БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Аляксандар Баршчэўскі, Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць, ч. 1

2. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе

2. 1. Роля Каўнаскага асяродка ў разьвіцьці беларускай пісьмовасьці

Вельмі важным асяродкам разьвіцьця беларускай літаратуры па-за межамі Беларусі стаўся літоўскі горад Каўнас. Меў ён галоўным чынам характар навуковы й літаратурны. Аднак у сувязі з тым, што ў пэрыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі, па сутнасьці, усе эміграцыйныя рухі сярод народаў, якія ўваходзілі ў склад Расейскай Імпэрыі, мелі перадусім палітычны характар, дык і беларускія эмігранты ў Каўнасе часта таксама займаліся палітыкай.

Каб зразумець істоту беларускага эміграцыйнага руху ў Каўнасе, трэба адклікацца коратка да некаторых фактаў. I так, 12 сьнежня 1919 году, перамогшы ўнутраныя непаразуменьні й канф­лікты, беларускія нацыя­нальныя арганізацыі паклікалі да жыцьця новы ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасаду прэм’ера ў гэтым урадзе заняў вядомы вучоны й палітык Вацлаў Ластоўскі. Адбывалася гэта тады, калі вялікая частка Беларусі, уключна зь Менскам, знахо­дзілася пад польскай уладай. Польскі ўрад не намерваўся талераваць ураду Ластоўскага, які моцна акцэнтаваў непрыхільнасць як да Савецкай Беларусі, гэтак і да Польшчы, і прапагаваў ідэю поўнай незалежнасьці Беларусі. Польскія вайсковыя ўлады далі загад арыштаваць увесь урад Ластоўскага як арганізацыю нелегальную. Некаторым зь беларускіх палітыкаў удалося ўцячы. Аднак Вацлаў Ластоўскі быў арыштаваны і, пасьля аднамесячнага знаходжаньня ў польскай турме, выпушчаны на свабоду. Ня маючы ніякіх магчы­масьцяў да дзейнасьці на тэрыторыях Беларусі, занятых расейцамі й палякамі, Ластоўскі выехаў у сталіцу Латвіі – Рыгу з намерам прадаўжэньня дзейнасьці беларускага ўраду ў эміграцыйных умовах. Польскі ўрад аднак дамогся ад латышоў выгнаньня Ластоўскага з Латвіі. Пасьля гэтага беларускі палітык пераехаў у Літву й затрымаўся ў Каўнасе, куды ў хуткім часе зьехаліся амаль усе міністры ўраду БНР. Дзякуючы гэтаму Вацлаў Ластоўскі мог разьвіваць параўнаўча свабодную дзейнасьць, з тае прычыны, што тагачасная Літва знахо­дзілася ў вельмі дрэнных адносінах з Польшчай, і таму ўсялякае ўмешваньне з боку польскага ўраду ня мела шанцаў. Знаходзячыся ў Каўнасе, урад Ластоўскага ня толькі вёў вострую антыпольскую прапаганду, але таксама інспіраваў партызанскі рух, які змагаўся з Польшчай на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Як вядома, у сакавіку 1921 году адбывалася мірная канфэ­рэнцыя ў Рызе. На канфэрэнцыю гэтую паехаў таксама Ластоўскі, верачы, што ўдасца там нешта зрабіць для беларускіх нацыянальных аспі­рацыяў. Аднак памыліўся. Ні прадстаўнікі Леніна, ні прадстаўнікі Пілсудскага не намерваліся задаволіць незалежніцкія беларускія імкненьні. Ня лічачыся зь беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі, падзялілі яны паміж Савецкай Расеяй і Польшчай беларускія землі й беларускі народ. У гэтакіх умовах Вацлаў Ластоўскі й ягоны ўрад не маглі разьлічваць на свабодную дзейнасьць як у Савецкай Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Масквы, гэтак і ў Заходняй Беларусі, якая была ўключана ў межы Поль­скай Рэчыпаспалітай. Такія абста­віны рашуча пагоршвалі пэрспэктывы ўраду Ластоўскага, асуджаючы яго на пастаянную эміграцыю. Вярнуўшыся ў Каўнас, Вацлаў Ластоўскі меў над чым задумоўвацца, тым болей, што ў складзе ягонага ўраду безупынна змагаліся прынамсі тры супрацьстаўныя тэндэнцыі. Адну зь іх фармавалі прыхільнікі прапольскай арыентацыі, другую – прасавецкія дзеячы, а трэцюю – рашучыя змагары эа поўную свабоду й незалежнасьць Беларусі. Сам Ластоўскі разумеў, што калі яшчэ раны ад падзелу беларускай зямлі й беларускай нацыі былі сьвежыя, нельга было падпарадкоўвацца ні Польшчы, ні Расеі, і трэба было бараніць ідэю незалежнасьці, бо толькі такая ідэя абасноўвала й матывавала існаваньне эміграцыйнага ўраду. У сувязі з тым, што тагачасная Літва знаходзілася ў дрэнных стасунках як з саветамі, гэтак і з Польшчай, Вацлаў Ластоўскі зрабіў усё, каб стварыць як найлепшыя адносіны зь літоўскім урадам і атрымаць ад яго максы­мальную дапамогу для дзейнасьці свайго кабінэту. Кіруючыся такім намерам, стараўся давесьці да афіцыйнага заключэньня зь літоўскім урадам такіх паразуменьняў, якія былі б карысныя для Беларусі. Дзякуючы нястомнасьці Ластоўскага, літоўскі ўрад выдзяліў пэўныя сродкі на фінансаваньне беларускага школьніцтва, а таксама на ўтрыманьне беларускага вайско­вага палка, які разам зь літоўцамі змагаўся супраць польскага войска. Апрача гэтага, зь інспірацыі Літвы, Германія зьняла арышт з 16 мільёнаў нямецкіх марак, якія пазычыў некалькі гадоў раней Беларускай Народнай Рэспубліцы Сямён Пятлюра. Грошы гэтыя былі замарожаныя ў нямецкіх банках. Атрымаўшы так істотную суму, урад Ластоўскага быў у стане ня толькі фінансаваць сваю палітычную й дыпляматычную дзейнасьць, але таксама выдаваць некалькі часопісаў, такіх як „Беларускі Сьцяг”[1] і славуты „Крывіч”[2]. Зразумела, што часопісы гэтыя служылі ня толькі беларускай палітыцы, але таксама беларускай літаратуры й публіцыстыцы.

Варта яшчэ прыгадаць, што з 5 на 6 сакавіка 1922 году польскія ўлады высялілі зь Вільні 33 беларускіх і літоўскіх дзеячоў. Сярод іх знайшоўся таксама выдатны беларускі пісьменьнік Максім Гарэцкі. Выселеныя беларусы накіраваліся ў Каўнас, дзе былі вельмі прыхільна сустрэтыя Ластоўскім і ягоным урадам. Аднак поўнае паразуменьне паміж Гарэцкім і Ластоўскім не было дасягнута, і таму Гарэцкі пакінуў Каўнас ды накіраваўся ў Латвію, што паспрыяла паглыбленьню непаразуменьняў у складзе ўраду Вацлава Ластоў­скага, і што, праўдападобна, прычынілася да адыходу Ластоўскага ў 1923 годзе з ураду й канцэнтрацыі ягонай энэргіі на навуковай, выдавецкай і літаратурнай дзейнасьці, дзякуючы чаму значна ўзба­га­цілася беларуская эміграцыйная літаратура.

На пачатку другой паловы 1920-х гадоў Вацлаў Ластоўскі, як і многія тагачасныя беларускія эміграцыйныя дзеячы, паверыў савец­кім абяцань­ням і пераехаў у Менск, дзе пасьля некалькіх гадоў быў арыштаваны й высланы ў Саратаў. У 1937 годзе гэты выдатны бела­рускі дзеяч быў ізноў пастаўлены перад судом, які прысудзіў яго да расстрэлу. Гэтакім чынам закончылася багатае жыцьцё выдатнага сына беларускай нацыі Вацлава Ластоўскага.

