|
3. Беларускі эміграцыйны асяродак у Празе
3.2. Галоўныя напрамкі публіцыстыкі на старонках „Перавясла”
Разглядаючы ролю й характар Праскага асяродка беларускай эміграцыйнай пісьмовасьці, неабходна ахарактарызаваць дэталёва вельмі істотны беларускі часопіс „Перавясла”.
„Перавясла” мела наступны падзагаловак – часопісь беларускага паступовага студэнцтва ў Празе. „Перавясла” пачало выходзіць на пераломе 1923 й 1924 гадоў. На яго старонках, з аднаго боку, паяўлялася вялікая колькасьць вершаў і апавяданьняў, а з другога, друкаваліся вельмі важныя артыкулы й эсэ, прысьвечаныя розным аспэктам беларускага нацыянальнага пытаньня як у Савецкай Беларусі й Польшчы, гэтак і ў эміграцыі. У артыкуле Ад рэдакцыі, між іншым, чытаем:
„Прыступаючы да выпуску нумару 2 «Перавясла» мы ня можам не адклікнуцца на тыя одзывы, увагі і пажаданьні, якія выклікаў нумар 1, што выказана было, як у прэсе, так і ў лістох паважаных грамадзян з бацькаўшчыны, а заадно, ня выказаць тых асноваў, на якіх пабудавана часопісь, каб зрабіць больш ясным крытычны падход да яе.
Што да одзываў, то канстатуецца агульнае цёплае вучасьце да часопісі з пажаданьнем далейшага пасьпеху, што ўсіх нас, якія гуртуюцца ля «Перавясла», украпляе ў занятай пазыцыі й паказвае, што думкі, паложаныя ў аснову «Перавясла», не адзінокі, а знайходзяць шырокі одклік на бацькаўшчыне.
Часьцёва закідалася, што ў часопісі занадта б’е студэнцкая абасобленасьць, што надта часта дублюецца слова мы, што як быццам у беларускім руху ўсё дрэнна было, пакуль ня выступілі студэнты. Думаецца аднак, што гэтыя закіды ня зусім слушныя з таго погляду, што часопісь, як запраўды орган студэнцтва, выпушчаны прытым на чужыне, здалёк ад жыцьця агульнага і мусіць насіць спэцыфічна студэнцкі характар. Пасколькі‑ж было магчыма, выходзілася зь беларускага жыцьця ў цэлым. Думаецца, што тут абасобленасьць іншага роду, што часопісь уносіць нейкую каштоўнасьць і ў агульнае жыцьцё, чым можа і вытлумачваецца гэтае біцьцё ў вочы слова мы. Часопісь ярка выражае свой клясавы характар, чаго няма ў органах на бацькаўшчыне пад чужой уладай; у выданьнях жа Савецкай Беларусі пры ўсёй павазе да іх ня можна ня бачыць поруч з адбіткам грамадзкага мненьня й адбітак афіцыяльнасьці. Выданьні ў Заходняй Беларусі, адбіваючы часьцёва кірунак думкі данай часовай рэдакцыі, разам з тым ня могуць адкідаць і рэшты незаступленай думкі, што робіць уражаньне несуцэльнасьці, неадналітасьці і разьбежнасьці”[1].
З прыведзенай цытаты бачна, што рэдактары „Перавясла” заўважалі свае перавагі як над прэсай у Савецкай Беларусі, гэтак і над беларускай прэсай у Польшчы.
У другім нумары „Перавясла” пасьля ўступнага артыкула было зьмешчана 5 вершаў і 5 апавяданьняў, найчасьцей малавядомых аўтараў. На другі вялікі разьдзел „Перавясла” складаліся тэарэтычныя артыкулы, сярод якіх на асаблівую ўвагу заслугоўвае публікацыя пад назовам Самамэта, ці пабочнае зьявішча, падпісаная ініцыяламі І. Д.‑Н. Можна думаць, што гэтыя ініцыялы азначалі імя й прозьвішча Ігната Дварчаніна, які ў гэтым часе знаходзіўся ў Чэскай Празе й рыхтаваў у Карлавым Унівэрсытэце доктарскую дысэртацыю, прысьвечаную Францішку Скарыну. Аўтар публікацыі супрацьставіўся тым тэндэнцыям, якія, паводле яго, характарызавалі многіх беларускіх эмігрантаў, схільных ідэалізаваць гістарыю Беларусі. Ігнат Дварчанін убачыў у такой схільнасьці праявы містыфікацыі ды інтэрпрэтацыі мінулага краіны, абапёртай не на фактах, але на фікцыі.
„У апошні час беларускі нацыянальны рух – піша аўтар – выйшаўшы з пакою з адною лаўкаю на шырокі прастор усенароднага ўсьведамленьня і, натуральна, расшчапіўшыся, выклікаў у падходжаньні да яго з боку ўчасьнікаў, ідэйных правадыроў, шмат ненармальных зьявішчаў. Так, пэўная часьць грамадзянства гатова зрабіць з яго фэтыш, бязгрэшны кумір, дзе ўсё бліскуча, дзе ўсякая рыса годная абажэньня і пакланеньня. Тут усё зьмяшчаецца ў магічным слове Беларус, ці то Крывіч, і ўсякі, нават шчыры, сьвядомы нацыянальна, хочучы аднак унесьці каплю хоць крытычнага адношаньня да руху, ёсьць багахульнік, праступнік, здраднік.
Уся мінулая гістрыя Беларусі ёсьць нешта накшталт старога закону, непагрэшнага тэстамэнту, дзе ўсё – прадмет натхненьня. Чаго ў гэтым завеце не хапае паразуменьню гэтай часьці адраджэнцаў, дапаўняецца фантазіяй, а то простай разумовай спэкуляцыяй”[2].
Да гэтакага тыпу людзей, праўдападобна, Ігнат Дварчанін залічаў, між іншым, Вацлава Ластоўскага, які, як вядома, у гэтым часе выдаваў у Каўнасе свой часопіс „Крывіч”. Праўдападобна, менавіта Ластоўскага мае ён на ўвазе, калі гаворыць аб штучным стварэньні нэалягізмаў. Спасылаючыся на „Крывіча”, аўтар „Перавясла” напісаў:
„У склепах ці можа проста ў кабінэце выкапваюцца формы струпехлыя мовы і г. д. Соцыолёгі гэтага кірунку ўводзяць новую беларускую мараль, па сутнасьці, падобную да готэтнтоцкай... Даказваюць, што Беларусь да вайны і піла мала, і ўсяго ёй хапала... Палітыкі, узамніўшы сябе насьледнікамі і насіцелямі правоў калішняга княства Літоўска-Беларускага, ці то – у сваім упаеньні забываюцца нават аб канкрэтнай працы... Само сабой разумеецца, што ўсё гэта адбіваецца несур’ёзнасьцю, адарванасьцю ад жыцьця праваднікоў гэтых думак, гэта ёсьць – бясклясавай інтэлігенцыі, завязшай у чарах уласнай фантазіі безгрунтоўнасьцю, нерэальнасьцю і ў высокім ступені хвараблівасьцю”[3].
У далейшых фрагмэнтах артыкула Ігнат Дварчанін разгледзеў пэрыяд заходнеэўрапейскага рэнэсансу й рамантызму, падкрэсьліўшы, што асабліва рамантычная эпоха прычынілася да беларускага нацыянальнага адраджэньня.
* * *
Цэлы шэраг вельмі істотных тэарэтычных артыкулаў, прысьвечаных, у асноўным, беларускаму нацыянальнаму пытаньню, зьмясьціў на старонках „Перавясла” Тамаш Грыб.
У адваротнасьці да многіх беларускіх эмігрантаў у Чэскай Празе, якія паверылі добрым намерам бальшавікоў у часе г. зв. беларусізацыі, Тамаш Грыб заўсёды быў перакананы, што беларусізацыя гэта толькі хітрая сталінская тэхніка дзеля звабленьня ў Савецкі Саюз беларускіх эмігрантаў і іх ліквідацыі. З гэтай прычыны Тамаш Грыб не пайшоў па сьлядох такіх чэхаславацкіх эмігрантаў, як Уладзімер Жылка й Ігнат Дварчанін, якія пераехалі ў Савецкую Беларусь і за сваю наіўнасьць заплацілі жыцьцём, прыняўшы сьмерць з рук сталінскіх апрычнікаў.
Вяртаючыся да супрацоўніцтва Тамаша Грыба зь беларускай эміграцыйанй прэсай у Чэскай Празе, трэба сказаць, што ўсе ягоныя публікацыі заўсёды адзначаліся арыгінальнасьцю, сьмеласьцю й нацыянальнай прынцыповасьцю.
У другім нумары „Перавясла” Тамаш Грыб зьмясьціў артыкул пад назовам Асноўныя падваліны вызвольнай ідэалёгіі беларускай нацыі, у якім востра выступіў супраць г. зв. тутэйшасьці беларусаў, убачыўшы ў ёй праяву адвечнай зьняволенасьці нашай нацыі. Другім пытаньнем, якім шырока заняўся ў гэтай публікацыі, было пытаньне беларускага адраджанізму.
„Адраджэньне беларускага народу – напісаў Т. Грыб – ёсьць факт; буйны ўзрост нацыянальна-палітычнай і сацыяльнай сьвядомасьці таксама бясспрэчны факт, як і тое, што ўзрастае новая самаісная культурная індывідуальнасьць, якая адважна заяўлаяе на сьвет цэлы аб сваім нараджэньні. Спачатку выступае нованароджанае ў бязьмежным прасторы гістарычных падзеяў, як маральная сіла, затым, паступова набіраючы сіл фізычных, выступае ўжо як адзін з актыўных чыньнікаў сужыцьця народаў Усходняе Эўропы. Рэвалюцыя 1905‑6 гадоў, калі зьяўляюцца і актыўна выступаюць першыя беларускія рэвалюцыйна-сацыялістычныя і культурна-нацыянальныя арганізацыі, паставіўшыя сваёй мэтай дамагацца краёвай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расейскай Дэмакратычнай Фэдэрацыйнай Рэспублікі, вялікая рэвалюцыя 1917‑20 гадоў, калі ў завірусе рэвалюцыйных падзеяў родзіцца думка аб самаіснай незалежнай беларускай дзяржаўнасьці, узброеная барацьба беларускіх працоўных грамад за волю ды нацыянальнасьць – сьведчаць самі за сябе.
Праўда, Беларус не здабыў сабе волі, не дабіўся сваёй незалежнасьці, а ізноў, як і калісь, церпіць двайны гнёт – нацыянальны і сацыяльны ад чужацкіх наездцаў. Беларусь распластана ляжыць, парваная на часьці. Стогне ў бязвольлі, у нядолі народ”[4].
У далейшых фрагмэнтах публікацыі аўтар аналізаваў абставіны, якія давялі да разбойніцкага Рыскага Трактату – акту, які разарваў на дзьве часткі беларускую зямлю й беларускі народ. Выказаўшы думку аб тым, што толькі незалежная дзяржаўнасьць дае нацыі магчымасьць поўнасьцю разгарнуць свае духоўныя й матэрыяльныя сілы, Тамаш Грыб дайшоў да вываду, што беларусы ў барацьбе за незалежнасьць могуць, на жаль, разьлічваць толькі на сябе. Гаворачы аб уласных сілах, аўтар меў на ўвазе выключна беларускія грамадзкія працоўныя праслойкі й паставіў па‑за рамкамі гэтых сілаў такія сацыяльныя станы, як памешчыкі, прамыслоўцы й гандляры, лічачы, што ўсе яны зьвязаныя з чужымі нацыянальнасьцямі, і што мэтай іх імкненьня зьяўляецца не незалежнасьць Беларусі, а толькі далучэньне яе да тых нацыяў, да якіх яны самі належаць.
* * *
У другім нумары „Перавясла” Тамаш Грыб зьмясьціў рэцэнзію, прысьвечаную разгляду паэтычнага зборніка Янкі Купалы Спадчына, які выйшаў у сьвет у Менску ў 1922 годзе.
Прыступаючы да разгляду Купалаўскай Спадчыны, Тамаш Грыб напісаў:
„Што новага дае Купала ў «Спадчыне»? Гэтае пытаньне мы ставім і даем ясны катэгарычны адказ: кладзе асноўныя падваліны вызвольнай ідэалёгіі беларускай нацыі. Калі ў «Жалейцы» і ў «Гусьляры» Купала толькі быў народны пясьняр-самавучка й сам аб сабе казаў: «я не паэта, о крый мяне божа...» Калі ў «Адвечнай песьні» ды ў зборніку «Шляхам жыцьця» выступае амаль не выключна з нацыянальна-адраджэнскімі матывамі, то ў «Спадчыне» ўжо Купала адважна кажа за мільёны, бо ён церпіць і думае за мільёны – Купала ў «Спадчыне» падае новыя матывы вызвольнага змаганьня беларускага народу. У вершы «Свайму народу» Купала з натхненьнем прарока-правадыра зьвяртаецца да беларускага народу:
Табе, народ мой, згібеўшы ў аковах,
З-пад сэрца песьню гэтую пяю:
Паўстань, народ! Прачніся, беларусе,
Зірні на Бацькаўшчыну, на сябе!
Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў,
Як твой навала злыдняў скарб грабе.
Паўстань і глянь, як зьзяюць скрозь вагнішчы,
Як носяцца ў сусьветных зьмен віхры,
Як на старога быту папялішчы
Цьвет рацьвітае новае зары.
Паўстань, народ! Для будучыні шчасьце
Ты строй, каб тут ня строіў больш сусед;
Ня дайся ў гэты грозны час прапасьці, –
Прапашчых не пацешыць шчасьцем сьвет.
Сваю магутнасьць пакажы ты сьвету, –
Свой край, сябе ў пашане мець прымусь.
Паўстань, народ!... З крыві і сьлёз кліч гэты...
Цябе чакае маці-Беларусь!”[5]
У далейшых фрагмэнтах рэцэнзіі Тамаш Грыб прывёў шэраг іншых паэтычных радкоў Купалы, у якіх праяўляецца гарачы дух супраціву паэта ў адносінах да той сытуацыі, якая ўзьнікла ў Беларусі пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Публіцыст „Перавясла” выразна супрацьставіўся тым намаганьням бальшавікоў, якія імкнуліся да падпарадкаваньня сабе беларускай зямлі й духоўнага зьняволеньня беларускай нацыі.
Паводле Тамаша Грыба, Янка Купала скіраваў свой гнеў ня толькі супраць агрэсіўных суседзяў, але таксама й супраць Бога, які праяўляе абыякавасьць у адносінах да горкага беларускага лёсу й да зьняволеньня беларусаў чужынцамі.
„Гэты пратэст проці бога, сьвету ўладара, Купала выявіў у вершы-гімне «Увесь да дна», у якім чуецца глыбокая іронія, пачуцьцё крыўды, ашуканай веры, надзеі:
Увесь да дна трэба выпіць свой келіх жыцьця,
Ці з вадой жыватворнай, ці зь ядам;
З роўнай мерай чакаць вечнаты й небыцьця,
За адно абыймацца з анёлам і гадам.
Днём з агнём не задумай ты праўду знайсьці,
Паспытаць, што за смак гэтай праўды, –
Бо што зробіш, як знойдзеш, ты зь ёю ў жыцьці,
Сам спужаешся гэтакай знайды.
І нічога тут дзіўнага. Купала, убачыўшы ўсю марнасьць свае веры ў нейкую надпрыродную сілу, якая‑б вызваліла беларускі народ з кайданоў няволі, узапраўды мог спужацца. Дык што‑ж тады? Калі ў бога няма праўды, дык дзе‑ж яна гэтая праўда сьвятая? Мо ў люцыпара? Калі само неба проці нас, то хто‑ж з намі? У сьвядомасьці песьняра ўзрастае трывога... Але разам з тым родзіцца й вера ў сябе, у свае ўласныя сілы. Адкідаючы веру ў бога, як нейкую мэтафізычную надпрыродную сілу, Купала знаходзіць бога ў чалавеку:
...будзь сын верны зямлі,
Віхрам будзь і бушуй сярод ночы;
Вось тая новая ідэя, якая кладзеца Купалам у аснову вызвольнай ідэалёгіі беларускай нацыі”[6].
Сваю рэцэнзію Тамаш Грыб закончыў канклюзіяй:
„Агулам кажучы – «Спадчына» за выключэньнем тых яе старонак, дзе зьмешчаны вершы папярэдніх пэрыядаў творчасці Я. Купалы, зьяўляецца вялікім крокам наперад і ня толькі ў мастацкай творчасьці Купалы, а вялікім крокам наперад у разуменьні вызвольна-адраджэнскай справы беларускага народу”[7].
* * *
У тым жа нумары „Перавясла” Тамаш Грыб зьмясьціў рэцэнзію на зборнік вершаў Якуба Коласа Водгульле, які таксама, як і Спадчына, выйшаў у сьвет у Менску ў 1922 годзе.
Эміграцыйны крытык на пачатку сваёй публікацыі паставіў Якубу Коласу закід у тым, што ён застаецца ў няволі старых паэтычных ідэяў і настрояў, і што ў гэтым сэнсе ня йдзе наперад, але топчацца ў месцы.
„Якуб Колас і ў «Водгульлі» застаецца верным сабе. Ён пяе, перадусім, аб веснавых хмарках, лузе, аб першым громе, аб журбе палёў, аб жніве, аб навальніцы, аб няшчаснай маці, гойдаючай у калысцы дзіця-сіраціну, аб матчыным прычытаньні па ўмершым сыну, аб адзіноце і думках, раздум’і, аб аратым, які ў зрэбныя порткі адзеты ходзіць, сагнуўшысь як склют за сахою, гарэ і засявае матку-зямельку. Пяе Колас і аб дарогах крыжовых, раздарожжы, аб рэчцы, дзе над берагамі лозы растуць і за хвалямі хвалі бягуць... У сваім сэнтымэнтальна-рамантычным настрою Колас быццам‑бы ня бачыць ні вайны, ні рэвалюцыі. Ён хоча песьню шчасьця гукаць. А шчасьце ў згодзе, у дабраце... І гэта калі? Якраз у той самы час, як Беларусь была абнята пажарам яснаты. Але гэтага мала. Колас далей прадаўжае сваю песьню нуды”[8].
Дзеля пацьвярджэньня слушнасьці сваіх думак, Тамаш Грыб прывёў цэлы шэраг фрагмэнтаў вершаў Якуба Коласа, у якіх чытач сапраўды знаходзіць доказ на тое, што крытык мае рацыю.
Зь незразумелых прычын Тамаш Грыб не заўважыў у Водгульлі вялікага цыкла вершаў, якія Якуб Колас на працягу цэлага шэрагу гадоў пісаў з нагоды дня сваіх народзінаў. У вершах гэтых моцна гучаў супраціў паэта ў адносінах да Кастрычніцкай рэвалюцыі й новага бальшавіцкага парадку, у якім Якуб Колас бачыў праявы старых імпэрыяльных расейскіх імкненьняў. Гэтакі падыход да савецкай сыстэмы праявіўся, між іншым, у радках Коласа:
Кавалі другія, а ланцуг той самы,
Песьні ўсё старыя неаджытай гамы.
Не заўважыўшы крытычных адносінаў Якуба Коласа да пасьлярэвалюцыйнай Беларусі, Тамаш Грыб знайшоў у Водгульлі й моцна пахваліў адзін з найбольш адважных і катэгарычна-крытычных вершаў Коласа пад назовам Беларускаму люду, які стаўся рэзкай рэакцыяй паэта на Рыскі Трактат, што разарваў беларускія землі й беларускі народ на дзьве часткі. Тамаш Грыб прывёў найважнейшыя фрагмэнты гэтага твора:
Змоўкні ты, сьціхні, песьня пакуты,
Заварушыся наш край!
Люд беларускі! Рві свае путы,
Новую песьню сьпявай!
Хіба забудзем мы тыя межы,
Што правадзілі бяз нас?
Раны глыбокі, ох, яшчэ сьвежы.
Помсты агонь не пагас.
Нас падзялілі! – Хто? Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры!
К чорту іх межы! К д’яблу граніцы,
Нашы тут гоні, бары!
Будзем мы самі гаспадарамі,
Будзем свой скарб ратаваць.
Годзе той крыўды! У ногу з братамі
Пойдзем наш край вызваляць[9].
У заканчэньні рэцэнзіі Тамаш Грыб даў вельмі прыхільную ацэнку вершу Якуба Коласа Покліч, у якім убачыў праяву новай трактоўкі беларускага народу й пэрспэктыву беларускай незалежнасьці.
„Да каго зьвернуты гэтыя словы? – Хай уважлівы чытач сам падумае і ясны дасьць адказ. Мо яны жорсткі, балючы, але яны праўдзівы... Гэткія ў Якуба Коласа старыя й новыя песьні. І наша пажаданьне: старыя – хай ідуць у архіў гістарычнай мінуўшчыны, а новым – чэсьць і слава! Мы іх вітаем. Мы горача вітаем той бураломны настрой, які чуецца ў новых песьнях нашых старых песьняроў”[10].
Ахарактарызваныя намі дзьве рэцэнзіі Тамаша Грыба сьведчаць пра тое, што быў ён выдатным знаўцам ня толькі гістарычных і палітычных зьяваў у беларускім нацыянальным жыцьці, але таксама глыбока разьбіраўся ў беларускай літаратуры й культуры.
[1] Ад Рэдакцыі, у: „Перавясла”, № 2, Прага 1924, с. 1.
[2] І. Д.‑Н., Самамэта, ці пабочнае зьявішча, у: „Перавясла”, № 2, Прага 1924, с. 20.
[3] Тамсама, с. 21.
[4] Т. Грыб, Асноўныя падваліны вызвольнай ідэалёгіі беларускай нацыі, у: „Перавясла”, № 2, Прага 1924, с. 29.
[5] Т. Грыб, Рэцэнзія зборніка Я. Купалы Спадчына, у: „Перавясла”, № 2, Прага 1924, с. 54.
[6] Тамсама, с. 56.
[7] Тамсама, с. 57.
[8] Т. Грыб, Рэцэнзія зборніка Я. Коласа Спадчына, у: „Перавясла”, № 2, Прага 1924, с. 58.
[9] Тамсама, с. 58-59.
[10] Тамсама, с. 60.
Кніга публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Аўтара
|