|
1.
Беларускі эміграцыйны асяродак у Санкт-Пецярбурзе
1. 1. Выдавецкая суполка „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”[1]
Пераглядаючы беларускія гістарычныя манаграфіі, падручнікі, энцыкляпэдыі й слоўнікі з савецкіх часоў, нідзе не знаходзім спробы беларускіх аўтараў акрэсьліць, а тым болей паглыблена інтэрпрэтаваць такое паняцьце, як беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. Зьдзіўляе гэта тым болей, што гэтая зьява ня штучная, але жывая й актыўная на працягу амаль ста апошніх гадоў.
Як быццам праграмнае замоўчваньне й абмінаньне істотнай гістарычнай зьявы прымушае нас шукаць прынамсі ляканічнай характарыстыкі тэрмінаў: беларуская эміграцыйная пісьмовасьць альбо беларускія эміграцыйныя творцы.
Зразумела, што не прэтэндуючы да поўнага ды беспамылковага вырашэньня гэтага пытаньня, паспрабуем запрапанаваць наступнае акрэсьленьне тэрміну эміграцыйныя творцы: носьбіты беларускай эміграцыйнай пісьмовасьці – гэта публіцысты, дасьледчыкі альбо пісьменьнікі, якія дабравольна ці пад прымусам пакінулі айчынны этнічна-нацыянальны абшар і родны народ, перанесьліся на чужую этнічна-нацыянальную тэрыторыю, пасяліліся сярод чужога народу, але не перасталі пісаць у роднай мове й пачалі створанае выдаваць на чужыне, стараючыся апублікаванае распаўсюджваць сярод выхадцаў зь Беларусі альбо перасылаць свае выдадзеныя творы на Радзіму.
Зыходзячы з такой формулы, можам сьцьвердзіць, што паўнакроўная беларуская эміграцыйная пісьмовасьць у XX стагодзьдзі ўзьнікла перадусім у такіх асяродках, як: Пецярбург, Каўнас, Чэская Прага, Парыж, Бэрлін, а пасьля Другой Сусьветнай вайны – у заходняй Нямеччыне, Францыі, Вялікабрытаніі, Злучаных Штатах Амэрыкі, Канадзе, Аўстраліі і ў некалькіх іншых краінах сьвету.
Вялікае прыярытэтнае значэньне ў пачатковым разьвіцьці беларускай эміграцыйнай пісьмовасьці адыграў, несумненна, беларускі Пецярбурскі асяродак, які ўзьнік на пачатку XX ст. Некаторыя беларускія дасьледчыкі, разглядаючы гэтае пытаньне, дзейнасьць беларускага Пецярбурскага эміграцыйнага асяродка тракруюць як свайго роду адгалосьсе ці парастак дзейнасьці „Нашай Нівы”. Погляд такі не вытрымоўвае аднак крытыкі з тае простае прычыны, што беларуская пецярбурская выдавецкая суполка „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” ўзьнікла амаль паўгоду раней, чым „Наша Ніва”. У такіх абставінах зьяўляецца неабгрунтаванай спроба даказаць, што беларускі Пецярбурскі асяродак узьнік пад уплывам віленскай „Нашай Нівы”. Выклікае крытычныя заўвагі таксама тое, што ўсе дасьледчыкі пецярбурскай суполкі называюць яе сёньня „Загляне сонца і ў наша ваконца”, тады, калі ў сапраўднасьці гэтая суполка называлася „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”.
Пры нагодзе варта прыгадаць, што галоўнымі ініцыятарамі й стваральнікамі беларускай выдавецкай суполкі ў Пецярбурзе былі: Вацлаў Іваноўскі, Браніслаў Эпімах-Шыпіла[2] і крыху ў пазьнейшым часе моцна ўключыліся ў яе дзейнасьць браты Іван і Антон Луцкевічы ды Браніслаў Тарашкевіч, а таксама Цішка Гартны й Эдвард Будзька. Варта адзначыць, што пецярбурская суполка адыграла агромністую ролю ў падрыхтоўцы й друку першых беларускіх школьных падручнікаў. І так, у ліпені 1906 году суполка выдала першы падручнік Лямантар або Першая навука чытаньня Каруся Каганца. У тым жа годзе суполка выпусьціла ў сьвет Першае чытаньне для дзетак беларусаў Элізы Пашкевіч-Цёткі і тры гады пазьней Другое чытаньне для дзяцей беларусаў аўтарства Якуба Коласа. Апрача гэтага, пецярбурская суполка выдала цэлы шэраг літаратурных твораў Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Каруся Каганца, Янкі Купалы й іншых. Агулам суполка выдала амаль 40 кніг накладам каля 100 тысяч экзэмпляраў. Большасьць гэтай выдавецкай прадукцыі была накіравана ў Беларусь, хаця выдаўцы стараліся таксама пашыраць яе ў шэрагах беларускай эміграцыі, якая знаходзілася ў розных рэгіёнах Расейскай Імпэрыі. Гаворачы пра выдавецкую дзейнасьць суполкі „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”, нельга не сказаць і аб тым, што ў гадох 1912‑1913 выдала яна 3 кніжкі альманаха „Маладая Беларусь”.
Для таго, каб зразумець галоўныя мэты ды ідэалёгію пецярбурскай суполкі, варта прывесьці фрагмэнт уступу да І тому „Маладой Беларусі”, які выйшаў у 1912 годзе.
„«Маладая Беларусь» будзе выходзіць кнігамі ў 160 старонак, кніжкі будуць выходзіць адна за аднэй, як толькі набярэцца матэр’ял.
Ідучы да сваёй мэты «Маладая Беларусь» будзе мець:
1) Аддзел грамадзянскі, дзе будзем разьбіраць неадложные для беларускаго грамадзянства справы;
2) Аддзел навучны з асаблівай увагай на навучнае пазнаньне Беларусі;
3) Аддзел прыгожаго пісьменства і штукі.
Хаця ўсім была ясна даўно патрэба падобнаго выдавецтва – першы сшытак (томік) пушчаем у сьвет не без трывогі. А крыніца гэтае трывогі вечна тая самая: калі толькі німа сіл выдаваць якой-небудзь беларускай кнігі дваякімі літэрамі зразу – гэта значыць друкаваць тую самую кнігу два разы – заўсёды з’яўляецца страх, што гэту кнігу прачытае толькі часьць беларусаў.
Ці доўга вісецьме над намі двойчы-літэрнае пракляцьце – ніхто ня ведае цяпер. Адно толькі добра ведаем, у вадно крэпка верым: сьведомаму беларусу ўсе літэры роўны – для яго важна не форма – а сама істота, не чым напісана, а што напісана. Аднак пры цяперашнім стане беларускаго руху, болі сьвядомых беларусаў мы можэм палічыць сотнямі, а ўсіх беларусаў да дзевяці мільёнаў і мы ніколі не можэм забыцца, што гэтые дзевяць (без некалькі соцен мільёнаў) – гэта цяпер матэр’ял, з катораго ешчэ будуць сьведомые беларусы. І вось уся найбліжшая мэта – патрапіць першы раз да сэрца несьведомаго беларуса, каб умацаваўшы ў ім сьведомые адносіны да нашай справы мець у ім беларуса – грамадзініна”[3].
Шырэйшая праграма ўсёй беларускай пецярбурскай суполкі была вылажана ў тым жа сшытку „Маладой Беларусі” Антонам Навіной у паглыбленым аналітычным артыкуле пад назовам На дарозі да новаго жыцьця.
Гаворачы аб беларускай эміграцыйнай пісьмовасьці ў Пецярбурзе, нельга не прыгадаць аб такіх беларускіх газэтах, як „Сьветач”[4] і „Дзянніца”[5] ды аб іх ініцыятарах і выдаўцах Эдварду Будзьку й Цішку Гартным, а таксама аб Беларускім Студэнцкім Гуртку пры Пецярбурскім Універсытэце[6].
[1] Беларуская эміграцыйная суполка „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” была, несумненна, найвыдатнейшай беларускай эміграцыйнай грамадзка-нацыянальнай структурай, якая ўзьнікла па‑за этнічнымі межамі Беларусі на пачатку ХХ стагодзьдзя.
Юрыдычна суполка была зарэгістравана 5 (18) мая 1906 году. Яе галоўнымі ініцыятарамі й арганізатарамі былі: В. Іваноўскі, Ю. Іваноўскі, Б. Эпімах-Шыпіла, В. Валейка, У. Кілашэўскі, К. Кастравіцкі, У. Сталыгва і каля 40 іншых энтузіястаў беларускага адраджэньня. Галоўнай мэтай дзейнасьці гэтай арганізацыі было выдаваньне друкам беларускіх кніг.
Суполка заключыла паразуменьне з польскай пецярбурскай друкарняй К. Л. Пянткоўскага.
Рыхтаваныя суполкай кніжкі друкаваліся кірыліцай альбо лацінкай, а некаторыя зь іх паралельна двума шрыфтамі.
Частка тыражу выдаваных кніжак разводзілася сярод беларусаў – жыльцоў Пецярбурга, Масквы альбо іншых расейскіх гарадоў. Большасьць накладу накіроўвалася ў Беларусь.
Галоўнай мэтай выдавецкай дзейнасьці суполкі было пашырэньне асьветы сярод беларусаў – эмігрантаў і беларусаў – жыхароў Беларусі. Было гэта істотным і важным з тае прычыны, што да 1915 году на Беларусі не існавала нацыянальнага школьніцтва. Ад некалькіх вякоў адукацыя на ўсёй беларускай тэрыторыі праводзілася на польскай альбо на расейскай мовах. Парадоксам было тое, што на арганізацыю беларускага школьніцтва ў Беларусі далі дазвол нямецкія акупанты, якія ў 1915 годзе занялі амаль усю беларускую тэрыторыю.
На пачатку ХХ стагодзьдзя яшчэ не было на Беларусі беларускамоўных падручнікаў, пачынаючы ад першых клясаў пачатковых школ, а канчаючы сярэднімі школамі й вышэйшымі ўстановамі. Дарэчы, і сёньня ў незалежнай дзяржаве Рэспубліка Беларусь не выдаюцца беларускамоўныя падручнікі па якіх-колечы прадметах, якія выкладаюцца ў вышэйшых установах. Выключэньнем зьяўляюцца падручнікі па беларускай мове й літаратуры для пачатковых і сярэдніх школ, а таксама прызначаныя для студэнтаў беларускай філялёгіі ў дзяржаўных унівэрсытэтах краіны.
Стваральнікі й дзеячы суполкі „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”, прагнучы папоўніць страшэнны прабел у нацыянальнай адукацыі, пачалі сваю выдавецкую справу ад друку наступных падручнікаў: Беларускі лемантар або Першая навука чытаньня – 1906 г., Э. Цётка, Першае чытаньне для дзетак беларусаў – 1906 г., Я. Колас, Другое чытаньне для дзяцей беларусаў – 1909 г.
У 1908 годзе суполка заініцыявала выданьне цыклаў літаратурных твораў. У гэтым цыкле выйшлі ў сьвет наступныя кнігі: Я. Купала, Жалейка – 1908 г., Ф. Багушэвіч, Дудка буларуская – 1908 г., Смык беларускі – 1908 г., В. Дунін-Марцінкевіч, Пан Тадэуш – 1908 г., Гапон – 1908 г., Вечарніцы – 1909 г. Кніга з прадмоваю В. Іваноўскага В. Дунін-Марцінкевіч і яго жыцьцё. Шчыроўскія дажынкі і Купала – 1910 г.
У гадох 1910-1913 суполка, кіруючыся рэпэртуарнымі патрэбамі беларускіх драматычных гурткоў, выдала такія сцэнічныя творы, як: К. Каганец, Модны шляхцюк, А. Чэхаў, Сватаньне, М. Крапіўніцкі, Пашыліся ў дурні і Па рэвізіі; Э. Ажэшка, У зімовы вечар, Хам; Я. Купала, Паўлінка.
У гадох 1912-1913 суполка прыступіла да новага тыпу выданьня. Быў гэта альманах „Маладая Беларусь”, у якім – апрача літаратурных твораў – друкаваліся таксама тэарэтычныя дасьледаваньні. У гэтым трохтомным цыкле былі надрукаваны, між іншым, многія творы такіх пісьменьнікаў, як: Янка Купала, Якуб Колас, Канстанцыя Буйла, а таксама знакаміты тэарэтычны артыкул Антона Навіны (А. Луцкевіча) пад загалоўкам На дарозі да новаго жыцьця.
