БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Аляксандар Баршчэўскі, Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць, ч. 1

4. Беларускі эміграцыйны асяродак у Францыі

4.1. Палітычныя й нацыянальныя ідэі беларускай публіцыстыкі ў Францыі міжваеннага пэрыяду  

Ужо ў даваенны пэрыяд беларуская публіцыстычная й выдавецкая дзейнасьць выступае таксама ў Заходняй Эўропе. Адным зь цікавейшых ейных праяваў быў беларускі рух у Францыі. Кранаецца тут пытаньне пакуль што зусім не апрацаванае й не дасьледаванае. З гэтае прычыны інфармацыі на згаданую тэму маюць досыць павярхоўны характар. Можна сказаць, што праблема толькі сыгналізуецца, а не аналізуецца глыбінна. 

У 1930‑х гадох, у выніку эканамічнага крызысу, а таксама неспрыяльных палітычных умоваў, з Заходняй Беларусі выехала ў Францыю некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў, шукаючы ў ёй палітычнай свабоды й неблагіх заробкаў. Пачаткова групы беларускіх эмігрантаў уліваліся ў расейскія альбо польскія эміграцыйныя асяродзьдзі, кіруючыся адвечным несправядлівым прынцыпам: калі ты праваслаўны, значыць, ты расеец, а калі католік – дык паляк. У другой палове 1930‑х гадоў у колах беларускіх эмігрантаў усё болей пачала дасьпяваць сьвядомасьць нацыянальнай самабытнасьці й незалежнасьці. У выніку гэтага працэсу ўзьнікла беларуская эмігра­цыйная структура пад назовам Хаўрус Беларускіх Работнікаў у Францыі. Ад лютага 1937 году арганізацыя гэтая пачала друкаваць свой орган пад назовам „Бюлетэнь”. Ужо ў першым нумары „Бюле­тэня” ў артыкуле пад загалоўкам Крыху аб Хаўрусе была пададзена жменя істотных інфармацыяў пра характар гэтай эміграцыйнай арганізацыі: 

„Хаўрус зьяўляецца культурна-асьветніцкай арганізацыяй беларускіх работнікаў у Францыі, легалізаванай францускай уладай. Згодна Статуту, арганізацыя мае права закладаць свае філіі – аддзелы на ўсёй тэрыторыі Францыі. У гэтым годзе да цэнтралі Генэральнай Рады падбавілася актыўных сіл і арганізацыя паставіла сабе шырокае заданьне, а то як у варганізацыйным, так і культурна-асьветніцкім кірунку. У Парыскай, абноўленай філіі, заложаны сыстэматычныя курсы, мэтай якіх падгатовіць працаўнікоў для беларускай вёскі й каапэратараў, вучыцялёў і наогул арганізатараў. Курсамі кіруе сябра Мікола Абрамчык. Рада Курсантаў горача заклікае ўсіх сяброў Парыскае акругі скарыстаць з добрае нагоды для самаасьветы. Дагэтуль адбываліся лекцыі з курсу: матэматыкі, гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры і эканомікі Бела­русі. Цяпер распачаўся курс каапэрацыі і агульнаэканамічных ды палі­тычных навук”[1].

Толькі што прыведзеная цытата зьяўляецца сьведчаньнем таго, што беларусы, згуртаваныя ў Хаўрусе, стараліся ўзбагаціць эмігран­таў ведамі як нацыянальнымі, гэтак і літаратурна-культурнымі, а перадусім прафэсійнымі, зыходзячы з прынцыпу, што беларускі эмігрант, калі хоча палепшыць свой побыт, мусіць усебакова разьві­вацца як у культурным, гэтак і эканамічным аспэктах. Першы нумар „Бюлетэня” адкрываў досыць абшырны праграмны зварот пад загалоўкам Адозва, у якім была дадзена цікавая інфармацыя пра беларусаў, расьсеяных у Францыі. З Адозвы даведваемся, між іншым:

„Група беларускіх работнікаў Парыжу, абнавіўшы арганізацыйную працу, прыйшла да перакананьня ў неабходнасьці друкаванага слова. Згодна нашага дасьледжаньня, у Францыі нараховываецца праз 35 тыс. Беларусаў выключна з Заходняй Беларусі, арганізацыйна якія расьця­ру­шаны ў 89 розных польскіх, украінскіх ды расейскіх арганізацыях. 

Мы не сумняваемся, што ідэя стварэньня беларускага цэнтру выкліча глыбокія сымпатыі ў беларускіх работнікаў, але мы сьвядомы і перашкодам, выплываючым з гэтае арганізацыйнае і тэарэтычнае расьцярушанасьці. Вось чаму ідэя стварэньня беларускае прэсы мае шчэ для нас у Францыі асаблівую вагу”[2].

У далейшых фрагмэнтах Адозвы яе аўтар М. Лаўзіц ад імя Рэдакцыі выказаў цэлы шэраг рэзка адмоўных ацэнак у адносінах да суседзяў Беларусі. Ацэнкі гэтыя былі галоўным чынам накіраваныя супраць Польшчы й ейнай палітыкі на заходнебеларускіх землях. Адозва заканчвалася палымяным зваротам да ўсіх беларусаў у Францыі:

„Усе да Беларускай Работніцкай Арганізацыі! Не пашкадуем пару франкаў на беларускую прэсу.

...Закладайце гурткі – камітэты помачы беларускай прэсе – ня дайце замерці гэтым нашым зачынаньням, выкідаючы адначасна дзесяткі тысяч франкаў на прэсу, варожую беларускаму народу. Уступайце да сваёй работ­ніцкай арганізацыі Хаўрусу”[3].

Прыведзеныя фрагмэнты сьведчаць пра тое, што сярод беларускіх эмігрантаў у Францыі знайшліся сьветлыя людзі, якія рабілі ўсё дзеля таго, каб беларусы ў гэтай краіне не расплыліся ў чужой нацыянальнай стыхіі. 

У другім нумары парыскага выданьня „Бюлетэня” быў апублі­каваны артыкул пад загалоўкам Учора трубілі перамогу, а сёньня ўжо трывогу аўтарства М. Лаўзіца[4]. Публіцыст, зыходзячы з выразна антыпольскіх пазыцыяў, атакаваў палітыку на заходнебеларускіх землях у галіне культуры, асьветы й гаспадаркі. Паводле аўтара, жорсткія практыкі давялі да супрацьстаўных, чым гэтага жадалі ўлады, вынікаў. Рэзультаты гэтыя праявіліся ў дынамічным разьвіцьці беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. 

У такім жа духу быў утрыманы ананімны артыкул пад назовам Падзел зямельнай уласнасьці ў Заходняй Беларусі, зь якога чытачы даведваюцца, што 74 % лясных абшараў належала да памешчыкаў, а толькі 2,6 % знаходзілася ў сялянскім уладаньні. 

Апрача сьцісла палітычных публікацыяў, у гэтым нумары „Бюлетэня” паявіліся інфармацыі, якія адносіліся да розных праяваў літа­ратуры й культуры. Былі тут надрукаваныя вершы Я. Купалы, якія мелі выразна патрыятычны характар. Паявіўся таксама верш Паўла Красна­дубскага, які паходзіў з Заходняй Беларусі й знаходзіўся ў эміграцыі ў Францыі. Твор гэты пачынаўся словамі Ня мёд – жыцьцё ў чужыне і быў прасякнуты горыччу чалавека, адарванага ад роднага краю. У сэнсе формы й паэтычнага майстэрства верш стаяў на досыць нізкім узроўні. Аднак яго значэньне палягала ў тым, што, з аднаго боку, быў ён праявай настальгіі эмігранта па Айчыне, а з другога боку, сьведчыў аб тым, што пражываньне сярод чужынцаў узмацняе чалавечую эмацыя­наль­насьць і можа стацца творчай інспірацыяй. 

Гаворачы пра літаратуру на старонках „Бюлетэня”, варта зьвяр­нуць увагу на тое, што пэрыёдык моцна падкрэсьліваў значэньне творчасьці такіх заходнебеларускіх паэтаў, як Максім Танк, Міхась Машара й Міхась Васілёк, якога рэдактары „Бюлетэня” памылкова называлі Васілёнкам. 

У гэтым жа нумары быў апублікаваны кароткі артыкул пад загалоўкам Націск культуры на варварства[5]. Ананімны аўтар вельмі высока ацаніў майстэрства хору Рыгора Шырмы, які ў тым часе здабыў вялікую папулярнасьць у Заходняй Беларусі. 

„Слава аб беларускім віленскім хоры грамадзяніна Рыгора Шырмы даўно ўжо выйшла за межы беларускага грамадзянства. Грамадзянін Шырма вельмі ахвярна аддаецца і даўно працуе над сваім хорам. Дасканалая апрацоўка, багацтва рэпэртуару беларускай песьні і супрацоўніцтва такіх вялікіх кампазытараў, як вядомы цэламу сьвету сваёй славай А. Грачанінаў ды К. Галкоўскі не магло, зразумела, не падняць на належную вышыню беларускі хор. Што раз то больш захопліваючыя водгукі аб ім мы спатыкаем у пры­хіль­най нам украінскай і літоўскай прэсе, а нават у нэйтральнай жыдоўскай ды расейскай. Словам, хор грамадзяніна Шырмы стаўся гордасьцю ўсяе Вільні”[6].

У трэцім нумары „Бюлетэня” было апублікавана абшырнае выступленьне сакратара генэральнай Рады Хаўрусу Беларусаў у Францыі пад назовам Па затонах муту[7], у якім гэты дзеяч у досыць катэгарычнай форме асудзіў усіх тых беларускіх эмігрантаў, якія, не разумеючы творчага значэньня поўнай аўтаноміі ды незалежнасьці беларускага духу, усё яшчэ цураліся беларускіх арганізацыяў, далучаліся да чужых эміграцыйных структураў, нягледзячы на тое, што яны нярэдка праяўлялі сваю варожасьць да ідэі незалежнасьці Беларусі. Сваю прамову невядомы з прозьвішча сакратар Хаўрусу закончыў зусім разважным вывадам:

„Мы самі добра засвоім, што мы – народ, а не чыесьць батракі, не чыесьць прыхвосьнікі. Таму ўсякія падобныя спробы нас прыгнуць ды пры­ласкаць, мусім рашуча адбіваць, а не здавацца нат пры іх маленькім рэжыме! Калі мы заклікаем усё чэснае беларускае работніцтва, тут у Францыі, стаць у нашы рады за ідэю вызваленьня беларускага народу, гэта ня значыць, што мы кагосьць разьбіваем або адмаўляемся ад супрацоўніцтва. Мы заўсёды будзем рады супрацоўнічаць, але каб гэта супрацоўніцтва было пастаўлена адразу на базе роўнасьці”[8].

На жаль, прыведзеная цытата, па сутнасьці, вычэрпвае тое, што ў выступленьні сакратара Рады Хаўрусу можна аднесьці да зьяваў рацыя­нальных і абдуманых. 

Амаль усе іншыя разважаньні гэтага дзеяча сьведчылі пра тое, што знаходзіўся ён у няволі сталінскай дэмагогіі аб справядлівым характары савецкай дзяржавы тады, калі праводзіўся ў ёй бяс­прык­ладны тэрор. 

Публікацыяй, годнай аднатаваньня, быў абшырны артыкул пад загалоўкам Трохі зь гісторыі Беларусі з паясьненьнем Па канспэкту чытаных лекцыяў у Хаўрусе. Аўтар падзяліў усю гісторыю Беларусі на наступныя пэрыяды: Полацкі, Беларуска-Літоўскага Княства, Бе­ларусь у вуніі з Польшчай, Беларусь у складзе Рускай Імпэрыі, Адраджэнчаскі і вызвольны пэрыяд да нашых дзён. 

Ананімны аўтар здолеў ахарактарызаваць толькі першыя пэрыяды ды зрабіў гэта досыць салідна й аб’ектыўна. Невядома, як справіўся б з апошнім пэрыядам, назоў якога не адпавядае сапраўдным рамкам бела­рускага адраджэньня. Як вядома, распачалося яно яшчэ ў царскай імпэрыі ў часы „Нашай Нівы” й працягвалася ў 1920‑х гадох у Савецкай Беларусі. Але не засталося ад яго нават сьледу ў 1930‑х гадох, якія аўтар таксама залічыў да адраджэнскіх і вызвольных. 

У трэцім нумары „Бюлетэня” былі зьмешчаныя вершы чатырох заходне­беларускіх паэтаў: Максіма Танка, Міхася Васілька, Міхася Машары й Натальлі Арсеньневай, што сьведчыла аб узмоцненым зацікаўленьні роднай пісьмовасьцю. Рэдактары „Бюлетэня” сачылі, мабыць, за поль­скай прэсай, асабліва за публікацыямі, якія адносіліся да беларускай культуры й літаратуры. Пацьвярджэньнем гэтакай думкі можа быць вытрымка з абшырнага артыкула Ежы Путрамэнта, прысьвечанага творчасьці Максіма Танка. Невядомы з прозьвішча публіцыст „Бюлетэня” напісаў наступнае:

„Нягледзячы на ўсю варожасьць польскае ўрадавае навукі да беларускага вызвольнага руху, усё‑ж такі нельга было ўмаўчаць аб нашым маладым талана­вітым паэту Максіму Танку. Юры Путрамэнт у варшаўскім літара­тур­ным тыднёвіку «Пён» з дня 15 красавіка 1937 г. піша так: «М. Танк сваёй багатай творчасьцю распачаў новы кірунак у беларускай літэратуры, надаючы ёй зусім новае аблічча і падносячы яе на агульнаэўрапэйскую вышыню. М. Танк з такой праўдзівасьцю і рэалізмам малюе сучаснае жыцьцё беларускага народу зь яго неадлучным горам і бядою, так ярка й пуката перадае ўсе свае абразы й сцэны»”[9].

Апрача гэтай публікацыі, у трэцім нумары „Бюлетэня” былі зьме­шча­ныя цікавыя інфармацыі пра розныя культурныя, навуковыя й літаратур­ныя падзеі як у Заходняй Беларусі, гэтак і ў Беларусі Савецкай. І так, з артыкула пад загалоўкам Хроніка беларускага жыцьця даведваемся аб арганізацыі ў Менску Беларускай Дзяр­жаўнай Філярмоніі ды аб розных галінах дзейнасьці Беларускай Акадэміі Навук. Найбольш інфармацыяў рэдактары „Бюлетэня” прысьвяцілі культурным і літаратурным падзеям у Заходняй Беларусі. Чытачы, між іншым, былі паінфармаваныя пра наступнае: 

„Ня маючы абсалютна змогі весьці адкрытую палітычную барацьбу, Беларусы пад Польшчай забарыкадаваліся ў розныя асьвет­ныя й грамадзкія арганізацыі. Саюз Беларускіх Пісьменьнікаў і Паэтаў нарахоўвае каля 20 чалавек. Выдаюць яны вельмі цікавыя 2 журналы: «Летапісь» і «Калосьсе». Натальля Арсеньнева падрыхта­вала да друку новы зборнік вершаў і паэм з назвай Жоўтая восень. Хвёдар Ільяшэвіч закончыў першую частку рамана Туман, а Ніна Тарас – наймалодшая паэтка Заходняй Беларусі – прыгатавала да друку зборнік вершаў і адну паэму.

Да беларускага музэю Івана Луцкевіча паступіла некалькі дарункаў ад беларускага грамадзянства. За першыя 3 месяцы гэтага году музэй наведала 777 асоб. Шмат маладых навукоўцаў заставалася ў музэі на даўжэйшы час, каб глыбей пазнаёміцца зь гістарычнымі дакумантамі аб мінулым Беларусі”[10].

Апрача гэтага, у артыкуле быў зьмешчаны шэраг істотных вестак аб розных іншых праявах беларускага культурнага й літаратурнага жыцьця ў Вільні, у Беластоку й на Лідчыне. Ананімны аўтар вельмі прыхільна выказаўся пра тэатральнае майстэрства сьпевакоў Забэйды-Суміцкага й Пракапені. Гэты апошні быў прыняты на працу ў Варшаўскую Дзяржаўную Опэру. 

Варты таксама аднатоўкі верш аўтара, які схаваўся пад ініцыяламі М. К. і быў адным з францускіх эмігрантаў у правінцыі Каньяк. Твор гэты моцна публіцыстычны й дэкляратыўны. Нельга аднак не цаніць ягонага аўтара за аўтэнтычны глыбокі патрыятызм. 

Для цябе, Беларусь, б’ецца сэрца маё. 
Для цябе цячэць кроў у маіх жылах. 
За цябе я пайду хоць у магілу. 
За цябе я гатоў усё на сьвеце аддаць!
Куды хочаш, пайду – праз вагонь, праз ваду, 
Праз змаганьне, праз кулі, праз зьдзекі, 
Не хачу, каб ты йшла на чужым паваду, 
Хачу вырваць з чужацкай апекі! 

У чацьвертым нумары „Бюлетэня” былі апублікаваныя артыкулы: На пачатку школьнага году[11] Міколы Лаўзіца й Барацьба за асьвету[12] Янкі Пале­шука, якія вельмі востра атакавалі палітыку й практыку польскіх асьвет­ніцкіх уладаў у галіне беларускага школь­ніцтва. Пры гэтым аўтары нават словам не згадалі аб праявах страшэннага тэрору ў адносінах да беларускасьці ў Савецкай Бела­русі, у выніку якога гінулі сотні й тысячы беларускіх пісьменьнікаў, настаўнікаў і вучоных. З гэтага вынікае, што як кіраўніцтва бела­рускага эміграцыйнага Хаўрусу, так і ягоны орган – „Бюлетэнь” – заставаліся пад вялікім уплывам тагачаснай савецкай прапаганды. Гэтакая зьняволенасьць зьдзіўляе нас сёньня тым болей, што характарызаваныя нумары „Бюлетэня” выходзілі ў 1937 годзе, калі разгул сталінскага тэрору дайшоў да эпагею й калі кожны месяц тысячы сьвядомых беларусаў кіравалі савецкія суды ў сібірскія лягеры альбо адпраўлялі ў магілу. Факты гэтыя, відавочна, не рабілі на аўтарах „Бюлетэня” ніякага ўражаньня, альбо, магчыма, яны, гэтак як і многія беларусы ў тагачаснай Польшчы, весткі аб сталінскім тэроры ўспрымалі як праявы фальшывай буржуазнай прапаганды, якая сьвядома стара­ла­ся кампраметаваць шчасьлівае жыцьцё ў Савецкім Саюзе. Так ці інакш, палітычныя артыкулы ў „Бюлетэні” мелі яскрава тэндэнцыйны характар і ня толькі не памагалі беларускім эмігрантам пазнаць праўду, але ўводзілі іх у зман. 

Праўдападобна, „Бюлетэнь” спыніў сваё існаваньне ў сьнежні 1937 году й чацьверты нумар быў апошнім нумарам гэтага часопіса. 

У двух асьветніцкіх артыкулах: На пачатку школьнага году Міколы Лаўзіца й Барацьба за асьвету Янкі Палешука ў досыць вострай форме была асуджаная польская палітыка ў адносінах да беларускага школь­ніцтва. З публікацыяў гэтых тагачасны чытач даведваўся аб масавым закрываньні беларускіх пачатковых і сярэдніх школ на тэрыторыі Заход­няй Беларусі. Янка Палешук паведамляў пра тое, што ўлады зачынілі заслужаныя для беларускай асьветы й культуры арганізацыі: Таварыства Беларускай Школы ды Беларускі Інстытут Гаспадаркі й Культуры. 

З безаўтарскай інфармацыі пад загалоўкам Курсы чытачы даведваліся пра шырокую адукацыйную праграму для беларускіх эмігрантаў у Францыі. Курсы гэтыя датычылі перадусім палітычнай эканоміі й эканомікі Беларусі, між іншым, чыталіся лекцыі па алгебры й геамэт­рыі, што сьведчыла пра імкненьні арганізатараў да высокага ўзроўню адукацыі беларускіх эмігрантаў. Ананімны аўтар адзначыў:

„Памятайма, сябры, што мы знаходзімся ў адумысьльна шчасьлівых умовах, дзе на землях вольнай Францыі можам карыстацца ўсімі тымі выданьня­мі й словамі, якімі ніколі ня могуць карыстацца нашы браты пад акупантам”[13].

У гэтым жа нумары „Бюлетэня” досыць шырока былі прадстаў­ле­ныя літаратурныя пытаньні. І так, між іншым, было апублікавана апавяданьне Ядвігіна Ш. Зарабляюць. Гэты вельмі балючы твор наша­ніў­скага пісьменьніка расказваў пра беларускую дзяўчынку, якая была прымушаная займацца прастытуцыяй дзеля ўтрыманьня сябе й свайго малодшага брата. Рэдактары „Бюлетэня”, кіруючыся, мабыць, дыдак­тычна-выхаваўчымі мэтамі, скарацілі апавяданьне, скрэсьліўшы зь яго найбольш драматычныя фрагмэнты, у якіх найглыбей выявілася драма беларускае дзяўчынкі. 

Апрача апавяданьня Ядвігіна Ш., „Бюлетэнь” апублікаваў вер­шы Янкі Купалы, Якуба Коласа й Максіма Танка. Усе творы гэтых пісь­мень­­нікаў былі насычаныя настроем беларускай нядолі й крыўды. Асабліва моцным аказаўся верш Максіма Танка Спатканьне, у якім аўтар прад­ставіў сустрэчу беларускага селяніна з сынам у панскай турме. 

Апрача гэтага, „Бюлетэнь” паведамляў, што 9 верасьня адбы­лося ў Вільні пасяджэньне Акружнога Суда ў сувязі з канфіскацыяй 25 ліпеня 1936 году зборніка Максіма Танка На этапах. Зь інфармацыі давед­ваемся, што суд апраўдаў як М.Танка, гэтак і выдаўца ягонага зборніка. 

Да постаці Ядвігіна Ш. рэдактары чацьвертага нумару „Бюле­тэня” з 1937 году вярнуліся ў рубрыцы Хроніка, у якой досыць шырока паведамілі пра ад­крыцьцё помніка гэтаму пісьменьніку ў Вільні. 

„Беларускае грамадзтва ў Вільні ўфундавала памятнік у чэсьць беларускага пісьменьніка Ядвігіна Ш. Адкрыцьцё памятніка адбылося 2 ліста­пада сёлета. Урачыстасьць гэту стараліся ўшанаваць ня толькі віленскія Беларусы, але й Беларусы зь вёсак. Былі папрыяж­джаўшы сяляне: з‑пад Валожына, Глыбокага, Ашмяны і Сьвян­цян. Памяталі аб урачыстасьці й беларускія студэнты ў Варшаве, якія пераслалі ліст, што яны лучацца разам з усім беларускім грамадзянствам і аддаюць чэсьць свайму пісьменьніку й барацьбіту. 2 лістапада а 16 гадзіне, над магілай Ядвігіна Ш. на могілках Роса, пры закрытым ільнянай тканінай памятніку сабралася вялікая грамада беларускага грамадзянства: інтэлігенцыя, сяляне, работнікі, студэн­ты, вучні й моладзь агулам. Шмат было паложаных вянкоў і букетаў у стоп памятніка. Былі прыгожыя прамовы й песьні, але ўсё гэта рабілася як‑бы не ў сябе, як‑бы каго баючыся, скрадаючыся...”[14].

Каштоўнай, несумненна, была таксама інфармацыя пра тое, што ў Парыжы ад 6 да 20 жніўня 1937 году адбываўся Міжнародны Кангрэс, у якім прымалі ўдзел студэнты – рэпрэзэнтанты 35 народаў. Беларускае студэнцтва прадстаўляў доктар Ермачэнка з Чэскай Прагі. Рэдактары „Бюлетэня” й тут праявілі свае адмоўныя адносіны да Польшчы, выка­заўшы наступную думку:

„Ермачэнка вельмі салідна рэпрэзэнтаваў беларускае студэнцтва, навязываючы зьвязкі з многімі прадстаўнікамі далёкіх і блізкіх народаў, што было вельмі недаспадобы польскім студэнтам, прыехаўшым з Варшавы. Кожны выступ беларускага дэлегата сярод народаў сьвету выклікаў сударгу ў польскіх прадстаўнікоў, а часам нават і пратэсты, калі справа торкалася польскага ўраду, што нам робіць крыўду”[15].

Істотнымі ў Хроніцы былі паведамленьні аб пэрыпэтыях, зьвязаных зь ліквідацыяй Таварыства Беларускай Школы ды Бела­рус­кага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры, а таксама зь няўдалымі спробамі пакліканьня да жыцьця ў Варшаве Таварыства Беларускай Культуры. 

Напэўна зь цікавасьцю тагачасныя беларускія эмігранты ў Францыі даведаліся зь „Бюлетэня” пра тое, што ў Вільні, у рамках акцыі перайме­на­ваньня назваў вуліц, былі ўведзены назовы, зьвязаныя зь беларускай культурай. І так, паявіліся вуліцы імя Скарыны й братоў Мамонічаў. Хроніка заканчвалася даволі наіўным пажаданьнем, якое вынікала зь перакананьня, што Вільня – гэта чыста беларускі горад. 

„Тым ня меней прыемна – напісаў невядомы аўтар – што хоць дзьве беларускія вуліцы ўціснуліся ў Вільню. Будзем спадзявацца, што надыдзе час, калі і ўся рэшта вуліц будзе зьменена на беларускія”[16].

Заканчваючы характарыстыку „Бюлетэня”, варта адзначыць, што ягоныя выдаўцы зрабілі нямала добрага ў галіне распаў­сюджваньня беларускіх культурных, літаратурных, гістарычных і эканамічных ведаў сярод беларускіх эмігрантаў у Францыі. Пры гэтым аднак трэба яшчэ раз заўважыць, што публіцысты гэтага органу знаходзіліся ў палоне савец­кай прапаганды й таму іх палітычныя артыкулы грашылі тэндэн­цый­насьцю, якая вяла да ідэалягічнага абаламучваньня й зьняволь­ваньня сваіх чытачоў. 

* * *

У сакавіку 1938 году выйшаў у Парыжы першы нумар новага эміграцыйнага часопіса „Рэха” з падзагалоўкам Орган Беларускай Пра­цоў­най Эміграцыі ў Францыі. На жаль, ня быў у ім зьмешчаны праграмны артыкул, які б выясьняў ідэалёгію новага пэрыёдыка. У сувязі з тым, што на першай старонцы быў зьмешчаны артыкул пад назовам Сумныя абходзіны вядомага нам з дагматычных паглядаў на старонках „Бюлетэня” Міколы Лаўзіца, можна было судзіць, што „Рэха” будзе працягам „Бюлетэня” гэтак у ідэйным, як і ў палітычным аспэктах. Аднак іншыя публікацыі ў гэтым нумары запярэчылі такім падазрэньням. 

Свой артыкул Лаўзіц прысьвяціў 75 угодкам задушэньня Сту­дзен­ьскага паўстаньня й 8 гадавіне разгрому Беларускай Сялян­ска-Работ­ніцкай Грамады. Традыцыйна Лаўзіц галоўнага ворага бела­русаў убачыў у Польшчы й сваю публікацыю ўтрымаў у духу вострай варожасьці да яе. 

У гэтым жа нумары былі зьмешчаныя дасьледаванні фран­цускага вучонага Рэнэ Мартэля, які вельмі высока ацаніў Кастуся Каліноўскага як пасьлядоўнага змагара за незалежнасьць Беларусі ад Масквы й ад Варшавы. Вялікую цікавасьць прадстаўляў сабою артыкул П. Бакача пад назовам Аб Браніславе Тарашкевічу, у якім аб’ектыўна прадстаўлены лёсы Тарашкевіча ў часе яго арышту й прысуду. 

Як быццам працягам гэтай публікацыі была досыць шырокая публі­ка­цыя Аб Дварчаніну і Гаўрыліку[17] аўтарства А. Дужага. Дварчанін і Гаўры­лік былі пастаўлены на чале Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады пасьля арышту Браніслава Тарашкевіча. Аўтар паінфармаваў, што гэтыя дзеячы былі засуджаныя польскім судом на шматгадовае зьняволеньне, але пазьней абмененыя з савецкімі ўладамі на польскіх палітычных вязьняў. Вестка заканчвалася вельмі характэрнай фразай: 

„Праз паўгоду Гаўрылік і Дварчанін былі ў Менску павешаны як польскія шпіёны, а сотні грамадоўцаў і беларускіх камуністаў павандра­вала на Салаўкі”[18].

У іншым месцы часопіса „Рэха” была пададзена вестка пра сьмерць у савецкім лягеры на Салаўках вядомага беларускага дзеяча й пасла ў польскі Сойм Пятра Мятлы. 

Мы ўжо неаднойчы адзначалі, што ўсе публікацыі ў органе беларускай эміграцыі ў Францыі „Бюлетэні” выразна замоўчвалі факты, зьвязаныя з сталінскім тэрорам у Беларусі. Інфармацыі пра забойствы Гаўрыліка й Дварчаніна ды пра сьмерць Мятлы ў ссылцы былі першай праявай новай тэндэнцыі ў беларускай эміграцыйнай публі­цыс­тыцы ў Францыі. Першымі, але не апошнімі, бо ў гэтым жа нумары „Рэха” паявіўся артыкул пад загалоўкам З Савецкай Бела­русі[19], у якім ананімны аўтар у канцы канцоў даў уласьцівую ацэнку сталінскім злачынствам. Гаворачы аб крывавай постаці міністра НКУС Ягады, пастаўленага перад савецкім судом, публіцыст „Рэха” напісаў: 

„Постаць Ягады, якая ў гісторыі беларускага вызвольнага руху пры ўсіх умовах астаецца як штось найбольш агіднае, найбольш крывавае, жудкае, у сотні раз больш агіднейшая і жудчэйшая як постаць крывавага Муравёва, што павесіў нашага слаўнага рэвалю­цыянера Каліноўскага і тысячы беларускіх сялян. 

Пад нагамі Ягады ў незьлічоныя разы больш валяецца трупаў лепшых беларускіх сыноў. Нязьмерна большыя вазёры беларускай крыві застылі на нашай няшчаснай зямлі ад яго ліхіх катавых рук. 

... Тысячы беларускіх сялян і лепшай яе інтэлігенцыі, ад якіх толькі засталіся косьці – безумоўна ўжо нічога не чакаюць. АЛЕ ЧАКАЕ ЯШЧЭ НЕ АДНА ТЫСЯЧА ЗАБЫЎШЫХСЯ ЖЫВЫМІ Ў КАТАРГАХ І ТУРМАХ, ІМ‑ЖА САСЛАНЫХ І ІМ‑ЖА ПА ЗДРАДНІЦКУ ЗАКАТАВАНЫХ. 

Беларускае грамадзянства рабіла такі лёгічны выснавак: раз Ягада папаў на лаву падсудных, як правакатар, як здраднік – знача, усе яго ахвяры нявінны – іх мусяць звольніць, у іх мусяць папрасіць выбачэньня, або калі іх ня звольняць, значыць, Ягада рабіў правідлова. 

Беларускае грамадзтва чакала, што, з канцом агіднага правакатара Ягады, кончацца пакуты прынамсі нявінна закабаленых ім тысяч яшчэ жывых на ссылцы Беларусаў, што яны вернуцца ў рады вызвольнай барацьбы – ажно не!

І за зьнікаючай чорнай фігурай Ягады высовываецца ў цені другі чорны дух, які тактыкі свае не міняціме! 

О, беларускі народзе, як доўгая твая трагедыя, як доўга ты прыглядаешся! 

Доўга ты спаў, доўга ня ведаў, хто ты такі, але, прачнуўшыся, ты за дзіўна кароткі час адрадзіў і стварыў сваю магутную культуру, цяпер ты як‑бы ўтарапіўся і разглядаешся, прызіраешся, як чорныя сілы яе нішчаць, каб не дапусьціць цябе да поўнага панаваньня. 

Ці ня хутка ты размахнешся з усяго свайго магутнага сялянскага пляча і паложыш канец гульні й зьдзеку над сабой усім тым чорным сілам! Здаецца, час бліжыцца”[20].

Быў гэта найбольш драматычны й адчайны акт абвінавачаньня ва ўсёй вядомай нам беларускай публіцыстыцы ў Францыі. 

У тым жа нумары „Рэха” зьмешчана вельмі абшырная справа­здача зь дзейнасьці Генэральнай Рады Беларускага Эміграцыйнага Хаўрусу ў Францыі. Вынікае зь яе адназначна, што беларускія эмігранты ў гэтай краіне на чале з Генэральнай Радай Хаўрусу зрабілі надзвычай многа ў галіне гуртаваньня эміграцыйных асяродзьдзяў. І сёньняшняга чытача ня можа не зьдзіўляць выключная ахвярнасьць беларусаў у Францыі, іх імкненьне да пашырэньня й паглыбленьня беларусазнаўчых ведаў у розных галінах эканомікі, культуры й літаратуры. 

Многа цікавых фактаў з заходнебеларускага жыцьця ў Польшчы было пададзеных у рубрыцы пад загалоўкам Зь беларускай хронікі. Між іншым, даведваемся зь яе, што апэляцыйны суд у Вільні засудзіў Максі­ма Танка на 6‑месячнае зьняволеньне за ягоны паэтычны зборнік На этапах. Сярод наогул сумных зьвестак, якія датычыліся рэстрыкцыйных крокаў польскіх уладаў у адносінах да беларусаў, Хроніка паведаміла аб пазытыўным здарэньні, якое праявілася ў дазволе польскіх уладаў на пакліканьне да жыцьця Культурнага Таварыства Беларусаў у Варшаве. 

На першай старонцы другога нумару „Рэха” быў апублікаваны артыкул пад загалоўкам Беларуская эміграцыя й Беларусь[21]. Атртыкул гэты можам назваць праграмным. У публікацыі Рэдакцыя „Рэха” прадста­віла свой пункт погляду на характар і лёсы беларускіх эмігрантаў у сьвеце. На думку аўтараў, беларуская эміграцыя налічвала ў тым часе каля 2 мільёнаў чалавек.

„2‑мільённая беларуская эміграцыя гэта цэлая дзяржава. Праўда, расьцярушаная групамі па сьвеце, але гэта ня толькі не зьяўляецца перашкодай у падгатоўцы працы нашай вызвольнай барацьбы, а наадварот, у пэўным разе такая расьцярушанасьць па сьвеце Беларусаў магла‑б быць толькі дадатным спрычыняючым чыньнікам. Годзе зазначыць, якую‑б калёсальную карысьць магла‑б прынесьці беларуская эміграцыя Бацькаўшчыне, ужо, мабыць, хоць‑бы самым фактам існаваньня сваіх чысьленных зарга­ніза­ваных асяродкаў, зь якімі‑б у штодзённым стыку знаёміўся‑б сьвет з нашымі імкненьнямі. Хто будзе пярэчыць, што такога нат роду інфармацыйная прапаганда «ў міжнародным маштабе аб Беларусі» адыграла‑б у нашай немінучай вызвольнай барацьбе калёсальную ролю, якая роўная‑ж непаінфар­маванасьці аб нас шырокага сьвету будзе тым лішнім і цяжкім каменем на грудзёх падняволенай Беларусі, як то было ў 1917-18 гадох, калі нашым дыплёматам даводзілася распачынаць свае размовы з геаграфіі, што Беларусь знаходзіцца не дзесь там на беразе Белага Мора, а якраз у тых межах, на якія ўжо польская дыплёмацыя мела мандат ад «усёмагутных сьвету», як на «гістарычныя землі Польшчы»”[22].

У далейшых фрагмэнтах публікацыі аўтар прысьвяціў істотнае месца прычынам рэнэгацкіх паводзінаў многіх беларускіх эмігрантаў, якія, апынуўшыся за мяжою, не гуртуюцца ў беларускіх нацыянальных структурах, але далучаюцца да ўчорашніх сваіх прыгнятальнікаў. 


У сувязі з гэтым аўтар ставіць драматычнае пытаньне: 

„Няўжо‑ж беларуская эміграцыя падлягае якімся іншым дэмалёгічным законам, што, страціўшы сваю родную глебу, на нішто больш нягодна, ніж быць гнойным тэрэнам для ўраджайнай працы нашых адвечных ворагаў?”[23]

Аўтар гаворыць, што такая пазыцыя многіх эмігрантаў тым болей незразумелая, калі ўзяць пад увагу тое, што народныя масы на Радзіме праяўляюць вялікую актыўнасьць у барацьбе за захаваньне свае нацыя­нальнае тоеснасьці. 

Значнае месца ў публікацыі адведзена беларускай інтэлігенцыі, што, на думку аўтара, не выконвае годна тае ролі, якую магла б выконваць згодна са сваімі інтэлектуальнымі магчымасьцямі й гістарычнай місіяй. 

Апошні фрагмэнт публікацыі прысьвечаны ідэі папулярызацыі газэты „Рэха”, якая зьяўляецца праявай палітычнай сьпеласьці й самастойнасьці тых беларусаў у Францыі, што падтрымліваюць і пашы­раюць свой пэрыёдык. У тым жа другім нумары „Рэха” быў апублікаваны артыкул пад назовам Трохі аб Беларусі. Ананімны аўтар даў шырокі гістарычны нарыс лёсаў беларускай зямлі й беларусаў, даказваючы, што найбольшую крыўду ім зрабілі вялікія суседзі. Аналізуючы эканамічныя магчымасьці беларускай зямлі, аўтар досыць катэгарычна даказвае, што тэрыторыя Беларусі, насуперак сьцьвярджэньням многіх дасьледчыкаў, валодае вялікімі сыравіннымі рэсурсамі, якія могуць стварыць народу вельмі добрыя ўмовы бытаваньня ў будучыні. Досыць гіпэрбалічна й непраўдападобна гучыць прароцтва публіцыста ў заканчэньні артыкулу, дзе ён гаворыць, што беларуская зямля можа забясьпечыць дастатняе жыцьцё 120‑130 мільёнам жыхароў. 

Значную цікавасьць уяўляе сабою ананімная публікацыя пад назовам Якая ўлада, такія парадкі будуць у Беларусі[24]. Невядомы аўтар грунтуеццца тут перадусім на заходнебеларускім матэрыяле ды ў многіх выпадках даходзіць да цікавых высноваў і канклюзіяў. Аднак нямала ў яго таксама сьцьвярджэньняў тэндэнцыйных і дагматычных. І так, публіцыст, задумоўваючыся над лёсамі польскага вызвольнага руху, залічае Міцкевіча да абшарніцка-панскіх ідэолягаў, якія ня мелі нічога супольнага з народнымі масамі. Пры гэтым аўтар пераканаўча й правільна акрэсьлівае характар беларускага сацыяльна-вызвольнага руху, адзначаючы, што беларускія пісьменьнікі арганічна зьвязаныя зь інтарэсамі, думкамі ды імкненьнямі народу. 

„Беларускі‑ж вызвольны рух – піша публіцыст – выйшаў зь нізоў прыгнобленага сяла. Усе беларускія паэты, пісьменьнікі, палітычныя дзеячы выйшлі ад плуга, касы, малатка. Кожны зь іх пакаштаваў панска-капі­та­лістычнага прыгону. Кожны актыўны дзеяч беларускага вызвольнага руху – кроўна зьвязаны з народнымі масамі. З мас ён вышаў сам, у масах засталіся яго родныя браты, сёстры, бацькі, стогнучы ў нэндзы, бядзе й вызыску. Дзеля гэтага беларускі вызвольны рух ёсьць простым праяўленьнем інтарэсаў беларускіх працоўных мас. Дзеля гэтага ўся беларуская літаратура, паэзія – гэта абураны працэс супраць сацыяльнага прыгнечаньня беларускага народу. Дзеля гэтага да беларускага вызвольнага руху не прыстаюць розныя панкі, бо ведаюць, чым гэты рух пахне. 

Адсюль мы бачым, што беларускі вызвольны рух ад мазгу да касьцей – рух народны. З гэтага вынікае, што і ўлада на Беларусі ніякая іншая ня можа быць, ніж працоўна-народная. Такая прырода беларускага руху”[25].

Зразумела, што нельга не згадзіцца з галоўнымі паглядамі аўтара на характар беларускай літаратуры і ейныя сувязі з жыцьцём працоўных беларусаў. Ня можа аднак не зьдзіўляць тое, што гэты артыкул узьнік у тым часе, калі беларускія савецкія пісьменьнікі, кіруючыся г. зв. прын­цыпамі сацыялістычнага рэалізму, адлюстроў­валі ў пісьмовасьці ня тыя вялікія няшчасьці, якія спадарожнічалі прымусовай калектывізацыі беларускай вёскі, а толькі экспанавалі ідэі, што ўзьнікалі ў кабінэтах важакоў камуністычнай партыі. 

Публіцыстычныя артыкулы на старонках „Рэха”, як правіла, датычылі заходнебеларускага жыцьця, эміграцыйнага побыту ў Францыі альбо падзеяў у Савецкай Беларусі. Заходнебеларуская рэчаіснасьць паяўлялася ў часопісах найчасьцей, і гэта зразумела, калі ўзяць пад увагу тое, што практычна ўсе беларускія эмігранты ў Францыі выводзіліся з тых беларускіх земляў, якія пасьля Рыскага Трактату апынуліся ў складзе Рэчы Паспалітай. Інтэрпрэтацыі заходнебеларускага жыцьця былі прысьвечаны ня толькі артыкулы ды інфармацыі, але таксама вершы. І так, у другім нумары „Рэха” былі зьмешчаныя два паэтычныя творы, тэматычна зьвязаныя з Заходняй Беларусяй. Характэрна, што гэтыя вершы, так як і папярэднія, былі падпісаныя выключна псэўда­німамі. Да асабліва цікавых належаў верш пад загалоўкам Будзь гатоў аўтарства Палачаніна. Адзначаўся ён ляканізмам зьместу і вастрынёй выяўленай у ім ідэі.

Будзь гатоў! 
ужо скора...
ужо скора...
скалыхнецца народнае мора
і выступіць бурна з сваіх берагоў. 
Рынем уперад вялікаю хваляй, 
аружнай і сьмелай зь лесам сьцягоў. 
Будзь гатоў! 

Прыведзены верш, хаця й быў прасякнуты публіцыстычным накалам, то ўсё такі публіцыстычнасьць не забіла ў ім добрага мастацкага ўзроўню.

У другім нумары „Рэха” паявіліся артыкулы новага тыпу. Датычылі яны жыцьця беларускіх эмігрантаў у Амэрыцы і ў Чэскай Празе. З публікацыяў гэтых даведваемся, што ў канцы 1930‑х гадоў у Чыкага існа­вала Беларускае Культурна-Асьветніцкае Таварыства, старшынём якога быў Ігнат Лобач. Публіцысты „Рэха” горача пад­трымлівалі ўзьнікненьне сарганізаваных формаў беларускага жыцьця ў ЗША. 

Вялікую цікавасьць уяўляе сабою артыкул пад загалоўкам Беларусы ў Чэхаславаччыне. Даведваемся зь яго, што ў канцы 1920‑х гадоў у гэтай краіне было каля 200 беларускіх эмігрантаў. Сярод іх каля 150 чалавек – гэта студэнты. Іншыя – інтэлігенцыя й палітычныя дзеячы. Ананімны аўтар напісаў, што да канца 1930‑х гадоў утрымаліся ў Празе такія палітычныя структуры, як Беларуская Рада й Канцылярыя Прэзыдэнта Беларусі, якою кіраваў вядомы дзеяч Васіль Захарка. Публіцыст заўважыў, што вялікае значэньне меў у Чэскай Празе беларускі архіў, якім кіраваў выдатны дзеяч і публіцыст Тамаш Грыб. Пасьля ягонай сьмерці ў 1938 годзе чэскія ўлады пастанавілі паставіць на чале архіва не беларуса, але чэха, што, на думку аўтара, істотным чынам памяншала ранг і значэньне гэтай установы.

У гэтым жа другім нумары „Рэха” быў апублікаваны артыкул пад назовам З студэнцкага жыцьця, падпісаны псэўданімам Студэнт. Аўтар публікацыі ахарактарызаваў лёсы беларускага студэнцкага руху, галоўным чынам у Чэхаславаччыне. Прыгадаў, што ў 1925 годзе беларуская студэнцкая арганізацыя была прынятая ў склад Міжнароднай Студэнцкай Федэрацыі, што мела істотнае значэньне дзеля прэстыжу беларускага незалежнага студэнцкага руху. На жаль, у 1930‑х гадох, у выніку ціску з боку польскіх і савецкіх студэнцкіх структураў, беларускія і ўкраінскія студэнты былі выключаныя з шэрагаў міжнароднага студэнц­кага руху, што было вялікім ударам па прынцыпах дэмакратыі, незалеж­насьці й роўнасьці ўсіх нацыянальных студэнцкіх структураў. 

Апрача гэтых артыкулаў, „Рэха” апублікавала шматлікія весткі аб розных праявах беларускай культурнай актыўнасьці ў Вільні і ў Варшаве. Датычылі яны творчасьці беларускіх паэтаў, дзейнасьці Беларускага Студэнцкага Саюзу й Беларускага Навуковага Тава­рыства ў Вільні. 

Значную ўвагу рэдактары „Рэха” прысьвяцілі канцэртам Міхася Забэйды-Суміцкага, які выступаў у Вільні і ў Варшаве перад шырокай публікай, а таксама сьпяваў у перадачах польскага радыё, прызна­чаных для Англіі й Амэрыкі. 

Паявілася таксама інфармацыя з жыцьця Савецкай Беларусі пра тое, што адзін з найздальнейшых савецкіх беларускіх паэтаў Александ­ровіч, які пачаткова пазьбег арышту за сваю асаблівую вер­насьць сталінскай палітыцы, урэшце быў арыштаваны й расстраляны. 

Інфармацыя гэтая не была цалкам дакладнай. У сапраўднасьці, вялікі энтузіяст сталінізму, Андрэй Александровіч, быў арыштаваны ў 1938 годзе, але ня быў расстраляны. Удалося яму перажыць ста­лінскія лягеры й вярнуцца ў Менск пасьля вайны, дзе ён памёр натуральнай сьмерцю ў 1963 годзе. 

У шостым ды сёмым нумарох „Рэха” знаходзім інфармацыі, якія сьведчаць пра тое, што кіраўнікі й дзеячы Беларускага Хаўрусу ў Францыі праяўлялі выключную актыўнасьць ва ўсіх сфэрах папуля­ры­зацыі беларусаў на чужыне. І так, з „Рэха” даведваемся, што Хаўрус выдаў мапу Беларусі, якая павінна была апынуцца ў кватэры кожнага беларускага эмігранта. Апрача гэтага „Рэха” паведамляла пра новыя ініцыятывы, мэтай якіх было пашырэньне ведаў пра Беларусь таксама ў колах францускага грамадзтва. 

„Рэха” пісала пра магчымасьць заснаваньня пры адной францускай інстытуцыі аддзелу беларусазнаўства ды заклікала ўсё беларускае грамадзтва дапамагчы падсылкай розных выданьняў для заснаваньня першай публічнай беларускай бібліятэкі ў Парыжы. 

Шосты й сёмы нумары „Рэха” адкрываў артыкул пад назовам 25 са­кавіка[26]. Аўтарам гэтай публікацыі быў М. Віка – удзельнік Пер­шага Ўсе­бе­ларускага Кангрэсу. Варта адклікацца да таго фрагмэнту публікацыі, у якім найбольш гістарычнага аўтэнтызму. 

„Ад 3‑4 сьнежня 1917 года каля будынку Беларускай Рады і Рады Вайсковай у Менску, грамады па некалькісот людзей, з торбамі за плячамі валтузіліся, страсаючы сьнег з кажухаў, сьвітак і лапцей. Што гэта былі за людзі? Чаго яны тут зьбіраліся? Былі гэта незвычайные сяляне. Прыехалі яны не на кірмаш! Гэта былі дэлегаты на ўсебе­ларускі кангрэс. Ад Піншчыны да Пскоўшчыны, ад Смаленшчыны да нямецкага фронту. Прыбылі яны з усіх закуткаў Беларусі, каб выказаць сваю волю, вырашыць лёс свайго краю. 

5 сьнежня раніцай, велічэзная заля заледве поўніла 1896 дэле­гатаў з правам рашучага голасу і некалькісот гасьцей. 

Загрымеў званок і дрыжачы ад хваляваньня голас, у роднай мове, старшыні кангрэсу Рака-Міхайлоўскага гульліва пранізаў залю: 

Браты і Дзяцькі! 

Лёс у нашых руках, рашайце!..

Па чарзе праціскаліся на трыбуну дэлегаты... Гаварылі ўсе і ў адно: зямля і воля! Зямля сялянам бяз выкупу. Фабрыкі рабочым. Дзень працы 8 гадзін. Усе падземныя і надземныя багацьці – агульная народная ўласнасьць. Улада ў Беларусі – трудавому кангрэсу. 

Кангрэс трываў тры тыдні. Большасьць дэлегатаў не пакідалі залі і ўночы. Тут жа, разаслаўшы свае кажухі, сьвіткі, спалі. Ці позна-позна сядзелі ў кружыве – радзіліся.

Дэлегаты з Случчыны прывезьлі з сабою ўжо гатовую праграму, укладзеную ў магутнай мэлёдыі: «Ад веку мы спалі», дзе коратка, але ясна выказвалася воля Беларускіх Працоўных Гушч: «што трэба свабоды, зямлі чалавеку, што трэба навуку здабыць». 

Спадабалася ўсім. Сівенькі дзядок з Пскоўшчыны быў непісьменны, і таму па некалькі раз, гукаючы за вухам, прасіў яму «паўтарыць».

К канцу кангрэсу гэтая Слуцкая песьня зрабілася гімнам і ўрачыста загрымела ў вуснах двухтысячнага народнага хору. 

Мы дружна паўстанем з касамі, сярпамі
Прагонім з зямлі палачоў.
Няхай нас сустрэнуць з палямі, лугамі
Грамады працоўных людзёў!..

Случчакі аж падскоквалі, што «іх узяло верх». Падскоквалі ад радасьці і энтузіязму ўсе. 

Такі быў дух, такая атмасфера Ўсебеларускага Кангрэсу”[27].

У шостым і сёмым нумарох „Рэха” быў апублікаваны цікавы артыкул пад загалоўкам Лёс беларускіх дабравольцаў павярнуўшых із Гішпаніі[28]. Ананімны аўтар сьцьвердзіў, што Хаўрус Беларускіх Работ­нікаў, хаця й сымпатызаваў рэспубліканцам у Гішпаніі, то ўсё ж такі не заахвочваў эмігрантаў зь Беларусі прымаць непасрэдны ўдзел у грамадзянскай гішпанскай вайне. Нягледзячы на гэта, многія бела­русы паехалі ў Гішпа­нію й змагаліся супраць Франко. Паводле публіцыста „Рэха”, у гішпанскай вайне ўдзельнічала каля 1000 бе­ла­русаў, зь якіх палова засталася ў гішпанскай зямлі, а астатнія, пасьля перамогі Франко, вярнуліся ў Францыю. 

„Лёс іх – піша публіцыст «Рэха» – цяпер жудасны. За свой нелягальны выезд з Францыі, яны страцілі права на працу. Легалізацыя іх праўнага становішча нанова ўскладняецца тым, што «шэфы вярбовачных бюраў» дзесь зьніклі зь іх дакумантамі, якія яны пры ад’езьдзе мусілі складаць сваім вярбоўшчыкам. Консулят польскі жадных посьветкаў аб іх асабістасьці выдаваць ня хоча. На працу таму ўладзіцца нельга. У Саветы‑ж не пускаюць навет і тых, якія павярнулі бяз рук і бяз ног. (...)

Апошняя партыя, што прыбыла з рэшткамі каталонскай арміі, папала шчэ ў горшые ўмовы. Тых ужо, то зусім не выпускаюць з концэнтрацыйных табараў, калі заўдзе хтось з францускіх грамадзян ня дасьць гарантыі працы – кантракт. Але бываюць выпадкі, што нат і знайшоўшы кантракт нельга выйсьці з прычыны фармальнасьцяў, бо «вярбоўшчыкі» не вяртаюць ім дакумэнтаў”[29].

Аўтар піша, што ў такіх абставінах нарастае незадавальненьне й абурэньне супраць тых, хто агітаваў за выезд у Гішпанію. У сувязі з тым, што галоўным ініцыятарам гэтых выездаў была Масква, удзельнікі лягераў кіруюць свой гнеў супраць Савецкага Саюзу й яго правадыра. 

„Рэакцыя проці Масквы набрала шчэ большые формы. Так напры­клад: у вадным з такіх табараў, у дзень І‑га мая, апазыцыя пазьдзірала з сьцен партрэты Сталіна і іншых камуністычных правадыроў, ды выкінула ў нужнік”[30].

Многа цікавых матэрыялаў прынёс першы нумар „Рэха” за 1940 год, які выйшаў у траўні. Быў гэта, праўдападобна, апошні нумар гэтага беларускага часопіса ў Францыі. Падзеі француска-нямецкай вайны перакрэсьлілі магчымасьць друку органу Беларускага Хаўрусу Работ­нікаў у Францыі, а беларусы апынуліся ў свайго роду пастцы. Не маглі яны вярнуцца ў Польшчу, якая зь верасьня 1939 году была акупаваная гітлераўскай арміяй, а Заходняя Беларусь знаходзілася пад уладай Сталіна. 

Стоячы перад пагрозай гітлераўскай агрэсіі на Францыю, Прэзыдыюм Хаўрусу заявіў наступнае: 

„Беларусы, 

Прэзыдыя Хаўрусу даводзіць да вашага ведама, што на падставе ўмовы з мая месяца гэтага года і пастановы францускага ўраду вам даецца права выбару: ці ісьці да польскага войска, ці да францускага легіёна на час вайны. 

... Мы перакананы, што вы выканаеце свой доўг перад Францыяй з належнай годнасьцю імя Беларуса. Так як вы будзеце паводзіцца, такая і апінія будзе аб нас. 

Мусіце памятаць, што францускі ўрад зрабіў для вас тое, чаго не зрабіў ніякі іншы ўрад. Ён даў вам права вольнага выбару. І будзьце пэўны, што калі мы будзем дастойна змагацца, то і атрымаем усё, што нам належыць. Дзеля гэтага патрэбна толькі цьвердасьць, церпялівасьць. Усё яшчэ на перадзе. Вайна толькі распачынаецца”[31].

З працытаванай адозвы адназначна вынікае, што кіраўнікі беларускіх эмігрантаў у Францыі, якія яшчэ ня так даўно заклікалі беларусаў трымацца здалёк ад усіх эўрапейскіх блёкаў, на гэты раз, калі нямецкая агрэсія заглянула непасрэдна ім у вочы, зьмянілі становішча й зразумелі, што беларускія эмігранты павінны адна­значна станавіцца ў шэрагі змагароў зь гітлераўскім таталітарызмам. Пры гэтым нязьменнай засталася іх непрыхільнасьць да Польшчы. Праявілася яна ў катэгарычным зьнеахвочваньні беларусаў уступаць у польскія вайсковыя фармацыі, якія ўзьнікалі ў Францыі пасьля паражэньня Польшчы ў верасьні 1939 году. 

У згаданым нумары „Рэха” паявілася абшырная публікацыя пад назовам З падзей у Заходняй Беларусі[32]. Беларускі эміграцыйны орган „Рэха” аднёсься да лёсу Заходняй Беларусі пасьля далучэньня яе сілаю да Савецкага Саюзу. 

Прыгадаем, што на працягу доўгага часу кіраўнікі беларускага эміграцыйнага руху ў Францыі моцна падкрэсьлівалі свае варожыя адносіны да Польшчы, але пры гэтым замоўчвалі праявы страшэн­нага антыбеларускага сталінскага тэрору на працягу цэлых 1930‑х гадоў. І толькі напрыканцы 1938 году загаварылі пра сталінскія злачынствы, калі ўвесь сьвет абляцелі весткі пра страшэнныя разьмеры сталінскага разгулу, у выніку якога былі расстраляныя альбо замучаныя ў лягерах усе кіраўнікі Беларускай Сялянска-Работ­ніцкай Грамады й сотні тысяч, а можа й мільёны іншых беларусаў. 

Ананімны аўтар прыгаданай ужо публікацыі З падзей у Заходняй Беларусі шырока й дэталёва прадставіў хроніку падзеяў, зьвязаных з апанаваньнем тэрыторыі Заходняй Беларусі Чырвонай Арміяй у верасьні 1939 году. Ахарактарызаваў таксама паводзіны заходнебеларускага насельніцтва, якое пачаткова наіўна верыла, што Чырвоная Армія прыносіць яму свабоду, дабрабыт і бесьперашкоднае валоданьне сваёй і панскай зямлёй. Насельніцтва заходнебеларускае ня брала пад увагу таго, што ў хуткім часе распачнуцца арышты, дэпартацыі й прымусовае заганяньне ў калгасы. Менавіта гэтыя настроі прадставіў публіцыст „Рэха”, які, між іншым, напісаў: 

„У кожным нова занятым мейсцы бальшавікі цьвердзілі, што яны ня будуць умешвацца да іх спраў, што прыйшлі яны толькі дапамагчы вызваліцца ад польскіх паноў. А парадкі? Рабіце, якія хочаце – казалі бальшавікі. 

Вёскі і гарады Заходняй Беларусі заварушыліся, найперш паўсталі баявыя дружыны, для «Аховы парадку і спакою», якія сябе назвалі «Сялянска-Работніцкай Гвардыяй». 

... У хуткім часе па ўсіх вёсках, мястэчках і гарадох паўсталі т. з. «Камітэты Тымчасовага Ўпраўленьня». 

Камітэты па вёсках у першую чаргу схапіліся за падзел панскай зямлі. Гарадзкія за школы і прэсу. Камітэт места Вільні адчыніў 2 бела­рускіе гімназіі, перайшоў у рукі беларусаў і Віленскі Ўнівэрсытэт. Пачалі выходзіць у Вільні 2 штодзённыя беларускія газэты: «Віленская Праўда» і «Свабодная Беларусь». Запраўды здавалася, што беларусы ў сябе гаспадары”[33].

Публіцыст „Рэха” падкрэсьліў, што хутка закончылася бальшавіцкая гульня ў дэмакратыю. Вільня й Віленшчына былі перададзены Літве, а ўладу ад камітэтаў перанялі камісары й партыйныя дзеячы, якія дзень і ноч разьяжджалі па Заходняй Беларусі ды славілі савецкую сыстэму як найбольш дэмакратычную на сьвеце. Гэта ўсё больш насьцярожвала беларускіх сялянаў, якія хутка заўважылі, што дэмакратызм савецкай сыстэмы гэта толькі фасад, за якім хаваецца страшэнная рэчаіснасьць. 

Істотнае значэньне ў характарызаваным артыкуле мае той фрагмэнт, які адносіцца да выступленьня Янкі Купалы на г. зв. нацыянальным сходзе ў Беластоку. 

Публіцыст піша, што амаль ніхто з прамоўцаў не карыстаўся беларускай мовай і таму сход з энтузіязмам прыняў паведамленьне стар­шы­ні аб тым, што выступіць Янка Купала.

„Электрычны ток пранізаў целы прысутных... Забіліся моцна сэрцы беларускіх сялян. КУПАЛА ўстаў. Цяпер ЯГО ўсе бачылі. ЖЫВЫ АБРАЗ ВЯЛІКАГА БЕЛАРУСКАГА ПРАРОКА БЫЎ ПЕРАД ІМІ. Чакалі ЯГО СЛОВА... У анямелым хваляваньні пабожнай цішыні былі чуваць толькі асобныя ўсхліпы, плач... Але КУПАЛА НЕ ГАВАРЫЎ, КУПАЛА ДЭКЛЯМАВАЎ. 

БЕЛАРУСЬ, ТЫ НЕ ЗАГІНЕШ, 
БЕЛАРУСЬ, ТЫ НЕ ПАМРЭШ! 
СЛАВА ВЕЧНАЯ НЯ ЗГІНЕ... 
БУДЗЕШ ЖЫЦЬ, ЯК І ЖЫВЕШ...

Схвілёваную бурна залю, старшыня Сабраньня ўсьціхаміруваў чытаньнем рэзалюцыі...”[34]

Аўтар у канцы публікацыі паінфармаваў, што ў наступным нумары „Рэха” будуць пададзеныя далейшыя факты аб савецкай рэчаіснасьці. Аднак наступны нумар „Рэха”, праўдападобна, ня выйшаў у сьвет з прычыны ваенных падзеяў. 

Падсумоўваючы аналіз беларускай эміграцыйнай пісьмовасьці ў Францыі, прыгадаю яшчэ раз, што гэтая пісьмовасьць мела перадусім публіцыстычны характар. Некалькі паэтаў, якія прадставілі свае творы на старонках „Бюлетэня” й „Рэха”, ня здолелі выявіць поўнасьцю свайго таленту. Што датычыць публіцыстыкі, дык аказалася яна не пазбаўленай палітычных заганаў, аднак пры гэтым сумела даць шырокую інфармацыю чытачам пра жыцьцё беларускіх эмігрантаў, а таксама пра сытуацыю ў Заходняй Беларусі ды ў Беларусі Савецкай.
 


[1] Трохі аб хаўрусе, у: „Бюлетэнь”, № 1, Парыж 1937, с. 2.

[2] М. Лаўзіц, Адозва, тамсама, с. 1. 

[3] Тамсама, с. 2.

[4] М. Лаўзіц, Учора трубілі перамогу, а сёньня ўжо трывогу, у: „Бюлетэнь”, № 2, Па­рыж 1937, с. 1.

[5] Націск культуры на варварства, тамсама, с. 4-5.

[6] Тамсама, с. 5.

[7] Па затонах муту, у: „Бюлетэнь”, № 3, Парыж 1937, с. 4-5.

[8] Тамсама, с. 5.

[9] Польская прэса аб Максіму Танку, тамсама, с. 9.

[10] З хронікі беларускага жыцьця, тамсама, с. 16.

[11] М. Лаўзіц, На пачатку школьнага году, у: „Бюлетэнь”, № 4, Парыж 1937, с. 1-2.

[12] Я. Палешук, Барацьба за асьвету, тамсама, с. 3-4.

[13] Курсы, тамсама, с. 6.

[14] Хроніка, тамсама, с. 6.

[15] Тамсама, с. 12.

[16] Тамсама, с. 13.

[17] А. Дужы, Аб Дварчаніну і Гаўрыліку, у: „Рэха”, № 1, Парыж 1938, с. 5-6

[18] Тамсама, с. 6.

[19] З Савецкай Беларусі, тамсама, с. 11-12.

[20] Тамсама, с. 11.

[21] Беларуская эміграцыя і Беларусь, у: „Рэха”, № 2, Парыж 1938, с. 1‑2. 

[22] Тамсама, с. 1.

[23] Тамсама, с. 2.

[24] Якая ўлада, такія будуць парадкі ў Беларусі, тамсама, с. 7-8.

[25] Тамсама, с. 8. 

[26] М. Віка, 25 Сакавіка, у: „Рэха”, № 6, Парыж 1939, с. 1.

[27] Тамсама.

[28] Лёс беларускіх дабравольцаў павярнуўшых із Гішпаніі, тамсама, с. 8-9.

[29] Тамсама, с. 8.

[30] Тамсама.

[31] Заява Беларускага Хаўрусу Работнікаў у Францыі, у: „Рэха”, № 1, Парыж 1940, с. 1.

[32] З падзей у Заходняй Беларусі, тамсама, с. 4.

[33] Тамсама.

[34] Тамсама, с. 6.


Кніга публікуецца на сайце з ласкавай згоды Аўтара

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster