|
1. Беларускі эміграцыйны асяродак у Санкт-Пецярбурзе
1. 2. Антон Луцкевіч – барацьбіт за сувэрэнную й дэмакратычную Беларусь
Антон Луцкевіч паходзіў з шляхецкай каталіцкай сям’і. Нарадзіўся ён 17 (29) студзеня 1884 году ў мясцовасьці Шаўлі Ковенскай губэрні. У 1902 годзе скончыў Мінскую Гімназію. Пасьля вучыўся на фізычна-матэматычным факультэце Пецярбурскага Ўнівэрсытэту, у канцы на юрыдычным факультэце Тартурскага Ўнівэрсытэту.
Ужо на пачатку ХХ стагодзьдзя моцна зьвязаўся зь беларускім нацыянальным рухам. У 1903 годзе прыняў актыўны ўдзел у пакліканьні да жыцьця Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады, якая некалькі гадоў пазьней зьмяніла свой назоў на Беларускую Сацыялістычную Грамаду. Знаходзячыся ў Пецярбурзе, актыўна дзейнічаў спачатку ў Крузе Беларускай Моладзі, а пасьля ў выдавецкай суполцы „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”. У першым нумары выдадзенага суполкай альманаху „Маладая Беларусь” апублікаваў выдатны нацыянальна-праграмны артыкул пад загалоўкам На дарозі да новаго жыцьця.
Апынуўшыся ў Вільні, прыняў дзейсны ўдзел у пакліканьні да жыцьця першых масавых газэт: „Наша Доля” (1906) і „Наша Ніва” (1906-1915). Антон Луцкевіч быў членам рэдакцыйных калегіяў гэтых двух тыднёвікаў і напэўна меў вырашальны голас у праграмных справах.
Якуб Колас, успамінаючы сваю працу ў „Нашай Ніве”, напісаў, што „Луцкевіч быў душою нашаніўскага нацыянальнага адраджэньня”. Калі ўзьнікла ў Вільні Беларускае Выдавецкае Таварыства, Антон Луцкевіч актыўна зь ім супрацоўнічаў і падтрымліваў яго як арганізацыйна, так і праграмна ды фінансава.
Пачынаючы ад 1911 году, Антон Луцкевіч быў суўладальнікам віленскай бібліятэкі „Веды” Б. Даніловіча, а ў 1914 годзе стаў яе поўным уладальнікам.
У час нямецкай акупацыі Беларусі, што сталася фактам у 1915 годзе, Антон Луцкевіч прычыніўся да ўзьнікненьня Беларускага Таварыства Дапамогі Пацярпелым ад Вайны. Арганізацыя гэтая асаблівы клопат праяўляла пра матэрыяльнае бытаваньне ўдоваў і сірат, якія ў выніку вайны былі пазбаўлены элемэнтарных сродкаў да жыцьця. Антон Луцкевіч моцна цікавіўся лёсам беларускіх школаў, якія ўзьніклі на Беларусі ў часе першай нямецкай акупацыі. Будучы выдатным асьветнікам, займаўся ён будынкамі, прызначанымі пад школы, падручнікамі, дыдактычнымі дапаможнікамі й перадусім падрыхтоўкай беларускіх настаўнікаў, якіх па ўсёй краіне было крайне мала.
У 1915 годзе Антон Луцкевіч – разам з братам Іванам і Элізай Пашкевіч (Цёткай) – паклікаў да жыцьця Беларускую Сацыял-Дэмакратычную Работніцкую Групу. У тым самым часе заініцыяваў ідэю арганізацыі Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага, якая – у разуменьні аўтара – мела быць свайго роду Злучанымі Штатамі, якія агарнулі б усе народы, што насяляюць тэрыторыі, распаложаныя паміж Балтыцкім і Чорным марамі.
Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі Антон Луцкевіч прапагаваў ідэю пакліканьня да жыцьця Віленскай Беларускай Рады, якая выступіла зь ідэяй стварэньня Беларуска-Літоўскай Дзяржавы. Пасьля выбараў яго на старшыню Віленскай Беларускай Рады шчыра вітаў узьнікненьне Рады Беларускай Рэспублікі. Увайшоўшы ў яе склад, стаўся гарачым прапагандыстам канцэпцыі абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Пасьля расколу Беларускай Сацыялістычнай Грамады прычыніўся да ўзьнікненьня Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі, у хуткім часе быў абраны старшынём сакратарыяту й міністрам замежных справаў ва Ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі. У кастрычніку 1918 году быў пакліканы на пасаду старшыні Рады Народных Міністраў і міністра замежных справаў БНР. На чале дэлегацыі БНР нанёс афіцыйны візыт на Ўкраіну і правёў размовы з гетманам П. П. Скарапацкім.
У сувязі з выключнымі камплікацыямі й цяжкасьцямі А. Луцкевіч у канцы 1918 году разам з Радай і Ўрадам БНР пераехаў у Вільню й адтуль у Горадню.
У сувязі з тым, што як з савецкага, гэтак і з польскага боку рабіліся рэпрэсійныя крокі ў адносінах да БНР і Беларусі, А. Луцкевіч на пачатку 1919 году скіраваў ноту пратэсту супраць Польшчы, якая далучыла да польскай дзяржавы Беластоцкі, Бельскі й Аўгустоўскі паветы. Гэтая нота не прынесла ніякага практычнага выніку. Польшча Пілсудскага, атрымаўшы ў 1920 годзе бліскучую перамогу над Чырвонай Арміяй пад Варшавай, уключыла ў свае межы ня толькі Беласточчыну, але і ўсю Заходнюю Беларусь, на якую складалася Гарадзеншчына, Наваградчына, заходняя Меншчына, Піншчына й Берасьцейшчына.
Вяртаючыся да 1920 году варта адзначыць, што ў канцы сакавіка А. Луцкевіч з часткай ураду БНР выехаў у Бэрлін, дзе зрабіў захады дзеля таго, каб беларуская дэлегацыя магла прыняць удзел у Парыскай мірнай канфэрэнцыі, прадстаўляючы на ёй інтарэсы незалежнай Беларусі, рэпрэзэнтаванай урадам БНР. Дзеля гэтай канфэрэнцыі Луцкевіч падрыхтаваў і ўручыў старшыні Парыскай канфэрэнцыі мэмарандум, у якім вылажыў гістарычныя крыўды беларускага народу ды пастуляты й намеры БНР у галіне адраджэньня беларускай дзяржавы.
Знаходзячыся ў Парыжы, прыняў запрашэньне прэзыдэнта адроджанай Польшчы Ігната Падарэўскага нанесьці візыт у Варшаву. Паверыўшы ў шчырыя інтэнцыі Падарэўскага, Луцкевіч прыехаў у Варшаву й правёў шэраг размоваў з прадстаўнікамі польскага ўраду й начальнікам польскай дзяржавы Пілсудскім. Візыт гэты меў драматычны фінал. На пачатку верасьня 1919 году Луцкевіч быў арыштаваны польскімі ўладамі ды толькі 1 сьнежня 1919 году выпушчаны на свабоду й змог вярнуцца ў Менск. Яго памылковая вера ў магчымасьць пагадненьня з Польшчай Пілсудскага была адной з прычын расколу Рады і Ўраду БНР. Зьнеахвочаны ўнутранымі канфліктамі й непаразуменьнямі ў вышэйшых органах Беларускай Народнай Рэспублікі, А. Луцкевіч пайшоў у адстаўку. Пакінуўшы Менск, пераехаў у Вільню, дзе аднавіў „Нашу Ніву” (выдаў 9 нумароў газэты). Апрача гэтага здолеў падрыхтаваць і выдаць 2 зборнікі: Наша Ніва і Памяць Івана Луцкевіча, якія былі формай ушанаваньня й падкрэсьленьня вялікай гістарычнай ролі як „Нашай Нівы”, гэтак і Івана Луцкевіча ў беларускім нацыянальным адраджэньні.
У палове 1920 году на працягу двух месяцаў бальшавікі пратрымлівалі Луцкевіча ў астрозе. Пасьля далучэньня Вільні да Рэчы Паспалітай, Антон Луцкевіч настойліва й пасьлядоўна прадаўжаў асьветніцкую, культурную й беларускую грамадзка-палітычную дзейнасьць. Працаваў ён у Віленскай Беларускай Гімназіі, а з 1921 году быў старшынём Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні. У палове 1921 году заснаваў Беларускую Школьную Раду, якая ў пазьнейшым часе спалучылася з славутым Таварыствам Беларускай Школы. Прымаў актыўны ўдзел у пакліканьні да жыцьця Беларускага Навуковага Таварыства, давёў да адкрыцьця Беларускага Музэя імя Івана Луцкевіча.
Адыграў выдатную ролю ў падрыхтоўцы беларусаў да ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі ў польскі Сойм. Узначальваў Беларускі Цэнтральны Выбарчы Камітэт. Падрыхтаваў праграму дзейнасьці й характар структуры Беларускага Пасольскага Клюбу.
Пасьля ўтварэньня ў 1925 годзе Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, якая на працягу двух гадоў вырасла да больш чым 100 тысяч членаў і сталася адной з найбольшых эўрапейскіх партыяў, А. Луцкевіч актыўна працаваў у яе органах.
Пасьля разгрому Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады польскімі ўладамі ў 1927 годзе А. Луцкевіч быў арыштаваны, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з чужаземнымі разьведкамі й пастаўлены на пачатку 1928 году перад судом, які апраўдаў яго й загадаў выпусьціць з турмы. У гэтым жа годзе быў арыштаваны паўторна й паўторна апраўданы судом. У выніку глыбокіх унутраных канфліктаў і інтрыг быў выключаны з Таварыства Беларускай Школы.
Адной з апошніх праяваў палітычнай дзейнасьці А. Луцкевіча быў яго ўдзел у пакліканьні да жыцьця Цэнтральнага Саюзу Культурных і Гаспадарчых Арганізацый, называнага найчасьцей Цэнтрасаюзам. Арганізацыя гэтая старалася выкараніць зь беларускага грамадзкага жыцьця праявы нянавісьці, заўзятасьці, інтрыганцтва, узаемных абвінавачваньняў і даносаў, лічачы, што ўсё гэта шкодзіць беларусам і памагае іх ворагам. Пры гэтым Саюз лічыў, што прапагаваньне ідэяў рэвалюцыйнай барацьбы з сыстэмай і дзяржавай можа толькі пашкодзіць тым, хто гэтую ідэю прапагуе. Праграма Саюзу заклікала да памяркоўнасьці, легалізму й парлямэнтарызму ў змаганьні за лепшы лёс беларускага народу.
Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі такі падыход да справы трактавала як здрадніцтва й праяву сэрвілізму да польскіх санацыйных уладаў. Другой прычынай узьяранасьці КПЗБ у адносінах да А. Луцкевіча быў яго артыкул пад загалоўкам Цень Азэфа, у якім аўтар заатакаваў дыктатарскія практыкі Язэпа Сталіна і Ўсесаюзнай Камуністычнай Партыі (бальшавікоў). Па сутнасці, гэтая пранізаная праўдай, факталёгіяй і аўтэнтызмам публікацыя сталася фундамэнтам пазьнейшага трагічнага лёсу Антона Луцкевіча.
Незразумела, чаму польскія ўлады ў хуткім часе пасьля друку гэтага антысталінскага й антыбальшавіцкага артыкула прымянілі ў адносінах да аўтара рэпрэсіі. Рэпрэсійнымі крокамі польскіх уладаў у адносінах да Луцкевіча трэба лічыць ліквідацыю кіраванага Луцкевічам Беларускага Выдавецкага Таварыства, а таксама звальненьне яго з працы ў Беларускай Гімназіі.
Аб парадаксальнасьці сытуацыі можам гаварыць і ў тым сэнсе, што некаторыя зь дзеячоў Цэнтрасаюзу заатакавалі А. Луцкевіча, прыпісваючы яму недарэчлівыя грахі й промахі. Прыкладам можа быць старшыня Цэнтрасаюзу Ф. Акінчыц, які, мабыць, забыўшыся аб адносінах да Луцкевіча камуністаў, прыпісваў яму марксістоўскую трактоўку рэчаіснасьці й палітыкі. Зь незразумелых прычын да напасьцяў на А. Луцкевіча далучылася таксама Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя.
Глыбока зьнеахвочаны й расчараваны, А. Луцкевіч амаль поўнасьцю парваў з палітыкай і мабыць дайшоў да горкага вываду, што для беларусаў трэба зрабіць многае, але зь беларусамі ня зробіш нічога, бо яны сапраўдныя мастакі ў шкодніцтве ў справах уласнага нацыянальнага інтарэсу.
У 1930-я гады А. Луцкевіч актыўна супрацоўнічаў з такімі газэтамі, як: польскі „Przegląd Wileński”, а таксама зь беларускай пэрыёдыкай: „Калосьсе”, „Гадавік Беларускага Навуковага Таварыства”. Пры гэтым актыўна дзейнічаў у Беларускім Навуком Таварыстве, ды ў Беларускім Музэі імя Івана Луцкевіча. Выступаў таксама часта публічна з дакладамі, лекцыямі й гутаркамі перад беларускімі й польскімі слухачамі.
Пасьля ўпадку Польшчы й далучэньня Вільні да СССР савецкія ўлады запрасілі А. Луцкевіча на сход беларускай інтэлігенцыі. Падчас гэтага сходу Луцкевіч заахвочваў усіх беларусаў актыўна ўключыцца ў новае палітычнае савецкае беларускае жыцьцё. Празь некалькі тыдняў А. Луцкевіч быў арыштаваны савецкімі органамі й тэрмінова дастаўлены ў Менск. Адпаведны орган НКУС паставіў яго перад судом, які прысудзіў Луцкевіча да 6‑гадовага лягернага зьняволеньня. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, А. Луцкевіч памёр у казахстанскай ссылцы ў 1946 годзе.
Такім чынам загінуў на 62 годзе жыцьця адзін з найвыдатнейшых беларускіх дзеячоў, які павінен быць пастаўлены ў адным шэрагу з такімі знакамітымі беларускімі адраджэнцамі, як Вацлаў Ластоўскі, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Гарэцкі, Адам Станкевіч – усе яны ахвяры крывавага сталінскага тэрору.
Антон Луцкевіч пакінуў багатую беларусазнаўчую публіцыстычную й дасьледчыцкую спадчыну, якая зьяўляецца выдатным яго ўкладам у беларускае літаратуразнаўства, мовазнаўства, рэлігіязнаўства, фальклярыстыку, гісторыю, асьвету, культуру й палітыку.
Характарызуючы жыцьцё Антона Луцкевіча, нельга забываць аб яго выключным публіцыстычным і навуковым унівэрсалізьме. Быў ён, несумненна, вядучым беларускім інтэлектуалам першай паловы ХХ стагодзьдзя. Ягоныя публіцыстычныя й навуковыя працы былі напісаныя ня толькі на беларускай, але таксама на расейскай і польскай мовах. Антон Луцкевіч цесна супрацоўнічаў з многімі польскімі, расейскімі, украінскімі, чэскімі ды іншымі часопісамі. Зразумела, што галоўным чынам засяроджваў сваю ўвагу на беларускай пэрыёдыцы, бо лічыў, што перадусім беларускамоўныя артыкулы, дасьледаваньні й працы могуць пранікнуць найглыбей у беларускую ачарсьцьвелую душу, ажывіць яе, актывізаваць ды інспіраваць у напрамку беларускага нацыянальнага адраджэньня.
Антон Луцкевіч напісаў некалькі соцен публікацыяў, большасьць якіх прысьвяціў разбуджэньню нацыянальнай беларускай сьвядомасьці, будаваньню рангу беларускай нацыянальнай мовы, усьведамленьню беларусам чалавечай гордасьці й годнасьці.
Антон Луцкевіч правільна лічыў, што беларускае адраджэньне ня будзе поўным і пасьлядоўным так доўга, як доўга ня ўзьнікне беларуская нацыянальная дзяржаўнасьць, як доўга беларускамоўная асьвета не агорне ўсіх куткоў краіны, як доўга ў беларускім грамадзкім жыцьці ня ўзьнікнуць беларускія нацыянальныя партыі, як доўга беларускія рэлігійныя канфэсіі не ўвядуць у свае рэлігійныя рытуалы беларускай мовы, і як доўга беларусы ня здолеюць пераканаць далёкіх і блізкіх суседзяў аб тым, што яны ў стане ўзяць у свае рукі лёс беларускай сувэрэннай дзяржавы, здольнай супрацоўнічаць і жыць у згодзе з усімі дэмакратычнымі краінамі сьвету.
Антон Луцкевіч быў выдатным архівістам і дакумэнталістам, патрапіў знайсьці, выкарыстаць і абнародаваць беларусазнаўчыя матэрыялы, захаваныя ня толькі ў беларускіх архівах і бібліятэках, але таксама ў кніжніцах Літвы, Расеі, Украіны, Польшчы й многіх іншых дзяржаваў.
На інтэлектуальную спадчыну Антона Луцкевіча складаецца некалькі соцен публікацый, пачынаючы ад кароткіх інфармацыяў і зьвестак, а канчаючы паглыбленымі навуковымі эсэ й кніжнымі дасьледаваньнямі тыпу: Беларускія песьняры або Адбітае жыцьцё, у якіх шырока й глыбока прадставіў уласную арыгінальную інтэрпрэтацыю як жыцця й творчасьці многіх беларускіх пісьменьнікаў, гэтак жа й сваіх уласных знаходак, роздумаў і канцэпцыяў, зьвязаных зь гістарычным лёсам беларускага народу й з пэрспэктывамі яго нацыянальнага адраджэньня.
Вялікім прабелам і недахопам беларускай гістарыяграфіі зьяўляецца тое, што да сёньня беларускія выдавецтвы ня выпусьцілі ў сьвет поўнага збору яго публіцыстычнай і навукова-дасьледчыцкай спадчыны, якая магла б стацца вялікім інспіратарскім чыньнікам ажыцьцяўленьня ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня й аўтэнтычнай сувэрэннай беларускай дзяржыўнасьці, якая, на жаль, і сёньня амаль таксама далёкая, зманлівая й няпоўная, як і ў тыя часы, калі жыў, дзейнічаў, ды тварыў Вялікі Беларус – Антон Луцкевіч, ахвяра сталінскага тэрору й садызму.
Кніга публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Аўтара
|