Параўнаўча плённым у выдавецкай справе аказаўся 1913 год, калі суполка выдала наступныя творы: Янка Купала, Шляхам жыцьця, Сон на кургане; А. Чэхаў, Мядзьведзь. Апошні выдавецкі акорд суполкі прыпаў на 1914 год, калі выйшаў у сьвет няпоўны зборнік Ф. Багушэвіча Дудка беларуская.
Выбух Першай Сусьветнай вайны канчаткова спыніў існаваньне й дзейнасьць суполкі „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”.
За сем гадоў свайго існаваньня суполка выпусьціла ў сьвет 38 кніг агульным накладам звыш 100 тысяч асобнікаў. Суполка выдавала таксама паштоўкі зь беларускімі краявідамі й партрэтамі беларускіх пісьменьнікаў.
Калі ўзяць пад увагу, што выдавецкая суполка не карысталася якімі-колечы датацыямі й фінансавай дапамогай з боку дзяржавы, і што ўтрымлівалася выключна з ахвяраваньняў галоўным чынам саміх ініцыятараў і арганізатараў, а таксама рэдкіх сымпатыкаў беларускай справы, дык мусім сказаць, што яе дасягненьні й выдавецкі плён мелі характар беларускага нацыянальнага подзьвігу, які можна параўнаць хіба што толькі з выдавецкім подзьвігам Францішка Скарыны.
Варта адзначыць і тое, што прыклад і выдавецкі чын „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” паўплываў на ўзьнікненьне й некалькігадовую дзейнасьць такіх беларускіх пецярбурскіх газэт, як: „Сьветач” 1916-1918 і „Дзянніца” 1918-1919.
Ня можа быць сумненьня і ў тым, што знакамітыя беларускія эміграцыйныя выдаўцы ў Каўнасе: Вацлаў Ластоўскі й Кляўдыюш Дуж-Душэўскі, а таксама Васіль Захарка й Тамаш Грыб у Чэскай Празе чэрпалі свае выдавецкія інспірацыі з досьведу й дасягненьняў сяброў выдавецкай суполкі „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”.
[2] Выдатны беларускі эміграцыйны дзеяч Браніслаў Эпімах-Шыпіла выводзўся з шляхецкага беларускага каталіцкага асяродзьдзя. Нарадзіўся ён 4 верасьня 1859 году ў фальварку Будзькаўка Полацкага павету на Віцебшчыне. Увайшоў ён у гісторыю беларускай культуры як выдатны фальклярыст, гісторык, мовазнавец, літаратуравед, выдавец, сардэчны апякун літаратурнай моладзі.
Браніслаў Эпімах-Шыпіла закончыў Рыскую Гімназію, а пасьля філязофска-гістарычны факультэт Пецярбурскага Ўнівэрсытэту, у якім абараніў кандыдацкую дысэртацыю. Працаваў ён у бібліятэцы гэтага ўнівэрсытэту й адначасна выкладаў латынь і грэцкую мовы ў некалькіх вышэйшых пецярбурскіх установах. Браніслаў Эпімах-Шыпіла прымаў актыўны ўдзел у пакліканьні да жыцьця й дзейнасьці Круга Беларускай Народнай Культуры і Прасьветы ў гадох 1902‑1904. Арганізацыя гэтая існавала ў Пецярбурзе й гуртавала студэнтаў-беларусаў з розных вышэйшых устаноў расейскай сталіцы.
Істотную ролю ў дзейнасьці гэтай структуры адыгрывалі таксама браты А. і І. Луцкевічы, В. Іваноўскі і К. Кастравіцкі (Карусь Каганец). Круг Беларускай Народнай Культуры і Прасьветы выдаў зборнік вершаў Я. Лучыны Вязанка – 1903 г., а таксама Калядную пісанку – 1904 г. і Велікодную пісанку – 1904 г. Аб шырокім і высакародным дыяпазоне Круга Беларускай Народнай Культуры і Прасьветы сьведчыць і тое, што сябры гэтай арганізацыі паспрабавалі выдаваць нелегальную беларускую газэту „Свабода”. Браніслаў Эпімах-Шыпіла прыняў непасрэдны арганізацыйны й фінансавы ўдзел у Крузе Беларускай Народнай Культуры і Прасьветы, зьядноўваючы да яе прыхільнікаў і энтузіястаў сярод вышэйшых устаноў Пецярбурга. Гэты выдатны беларускі вучоны непасрэдна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы матэрыялаў і дакумэнтаў для беларускай дэлегацыі, якая ў 1916 годзе накіравалася ў Лязану на канфэрэнцыю народаў Расеі, дзе дамагалася свабоды й дзяржаўнай незалежнасьці для Беларусі.
Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі Браніслаў Эпімах-Шыпіла паверыў у шчырасьць бальшавіцкіх дэклярацыяў адносна свабоднага выбару беларусамі сваёй будучыні. Вучоны быў перакананы, што абвяшчэньне БССР і гэтак званая беларусізацыя маюць шчыры характар і што давядуць да поўнага адраджэньня Беларусі, як у дзяржаўным, гэтак жа ў культурным і моўным аспэктах.
Кіруючыся такой верай, пакінуў Пецярбург і пераехаў у Менск, дзе актыўна ўключыўся ў дзейнасьць Інстытуту Беларускай Культуры, які быў папярэднікам Беларускай Акадэміі Навук. Будучы правадзейным членам Інстытуту Беларускай Культуры, разьвіваў актыўнаю дзейнасьць у шматлікіх галінах беларусазнаўства.
Ужо першая хваля сталінскага тэрору агарнула, між іншым, і Браніслава Эпімах-Шыпілу, які ў палове 1930‑х гадоў быў арыштаваны. Праўда, пасьля 2 месяцаў зьняволеньня выйшаў на свабоду з забаронай жыць і дзейнічаць у Менску. З гэтай прычыны выдатны беларус быў прымушаны вярнуцца ў Ленінград, дзе й памёр 6 чэрвеня 1934 году.
Кароткае турэмнае зьняволеньне й страшэнны разгул сталінскага тэрору, які разьліўся высокай хваляй па Беларусі й па ўсяму Савецкаму Саюзу, вылечылі Браніслава Эпімах-Шыпілу з наіўнай веры ў тое, што бальшавікі прагнуць шчыра адстаяць ідэю дзяржаўнай незалежнасьці й суверэннасьці Беларусі, і што хочуць запэўніць беларускай мове дзяржаўны ранг.
Падчас знаходжаньня на пасадзе старшыні Камісіі Інстытуту Беларускай Культуры, якая рыхтавала Слоўнік жывой беларускай мовы, Браніслаў Эпімах-Шыпіла праявіў максымум працавітасьці, ахвярнасьці й прынцыповасьці. Зрэшты, апрача мовазнаўства, актыўна працаваў у галіне этнаграфіі, фальклёру, гісторыі ды іншых праяваў беларускай культуры.
Імпануючымі былі рэзультаты яго дзейнасьці ў галіне беларускага літаратуразнаўства. Дасьледчык падрыхтаваў да друку Беларускую Хрэстаматыю (1889-1931), у якую ўвайшлі творы Ф. Тапчэўскага, Я. Лучыны, А. Паўловіча, У. Сыракомлі-Кандратовіча, Э. Пашкевіч (Цёткі) і шматлікіх іншых невядомых і вядомых беларускіх пісьменьнікаў.
Шукаючы нястомна праяваў гістарычнага й сучаснага беларускага пісьменства, Браніслаў Эпімах-Шыпіла навязваў кантакты, уваходзіў у знаёмства з такімі творцамі й знаўцамі беларускай літаратуры, як: Ф. Багушэвіч, М. Доўнар-Запольскі, Э. Карскі, Э. Пашкевіч (Цётка), Я. Колас, М. Багдановіч, Ц. Гартны, Э. Будзька.
