|
5.
Беларускі эміграцыйны асяродак у Бэрліне
5.2. Першы Ўсебеларускі Кангрэс у асьвятленьні газэты „Раніца”
Сярод вялікіх гістарычных падзеяў, якія аказалі істотны ўплыў на лёсы беларускай нацыі, выдаўцы „Раніцы” адводзілі пачэснае месца Першаму Ўсебеларускаму Кангрэсу. Бадай што найбольш істотнай публікацыяй, прысьвечанай гэтай тэме, быў шматадрэзкавы артыкул Кастуся Езавітава пад назовам У 25‑тыя ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу[1]. Першая частка гэтага артыкула была зьмешчана ў „Раніцы” ад 10 тудзеня 1943 году.
Вядомы дасьледчык гісторыі Беларусі й перадусім знаўца вайсковае праблематыкі Кастусь Езавітаў заняўся характарыстыкай тых падзеяў, якія папярэдзілі й давялі да абвяшчэньня першай незалежнай беларускай дзяржавы, Беларускай Народнай Рэспублікі, 25 сакавіка 1918 году. Паводле Езавітава, вялікай падзеяй, якая будавала дарогу да абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці, быў Першы Ўсебеларускі Кангрэс, пра які публіцыст сказаў наступнае:
„Закончылася чвэрць стагодзьдзя з таго часу, як беларускі народ упершыню пасьля некалькіх стагодзьдзяў заняпаду й чужога панаваньня зноў адкрыта, аб’яднана й сьвядома, як абуджаная нацыя, якая ведае сваю гісторыю, свае правы й абавязкі, падняўся дзеля абароны сваіх нацыянальных правоў і дзеля будаваньня свайго Нацыянальнага Дому, Дому сваёй уласнай дзяржавы”[2].
Аўтар адзначыў, што беларускі адраджэнскі рух існаваў ужо й да 1917 году. Праявіўся ён, між іншым, у рамантычных парывах і пошуках беларускіх фальклярыстаў і пісьменьнікаў зь першае паловы ХІХ ст., ва ўдзеле беларускіх сялян у антыцарскіх паўстаньнях і бунтах, у дзейнаці й публіцыстыцы Кастуся Каліноўскага, у патрыятычных закліках у творах Францішка Багушэвіча. Вялікім крокам наперад у пошуках нацыянальнай тоеснасьці была дзейнасьць Беларускай Сацыялістычнай Грамады – масавай арганізацыі, якая стаяла адназначна на нацыянальным беларускім грунце. Выключную ролю, на думку Кастуся Езавітава, адыгралі першыя масавыя легальныя беларускія газэты: „Наша Доля” й „Наша Ніва” ў Вільні, а таксама суполка „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” ў Пецярбурзе.
„Але ўся гэтая праца – канклюдуе Езавітаў – ахоплівала параўнаўча невялікую колькасьць людзей, і толькі 1917 год даў магчымасьць Беларускаму Руху зрабіцца нарэшце запраўды масавым нацыянальным рухам, які ахапіў усе куткі беларускае зямлі і абяднаў наш народ вокал аднаго кіруючага нацыянальнага цэнтру, які вызналі ўсе беларусы й якому ўсе мы падпарадкаваліся”[3].
Кастусь Езавітаў сьцьвердзіў, што працэс аб’яднаньня, нягледзячы на рэвалюцыйны ўздым, праходзіў нялёгка й нягладка. Узьнік ён у выніку напорыстай працы, а ня ўпаў на беларускія галовы як дар нябёсаў ці лёсу. У 25 ўгодкі Ўсебеларускага Кангрэсу, які адбыўся ў Менску з 5 па 18 сьнежня 1917 году па старому, альбо з 18 па 31 сьнежня па новаму стылю, трэба ўважліва прыгледзецца да ходу падзеяў на Беларусі за час ад канца лютага да канца сьнежня 1917 году, бо гэтыя 10 месяцаў зьяўляюцца павучальнымі, а для маладзейшае генэрацыі амаль зусім невядомымі. Якраз з гэтых няведаў часта бяруцца тыя закіды, якія кіруе маладое пакаленьне беларусаў у адрас старэйшага пакаленнья, якое ў пасыўнасьці старэйшага бачыць прычыну таго, што ня здолела яно замацаваць асноваў і фундамэнту незалежнасьці, як гэта ўдалося некаторым суседнім народам.
Публіцыст уважае, што не заўсёды й ня ўсе памятаюць пра тое, што другая расейская рэвалюцыя разьбіла царскую „турму народаў”, але не зьмяніла псыхікі расейскіх масаў, прывыклых ставіцца з пагардай да нерасейскіх нацыяў. Істотнай была таксама псыхіка многіх паняволеных народаў, якія ў выніку шматвяковай залежнасьці прымірыліся з духоўным рабствам. Закід гэты публіцыст „Раніцы” кіраваў галоўным чынам у адрас беларусаў, якія даўжэй, чым іншыя народы, знаходзіліся ў царскім палоне й прывыклі да нявольніцкага ярма. Доўгі час у Беларусі не было нацыянальнае інтэлігенцыі й нацыянальнае буржуазіі. Ня толькі вялікая вытворчасьць і гандаль, але й рамяство апынуліся ў руках чужынцаў. Іншыя паняволеныя народы, для прыкладу – каўказцы – намнога даўжэй, чым беларусы, жылі ў незалежных варунках, захавалі сваю арыстакратыю, інтэлігенцыю й нацыянальнае духавенства. У лепшай сытуацыі, чым беларусы – на думку К. Езавітава – апынуліся таксама ўкраінцы, бо іх нацыянальнае адраджэньне пачалося намнога раней, чым у беларусаў. А найважнейшае тое, што ўкраінцы, якія жылі пад аўстрыйскім урадам, мелі добра разбудаваныя гаспадарчыя, палітычныя й культурныя арганізацыі ды структуры. На параўнаўча высокім узроўні знаходзілася ў іх нацыянальнае школьніцтва, асьветніцкія ды прафэсійныя арганізацыі. Езавітаў зьвярнуў увагу на велізарнае значэньне дзейнасьці беларускай інтэлігенцыі, засяроджанай вакол „Нашай Нівы”. Паводле публіцыста, спыненьне існаваньня „Нашай Нівы” ў палове 1915 году было вялікім ударам па асяродзьдзі беларускіх нацыянальных дзеячоў, пісьменьнікаў і публіцыстаў.
Вялікія цяжкасьці перажыў таксама беларускі асяродак у Пецярбурзе. Цэнзурныя абмежаваньні, фінансавыя цяжкасьці й мабілізацыя многіх дзеячоў у расейскую армію значна аслабілі дзейнасьць суполкі „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”. У далейшым Езавітаў зьвярнуў увагу на тое, што падзеі, зьвязаныя з вайною, паспрыялі разьвіцьцю нацыянальнага беларускага руху ў Менску, які, як прыфрантовы горад, стаўся цэнтрам многіх тысяч уцекачоў, што ўцяклі з Гарадзеншчыны ды Віленшчыны й апынуліся ў Менску.
Вялікую ролю прыпісаў Езавітаў такім арганізацыям, як: Камітэт Уцекачоў і Камітэт Пацярпеўшым ад Вайны. У гэтай апошняй арганізацыі істотную ролю выконваў Максім Багдановіч, які, кіруючыся выключнай ахвярнасьцю й альтруізмам, перадаваў у сірацінцы пайкі цукру, якія былі неабходныя для ягонага хворага арганізму.
* * *
Аўтар публікацыі Ў 25 угодкі Ўсебеларускага Кангрэсу[4] Кастусь Езавітаў на старонках „Раніцы” з 17 студзеня 1943 году заняўся характарыстыкай тых чужых нацыянальных сіл, якія дзейнічалі ў Беларусі ды супрацьстаўляліся ідэі ейнай незалежнасьці. Публіцыст „Раніцы” зьвярнуў увагу на тое, што антыбеларускія групоўкі часта былі паміж сабою пасвараныя й сканфліктаваныя, аднак калі толькі йшла гутарка аб змаганьні зь беларускім незалежніцкім рухам, усе яны хутка ядналіся й стваралі супольны антыбеларускі фронт. Езавітаў, разглядаючы гэтую праблему, зьвярнуў увагу на тое, што галоўнымі русыфікатарскімі сіламі ў Беларусі была расейская адміністрацыя, расейская армія, расейская царква й расейскае школьніцтва.
„На дапамогу сабе – сьцьвердзіў публіцыст – адміністрацыя мела: паліцыю, жандараў, войска, якога заўсёды многа стаяла на Беларусі, а ў часе вайны, можна сказаць, што Беларусь проста была затоплена расейскім войскам зь ягонымі шматлікімі тылавымі ўстановамі. Нарэшце, хаўрусьнікам расейскае адміністрацыі была праваслаўная царква й расейская школа. На другім месцы стаялі польскія абшарнікі, якія валодалі аграмаднымі абшарамі й ставілі сабе задачу палёнізацыі беларусаў. Іхнім хаўрусьнікам у гэтай справе быў каталіцкі касьцёл, які ўсім католікам – беларусам штодня ўбіваў у голаў, што яны зьяўляюцца палякамі й спавядаюць «польскую веру». Гэтая група пры кожным касьцёле, пад маскай падрыхтоўкі да споведзі, мела фактычна польскія школы... Апроч таго, існавалі польскія школы яшчэ пры маёнтках”[5].
У далейшых разважаньнях Езавітаў зьвярнуў увагу на тое, што таксама габрэі праяўлялі сваю непрыхільнасьць да беларускага адраджэньня.
„Трэцяя, варожая беларускаму руху група – сьцьвердіў Езавітаў – складалася з жыдоў, якія баяліся Беларускага адраджэньня, таму што бачылі ў нарастаючай беларускай нацыянальнай сьвядомасьці пагрозу свайму эканамічнаму панаваньню на Беларусі”[6].
Карыстаючыся вынікамі ўсерасейскага перапісу, праведзенага ў 1897 годзе, публіцыст „Раніцы” прывёў табліцу, зь якой вынікала, што габрэйскае насельніцтва рашуча дамінавала колькасна ня толькі над беларусамі, але й над расейцамі ды палякамі ў такіх гарадох, як Полацак, Дрысна, Віцебск, Барысаў, Лепель, Ворша, Капыль, Горкі, Менск, Чэрвень, Магілёў, Слуцак, Бабруйск, Рагачоў, Мазыр, Рэчыца, Гомель і ў многіх іншых беларускіх гарадох ды мястэчках.
Прыпісваючы габрэям антыбеларускія тэндэнцыі, Кастусь Езавітаў прагнуў, праўдападобна, прыпадабацца немцам, якія ў 1943 годзе вялі страшэнную акцыю зьнішчэньня габрэйскага насельніцтва ва ўсіх акупаваных эўрапейскіх краінах.
Працягваючы сваё эсэ ў „Раніцы” з 24 студзеня 1943 году, Езавітаў заняўся характарыстыкай розных напрамкаў у беларускім нацыянальным руху. Зьвярнуў ён увагу на тое, што аб’яднаны й аднародны беларускі нацыянальны ды грамадзкі рух у нашаніўскі пэрыяд быў уфармаваны Беларускай Сацыялістычнай Грамадой – першай сапраўды нацыянальнай і масавай беларускай партыяй. Вядомы дзеяч, беларускі памешчык Скірмунт, зрабіў многае дзеля таго, каб разьбіць Беларускую Сацыялістычную Грамаду і ўсіх дзеячоў, згуртаваных вакол яе. З гэтай мэтай здамінаваў ён Беларускі Нацыянальны Камітэт і ў канцы быў выбраны яго старшынём. Беларуская Сацыялістычная Грамада, пераканаўшыся аб тым, што Скірмунт абараняў не інтарэсы беларускіх сялян, але стаяў на грунце інтарэсаў памешчыкаў у Беларусі, намагалася склікаць новы зьезд Беларускага Нацыянальнага Камітэту з той мэтай, каб пазбавіць Скірмунта функцыі старшыні. Паводле меркаваньняў К. Езавітава, Скірмунт, пабачыўшы пагрозу для сваіх уплываў, падмовіў такіх беларускіх дзеячоў, як Павел Аляксюк і Лявон Заяц, каб яны дзеля разьбіцьця Беларускай Сацыялістычнай Грамады паклікалі да жыцьця партыю Беларускіх Народных Сацыялістаў. На думку Езавітава, партыя Беларускіх Народных Сацыялістаў, па сутнасьці, жыўцом перапісала праграму Беларускай Сацыялістычнай Грамады, аднак увяла ў яе прапанову, якая датычыла выкупу беларускімі сялянамі панскае зямлі, што перакрэсьлівала ўсялякія шанцы гэтай партыі ў сялянскім беларускім асяродзьдзі. Таму менавіта толькі жменька беларускіх інтэлігентаў далучылася да гэтай палітычнай структуры, якая ня здолела разгарнуць шырэйшую дзейнасьць у сялянскім асяродзьдзі й аказаць які-колечы ўплыў на беларускую вясковую масу.
З усяго сказанага вынікае, што Кастусь Езавітаў досыць непрыхільна ставіўся да тых чужаземных сілаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі й недобразычліва адносіліся да ідэі адраджэньня Беларусі ў форме аўтаноміі альбо поўнага дзяржаўнага сувэрэнітэту. Крытычна глядзеў таксама на беларускія структуры й арганізацыі, якія, не разумеючы пагрозы чужаземнай дамінацыі ў Беларусі, падтрымлівалі расейцаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў, якія жылі на беларускай зямлі.
* * *
Кастусь Езавітаў – аўтар дасьледаваньня У 25 ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу[7], чарговы адрэзак якога быў зьмешчаны ў „Раніцы” з 31 студзеня 1943 году, ахарактарызаваў такія беларускія арганізацыі, як: Хрысьціянская Злучнасьць і Беларуская Сацыялістычная Грамада.
Пішучы пра першую зь іх, публіцыст сьцьвердзіў:
„Ідэёвымі кіраўнікамі гэтае партыі былі ксяндзы Вінцэнт Гадлеўскі й Адам Станкевіч. Гэта была тая самая група, якая ў будучыне аформілася ў партыю Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратыі, а ў рэвалюцыйныя 1917‑1918 гады вуснамі паасобных яе дзеячоў называла сябе іншы раз нават Партыяй Беларускіх Хрысьціянскіх Сацыялістых.
Асноўным недахопам гэтае партыі было тое, што яна ня столькі клапацілася аб тое, каб пашырыць свае ўплывы паміж каталіцкім жыхарствам на Беларусі; каб нацыянальна ўсьвядоміць яго й вырваць с‑пад польскіх уплываў, колькі аб тое, каб мець як найбольшы палітычны ўплыў на ўсю беларускую нацыю й на беларускую нацыянальную палітыку”[8].
У далейшым публіцыст „Раніцы” заўважыў, што ў змаганьні за зьняцьцё Скірмунта з пасады старшыні Беларускага Нацыянальнага Камітэту Хрысьціянская Злучнасьць разам з Партыяй Беларускіх Народных Сацыялістаў падтрымлівала Скірмунта, а Беларуская Сацыялістычная Грамада й беспартыйныя групоўкі выступалі супраць яго. Езавітаў падкрэсьліў, што апанэнтамі Скірмунта й апанэнтамі Беларускай Сацыялістычнай Грамады былі таксама ўсе расейскія ды габрэйскія групоўкі, бо бачылі ў кожнай праяве беларускага руху пагрозу для сваіх нацыянальных і палітычных інтарэсаў.
У далейшых разважаньнях Кастусь Езавітаў заняўся характарыстыкай Беларускай Сацыялістычнай Грамады, даючы ёй вельмі высокую ацэнку:
„Беларуская Сацыялістычная Грамада – напісаў ён – была глыбока народнай і запраўды нацыянальнай беларускай партыяй. У працілегласьць розным рускім партыям, як сацыялісты-рэвалюцыянэры, або як сацыял-дэмакраты, у складзе Беларускай Сацыялістычнай Грамады не было ані аднаго жыда, ці якога іншага небеларуса. Партыя абараняла беларускія нацыянальныя інтарэсы й рашуча разыходзілася з расейскімі сацыялістычнымі партыямі ў сваіх прынцыповых устаноўках”[9].
Езавітаў пераканаўча зьвярнуў увагу на праграмныя разыходжаньні паміж Беларускай Сацыялістычнай Грамадой і расейскімі бальшавікамі ды меншавікамі, а таксама сацыялістамі-рэвалюцыянерамі. Беларуская Сацыялістычная Грамада – паводле публіцыста – не падтрымлівала бальшавіцкае тэзы аб патрэбе клясавай барацьбы, лічачы, што ўся беларуская нацыя складаецца зь сялянства й дробных рамесьнікаў ды рабочых, а паміж гэтымі грамадзкімі клясамі й праслойкамі не магло быць гутаркі пра варожыя інтарэсы ці імкненьні. Беларуская Сацыялістычная Грамада ўважала таксама, што гэтыя тыповыя для Беларусі грамадзкія клясы не павінны былі змагацца таксама зь нешматлікай беларускай інтэлігенцыяй, інтарэсы якой былі згодныя зь інтарэсамі іншых працоўных беларускіх груповак.
Беларуская Сацыялістычная Грамада выказвалася за 8‑гадзінны рабочы дзень, за нацыянальную беларускую школу й за бясплатную памешчыцкую зямлю для беларускіх сялян.
Кастусь Езавітаў адзначыў, што імкненьне Беларускай Сацыялістычнай Грамады да таго, каб беларускі народ стаўся гаспадаром свайго лёсу, выклікала супраціў з боку ўсіх чужых партыяў: расейскіх, польскіх ды габрэйскіх, якія ў праграме Беларускай Сацыялістычнай Грамады ўбачылі пагрозу для сваіх экспансіўных інтарэсаў ды імкненьняў.
Артыкул Кастуся Езавітава з 31 студзеня 1943 году, хаця й закончваўся формулай „працяг будзе”, не паяўляўся на старонках „Раніцы” ад пачатку лютага аж да канца ліпеня 1943 году. Працяг яго быў апублікаваны ў газэце 1 жніўня 1943 году, у якім публіцыст ахарактарызаваў дзейнасьць беларускіх арганізацыяў у пэрыяд Першае Сусьветнае вайны й Лютаўскае рэвалюцыі 1917 году.
На думку Езавітава, у выніку руху расейска-нямецкага фронту з захаду на ўсход Беларусі, многія беларускія дзеячы былі прымушаны пакінуць тэрыторую роднае краіны й пераехаць галоўным чынам у Пецярбург альбо Маскву, дзе яны ўліліся ў склад бежанскіх беларускіх структураў.
„Петраградзкія грамадаўцы гуртаваліся каля Беларускага бежанскага Камітэту, меўшага памешканьне на Знаменскай вуліцы ў доме нр 36 і былі найбольш актыўнай арганізацыяй БСГ ў 1916 і 1917 гадох. На чале Петраградзкай БСГ стаялі старыя беларускія энэргічныя дзеячы, як публіцыст Эдвард Будзька, пісьменьнік Зьмітро Жылуновіч, інжынер-хімік Вацлаў Іваноўскі, горны інжынер Клаўдзюш Душэўскі, філёляг Браніслаў Тарашкевіч, юрыст Язэп Варонка, пісьменьнік Хвёдар Чарнушэвіч, курсістка Палута Бадунова, студэнт Тамаш Грыб і Алесь Чарвякоў.
Ужо ў восені 1916 г. гэтая група спрабавала наладзіць у Петраградзе выпуск сталае беларускае газэты заместа газэты Наша Ніва, якая ў 1915 годзе па заняцьці немцамі гораду Вільні спыніла сваю працу. Стараньнем Э. Будзькі і З. Жылуновіча, 1‑га лістападу 1916 году ў Петраградзе выйшлі былі адразу дзьве беларускія газэты: Дзяньніца (гражданкаю) і Сьветач (лацінкаю), але расейская цэнзура гэтак чаплялася да кожнага артыкулу, гэтак многа выкрэсьлівала набранага матар’ялу й гэтак доўга трымала яго ў сябе, што існаваньне гэтых газэт сталася немагчымым, і на 7‑ым нумары 31 сьнежня 1916 году абедзьве газэты павінны былі спыніцца. Ня дзіва, што якраз гэтая Петраградзкая арганізацыя БСГ ужо ў першыя дні Лютаўскае рэвалюцыі разьвіла найбольш шырокую працу. Яна склікала нарады й сходы, вербавала новых сяброў й ладзіла ў Петраградзе вялікія мітынгі, на якія зьбіраліся тысячамі беларускія рабочыя зь вялікіх петраградзкіх фабрык і заводаў. У траўні 1917 году Петраградзкі Аддзел БСГ налічваў ужо каля 2000 сяброў, якія падзелены былі на чатыры раённыя арганізацыі – Нараўскую, Выбарскую, Васілевастроўскую й Неўскую – са сваймі асобнымі камітэтамі й Агульна-Петраградзкім камітэтам на чале”[10].
* * *
Кастусь Езавітаў на старонках „Раніцы” з 1 жніўня 1943 году прадставіў цікавыя факты, зьвязаныя зь дзейнасьцю Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў Маскве. Публіцыст сьцьвердзіў:
„Добра працавала арганізацыя БСГ у Маскве, дзе на чале яе стаялі публіцыст Алесь Бурбіс, адвакат Алесь Цьвікевіч, дохтар Іван Цьвікевіч, пісьменьнік Язэп Дыла (Назар Бываеўскі), вучыцель Язэп Васілевіч, публіцыст Фёдар Турук і іншыя. Гэтая група гуртавалася каля Беларускага Бежанскага Камітэту і была тэй грамадзкай рашчынай, якая шмат каму з беларускай інтэлігенцыі і рабочых, шмат гадоў працаваўшых у Маскве, прышчапіла першыя пачуцьці і веды нацыянальна-адраджэнчае сьвядомасьці. Гэтым былі пакладзены асновы для далейшага разьвіцьця беларускае грамадзкае працы ў Маскве і для стварэньня тутака цэлага шэрагу беларускіх грамадзкіх арганізацый, як Беларуская Народная грамада, якая потым раскінула сетку сваіх аддзелаў на ўсёй Маскоўшчыне, як Беларуская жалезна-дарожная грамада, Беларускае Культурна-Навуковае Таварыства ды іншыя”[11].
Кастусь Езавітаў адзначыў парадаксальную зьяву, якая праяўлялася ў тым, што параўнаўча малымі дасягненьнямі характарызавалася дзейнасьць БСГ у Менску:
„Менская арганізацыя БСГ працавала пад кіраўніцтвам агранома Аркадзя Смоліча, пісьменьніка Каруся Кастравіцкага (Каганец), чыгуначніка В. Фальскага, пісьменьніка Ўладыслава Голуба (Галубок) і вучыцеля Сымона Рака-Міхалоўскага. Гэтая група вельмі была заклапочана нарастаючымі непаразуменьнямі з Р. Скірмунтам і Беларускім Нацыянальным Камітэтам і старалася як мага хутчэй знайсьці выхад, бо нутраньнія спрэчкі і раскол у той адказны момант мог‑бы зусім загубіць усю Беларускую Адраджэнчую Справу.
Працы гэтай групы шмат шкодзіла тая акалічнасьць, што яна ня мела ўплыву на цантральную менскую беларускую ўстанову, на Беларускі Нацыянальны Камітэт. Справа была ў тым, што хаця‑ж на зьезьдзе 25‑27 сакавіка было выбрана ў БНК з агульнага ліку 18 асобаў аж 12 прадстаўнікоў ад партыі БСГ, але‑ж усе яны па абставінах свае працы былі параскіданыя па ўсёй Расеі, а ў абраны Нацыянальным Камітэтам Прэзыдыюм зь пяці асобаў, якія фактычна вялі ўсю працу ў Менску, увайшоў ад БСГ толькі адзін А. Смоліч, ды і той толькі ў якасьці звычайнага сябры прэзыдыюму.
Па ўсіх буйнейшых гарадох Беларусі, Украіны, Маскоўшчыны і Сібіру былі арганізаваны мяйсцовыя камітэты БСГ і гурткі, або былі прызначаны ўпаўнаважаныя прадстаўнікі.
На працягу ўсёй вясны і лета 1917 году найбольшую вагу ў партыйнай працы БСГ мела Петраградзкая арганізацыя, асабліва‑ж пасьля 2‑га партыйнага зьезду БСГ, які адбыўся ў Петраградзе 4‑6 чэрвеня і які, абраўшы Цэнтральны Камітэт БСГ, даручыў гэтаму Камітэту астацца ў Петраградзе, каб быць бліжэй да Часовага Ўраду Расей і да Цэнтральных партыйных Камітэтаў іншых нацыянальнасьцяў, зь якімі беларусы падтрымоўвалі сталы кантакт і вялі перагаворы”[12].
Падсумоўваючы свае разважаньні пра БСГ, Кастусь Езавітаў канстатаваў:
„Зь ініцыятывы Беларускай Сацыялістычнай Грамады, яе раённых упаўнаважаных і звычайных радавых сяброў партыі, а таксама зь ініцыятывы паасобных беларускіх патрыётаў, не зьвязаных да рэвалюцыі ні зь якой беларускай партыяй, але зразумеўшых канечную патрэбу беларускае самаарганізацыі; ад сярэдзіны сакавіка 1917 году пачалі паўсюдых закладацца беларускія гурткі, камітэты, таварыствы і аб’яднаньні. Пры чым, пад уплывамі арганізацыйнае працы іншых нацыянальнасьцяў, у Беларускі Нацыянальна-Адраджэнчы Рух пачалі ўключацца нават такія беларускія адзінкі, якія перад рэвалюцыяй ставіліся да ідэі Беларускага Адраджэньня даволі варожа.
Пашырэньне сеткі беларускіх нацыянальных арганізацый і ўзрост нацыянальнае сьведамасьці ў масах беларускага народу адбываліся ў рэвалюцыйных умовах са зьдзіўляючай шпаркасьцю й натхнёным уздымам. Вясна 1917 году была запраўднаю Вясною народаў Расеі, і ўсе яны, звольненыя ад жандарскай апекі, з усёю сілаю нацыянальнае потэнцыі, накопленай за час прымусовае бязьдзейнасьці ў складзе Расейскае Імпэрыі ўзяліся за шпаркае будаўніцтва свайго нацыянальнага жыцьця на новых пачатках, на пачатках поўнага нацыянальнага самавызначэньня.
Праца гэтая не была лёгкай, бо ёй насамперш перашкаджалі ўмовы вайны, рэвалюцыі і ўсёагульнага развалу, а па‑другое – сама праца гэтая была новай, ня меўшай сабе гатовых і выпрабаваых прыкладаў. Асабліва цяжка было працаваць беларусам, бо яны, як гэта ўжо падкрэсьлівалася, ня мелі ні гатовага адміністратыўна-грамадзкага апарату на мяйсцох і ў цэнтры, якія адразу‑ж бы ўжо на другі дзень Лютаўскае рэвалюцыі змаглі‑б аўтарытэтна і правамоцна ўзяць на сябе ўсю арганізацыйную працу, ні накопленых для шырокае грамадзкае працы сродкаў, ні нават сваёй прэсы. Аднак вялікія арганізацыйныя цяжкасьці не напалохалі й не астудзілі беларускую грамадзкасьць. Горача і надзвычайна сьпяшаючыся, вяла працу сьвядомая беларуская інтэлігенцыя, рабочыя і сяляне, бо для нас гэтая вясна была ня толькі вясною звальненьня ад царскае ўлады, але і вясною Вялікага Нацыянальнага Абуджэньня нашага народу”[13].
* * *
У артыкуле У 25 ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу[14], зьмешчаным у Раніцы з 28 жніўня 1943 году, Кастусь Езавітаў заняўся настроямі сярод жыхароў Беларусі, а таксама тых беларусаў, якія ў выніку Першай Сусьветнай вайны апынуліся ў глыбіні Расеі. Публіцыст зьвярнуў увагу на тое, што пасьля Лютаўскае рэвалюцыі ўзьнялася высокая хваля беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, якая выявілася, між іншым, у пакліканьні да жыцьця вялікай колькасьці нацыянальных арганізацыяў як у самой Беларусі, так і сярод бежанцаў, а таксама між беларусамі, якія служылі ў шэрагах царскай арміі. Паводле Езавітава, вялікія беларускія масы гарнуліся да актыўных адраджэнскіх дзеяньняў. Галоўныя імкненьні шматлікіх беларускіх дзеячоў найчасьцей грунтаваліся на праграмы Беларускай Сацыялістычнай Грамады, якая цьвёрда стаяла на грунце беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
„Канчатковыя мэты беларускага руху – пісаў К. Езавітаў – фармуляваліся беларускаю грамадзкасьцю й партыяй БСГ у першыя месяцы пасьля лютаўскае рэвалюцыі 1917 году, у поўнай згодзе з 25 гадавой традыцыяй гэтак: Беларусь павінна быць аўтаномнай рэспублікай у складзе Расійскай Федэрацыйнай Рэспублікі; яна павінна мець сваю ўласную беларускую адміністрацыю з беларускай мовай урадаваньня, сваю нацыянальную школу ўсіх ступеняў, да вышэйшай уключна, і сваё нацыянальнае войска ў форме народнае міліцыі.
Дзеля таго, што ўсё гэта ўжо ў першы год вайны было абяцана палякам, а затым у першыя‑ж дні рэвалюцыі ўсё гэта прызнавалася патрэбным даць і фінам, а латышы й армяне ўжо ад 1915 году мелі сваё войска ў форме асобных баталіёнаў, злучаных у брыгады й дывізыі, а ў 1917 годзе атрымалі й сваю адміністрацыю ў краю, дык патрабаваньні беларусаў былі зусім нармальнымі і ні ў якой меры не былі перавышанымі. І калі‑б Расейскі Часовы Ўрад князя Львова быў‑бы больш разумнейшым і гэтыя патрабаваньні беларусаў і ўкраінцаў адразу‑ж прыняў‑бы, дык магчыма, што лёс расейскай рэвалюцыі быў‑бы зусім іншым. Але 1‑шы Часовы Ўрад князя Львова гэтага не зразумеў, а 2‑гі Расейскі Часовы Ўрад ня толькі не задаволіў беларускіх і ўкраінскіх патрэбаў, але, вуснамі свайго гістэрычнага міністра-прэзыдэнта Керэнскага яшчэ й абразіў нацыянальныя пачуцьці беларусаў і ўкраінцаў, зазначыўшы, што «Расія – не этнаграфічны музэй».
Гэткая дурная пазыцыя Часовага Ўраду Расеі вельмі пашкодзіла рэальнай беларускай працы й выклікала цэлы шэраг камлікацый на Беларусі (ды й на Украіне). Партыйныя таварышы міністра-гістэрыка Керэнскага, расейскія эс‑эры, якіх шмат набілася ў розныя прыфрантавыя ўстановы на Беларусі й дзе яны пазанялі кіруючыя пасады, пачалі паход супраць усёй беларускай нацыянальнай працы, агітуючы й супраць аўтаноміі Беларусі, і супраць беларускай мовы, і беларускай школы. Бальшавікі, улічыўшы моц нацыянальных рухаў усіх народаў Расеі, абвясьцілі, што яны вызнаюць права ўсіх народаў на нацыянальнае самавызначэньне, «нават да аддзяленьня ад Расеі ўключна»”[15].
Публіцыст „Раніцы” моцна падкрэсьліў тое, што ўрад Керэнскага й зьвязаныя зь ім рускія дзеячы не праяўлялі ніякага зразуменьня для нацыянальных імкненьняў беларусаў і ўкраінцаў. Такая пастава расейскага ўраду прычынілася, з аднаго боку, да крышталізацыі нацыянальных поглядаў многіх беларусаў, якія ўсё болей разумелі, што трэба браць ва ўласныя рукі лёс беларускага народу. Аднак, з другога боку, уводзіла замяшаньне ў сэрцы й мысьленьне многіх, да канца неакрэсьленых беларускіх дзеячоў.
„У беларускім грамадзтве – канстатаваў Езавітаў – якое ў сакавіку моцна верыла, што ў Расеі наступіла для ўсіх народаў новая эра і што патрабаваньні І‑га Беларускага Зьезду й Беларускага Нацыянальнага Камітэту будуць зараз‑жа задаволены, узьнікла незадавальненьне Часовым Урадам, а разам з тым і некаторае разыходжаньне ў думках аб тым, якім шляхам ісьці далей да зьдзяйсьненьня сваіх нацыянальна-дзяржаўных ідэялаў. У зьвязку з гэтым, на пытаньні: «Што рабіць далей?», «Як ажыцьцёвіць хутчэйшае стварэньне аўтаномнае Беларусі?» – ужо не было аднолькавага адказу ў розных беларускіх арганізацыях і ў паасобных нашых дзеячоў. Новапаўстаўшыя арганізацыі часта вырашалі яго на свой розум, а то й зусім пакідалі адчыненым да вырашэньня на новым Беларускім Зьезьдзе. Ясным было адно, што Часовы Ўрад самахвоць аўтаноміі беларусам ня дасьць і што за свае нацыянальныя правы змушаны будуць змагацца з расейскай дэмакратыяй гэтак‑жа ўпарта, як і з расейскім царскім чынавенствам”[16].
* * *
Кастусь Езавітаў у артыкуле У 25 ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу[17], зьмешчаным у „Раніцы” з 15 жніўня 1943 году, заняўся працэсам нарастаньня сярод беларусаў розных арыентацыяў патрабаваньня аўтаноміі для дзяржаўнага існаваньня Беларусі. Настроі такога тыпу моцна пашырыліся напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дзякуючы гэтаму, галоўная ідэя праграмы Беларускай Сацыялістычнай Грамады ставалася ідэяй паўсюднай як сярод беларусаў, якія жылі на этнічных беларускіх землях, так і сярод тых беларусаў, якія апынуліся ў часе Першай Сусьветнай вайны па‑за межамі Айчыны. Характарызуючы гэты стан рэчаў, публіцыст „Раніцы” напісаў:
„Таму патрабаваньне аўтаноміі для Беларусі было галоўным пунктам палітычнае часткі праграмаў усіх тагачасных беларускіх партый, таварыстваў і хаўрусаў, нават гэткіх, якія складаліся з моцна зрусыфікаванага элемэнту. Вось чаму параграф аб Аўтаномнай Беларускай Рэспубліцы знаходзімо мы ня толькі ў праграме Беларускай Сацыялістычнай Грамады і Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Менску, але і ў статутах: Беларускае Народнае Грамады – у Маскве, Саюзу Беларускага Народу – у Віцебску, Беларускіх Аўтанамістых – у Туркестане, Таварыства Гай – у Адэсе, Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Магілёве, Саюзу Беларускае Дэмакратыі – у Гомелю і ў статутах шматлікіх іншых арганізацыяў.
Зусім інакш было з пытаньнем аб спосабах барацьбы за аўтаномію Беларусі. У той час, калі большасьць БСГ і беларускія арганізацыі ўцекачоў ды беларусы-вайскоўцы былі за тое, каб ісьці той‑жа дарогаю, як ішлі ўкраінцы; фармаваць свае вайсковыя часьці, падцягіваць іх бліжэй да Беларусі й паступова браць у свае рукі ўладу па гарадох і паветах, не чакаючы ласкавага дазволу Часовага Ўраду, – больш стрыманыя й нерашучыя арганізацыі цывільныя прапанавалі йсьці праўным шляхам і падрыхтоўвацца да выбараў у Устаноўчы Сойм, які павінен быў канчаткова вырашыць дзяржаўны лад Расеі. Сярод беларускай інтэлігенцыі панавала яшчэ вера ў «рэвалюцыйную справядлівасьць» і нязломная пашана перад праўнымі нормамі й формамі, якія вымагалі, каб важныя дзяржаўныя акты былі «двухбаковымі», каб яны рабіліся на падставе ўзаемнае згоды абодвых праўна-дзяржаўных чыньнікаў, Беларусі й Расей, а не былі‑б пабудаваны толькі на ініцыятыве саміх беларусаў і не выглядалі‑б з боку юрыдычнага «аднабаковымі».
Вельмі ўскладняла беларускую нацыянальную працу й тое, што Беларускі Нацыянальны Камітэт на чале з Р. Скірмунтам страціў свой аўтарытэт, а да таго‑ж займаў нейкую вельмі невыразную пазыцыю ў справе Беларускіх вайсковых часьцей, нібыта баючыся стварэньня беларускае вайсковае сілы”[18].
У далейшых фрагмэнтах публікацыі Кастусь Езавітаў заняўся характарыстыкай працэсу нарастаньня беларускае нацыянальнае сьвядомасьці сярод беларусаў, якія служылі ў царкай арміі. Галоўнай каштоўнасьцю гэтай часткі публікацыі зьяўляецца тое, што яе аўтар прывёў вялікую колькасьць фактаў і прозьвішчаў беларусаў, якія, служачы ў арміі, разьвівалі актыўную нацыянальную дзейнасьць, кіруючыся ідэяй як найшырэйшага й найглыбейшага адраджэньня Беларусі.
„Першыя гурткі беларусаў-вайскоўцаў – напісаў К. Езавітаў – пачалі закладацца ўжо ў пачатку траўня. Закладалі іх сьвядомыя беларускія рабочыя, якія былі мабілізаваныя ў розныя тэхнічныя вайсковыя часткі, і сьвядомая беларуская інтэлігенцыя, якая таксама апынулася ў арміі ў якасьці вайсковых чыноўнікаў, унтэр-афіцэраў, і афіцэраў. Асабліва энэргічна працавалі змабілізаваныя ў армію беларускія народныя вучыцялі.
З тых вестак, якія ўдалося сабраць дагэтуль аўтару гэтых радкоў вынікае, што 1‑шы гурток беларусаў-вайскоўцаў быў закладзены 8‑га траўня 1917 году ў Рызе малодшым унтэр-афіцэрам 24‑й асобнай тэлеграфнай роты Язэпам Мамонькай. Затым паўсталі паасобныя гурткі пры іншых частках ХІІ арміі на Паўночным фронце, арганізацыяй якіх кіравалі, разам з Я. Мамонькай, паручык Макарэвіч і Якуб Дадон. Амаль адначасова ў Балтыцкім флёце дзейнічаў матрос Васіль Муха, які заклаў арганізацыю Маракоў-беларусаў Балтыцкага флёту, прыцягнуўшы да яе й генэрала Аляксееўскага ў Выбаргу. Сярод беларусаў-вайскоўцаў працаваў падпаручык 2‑га Пулемётнага-запаснога палка Алесь Чарвякоў, сябра Цэнтральнага Камітэту БСГ. На румынскім фронце першыя вайсковыя беларускія гурткі заклалі паручыкі: Антон Баліцкі, Сьцяпан Некрашэвіч і Алесь Кучынскі, якія пазьней арганізавалі моцныя асяродзьдзі беларускага нацыянальнага руху ў Адэсе. На Каўказкім фронце закладаў гурткі паручык Язэп Троська, на Кіеўскім – паручык Канстантын Нор, у 5‑й арміі пад Дзьвінскам дзейнічаў аўтар гэтых радкоў, а на Заходнім фронце: старшы унтэр-афіцэр 24‑га транспарта Сымон Рак-Міхалоўскі, 546(‑га) пяхотнага Волчанскага палка капітан Ярушэвіч, 372‑й Менскай дружыны капітан Адамовіч, 43‑га Сібірскага стралецкага палка Ігнат Дварчанін ды многія іншыя.
Усе гэтыя вайсковыя гурткі паўствалі ў траўні, чэрвені й ліпені месяцы зусім стыхійна, без аніякага кіраўніцтва й дапамогі з боку Беларускага Нацыянальнага Камітэту, а таксама й без належнай сувязі й супрацоўніцтва паміж сабой, абапіраючыся выключна на ініцыятыву й нацыянальнае пачуцьцё паасобных беларускіх афіцэраў і салдат, адчуваўшых і добра разумеўшых неадкладную патрэбу самаарганізацыі ўсіх беларусаў, дзе‑б яны не былі. Прыклад іншых нацыянальнасьцяў, якія раней за беларусаў пачалі гуртаваць сваіх вайскоўцаў у асобныя нацыянальныя аб’яднаньні, таксама даводзіў беларусом-вайскоўцам неабходнасьць нацыянальнае арганізацыі. Вайсковыя гурткі пачалі шукаць сувязі з БСГ і БНК, патрабуючы стварэньня асобнае цэнтральнае арганізацыі, якая аб’яднала‑б усе шматлічныя палкавыя, дружынныя, дывізіённыя й гарнізонныя гурткі ды выдавала‑б для іх сваю беларускую газэту”[19].
Інфармацыі, даныя Кастусём Езавітавым у прыведзеных цытатах зь ягонага артыкула, маюць істотнае значэньне ня толькі для тых навукоўцаў, што цікавяцца мінуўшчынай Беларусі, але й для тых усіх беларусаў, якія шукаюць сёньня для сваіх нацыянальна-адраджэнчых ідэалаў пазытыўных прыкладаў у гісторыі.
* * *
У беларускай эміграцыйнай газэце „Раніца” з 22 жніўня 1943 году Кастусь Езавітаў зьмясьціў працяг свайго гістарычнага эсэ У 25 ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу[20], у якім заняўся адносінамі тагачасных нацыянальных беларускіх арганізацыяў да так істотнай справы, як роля роднае мовы ў розных праявах беларускага жыцьця й асабліва ў разьвіцьці нацыянальнае асьветы. Публіцыст „Раніцы” прывёў шэраг вельмі істотных для гэтай справы фактаў, ілюструючых падыход да нацыянальнае адукацыі з боку беларускіх культурных, грамадзкіх і палітычных груповак:
„Апрача розных тэхнічна-арганізацыйных патрэбаў і пытаньняў аб далейшай трактоўцы ў справе аўтаноміі Беларусі, вымагалі хутчэйшага скліканьня новага беларускага Зьезду й тыя прынцыповыя разыходжаньні, якія паўсталі паміж беларускімі арганізацыямі ў справе пераходу выкладаньня ў школах на беларускую мову, асабліва ў школах сярэдніх і вышэйшых. Частка беларускіх арганізацый ставілася да гэтае справы з рэзэрваю. Гэтак «Саюз Беларускай Дэмакратыі» ў Гомелі, кіраваны П. Коронкевічам і духова падтрыманы акадэмікам-прафэсарам Я. Карскім зьвяртаў увагу на адсутнасьць у той час гатовых падручнікаў для беларускіх і сярэдніх школ, а таму, згаджаючыся на выкладаньне ў беларускай мове ў пачатковай школе, рашуча выказваўся за расейскую мову выкладаньня ў школах сярэдніх і вышэйшых. Гэткую‑ж пазыцыю займаў «Саюз Беларускага Народу» ў Віцебску, кіраваны дохтарам-генэралам Грыгаровічам, публіцыстам-навукоўцам Стукалічам, навукоўцам Бялынецкім-Біруляй, былым земскім начальнікам Палонскім і інжынерам Навіцкім. Арганізацыі гэтыя складаліся з людзей вельмі энэргічных, добра вядомых у сваіх акругах насельніцтву, меўшых адміністрацыйную практыку й высокі інтэлект, дык не лічыцца з імі было немагчымым, і патрэбны быў вялікі такт і ўменьне, каб пераканаць іх у памылковасьці й шкоднасьці занятай імі пазыцыі. На жаль, у нэрвовых абставінах рэвалюцыі нават даволі стрыманыя люді не маглі часам утрымацца ад войстрых слоў”[21].
Другое пытаньне, якім заняўся Кастусь Езавітаў, адносілася да зямельнай праблематыкі, што ад вякоў кранала думкі й сэрцы беларускага насельніцтва, як вядома, у большасьці сялянскага паходжаньня.
„Патрэбным было ўжо – сьцьвердзіў К. Езавітаў – унесьці поўную яснасьць таксама і ў справу хутчэйшае, і пры тым безграшавое, перадачы зямлі сялянству, бо одыёзная асоба й пазыцыя Р.(амана) Скірмунта ў гэтай справе, ды асабліва‑ж цытаваны намі вышэй трэці параграф «Дэклярацыі» БНК, якая ў канцы траўня й на пачатку чэрвеня месяца, праз газэту «Вольная Беларусь», дзе яна была апублікавана ў нумары 2, сталася шырока вядомай беларускаму сялянству й выклікала ў ім агульнае абурэньне. Гэтая‑ж дэклярацыя была спрытна выкарыстаная й ворагамі беларускага Адраджэньня, бо дала ім у рукі моцную зброю для змаганьна супраць БНК і для агітацыі супраць усяго Беларускага Руху, асабліва на сялянскіх Зьездах, як гэта, напрыклад, рабілася на вялікім Зьезьдзе сялян-беларусаў Віцебскае губерні, што скліканы быў 25‑га чэрвеня ў Віцебску «Саюзам Беларускага Народу», ды на Магілёўскім і Менскім губернскіх Зьездах сялянскіх дэпутатаў, дзе прэзыдыюмы Зьездаў, складзеныя з прадстаўнікоў расейскіх сацыялістаў-рэвалюцыянэраў усяляк ганьбілі беларускі рух як памешчыцкую інтрыгу ды палохалі сялян асобай абшарніка Скірмунта”[22].
Урэшце трэцяй праблемай, што знайшлася ў разважаньнях Кастуся Езавітава, была сытуацыя беларускіх бежанцаў, якія ў выніку перамяшчэньня расейска-нямецкага фронту дабравольна альбо пад прымусам перасоўваліся ў глыбіню Расейскай Імпэрыі, пападаючы там у вельмі цяжкія й складаныя абставіны. Аб гэтай, як жа істотнай для таго часу справе, публіцыст „Раніцы” напісаў:
„Надзвычайна балючым і дужа тэрміновым было пытаньне аб паляпшэньні становішча беларускіх уцекачоў. І хаця самі Камітэты імкнуліся ўжо да аб’яднаньня сваёй працы й, з дапамогаю Маскоўскага Беларускага Камітэту Ўцекачоў і «Беларускай Народнай Грамады» ў Маскве склікалі ўжо ў сярэдзіне красавіка ў Маскве І‑шы Зьезд, а ў чэрвені ўцекачоў-беларусаў з усёй Расеі й стварылі Цэнтральны Беларускі Бежанскі Камітэт, з сядзібай у Маскве, аднак‑жа лічба ўцекачоў з Беларусі была настолькі вялікай, а праблема захаваньня на чужыне гэтае масы людзей і арганізацыя звароту іх на Бацькаўшчыну нагэтулькі складанай і важнай, што вырашэньне й зьдзяйсьненьне ўсіх мерапрыемстваў у гэтай справе павінна было быць сканцэнтравана ў руках Цэнтральнай Беларускай Установы ў Краю. Да пытаньня аб рээвакуацыі людзей тутака далучылася яшчэ й пытаньне аб рээвакуацыі ўстаноў, школ, архіваў, розных прадпрыемстваў і іхняе маёмасьці. Усё гэта самім уцекачам і іхнім арганізацыям правесьці было не па сілах.
Нарэшце, патрэбна было спыніць намеры каталіцкага й праваслаўнага духавенства выкарыстаць беларускі рух для сваіх клерыкальных інтарэсаў, бо ўзьнікненьне рэлігійнага антаганізму было‑б непаправімаю шкодаю для беларускага руху й магло‑б зноў расшчапіць наш народ на два варожыя абозы, як гэта было ў мінулым. Дзеля адхіленьня гэтае небясьпекі патрэбна было многа працаваць над нацыянальным усьведамленьнем беларускага духавенства абодвых веравызнаньняў й давесьці ім, што не беларускі народ існуе для рэлігій духоўнікоў, а духоўнікі й веравызнаньні існуюць для народу й павінны дапамагаць нацыянальнаму ўсьведамленьню беларускіх веруючых масаў. Самі духоўнікі беларускія таксама ўжо пачалі варушыцца: 24‑25 траўня адбыўся Зьезд беларускага каталіцкага духавенства ў Менску, а ў палове чэрвеня скліканы быў у Маскве Зьезд праваслаўнага беларускага духавенства, якое стварыла на гэтым Зьезьдзе сваю асобную арганізацыю пад назвай «Саюз беларускага праваслаўнага духавенства»”[23].
* * *
Многія фрагмэнты свайго шматадрэзкавага эсэ пад загалоўкам У 25 ўгодкі Ўсебеларускага Кангрэсу[24] публіцыст эміграцыйнай газэты „Раніца” Кастусь Езавітаў прысьвяціў розным праявам і формам дзейнасьці Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Быў ён выразна захоплены праграмай БСГ і лічыў яе арганізацыяй поўнасьцю адданай беларускім нацыянальным і сацыяльным інтарэсам. У „Раніцы” з 22 жніўня 1943 году Кастусь Езавітаў заняўся IV Зьездам БСГ. Публіцыст зьвярнуў увагу на тыя розьніцы, якія аддзялялі Беларускую Сацыялісычную Грамаду ад Беларускага Нацыянальнага Камітэту на чале з памешчыкам Раманам Скірмунтам. Езавітаў адзначыў, што Беларуская Сацыялістычная Грамада, стоячы пасьлядоўна на дэмакратычным грунце, дамагалася скліканьня чарговага зьезду беларускіх нацыянальных арганізацыяў, бо толькі яны мелі маральнае права вырашыць лёс свайго народу ў пераломны гістарычны пэрыяд.
„У момант найбольшага незадаваленьня – напісаў К. Езавітаў – павольнымі тэмпамі працы Беларускага Нацыянальнага Камітэту й ягоным упартым нежаданьнем склікаць прадстаўнікоў беларускае грамадзкасьці Часовы Цэнтральны Камітэт Беларускай Сацыялістычнай Грамады склікаў у Пецярбургу свой 4‑ты партыйны зьезд. (І‑шы зьезд БСГ адбыўся ў 1903 г., 2‑гі – у студзені 1906 г., 3‑ці – 25 сакавіка 1917 г.) На 4‑ым Зьезьдзе БСГ быў прыняты праект перапрацаванае праграмы БСГ, быў абраны Цэнтральны Камітэт партыі й было ўхвалена дамагацца ад БНК хутчэйшага скліканьня 2‑га Зьезду прадстаўнікоў беларускіх арганізацый для перавыбараў БНК і вырашэньня шэрагу насьпеўшых агульнанацыянальных пытаньняў. Зьезд БСГ меў дужа важнае значэньне для агульнае кансалідацыі беларускіх палітычных сілаў і знайшоў сабе шырокі водгук ува ўсіх беларускіх арганізацыях, высока ўзьняўшы аўтарытэт «грамадоўцаў» і прынятую імі далейшую праграму працы. Добра паставіліся да Зьзеду й іншыя палітычныя партыі Расеі, асабліва‑ж нацыянальныя партыі ўсіх народаў. На Зьезд з прывітаньнямі зьявіліся прадстаўнікі 18 народаў Расеі. Патрабаваньне Зьезду БСГ аб хутчэйшым скліканьні 2‑га Зьезду прадстаўнікоў беларускіх арганізацый цалкам падтрымана ўсімі беларускімі арганізацыямі на мейсцах, а таксама й іхнімі зьездамі. Што тычыцца да вайсковых гурткоў, дык імкнуліся насамперш зьвязацца з БСГ і ўваходзілі ў шэрагі яе сяброў цэлымі арганізацыямі.
Палітычная абстаноўка ў Расеі ў сярэдзіне чэрвеня 1917 году зрабілася дужа складанай. Барацьба Часовага Ўраду з саймі ворагамі справа й зьлева завострывалася, адносіны з нацыянальнымі арганізацыямі народаў Расеі былі сапсуты ўпартым нежаданьнем Часовага Ўраду даць аўтаномію сваім былым «акраінам», сялянства ўсё яшчэ не атрымала прагна чаканай зямлі.
«Сьвята Рэвалюцыі скончылася, наступаюць грозныя дні!» – папераджаў свой народ выдатны ўкраінскі гісторык праф. Міхаіл Грушэўскі, патрабуючы нацыянальнае еднасьці й уважлівасьці да насьпяваючых падзеяў. А падзеі гэтыя ўжо стаялі пры парогу”[25].
Вялікае пазнаўчае значэньне маюць, несумненна, інфармацыі й высновы, зьмешчаныя ў эсэ Кастуся Езавітава ў „Раніцы” з 29 жніўня 1943 году. У гэтым адрэзку свайго дасьледаваньня публіцыст „Раніцы” прывёў цікавыя зьвесткі, зьвязаныя з Другім Зьездам Прадстаўнікоў Беларускіх Арганізацый, які быў праведзены ў Менску.
„2‑гі Зьезд Прадстаўнікоў Беларускіх Арганізацый – напісаў К. Езавітаў – адбыўся ў Менску 8‑12 ліпеня 1917 г., роўна праз тры з паловай месяцы пасьля І‑га Зьезду беларускіх дзеячоў і прадстаўнікоў беларускіх арганізацый. На 2‑гім Зьезьдзе ўжо строга прытрымоўваліся дэлегацкага прынцыпу й ніякіх пэрсанальных запрошаньняў паасобным дзеячом не пасылалася. Паўнапраўнымі ўдзельнікамі Зьезду лічыліся толькі дэлегаваныя ад 62 беларускіх арганізацый афіцыйныя прадстаўнікі, меўшыя пісьмовыя мандаты, а таксама прадстаўнікі беларускіх палітычных партый.
Напярэдадні 2‑га Зьезду адбыліся ў Расеі два вельмі вялікага палітычнага значэньня здарэньні, якія гулкім рэхам разьнесьліся па ўсяму сьвету і надзвычайна моцна ўплылі на далейшыя палітычныя настроі й трыманьне ўсіх нацыянальнасьцяў і палітычных партыяў Расеі.
Папершае, Расейскі Часовы Ўрад пасьля трохтыднёвых хістаньняў і развагаў змушаны быў капітуляваць перад рашучай пазыцыяй Украінскае Рады й 3‑га ліпеня асобнай урадавай дэклярацыяй вызнаў абвешчаную 13‑га чэрвеня «І‑ым Унівэрсалам» аўтаномію Ўкраіны і ейны Ўрад. Для перагавораў з Генэральным Сакратарыятам Украіны была паслана нават у Кіеў асобная дэлегацыя самім міністрам-прэзыдэнтам Керэнскім на чале. Гэта было вялікай перамогай Украінскага Народу й яскравым прыкладам таго, якім шляхам народам Расеі трэба дамагацца зьдзяйсьненьня сваіх праў на нацыянальнае самаазначэньне й палітычную аўтаномію.
Падругое, уступка Часовага Ўраду ўкраінцам, выяўляўшая наступаючую палітычна-вайсковую слабасьць дзяржаўнага апарату Расеі, паддала духу бальшавіком і яны 4‑5 ліпеня распачалі ў Пецярбурзе сваё І‑е няўдалае паўстаньне, якое хутка аднак было пераможанае Часовым Урадам.
Гэтыя два важныя палітычныя здарэньні вельмі моцна паўплывалі на ход рэвалюцыйных падзеяў на Беларусі”[26].
* * *
Аўтар дасьледаваньня У 25 угодкі Усебеларускага Кангрэсу[27] Кастусь Езавітаў у газэце „Раніца” з 12 верасьня 1943 году заняўся шырокай характарыстыкай разьвіцьця ўкраінскага нацыянальнага руху й адносінаў да яго з боку расейскага Часовага Ўраду ды паасобных расейскіх палітычных партыяў у палове 1917 году. Апрача гэтага, даў ён таксама аналіз Другога Зьезду Прадстаўнікоў Беларускіх Арганізацый і Партый. І тут, таксама як і ў ранейшых адрэзках публікацыі, праявіліся непрыхільныя адносіны аўтара да Беларускага Нацыянальнага Камітэту на чале з памешчыкам Раманам Скірмунтам і вельмі адабральна-пахвальная трактоўка дзеяньняў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, якая – паводле Езавітава – і ў сваёй праграме, і ў сваёй дзейнасьці пасьлядоўна кіравалася нацыянальнымі, сацыяльнымі й палітычнымі інтарэсамі ўсяго беларускага народу.
„Адразу‑ж пасьля адкрыцьця працы ІІ Зьезду Прадстаўнікоў Беларускіх Арганізацыяў – піша К. Езавітаў – Раман Скірмунт убачыў, што ўтрымацца на чале Беларускага Нацыянальнага Камітэту яму ня ўдасца, а таму ён адмовіўся ад далейшага выстаўленьня сваёй кандыдатуры, і, каб зламаць лёд агульнага незадаваленьня й выклікаць да сябе прыхільнасьць дэлегатаў, абвесьціў нават, што ён згодзен аддаць зямлю ў сваіх маёнтках беларускаму сялянству, а сам уваходзе ў склад Беларускіх Народных Сацыялістаў. Аднак гэты спозьнены й няшчыры крок ня выклікаў ніякага даверу ў дэлегатаў Зьезду. (І яны не памыліліся, бо абяцанае зямлі беларускаму сялянству Р. Скірмунт так і не аддаў, а ў польскія часы сам сядзеў у сваім аграмадным маёнтку на Палесьсі й аб беларускім руху зусім забыўся.)
Падпіраючы Партыю Народных Сацыялістаў, Р. Скірмунт спадзяваўся, што яму ўдасца прасунуць на сваё месца свайго заступніка й падручнага, адваката Паўла Аляксюка, празь якога ён потым змог‑бы праводзіць свае пляны. Аднак жаданьне беларускага грамадзтва адмежавацца ад Скірмунта й кіраваных ім абшарнікаў было ў той час нагэтулькі вялікім, што ІІ Зьезд ня толькі прыняў адстаўку Скірмунта, але адкінуў і кандыдатуру П. Аляксюка й нават абвесьціў распушчаным увесь Беларускі Нацыянальны Камітэт, заместа якога 10 ліпеня 1917 году быў створаны зусім новы беларускі рэпрэзэнтатыўны орган – «Цэнтральная Рада Беларускіх Арганізацый і Партый».
Як і трэба было чакаць, галоўную кіруючую ролю на ІІ Зьезьдзе мела моцна вырасшая за 4 месяцы рэвалюцыі Беларуская Сацыялістычная Грамада, якая тады ўжо мела аддзелы па ўсёй Расеі й Беларусі, і да якой належала большасьць зьявіўшыхся на Зьезд дэлегатаў. Гэты рост БСГ быў вынікам ня толькі пасьпяховай і энэргічнай працы «грамадаўцаў», але й вынікам масавага імкненьня абуджанага беларускага сялянства, рабочых і народнай інтэлігенцыі да аб’яднаньня каля гэтае нацыянальнае палітычнае арганізацыі, якая сваёй праграмай, працай і пэрсанальным складам цалкам адпавядала‑б сацыяльным патрэбам беларускага народу”[28].
З далейшых фрагмэнтаў дасьледаваньня Кастуся Езавітава даведваемся, што ўдзельнікі Другога Зьезду пастанавілі выбраць Выканаўчы Камітэт Цэнтральнае Рады Беларускіх Арганізацый і Партый. У сувязі з тым, што Беларуская Сацыялістычная Грамада мела рашучую колькасную перавагу на Зьезьдзе й карысталася вялікай падтрымкай у беларускім народзе, заіснавала ўпэўненасьць, што грамадоўцы загорнуць у свае рукі поўную ўладу ў новаствораным органе. Такой разьвязцы пастанавілі супрацьставіцца прысутныя на Зьезьдзе прыхільнікі Рамана Скірмунта.
„На вялікі жаль – піша К. Езавітаў – і на вялікую шкоду для Беларускае Справы, за папярэднія 4 рэвалюцыйныя месяцы псыхіка й прэтэнзіі «скірмунтаўцаў» амаль не зьмяніліся, і яны ўсё яшчэ лічылі, што Беларускі Рух належна накіраваць змогуць толькі яны адны. Таму супярэч прапазыцыі БСГ Партыя Народных Сацыялістаў і Партыя Хрысьціянскіх Дэмакратаў запатрабавалі, каб падзел мейсц у Камітэце быў зроблены на аснове парытэту, ці нач’, каб БСГ, народныя сацыялісты, хрысьціянскія дэмакраты й беспартыйныя атрымалі роўную лічбу мейсцаў для кожнае з гэтых 4‑х фракцыяў. Гэткая прапазыцыя была зусім недарэчнай, а таму БСГ яе адкінула, і, улучыўшы ў свой сьпіс кандыдатаў таксама й па адным прадстаўніку ад 3‑х іншых груп, запрапанавала зрабіць галасавньне цэлым сьпісам адразу. «Скірмунтаўцы» выступілі з пратэстамі й выставілі свой сьпіс. Завязаліся непатрэбныя даўгія спрэчкі, якія знэрвавалі прысутных, занялі амаль два дні й былі яўна разьлічаны на тое, што праз гэтую абструкцыю «скірмунтаўцам» удасца змарыць і збаламуціць прыезджых дэлегатаў, якія сьпяшаліся вярнуцца на мейсца сваёй працы. Аднак абструкцыя «скірмунтаўцаў» не ўдалася. Яны мелі перад сабой ужо не палахлівых мяшчан і шляхцюкоў, залежачых ад панскай ласкі вялікага абшарніка, а новую маладую беларускую інтэлігенцыю, сярод каторай ужо былі людзі, пабываўшыя й на франтах пад агнём. артылерыі, і на розных нарадах, сходах і мітынгах. Таму сталася тое, што й павінна было стацца: беларуская народна-рэвалюцыйная інтэлігенцыя перамагла й правяла свой сьпіс”[29].
У канцы сваёй публікацыі Кастусь Езавітаў канклюдаваў:
„Манаполія Скірмунта й «скірмунтаўшчыны» на рэпрэзэнтацыю Беларускага Народу скончылася. На абарону сваіх інтарэсаў станавіўся сам Беларускі Народ, кіраваны сваёй народнай інтэлігенцыяй. Незадаволеныя «скірмунтаўцы» накінуліся на БСГ, друкуючы ў адзінай тады беларускай газэце «Вольная Беларусь» свае пратэсты супраць БСГ, якая нібыта гвалтавала «меншасьць Зьезду». На заканчэньне яны зажадалі яшчэ й «ляснуць дзьвярыма», а таму Партыя Народных Сацыялістаў у нумары 13 газэты «Вольная Беларусь» апублікавала нават паведамленьне, што яна «адзывае сваіх прадстаўнікоў зь Зьезду, што яна «ня мае магчымасьці браць на сябе часьціну адказнасьці» за тую дарогу, па якой павядзе працу далей Беларуская Сацыялістычная Грамада, а таму яны «пастанавілі давесьці аб гэтым да ведама Беларускага Народу».
Быў гэты выбрык шкодным актам, – піша К. Езавітаў – бо заклікаў фактычна да сабатажу Беларускае Справы толькі таму, што на чале яго станавілася іншая група. Было гэта й зусім «непарлямэнтарна», бо ніколі групы апазыцыйныя не адклікаюць сваіх прадстаўнікоў з парлямэнту толькі таму, што яны страцілі ў ім сваю большасьць, або таму, што яны гэтую большасьць яшчэ не пасьпелі здабыць”[30].
* * *
Як вядома, Першы Ўсебеларускі Кангрэс, які адбыўся ў палове сьнежня 1917 году, быў сілаю разагнаны бальшавікамі, таму што бальшавіцкая партыя баялася, што Кангрэс выкажацца за поўную незалежнасьць Беларусі ды за яе адрыў ад рэвалюцыйнай Расеі.
Такая боязь бальшавікоў, праўдападобна, вынікала зь іх паглыбленай арыентацыі ў настроях сярод дэлегатаў Кангрэсу. Праўда, першыя пастановы Кангрэсу выразна даказвалі пра гатоўнасьць далучэньня Беларусі да рэвалюцыйнай Расеі, аднак далейшыя дэбаты Кангрэсу маглі давесьці да перамены настрояў дэлегатаў, якія, быць можа, змаглі б прыняць канчатковую дэклярацыю аб незалежнасьці Беларусі. І менавіта гэтакая магчымасьць паўплывала на камандаваньне бальшавіцкага гарнізону ў Менску, і яно пастанавіла сілаю разагнаць Кангрэс.
Праўдападобна, аб усім гэтым дэталёва расказаў у сваёй публікацыі Кастусь Езавітаў, які дасканала разьбіраўся ў спэцыфіцы беларускага руху напярэдадні і ў тракце Кастрычніцкай рэвалюцыі. На жаль, няможна ахарактарызаваць далейшых адрэзкаў ягонай публікацыі пад назовам У 25‑тыя ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу з тае прычыны, што ў польскіх бібліятэках не хапае многіх нумароў эміграцыйнай газэты „Раніца”, якая ў 1943 годзе публікавала гістрычныя эсэ К. Езавітава.
Ня ведаючы апошніх адрэзкаў гэтай цікавай публікацыі, можна толькі дадумоўвацца таго, якую інтэрпрэтацыю Кангрэсу даў гэты дасканалы дасьледчык беларускай гісторыі гадоў 1906‑1918.
Аднак ужо на падставе таго, што было даступнае на старонках „Раніцы”, можна сьцьвердзіць, што Кастусь Езавітаў меў моцна паглыбленую арыентацыю ня толькі ў агульных праблемах беларускага нацыянальнага руху, пачынаючы ад першай расейскай рэвалюцыі й канчаючы абвяшчэньнем Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году. Валодаў ён вялікімі ведамі ў шматлікіх дэталях беларускай рэчаіснасьці. Дзякуючы Кастусю Езавітаву, да нашых дзён захаваліся многія факты, прозьвішчы й здарэньні з пераломнага пэрыяду ў гісторыі беларускай нацыянальнасьці. Публіцыст „Раніцы” не абмежаваўся, зрэшты, толькі да беларускай факталёгіі, але паказаў яе на фоне шматлікіх расейскіх, украінскіх і польскіх тагачасных падзеяў.
Кастусь Езавітаў адназначна стаяў на грунце ідэі поўнай незалежнасьці й сувэрэнітэту беларускай дзяржавы. І менавіта з гэтага пункту погляду ацэньваў дзейнасьць розных тагачасных беларускіх арганізацыяў і канкрэтных дзеячоў. Крытэрыі Кастуся Езавітава, стасаваныя дзеля ацэнкі розных праяваў беларускага жыцьця ды беларускіх грамадзкіх і палітычных рухаў, былі вельмі выразныя й адназначныя. Дасьледчык падтрымліваў і атаесамліваўся толькі з тымі ў беларускім руху, хто пазбыўся прыніжанасьці й сэрвілізму ў адносінах да расейцаў ды да іншых суседзяў. Уважаў ён, што на станоўчую ацэнку заслугоўваюць толькі сапраўдныя й пасьлядоўныя змагары за поўную свабоду Беларусі. Зыходзячы з гэтакай пазыцыі, Езавітаў востра атакаваў усіх тых, хто, уключаючыся ў беларускі рух, кіраваўся выключна сваімі інтарэсамі, клапаціўся толькі пра сваю кар’еру ды магчымасьць заняцьця як найлепшай і найболш карыснай пазыцыі ў беларускім жыцьці. З асаблівай варожасьцю Кастусь Езавітаў ставіўся да тых беларускіх дзеячоў, якія ўвесь час аглядаліся на вялікіх суседзяў, стараліся ім дагадзіць і бралі пад увагу інтарэсы не беларускага народу, а толькі інтарэсы экспансыўных суседзяў, якія глядзелі на Беларусь як на тэрыторыю сваіх уплываў. Так, як гэта было на працягу цэлых стагодзьдзяў пакутніцкай гісторыі беларускай нацыі.
Зразумела, што, зыходзячы з такой пазыцыі, Кастусь Езавітаў з асаблівай варожасьцю адносіўся да прадажніцкіх арыентацыяў у беларускім руху, бо бачыў у іх дзейнасьці небясьпеку падпарадкаваньня беларускага руху расейскім інтарэсам. Адмоўна адносіўся таксама да беларускіх памешчыкаў – тыпу Рамана Скірмунта – бо добра ведаў, што такія людзі, нягледзячы на ўсе свае дэклярацыі аб прывязанасьці да беларускага народу, раней ці пазьней здрадзяць яму.
Чытаючы ўважна шматадрэзкавую публікацыю Кастуся Езавітава У 25 ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу, выразна відаць, што яе аўтар у шматколерным беларускім нацыянальным, грамадзкім і палітычным руху на пачатку ХХ ст. бачыў толькі адну арганізацыю. Такой арганізацыяй для яго зьяўлялася Беларуская Сацыялістычная Грамада. Кастусь Езавітаў, несумненна, добра ведаў ня толькі праграму, але таксама й практычную дзейнасьць гэтай дынамічнай беларускай структуры. Няма сумненьняў, што аўтар публікацыі ведаў шматлікіх дзеячоў БСГ. Можна сказаць, што глядзеў ім у вочы, зазіраў у іх сэрцы і глядзеў на іх рукі. Глядзеў і ўсё болей пераконваўся, што мае дачыненьне зь беларускімі патрыётамі, для якіх асноўным заданьнем было ўзьнікненьне беларускай дзяржаўнасьці й вызваленьне адвечнага нявольніка – беларускага селяніна.
Кастусь Езавітаў, так як і галоўныя дзеячы Беларускай Сацыялістычнай Грамады, горача быў перакананы, што Беларусь стаіць перад пераломным момантам і зможа выкарыстаць сытуацыю ды збудаваць незалежную дзяржаву.
[1] К. Езавітаў, У 25‑тыя ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу, у: „Раніца”, Бэрлін 10 I 1943, с. 3.
[2] Тамсама.
[3] Тамсама.
[4] К. Езавітаў, У 25‑тыя ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу, у: „Раніца”, Бэрлін 17 I 1943, с. 3.
[5] Тамсама.
[6] Тамсама.
[7] К. Езавітаў, У 25‑тыя ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу, у: „Раніца”, Бэрлін 31 I 1943, с. 2.
[8] Тамсама.
[9] Тамсама.
[10] Тамсама, с. 4.
[11] К. Езавітаў, У 25‑тыя ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу, у: „Раніца”, Бэрлін 1 VIII 1943, с. 4.
[12] Тамсама.
[13] Тамсама.
[14] К. Езавітаў, У 25‑тыя ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу, у: „Раніца”, Бэрлін 28 VIII 1943, с. 4.
[15] Тамсама.
[16] Тамсама.
[17] К. Езавітаў, У 25‑тыя ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу, у: „Раніца”, Бэрлін 15 VIII 1943, с. 4.
[18] Тамсама.
[19] Тамсама.
[20] К. Езавітаў, У 25‑тыя ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу, у: „Раніца”, Бэрлін 22 VIII 1943, с. 3.
[21] Тамсама.
[22] Тамсама.
[23] Тамсама.
[24] К. Езавітаў, У 25‑тыя ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу, у: „Раніца”, Бэрлін 22 VIII 1943, с. 3-4.
[25] Тамсама.
[26] К. Езавітаў, У 25‑тыя ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу, у: „Раніца”, Бэрлін 29 VIII 1943, с. 3.
[27] К. Езавітаў, У 25‑тыя ўгодкі Усебеларускага Кангрэсу, у: „Раніца”, Бэрлін 12 IХ 1943, с. 3.
[28] Тамсама.
[29] Тамсама.
[30] Тамсама.
Кніга публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Аўтара
|