БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Аляксандар Баршчэўскі, Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць, ч. 1

5. Беларускі эміграцыйны асяродак у Бэрліне

5.3. Другі Ўсебеларускі Кангрэс у інтэрпрэтацыі „Раніцы”

Бэрлінская „Раніца” за 23 ліпеня 1944 году зьмясьціла абшырны артыкул Кастуся Езавітава, які некалькі гадоў раней апублікаваў вялікі цыкл артыкулаў пад назовам У 25 угодкі Усёбе­ла­рускага Кангрэсу. На гэты раз Кастусь Езавітаў зьмясьціў публікацыю пад загалоўкам 2‑гі Усёбеларускі Кангрэс у Менску[1] – (уражаньні й параўнаньні дэлегата), у якой вельмі шырока ахарактарызаваў Кангрэс, які быў праведзены ў Менску 27 чэрвеня 1944 году. На пачатку артыкула Кастусь Езавітаў прыгадаў, што 26 гадоў таму ў Менску быў праве­дзены Першы Ўсебеларускі Кангрэс, які меў аграмаднае гістарычнае значэньне, бо пралажыў дарогу да абвяшчэньня Беларускай Народ­най Рэспублікі. Прыпомніў таксама аб тым, што ў Першым Кангрэсе ўдзель­нічала 1872 дэлегатаў, зь якіх 1167 мела вырашальны голас. Публіцыст „Раніцы” прыгадаў, што Першы Кангрэс быў разагнаны бальшавікамі, якія ўбачылі ў ім канцэнтрацыю беларускіх нацыя­налістычных сілаў. 

Пераходзячы да характарыстыкі Другога Кангрэсу, праве­дзенага пад пратэктаратам гітлераўскіх акупацыйных уладаў, Кастусь Езавітаў напісаў:

„Сёлета 27 чэрвеня праз 26 з паловай гадоў пасьля 1‑га Ўсёбеларускага Кангрэсу адбыўся ў Менску 2‑гі Ўсёбеларускі Кангрэс. Ён быў скліканы сучасным нацыянальна-дзяржаўным прадстаўніцтвам беларускага народу – Беларускаю Цэнтральнаю Радаю ў надзвычай важны й адказны момант беларускай гісто­рыі, калі з усходу на Беларусь пачалі шырокаю лявінаю рухацца мільённыя арміі савецкага войска, распачаўшыя новы наступ на Захад. З усіх акругаў і паветаў Беларусі, а таксама й з‑за межаў яе зьехалася ў Менск 1240 дэ­ле­га­таў, якіх не напалохалі ні бамбардаваньні гораду, ні цяжкасьці падарожжа, ні небясьпека магчымых тэрарыстычных актаў супраць Кангрэсу й ягоных дэлегатаў”[2].

У далейшых частках артыкула Кастусь Езавітаў інфармаваў пра тое, што Другі Кангрэс быў праведзены ў тым жа тэатры, у якім у 1917 годзе адбываўся Кангрэс Першы, і што на гэты раз ахоўвала яго рота Беларускіх Афіцэрскіх Курсаў. Аўтар „Раніцы” паінфарамваў таксама аб тым, што Кангрэс быў скліканы з дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў і што прыехалі на яго дэлегаты з розных куткоў ня толькі Беларусі, але таксама з Рыгі, Вільні, Кэнігсбэргу, Варшавы, Чэскай Прагі й многіх іншых краін. Аўтар паведаміў пра тое, што дэлегаты паклікалі ў Прэзыдыюм чатырох удзельнікаў Першага Кангрэсу з 1917 году. Былі гэта: Радаслаў Астроўскі, Фабіян Ярэміч, Янка Станкевіч і аўтар публікацыі – Кастусь Езавітаў. 

Публіцыст напісаў:

„Першы даклад-справаздачу аб дзейнасьці Беларускай Цэнтральнай Рады за першае паўгоду яе працы зрабіў прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады спадар Радаслаў Астроўскі. Ён асьвят­ліў гісторыю паўстаньня БЦР, якая была паклікана да жыцьця пастановай Генэральнага Камісара Беларусі генэрала Фон Готтбэрга 21 сьнежня 1943 г. і пазнаёміў з сучасным складам Рады ды з праве­дзенай ёю працай. Усіх дэлегатаў найбольш зацікавілі весткі аб беларускіх культурных здабытках і аб ходзе арганізацыі беларускае збройнае сілы, якая налічвае ўжо 80 асобных батальёнаў Беларускае Краёвае Абароны”[3].

