|
3. Беларускі эміграцыйны асяродак у Празе
3.3. Уладзімер Жылка – паэт-выгнаньнік
Уладзімер Жылка зьяўляецца вядучай постацьцю сярод беларускіх паэтаў, літаратурны талент якога разгарнуўся галоўным чынам у беларускім эміграцыйным асяродку ў Чэскай Празе.
Нарадзіўся ён 27 траўня 1900 году ў вёсцы Макашы, што на Меншчыне. Разам з бацькамі некалькі гадоў пражыў у глыбіні Расеі. Аднак рэвалюцыю 1917 году сустрэў Жылка ў Менску. У гэтым горадзе прымаў гарачы ўдзел у нарастаючай хвалі беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. Пацьвярджэньнем гэтаму зьяўляецца факт абраньня яго дэлегатам на Першы Ўсебеларускі Кангрэс. Падзею гэтую трактаваў ён як вялікае гістарычнае здарэньне, якое павінна было адкрыць новую старонку на шляху беларускіх імкненьняў да ўласнай дзяржаўнасьці. Нахальны разгон Кангрэсу бальшавікамі ўпэўніў маладога Жылку ў тым, што беларусы ў змаганьні за сваё вызваленьне й незалежнасьць могуць разьлічваць толькі на саміх сябе, а не на суседнія народы, якія ня вызбыліся агрэсіўнасьці й захопніцкіх імкненьняў у адносінах да Беларусі. Зь вялікай радасьцю, энтузіязмам і надзеямі вітаў ён абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году. У вершы Покліч Уладзімер Жылка напісаў:
Пад штандар бел-чырвона-белы
Гартуйся раць адважна, сьмела,
Адважных, сьмелых ваяроў.
Пад знак Літоўскае Пагоні
Абараняць краіны гоні,
Народ забраны вызваляць.
Ужо ў 1919 годзе, калі паэту было ўсяго 18 гадоў, у яго лёгкіх выступіў востры тубэркулёзны працэс. Зьнясілены хваробай творца пасяліўся спачатку ў роднай вёсцы бацькі Клечышчы на Случчыне, а пасьля ў роднай вёсцы маці Падлесьсе. Сустрэўшыся з сардэчнымі адносінамі й апекай з боку родзічаў, акрыяў фізычна й духова. Многа ў гэтым часе чытаў польскіх і расейскіх пісьменьнікаў. Паглыбляў свае веды таксама ў галіне беларускай літаратуры, асабліва нашаніўскага пэрыяду. Пры гэтым абдумваў і рэалізаваў пляны й сюжэты ўласных паэтычных твораў. Частку зь іх пасылаў у рэдакцую „Нашай Думкі”, якую рэдагаваў у Вільні слаўны ўжо беларускі празаік і дасьледчык беларускай літаратуры Максім Гарэцкі.
У 1921 годзе У. Жылка прыйшоў да высновы, што стан ягонага здароўя натолькі палепшыўся, што пазваляе яму прыступіць да больш дынамічных формаў дзеяньня. З такім перакананьнем паехаў ён у Вільню, дзе ўвайшоў у гушчу польскага палітычнага й адміністрацыйнага ладу. Будучы грамадзянінам Польшчы, Уладзімер Жылка жыў высокай беларускай мройнасьцю. Знаходзіўся ў стане вялікага паэтычнага натхненьня. Натхненьне гэтае праявілася ў цыкле вельмі цікавых вершаў пад назовам У Вільні. Паэт утрымліваў сталы кантак з рэдакцыямі „Беларускіх Ведамасьцяў” і „Беларускага Звону”. Быццам бы шукаючы інспірацыі для свае творчасьці, часта наведваў беларускі музэй, сарганізаваны памерлым у 1918 годзе знакамітым этнографам Іванам Луцкевічам. Увайшоў таксама ў вельмі блізкі й сардэчны кантакт з Антонам Луцкевічам, які быў выдатным беларускім палітыкам і шырока вядомым дасьледчыкам гісторыі беларускае літаратуры. Прыязьнь гэтая вызначыла суадносіны паміж Жылкам і Луцкевічам на многія наступныя гады. Праявілася яна, між іншым, у шматлікіх лістах, якія пісаў паэт да свайго апекуна, знаходзячыся ў Чэскай Празе. Стараючыся вывезьці Жылку зь небясьпекі паліцыйнага арышту, Антон Луцкевіч выслаў яго ў Каўнас, дзе ў гэтым часе дынамічна разьвіваўся беларускі эміграцыйны асяродак. Дзякуючы гэтаму выезду, паэт пазнаёміўся з выдатным палітыкам, гісторыкам і вучоным Вацлавам Ластоўскім. Ня мог аднак там прыжыцца. У хуткім часе пераехаў у Дзьвінск, дзе паступіў у беларускую гімназію. Увесь час ягоную ўвагу прыцягвала Вільня, і таму пераехаў у гэты горад, дзе вельмі блізка зышоўся й пасябраваў зь беларускім дзеячам і пісьменьнікам Леапольдам Родзевічам. Л. Родзевіч адыграў вялікую ролю ў будучым лёсе паэта. Паведаміў яго пра магчымасьці выезду ў Чэскую Прагу з мэтай паступленьня ў Карлавы Ўнівэрсытэт. З гэтай магчымасьці скарыстаў Уладзімер Жылка ў 1923 годзе. У Чэскай Празе паступіў ён на гістарычна-філязофскі факультэт, дзе атрымаў шырокую магчымасьць глыбінна пазнаёміцца зь філязофскімі й грамадзкімі напрамкамі ў цэлай Эўропе, пачынаючы зь сярэднявечча, а канчаючы апошнімі гадамі. Ад самага пачатку знаходжаньня ў Чэскай Празе У. Жылка прымаў найбольш актыўны ўдзел у студэнцкім беларускім руху. У хуткім часе стаўся ён галоўным рэдактарам часопіса „Перавясла”. Супрацоўнічаў таксама зь іншымі беларускімі газэтамі, якія выходзілі ў Чэскай Празе. Студэнцкае асяродзьдзе выбрала яго ў 1924 годзе дэлегатам на Міжнародны Зьезд Студэнтаў, які адбываўся ў Варшаве. Дзякуючы энэргічным намаганьням Уладзімера Жылкі, Варшаўскі Студэнцкі Кангрэс згадзіўся на тое, каб арганізацыі беларускіх студэнтаў з Чэскай Прагі й Вільні сталіся членамі Міжнароднага Саюзу Студэнтаў.
1924 год стаў вялікай падзеяй у жыцьці Жылкі з тае прычыны, што ў гэтым часе, дзякуючы намаганьням Антона Луцкевіча, выйшаў у Вільні яго паэтычны зборнік На ростані.
Пасьля характарыстыкі асноўных этапаў жыцьця У. Жылкі, трэба заняцца адной з галін яго творчай спадчыны – Дзёньнікам, які паэт пісаў нерэгулярна на працягу некалькіх гадоў свайго жыцьця. Асноўная ўвага зьвяртаецца на тыя фрагмэнты твора, якія ствараліся ў часе ягонага прабываньня ў Чэскай Празе.
Характэрнай рысай Дзёньніка зьяўляецца тое, што ў ім амаль цалкам адсутнічаюць факты, зьвязаныя з акружаючай аўтара грамадзкай ці палітычнай рэчаіснасьцю. Увесь зьмест твора арганічна зьвязаны з уласным псыхічным сьветам. Праўдападобна, першы запіс у Дзёньніку з 15 сакавіка 1923 году быў зроблены Жылкам перад выездам у Чэхаславаччыну. Цяжкая хвароба мела, несумненна, істотны ўплыў на характар разважаньняў, памешчаных у Дзёньніку:
„Смерць саўсім не страшыць, нават больш: яна жаданая госця. Пужае жах жыцця – жорсткі і няўломны, няўмольны. Я баюся пустаты і хаосу, а яны паўнаўладны. Песні хаосу заўсёды з намі, чортавы, праклятыя песні. Толькі на час праяснее неба нашага духоўнага свету, і здаецца (здаецца толькі) гармонія. Ах! Як цяжка жыццё, які велізарны цяжар. Б’ешся ў ім, як муха, як муха ў павуціне, і мітусячыся, толькі больш заблытваешся... Але я ўсё ж адчуваю, што няшчасце й пакута заложаны ня ў рэчах, а ў нас саміх. «Я», яго перажыванні твораць у нас і радасці, і пакуту. Ды ад такога ўяўленьня не лягчэй. Безумоўна, гаспадару трудней, як парабку. І не зайздрошчу я Богу. З сабой найцяжэй уходацца, утрымваць сябе і кіраваць.
Раб ня ведае любові – ён пахатлівы. Мы – дзеці рабоў, атручаныя рабствам і зняверай”[1].
Зусім іншы характар мае запіс з 1 траўня 1923 году, у якім чаргуюцца паміж сабой, здавалася б, несумяшчальныя разважаньні: іранічныя заўвагі аб уласным характары й побач зь імі амаль натуралістычная інфармацыя пра паглыблены тубэркулёзны працэс у лёгкіх.
У гэтым запісе паяўляецца аднак і зусім новы момант. Зьвязаны ён быццам бы з Багдановічаўскімі разважаньнямі пра значэньне хараства й красы ў жыцьці чалавека.
Некалькі разоў у Дзёньніку з траўня й чэрвеня 1923 году, як быццам ускосна й эскізна, Уладзімер Жылка стараўся весьці гутарку аб значэньні й сэнсе творчасьці ў жыцьці чалавека. Аднак глыбей гэтым пытаньнем паэт не заняўся. Да даволі істотных трэба аднесьці думкі Жылкі, выяўленыя на пачатку жніўня 1923 году. Варта тут прывесьці найбольш характэрныя выказваньні паэта:
„Я б цяпер з вялікаю радасцю аддаўся літаратурным заняткам. Прызнаюся – я люблю пісьменства. І, мусіць, мне не развязацца з ім ніколі. Маюцца ў думках некалькі новых планаў. Усе цяжкія й патрабуюць грунтоўнай падрыхтоўкі. Хацеў бы ў форме паэмы выказаць глыбіню, уменне думаць нашага селяніна, яго нахіл да містыкі і любоў да зямлі, да працы на ёй. Хацеў бы змаляваць нашага масавоза Янку і гэну паэму назваць яго імем «Янка», і давесці, што яго містыка і сквапнасць да працы робяць з яго элемент, годны для дзяржаўна-нацыянальнага будаўніцтва. І, мала таго, робяць яго самога будаўнічым... Усё покі што ў праекце яшчэ вельмі чарнавым. Усё мусіць быць, напрыклад, пабудавана на фоне народнай творчасці, і хацеў бы нават – народным вершам беларускіх песень. Але гэта тонкая, нялёгкая задача”[2].
Характарызаваны твор мае наогул пэсымістычны характар. Можна меркаваць, што яго аўтар знаходзіўся ў стане глыбокага фізычнага й духоўнага крызысу.
Дзёньнік зьяўляецца сьведчаньнем таго, што У. Жылка, з аднаго боку, быў асобай вялікага болю, а з другога боку – чалавекам, які, нягледзячы на ўласны трагічны лёс і пэрспэктыву заўчаснай сьмерці, стараўся пранікнуць у глыбіню чалавечага жыцьця ды сэнс ягонага існаваньня на зямлі.
Можна думаць, што, пішучы Дзёньнік, Уладзімер Жылка знаходзіўся пад уплывам творчасьці Фёдара Дастаеўскага альбо маральных прынцыпаў нямецкага філёзафа Шапэнгаўэра.
Апрача паэзіі, Жылка займаўся таксама літаратурнай крытыкай.
Адной зь першых літаратуразнаўчых публікацыяў Уладзімера Жылкі была рэцэнзія З жыцця й пісьменства[3], прысьвечаная вершам Натальлі Арсеньневай. Аўтар небеспадстаўна зьвярнуў увагу на тое, што маладая паэтка ў сваіх раньніх вершах злоўжывала нехарактэрнымі для беларускае мовы дзеяслоўнымі скарочанымі формамі тыпу: забылісь, круцілісь, загарэлісь. Аднак і сам зрабіў падобную памылку, ужываючы форму нацыянален, замест тыповай беларускай формы нацыянальны. Крытычныя інтанацыі ў адносінах да Натальлі Арсеньневай ня мелі аднак у Жылкавай публікацыі зьнішчальнага ці варожага характару. У канцы артыкула крытык адзначыў, што Н. Арсеньнева валодае, несумненна, сапраўдным паэтычным талентам.
Значную цікавасьць уяўляе сабою артыкул Жылкі пад назовам Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.)[4], у якім крытык прадставіў асноўныя моманты й матывы ў творчай біяграфіі гэтага вядучага нашаніўца. Уладзімер Жылка досыць цікава ахарактарызаваў ня толькі тэматычную, але й жанравую разнароднасьць паэзіі й прозы Ядвігіна Ш. Зьвярнуў увагу на арганічную сувязь гумарыстычных апавяданьняў пісьменьніка з фальклёрнай беларускай традыцыяй. Падкрэсьліў таксама, што Ядвігін Ш. зьяўляўся арыгінальным пачынальнікам псыхалягічнай беларускай прозы.
Найбольш абшырнай літаратуразнаўчай публікацыяй Уладзімера Жылкі зьяўляецца Рэцэнзія на зборнік Леапольда Родзевіча „Беларусь”[5], у якой крытык даў высокую ацэнку мастацкім, а асабліва ідэйным каштоўнасьцям паэзіі гэтага досыць шырока вядомага заходнебеларускага паэта.
Усе толькі што названыя літаратуразнаўчыя публікацыі Жылкі былі напісаныя альбо напярэдадні ягонага выезду ў Чэскую Прагу, альбо ўжо ў эміграцыі.
Да болей глыбокіх і цікавых трэба аднесьці Жылкавы артыкул пад назовам У справе ацэнкі беларускага адраджэньня[6]. Крытык распачаў свае разважаньні ад гістарычнае мінуўшчыны, у якой праявілася экспансыўнасьць вялікіх суседзяў, мэтай якой была дэнацыяналізацыя Беларускага Краю.
Варта працытаваць найбольш характэрныя фрагмэнты Жылкавай публікацыі:
„18-е стагоддзе аканчальна закінула беларушчыну пад мужыцкую саламяную страху. Вышэйшыя станы апалячыліся і выракліся свайго народу. Культурныя і матэрыяльныя скарбы цяклі да Варшавы – на ўмацаванне польскасці ў Краі. Усё беларускае зневажалася і пагарджалася. Яно ўважалася як нешта ў іншых выпадках патрэбнае «на будзённы дзень», ніжэйшае, горшае, не вартае ўвагі. Так было да падзелу Польшчы, гэтак пайшло і пасля падзелу, калі Беларусь апынулася пад зверхнасцю Маскоўшчыны. І толькі сялянства ды местачкоўцы захоўвалі беларушчыну. Але ні беднае, галадаючае ад недародаў сялянства, ні абяднеўшае і змарнеўшае мяшчанства, дзякуючы розным акалічнасцям, не маглі падняць яе на належную вышыню. Беларушчына гібела, як гібеў і мадзеў увесь народ і ўвесь Край.
Падупаўшае нацыянальна-беларускае злілося з этнаграфічна-беларускім і існавала як апошняе. Дый этнаграфічныя адзнакі пад уплывам места і русіфікацыйнае палітыкі з аднаго боку, і апалячванне з другога драбнелі і станавіліся штораз менш яскравымі, і, на першы погляд, здавалася, мусілі згінуць пад націскам маскоўскай і польскай навалы. Ды гэтага не магло стацца і ня сталася. Беларускі селянін выказаў вялікую жыццёвасць. Супраць дэнацыяналізуючых захадаў здолеў вытварыць дысімілюючае проціваатруцце. Непарушнымі данёс да нашых часоў скарбы свайго самабытнага, арыгінальнага «Я» – сваю мову, песні, быт, звычаі, сваю псіхалогію”[7].
У далейшых разважаньнях Уладзімер Жылка сьцьвердзіў, што ў тых выключна неспрыяльных умовах, у якіх апынулася Беларусь, толькі сялянская маса сталася захавальніцай беларушчыны тады, калі іншыя грамадзкія станы пайшлі на службу да чужынцаў і дэнацыяналізаваліся. У сувязі з гэтым, па словах Уладзімера Жылкі, ідэолягі беларускага адраджэньня павінны абапірацца на беларускага селяніна:
„Незалежнасць – напісаў Жылка – гэта значыць: новае жыццё і наша культура, зямля і воля, праца і роўнасць у багацці. За такую незалежнасць змагаюцца працоўныя масы, і такой, а не іншаю, яна мусіць быць і будзе. Усякая падробка, фальсіфікат наперад прызначаны на згубу. І пад гэтым светлым штандарам вядзе сваё змаганне працуючы народ.
Толькі тады, калі беларускі рух набярэцца вагі, значання і глыбіні, мы бачым далучэнне да яго дробна-буржуазных і дробна-шляхоцкіх групаў. Гэтыя групы робяць спробы адабраць ад працуючых рэвалюцыйна-нацыянальны сцяг і накіраваць іх сілу супраць іх саміх. Гэтыя групы з’яўляюцца творцамі ідэалогіі выключнасці «нацыянальнае» справы.
Канчаючы гэтую заметку, мы яшчэ раз хочам падчыркнуць свае асноўныя думкі:
1) нацыянальна-вызвольнае змаганне не можна адасобіць ад сацыяльна-эканамічнага і класавага;
2) беларускі рух ёсць вынікам адраджэння сялянства;
3) буржуазныя і шляхоцкія групы ў істоце варожыя беларускай нацыянальнай стыхіі”[8].
Варта адзначыць, што У. Жылка з увагай прыглядаўся да беларускай сацыяльнай і нацыянальнай рэчаіснасьці ды ніколі не губляў веры ў сэнс беларускай духовай сувэрэннасьці, а таксама ў канчатковую ўдачу беларускіх імкненьняў да дзяржаўнай незалежнасьці.
Эміграцыйны паэт і крытык, займаючыся беларускай пісьмовасьцю й працэсам беларускага адраджэньня, цікавіўся таксама разьвіцьцём асьветніцтва й розных галін культуры ў гістарычнай Беларусі.
Знаходзячыся ў Чэскай Празе, падрыхтаваў ён і напісаў артыкул пад назовам Да 400-х угодкаў друку на Беларусі[9]. Зразумела, што ў гэтай публікацыі аўтар заняўся перадусім характаыстыкай жыцьця й дзейнасьці выдатнага беларускага асьветніка Францішка Скарыны, які, як вядома, старабеларускае кнігадрукаваньне распачаў у Чэскай Празе, у якой 400 гадоў пазьней пасяліўся таксама У. Жылка.
Зусім магчыма, што зацікаўленьне Жылкі Францішкам Скарынам было інспіраванае Ігнатам Дварчанінам, які ў гэтым часе апынуўся таксама ў Карлавым Унівэрсытэце ў Чэскай Празе й прыступіў да напісаньня доктарскае дысэртацыі, прысьвечанай жыцьцю й творчасьці Ф. Скарыны. У гэткіх абставінах Ігнат Дварчанін стаўся, несумненна, аўтарытэтнай крыніцай ведаў для маладога дапытлівага У. Жылкі ды напэўна інфармаваў яго аб многіх эпізодах з жыцьця й дзейнасьці Скарыны, а таксама аб значэньні гэтай вялікай постаці для разьвіцьця беларускай нацыянальнай тоеснасьці й беларускай культуры.
Варта адзначыць, што артыкул Уладзімера Жылкі ў той частцы, якая адносілася да Скарыны, ня мае ў сабе адкрыўчых каштоўнасьцяў. Тут аўтар абмежаваўся галоўным чынам да ўжо вядомых фактаў і здарэньняў з жыцьця й дзейнасьці вялікага беларускага асьветніка. Пры гэтым аднак публікацыя мае пастулятыўную частку, у якой аўтар выказвае многа арыгінальных і каштоўных ідэяў. Варта ў сувязі з гэтым прывесьці фрагмэнт артыкула У. Жылкі, у якім аўтар накіраваў у адрас Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні цэлы шэраг цікавых прапановаў дзеля ўшанаваньня памяці Ф. Скарыны:
„Першым заданнем Т-ва – адзначае У. Жылка – ёсць, на нашу думку – гэткае: адчыніць падпіску на помнік Скарыну ў Вільні, месцы яго друкарскай працы; абвясціць конкурс на помнік; вызначыць прэміі за лепшы гістарычна-навуковы твор на беларускай мове з тых часоў; выдаць для народу рад папулярных кніжак аб Скарыне; назваць яго імем адну з старых беларускіх гімназіяў ці адчыніць новую. Нарэшце, і палачанам варта нагадаць свайго слаўнага земляка і зрабіць усё, што магчыма, каб памяць аб ім жыла ў народзе.
Спадзяёмся, што наша згадка не будзе каменем, кінутым у ваду, бо ходзіць аб тое, ці варт народ сваіх геніяў.
Адказ можа быць толькі – але”[10].
Да больш паглыбленых і арыгінальных трэба аднесьці другую публікацыю У. Жылкі пад назовам Народная адукацыя на Беларусі[11], якая таксама ўзьнікла ў часе знаходжаньня аўтара ў Чэскай Празе.
На пачатку гэтага артыкула Жылка заняўся характарыстыкай цяжкай сытуацыі ў галіне эканомікі, культуры й асьветы, якая была вынікам Першай Сусьветнай вайны, рэвалюцыі й польска-савецкага збройнага канфлікту ў гадох 1919-1921. Культурна-асьветніцкая катастрофа на Беларусі была яшчэ больш паглыблена разрывам беларускай зямлі й беларускага народу, які быў рэзультатам Рыскага Трактату з 1921 году. Па словах аўтара, Заходняя Беларусь апынулася ў выключна неспрыяльных умовах. Нягледзячы на гэта, у асяродзьдзі беларускіх вучняў, а асабліва ў студэнцкіх асяродзьдзях, узьнікаў дынамічны беларускі нацыянальны рух. Як напісаў У. Жылка:
„Не засталося зусім беларускіх вышэйшых навучальных установаў: адзіны ўніверсітэт у Вільні – польскі. У ім да выкладання беларускай мовы, мовы карэннага народа ставяцца больш чым абыякава: няма нават адпаведнай катэдры. Раней катэдра беларускай мовы існавала, але загадваў ёю польскі навуковец, які не ўмеў нават як след размаўляць па-беларуску. Дзверы гэтага ўніверсітэта, як і іншых польскіх універсітэтаў, зачынены для нашых суайчыннікаў. Беларуская ступень бакалаўра лічыцца тут недастатковай, а «кваліфікацыйная камісія», створаная польскімі студэнтамі, выключае тых, каго ўжо прынялі, з прычыны таго, што яны не служылі ў польскай арміі ў якасці добраахвотнікаў падчас польска-бальшавіцкай вайны 1919-1920 гг. У выніку такога цяжкага становішча колькасць беларусаў, прынятых у польскія вышэйшыя навучальныя ўстановы, зусім нязначная.
Вялікая колькасць беларускіх студэнтаў параскіданая па польскіх універсітэтах. Найбольш іх у Вільні, дзе існуе Суполка беларускіх студэнтаў, якая налічвае каля 100 чалавек. У 1922 годзе гэтая суполка выдавала газету «Наш Шлях». Яшчэ адна шматлікая і актыўная арганізацыя беларускіх студэнтаў створана ў Варшаве”[12].
На думку У. Жылкі, непрыхільныя, а нават варожыя адносіны афіцыйных польскіх уладаў да разьвіцьця беларускага школьніцтва ў Заходняй Беларусі піхнулі многіх маладых беларусаў у эміграцыю. Накіроўваліся яны галоўным чынам у Чэхаславаччыну альбо ў Савецкую Беларусь. Дзеля гістарычнай праўды, трэба сказаць, што амаль усе тыя беларусы, якія апынуліся ў БССР, у час сталінскага тэрору былі патрактаваныя як ворагі народу й высланыя ў Сібір альбо расстраляныя. Такі трагічны лёс сустрэў і самога У. Жылку, які ў 1926 годзе пакінуў Чэхаславаччыну й пераехаў у Савецкі Саюз.
Цікавай і мала вывучанай спадчынай Уладзімера Жылкі зьяўляецца ягоная перапіска. Бадай што найчасьцейшым адрасатам лістоў Жылкі быў вядомы беларускі дзеяч і літаратурны крытык Антон Луцкевіч, які жыў у Вільні ў тым часе, калі Жылка апынуўся ў Чэхаславаччыне. Менавіта адтуль Уладзімер Жылка накіраваў да Антона Луцкевіча шэраг лістоў. Праўдападобна, першы зь іх быў напісаны 7 красавіка 1923 году. Пачынаецца ён словамі Хрыстос ускрос!. Шчыра вітаю Вас з Вялікаднем. У далейшых фрагмэнтах ліста выступаюць зьвесткі аб праскім жыцьці беларускіх эмігрантаў. Уладзімер Жылка даў рэзка адмоўную характарыстыку такім выдатным прадстаўнікам беларускай эміграцыйнай думкі, як Ян Станкевіч і Язэп Мамонька. Першы зь іх – выпускнік Праскага Ўнівэрсытэту – быў агульнавядомым беларускім мовазнаўцам, перакладчыкам і публіцыстам. А Мамонька належаў да выдатных дзеячоў, якія стваралі Беларускую Народную Рэспубліку. Вучыўся ён у Карлавым Унівэрсытэце й пазьней, таксама як Уладзімер Жылка, зваблены савецкай прапагандай, пераехаў у БССР, дзе разьдзяліў трагічны Жылкаў лёс і стаўся ахвярай сталінскага тэрору.
У гэтым лісьце Жылка досыць павярхоўна ахарактарызаваў беларускае жыцьцё ў Чэскай Празе. Можна думаць, што ў тым часе паэт яшчэ вельмі слаба арыентаваўся ў беларускім эміграцыйным руху і, мабыць, знаходзіўся пад уплывам тых беларускіх эміграцыйных дзеячоў, якія займаліся інтрыгамі:
„Пражскія ўражанні – піша У. Жылка – не вельмі і прымушаюць падумаць. Сумна, што наша моладзь таксама папсавана вайной, рэвалюцыяй і іншым такім. Сапраўды творчых асобаў вельмі мала, якія могуць упісаць свае імёны хоць нязначнымі, маленькімі, але светлымі літарамі ў вялікую кнігу Адраджэння. Больш анархічнага элементу найгоршага гатунку, яскравы прыклад якіх Ян Станкеўчык і Мамонька, людзі розных станаў грамадскіх і пераконанняў, але псіхічна родныя. Таму замест працы – «шумім, братцы!» Сумна!
Я стаю ў старонцы – працягвае У. Жылка ў лісьце Антону Луцкевічу – і прыглядаюся. Жыву ў Юзафове (вёрст 100 ад Прагі) і хаджу на матуральныя ўкраінскія курсы. Адносіны ўкраінцаў да беларусаў (нас тут 10 чалавек) вельмі прыхільныя. 27 сакавіка ўрачыста адсвяткавалі абвяшчэнне Незалежнасці”[13].
Істотнае й важнае значэньне мае ліст Уладзімера Жылкі, скіраваны да таго ж Антона Луцкевіча 23 траўня 1923 году. Ня ведаем, ці быў ён вынікам ліста, атрыманага ад Луцкевіча, ці можа зь іншых крыніц эміграцыйны паэт даведаўся пра тое, што Антон Луцкевіч намерваўся пакінуць Вільню й адрачыся ад беларускага нацыянальнага руху. Зь ліста відаць, што гэтакая пэрспэктыва моцна занепакоіла Жылку, які адназначна лічыў, што разрыў Луцкевіча зь беларускім рухам моцна аслабіць беларускую нацыянальную думку. Менавіта такога тыпу боязь выявілася амаль што ва ўсім зьмесьце прыгаданага ліста:
„Атрымаў учора ад Краскоўскіх – піша У. Жылка – ліста, у якім, між іншым, паведамляюць, што Вы збіраецеся пакінуць Вільню. Гэтая вестка мяне дый усіх тутэйшых страшэнна ўразіла і навеяла смутак. Лічачы справу пераезду не толькі асабістай Вашай справай, але вялікай вагі крокам грамадскага характару, не магу стрымацца і не напісаць Вам, што так рабіць няможна. Ніяк не выяўляю Вільні і беларус[кага] руху ў Зах[одняй] Бел[арусі] без Вашага ўдзелу. Безумоўна, абмылковым было б лічыць, што якая-небудзь справа грамадская супакоіцца на адной адзінцы, а не ёсць вынікам высілку пэўнага калектыву. Але ўсё ж, як у цягніку, каб ён разумна рухаўся, патрэбны машыністы, так і тут мусіць быць нехта падобны. І як кваліфікаванага старога, пэўнага сваіх сіл машыніста, няможна замяніць кожным прафанам, так і ў грамадскім нацыянальным жыцці сапраўднага правадыра не заменіш падстаўной асобай. Гэтага Вам няможна выпускаць з відавоку. У Вільні Вы ёсць асяродак, каля якога канцэнтруецца і рухаецца наша Адраджэнне. Вы галоўны мозак справы, і таму мы, меншыя работнікі (нервы народныя), спяшаліся так забегчы на Віленс[кую] 33 паінфармавацца, параіцца, пажаліцца... Усякае здараецца! Не, як хочаце, а Вы патрэбны Вільні. Потым і асабістыя матывы гавораць на карысць Вільні. Тут ёсць вялікая добрая работа на грам[адскім] полі, культурнае жыццё, шмат мілых, дарагіх рэчаў, мест, з якімі зрадніліся. Кожны дзень паасобнаму, як ад наркозу, прытупліваюцца нервы, адчуванне зморы, свежыя газеты, навіны, новыя крыўды і радасці, страты і перамогі і шмат драбніц спецыфічна віленскіх. І выкінуць самога сябе з усяго, прамяняць на лёс настаўніка ў паганай дрэнненькай правінцыі? Няўжо Ів[ан] Ігн[атавіч] не піша Вам, што задыхаецца, гіне ад затхласці і мізэрнасці? Прызнаюся, я ўцёк з Д[звінска], і перажытыя там часы найцяжэйшыя і самыя смутныя ў маім духовым жыцці, хоць духова быў спакайнейшы. А як Вы кінеце музей?
Ведаю, што матэрыяльняе жыццё Ваша далёка не зайздроснае. Дагадваюся, што магчымы непрыемнасці і непаразуменні, аб якіх мы тут не знаем. Але веру, што свядомасць адпаведнасці, каханне да справы дасць Вам моцы і духовую бадзёрасць. Бел[арускае] Адрадж[энне] перажывае крызіс, дзе ходзіць аб тое, ці быць нам нацыяй дужай і скансалідаванай, ці бясслаўна загінуць. У гэты час асабліва важна, каб у першых радах былі здольныя загартаваныя змагары. Пішу ўсё гэта далёкі ад жадання сказаць камплімент, але маю на ўвазе Бацькаўшчыну і нашу Справу. Так і прыміце гэтыя радкі”[14].
Прыведзены ліст дасканала сьведчыць пра тое, што У. Жылка, знаходзячыся ў Чэхаславаччыне, горача цікавіўся заходнебеларускім жыцьцём і прагнуў, каб усе выдатныя беларусы адыгрывалі ў гэтым жыцьці актыўную й творчую ролю.
Лісты эміграцыйнага паэта да вядомага беларускага дасьледчыка й дзеяча ў Вільні зьяўляюцца багатай крыніцай ведаў ня толькі пра беларускі эміграцыйны рух у Чэскай Празе, але таксама даюць шырокае ўяўленьне аб поглядах Жылкі на многія зьявы, выступаючыя ў заходнебеларускай рэчаіснасьці, а таксама ў жыцьці Савецкай Беларусі.
І так, у лісьце з 1 жніўня 1923 году У. Жылка даў даволі шырокую панараму беларускага акадэмічнага асяродзьдзя ў Чэскай Празе. Паэт даволі адмоўна ахарактарызаваў ідэалёгію й паводзіны беларускіх эміграцыйных студэнтаў. Ня можа не зьдзіўляць рэзкасьць ацэнак, выступаючых, напрыклад, у такім сьцьвярджэньні:
„А то тут [с]толькі сволачы, смецця, якое нічым не цікавіцца – ні навукай, ні Бацькаўшчынай, не мае нічога святога за душой”[15].
У гэтым жа лісьце Жылка перайшоў да заходнебеларускай рэчаіснасьці, даючы рэзка адмоўную характарыстыку вядомай газэце „Наш Сьцяг”. Пры гэтай нагодзе востра атакаваў камуністычны рух, бачачы ў ім пагрозу для беларускай нацыянальнай справы:
„Камуністы ў грунце варожы беларускай сялянскай стыхіі і нашай нацыянальнай ідэі. Усё, што робіцца ў Менску (а не столькі той работы, як галасу), ёсць не ласка, а ўступка з бою. Жаданне беларускіх камуністаў манапалізаваць беларускі рух – тактычны крок і досыць бязглузды, хоць [неразб.] Маскве трэба, але падтрымаць гэта на Зах[одняй] Беларусі, займацца самаашуканствам і выгадоўваць масы на гэтым, выклікаць у іх давер да Менска – Масквы, трохі нязручна і нават боязна. Тактыка Заход[няй] Беларусі, на маю дурную думку, – піша Жылка – гуртаванне сілаў, выгадаванне ў масах самадзейнасці і свядомасці. Невядома яшчэ, хто здзейсніць ідэю незалежнасці – Менск ці Вільня? І так раптам распісацца ў сваёй слабасці, спяшацца зарэгістравацца ў маскоўскай канторы пад шыльдай СССР – саўсім няўчасна!”[16]
Пагардлівыя адносіны У. Жылкі да бадай што найвыдатнейшых эмігрантаў у Чэскай Празе – Яна Станкевіча, Тамаша Грыба, Палуты Бадуновай і Васіля Мамонькі – у вельмі рэзкай форме праявіліся ў лісьце да таго ж Антона Луцкевіча з канца красавіка 1924 году. Уладзімер Жылка напісаў у ім:
„Між іншым, ведаеце, хто самыя непапулярныя між студэнцтва? Безумоўна – не! Але калі скажаце Станкеўчык і Грыб, то вы не памыліцеся. Сваёй дэмагогіяй, грубасцю, нетактычнасцю, а галоўнае – пустагаловасцю (факт!) яны выклікалі проціў сябе страшэннае незадавальненне ўсіх, і правых і левых, і сваіх прыхільнікаў і непрыхільнікаў, і пашаны да іх ні на грош. Ёсць нахіл судзіць аб пражскім студэнцтве па гэтых панах. Але гэта найгоршая памылка. Уплывы іх на студэнцкае жыццё зводзяцца да зэро. І, судзячы па іх, можна дайсці да вельмі сумных і невясёлых вынікаў, прызнаць, што студэнты нашы ні да чорта не варты”[17].
Да гэтай жа тэмы вярнуўся У. Жылка ў канцы характарызаванага ліста, заўважаючы, між іншым:
„Нарэшце не сказаў самага важнага (важна для мяне): я разышоўся з пачэснай кампаніяй – Бадунова і К (К – Грыб, Мамонька). Прычынай іх дурасць і подласць. Подласць у тым, што дзе няма іх, там пагана, і яны мусяць паскудзіць. Бліжэй пазнаёміўшыся, бачу, што яны толькі і здольны на паскудствы, і то дробныя. Мізэрныя людзі! Пайшло з-за таго, што іх не запрасілі ў творачуюся перад Калядамі «Белар[ускую] Раду ў Празе». Пакрыўдзіўшыся, яны выпусцілі знамяніты архітвор «Извещение» – дакумент чалавечай несумленнасці, маны, тупога нізкалоб’я, калі не ідыятызма”[18].
Выяўленая ў прыведзеных цытатах варожасьць, а нават пагарда з боку маладога студэнта да выдатных беларускіх эміграцыйных дзеячоў, якія ў большасьці былі стваральнікамі Беларускай Народнай Рэспублікі й прапагатарамі яе галоўных ідэалаў у эміграцыі – моцна несправядлівая й незразумелая. Вядома, што ўсе названыя Жылкам асобы пасьлядоўна стаялі на грунце БНР і моцна супрацьстаўляліся імкненьням Савецкага Саюзу кампраметаваць ідэалы БНР як у Савецкім Саюзе, гэтак і па-за яго межамі. Можна меркаваць, што, даючы такія несправядлівыя й тэдэнцыйныя ацэнкі, Уладзімер Жылка знаходзіўся пад уплывам тых рэдкіх прадстаўнікоў беларускай эміграцыі ў Чэскай Празе, якія ў большай альбо меншай ступені залежныя былі ад савецкай прапаганды, што ўсімі сіламі імкнулася дыскрэдытаваць беларускіх незалежніцкіх дзеячоў.
У лістах Уладзімера Жылкі да Антона Луцкевіча дамінавалі пытаньні, якія датычылі сытуацыі беларусаў у Польшчы, у Савецкай Беларусі, а таксама жыцьця й дзейнасьці беларускіх эмігрантаў у Чэхаславаччыне.
Апрача гэтай праблематыкі, у 1925 годзе ў перапісцы паявіўся новы матыў. Зьвязаны ён зь ідэяй разьвітаньня з Чэхаславаччынай і вяртаньня ў Савецкую Беларусь. Праўдападобна, весткі зь Беларусі аб посьпехах беларусізацыі й дасягненьнях беларускага нацыянальнага адраджэньня ўплывалі на эвалюцыю поглядаў Уладзімера Жылкі ды павольна засейвалі ў ягонай сьвядомасьці думку пра неабходнасьць пакінуць эміграцыю, вярнуцца на Радзіму й актыўна ўключыцца ў працэс нацыянальнай адновы роднага народу.
Зь першым сыгналам пра вяртаньне на Радзіму сутыкаемся ў лісьце У. Жылкі да Антона Луцкевіча з дня 10 траўня 1925 г. Жылка напісаў у ім:
„Раблю крокі, каб вярнуцца на Бацькаўшчыну. Гэта не ўдасца пры найлепшых варунках раней, чым за 8 месяцаў. Калі прыпадкам пабачыце Родзевіча, падзякуйце за вестку, яна мяне вельмі ўсцешыла, і абяцанне дапамагчы. Хацеў бы чыркнуць яму, ды не ведаю адраса”[19].
Зусім магчыма, што савецкі бок рабіў рознага тыпу захады дзеля таго, каб Жылку заахвоціць да такога кроку. Праўдападобна, паступалі гэтак асобы, якія шчыра верылі ў добрыя намеры камуністычнай партыі ў галіне сапраўднага нацыянальнага адраджэньня Беларусі. Аднак нельга выключыць і таго, што ўзяліся за гэтую справу й прадстаўнікі савецкіх спэцорганаў, якія намерваліся прыцягнуць з замежжа ўсіх беларускіх нацыянальных дзеячоў дзеля духоўнай і фізычнай расправы. Так ці інакш, Уладзімер Жылка папаў у хітра расстаўленыя сеці, у якіх, як вядома, загінуў у першыя гады вялікага сталінскага тэрору.
Зь ідэяй вяртаньня Жылкі на Радзіму сутыкаемся ізноў у ягоным лісьце з 31 жніўня 1925 году. Паэт інфармаваў тут Луцкевіча пра тое, што бліжэй не акрэсьлены беларус, якога У. Жылка назваў Іванам Ігнатавічам, пераехаў у Савецкую Беларусь. У гэтым жа лісьце ўспамінаў ён пра вядомага беларускага эмігранта Аляксандра Цьвікевіча, які таксама намерваўся вярнуцца ў Беларусь, і да такога ж кроку заахвочваў аўтара ліста.
„Ів[ан] Ігн[атавіч] – напісаў У. Жылка – выехаў з сям’ёй на той бок. Прыблізна каля 10-га таго месяца быў ужо там. Запыніўся ў «Макарыча» [Усевалад Ігнатоўскі – А. Б.]. Вал[янціна] Сымона[ўна] напісала ўжо першы ліст Людзе (яна засталася тут). Ён вельмі ружовы. Покі што ўсім здаволены і кажуць, што даўно мусілі кінуць вагацца, а ехаць. Што будзе рабіць Ів. Ігн., невядома покі. Сам «Мак-ыч» з радзінаю на вёсцы і да места адно даязджае. Са свае падарожы ў Прагу (аб ёй Вы, мусіць, ведаеце?) Ів. Ігн. вынес вельмі цяжкае і сумнае ўражанне. Я асабіста рады, што ён пазнаёміўся бліжэй з тутэйшым жыццём і кінуў летуцець аб Празе, як раней. «Славянскія Атэны» не для ўсіх з’яўляюцца Атэнамі, дый не кожны, папаўшы ў Атэны, стане мудрацом; як доказ таго кажа назарэцкая худоба, якая, магчыма, калі і кульцівуецца, то толькі надворна. Сумляваюся, каб Ів. Ігн. пры ўсіх сваіх здольнасцях мог пачаць што-небудзь з ёю. Прыблізна з такою думкаю ён і выехаў. У часе яго прыезду быў тут таксама Цвік[евіч]. З ім я пабачыўся толькі на вакзале (праводзіў Ів. Ігн.) перад адходам цягніка. Гаварылі мала, але на развітанне ён сказаў «да пабачэння там». Я з запытаннем усміхнуўся, а ён дабавіў – «да скорага». Што гэта значыць дакладней, не разумею. Наша «старэйшае грамадства» мо і знае, але мы ўжо не сакрэтнічаем даўно”[20].
Праўдападобна, выступілі нейкія цяжкасьці ў ажыцьцяўленьні намеру вярнуцца з Чэхаславаччыны ў Беларусь. Цяжкасьці гэтыя падштурхоўвалі Жылку на думку ўжыць розныя спосабы, у тым ліку й нелегальныя, да таго, каб урэшце вярнуцца на Радзіму. Інфармацыя аб такім стане духа паэта знаходзіцца ў ягоным лісьце да Антона Луцкевіча з 30 сакавіка 1926 году:
„Не спыняючыся – напісаў ён – абмяркоўваю план свае падарожы. Падарожыць па-чалавечы страціў усякую надзею, думаю па старой памяці папрабаваць per pedes apostolarum, а магчыма... магчыма, варта махнуць на ўсё і ўсіх рукою. Ёсць ганебнае ў маіх просьбах і паклонах на ўсе бакі. І ніколі не чуў сябе такім самотным і непатрэбным. Самапачуццё, як пасля доўгага піяцтва прачынаешся. І дзіўна, што ні мае рукі, ні каханне не патрэбны майму народу, і сам я абузай, па-перш-сабе... Эх, ды што! Хоць адно – з бойкі з Лёсам нат пераможаны хачу выйсці з гонарам, які і ёсць варты перамогі. Аб гэтым усе малітвы мае”[21].
Апошнія весткі аб заканчэньні складанасьцяў, зьвязаных са стараньнямі выезду ў БССР, выступаюць у лісьце У. Жылкі з 13 кастрычніка 1926 году. У ім аўтар напісаў:
„Даражэнькі дзядзька Антон! Нарэшце маю пас. Каля 20-га г. м. выбяруся адгэтуль праз Варшаву. Грошай на падарожу дастаў. Поўны трывог перад блізкай будучыняй – ці прыйдуся да двара? Выхадны пункт маіх учынкаў, добрыя ці блудныя яны былі і ёсць, было Адраджэнне. Адраджэнцам хачу застацца і надалей. Гэтулькі людзей і спадзяванняў скрышыла жыццё, што баюся браць у падарожу з сабою найдрабнейшыя надзеі. Так ляпей – што будзе, тое будзе. Адраджэнне мае свае мэты і заданні, а нас увесь час і ворагі, і прыяцелі хацелі б бачыць як сілу слугуючую – вось прычына маіх трывог”[22].
Гэтымі словамі канчаецца перапіска, зьвязаная зь пераездам Уладзімера Жылкі ў Савецкую Беларусь. Такім чынам выдатны эміграцыйны паэт пайшоў дабравольна на спатканьне з пакутамі й сьмерцю, падрыхтаванаю для яго савецкімі органамі.
Набліжаючыся да канца разважаньняў пра жыцьцё й творчую дзейнасьць Уладзімера Жылкі ў часе яго эміграцыі ў Чэскай Празе, варта затрымацца над ягоным досыць аб’ёмістым артыкулам на расейскай мове пад загалоўкам Белорусская книга от начала ХХ в. до мировой войны[23], у якім аўтар даў агляд роднай пісьмовасьці нашаніўскага пэрыяду.
Аўтар цалкам правільна падкрэсьліў, што беларускі рух пачатку ХХ стагодзьдзя ставіў перад сабою высакародную мэту нацыянальнага адраджэньня, якое бадай што найпаўней выявілася ў закліку Янкі Купалы Людзьмі звацца.
Уладзімер Жылка зьвярнуў увагу на тое, што да 1905 году беларускія пошукі ды імкненьні праяўляліся падпольна й нелегальна з увагі на забарону беларускае мовы ў друку царскім урадам:
„Да 1905 г. – напісаў Жылка – рух павінен быў хавацца ў падпольлі, абмяжоўвацця нелегальнымі сходамі й выдаваньнем нелегальнай літаратуры. Толькі ў 1902 г. удалося ў Пецярбурзе адкрыць Таварыства Беларускай Народнай Прасьветы, якое паставіла перад сабою мэту культурнага адраджэньня Беларусі. Яно дало пачатак арганізаванаму выдаваньню беларускае літаратуры. Аднак вынікі яго дзейнасьці былі вельмі сьціплыя. У 1903 г. Таварыства выдала зборнік вершаў Янкі Лучыны Вясьнянка. Далейшыя выданьні – гэта: Калядная чытанка і Велікодная чытанка. З прычыны абмежаваных сродкаў друкавала на шапірографе”[24] [пераклад – А. Б.].
На жаль, у прыведзеным фрагмэнце выступілі шматлікія недакладнасьці й памылкі. І так, у сапраўднасьці беларуская арганізацыя ў Пецярбурзе называлася Кругам Беларускай Прасьветы. Зборнік Лучыны меў загаловак Вязанка, а альманахі называліся Калядная пісанка ды Велікодная пісанка.
Дапушчэньне такіх памылак у артыкуле сьведчыла пра тое, што Жылка ня меў паглыбленай арыентацыі ў факталёгіі, зьвязанай зь беларускім нацыянальным адраджэньнем пачатку ХХ стагодзьдзя.
Апрача Кола Народнай Прасьветы ахарактарызаваў ён таксама дзейнасьць выдавецкага таварыства „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”, на чале якога стаялі такія выдатныя беларуы, як: Вацлаў Іваноўскі, Антон Грыневіч і Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Уладзімер Жылка ў сваёй публікацыі называе цэлы шэраг кніжных выданьняў, апублікаваных гэтым выдавецтвам. Перадусім зьвярнуў увагу на кніжкі падручнікавага характару: Беларускі Лямантар, Першае чытаньне для дзетак беларусаў аўтарства Цёткі й Другое чытаньне для дзяцей беларусаў аўтарства Якуба Коласа. Жылка ўспомніў таксама аб тым, што, дзякуючы суполцы „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” выйшлі такія літаратурныя творы, як: Шчыроўскія дажынкі й Купальле Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, а таксама пераклад Пана Тадэвуша на беларускую мову. Апрача гэтага, зьвярнуў ён увагу на выдадзеныя кнігі пазьнейшых беларускіх пісьменьнікаў: Дудка беларуская й Смык беларускі Францішка Багушэвіча, Модны шляхцюк Каруся Каганца, Сон на кургане й Жалейка Янкі Купалы, зборнік вершаў Песьні Цішкі Гартнага, Абразкі Зьмітрака Бядулі. Уладзімер Жылка прыгадаў, што ў Пецярбурзе выйшлі тры тамы аб’ёмістага альманаха „Маладая Беларусь” з матэрыяламі літаратурнымі й навуковымі.
Найбольш увагі прысьвяціў Уладзімер Жылка беларускай пісьмовасьці пэрыяду „Нашай Долі” й „Нашай Нівы”. Часопісам гэтым прыпісаў ён, несумненна слушна, галоўную ролю ў разьвіцьці беларускага нацыянальнага й грамадзкага адраджэньня. Між іншым, заняўся фактам выхаду „Нашай Нівы” ў гадох 1906-1912 двума шрыфтамі: кірыліцай і лацінкай. Нельга не згадзіцца з агульнай ацэнкай „Нашай Нівы”, дадзенай аўтарам:
„На працягу 10 гадоў яна безупынна будзіла нацыянальную самасьвядомасьць у народных масах, зьбірала вокал сябе пастаянныя літаратурныя й публіцыстычныя сілы, стварыла беларускі газэтны стыль, разьвіла заўважальную кнігавыдавецкую дзейнасьць. Між іншым, увесь разгляданы намі пэрыяд беларускага Адраджэньня так моцна зьвязаны з «Нашай Нівай», што яго называюць нашаніўскім”[25] [пераклад – А. Б.].
Паводле У. Жылкі, імпульс, дадзены беларускаму нацыянальнаму адраджэньню й беларускай літаратуры ў нашаніўскі пэрыяд, быў настолькі моцны, што не былі ў стане яго зьнішчыць такія стыхіі, як Першая Сусьветная вайна, фронт і бежанства.
З публікацыі Жылкі аб разьвіцьці беларускай літаратуры й беларускага кнігадрукаваньня на пачатку ХХ стагодзьдзя вынікае бясспрэчны вывад аб тым, што аўтар зь вялікай добразычлівасьцю і ўдзячнасьцю трактаваў усіх тых беларусаў, якія, нягледзячы на выключна неспрыяльныя гістарычныя ўмовы, рабілі ўсё магчымае й немагчымае дзеля ратаваньня роднага слова, бачачы ў ім галоўны складнік беларускага нацыянальнага адраджэньня.
Беручы пад увагу тое, што У. Жылка на пачатку 1923 году выехаў у Чэскую Прагу й вярнуўся зь яе ў канцы 1925 году, можам лічыць, што ўсе ягоныя вершы з гадоў 1923-1925 зьяўляюцца вершамі эміграцыйнымі. Падлічваючы творы паэта, зьмешчаныя ў кнізе Беларускі Кнігазбор – Уладзімер Жылка, бачым, што ў 1923 годзе паэт напісаў 15 вершаў. Такая самая колькасьць паэтычных твораў узьнікла ў 1924 годзе. На 1925 год прыпадае 14 вершаў паэта. З гэтага вынікае, што падчас эміграцыйнага побыту з-пад пяра Жылкі выйшлі 44 вершы. Цікава, што ні ў адным з гэтых паэтычных твораў не праяўляецца геаграфічная, гістарычная, сацыяльная ці культурная чэская спэцыфіка. Чэхаславаччына як такая ў паэзіі У. Жылкі ўвогуле адсутнічае. Няма ў ёй таксама нават найменшага сьледу беларускага эміграцыйнага жыцьця ды, што найдзіўнейшае, не знаходзім у ёй постаці Францішка Скарыны, ягонай Бібліі й друкарні, якія, як вядома, арганічна былі зьвязаныя з Чэскай Прагай. Зьдзіўляе гэта тым болей, што Жылка ведаў асабіста Ігната Дварчаніна, які знаходзіўся ў сталіцы Чэхаславаччыны й працаваў над доктарскай дысэртацыяй аб жыцьці й дзейнасьці Скарыны. Вядома, што Дварчанін знаходзіўся ў шчыльных сувязях зь беларускім студэнцтвам у Чэскай Празе, і няма сумненьняў, што стараўся зацікавіць маладых беларусаў постацьцю вялікага асьветніка пэрыяду рэнэсансу. Зрэшты, уплыў Дварчаніна праявіўся ў тым, што Жылка ў непаэтычных жанрах заняўся паказам постаці Скарыны, падкрэсьліваючы яго вялікі ўплыў на разьвіцьцё беларускай культуры.
Што датычыцца вершаў, узьніклых у пэрыяд Жылкавай эміграцыі, дык яны па свайму настрою застаюцца ў тым тэматычным і псыхалягічным рэчышчы, у якім зьмяшчаліся ўсе яго вершы, напісаныя перад эміграцыяй і пасьля эміграцыі. Па сутнасьці, усе праскія творы паэта ўтрыманыя ў настроі тугі па Радзіме, у настроі горкага роздуму над незайздросным лёсам беларусаў, урэшце – у настроі асабістых матываў, зьвязаных зь цяжкім станам здароўя. Характэрным зьяўляецца й тое, што сярод эміграцыйных вершаў знаходзім жменьку твораў, якія можам залічыць да лірыкі каханьня.
Мабыць, адным зь першых твораў, напісаных у эміграцыі альбо перад выездам у Чэхію, быў верш На ростані.
На ростані дарогаў многа,
А лучнасьць іх – пахілы крыж.
І вецер лёгкі на разлогах,
І неба яснасьць, шыр і выш.
Ранейшай працы дасяганьні,
Наўкол – зялёныя жыта;
І сьвежасьць росаў сьветлых раньня,
І траў высокіх любата.
І так прывабны далі, далі
Ў задуме вечнай і смузе,
За той смугою думкі ў жалі,
Няздарна, вечна ў тузе.
І торба вось, і кій дарожны:
Пара ў пуціну мне даўно...
А я – нясьмелы й трывожны,
А я – на ростані адно.
Можна думаць, што быў гэта верш разьвітаньня з родным краем перад выездам у Чэскую Прагу. Свайго роду пераклічка з гэтым вершам знаходзіцца ў творах з таго ж 1923 году, якія пачынаюцца ад слоў Бяспынна, глуха процьма часу ды ў вершы Ляпей жабрачы лёс.
Ляпей жабрачы лёс,
У рукі кій, за плечы торба;
Ляпей страха нябёс,
Бясконцы шлях і леры корба.
Ляпей чужынны золь,
Сьцякаць ад чорнай працы потам;
Ляпей нязмогшы боль,
Сканаць самотнаму пад плотам, –
Але ня лёс раба
Зь бязвольля ўласнага й бязьсільля;
Ня гэтая жальба,
Ня скутыя рабамі крыльлі.
Хто волю верна сьніць,
Працяг лятункам аб вялікім,
Таго не спакусіць
Ні ўладай, ні дабром вялікім.
І хай прысуд гняце
І нікнуць вербалозы ніца, –
Душы аб пекнаце
Непераможна-думных сьніцца.
Амаль усе вершы, напісаныя паэтам у 1923 годзе, прасякнутыя беларускімі пэйзажнымі й грамадзкімі рэаліямі. Вынікае зь іх, што ў часе знаходжаньня Жылкі ў Чэскай Празе сэрца яго безупынна напаўняла сыноўя сувязь з родным краем.
Адным зь першых паэтычных твораў з 1924 году зьяўляецца верш пад назовам Маёй маці, у якім ізноў паявіўся матыў болю, выкліканы разьвітаньнем з Айчынай. У гэтым творы паэт уклаў у вусны вясковай жанчыны наказ для сына аб вернасьці Радзіме й аб вяртаньні з чужой краіны.
Характэрнай рысай амаль усіх эміграцыйных вершаў Уладзімера Жылкі зьяўляецца тое, што ўтрыманыя яны ў форме рэгулярнай страфы з рыфмоўкай а-б, а-б. Цікава й тое, што сярод іх знаходзіцца некалькі твораў, якія адпавядаюць нормам клясычных санэтаў.
Няма сумненьняў, што практычна амаль усе Жылкавы вершы эміграцыйнага пэрыяду – гэта вершы, якія належаць да патрыятычнай лірыкі. Нямала ў іх нацыянальнай бадзёрасьці й годнасьці. Аднак побач з такімі матывамі выступае таксама матыў суму й адчаю, выкліканы цяжкой тубэркулёзнай хваробай.
Эміграцыйныя вершы У. Жылкі былі свайго роду перадсьмяротным акордам. Вярнуўшыся ў канцы 1925 году ў Савецкую Беларусь, паэт стараўся прадоўжыць яшчэ сваю творчасьць, аднак безупынныя нападкі, арышт і ссылка ў глыбіню Расеі не дазволілі на гэта.
У сувязі з тым, што паэт знаходзіўся ў эміграцыі амаль да канца 1925 году, варта хоць бы агульна ахарактарызаваць тыя яго творы, якія былі напісаны ў гэтым годзе. Ужо было згадана, што за гэты час Уладзімер Жылка напісаў 14 вершаў. І хаця гэтыя паэтычныя творы наогул прадаўжаюць тэматыку й форму твораў, узніклых у папярэдніх гадох, то ўсё ж такі яны ня толькі не зьяўляюцца паўторамі, але можам, разглядаючы іх, гаварыць аб праявах творчай навізны.
Бадай што найпаўней новае праяўляецца ў тым, што многія з твораў з 1925 году значна больш абшырныя за ранейшыя, дзякуючы чаму набліжаюцца яны да формаў паэм. Гэта адносіцца перадусім да такіх твораў з 1925 году, як: Я грамнічная сьвечка прад Богам, Вершы аб Вільні й Вершы Спадзяваньня.
У вершы без загалоўка, які пачынаецца ад слоў Я грамнічная сьвечка прад Богам маем дачыненьне з арганічным спалучэньнем асабістай драмы паэта з усенароднай драмай. Паводле аўтара, беларуская доля й доля ўсіх тых, хто сябе атаесамлівае зь беларускай нацыяй, насычаны трагічнымі элемэнтамі, і няма ў рэчаіснасьці ніякіх сымптомаў, якія сьведчылі б пра магчымасьць выхаду беларускай нацыі зь беспрасьветнай цемры.
Прывядзем гэты верш зь невялікімі скарачэньнямі:
Я – грамнічная сьвечка прад Богам.
Ціхай, ціхай згараю малітвай.
За блакітную к небу дарогу,
За ўзрунелыя зеленарытмы.
Усёмагутны! Вось сэрца паэты –
За народ Твой Крывіцкі ахвяра!
Дым кадзільны – жар вершаў – прад сьветам
Узнашу да цябе па-над хмары.
Мы абвеяны злой сухавеяй,
І балот душыць ліпкая плесьня,
І дарма зацьвіталі надзеяй,
І дарма сьнілі сны напрадвесьні.
У бездарожжы зблудзілі глыбока,
Пацямнеў цёмны шлях наш цярновы...
Не адмоў нам паслаці прарока
З цьвёрдай верай і словам агнёвым!
Узгляніся! Зьлітуйся над ніцым!
Маё гора ўсёды, усёды:
Мае сьлёзы – у дажджах навальніцы,
Мае енкі – у стогне народу.
І туга мая – зь ветрам на полі,
Мая смага – гаючай крыніцы:
Няхай будзе і праўда, і воля,
Твая Воля – на роднай зямліцы!
У гэтым вершы бадай што наймацней загучалі дэістычныя схільнасьці, вера ў Бога, перакананьне аб тым, што толькі Ўсявышні адменіць драматычны лёс краіны.
Відаць, найбольш аптымістычны матыў загучаў у ягоным Вершы аб Вільні. Паэт тут выразна навязаў да твораў Максіма Багдановіча, прысьвечаных гэтаму ж гораду. Варта адзначыць і тое, што супольнасьць паміж Багдановічам і Жылкам праявілася, між іншым, у тым, што як адзін, гэтак і другі, апынуўшыся ў Вільні, цяжка хварэлі тубэркулёзам. Захапленьне горадам настолькі было аднак сільным, што драматычны стан здароўя ня змог адмоўна паўплываць на шчырае захапленьне аўтараў архітактурным хараством Вільні й яе слаўным гістарычным мінулым. І Багдановіч, і Жылка, захапляючыся красой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, на момант забывалі аб сваім драматычным стане здароўя.
Бадай што найдаўжэйшым творам Уладзімера Жылкі, напісаным у 1925 годзе на эміграцыі, была ягоная паэмка пад загалоўкам Вершы Спадзяваньня, якая складалася з 11 разьдзелаў. Разьдзелы гэтыя былі напісаны рознымі паэтычнымі тэхнікамі й стылямі. Аўтар кранаў у іх вельмі шырокі дыяпазон пытаньняў і праблемаў. Твор гэты, на першы погляд, супярэчлівы й непасьлядоўны. Пераплятаюцца ў ім настроі сьветлага ды аптымістычнага з настроямі панурага й пэсымістычнага. У паэме сьвядома зблытаны аўтарам элемэнты прыроды, каханьня, глыбокага задуменьня над жыцьцём, над яго сэнсам і бяссэнсам. Праўдападобна, паэма ўзьнікала з доўгімі перапынкамі ў 1924 і 1925 гадох.
Апошнім творам, якому варта прысьвяціць крыху ўвагі, ёсьць верш, узьніклы ў 1926 годзе, калі У. Жылка жыў ужо ў Савецкай Беларусі. Твор гэты – пад назовам На эміграцыі – праўдападобна, адзіны верш, у якім аўтар стварыў балючую карціну свайго побыту на чужыне. Верш гэты зьяўляецца несумненным доказам таго, што ягонае жыцьцё ў Чэскай Празе было цяжкім як у сэнсе духовым, так і матэрыяльным, і што, знаходзячыся ў такіх абставінах, марыў ён аб вяртаньні на Радзіму, якую выразна ідэалізаваў.
На жаль, пераезд у Савецкую Беларусь ня толькі не апраўдаў ягоных надзеяў на лепшае й шчасьлівае жыцьцё, але давёў да заўчаснай сьмерці ў першыя гады сталінскага тэрору.
Вядомы эміграцыйны дзеяч Яўхім Кіпель у сваёй кнізе Эпізоды[26], выдадзенай у Нью-Ёрку ў 1998 годзе, дакладна апісаў апошнюю адслону Жылкавай трагедыі. Паэт разам з групай ссыльных, сярод якіх быў і Яўхім Кіпель, плыў лодкаю па рацэ Вятцы на месца сваёй ссылкі ў горад Уржым, у якім знайшоў працу ў мясцовай бібліятэцы. Жыў там вельмі ўбога. Пасяліўся ў паўразваленай хатцы, якая не абагравалася нават у найбольш суровыя маразы. Вялікай радасьцю й надзеяй у жыцьці ссыльнога Жылкі быў прыезд у Уржым ягонай жонкі Рымы. Аднак радасьць трывала вельмі коратка. Пасьля некалькіх тыдняў Рыма пакінула паміраючага мужа, выраклася ягоных поглядаў і зьвязалася з чэкістам. Свой крок тлумачыла тым, што яна, як габрэйка, не разьдзяляе нацыянальных поглядаў мужа й хоча ўладкаваць сваё ўласнае жыцьцё.
Адыход жонкі дабіў Уладзімера Жылку маральна й фізычна. Пасьля некалькітыднёвага знаходжаньня ў шпіталі, памёр ён 1 сакавіка 1933 году. Пахавалі паэта на мясцовых могілках у труне, зьбітай з аполкаў. Ссыльны беларус Сасіновіч падаў цікавыя факты, паўтораныя пазьней Яўхімам Кіпелям, якія на заканчэньне варта прывесьці.
„Калі Жылка памёр, на кватэру прыйшоў доктар з энкавэдыстам, каб пацьвердзіць факт сьмерці. Пасьля гэтага міліцыя прыслала двух далакопаў. Яны там-жа ў кватэры зьбілі з аполкаў дамавіну, і на другі дзень Сасіновіч правёў нябожчыка на могілкі. Далакопы, засыпаўшы магілу, пачалі зраўноўваць яе зь зямлёй – гэтага вымагала ад іх улада, каб не заставалася на твары зямлі сьлядоў ейнае злачыннае існасьці. Сасіновіч, аднак, даў далакопам па пару літраў гарэлкі, і яны пакінулі грудок. Але яны запапярэдзілі, каб ніякіх апазнавальных знакаў над магілай не было і каб не надумаліся паставіць крыж на магіле. Ніякіх запісаў у могільнікавы рэестр не рабілася. Таксама было забаронена паведамляць пра Жылкаву сьмерць”[27].
Такім чынам памёр, не пражыўшы поўных 33 гадоў, выдатны беларускі паэт і літаратуразнавец Уладзімер Жылка.
[1] У. Жылка, Дзённік, у: У. Жылка, Выбраныя творы, Мінск 1998, с. 154‑155.
[2] Тамсама, с. 159.
[3] У. Жылка, З жыцця й пісьменства, тамсама, с. 167-168.
[4] У. Жылка, Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), тамсама, с. 169-170.
[5] У. Жылка, Рэцэнзія на зборнік Леапольда Родзевіча „Беларусь”, тамсама, с. 170‑173.
[6] У. Жылка, У справе ацэнкі беларускага адраджэння, тамсама, с. 173-176.
[7] Тамсама, с. 174-175.
[8] Тамсама, с. 175-176.
[9] У. Жылка, Да 400-х угодкаў друку на Беларусі, тамсама, с. 176-177.
[10] Тамсама, с. 177.
[11] У. Жылка, Народная адукацыя на Беларусі, тамсама, с. 177-180.
[12] Тамсама, с. 179.
[13] У. Жылка, Антону Луцкевічу, 7 красавіка 1923 г., Юзафоў, тамсама, с. 254-255.
[14] У. Жылка, Антону Луцкевічу, 23 траўня 1923 г., Юзафоў, тамсама, с. 255-256.
[15] У. Жылка, Антону Луцкевічу, 1 жніўня 1923 г., тамсама, с. 257.
[16] Тамсама, с. 257-258.
[17] У. Жылка, Антону Луцкевічу, [Канец красавіка 1924 г.], тамсама, с. 259.
[18] Тамсама, с. 260.
[19] У. Жылка, Антону Луцкевічу, 10 траўня 1925 г., Радоцін, тамсама, с. 270.
[20] У. Жылка, Антону Луцкевічу, 1 жніўня 1925 г., Радоцін, тамсама, с. 273.
[21] У. Жылка, Антону Луцкевічу, 30 сакавіка 1926 г., Цырквіцэ, тамсама, с. 277.
[22] У. Жылка, Антону Луцкевічу, 13 кастрычніка 1926 г., Прага, тамсама, с. 277.
[23] У. Жылка, Белорусская книга от начала ХХ в. до мировой войны, тамсама, с. 181-187.
[24] Тамсама, с. 181.
[25] Тамсама, с. 183.
[26] Я. Кіпель, Эпізоды, Нью-Ёрк, 1998, 305 с.
[27] Тамсама, с. 165.
Кніга публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Аўтара
|