БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Аляксандар Баршчэўскі, Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць, ч. 1

1. Беларускі эміграцыйны асяродак у Санкт-Пецярбурзе

1. 3. Ідэя нацыянальнага адраджэньня ў публікацыі Антона Луцкевіча На дарозі да новаго жыцьця

Артыкул аднаго зь вядучых дзеячоў пэрыяду „Нашай Нівы” Антона Луцкевіча (напісаны пад псэўданімам Антон Навіна) пад назовам На дарозі да новаго жыцьця[1], зьмешчаны на старонках эміграцыйнага альманаха „Маладая Беларусь”, заняў аж 25 старонак друку й быў бадай што найбольш глыбокай тэарэтычнай публікацыяй, прысьвечанай беларускаму нацыянальнаму адраджэньню ў XІX і на пачатку XX стагодзьдзяў.

Антон Навіна распачаў свае разважаньні ад сьцьвярджэньня, што жыцьцё гэта пастаяннае змаганьне, у якім сільнае й актыўнае перамагае, а слабое й пасыўнае гіне. Аўтар зьвярнуў увагу й на тое, што ў сьвеце расьлін, а таксама ў сьвеце некаторых зьвяроў разам з прыходам зімы выступае заміраньне, якое публіцыст называе часовым летаргам. Яно, паводле Антона Навіны, пазваляе адпачыць, ператрываць неспрыяль­ныя ўмовы з той мэтай, каб разам з надыхо­дзячай вясной адрадзіцца й распачаць новую стадыю актыўнага існаваньня. Нешта падобнае выступае таксама ў жыцьці людзей, якія ня маюць сілы для таго, каб перамагчы ў неспрыяльных умовах, і таму ў абліччы дамінацыі сільней­шых прыкідваюцца нежывымі ды пападаюць у стан летаргу, зь якога ізноў прачнуцца ды праявяць акыўную жыцьцяздольнасьць і віталізм. 

Перамога над такім летаргічным станам стварае магчымасьць поўнага нацыянальнага адраджэньня й актыўнага ўключэньня ў су­сьветныя цывілізацыйныя працэсы. Па словах публіцыста, бела­русы якраз і зьяўляюцца такой нацыяй, якая папала ў неспрыяль­ных умо­вах у шматгадовую сьпячку з той мэтай, каб ізноў адрадзіцца ды стацца актыўным членам сям’і вольных і дэмакратычных народаў сьвету. 

Аналізуючы гістарычную мінуўшчыну Беларусі, публіцыст адклікаецца да тых часоў, калі на грунце паасобных плямёнаў фармавалася беларуская нацыя, што ў канцы канцоў давяло ў пэрыяд Вялікага Княства Літоўскага да максымальнага разьвіцьця беларускай культуры й беларускай мовы. Праявай такога стану рэчаў быў Зборнік законаў Вялікага Княства Літоўскага й Літоўскі Ста­тут, а таксама іншыя шматлікія літаратурныя жанры, якія буйна разьвіваліся на старабеларускай мове ў XІV‑XVІ стст. Антон Навіна зьвяртае ўвагу й на тое, што такі стан рэчаў прычыніўся да нара­станьня атмасфэры варожасьці да беларускасьці з боку двух вялікіх суседзяў, якія стараліся максымальна падпарадкаваць сваім інтарэ­сам беларускую краіну й беларускую нацыю. На жаль, у гэтым працэсе ганебную ролю адыгралі й беларускія асьвечаныя станы, якія даволі лёгка адракаліся ад роднага й пераймалі чужое. Разглядаючы гэтае пытаньне, Антон Навіна напісаў:



„Калі беларусы пагублялі свае інтэлігентныя станы, «простаму» народу – сялянству, каторае адно толькі захавала ў чыстаце сваю нацыянальную душу беларускую, жылося дужа цяжка. Беларускае сялянства стала далёкім і чужым для інтэлігенцыі, каторая дзяржа­лася іншай, чым народ, веры, іншай мовы і складаючыся найбольш с шляхты стаяла ў політычным і соцыяльным значэньні так высока над паднявольным дэмосам, што таго дэмоса і не бачыла”[2].



У далейшых сваіх разважаньнях Антон Навіна адзначае, што XІX ст. прынесла многа доказаў на тое, што нават сярод дэнацыя­налізаванай беларускай шляхты й арыстакратыі нярэдка прабу­джалася беларуская нацыянальная сьвядомасьць і што многія асобы з гэтых слаёў прынялі дзейсны ўдзел у працэсе беларускага нацыянальнага адраджэньня. Аднак такія дзеяньні не маглі давесьці да поўнага рэнэсансу беларускага народу хаця б з тае прычыны, што, з аднаго боку, магутная польская арыстакратыя, а з другога боку, яшчэ магутнейшы расейскі імпэрыялізм не намерваліся паслабляць свайго панаваньня над беларускім народам.

Сапраўднае беларускае нацыянальнае адраджэньне прыпала на пачатак XX ст. і праявілася найпрыгажэй у такіх фактах, як: узьнік­неньне беларускай выдавецкай суполкі ў Пецярбурзе, паклі­каньне да жыцьця „Нашай Долі” й „Нашай Нівы”, а таксама прабуджэньне беларускай сьвядомасьці сярод студэнтаў беларусаў, сярод бела­рус­кіх настаўнікаў, духавенства й сярод беларускага сялянства. Асабліва высока паставіў Антон Навіна ролю й значэньне „Нашай Нівы”. Характарызуючы гэты часопіс, публіцыст напісаў: 



„Мэтай сваёй «Наша Ніва» назначыла: працаваць дзеля культурнаго і эканамічнаго падняцьця Беларускаго краю і народу, разьвіваць у беларусаў нацыональную сьведомасьць, будзіць пачуцьцё грамадзянскай і чэловечай годнасьці і, крэпка злучыўшы ўвадно разьдзеленыя рэлігіей дзьве часьці беларусаў – католікоў і права­слаўных, разьвіваць нацыональную душу беларускаго народу. Патрэба газэты, у каторай і народ мог бы падаваць свой голас, была ўжо дужа вялікая і «Наша Ніва» зразу пайшла ў народ і дайшла да яго. Пад той час ужо ішла сур’ёзная праца ў галавах больш жывых і разьвітых сялян: у душы беларуса, – каторы, жывучы гэтулькі часу паднявольным жыцьцём, прывык ужо глядзець на сябе самога як на нейкае ніжэйшае стварэньне, – цяпер усё болей і болей расьце сьведомасьць, што астаючыся беларусам ён не перастаў і не перастане быць чэлавекам, як усе. Кніжка, газэта ў роднай мові – гэта ўжо не забава, а канечная патрэба. Ён сам пачаў голасна выказваць свае думкі «простымі» словамі – ад сэрца, пачаў выкладаць іх на паперу. І вось мала-па-малу «Наша Ніва» становіцца быццам люстрам, у каторым адбіваецца ўсё крапчэй беларускі нацыональны рух”[3].



Дасьледчык зьвярнуў увагу на тое, што беларускае нацыя­наль­нае адраджэньне праявілася ня толькі ў беларускім публіцыстычным і літаратурным слове, але таксама ў многіх іншых мастацкіх і гра­мадзка-палітычных формах.

Разглядаючы гэтае пытаньне, Антон Навіна адзначыў, між іншым, тое, што ўжо на пачатку XX ст. узьніклі ў многіх гарадох Расейскай Імпэрыі беларускія выдавецкія суполкі. Характарызуючы гэтую цікавую зьяву, Антон Навіна напісаў: 



„Поруч з выдавецтвам «Наша Ніва» і пецярбурскай суполкай «Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ» над павелічэньнем беларускага кніжнага багацьця працуюць яшчэ: у Мінску – суполка «Мінчук», у Вільні – «Наша Хата» і выдавецтва «Полачанін» і «А. Грыневіч». За пяць гадоў яны разам надрукавалі каля 200 тысяч экзэмпляраў кніжэк уся­каго гатунку: ёсьць тут і літаратурные творы, і школьные кніжкі, і практычные, і гаспадарскіе, і нават гісторычные. Як мы палічылі, у год ідзе да народу каля 25 тысяч экзэмпляраў уселякіх выданьняў. Дзе-не-дзе закладаюцца беларускіе бібліотэчкі, школы з навукай па беларуску (неоффіцыальные). Аткрыўся навэт і вучыцельскі журнал (у расейскай мове) – «Белорусский Учитель», але на другім нумэры скончыў сваё жыцьцё. 

У 1910 і 1911 гаду беларускі нацыональны рух далей разрастаецца і ў шыр, і ў глыб. Гэтые гады прынясьлі з сабой нараджэньне беларускага народнага тэатру, народных хораў. У Вільні, Гродні, Слуц­ку, Капылі, Полацку, Дзісьне, Давід-Гарадку, Пецярбурзі, Варшаві і т. д. пазакладаліся драма­тычные гурткі і хоры, каторые робяць публічные вечарынкі, ставяць п’есы ў беларускай мове, пяюць народные песьні, скачуць танцы беларускіе. У тым‑жэ часі бачым зачаткі беларускай драматычнай літэратуры – орыгінальнай і перакладзенай з чужых моў. Збіраюцца, апрацовываюцца і выдаюцца песьні беларускаго народу, а іх мотывы служаць тэмамі для вялікіх музыкальных твораў покуль-што йшчэ чужых композытораў.

У апошнім 1911 гаду справа тэатру становіцца ўжо на мацнейшы грунт. З вясны ў Вільні аткрыўся беларускі клюб пад названьнем «Беларускі Музыкально-Драматычны Кружок», каторы і працуе над разьвіцьцём беларускаго тэатру, песьні, музыкі, танцу. Поруч з гэтым залажыўся аб’езны тэатр пад загадам Ігната Буйніцкага, каторы ў летку аб’ехаў каля 15 мястэчак у Віленскай, Мінскай і Вітэбскай губэрні, падымаючы скрозь беларускі дух, будзячы нацыональную сьве­домасьць”[4].



Характарызуючы першапачатковы пэрыяд беларускага нацыя­нальнага адраджэньня, Антон Навіна зьвярнуў увагу на тое, што раней з прычыны ўсенароднае беларускае цемры й адсутнасьці беларускай нацыянальнай асьветы сапраўдныя беларускія дзеячы не былі ў стане гаварыць, а тым болей пісаць пра свае крыўды, пра свае патрэбы ды імкненьні на роднай мове. Гаварылі пра гэта альбо прадстаўнікі суседніх народаў, альбо рэдкія беларусы, якім удалося вырвацца зь сялянскай нядолі й атрымаць адукацыю, як правіла, на расейскай альбо польскай мовах, і таму гэты тып дзеячоў, пішучы пра Беларусь і беларусаў, адклікаўся да суседніх моваў. Паводле Антона Навіны, гэты этап беларускага нацыя­нальнага адраджэньня ў пэрыяд „Нашай Нівы” ўсё выразьней заканчваўся, і ўсё большая плеяда беларускіх дзеячоў зьвярталася да беларускай нацыі ў яе роднай мове. Разглядаючы гэтае пытаньне, дасьледчык, між іншым, напісаў: 



„Калі беларускі нацыональны рух толькі пачынаўся, гэта быў рух чыста сялянскі: васьмімільённая мужыцкая грамада першы раз падала свой голас, пачала сама гаварыць аб сабе і аб сваіх справах, выка­зываючы свае думкі так, як было найлягчэй – у роднай беларускай мове. За беларусаў лішне ўжо доўга гаварылі другіе: або зусім чужые людзі, або тые сыны беларускай вёскі, каторые «выйшлі ў людзі» і на сваіх сермяжных братоў глядзелі з верху. Ведама, ні адны ні другіе не маглі перэказаць таго, што думае і чаго хочэ народ: яны або ніколі не зналі беларускага селянства, як ніжэйшаго, «простага» стану, або так ад яго далёка адыйшліся, што перасталі разумець людзей, між каторымі ўзрасталі змалку. Затое ўсе шчырые дэмократы горача віталі прабуджэньне вёскі й сталі працаваць над тым, каб ёй лягчэй было выказаць усё, што праз доўгіе гады было зачынена ў галавах селянства цемнатой і беспраўным палажэньнем. Пачалася работа над разьвіцьцём «прос­тай» мовы, каб беларус мог гаварыць аб усім па беларуску: гэта – найлепшы спосаб выказываць свае думкі. 

Простыя, шчырыя словы народу маюць у сабе такую сілу, што прамаўляюць да душы і сэрца кожнаго, хто не загубіў здольнасьці разумець чужы боль і горэ, чужую душу. І вось загнаная, абкіданая пагардай і абсьмеяная родная мова разам зрабілася дарагой і мілай сэрцу ня толькі селяніну-земляробу, але і яго сыну інтэлігенту”[5].



Наступным вельмі важным пытаньнем, якое закрануў Антон Навіна, было пытаньне, зьвязанае з нараджэньнем беларускай нацыя­нальнай інтэлігенцыі. Паводле дасьледчыка, якраз гэтая грамадзкая праслойка – разам зь беларускай моладзьдзю – павінна ўскласьці на свае сэрцы, розумы й рукі цяжар, зьвязаны зь беларускім нацыянальным адраджэньнем. 

Антон Навіна заняўся таксама паставай рэлігійных канфэсіяў у дачыненьні да ідэі адраджэньня Беларусі. Разглядаючы гэтае надзвычай важнае пытаньне, дасьледчык зьвярнуў увагу на трады­цыйную залежнасьць праваслаўнага духавенства ад сьвецкай улады, якая была арганічна зьвязаная з расейскім самадзяржаўем і царызмам. Антон Навіна меў, несумненна, рацыю, калі сьцьвярджаў, што нават тыя праваслаўныя маладыя сьвятары, якія адносяцца да беларускасьці спрыяльна й прыхільна, ня будуць у стане супраць­ставіцца праваслаўнай герархіі, якая ў далейшым цьвёрда стаіць на грунце расейскага самадзяржаўя. Разглядаючы гэтае пытаньне, Антон Навіна напісаў: 



„Не кажучы многа аб нацыональна сьведомых інтэлігентах – асобах сьвабодных профэсій і т. д., бо іх ешчэ надта мала, мы зьвернемся да духавенства, каторае ў беларускай вёсцы мае дужа вялікую вагу. 

Трэба сказаць, што праваслаўных сьвяшчэньнікаў так крэпка дзержаць у сваіх руках вышэйшыя духоўныя ўласьці, такую сілу мае над імі сьвецкая адміністрацыя і правыя організацыі, што нават тыя, каторые шчыра спагадаюць беларускай справе, баяцца паказаць гэта чым-небудзь рэальна. Дый прыток маладых сьвяшчэньнікаў, у каторых нацыональная сьведомасьць прабудзілася ешчэ ў сэмінарыі, апошнімі гадамі неяк затрымаўся: усё болей сьведомые, болей жывые і энэргіч­ные вучні, скончыўшы сэмінарыю, ня хочуць ісьці ў сьвяшчэньнікі, а едуць у ўнівэрсытэты. Нягледзячы на ўсё гэта, чарнасоценцы на Кіеўскім з’езьдзі ў 1909 гаду зусім сур’ёзна падымалі праект, каб усіх сьвяшчэньнікаў с «тутэйшых» людзей перавадзіць з Беларусі ў цэнтральные губэрні, а на іх мейсцэ прысылаць сьвяшчэньнікаў – велі­каросаў, бо мейсцовые не надта энэргічна працуюць дзеля «абру­сеньня» краю!”[6].



Несумненна, беларускі публіцыст меў рацыю і ў тым фрагмэнце артыкулу, у якім падкрэсьліваў, што намнога больш спрыяльную ў адно­сінах да ідэі беларускага адраджэньня пазыцыю займала бела­рускае каталіцкае духавенства, якое перадусім брала прыклад з патрыятычнай паставы літоўскага духавенства, што актыўна ўключы­лася ў працэс літоўскага нацыянальнага прабуджэньня. На думку Антона Навіны, беларускія каталіцкія сьвятары, асабліва мала­дыя, усё актыўней будуць далучацца да беларускага нацыянальнага руху. Дасьледчык напісаў на гэтую тэму наступнае:



„Лепей стаіць справа з каталіцкім духавенствам. Ці тут літоўскія ксяндзы даюць добры прыклад, ці каталіцкіе духоўные ўласьці ўмеюць глядзець упярод – у будучыну – далей за праваслаўных, трудна напэўна сказаць. Адно толькі бачым: між маладымі ксендзамі (асабліва ешчэ вучашчыміся), каторые выйшлі з вёскі і не адарваліся ад яе зусім трапляецца ўсё болей і болей сьведомых беларускіх патрыотаў. Дзе-не-дзе – часта пад страхам свайго блі­жэйшаго начальства – яны ўжо пачалі ў касьцёлі гаварыць казаньня па бела­руску, выдаюць катэхізмы і рэлігійныя кніжкі ў беларускай мові і т. д. Усё гэта – ксяндзы-народнікі, людзі, каторыя скрозь свае рэлігійныя справы і ідэі ўмеюць бачыць жывы народ; гэта – ксяндзы-грамадзяне свайго краю. Але поруч з імі ў каталіцкім духавенстве ёсьць ешчэ другі кірунак: прэдстаўнікі яго, пачынаючы ад быўшаго Віленскаго біскупа барона Роопа глядзяць на беларускую мову толькі як на спосаб шырэньня ў народзі сваіх думак. Такіх дальназоркіх палітыкоў, аднак мала: на Беларусі пераважаюць дагэтуль ксяндзы-палякі і польскі нацыоналізм іх не дапускае нават думкі, каб працуючы для каталіцызму, духавенство карысталася беларускай мовай, паддзержываючы такім спосабам несымпатычны для палякаў беларускі нацыональны рух”[7].



Шукаючы ў беларускіх сацыяльных праслойках і прафэсіях ня толькі прыхільнікаў, але й ворагаў нацыянальнага адраджэньня, Антон Навіна зьвярнуў увагу на тых беларусаў-рэнэгатаў, якія цалкам запрадаліся чужым народам, чужым мовам і чужым нацыянальным інтарэсам. Дасьледчык назваў каля дзесяці расейскамоўных і польска­моўных часопісаў, якія актыўна імкнуліся да кампраметацыі беларускага нацыянальнага адраджэньня ды поўнай дэнацыяна­лізацыі беларусаў. Антон Навіна зьвярнуў увагу на тое, што ў гэтых варожых для беларусаў і беларускасьці выданьнях працуе й дзей­нічае многа беларусаў, якія рашуча супрацьстаўляюцца беларускай нацыянальнай сьвядомасьці ды ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня. Да такіх часопісаў Антон Навіна залічае: часопіс „Крестьянин”, „Белорусская жизнь”, „Северо-западная жизнь”, „Бело­русское общество”, „Белорусский клуб”, а таксама такія польскія часопісы, як: „Przyjaciel”, „Jutrzenka”, „Dwa grosze”. Паводле Антона Навіны, расейскамоўныя часопісы імкнуцца да поўнай русыфікацыі Беларусі, а польскамоўныя – да яе палянізацыі.

Вельмі важнай справай, якой зацікавіўся Антон Навіна ў сваёй публікацыі, сталася ідэя ўвядзеньня беларускай мовы ў школьную сыстэму, а таксама ў праваслаўныя й каталіцкія сьвятыні. Несум­ненна, дасьледчык меў поўную рацыю, лічачы, што прысутнасьць беларускай мовы ў працэсе школьнага навучаньня ды яе дамінацыя ў царкоўных і касьцельных рытуалах магла б адыграць вырашальную ролю ў працэсе беларускага нацыянальнага адраджэньня. Антон Навіна падкрэсьлівае, што без нацыянальнай школы ня можа быць гутаркі аб нармальным функцыянаваньні нацыянальнай сьвядомасьці й дзейнасьці нацыяналь­ных установаў ды структур. Паводле дасьлед­чыка, царскі ўрад даўно зразумеў гэтую элемэнтарную праўду й таму заўсёды пасьлядоўна змагаўся зь ідэяй увядзеньня ў школь­ніцтва на Беларусі беларускай мовы, падмяняючы яе расейскай мовай, якая прычынялася да русыфікацыі беларускіх дзяцей і бела­рускай моладзі. Разглядаючы гэтае пытаньне, дасьледчык напісаў: 



„Офіцыальна ўжываць у школі беларускую мову забаронена. І покуль беларусы не дачэкаюцца такога часу, калі ў Думе падымуць свой голас і здолеюць цьвёрда пастаяць за беларускую школу іх нацыо­нально сьведомыя прадстаўнікі, датуль як навучаньне па бела­руску ў народных школах, так і адкрыцьцё прыватных беларускіх школ ня можа ісьці правільна і шырока, а будзе адбывацца патайна. Гэта – адна з найвялікшых перашкод, якая ляжыць на дарозі беларускага нацыя­наль­нага адраджэньня, але яна так моцна зьвязана з нашым палітычным палажэньнем, што толькі з грунтоўнай пераменай палітычнага «курсу» можна будзе яе пазбыцца. А покуль-што дробныя ручайкі нацыональнай сьведомасьці цекуць у народную школу доўгай абходнай дарогай”[8].



Чарговай праблемай, якой заняўся Антон Навіна, была прабле­ма ўвядзеньня беларускай мовы ў Праваслаўную Царкву й Каталіцкі Касьцёл. Несумненна, беларускі публіцыст меў рацыю ў той момант, калі сьцьвярджаў, што беларускае каталіцкае духавенства знаходзі­лася ў намнога лепшай сытуацыі, чым духавенства права­слаўнае, хаця б з тае прычыны, што магло браць прыклад з паставы літоўскага каталіцкага духавенства, якое актыўна ўключы­лася ў працэс літоў­ска­га нацыя­нальнага адраджэньня. На думку Антона Навіны, беларускія каталіцкія сьвятары, асабліва маладыя, усё шырэй будуць уключацца ў працэс беларускага нацыянальнага руху. Ацэнь­ваючы гэтае пытань­не, Антон Навіна напісаў: 



„Цяпер зьвернемся да справы завядзеньня беларускай мовы ў цэркві й касьцёлі. Кажучы аб цэркві, мы спатыкаемся таксама з пера­шкодамі, каторые залежаць ад агульнай «палітыкі». За тое ў каталіцкім касьцёлі «палітыка» ўраду мае шмат меншую вагу: тутака духавенства, калі‑б хацела, магло‑бы багата зрабіць, але бяда ў тым, што яно – ня лічачы тых маладых ксяндзоў-народнікаў, аб каторых мы сказалі вышэй, – скоса паглядае на беларускі нацыональны рух. Агульна кажучы, справа беларускай мовы не такая простая, як на першы погляд здаецца, і да яе прыступіць трэба дужа асьцярожна і добра ўсё абдумаўшы. Гэтым і тлумачыцца факт, што беларусы ў змаганьні за правы да сваёй мовы ў касьцёлі не пайшлі тэй дарогай, якой з самага пачатку літоўскага руху ішлі і йдуць іх суседзі літвіны”[9].



Антон Навіна лічыць, што праблема ўвядзеньня беларускай мовы ў сьвятыні ёсьць праблемай вельмі складанай і цяжкой, але, нягледзячы на гэтыя цяжкасьці, толькі шырокая прысутнасьць бела­рускай мовы ў рэлігійным жыцьці можа захаваць нацыянальную еднасьць беларусаў католікаў і праваслаўных ды стварыць спрыяль­ныя ўмовы для бела­рускага нацыянальнага адраджэньня. Пасьля дэталёвага разгляду ўсякіх аспэктаў пашырэньня ўплываў беларускай мовы ў розных сфэрах грамадзкага жыцьця на Беларусі, дасьледчык канклюдуе: 



„На нашу думку тутака трэба ісьці двумя дарогамі: праз самы народ і праз духовенства. Трэба старацца, каб жаданьне правоў для роднай мовы ў касьцёлі шырэй збудзілася ў народных масах, каб увесь народ сам пачаў голасна іх дамагацца. Грунт для гэтага прыгатаўляе агульна-беларуская работа; сяўба на ўзаранай ральлі – гэта павіннасьць нацыональна-сьведамого духавенства, у тым ліку і тых ксяндзоў-народнікаў, кадры каторых ужо набіраюцца. Споўніць гэту павіннасьць народ наш мае права вымагаць ад духавенства як ад людзей і грамадзян, сыноў Зямлі Беларускай, нягледзячы на ўсе перашкоды, якія стаўляе польскі нацыоналістычны клір, або Сынод, або йшчэ хто іншы”[10].



З прыведзеных цытатаў адназначна вынікае, што Антон Навіна меў, несумненна, рацыю, калі, марачы пра шырокае й глыбокае бела­рус­кае адраджэньне, разьлічваў на школьніцтва й дзьве вядучыя рэлігійныя канфэсіі. Дасьледчык гэты зусім правільна трактаваў настаўнікаў і сьвятароў як свайго роду місіянераў, якія здольныя павесьці за сабою шырокія народныя масы па шляху беларускага нацыянальнага рэнэсансу. 

Зусім уматывавана й правамерна дасьледчык даказвае, што цёмны беларускі праваслаўны селянін паверыў царкве, што ён расеец, а беларус-католік паверыў касьцёлу, што ён паляк. Разгля­даючы гэтае пытаньне, Антон Навіна піша: 



„Беларускі селянін, не разумеючы чым каталіцтва розьніцца ад праваслаўя, крэпка верыць, быццам каталіцтва – гэта польская вера, праваслаўе – расейская. І ня дзіва: у цэркві ён прывык чуць расейскую мову, у касьцёлі – польскую, сваёй жэ роднай, беларускай, ня чуе ні тут, ні там. Палітыка ўраду і духавенства зрабіла тое, што два зусім розныя паняцьця – рэлігіі і нацыі – у галаве беларуса зьліваюцца ў вадно. «Паляк» і «каталік» для яго такія самыя сынонімы як «рускі», «расеец» і «праваслаўны»”[11].



Антон Навіна ўважае, што такія формы аргумэнтацыі й агітацыі праваслаўнага й каталіцкага духавенства паставілі пад пагрозу існа­ваньне беларускай маналітнай нацыі ды стварылі падставы й пэрспэктывы поўнага далучэньня праваслаўных беларусаў да расей­скага народу, а беларусаў-католікаў да польскай нацыі. Натуральным вынікам такіх працэсаў сталася б поўная ліквідацыя беларускае мовы, бо, сілаю рэчаў, русыфікаваны беларус успрыняў бы як сваю ўласную расейскую мову, а спалянізаваны беларус трактаваў бы як родную мову польскую. 

Кіруючыся гарачым беларускім патрыятызмам і разьлічваючы на беларускае адраджэньне, Антон Навіна шчыра верыў, што зной­дуцца ў беларускім народзе патрыятычныя сілы, якія супрацьста­вяцца гэтым згубным працэсам, аслабяць экспансыўную дзейнасьць Праваслаўнай Царквы й Каталіцкага Касьцёла, спалучаць у адну цэласьць беларусаў праваслаўных і беларусаў-католікаў, зашчэпяць ім нацыянальную сьвядомасьць, дзякуючуы чаму беларусы, неза­лежна ад свайго вера­вы­знаньня, цьвёрда стануць на грунце адзінай беларускай ідэі, і Беларусь зойме годнае месца сярод вольных і дэмакратычных народаў сьвету. Аналізуючы гэтае пытаньне, Антон Навіна напісаў: 



„Здаецца, варункі жыцьця беларусаў павінны былі ў канцы зусім разьдзяліць гэты народ на дзьве часьці павэдлуг рэлігіі з тым, што каталікі і па мове і па культуры зрабіліся б па праўдзі палякамі, праваслаўные – расейцамі, зьліўшыся зь вялікарускім народам. Гэтак яно напэўна і было‑бы, каб не нарадзіўся беларускі нацыональны рух”[12].



Паводле Антона Навіны, высокую адраджэнскую ролю павінна ўзяць на сябе беларуская сьвядомая інтэлігенцыя, якая, кіруючыся гістарычнай місіяй і валодаючы адпаведнымі ведамі й аргумэнтамі, ёсьць у стане пераканаць беларуса, што ягоная рэлігія не акрэсьлівае яго нацыянальнасьці ды што, будучы праваслаўным ці католікам, не ста­но­віцца ён ні расейцам, ні палякам, але застаецца карэнным беларусам. 

Варта задумацца, ці гісторыя пацьвердзіла спадзяваньні Антона Навіны ды ці ягоныя канцэпцыі мелі які-колечы практычны ўплыў на лёсы беларускага адраджэньня. На так пастаўленае пы­таньне нельга даць адназначнага адказу. Няма аднак сумневаў, што ідэі Антона Навіны, згодныя, зрэшты, поўнасьцю зь ідэаламі й прагра­май „Нашай Нівы”, у значнай ступені прычыніліся да разбуджэньня беларускага народу, хаця не разбудзілі яго поўнасьцю. Несумненна, пад уплывам „Нашай Нівы”, Антона Навіны й Вацлава Ластоўскага ўфармавалася плеяда такіх каталіцкіх ксяндзоў, як: Казімір Сваяк (Канстанцін Стэповіч), Андрэй Зязюля (Астрамовіч), Янка Быліна (Семашкевіч), Адам Станкевіч, Язэп Германовіч, Леў Гарошка, Часлаў Сіповіч, якія сталіся беларускімі паэтамі, празаікамі й публіцыстамі, дасьледчыкамі й выдаўцамі ды выдатнымі арганізатарамі бела­рускага нацыянальнага жыцьця як на Радзіме, гэтак у выгнаньні й на эміграцыі. Некаторыя з гэтых асобаў, нягледзячы на тое, што папалі ў савецкія канцлягеры, не адракліся ад беларускасьці. 

Вялікую ролю ў змаганьні за нацыянальную сьвядомасьць беларусаў і адраджэньне краіны адыгралі такія рэлігійныя часопісы, як: „Беларуская Крыніца”, „Крыніца”, „Да злучэньня”, „Божым Шляхам”, якія таксам ўзьнікалі й дзейнічалі як свайго роду адгалосьсе нацыянальных спадзяваньняў ды ідэалаў Антона Навіны. Аднак усе гэтыя высакародныя намаганьні не давялі да поўнай перамогі беларускага нацыянальнага адраджэньня. Сёньня, больш за 90 гадоў пасьля публікацыі арты­кулу Антона Навіны На дарозі да новаго жыцьця, бачым, што беларусы-католікі й беларусы-праваслаўныя надалей знаходзяцца пад вялікім уплывам польскай і расейскай нацыянальнай сьвядомасьці ды што ў іхным штодзённым жыцьці дамінуе польская й расейская, а не беларуская мова. Тое самае даты­чыць беларускай мовы ў школах. Толькі невялікі адсотак беларускіх дзяцей і моладзі вывучае родную мову. І ўсё ж такі, нягледзячы на няўдачы ў працэсе беларускага нацыянальнага адраджэньня, нельга не заўважыць, што летуценьні й надзеі такіх людзей, як: Антон Навіна, Вацлаў Ластоўскі, Браніслаў Эпімах-Шыпіла ці Браніслаў Тарашкевіч надалей застаюцца яскравымі промнямі ў беларускай цемры. 

З цэласьці публікацыі На дарозі да новаго жыцьця адназначна вынікае, што яе аўтар, Антон Луцкевіч (Антон Навіна) быў бадай што найвыдатнейшым знаўцам беларускай грамадзкай і нацыянальнай беларускай рэчаіснасьці пачатку ХХ ст. і што фармуляваныя ім аналізы, погляды й прапановы ня страцілі свайго глыбокага сэнсу й актуальнасьці таксама ў сёньняшні час.
 


[1] А. Навіна, На дарозі да новаго жыцьця, у: „Маладая Беларусь”, сшытак 1, Пецярбург 1912, с. 11-36.

[2] Тамсама, с. 15.

[3] Тамсама, с. 22-23.

[4] Тамсама, с. 23-24.

[5] Тамсама, с. 26.

[6] Тамсама, с. 26-27.

[7] Тамсама, с. 27.

[8] Тамсама, с. 30. 

[9] Тамсама, с. 30. 

[10] Тамсама, с. 33. 

[11] Тамсама, с. 31-32. 

[12] Тамсама, с. 32.


Кніга публікуецца на сайце з ласкавай згоды Аўтара

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster