|
Валянцін АКУДОВІЧ
Беларуская асацыяцыя журналістаў,
“Беларускі калегіюм”
СМІ ЯК ФАБРЫКА МІФАЎ, АЛЬБО ДОСЛЕД АДНОЙ ЭСТЭТЫЧНАЙ ПАРАЗЫ
У пракаветную пару міф быў адзіным сродкам інфармацыі, прынамсі, што да прэзентацыі агульнай карціны свету. З тае пары прамінулі тысячагоддзі, якія ў згаданай схеме ўсё радыкальна перайначылі: сёння ўжо сама Інфармацыя зрабілася дамінантным міфам сучаснасці, а сродкі масавай камунікацыі выконваюць ролю асноўнага стваральніка, кадыфікатара і абярога безлічы самых разнастайных міфаў — ад глабальных да рэгіянальных. Гэтак атрымалася з таго, што ў сітуацыі камунікатыўнага выбуху менавіта СМІ, а не традыцыйныя інстытуты міфатворчасці (перадусім, рэлігія, культура, ідэалогія) сталіся найлепш прыдатнымі для гуртавання шызоідна разбэрсанай падзейнасці свету ў нешта паранаідальна цэлае, інакш — у міф.
Таму я адважуся сцвярджаць, што сёння галоўнай роляй СМІ ёсць не прадукаванне і атабарванне інфармацыі, а менавіта міфатворчасць. І калі такім чынам сфармуляваная версія насамрэч слушная, то мы мусім улічваць гэтую падставовую ролю СМІ ва ўсялякай канкрэтнай аналітыцы іхнай дзейнасці. Тое натуральна і для агляду дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі на Беларусі ў пост-камуністычны перыяд. Бо калі мы забудземся, што ў гэтую пару ўсе нашыя СМІ, перадусім, былі хоцькі-няхоцькі ўцягнутыя ў інтэнсіўны працэс па стварэнні аднаго вялікага міфа з эклектычнай назвай “Беларусь”, то нашыя спробы разрознівання ідэалагічных скажэнняў і аб’ектыўнай інфармацыі застануцца “рэччу ў сабе” й хутчэй заблытаюць агульную сітуацыю што да стану беларускіх мас-медыяў, чым прасветляць яе.
Больш за тое, абмяжоўваючы праблематыку СМІ палітыка-прававымі аспектамі (нават пры тым, што яны сёння надзвычай актуальныя і балючыя для ўсіх нас), мы неабачліва засланяем тое пакліканне, якім былі сакральна абцяжараныя айчынныя мас-медыі пасля таго, як беларуская літаратура (парадзіха нацыі) вычарпала свой міфатворчы патэнцыял.
Як мы ўсе добра ведаем, працэс афармлення паўнавартаснага міфа Беларусі яшчэ далёка не завершаны. Прынамсі, у адрозненне, скажам, ад палякаў, прыбалтаў ці расейцаў, мы нават самі не надта выразна ўяўляем ягоныя абрысы, не кажучы ўжо пра замежнікаў, якім даводзіцца сутыкацца з намі ў рэальнай ці віртуальнай прасторах. Прычына такога стану навідавоку. Раўнуючы з тымі ж палякамі, прыбалтамі ці расейцамі, якія патрапілі ў камуністычную імперыю з ужо сфармаванымі міфамі пра саміх сябе і якім пасля распаду гэтай імперыі трэба было толькі атрэсціся ад камуністычнага хлуду, беларусы, не маючы раней прыдбанай апранахі міфа, у 1991 годзе апынуліся ў стане голай незалежнасці.
Калі добра ўдумацца, то гэта была страшная сітуацыя. Яе, бадай, можна параўнаць з сітуацыяй чалавека, які раптам заўважыў, што ў яго няма ценю. Як быццам усё ў яго, як у людзей, але ценю няма, і таму ён не дае веры свайму жытву.
Карацей, незалежнай краіне тэрмінова спатрэбіўся агульнанацыянальны міф. І беларускія СМІ пачалі спехам фастрыгаваць яго на розныя меркі ды фасоны, хаця відавочна, што на тую пару найбольш моднымі аказаліся нацыянальныя строі. Але спакваля мода на нацыянальнае прамінула, дарэчы, як і мода на камуністычнае, ліберальнае ці якое там яшчэ. І мы надоўга патрапілі ў сітуацыю, калі цягам шматгоддзя барацьбу за сваю візію беларускага міфа вялі (на такой няўцямнай падставе, як голай вады супраціў) усяго дзве медыйныя групоўкі — дзяржаўная і апазіцыйная. (Апошнюю больш карэктна было б назваць проста “не-дзяржаўнай”, але ў варунках сучаснай Беларусі не толькі прэса, а і ўвогуле ўсё недзяржаўнае аўтаматычна набывае чын апазіцыйнага.)
Калі намаляваць схему гэтых спаборных міфаў, што спрабуюць сёння інфармацыйна прэзентаваць прастору аднаго і таго ж геапалітычнага прэцэдэнта, то мы атрымаем класічную бінарную апазіцыю: святло—цемра, цнота—гвалт, дабрабыт—галеча, ёсць—няма... і да т.п. Інакш кажучы, міфатворчасць дзяржаўных СМІ цалкам палеглася на пазітыў: гераічны народ, эканамічныя поспехі, палітычная стабільнасць, выдатныя дарогі, бліскучыя спартоўцы, высокі ўзровень адукацыі, бясплатная медыцына, новабудоўлі, фестывалі, пенсіі...
А вось апазіцыйныя СМІ зладзілі сваю стратэгію міфатворчасці выключна на негатыве: дыктатура, таталітарызм, Курапаты, эканамічны разрух, здрада нацыянальным інтарэсам, эскадроны смерці, карупцыя, савок, калгас, бесперспектыўнасць... і гэтак да бясконцасці.
Тут мы цалкам абмінаем увагай палітычны фермент, які якраз і ўзножыў тую і другую міфалагемы, а менавіта: свайму росквіту Беларусь абавязаная выключна Аляксандру Лукашэнку (варыянт дзяржаўных медыяў), свайму заняпаду Беларусь абавязаная таму ж Аляксандру Лукашэнку (варыянт апазіцыйных медыяў). Палітычная праблематыка тут унікаецца зусім не таму, што насамрэч яе не існуе, а таму, што для агульнанацыянальнага Міфа зусім не істотна, на якіх палітычных падвалінах ён паўстае, бо хоць які канцэптуальны міф — падзея не палітычная і нават не ідэалагічная, а інфармацыйна-эстэтычная.
Падкрэслім: менавіта інфармацыйна-эстэтычная. Апошняе аднолькава тычыцца як біблейнага міфа пра стварэнне свету, так і кожнага сучаснага міфа — будзе гэта Чарнобыль ці Microsoft. Але калі з інфармацыйнай складовай міфа ўсё больш-менш зразумела, (адзначым толькі, што інфармацыя тут мусіць быць, як кажуць, знакавай), то эстэтычную канстанту міфа фармалізаваць больш складана.
Ясна ўсведамляю, што нашая канферэнцыя прысвечана зусім не эстэтычным праблемам, але паколькі неўзабаве я наважуся сцвердзіць, што беларускія апазіцыйныя СМІ ў вайне за сваю візію агульнанацыянальнага міфа прайгралі дзяржаўным (а яны ўжо даўно прайгралі) не палітычна, не ідэалагічна і нават не з прычыны перманентнага адміністратыўна-прававога гвалту ўладаў, а — эстэтычна, то далей мне не абысціся без некалькіх словаў пра ўласна эстэтычнае.
Якой бы інфармацыйна важкай падзея ні была, яна станецца міфам адно ў тым выпадку, калі будзе зафіксавана ў эстэтычна вабных і запамінальных формах. Аднак тут важна ўсведамляць, што эстэтычнае — гэта зусім не абавязкова ўласна прыгожае. Яшчэ Кант сфармуляваў наяўнасць “эстэтыкі пачварнага”, якой і абумоўлена магчымасць такіх міфаў, як Апакаліпсіс, Дракула ці Хатынь. Але ў кожным разе, па-за сваёй падзейна-інфармацыйнай складовай, міф — гэта калі не веліч прыгажосці, то прыгажосць велічы — хай сабе жахлівай ці пачварнай.
Летась, 11 верасня, амерыканскія СМІ стварылі менавіта адзін з такіх міфаў, калі на нашых вачах абрынулі два хмарачосы на Манхеттэне. Гэта быў кашмар, але які прыгожы кашмар. І таму ён адразу стаўся адным з самых яркіх міфаў новага стагоддзя. Між іншым, я не абмыліўся, сказаўшы “СМІ... абрынулі”, бо хаця вежы ўзарвалі тэрарысты, “прыгожы кашмар” стварылі мас-медыі. Стварылі свядома, абмінуўшы і прыхаваўшы ўласна кашмар з гор расшкуматанай чалавечыны, бо насамрэч спажыўца інфармацыі зусім не цікавіць праўда жыцця — яго цікавяць прыгожыя міфы, і тым лепей, калі яны яшчэ і жахлівыя.
Дык вось, вяртаючыся да супрацьстаяння дзяржаўных і апазіцыйных СМІ ў Беларусі, даводзіцца канстатаваць: параза апошніх была перадвызначана наперад, паколькі яны фармавалі сваю візію агульнацыянальнага міфа на тым, што прынцыпова не эстэтызуецца — а значыць і не падлягае міфалагізацыі: гіблы край, нішчымнае грамадства, запалоханы народ, нягеглая апазіцыя, дурнотнае кіраўніцтва... Здаецца, адзіная ўдача апазіцыйных мас-медыяў у кантэксце стварэння міфалагемы Беларусі — гэта дэманізацыя Лукашэнкі на подзе эстэтыкі пачварнага (Лукашэнка яшчэ не Дракула, але ўжо і не “звычайны прэзідэнт” — апошняе, натуральна, алюзія на вядомы фільм Юрыя Хашчавацкага).
І паколькі тут высілкі дзяржаўных мас-медыяў (са знакам плюс) і апазіцыйных (са знакам мінус) супалі, то мы і атрымалі выключна эфектны і адначасова эфектыўны вынік, дзякуючы якому, у сітуацыі недааформленасці агульнанацыянальнага міфа, персанальны міф Аляксандра Лукашэнкі пакуль паасобку прэзентуе Беларусь як міжнароднай супольнасці, так — дзіва дзіўнае — і ўласна беларусам.
Але ва ўсім астатнім апазіцыйныя СМІ (што да абранай намі праблематыкі) выявіліся цалкам дэарыентаванымі — іх адно хапала на панылы скептыцызм хоць да якіх міфатворчых захадаў дзяржаўных СМІ: “Славянскі базар” — прафанацыя, “Дажынкі” — дурноцце, Чыгуначны вакзал — гігантаманія, Нацыянальная бібліятэка — паказуха, алімпійскі чэмпіён — халява...
Магчыма, і насамрэч халява, магчыма крытычныя аналітыкі супраціўных уладзе медыяў былі бездакорныя ў сваёй фактаграфічнай ды лагічнай выверанасці. Толькі ўсё гэта не выратавала іх ад астракізму спажыўца інфармацыі. Але ці магло быць інакш? Каму была патрэбная, каго магла зацікавіць тая панылая, занядбаная Беларусь, якую з дня ў дзень на старонках сваіх выданняў шэрымі фарбамі малявала апазіцыйная прэса? І масавы чытач, які ў сваім калектыўным падсвядомым ужо ж, напэўна, прагнуў і прагне прыгожага ды яркага міфа пра самога сябе і сваю краіну, меў рацыю, збегшы з гэтай няўтульнай папяровай чужыны ў больш лагодныя для яго інфармацыйныя прасторы.
Не ведаю, ці праз столькі гадоў апазіцыйныя СМІ ўрэшце пачынаюць усведамляць сваю канцэптуальную памылку, ці так атрымліваецца таму, што інакш і быць не можа, але падобна на тое, што шэраг базавых апазіцыйных выданняў (яшчэ, на шчасце, пакуль не зрэпрэсаваных уладай), не адмаўляючыся ад крытыкі рэжыму, асцярожна пачынаюць шукаць сябе ў кірунку, які можа быць досыць дакладна ахарактарызаваны формулай “Ад апазіцыйнай да агульнанацыянальнай прэсы”, а гэта ў нашым перыфразе будзе гучаць наступным чынам: “Ад сумы апазіцыйных адзін аднаму — да агульнанацыянальнага міфа”.
І хаця пакуль Лукашэнка застаецца пры ўладзе, бальшыня недзяржаўных медыяў ужо ж, напэўна, будзе інфармацыйна падтрымліваць супраціў паноўнаму рэжыму. Але хочацца верыць, што надалей ім хопіць розуму, каб аўтаматычна не пераносіць яго на супраціў той краіне, таму грамадству, што абцяжараныя гэтай уладай.
І апошняе. На жаль, айчынныя СМІ ўсё яшчэ не надта ўсведамляюць, што лёс Беларусі ў ХХI стагоддзі ўжо залежыць не ад палітыкаў, эканамістаў ці пана Бога, а толькі ад іх — медыямагнатаў і медыяшарагоўцаў. Рэч у тым, што мы цяпер жывём у свеце, дзе рэальнае існаванне народа, краіны (каго заўгодна) забяспечана не ўласна існаваннем, а толькі наяўнасцю яго праекцыі ў інфармацыйнай прасторы. Без гэтай устойлівай праекцыі ўжо ніхто і ніколі не паверыць у сапраўднасць чаго б там ні было. Як не верыць сабе чалавек, які не мае свайго ценю.
Публікуецца на
сайце з ласкавай згоды Беларускага
Калегіюму
|