Бадай што найбольш кранальныя стасункі зьвязвалі Браніслава Эпімах-Шыпілу з Янкам Купалам. Паэт на працягу некалькіх гадоў жыў на кватэры вучонага, атрымліваў ад яго бацькоўскую дапамогу ў арганізацыйных, выдавецкіх і фінансавых справах. І нават тады, калі вядучы беларускі творца пакінуў Пецярбург, пераехаў і пасяліўся ў Вільні, дзе стаў галоўным рэдактарам „Нашай Нівы”, у цяжкія хвіліны свайго жыцьця зьвяртаўся да Браніслава Эпімах-Шыпілы за дапамогай і заўсёды яе атрымліваў. Пецярбурскі вучоны прымаў дзейсны й эфэктыўны ўдзел у падрыхтоўцы да друку й выданьні першага паэтычнага зборніка Янкі Купалы Жалейка. Спрыяў таксама паступленьню Янкі Купалы на вышэйшыя курсы Чарняева ў Пецярбурзе. Янка Купала адносіўся да Браніслава Эпімах-Шыпілы з глыбокай павагай і ўдзячнасьцю. Пачуцьці гэтыя праявіліся ў лістах паэта да вучонага, а таксама ў вершах, прысьвечаных гэтаму сардэчнаму другу й апекуну. Аб трываласьці дружбы паміж Янкам Купалам і Браніславам Эпімах-Шыпілам сьведчыць і тое, што нават у гады сталінскага тэрору, калі над паэтам і над вучоным вісеў катаўскі тапор, Янка Купала наведаў у Ленінградзе сардэчнага патрона за год да яго сьмерці.
Браніслаў Эпімах-Шыпіла – адна з найвыдатнейшых постацяў беларускага нацыянальнага адраджэньня. Займае ён найбольш экспанаванае мейсца сярод тых беларускіх эмігрантаў, якія, жывучы на чужыне, ніколі ня здрадзілі Бацькаўшчыне й заўсёды пасьлядоўна служылі ідэі веры ў яе адраджэньне ды праз усё жыцьцё пранесьлі высокае перакананьне аб тым, што Беларусь у канцы канцоў перастане быць служкай у чужынцаў і стане годным і гордым гаспадаром у сувэрэннай дзяржаве.
[3] Да чытачоў, у: „Маладая Беларусь”, сшытак І, Пецярбур 1912, с. ІV-V.
[4] Рэдагаваная Эдвардам Будзькам беларуская газэта „Сьветач” выдавалася лацінкаю ў Пецярбурзе ад 1 (14) лістапада 1916 году да 31 студзеня 1917 году. Выйшла ў сьвет усяго 7 нумароў гэтага пэрыёдыка. „Сьветач” меў выразна каталіцка-рэлігійны характар і быў прызначаны для беларусаў каталіцкага веравызнаньня. Аўтары публікацыяў і асабліва галоўны рэдактар Эдвард Будзька прапанавалі ідэю адраджэньня Беларусі на грунце каталіцка-рэлігійных ідэалаў і прынцыпаў. Газэта экспанавала розныя праявы беларускага нацыянальнага жыцьця ў Пецярбурзе, з асаблівай увагай адносілася да дзейнасьці выдавецкай суполкі „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”.
[5] Цішка Гартны, сапраўднае прозьвішча Зьміцер Жылуновіч, апынуўшыся ў Пецярбурзе й актыўна ўключыўшыся ў рэвалюцыйны, бальшавіцкі рух, рэдагаваў у гэтым горадзе дзьве беларускія газэты пад аднолькавымі назовамі „Дзянніца”. Першая „Дзянніца” выдавалася Цішкам Гартным ад 1 (14) лістапада 1916 году да 13 студзеня 1917 году. Публіцысты газэты адводзілі прыярытэтнае мейсца асьветніцка-культурным пытаньням. Інфармавалі сваіх чытачоў аб шматлікіх беларускіх ініцыятывах ня толькі ў Пецярбурзе, але і ў іншых гарадох Расеі. На старонках „Дзянніцы” паяўляліся таксама літаратурныя творы Ц. Гартнага, А. Паўловіча, Ф. Шантыра ды іншых беларускіх паэтаў і празаікаў. Першая „Дзянніца” спыніла сваё існаваньне пасьля выхаду ў сьвет яе 7 нумара.
Другая „Дзянніца” пад рэдакцыяй таго ж Ц. Гартнага выходзіла ў першыя гады пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі ад 1 сакавіка 1918 году ў Пецярбурзе да 24 лютага 1919 году ў Маскве як орган рэвалюцыйнага ўраду і весьнік Беларускай сэкцыі Расейскай Камуністычнай Партыі (бальшавікоў).
Публіцыстыка другой „Дзянніцы” была больш складанай і разнароднай, чым яе папярэдніцы. З аднаго боку, „Дзянніца” зьмяшчала матэрыялы з тыповай беларускай літаратурнай і культурнай праблематыкай, з другога боку, досыць шырока займалася палітычнымі падзеямі, якія мелі мейсца як у рэвалюцыйнай Расеі, так і ў акупаванай немцамі, а пасьля й палякамі Беларусі. „Дзянніца” рашуча падтрымлівала ідэю стварэньня Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі, арганічна спалучанай у адной дзяржаве з рэвалюцыйнай Расеяй. Пры гэтым досыць шырока асьвятляла палемікі, што вяліся паміж маскоўскім рэвалюцыйным цэнтрам, які падтрымліваў ідэю стварэньня БССР, і прадстаўнікамі заходняга фронту – В. Кнорынам і А. Мясьніковым – заўзятымі ворагамі беларускай савецкай дзяржаўнасьці. Паводле іх, Беларусь павінна была стацца арганічнай часткай рэвалюцыйнай Расеі.
Варта зазначыць, што „Дзянніца” адводзіла экспанаванае мейсца для мастацкіх твораў і літаратуразнаўчых артыкулаў такіх аўтараў, як: Ц. Гартны, Я. Колас, М. Гарэцкі, А. Гурло, Ф. Шантыр, Я. Нёманскі, Я. Дыла, Я. Канчар і іншых.
Усяго выйшла ў сьвет 49 нумароў савецкай „Дзянніцы”, якая стойка змагалася за камуністычныя ідэалы, не прадбачваючы, што давядуць яны да заўчаснай сьмерці тысячы ні ў чым невінаватых беларусаў, у тым ліку й галоўнага ідэоляга „Дзянніцы” Ц. Гартнага.
[6] Беларускі Студэнцкі Гурток – арганізацыя гэта была паклікана да жыцьця беларускімі студэнтамі, якія вучыліся ў Санкт-Пецярбурскім Універсытэце.
Ідэя ўзьнікненьня Гуртка нарадзілася на пераломе 1905-1906 гадоў. Ажыцьцяўленьне яе наступіла 30 сьнежня 1912 году. Вядучым арганізатарам Гуртка быў студэнт фізыка-матэматычнага факультэта Яўген Хлябцэвіч. У дзейнасьць Гуртка актыўна ўключыўся таксама студэнт гісторыка-філязофскага факультэта Браніслаў Тарашкевіч, пазьнейшы арганізатар славутай Сялянска-Работніцкай Грамады.
Афіцыйным кіраўніком Гуртка быў дацэнт А. Розэнфельд. Дзейнасьць і ідэі Гуртка падтрымлівалі такія выдатныя вучоныя, як: А. Бодуэн дэ Куртэнэ, А. Пагодзін, Е. Раманаў, А. Шахматаў, Я. Карскі ды іншыя.
Беларускі Студэнцкі Гурток актыўна супрацоўнічаў з суполкай „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” і прымаў удзел у выданьні альманаха „Маладая Беларусь”.
Галоўнай праграмнай мэтай Гуртка было вывучэньне гісторыі Беларусі, фальклёру й этнаграфіі Беларусі, культуры й мастацтва Беларусі, беларускай мовы й літаратуры.
Члены Гуртка апрацавалі й прачыталі на публічных сходах шэраг беларусазнаўчых дакладаў; падрыхтавалі й выдалі газэту „Раніца” – 1914 год і намерыліся выдаваць газэту „Сябра”. Беларускі Студэнцкі Гурток арганізацыйна й фінансава моцна падтрымліваў дацэнт Пецярбурскага Ўнівэрсытэту Браніслаў Эпімах-Шыпіла.
Кніга публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Аўтара
|