БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Аляксандар Баршчэўскі, Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць, ч. 1

5. Беларускі эміграцыйны асяродак у Бэрліне

5. 4. Гістарычная й сучасная нацыянальна-культурная рэчаіснасьць на старонках „Раніцы”

А. Беларусь паміж Захадам і Ўсходам

Газэта „Раніца” займалася, між іншым, роляй Беларусі як творчага чыньніка ў адносінах паміж Захадам і Ўсходам. Публіцыстам, які асабліва інтэнсыўна цікавіўся гэтым пытаньнем, быў А. Горны. На жаль, ня ведаем, ці маем тут дачыненьне з сапраўдным прозьвішчам, ці з псэўданімам. А. Горны ў „Раніцы” за 1942 год зьмясьціў шэраг артыкулаў пад назовам На Захад і Ўсход, у якіх заняўся рознымі аспэктамі культу­ра­твор­чай ролі Беларусі ў яе суадносінах з суседнімі краінамі й народамі. 

Публіцыст „Раніцы” ў сваіх артыкулах выступіў з тэзай аб тым, што на працягу доўгіх гістарычных пэрыядаў Заходняя Эўропа дамінавала ў навуковым і культурным аспэкце над Эўропай Усходняй. У гэтакай сытуацыі Беларусь, як і іншыя ўсходнія краіны, карысталася навуковымі, асьветніцкімі й культурнымі дасягненьнямі заходне­эўра­пейскіх народаў. Аўтар з гонарам падкрэсьліваў тое, што беларусы з часоў Вялікага Княства Літоўскага стараліся шырока карыстацца дасягненьнямі Заходняй Эўропы ў такіх галінах, як магдэбурскае права, заканадаўства, друкарства, асьвета й іншыя. 

Бадай што найпрыгажэйшым прыкладам гэтакай паставы беларусаў пэрыяду Рэнэсансу быў Францішак Скарына, які многія гады свайго жыцьця прысьвяціў справе вывучэньня такіх галін ведаў, як: філя­зо­фія, рэлігіязнаўства, друкарства, мэдыцына, замежныя мовы. 

Цікавым прыкладам творчага выкарыстаньня беларусамі заход­няга заканадаўства можа быць дзейнасьць вялікай плеяды грамадзян Вялкага Княства Літоўскага, якія на працягу многіх гадоў працавалі над падрыхтоўкай трох рэдакцыяў Статута ВКЛ, які, як вядома, быў надрукаваны на старабеларускай мове. 

А. Горны прадставіў беларусаў ня толькі як пераймальнікаў заходнеэўрапейскіх дасягненьняў, але таксама зьвярнуў увагу на іх вялікі ўплыў у галіне разьвіцьця асьветы, навукі й друкарства ў такіх дзяржавах, як Расея ды Ўкраіна. 

У гэтакіх умовах беларусы былі ня толькі вучнямі, але таксама настаўнікамі, якія веды, атрыманыя на Захадзе, ахвотна перадавалі тым народам, што стаялі ў той час на ніжэйшым інтэлектуальным і культур­ным узроўні, чым беларусы. 

Наступным пытаньнем, якое атрымала пашыраную характа­рыс­тыку ў публікацыях А. Горнага, было ўзьдзеяньне беларускай народнай творчасьці й беларускай фантастыкі ды абраднасьці на польскую рамантычную літаратуру. У артыкуле На Захад і Ўсход[1] з 6 сьнежня 1942 году А. Горны напісаў:

„Трэба яшчэ падчырнкуць, што калі польскі рамантызм зьвярнуўся па жыцьцёвыя сокі да народнай творчасьці, дык зьвярнуўся не да сваёй польскай народнай вуснай творчасьці, а перадусім да нашай. Таму нашыя землі сталіся буйнаю калыскаю польскага рамантызму, таму тут філёматы й філярэты зьбіралі вартасьці народнага мастацтва. Міцкевіч да сваёй Марылі пяяў сэнтымэнтальную песьню беларускага народу «Ой ляцела цяцера...» Прыяцель Міцкевіча Чачот стаўся старанным зьбіральнікам беларускай народнай твор­часьці й менш удалым яе насьлядавальнікам. 

Чаму так сталася? Як падаюць самі Палякі, польская народная твор­часьць у прыраўнаньні да беларускай, вельмі бедная. Толькі нэоромантыкі «Mło­dej Polski» пазьней спрабавалі на ёй абаперціся; рамантыкі‑ж першай палавіны ХІХ стагодзьдзя ёю зганьбавалі. 

Некаторыя польскія вучоныя пробуюць тлумачыць беднасьць польскай народнай творчасьці цяжкім прыгонам, які пераносіў польскі народ. Але Паляк Брукнэр ужо кажа, што гэта няпраўда, бо й беларускі народ перажыў не лягчэйшую паншчыну пад сваім спалячэлым баярствам. 

Прыгонная няволя нават да пэўнай меры паглыбіла мастацкую экспрэсію беларускай народнай творчасьці, дала беларускай народнай песпьні задумную псыхолёгічную глыбіню й павагу. 

Прычына тут можа ляжаць толькі ў нацыянальнай розьніцы духовай народнай структуры, у яе багацьці і яе тых ці іншых асаблі­васьцях. Толькі так можна зразумець, чаму выпаласканая й бедная як мазурская зямля душа Мазура ніколі ня зможа даць нешта так мастацка вартаснае, як багатая народная творчасьць беларускага селяніна”[2].

У далейшых фрагмэнтах сваёй публікацыі аўтар „Раніцы” заняўся паглыбленай характарыстыкай беларускіх культурных і інтэлектуальных узьдзеяньняў на Ўсход, а гаворачы больш канкрэтна, на Расею й Маскву:

„Моцныя беларускія культурныя ўплывы на Расею (ранейшую Маскву) пашыраліся здаўна аж да канца XVIII ст., аля наймагутней яны праявіліся ў XVI‑XVII вякох. Беларусь перажывае тады залатую пару свайго культурнага росквіту. Таксама толькі праз Беларусь дастаюцца ў Маскоўскае гаспадарства ўсе культурныя й тэхнічныя здабычы Захаду, а між імі і геніяльны вынаход Гутэнбэрга – друкарства заносяць туды першыя Беларусы. Культурны ровень Масквы тады стаяў вельмі нізка і як адзін з вучоных высказаўся (Брукнэр), Масква XV ст. Ад татарскай дзічы розьнілася толькі сваім хрысьціянствам. І таму нічога дзіўнага. Што чэрнь маскоўская бурыцца проціў першых друкарняў, як проціў выдумак нячыстай сілы, нішчыць іх, а арганізатары ледзь пасьпяваюць ратаваць сваё жыцьцё ўцёкамі назад у Беларусь. 

Уплывы на Маскоўшчыну ішлі перадусім праз нашых эмігрантаў, і былі такія ўсестароньнія, што не было проста такое дзялянкі грамадзкага жыцьця, дзе‑б не працавалі Беларусы й на якой не пакінулі‑б сваёй нацыянальнай пячаткі”[3]. 