У апошнім фрагмэнце сваёй публікацыі Кастусь Езавітаў адзначыў, што Кангрэс прызнаў Беларускую Цэнтральную Раду на чале з Радаславам Астроўскім адзіным прадстаўніцтвам беларускага народу, і што дэлегаты з увагай заслухалі прывітаньні з боку Генэральнага Камісара Беларусі генэрала Фон Готтбэрга, які не прысутнічаў на Кангрэсе толькі з тае прычыны, што быў у службовым ад’езьдзе. Былі заслуханы таксама прывітаньні ад розных беларускіх арганізацыяў і груповак. Прамаўлялі, між іншым, прадстаўнікі бела­рускіх афіцэраў і жаўнераў Беларускае Краёвае Абароны, беларускай інтэлігенцыі, беларускіх сялян, ад Саюзу Беларускай Моладзі, ад мітрапаліта Праваслаўнае Царквы й ад баптыстаў. 

З бліжэй невядомых прычын Кастусь Езавітаў увогуле ня ўспомніў пра тое, што тэрмін скліканьня Другога Кангрэсу быў пада­браны вельмі няўдала. Справа ў тым, што некалькі дзён перад Кангрэсам Чырвоная Армія распачала выдатную вайсковую апэ­ра­цыю пад кодавай назвай Баграціон, у выніку якой нямецкая групоўка Цэнтар пацярпела адно з найбольшых паражэньняў у цэлай гісторыі Вэрмахту. 

На працягу некалькіх дзён Чырвоная Армія заняла Віцебск, Бабруйск, Полацак, а таксама сталіцу Беларусі – Менск. Можна сказаць, што Другі Кангрэс быў праведзены пад акампаніямэнт артылерыйскай і авіяцыйнай кананадаў, адгалосак якіх даходзіў да Менска. Зразумела, што ў такой сытуацыі ўсе дэлегаты Кангрэсу думалі толькі пра адно – як уцячы да сваіх мясцовасьцяў і хатаў. Вядома, што многім зь іх гэта не ўдалося. Не адзін зь іх папаў у рукі савецкіх органаў і страціў жыцьцё альбо быў накіраваны ў Сібір. Варта сказаць і аб тым, што дух сэрвілізму ў адносінах да гітлераўскае Германіі й фюрэра, якім кіраваліся арганізатары Кангрэсу, ня мог задаволіць большасьці дэлегатаў, якія разумелі, што гітлераўская Германія ня можа быць пераможцам у вайне. Нягледзячы на гэта, трэба сказаць, што публікацыя Кастуся Езавітава наогул адзначаецца шырокім факталягізмам і што дзякуючы гэтаму можа трактавацца як істотны дапаможнік ва ўласьцівым разуменьні лёсаў Беларусі ў часе Другой Сусьветнай вайны.

* * *

Са старонак газэты „Раніца” з 25 ліпеня 1944 году даведваемся, што ў тракце Другога Ўсубеларускага Кангрэсу былі заслуханы тры даклады.

Зь першым выступіў прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслаў Астроўскі, які гаварыў пра ўзьнікненьне БЦР і пра формы яе дзейнасьці на тэрыторыі ўсяе этнічнае Беларусі. Другі даклад пад назовам Аб прызнаньні за няважныя ўмоў і пастаноў урадаў СССР і былое Польшчы, якія датычаць Беларусі, яе тэрыторыі й народу пра­чы­таў віцэ-прэзыдэнт БЦР Мікалай Шкелёнак. 

Дакладчык гэты ахарактарызаваў розныя гістарычныя пастановы й акты, якія датычылі беларускай краіны й ейных жыхароў і былі прынятыя не прадстаўнічымі органамі беларускае нацыі, а толькі органамі экспансыўных суседніх краінаў. У канцы прамовы М. Шкелёнак запрапанаваў дэлегатам прыняць прапанову, зьвязаную з прадстаўленай ім праблематыкай. 

Кастусь Езавітаў – аўтар публікацыі на старонках бэрлінскай „Раніцы” – у сувязі з гэтым напісаў: 

„Заслухаўшы рэфэрат спадара Мікалая Шкелёнка аб прызнаньні за няважныя ўмоваў і пастаноў урадаў СССР і былое Польшчы, якія датычаць Беларусі, яе тэрыторыі й народу, 2‑гі Ўсёбеларускі Кангрэс у Менску 27 чэрвеня 1944 г. пастанавіў:

1. Усе ўмовы ці аднабаковыя пастановы ўрадаў СССР ці былое Польшчы, якія датычаць тэрыторыі Беларусі й беларускага народу, як накінуты гвалтам й нязгодны зь ягонай воляй, выказанай ў трэцяй Ўстаўной Грамаце, прызнаць за няважныя. 

2. Асьведчыць, што ані ўрад СССР, ані гэтак званы эміграцыйны польскі ўрад ня маюць права выступаць ад імя беларускага народу, а таму ўсе іхныя асьведчаньні і ўмовы цяпер і ў будучыні, якія датычылі‑б этнаграфічнае тэрыторыі Беларусі, прызнаць за пазбаўленыя праўнай моцы. 

Па заслуханьні дакладу й праекту рэзалюцыі адбылася дыскусія, у часе якой прамоўцы падкрэсьлілі, што беларускі народ ніколі не вызнаваў й не вызнае цяпер ніякіх дагавораў і пастаноў, якія дзялілі‑б ягоную этнаграфічную тэрыторыю, а нацыянальны ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі сваечасова, у 1918‑ым – 1920‑ым і далейшых гадох усе гэты ўмовы й аднастаронныя захопніцкія пастановы апратэс­таваў, дык цяпер і 2‑гі Ўсёбеларускі Кангрэс павінен цалкам далучыцца да гэтых пастановаў, а таксама абвесьціць, што ніякіх падзелаў беларускае зямлі ён не вызнае й на будучыню, а будзе дамагацца цэласьці й непадзельнасьці бацькаўшчыны”[4]. 

З „Раніцы” даведваемся, што на пасяджэньні Кангрэсу, якое пачалося а 16 гадзіне 30 хвілін таго ж 27 чэрвеня 1944 году, дэлегаты заслухалі трэці й апошні даклад Аўгена Калубовіча пад загалоўкам Аб канчальным разрыве Беларусі з бальшавіцкай Масквой і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах. Дакладчык прадставіў розныя аспэкты шматгадовых зьдзекаў бальшавізму над сувэрэнным беларускім народам. 

У гэтым пытаньні Кастусь Езавітаў выказаўся наступным чынам: 

„Заслухаўшы рэфэрат А. Калубовіча Аб канчальным разрыве Беларусі з бальшавіцкай Масквой і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах 2‑гі Ўсёбеларудскі Кангрэс у Менску пастанаўляе: 

1. Прызнаць правільнай і тым самым пацьвердзіць пастанову Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, маючы паўнамоцтвы 1‑га Ўсёбеларускага Кангрэсу 1917 г., 25 сакавіка 1918 г. 3‑ай Устаўной Граматай вырашыла аб канчальным разрыве Беларусі з бальшавіцкай Масквою. 

2. Не прызнаваць накінутай Беларусам Масквою за форму новае беларускае дзяржаўнасьці. 

3. Давесьці да ведама ўсе ўрады сьвету, што ўсялякі голас Масквы ў беларускіх справах павінен уважацца імі ня маючым ніякае праўнае сілы, а твораныя Масквою нібы беларускія ўлады – ня маючымі ніякіх праўных кампэтэнцыяў. 

Па дакладзе адбылася дыскусія, у часе якой прамоўцы, вітаючы прапанаваны праект рэзалюцыі, горача заклікалі бараніць цэласьць, непа­дзельнасьць і незалежнасьць Беларусі ад усіх ворагаў, якія хацелі‑б Бела­русь падзяліць і паняволіць. Працу ў вабароне Беларусі павінна весьці Беларуская Цэнтральная Рада, абапіраючыся на волю бела­рус­ка­га народу, які рэпрэзэн­туюць дэлегаты 2‑га Ўсёбеларускага Кангрэсу”[5].

Дзякуючы справаздачы Кастуся Езавітава, даведваемся аб галоўных напрамках прадстаўленых на Кангрэсе дакладаў і аб характары прынятых рэзалюцыяў. 

* * *

Удзельнік Першага й Другога Ўсебеларускіх Кангрэсаў Кастусь Езавітаў у апошнім адрэзку сваёй публікацыі, зьмешчаным у „Раніцы” з 23 ліпеня 1944 году, напісаў:

„2‑гі Ўсёбеларускі Кангрэс, сабраўшыся ў Менску праз чвэрць стагодзьдзя пасьля 1‑га Ўсёбеларускага Кангрэсу й заслухаўшы дакла­ды аб падзеях на Беларусі ў міжчасьсе, паміж абодвыма Кангрэсамі, аднагалосна пастанавіў: 

1. Вызнаць правільнай і зноў пацьвердзіць гістарычную пастанову Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, маючы паўнамоцтвы 1‑га Ўсёбеларускага Кангрэсу 1917 году, на сваім сходзе 25 сакавіка 1918 году ўрачыста 3‑ай Устаўной Граматай вырашыла аб канчальным разрыве Беларусі з бальшавіцкай Масквой і Расейскай дзяржавай ва ўсялякіх яе формах. 

2. Пацьвердзіць, што беларускі народ ніколі не прызнаваў, не прызнае цяпер і не прызнае ў будучыні за форму свае дзяржаўнасьці накінуты яму маскоўскімі захопнікамі формы БССР. 

3. Паведаміць усе ўрады й народы сьвету, што ўсялякі голас Масквы й СССР у беларускіх справах ня мае ніякае праўнае сілы, а ўсе твораныя Масквой нібыта беларускія ўрады – ня маюць ніякіх праўных кампэтэнцыяў, бо не вызнаюцца беларускім народам. Таму ўсе ўмовы ці паасобныя пастановы ўраду СССР, былое Польшчы й сучаснага г. зв. эміграцыйнага ўраду Польшчы, якія датычаць тэрыторыі Беларусі й беларускага народу, і якія былі зроблены раней або будуць зроблены ў будучыне – 2‑гі Ўсёбеларускі Кангрэс абвяшчае ня маючымі ніякае праўнае сілы, як ня будуць мець сілы і ўсякія іншыя магчымыя спробы падзелу Беларусі з боку іншых дзяржаваў і народаў. 

4. Адзіным праўным прадстаўніком беларускага народу й ягонага краю зьяўляецца сяньня Беларуская Цэнтральная Рада з прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім на чале. 

Прынята й апублікована ў Менску 27 чэрвеня 1944 г.”[6].

З далейшых фрагмэнтаў публікацыі Кастуся Езавітава давед­ваемся, што вышэй прыведзеная рэзалюцыя была прынятая дэлега­тамі аднагалосна, а Радаслаў Астроўскі падзякаваў усім дэлегатам і выявіў перакананьне адносна таго, што пастановы Кангрэсу будуць акрэсьліваць сытуацыю ў Беларусі на працягу многіх далейшых гадоў. У канцы Радаслаў Астроўскі папрасіў у дэлегатаў дазволу на высылку прывітальнай тэлеграму Адольфу Гітлеру, што, паводле Кастуся Езавітава, было прынята дэлегатамі бурнымі апладысмэнтамі. Кангрэс закончыўся адсьпяваньнем дэлегатамі беларускага й нямец­кага гімнаў. 

Увесь трагізм Другога Ўсебеларускага Кангрэсу палягаў у тым, што ягоныя арганізатары і ўдзельнікі ўсё яшчэ наіўна верылі ў перамогу гітлераўскае Германіі, а таксама, што гэтая Германія дазволіць бела­рус­каму народу стварыць незалежную дзяржаву. 

Трагізм Кангрэсу паглыбляўся й тым, што тады, калі ён адбываўся, Чырвоная Армія ахоплівала з усіх бакоў Менск і ўжо 2 ліпеня 1944 году поўнасьцю яго ачысьціла ад войскаў гітлераўскае Нямеччыны. 

У сувязі з тым, што ў тракце Кангрэсу Чырвоная Армія заняла ўжо ўсе ўсходнія раёны Беларусі, дэлегаты на Кангрэс з гэтых раёнаў ня мелі ніякай магчымасьці вярнуцца ў свае мясцовасьці й да сваіх сем’яў. Калі каму-небудзь зь іх гэта ўдалося, дык, несумненна, пагражаў яму арышт, расстрэл, а ў найлепшым выпадку – высылка ў Сібір. 

Аўтар публікацыі – Кастусь Езавітаў, на жаль, не сказаў пра гэта ніводным словам. Выклікае гэта зьдзіўленьне тым болей, калі ўзяць пад увагу факт, што артыкул быў апублікаваны 23 ліпеня 1944 году, і Савецкая Армія ў гэтым часе заняла цэлую Беларусь ды падыходзіла да Беластоку. 

Зразумела, што нам сёньня цяжка меркаваць аб тых падзеях, якія мелі месца ў чэрвені 1944 году. Аднак здаецца, што, нягледзячы на ўсю суровасьць гітлераўскае сыстэмы, і ўдзельнікі Кангрэсу, і асабліва Кастусь Езавітаў пры ўсім сваім палымяным антыбаль­шавізьме маглі б прынамсі часткова дыстансавацца ад Адольфа Гітлера й ад фашысцкага гітлераўскага Рэйху, які ў гэтым часе пераўтвараўся ў гістарычную руіну.

На жаль, эміграцыйная „Раніца” не праявіла ніякага аб’екты­візму ў ацэнцы гітлераўскае Германіі. Наадварот, праявіла ўсебаковы сэрвілізм у адноснах да Адольфа Гітлера ў сувязі з замахам на ягонае жыцьцё, сарганізаваным групай нямецкіх афіцэраў 20 ліпеня 1944 году.

Эміграцыйная „Раніца” апублікавала цэлы шэраг артыкулаў пад такімі назовамі, як: Няўданы злачынны замах на фюрэра, Перад судом народу, Прысуд Народнага Трыбуналу, Справядлівае абурэньне ўсёй Эўропы. У публікацыях гэтых, з аднаго боку, аўтары праяўлялі гарачую прывязанасьць да Гітлера, а з другога, выяўлялі радасьць з прычыны прысуду ўсіх удзельнікаў замаху на сьмерць. 

У істоце, Другі Ўсебеларускі Кангрэс быў кангрэсам палітычных банкрутаў. Праявілася гэта, між іншым, у тым, што Беларуская Цэнтральная Рада пераехала з тэрыторыі роднай краіны ў сталіцу гітлераўскае Германіі – Бэрлін. Сэрвілізм у адносінах да гітлераўскае сыстэмы найбольш вымоўна праявіўся ў заяве прэзыдэнта БЦР Радаслава Астроўскага, якая заканчвалася наступнымі словамі: 

„Сьмерць бальшавізму! 
Няхай жыве вольная й незалежная Беларусь!
Няхай жыве вялікі правадыр Нямеччыны Адольф Гітлер!

Бэрлін, 22 ліпеня 1944 г.”[7].

Была гэта, у істоце, лебядзіная перадсьмяротная песьня беларускага прагітлераўскага руху. Нягледзячы на ўсю аднаба­ковасьць і тэндэнцыйнасьць публікацыі Кастуся Езавітава, зьяўляецца яна гістарычным дакумэнтам, які мае істотнае значэньне для працэсу пазнаньня праўды аб беларускай мінуўшчыне.


[1] К. Езавітаў, 2‑гі Усёбеларускі Кангрэс, „Раніца”, Бэрлін 12 IХ 1943, с. 3.

[2] Тамсама.

[3] Тамсама.

[4] К. Езавітаў, Рэзалюцыі Усёбеларускага Кангрэсу, у: „Раніца”, Бэрлін 25 VІІ 1944, с. 2.

[5] Тамсама, с. 3.

[6] К. Езавітаў, Пастановы ІІ Усёбеларускага Кангрэсу, у: „Раніца”, Бэрлін 23 VІІ 1944, с. 4.

[7] Тамсама, с. 4.


Кніга публікуецца на сайце з ласкавай згоды Аўтара

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster