|
5. Беларускі эміграцыйны асяродак у Бэрліне
5.1. Лёсы беларусаў у Нямеччыне й характар іх выдавецкай дзейнасьці
Дагэтуль у цыкле Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць ахарактарызавалі мы беларускія асяродкі ў Пецярбурзе, Каўнасе, Чэскай Празе і ў Парыжы. Па‑за Пецярбурскім асяродкам, які існаваў ад 1905 да 1918 году, усе іншыя беларускія эміграцыйныя цэнтры вялі сваю дзейнасьць у 1920‑х і 1930‑х гадох. Можам сказаць, што разьвіваліся яны ў міжваенны пэрыяд, які існаваў ад 1918 па 1939 год.
Да гэтага вялікага беларускага эміграцыйнага руху толькі ўмоўна можам уключыць беларускі Бэрлінскі асяродак, які ўзьнік у пачатку Другой Сусьветнай вайны. Газэта „Раніца” сталася органам беларускага эміграцыйнага руху ў Нямеччыне. Праіснавала яна аж да 1945 году й канчаткова сканала амаль разам са сьмерцю гітлераўскага Рэйху.
Можа ўзьнікнуць пытаньне, адкуль узяліся беларусы ў Нямеччыне? Зразумела, што вельмі рознымі былі лёсы, якія прыводзілі ў Нямеччыну асобных беларусаў. Аднак, у асноўным, прынамсі ў 1920‑х гадох, галоўнай прычынай, якая пхала беларусаў у Нямеччыну, была нядоля, безьзямельле й недахоп працы. Практычна, жыхары Савецкай Беларусі, нават калі б гэтага вельмі прагнулі, ня мелі магчымасьці пакінуць савецкую дзяржаву й выехаць у якую-небудзь замежную краіну. Толькі выключна рэдкім савецкім грамадзянам удавалася перасячы дзяржаўную мяжу, дабрацца ў Польшчу, а зь яе ў Нямеччыну, Францыю, ці нейкую іншую заходнеэўрапейскую краіну. Крыху па‑другому выглядалі магчымасьці пераезду на Захад у жыхароў Заходняй Беларусі, альбо ў беларусаў, якія знаходзіліся ў эміграцыі ў Чэхаславаччыне ці на Балканах, хаця і Польшча, і Чэхаславаччына, не гаворачы ўжо пра Баўгарыю ці Югаславію, без энтузіязму глядзелі на спробы беларусаў перасяліцца ў Нямеччыну ці іншыя заходнеэўрапейскія краіны. Нягледзячы на гэта, элемэнтарны дэмакратызм тагачасных капіталістычных краін у цэнтральнаэўрапейскіх дзяржавах, у якіх жылі беларусы, ня ставіў на сваіх межах жалезных заслонаў, падобных да тых, якія ставіў на сваіх межах Савецкі Саюз. Дзякуючы гэтаму, немалая колькасьць беларусаў пранікнула ў Францыю, дзе стварылі яны ўжо ахарактарызаваны грамадзкі, культурны й выдавецка-публіцыстычны рух.
Вяртаючыся да беларускага руху ў Нямеччыне, варта падкрэсьліць, што беларуская эміграцыя ў гэтай краіне выводзілася перадусім з Польшчы, а гаворачы дакладней, з Заходняй Беларусі, якая знаходзілася ў стане глыбокага эканамічнага заняпаду й крызысу, што спрыяла часта адчайным спробам многіх беларусаў пакінуць сваю родную зямлю й шукаць лепшага жыцьця ў Нямеччыне, якая амаль заўсёды характарызавалася эканамічнай дынамікай і хуткімі тэмпамі эканамічнага разьвіцьця. У 1920‑х гадох Нямеччына карысталася параўнаўча шырокімі дэмакратычнымі законамі й правамі, што запэўнівала таксама беларускім эмігрантам адносныя свабоды й досыць вялікія магчымасьці атрыманьня працы як у сельскай гаспадарцы, гэтак і ў прамысловасьці. Такі стан рэчаў дэфінітыўна закончыўся на пачатку 1930‑х гадоў. На жаль, беларускі эміграцыйны рух у Нямеччыне 1920‑х гадоў быў параўнаўча слабым рухам. Не валодаў ён арганізацыйна разьвітымі формамі й ня вёў выдавецкай дзейнасьці. Пэрыяд адноснага лібэралізму й дэмакратыі ў нямецкай дзяржаве закончыўся разам з прыходам да ўлады Гітлера.
На жаль, беларускі прэсавы орган „Раніца” далучыўся да гэбэльсаўскай антыпольскай, антызаходнеэўрапейскай, антыгабрэйскай і антысавецкай прапаганды. Публіцысты „Раніцы” далучыліся да вернападданчых у адносінах да Гітлера пісакаў і ўключыліся ў ганебны хор, які сьпяваў сэрвілістычныя песьні Гітлеру ды славіў пераможную вайну гітлераўскай Нямеччыны з Польшчай, тады, калі ўвесь дэмакратычны сьвет патрактаваў агрэсію Нямеччыны на Польшчу як праяву міжнароднага разбою. У шалёных канцэпцыях фюрэра беларускія публіцысты з „Раніцы” ўбачылі філязофію сусьветнага парадку, які нібы‑та зьвеставаў новую форму дэмакратыі ды свабоды для народаў Эўропы й цэлага сьвету.
„Раніца”, па сутнасьці, далучылася да плеяды гітлераўскіх газэтаў, якія падтрымлівалі й пашыралі ідэю права нямецкай нацыі да апанаваньня новых тэрыторыяў і права дамінацыі немцаў над іншымі народамі.
Адным словам, „Раніца” ад пачатку папала ў хітра застаўленую Гэбэльсам пастку, зь якой увогуле не было выйсьця.
* * *
Беларускі эміграцыйны выдавецкі рух у Нямеччыне разьвіваўся паралельна зь беларускім эміграцыйным і выдавецкім рухам у Францыі. Калі прыгледзімся да грамадзка-палітычнай накіраванасьці гэтых рухаў, дык заўважым у іх пэўныя аналягічныя зьявы, але й зьявы моцна супрацьстаўныя. Аналягізм праяўляўся ў амаль што аднолькавым адмоўным стасунку як беларускіх эмігрантаў у Францыі, так і беларускіх эмігрантаў у Нямеччыне да міжваеннай Польшчы. Як першыя, гэтак і другія ўважалі, што Польшча была краінай з дрэнным дзяржаўным кіраўніцтвам, што не патрапіла ня толькі ліквідаваць, але й абмежаваць беспрацоўя. Урэшце закідалі польскаму ўраду недэмакратычныя мэтады кіраваньня дзяржавай і рэпрэсійныя адносіны да нацыянальных меншасьцяў. Апошнія два закіды былі ў нейкай ступені зразумелыя ў выпадку беларускіх эмігрантаў у Францыі, з увагі на тое, што Францыя была краінай пасьлядоўна дэмакратычнай і лібэральнай. Аднак такія закіды былі неверагоднымі ў вуснах беларускіх эмігрантаў у Нямеччыне, дзе штодзённа й пагалоўна парушаліся асноўныя дэмакратычныя прынцыпы, а нацыянальныя меншасьці стаялі пад пагрозай фізычнай і духоўнай ліквідацыі. У гэтакай сытуацыі не маглі не выклікаць глыбокага абурэньня тыя беларускія публіцысты, якія на старонках „Раніцы” нападалі безьлітосна на Польшчу, а пры гэтым паднімалі пад нябёсы г. зв. дэмакратыю нацыянал-фашыстаў, апантаных дзікімі ідэямі Гітлера ды ягонай злачыннай шайкі.
Беларускія эмігранты ў Францыі ды Нямеччыне па‑рознаму глядзелі на падзеі ў Гішпаніі. Многія беларускія эмігранты ў Францыі, знаходзячыся пад уплывам савецкай прапаганды, завэрбаваліся ў гішпанскую рэспубліканскую армію. Многія зь іх загінулі, змагаючыся з войскамі Франко. Нямала зь іх вярнулася ў Францыю цяжка хворымі й пакалечанымі. Савецкі Саюз павярнуўся да іх плячыма й перастаў цікавіцца іхным лёсам. Беларускія эмігранты ў Бэрліне, апынуўшыся ў сфэры ўплываў гітлераўскае прапаганды, нават калі б гэтага прагнулі, не былі б у стане праявіць салідарнасьці зь гішпанскімі рэспубліканцамі. Публіцысты „Раніцы” дэкляравалі поўнае аднадумства зь гітлераўскай Германіяй, якая падтрымлівала Франко дыпляматычна, фінасава ды зброяй.
Розьніцы паміж беларускімі эмігрантамі ў Францыі ды Нямеччыне выступілі таксама ў трактоўцы Савецкага Саюзу. Беларускія эмігранты ў Францыі на працягу некалькіх гадоў заплюшчвалі вочы й прыкідваліся, што ня бачаць сталінскага тэрору. І толькі ў 1938 годзе пачалі атакаваць бальшавіцкія злачынствы. Беларускія публіцысты ў Нямеччыне, ад пачатку існаваньня „Раніцы”, востра атакавалі праявы сталінскіх зьдзекаў. Аднак іх прапаганда была малапераканаўчай з тае прычыны, што праяўлялі яны поўную сьлепату на праявы гітлераўскага тэрору, які агарнуў Нямеччыну і ўсе акупаваныя немцамі краіны ў Эўропе.
Калі гітлераўская Германія ў чэрвені 1941 году напала на Савецкі Саюз, беларускія публіцысты з „Раніцы” ўключыліся ў хор гітлераўскіх прапагандыстаў і пачалі славіць перамогі гітлераўскае арміі ды зьвеставалі хуткі поўны трыюмф Нямеччыны ў вайне з Савецкім Саюзам. Славілі г. зв. новы парадак, які Гітлер абяцаў цэлай Эўропе, а нават усяму сьвету.
Ацэньваючы сёньня ідэйны напрамак „Раніцы” й палітычнае мысьленьне зьвязаных зь ёю беларускіх публіцыстаў, неабходна памятаць, што мелі яны выключна вузкае поле дзеяньня. Гітлераўскія спэцслужбы пільна сачылі за нацыянальнымі меншасьцямі й эміграцыйнымі групамі, і не магло быць нават гутаркі аб іх свабодным дзеяньні. Несумненна, гестапа засылала ва ўсе гэтыя групы сваіх агентаў і старалася завэрбаваць у сваю агентуру як найбольшую колькасьць чужаземцаў. Завэрбаваныя асобы мусілі дзейнічаць таксама ў беларускім эміграцыйным асяродзьдзі, і яны ў сур’ёзнай ступені акрэсьлівалі накіраванасьць беларускага друкаванага слова. „Раніца” быля зьвязана зь гітлераўскай сыстэмай ня толькі ідэалягічна, але зусім магчыма, што залежала ад яе таксама фінансава й арганізацыйна. Гітлераўцы, знаходзячыся ў апагеі сваіх перамог і заваёваў, не маглі пакінуць па‑за сваёй увагай і сваім уплывам беларусаў на сваёй тэрыторыі, тым болей тады, калі ў акупаванай Беларусі пачаў разьвівацца масавы антыгітлераўскі, а пры гэтым прасавецкі партызанскі рух. У гэтакай сытуацыі гітлераўскія ідэолягі былі схільныя бачыць у кожным беларусе чалавека, заражанага бальшавіцкім сьветапоглядам. Гэтым трэба тлумачыць велізарны націск гітлераўскіх заправілаў на тых беларусаў, якія жылі й дзейнічалі ў Нямеччыне. Сам факт, што ўзьніклая ў 1939 годзе „Раніца” не была зачынена й праіснавала аж да 1945 году, сьведчыў пра тое, што гітлераўцы ацэньвалі яе пазытыўна й лічылі, што гэтая газэта добра служыла іх ідэалягічным і палітычным мэтам.
Адной з найбольш агідных формаў дзейнасьці „Раніцы” й згуртаваных вокал яе беларускіх публіцыстаў і дзеячоў быў іх удзел у антыгабрэйскай татальнай прапагандзе, прадстаўляючай гітлераўскі халакост, накіраваны на поўнае фізычнае вынішчэньне габрэйскай нацыі. Гэты ганебны прапагандысцкі напрамак „Раніцы” невыбачальны, і да сёньня заслугоўвае ён на поўнае асуджэньне з боку ўсіх беларускіх дэмакратычных сілаў.
* * *
Выбух нямецка-савецкай вайны ў чэрвені 1941 году й вялікія перамогі гітлераўскіх арміяў на ўсходнім фронце выклікалі ў асяродзьдзі беларускіх публіцыстаў у Бэрліне вялікі духоўны ўздым. Трэба сказаць, што ў артыткулах гэтага часу на старонках „Раніцы”, хаця й паяўляліся сэрвілістычныя ў адносінах да гітлераўскай Германіі тэндэнцыі, то ўсё ж такі дамінавалі ў іх праявы веры ў тое, што беларусы ў новых умовах здолеюць збудаваць незалежную дзяржаўнасьць.
Публіцысты „Раніцы”, як быццам забыўшы пра тое, што ў 1939 годзе Польшча сталася ахвярай двух агрэсараў – гітлераўцаў і бальшавікоў – пачалі залічаць Савецкі Саюз і Польшчу да той самай катэгорыі ворагаў Беларусі, а гітлераўскую Гермаію трактаваць як вялікага вызваліцеля й прыяцеля беларускага народу. У артыкуле Мы сёньня і заўтра, зьмешчаным у першым нумары „Раніцы” за 1942 год, ананімны аўтар напісаў:
„Тыя, каторыя ішлі з ударнымі клічамі свабоды, аказаліся найвялікшымі ворагамі. Іх дзейнасьць была подлаю і аблуднаю. Яны ўволілі Беларусь ад беларусаў. Адразу зароілася ад польскіх імпэрыялістых, чырвонае і жыдоўскае банды. Ці спярша палякі, ці наступна бальшавікі – усе яны былі аднолькавыя ў сваёй нікчэмнай працы. Розьніца была толькі ў тактычным сэнсі. Яны хацелі перарабіць вольных беларусаў у сваіх слуг і рабоў, каб апрача цяжкое працы і поўгалоднага існаваньня, апрача стандартнае ліхое вопраткі і мейсца да спаньня ў вечным прыгоне і страху, выконваючы згары паложаныя нормы, нічога ня бачылі і не патрабавалі. Гэта была слаўная стаханаўшчына, што манілася ўмацаваць крывавы рэжым і напэўне нічога ня даць народу. Даход з працы вечных рабоў меў ісьці ўсюды, толькі не для гэтых бедных працаўнікоў”[1].
У гэтым жа самым артыкуле аўтар параўноўваў гітлераўскую эпоху да эпохі Напалеона й даваў выраз веры ў тое, што зараз таксама як у напалеонаўскія часы народы прачнуцца да самастойнага нацыянальнага жыцьця.
„Так як эпоха Напалеона – пісаў публіцыст – і яго войнаў прынесла ў сваіх насьледках паўстаньне новага кірунку грамадзкае думкі: нацыяналізму і адраджэньня народаў Заходу, так сучасная нам пара, якую справядліва можна назваць парой Гітлера, у сваіх куды вялікшых ідэёлёгічных разьмерах нясе нацыянальнае адраджэньне ўсёй Эўропе, а мо’ і цэламу сьвету.
...Мы ня можам праспаць гістарычнага момэнту, каторы цэніцца намі на вагу золата. Для нас ясна, што мы павінны стаць на старане нашых нацыянальных ідэалаў у будаваньні новага парадку на нашай Бацькаўшчыне, і ня толькі з моцнымі словамі, але й сілай даказаць, што мы ёсьць народам творчым і разумным. Дзеля гэтага нам трэба сілы, якой патрабуе сёньняшні час і здаровая лёгіка. Трэба як найхутчэйшага выдабыцьця таго духовага і фізычнага патэнцыялу, што мы калісьці мелі.
Мусім перарадзіцца і з новымі ідэаламі ўзяцца да новае працы. На нас глядзяць сёньня і будуць глядзець заўтра, і мы мусім даказаць сваю здольнасьць заняць роўнае месца сярод вольных народаў. Нашым клічам павінна быць: Новая Беларусь – Новая Бацькаўшчына”[2].
У падобным стылі ў гэтым жа нумары „Раніцы” быў утрыманы артыкул пад назовам На парозе новага году, падпісаны крыптанімам Ш.[3]
Аўтар гэтай публікацыі зьвярнуў увагу на тое, што на Беларусі апошнім часам моцна ўзрастае нацыянальная сьвядомасьць. Паводле публіцыста, падчас апошняга перапісу 98% жыхароў вёсак акрэсьлілі сваю нацыянальнасьць як беларускую. Як паведамляе аўтар артыкула, беларуская нацыянальная сьвядомасьць моцна ўзрасла таксама ў гарадох.
„Адначасна з гэтым – напісаў ён – кідаецца ў вочы масавае беларушчаньне гарадоў. На нашых вачах шчазае міт аб іхняй небеларускасьці. Беларускае мяшчанства масава прызнаецца да свёй нацыянальнасьці, дзякуючы чаму ўжо ў цяперашніх умовах, калі ў нашых гарадах ёсьць яшчэ шмат умысна пераселенага на Беларусь польскага і расейскага элемэнту, беларускасьць іх даходзіць ад 51 да 80 %, што ёсьць зусім здавальняючым. Гэткім парадкам беларускі горад побач зь беларускім сялом выходзе на арэну сьвядомага нацыянальнага жыцьця, што ёсьць фактам незвычайнае вагі, бо без беларускага гораду нацыянальнае жыцьцё нашага сяла не магло‑б належна разьвівацца”[4].
У далейшых фрагмэнтах артыкула публіцыст зьвярнуў увагу на аграмаднае значэньне разьвіцьця нацыянальнага школьніцтва.
„Трэцім дадатным зьявішчам у нашым нацыянальным жыцьці ёсьць паўстаньне сапраўды беларускага школьніцтва ў Беларусі. Школаў адчынена тысячы. Наогул школы, з малымі выняткамі, адчыняюцца толькі беларускія. Вельмі важным ёсьць тое, што знайшлася дастатковая колькасьць беларускіх настаўнікаў, якіх патрэбныя былі многія тысячы. Гэтая армія ўзгадавалася ў розных умовах жыцьця і патрэбна будзе значнае працы, каб стапіць яе ў адну цесную беларускую сям’ю, але першы пралом у гэтым кірунку ўжо зроблены”[5].
Наступнай праблемай, на якую зьвярнуў увагу публіцыст „Раніцы”, сталася справа будаваньня беларускай адміністрацыі. На ягоную думку, апанаваныя чужаземным нацыянальным элемэнтам установы на Беларусі як маглі, так тармазілі беларусізацыю краіны. Каб зьмяніць гэты стан рэчаў, трэба збудаваць беларускую нацыянальную адміністрацыю, якая прычыніцца да нацыяналізацыі ўсіх формаў грамадзкага жыцьця. У заканчэньні свайго артыкула публіцыст напісаў:
„Спатыкаючы Новы 1942 год, пад гэтымі варожбамі мы хацелі‑б выказаць пажаданьне, каб ён прынёс нам далейшы ўзрост і скансалідаваньне нашых нацыянальных сілаў, каб у ім беларускае жыцьцё яшчэ мацней запульсавала на ўсіх прасторах любай нам Беларусі. Каб новы народ ні на хвіліну ня стрымаў таго стальнога шагу, зь якім пачаў паход да сваіх высокіх мэтаў у 1941 г.”[6].
* * *
Апрача палітычнай публіцыстыкі, якая найчасьцей была ўтрыманая ў прагітлераўскай інтанацыі, тыднёвік „Раніца” адводзіў істотнае месца культурным і мастацкім праблемам. І так, у першым нумары тыднёвіка быў апублікаваны абшырны артыкул А. Зарэчнага пад назовам Беларускае мастацтва[7]. На пачатку публікацыі журналіст „Раніцы” зьвярнуў увагу на тое, што беларускія творчыя таленты не заўсёды служылі сваёй нацыі, але часта аддавалі свае здольнасьці на карысьць дамінуючых суседніх народаў:
„Ураджайная беларуская зямля – напісаў А. Зарэчны – на вялікіх людзей і на мастакоў думкі, слова, чыну й пачуцьцяў. Доўга служылі яны даўнейшымі далёкімі часамі беларускаму народу, пазьней, калі народ папаў у летаргічны сон, вякамі таленты гэтыя клаліся на службу народаў чужых, суседніх. Аж да сёньняшняга часу сотні найздальнейшых сыноў нашай зямлі «білі чужынцам паклоны ўдол», забываючы аб сваёй роднай Бацькаўшчыне”[8].
Публіцыст „Раніцы” падкрэсьліў, што многія таленавітыя беларусы не разгарнулі свайго таленту, альбо нават і загінулі ў неспрыяльных гістарычных варунках. Пры нагодзе прывёў ён цытату з паэмы Сымон-Музыка Якуба Коласа, у якой пісьменьнік зьвярнуў увагу на горкі лёс многіх таленавітых беларусаў, якія ня толькі не змаглі разьвіць сваіх здольнасьцяў, але й ня здолелі захаваць жыцьця.
Падкрэсьліваючы вялікую разнароднасьць творчых беларускіх талентаў, А. Зарэчны адзначыў:
„Мінулыя нашыя пакаленьні выказалі ўсю глыбіню сваёй мастацкай інтуіцыі. Праявілася яна ў цудоўных казках, песьнях, у мастацкіх тканінах, народнай разьбе, скульптуры. Няма такой галіны народнага жыцьця, у якой не праявілася‑б ахвота аддаць дань мастацкім пачуцьцям. Самым простым рэчам хатняга ўжытку надавалася мастацкая форма ці разьбою, ці арнамэнтам, ці адпаведнаяю мастацкаю формаю”[9].
У далейшых фрагмэнтах сваёй публікацыі аўтар „Раніцы” зьвярнуў увагу на тое, што многія беларускія мастакі савецкай пары, асабліва тыя, якія прапагавалі ў сваёй творчасьці нацыянальную тэматыку, былі асуджаныя на сібірскую ссылку, альбо на сьмерць. Паводле аўтара, многія беларускія абразы ды іншыя мастацкія экспанаты былі вывезеныя зь Беларусі ў суседнія краіны. Нягледзячы на тэрытарыяльную раскіданасьць ды ізаляцыю, беларускія мастакі як у форме, гэтак і ў тэматыцы цягнуцца да роднага:
„З мастакоў Заходняй Беларусі – напісаў А. Зарэчны – яшчэ да вайны выказалі свае здольнасьці Пятро Сяргеевіч, даволі ўжо знаны беларускаму грамадзтву (партрэты, вольныя кампазыцыі, абразы зь гісторыі Беларусі), Міхась Сяўрук, Міхась Чурыла, старэйшага пакаленьня Язэп Драздовіч.
Беларускія землі пад Латвііяй далі вельмі таленавітага мастака Пётра Мірановіча, якога алейныя абразы зь беларускага быту Дзьвіншчыны вельмі ўдалай кампазыцыі й калярыту, знаны многім з выданых Беларускім Студэнцкім Саюзам у Вільні рэпрадукцыяў”[10].
Публіцыст зьвярнуў увагу таксама на тое, што і ў іншых суседзкіх краінах, між іншым, у Польшчы і ў Чэхіі, эфэктна працуюць многія беларускія мастакі. У канцы сваёй публікацыі А. Зарэчны заняўся характарыстыкай беларускага экслібрысу:
„Першыя экслібрысы – напісаў ён – рэзаны некалі ў дрэве, пасьля ў медзі паявіліся ў канцы ХV ст. У Беларусі экслібрысы, хаця існавалі ўжо даўно, але раней былі яны экслібрысамі польскімі. Паходзілі ад спалячаных нашых паноў, або пазьней расейскія з розных царскіх устаноў. Першыя беларускія экслібрысы паявіліся толькі ў канцы ХІХ ст. Нацыянальнае й культурнае адраджэньне ў Беларусі прычынілася да таго, што й кніжным знакам прыдаецца нацыянальная форма ня толькі надпісам, але часта й зьместам, і ідэяй малюнку”[11].
Публіцыст „Раніцы” ілюстраваў свой артыкул чатырма экслібрысамі беларускага мастака Анатоля Тычыны.
Апрача пытаньняў, зьвязаных з жывапісам, графікай і экслібрысамі, час ад часу на старонках „Раніцы” паяўляліся публікацыі, прысьвечаныя беларускай вакальнай культуры, а асабліва постаці вядомага сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага, а таксама жыцьцю й майстэрству беларускага тэатра.
* * *
Пачынаючы ад 5 ліпеня 1942 году, вядомы палітычны дзеяч і выдатны публіцыст Кастусь Езавітаў пачаў зьмяшчаць на старонках „Раніцы” сваё вельмі цікавае дасьледаваньне пад назовам Сяргей Палуян і яго пара.
Сваё эсэ распачаў ён ад наступнага сьцьвярджэньня:
„На 1940-ы год прыпала 50‑годзьдзе з дня народзінаў і 30‑я ўгодкі сьмерці аднаго з гарачых беларускіх патрыётаў, беларускага пісьменьніка Сяргея Палуяна”[12].
У далейшых фрагмэнтах свайго дасьледаваньня публіцыст напісаў, што творчасьць Сяргея Палуяна пакуль што поўнасьцю не сабрана й ня выдадзена, а гэта прыносіць шкоду беларускай літаратуры.
Кастусь Езавітаў заняўся вельмі дакладнай характарыстыкай сямейнага асяродзьдзя Сяргея Палуяна й яго школьных ды ўнівэрсытэцкіх гадоў. Публіцыст зьвярнуў увагу на тое, што ў царскія часы беларускі, ня толькі бедны, але й сярэдне заможны селянін ня быў у стане вучыць сваіх дзяцей, бо кошты гэтакай адукацыі рашуча перарасталі ягоныя фінансавыя магчымасьці. Выключэньнем былі толькі тыя сялянскія сыны, якім удалося паступіць у настаўніцкія сэмінарыі. У гэтакіх школах дзеці сялян браліся царскім урадам на поўнае дзяржаўнае ўтрыманьне. З такіх добрых магчымасьцяў скарысталі, між іншым, Якуб Колас, Язэп Лёсік, Міхась Чарот, Язэп Нёманскі, Уладзімір Дубоўка й Кузьма Чорны.
У „Раніцы” з 12 ліпеня 1942 году Кастусь Езавітаў прадоўжыў сваю публікацыю пра Сяргея Палуяна й яго пару. На гэты раз аўтар дакладна ахарактарызаваў сямейнае асяродзьдзе Сяргея Палуяна, а ў „Раніцы” з 19 ліпеня заняўся першымі кантактамі маладога Палуяна зь беларускімі літаратурнымі помнікамі ХІХ ст., між іншым, Тарасам на Парнасе, творамі Пчолкі: Очерки из жизни белорусской деревни ды Белорусские рассказы.
Езавітаў шырока ахарактарызаваў тое вялікае зацікаўленьне беларусазнаўствам, якое выступала ў латыскім горадзе Мінтава, у якім вучыўся малады Сяргей Палуян.
„Што цікавасьць да жыцьця роднага краю – піша Езавітаў – была ў беларускай вучнёўскай і вучыцельскай грамадзе ў Мінтаве дужа моцнай, відаць ужо з таго, што ў Мінтаве яшчэ ў 1852 г. чыталіся даклады аб беларускай мове, і нават выйшла невялічкая брашура Галаватузава «Заметку о белорусском языке», надрукаваная ў выглядзе Программы для публичного акта в Минтовской гимназии (Мінтава 1852).
Ці дайшлі да мінтаўскіх Беларусаў Дудка беларуская й Смык беларускі Францішка Багушэвіча, Вязынка Лучыны ды палітычная эміграцыйная літаратура, як брашура Драгаманава Пра багацтва ды беднасьць, надрукаваная ў Жэнэве ў 1881 г. – няма пэўных дадзеных, але трэба думаць, што яны былі вядомыя, як магчыма, што былі вядомыя й творы В. Дуніна-Марцінкевіча й «Мужыцкая Праўда» Кастуся Каліноўскага ды літаграфаваны «Гоман». Што датычыцца навуковай літаратуры аб Беларусі й Беларусах, дык яна была ў бібліятэках кожнае гімназіі й кожнае павяовае школы ў г. зв. Заходнім Краю, а знача, і ў Мінтаўскай гімназіі і гарадзкіх вучылішчах. Маглі і вучні, і вучыцялі дастаць такія фундамэнтальныя працы, на якіх узгадавалася ўся сьвядомая беларуская інтэлігенцыя”[13].
Кастусь Езавітаў зьвярнуў увагу на тое, што на працэс нацыянальнага ўсьведамленьня Сяргея Палуяна аказала ўплыў уся тая латыская атмасфэра, якая была насычана ідэаламі нацыянальнага адраджэньня. У далейшым публіцыст „Раніцы” заняўся шляхам Сяргея Палуяна да беларускасьці, на якім не атрымаў ані зразуменьня, ані падтрымкі з боку моцна русыфікаванай сям’і й радні.
„На жаль, духоўныя інтарэсы – піша Езавітаў – чулага, шчырага й цьвёрдага хлапца не знаходзілі ні зразуменьня, ні тым болей спачуваньня ад ягоных сёстраў, дзядзькоў і бацькоў, якія імкнуліся толькі да збудаваньня свайго ўласнага дабрабыту, а ўсе нацыянальна-вызваленчыя ды рэвалюцыйныя ідэі, якімі ахоплена была тады лепшая частка гімназіяльнай, студэнцкай і вучыцельскай моладзі таго часу, уважаліся імі як небясьпечныя й шалёныя летуценьні. Дык ня дзіва, што Сяргей Палуян адчуваў сябе сярод бацькоў і сёстраў дужа блага. Тыя‑ж пільна й спалохана сачылі за кожным словам маладога хлапца, часта назаляючы яму рознымі мяшчанска разумнымі павучэньнямі”[14].
Асабліва вострыя й непрыязныя адносіны былі ў Сяргея Палуяна зь ягоным дзядзькам Сьцяпанам Буханкам, які быў ярым манархістам і надзвычайна дэспатычнага характару чалавекам. Дайшло да таго, што падазроны Сяргей Палуян быў аддадзены ў Мінтаве пад нагляд сваяка, настаўніка Багдановіча, які незаконна праводзіў рэвізіі ў рэчах племяньніка. Калі знайшоў у яго падазроныя паперы, паведаміў зараз жа бацьку аб „неблаганадзёжнасьці” сына. Бацька загадаў Багдановічу забраць сына са школы й прывезьці дадому. Так яно й сталася. Сяргей Палуян апунуўся ў дамашнім арышце. Узьнік востры канфлікт між ім і бацькам, які не хацеў і слухаць аб далейшай навуцы сына. Сяргей аднак аказаўся ня менш цьвёрдым, чым бацька. Скончылася тым, што ўцёк з дому ў Кіеў, дзе экстэрнам вучыўся і ўтрымліваўся з прыватных лекцыяў. Закончыў сярэднюю школу й паступіў ва ўнівэрсытэт. У гэтым часе быў ён поўнасьцю сьвядомым беларусам. Зьвязаўся з украінскімі нацыянальнымі дзеячамі і ўвайшоў у кантакт з „Нашай Нівай”, а ў 1909 годзе ў часе вакацыяў працаваў у рэдакцыі „Нашай Нівы”. Стаўся вядомым аўтарам вельмі каштоўнай публікацыі Лісты з Украіны, а таксама аглядаў беларускае літаратуры. Утрымліваў непасрэдныя кантакты з многімі нашаніўскімі дзеячамі й пісьменьнікамі. У 1910 годзе, даведзены да крайнасьці цяжкімі ўмовамі, скончыў жыцьцё самагубствам. Гэтае трагічнае здарэньне ўскалыхнула такімі пісьменьнікамі, як: Янка Купала, Максім Багдановіч, Цішка Гартны й Ядвігін Ш., якія прысьвяцілі памяці Сяргея Палуяна свае літаратурныя творы.
* * *
У „Раніцы” з 2 жніўня 1942 году паявіўся першы артыкул М. Шкелёнка пад назовам Пэрыядызацыя гісторыі Беларусі. На пачатку публікацыі аўтар выказаўся на тэму пэрыядызацыі гістарычнае мінуўшчыны кожнае нацыі:
„Патрэба дзяленьня гісторыі на пэрыёды адчуваецца ня толькі ў сьветнай, але і ў спэцыяльнай гісторыі аднаго народу, калі толькі разглядаецца даўжэйшы час яго жыцьця. Пэрыёды ў гісторыі – гэта храналёгічныя пласты, выдзеленыя з агульнай масы фактаў, ілюструючыя асобныя этапы эвалюцыі жыцьця народу. Яны зьяўляюцца як‑бы касьцяком, на якім узьнімаецца ўвесь гістарычны будынак. Калі падзел гісторыі на пэрыёды будзе мець заганы, тады ўвесь будынак гісторыі народу будзе абаперты на кволым або фальшывым фундаманце”[15].
У далейшых разважаньнях М. Шкелёнак гаворыць, што дагэтуль у беларусаў выступаў падзел гісторыі на 4 пэрыяды: 1. полацкі – ад ІХ да паловы ХІІ ст., 2. літоўска-беларускі – ад паловы ХІІІ да паловы XIV ст., 3. польскі – ад паловы XIV да XVIII ст., 4. расейскі – ад канца XVIII ст. да вялікай рэвалюцыі. Такога погляду – паводле публіцыста „Раніцы” – прытрымліваўся вядомы беларускі гісторык Усевалад Ігнатоўскі ў сваім Кароткім нарысе гісторыі Беларусі. М. Шкелёнак адзначыў, што гэты погляд не вытрымлівае крытыкі. На думку аўтара артыкула, інтэрпрэтацыйныя клопаты распачынаюцца ўжо пры разглядзе полацкага пэрыяду. Справа ў тым, што Полацкае Княства, хаця й магутнае, то ўсё ж такі ніколі не агарнула сваімі ўплывамі ўсіх беларускіх земляў. У тым самым часе існавала ня меней магутнае Смаленскае Княства, якое аб’ядноўвала вокал сябе ня меншую тэрыторыю, чым Полаччына. Апрача гэтых двух княстваў існавалі такія вялікія структуры, як Турава-Пінскае Княства й Северскае Княства.
Публіцыст „Раніцы” аспрэчвае таксама тэзу Ўсевалада Ігнатоўскага адносна другога пэрыяду ў гісторыі Беларусі, г. зв. літоўска-беларускага. М. Шкелёнак уважае, што Ігнатоўскі пераняў у гэтай справе пагляды чужаземных гісторыкаў. Публіцыст даказвае, што ў Вялікім Княстве Літоўскім жылі апрача ліцьвіноў і беларусаў таксама ўкраінцы. У сувязі з гэтым трэба было б выкарыстоўваць тэрмін Літоўска-Беларуска-Ўкраінскае Княства. Аўтар артыкула даказвае, што Ўсевалад Ігнатоўскі занадта скараціў рамкі другога пэрыяду, зьвязваючы іх з паловай XIV ст. Паводле яго, Вялікае Княства Літоўскае як незалежная дзяржава існавала прынамсі да моманту сьмерці вялікага канцлера Льва Сапегі, які памёр у 1633 годзе. У сувязі з тым, што пара дзейнасьці Льва Сапегі атрымала, як вядома, назоў залатой – у сэнсе росквіту ідэі незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага – дык нельга яе акрэсьліваць як польскі пэрыяд. Ацэньваючы гэтую сытуацыю, Шкелёнак канстатаваў:
„Люблінская вунія, хоць фармальна падкапала аснову самастойнасьці Вялікага Княства, аж да канца XVII ст. ня мела вялікшага значэньня, чымся ўсе папярэднія вуніі, каторыя на дзеле ні ў чым не парушылі фактычнае самастойнасьці Вяікага Княства Літоўскага. З гледзішча тагачасных беларуска-літоўскіх інтарэсаў, усе вуніі з Польшчай разглядаліся як невыгодныя ўмовы з чужым гаспадарствам, выкліканыя вонкавымі абставінамі. Канцом гэтага пэрыяду трэба было‑б лічыць прынамся канец XVII ст., калі незалежнасьць ВКЛ перастае існаваць фактычна”[16].
У далейшых разважаньнях М. Шкелёнак аспрэчыў тэрміны: польскі пэрыяд і расейскі пэрыяд, закідваючы Ўсеваладу Ігнатоўскаму тое, што ў польскім пэрыядзе вялікая частка беларускіх земляў была ўжо апанаваная Масквою. Публіцыст зьвярнуў увагу й на тое, што ў польскім пэрыядзе польская нацыя й польская дзяржава не праявілі амаль ніякага ўплыву на беларускае сялянства й мяшчанства тады, калі амаль поўнасьцю спалянізавалі беларускіх паноў і магнатаў.
Падобная сытуацыя была таксама ў галіне расейскіх уплываў у расейскім пэрыядзе. Зьвярнуў ён увагу на тое, што нават у часе падзелаў Польшчы, калі ўсе беларускія землі ўвайшлі ў склад Расейскае Імпэрыі, на беларускіх тэрыторыях шпарка праводзіўся палянізацыйны працэс.
„Апрача гэтага – піша Шкелёнак – мяжой гэтых двух пэрыядаў ня могуць быць падзелы Польшчы. Значэньне апошніх у беларускай гісторыі ёсьць амаль ніякае. Падзелы Польшчы выклікалі адзіна толькі зьмену валадара, ды павялічылі зьмены ў адміністрацыі, істота‑ж жыцьця беларускага народу асталася тая‑ж самая, што й да падзелаў. Прынамся да 1830 г. і нават да 1863 г. быў загварантаваны расейскімі ўладамі далейшы ўплыў польскае культуры на беларускую шляхту й часткова мяшчанства. Гэты ўплыў асабліва даўся ў знакі за гадоў дзейнасьці Віленскага Ўнівэрсытэту. Толькі пасьля 1863 г. Расея зьвярнула вялікую ўвагу на Беларусь і паступова пачала праводзіць свае ўплывы й змагацца з польскімі. Таму калі‑б трымацца гэтых пэрыёдаў, як польскага й расейскага, дык мяжу між імі трэба было‑б перасунуць на 1863 г.”[17].
Працяг артыкулу М.Шкелёнка быў зьмешчана ў „Раніцы” ад 18 жніўня 1942 году[18]. Тут аўтар ізноў заняўся пэрыядызацыяй, зьвяртаючы ўвагу на тое, што пануючы ў гістарыяграфіі падзел патрабуе прынцыповых пераменаў. Канклюдаваў ён, што нельга трымацца пэрыядызацыі, паводле якой лёсы беларусаў і ліцьвіноў залежалі выключна ад палякаў альбо ад расейцаў.
Адкінуўшы пануючую ў беларускай навуцы пэрыядызацыю Беларусі, публіцыст „Раніцы” запрапанаваў уласны падзел мінуўшчыны краіны:
„Разглядаючы беларускую гаспадарсьцьвенасьць як функцыю шматлікіх дзейнікаў і падчыркнуўшы сувязь эвалюцыі палітычнага, сацыяльнага й культурнага жыцьця беларускага народу з эвалюцыяй яго гаспадарсьцьвенасьці, у гэтай апошняй трэба шукаць асноваў дзеля падзелу на наступныя тры пэрыёды:
1. пэрыёд асобных гаспадарстваў ад ІХ да паловы ХІІІ ст.,
2. пэрыёд суцэльнае гаспадарсцьвенасьці ад паловы ХІІІ да канца XVII ст.
3. пэрыёд упадку беларускай гаспадарсьцьвенасьці ад канца XVII ст. да апошняга часу.
Першыя два пэрыёды абымаюць Беларусь незалежную, з тэй розьніцай, што ў першым пэрыёдзе незалежнасьці беларускага народу існавала пры нястачы суцэльнага гаспадарства”[19].
Характарызуючы першы пэрыяд, М. Шкелёнак выдзяліў тры княствы: Полацкае, Смаленскае й Турава-Пінскае. Падкрэсьліў, што ахоплівалі яны асноўныя беларускія этнічныя землі й праяўлялі схільнасьць да яднаньня, падыктаванага такімі чыньнікамі, як: зьнешняя пагроза, супольная хрысьціянская вера й гандлёвыя адносіны з замежнымі краінамі.
З бліжэй невядомых прычын аўтар да чыньнікаў, спрыяючых еднасьці, не залічыў супольнай для ўсіх княстваў старабеларускай мовы.
У „Раніцы” з 23 жніўня 1942 году М. Шкелёнак зьмясьціў заканчэньне сваёй публікацыі пра пэрыядызацыю гісторыі Беларусі. Аўтар прадоўжыў тут разважаньні пра другі пэрыяд у гісторыі краіны:
„У палове ХІІІ ст. у заходнім куце беларускіх земляў: Наваградчыне, Слонімшчыне, Ваўкавышчыне і Гарадзеншчыне паўстае новы гаспадарсьцьвенны беларускі цэнтр, найменна гаспадарства Міндаўга. Міндаўг, забясьпечыўшыся ўмовамі з крыжакамі і Галіцкай Русьсю ў 60‑х гадох ХІІІ ст., стоячы на чале беларускай дружыны, што рэкрутавалася з пералічаных земляў ды ў якой было шмат зьбеларушчаных або не яцьвягаў, рушыў на заваяваньне Аўкштоты й пасьля Жамойці (дзе жылі цяперашнія ліцьвіны). Упорыстая гэта была барацьба, і, як падае летапісец, Міндаўг, пасьля заваяваньня Аўкштоты й Жамойці быў там забіты”[20].
Паводле публіцыста, справу Міндаўга прадаўжаў ягоны сын Войшалак, які панаваў у Пінску. Князь гэты, паўторна пакарыўшы Аўкштоту й Жамойць, зрокся княскага пасаду й накіраваўся ў манастыр, што значна аслабіла беларускі націск на Жамойць і Аўкштоту.
Пры гэтай нагодзе М. Шкелёнак супрацьстваіўся тэзе аб літоўскай экспансіі на беларускія землі. Публіцыст сьцьвердзіў:
„Трэба адкінуць разьдзьмуханую польскімі гісторыкамі, і прыйманую бескрытычна расейскімі, г.зв. тэорыю літоўскай экспансіі на беларускія землі. Прыняць гэтай тэорыі немагчыма, бо ёй пярэчаць гістарычныя факты. Міндаўг не з Жамойці або Аўкштоты заваёвываў беларускія землі, а наадварот, як прызнае нават Лаўмянскі (Studia nad początkami społeczeństwa i państwa litewskiego), зь беларускіх земляў: Наваградчыны, Слонімшчыны, Ваўкавышчыны ды Гарадзеншчыны, дзе паўстала яго гаспадарства, рушыў на заваяваньне Аўкштоты й Жамойці. Факт, што на тэрыторыі Беларусі зьяўляліся жмудзкія разбойніцкія банды з мэтамі грабежы зусім ня ёсьць доказам літоўскай экспансіі. Магутныя беларускія гарады часта запрашалі на пасад чужынца, аднак гэта ня сьведчыла аб падбою гораду, воласьці, бо гэткі князь залежаў там‑жа ад веча (земства)”[21].
На думку М. Шкелёнка, такім менавіта чынам уфармавалася Вялікае Княства Літоўскае. Да гэтага дзяржаўнага цэнтра далучыліся між іншым: Полаччына, Піншчына, Меншчына, Віцебшчына й многія іншыя. Найдаўжэй бараніла сваю незалежнасьць Смаленшчына, але й яна здалася ў часе панаваньня князя Вітаўта.
Публіцыст „Раніцы” зьвярнуў увагу й на тое, што праявай незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага было пакліканьне ў Наваградку ў 1317 годзе мэтраполіі, якая адрывала рэлігійныя справы Беларусі ад Кіева. У склад ВКЛ увайшлі таксама некаторыя ўкраінскія землі. Сталася гэтак ня ў выніку экспансіі, а толькі з тае прычыны, што гэтыя тэрыторыі былі страшэнна зьнішчаныя й аслабленыя ў выніку татарскіх набегаў.
„Гэткім парадкам – піша Шкелёнак – другі пэрыёд гісторыі Беларусі пачынаецца задзіночаньнем усіх беларускіх земляў даўнейшых княстваў у вадно гаспадарства. Існаваньне гэтай адзінай беларускай гаспадарсьцьвенасьці ёсьць характэрнай адзнакай усяго пэрыёду новае формы гаспадарсьцьвенага жыцьця. Выклікала яна перамены ў сацыяльных і культурных адносінах беларускага народу, раўняючы іх паступова ва ўсім гаспадарсьцьве. Праз увесь час другога пэрыёду Вялікае Княства астаецца беларускім. Беларускія землі твораць велізарную большасьць яго тэрыторыі і ў іх пануе беларуская культура й язык. Існаваньне ў новым гаспадарсьцьве жамойцінаў, аўкштонцаў, украінцаў, каторыя мелі ўсе магчымасьці апрычонага разьвіцьця, не пазбаўляе яго беларускага характару”[22].
У заканчэньні публікацыі аўтар „Раніцы” разгледзеў таксама трэці пэрыяд гісторыі Беларусі. На ягоную думку, у гэтым часе наступіла ўзмоцненая палянізацыйная тэндэнцыя беларускага грамадзтва, якой паддаліся перадусім беларускія магнаты й буйная шляхта. Праявамі павольнага ўпадку незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага й аслабленьня беларускай нацыянальнай тоеснасьці былі чарговыя дзяржаўныя ды рэлігійныя вуніі. Павольнае беларускае адраджэньне М. Шкелёнак зьвязвае з рамантызмам у першай палове ХІХ ст. Адраджэньне гэтае, паводле публіцыста, давяло да акту з 25 сакавіка 1918 году, які паклікаў да жыцьця Беларускую Народную Рэспубліку.
Галоўным недахопам разважаньняў Шкелёнка аб гэтым пэрыядзе ёсьць тое, што абышоў ён поўным маўчаньнем нашаніўскую эпоху, якая, як вядома, у значнай ступені прычынілася да адраджэньня беларускай літаратуры, беларускай мовы й беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, безь якіх, праўдападобна, у 1918 годзе ня ўзьнікла б беларуская незалежная дзяржаўнасьць.
[1] Мы сёньня і заўтра, у: „Раніца”, № 1, Бэрлін 1942, с. 2.
[2] Тамсама.
[3] Ш., На парозе новага году, тамсама, с. 1.
[4] Тамсама.
[5] Тамсама.
[6] Тамсама, с. 1.
[7] А. Зарэчны, Беларускае мастацтва, тамсама, с. 3.
[8] Тамсама.
[9] Тамсама.
[10] Тамсама.
[11] Тамсама.
[12] К. Езавітаў, Сяргей Палуян і яго пара, у: „Раніца”, Бэрлін 5 VII 1942, с. 1.
[13] К. Езавітаў, Сяргей Палуян і яго пара, у: „Раніца”, Бэрлін 12 VII 1942, с. 2.
[14] Тамсама, с. 3.
[15] М. Шкелёнак, Пэрыядызацыя гісторыі Беларусі, у: „Раніца”, №№ 29‑30, Бэрлін 2 VIІI 1942, с. 2.
[16] Тамсама.
[17] Тамсама.
[18] М. Шкелёнак, Пэрыядызацыя гісторыі Беларусі, у: „Раніца”, №№ 30-34, Бэрлін 18 VIІI 1942, с. 2.
[19] Тамсама.
[20] Тамсама.
[21] Тамсама.
[22] Тамсама.
Кніга публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Аўтара
|