А. Горны спаслаўся, між іншым, на сьведчаньне расейскага вучонага Бяссонава, які ў кнізе Беларускія песьні, выдадзенай у Маскве ў 1871 годзе, моцна падкрэсьліў культурную дамінацыю над расейцамі і ўкраінцамі аж да XVII ст. 



Б. Францішак Скарына – беларускі першадрукар

У газэце „Раніца” з 30 ліпеня 1944 году быў зьмешчаны артыкул Юркі Віцьбіча пад назовам Вялікі сын вялікага народу[4]. Беларускі публіцыст прысьвяціў сваё дасьледаваньне розным аспэктам жыцьця й дзейнасьці выдатнага асьветніка й друкара Францішка Скарыны. У пачатковых фрагмэнтах артыкула Юрка Віцьбіч заняўся характа­рыс­тыкай Скарынінскага гербу. Даў ён вельмі арыгінальную інтэрпрэ­тацыю ўсіх тых знакаў і сымбаляў, якія выкарыстаў Францішак Скарына ў сваім гербе. На думку публіцыста, бальшыня знакаў, якія скарыстаў Скарына, сьведчыла пра ягоныя адносіны да праца­ві­тасьці й высілку альбо пра яго культ для навукі й асьветы, пра ягоныя прынцыпы, пагляды й імкненьні. Пры нагодзе Юрка Віцьбіч спаслаўся на выказваньне выдатнага немца Эразма Ратэр­дам­скага, які ў свой час напісаў:

„Друкарскі знак на кнігах мае большае значэньне для чалавецтва, чымся імпэратарскі знак на манетах”.

У далейшых фрагмэнтах публікацыі Юрка Віцьбіч заняўся характарыстыкай Полацка й сямейнага асяродзьдзя Францішка Ска­рыны, пасьля чаго перайшоў да паказу Кракаўскага Ўнівэрсытэту, у які папаў будучы першадрукар на пачатку XIV ст. Пра кракаўскую вучэльню Віцьбіч сказаў наступнае:

„Кракаўскі Ўнівэрсытэт і асабліва ягоны філёзафічны факультэт, дзе вучыўся Скарына, зьяўляўся цэнтрам сярэдневечнай рэлігійнай схалястыкі. Нават формулы фізыкі й тэарэмы геамэтрыі прытар­ноўваліся ім да патрэбаў багаслоўя, але вольнае паветра эпохі Адраджэньня пранікала й сюды. Яшчэ геніяльны Дантэ гаварыў, што жывая італьянская мова вышэй за мёртвую лацінскую. І адзін з кракаўскіх прафэсароў Ян Глагоўчык упарта працуе над перакладам Бібліі з лацінскае мовы на беларускую. Няма сумненьня, што гэта зрабіла некаторае ўражаньне на будучага нашага першадрукара”[5].

Юрка Віцьбіч прывёў вельмі цікавыя факты, характарызуючыя спэцыфіку жыцьця Скарыны й варункі, у якіх ён вучыўся ў Кракаве. 

„Ужо ў Кракаве – піша Ю. Віцьбіч – юнак пазнаёміўся зь нястачамі, бо перадчасна памёрлі ягоныя бацькі й дзядзька, якія нічога, апрача даўгоў, не пакінулі свайму сыну й племяньніку. Аплата за навучаньне была тады вельмі высокай, і ад яе звальняліся толькі адзінкі. Значна больш, чым навучаньне, каштавалі пісьмовыя прылады. Таму студэн­там XIV ст. характэрны самы дробны ўборысты почырк і адсутнасьць у іхніх сшытках палёў. Яшчэ даражэй каштавалі рукапісныя кнігі. У бібліятэках падручнікі прыкоўваліся да паліц ланцугамі. Усё‑ж, нягле­дзячы на гэткія цяжкасьці ў 1506 г. Ф. Скарына скончыў унівэрсы­тэт, атрымаўшы навуковую ступень бакалаўра”[6].

У далейшым Юрка Віцьбіч прадставіў працэс разьвіцьця буйнага кнігадрукаваньня ў Заходняй Эўропе, дзякуючы вынаходзтву немца Гутэнбэрга. Беларускі крытык заўважыў, што геніяльны немец, ажыцьцявіўшы сваю культурна-тэхнічную рэвалюцыю, не забясьпе­чыў сабе ніякага багацьця й маёмасьці. Загнаны ліхвярамі, памёр ён у крайняй нядолі ад паўголаду. 

Закончыўшы Кракаўскі Ўнівэрсытэт, Францішак Скарына распа­чаў сваё славутае падарожжа ў Італію. Меў ён перад вачыма і вынаходзтва Гутэнбэрга, і адкрыцьці Калюмба, і славутыя тэзы Лютэра, які сваёй адвагай ускалыхнуў фундамэнтамі сядзібы рымскіх папаў – Ватыканам. 

Францішак Скарына накіраваў свае крокі ў слаўны Падуанскі Ўнівэрсытэт, які ў 1506 годзе закончыў выдатны Мікалай Капэрнік. Толькі апынуўшыся ў Падуі, Скарына даведаўся пра тое, што ў мясцовым унівэрсытэце, з прычыны вайны, не вядзецца навучаньне, аднак пра­во­дзяцца абароны на навуковыя званьні й ступені. 

У „Раніцы” з 6 жніўня 1944 году Юрка Віцьбіч зьмясьціў другую частку свайго эсэ пра Францішка Скарыну. У гэтым эсэ напісаў:

„Невядома, дзе вучыўся наш першадрукар Ф. Скарына на працягу тых шасьці год, якія аддзяляюць у ягоным жыцьці Кракаў ад Падуі. Затое вядома, што 5 лістапада 1512 г. у царкве Урбана сабраліся прадстаўнік мэдыцынскай калегіі ўнівэрсытэту й віцэ-прэор факультэту Русоці зьвярнуўся да іх з прамовай: 

«Шаноўныя панове дактары. Прычына скліканьня нашага шаноў­ства наступная. Ёсьць нейкі вучанейшы юнак, доктар навук, бядняк, які з надзвычайна далёкіх краін, магчыма за тысячы зь лішнім вёрст ад гэтага славутага месца, дзеля павелічэньня славы й чэсьці ягонае, а таксама гэтае гімназіі й калегіі нашае, прыйшоў сюды пехатой і жадаў‑бы ад калегіі атрымаць ступень доктара мэдыцыны дарма». 

Пасьля гэтага, як успамінае ўнівэрсытэцкі летапіс, увайшоў бедны юнак, магістар Францішак Скарына, сын памерлага Лукі з Полацку. Загадзя пазнаёміўшыся зь ведамі юнака, калегія аднадумна дапусьціла яго да экзаменаў і вызваліла ад платы. Гэты экзамен у прысутнасьці сьпярша 14‑ці, а пасьля 24‑х экзаменатараў Скарына вы­тры­маў бліскуча й быў аднагалосна прызнаны доктарам мэдыцыны”[7].

У апошніх фрагмэнтах свайго дасьледаваньня Юрка Віцьбіч заняўся тым пэрыядам жыцьця Францішка Скарыны, калі вёў ён выдавецкую справу ў Чэскай Празе. 

Значную цікавасьць прадстаўляе сабою заканчэньне артыкулу, у якім публіцыст прадставіў пэрыпэтыі Францішка Скарыны, калі ён, пакінуўшы Чэскую Прагу, вяртаўся ў Вільню. Папаўшы ў Вітэнбэргію, быў ён быццам бы арыштаваны каталіцкім духавенствам, якое патрактавала яго як прыхільніка Лютэра. Касьцельны суд меў прысудзіць яго да спаленьня, аднак Скарыну ўдалося абвергнуць абвінавачаньне й пазьбегнуць сьмерці, але ўсе ягоныя кнігі былі спаленыя. 

Прыехаўшы ў Вільню, Францішак Скарына, як вядома, наладзіў выдавецкую справу й выдаў дзьве вядомыя кнігі: Апостала й Малую падарожную кніжыцу, якія завяршалі ягоны аграмадны высілак над перакладам Бібліі на старабеларускую мову. У гэты час, па словах Юркі Віцьбіча, было яму ўсяго 35 гадоў. 



В. Кастусь Каліноўскі – змагар за Беларусь 

Газэта „Раніца” з 12 сакавіка 1944 году зьмясьціла абшырны артыкул пад назовам Змагар за долю народу[8], прысьвечаны 80‑м угодкам з дня сьмерці Кастуся Каліноўскага. Аўтар артыкула Макар Караткевіч прасачыў за галоўнымі этапамі жыцьця Каліноўскага й досыць усебакова ахарактарызаваў ягоную ідэалёгію ды палітычныя й сацыяльна-нацыянальныя пагляды. 

Па словах публіцыста „Раніцы”, Кастусь Каліноўскі, далучыў­шы­ся да польскага паўстаньня 1963 году, вельмі рана зразумеў, што яго важакі з г. зв. арыентацыі белых хутка выракліся ўсякага сацыяльнага рады­ка­лізму й спалохаліся далучэньня да антыцарскіх дзеяньняў літоўскага й беларускага насельніцтва. Кастусь Каліноўскі, паводле Макара Карат­кевіча, нягледзячы на абвінавачаньне варшаўскімі паўстанцкімі коламі ў сэпаратызьме, пасьлядоўна адстойваў інтарэсы беларускага сялянства й рыхтаваўся да аб’яўленьня дзяржаўнасьці для літоўскага й беларускага народаў. 

Публіцыст „Раніцы” спасылаецца на сьведчаньні вядомага расейскага гісторыка Ратча. Ахарактарызаваў ён Каліноўскага як народ­нага трыбуна, які цэлымі месяцамі знаходзіўся сярод беларускіх сялян, вывучаючы іх побыт і баронячы іх ад нядолі й бяды. Аўтэнтызм Кастуся Каліноўскага давёў да таго, што сяляне ўспрымалі яго як уласнага сына й уласнага важака, верачы, што ён ніколі ім ня здрадзіць і не пакіне ў бядзе. 

Вылажыўшы галоўныя накірункі палітычнага й нацыянальнага мысьленьня Кастуся Каліноўскага, Макар Караткевіч ахарактарызаваў важнейшыя моманты зь ягонай біяграфіі. Публіцыст зьвярнуў увагу на тое, што, папаўшы ў Пецярбург, Каліноўскі зышоўся зь людзьмі прагер­цэ­наўскай арыентацыі, якія моцна стаялі на грунце права ўсіх народаў на дзяржаўную незалежнасьць як у Расеі, гэтак і ў Польшчы. Пасьля заканчэньня Пецярбурскага Ўнівэрсытэту, Кастусь Каліноўскі вярнуўся на родную Гарадзеншчыну й цэлы месяц вандраваў па беларускіх вёсках, базарах, бываў на розных сьвятах і ўрачыстасьцях пад мянушкай Васіля Сьвіткі й рыхтаваў беларусаў да паўстанцкага антыцарскага чыну. Паводле публіцыста „Раніцы”, пранародніцкая арыентацыя Каліноўскага акрыліла таксама характар яго публі­цыс­тыкі, зьмешчанай на старонках „Мужыцкае Праўды”. Кіруючы народны гнеў супраць галоўнага ворага беларусаў – расейскага царызму, Кастусь Каліноўскі не ашчаджаў і польскага памешчыцтва, якое таксама трактаваў як ворага беларускага сялянства. Пабачыўшы ў першы месяц паўстаньня праявы развалу, а часта й здрадніцтва сярод паўстанцаў ды гатоўнасьць іх пайсьці на прымірэньне з царызмам, Кастусь Каліноўскі ня толькі не далучыўся да рэнэгатаў, але зрабіў усё дзеля таго, каб падпарадкваць сабе кіраўніцтва паўстаньня й надаць яму мясцовы народна-сялянскі характар. У сувязі з гэтакай паставай, многія паўстанцы называлі Каліноўскага дыктатарам, а народ называў яго Каралём Краю. 

Макар Караткевіч падкрэсьлівае, што Кастусь Каліноўскі быў дасканалым канспіратарам, дзякуючы чаму расейскім органам доўгі час не ўдавалася яго высачыць і арыштаваць. Аднак 20 студзеня 1864 году здрадзіў яму Парафіновіч, што памагло паліцыі арыштаваць гэтага ба­рацьбіта за народную справу. Пасьля некалькімесячнага сьледзтва, у час якога Каліноўскі не адрокся ад сваіх ідэалаў і ня выдаў сваіх супрацоўнікаў, быў ён павешаны 10 сакавіка 1864 году. 

„У дзень кары сьмерцю Кастуся Каліноўскага 10 сакавіка 1864 г., была ясная пагодная раніца. Каліноўскі сьмелым цьвёрдым крокам ішоў да месца кары – на Лукіскі Пляц.. Узышоўшы на эшафот, ён стаў тварам да шыбеніцы й сьмелым поглядам абвёў прысутны натоўп. Калі чыталі прысуд, яго назвалі шляхцічам, на што Каліноўскі гучна крыкнуў: «Няпраўда, у нас няма шляхты, у нас усе роўныя». Паліц­майстэр грозна паківаў яму пальцам. А дзесятай з паловай гадзіне на шыі беларускага паўстанца моцна зацягнулася вяроўка й назаўсёды спынілася сэрца выдатнага сына беларускага народу, слаўнага дыктатара Літвы й Беларусі, беларускага народнага правадыра, Кастуся Каліноўскага”[9]. 

Свой артыкул Макар Караткевіч закончыў наступным сьцьвяр­джэньнем:

„З караю сьмерцю Каліноўскага спынілася й паўстаньне 1863 г. Гэта быў апошні яркі эпізод. На Беларусі распачалася эпоха нечуванай русыфікацыі. Кат Муравёў быў абвешчаны нацыянальным героем. Але не прапала дарэмна сьвятло распаленых Каліноўскім яркіх зьнічоў народнага руху. Беларускі народ не спыніў высоўваць усё новых і новых сыноў – змагароў за нацыянальную ідэю. І нават у няволі народ меў такіх змагароў як Язэп Лёсік, Ігнатоўскі й цэлую плеяду літаратурных, культурных і грамадзкіх дзеячоў г.зв. нацдэмаўскага кірунку. Усё гэта сьведчыла таму, што запаветы К. Каліноўскага жывуць і будуць жыць аж да іх поўнага ажыцьцяўленьня. Ідэі Каліноўскага аб незалежнай вольнай Беларусі ў сваім разьвіцьці далі ўжо такія яркія праявы, як акт абвешчаньня незалежнасьці Беларусі 25 сакавіка 1918 г.”[10] – напісаў Макар Карат­кевіч на старонках бэрлінскай „Раніцы”. 



Г. Ушанаваньне памяці Івана Луцкевіча

У адваротнасьці да Антона Луцкевіча, які карыстаўся шырокай папулярнасьцю й вядомасьцю як у Беларусі, гэтак і па‑за яе межамі, ягоны брат Іван Луцкевіч быў наогул мала вядомы сярод беларусаў, не гаворачы ўжо пра чужынцаў, хаця ягоная роля ў беларускім адраджэньні была вельмі істотнай і вялікай. Як быццам стараючыся выпаўніць гэты прабел, беларускі эміграцыйны тыднёвік „Раніца”, які выдаваўся ў Бэрліне, 20 жніўня 1944 году зьмясьціў артыкул пад назовам Адданы душою й целам (да 25 угодкаў сьмерці Івана Луцкевіча)[11], у якім выэкспанаваў галоўныя моманты заслугі перад Бацькаўшчынай гэтага выдатнага беларускага дзеяча. Ананімны аўтар публікацыі на пачатку заўважыў, што кожны народ мае такіх сыноў, якія прыносяць гонар нацыянальнай культуры, навуцы ці палітыцы. Якраз да гэтакіх постацяў „Раніца” залічыла Івана Луцкевіча. 

„Беларусы – напісаў аўтар артыкула – могуць таксама ганарыцца выдатнымі й слаўнымі імёнамі ў мінуўшчыне й сучаснасьці. Шмат вялікіх людзей узгадавала нашая старонка. Яны як сьветачы пракладалі шляхі да сьветлае будучыні нашага народу, разумеючы заданьні сваёй эпохі, яны тварылі гісторыю. 

Аднэй з найвыдатнейшых і найсьвятлейшых постацяў на шляху нашага нацыянальна-вызвольнага змаганьня апошніх дзесяцігодзьдзяў зьяўляецца постаць Івана Луцкевіча. Калі мы глянем на беларускае жыцьцё за 25 год ад яго сьмерці, дык нельга не сказаць, што шмат нашых культурна-нацыянальных дасягненьняў, якія маем сягоньня, арганічна зьвязаны з гэтым сапраўды вялікі сынам беларускае зямлі. 

Беларускі Музэй, Беларускае Навуковае Таварыства, Беларуская Гімназыя ў Вільні – гэта неўміручыя помнікі яго нястомнае працы на ніве беларускае культуры”[12].

Публіцыст „Раніцы” даў таксама цікавую характарыстыку палі­тычна-нацыянальнае дзейнасьці Івана Луцкевіча. З гэтай харак­та­рыстыкі даведваемся пра тое, што Іван Луцкевіч быў інцыятарам і стваральнікам Беларускае Рэвалюцыйнае Грамады й што гэтая арга­ні­зацыя ўзьнікла не на тэрыторыі Беларусі, але ў Пецярбурзе. Публіцыст прадставіў Івана Луцкевіча як таго чалавека, які, выка­рыстоўваючы свае кантакты з чужымі краінамі й грамадзтвамі, папулярызаваў беларускую нацыю, яе патрэбы ды імкненьні як у самой Беларусі, гэтак і шырока па‑за яе межамі. 

„Галоўным нэрвам грамадзкае дзейнасьці Івана Луцкевіча – заўважае аўтар «Раніцы» – была нацыянальна-палітычная праца. Яшчэ будучы студэнтам у Пецярбурзе, у 1903 г. ён арганізуе першую беларускую палітычную арганізацыю Беларускую Рэвалюцыйную Грамаду, якая адыграла велізарную ролю ў нацыянальным прабуджэньні шырокіх беларускіх масаў у часе рэвалюцыі 1905 году. Іван Луцкевіч высоўвае беларускае пытаньне на міжнародную арэну, выступаючы як прадстаўнік ад беларускага народу на розных зьездах і канфэрэнцыях. Ён умела вядзе палітычную працу ў краі, гуртуючы вокал сябе актыўны беларускі элемэнт і здабывае для беларускае справы нацыянальныя меншасьці й розныя ўгрупаваньні. У сваёй працы ён грунтаваўся на шырокіх канцэпцыях узнаўленьня й адбудовы старой беларуска-літоўскай дзяржаў­насьці. Як сябра Беларускай Рады, ён прымае актыўны ўдзел у гістарычным паседжаньні 25 сакавіка ў Менску й зьяўляецца адным зь ініцыятараў абвя­шчэньня незалежнасьці Беларусі”[13]. 

Публіцыст „Раніцы” падкрэсьліў выключны віталізм і аргані­за­цыйную актыўнасьць Івана Луцкевіча. Прыпісаў яму, між іншым, арганізацыю беларускага школьніцтва й пакліканьне да жыцьця беларускіх мілітарных аддзелаў у часе акупацыі літоўскімі войскамі Віленшчыны й Гара­дзен­шчыны. Аўтар „Раніцы” прыгадаў таксама, што ня хто іншы, але менавіта Іван Луцкевіч быў галоўным ініцыя­тарам і арганізатарам першай масавай беларускай газэты „Наша Доля” й іншых беларускамоўных кніжных выданьняў. 

„Ён закладае – напісаў аўтар – першую беларускую газэту «Наша Доля», ён наладжвае выданьне беларускіх кніжак і брашураў за граніцай, ён арганізуе беларускія настаўніцкія курсы, выступае на сходах і мітынгах, працуе настаўнікам, чытае рэфэраты, прапагуе турыстыку, друкуе працы аб Беларусі ў замежных часопісах, зьбірае помнікі старасьвеччыны”[14].

Аўтар характарызаванага эсэ падкрэсьліў выключную актыўнасьць Івана Луцкевіча, які, нягледзячы на цяжкую хваробу – тубэркулёз – часта на працягу цэлых тыдняў падарожнічаў ня толькі па Беларусі, але таксама па Расеі, Украіне й Польшчы, шукаючы экспанатаў для музэя, альбо стараючыся атрымаць грошы на разьвіцьцё беларускае справы. 

З публікацыі ў „Раніцы” даведваемся таксама пра тое, што Іван Луцкевіч пасьля арышту ў Пецярбурзе быў пасаджаны ў турме ў камэру разам з хворымі на тубэркулёз, дзе й заразіўся гэтай страшэннай на тыя часы хваробай. 

Артыкул у „Раніцы” заканчваецца наступнай канклюзіяй.

„Не зьвяртаючы ўвагу на стан свайго здароўя, амаль да апошняе хвіліны жыцьця не пакідаў самаахвярнае працы, адданы душой і сэрцам беларускай справе. 

Вывезены сябрамі ў безнадзейным ужо стане ў Закапанэ, пасьля ка­роткага побыту ў санаторыі І. Луцкевіч памёр там 20 жніўня 1920 году. 

Схіляем сягоньня галаву перад сьветлай постацьцю І. Луцкевіча, мімавольна ўзьнікае пачуцьцё зьдзіву перад веліччу духа й нязьмернага ідэалізму гэтага вялікага адраджэнца”[15].



Д. Ушанаваньне памяці Паўлюка Труса

Сярод культуразнаўчых і літаратуразнаўчых публікацыяў на старонках газэты „Раніца” варта зьвярнуць увагу на артыкул з 27 жніўня 1944 году. Артыкул пад назовам Паўлюк Трус[16] быў прысьвечаны 15‑м угодкам з дня сьмерці таленавітага беларускага паэта, які памёр ад заразнай хваробы на 25‑м годзе свайго кароткага й вельмі творчага жыцьця. 

Ананімны аўтар на пачатку сваёй публікацыі паставіў закід савецкім лекарам у нядбайнасьці, якая была прычынай заўчаснай сьмерці таленавітага паэта. Характарызуючы асноўныя біяграфічныя факты Паўлюка Труса, публіцыст напісаў:

„Паўлюк Трус нарадзіўся ў 1904 годзе ў вёсцы Нізок на Меншчыне. З раньняга дзяцінства П. Трус разам з бацькам выконваў розную работу на гаспадарцы. Тут‑жа, у сваёй вёсцы скончыў ён чатырох­клясовую пачатковую школу, пасьля чаго вучыўся ў Узьдзенскай сямігодцы. Скончыўшы сямігодку, Трус паступае ў Менскі Пэдагагічны Тэхнікум, які канчае ў 1927 г. Пасьля сканчэньня тэхнікуму Трус пэўны час працуе ў рэдакцыі газэты «Палеская Праўда», а ў 1928 г. атрымоўвае магчымасьць паступіць у Беларускі Дзяр­жаўны Ўнівэр­сы­тэт у Менску. Тут ён вучыцца на літаратурна-лінгвістычным аддзеле пэдагагічнага факультэту. У 1929 г. паэт захварэў на тыфус і памёр 28 жніўня ў цьвеце лет, уносячы з сабою пышна расьцьвіўшы талент. Нягледзячы на так кароткае жыцьцё, Трус пакінуў па сабе даволі багатую літаратурную спадчыну”[17].

Пасьля біяграфічнай факталёгіі аўтар артыкулу перайшоў да характарыстыкі мастацкай спэцыфікі паэзіі памерлага паэта. Публіцыст „Раніцы” залічыў Паўлюка Труса да плеяды тых сялянскіх паэтаў, якія, з аднаго боку, моцна карысталіся фальклёрнай бела­рускай стыхійнасьцю, а з другога боку – адклікаліся да прынцыпаў наватарскай паэтычнай эстэтыкі, характэрнай бальшыні сяброў літаратурнага аб’яднаньня „Узвышша”. Аўтар напісаў:

„Трус належыць да тыпова сялянскіх паэтаў. Сьвежасьць і сакавітасьць вобразаў, тэматыка, вобразнасьць мовы – усё гэта паэтыцкае ператварэньне, творчая крысталізацыя скарбаў народнае творчасьці. У сваіх вершах Трус часта нават сьвядома насьледвае рытміку й форму народнае паэзіі. Будучы ў блізкай ідэйнай сувязі з узвышэнцамі, Трус імкнецца да канцэнтрычнае вобразнасьці, дына­міч­насьці кампазыцыі, фармальнае разнароднасьці й мастацкае законча­насьці сваіх твораў. Гэты эстэтызм і сялянскі ўхіл Труса былі сольлю ў воку савецкае казённае крытыкі. Але гэта быў яшчэ час, калі толькі пачыналася нагонка на беларускую паэзію. У гэтым часе памёр Трус”[18].

Публіцыст „Раніцы” не перакрэсьліў ідэйных сувязяў Паўлюка Труса з савецкай рэчаіснасьцю. Лічыць ён, што малады паэт, так як многія іншыя тагачасныя творцы, паверыў у вялікія нацыянальныя магчымасьці пры савецкай уладзе. Аднак вялікі талент Труса не зьмяшчаўся ў вузкіх савецкіх шаблёнах, і таму многія ягоныя творы мелі ў сабе элемэнты крытыцызму ў адносінах да саветчыны. У сувязі з такім характарам творчасьці памерлага паэта крытык „Раніцы” заўважыў:

„Паўлюк Трус належыць да тых паэтаў зь іскрай боскай, якія твораць нявымушана, лёгка, якія, як кажуць, выліваюць свае пачуцьці. У іх творчасьць гэта неабходная функцыя духовага жыцьця. Насколькі лёгка пісаў Паўлюк Трус, сьведчыць той факт, што большасьць яго твораў, у адрозьненьне ад раньніх вершаў, усё больш грунтуецца на народнай творчасьці. Ён вызбываецца агітацыйнасьці й знаходзіць клясычную форму. Замілаваньне да народнае творчасьці ў Труса над­звычайнае. Ён сам, маючы прыгожы голас, сьпявае народ­ныя песьні й удзельнічае ў беларускіх хорах. Праз народную песьню Трус духова лучыўся зь сялянскай стыхіяй, у якой ён вырас і ад якой ня мог адарвацца. Трапна заўважыў нехта, што Трус жыў у горадзе толькі фізычна, душою ён заўсёды быў на вёсцы, сярод сваіх блізкіх, дарагіх, сярод маляўнічай беларускай прыроды. Паэт усёй сваёй духовасьцю зьвязаны зь вёскай, для якой ён гатовы аддаць усё”[19].

Прывёўшы некалькі фрагмэнтаў зь вершаў паэта, публіцыст „Раніцы” канстатаваў:

„Перадчасная сьмерць не дала разьвіцца гэтаму буйнаму таленту... Калі паэта захварэў на брушны тыфус, яго перавялі ў бальніцу й палажылі ў калідоры, а не ў палаце. Усе забыліся аб ім. Толькі найбліжэйшыя сябры, як Звонак, Туміловіч і іншыя адведалі яго. Але дапамагчы яму яны не маглі, бо ня мелі ўплыву на гэта. У калідоры ён і памёр... Так памёр перадчасна вялікі паэта, якому сьмерць не дазволіла да канца зьдзейсьніць мэту й золата дум падарыць на карысьць Беларусі”[20]. 



Е. Ларыса Геніюш на службе нацыі

Беларуская эміграцыйная газэта „Раніца” даволі значнае месца адводзіла беларускім паэтычным тэкстам. Характэрным элемэнтам у адносінах гэтай газэты да беларускай паэзіі было тое, што яна вельмі рэдка адклікалася да творчасьці клясыкаў беларускай літаратуры. На працягу многіх гадоў не публікаваліся на яе старонках ні творы Янкі Купалы, ні Якуба Коласа ці Зьмітрака Бядулі. 

Свайго роду выключэньнем было тое, што 19 верасьня 1943 году „Раніца” зьмясьціла славуты верш Максіма Багдановіча Пагоню разам з калярытным запісам мэлёдыі кампазытара М. Шчаглова. Даволі вялікая колькасьць беларускіх аўтараў ваеннага часу зьмяшчала свае вершы на старонках „Раніцы” пад рознымі псэўда­німамі, часта незразумелымі па сёньнашні дзень. Зьяву гэтую можам тлумачыць як праяву боязі паэтаў, якія не хацелі выяўляць сваіх прозьвішчаў. Разумелі яны, што супрацоўніцтва з прагітлераўскай „Раніцай” ня толькі не прынясе ім славы, але можа стацца прычынай розных прыкрасьцяў, а нават сьмерці. Сярод вядомых і даволі ўжо ў той час плённых паэтаў, якія не праяўлялі такой боязі, трэба назваць: Натальлю Арсеньневу, Уладзімера Клішэвіча, Масея Сяднёва й Ларысу Геніюш. Зьмяшчалі яны свае вершы ў „Раніцы”, падпісваючы іх поўнымі прозьвішчамі ды імёнамі. 

„Раніца” бадай што найчасьцей адклікалася да вершаў Ларысы Геніюш. Шмат ейных твораў было апублікаваных на старонках менавіта гэтай газэты. Аднак зрабіў бы памылку той, хто на падставе гэтага факту хацеў бы абвінаваціць Ларысу Геніюш у салідарнасьці ці супрацоўніцтве зь гітлерызмам. Справа ў тым, што амаль усе вершы Ларысы Геніюш, якія друкаваліся „Раніцай”, ня мелі ў сваім зьмесце палітычных элемэнтаў і не было ў іх праяваў падтрымкі гітлераўскай Германіі ці захапленьня постацьцю фюрэра альбо эўфарыі зь перамогі Вэрмахту на ўсходнім фронце. Практычна, амаль усе вершы Ларысы Геніюш патрыятычна-прыродаапісальнага характару. З гэтага вынікае, што паэтка, зьмя­шчаючы свае творы ў „Раніцы”, трактавала гэта як форму папулярызацыі Беларусі, а гаворачы больш дакладна, як форму ўсхваленьня красы роднае зямлі. Калі б мы хацелі задумацца над прычынамі таго, што якраз Ларыса Геніюш часьцей за іншых беларускіх аўтараў зьмяшчала свае вершы ў „Раніцы”, дык, мабыць, трэба было б зьвярнуць увагу на адну з прычын гэтакага стану рэчаў, а менавіта на факт, што ў час вайны жыла яна блізка ад месца выдаваньня гэтай газэты, значыць, ад Бэрліна. 

Вядома, што Ларыса Геніюш у міжваенны пэрыяд была гра­ма­дзянкай Польшчы, а ў 1937 годзе пакінула Польшчу й пераехала ў Чэскую Прагу, дзе вучыўся ейны муж. У Празе знаходзілася яна таксама ў часе нямецкай акупацыі. Вядома таксама, што немцы, заняўшы Чэха­славаччыну, амаль што ўключылі яе ў адміні­стра­цыйную сыстэму Рэйху. Дзякуючы гэтаму, кантакт з выдаванай у Бэрліне газэтай быў параўнаўча лёгкі й просты. Ларыса Геніюш у час акупацыі, у 1942 годзе, выдала ў Чэскай Празе свой першы паэтычны зборнік Ад родных ніў. Знаходзілася яна ў стане творчага эпагею й таму многія свае вершы пасылала ў бэрлінскую „Раніцу”. Зрэшты, ня толькі ў яе, але таксама і ў другую бела­рускую газэту, якая выходзіла ў гітлераўскай Германіі, а называлася „Беларускі Работнік”. Як паэтка, Ларыса Геніюш не захлістывалася пера­могамі Гітлера, але застава­лася поўнасьцю ў палоне патрыятычных і пэйзажных настрояў. З гэтага можна было б зрабіць выснову, што ня вельмі верыла ў поўны яго трыюмф і панаваньне над сьветам. У вершах Ларысы Геніюш, якія пасылала яна ў „Раніцу”, дамінавала ціхае за­ду­меньне над даўно пакінутым краем, над родным пэйзажам, які безупынна вабіў яе сэрца. Прыкладам, які яскрава аб гэтым сьведчыць, можа быць верш Над Зэльвянкай, зьмешчаны ў „Раніцы” з 15 жніўня 1943 году.

Стаю адна, а прада мной ірдзіцца, 
сінее поясам вузенькая рака...
Прышла сюды я раньнем на граніцу
з другога боку птушак сустракаць. 
Вось вылятуць яны з зялёных хвояў, 
і паплывуць у сіні нада мною,
ня знаючы ні межаў, ні граніц. 
Вось вылятуць... ушыр і ўздоўж па краю,
дзе толькі кліча рэха братніх мук.
Іх вольны лёт нішто не затрымае – 
ні сінь Дняпра, ні быстраводны Буг. 
Ня ўбачу больш, як сонца тут устане
і ў сініх хвалях голаў акуне...
Не заірдзіцца ў кустох ружова раньне
і толькі ў чужыне прысьніцца мне. 
Як гляну я на стрэхі родных вёсак, 
што ў лугох, як птушак чарада...
Мне гэтак цяжка родныя палоскі
і край свой любы сяньня пакідаць...
Калі цягнік жалезам зарагоча
і панясе ў далёкі, гулкі вір, 
імглою смутак упадзе на вочы, 
упадзе мой стогн на прыдарожны жвір...



Ё. Натальля Арсеньнева – паэтка красы й сілы

Зборнік вершаў Натальлі Арсеньневай Сягоньня, выдадзены ў 1944 годзе, зьяўляецца вялікай бібліяграфічнай рэдкасьцю ня толькі ў прыватных руках, але і ў публічных бібліятэках. Тым больш цікавымі аказаліся шырокія рэцэнзіі гэтага зборніка, зьмешчаныя ў газэце „Раніца” з 30 ліпеня 1944 году. Аўтар публікацыі Г. Альгердзіч – несумненны знаўца паэзіі – даў шэраг вельмі цікавых аналізаў і характарыстык, якія варта прыгадаць. Рэцэнзія была зьмешчаная пад назовам Беларускага слова жніво. 

Рэцэнзэнт распачаў свой артыкул цытатай зь верша: 

Хай грыміць
Хай ірвуць хмараў зрэб’е маланкі
Мы ўпарта працуем! 
Мы ўпарта жывем! 
Беларускага слова падбіраем жніво! 
У палях перарытых нарогамі танкаў[21]. 

Трэба сказаць, што цытата гэтая надзвычай вымоўная, калі ўзяць пад увагу тое, што Натальля Арсеньнева ў даваенны час праграмна пазьбягала ў сваёй паэзіі ўсякай палітыкі, а тым болей апалёгіі барацьбы й вайны. Можа ў час нямецкае акупацыі зьмяніла сваю стылістыку й праблематыку ды перайшла ад пэйзажных матываў і сіняга неба да тыповага для маладнякоўцаў культу зма­ганьня й стылёвых грымотаў, што сьведчыла пра тое, што й Натальля Арсеньнева паддалася тым наіўным настроям часткі беларускай інтэлігенцыі, якая папала з‑пад дажджу ў навальніцу, і, уцёкшы ад бальшавіцкага тэрору, паверыла ў дэмагогію другога сатрапа Адольфа Гітлера. Такая дзіўная эвалюцыя паэткі выразна спада­балася публіцысту „Раніцы”, які на самым пачатку абшырнай рэцэнзіі напісаў: 

„Гэтыя словы Натальлі Арсеньневай сказаныя блізу два гады таму, цяпер напрыканцы леташняга й на пачатку сёлетняга году спраўджаюцца ў дачыненьні да беларускага паэтычнага слова багатым жнівом, ураджаем вершаваных радкоў, зборнікаў і збораў паэзіі”[22].

Аўтар прыраўняў зборнік Сягоньня да іншых паэтычных беларускіх кніжак, якія выйшлі ў час нямецкае акупацыі, між іншым, да зборніка Ларысы Геніюш Ад родных ніў. Крытык заўважыў і паказаў эвалюцыю творчасьці Натальлі Арсеньневай і пастараўся даць ёй сваю ўласную цікавую ацэнку. 

„«Сягоньня» Н. Арсеньневай адтварае ня толькі й ня так сучаснае перажываньне намі сусьветнае вайны, як сягоньня разьвязанага ёю народнага этапу вялікае беларускае нацыянальнае рэвалюцыі таго этапу, які можна назваць нацыяналістычным у вадрозьненьне ад папярэдніх нацыянальна-дэмакратычных (часу БНР) і нацыянальна-камуністычнага (гадоў беларусізацыі ў БССР і Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады ў Заходняй Беларусі)”[23].

Альгердзіч падкрэсьлівае, што Натальля Арсеньнева, нягле­дзячы на ўсё сваё наватарства й паэтычную навізну, па сутнасьці, зьяўлялася прадаўжальніцай тых традыцыяў беларускай паэзіі, якія ўзьнікалі на моцным нацыянальным грунце беларускай тоеснасьці, незалежнасьці, мовы. 

„Тым часам – піша Альгердзіч – гэтая школа, не становячы сабой нічога новага, у беларускай паэзіі зьяўляецца ўсё‑ж рэвалюцыйнай мастацкай школай, (...) школай узвышэнства, а часткова яшчэ й маладнякоўства. Гэта тая школа, якую праходзілі ўсе паэты, эпіграфамі зь якіх Натальля Арсеньнева падчырківае сваё сяньняшняе ідэйнае й мастацкае суродзства зь імі – і Язэп Пушча, і Уладзімір Дубоўка, і Уладзімер Жылка, і Максім Танк, школа, заснаваная яшчэ іхным валікім папярэднікам Максімам Багдановічам, закладзеная на жыцьцёдайным грунце народнае творчасьці, паэзіі самага вялікага Музыкі – Народу, гэтага запраўднага вялікага народнага рухавіка кажнае нацыянальнае рэвалюцыі”[24].

У далейшых разважаньнях крытык „Раніцы” зьвярнуў увагу на тое, што Натальля Арсеньнева на працягу цэлага свайго паэтычнага жыцьця не стаяла ў адным месцы, і што ўсе ейныя зборнікі: Пад сінім небам, Жоўтая восень і Сягоньня сьведчаць пра безупынную эва­лю­цыю й рух наперад. Такая схільнасьць Арсеньневай-паэткі прымушае думаць, што наступная ейная кніжка ізноў станецца вялікім крокам паэткі наперад – напісаў крытык. 

Г. Альгердзіч прывёў у канцы артыкула цікавыя разважаньні, якія датычылі параўнаньня Натальлі Арсеньневай і Ларысы Геніюш. Свой вялікі артыкул публіцыст „Раніцы” закончыў наступнай канста­тацыяй:

„Гэтак «Беларускага слова жніво», сабранае рукой паэткі Арсеньневай, валадарна кліча да сябе «малацьбітаў» беларускае думкі, пабуджаючы да працы нашую неяк асеклую за гэты час крытыку й сулячы ёй таксама багаты ўраджай ідэйнага дабра на спажыву духовую свайго народу”[25].

Цэласьць эсэ Альгердзіча зьяўляецца, несумненна, цэнным унёскам у вывучэньне спэцыфікі творчасьці Натальлі Арсеньневай. Нямала ў ім арыгінальных, сьмелух думак і разважаньняў ня толькі на тэму зборніка Сягоньня, але й творчых працэсаў беларускай пісьмо­васьці ўвогуле. 



Ж. Фінальныя заўвагі

Беларуская эміграцыйная газэта „Раніца” выдавалася ў гадох 1939‑1945. Вядома, што быў гэта пэрыяд усеўладнага панаваньня ў Нямеччыне фашысцкае сыстэмы на чале з адным з найстрашнейшых у гісторыі чалавецтва злачынцаў Адольфам Гітлерам. Зразумела, што выдаўцы беларускага прэсавага органу „Раніца” былі ня толькі моцна абмежаваныя, але ў многіх выпадках паралізаваныя шаленчай магіяй фюрэра. Дзейнічаючы ў варунках суровага гітлераўскага рэжыму, у логаве гітлерызму – Бэрліне, не магло буць нават гутаркі аб свабодным выказваньні нацыянальных беларускіх думак. 

Аднак, праўдападобна, ня толькі суровы тэрор прымушаў выдаўцоў „Раніцы” праяўляць вернападданчыя й сэрвілістычныя схільнасьці ў адносінах да тысячагадовага Рэйху й апантанага ідэяй фікс Гітлера. Мабыць, многія з рэдактароў „Раніцы”, а таксама шмат­лікія публіцысты шчыра верылі ў канчатковую перамогу гітлераўскае Нямеччыны над усім сьветам і верылі ў тое, што Гітлер пазволіць ства­рыць незалежную беларускую дзяржаву. Зразумела, што ў гэтакім падыходзе выяўлялася крайняя наіўнасьць беларусаў, згуртаваных вакол „Раніцы”. Беларускія публіцысты з гэтага тыднёвіка гіпэрбалічна ўсхвалялі геніяльнасьць Гітлера, славілі перамогі Вэрмахту й не дапускалі да сябе думкі аб паразе гітлераўскае Нямеччыны нават у часе канчатковай яе агоніі. Былі яны маньякальнымі ворагамі ня толькі савецкае сыстэмы й Сталіна, але таксама Амэрыкі й ейнага прэзыдэнта Рузвэльта, Англіі ды яе прэм’ера Чэрчыля, а таксама галоўнага прадстаўніка змагарнае Францыі Дэ Голя. 

Крайняя тэндэнцыйнасьць беларускіх публіцыстаў праяўлялася амаль ва ўсіх франтавых публікацыях, аглядах ды аналізах, нават тады, калі Чырвоная Армія наносіла па Вэрмахце зьнішчальныя ўдары й займала ўсё новыя ды новыя абшары Эўропы. „Раніца” ўвесь час замоўчвала гэтыя дасягненьні, пісала аб непераможнай нямецкай арміі й рысавала пэрспэктыву канчатковага трыюмфу Нямеччыны над усімі яе праціўнікамі. 

Другая вялікая галіна публіцыстыкі, зьмешчанай у „Раніцы”, была зьвязаная зь беларускай літаратурай. Бэрлінскі пэрыёдык здолеў зьмясьціць на сваіх старонках сотні вершаў Ларысы Геніюш, Натальлі Арсеньневай, Масея Сяднёва, Алеся Салаўя, Уладзімера Дудзіцкага й дзясяткаў іншых шырока вядомых ды мала вядомых беларускіх паэтаў. У большасьці былі гэта творы пэйзажныя, патрыя­тычныя альбо зьвязаныя зь лірыкай каханьня, і толькі зрэдку іх тэматыка закранала актуальныя палітычныя падзеі. 

З гэтага можна было б зрабіць выснову, што, у адваротнасьці да публіцыстаў, тагачасныя паэты праяўлялі досыць вялікую даль­на­бачнасьць і, мабыць, сьвядома дыстансаваліся ад прапагандысцкіх публікацыяў журналістаў. 

Варта таксама падкрэсьліць тое, што „Раніца”, апрача літа­ратуры, часта папулярызавала розныя іншыя формы беларускае культуры. І так, на яе старонках вельмі часта паяўляліся інфармацыі аб канцэртах Міхася Забэйды-Суміцкага, аб тэатральных спэктаклях ды аб іншых праявах беларускага культурнага жыцьця ў цяжкі ваенны пэрыяд. 

Добрае ўражаньне выклікаюць таксама шматлікія публікацыі „Раніцы”, зьвязаныя зь гісторыяй Беларусі. Адносіліся яны да такіх праблемаў, як пэрыядызацыя мінулага краіны, а таксама да такіх выдатных беларускіх постацяў, як Францішак Скарына, Іван Луцэвіч, Францішак Аляхновіч ды іншыя. Варта адзначыць, што гэтакага тыпу артыкулы выконвалі вялікую адукацыйную ролю й эфэктыўна дапамагалі беларускім чытачам паглыбляць свае веды зь гісторыі роднага краю. 

Па сутнасьці, усе інфармацыі пра „Раніцу” маюць толькі фраг­мэнтарны характар. Выклікана гэта тым, што ніводная бібліятэка ў Польшчы ня мае поўнага камплекту гэтага пэрыёдыка. 

І так, Бібліятэка Варшаўскага Ўнівэрсытэту захоўвае далёка ня поўныя гадавікі арыгіналаў „Раніцы” з 1942 і 1943 гадоў, а Нацыя­наль­ная Бібліятэка ў Варшаве мае ў форме мікрафільму гэты тыднёвік толькі за 1944 год. Увогуле не ўдалося сутыкнуцца з тымі нумарамі „Раніцы”, якія выдавалія ў 1939 і ў 1945 гадох. Будзем спадзявацца, што пры дапамозе такіх выдатных ахоўнікаў беларускіх эміграцыйных выданьняў, як: Аляксандар Надсан у Лёндане ды Вітаўт Кіпель і Янка Запруднік у Нью-Ёрку ўдасца нам у будучыні атрымаць ксэракопіі „Раніцы”, пачынаючы ад 1939 году й канчаючы 1945 годам. 

Нягледзячы на палітычную тэндэнцыйнасьць, „Раніца” адыгра­ла істотную ролю ў папулярызацыі роднага слова й пашырэньні ведаў пра гісторыю Беларусі, а таксама пра беларускую літаратуру. Была яна, несумненна, асноўнай праявай беларускага пісьмовага эмігра­цыйнага асяродка ў Бэрліне. І таму варта захаваць ва ўдзячнай памяці дзейнасьць тых беларусаў, якія ў выключна цяжкіх ваенных умовах здолелі паклікаць да жыцьця „Раніцу” й выдаваць яе на працягу пяці гадоў. 

Нельга не адзначыць, што ў пэрыяд Другой Сусьветнай вайны ў Бэрліне выходзіла таксама другая беларуская газэта пад назовам „Беларускі Работнік”[26].


[1] А. Горны, На Захад і Ўсход, у: „Раніца”, Бэрлін 6 ХІІ 1942, с. 2.

[2] Тамсама.

[3] Тамсама.

[4] Ю. Віцьбіч, Вялікі сын вялікага народу, у: „Раніца”, Бэрлін 30 VІІ 1944, с. 3.

[5] Тамсама.

[6] Тамсама.

[7] Тамсама.

[8] М. Караткевіч, Змагар за долю народу, у: „Раніца”, Бэрлін 12 ІІІ 1944, с. 3.

[9] Тамсама.

[10] Тамсама.

[11] Адданы душою й целам (да 25 угодкаў сьмерці Івана Луцкевіча), у: „Раніца”, Бэрлін 20 VІІІ 1944, с. 3.

[12] Тамсама.

[13] Тамсама.

[14] Тамсама.

[15] Тамсама.

[16] Паўлюк Трус, у: „Раніца”, Бэрлін 27 VІІІ 1944, с. 3.

[17] Тамсама.

[18] Тамсама.

[19] Тамсама.

[20] Тамсама.

[21] Г. Альгердзіч, Беларускага слова жніво, у: „Раніца”, Бэрлін 30 VІІ 1944, с. 2.

[22] Тамсама.

[23] Тамсама.

[24] Тамсама, с. 3.

[25] Тамсама, с. 4.

[26] Выдавалася яна ад пачатку 1943 году да паловы 1944 году. Рэдактарамі гэтай штодзённай газэты былі В. Тумаш і С. Грынкевіч. „Беларускі Работнік” выходзіў пры значнай падтрымцы газэты „Раніца”.
„Беларускі Работнік” быў разьлічаны галоўным чынам на беларусаў, якія дабра­вольна альбо прымусова працавалі ў Германіі. Газэта выразна экспанавала сваю антысавецкасьць, антыамэрыканскасьць, антыангельскасьць і антыгаб­рэйскасьць.
На старонках „Беларускага Работніка” апрача актуальных палітычных і ваенных падзеяў досыць шырока экспанаваліся пытаньні, зьвязаныя зь беларускай гісто­рыяй, культурай і літаратурай. Газэта апублікавала шматлікія творы такіх пісь­мень­нікаў, як: Натальля Арсеньнева, Ларыса Геніюш, Хведар Ільяшэвіч, Масей Сяднёў і інш.
У суме выйшла звыш 40 нумароў гэтай газэты.


Кніга публікуецца на сайце з ласкавай згоды Аўтара

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster