|
1986. БАНДА НОНКАНФАРМІСТАЎ
ГУРТ БОНДА
"Месца пад сонцам"
“Месца пад сонцам” — адзін зь першых беларускамоўных рок-альбомаў — ствараўся цягам цэлага года (запіс быў завершаны ўвосень 1986 г.) у “самаробнай” студыі на чацвертым паверсе Інстытута культуры. Якраз з пачаткам запісу музыкі займелі новы назоў “Бонда” замест грувасткай “Студыі 7”. Гэтае слова выбралі са сьпісу, што адмыслова склаў паэт Анатоль Сыс паводле “Расейска-крыўскага (беларускага) слоўніка” Вацлава Ластоўскага. Сярод прапаноў былі “Крама”, “Брама”, “Ронд”, але ж усім спадабалася менавіта “Бонда”. Камсамольскія актывісты ўбачылі ў назве “аматарскага ВІА” крамолу — “бонда” ў іх асацыявалася з “бандай”. Упэўнівалі камсамольцаў з дапамогай прафэсара Адама Мальдзіса, які даў шырокае тлумачэньне слову (гэта й луста хлеба, і кавалак зямлі, агульнае ж значэньне — частка ад цэлага).
Пры дапамозе партатыўнай студыі запісалі 12 песень наступным складам: І.Варашкевіч (вакал, губны гармонік), І.Маркаў (гітара), В.Корань (гітара), С. Краўчанка (бас). “Намінальны” бубнач “Бонды” Сяржук Кныш пасьпеў “пастукаць” у адной песьні, потым яго забралі ў войска. На некаторы час яго замяніў Сяргей Брыкса ( сёньня вядомы як хрысціянскі спявак). Песьні для альбома адмыслова не адбіраліся, але музыкі сьвядома вырашылі больш не граць расейскамоўных твораў, напісаных у пэрыяд з 1980 па 1984 гг., калі гурт называўся яшчэ “Студыя 7”. Пазбавіліся таксама ад некаторых песень, створаных не на свае вершы (існавала, прыкладам, колькі песень на вершы Кандрата Крапівы). Музыка й тэксты “Месца пад сонцам” былі створаныя “тройцай” Варашкевіч—Маркаў—Кныш (за выключэньнем некаторых, якія Маркаў і Кныш напісалі ўдвох падчас працы ў Ніжневартаўску).
Музыкі прызнаюць, што ў “Месцы...” адчувальны ўплыў польскай музыкі, у прыватнасьці гурта “ Lady Punk ”. Але ж трэба прызнаць, што з апорай на традыцыі польскай музыкі, “Бонда” стварыла свой непаўторны стыль — прыпанкованны гук з блюзавай гармонікай. Песьні з гэтага альбома — “Стэфка” й “Слуцкая брама” былі пазьней уключаныя ў рэпертуар ужо легенды 90-х — гурта “Крама”. Яны й па сёньня выконваюцца на канцэртах. Не страцілі сваёй актуальнасьці й такія песьні, як “Падарожжа” й “Блюз” (“Шляхі ў начы”). Але ёсьць творы, што цяпер падаюцца крыху наіўнымі (“Вынаходнікі”, “Соль жыцьця”, “Раз-пораз”) і выклікаюць хіба толькі гістарычную цікавасьць.
У якасьці вокладкі была выкарыстана неафіцыйная эмблема гурта — мыш, што ўгрызаецца ў гітару. Гэты малюнак быў створаны ў 1985 г. мастаком-плякатыстам Міхалам Анемпадыставым, рэпрадукцыя ж вісела колькі часу ў “бондаўскай” студыі.
З гэтым альбомам, як зазначае “летапісец” “Бонды” Сяржук Сахараў у хроніцы гурта, “Бонда” “запачаткавала беларускія музычныя традыцыі нонканфармізму і... здолела акумуляваць творчыя магчымасьці таленавітых музыкаў”. “Бондаўцам” было й найдалей наканавана ствараць беларускую музычную гісторыю. Менавіта на іхныя песьні (“Ура”, “Койданава”) былі зьнятыя першыя беларускія кліпы. Пасьля распаду гурта ў 1989 г., зь яго паўсталі такія праекты, як “Уліс”, “Рокіс”, “Крама” й “ Little Blues Band ”.
Музычную спадчыну “Бонды” выдавалі двойчы: альбом “Месца пад сонцам” афіцыйна пабачыў сьвет у 1996 г. (дагэтуль ён нелегальна хадзіў “па руках”), а ў 1999 г. выйшаў своеасаблівы збор твораў — амаль усе “бондаўскія” песьні на двух кампакт-дысках.
Сяргей БУДКІН
ДЫСКАГРАФІЯ
1.“Месца пад сонцам” (1986, выдадзены ў 1996г. на МС)
2.“Бонда” (2CD, 1999)
Публікуецца на
сайце з ласкавай згоды Беларускага
Калегіюму
|