|
Уводзіны
Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць зьяўляецца арганічнай часткай нацыянальнай культуры. На гэтую пісьмовасьць складаюцца: публіцыстыка ды зьвязаная зь ёю пэрыёдыка, мастацкая літаратура – паэзія, проза, драматургія, літаратурная крытыка, урэшце навуковыя ці папулярна-навуковыя дасьледаваньні. Эміграцыйная пісьмовасьць выдатна ўзбагаціла нацыянальную культуру, уводзячы ў яе такія непрысутныя ў беларускай савецкай публіцыстыцы, літаратуры й навуцы інтэрпрэтацыі й каштоўнасьці, як: самабытная трактоўка гісторыі Беларусі, дэмаскацыя сталінскіх і бальшавіцкіх злачынстваў, асуджэньне сілавой калектывізацыі беларускай вёскі, супраціў у адносінах да русыфікацыі Беларусі, аб’ектыўная карціна дэмакратычных прынцыпаў і нормаў у жыцьці заходніх краін, пахвала і ўзьвелічэньне духа поўнае свабоды мастака й вучонага, нескаваных прынцыпамі й наказамі сацыялістычнага рэалізму ды марксістоўска-ленінскай мэтадалёгіяй.
На працягу многіх дзясяткаў гадоў у савецкіх энцыкляпэдыях, даведніках, інфарматарах і падручніках пасьлядоўна замоўчваўся факт існаваньня беларускай эміграцыйнай пісьмовасьці. Калі весткі аб беларускіх эміграцыйных творцах паяўляліся ў беларускай савецкай публіцыстыцы, дык мелі яны, як правіла, іранічны, насьмешлівы, або рэзка асуджальны, пагардлівы характар.
Савецкія публіцысты, гаворачы аб эмігрантах, спаборнічалі паміж сабой у мнажэньні такіх эпітэтаў, як: здраднікі, нацыяналісты, падпальшчыкі вайны, паслугачы імпэрыялістаў, ворагі народу, шпіёны й агенты.
Толькі на пераломе 80-90-х гадоў ХХ ст. выйшла ў савецкай Беларусі першая кніга аўтарства Барыса Сачанкі, у якой выступілі нясьмелыя спробы рэабілітацыі беларускай творчай эміграцыі[1]. У кароценькай расейскамоўнай характарыстыцы кнігі было напісана:
„В книгу известного белорусского прозаика вошли статьи посвящённые временам сталинщины в белорусской литературе, а также загадка смерти Я. Купалы, мало известной и мало исследованной белорусской литературной эмиграции, деятелям народно-освободительного движения в начале ХХ в., которые оставили значительный след в культуре и науке”[2].
У кнізе гэтай выступіла яшчэ нямала, праўда, паслабленых, але ў сваёй істоце постсавецкіх тэрміналягічных рэліктаў, якія праявіліся ў традыцыйных абразьлівых акрэсьленьнях, ужытых у адрас тых беларускіх творцаў, якія пакінулі Беларусь і апынуліся ў вольным сьвеце. Нягледзячы на гэтыя недахопы, Барыс Сачанка аказаўся адным з першых дасьледчыкаў, якія патрактавалі эміграцыйную пісьмовасьць, як неадлучную й каштоўную частку беларускай літаратуры.
Як вядома, у верасьні 1991 году пасьля развалу Савецкага Саюзу наступіла абвяшчэньне незалежнай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь, і гэты факт стаўся вялікім штуршком у працэсе ўзьнікненьня даволі значных колькасьцяў кніжных публікацыяў, прысьвечаных характарыстыцы беларускіх эміграцыйных творцаў. Да такіх выдатных эміграцыязнаўчых кніг трэба залічыць, між іншым, наступныя:
- Б. Сачанка, Туга па Радзіме, Мінск 1992.
- Л. Геніюш, Споведзь, Мінск 1993.
- Беларускія пісьменнікі. Бібліяграфічны слоўнік, т. 1-6, Мінск 1992-1995.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 1-6, Мінск 1993-2003.
- Беларускія пісьменнікі. Даведнік, Мінск 1994.
- Беларуская энцыклапедыя, т. 1-18, Мінск 1996-2004.
Асаблівай увагі заслугоўвае трохтомнае дасьледаваньне пад рэдакцыяй А. Сабалеўскага Культура беларускага замежжа[3].
Нельга абыйсьці таксама каштоўнай чатырохтомнай Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, падрыхтаванай і выдадзенай Нацыянальнай Акадэміяй Навук[4].
Выдатным наватарскім дасьледаваньнем у беларускім краёвым эміграцыязнаўстве трэба лічыць кнігу А. А. Пашкевіча[5], якая ў выніку наглага ўмяшальніцтва прасталінскіх вайскоўцаў ня толькі не прынесла аўтару навуковага посьпеху, але прычынілася да сілавога выключэньня яго з працы на Катэдры Гісторыі Беларускай Літаратуры ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце.
Бласлаўлёная пара абмежаванага палітычнага лібэралізму й мінімальнага нацыянальнага адраджанізму, якая выступіла ў Беларусі ў гадох 1991-2004, дазволіла беларускім дасьледчыкам і выдаўцам выпусьціць у сьвет манаграфіі й літаратурныя творы, між іншым, такіх выдатных эміграцыйных аўтараў, як: Вітаўт Кіпель, Беларусы ў ЗША, Мінск 1993; Кастусь Акула, Змагарныя дарогі, Мінск 1994; Леанід Пранчак, Беларуская Амерыка, Мінск 1994; Янка Юхнавец, Сны на чужыне, Мінск 1994; Масей Сяднёў, Масеева кніга, Мінск 1994; Алег Вініцкі, Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гадох, Менск 1994; Янка Запруднік, Беларусь на гістарычных скрыжаваннях, Мінск 1996 і Аляксандар Надсан, Біскуп Чэслаў Сіповіч, сьвятар і беларус, Менск 2004.
З жалем сьцьвярджаем, што ў апошнім пэрыядзе ў Беларусі паглыбляецца й пашыраецца русыфікацыя ўсіх галін асьветніцкага, урадавага, адміністрацыйнага, выдавецкага, культурнага й палітычнага жыцьця. Разьмеры й абсяг гэтай русыфікацыі не ўступаюць манструальнай дэнацыяналізацыі Беларусі ў часах сталінскага разгулу, з той аднак розьніцай, што сёньня ў Беларусі не выступае масавае фізычнае зьніштажэньне сапраўдных і ўяўных апазыцыйных элемэнтаў, як гэта было ў пэрыяд сталінскага тэрору.
Мая трохтомная манаграфія Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць ставіць перад сабой задачу хаця б фрагмэнтарна паказаць найважнейшыя праявы той беларускай публіцыстыкі, літаратурнай крытыкі, мастацкай літаратуры й навукі, якія ўзьніклі па‑за этнічнымі межамі Беларусі на працягу ўсяго ХХ і на пачатку ХХІ стагодзьдзяў.
У першай частцы гэтай кнігі зьвяртаю ўвагу на найважнейшыя друкаваныя праявы беларускай інтэлектуальнай думкі ў такіх асяродках, як: Пецярбург – Расія, Каўнас – Літва, Прага – Чэхаславакія, Парыж – Францыя, Бэрлін – Германія. Часова манаграфія зьмяшчаецца ў гадох 1906-1945.
Характарызуючы гэты пэрыяд беларускага эміграцыйнага жыцьця, стараўся я максымальна выкарыстаць публіцыстычныя, навуковыя, эміграцыйныя артыкулы, дасьледаваньні й літаратурныя творы, лічачы, што якраз яны найпаўней і найбольш аўтэнтычна сьведчаць аб дзеяньнях, намерах і імкненьнях беларускіх эмігрантаў, якія, пакінуўшы Радзіму, ня здрадзілі роднаму слову й пры яго дапамозе змагаліся за лепшы лёс Бацькаўшчыны. Некаторыя зь іх, павязаўшы свае надзеі й пляны зь Гітлерам, памыліліся таксама жорстка, як і тыя, хто разьлічваў на шчасьлівы лёс Беларусі пад высакародным кіраўніцтвам „айца народаў” – Я. Сталіна.
Сёньня, бытуючы на свабодзе, мы павінны аб усім мінулым ведаць, але пры гэтым устрымоўвацца ад рэзкіх, асуджальных ацэнак і прысудаў у адносінах да тых беларусаў, якія дзейнічалі ў выключна цяжкіх, неспрыяльных і складаных жыцьцёвых умовах.
[1] Б. Сачанка, Сняцца сны аб Беларусі, Мінск 1990.
[2] Тамсама, с. 2.
[3] А. Сабалеўскі, Культура беларускага замежжа, т. 1, Мінск 1993; т. 2, Мінск 1993; т. 3, Мінск 1998.
[4] Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, т. 1, Мінск 1999; т. 2, Мінск 1999; т. 3, Мінск 2001; т. 4, частка 1, Мінск 2002; т. 4, частка 2, Мінск 2003.
[5] А. А. Пашкевіч, Канцэпцыя нацыянальнага быцця ў беларускай літаратуры замежжа ХХ стагоддзя, Мінск 2002.
Кніга публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Аўтара
|