Апынуўшыся ў Каўнасе, Вацлаў Ластоўскі засяроджваўся ня толькі на палітычнай дзейнасьці, але таксама на літаратурных і навуковых пошуках. Прыглядаючыся да жыцьця гэтага выдатнага бе­ларуса, нельга не заўважыць, што ягонае палітычнае заангажаваньне было, па сутнасьці, другарадным у параўнаньні з дасьледчыцкай, публіцыстычнай і выда­вецкай практыкай. Ужо на самым пачатку эміграцыі ў Каўнасе Вацлаў Ластоўскі, нягледзячы на сваю вялікую занятасьць на пасадзе прэм’ера Ўраду БНР, знайшоў час для таго, каб заняцца справай выданьня кнігі алегарычных апавяданьняў Якуба Коласа. Кніга гэтая, пад загалоўкам Казкі жыцьця[3], выйшла ў Каўнасе ў 1921 годзе. Як вядома, быў гэта пэрыяд вялікай разрухі, выкліканай у Беларусі Першай Сусьветнай вайной, Кастрычніцкай рэвалюцыяй і польска-савецкім канфліктам. Сам Якуб Колас знаходзіўся ў гэтым часе далёка ад Радзімы, з пачатку ў расейскай арміі на румынскім фронце, а пасьля выбуху Кастрычніцкай рэвалюцыі – на выгнаньні ў Курскай губэрні. Цяжка сёньня сказаць, якім чынам удалося Вацлаву Ластоўскаму й ягоным супрацоўнікам увайсьці ў кантакт зь Якубам Коласам, які знаходзіўся далёка ад Літвы, ды атрымаць ад яго рукапіс ці машынапіс кнігі. Зрэшты, магчыма, што выданьне Казак жыцьця адбылося без кантакту з аўтарам. Варта пры нагодзе падкрэсьліць, што выхад у сьвет алегарычнай прозы Коласа быў вялікай падзеяй у беларускай літара­туры. На гэтую кнігу злажыліся апавяданьні, якія ствараў пісьменьнік ад 1906 году. Асабліва істотнае значэньне мелі тыя творы, якія ўзьніклі ў пэрыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі. Будучы праціўнікам крывавага экспэрымэнту, Якуб Колас у алегарычных апавяданьнях з гэтага пэрыяду прадставіў бальшавіцкі пераварот як акт бяздумнага эгаізму, злосьці, нянавісьці й злачыннасьці. Зразу­ме­ла, што ўсе гэтыя чалавечыя схільнасьці паказаныя ў Казках жыцьця ў іншасказальнай форме.

Выхад кнігі Якуба Коласа ў Каўнасе быў выключнай падзеяй яшчэ й з тае прычыны, шо ў выніку пасьлярэвалюцыйнай і ваеннай суматохі ў Беларусі амаль цалкам перасталі выходзіць мастацкія творы. Трэба памятаць, што якраз у 1921 годзе Якуб Колас вярнуўся з курскага выгнаньня ў Беларусь, і выхад у гэтым часе ягоных Казак жыцьця быў прыгожым і радасным для пісьменьніка падарункам. Тым болей прыемным, што, у адваротнасьці да Янкі Купалы, які знахо­дзіўся ў самых блізкіх і сяброўскіх адносінах з Вацлавам Ластоўскім, Якуб Колас, хаця й ведаў добра гэтага дзеяча яшчэ з часоў „Нашай Нівы”[4], ня быў яго непасрэдным і сардэчным сябрам. Больш таго, у трэцяй частцы трылёгіі На ростанях[5] Якуб Колас, характарызуючы суадносіны ў рэдакцыі „Нашай Нівы”, вуснамі галоўнага героя Лаба­новіча адназначна рэзка асудзіў беларускіх нашаніўскіх дзеячоў тыпу братоў Луцкевічаў і Ластоўскага, прыпісваючы ім нізкапак­лонства перад Захадам і пагардлівыя адносіны да культуры братніх народаў – беларускага й расейскага. Гэтакім чынам пісьменьнік запярэчыў сваім уласным ацэнкам у аўтабіяграфічных матэрыялах, якія ўзьніклі ў другой палове 1920-х гадоў па просьбе расейскага літаратуразнаўца Льва Клейнборта. У гэтых матэрыялах, узьніклых у свабоднай атма­сфэры пэрыяду беларусізацыі, Якуб Колас такіх дзеячоў, як Ластоўскі й браты Луцкевічы назваў душою беларускага адраджэньня. Няма сумненьняў, што гэтакі пункт погляду адлюстроўваў шчырыя пачуцьці й думкі пісьменьніка. Гэтага самага нельга сказаць пра стан і характар думак ды ацэнак Якуба Коласа з пэрыяду апошніх гадоў жыцьця Ста­ліна, калі ўзьнікла трэцяя частка трылёгіі. Сталін і ягонае акружэньне, апантаныя ідэяй змаганьня з г. зв. касмапалітызмам і зьняволеньнем заходняй культурай, інспіравалі сотні працэсаў савецкіх пісьменьнікаў, якія трактаваліся як носьбіты буржуазнай ідэалёгіі ў Савецкім Саюзе. Якраз атмасфэра нападак, прасьле­даваньняў і судовых прысудаў, якая акрэсьліла літаратурнае жыцьцё таксама ў Беларусі на пераломе 1940-х і 1950-х гадоў, прымусіла Якуба Коласа напісаць у трэцяй частцы трылёгіі няпраўду. Прадстаў­ляючы атмасфэру ў рэдакцыі „Нашай Нівы”, якую характарызавала вялікая ахвярнасьць і гатоў­насьць служыць ідэі беларускага адра­джэньня, Якуб Колас кіраваўся не ідэяй вернасьці ў адносінах да гістарычнай праўды, а толькі палітычнай каньюнктурай, якая абавяз­вала ўсіх пісьменьнікаў і вучоных. Зрэшты, былі гэта часы, у якіх ужо даўно не было сярод жывых славутага Вацлава Ластоўскага, закатаванага сталінскімі пры­служнікамі ў 1938 годзе. Няма сумнень­няў, што ў гэтыя суровыя гады, калі зь інспірацыі Сталіна мана апраналася ў каралеўскія вопраткі, Якуб Колас, праўда­падобна, з чуласьцю і ўдзячнасьцю ўспамінаў Вацлава Ластоўскага, які прычы­ніў­ся да выхаду ягонай кнігі Казкі жыцьця ў 1921 годзе. Варта прыгадаць, што кніга гэтая ні разу ня выйшла ў БССР пры жыцьці Сталіна, які як агню баяўся ўсякай алегорыі, падазраючы, што літаратурная двух­знач­­насьць можа мець антысацыялістычную вымову.

Выхад Казак жыцьця ва ўмовах цяжкога эміграцыйнага бытаваньня зьяўляецца сьведчаньнем развагі й высакароднасьці Вацлава Ластоўскага, які разумеў, што нават найменш спрыяльныя гістарычныя ўмовы не звальняюць нас ад абавязку ратаваньня ўсяго таго, што складаецца на нацыянальную культуру.

Бадай што найвыдатнейшай выдавецкай зьявай у беларускай пісьмовасьці сталася славутая Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі[6]. Падрыхтаваў яе нястомны Вацлаў Ластоўскі й выдаў у 1926 годзе ў Каўнасе. Калі шукаць у беларускім выдавецкім майстэрстве аналягаў, дык трэба было б Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі паставіць побач з выданьнямі Бібліі[7] Францішка Скарыны й Стату­там Вялікага Княства Літоў­скага[8]. У пазьнейшы час, пачынаючы ад XVII ст., ідучы праз XVIII ды XIX ст.ст. і заканчваючы першай паловай XX ст., не знаходзім у беларускай выдавецкай справе нічога такога, што па свайму размаху, характары й значэньню можна было б параўнаць са знакамітай кнігай Вацлава Ластоўскага. Праўда, ужо некалькі гадоў раней выйшлі літаратуразнаўчыя працы Максіма Гарэцкага Гісторыя беларускае літаратуры[9] й Хрэстаматыя бела­рускае літаратуры[10], а таксама выдатнае дасьледаваньне Яўфіма Карскага – трэцяя частка ІІІ-га тому Беларусаў[11]. Аднак тое, што зра­біў Вацлаў Ластоўскі, сталася і арыгінальным, і каштоўным укладам у вывучэньне бела­рускай пісьмовасьці на працягу васьмі стагодзьдзяў.

Да сёньня ня можа не зьдзіўляць тытанічны аб’ём працы й высілку, якія мусіў улажыць Вацлаў Ластоўскі ў падрыхтоўку й стварэньне сваёй манумэнтальнай кнігі. Тым болей, калі возьмем пад увагу, што аўтар ня меў ні філялягічнай, ні гістарычнай адукацыі, і што ўсе свае глыбокія веды здабыў шляхам самаадукацыі. Кніга Ластоўскага імпануе й таму, што ўзьнікла яна ў суровыя гады Першай Сусьветнай вайны, Кастрычніцкай рэвалюцыі й польска-савецкай вайны, а таксама ва ўмовах прымусовага выгнаньня, калі аўтар быў пазбаўлены ўласнага дому й роднай краіны, калі быў заняты непа­сільнымі абавязкамі, як прэм’ер эміграцыйнага беларускага ўраду. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі налічвае 776 старонак вялікага фармату й зьмяшчае ў сабе аграмадную колькасьць тэкстаў, а таксама шматлікія адаўтарскія камэнтары, якія характа­ры­зуюцца вострай палемічнасьцю ў адносінах да тых чужых вучоных, якія на працягу цэлых стагодзьдзяў старабеларускія тэксты бессаромна залічвалі да сваіх літаратур. Гэтакі закід ставіў Вацлаў Ластоўскі перадусім расейскім дасьледчыкам, якія бесцырымонна, нягледзячы на ўсю антынавуковасьць такога падыходу, старабеларускія творы ўключалі ў расейскую пісьмовасьць, лічачы, што вельмі часта ў старабеларускай літаратуры слова рускі адназначнае са словам расейскі.

Усё сваё фундамэнтальнае дасьледаваньне абапірае Ластоўскі на фактах, дакумэнтах і тэкстах твораў, якія былі раскіданыя амаль па ўсіх вялікіх гарадох Расейскай Імпэрыі. Характарызуючы спосабы дзеянь­ня й мэты сваіх пошукаў, а таксама падказваючы іншым вучо­ным шляхі дасьледаваньняў, Ластоўскі ва ўступе да сваёй кнігі напісаў:

„Праца гэта ёсьць першая спроба даць, памагчымасьці, усестароннае паняцьце аб старакрыўскай (беларускай) пісьменнасьці, само сабой не прэтэндуючы на поўнае пералічэньне ўсіх захаваўшыхся да нашых часоў пісаных крыўскай мовай помнікаў. Бо на поўнае пера­лі­чэньне трэба было-бы многа томаў падобных кніг, як гэта. Прыкладам, дакуманты Мэтрыкі в. кн. Літоўскага, сабраны ў 556 тоўстых томах; Віленскі Цэнтральны Архіў зьмя­шчае аж некалькі мільёнаў дакумантаў. Акром гэтага вялікі лік дакумантаў маецца ў Вітабскім Цэнтральным Архіве, у старасховах Менска, Смаленска, Ноўгарад-Северска і па ўсіх музэях і архівах Расіі, пачынаючы ад Масквы і Петраграда і канчаючы Кіявам, Адэсай, Казаньню, Тыфлісам і нават Томскам. Ня менш багаты старакрыўскімі пісанымі помнікамі музэі і архівы Польшчы – Кракаў, Люблін, Варшава, Познань і інш. У дадатку дагэтуль маецца многа дакумантаў і рукапісных кніг у прыватных сабраньнях і ў фамільных архівах тутэйшых памешчыкаў, а нават дробнай шляхты ды ў сель­скага духавенства”[12].

Зразумела, што нават такі волат працы, як Вацлаў Ластоўскі, ня мог перагледзець і выкарыстаць усіх тых матэрыялаў, аб якіх сам гаворыць у прыведзеным выказваньні. Аднак і тое, што зрабіў, мела манумэнтальны й велічны характар. Разумелі гэта ня толькі дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэньня, але таксама ягоныя лютыя ворагі – сталінскія прыслужнікі, і таму, пачынаючы зь першых месяцаў 1930 году Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі была імі глыбока схаваная ў ганьбе XX ст,. г. зн. спэцфондах, да якіх ня мелі доступу ні студэнты, ні дасьледчыкі ня толькі пры жыцьці Іосіфа Сталіна, але таксама многа гадоў пасьля яго сьмерці. Вядомыя ленінскія прынцыпы дзяржаўнага й грамадзкага жыцьця, якія пачалі ажыць­цяў­ляцца пасьля XX зьезду партыі, на жаль, не адкрылі жалезных дзьвярэй спэцфондаў і не дапусьцілі людзей да Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі, якая, як усякая праўда, супраць­стаўлялася русы­фі­кацыі й вяла змаганьне за поўнае адраджэньне незалежнай Беларусі.

Сярод кніжных выданьняў беларускага эміграцыйнага асяродка ў Каўнасе ўвагі заслугоўвае Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік[13] Вацлава Ластоўскага, выдадзены ў 1924 годзе. У істоце, нельга зразумець, якім чынам Ластоўскі, чалавек выключнай заня­тасьці ў галіне палітыкі, быў у стане падрыхтаваць ужо вядомую нам Гісто­рыю беларускай (крыўскай) кнігі, рэдагаваць часопіс „Крывіч”, а пры гэтым інтэнсыўна працаваць над слоўнікам. Вядома, што падрых­тоўка такой публікацыі вымагае шматгадовага высілку ня толькі аднаго чалавека, але часта шматасабовых калектываў. Волату працы Вац­лаву Ластоўскаму былі пад сілу такія навуковыя мерапрыемствы, якія не заўсёды даваліся шматлікай групе дасьледчыкаў.

На жаль, аўтар на тытульнай старонцы і ва ўступе не паінфар­маваў, колькі словаў налічвае ягоная праца. Беручы пад увагу, што слоўнік мае 832 старонкі, а на кожнай старонцы зьмяшчаецца ад 20 да 30 словаў, можам думаць, што налічвае ён прыблізна 20 тысяч слоўных адзінак.

Таямніцай застаецца таксама наклад гэтай кніжкі й крыніцы фінансаваньня яе друку.

На 12 старонках Прадмовы Вацлаў Ластоўскі вылажыў пераду­сім прычыны, якія інспіравалі яго пры стварэньні слоўніка. Адклікнуўся ён тут да глыбокай гісторыі беларускай народнай мовы й адлеглага мінулага беларускай пісьмовасьці. Аўтар вельмі прын­цыпова й крытычна асудзіў хрысьціянства, якое, укараняючыся на старабела­рускіх землях, не адклікалася да жывой народнай мовы, але выкарыстоўвала стара­царкоўнаславянскую мову, якая базавала на мове баўгарскай і ня мела нічога супольнага з крывіцкай моўнай стыхіяй. Вацлаў Ластоўскі небеспадстаўна шмат разоў пад­крэсьліў, што гэтакі крок ініцыятараў і прапагатараў хрысьціянства інспіраваў наступныя памылковыя крокі хрысьціянскіх канфэсіяў на Беларусі, якія ў пазьнейшы час, мадэрнізуючы багаслужбу, ня выкарысталі жывой беларускай, або, як кажа аўтар – крыўскай гутаркі, але ўвялі ў свае сьвятыні расейскую альбо польскую мовы. Гэтакім чынам замест таго, каб наблізіць максымальна рэлігійныя догмы да розумаў і сэрцаў мясцовых народных вернікаў, зрабілі ўсё, каб істоту хрысьціянства як найбольш аддаліць ад людзей. Зразумела, што такая тэндэнцыя спрыяла дэнацыяналізацыі беларускага краю і ўсё большаму яго зьняволеньню й падпарадкаваньню вялікім суседнім народам, асабліва палякам і расейцам. У выніку гэтага рэлігійныя канфэсіі ўсё болей станавіліся на грунт нацыянальнага рэнэгатызму й здрадніцтва.

„Гэткім чынам – піша ў «Прадмове» Вацлаў Ластоўскі – мова граматнасьці ў самых першых пачатках сарвала ў нас лучнасьць з мовай народнай. Тысячалетняе панаваньне царкоўнай славяншчыны, вытваранай на грунце баўгарскай мовы і прасычанай візантыйскімі паняцьцямі, палажыла глыбокі сьлед. (...) Асымілятарскі тысячалетні ўплыў баўгаршчыны значна аддаліў нашу мову ад яе першапачатковых форм і занячысьціў няскладнымі, чужымі духу і традыцыям нашага народу словамі”[14].

Вацлаў Ластоўскі зьвярнуў увагу на свайго роду крыва­душлівасьць суседзяў, якія, праяўляючы пагардлівыя адносіны да нібыта простай беларускай мовы, шырока ўводзілі беларускія словы й тэрміны ў свае родныя мовы. Аўтар слоўніка цьвердзіць, што амаль усе беларускія словы, выступаючыя ў слоўніку Насовіча, былі перанесены ў славарныя фонды расейцаў і палякаў.

„Значэньне асыміляваньня суседняй мовы даўно зразумелі Расійцы і Палякі, якія абаруч чарпалі і дагэтуль чэрпаюць з нашай мовы лексычны матэрьял. Прыкладамі могуць служыць «Słownik języka polskiego» Ліндага і «Расійскі акадэмічны словарь», у які цалком унесен слоўнік Насовіча. Аднак народ наш захаваў яшчэ такое вялікае багацьце слоў, зваротаў і выславаў, цалком арыгінальных і ў дадатку нікім дагэтуль не заграбленых, што без вялікіх трудоў можна яшчэ мову нашу збагаціць тысячамі слоў, цалком самаістых, якія могуць лёгка заступіць накінутыя нам чужыя словы, або і нашы, ды ўжо з’сымі­ляваныя чужынцамі. Патрэбны сілы, і то многія, ды свае ўласныя сілы, ня толькі да зьбіраньня моваведнага матэрьялу, але такжа да ўдзячнай працы над яе лексычным і граматычным разьвіцьцём, над пазнаньнем законаў гармоніі крыўскага (беларускага) слова”[15].

Галоўная тэндэнцыя, якая пранізвае ўвесь слоўнік Вацлава Ластоўскага, праяўляецца ў пасьлядоўным імкненьні аўтара да максы­маль­нага захаваньня чысьціні беларускіх слоў і тэрмінаў, пачэрпнутых зь бела­рускіх народных гутарак, якія пазьбеглі засьмечаньня з боку суседніх моваў.

На жаль, нельга сказаць, што Падручны расійска-крыўскі (бела­рускі) слоўнік аказаў істотны ўплыў на беларускую моўную культуру. А сталася гэтак таму, што, праўдападобна, невялікая колькасьць слоў­ніка папала зь Літвы ў Савецкую Беларусь, а пасьля 1930 году, калі Ластоўскі быў арыштаваны й высланы ў ссылку, ягоны слоўнік быў запратаны на многія дзясяткі гадоў у спэцфондах і толькі напя­рэдадні абвяшчэньня Дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі ў 1990 годзе паўторна выдадзены ў Менску накладам у 10 тысяч паасобнікаў.

Зразумела, што ўжо ахарактарызаваная Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі і Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік Вацлава Лас­тоўскага былі выданьнямі найбольш прэстыжнымі й аўтары­тэт­нымі, аднак не адзінымі. Апрача іх быў надрукаваны ў Коўне зборнік вершаў Францішка Багушэвіча Дудка беларуская[16]. Кніга гэтая натоль­кі сёньня вядомая й папулярная, што няма тут патрэбы шырэй яе характа­рызаваць і ацэньваць. Аднак варта падкрэсьліць тое, што ейны выхад у сьвет адназначна сьведчыў аб пазытыўных адносінах Вацлава Ластоўскага й ягоных супрацоўнікаў да літаратурнай бела­рускай спадчыны.

Досыць унікальным як на тыя часы было выданьне Казак Ганса-Хрыстыяна Андэрсэна[17]. Сьведчыла яно, з аднаго боку, пра адносіны каўнаскіх эмігрантаў да сусьветных літаратурных шэдэўраў, а з другога боку, пра клопат аб выхаваньні беларускіх дзяцей.

Увагі заслугоўвае шэраг падручнікавых кніжных выданьняў у тым жа Коўне. I так, выйшла папулярна-навуковая публікацыя пад загалоўкам Неба і зоры[18], перакладзеная з расейскай мовы, падручнік Н. Малышэва Фізыолёгія і анатомія чалавека[19] – таксама перакла­дзены з расейскай мовы. Зразумела, што кніга гэтая мела служыць студэнтам мэдыцыны й лекарам. Факт гэты сьведчыў аб тым, што Вацлаў Ластоўскі, будучы гісторыкам і мовазнаўцам, клапаціўся пра разьвіцьцё розных галін беларускай адукацыі й рабіў гэта ўжо тады, калі Беларусь усё яшчэ была агорнутая пасьлярэвалюцыйным і пасьляваенным хаосам. У Коўне выйшаў таксама падручнік В. Зелен­скага Ботаніка[20], перакладзены, як і папярэднія, з расейскай мовы. Цікавым прыкладам папулярна-навуковага выданьня была кніга В. Лункевіча пад загалоўкам Закон жыцьця сярод жывёлаў і расьцін[21] (пераклад з расейскай мовы).

Варта пры гэтай нагодзе зьвярнуць увагу на яшчэ адну зьяву. Вацлаў Ластоўскі, як вядома, быў настаўлены да Расеі непрыхільна. Прычынай гэтай непрыхільнасьці было шматвяковае зьняволеньне Беларусі расейцамі. Нягледзячы на гэта, вялікі беларускі асьветнік умеў адрозьніць гістарычныя крыўды ад адукацыйных патрэбаў. Інспіраваў пераклады расейскіх падручнікаў на беларускую мову, бо лічыў, што яны добра напісаныя й што могуць уласьціва служыць адукацыі беларускай моладзі.

Прынамсі адна кніга, выдадзеная ў Каўнасе, выклікае свайго роду зьдзіўленьне. Гутарка йдзе тут пра выданьне Канстанціна Езавітава пад загалоўкам Белоруссы и Поляки. Документы и факты изъ исторіи окку­паціи Белоруссіи Поляками въ 1918 и 1919 годах[22]. Зьдзіўленьне выклікана тым, што, у адваротнасьці да чатырох ужо прыведзеных падручнікаў, перакладзеных з расейскай мовы, кніга Езавітава была перакладзеная зь беларускай мовы на расейскую. Можа ўзьнікнуць уматываванае пытаньне: чаму беларускі асяродак перакладаў і выдаваў кнігу на расейскай мове? Вынікала гэта, праўда­падобна, зь імкненьня данесьці публікацыю беларускага аўтара да як найшырэйшага кола расейскамоўных чытачоў, сярод якіх нямала было таксама беларусаў, якія прайшлі не празь беларускія школы, а толькі праз расейскую адукацыйную сістэму.

Тэматычна з прадстаўленай публікацыяй Езавітава моцна была зьвязаная кніга І. Г. Антонава пад загалоўкам Успаміны аб польскай акупацыі Горадзеншчыны ў 1919-1921 г.г. Малюнкі гвалту і зьдзеку фацэтных польскіх паноў на Беларусі[23]. Кніга гэтая мела моцны антыпольскі характар. Ейны аўтар адназначна тэндэнцыйна падабраў і прадставіў факты з выразным намерам настроіць чытача супраць паля­каў і Польшчы. Гэта не азначае, што ў публікацыі не было сапраўдных здарэньняў, зьвязаных з жахамі вайны.

Да несумненна цікавых і арыгінальных трэба аднесьці Слоўнік геомэтрычных і трыгономэтрычных тэрмінаў і сказаў. (Расійска-беларускі і беларуска-расійскі)[24] аўтарства К. Дуж-Душэўскага і В. Ластоў­скага. Кніга гэтая зьяўляецца дадатковым сьведчаньнем выключнай працавітасьці В. Ластоўскага, які ўзьняўся ў гэтым часе на вяршыню сваіх інтэлектуальных дасягненьняў.

Як відаць з прыведзеных прыкладаў, галоўным тытанам і змагаром у гэтай высакароднай справе быў Вацлаў Ластоўскі – вялікі барацьбіт за максымальную актыўнасьць беларусаў, незалежна ад таго, куды кінуў іх лёс. Ластоўскі быў, несумненна, найвыдатнейшым ініцыятарам і выканаўцам тых прыгожых выдавецкіх ідэяў, якія знайшлі шырокае ажыцьцяўленьне менавіта ў Коўне, найбольш дынамічным цэнтры ва ўсёй гісторыі беларускай эміграцыі.

Сярод выдатных дасягненьняў Каўнаскага беларускага эмігра­цый­нага асяродка выключнай увагі й пашаны заслугоўвае часопіс „Крывіч”.

Тытульная старонка першага нумара „Крывіча” мела наступную формулу: „Крывіч – месячнік літэратуры, культуры і грамадзкага жыцьця. Пад рэдакцыяй В. Ластоўскага і К. Дуж-Душэўскага. Адрэс рэдакцыі – Kaunas, Witauto prosp. nr 30, Lietuva”[25].

Ва ўступным артыкуле пад загалоўкам Ад рэдакцыі выдаўцы напісалі:

„Прыступаючы да выпуску ў сьвет першай беларускай часопісі, пасьвячонай, у першы чарод, служэньню беларускаму мастацтву і культуры, рэдакцыя мае на мэце ня толькі абслужыць у роднай мове духовыя вымаганьня сярэдняга беларускага інтэлігента, але і прылажыць усіх высілкаў да адшу­каньня шляхоў к самавызначаньню Беларусі ў сфэры духовасьці. Увесь час у рэвалюцыі ўсе нашы сілы былі ськіраваны ў старану абароны палітычных пазыцый, клалася на гэты бок многа ахвярнай і труднай працы, ніва-ж нашай культурнай працы была пакінута выключна ініцыатыве і засабам паасобных дзеячоў. У выніку атрымалася значнае папярэджаньне працы палітычнай перад культурнаю.

Настаў вялікі час, калі беларускай адраджэнчай думцы, ані на момант не спыняючы ні з якога боку змаганьня, патрэбна акапацца на здабытых дагэтуль пазыцыях і прыступіць да творчай працы ў дзедзіне нашага самапазнаньня, самаацэны і самакрытыкі”[26].

У далейшых фрагмэнтах уступнага, несумненна, праграмнага артыкула, выдаўцы сказалі аб галоўных напрамках часопіса. Падкрэсьлілі, што будуць прысьвячаць многа месца для беларускай і сусьветнай літаратуры, а таксама для навукова-крытычных публіка­цыяў, якія будуць датычыць беларусазнаўства, сацыялёгіі і ўсіх тых навуковых галін ды напрамкаў, якія зьвязаныя з рухам чалавецтва наперад у пошуках лепшага грамадзкага ладу.

Ужо першы нумар „Крывіча” сьведчыў аб тым, што яго ініцыятары й выдаўцы не кідалі слоў на вецер і што сапраўды займаліся тымі праблемамі, аб якіх сыгналізавалі ў праграмным артыкуле й якія датычылі найбольш істотных пытаньняў і патрэбаў ды навуковых нацыянальных і культурных інтарэсаў беларускага народу.

Нумар гэты адкрывалі літаратурныя творы Вацлава Ластоў­скага й Максіма Багдановіча. Часопіс апублікаваў таксама некалькі істотных навуковых дасьледаваньняў, зьвязаных тэматычна з этнаграфіяй і гісторыяй. Кляўдыюш Дуж-Душэўскі зьмясьціў арыгі­нальны артыкул пад загалоўкам Беларусь і водка[27], зь якога вынікала, што ўжо ў тыя далёкія часы значная колькасьць беларусаў знаходзілася пад узьдзеяньнем грознай зьявы – алькагалізму.

У першым нумары апынуліся таксама шматлікія зьвесткі з Савецкай Беларусі ды інфармацыі пра жыцьцё беларусаў пад Польшчай. Зь ідэйнай інтанацыі гэтых публікацыяў вынікала адна­значна, што Вацлаў Ластоўскі й цэлы ягоны ўрад уважна сачылі за падзеямі ў польскай дзяржаве й выразна непрыхільна ставіліся да польскай трактоўкі беларускага пытаньня. Зразумела, што быў гэта працяг тае палітыкі ўраду Ластоўскага, якая вынікала з факту непры­знаньня Польшчай Беларускай Народнай Рэспублікі, а тым болей з факту арышту палякамі ўраду БНР, у тым ліку й самога Вацлава Ластоўскага. Непрыхільнасьць Ластоўскага да дзяржавы Пілсудскага паглыбілі, несумненна, рашэньні Рыскага Трактату з 1921 году, у выніку якога былі штучна разарваныя беларускія землі ды сілаю ўключаны ў Савецкі Саюз і Польскую Рэчпаспалітую.

Можна, несумненна, гаварыць пра антырасейскі й антыпольскі комплекс у сэрцы Вацлава Ластоўскага. Гэты палітычны й нацыя­нальны беларускі дзеяч, які вышэй за ўсё ставіў ідэю беларускай незалежнасьці й сувэрэнітэту, ня мог ня бачыць як у Расеі, гэтак і ў Польшчы ворагаў сваёй надзеі. Праўдападобна, прэтэнзіі да Польшчы былі ў яго больш глыбокія, чым да Расеі. А вынікала гэта з таго, што на Савецкую Расею – прадаўжальніцу расейскіх імпэрыяльных тэндэнцыяў – ён ад пачатку ня ўскладваў ніякіх надзеяў. Зусім магчыма, што прынамсі пачаткова зьвязваў Ластоўскі значныя надзеі з адроджанай Польшчай. А гэта таму, што Польшча зазнала больш чым стагадовай няволі з боку Расеі, і ў разуменьні Вацлава Ластоў­скага павінна была падтрымаць незалежніцкія імкненьні беларусаў. Гэтакі падыход быў тым болей уматываваны, што пачаткова Юзэф Пілсудскі не шкадаваў беларусам абяцанкаў у справе падтрымкі беларускіх нацыянальных імкненьняў.

У 1923 годзе, калі пачаў выдавацца „Крывіч”, з гэтых ілюзіяў засталіся толькі разваліны й руіны. Расчараваны паставай Польшчы, Вацлаў Ластоўскі не шкадаваў словаў крытыкі ў адносінах да палітыкі тагачаснай польскай дзяржавы. Менавіта гэтакі падыход акрэсьліў амаль усе польсказнаўчыя артыкулы „Крывіча”. Трэба пры гэтым аднак сказаць, што Ластоўскі заўсёды адрозьніваў палітыку ад культуры, і таму з глыбокай пашанай адносіўся да польскіх культур­ных, навуковых і літаратурных дасягненьняў.

Сярод артыкулаў, зьмешчаных у другім нумары „Крывіча”, увагі заслугоўваюць публікацыі пад загалоўкамі: Пагляд расійскіх вучоных на беларускую мову[28] і Беларускія вайсковыя фармацыі на румынскім фронце[29]. Першы артыкул, падпісаны ініцыяламі Л-кі, належыць Ластоў­скаму. Ініцыялы С. К. пад другім артыкулам не даюць падставы вызначыць аўтара.

Трэці нумар „Крывіча” даставіў чытачам цікавы артыкул пад загалоўкам Важнейшыя працы аб беларусах у польскай мове[30], пад­пі­саны ініцыяламі С. П., у якім невядомы аўтар ахарактарызаваў най­больш істотныя беларусазнаўчыя дасьледаваньні польскіх вучоных. Публіцыст сумленна прадставіў некаторыя з прац польскіх дасьлед­чыкаў, якія займаліся рознымі аспэктамі беларускай рэчаіснасьці ў мінулым і тагачасным.

Вельмі багатым аказаўся сёмы нумар „Крывіча” за 1924 год. Апрача вершаў Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча й Вацлава Ластоўскага, было ў ім зьмешчанае сур’ёзнае дасьле­даваньне Казіміра Езавітава пад загалоўкам Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада[31], у якім аўтар прадставіў шматлікія факты, зьвязаныя з заснаваньнем і дзейнасьцю гэтага важнага беларускага дзяржаўнага органу. Істотнае значэньне меў таксама артыкул Яна з-пад Ласосны, пад назовам Горадзенскі Беларускі Гурток 1913 г.[32], у якім былі прыведзеныя вельмі істотныя інфармацыі, зьвязаныя з праявамі беларускага нацыянальнага руху ў заходніх частках краіны. Зьвяртае на сябе ўвагу ананімная публі­кацыя Лісткі ў Карону Беларус­кага мучаніцтва пад Польшчай зь вельмі вымоў­нымі падзагалоўкамі: Неўмалімыя факты, Аб біцьці заарыш­таваных на беларускіх землях. Прамова пасла А.(дама) Стан­ке­віча, Як робіцца статыстыка, Грабеж і пабоі, Беспраўства на вёсках[33]. Прыве­дзеныя назовы адназначна сьведчаць пра тое, што гэтая публікацыя мае яскрава антыпольскі характар і прадаўжае тую тэндэнцыю, якая ўжо выступіла ў першым нумары „Крывіча”.

Увагі заслугоўвае таксама артыкул Юры Верашчакі Смаленская легенда аб св. Мэркурым[34]. Ва ўступным фрагмэнце артыкула Вера­шчака вельмі трапна заўважыў: 

„Смаленская легенда аб св. Мэркурым належыць да найвыдат­нейшых твораў стара-крыўскай літэратуры. Гэта легенда злучае ў адно поэтычнае цэлае найстарадаўнейшыя пагудкі народнага эпосу з характарыстыкай моральнага і рэлігійнага крывіцкага жыцьця да XIII ст. Твор гэты прыналежыць як пісанай літэратуры, так і народнай паэзіі, і хоць дайшоў да нас на пісьме, але ва ўсёй поўнасьці выяўляе сваё даўнейшае чыста народнае паходжаньне”[35]. 

У далейшых фрагмэнтах артыкула Юры Верашчака дэталёва разгледзеў розныя аспэкты гэтага гістарычнага твора.

Бадай што найбольш каштоўнай публікацыяй у сёмым нумары „Крывіча” быў артыкул Паленьне кніг на Беларусі[36] аўтарства таго ж Ластоўскага, які выступае тут пад псэўданімам В-ст. У гэтым артыкуле аўтар выкарыстаў, між іншым, публікацыю Teodora Narbuta pomniejsze pisma historyczne[37], у якой польскі аўтар апісаў дэталёва паленьне кніг у Вільні ў 1581 годзе. Акцыя гэтая была праведзеная езуітамі, якія палілі кнігі пратэстантаў. Аднак беларускі аўтар не абмежаваўся толькі гэтым барбарскім актам. Ахарактарызаваў ён таксама паленьне каталіцкіх і праваслаўных кніг пратэстантамі ў той пэрыяд, калі пратэстанцкі рух агарнуў верхнія слаі грамадзтва на Беларусі. У апошніх фрагмэнтах сваёй публікацыі аўтар „Крывіча” прывёў прыклады паленьня кніг вуніятаў пасьля скасаваньня вуніі ў Расей­скай Імпэрыі.

Гістарычная мінуўшчына Беларусі акрэсьліла характар многіх артыкулаў у восьмым нумары „Крывіча” за 1924 год. Аўтарам бальшыні зь іх быў Вацлаў Ластоўскі. I так, апублікаваў ён артыкул Доктар Франціш Скарына (1525-1925)[38], у якім прадставіў галоўныя этапы жыцьця й дзейнасьці выдатнага беларускага асьветніка. Калі можна мець да чаго-небудзь прэтэнзію ў гэтай публікацыі, дык, мабыць, да дэфармацыі імя Скарыны, якога Ластоўскі назваў Франці­шам, чаго не рабіў ніводзін з пазьнейшых дасьледчыкаў.

Вацлаў Ластоўскі быў таксама аўтарам артыкулаў: Нова­го­радзкая аўто-кефальная мітраполія[39], Крыўскі вар’янт быліны аб Ільлі Мурамцы[40], а таксама Віленская Грэка Лаціна-Руская Акадэмя[41]. У гэтым жа нумары Я(нка) Станкевіч апублікаваў два істотныя арты­кулы: Праф. Карскі і яго „Белоруссы”[42] і адрывак з Ай (Аль) Кітабу[43].

Усе названыя й не названыя тут публікацыі сьведчаць адназначна пра тое, што тэматычны й праблемны дыяпазон „Крывіча” быў вельмі шырокі й разнародны. Датычыў ён галоўным чынам гістарычнага мінулага Беларусі, аднак паяўляліся часта таксама артыкулы, прысьвечаныя Савецкай Беларусі. I трэба сказаць, што былі яны ўтрыманыя ў аб’ектывістычнай інтанацыі й прадстаўлялі рэалістычны вобраз тых пераўтварэньняў, якія праводзіліся ў краіне ў пэрыяд беларусізацыі.

Істотнае месца займалі таксама публікацыі, зьвязаныя з жыцьцём у Заходняй Беларусі. Як мы ўжо адзначалі, былі яны наогул накіраваныя супраць польскай палітыкі, у якой аўтары „Крывіча” бачылі амаль выключна антыбеларускія намеры.

Чытаючы сёньня паасобныя нумары „Крывіча”, кідаецца ў вочы выключная актыўнасьць Вацлава Ластоўскага, які быў аўтарам бальшыні публікацыяў, прысьвечаных гісторыі, пісьмовасьці, мове й фальклёру беларусаў у мінуўшчыне.

У 1925 годзе „Крывіч” працягваў тую лінію публіцыстыкі, якая выступіла ўжо ў папярэдніх гадох. Многа цікавага гістарычнага матэрыялу прынёс дзясяты нумар часопіса за 1925 год. Некалькі артыкулаў было прысьвечаных розным аспэктам старабеларускай мовы й прычынам ейнага заняпаду ў XVII ст. Значную цікавасьць уяўляў сабою артыкул А. Матача пад загалоўкам Абшар займаны Крывічамі і крыўская колёнізація[44]. Аўтар заняўся разьмяшчэньнем крывічоў і напрамкамі іх перасяленьня ды экспансіі. У рубрыцы Запіскі[45] былі прыведзеныя каштоўныя факты, зьвязаныя са стара­беларускім школьніцтвам, малярствам і рамяством. Ананімны аўтар зьвярнуў увагу на балючую для беларусаў зьяву вывазу зь Беларусі ў Польшчу культурных і мастацкіх каштоўнасьцяў у часе польска-бальшавіцкай вайны ў 1918-1919 гадох. Публіцыст прывёў шматлікія факты, якія сьведчылі аб перамяшчэньні значнай колькасьці мастацкіх аб’ектаў і прадметаў у глыбіню Польшчы, што істотным чынам зубожыла беларускую культуру[46].

У рубрыцы Кнігопісь і крытыка[47] Юры Верашчака досыць усебакова ахарактарызаваў кнігу вядомага беларускага гісторыка Ўладзіміра Пічэты Гісторыя Беларусі[48], а Вацлаў Ластоўскі кнігу Ўсевалада Ігнатоўскага Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX ста­лецьця[49]. Абодва гэтыя выданьні выйшлі ў Менску ў разгар беларусізацыі, калі нацыянальная навука перажывала значны росквіт. Публікацыі не былі пазбаўленыя крытычных заўвагаў у адносінах да кніг менскіх аўтараў.

Да вельмі арыгінальных належаў зьмест бальшыні публі­кацыяў, надрукаваных у адзінаццатым нумары „Крывіча” за 1926 год. I так, Вацлаў Ластоўскі даў тут пераклад Песьні Песьняў Цара Саламона[50], якія былі арганічнай часткай сьвяшчэннага пісаньня.

Істотную літаратуразнаўчую вартасьць мела таксама праца Аляксандра Ўзьнесянскага пад загалоўкам Паэтыка М. Багдановіча[51]. Была гэта першая ўдалая й паглыбленая спроба выдатным гісто­рыкам літаратуры характарыстыкі вэрсыфікацыі й мастацкіх прыёмаў у творчасьці беларускага пісьменьніка напярэдадні 10-х угодкаў ягонай сьмерці.

Мэце папулярызацыі постаці й спадчыны Максіма Багдановіча служыў таксама надзвычай цікавы артыкул Вацлава Ластоўскага Мае ўспаміны аб М. Багдановічы[52], у якім знаходзім шэраг раней невядо­мых фактаў і падзеяў.

У тым жа нумары „Крывіча” была зьмешчаная публікацыя пад загалоўкам Тодар Дастаеўскі і Адам Міцкевіч, сыны крывіцкага народ­нага генія[53], падпісаная псэўданімам Peregrinus. Ананімны аўтар выйшаў са сьмелай тэзай аб тым, што выдатны расейскі празаік Фёдар Дастаеўскі й геніяльны польскі паэт Адам Міцкевіч зьяўляліся па сваім паходжаньні беларусамі. Трэба заўважыць, што гэтакі погляд пратрымаўся ў некаторых беларускіх асяродзьдзях вельмі доўга й меў вельмі моцную падтрымку сярод беларускіх эміграцыйных публі­цыс­таў пасьля Другой Сусьветнай вайны ў Заходняй Нямеччыне.

Многа цікавага знаходзім таксама ў артыкуле Юры Верашчакі пад загалоўкам Што спрыяе разросту і ўпадку народаў і дзяржаваў[54]. У апошняй рубрыцы гэтага нумара „Крывіча” – Кнігопісь[55] быў прадстаўлены Патрыотычны Малітвеннік[56], накіраваны на ўздым беларускага нацыянальнага духу. Між іншым, у Малітвенніку знай­шліся 10 народных загадаў, якія датычылі прынцыпаў і захаваньняў беларусаў у розных жыцьцёвых сытуацыях.

Апошні дванаццаты нумар „Крывіча” выйшаў вясною 1927 году. Бадай што найцікавейшай публікацыяй у ім быў артыкул Власта пад загалоўкам Уражаньні з паездкі ў Беларускую Радзянскую Соція­лістычную Рэспубліку[57]. Публікацыю гэтую можам трактаваць як свайго роду увэртуру да пераезду Вацлава Ластоўскага ў Менск на пастаяннае жы­харства. Як вядома, пераезд гэты пасьля ўступных гонараў і прэстыжнай працы давёў да яго арышту, высылкі й сьмерці.

Заканчваючы характарыстыку „Крывіча”, а таксама іншых кніж­ных выданьняў, якія паявіліся дзякуючы ініцыятывам выключнай актыўнасці й арганізатараскім здольнасьцям Вацлава Ластоўскага, трэба падкрэсьліць, што ўся эміграцыйная пісьмовасьць, створаная ў Каўнасе, увайшла ў скарбніцу беларускай літаратуры, гісторыі й навукі як складнік выключнай каштоўнасьці, безь якой беларуская культура была б намнога бяднейшай.

Калі б Вацлаў Ластоўскі не зрабіў фатальнай памылкі й не пераехаў у БССР напярэдадні сталінскага тэрору, дык прынамсі да 1940 году, калі Літва была занятая Чырвонай Арміяй, плённа пра­ца­ваў бы ў Каўнасе ў галіне навукі й выдавецкай дзейнасьці, узбага­чаючы такім чынам беларускую духоўнасьць.

Несумненна, варта яшчэ схарактарызаваць паэзію Вацлава Ластоўскага, якая ўзьнікла ў часе ягонага знаходжаньня ў Літве.

Паэзія ніколі не была дамінуючай зьявай у шматаспэктнай творчасьці Ластоўскага. Паявілася яна ў жыцьці гэтага творцы ў часе ягонага знаходжаньня па-за межамі Беларусі, калі туга па Радзіме адзна­чалася асаблівай інтэнсыўнасьцю. Паэтычныя творы Власта паяўляліся галоўным чынам у часопісах „Беларускі Сьцяг” і „Крывіч”. У кніжным выданьні адзіны раз яны былі апублікаваныя ў 1997 годзе ў зборніку пад загалоўкам Вацлаў Ластоўскі. Выбраныя творы[58]. У суме зьмешчана тут каля 30 вершаў гэтага аўтара.

Варта на хвіліну задумацца, якое месца займаюць паэтычныя творы Вацлава Ластоўскага на фоне тагачаснай беларускай паэзіі. Калі шукаць фармальных аналёгіяў, дык можна заўважыць пада­бен­ствы паміж творамі Власта й вершамі Максіма Багдановіча. Ластоўскі сьвядома адступіў ад узораў традыцыйнай паэзіі, ад паээіі, якая карысталася рэгулярным радком, рытмікай і рыфмай. Усё болей схіляўся ён у бок свабоднага белага верша, майстрам якога быў у нашаніўскі пэрыяд менавіта Максім Багдановіч. З гэтага вынікае, што Власт імкнуўся да фармальнага абнаўленьня й мадэрнізацыі беларускага вершаскладаньня. Імкненьне гэтае было выяўлена даво­лі адназначна ў ягоным 5-радковым вершы з 1923 году. Праграм­ны характар гэтага твора вельмі выразны. Аўтар падкрэсьліў у ім, што прагне йсьці ў паэзіі не стаптанымі сьцежкамі, але новапракладзенай дарогай

Формаў трупехлых я вораг дасконны,
сцежак стаптаных не зношу тварэнні;
новым імкненням даць новыя формы,
новыя словы і дум выражэння
стаўлю я мэтай[59].

Прыведзены верш не зьяўляецца адзіным праграмным творам у сьціплай паэтычнай спадчыне Вацлава Ластоўскага. Да пытаньня, якім павінен быць паэт і ягоная творчасьць, вярнуўся аўтар у вершы з наступным зьместам:

Паэт, ты вольнага Пегаса
ў прыгожых дум ярмо ўпрагай
і тучны чарназём
мінуўшчны радзімай
у скібы стройныя складай!
Бо толькі гэта глеба
дасць нам жаданы агняквет,
якім крывіцкі геній
счаруе свет.
Бо толькі родны чарназём,
цяплом духовым абагрэт,
здалее даць пітомнае красы
прадзіўны квет[60].

У 1924 годзе Ластоўскі апублікаваў апошні свой праграмны твор Чала я не хіліў прад сілай.

Чала я не хіліў прад сілай
і не качаўся полазам у порсці,
клумлівай і тупой таўпе
не біў паклонаў я,
пратораны дарожкі
з пагардай абмінаў,
ламаючы шчырэц навіны.
Вось гэта ўсе мае грахі,
вось гэта ўсё, у чым я вінны!...[61]

Прыведзены верш, у якім аўтар ізноў дэкляруе, што ня пойдзе пратаптанымі дарожкамі й ня ўкорыцца ды ня будзе служыць натоўпу, сьведчыць аб сваяцтве з рамантыкамі, якія часта супрацьстаўлялі сябе чалавечаму нячуламу й тупому натоўпу. Трэба сказаць, што гэтакая трактоўка Ластоўскім суадносінаў паміж пісьменьнікам і чалавечымі масамі даволі нечаканая й незразумелая з тае прычыны, што ўсё, што рабіў гэты чалавек, было формай служэньня асьвеце зьняволеных і цёмных людзей.

Што датычыцца зьместавога боку вершаў гэтага аўтара, дык застаецца ён наогул у згодзе з творчасьцю многіх тагачасных беларускіх паэтаў, якія адклікаліся да розных аспэктаў беларускай нацыянальнай і грамадзкай рэчаіснасьці.

Адзін зь першых вершаў Власта пад назовам Наперад, змагарна наперад![62], праўдападобна, напісаны ў 1921 годзе, а апублі­каваны годам пазьней, застаецца ў выразнай сувязі зь вядомым вершам Якуба Коласа Беларускаму люду[63]. Абодва гэтыя творы былі навеяныя Рыскім Трактатам, у выніку якога Польшча й Савецкая Расея падзялілі паміж сябе беларускія землі й беларускі народ. Характэрнай рысай значнай колькасьці вершаў Ластоўскага зьяўляец­ца іх гістарызм. Да гэтакай катэгорыі належаць творы: На Каложы ў Горадні[64], Дума на Полацкім замчышчы[65], На смаленскіх сценах[66], Песня а князю Вітаўце[67], У гадаўшчыну люблінскай ганьбы[68]. Ужо загалоўкі многа гавораць пра зьмест названых твораў. Вацлаў Ластоўскі, валодаючы глыбокімі гістарычнымі ведамі аб беларускіх землях і лёсе беларусаў у мінулым, зь вялікай свабодай вандраваў па завулках гісторыі й бязь цяжкасьцяў знаходзіў у іх нешта годнае паэтызацыі. Моцных слоў ужыў аўтар у вершы, прысьвечаным Люблінскай вуніі, у якой убачыў ён імкненьне да зьняволеньня бела­рускага народу.

Як не дзіўна, але найбольшую колькасьць вершаў прысьвяціў Власт замежным краінам. Да замежнага цыкла належаць творы: Рэйнскі вадапад[69], Кёльнскі сабор[70], У Альпах[71], Сабор св. Марка ў Венецыі[72], Генуэзскі рынак[73], Чытаючы Гамера[74], На оды Гарацыя[75], З Мікеланжэла[76]. Вершы, якія злажыліся на замежны цыкл, тэматычна вельмі разнародныя. Паэт займаецца ў іх чужаземнай прыродай, прыга­жосьцю гарадоў, элемэнтамі гісторыі, урэшце, пісьменьнікамі й мастакамі.

Усе вершаваныя творы Ластоўскага цікавыя, аднак нельга сказаць, што беззаганныя. Засьмечаныя яны вялікай колькасьцю дыялектызмаў і нэалягізмаў, што нярэдка перашкаджае ў зразуменьні іх зьместу. Не памяншаючы значэньня паэзіі Вацлава Ластоўскага, нельга ўсё ж такі сказаць, што займае яна перадавое месца ў беларускай літара­туры, аднак актуальнасьць некаторых вершаў, як, напрыклад, О, Крыўская зямля... і сёньня зьяўляецца бясспрэчнай.

Чаму зняслаўлена,
свабоды любае
здавён пазбаўлена,
О, Крыўская зямля!
Чаму Ты поішся
слязьмі гаручымі?
Чаму Ты поўнішся
бядой пякучаю?..
Бо Ты,
зямля крыві,
не валадарная
і не магутная,
раба бяздомная,
раба пакутная...
Раба,
не валадарная!..
Дык вось чаму Твой лік
загіджаны, красы пазбаўлены,
дык вось чаму Ты, ясная,
зняслаўлена! 

Зняслаўлена, пакрыўджана,
ў славян сям’і паніжана...[77]

Прыведзеныя ў гэтым артыкуле факты вымоўна сьведчаць аб тым, што Каўнаскі эміграцыйны асяродак унёс вялікі ўклад у разьвіцьцё беларускай навукі, беларускай публіцыстыкі й беларускай літаратуры. Галоўнай постацьцю гэтага асяродка быў, несумненна, Вацлаў Ластоўскі, які характарызаваўся ўнівэрсалізмам у галіне гіста­рычных дасьле­да­ваньняў, кнігадрукаваньня, публіцыстыкі й паэзіі. Выдавецкія дасягненьні Каўнаскага эміграцыйнага асяродка значна ўзбагачаюць усю беларускую літаратуру й навуку, і раней ці пазьней павінны стацца аб’ектам сур’ёзнага навуковага вывучэньня. 


[1] „Беларускі Сьцяг”, Каўнас 1922.

[2] „Крывіч”, №№ 1-12, Каўнас 1923-1927.

[3] Я. Колас, Казкі жыцьця, Каўнас 1921.

[4] „Наша Ніва”, Вільня 1906-1915.

[5] Я. Колас, На ростанях, Мінск 1955.

[6] В. Ластоўскі, Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя, Коўна 1926, 776 с.

[7] Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцька, богу ко чти и людем посполитым к доброму научению, Прага 1517-1519.

[8] Статут Великого Княжества Литовского, Вільня 1529, 1566, 1588.

[9] М. Гарэцкі, Гісторыя беларускае літэратуры, Вільня 1920.

[10] М. Гарэцкі, Хрэстаматыя беларускае літэратуры, Вільня 1922.

[11] Я. Карскі, Белоруссы, т. ІІІ, ч. 3, Петраград 1922.

[12] В. Ластоўскі, Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі, Коўна 1926, с. VІ-VІІ.

[13] В. Ластоўскі, Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік, Коўна 1924, 832 с.

[14] Прадмова, да: Расійска-беларускі (крыўскі) слоўнік, Коўна 1924, с. II.

[15] Тамсама, с. VI.

[16] Ф. Багушэвіч, Дудка беларуская, Коўна 1923, 74 с.

[17] Г.-Х. Андэрсэн, Казкі, Коўна 1918, 64 с.

[18] Неба і зоры. Папулярная астраномія, Коўна, 84 с.

[19] Н. Малышэў, Фізыолёгія і анатомія чалавека, Коўна 1923, 120 с.

[20] В. Зеленскі, Ботаніка, Коўна 1924, 160 с.

[21] В. Лункевіч, Закон жыцьця сярод жывёлаў і расьцін, Коўна 1922, 54 с.

[22] К. Езовитовъ, Белоруссы и Поляки. Документы и факты изъ исторіи оккупаціи Белоруссіи Поляками въ 1918 и 1919 годах, Ковна 1919, 124 с.

[23] І. Г. Антонаў, Успаміны аб польскай акупацыі Горадзеншчыны ў 1919-1921 г.г. Малюнкі гвалту і зьдзеку фацэтных польскіх паноў на Беларусі. (Мае перажываньні), Коўна 1921, 83 с.

[24] К. Дуж-Душэўскі і В. Ластоўскі, Слоўнік геомэтрычных і трыго­но­мэт­рычных тэрмінаў і сказаў. (Расійска-беларускі і беларуска-расійскі). Коўна 1923, 128 с.

[25] „Крывіч”, № 1, Каўнас 1923.

[26] Тамсама, с. 1.

[27] Тамсама, с. 32-35.

[28] Л-кі, Пагляд расійскіх вучоных на беларускую мову, у: „Крывіч”, № 2, Каўнас 1923, с. 24‑27.

[29] С. К., Беларускія вайсковыя фармацыі на румынскім фронце, тамсама, с. 41-44.

[30] С. П., Важнейшыя працы аб беларусах у польскай мове, у: „Крывіч”, № 3, Каўнас 1923, с. 48-50.

[31] К. Езавітаў, Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада, у: „Крывіч”, № 1 (7), Каўнас 1924, с. 37-44.

[32] Ян з-пад Ласосны, Горадзенскі Беларускі Гурток 1913 г. (Успаміны), тамсама, с. 64-65.

[33] Лісткі ў Карону Беларускага мучаніцтва пад Польшчай, тамсама, с. 97-103.

[34] Ю. Верашчака, Смаленская легенда аб св. Мэркурым, тамсама, с. 23-31.

[35] Тамсама, с. 23.

[36] В-ст, Паленьне кніг на Беларусі, тамсама, с. 59-62.

[37] Teodora Narbuta pomniejsze pisma historyczne, Wilno 1856.

[38] В. Ластоўскі, Доктар Франціш Скарына (1525-1925), у: „Крывіч”, № 2 (8), Каўнас 1924, с. 3-13.

[39] В. Л-скі, Новагорадзкая аўто-кефальная мітраполія, тамсама, с. 23-27.

[40] В. Л., Крыўскі вар’янт быліны аб Ільлі Мурамцы, тамсама, с. 27-30.

[41] В. А., Віленская Грэка Лаціна-Руская Акадэмія, тамсама, с. 33-36.

[42] Філ. канд. Я. Станкевіч, Праф. Карскі і яго „Белоруссы”, тамсама, с. 37-45.

[43] Філ. канд. Я. Станкевіч, Адрывак з Ай Кітабу, тамсама, с. 46-52.

[44] А. Матач, Абшар займаны Крывічамі і крыўская колёнізація, у: „Крывіч”, № 2 (10), Каўнас 1925, с. 27-36.

[45] Запіскі, тамсама, с. 91-110.

[46] Вываз крыўскіх культурных цэннасьцяў у Польшчу ў часе Польска-Расійскай вайны 1918-1919 г., тамсама, с. 108-19.

[47] Кнігопісь і крытыка, тамсама, с. 119-122.

[48] Ю. В-ка, Праф. У. Пічэта. Гісторыя Беларусі, тамсама, с. 120-121.

[49] В. Л., Праф. У. Ігнатоўскі. Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця, тамсама, с. 122.

[50] Цар Саламон, Песьні Песьняў. Пераклад В. Ластоўскага, у: „Крывіч”, № 1 (11), Каўнас 1926, с. 1-5.

[51] А. Узьнесянскі, Паэтыка М. Багдановіча, тамсама, с. 12-61.

[52] В. Ластоўскі, Мае ўспаміны аб М. Багдановічы, тамсама, с. 62-66.

[53] Peregrinus, Тодар Дастаеўскі і Адам Міцкевіч, сыны крывіцкага народнага генія, тамсама, с. 79-91.

[54] Ю. Верашчака, Што спрыяе разросту і ўпадку дзяржаваў, тамсама, с. 84‑87.

[55] Кнігопісь, тамсама, с. 113-118.

[56] Патрыотычны Малітвеннік, тамсама, с. 117-118.

[57] Власт, Уражаньні з паездкі ў Беларускую Радзянскую Соціялістычную Рэспуб­ліку, у: „Крывіч”, № 12, Каўнас 1926, с. 78-96.

[58] В. Ластоўскі, Выбраныя творы, Мінск 1997, 510 с.

[59] Формаў трупехлых я вораг дасконны..., тамсама, с. 209.

[60] Паэт, ты вольнага Пегаса..., тамсама, с. 215.

[61] Чала я не хіліў прад сілай..., тамсама, с. 226.

[62] Наперад, змагарна наперад!, тамсама, с. 205.

[63] Я. Колас, Водгульле, Менск 1922, с. 107.

[64] На Каложы ў Горадні, у: В. Ластоўскі, Выбраныя творы, Мінск 1997, с. 207‑208.

[65] Дума на Полацкім замчышчы, тамсама, с. 208-209.

[66] На смаленскіх сценах, тамсама, с. 216.

[67] Песня а князю Вітаўце, тамсама, с. 218.

[68] У гадаўшчыну люблінскай ганьбы, тамсама, с. 219.

[69] Рэйнскі вадапад, тамсама, с. 209.

[70] Кёльнскі сабор, тамсама, с. 210-211.

[71] У Альпах, тамсама, с. 211-212.

[72] Сабор св. Марка ў Венецыі, тамсама, с. 212-213.

[73] Генуэзскі рынак, тамсама, с. 213-215.

[74] Чытаючы Гамера, тамсама, с. 216.

[75] На оды Гарацыя, тамсама, с. 217.

[76] З Мікеланжэла, тамсама, с. 221.

[77] О, Крыўская зямля..., тамсама, с. 223-224.


Кніга публікуецца на сайце з ласкавай згоды Аўтара

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster