянал-дэмакратызму;
22 чэрвеня 1941 года - пачатак Вялікай Айчыннай вайны;
26 красавіка 1986 года - дзень аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
І вось да гэтых трагічных дат у гісторыі Беларусі прыбавіўся і яшчэ адзін чорны дзень. Гэта 24 лістапада 1996 года - дзень дзяржаўнага перавароту, які здзейсніў А. Лукашэнка ў мэтах устанаўлення асабістай улады. І чым больш мы аддаляемяся ад гэтага дня, тым больш яскрава відаць тое злачынства, якое ўтварыла ўлада супраць беларускага народа.
Але давайце спачатку ўзгадаем, як гэта ўсё было. Убачыўшы, што перашкодай на шляху ўстанаўлення дыктатуры ў краіне з`яўляюцца дзве іншыя галіны ўлады: заканадаўчая і судовая, - А. Лукашэнка пачаў барацьбу з Вярхоўным Саветам і Канстытуцыйным Судом ужо з першых дзён свайго прэзідэнцтва. Справа дайшла да таго, што дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання былі збіты работнікамі аховы прэзідэнта ў самой зале паседжанняў, куды яны навогул не маюць права ўваходзіць. Адначасова Лукашэнка пачаў весці агітацыю на зрыў выбараў новага складу заканадаўчага органа.
Усё гэта цяжка ўявіць чалавеку цвярозага розуму. Але ж гэта было так: нават у дзень выбараў, якія праводзліся на падставе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прэзідэнт дзяржавы заклікаў грамадзян не ісці галасаваць, бо, маўляў, каго б ні абралі, “усё роўна ашукае”. Па-першае, сам гэткі зварот да людзей у час правядзення выбараў з`яўляецца грубым парушэннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь, ужо не гаворачы аб тым, што не паддаецца ніякім нормам этыкі.
Любому цывілізаванаму чалавеку вядома: адной з галоўных функцый Вярхоўнага Савета і Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь з`яўляецца кантроль за дзейнасцю выканаўчых органаў, у тым ліку і прэзідэнта (каб не парушалі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і не ашуквалі народ). І, відаць, каб бескантрольна ашукваць грамадзян сваёй краіны і кіраўнікоў міжнародных арганізацый, А. Лукашэнка і пачаў лютую барацьбу за ліквідацыю гэтых органаў і стварэнне замест іх чыста дэкаратыўных структур, яе гэта і было, напрыклад, у фашысцкай Германіі, якую Лукашэнка ў інтэрв`ю нямецкай газэце назваў узорам прэзідэнцкай рэспублікі. Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, што сваю ролю ён бачыць такой, якую выконваў у Германіі тых гадоў Адольф Гітлер. Тым больш, што аб гэтым ён таксама сказаў у названым інтэрв`ю.
З гэтай жа мэтай, па прыкладзе таго ж А. Гітлера, а таксама другога вядомага дыктатара І. Сталіна, партрэты якога заўжды можна бачыць на афіцыйных святочных шэсцях побач з партрэтамі А. Лукашэнкі, апошні і яго палечнікі поўнасцю манапалізавалі дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.
А. Лукашэнка і яго падручныя спяшаліся, бо ўвосень 1996 года старшыня Кантрольнай Палаты Рэспублікі Беларусь В. Саковіч павінен быў выступіць на сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь з дакладам, у якім, мяркуючы па першай яго частцы, з якой В. Саковіч ужо выступаў, былі б паказаны такія факты карупцыі ў прэзідэнцкіх структурах, што прыведзеныя дадзеныя кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Лукашэнкам аб карупцыі ва ўрадзе В. Кебіча здаваліся б дзіцячым лепетам.
Крывадушнасць і ашканства, у чым у час выбараў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Лукашэнка спрабаваў абвінаваціць будучых дэпутатаў, сталі галоўнымі метадамі ў працы яго самога і яго саўдзельнікаў па здзяйсненню дзяржаўнага перавароту. Гэтыя ганебныя метады падману народа спатрэбіліся А. Лукашэнку, каб навесці паклёп на дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь і неяк замаскіраваць ад сусветнай грамадскасці сапраўдную мэту правядзення так званага рэферэндуму. На жаль, першае сяк-так яму тады ўдавалася: многія прастадушныя людзі верылі, што Шарэцкаму нібыта Амерыка дае мільёны долараў, што дэпутаты Вярхоўнага Савета быццам бы вырашылі плаціць сабе пенсію ў вялікіх памерах ужо з трыццаці пяці гадоў, а таксама іншай хлусні, якая лілася ў тыя дні з вуснаў самога Лукашэнкі і яго халуёў.
А вось што тычыцца падману суветнай грамадскасці - тут у ашуканцаў не атрымалася. Вопытныя кіраўнікі дзяржаў, парламентарыі іншых краін і дыпламаты ведалі з гісторыі, як папярэднія Лукашэнку дыктатары (Мусаліні, Гітлер, Сталін) таксама часамі апраналі авечую скуру і прыкідваліся “законнікамі”, калі збіраліся здзейсніць чарговы падман народа, у тым ліку і ў час правядзення рэферэндумаў у сваіх краінах. Больш таго, Лукашэнка і яго памочнікі, спяшаючыся, рабілі ўсё так груба, што паўсюдна былі відаць канцы шматлікіх парушэнняў дзеючай Канстытуцыі і заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Сваім указам Лукашэнка незаконна адхіліў ад выканання абавязкаў старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і праведзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў. Нібы ў час вайны, будынак Цэнтрвыбаркама акружылі ўзброеныя вайскоўцы з аховы прэзідэнта, што стварыла спрыяльныя ўмовы для фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму. Напярэдадні 24 лістапада вайскоўцы запоўнілі галоўныя вуліцы горада, а на плошчы Незалежнасці стаялі нават БТРы. Фінансванне, друкаванне і дастаўка бюлетэняў да ўчастковых выбарчых камісій праводзіліся, зноў-такі ў парушэнне заканадаўства, Упраўленнем справамі прэзідэнта. Указам прэзідэнта вынікі рэферэндуму былі прызнаныя абавязковымі, у той час, калі на кожным бюлетэні была зроблена адзнака аб тым, што пытанне па ўнясенню ў Канстытуцыю змяненняў і дапаўненняў носіць кансультатыўны характар.
Усе пералічаныя і мноства іншых парушэнняў у час падрыхтоўкі і правядзення так званага рэферэндуму былі заактаваны і перададзены для разгляду ў пракуратуру Рэспублікі Беларусь. Але, як і трэба было чакаць, адказу на ўсё гэта не паступіла.
Вядома, што пры гэткіх умовах міжнародныя назіральнікі ад удзелу ў рэферэндуме адмовіліся. Вынікі рэферэндуму амаль усе міжнародныя арганізацыі прызналі нелегітымнымі, а “працягнутая” праз яго з парушэннямі законнасці Канстытуцыя ахарактыразаваная імі як недэмакратычная. Нелегітымгнымі з`яўляюцца і створаныя на яе падставе так званы Нацыянальны Сход, Канстытуцыйны Суд і іншыя дзяржаўныя органы, а таксама прызначаныя ў парушэнне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (1994г.) кіраўнікі.
Калі гэта ўсё аналізуеш, дык міжволі на розум прыходіць думка: як жа трэба не паважаць законнасць і свой народ, каб ведаючы ўсё гэта, гаварыць, што Лукашэнку на рэферэндуме, маўляў, падтрымаў народ! Аб гэтым заяўляюць тыя, што з`яўляюцца саўдзельнікамі дзяржаўнага перавароту. На самой жа справе народ быў падмануты і маўчаў. А падтрымалі здзейсненае пад выглядам так званага рэферэндуму злачынства тыя, каго Лукашэнка да гэтага часу гідліва называў “быўшымі”, - гэта былыя кіраўнікі кампартыі, якія ўвесь час марылі, як “вярнуцца да таго карыта”, дзе самчна замешана. У так заванай “палаце” апынуліся і тыя, што займаюцца бізнесам, не прытрымліваючыся норм законаў, і, як відаць, баяцца адказнасці, бо пры таталітарнай сістэме, калі і няма парушэнняў, дык іх могуць сфабрыкаваць. Па гэтай прычыне туды пайшлі і некаторыя кіраўнікі прадпрыемстваў, якіх таксама запалохалі ўсё той жа адказнасцю. Падтрымалі Лукашэнку і многія кіраўнікі Расейскай Федэрацыі, якія зараджаны бацылаю “западно-руссизма”. Якія адмаўляюць існаванне беларусаў як самастойнага народа, і мараць аб аднаўленні Савецкага Саюза з былым таталітарным ладам. Яны палічылі, што для здзяйснення іх імперскіх імкненняў у адносінах да Беларусі і вяртання да парадкаў былых часоў найбольш падыходзячым кіраўніком Беларусі можа быць Лукашэнка, якога можна выкарыстаць у сваіх мэтах шляхам абяцанняў дапамагчы яму здзейсніць сваю мару - стаць прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі, у склад якой увайшла б і Беларусь.
З таго чорнага дня прайшло ўжо два гады. І што мы бачым!.. А вось што: замест абяцанняў спыніць крызісныя зявы і павысіць жыццёвы ўзровень насельніцтва - яшчэ большае паглыбленне крызісу і збядненне народа. Для доказу жабрацкага становішча, у якім апынулася большасць жыхароў Беларусі, не трэба прыводзіць шмат лічбаў і параўнанняў. Гэта можна ўбачыць у кожным магазіне, паглядзеўшы на цэны і прыкінуўшы, што можна купіць за заробак рабочага і калгасніка, настаўніка і медыка, ужо не кажучы аб пакупной магчымасці пенсіянераў. Але вось толькі адно параўнанне, якое красамоўна сведчыць аб тым, да якой галечы даведзены народ: кошт добрага (нешыкоўнага) вянка на магілу роўны амаль чатыром мінімальным заробкам. Пра якое паляпшэнне жыцця людзей можна гаварыць?…
Як далей могуць знаходзіцца кіраўнікі урада і ўсялякіх там “палат” на сваіх пасадах? Няўжо ім не сорамна глядзець у вочы людзям, якія неведаючы іх сапраўднага твару, у свой час ім паверылі?
У краіне растаптаныя канстытуцыйнасць, законнасць і элементарныя правы і свабоды людзей: права на сумленную працу па сваёй прафесіі і жаданню, права на атрыманне праўдзівай інфармацыі аб унутраным і міжнародным становішчы сваёй краіны, права атрымліваць адукацыю на сваёй роднай беларускай мове, свабода слова і друку і гэтак далей. У краіне не забяспечана недатыкальнасць асобы. Сёння любога могуць не толькі затрымаць за тое, што ён размаўляе на роднай беларускай мове, але і без санкцыі пракурора пасадзіць у турму і толькі пасля гэтага шукаць на яго абвінавачванні. Так здарылася нават з міністрам сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь В. Лявонавым, старшынёй Нацбанка Т. Віннікавай, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, двойчы Героем Сацыялістычнай Працы 74-гадовым В. Старавойтавым, дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь А. Клімавым. Першая асоба ў краіне можа беспакарана абвінаваціць любога ў супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі, як гэта было з П. Шараметам, або прыпісаць гадоў дваццаць, як гэта ён зрабіў да Б. Ельцына.
Інтарэсы беларусаў прыносяцца ў ахвяру дыктатарскім амбіцыям аднаго чалавека, мэтай якога, мяркуючы па ўсім, стала стварэнне нейкай нябачнай дагэтуль славянскай дзяржавы, дзе ён быў бы прэзідэнтам. Для дасягнення пастаўленай мэты Беларусь ператворана ў нейкі расейскі калідор, праз які ў Еўропу бясплатна ідуць з Расеі грузы; на тэрыторыі Беларусі пракладзены нафта- і газапровады; знаходзяцца расейскія ваенныя аб`екты. Прыніжаецца годнасць і самога беларускага народа: прэзідэнт яго называе малодшым братам расіян, ганьбіць яго мову. У няміласць да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь трапілі такія вядомыя ў краіне і далёка за яе межамі выдатныя беларускія пісьменнікі і паэты, як Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і іншыя, і толькі за тое, што яны адстойваюць гонар беларусаў як народа, які мае права на сваю незалежную дзяржаву. Затое кабінеты прэзідэнцкіх структур запоўненыя да адказу палкоўнікамі расейскай арміі. У сувязі са сказаным хочацца запытаць і ў высокіх іерархаў Рускай праваслаўнай царквы, аб чым яны думалі, калі ўзнагароджвалі чалавека, які адкрыта заявіў аб сваіх сімпатыях да гэткага праклятага мільёнамі людзей свету дыктатара, як А. Гітлер, і партрэты якога носяць побач з партрэтамі І. Сталіна, згодна з тэорыяй якога аб абвастрэнні класавай барацьбы таксма загінулі мільёны ні ў чым невінаватых людзей?
У рэспубліцы груба парушаюцца правы і свабоды меншасцяў: украінцаў, палякаў, габрэяў, татараў і іншых. Напрыклад, толькі ў апошні час урад Беларусі адмовіўся ад узятых на сябе абавязкаў і не дае згоды на будаўніцтва за кошт саміх палякаў другой польскай школы ў мікрараёне Вішнявец горада Гродна, з-за чаго дзеці вымушаны ехаць у школу, якая знаходзіцца на Дзевятоўцы - за дзесяць-пятнаццаць кіламетраў; адмоўлена ў будаўніцтве польскіх школ у гарадах Брэсце і Наваградку; забаронена стварэнне польскіх класаў у дзеючых школах у Наваградку і Лідзе. У рэспубліцы выдаюцца газэты, у якіх адкрыта абражаюцца габрэі.
Замест дэмакратычнай сацыяльнай прававой і нейтральнай дзяржавы, як таго патрабуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, у краіне ствараецца дыктатарска-паліцэйскі парадак, дзе самымі галоўнымі асобамі становяцца не людзі творчых прафесій, як гэта робіцца ў цывілізаваных краінах, а АМАПаўцы і работнікі міліцыі, дарэчы, якіх у Беларусі ў разліку на тысячу жыхароў у чатыры разы больш, чым, скажам, у суседняй Польшчы. Калі да колькасці міліцыі дадаць вайскоўцаў, работнікаў КДБ і створаныя вайсковыя фармаванні па спецыяльных указах прэзідэнта, дык атрымліваецца, што ўсе астатнія павінны займацца толькі тым, што працаваць на тое, каб карміць, апранаць, узбройваць і забяспечваць транспартам тых, хто ахоўвае рэжым, бо для падтрымання ў краіне парадку патрэбна перш за ўсё выкананне Канстытуцыі і законаў і невялікая колькасць міліцыі, галоўнай задачай якой была б дапамога грамадзянам, іх прававое выхаванне. Ужо не хаваюцца і імкненне дыктатарскага рэжыму авалодаць ядзернай зброяй, што, па словах аднаго з тых жа расейскіх палкоўнікаў нібыта адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі.
Уся гэтая авантурная палітыка рэжыму, якую стварыў Лукашэнка і яго паплечнікі пасля дзяржаўнага перавароту (24 лістапада 1996 года), прывяла да глыбокай ізаляцыі нашай краіны вядучымі дзяржавамі свету, спыненне замежных інвестыцый і нават да адмовы ўезду кіраўнікоў Рэспублікі Беларусь у многія краіны. І ў гэтым не апазіцыя вінавата, як аб тым пішуць і гавораць сам Лукашэнка і яго падручныя чыноўнікі і журналісты, а той, хто абражае кіраўнікоў і народы іншых краін, хоча навязаць ім свой парадак, спрабуе іх запалохаць, імкнецца авалодаць ядзернай зброяй.
Прайшоўшыя два гады паказалі сапраўдны твар чалавека, які завёў Рэспубліку Беларусь і яе працалюбівы і талерантны народ у тупік. І выхад з гэтага тупіка можа быць толькі адзін - адхіленне канстытуцыйным шляхам ад улады самога А. Лукашэнкі, тэрмін прэзідэнцтва якога заканчваецца летам 1999 года.
(“Народная воля”, 24 лістапада 1998 года)
ЗАЯВА СТАРШЫНІ ВЯРХОЎНАГА САВЕТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ 13-ГА СКЛІКАННЯ
У сувязі з тым, што пасля пасяджэння Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, якое адбылося 24 лістапада 1998 года, да мяне паступае многа пытанняў, у якіх людзі цікавяцца прынятымі на ім рашэннямі, лічу неабходным зрабіць наступную заяву:
Перш за ўсё хачу падзякаваць усім тым, хто не застаецца раўнадушным да той сітуацыі, якая склалася ў дзяржаве, і хто разумее, што гэта вынік здзейсненага А. Лукашэнкам і яго паплечнікамі ў лістападзе 1996 года дзяржаўнага перавароту і спробы аднавіць у Беларусі таталітарны рэжым. Пры гэтым хачу з задавальненнем падкрэсліць, што, як бачна па колькасці запытаў і з паведамленняў дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь з месцаў, незадаволеных рэжымам Лукашэнкі з кожным месяцам становіцца ўсё больш і больш.
Інакш і быць не можа. Прэзідэнцтва Лукашэнкі яшчэ раз падцвердзіла даўно вядомую ісціну, што чалавек, які не мае адпаведнай тэарэтычнай падрыхтоўкі і не прыдбаў станоўчага вопыту кіраўніцтва дэмакратычнымі метадамі, навогул не здольны да творчай, стваральнай працы, а тым больш да такой адказнай, як кіраўніцтва дзяржаваю. Менавіта зыходзячы з яго дзеянняў можна меркаваць, што за ўзор дзяржавы, якую ён марыць пабудаваць у Беларусі, ён узяў фашысцкую Германію, а сваю ролю як кіраўніка дзяржавы ўяўляе сабе такой, якую выконваў А. Гітлер у Германіі тых часоў. Менавіта таму яго памагатыя і выносяць яго партрэты побач з партрэтамі другога вядомага дыктатара - І. Сталіна. І калі да ўсяго гэтага дадаць яшчэ і многае іншае, дык адразу становіцца ясна, што завесці дзяржаву ён можа толькі ў вялікі тупік, дарэчы, аб чым я папярэджваў напярэдадні правядзення так званага лістападаўскага (1996г.) рэферэндуму. І вельмі добра, што гэта пачынаюць разумець усё больш і больш людзей.
Сапраўды, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне правесці 15 студзеня і 9 лютага 1999 года свае паседжанні і прыняць на іх адпаведныя рашэнні аб падрыхтоўцы і правядзенні вясною 1999 года чарговых выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, як таго і патрабуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
Для падрыхтоўкі названых паседжанняў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь абрана ў складзе членаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (С. Шарэцкага, Г. Карпенкі, М. Гіруця, С. Домаша, С. Калякіна), двух старшынь пастаянных камісій Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (Р. Пракаповіча і У. Савічава), кіраўнікоў фракцый АГП і фракцый сацыял-дэмакратаў у Вярхоўным Савеце. Адпаведна - С. Багданкевіча і М. Грыба), старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь В. Ганчара, дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь В. Шчукіна.
Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь спадзяецца на падтрымку сваіх рашэнняў па гэтым пытанні большасцю беларускага народа, над якім групаю асоб на чале з А. Лукашэнка і пры дапамозе многіх расейскіх палітыкаў экстрэмісцкага кшталту праводзіцца эксперымент па аднаўленню фактычна сталінскіх парадкаў з іх чэргамі і канцлагерамі і стварэнне новай (цяпер ужо нейкай славянскай) імперыі, дзе беларусам, мяркуючы па адносінах Лукашэнкі да іх, іх культуры і мовы, будзе адведзена роля слугі, палітыка імперска-расейскага накірунку з выцякаючымі з гэтага адпаведнымі вынікамі.
Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь спадзяецца на падтрымку яго рашэнняў міжнароднымі аргнізацыямі, кіраўнікамі і парламентамі дзяржаў, якія ў свой час выказаліся аб нелегітымнасці так званага рэферэндуму 1996 года і працягваюць прызнаваць адзіным легітымным заканадаўчым і вышэйшым прадстаўнічым органам у Рэспубліцы Беларусь Вярхоўны Савет і на падставе гэтага падтрымліваюць сувязі з яго кіраўніцтвам і дэпутатамі.
Я веру ў беларускі працалюбівы і таленавіты народ і яго розум!
Я веру ў мудрасць і паслядоўнасць палітыкі, якую праводзяць кіраўнікі міжнародных арганізацый і цывілізаваных краін.
(“Народная воля”, 4 снежня 1998 года)
КАМУ СПАТРЭБІЛАСЯ САЮЗНАЕ ГРАМАДЗЯНСТВА, АБО НА ШТО АСУДЖАЕ БЕЛАРУСКІ НАРОД А. ЛУКАШЭНКА?
Споўнілася два гады з таго чорнага дня, калі пад выглядам так званага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь быў здзейснены дзяржаўны пераварот і ў краіне ўстанавілася дыктатуры адной асобы - А. Лукашэнкі, а ўвесь тэрмін прэзідэнцтва Лукашэнкі складае ўжо больш, як чатыры гады.
Чатыры гады - гэта дастаткова, каб змяніць сітуацыю да лепшага ў краіне. Тым больш, у гэткай невялікай, як Рэспубліка Беларусь, дзе ёсць усе прыродна-эканамічныя ўмовы для стабільнага развіцця сельскай гаспадаркі і многіх неабходных прамысловых галін, жыве працалюбівы і талерантны народ. Гісторыі вядомы прыклады, калі нават за меншы прамежак часу выводзіліся з глыбокага разбуральнага крызісу і нашмат большыя па тэрыторыі і насельніцтву дзяржавы. Перш за ўсё, гэта Злучаныя Штаты Амерыкі, якія перажывалі гэткі крызіс у канцы 20-ых- напачатку 30-ых гадоў. Але прыход у 1933 годзе да ўлады ўрада Франкліна Дэлано Рузвельта і ўвядзенне ў краіне так званага “новага курса” далі магчымасць за кароткі тэрмін працаўладкаваць і забяспечыць харчаваннем мільёны людзей самых розных прафесій, ад лесарубаў да пісьменнікаў і мастакоў, і ўжо вясною 1934 года (праз паўтары гады пасля прыходу да ўлады новага ўрада) сацыяльная напружанасць пачала спадаць. Хапіла аднаго года і ўраду Леха Валенсы, які стаў прэзідэнтам Польшчы ў снежні 1990 года, каб таксама вывесці краіну з глыбокага заняпаду. Сёння Польшча ўжо рыхтуецца да ўступлення ў Еўрапейскі Саюз, куды прымаюць краіны толькі з добра развітымі рынкавымі адносінамі і стабільнаю эканомікаю. У якасці прыклада можна прывесці і Прыбалтыйскія рэспублікі, дзе таксама ўжо пераадолены разбуральныя крызісныя з`явы.
Адзначым, што кіраўнікоў пералічаных краін аб`ядноўвала нястрыманае імкненне ісці наперад. Пры гэтым арыентырамі руху для іх былі дэмакратызацыя грамадскага жыцця, агульна прызнаныя сусветнымі арганізацыямі правы і свабоды чалавека.
Зусім іншая справа ў Рэспубліцы Беларусь. Стаўшы летам 1994 года прэзідэнтам, Аляксандр Лукашэнка адразу пачаў аглядвацца назад. Яго прываблівае панаваўшая ў Савецкім Саюзе адміністрацыйна-камандная сістэма і сама вялікая імперыя, у якой яму вельмі хочацца стаць прэзідэнтам. Я памятаю, як на пачатку 1996 года, калі пачыналася падрыхтоўка да выбараў прэзідэнта Расейскай Федэрацыі, падручныя А. Лукашэнкі падрыхтавалі палажэнне аб утварэнні Садружнасці Беларусі і Расеі, згодна якому ўжо тады меркавалася страта Беларуссю сваёй незалежнасці. А сам Лукашэнка цэлымі днямі матаўся па рэгіёнах Расеі і, як расказваў адзін з ягоных суправаджальнікаў, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, высвятляў свой рэйтынг у параўнаннні з рэйтынгам Барыса Ельцына. Менавіта тады Лукашэнка і пачаў іграць на стунах расейскага шавінізму. Ён заявіў, што “эканамічна Рэспубліка Беларусь проста не можа існаваць без расейскай сыравіны і расейскага рынку збыту”, абразіў беларускую мову, усюды, дзе толькі можна, стараўся падкрэсліць, што беларусы - гэта толькі малодшыя браты рускага народа. Усё гэта адразу ацанілі рускія шавіністы і ўжо на першым сусмесным паседжанні беларускай і рускай групаў дэпутатаў Вярхоўнага Савета і Дзяржаўнай Думы ў Смаленску пры абмеркаванні ўсё таго ж палажэння пачалі настойваць на адзіным грамадзянстве. Гэта фактычна азначае ліквідацыю самастойнасці Рэспублікі Беларусі як дзяржавы і дае магчымасць А. Лукашэнку здзейсніць сваю патаемную мару - уключыцца ў перадвыбарчую кампанію з прэтэнзіяй на пасаду прэзідэнта Расейскай Федэрацыі, у якую, на думку Лукашэнкі, павінна ўвайсці і Беларусь. Але цвёрдая пазіцыя беларускіх дэпутатаў не дазволіла тады ўчыніць гэтае злачынств ў адносінах да беларускага народа.
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што і некаторыя з атачэння Лукашэнкі зразумелі ўсю сутнасць і згубнасць задуманага для Беларусі “шляху развіцця”. Яны перадалі Прэзідыуму Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь падрыхтаванае за спіною заканадаўчага органа названае палажэнне, што дало магчымасць у свой час прымусіць Лукашэнку выступіць з прамоваю на паседжанні Вярхоўнага Савета па пытанню ўтварэння Садружнасці Беларусі і Расеі, але ў прынятай пастанове ўжо былі выразна сфармуляваны прынцыпы, згодна з якімі захоўвалася самастойнасць абедзвюх дзяржаў.
Трэба нагадаць, што і Б. Ельцын, даведаўшыся аб сапраўдных імкненнях А. Лукашэнкі, заявіў аб неабходнасці захавання самастойнасці і незалежнасці Беларусі (Ельцын адлятаў тады ў Нарвегію, заява была зроблена ў аэрапорце і адразу распаўсюджана праз СМІ). Ды па-іншаму і не магло быць. Бо менавіта Ельцын першы з расейскіх дзяржаўных дзеячоў пісьмова прызнаў існаванне беларускага народа, як самастойнага этнасу і яго права на стварэнне сваёй незалежнай дзяржавы. Праўда, цяжка сцвярджаць, што ён тады, у час падпісання Белавежскіх пагадненняў, менавіта аб гэтым задумваўся. Хутчэй за ўсё, кіраваўся ўласнымі інтарэсамі і найперш хацеў пазбавіцца ад Міхаіла Гарбачова. У час падпісання Палажэння аб утварэнні Садружнасці Беларусі і Расеі, Ельцын не пажадаў перакрэсліць свой подпіс пад Белавежскімі пагадненнямі і замахвацца на самастойнасць Беларусі.
Але, нягледзячы на першую няўдачу, шапка Манамаха і зараз не дае спакою Лукашэнку. І калі Ельцын лёг на аперацыйны стол, дык наваяўлены “аб`яднальнік славян” пачаў зноў адкрыта прэтэндаваць на пасаду ў Крамлі. Зачасцілі тады ў Менск і расейскія шавіністы, прычым некаторыя з іх ужо пачалі называць Лукашэнку адным з першых і самых верагодных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта аб`яднанай дзяржавы.
Усё гэта яшчэ больш распальвала пачуцці дыктатара, і калі ў Расеі пачалася перадвыбарчая прэзідэнцкая какмпанія, Лукашэнка ўключыўся ў яе амаль самым першым. За гэтыя гады ён пераканаўся, што ў дасягненні пастаўленай мэты яму няма канкурэнтаў. А калі расейскія палітыкі далі зразумець, што гэта не так і, больш таго, што дарога ў Крэмль яму зачынена, Лукашэнка абвінаваціў іх у тым, што яны не хочуць аб`яднання Беларусі і Расеі.
Але ўжо праз некалькі дзён Лукашэнка разам са сваімі дарадчыкамі распрацаваў новую тактыку, згодна з якой нібыта ён ужо пагаджаецца ў аб`яднанай дзяржаве быць на другіх ролях. Пры гэтым наш цяперашні прэзідэнт добра ведае, што, калі Беларусь далучыцца да Расеі, дык усе грамадзяне будуць мець у новай дзяржаве аднолькавыя правы - у тым ліку і вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта. А тое, што ён быццам бы ўжо не прэтэндуе на ролю першай асобы ў новай дзяржаве, дык гэта проста чарговая хлусня, стаўшая для Лукашэнкі пастаянным сродкам, не аднойчы апрабаваным на падмане народа Беларусі.
Але ва ўсёй гэтай гульні абурае другое - пазіцыя ўсіх гэтых так званых кіраўнікоў рэспублікі, якія ўвесь час кляліся, што ў іх нібыта няма іншых інтарэсаў, чым інтарэсы беларускага народа. Дык як жа яны могуць патураць зарваўшамуся маньяку, які ўзорам для сябе абраў праклятага мільёнамі людзей свету А. Гітлера? Гэтае патуранне і ёсць самая натуральная здрада свайму народу. Хіба можна інакш назваць ініцыятыву зрабіць адно грамадзянства для жыхароў і Расеі, і Беларусі? Няўжо яны не ведаюць, што гэта - крок да страты незалежнасці Беларусі, за дасягненне і захаванне якой загінулі ў свой час мільёны нашых суайчыннікаў? Няўжо яны не разумеюць, што аб`яднаннне з Расеяй азначае сёння аддаць талерантны беларускі народ на з`ядзенне расейскім бандытам, якія, па словах саміх, прычым многіх, дэпутатаў Дзярждумы Расейскай Федэрацыі, рвуцца да ўлады? Хіба не ведаюць, што сённяшння Расея, калі ад яе адмежаваліся Украіна, Беларусь і Прыбалтыйскія рэспублікі, стала ўжо больш азіяцкай краінаю, чым еўрапейскай? Няўжо яны не бачаць, што ўсе тыя краіны, якія адчапіліся ад расейскага цягніка і накіраваліся ў Еўропу (гэта перш за ўсё Польшча, Чэхія, Венгрыя, Эстонія, Літва, Латвія), дасягнулі ў сваім развіцці ўжо значных поспехаў?
Пры гэтым я хачу падкрэсліць, што ніколі не выступаў і не выступаю за тое, каб адварочвацца ад Расеі. Ды не. Гэта суседка нашай краіны, там жыве вельмі прыгожы і таленавіты народ. Калі зараз яго і напаткала цяжкая доля, дык я веру - ён перажыве сённяшнія пакуты, як перажыў і ранейшыя. З народамі Расеі трэба жыць у добрых, але ж толькі суседскіх (і не больш) адносінах. А што тычыцца адносін паміж дзяржавамі, дык яны павінны быць узаемавыгаднымі пры павазе да суверэнітэта і незалежнасці кожнай - і Беларусі, і Расеі. Бясспрэчна, што жыхары дзвюх розных суседніх краін павінны мець сваё грамадзянства. І тут нельга не пагадзіцца з тым абурэннем, якое выказаў у сваёй заяве грамадзянін Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мацкевіч (заява была надрукавана ў газэце “Беларуская маладзёжная”, №37). Больш таго, і сам дыктатар, і патураючыя яму расейскія шавіністы павінны ведаць, што прымусовае пазбаўленне беларусаў грамадзянства і ліквідацыя незалежнасці іх дзяржавы прывядуць (як гэта і было пасля прымусовай ліквідацыі Вялікага княства Літоўскага) да бесперанных паўстанняў, да грамадзянскай вайны. Таму ёсць падцверджанне ў падзеях і не такіх далёкіх: далучэнне заходняй часткі Беларусі да Польшчы спарадзіла несціхаючую падпольную барацьбу, у час нямецка-фашысцкай акупацыі ўзнік усенародны партызанскі рух.
Беларусы, як нацыя , маюць права жыць у суверэннай, незалежнай дзяржаве, размаўляць на сваёй беларускай мове, і, як пра тое марыў вялікі пясняр беларускага народа Я. Купала, заняць “свой пачэсны пасад між народамі”. Прыемна, што людзі, асабліва моладзь, пачынаюць гэта разумець і адстойваць гэта сваё права.
(“Беларуская маладзёжная”, 4-11 снежня 1998 года)
БЕЛАРУСЬ ВАЧЫМА АПАЗІЦЫІ
Нашая рэспубліка перажывае цяпер вельмі цяжкія часы. Верагодна гадоў 8-10 таму ніхто не мог падумаць, што краіна, якая стала зноў незалежнай, якая атрымала сваю дзяржаўнасць і пачала развівацца па дэмакратычнаму шляху, - будзе адкінутая назад, па сутнасці, у сярэднявечча. На жаль, гэта так. Лукашэнка сёння сканцэнтраваў у сваіх руках усю ўладу, якая толькі мажлівая: ад пажарніка да князя і караля. Сёння ён узначальвае выканаўчую ўладу, падабраў і прызначыў сваім указам гэтак званы “парламент”, прызначае ўсіх суддзяў, ад раённых да канстытуйных. Суддзі судзяць людзей не на падставе законаў, а на падставе лукашэнкаўскіх дэкрэтаў. А кішэнны “парламент” функцыянуе толькі для таго, каб падцвярджаць правільнасць таго, што чыніць яго гаспадар. Ён не мае нават заканадаўчай ініцыятывы: усе законы пішуцца ў канцылярыі прэзідэнта і па сутнасці аўтаматычна прымаюцца гэтак званым Нацыянальным Сходам. Больш за тое, Лукашэнка паводле сваёй незаконнай Канстытуцыі мае права выдаваць дэкрэты, і калі яны на працягу трох дзён не зацвярджаюцца гэтым Нацыянальным Сходам, дык прымаюць сілу закона! І склікаць гэты сход не мае права нават ягоны старшыня, а толькі прэзідэнт.
І роля Саветаў сёння - гэта ў лепшым выпадку роля дарадчых органаў пры губернатары. Саветы нічога не вырашаюць, таму што ўсе старшыні аблвыканкамаў, райвыканкамаў, гарвыканкамаў прызначаюцца самім прэзідэнтам. Саветы патрэбныя толькі для бутафорыі, як пры Мусаліні і Гітлеры існавалі гэтак званыя “саветы”, якія штосьці радзілі, калі гэта было патрэбна самім дыктатарам.
Адпаведна, як і пры кожным дыктатары, ні пра якое захаванне правоў беларускага народа і кожнага асобнага грамадзяніна казаць таксама не прыходзіцца. Прэзідэнцкая гвардыя, якая налічвае ўжо больш за 2000 чалавек, затрымлівае і саджае ў турмы кожнага без санкцыі пракурора. Не саромеюцца саджаць нават паважаных, шырока вядомых у Беларусі людзей. Сядзяць два дэпутаты Вярхоўнага Савета А. Клімаў І У. Кудзінаў. Ужо год сядзіць міністр сельскай гаспадаркі сп. Лявонаў. Амаль два гады адседзела старшыня Нацбанку спн. Віннікава. Сядзіць двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, вядомы ў свой час як перадавы старшыня, а сёння - як рэфарматар, які ператварыў свой калгас у квітнеючае акцыянернае таварыства, 74-гадовы В. Старавойтаў… Увогуле, у нас сёння затрымліваюць толькі за тое, што чалавек размаўляе па-беларуску: гэтага дастаткова, каб абвінаваціць яго ў нацыяналізме.
Беларусь, Менск, прэзідэцкая кантора сталі, па сутнасці, месцам сканцэнтравання ўсёй камуністычнай і імперскай нечысці, якая толькі ёсць у Беларусі, у Расеі, на Украіне, у Югаславіі і Прыднястроўскай Рэспубліцы. У Менск ездзяць на кансультацыі і там пасілкоўваюцца ўсялякія Бабурыны ды Ілюхіны, якія абвінавачваюць усходне-еўрапейскія краіны, у тым ліку і Літву з Польшчай, што там, маўляў, заселі амерыканскія спецслужбы, якія толькі тым і займаюцца, што палююць на нашага прэзідэнта. Туды прыязджаюць і ў захапленні з`язджаюць пракамуністычныя элементы Украіны. Лукашэнка падтрымлівае гэткага самага дыктатара Мілошавіча, і не таму, што той правы, а таму, што ён, маўляў, славянін.
Увогуле, усе размовы пра нейкую нябачную яшчэ ў Еўропе “славянскую дзяржаву” уяўляюць сёння вялікую небяспеку для еўрапейцаў, бо гэтыя размовы маюць пад сабой практычны падмурак: дзеля правядзення ў жыццё гэтай, на першы погляд, вар`яцкай ідэі пры прэзідэнце створаная спецыяльная арганізацыя “Славянское единство”, дзе запраўляюць, у асноўным, расейскія палкоўнікі. У гэтак званую “славянскую дзяржаву” Лукашэнка марыць уключыць не толькі Украіну, але і Прыднястроўскую Рэспубліку з Югаславіяй. А каб з Прыднястроўя ў Югаславію быў “мосцік”, дык да сваёй дзяржавы ён прапануе далучыць і Румынію. У “Славянском единстве” вядуцца нават размовы пра тое, што калі раптам Заходняя Украіна не захоча далучыцца да будучай славянскай дзяржавы, дык давядзецца падзяліць Украіну папалам (гэтак, напрыклад, лічыць доктар навук С. П. Бабосаў). Дарэчы, зусім нядаўна пасланнікі Мілошавіча разам з парламентарыямі Беларусі і Расеі праводзілі сумеснае паседжанне ў Яраслаўлі. Не спраста таксама і Руская праваслаўная царква, якая заўсёды была і ёсць правадніком русіфікатарскай палітыкі, у асобе патрыярха Маскоўскага і Усея Русі Алексія ІІ узнагародзіла Лукашэнку сваім ордэнам, як “воссоединителя славян”.
У Менску цяпер адкрыта пачынаюць патрабаваць вяртання ў Беларусь ядзернай зброі. Нядаўна Лукашэнка заявіў у Расеі, што была зробленая памылка, калі ядзерную зброю вывезлі з Беларусі. А ягоныя дарадчыкі, расейскія палкоўнікі, выдаюць такія заявы за абарону інтарэсаў РБ.
Катастрафічнае сёння эканамічнае і сацыяльнае становішча насельніцтва Рэспублікі Беларусь, якое нечуванымі тэмпамі (на 30-40 тыс. штогод) змяншаецца. Павялічваецца дзіцячая смяротнасць, бо няма нават самых неабходных лекаў, іх не купіш ні за якія грошы.Сённяшні мінімальны заробак у Беларусі - $1. У нас нядаўна памёр дэпутат Вярхоўнага Савета, дык я аддаў за вянок…чатыры мінімальныя месячныя заробкі. У нас зараз стала не тое, што толькі цяжка жыць, а і паміраць цяжка. Людзі нашыя проста перабіваюцца з вады на хлеб, бо прывыклі выжываць у самых экстрэмальных умовах за кошт бульбы са сваіх прысядзібных участкаў. Як вы бачылі, напэўна, па маскоўскім тэлебачанні, сёння ў Беларусі чэргі за 1,5% парашковым малаком, за яйкамі, маслам і цукрам, - усё, як тое было, скажам, у пяцідзесятыя гады, ці, хто помніць, у трыццатыя, у гады жорсткай сталінскай дыктатуры (дарэчы, партрэты Лукашэнкі і Сталіна цяпер выносяцца на вуліцы падчас усіх імпрэзаў, ладжаных рэжымам).
У краіне на 10 млн. насельніцтва - 130 тыс. паліцэйскіх! Для параўнання, у Польшчы на 40 млн. - 105 тыс. Апроч таго, за кошт народу ўтрымліваецца шматлікі апарат КДБ і 80-тысячная армія, а таксама прэзідэнцкая гвардыя, якая падпарадкоўваецца толькі самому “бацьку”. Астатнім нашым людзям застаецца адно: працаваць ды забяспечваць гэтую армаду ежаю і вопраткай, зброяю і транспартам.
У краіне няма ніякага рэфармавання. У нас цяпер такія дэкрэты, што калі нехта ператворыць калгас у акцыянернае таварыства, дык будзе сядзець за кратамі разам са Старавойтавым. Усё адзяржаўліваецца, нават дырэктары рынкаў назначаюцца прэзідэнтам.
Аднак народ пачынае прачынацца. Хутка ён пачне патрабаваць новых прэзідэнцкіх выбараў. І мы, безумоўна, лічым, што і сам Лукашэнка, як прэзідэнт, павінен пайсці на перавыбары ў будучым годзе. 24 лістапада Вярхоўны Савет праводзіў нараду і прыйшоў да высновы, што 9 лютага будзе праведзена сесія і будуць прызначаныя выбары прэзідэнта РБ, як таго патрабуе Канстытуцыя: 20 ліпеня 1999 года спаўняецца пяць гадоў з дня абрання Лукашэнкі, калі ён даваў прысягу на законнай Канстытуцыі, падпісанай Мечыславам Іванавічам Грыбам у 1994годзе. Іншай прысягі Лукашэнка не даваў, бо ягоная “канстытуцыя” ёсць з юрыдычнага пункту гледжання опус, варты жалю, які скіраваны толькі на тое, каб увекавечыць уладу аднаго чалавека.
У мяне часта пытаюцца, як мы маглі дапусціць да дыктатуры. Дык жа апошні рэферэндум праходзіў у такіх умовах, што ў Менску было столькі войскаў, як можа толькі іх было ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На плошчах стаялі бронетранспарцёры, а будынак Цэнтрвыбаркама быў акружаны дзвюмя сотнямі аўтаматчыкаў, і я, Старшыня Вярхоўнага Савета, доўга не мог прарвацца туды. А калі, нарэшце патрапіў, дык першы і заявіў пра дзяржаўны пераварот. Аўтаматчыкі стаялі на працягу двух тыдняў. І ў гэткіх умовах вёўся падлік галасоў. Не было ніякіх падлікаў: што Лукашэнка назваў, тое і палічылі. А Чарнамырдзін, не чакаючы тых падлікаў, прыслаў свайму сябру віншавальную тэлеграму.
Дыктатарскі рэжым я параўноўваю з ракаваю пухлінаю, якая не можа быць на месцы і ўвесь час імкнецца ўзмацняцца ды пашырацца. Дыктатара нельга перавыхаваць. Усялякія спробы розных міжнародных арганізацый перавыхаваць Лукашэнку выніку не дадуць. Гісторыя не ведае ніводнага такога прыкладу. Ракавую пухліну можна толькі выразаць з арганізму беларускага грамадства. Іншага шляху няма. І мы будзем аб`ядноўвацца дзеля гэтага. Будзем аб`ядноўваца вакол ідэі, што ў нас сапраўды акупацыйны рэжым, які трэба адхіліць ад улады. Сярод дарадчыкаў Лукашэнкі няма ніводнага беларуса: адны расейскія палкоўнікі. Сёння беларускай культурай, асветай і навукай кіруе палкоўнік расейскай арміі Замяталін. Ды і сам Лукашэнка беларускай мовай карыстаецца толькі тады, калі трэба некага зняважыць. Ён яе не ведае і ніколі не адчуваў сябе беларусам. У свой час Гітлер, аўстрыйскі грамадзянін, казаў, што лёс немцаў вырашаецца не ў Аўстрыі, а ў Нямеччыне. Гэтак і Лукашэнка адкрыта заяўляе, што лёс Беларусі вырашаецца ў Расеі. Дык які ж гэта прэзідэнт Беларусі.
(“Рунь”, 10 снежня 1998 года)
БУДУЦЬ ВЫБАРЫ. БУДЗЕ ВЫБАР
Перадапошні год ХХ стагоддзя можа стаць вызначальным для жыцця нашай дзяржавы. Менавіта такой думкі прытрымліваецца адзіны легітымны заканадаўчы орган Беларусі - Вярхоўны Савет, які, па прагнозам аналітыкаў, ужо на пачатку будучага года павінен прызначыць чарговыя прэзідэнцкія выбары.
Сёння ў нас у гасцях Старшыня ВС Сямён Шарэцкі, з якім гутарыць намеснік галоўнага рэдактара газэты “Свободные новости” Аляксандр Тамковіч.
Сямён Георгіевіч, апошнія рашэнні Вярхоўнага Савета не толькі ў цэнтры ўвагі грамадскасці, але, без перабольшвання, могуць стаць лёсавызначальнымі. Раскажыце, калі ласка, аб іх больш падрабязна.
На паседжанні Вярхоўнага Савета, дзе абмяркоўвалася палітычная сітуацыя ў краіне і адносіны парламентарыяў да выбараў, было прынята рашэнне ў студзені і лютым будучага года правесці дзве сесіі. Мэта - прызначэнне даты прэзідэнцкіх выбараў і зацвярджэнне плана мерапрыемстваў, ажыццяўленне якіх дасць магчымасць правесці гэтыя выбары дэмакратычна і юрыдычна бездакорна. Гэтага патрабуе Канстытуцыя краіны. Гэта наш абавязак, і мы яго выканаем пры любых абставінах. З юрыдычнага пункту гледжання, у нас няма перашкодаў зрабіць выбары прэзідэнта рэальнымі.
Перашкодзіць можа толькі наша раздробленасць, незгаворлівасць, асабістыя амбіцыі. Патрэбна безумоўнае адзінства дэмакратычных сіл унутры краіны і моцная падтрымка сусветнай супольнасці. Мы вельмі разлічваем на бескампраміснасць у гэтым пытанні АБСЕ, Савета Еўропы, кіраўнікоў і парламентаў суседніх дзяржаў.
Еўропа, не прызнаўшая вынікаў лістападаўскага (1996 г.) рэферэндума павінна быць паслядоўнай. Калі дзейнічае Канстытуцыя 1994 года, гэта азначае, прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней вясны 1999 года. Бо 20 ліпеня будучага года тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў А. Лукашэнкі заканчваецца. Ужо на наступны дзень міліцыя мае права не прапусціць яго без пропуску не толькі ў рэзідэнцыю на К. Маркса, 38, але нават у вядомыя Дразды.
Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да тых, хто лічыць сябе сумленнікам прыхільнікам дэмакратычных каштоўнасцяў. Любая спроба ўнесці разлад у законныя дзеянні ВС - прамая дапамога таталітарнаму рэжыму, садзейнічанне беззаконню.
Да слова, некаторыя нашы так званыя дэмакраты, на жаль, больш прыстасаваліся змагацца адзін з адным, чым з рэжымам. Хопіць мышынай валтузні, досыць дробных інтрыжак, агідна глядзець на тое, як некаторыя “правадыры нацыі” дзеля небескарысных амбіцый гатовыя забыцца аб інтарэсах уласнай радзімы.
Сёння у нас ёсць шанец змяніць сітуацыю. Унікальны шанец. Эканамічнае становішча настолькі беспрасветнае, што самі людзі гатовы патрабаваць выбараў. З адной з перспектыўных краін Еўропы Беларусь ператварылася ў дрымучае эканамічнае захалусце. Краіна загнана ў тупік міжнароднай ізаляцыі.
Народ стогне. Ён хоча перамен і зразумее нашы дзеянні.
Вярхоўны Савет - законна абраны орган заканадаўчай улады. Намі законна абраны Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, які абавязаны наладзіць работу ЦВК. У замен тых, хто змаладушнічаў, у ЦВК павінны быць абраны новыя людзі. Спадзяюся, Цэнтрвыбаркам зноў наладзіць сваю актыўную працу ўжо ў відавочнай будучыні.
Наколькі мне вядома, Віктар Ганчар сам быў гатовы прэтэндаваць на прэзідэнцкае крэсла?
Гэткае пытанне Віктару Іосіфавічу задаваў Станіслаў Багданкевіч. Ганчар знайшоў у сабе мужнасць, пераступіўшы амбіцыі, адмовіўся ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. Ён запэўніў, што ў інтарэсах дзяржавы будзе сумленна, скурпулёзна, прынцыпова выконваць абавязкі старшыні Цэнтрвыбаркама. Крок, годны перайманню.
Цэнтральная выбарчая камісія будзе сфармавана ў строгай адпаведнасці з існуючым заканадаўствам.
Ці ўзгоднены Вашыя падыходы з экс-спікерамі Вярхоўнага Савета Мечыславам Грыбам і Станіславам Шушкевічам?
Так. Яны абодва згодны з тымі высновамі і ацэнкамі, якія я толькі што агучыў. Па-іншаму і быць не магло. Мечыслаў Іванавіч і Станіслаў Станіслававіч - людзі дзяржаўнага ўзроўню мыслення. Яны, як ніхто іншы, разумеюць ступень адказнасці Вярхоўнага Савета ў склаўшайся сітуацыі. Шушкевіч, дарэчы, жартам, сказаў мне гэткую фразу: Калі вы не аб`явіце выбары, прыйдзецца канстатаваць, што вы вырашылі стаць прэзідэнтам…
А гэта дакладна жарт?…
На сто працэнтаў. Я ні пры якіх абставінах не буду прэтэндаваць на пасаду прэзідэнта. Перш за ўсё таму, што вельмі добра разумею ступень адказнасці, ускладзенай на мяне ў арганізацыі правядзення выбараў.
Больш таго, калі б мае асабістыя амбіцыі ўзялі верх над здаровым розумам, гэта было б не толькі глупствам, але і здрадаю. Лепшы падарунак рэжыму цяжка прыдумаць. “Рэзанатары” б слюнямі ад захаплення захлынуліся, расказваючы аб тым, што Шарэцкі абвясціў выбары, каб захапіць уладу.
Я дастаткова дакладна ўяўляю сваё месца ў грамадскім жыцці краіны і перш за ўсё павінен выконваць свае функцыянальныя абавязкі. А амбіцыі - справа трэцяга дзесятка.
І тым не менш. Калі не персаніфіцыраваць, якімі якасцямі павінен, на Ваш погляд, валодаць кандыдат у прэзідэнты краіны?
Тое, што ў 1994 годзе прэзідэнтам краіны быў абраны Лукашэнка, - прыкрае спалучэнне абставін. Выпадковасць. Нашаму народу зусім не ўласціва цяга да таталітарызму. У беларусаў еўрапейскі склад розуму, для якога дыктатура родная ракавай пухліне. Двойчы на працягу кароткага гістарычнага перыяду яна паўтарацца не можа.
Беларускі менталітэт патрабуе на галоўную пасаду дзяржавы чалавека ўзважлівага, “памяркоўнага”, адданага інтарэсам народа, працалюбівага, талерантнага. Народ ужо абпаліўся на дэмагогіі і пустых абяцаннях.
Важна, каб будучы кандыдат гатовы быў адмовіцца ад той крытычнай масы ўлады, якую ўзваліў на сябе Лукашэнка. Вярнуць людзям украдзеныя дыктатурай дэмакратычныя каштоўнасці.
Далей. Рэальныя шансы перамагчы, на мой погляд, менавіта ў тых кандыдатаў, якія не звязаны з партыйнай прыналежнасцю. Кандыдат павінен быць падтрыманы партыямі, а для гэтага, на мой погляд, ён не павінен быць ні ў воднай з іх.
Будучы прэзідэнт абавязаны быць тым чалавекам, якога адэкватна ўспрымае і Захад, і Усход, і Масква, і Вашынгтон. Гэта архіважна для эканомікі. Нам гістарычна наканавана быць побач з Расеяй, аднак сяброўства з ёю не можа ўшчамляць дзяржаўных інтарэсаў Беларусі. Наша краіна павінна быць суверэннай, а яе прэзідэнт - жорсткім прыхільнікам нацыянальнага адраджэння і незалежнасці.
Па майму глыбокаму перакананню, “прахадным” кандыдатам можа лічыцца толькі той, хто ўспрымаецца не толькі ў сталіцы, але і ў правінцыі. На каго гатовы паставіць кіраўнікі сярэдняга і ніжэйшага звяна, каго яны добра ведаюць.
Ёсць небяспека, што правячая наменклатура спалохаецца любых выбараў, бо ў выпадку замены правадыроў нічога добрага яе не чакае.
Затое, што адбылося ў краіне, павінны адказваць непасрэдныя вінаватыя. Іх, на мой погляд, не больш дзесятка. Астатнім трывожыцца няма чаго. Хто б ні прыйшоў пасля Лукашэнкі, ён не дапусціць масавага пераследу, бо гэта заўжды хаос і неразберыха. Граматныя, разумныя, кваліфікаваныя кіраўнікі без працы не застануцца. Хвалявацца патрэбна толькі тым, хто раскрадае краіну, штурхае яе ў бездань галечы.
Ходзяць чуткі, што замест выбараў улада рыхтуе чарговы рэферэндум…
Гэта не вырашае праблему. Можна правесці дзесяць рэферэндумаў, аднак іх вынікі не азначаюць аўтаматычнага працягу паўнамоцтваў. Выбары ёсць выбары. Лукашэнка свае пяць гадоў амаль выкарыстаў. У яго ёсць шанец прэтэндаваць яшчэ на адну пяцігодку. Аднак гэта павінны вырашаць не “спецыялісты” па рэферэндумах, якія агучваюць любыя “пераможныя” лічбы, а народ. Вырашаць шляхам прамога галасавання, якое пройдзе пад жорсткім кантролем дзесяткаў тысяч наглядальнікаў. Вельмі сумняваюся, што ў сённяшняга кіраўніка дзяржавы ёсць шанец перамагчы сумленна…
Падводзячы вынікі, якімі вы бачыце прыярытэты дзейнасці дэмакратычных сіл Беларусі?
Перш за ўсё я хацеў бы заклікаць усіх, каму не ўсё роўны лёс дзяржавы, да мараторыя на любыя ўзаемныя абвінавачванні, крытыку, калі хочаце, разборкі. Мы здольны перамагчы, толькі ў адзіным шэрагу. Колькі можна біць па сваіх! Хопіць раздраям умацоўваць дыктатурам!
Дазвольце выкарыстаць старонкі вашага выдання і для звароту для скептыкаў. Як Старшыня Вярхоўнага Савета адназначна заяўляю: Будуць выбары - і будзе выбар. Калі не хочаце памагаць, дык хоць не перашкаджайце.
Буду ўдзячны, калі мае падыходы будуць з разуменнем успрынятыя журналістамі і палітолагамі. Устрыймацеся на час ад пошуку “гарачых” сенсацый. Давайце разам зробім галоўную сенсацыю - вернем краіну да дэмакратыі.
Дзякуй за інтэрв`ю, жадаем поспехаў.
(“Свободные новости”, 18-25 снежня 1998 года)
НАВАГОДНІ ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСКАГА НАРОДА
Паважаныя суайчыннікі!
Уваходзіць у гісторыю 1998 год. На жаль, ён быў нялёгкім для беларускага народа. Рэспубліка яшчэ больш глыбока пагрузілася ў крызіс, які ахапіў усе бакі нашага жыцця: сацыяльна-эканамічны, палітычны і маральны. Працягвае разбурацца вытворчасць, асабліва сельская гаспадарка, у людзей значна скараціліся рэальныя заробкі і пенсіі. Пагоршылася становішча з магчымасцю набыць лекі, а тым больш скарыстацца санаторна-курортным лячэннем. І як вынік - насельніцтва Рэспублікі Беларусь яшчэ больш збяднела, смяротнасць людзей заставалася высокай, што прывяло да далейшага змяншэння колькасці жыхароў краіны.
Для беларускага грамадства 1998 год быў годам далейшага ўціску на беларускую культуру і мову, паглыбленне інфармацыйнай ізаляцыі, нагнятанне маральнай напружанасці, новых рэпрэсій супраць іншадумства, павелічэнне колькасці выпадкаў парушэння правоў і свабод чалавека.
У прайшоўшым годзе лукашэнкаўскі рэжым больш набыў рысаў ваенна-акупацыйнага рэжыму ў адносінах да беларускага народа. Замест канстытуцыйных дзяржаўных органаў усім жыццём краіны пачаў кіраваць штаб, што па сутнасці азначае ўвядзенне ў краіне мяккага варыянту надзвычайнага становішча, які ў любы момант можа перайсці ў жорсткі.
Створаны Лукашэнкам рэжым стварыў умовы для падтрымкі скампраментаваўшай сябе былой намеклатуры, якая ў сваіх карысных мэтах сама аказвае паслугі гэтаму антынароднаму амаральнаму рэжыму.
Прайшоўшы год паказаў, што Лукашэнка і яго паплечнікі не хаваюць ужо сваіх намераў атрымаць у свае рукі ядзерную зброю і шукаюць для гэтага шляхі праз аб`яднанне Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву на чале з Лукашэнкам.
Усё гэта, з аднаго боку, сведчыць аб тым, што створаны Лукашэнкам дыктатараскі рэжым не бачыць выйсця з таго тупіка, у які ён завёў Беларусь і яе народ.
Ды па апошніх падзеях бачна, што самога Лукашэнку па-ранейшаму больш цікавіць пасада прэзідэнта Расейскай Федэрацыі, да якой ён хоча дзеля дасягнення сваіх мэтаў далучыць і Беларусь, чым лёс беларускага народа.
А з другога боку, падзеі 1998 года больш выразна паказалі і тую небяспеку, якую нясе ў сабе гэты рэжым для суседніх і больш далёкіх краін.
У той жа час з`явіўся рэальны шанс пазбавіцца канстытуцыйным шляхам ад гэтага варожага дыктатарскага рэжыму, які стварыў у Беларусі Лукашэнка. Справа ў тым, што тэрмін яго прэзідэнцтва заканчваецца 20 ліпеня 1999 года. І таму абраны народам і прызнаны міжнароднай супольнасцю (за выключэннем некаторых расейскіх палітыкаў) адзіным легітымным вышэйшым прадстаўнічым і заканадаўчым органам у нашай краіне Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ужо на пачатку будучага года прызначыць выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не пазней 20 мая, як таго і патрабуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь спадзяецца на падтрымку сваіх рашэнняў большасцю беларускага народа і міжнароднымі арганізацыямі, кіраўнікамі і парламентамі дэмакратычных краін свету. Трэба памятаць, што дыктатарскі рэжым можна перамагчы толькі аб`яднанымі намаганнямі самога беларускага народа, у якога для гэтага павінна хапіць сіл і мужнасці, і міжнароднай супольнасці, якая павінна адчуць небяспеку для ўсяго свету і зрабіць адпаведныя крокі, каб пазбавіцца ад рэжыму.
Веру, што гэта так і будзе. Новы 1999 год павінен стаць для Беларусі годам прэзідэнцкіх выбараў і пачаткам сацыяльна-эканамічных рэформ на карысць свайго народа, устанаўлення палітычнай стабілізацыі і аздараўлення маральнага клімату грамадства, карэнных змен у знешняй палітыцы і наладжвання дружалюбных і ўзаемавыгадных адносін з усімі краінамі. Незалежная Беларусь павінна стаць утульным домам для ўсіх яе жыхароў, якіх бы нацынальнасцяў і веравызнання яны не былі.
Шаноўныя суайчыннікі!
Віншую вас з Новым 1999 годам! Жадаю кожнай сям`і Рэспублікі Беларусь моцнага здароўя, чалавечага шчасця і дабрабыту. Няхай у Новым годзе здзейсняцца ўсе Вашы надзеі і мары!
(“Народная воля”, 30 снежня 1998 года)
АДКРЫТЫ ЛІСТ
Яго Шаноўнасці Прэзідэнту Расейскай Федэрацыі Ельцыну Б.М.
Паважаны Барыс Мікалаевіч!
Мы звяртаемся да Вас як да Прэзідэнта і Чалавека, чые заслугі ў справе ўмацавання правоў чалавека, дэмакратыі і вырашэння многіх нацыяльных пытанняў на постсавецкай прасторы выклікаюць пачуцці шчырай удзячнасці.
Аднак, у складанай сталінскай спадчыне цяжка пазбегнуць памылак і ўпушчэнняў, і, на жаль, нават Вы - Прэзідэнт Расеі - не змаглі ўстаяць перад бальшавіцкай напорыстасцю і шаманскімі заклінаннямі звычайнага дырэктара саўгаса, стаўшага па здзеку лёсу беларускім прэзідэнтам.
У гістарычны дзень 8 снежня 1991 года Вы паставілі свой подпіс пад Белавежскімі пагадненнямі, якія паклалі канец імперскім дамаганням Расеі на Украіну і Беларусь і абазначылі новую, неімперскую веху ва ўзаемаадносінах нашых народаў. Гэты акт быў адразу ж ратыфікаваны парламентам Расеі і неадкладна атрымаў усеагульнае міжнароднае прызнанне.
Нельга не разумець, што любыя змены дзяржаўнага статусу Рэспублікі Беларусь, якія спрабуе ажыццявіць канчаткова збанкрутаваўшы рэжым Лукашэнкі, не можа лічыцца легітымным, бо сам гэты рэжым перастаў быць законным пасля лістападаўскага дзяржаўнага перавароту 1996 года, здзейсненага пры падтрымцы Чарнамырдзіна, Строева і Селязнёва. Плануемыя змены дзяржаўнага статуса Рэспублікі Беларусь супярэчаць дзеючай Канстытуцыі 1994 года, і мы - беларусы - будзем разглядаць яго як акупацыю Беларусі Расеяй. Спадзяемся, што і рэакцыя міжнароднага супольніцтва будзе адэкватнай дзеянням Расеі.
Акупаваўшы Беларусь, Вы паступіце так, як паступіў Сталін з Літвою, Латвіяй і Эстоніяй, і пасееце ў Беларусі зерне варожасці да народу, які мае ўсе падставы працягваць заставацца дружалюбным, а сам віртуальны “Саюз” паскорыць ланцуговую рэакцыю ў расейскіх рэгіёнах па змене іх дзяржаўнага статусу. Аб гэтым ужо заяўлялі прэзідэнты Татарстана і Інгушэціі. І наўрад ці пасля Чачні ў каго-небудзь з расіян захавалася жаданне адстойваць “канстытуцыйны парадак” ў пакуль яшчэ суб`ектах Расейскай Федэрацыі.
Мы спадзяемся, што Вы, як Чалавек, чые заслугі ў справе пераадолення нашымі народамі наступстваў камуністычнага таталітарызму агульна вядомыя, не хочаце рызыкаваць адзінствам такога велізарнай геапалітычнай прасторы і не дазволіце каму б то ні было ставіць пад пагрозу будучыню Расеі.
Дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання:
Сямён Шарэцкі, Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь з 1996 года;
Мечыслаў Грыб, Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь з 1994 па 1996 гады;
Станіслаў Шушкевіч, Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь з 1991 па 1994 гады.
(“Народная воля”, 5 студзеня 1999 года)
…КАЛІ СУМЛЕННЕ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА ПАСАДЖАНА Ў КЛЕТКУ
Некалькі дзён назад чалавецтва сустрэла Новы 1999 год, перадапошні ход зыходзячага стагоддзя і другога тысячагоддзя новай эры. Як прынята ў навагоднюю ноч, у час сямейных урачыстасцяў людзі падымалі келіхі за зыходзячы і іх звонам сустракалі наступленне Новага года.
Аднак у многіх беларускіх сем`ях у гэтую ноч вяселля было мала. Хутчэй, наадварот. У кожнага сумленнага беларуса не раз да горла падступаў камяк слёз і крыўды. Крыўды за сваю гэткую цудоўную і ў той жа час шматпакутную Радзіму, за яе, мабыць, самы працалюбівы ў свеце народ, які, нібы птушка ў клетцы, пакутуе ва ўмовах вельмі жорсткага рэжыму.
У разважлівую галаву не можа прыйсці нават у дурным сне тое, што сёння творыцца ў Беларусі. У пераднавагоднія дні ў металічную клетку для здзяйснення над ім суда зняволены Чалавек, чыё імя, падобнае на імя яго папярэдніка Кірылы Пракопавіча Арлоўскага, яшчэ пры жыцці стала легендарным. Гэта - ветэран вайны і працы, абраны некалькі разоў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Васіль Канстанцінавіч Старавойтаў.
Васілю Канстанцінавічу зараз 75 гадоў. Яшчэ юнаком ён, як і мільёны іншых нашых суайчыннікаў, узяў у рукі зброю, каб, рызыкуючы сваім уласным жыццём, наблізіць Дзень Перамогі над нябачаным да таго часу дыктатарскім (фашысцкім) рэжымам. У мірныя гады ўсё сваё жыццё Васіль Канстанцінавіч аддаў самай неабходнай і благароднай справе - Зямлі і Хлебу.
Такіх людзей у Беларусі толькі трое. Акрамя Васіля Канстанцінавіча - Ралько Уладзімір Антонавіч і Бядуля Уладзімір Ляонцевіч. Іх прозвішчы ведае (у рэшце рэшт, абавязаны ведаць) кожны вучань. На іх прыкладзе выхоўваўся цэлы шэраг больш маладых кіраўнікоў і спецыялістаў сельскай гаспадаркі.
Тое, што яны зрабілі для Беларусі, не падлягае ацэнцы. Іх гаспадаркамі захапляліся самыя вядомыя фермеры Еўропы і Амерыкі.
Уладзіміру Антонавічу Ралько і Уладзіміру Лявонцевічу Бядулю, як і патрэбна Двойчы Героям Сацыялістычнай Працы, пры жыцці усталяваны бюсты, Васіль Канстанцінавіч Старавойтаў праявіў сціпласць і ад такой пашаны адмовіўся. Ён, зразумела, не думаў, што сэканомлены на гэтым метал зараз спатрэбіцца для клеткі, у якую ён пасаджаны.
Ён - вядомы Чалавек ў свеце, які з`яўляецца, як і яго цёзка Васіль Уладзіміравіч Быкаў (таксама ганімы рэжымам), годнасцю і сумленнем нацыі.
Той, хто хоць адзін раз пабыў у “Рассвете” (якая ўдалая назва!), ніколі не зможа паверыць, што Чалавек, пад кіраўніцтвам якога створана гэтая ўнікальная гаспадарка, з`яўляецца крымінальным злачынцам. Можна паверыць, што ён, як і любы зямны чалавек, мог недзе памыляцца і нават дапусціць нейкія хібы, але ён не злачынец.
Ды і што абазначаюць яго памылкі ў параўнаннні са зробленным за гэтыя гады?! І гэта разумеюць “рассветаўцы”, каля пяцісот з якіх ужо звярнуліся з просьбай вярнуць на свабоду іх старшыню. Яны разумеюць, што пры Васілю Канстанцінавічу Старавойтаву яны сапраўды адчувалі сябе членамі калектыву, да кіраўніцтва якога маглі звярнуцца і ў часы радасці, і ў час бяды, і заўсёды знаходзілі разуменне.
А вось што будзе з “Рассветом” зараз? Ці не ўсталюецца на гэтай праслаўленай Зямлі на доўгія гады “палярная ноч”? Ці разумеюць гэта тыя, хто асмеліўся ўлезці ў жыццё гэтага зладжанага калектыву? Гэта ж не дазвалялі сабе ні К. Мазураў, ні П. Машэраў, ні Т. Кісялёў, ні М. Слюнькоў. У часы К. Арлоўскага “Рассвету” было дазволена смела выкарыстоўваць індывідуальныя метады кіраўніцтва. Пазней, ужо пры В. Старавойтаве, “Рассвету” - аднаму з іх калгасаў у вобласці - было дазволена не ўдзельнічаць у эксперыменце, навязаным магілеўчанам М. Гарбачовым, былым тады Сакратаром ЦК КПСС па сельскай гаспадарцы. І ад гэтага “Рассвет” станавіўся толькі больш яркім і прыкметным, асабліва на фоне той шэрасці, якая вельмі лёгка, па любому закліку любога начальніка, выстрайвалась і працягвае выстрайвацца ў шарэнгу.
У гэтым плане “Рассвету” пашанцавала: і Кірыл Пракопавіч Арлоўскі, і Васіль Канстанцінавіч Старавойтаў - гэта асобы, са сваім разуменнем і сваім, уласцівым усім вялікім людзям, гонарам. У Васіля Канстанцінавіча нават у клетцы ўсё той жа арліны горды позірк. Менавіта на гэткіх людзях трымаецца Зямля. Перад імі сумленныя людзі схіляюць калені. Дай Бог Вам, Васіль Канстанцінавіч, заставацца такім жа мужным і непаўторным! Гэта маё Вам, паважаны мой Чалавек, навагодняе пажаданне.
* * *
Ва ўсёй гэтай непрыгожай гісторыі здзекаў над Васілём Канстанцінавічам Старавойтавым здзіўляе маўчанне былых Першых і не першых сакратароў ЦК кампартыі Беларусі, старшынь Прэзідыума Вярхоўнага Савета і Старшынь Савета Міністраў БССР. Я маю на ўвазе таварышаў Сакалова, Малафеева, Дземянцея, Кебіча, Палякова, Аксёнава, Камая і некаторых іншых. Няўжо вы і сапраўды верыце, што Васіль Канстанцінавіч Старавойтаў - злачынец? Або вы двудушнікі, калі вучылі нас быць цвёрдымі ў барацьбе за правую справу? У дадзеным ж выпадку гаворка ідзе аб лёсе Чалавека, якога вы прадстаўлялі да самых высокіх узнагарод, ставілі нам у прыклад. Я хацеў бы звярнуцца і да палітыкаў Расейскай Федэрацыі: няўжо вы не бачыце таго беззаконня, якое творыцца ў саюзнай з Расеяй дзяржаве? Ці Беларусь вас цікавіць толькі як калідор у Еўропу, аб чым, дарэчы, часта гаворыцца ў расейскіх тэлевізійных перадачах? Няўжо вы не чуеце заклікаючага аб дапамозе стогну брацкага вам народа, над якім кіраўнікі вашай дзяржавы В. Чарнамырдзін, Я. Строеў і Г. Селязнёў дапамаглі А. Лукашэнку здзейсніць насілле і які сёння пакутуе ў абцугах дыктатарскага рэжыму?
Пройдуць гады… Гісторыя паставіць усё і ўсіх на месца. Яшчэ на больш высокую і пачэсную прыступку ў ёй падымецца імя Васіля Канстанцінавіча Старавойтава. А імёны тых, хто сёння акунуў беларускі народ у цемру і наканаваў яму пакуты, пасадзіў у клетку і ўчыніў судзілішча над лепшымі яго сынамі, будуць праклятыя людзьмі і апынуцца на сметніку гісторыі. Кожнаму свайго не пазбегнуць!
(“Народная воля”, 12 студзеня 1999 года)
ЗВАРОТ
да дзяржаўных служачых, работнікаў праваахоўных органаў і суддзяў Рэспублікі Беларусь!
Паважаныя панове!
Вам, як нікому іншаму, вядома, што А. Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на пяць гадоў. Тэрмін яго прэзідэнцтва заканчваецца 20 ліпеня 1999 года. І нельга прамыя тайныя выбары замяніць нейкім рэферэндумам, тым больш што ён быў праведзены з вялікімі парушэннямі Канстытуцыі і заканадаўства Рэспублікі Беларусь і яго вынікі не прызнаныя Еўрасаюзам, АБСЕ і іншымі прадстаўнікамі міжнароднай супольнасці.
У сувязі са сказаным і згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прызначыў чарговыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 16 мая 1999 года. Для арганізацыі і праведзення прэзідэнцкіх чарговых выбараў створаны Цэнтральная і ва ўсіх абласцях і раёнах рэспублікі тэрытарыяльныя камісіі. Ужо зарэгістраваны і ініцыятыўныя групы кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Зянона Пазьняка і Міхаіла Чыгіра.
Аднак, як сведчаць падзеі апошніх дзён, з боку створанага Лукашэнкам рэжыму прымаюцца намаганні на зрыў названых выбараў. Пры гэтым вераломства рэжыму перайшло ўсе межы. Сёння ў турме знаходзяцца старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар і яе члены: Барыс Гюнтэр, Анатоль Гурыновіч. Многія аштрафаваны на вялізныя сумы - ад 15 да 30 мільёнаў рублёў. Робіцца ўціск на членаў тэрытарыяльных камісій і незалежныя сродкі масавай інфармацыі.
Пералічаныя дзеянні па зрыву прэзідэнцкіх выбараў, павелічэнне колькасці парушэнняў іншых правоў чалавека, заявы А. Лукашэнкі аб неабходнасці вяртання ў рэспубліку ядзернай зброі нельга кваліфікаваць інакш як агонію рэжыму, які давёў эканоміку краіны да разрухі, а яе жыхароў - да небячнага з ваенных часоў збяднення.
Гістарычны вопыт сведчыць, што гэткія (таталітарныя) рэжымы абавязкова знікаюць - раней ці пазней - як нежыццездольныя. Менавіта гэта чакае і рэжым, створаны Лукашэнкам. І мяне, як Старшыню Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь і чалавека з вялікім жыццёвым вопытам, вельмі трывожыць і заклапочвае тое, чаму гэтага не разумеюць і ўцягваюцца ў грубае парушэнне заканадаўства, у прыватнасці, зрыў прызначаных Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь прэзідэнцкіх выбараў многія дзяржаўныя служачыя, работнікі праваахоўных органаў і нават суддзі, для якіх выкананне закона павінна быць святой справай. Няўжо вы думаеце, што за тое злачынства, якое вы робіце сёння супраць свайго народа дзеля сваіх карысных мэтаў вам не прыйдзецца адказваць?
Няўжо вас ніяк не вучыць суд над дамачаўскім памагатам гітлераўскага рэжыму? Той не мог схавацца ад пакарання за здзейсненыя злачынствы ў гады Вялікай Айчыннай вайны нават у далёкай ад Беларусі Англіі і атрымаў сваё праз больш як пяцьдзесят гадоў. Памятайце, не будзе тэрміну даўнасці і ў адносінах да вашых злачынстваў.
А калі хто з вас сам сумленны чалавек і трапіў на службу дыктатарскаму рэжыму па нейкім недаразуменні, дык тым больш, - навошта вам падтрымліваць зараз і адказваць у далейшым за таго, хто антыканстытуцыйным шляхам узурпіраваў уладу і не можа з ёю аніяк растацца?
Набярыцеся мужнасці і скіньце з сябе цяжар страху! Вы адчуеце палёгку на душы і з надзеяй станенеце глядзець у будучыню.
Панове! Падумайце не толькі аб сваім лёсе, але і аб лёсе вашых дзяцей і ўнукаў. Не кладзіце на іх пляму ганьбы за ваш саўдзел у чорных справах дыктатарскага рэжыму. Задумайцеся над тым, што яны скажуць вам, калі гэты антынародны рэжым апынецца на сметніку гісторыі і наша краіна стане вольнай дэмакратычнай прававой дзяржаваю, як таго і патрабуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь!
А сведчаннем таго, што гэта будзе, і ў хуткім часе, з`яўляецца ахапіўшы вас страх перад будучыняй. А галоўнае - дзеянні па вяртанні на канстытуцыйны шлях развіцця Рэспублікі Беларусь тых, каго вы сёння спрабуеце запалохаць. Дарэчы, больш зрабіць вы ўжо нічога не можаце. Ваш час заканчваецца 20 ліпеня 1999 года.
Адумайцеся і спыніцеся, пакуль не позна!
(“Народная воля”, 5 сакавіка 1999 года)
ПАТРАБАВАННІ КАНСТЫТУЦЫІ ПАВІННЫ ВЫКОНВАЦЦА БЕЗДАКОРНА
(да пятай гадавіны з дня прыняцця Асноўнага Закону Краіны)
15 сакавіка 1999 года спаўняецца пяць гадоў з дня прыняцця Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 12-га склікання Канстытуцыі - Асноўнага закону Рэспублікі Беларусь. Прымаючы Канстытуцыю, дэпутаты падкрэслілі, што робяць гэта ад імя народа Беларусі, зыходзячы з адказнасці за цяперашні стан і будучыню Беларусі, а таксама ўсведамляючы сябе паўнапраўным суб`ектам сусветнай супольнасці і падцвярджаючы сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцяў, грунтуючыся на сваім неад`емным праве на самавызначэнне, абапіраючыся на шматвекавую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, імкнучыся зацвердзіць правы і свабоды кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і жадаючы забяспечыць грамадзянскую згоду, непахісныя асновы народаўладдзя і прававой дзяржавы. Сапраўды, кожны артыкул Канстытуцыі ў той ці іншай ступені падцвярджае пералічаныя ў сваёй прэамбуле прынцыпы.
Не прайшло двух з паловай гадоў з дня набыцця Канстытуцыяй сваёй прававой моцы, як абраны паводле яе прэзідэнт А. Лукашэнка - колішні дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі 12-га склікання і сябра канстытуцыйнай камісіі - пачаў рыхтаваць па сутнасці новы Асноўны Закон рэспублікі, якому надаў моцы ў лістападзе 1996 года праз антызаконныя метады. Гэтым самым ён груба парушыў артыкул 3 дзейснай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якім гаворыцца: “Любыя дзеянні, што скіраваныя на авалоданне дзяржаўнай уладаю гвалтоўнымі метадамі, а таксама праз іншага кшталту парушэнні законаў Рэспублікі Беларусь караюцца паводле закону”.
Паўстае пытанне: чым незадавальняла А. Лукашэнку Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, што надавала яму як прэзідэнту паводле ягоных жа слоў, “царскія” правы. Справа ў тым, што паводле сваёй сутнасці Лукашэнка належыць да тыпу аўтарытарных кіраўнікоў. Гэтае падцвердзілі яго словы пра Адольфа Гітлера. Да таго самага тыпу належаў Іосіф Сталін, а таксама прэзідэнт Ірака Садам Хусэйн.
Гэткія людзі, як сведчаць працяглыя доследы псіхолагаў, паводле свайго біялагічнага прызначэння, створаныя для барацьбы. У іх паводзінах шмат непрадказальнага. Яны не пазбягаюць свайго шансу падначаліць сваёй волі іншых. Гэтыя людзі не толькі актыўныя, але і агрэсіўныя, яны заўжды падазраюць астатніх. Ім уласцівая прага помсты і зайздрасць, раздражнёнасць і нават лютасць. Як піша адзін са стваральнікаў навукі пра памежныя станы, Пётр Аннушкін, гэтыя людзі “заўжды патрабуюць пакоры і падначалення сабе і, нааадварот, самі нават не збіраюцца цярпець катэгарычнага тону ад іншых…”. Яны звычайна не вылучаюцца высокай ступенню духоўнага развіцця, абыякавыя да іншых людзей, нават блізкіх да сябе. “Пачуццё, сімпатыі і спачуванні, здольнасці зразумець чужое гора , - як заўваўжае той самы Аннушкін, - для іх незразумелыя”. Што да А. Лукашэнкі, дык пад ягонай апекай створана цэлая імперыя (Кіраўніцтва справамі прэзідэнта), што, калі меркаваць паводле дакладу старшыні Кантрольнай палаты Васіля Саковіча на сесіі Вярхоўнага Савета, у карупцыі дасягнула гэткага абсягу, чаго ураду В. Кебіча, які крытыкаваў А. Лукашэнка, не магло прысніцца. Больш за тое, амаль усе тыя карупцыянеры і мафіёзі, якіх А. Лукашэнка абяцаў пакараць, апынуліся ў ягоных структурах.
Заўважу, лідары аўтарытарнага тыпу з эпілептоіднай псіхічнай канстытуцыяй вельмі цяжка разумеюць і згаджаюцца з тым, што нехта з падначаленых можа мець уласныя думкі і можа бараніць свае правы, а тым больш патрабаваць ад тых, хто стаіць вышэй, выканання сваіх абавязкаў. Таму створаныя такімі лідэрамі рэжымы, звычайна носяць таталітарны характар, і пры нагодзе яны проста пазбаўляюцца ад іншадумцаў, асабліва калі тыя з імі спаборнічаюць. Яскравым прыкладам могуць быць Гітлер і Сталін. Апошні не пашкадаваў нават блізкага і вернага яму сябра Мікалая Бухарына, які не толькі дапамагаў Сталіну пазбаўляцца адзіных супернікаў (Льва Троцкага і Рыгора Зіноўева), але пасля смерці жонкі Сталіна (Надзеі Алілуевай) аддаў таму і сваю кватэру. Каб Сталін не памёр, дык напаткала б доля Бухарына ягонага другога адданага сябра - Вячаслава Молатава, жонка якога ўжо сядзела ў вязніцы.
А цяпер вернемся да нашай рэчаіснасці. Ад першых дзён свайго прэзідэнцтва А. Лукашэнка зманапалізаваў тэлебачанне і радыё, а таксама больш за 90 працэнтаў тыражоў газэт і часопісаў, гэтым самым груба парушыў артыкул 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. А надалей зрабіў уціск на ўсіх, у кім бачыў сваіх праціўнікаў. Першай ахвярай сталіся дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання, ягоныя колішнія калегі, якія не згаджаліся з ім наконт абранага шляху развіцця краіны. Створаны А. Лукашэнкам дыктатарскі рэжым пайшоў у дачыненні да дэпутатаў нават на гвалт (памятаеце, як збілі “людзі ў масках” у зале паседжанняў). Пасля арыштавалі міністра аграрна-прамысловага комплексу Васіля Лявонава, якога сам А. Лукашэнка некалі называў “у якасці былога першага сакратара Магілёўскага абкама КПБ) сваім настаўнікам. У вязніцы знаходзяцца дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання Уладзімір Кудзінаў і Андрэй Клімаў, гэтым самым парушаны артыкул 93 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, бо іх арышт праводзіўся без згоды парламента. Да таго ж дэпутат Клімаў, як, дарэчы, і Лявонаў, знаходзіцца ў вязніцы ўжо болей за год без суда.
Гэтыя факты сведчаць, што створаны А. Лукашэнкам рэжым не толькі грэбуе агульначалавечымі каштоўнасцямі і не бароніць правоў і свабод грамадзян сваёй краіны, як таго патрабуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, але ёсць па сутнасці амаральным у поўным сэнсе гэтага слова ды пярэчыць шматвекавой гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці, якая яшчэ ад часу стварэння першага Статута Вялікага княства Літоўскага ў 1529 годзе вылучалася прынцыпамі дэмакратычнага кіравання. “Пахвальнае тое, што маральна”, - сцвярджаў адзін з выбітных беларускіх правазнаўцаў ХVI стагоддзя Андрэй Волан.
Палітычная барацьба за ўладу у найпрасцейшым сэнсе для людзей з аўтарытарным тыпам палітычных паводзін - адна з найвялікшых спакус. Да таго ж для іх галоўнае - магчымасць валодаць уладай, а не ідэя. Лічу, што менавіта гэтая рыса і штурхнула Лукашэнку ўжо праз некалькі месяцаў прэзідэнцтва на падрыхтоўку, а пасля і здзяйсненне дзяржаўнага перавароту і фактычны захоп выканаўчай, заканадаўчай і судовай улады ў свае рукі. Да таго ж, як сведчыць гістарычны досвед, кіраўнікі такога кшталту палітычных паводзін не задавальняюцца толькі ўмацаваннем сваёй улады ў адной краіне. Яны заўжды імкнуцца, у тым ліку з дамапогай сілы, распаўсюдзіць свае ўплывы на суседнія абшары. Падцвярджэнне сказанаму - паводзіны ў гэтым кірунку рэжымаў Гітлера, Сталіна і Хусэйна. Мяркую, не будзе выключэннем і рэжым А. Лукашэнкі, які робіць захады на авалоданне пасадай кіраўніка нейкай міфічнай “славянскай” дзяржавы, пачаткам стварэння якой ён лічыць Саюз Беларусі з Расеяй. Часам ён кажа пра патрэбу вяртання ў Беларусь ядзернай зброі.
Гісторыя вучыць, што пазбавіцца ад таталітарных рэжымаў мірным шляхам не гэтак проста. І калі нашая краіна мае магчымасць аднавіць дэмакратыю менавіта мірным шляхам, будзе злачынствам не скрыстацца з гэтай нагоды. Менавіта таму дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання ў звязку з заканчэннем 20 ліпеня 1999 года тэрміну прэзідэнцтва А. Лукашэнкі, прызначылі чарговыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 16 мая 1999 года. Былі створаны Цэнтральная і тэрытарыяльныяі (абласныя і раённыя) выбарчыя камісіі, якія пачалі практычную арганізацыю выбараў. Актыўна ідзе збор подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты Зянона Пазьняка і Міхаіла Чыгіра.
Тым, хто чыніць перашкоды ў арганізацыі і правядзенні прэзідэнцкіх выбараў, я яшчэ раз нагадваю, што яны не толькі бяруць на сваю душу вялікі грэх перад сваім народам і чалавецтвам, але груба парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, за што не будзе тэрміну даўніны ў адказнасці за здзейсненыя злачынствы. Патрабаванні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь павінны выконвацца бездакорна.
(“Народная воля”, 15 сакавіка 1999 года)
ВЯСНА НАДЗЕЙ І ТРЫВОГ
Да 81-й гадавіны абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі
Вясна - гэта пара абуджэння прыроды. Таму з яе прыходам людзі заўжды звязвалі свае надзеі на лепшы лёс. Веснавое сонца і цяпло робяць жыццё больш святлейшым і цяплейшым. А для беларусаў вясна - гэта яшчэ і пара нацынальнага адраджэння. Так здарылася, што менавіта вясною пачыналіся паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі (24 сакавіка 1794г.) і Васіля Вашчылы (май 1940г.).
Першая спроба адраджэння беларускай дзяржаўнасці таксама адбылася вясной (1918 год). Але трэба адзначыць, што шлях да гэтага быў вельмі складаным, хаця барацьба беларусаў за сваю годнасць і незалежнасць не спынялася на працягу ўсяго перыяду ўваходжання ў склад Расейскай імперыі, аб чым гавораць і пералічаныя паўстанні. Нягледзячы на спробу ранейшай паланізацыі, а пачынаючы з вядомых у гісторыі трох падзелаў Рэчы Паспалітай і гвалтоўную русіфікацыю, беларусы імкнуліся захаваць сваю культуру і мову. Паказальным у гэтым з`яўляецца той факт, што менавіта на беларускай мове вітаў вядомы паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч) еўрапейскую рэвалюцыю 1848 года, якая, на яго думку, рабіла “вольных людзей і мужыкоў”. У гэты час пачынае развівацца і творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, для якога беларуская мова стала асноўнай. У 1846 годзе ў Вільні на беларускай мове была надрукавана яго камедыя “Ідылія”, да якой другі выбітны сын беларускай зямлі Станіслаў Манюшка - напісаў музыку.
Вялікім штуршком, які ўзняў цэлую хвалю адраджэнскага руху за беларускасць, стала паўстанне 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, якое свайго эпагею дасягнула, дарэчы, таксама вясною (красавік-май). І тут перш за ўсё трэба назваць творчую дзейнасць Францішка Багушэвіча (Мацея Бурачка), Янкі Лычыны (Неслухоўскага), Элаізы Пашкевіч (Цёткі), акадэміка Яўхіма Карскага, які навукова абгрунтаваў самастойнасць беларускай мовы як адной са старэйшых усходне-славянскіх моў. Пры гэтым трэба аддаць належнае і многім польскім (а дакладней - апалячаным) беларусам, а таксама расейскім навукоўцакм, якія не толькі цікавіліся беларускім пытаннем, але сталі збіраць і выдаваць цэлыя тамы беларускіх народных песень, казак, загадак і прыказак, апісваць беларускія народныя абрады і звычаі. У маскоўскай славянафільскай літаратурна-палітычнай газэце “Дзень” (1861-1865г.г.) знайшоўся нават сказ аб тым, што “Мы вінаватыя перад вамі (беларусамі). Мы, расейскае грамадзянства, як бы забыліся аб існаванні Беларусі”. Беларускія патрыёты пачалі браць актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху. У 1884 годзе пачаў выходзіць нават нелегальны народавольскі часопіс “Гоман”, які працягваў змаганне за палітычную і эканамічную самастойнасць Беларусі ў агульнай Расейскай Федэрацыі.
На новы, больш высокі ўзровень падняўся нацыянальна-вызваленчы рух у Беларусі на пачатку 20-га стагоддзя. У 1902 годзе ўзнікае Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, якая пазней была ператворана ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду - першую на тэрыторыі Беларусі нацыянальна-дэмакратычную партыю сацыялістычнага накірунку. Стваральнікамі і кіраўнікамі яе былі браты Луцкевічы, К. Кастравіцкі (Карусь Каганец), В. Іваноўскі, А. Уласаў, Ф. Умястоўскі, А. Пашкевіч (Цётка) і іншыя. У 1905 годзе ў Менску быў скліканы Беларускі Сялянскі з`езд, які пастанавіў стварыць Беларускі Сялянскі Саюз і таксама выказаўся за аўтаномію для Беларусі. А ў 1906 годзе стала выходзіць першая легальная газэта “Наша Доля”, а пасля яе разгрому - “Наша Ніва”, на старонках якой першыя свае крокі ў літаратуры рабілі Максім Багдановіч, Янка Купала, Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, Якуб Колас, Канстанцыя Буйло, Язэп Лёсік і іншыя.
Такім чынам, беларускае грамадства ніколі не развітвалася з марай адраджэння сваёй дзяржаўнасці як вышэйшай ступені нацыянальнай незалежнасці. Больш таго, яно расло і спела да новых крокаў у гэтым накірунку. І калі ў канцы лютага 1917 года ў Расеі адбылася буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя, беларусы адразу адчулі подых надыходзчых веснавых бурлівых грамадска-палітычных падзей. Ва ўсіх цэнтрах Расеі пачалі ўзнікаць беларускія арганізацыі. Ужо 15 сакавіка 1917 года ў Петраградзе з`вілася дэкларацыя беларусаў, у якой гаварылася, што Расея павінна быць рэарганізавана на асновах федэральнай дзяржавы, а 25 сакавіка з`езд Беларускай Сацыялістычнай Грамады, які адбыўся ў Менску, выказаўся за аўтаномію Беларусі. 25-26, 27 сакавіка 1917 года ў тым жа Менску (тады менавіта так ён называўся) прайшоў з`езд прадстаўнікоў усіх беларускіх арганізацый, на якім таксама было пастаноўлена, каб Беларусь была аўтаномнай рэспублікай. Шырокай аўтаноміяй для Беларусі і ўвядзенне беларускай мовы ў святынях патрабаваў з`езд Беларускага каталіцкага духавенства, які праходзіў 24-25 мая 1917 года ў Менску. У маі таго ж года пачалі закладвацца і першыя гурткі беларусаў-вайскоўцаў.
Ажыўленне беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, якое пачалося вясной, працягвалася ўвесь 1917 год і скончылася скліканнем у снежні Усебеларускага з`езду - Кангрэса Вялікай Беларускай Рады, удзел у якім збіраліся прымаць і бальшавікі, але спазніліся. На кангрэсе прысутнічалі 1872 дэлегаты, якія па вырашэнню нацыянальнага пытання падзяліліся на дзве групы: незалежнікаў і русафілаў. Першыя стаялі за адраджэнне беларускай дзяржаўнасці, другія - за больш цесную лучнасць Беларусі з Расеяй.
І вось тут ва ўсёй моцы праявілася здрадніцкая дзейнасць бальшавікоў, якія мелі ўжо ў сваіх руках уладу. Убачыўшы, што большасць дэлегатаў з`езда прытрымліваецца дзяржаўніцкіх поглядаў, яны абставілі будынак Гарадскога тэатра, дзе праходзіў з`езд, войскамі і кулямётамі і сілаю разагналі яго. Але, нягледзячы на абурэнне ў зале, аднаму з сакратароў з`езда Тамашу Грыбу ўсё ж такі ўдалося зачытаць рэзалюцыі, якая была падцверджана дэлегатамі і абвяшчала Беларусь рэспублікай.
Пасля разгрому Кангрэса ягоныя дэлегаты сабраліся ў чыгуначным дэпо і перадалі Радзе з`езда паўнамоцтвы на далейшае змаганне за беларускую дзяржаву. І калі пасля наступлення нямецкіх войскаў 19 лютага 1918 года бальшавікі пакінулі Менск, уладу ў горадзе і акрузе ўзяў у свае рукі Выканаўчы Камітэт Усебеларускага з`езда-кангрэса, які 21 лютага абвясціў сябе найвышэйшай уладай на Беларусі і звярнуўся з Першай Устаўною Граматай” Да народаў Беларусі”. У ёй, у прыватнасці, гаварылася: “Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада, што была тут, няведама, мы стаімо перад тым, што наш край можа быць заняты нямецкімі войскамі. Мы павінны ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен здзейсніць свае правы на поўнае самавызначэнне, а нацыянальныя меншасці на нацыянальна-персанальную аўтаномію. Прававы нацыі павінны знайсці сваё здзяйсненне шляхам склікання на дэмакратычных асновах “Устаноўчага Сойму”. Выканаўчы камітэт Рады папоўніўся прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасцяў і, здзяйсняючы мэты з`езда, абвясціў сябе часовай народнай уладай на Беларусі. Абарону і далейшае зацвярджэнне заваёў рэавалюцыі было даручана выконваць Народнаму Сакратарыяту Беларусі, які і стаў першым беларускім урадам. Да прыходу ў Менск немцаў (25 лютага) Беларускі урад быў адзінай уладай у горадзе.
На пачатку вясны (9 сакавіка) 1918 года Беларускі Урад прыняў Другую Устаўную Грамату, у якой гаварылася, што “Беларусь у рубяжах рассялення і лічэбнай перавагі беларускага народа абвяшчаецца Народнаю Рэспублікай”. У Грамаце зацвярджаліся правы і вольнасці гарамадзян і народаў абвешчанай дзяржавы - БНР. А 19 сакавіка Рада Усебеларускага з`езда яшчэ раз папоўнілася - ужо прадстаўнікамі гарадоў і земстваў, і на сваім паседжанні Выканаўчы камітэт Рады з`езда перайменавала ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, якая ўжо на сваім паседжанні ўноч з 24 на 25 сакавіка прыняла ІІІ Устаўную Грамату. Названай граматай Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася “Незалежнай і вольнай дзяржаваю”. Далей у грамаце асуджалася дзейнасць бальшавіцкага (“чужога”) ураду Расейскай Федэрацыі, які падпісаў і за Беларусь трактат у Бярэсці, што “забівае на смерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі”. ІІ Устаўная Грамата падцвердзіла ўсе правы і вольнасці, якія абвяшчала Устаўная Гармата ад 9 сакавіка 1918 года. А ў канцы ІІІ Устаўной Граматы выказвалася надзея на тое, што “усе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры здзейсніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы”.
* * *
З тых часоў прайшоў 81 год, За гэты час на долю беларускага народа выпалі вялікія выпрабаванні: сталініская дыктатура і ліхалецце Вялікай Айчыннай вайны, пасляваенная разруха. Адчуўшы ў першай палове 90-ых гадоў прывабнасць свабоды, беларускі народ зноў трапіў у ціскі дыктатуры, устаноўленай на гэты раз прэзідэнтам А. Лукашэнкам, якая давяла народ да галечы і бяспраўя. Але, на вялікае шчасце, прыйшла зноў вясна спадзяванняў - вясна 1999 года. Дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання, як таго і патрабуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прызначылі чарговыя выбары прэзідэнта на 16 мая 1999 года, падрыхтоўка да якіх, нягледзячы на вялікі ўціск з боку выканаўчых улад, ідзе сёння поўным ходам. І ніхто не можа пазбавіць беларускі народ яго канстытуцыйнага права абіраць кожныя пяць гадоў кіраўніка сваёй дзяржавы. Будзем спадзявацца, што і сам беларускі народ знойдзе ў сабе сілы і прыкладзе ўсе намаганні, каб узяць актыўны ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах і тым самым здзейсніць ідэалы незалежнасці і дэмакратыі, абвешчаныя вясною 1918 года. Як і тады, мы таксама спадзяемся на дапамогу прагрэсіўных дэмакратычных сіл міжнароднай супольнасці і таксама на тое, што на гэты раз гэтая дапамога будзе аказана беларускаму народу ў цяжкі і адказны для яго час.
(“Народная воля”, 25 сакавіка 1999 года)
АЛЬТЭРНАТЫВА ПРЭЗІДЭНЦКІМ ВЫБАРАМ - ГЭТА ДАЛЕЙШАЯ ГАЛЕЧА, БЯСПРАЎЕ І МІЖНАРОДНАЯ ІЗАЛЯЦЫЯ БЕЛАРУСІ
Тэма прэзідэнцкіх выбараў, якія дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання прызначылі на 16 мая бягучага года, безумоўна, хвалюе ўсіх жыхароў Беларусі. Гэтае хваляванне і дае падставу для гутаркі са Старшынёй легітымнага беларускага парламента Сямёнам Шарэцкім.
Сямён Георгіевіч, як вы ацэньваеце тую сітуацыю, што склалася зараз у краіне вакол прэзідэнцкіх выбараў?
Хачу адразу адзначыць, што вельмі шмат чаго ўжо зроблена. Створаны ўсе 180 тэрытарыяльных (абласных і раённых) выбарчых камісій, якія правялі значную работу. Утвораны дзве ініцыятыўныя групы кандыдатаў у прэзідэнты, яны сабралі неабходную колькасць подпісаў, што дазволіла Цэнтрвыбаркаму зарэгістраваць двух - Зянона Пазьняка і Міхаіла Чыгіра - прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы.
А што трэба рабіць зараз?
Па-першае, скажу, што Цэнтрвыбаркам і тэрытарыяльныя камісіі цяпер удакладняюць склад участковых камісій. А што тычыцца груп падтрымкі кандыдатаў у прэзідэнты, дык ім, на мой погляд, патрэбна ўзмацніць агітацыю за сваіх кандыдатаў. Зразумела, кожны разумее, што весці такую агітацыю зараз надзвычай цяжка. Адзін кандыдат у прэзідэнты знаходзіцца ў турме, другі - за мяжою. І тут я, як Старшыня Вярхоўнага Савета, хацеў бы падкрэсліць, што правахоўнымі органамі здзейснена яшчэ адно злачынства - без дазволу Цэнтрвыбаркама яны не мелі права арыштаваць кандыдата ў прэзідэнты Міхаіла Чыгіра.
Я хачу сказаць і пра другога кандыдата. Яму павінна быць прадастаўлена магчымасць вярнуцца з-за мяжы і весці агітацыю. Але нават каліі самі прэтэндэнты не змогуць гэтага зрабіць, агітацыяй будуць займацца іх ініцыятыўныя групы.
Сямён Георгіевіч, а ці ёсць альтэрнатыва выбарам кіраўніка беларускай дзяржавы?
Калі зыходзіць з юрыдычнага пункту гледжання, дык альтэрнатывы выбарам няма. Пра гэта кажуць і Канстытуцыя, і іншыя законы нашай краіны. Ды і людзі выбіралі Лукашэнку на пяць гадоў. Тэрмін яго прэзідэнцтва скончыцца 20 ліпеня. І пасля гэтага Лукашэнка не можа лічыцца дэмакратычна абраным прэзідэнтам. Пра што ўжо, дарэчы, заявілі і прадстаўнікі Дзярждэпартамента Злучаных Штатаў.
Трэба падкрэсліць, што за пяць гадоў Лукашэнка так і не змог выканаць ніводнагга свайго абяцання. Заводы і фабрыкі як не працавалі на поўную магутнасць, так не працуюць і цяпер. Сельская гаспадарка як пачала развальвацца, дык і развальваеццца і далей. Інфляцыя значна ўзрасла. Лукашэнка абяцаў людзям, што яны будуць жыць багата, а яны на самой справе апынуліся ў галечы.
Пра тое, што гэта так, сведчыць мноства прыкладаў. За мінімальны заробак сёння можна купіць адзін кілаграм кількі. Калі ж, не дай Бог, спатрэбяцца лекі… За но-шпу, напрыклад, трэба выкласці ўжо аж чатыры мінімальных заробкі - два мільёны рублёў. Больш таго, калі раней у краіне быў нейкі парадак, дык пасля так званага лістападаўскага рэферэндуму 1996 года ўстанавілася беззаконне. Ніякія законы не дзейнічаюць, ды іх і няма каму прымаць. Паглядзіце: на кожным вуглу стаяць міліцыянеры, але гэта не дапамагае, бо парадак залежыць не ад колькасці міліцыянтаў, пракурораў, суддзяў, а ад сацыяльна-эканамічнага становішча і выканання законаў. А таму альтэрнатывай выбарам могуць быць толькі яшчэ большыя галеча, бяспраўе і міжнародная ізаляцыя краіны.
Але ж афіцыйныя асобы сцвярджаюць, што народ падтрымлівае Лукашэнку…
Гэта хлусня. Сёння з задавальненнем можна адзначыць, што людзі Беларусі, нягледзячы на ілжывую прапаганду прэзідэнцкіх структур, добра разумеюць сапраўднае становішча спраў. Не звяртаючы ўвагі на мацнейшы ціск улад, больш як 300 тыссяч чалавек паставілі свае подпісы за аднаго ці другога кандыдата ў прэзідэнты. А гэта значыць, што яны адкрыта патрабуюць правядзення выбараў кіраўніка дзяржавы. Зразумела, такіх людзей у шмат разоў больш, чым 300 тысяч. Проста сёння многія баяцца адкрыта паставіць свой подпіс. Але калі справа дойдзе да тайнага галасавання, супраць Лукашэнкі выступяць мільёны жыхароў Беларусі. Цяперашняя выбарчая кампанія паказала, што тыя завярэнні ўсялякіх “спецыялістаў”, якія кормяцца з дзяржаўнага бюджэту, што народ нібыта падтрымлівае прэзідэнта, - няпраўда. На самай справе людзі патрабуюць выбараў. Пра гэта, дарэчы, гавораць і сацыяльныя даследаванні.
Сямён Георгіевіч, а як, на Вашу думку, адчувае сябе зараз прэзідэнт?
Апошнія ягоныя выступленні, якія паказваліся па тэлебачанню, даюць падставу сцвярджаць, што Лукашэнка знаходзіцца ў адчаі. І гэта яшчэ раз падцвярджае агульную ўпэўненасць: выправіць становішча ў краіне ён не можа, а ўладу згубіць баіцца. Адсюль і адчай, і злосць на ўсіх, і страх перад будучыняй.
Гутарку правёў Уладзімір Глод.
(“Народная воля”, 15 красавіка 1999 года)