БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Аляксандар Баршчэўскі, Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць, ч. 1

3. Беларускі эміграцыйны асяродак у Празе

3.1. Абарона беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў на старонках пэрыёдыка „Іскры Скарыны” 

Важным цэнтрам беларускай эміграцыйнай пісьмовасьці сталася пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі Чэская Прага. Пэўная група беларусаў з Савецкай Беларусі й яшчэ большая з Заходняй Беларусі накіравалася ў Чэскую Прагу, як быццам жадаючы паўтарыць шлях Францішка Скарыны. Сярод праскіх беларускіх эмігрантаў знайшліся савецкія ўцекачы розных прафэсіяў, а што датычыцца выхадцаў з Заходняй Беларусі, дык былі гэта галоўным чынам студэнты, якія ў сталіцы Чэхаславаччыны здабы­валі веды на розных напрамках у вышэйшых навучальных установах. Дзякуючы прыхільнасьці тагачас­ных чэхаславацкіх уладаў, беларускія эмігранты жылі ў параўнаўча нядрэнных матэрыяльных умовах. З гэтай прычыны змаглі яны выдаваць такія часопісы, як: „Прамень”, „Студэнцкая Думка”, „Пера­вясла” й „Іскры Скарыны”, якія мелі палітычны, культурны й асьветніцкі характар. Усе праскія беларускія публіцысты моцна акцэн­тавалі справу нацыянальнага адраджэньня, беларускай годнасьці й высокага рангу беларускай мовы. Беларускія выхадцы моцна сачылі за разьвіцьцём падзеяў у Савецкай Беларусі й палажэньнем беларусаў у Польшчы. Зразумела, што артыкулы ў толькі што названых праскіх часопісах мелі вельмі розны характар і палітычны накірунак. Аднак у большасьці зь іх вычувалася непрыхільнасьць да трактоўкі беларускіх патрэбаў у Польшчы й падтрымка для тых зьяваў, якія складаліся на г. зв. беларусізацыю ў Савецкай Беларусі. У 1920‑х гадох толькі нешмат­лікія зь беларускіх эмігрантаў у Чэхасла­ваччыне падазравалі, альбо цьмяна дадумоўваліся, што прыхільныя адносіны бальшавікоў да беларускіх нацыянальных імкненьняў зьяўляюцца ўсяго толькі хітрай тактыкай, аблічанай на тое, каб выявіць усіх сьвядомых бела­русаў у Беларусі й сьцягнуць з замежжа як найбольшую колькасьць эмігрантаў дзеля іх татальнай фізычнай ліквідацыі. Тактыка гэтая пачала зьбіраць сваё трагічнае жніво на пачатку 1930‑га году, а прадаўжалася яно да сьмерці Сталіна, г. зн. да 1953 году. На жаль, многія з праскіх беларусаў пайшлі дабравольна ў савецкую пастку. Наступіла гэта ў другой палове 1920‑х гадоў, што значна паслабіла тую дынаміку беларускай пісьмовасьці ў Чэхаславаччыне, якая праяўля­лася паміж 1920 і 1926 гадамі. 

Сярод найбольш заслужаных праскіх беларусаў трэба назваць Ігната Дварчаніна[1]. Ацэньваючы яго як беларускага эмігранта ў Чэскай Празе, варта падкрэсьліць, што, ангажуючыся ў публіцыстычную, паэтычную й літаратурную дзейнасьць, моцна ўзбагаціў ён праявы беларускай эміграцыйнай пісьмовасьці. Характарызаваў яго інтэлек­туальны ўнівэрсалізм, які праяўляўся, між іншым, у шматлікіх ягоных дакладах на студэнцкіх сходах і сустрэчах. Публіцыстычнае, паэтыч­нае й наву­ковае слова І. Дварчаніна заўсёды адзначалася нацыяналь­най непадкуп­насьцю, дбайнасьцю пра чысьціню роднай мовы, верай у тое, што толькі шляхам бескампраміснай барацьбы з ворагамі беларушчыны беларускі народ здолее збудаваць свой сувэрэнітэт і сваю незалежнасьць. На жаль, гэтым высокім ідэалам, культы­ваваным у Чэскай Празе, Ігнат Двар­чанін як быццам запярэчыў, вярнуўшыся ў Заходнюю Беларусь. І хаця й тут зрабіў вельмі многа для пашырэньня беларускай культуры, пішучы й выдаючы, між іншым, славутую Хрэстаматыю новай беларускай літэратуры[2], пры гэтым аднак падпаў пад уплыў бальшавіцкай прапаганды, якая прывяла яго пад карабіны сталінскіх апрычнікаў.

У 1925 годзе беларускае студэнцтва, пры актыўным удзеле Ігната Дварчаніна, Тамаша Грыба[3] й Васіля Захаркі[4], у Чэскай Празе паклі­кала да жыцьця Беларускае (Крывіцкае) Культурнае Тварыства імія Францішка Скарыны. Гуртавала яно беларускія маладыя эмігра­цыйныя сілы. Складалася галоўным чынам са студэнтаў, якія пакінулі родную Беларусь. Пераехалі яны ў Чэхаславакію й там былі пры­нятыя ў розныя вышэйшыя ўстановы, галоўным чынам у Карлавы Ўнівэр­сытэт у Празе. Ужо сам факт, што Таварыства заіснавала пад патранатам Ф. Скарыны, сьведчыў пра тое, што ягоныя сябры бралі прыклад зь беларускага вялікага асьветніка, які ня толькі не баяўся Захаду, але пастанавіў скарыстаць з заходнеэўрапейскіх навуковых і тэхнічных дасягненьняў ды паставіць іх на паслугі свайму роднаму народу. Несумненна, беларускія студэнты ў Чэскай Празе трактавалі Францішка Скарыну як свайго вялікага папярэдніка й патрона. Хацелі яны стацца яго прадаўжальнікамі й творчымі насьледнікамі. Гэтая духоўна-ідэйная сувязь праскага беларускага студэнцтва з Франціш­кам Скарынам вынікала галоўным чынам з таго факту, што выдатны беларускі першадрукар на пачатку XVI ст. разьвіваў выдавецкую дзейнасьць якраз у Чэскай Празе, якая характарызавалася палітыч­най і рэлігійнай свабодай ды талерант­насьцю. Падобная атмасфэра выступала таксама ў той Чэскай Празе, у якой апынуліся беларускія студэнты на пачатку ХХ ст. 

Сябры Беларускага (Крывіцкага) Культурнага Таварыства імя Ф. Скарыны ў Чэскай Празе займаліся шырокай гамай беларуса­знаўчай дзейнасьці. Ладзілі яны шматлікія сходы, вечарыны й лекцыі, прысьвечаныя папулярызацыі розных галін беларускага мінулага й сучаснага. З асаблівай увагай, а нават культам, сябры Таварыства адносіліся да першай беларускай незалежнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, як вядома, узьнікла 25 сакавіка 1918 году. Было гэта зразумелае й лягічнае, калі ўзяць пад увагу, што многія зь ініцыятараў і дзеячоў БНР пасьля ўзьнікненьня СССР, уцякаючы ад рэпрэсіяў, апынуліся ў Чэскай Празе і ўліліся ў студэнцкія шэрагі або сталіся дасьледчыкамі незалежнай беларускай гістарычнай навукі. Сябры Таварыства рэгулярна адзначалі й сьвяткавалі ўсе гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі й стараліся прыцягнуць да актыўнага нацыянальнага дзеяньня ўсіх тых беларускіх эмігрантаў, якія апы­нуліся ня толькі ў Чэхаславаччыне, але і ў іншых заходнеэўра­пей­скіх краінах. 

Гаворачы аб актыўнасьці сяброў Беларускага (Крывіцкага) Культурнага Таварыства, варта зьвярнуць увагу на тое, што яны вельмі высока ставілі й цанілі публіцыстычную ды літаратурную творчасьць, і таму многія зь іх сталіся вядомымі публіцыстамі або літаратарамі й дасьледчыкамі. 

Вынікам такіх схільнасьцяў ды імкненьняў было тое, што Таварыства прычынілася да выданьня ў Чэскай Празе шэрагу студэнцкіх беларускамоўных часопісаў. Несумненна, найважнейшым здабыткам Таварыства сталася выданьне, на шостым годзе яго існаваньня, часопіса „Іскры Скарыны”. Часопіс гэты выдаваўся лацін­скім шрыфтам, што падкрэсьлівала арганічныю сувязь яго рэдактароў і выдаўцоў з заходне­эўрапейскай культурай і літаратурай. 

У першым нумары часопіса „Іскры Скарыны” паявіўся ўступны артыкул пад назовам Ад Рэдакцыі, у якім былі вылажаны тыя галоўныя ідэі й мэты, якімі кіраваліся ініцыятары й выдаўцы гэтага органа. У праграмным артыкуле, між іншым, сьцьвярджаецца: 

„Шэсьць гадоў таму беларускае студэнцтва ў Празе заснавала Беларускае (Крывіцкае) Культурнае Таварыства імя Ф. Скарыны. Не было лепшага часу для заснаваньня Культурнага Таварыства, як 1925 год, калі ўся наша Бацькаўшчына ўрачыста сьвяткавала чатэрысотыя ўгодкі народнае працы вялікага гуманіста Беларусі, і не было лепшага мейсца, як Чэская Прага, дзе гэты вялікі Беларус пачаў сваю эпохальную для культурнага жыцьця ўсяго эўрапэйскага Ўсходу працу і скуль прывёз ён чарадзейны друкарскі варстат у беларускую сталіцу – Вільню. І сапраўды, дастойна гэтым беларускае сту­дэнцтва ўшана­вала памяць свайго вялікага калегі – брата з ХVІ стагодзьдзя. 

Але толькі аж сягоньня кіраўніцтва Скарынінскага Таварыства дае ў рукі беларускага чытача першы нумар свае часопісі. Чаму гэтак сталася, чаму аж сягоньня? Шмат на гэта склалася прычынаў, аб якіх тут лепш не спамінаці. Скажамо толькі славамі вялікага нашага Купалы: «Самі мы толькі вінаваты ў нашай долі праклятай».

Сягоньня кладземо ў рукі беларускага чытача першы нумар часопісі Скарынаўскага Таварыства і просімо памагчы нам у цяжкой працы. 

«Іскры Скарыны» ёсьць часопіс беларускага маладога думаючага жыцьця; маладая беларуская Думка знойдзе на бачынах скарынінскае часопісі неабме­жаваную магчымасьць свае праявы. Прынцып свабоднае праявы маладое беларускае крытычна-творчае думкі на бачынах часопісі ёсьць загварантаваны імям самога вялікага нашага гуманіста, які яшчэ ў часе поўнага панаваньня гвалту й зьдзеку над дастойнасьцю думаючага чалавецтва горда падняў сьцяг гуманізму над усім славянскім Усходам. 

Кіраўніцтва Скарынінскага Таварыства верыць, што ўся бела­руская інтэлігенцыя, якая выйшла зь нетраў працоўнага народу, жыва адгукнецца на гэты пачын і сваім гарачым учасьцем паможа выдаваці скарынінскую часопісь кожнага месяца”[5].

Абапіраючыся на факты, трэба з гордасьцю сказаць, што пакліканьне да жыцьця Беларускага (Крывіцкага) Культурнага Тава­рыст­ва імя Ф. Скарыны ў Чэскай Празе было адным з найбольш эфэктных праяваў беларускай інтэлектуальнай патэнцыі ў эміграцыі. Было перамогай тых нацыянальных сілаў, якія, абапіраючыся на спэцыфіку жыцьця вялікага Скарыны, актыўна дзейнічалі на карысьць незалежнай ды сувэрэннай і дэмакратычнай беларускай дзяржавы.

У тым жа першым нумары часопіса „Іскры Скарыны”, які выйшаў у Чэскай Празе 3 ліпеня 1931 году, быў зьмешчаны абшырны й грунтоўны артыкул Тамаша Грыба пад назовам Культурнае будаўніцтва новай Беларусі[6]. Эміграцыйны публіцыст выйшаў ад сьцьвярджэньня, што Беларусь усё яшчэ зьяўляецца для навукі terra incognita (таемная зямля), аб якой дасьледчыкі нарэдка апавядаюць розныя легенды. Такому падыходу да справы ў нейкай ступені спрыялі й самі беларусы, адгароджаныя ад культуры й цывілізацыі, акунутыя ў атмасфэру песьняў, легендаў, казак і забабонаў. Аднак у духоўным падтэксьце беларус – паводле Тамаша Грыба – адчуваў сваю ўласную нацыянальную, моўную й культурную тоеснасьць, свой аўтэнтызм і сваю непаўторную самабыт­насьць. Дасьледчыкі аднак ахвотна кіраваліся ўяўнымі й прыкіднымі рэаліямі ды трактавалі беларускую нацыю як арганічную частку нацыі расейскай альбо польскай. Успрымалі яны беларусаў як этнаграфічны сурагат, які ахвотна выкарыстоўвалі больш разьвітыя суседзі. 

Публіцыст „Іскраў Скарыны”, будучы гарачым прыхільнікам ідэі нацыянальнага й дзяржаўнага адраджэньня Беларусі, шукаў у мінулым роднага краю адраджэнскіх крыніц і каранёў. Адклікаўся ён да тых слаўных момантаў у гісторыі, якія сьведчылі аб праявах жывога беларускага нацыянальнага духу. 

„Быў час – напісаў Т. Грыб – калі беларускі народ, як этнічнае суспольства – быў вольным і дзяржаўна-самастойным народам; займаў пачэснае мейсца паміж іншымі вольнымі народамі; стаяў на ўзвышшы дасягненьняў тагачаснае агульналюдзкае культуры. 

Беларуская мова, яшчэ на рубяжы ХІІ-ХІІІ стагодзьдзяў, стаўшая літаратурнаю моваю, была пануючай ва ўсіх дзяржаўных установах Беларусі, была моваю ўсяго беларускага суспольства – магнатаў, шляхты, духавен­ства, мяшчанства, рамесьніцтва й сялянства. У XIV стагодзьдзі падчас магутнага ўздойму рэфармацыі на Беларусі, паклаўшай моцныя падваліны буйнага росквіту беларускай культуры, беларуская мова дасягнула ўзвышша свайго літаратурнага разьвіцьця.

У канцы XVI і пачатку XVII стагодзьдзяў адбыліся на Беларусі падзеі, якія зьнівэчылі магутны ўздойм беларускай рэфармацыі й гуманізму, спынілі быйны росквіт беларускае культуры; заняпала беларуская літаратурная мова. З канца XVII стагодзьдзя беларуская мова стала ўжо толькі моваю «простага народу» – рамесьніцтва й сялянства. Сацыяльныя вярхі беларускага сусполь­ства, пад уплывам настаўшае каталіцка-праваслаўнае рэакцыі, падлеглі асыміляцыі – за­нядбалі, а ўрэшце й зусім пакінулі сваю родную беларускую мову, успры­нялі мову польскую або рускую, страцілі сваю самаістую культур­ную індывідуальнасьць, чужынцамі – калёністамі сталі ў сваім родным краі.

Працэс асыміліяцыі вышэйшых станаў беларускага суспольства прадаўжаўся аж да канца ХІХ стагодзьдзя; пад націскам грубае сілы царскае Расіі пачаў шырыцца й у асяродзьдзі «простага народу» – рамесьніцтва й сялянства. Ніколі яшчэ так пасьпяхова не адбывалася палянізацыя беларускага народу, пераважна каталіцкага веравы­знаньня, як пасьля доўгалетняга тэрору й жорсткага панаваньня на Беларусі рускага сатрапа Мураўёва – вешацеля; ня ў меншай меры адбывалася й русыфікацыя беларускага народу, пераважна права­слаўнага веравызнаньня. Каталіцтва й праваслаўе на Беларусі сталі галоўнымі чыньнікамі культурнай асыміляцыі беларускага народу”[7].

Паводле публіцыста „Іскраў Скарыны”, працэс асыміляцыі беларусаў быў часткова ўстрыманы ў XVIII і ў ХІХ стагодзьдзях. Лічыць ён, што пад уплывам вызвольных свабодалюбівых ідэяў Францускай рэвалюцыі й рамантызму, у Беларусі распачаўся працэс нацыяналізацыі. Аднак ня быў ён у стане давесьці да поўнага нацыя­нальнага адраджэньня. Справа ў тым, што носьбіты рамантычных ідэяў былі наогул моцна зьвязаныя з польскай нацыянальнай сьвядомасьцю й з каталіцкім веравызнаньнем, што ў значнай ступені абмяжоўвала ў іх сэрцах і думках абсяг ідэі беларускага нацыя­нальнага адраджэньня. Носьбіты гэтых ідэяў імкнуліся перадусім да палягчэньня лёсу беларускага селяніна й толькі ў нязначнай ступені думалі аб беларускай дзяржаўнай незалежнасьці. 

У ХІХ стагодзьдзі ў Беларусі ўсё яшчэ не было нацыянальнай прэсы й палітычных арганізацыяў, якія б цьвёрда стаялі на грунце існаваньня незалежнай беларускай дзяржавы. Новыя зьявы ў беларускім нацыянальным руху – меркаваньнем Тамаша Грыба – праявіліся на пачатку ХХ стагодзьдзя, у часе першай расейскай рэвалюцыі й асабліва ў часе рэвалюцыі Кастрычніцкай. На гэтую тэму Тамаш Грыб напісаў наступнае: 

„У бураломныя дні рэвалюцыі 1905-1906 гадоў беларускае сялян­ства й рамесьніцтва зрабіла першую спробу актыўнага выступленьня з дамаганьнем волі; адкрыта загаманілі ў сваёй роднай мове. Зь іх асяродзьдзя выходзе новая, маладая й бадзёрая – нацыя­нальна сьвядомая інтэлігенцыя; узмацняе й кладзе новыя падваліны адра­джэньня беларускае культуры. 

Падчас настаўшага вялікага катаклізму на Ўсходзе Эўропы ў 1917 годзе – распаду турмы народаў пад гучнай назваю Расійская Імпэрыя – беларускі народ здабыў у сабе столькі сілы й нацыянальна-сацыяльнай сьвядомасьці, што абвясьціў свой родны край вольнай і ні ад каго незалежнай рэспублікай. 

Праўда, не абараніў свае дзяржаўнае самастойнасьці; быў пераможаны ў няроўным змаганьні на два франты – проці Масквы й проці Варшавы. Але з тым большаю заўзятасьцю імкнецца вярнуць сабе ўтрачаную волю. 

Народ, які аднаго разу паўстаў на змаганьне за сваю неза­леж­насьць, ня можа быць доўга нявольнікам – здрузгоча кайданы няволі”[8]. 

У другой частцы сваёй публікацыі Тамаш Грыб выказаў думку аб тым, што размах беларускага культурнага й нацыянальнага адраджэньня ў часе Кастрычніцкай рэвалюцыі й пасьля яе ўстры­вожыў як расейскіх, так і польскіх нацыяналістаў, якія ў беларускім імпэце, што найпаўней выявіўся ў факце пакліканьня да жыцьця Беларускай Народнай Рэспуб­лікі, убачылі магчымасьць поўнага выхаду Беларусі й беларусаў са сфэры іх уплываў ды іхнага панаваньня. На гэтую тэму эміграцыйны аўтар напісаў наступнае: 

„Стыхійны ўзрост беларускага вызвольна-адраджэнскага руху тры­вожыць супакой гнабіцеляў; пагражае трываласьці іх ладу, зьдзірства й насіль­ства. Апрача жорсткага тэрору, які ўжываецца імі ў адношаньні да мірнага й безбароннага насельніцтва, прыдумляюцца розныя каверзы й шахрай­ствы, абы толькі спыніць, абы затрымаць стыхійны поступ адраджэньня й вызваленьня беларускага народу. Але дарэмныя іх намаганьні. Гісторыя мае сваю жалежную лёгіку. Не назад, а наперад, усё наперад і толькі наперад ідзе магутны поступ усяго чалавецтва. І беларускі вызвольна-адраджэнскі рух, выкліканы грука­там усёагульнага поступу, ня можа спыніцца ад таго, што сквапны польскі пан, ці прагавіты рускі камісар таго не жадаюць”[9].

У далейшых фрагмэнтах сваёй публікацыі эміграцыйны дзеяч заняўся характарыстыкай тых балючых зьяваў, якія выступілі ў беларускім жыцьці на пачатку 1930‑х гадоў, калі ў Савецкай Беларусі закончыўся пэрыяд беларусізацыі й зьвязанай зь ёю адноснай нацыянальнай і палітычнай свабоды ды пачыналіся гады жорсткага сталінскага тэрору й бяспрыкладнай русыфікацыі краіны. Тамаш Грыб быў, несумненна, добра запазнаны з наступам сталіншчыны й не хаваў сваіх варожых адносінаў да яго. 

„Хіба-ж гэта ня ясна – напісаў Грыб – на Беларусі адбываецца вялікая культурная рэвалюцыя! 

Мусім аднак бліжэй прыглядзецца да гэтае зьявы. Перадусім, які канкрэтны зьмест гэтага паняцьця – культурная рэвалюцыя? 

Злоўжываюць гэтым словам маскоўска-бальшавіцкія гнабіцелі беларус­кага народу, калі яны ім азначаюць беларусізацыю; тую беларусізацыю, якая зьдзяйсьняецца імі з адзінай мэтаю замацаваньня дыктатуры дзяр­жаў­нага апарату; тую славутую беларусізацыю, якая зводзіцца да таго, каб дзяр­жаў­ныя ўрадаўцы-бюракраты, ведаючы беларускую мову, спрытней і чым хутчэй маглі абдурыць беларускага селяніна й работніка, зьбянтэжанага інтэлігента, ды мацней заціснуць беларускі народ у жалезныя абцугі калёніяльнага вызыску. Няхай сабе, маўляў, і ў беларускай мове гавораць, пішуць і друкуюць – гэта няважна, абы толькі зьмест быў агульнарускі й вялікадзяржаўніцкі”[10].

У канцы сваіх разважаньняў беларускі эміграцыйны публіцыст рашуча выказваецца за поўную незалежнасьць беларускай мовы, беларускай культуры, беларускай нацыянальнай сьвядомасьці й беларускай дзяржаўнасьці, бачачы ў іх паратунак для беларускага народу. Тамаш Грыб сьцьвярджае наступнае: 

„Агульналюдзкая культура ствараецца людзьмі й народамі, ствараецца нацыямі. Вось чаму, будуючы нацыянальную беларускую культуру, мы ня ўхіляемся ад агульналюдзкае культуры. Хочамо толькі захаваць прыдбаны ў цягу стагодзьдзяў цяжкі жыцьцёвы досьвяд нашага працоўнага народу; хочамо наяўна, усебакова ды інтэгральна яго ўсьвядоміць і выявіць. Мы хочамо, каб у будаўніцтве гмаху агульналюдзкае культуры прыймалі чынны ўдзел і нашы інжынеры культурнага будаўніцтва; каб беларускі працоўны народ перастаў быць толькі аб’ектам, а стаў суб’ектам вялікага будаўніцтва агульналюдзкае культуры; каб іншыя нацыі ўспрыймалі таксама найлепшыя асаблівасьці беларускае культурым, як мы ўспрыймаемо й ператвараемо ў сабе, прыстасоўваючы да нашых абставін, шэраг найлепшых асаблівасьцяў іх культуры. Хочамо быць раўнапраўнымі й раўнавартнымі ўдзельнікамі ўсеагульнага культурнага будаўніцтва. 

Ясна й зразумела: будуючы нацыянальную беларускую культуры на моцных падвалінах жыцьцёвага досьведу беларускага працоўнага народу, мы гэтым самым узбагачаемо агульналюдзкую культуру, прыймаемо чынны ўдзел у будаўніцтве культуры ўсяго чалавецтва. У гэтым ёсьць сэнс і галоўнае значэньне культурнага будаўніцтва Новай Беларусі”[11] – канклюдуе эміграцыйны аўтар. 

Разважаньні Тамаша Грыба інспіруюць нас да правядзеньня цікавых аналягаў паміж тымі зьявамі, якія прадставіў эміграцыйны публі­цыст, і сытуяцыяй у Беларусі з гадоў 1991‑1999. Падабенствы праяўляюцца ў тым, што як у 1920‑я гады праводзілася беларусізацыя ў Савецкай Беларусі, так у гадох 1991‑1995 пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі распачаўся пэрыяд павольнага й асьця­рожнага адраджэньня ў краіне нацыянальных каштоўнасьцяў. 

Другое падабенства кідаецца ў вочы, калі глянем на пачатак 1930‑х гадоў, якія азначалі жорсткую расправу з усім нацыянальным і хуткую русыфікацыю краіны, ды параўнаем гэтыя падзеі да сытуацыі, узьніклай у Беларусі пасьля рэфэрэндуму з паловы траўня 1995 году, калі аднавіўся хуткі русыфікацыйны працэс ды імкненьне да поўнага ўключэньня Бела­русі ў склад Расеі. 

З гэтага вынікае, што як 1930‑я гады, так і другая палова 1990‑х гадоў азначаюць жорсткае змаганьне зь ідэяй незалежнай і сувэрэннай Беларусі.

Пад загалоўкам На два фронты[12] вядомы беларускі эмігрант у Чэскай Празе Тамаш Грыб зьмясьціў артыкул, прысьвечаны пытань­ню, якое сёньня ня меней актуальнае й важнае для Беларусі ды беларусаў, чым больш за 70 гадоў таму, калі артыкул быў напісаны й надрукаваны.

Эміграцыйны публіцыст заняўся рознымі аспэктамі й праявамі беларускай нацыянальнай сьвядомасьці ды праблемай значэньня незалежнай дзяржаўнасьці ў справе захаваньня народу й нацыі, як каштоўнасьці найвялікшага рангу й значэньня. Ужо на пачатку публі­кацыі Тамаш Грыб ставіць вострыя пытаньні: 

„Узьнікае шэраг пытаньняў: нашто й дзеля чаго патрэбна беларускаму народу свая самастойная дзяржава? Што такое дзяр­жава? Што знача быць вольным і дзяржаўна-самастойным народам? 

Каб адказаць на ўсе гэтыя пытаньні, мусімо зьвярнуцца да раз­гляду асноўных падвалін жыцьця й дзейнасьці людзкога суспольства. 

Першай і асноўнай падвалінай жыцьця й дзейнасьці людзкога суспольства ёсьць арганізацыя. Без арганізацыі няма й суспольства; неарганізаваны натоўп ня ёсьць суспольства. Толькі арганізацыя стварае тую маральна-псыхічную суцэльнасьць, якую мы называемо суспольствам. 

Людзкое суспольства такім чынам ня ёсьць арганізм, як дзе хто думае; людзкое суспольства ёсьць арганізацыя, нават вельмі склада­ная сыстэма арганізацыі, і чым больш культурнае суспольства, тым больш складаная сыстэма яго арганізацыі”[13]. 

У далейшых разважаньнях і вывадах Тамаш Грыб выказвае думку аб тым, што кожнае грамадзтва абапіраецца перадусім на інстынкт самазахаваньня й волі да жыцьця. Паводле аўтара, чым вышэйшай зьяўляецца сьвядомасьць акрэсьленай нацыі, тым боль­шая ў яго прага ўмацаваньня свае незалежнасьці й сувэ­рэннасьці. Такія схільнасьці напачатку праяўляюцца ў салідарнасьці сям’і, роду, племені, этнагра­фічнай супольнасьці, урэшце – у еднасьці народу й нацыі. Усё гэта, меркаваньнем Тамаша Грыба, вядзе чалавечае грамадзтва да незалежнай дзяржавы, якая зьяўляецца найвышэйшай формай духоўнай тоеснасьці народу. Тамаш Грыб лічыць, што толькі незалежная дзяржава дае народу магчымасьць выйсьці з залежнасьці й зьняволеньня на шлях сувэрэннасьці й міжнароднага прызнаньня, а таксама магчымасьці ўплыву ня толькі на ўласны лёс, але й на лёс іншых народаў. На гэтую тэму Тамаш Грыб піша: 

„Народ як этнічнае суспольства толькі праз сваю самастойную дзяржаву дасягае ўзвышша, поўнага й усебаковага разьвіцьця, наяўнага выяўленьня свае самаіснае індывідуальнасьці; забесьпячае сабе права міжнароднага прызнаньня й незалежнага праўнага становішча ў міжнародных узаемаадносінах. 

Як гэта ня дзіўна, але ня кожны народ мае сваю самастойную дзяржаву й ня кожная дзяржава ёсьць народная. Аж па сёньняшні дзень існуюць недзяр­жаўныя народы. Аж па сёньняшні дзень існуюць многанародныя дзяржавы, у якіх адзін народ зьяўляецца дзяржаўна-пануючым, а іншыя – прыгнечаныя й паня­во­леныя народы. 

Згэтуль якраз і вынікае вялікае ліха на сьвеце: жорсткая міжнародная варажнеча й амаль што безупынныя войны. 

Тыя народы, якія пад уплывам вонкавых абставін страцілі сваю самастойную дзяржаўнасьць, або й зусім яе ніколі ня мелі, гэтым самым яны пазбаўлены першай і асноўнай падваліны свайго прырод­нага разьвіцьця. Яны выключаны з сыстэмы міжнародных узаемаадно­сін, абернуты ў аб’ект панаваньня дзяржаўных народаў, зьяўляюцца ўвонках гістарычнага працэсу разьвіцьця ўсяго чалавецтва. 

Сяньня ўсё чалавецтва падзелена на дзьве часьці: на дзяржаўна-пануючыя народы й недзяржаўна-паняволеныя народы. Недзяржаўныя народы зьяўляюцца калёніяльнымі нявольнікамі дзяржаўна-пануючых народаў. 

Сутнасьць калёніяльнага нявольніцтва выяўляецца ў наступных формах: 

1. пазбаўленьне дзяржаўнае самастойнасьці народаў і ўста­наў­леньне над імі ўладарна-кіруючай зьверхнасьці; пазбаўленьне волі самаўрадаваньня, волі самаарганізацыі й самадзельнасьці культурнай, гаспадарчай і палітычнай; 

2. прыўласьценьне прыродных багацьцяў (зямлі, лесу, выкопнікаў); калёнізацыя тэрыторыі з мэтаю раскладаньня мейсцовага насель­ніцтва й дэфармацыі сацыяльнай структуры; 

3. вызыск працоўнае сілы прыгнечанага й паняволенага народу ў прадпрыемствах дзяржаўна-пануючых народаў; таксама ў спосабе арганізацыі гандлю, крэдыту, сьцягваньня падаткаў, якія ў пераважнай большасьці йдуць не на задаваленьне патрэбаў мейсцовага насель­ніцтва, а на ўзбагачэньне гнабіцеляў; 

4. вызыск інтэлектуальнае сілы прыгнечанага й паняволенага народу, яго інтэлігенцыі ў культурных, гаспадарчых і палітычных установах дзяржаўна-пануючага народу; 

5. вызыск мілітарнае сілы (дзяржаўная паліцыя, войска); у прыпадку вострых нацыянальна-сацыяльных канфліктаў і ў прыпадку вайны – гэта ёсьць вызыск крыві прыгнечанага, паняволенага народу. 

У выніку гэтага калёніяльныя народы маюць здэфармаваную сацыяльную структуру; зьяўляюцца няпоўнымі суспольствамі: яны ня маюць сваіх культур­ных і заможных станаў, ня маюць нават свае інтэлігенцыі, бо ня маюць сваіх школ. Усе вышэйшыя функцыі іх культурнага, гаспадарчага й палітычнага жыцьця выконваюцца чужынцамі. Гэта ёсьць народы плебэяў, народы сялян і работнікаў, якія працуюць на ўзбагачэньне сваіх гнабіцеляў, застаючыся самі ў вялікай бядоце”[14].

У канцы свайго артыкула Тамаш Грыб сьцьвярджае, што няма такіх народаў, якія ня прагнулі б мець сваю незалежную дзяржаву. Аднак сёньняшняя сытуацыя ў Беларусі не пацьвярджае слушнасьці гэтай думкі Тамаша Грыба. На жаль, народам, які выразна не дацэнь­вае аграмаднага значэньня незалежнай і сувэрэннай дзяржавы, зьяўляюцца беларусы. 

У чацьвертым нумары часопіса „Іскры Скарыны” за 1934 год была зьмешчана абшырная публікацыя пад загалоўкам Дзьве культуры і дзьве экспанзыі аўтарства Васіля Захаркі[15]. 

Эміграцыйны публіцыст у згаданым артыкуле Дзьве культуры і дзьве экспанзыі заняўся пытаньнем, якое, па сутнасьці, да сёньня ня страціла свае актуальнасьці й важнасьці. Разгледзеў ён праявы расейскай экспансыўнасьці й агрэсыўнасьці ды імкненьне расейскіх эмігрантаў да таго, каб ня толькі прыпісаць Расеі ўсю спадчыну Кіеўскай Русі, але таксама заўладаць культурнымі, мастацкімі й літаратурнымі здабыткамі Вялікага Княства Літоўскага. Васіль Захарка спасылаецца на выступленьні ў Парыжы Мілюкова ды ў Лёндане Муратава, якія бессаромна прыпісалі Расеі ўсё тое, што на працягу стагодзьдзяў было створана ўкраінцамі й беларусамі. Захарка пераканаўча даказвае, што расейскія эміграцыйныя дасьледчыкі займаюцца сьвядома фальшаваньнем гісторыі: 

„Даўгавечнасьць Расіі панам Муратавым падпіраецца, па-першае архітактураю і мастацтвам ХІ‑ХVІІ стагодзьдзяў, якія маюцца «в стенных росписях русских церквей»: Пскова, Ноўгарада, Кіева й Супрасьля; па-другое «русским языком, русскою эмалью, русским православным сознанием», якія «шырокою волною распространились на запад во второй половине XIV века и в последующем столетии».

Асаблівую заслугу дакладчык надае рускай культуры, якая напоўніла сваім зьместам узьнікшую ў XIV і XV стагодзьдзях Літоўска-Рускую дзяржаву. Руская мова была ў ёй дзяржаўнаю й літаратурнаю моваю. На гэтай мове быў напісаны літоўскі юрыдычны статут, які паслужыў пазьней аднэй з галоўных крыніц судавога ўлажэньня цара Аляксея Міхайлавіча. На рускай мове адбываліся дэбаты ў літоўскіх сэймах, якія выяўлялі сабой аналёгію сярэдне­вечнага англійскага парлямэнту. Гаворачы далей аб тым, што гэтая «руская культура» разам зь літоўскімі вяльможамі й духоўнымі асобамі прасочвалася і ў Польшчу, ён нарэшце кажа: «Такі знакаміты прыклад рускай культурнай экспансіі ў XIV стагодзьдзі».

Так і ў гэткі спосаб маскоўскія імпэрыялісты й русыфікатары падпіраюць чужымі каштоўнасьцямі існаваньне нават таго, чаго не было”[16]. 

У далейшых сваіх разважаньнях эміграцыйны беларускі публі­цыст супрацьстаўляецца тэзісу Муратава аб тым, што Маскоўская Русь уплы­вала культурна й літаратурна на Захад і перадусім на Беларусь. Захарка на гэтую тэму піша наступнае: 

„Маскоўшчына ня толькі ў літаратуры, але й ва ўсёй цывілізацыі адставала ад Беларусі на добрых 150 гадоў. З гэтай прычыны ня ёй было марыць аб якім-небудзь культурным уплыве на захад ад Масквы. Фактычна яна аб гэтым ніколі й ня думала. Дарогу на захад заўсёды расчышчаў ёй толькі штык. 

З гэтага пункту гледжаньня вялікае княства Беларуска-Літоўскае не магло быць напоўнена ў XIV і XV стагодзьдзях тым, чаго не было ў самой Маскве – рускай культурай. 

У XIV і XV стагодзьдзях вялікае княства Беларуска-Літоўскае абхапляла ўжо ня толькі ўсе беларускія й літоўскія землі, але й большую частку ўкраінскіх зямель, вызваленых княствам ад татар­скага ўціску. У гэтую пару межы Беларуска-Літоўскай дзяржавы абыймалі сабою велізарны абшар ад Балтыц­кага да Чорнага мора. Яна цяпер зьяўлялася як‑бы вольным канглямэратам трох народаў і трох старонак: Беларусі, Літвы й Украіны, але культура ў ёй была адна – беларуская. Дзяржаўная мова, суд, законы, школы, ваенная арганізацыя, дзяржаўнае кіраўніцтва й, нарэшце, этыкет двара – усё гэта было ад пачатку да канца беларускае”[17].

Чарговай справай, якой заняўся Васіль Захарка, была справа збройных канфліктаў паміж Маскоўшчынай і Вялікім Княствам Літоў­скім. Паводле эміграцыйнага крытыка, Масква сваю экспансію на захад разьвівала ня ў форме літаратурнай, культурнай ці мастацкай, а толькі ў форме збройнай агрэсіі. 

Далейшыя фрагмэнты сваёй публікацыі Васіль Захарка прысьвя­ціў разважаньням аб стане разьвіцьця асьветы ў Вялікім Княстве Літоўскім і Маскоўскай Русі. Даказвае ён, што асьвета ў беларускай мове, а таксама беларускае друкарства на многія дзясяткі гадоў апярэдзілі разьвіцьцё школьніцтва й кнігадрукаваньне ў Маскоўшчыне. Беларускі публіцыст многа разоў спасылаецца на тых аб’ектыўных расейскіх гісторыкаў, якія да рэвалюцыі ня раз падкрэсьлівалі культурную й літаратурную дамінацыю беларускіх земляў ды іх пладатворны ўплыў на культуру Маскоўскай Русі. Між іншым, Васіль Захарка шырока паказвае постаць Сімяона Полацкага, які, пераехаўшы з Полацка ў Маскву, даваў асьвету царскім дзецям і вучыў мясцовых расейскіх літаратараў прынцыпаў новага верша­складаньня. У канцы сваёй публікацыі эмігра­цыйны беларускі аўтар даказвае, што расейскія палітычныя й дзяржаўныя ўлады заўсёды мелі вернага саюзьніка ў праваслаўным духавенстве, якое істотным чынам прычынілася да разьвіцьця расейскай экспансіі й агрэсіі. 

У тым жа чацьвертым нумары эміграцыйнага часопіса „Іскры Скарыны” за 1943 год быў зьмешчаны ананімны артыкул з загалоўкам у царкоўнаславянскай мове На земле мир, у человецех благо­ве­ление[18]. Невядомы аўтар гэтай абшырнай публікацыі ўжо на самым пачатку выступіў з тэзай пра тое, што ў часе Першай Сусьвет­най вайны найбольш пакрыўджанымі народамі аказаліся беларусы і ўкраінцы. Паводле публіцыста, вялікія суседзі гэтых народаў выкары­сталі сваю сілу з той мэтай, каб падпарадкаваць сабе й зьняволіць як беларусаў, так і ўкраінцаў: 

„Найлепшай ілюстрацыяй новага пасьляваеннага нявольніцтва можа служыць Беларусь і Украіна. Гэтыя старонкі спачатку былі пазбаўлены права на нацыянальна-дзяржаўнае існаваньне, а затым адданы на ласку Расіі й Польшчы, якія, пасьля сусьветнае вайны, распачалі новую вайну, на гэты ўжо раз зь беларускім і ўкраінскім народамі, зьнішчаючы іх фізычна й духоўна. 

Зусім інакш паступілі дзяржавы пераможцы там, дзе справа датыкалася іх уласных інтарэсаў. Так напрыклад: адмаўляючы Беларусі й Украіне ў прызнаньні іх права на дзяржаўнае існаваньне, яны ў той‑жа самы час прызнаюць дзяржаўную незалежнасьць такой старонцы, як Аўстрыя, якую потым прышлося нават забавязваць гэнай незалеж­насьцю ў удумыснай дагодзе. Не пазбаўлена пэўнага навучальнага значэньня й прызнаньня дзяржаўнае незалежнасьці за Прыбалтыцкімі рэспублікамі. І тут, мабыць, большую ролю адыгралі кардонныя інтарэсы дзяржаваў пераможцаў, чымся законныя правы народаў гэных рэспублік, хаця Прыбалтыцкія нацыі ўсёды мелі законнае права на сваё незалежнае дзяржаўнае існаваньне. У выніку такога падыходу перамож­цаў у сусьветнай вайне да мірных дагавораў і да ўтварэньня новае мапы Эўропы, аказалася, што вызвольная вайна амаль нікому свабоды не дала. Цяпер дзяржавы пераможцы ды іх васалы, асабліва Польшча, ня маюць свабоды ад страху перад нянавісьцю паняволеных імі народаў, а паняволеныя народы ад таго насільства, якім абдаравалі іх творцы «міравых дагавораў». 

Вэрсальскі дагавор напрыклад аказаўся з такім духам, які спрыяе толькі сільным, бо зьяўляецца вынікам сілы, а на слабых не зьвяртае ніякае ўвагі, хаця й іх сыны нямала пралівалі свае крыві на алтар Новай Эўропы”[19].

На думку беларускага эміграцыйнага публіцыста, вялікай праблемай у эўрапейскай рэчаіснасьці сталася справа нацыянальных меншасьцяў у паасобных дзяржавах. Некаторыя эўрапейскія краіны прымянілі да нацменшасьцяў вельмі дэмакратычныя й прыязныя для іх прынцыпы. Іншыя дзяржавы толькі ў словах дэкляравалі зразу­меньне да патрэбаў нацыянальных меншасьцяў, а ў практыцы стасавалі да іх прасьледаваньні й прыгнёт. Да краін, якія праявілі на практыцы многа дэмакратызму й добразычлівасьці, беларускі эмігра­цыйны аўтар залічыў Чэхаславаччыну й Латвію. Да дзяржаваў, якія не праявілі добрай волі ў гэтай справе, публіцыст залічыў Савецкі Саюз, Польшчу й Германію. Беларускі аўтар асудзіў крытычна таксама Лігу Нацый, закідваючы ёй пасыўнасьць і бясьсільнасьць. Асабліва востра заатакаваў бальшавізм і гітлерызм, трактуючы іх як вялікія ворагі свабоды народаў. На гэтую тэму публіцыст, між іншым, напісаў: 

„Існуе Ліга Нацый, але й яна даўно ўжо страціла тыя высокія мэты, якія паложаны ў аснову яе статуту. 

Ясна й зразумела, дзеля гэтага, скуль паходзіць тая ўдушлівая атмасфэра, у якой мы жывем і ў якой нельга ўжо дыхаць. Бяспраўе й насільства сталі правам сільнага, а воля й справядлівасьць абернуты ў насьмешку. Атручана грамадзае жыцьцё. І што найгоршае – у гэтай атручанай атмасфэры расьце й выхоўваецца моладзь. 

У апошні час, пасьля сусьветнае вайны, чалавецтва пачало ратавацца ад удушлівае атмасфэры. Але чым? – Крайнасьцямі, як бальшавізм і фашызм; фашызм зьяўляецца нібы антытаксынам на бальшавізм. Але сапраўдныя прэпараты – воля, роўнасьць, справяд­лівасьць, прымірэньне народаў – так і застаюцца бяз жаднага ўжытку. 

Запанаваўшы ў сьвеце псыхоз пашаны грубае сілы вядзе да таго, што адна зь вялікіх дзяржаваў – Японія – пачала ствараць новыя заварушэньні, а другая – Нямеччына выбіваецца зь насільства, каб хутчэй уступіць самой у шэрагі насільнікаў і такім мадэрным спосабам дасягнуць міжнародане раўнавагі. 

Сьвет ізноў апынуўся перад музыкаю вайны, барабаны для якой рыхтуююцца на ўсіх ваенных заводах Эўропы, Азіі, Амэрыкі”[20].

Беларускі публіцыст не бяз рацыі сьцьвярджае, што імпэ­рыяль­ныя імкненьні Расеі могуць пагражаць Беларусі новай няволяй. Свае разва­жаньні заканчвае ён наступнай канклюзіяй: 

„Стаімо перад фактам узмоцненае падрыхтоўкі да вайны. Адбываецца разьмеркаваньне ўзброеных сілаў. Распачынаецца вялікая завіруха, надыходзіць бура... Мімаволі ўзьнікае пытаньне, што будзе з нашай бацькаўшчынай? Няўжо ізноў стане яна баёўным полем, няўжо ізноў у дыме пажараў будуць нішчыцца здабыткі мірнае працы беларускага народу? 

...Узапраўды мір і добразычлівасьць магчымы толькі тады, калі зьдзейсьнена будзе дэмакратыя, як сыстэма арганізацыі вольнага чалавецтва”[21].

Трэба сказаць, што драматычныя прагнозы ананімнага бела­рускага эміграцыйнага аўтара поўнасьцю пацьвердзіў выбух Другой Сусьветнай вайны. 

У пятым нумары эміграцыйнага часопіса „Іскры Скарыны” за 1935 год быў зьмешчаны грунтоўны артыкул пад загалоўкам Што такое нацыянал-дэмакратызм? аўтарства Т. Глебы[22]. Яго зьяў­лень­не было зьвязана з шалёнымі напасьцямі, што ў тым часе накіроў­ва­ліся ў Савецкай Беларусі ў адрас усіх беларускіх нацыя­наль­ных сілаў, якія паплечнікі Сталіна пагардліва акрэсьлівалі нацыянал-дэмакра­та­мі. Пад закідам нацыянал-дэмакратызму арыштоўваліся й асуджаліся на ссылкі альбо й на сьмерць тысячы верных сыноў і дочак Беларусі. Шаленства такога змаганьня давяло многіх выдатных беларусаў да пакаяльных выступленьняў, да дзікай самазьнішчаль­най крытыкі. Сярод такіх людзей апынуліся, між іншым, найвыдатней­шыя бела­рускія пісьменьнікі – пасьлядоўныя абаронцы беларускага люду Янка Купала й Якуб Колас. 

У пакаяльным лісьце з думкай аб выратаваньні ўласнага жыцьця Янка Купала напісаў:

„Прасякнуты нацыянал-дэмакратычнай заразай, прышчэпленай мне нашаніўскім пэрыодам маёй літаратурнай працы, калі я стаў і быў адным з ідэолёгаў буржуазна-дэмакратычнага адраджэнцтва і «неза­лежніцтва», я і пасьля Кастрычнікавае рэвалюцыі не адмежаваўся як гэта належала, абкружаючага мяне нацыянал-дэмакратычнага асяро­дзішча, а быў уцягнуты ім і прыняў самы блізкі ўдзел у контр-рэволю­цыйнай рабоце віднейшых беларускіх нацыянал-дэмократаў, якія на грунце констытуцыі Савецкае Беларусі, карыс­таючыся давер’ем, якое аказана было ім з боку савецкай улады, прыкрываючыся хлусьлівай заслонай фальшывых крывадушных дэклярацый і запэўненьнем, право­дзілі свае шкодніцкія нацыянал-дэмократычныя ідэі на культурным фронце”[23].

У падобным ганебным тоне выказаўся таксама верны сын беларускай вёскі Якуб Колас: 

„У гэтай шкоднай контррэвалюцыйнай рабоце, побач з актыўнейшымі прадстаўнікамі беларускага нацыянал-дэмакратызму, прымаў удзел і я, падпаўшы пад уплыў нацыянал-дэмакратычных ідэй і настрояў. Мая дзейнасьць выразілася ня толькі ў канкрэтнай рабоце ў якасьці члена тэрміна­лёгічных камісій, у навукова-тэрміналёгічнай камісіі і ў Інстытуце беларускай культуры, але і ў маральным падтрыманьні і адабрэньні тае работы, тых установак і тых ідэа­лё­гічных вывіхаў і контррэвалюцыйных праяў, што неўнікнёна, у сілу свае дробнабуржуазнае і кулацкае прыроды нёс беларускі нацыянал-дэмакра­тызм. Адарваны ад жывых крыніц пралетарскіх мас, замкнёны ў цесным крузе нацыянал-дэмакратычнай інтэлігенцыі і атручаны нацыянал-дэмакратычным дурманам я па‑прымірэнцку і апартуністыч­на адно­сіўся да ўсіх яго праяў, ні разу ня выступіўшы супраць іх ні вусна, ні ў друку, ні ў парадку пралетарскай самакрытыкі. Мая літаратурная дзейнасьць, асабліва яе першы пэрыод, выходзячы сваімі карэньнямі з часоў Нашай Нівы і наскрозь прасякнута дробна-бур­жуаз­нымі нацыянал-дэмакратычнымі настроямі такса­ма шмат спрыяла росту і разьвіцьцю беларускага нацыянал-дэмакратызму”[24]. 

Несумненна, эміграцыйны публіцыст глыбока ўсьведамляў сабе тыя страшэнныя разьмеры праяваў сталінскага тэрору, які падняў востры меч над галовамі ўсіх дэмакратычных сіл у Беларусі. Публіцыст „Іскраў Скарыны” пастараўся пранікнуць у самую істоту страшэннай тэра­рыс­тыч­най акцыі ў Савецкай Беларусі. На пачатку пастараўся ён зразумець самую істоту тэрміну нацыянал-дэмакра­тызм. 

„Ведама, нельга ўважаць, што слова нацыянал-дэмакратызм ня мае ніякага зьместу. Бальшавікі гэтага слова ўжываюць умоўна, але гэта не азначае, што не ўкладаюць у яго ніякага зьместу. Кожнае слова мае свой унутраны псыхічны зьмест. Слова бязь зьместу – пусты гук. Мусімо шукаць, дзеля гэтага, унутраны псыхічны зьмест слова нацыянал-дэмакратызм, калі гэта слова ня ёсьць пусты гук. 

Аб першапачатковым зьмесьце слова нацыянал-дэмакратызм можамо судзіць зь гісторыі яго ўзьніку. 

Беларуская ітэлігенцыя, якая ў пэрыяд нэпу ляяльна супрацоў­нічала з бальшавікамі, верыла ў магчымасьць паступеннага зжываньня бальшавіцкае дыктатуры, спадзяючыся на бальшавіцкі рэфармізм зьверху, на мірную эвалюцыю, верыла ў магчымасьць павольнага перараджэньня бальшавіцкае дыктатуры ў дэмакратыю, імкнулася да зьдзяйсьненьня дэмакратыі. Згэтуль і назва – дэмакраты, а не мэтаімкненьні – дэмакратызм. Іншае паходжаньне мае слова «нацыянал»; у бальшавіцкай тэрміналёгіі азначае тое самае, што слова «инородец» – нешта адменнае, ня рускае, зь іншага роду, зусім іншы народ. Беларусы – інародцы: так было пры царскім рэжыме. Беларусы – нацыяналы; гэтак ёсьць пры бальшавіцкім рэжыме. Беларусы – ня ёсьць рускія. Беларусь – ня ёсьць Расія. Беларусь там, дзе жыве беларускі народ, дзе жыве беларуская мова – ад Ловаці аж да Буга. Гэта ведае кожны сьвядомы беларус: тым больш гэта ведае нацыянальна сьвядомая беларуская інтэлігенцыя. Згэтуль беларускі нацыяналізм на сваёй зямлі – свая праўда і воля! 

Нацыянал-дэмакратызм, такім чынам, ёсьць імкненьне беларускае інтэлігенцыі да захаваньня адменных асаблівасьцяў беларускага народу і ўстанаўленьня на Беларусі народна-рэспубліканскага ладу. 

Гэткі, відавочна, быў першапачатковы зьмест слова – беларускі нацыянал-дэмакратызм”[25].

У далейшых сваіх разважаньнях эміграцыйны аўтар прыходзіць да вываду, што нацыянал-дэмакрат – гэта ў разуменьні сталінскіх ідэёлягаў такі чалавек, які не атаесамліваецца з рускімі й падкрэсь­лівае сваю ўласную, ня рускую нацыянальную тоеснасьць. 

На думку Т. Глебы, на беларускі нацыянал-дэмакратызм працавалі ўсе беларускія нацыянальныя партыі. Сярод іх аўтар называе Беларускую Сацыялістычную Грамаду, Беларускую Партыю Сацыя­ліс­таў-Рэвалюцыянераў, Беларускую Партыю Сацыялістаў-Фэдэралістаў і ўсіх іншых, якія супрацьстаўляліся й змагаліся з тымі ўсходнімі ці заходнімі чужынцамі, што імкнуліся падпарадкваць сабе беларускую зямлю й беларускі народ. 

Заглыбляючыся ў гісторыю Беларусі, Т. Глеба прыйшоў да высновы, што Савецкі Саюз 1930‑х гадоў вярнуўся да царскага пункту гледжаньня на Беларусь. Паводле эміграцыйнага публіцыста, савец­кае палітычнае кіраўніцтва, так як калісьці расейскія цары, пачало трактаваць Беларусь як нед’емную частку Расеі, альбо як адну з правінцыяў расейскай дзяржавы. У сувязі з такім поглядам, бальшавікі абрушылі свой гнеў на той беларускі нацыянальны рух, які давёў да скліканьня Першага Ўсебе­ла­рускага Зьезду ў сьнежні 1917 году й 25 сакавіка 1918 году прычыніўся да абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, якая сталася першай незалежнай сувэрэннай беларускай дзяржавай. На думку беларускага эміграцыйнага публі­цыста, якраз у часе гэтых вялікіх гістарычных актаў былі выпрацаваны й сфармуляваны асноўныя прынцыпы беларускага дзяржаўнага ладу. На лад гэты складаліся перадусім: нацыяналізацыя зямлі і ўнутраных яе багацьцяў, аб’яднаньне ў адной дзяржаве ўсіх этнічных беларускіх рэгіёнаў, увядзеньне правоў роўнасьці й вольнасьці ўсіх беларускіх грамадзян, ліквідацыя расейска-польскага абшарніцкага земле­ўла­даньня й перадача ўсёй зямлі тым, хто на ёй працаваў, рэспублі­канска-дэмакратычны дзяржаўны лад у краіне, дамінацыя беларусаў ва ўсіх самаўрадах і ўстановах у незалежнай дзяржаве. 

Якраз у гэтых усіх прынцыпах бачыў Т. Глеба найбольш харак­тэрныя рысы беларускай дэмакратыі. 

Зразумела, што ўсе гэтыя якасьці грамадзкага й дзяржаўнага парадку не адпавядалі бальшавікам, што на пачатку 1930‑х гадоў прыступілі да другога этапу рэвалюцыі, мэтай якой было поўнае падпарадкаваньне Беларусі й беларусаў Расеі й расейцам. 

У далейшых сваіх разважаньнях Т. Глеба зьвярнуў увагу на тое, што расейскія бальшавікі бязьлітасна расправіліся з найвыдат­ней­шымі дзяржаўнымі дзеячамі Савецкай Беларусі. Многія зь іх былі сасланы па‑за межы роднай краіны альбо пазбаўлены жыцьця. Гаво­рачы аб гэтай драме, Т. Глеба напісаў: 

„Калі яшчэ ў 1928 годзе Алесь Адамовіч, старшыня раднаркому БССР адважыўся сказаць праўду аб калёніяльным становішчы Беларусі і зьвярнуўся да ўсесаюзнага выканаўчага камітэту, каб хоць трошкі зьменшыць – не ўхіліць, а толькі зьменшыць! – калёніяльную залежнасьць Беларусі ад Расіі, то, як ведама, у парадку партыйнай дысцыпліны зьняты быў з пасады, выключаны з кампартыі і высланы за межы БССР, як нацыянал-апартуністы і эс‑эраўскі агент у шэрагах компартыі. 

Ня іначай паступаюць усе расійскія вялікадзяржаўнікі ў компартыі і ў адношаньні да іншых беларускіх камуністаў, якія маюць адвагу выступаць у абарону жыцьцёвых патрэбнасьцяў беларускага народу – выключаюць з компартыі й высылаюць за межы БССР”[26].

У далейшых частках артыкула эміграцыйны публіцыст назваў цэлы шэраг прозьвішчаў беларускіх дзяржаўных дзеячоў, якія разьдзялілі лёс Алеся Адамовіча. Усё гэта – на думку Глебы – вядзецца пад штучна прыдуманым заклікам барацьбы зь беларускім нацыянал-дэмакра­тызмам, які, паводле савецкіх агітатараў, імкнецца да вывядзеньня беларусаў з шчасьлівага жыцьця ў Савецкім Саюзе й накіраваньня іх у капіталістычнаае пекла заходніх краін. 

Т. Глеба ўзяў у абарону, між іншым, выдатнага беларускага вучонага Ўсевалада Ігнатоўскага, які ў часе сьледзтва быў даведзены да самагубства. Гаворачы аб заслугах Усевалада Ігнатоўскага для разь­віцьця беларускай незалежнай навукі, аўтар „Іскраў Скарыны” адзначыў:

„Прафэсар Усевалад Ігнатоўскі быў сябрам савецкага ўраду БССР; займаў пасаду народнага камісара асьветы. Абапіраючыся на Беларускі Вучыцельскі Саюз, які яшчэ ў 1918 годзе быў заснаваны беларускімі эс‑эрамі, закладаў беларускія пачатковыя, сярэднія і вышэйшыя школы. Пры яго непасрэдным удзеле быў заснованы ў 1921 годзе Беларускі Дзяржаўны Ўнівэрсытэт у Менску і Беларуская Сельска-Гаспадарчая Акадэмія ў Горы-Горках, шэраг Беларускіх Вучыцельскіх Інстытутаў і Педтэхнікумаў. Пры яго непасрэдным удзеле і пад яго кіраўніцтвам заснована была ў 1921 годзе беларуская тэрміналёгічная камісія пры народным камісарыяце асьветы, у 1922 годзе тэрміналёгічная камісіія, папоўненая новымі працаўнікамі рэарганізавана была ў Інстытут Беларускай Культуры; у 1929 годзе Інбелкульт рэарга­нізаваны быў у Беларускую Акадэмію Навук. Гэтым былі паложаны моцныя падваліны культурнага будаўніцтва Беларусі. Але гэта, якраз, і напалохала маскоўска-бальшавіцкіх акупантаў. У студзені 1931 году прафэсар Усевалад Ігнатоўскі быў «выкрыты і разгромлены» як галоўны кіраўнік «беларускага контррэва­лю­цыйнага нацыянал-дэмакратызму», а ў лютым 1931 году забіты ў менскім вастрозе”[27].

Свае разважаньні Т. Глеба закончыў даволі аптымістычнымі сьцьвярджэньнямі: 

„Адважна ўзіраемся насустрач будучыні! 

Беларускі народ у цягу стагодзьдзяў перажыў шмат розных ліхалецьцяў: жыве і будзе жыць! 

Маючы на ўвазе досьвед гістарычнае мінуўшчыны, крытычна ацэньваючы ўсе папярэднія ступені разьвіцьця беларускага вызволь­нага руху, нельга не прыйсьці да выснаўку, што ў беларускага народу знойдзецца ў дастатку творчых сілаў і арганізацыйных здольнасьцяў, каб у час катаклізму, які надыходзе, здужаць і аўладаць усе плыні разьюшанай стыхіі, устанавіць парадак міру і канструкцыйна-творчай працы для дабра паспалітага люду. 

І разарвуцца кайданы няволі, і спадуць чужацкія ёрмы, і распач­нецца новае жыцьцё. 

Беларусь, бацькаўшчына Скарыны, Буднага, Сапегі, Багушэвіча, Каліноў­ска­га, Грынявецкага, Бурбіса, Ігнатоўскага, наша радзіма Бела­русь будзе вольнай і ні ад каго незалежнай рэспублікай!”[28]

На старонках эміграцыйнага часопіса „Іскры Скарыны” даволі часта паяўляліся публікацыі, якія адносіліся да даўняга гістарычнага мінулага Беларусі. Іх аўтары зыходзілі з перакананьня, што ніякі народ не ўфармуе ўласьцівым чынам свайго сучаснага й будучага без дакладнага пазнаньня свае мінуўшчыны. Гаворачы па‑другому, гэтыя дасьледчыкі былі перакананыя, што безь гістарычнай памяці ня можа існаваць ніводная цывілізаваная нацыя. Трымаючыся гэтакага пункту гледжаньня, аўтары „Іскраў Скарыны” часта сягалі да розных аспэктаў мінуўшчыны беларускага народу. 

Прыкладам такога тыпу дасьледаваньня можа быць артыкул пад назовам На шляху беларускіх старадаўнасьцяў аўтарства Васіля Захаркі[29].

На пачатку свайго эсэ эміграцыйны публіцыст, спасылаючыся на дасьледаваньні расейскага вучонага Любаўскага пад загалоўкам Древняя русская история до конца XIV века (Москва 1918), заняўся галоўнымі асяродкамі старабеларускіх дзяржаўных структур. Разгля­даючы гэтае пытаньне, публіцыст „Іскраў Скарыны” напісаў: 

„1. Ноўгарадзкі саюз, які абхапляў сабою ня толькі ільменскіх славян, але таксама і збарскіх (пскоўскіх) Крывічоў; 

2. Полацкі, які складаўся з Крывчоў і часткі Дрыгавічоў; 

3. Смаленскі, які складааўся з Крывічоў і часткі Радзімічаў; 

4. Чарнігаўскі, які складаўся з Радзімічаў, Северан і Вяцічаў. 

Ад гэтуль беларускі народ вёў сваю калёнізацыю і тут ён праводзіў сваё дзяржаўнае будаўніцтва, якое завяршылася ства­рэнь­нем у ХІІІ стагодзьдзі вялікай Беларуска-Літоўскай дзяржавы”[30].

У далейшых сваіх разважаньнях Васіль Захарка перайшоў да гістарычнага дасьледаваньня вядомага прафэсара Каяловіча, які ў кнізе пад назовам История русского самосознания (С. Петербург 1901), між іншым, заняўся вывучэньнем вялікай ролі беларускіх земляў у стварэньні шматлікіх летапісных помнікаў пасьля ўпадку Кіеўскай Русі і ўзьнікненьня Вялікага Княства Літоўскага. Характа­ры­зуючы гэтую ролю, публіцыст „Іскраў Скарыны” сказаў: 

„На Беларусі, за доўгія часы яе дзяржаўнага існаваньня сабралася мноства размаітых помнікаў будаўніцтва й творчасьці беларускага народу, і трэба толькі пашкадаваць аб тым, што ня ўсе яны ўцалелі і захаваліся пасьля страты Беларусьсю свае дзяржавы. Аднак, ня гледзячы на польска-маскоўскі пагром на Беларусі, усё‑ж такі дзе‑што захавалася як з старых, так і нанова напісаных летапісаў. Гэтак: 1. Старадаўны летапіс па сьпіску так званаму Кенігсберскаму або Радзівілаўскаму, 2. Так званы Цьверскі летапіс, 3. Супрасльскі летапіс, 4. Два летапісы з 1340 па 1446 год, адзін з якіх быў зьмешчаны ў 1823 годзе лацінскімі літарамі ў віленскім унівэрсытэцкім тыднё­віку, 5. У 1860 годзе ў Віцебску знойдзены так званы летапіс Аўраамка і 6. Так званы летапіс Быхаўца. 

Захавалася да нашага часу і невялічкая частка старадаўнай паэтычнай творчасьці беларускага народу, як песьні і быліны, да якіх, як кажа праф. Каяловіч, прымыкае вядомае Слова аб палку Ігаравым, гэта значыць, аб паходзе Ноўгарад-Северскага беларускага апалчэньня на полаўцаў і аб палоне іх князя Ігара Сьвятаславіча ў 1185‑6 гадох”[31].

Працягваючы свае разважаньні, Васіль Захарка адклікнуўся да працаў выдатнага расейскага гісторыка Пыпіна, які таксама пад­крэсь­лі­ваў культуралягічнае й асьветніцкае значэньне беларусаў, якія жылі ў Вялікім Княстве Літоўскім. 

У заключэньні публікацыі аўтар „Іскраў Скарыны” ізноў вярнуўся да дасьледаваньняў Каяловіча й закончыў свой артыкул наступным чынам: 

„Апрача пералічаных летапісаў і апавяданьняў нямала беларускіх дакумантаў: актаў, грамат і лістоў знаходзіцца ў розных бібліятэках і архівах Маскоўшчыны, Украіны і нават Нямеччыны. Зь ліку агромністых складаў размаітых дакумантаў Вялікага Княства Беларуска-Літоў­ска­га да гэтага часу выдана ў Пецярбурзе, Кіеве й Вільні толькі 50 тамоў. 

Праф. Каяловіч кажа: «Усе гэтыя выданьні беларускіх дакумантаў, ня гледзячы на вялікую лічбу зьмешчаных у іх актаў, выносяць на сьвет вельмі малую частку таго багацьця, якое хаваецца толькі ў цэнтраль­ных архівах у Кіеве, Вільні і Віцебску. Усе гэтыя дакуманты яшчэ не прыведзены да належнага парадку, ня гледзячы на ўсю вагу іх опісяў». 

З гэтага відаць, што перад новымі беларускімі вучонымі стаіць вялікае заданьне, якое патрабуе ня толькі адшукаць усе дакумэнты Беларусі, але і належна асьвятліць гсторыю свае Бацькаўшчыны і свайго народу”[32].

Важнасьць артыкула Васіля Захаркі палягае ў тым, што ён узьнімае й абнародвае забытае альбо паўзабытае, якое зьяўляецца надзвычай істотным для беларускай гістарычнай мінуўшчыны й сучаснасьці. Актуальнасьць гэтай публікацыі будзе працягвацца да таго часу, пакуль у сьвядомасьці беларусаў не памрэ комплекс непаў­на­цэннасьці й рэнэгатызму, пакуль поўнасьцю не сканае захапленьне й любоў да чужога ды абыякавасьць альбо пагарда да роднага. Вядома, што без нацынальнага гонару ня можа існаваць нацыя­наль­ная дзяржава. Многія факты зь беларускай сучаснай рэчаіснасьці пацьвярджаюць гэтую горкую праўду. 

У тым жа пятым нумары „Іскраў Скарыны” за 1935 год былі зьмешчаны актуальныя артыкулы пад назовамі З жыцьця Беларусаў у Латвіі[33] і З жыцьця Беларусаў у Літве[34]. Аўтары гэтых публікацыяў стараліся аб’ектыўна паказаць розныя праявы й бакі побыту тых бела­русаў, якія з такіх ці іншых прычын папалі ў чужыя краіны й там засталіся на пастаяннае жыхарства. 

У тым самым нумары быў таксама зьмешчаны цікавы артыкул пад назовам У Савецкай Беларусі, падпісаны ініцыяламі Н‑К[35], у якім знаходзім шэраг вестак ня толькі аб беларускай савецкай рэчаіс­насьці, але таксама аб захаваньні выдатнага беларускага дзеяча Браніслава Тарашкевіча, які пасьля абмену на вядомага савецкага вязьня Францішка Аляхновіча быў накіраваны на пастаянны побыт не ў Беларусь, а толькі ў Маскву. Цяжка сказаць, якія былі прычыны такога кроку савецкіх цэнтральных уладаў. Можна думаць, што расейскі цэнтар трактаваў Тарашкевіча як нацдэма й стараўся яго трымаць як найдалей ад этнічнай беларускай зямлі й ад саміх беларусаў. Ужо на пачатку публікацыі, утрыманай у лёгкім сарка­стыч­ным тоне, знаходзім шэраг інфармацыяў, якія сьведчылі аб тым, што стан беларускай культуры й асьветы на пятым годзе вялікага сталінскага тэрору быў значна лепшы, чым той стан, які існуе ў сёньняшняй Беларусі – Беларусі, якая ўсё яшчэ лічыцца быццам бы незалежнай і сувэрэннай дзяржавай. Асабліва імпануючай у 1935 годзе была колькасьць беларускіх пачатковых, сярэдніх і вышэйшых школаў:

„Бальшавікі хваляцца вялікім дасягненьнем беларускага культур­нага будаўніцтва. Бач, маўляў, якія мы героі, – БССР першая ўсіх савецкіх рэспублік увяла ўсеагульнае навучаньне і поўнасьцю зьліквідавала непісьменнасьць, гэту ганебную спадчыну царскага самадзяржаўя на Беларусі. На тэрыторыі БССР зараз існуе 6962 школы, з якіх 6263 на беларускай мове, а да рэвалюцыі не было ані аднэй беларускай школы; у школах працуе 25 тысяч настаўнікаў; школьнай сеткай абхоплена каля мільёна дзяцей. У БССР існуе 18 вышэйшых навучальных установаў, дзе вучыцца 13 460 студэнтаў; існуе 81 тэхнікум, дзе вучыцца 16 742 студэнтаў; апрача таго на рабфаках вучыцца 11 040 студэнтаў. За апошнія чатыры гады выпушчана з вышэйшых навучальных установаў 3 148 спэцыялістаў, а з тэхнікумаў 10 486 фахоўцаў. У БССР існуе 36 Навукова-Дасьледчых Установаў на чале з Беларускай Акадэміяй Навук. Створана 10 тэат­раў. Выходзе 256 друкаваных газэт і 8 часопісаў. За апошія 5 гадоў выпушчана ў БССР 1 458 назваў мастацкай літаратуры. Творы бела­рускіх пісьменьнікаў разыходзяцца ў дзесятках тысяч экзэмпляраў; многія з іх вядомы ўсяму Савецкаму Саюзу”[36].

У гэты свайго роду збан мёду эміграцыйны публіцыст улівае кубак дзёгцю, пішучы аб антыбеларускім курсе афіцыйных савецкіх уладаў, якія ўсё часьцей і часьцей перасьледуюць праявы беларускай культуры, кіруючыся русыфікатарскімі імкненьнямі, усё болей падмя­наючы яе расейскімі кніжкамі, п’есамі й фільмамі, дзеля ліквідацыі беларускай нацыянальнай сьвядомасці. Ствараючы сумны вобраз жыцьця ў галіне культуры, аўтар „Іскраў Скарыны” заўважыў: 

„Аднак, што сталася з беларускай інтэлігенцыяй, якая самаах­вярна стварала падваліны дзеля магутнага ўздойму беларускага культурнага будаўніцтва? Дзе цяпер знаходзяцца тыя беларускія куль­турныя працаўнікі, якія закладалі беларускія школы, навуковыя ўстановы, засноўвалі Белдзяржкіно? 

Большасьць кіно-фільмаў, як вядома, якія выпушчана за апошнія гады на экран, нічога супольнага ня маюць з беларускай тэматыкай, а тыя кіно-фільмы, якія раней былі выпушчаны – «Кастусь Каліноўскі» напрыклад, – якія маюць у сабе беларускую народную тэматыку, зьняты з экранаў: забаронены, бо ў іх, маўляў, наяўна выяўляецца беларуская нацыянальная тэндэнцыя. А як стаіць справа з нацыянальнай тэндэнцыяй у рускіх кіно-фільмах? «Запіскі з мёртвага дома», напрыклад, паводле раману Дастаеўскага, – хіба там няма рускай нацыянальнай тэндэнцыі? А «Гроза» паводле драмы Астроў­скага, а шэраг іншых рускіх кіно-фільмаў, у якіх «звонят колокола»? Во, нават і славуты кіно-фільм «Чапаеў» ёсьць нішто іншае, як прапаганда ўсерасійскага вялікадзяржаўніцтва!”[37]

У другой частцы артыкула яго аўтар заняўся характарыстыкай паводзінаў Браніслава Тарашкевіча, які, мабыць, чуючы на шыі бальшавіцкую пятлю, адступіў ад сваіх папярэдніх нацыянальных ідэалаў і рэзка выступіў супраць усіх тых беларускіх нацыянальных дзеячоў, якія былі гонарам і славай беларускага народу. Публіцыст „Іскраў Скарыны”, карыстаючыся прыёмам камізму й сарказму, высьмеяў Браніслава Тарашкевіча, які, праўдападобна, у гэтым часе стаяў тварам у твар перад пэрспэктывай арышту й сьмерці. Жывучы ў свабоднай дэмакра­тычнай чэскай краіне, беларускі эміграцыйны аўтар не разумеў усяго драматызму тагачаснай савецкай рэ­чаіс­насьці, у якой людзі, стараючыся выратаваць сваё жыцьцё, былі гатовыя адступіць ад найсьвяцейшых ідэалаў. Якраз з гэтых прычын, мабыць, не належала амаль што камічна й пагардліва прадстаўляць паводзіны Браніслава Тарашкевіча. 

„Б. Тарашкевіч – напісаў эміграцыйны публіцыст – які знаходзіцца цяпер недзе ў калгасе пад Масквой і займаецца тым, што кожную раніцу падлічае, сколькі праз ноч нанесьлі куры яек, напісаў адкрыты ліст пад загалоўкам «Мяне расстралялі». Гэны яго ліст быў надру­каваны спачатку ў польскай камуністычнай часопісі «Трыбуна», а пасьля быў перадрукаваны ў беларускай часопісі «Зьвязда». (Н 66 за 22. 3. 1935). Намагаецца ён у тым лісьце сваім апраўдаць высылку за межы Савецкай Беларусі нацдэмаў, двурушнікаў, палітычных спэку­лян­таў, правакатараў – Ластоўскіх, Некрашэвічаў, Ракаў, Дварчанінаў, Бурсэвічаў і іншых падпальшчыкаў антысавецкай інтэрвэнцыі. Ён, бачыце, уважае цяпер так: «У Савецкім Саюзе я знайшоў ня сьмерць, а вялікую бацькаўшчыну, якая блізка для мяне і дорага цалкам – ад Камчаткі да польскай граніцы. Не аслабела ў сувязі з гэтым мая любоў да роднай Беларусі, якую я не процістаўляў усёй краіне Саветаў, але якую лічу за непадзельную частку вялікага СССР. Пакуль я магу паведаміць сваім прыяцелям, што я жыву і працую ў самым цэнтры прыгожай Масквы. Я ўжо гатоў да працы і абароны, рыхтуюся быць варашылаўскім стралком». А ці не лепш было, каб грамадзянін Б. Тарашкевіч, славуты знаўца беларускай мовы і, здаецца, нават правадзейны член Беларускай Акадэміі Навук, узяў ды перастаў, нарэшце, гуляць у салдацікі; дарэмна толькі марнуе час, бо які з яго ваяка. Во, як філёляг, то мог‑бы ён перакласьці на беларускую мову «Капітал» Маркса, а то вунь як цяпер выпадае гэна справа ў Менску – бальшавікі проста ня могуць даць сабе рады!”[38]

У заканчэньне свайго артыкула аўтар „Іскраў Скарыны” падкрэсьліў, што ні ў водным з расейскіх гарадоў няма беларускай філялёгіі, а гэта сьведчыць аб тым, што беларусазнаўства ня можа разьлічваць на якую-колечы дапамогу й зразуменьне з боку Расеі.

Характарызуючы тэматыку й праблематыку публіцыстыкі на старонках „Іскраў Скарыны”, амаль выключна зьвярнуў я ўвагу на артыкулы, якія мелі характар гістарычны, палітычны, грамадзкі й сацыялягічны. Было гэта падыктавана тым, што менавіта такі характар публікацыяў дамінаваў на старонках часопіса на працягу цэлага пэрыяду яго існаваньня, г. зн. у гадох 1931-1935. 

Аднак, дзеля гістарычнай праўды, трэба падкрэсьліць, што „Іскры Скарыны” адводзілі таксама пэўнае месца для твораў тыпова літаратурных, на якія складаліся: паэзія, драматычныя абразкі, а таксама проза. Пацьвярджэньне такой тэндэнцыі выступае таксама ў 5 нумары „Іскраў Скарыны” за 1935 год, у якім быў зьмешчаны, між іншым, верш ужо вядомага нам беларускага эміграцыйнага паэта Ўладзімера Жылкі. 

Побач зь ім былі апублікаваныя паэтычныя творы трох іншых аўтараў, якія выступілі пад псэўданімамі альбо ініцыяламі. Апрача паэзіі, „Іскры Скарыны” памясьцілі вялікі фрагмэнт аповесьці пад загалоўкам Міхалішын Сьцяпан аўтарства С. Сітніка. Несумненна, найбольшую літаратурную каштоўнасьць уяўляе сабою верш Уладзі­мера Жылкі пад назовам Песьня беларускіх паўстанцаў. Зразумела, што нельга катэгарычна гаварыць аб прычынах узьнікненьня гэтага верша. Аднак можна думаць, што быў ён навеяны ўспамінамі пра Слуцкае паўстаньне. Гэты гістарычны акт беларускага мілітарнага зрыву на працягу многіх дзясяткаў гадоў быў праявай гонару й гордасьці для ўсіх тых беларусаў, якія на роднай зямлі альбо па‑за яе межамі марылі аб беларускай сувэрэннай, незалежнай дзяржаве. Рэдакцыя „Іскраў Скарыны”, зьмяшчаючы гэты бунтарны верш Уладзі­мера Жылкі, прагнула, несум­ненна, ушанаваць памяць паэта, які, як вядома, некалькі гадоў раней памёр у савецкай ссылцы ў глыбіні Расеі. Пад тэкстам верша рэдактары зьмясьцілі ляканічную, але вельмі важную інфармацыю пад загалоўкам Ад Рэдакцыі[39]: 

„Верш Уладзіміра Жылкі «Гімн беларускіх паўстанцаў» – друкуемо на гэтым мейсцы заместа вянка на далёкую магілу, дзе ён пахаваны. 

Уладзімір Жылка, малады беларускі пясьняр, родам зь Меншчыны, прыймаў чынны ўдзел у беларускім рэвалюцыйна-вызвольным руху; быў чынным сябрам Беларускай Партыі Сацыялістаў-Рэвалюцыянераў; уваходзіў у склад Баявой Арганізацыі БПС‑Р у той час, калі на Беларусі магутнай хваляй уздымалася народнае паўстаньне (1918-1921). З восені 1923 і аж да 1926 году жыў у Чэхаславаччыне, як палітычны эмігрант; студыяваў гісторыю літара­туры на філясофічным факуль­тэце Карлавага Ўнівэрсытэту ў Празе; прыймаў чынны ўдзел у бела­рускім студэнцкім жыцьці. У цяжкіх абставінах эмігранцкага жыцьця ён захварэў на сухоты. Лячыўся, але было ўжо позна: аслабляны арганізм падлягаў руйнуючай сіле хваробы. А так хацелася хоць раз яшчэ паба­чыць родны край... У 1926 годзе ад імя гуртка беларускіх студэнтаў у Празе паехаў ён у Менск на Ўсёбеларускую мовазнаўчую канферэнцыю; застаўся ў Менску, але не на доўга: хутка быў высланы акупацыйнай уладай бальшавікоў у Пермшчыну, дзе ён, адарваны ад сваіх сяброў і кінуты ў самоту-адзіноту ў чужым і непрыветлівым асяродзьдзі, дажыў у мінулым годзе апошнія свае дні. Пахаваны ў далёкай чужыне, ня ў роднай старонцы, якую шчырым сэрцам рэвалюцыянера і мастака-паэта ён любіў і за волю якой змагаўся ўсё сваё сьвядомае жыцьцё. 

Паэзыя Уладзіміра Жылкі – гэта ёсьць гісторыя беларускай народнай рэвалюцыі; лірыка магутнага ўздойму і смутак заняпаду. Выданы ў друку тры зборнікі: «Уяўленьне», «На ростані» і «З палёў Заходняй Беларусі». Шмат вершаў друкаваліся ў розных беларускіх часопісях, а яшчэ больш знаходзіцца ў рукапісах на руках у розных асоб, якія яго блізка зналі. 

Мы верымо, – настане новы ўздойм беларускай народнай рэва­люцыі, залунаюць аж да неба поклічы беларускіх паўстанцаў і песьня – «Гімн бела­рус­кіх паўстанцаў», якую напісаў Уладзімір Жылка, пранясец­ца ад хаты да хаты. 

Ён жыў і памёр з дастойнасьцю беларускага рэвалюцыянера. Па­мяць аб ім хай будзе вечна жыць у сьвядомасьці беларускага народу!”[40]

Дзеля захаваньня аўтэнтызму публікацыі на старонках „Іскраў Скарыны”, варта на заканчэньне прывесьці тэкст прыгаданага верша Ўладзімера Жылкі пад назовам Гімн беларускіх паўстанцаў. 

Час, Беларусы, ужо час: – 
Маці-Краіна нас кліча. 
Устанема дружна, ураз – 
Сіл нашых вораг ня зьліча. 
Грозны надходзіць мамэнт, 
Бой пачынаем рашучы: 
Скрышым старое ўшчэнт,
К волі змагарна ідучы. 
У песьнях бязудзерж таім; 
Вецер штандарамі вее,
Прысягу складаемо ім
Родных ня здрадзіць надзеі. 
Бурны нас радуе дзень, 
Кліч агалошвае полі; 
Сонца вітайце прамень, 
Праўды мужыцкай і волі. 
Дужая моц грамада
І перамозе зарука, 
Больш нас ня чэпіць бяда, 
Годзе напасьцяў, прынукаў! 
Край абаронім грудзьмі
Ад панаваньня палацаў. 
Вольнай, працоўнай сям’і 
Успор красаваціме праца.

Пасьля кожнай з прыведзеных зваротак знаходзіцца наступны рэфрэн: 

Рушымо ў бой 
Усей грамадой – 
За люд працоўны, 
За волю і роўнасьць![41]

Няма сумненьняў, што ў бурныя 1930‑я гады прыведзены верш як ва Ўсходняй, так і ў Заходняй Беларусі меў істотнае значэньне для працэсу ўздыму беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. 

Працытаваныя ў артыкуле вытрымкі з найважнейшых публі­кацыяў, зьмешчаных на старонках „Іскраў Скарыны”, пера­канаўча сьведчаць пра тое, што беларускія эмігранты ў Чэскай Празе стойка абаранялі беларускі нацыянальны гонар і што горача верылі ў адраджэньне беларускага народу, у канчатковы распад Савецкага Саюзу ды ўзьнікненьне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці.


[1] Нарадзіўся ён у 1895 годзе й быў закатаваны бальшавікамі ў 1937 годзе. Прайшоўшы складаны жыцьцёвы шлях, Ігнат Дварчанін узыходзіў на ўсё вышэйшыя ступені беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, выконваючы шэраг адказных і прэстыжных функцыяў у беларускім патрыятычным руху. У 1921 годзе папаў ён у Чэскую Прагу, дзе паступіў на гістарычны факультэт Праскага Ўнівэрсытэту. Валодаючы несумненнымі здольнасьцямі, бліскуча закончыў унівэрсытэт. У студэнцкі пэрыяд Ігнат Дварчанін адыгрываў вельмі актыўную ролю як публіцыст, паэт і літаратуразнавец. Публікаваў ён свае творы ў прыгаданых ужо часопісах „Прамень”, „Студэнцкая Думка” й „Перавясла”, уносячы гэтакім чынам важны ўклад у разьвіцьцё беларускай эміграцыйнай пісьмовасьці. Другой дзялянкай ягоных зацікаўленьняў былі навуковыя дасьледаваньні. Менавіта ў Чэскай Празе, на працягу параўнаўча кароткага часу падрыхтаваў ён і пасьпяхова абараніў доктарскую дысэртацыю пад загалоўкам Францішак Скарына – культурны дзеяч і гуманіст на беларускай глебе. Рукапіс гэтага цэннага дасьле­даваньня захоўваецца па сёньняшні дзень у архіве Карлавага Ўнівэрсытэту. Пакінуўшы ў 1926 годзе Чэхаславаччыну, Ігнат Дварчанін пераехаў у Польшчу і, пасяліўшыся ў Вільні, апрача пэдагагічнай і навуковай працы прымаў актыўны ўдзел у беларускім радыкальным руху. У 1930-м годзе быў ён арыштаваны польскімі ўладамі й прысуджаны да 8 гадоў турэмнага зьняволеньня. Два гады пазьней, у рамках абмену палітвязьнямі, быў адпраўлены ў БССР. Усяго адзін год знаходзіўся на свабодзе. Ужо ў 1933 годзе быў арыштаваны й прысуджаны да многагадовага зьняволеньня. У 1937 годзе расстраляны. Гэтакім чынам у росквіце творчых сіл, на 42-м годзе жыцьця, быў забіты верны сын беларускага народу, якому здавалася, што савецкая сыстэма шчыра прагне беларускага адраджэньня. 

[2] І. Дварчанін, Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (ад 1907 году), Вільня 1927.

[3] Другім выдатным прадстаўніком беларускай дэмакратыі ў Чэхаславакіі быў Тамаш Грыб, які жыў у гадох 1895-1938. Паходзіў ён зь Віленшчыны. Прымаў актыўны ўдзел у пакліканьні да жыцьця Беларускай Народнай Рэспублікі. Належаў да Беларускай Партыі Сацыялістаў-Рэвалюцыянераў. Пасьля ўпадку БНР эміграваў пачаткова ў Коўна, а пазьней у Прагу, дзе праявіў вельмі вялікую актыўнасьць як палітычны дзеяч, а таксама як дасьледчык і публіцыст. У Карлавым Унівэрсытэце закончыў ён Інстытут Філязофіі й абараніў доктарскую дысэртацыю. Актыўна супрацоўнічаў з такімі эміграцыйнымі часопі­самі, як: „Перавясла”, „Студэнцкая Думка”, „Золак” і галоўным чынам „Іскры Скарыны”. Ягоная публіцыстыка й навуковыя дасьледаваньні сьведчаць пра тое, што быў ён непрымірымым ворагам сталінізму й да канца жыцьця вёў змаганьне за адраджэньне беларускай дзяржаўнасьці. 

[4] Васіль Захарка (1877-1943) – выдатны беларускі нацыянальны дзеяч. Актыўны член Беларускай Сацыялістычнай Грамады – арганізацыі, якая адыграла вялікую ролю ў пакліканьні да жыцьця першай масавай беларускай газэты „Наша Ніва”. У пазьнейшым часе перайшоў у шэрагі Беларускай Партыі Сацыялістаў-Фэдэ­ра­лістаў. Удзельнік Першага Ўсебеларускага Кангрэсу, які прычыніўся да ўзьнікненьня першай беларускай незалежнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі. У БНР займаў высокія міністэрскія пасады. З 1923 году знаходзіўся ў эміграцыі ў Чэскай Празе, дзе выступаў як бескампрамісны праціўнік Леніна, Сталіна й формулы савецкага сацыялізму. Знахо­дзя­чыся ў эміграцыі, стойка змагаўся за беларускую сувэрэнную дзяржаўнасьць. З сакавіка 1928 па 1943 год быў старшынём (адпаведнік прэзыдэнта) Беларускай Народнай Рэспублікі. На старон­ках беларускай эміграцыйнай прэсы ў Чэскай Празе пасьлядоўна змагаўся за беларускія нацыянальныя ідэалы.

[5] Ад Рэдакцыі, у: „Іскры Скарыны”, № 1, Прага 1931, с. 1.

[6] Т. Грыб, Культурнае будаўніцтва Новай Беларусі, у: „Іскры Скарыны”, № 1, Прага 1931.

[7] Тамсама, с. 4.

[8] Тамсама, с. 4.

[9] Тамсама, с. 4-5.

[10] Тамсама, с. 5.

[11] Тамсама, с. 8-9.

[12] Т. Грыб, На два фронты, у: „Іскры Скарыны”, № 3, Прага 1934. 

[13] Тамсама, с. 5.

[14] Тамсама, с. 8.

[15] В. Захарка, Дзьве культуры і дзьве экспанзыі, у: „Іскры Скарыны”, № 4, Прага 1934. 

[16] Тамсама, с. 3-4.

[17] Тамсама, с. 42.

[18] На земле мир, у человецех благовеление, у: „Іскры Скарыны”, № 4, Прага 1934.

[19] Тамсама, с. 48-49.

[20] Тамсама, с. 49.

[21] Тамсама, с. 54.

[22] Т. Глеба (Тамаш Грыб), Што такое нацыянал-дэмакратызм?, у: „Іскры Ска­рыны”, № 5, Прага 1935.

[23] Цыт. за: Л. Бэндэ, Ал. Кучар, Матар’ялы для нарысаў па гісторыі бела­рус­кай літа­­ра­туры, у: „Маладняк”, №№ 6-7, Менск 1931, с. 106. 

[24] Тамсама, с. 110.

[25] Т. Глеба (Тамаш Грыб), Што такое нацыянал-дэмакратызм?, у: „Іскры Скарыны”, № 5, Прага 1935, с. 6.

[26] Тамсама, с. 13.

[27] Тамсама, с. 20-21.

[28] Тамсама, с. 47-48.

[29] В. Захарка, На шляху беларускіх старадаўнасьцяў, у: „Іскры Скарыны”, № 5, Прага 1935.

[30] Тамсама, с. 65.

[31] Тамсама, с. 66.

[32] Тамсама, с. 68.

[33] З жыцьця Беларусаў у Латвіі, у: „Іскры Скарыны”, № 5, Прага 1935. 

[34] З жыцьця Беларусаў у Літве, у: „Іскры Скарыны”, № 5, Прага 1935.

[35] Н-К, У Савецкай Беларусі, у: „Іскры Скарыны”, № 5, Прага 1935.

[36] Тамсама, с. 82.

[37] Тамсама, с. 83.

[38] Тамсама, с. 84.

[39] Ад Рэдакцыі, у: „Іскры Скарыны”, № 5, Прага 1935.

[40] Тамсама, с. 55-56.

[41] Тамсама, с. 54-55.


Кніга публікуецца на сайце з ласкавай згоды Аўтара

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster