БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 


Далёкія і блізкія, Беларускія пісьменнікі замежжа, Ян ЧЫКВІН

Нявычарпаная тэма




На эміграцыі ў жанрах прозы (апавяданне, аповесць, раман) выказвалася, здаецца, не менш таленавітых беларускіх пісьменнікаў, чым у паэзіі (Юрка Віцьбіч, Язэп Германовіч, Рыгор Данілеўскі, Юры Жывіца, Янка Ліманоўскі, Пётра Сыч, Уладзімір Случанскі, Мікола Цэлеш, Антон Адамовіч, Уладзімір Глыбінны, Аўген Калубовіч, Алесь Змагар, Масей Сяднёў, Ян Пятроўскі, Іна Рытар ды іншыя). Аднак проза беларускіх эмігрантаў, не ўзняўшыся да канцэптуальнасці, засталася ў ценю паэзіі. У параўнанні з паэтамі, якія здалёк „ад салодкага” дыму бацькоўскай хаты, усё-такі — у большасці — могуць быць „самадастатковымі”, жыць творча за кошт раней назапашанага душэўнага вопыту, адарванасць празаікаў ад роднай моўнай стыхіі, ад рэаліяў айчыннага, зменлівага побыту незвычайна хутка абмяльчае, высушвае іх непасрэдны фабульны матэрыял. Тым не менш многія з тых, што апынуліся па-за межамі радзімы і пачыналі пісаць па патрэбе сэрца, па патрэбе адкрыць сваю народжаную варухлівым, непрадказальным жыццём, а не ідэалагічнымі догмамі, праўду аб чалавеку і ягоным свеце, творчых поспехаў дасягалі ўгледзеўшы менавіта ў сваім лёсе выгнанніка-ўцекача, у сваіх пакутлівых блуканнях і хаджэннях самы што ні ёсць вартасны літаратурны матэрыял. Невыпадкова амаль усе, з невялікімі выняткамі1, празаічныя творы беларускіх эміграцыйных пісьменнікаў зводзяцца да ўспамінаў і дзённікаў, словам да жанру аўтабіяграфічнага або парадакументальнага.

Кастусь Акула, акрамя непараўнальнага Масея Сяднёва, належыць зараз да найбольш творча актыўных беларускіх эміграцыйных празаікаў. Ішоў ён таксама найперш ад асэнсавання перажытага ім самім. Фельетоны, вершы, нарысы, біяграфічныя згадкі Кастуся Акулы друкаваліся на працягу доўгага часу ў беларускіх эміграцыйных газетах. Першая ягоная аповесць Змагарныя дарогі выйшла ў 1962 годзе (Таронта—Мюнхен). Адначасова выспяваў у ім план рамана-трылогіі. Ва ўступным слове да першай кнігі гэтага рамана (Дзярлівая птушка, Таронта 1965) аўтар пісаў:

„Канкрэтную творчую працу над Гараваткай папярэдзілі доўгія роздумы. Творчая ідэя мусіла даспець, трэба было яе вынасіць у сэрцы. Падчас гэтага выношвання ці раз даводзілася шкадаваць, што няма пад рукою сырца, значыцца розных гістарычных і мемуарных матэрыялаў, што памаглі б заглянуць у народную мінуўшчыну. Чужнікі-акупанты стагоддзямі забаранялі народу тварыць свае культурна-навуковыя скарбы, нішчылі ў цяжкіх умовах створанае, заціралі-замяталі сляды нашых продкаў, каб нашчадкі былі сляпыя.

І на змену прыходзілі іншыя думкі. Як жа гэта сталася, што народ наш, доўга прыгнятаны-ганьбаваны, пазбаўлены свае царквы, навуковых і культурных інстытуцыяў, арганізацыяў, даведзены да жахлівае рабскае галіты, зусім бяспраўны, так зняволены, што ўжо пазней, каб выплысці з гэтага жахлівага бяздоння, мусіў насамперш дамагацца „людзьмі звацца”; як жа народ гэты не толькі ператрываў, але й захаваў сваю чыстую, багатую самабытнай культурай, народную душу? Дзе і ў чым сакрэт народнае ўстойлівасці?

Адказу давялося шукаць між жывых. (...) Прыгадайце непісьменных, можна сказаць, вусных паэтаў і казачнікаў, вясковых мудрацоў, таленавітых мастакоў-самародкаў, спевакоў, якім былі чужнікамі пазачыняныя ўсе дарогі „ў людзі”. (...)

Гэтыя народныя мудрацы і самабытныя тварцы якраз і былі тымі жыццядайнымі клеткамі, праз якія ў чужой няволі пульсавала беларуская нацыянальная кроў. Гэта ў найбольшай меры былі тыя ўстойлівыя карэнні, якіх не змог падсеч чужы варвар-прыблуда. Падчас народных паўстанняў яны выходзілі на перадавыя пазіцыі, вялі за сабой народныя масы. (...) Ці ж не варты яны таго, каб знайсці ў нашай літаратуры другое нараджэнне?”2

Як вядома, у свой час у былым Савецкім Саюзе, а, мабыць, асабліва ў Беларусі, праводзілася грунтоўнае і свядомае знішчэнне інтэлігенцыі. Масавыя расстрэлы, ссылка ў Сібір, нарэшце другая сусветная вайна дапоўнілі драму беларускага народа. Панарамна і жыва вобразна, па-мастацку сугестыўна-пераканаўча апісвае той час знішчэння творчай беларускай інтэлігенцыі і студэнтаў у сваіх раманах Масей Сяднёў3.

Тая планаваная зверху біялагічная чыстка на абышла і беларускае сялянства. Кастусь Акула ў сваіх трох раманах (Дзярлівая птушка, Закрываўленае сонца, Таронта 1974; Беларусы, вас чакае зямля, Таронта 1981) засяроджваецца якраз на адлюстраванні жыцця вёскі Заходняй Беларусі ў трагічных для яе дваццатых, трыццатых і першай палове саракавых гадоў.

Як сказана, гэтыя тры кнігі Кастуся Акулы маюць агульны назоў: Гараватка — ад слова гараваць, цяжка напрацавацца. Значэнне гэтай назвы раскрывае ў першай кнізе дзед Якуб. Ён снуе перад пастушком, Януком Бахмачом, легенду пра князя Гаравіка і ягоных трох сыноў — як яны землі свае абжывалі. „Папагараваў ён тутака многа, — чытаем у рамане Дзярлівая птушка, — пакуль замак збудавалі ды гаспадарку на парадак навёў. Можа гэта ад таго й пачалі людзі гэта месца Гараваткай называць”4.

Чытачу, аднак, ясна, што дзед апавядае ў даступнай для вясковага дзецюка, прыхарошанай форме скарочаную „гісторыю” свайго народа. Гараватка — гэта і ёсць новае, мастацкае найменне Беларусі.

У першай кнізе трылогіі над Гараваткай пануе польская адміністрацыйная ўлада. Героі Дзярлівай птушкі ўспрымаюць яе як уладу акупацыйную. У другім томе Гараватка пераходіць у рукі новых акупантаў — тым разам расейцаў, а ў апошнім — пад боты немцаў.

На прыкладзе лёсу сям’і Пракопа Бахмача, драмы іхняга жыцця ды бяздольнага існавання суседзяў-аднавяскоўцаў пісьменнік паказвае, як гэты свой, да апошняй драбніцы асвоены і замкнёны ў сабе вясковы свет, далёкі ад шырокіх гасцінцаў і вялікай палітыкі, усё-такі развальваецца, стаецца варожым; як па ім гойсаюць чужынцы — нішчаць, спусташаюць, гвалтуюць, насычаюць сваёй ідэалогіяй, і як хутка ад таго і свае людзі дэмаралізуюцца. Не ўсе, не ўсе, на шчасце, паводле аўтара. На паверхні жыцця застаюцца ўсё тыя ж нікім і ніколі непадкупныя вясковыя „народныя асілкі-волаты, трывалыя і ўстойлівыя ў штодзённай злыбядзе, сціплыя і геройскія ў змаганні, мудрыя і непрымірымыя да народных ворагаў”5.

Гараватка Кастуся Акулы — вострасюжэтная, псіхалагічна верагодная, праўдападобная ў быційна-сітуацыйных калізіях. Падзеі трылогіі развіваюцца ў тых геаграфічных беларускіх рэаліях, адкуль пісьменнік сам родам, значыць, яны яму былі добра вядомыя. Тымі дарогамі і сцежкамі ён не раз сам хадзіў. У асобе Янука Бахмача праглядае партрэт вясковага падлетка, юнака з вялікай (8 дзяцей) сялянскай сям’і з вёскі Верацеі — Аляксандра Качана, такое прозвішча насіў да 1944 года Кастусь Акула.

І ўсё-такі знаёмства з усімі апублікаванымі творамі Кастуся Акулы, як-ніяк пабудаванымі скрозь на фундаменце аўтабіяграфічным, пакідае досыць моцнае ўражанне незавершанасці, недаказанасці напісанага. Я маю на ўвазе тое „ігольнае вушка” супрацоўніцтва з гітлераўскім акупантам, праз якое, аднак жа, прайшло трохі беларусаў. Сягоння, праз пяцьдзесят гадоў пасля вайны, можна было б спадзявацца, што перш за ўсё ад жывых удзельнікаў той нашай пакручастай і трагічнай гісторыі мы пачуем іхнюю праўду пра ўсё яшчэ нявычарпаную беларускай мастацкай літаратурай тэму.

На маю просьбу напісаць аўтабіяграфію, падзяліцца з чытачамі сваімі жыццёвымі перыпетыямі, якія засталіся па-за рамкамі літаратурных твораў, у якіх аднак адлюстроўваецца лёс многіх беларусаў, сілаю вайны раскінутых па ўсім свеце, Кастусь Акула ў лісце да мяне ад 29 мая 1994 года пісаў:

„Кастусь Акула — гэта цяперашняе маё імя і прозвішча. Колішняе — Аляксандр Качан6. Нейкі час ужываў псеўданім Міхась Козыр — калі друкаваў тое-сёе ў „Бацькаўшчыне” (Мюнхен) або падпісваў вершы.

Нарадзіўся я 16 лістапада 1925 года ў Верацеях, Віленскага ваяводства, Дзісненскага павету (цяпер Докшыцкі раён, Віцебская вобласць). Бацька меў 18 гектараў ворнай зямлі, даволі ўраджайнай. У вёсцы была і зусім нікчэмная, неўрадлівая зямля, пераважна такую называлі „пяскі”. Апроч таго бацька меў 12 гектараў балота. У тым верацейскім балоце раслі сосны і бярозы, ды была і дрыгва. Улетку касілі сена, стагавалі яго, вывозілі ўзімку, калі можна было туды з коньмі ўехаць. Адтуль жа былі і ягады, грыбы. Там я бачыў у 1942 годзе, калі хвораст вывозілі, вялікага прыгожага лася.

Падчас польскае акупацыі я скончыў 6 класаў паўшэхнае школы. Ацэнкі заўсёды меў выдатныя, атрымліваў сціплыя ўзнагароды. За бальшавіцкіх часоў скончыў 5 і 6 класы „Жалезнадарожнай школы” ў Каралеўшчыне (цяпер Крулеўшчына, раней Крулеўшчызна). Гэта была расейскамоўная школа. Улетку 1942 года скончыў шасцімесячныя настаўніцкія курсы ў Глыбокім з правам навучання прадметаў у пачатковых школах. Працаваў настаўнікам у Порплішчах, дзе была сямікласная школа.

У 1943 годзе, пасля іспытаў, паступіў я ў восьмы клас Віленскай Беларускай гімназіі. Пры канцы лістапада, па дарозе дамоў з Вільні, заехаў у Менск, трапіў у аблаву. Адсядзеў (на судзе не быў і мяне паведамілі толькі, што атрымаў чатыры месяцы за нелегальны праезд чыгункай) тры месяцы ў вязніцы і адзін месяц у канцлагеры ў Менску. Выпусцілі 24 сакавіка 1944 года. Вярнуўся ў гімназію, але год быў страчаны...

Вясной 1944 года было ўжо ясна, што савецкія войскі зноў зоймуць Беларусь, выганяць гітлераўскі Вермахт. Значыцца, адзін акупант будзе заменены іншым, зусім не лепшым, а мо і горшым. Мы, моладзь, планавалі, як гэта апынуцца на Захадзе, каб вырвацца ад двух тыранаў.

Калі пачалі набор у Менску ў школу Камандзіраў Беларускай Краёвай Абароны, чатырох вучняў Беларускае гімназіі з Вільні трапілі ў афіцэрскую школу БКА і 6 чэрвеня 1944 года з’явіліся ў Менск. 27 чэрвеня эвакуіраваліся адтуль. У канцы жнівеня таго ж года ў Эльзасе, у ваколіцы Клервал, перайшлі да французскіх макісаў7, а пасля ўліліся ў польскі Другі корпус Брытанскай 8-й арміі ў Італіі.

Мне давялося тры месяцы быць на фронце і браць удзел у апошняй афэнзыве. 21-га красавіка вызвалілі Балонію. Мяне загадам выслалі ў афіцэрскую школу панцырнай зброі ў Англію8. Я скончыў яе і атрымаў ранг капрала падхаронжага — хоць брытанцам, якія былі побач і мелі ідэнтычную з нашай праграму навучання, давалі адразу „камісію”, гэта значыць рангі лейтэнантаў. Нам, палякам і аднаму беларусу Акулу, не далі, бо не мелі грошы чым плаціць...

Мяне разам з іншымі падхаронжымі адаслалі назад у Італію і наш панцырны звяз — чатыры амерыканскія шэрманы — прыдзялілі да Школы падхаронжых пяхоты і сувязі ў Матэры. Назад вярнуўся я ў Англію ў 1947 годзе, але ў чэрвені таго ж года эміграваў у Канаду.

Пасля ІІ сусветнай вайны, каб чужаземцу адчынілі дзверы ў Канаду, трэба было мець нейкую заслугу. Ветэрану Брытанскай 8-й арміі Кастусю Акулу падарожжа з Саўтгамптона ў Галіфакс аплаціў брытанскі ўрад. Даў ён таксама восем брытанскіх фунтаў, два вайсковыя мундзіры і адзін цывільны касцюм, завялікі размерам, бо іншага не было. Праўда, на мараплаве з Брытаніі ў Канаду за пяць дзён дайшло ў маю кішэню 32 фунты — з карцёжнай гульні. Капітал як-ніяк!

Канадыйскія фермеры набралі тады чатыры тысячы палякаў, у тым ліку і беларусаў, з Польскіх збройных сілаў на Захадзе. Ім, гэтым ваенным „героям”, ахвяравалі гнаявыя вілы і больш заавансаваныя прылады працы на палях і ў хлявах ды пунях канадскіх фермаў. Усё гэта замацавалі на два гады кантрактам з канадскім урадам, з мінімальнай месячнай платай 45 долараў плюс памешканне і харчаванне. Праца — ад усходу да захаду сонца, шэсць ці сем дзён на тыдзень. „Наёмнікі” мелі атрымаць права пасялення (ландінг стэйтус) у Канадзе пасля выканання кантракту на ферме.

Што ж у той час можна было купіць за месячную плату 45 долараў? Танны касцюм. У Таронта найм пакоя з харчамі каштаваў мінімальна 15 долараў на тыдзень. На фабрыках работнікі працавалі за 85 цэнтаў, або і таго менш на гадзіну.

Пасля канца майго кантракту на ферме, я перабраўся ў Таронта, дзе ўжо была сабралася група беларусаў, „новых канадцаў”. Перада мною стаяла пытанне: уладкавацца на працу на якой фабрыцы (прафесіі ніякай я не меў) ці прадаўжаць навуку? Безумоўна, найперш трэба было знайсці працу... А потым — пабачым, што далей. Гэтак я ўладкаваўся на фабрыку (плацілі долара за гадзіну), дзе рабілі жалезныя трубы для каналізацыі. Адтуль пасля трох месяцаў мяне пагналі. Я ўладкаваўся пры будове вуліцаў. Затым стаў памагатым муляра пры будове шпіталя для дзяцей. У 1951 годзе мне ўдалося атрымаць працу ў Масэй Гарыс — сусветна ведамай кампаніі, што прадукавала камбайны, трактары і іншыя сельскагаспадарчыя машыны. Там працаваў 16 гадоў. З прычыны сямейнага нездароўя прыйшлося, аднак, яшчэ разок змяніць працу — на загадчыка вялікага складу ў Брыстол Маерс Кампаніі, дзе працаваў аж да выхаду на пенсію ў 1991 годзе.

Мара атрымаць вышэйшую адукацыю асталася марай. Не было ў Канадзе тады ніводнай нацыянальнай, грамадскай ці рэлігійнай, беларускай арганізацыі. Нідзе амаль пра беларусаў урад і грамадства не чулі. Хоць БССР была адной з заснавальніц Аб’яднаных Нацый, пра беларускі народ, калі тут хто чуў, дык хіба з вуснаў нашых дзяржаўных ворагаў і прыгнятальнікаў — Масквы і Варшавы. Трэба было пачынаць будаваць беларускае грамадскае жыццё ад нуля. Наша старая эміграцыя, пераважна з Заходняй Беларусі, што была пад Польшчай, не стварыла тут нічога нацыянальнага. Камуністамі яна была ўцягнута ў „Федэрацыю рускіх канадцаў” і іншыя бальшавіцкія клубы „імя Максіма Горкага”. Дзеці беларусаў тут роджаныя таксама былі заблытаныя ў гісторыі розных „рашаў” — Грэйт Раша, Рэд Раша, Уайт Раша... Найбольшы з сусветных забойцаў і злыдняў — Сталін, быў у часе вайны хаўруснікам заходніх дэмакратаў, што змагаліся з Гітлерам. Дык як тут маладым канадцам, з беларускага карэння, было разабрацца, што такое Беларусь і хто ёсць хто сярод тых „рашаў”.

Трэба ўспомніць, што яшчэ ў 1946 годзе ў Англіі паўстала, з дазволу галоўнага штаба Польскіх збройных сілаў на Захадзе, Згуртаванне Беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ). Я быў завочна выбраны ў часовую Галоўную Управу ЗБВБ, таму што знаходзіўся тады ў штабе рэпатрыяцыі польскіх ветэранаў у Польшчу, у „Ачам транзіт Кэмп” каля Шрузбары блізу Чэстэра. Калі ж я перабраўся ў Канаду, Згуртаванне Беларусаў Вялікай Брытаніі, пры маёй згодзе, падало мой адрас у Канадзе дзеля наладжання сувязі для нашых суродзічаў. Гэтакім чынам у 1948 годзе, каб трымаць нейкую сувязь, у лютым, каля Ашавы, на ферме выйшаў першы нумар „Беларускага эмігранта”, месячнага часопісу, выданага мною на рататары ў ліку пару сотняў і разасланага ўжо ведамым суродзічам, з заклікам, каб адгукнуліся, трымалі з намі сувязь, каб у будучыні імкнуліся стварыць беларускую арганізацыю з цэнтрам у Таронта. Гэткая арганізацыя — Згуртаванне Беларусаў Канады паўстала 28 лістапада 1948 года. Мяне выбралі старшынёю Галоўнай Управы. Гэта арганізацыя са сваімі „галінамі” ў розных гарадах Канады існуе і цяпер. Яна была галоўным рухавіком беларускага жыцця ва ўсіх яго напрамках у Канадзе.

Маскоўскія і бээсэсэраўскія цівуны, пад кіраўніцтвам КДБ з усходняга Берліна, стварылі так званы Камітэт „За вяртанне на радзіму” і пачалі выдаваць газету, пазней перайменаванай „Радзіма”, прызначаную для абстрэлу тут нашых суродзічаў, што пазналі бальшавіцкі гулаг і рэпрэсіі і намагаліся на чужыне будаваць жыццё для сябе і сваіх дзетак ды змагацца ўсімі магчымымі, даступнымі ім сродкамі, за вызваленне паняволенай Маскоўшчынай Беларусі. Яны настрашылі ці мала нашых беларусаў, пагражаючы сваякам удома, што будуць іх рэпрэсіраваць, калі тыя, за мяжой, будуць выступаць супраць савецкай улады і браць удзел у беларускім („бебурнацкім”) жыцці і дзейнасці. Гэтым яны спаралізавалі частку нашага грамадства... Пра гэта чытай у маім рамане За волю9. Там падаюцца факты не толькі з Канады. Падобнае, рукамі кадэбэшнікаў і іншых маскоўскіх і бээсэсэраўскіх цівуноў, адбывалася ва ўсіх заходніх дэмакратычных краінах, дзе пасяліліся нашы суродзічы.

Мы былі небяспечныя для маскоўскіх і бээсэсэраўскіх шэльмаў тым, што ведалі праўду пра гулаг, генацыд нашага ды іншых народаў, пра крыміналістаў пры ўладзе ў Крамлі. Мы стараліся мець доступ да палітыкаў, урадаў і перад усім да прэсы ў заходнім свеце, праз якую пашыралі праўду не толькі пра Беларусь, але пра ўсе паняволеныя савецкай уладай народы. Мне давялося гадоў дваццаць працаваць прадстаўніком ад канадскіх беларусаў у Антыбальшавіцкім Блоку Народаў. Мяне называлі „вечным дэманстрантам” супраць розных бальшавіцкіх адкрытых ці замаскаваных палітрукоў, што з’яўляліся пры нашым мідыя, тэатры, палітыках. Калі выйшла мая кніга Змагарныя дарогі (1962 г.), яна сцягнула на сябе шквал агіднай лаянкі бальшавіцкіх паўзуноў, розных прокшаў, паслядовічаў, раманоўскіх, мацкевічаў і іншых.

Маючы хворую сям’ю, нялёгка працуючы для забяспячэння матэрыяльнага дабрабыту, аддаючы кожны вольны час для беларускага жыцця (рэдакцыя газеты, царква, каса самапомачы, антыбальшавіцкія акцыі), я зразумеў, што каб утрымацца, каб вытрываць, выжыць і даць нейкі большы ўклад у культуру беларускага народа, я павінен прадаўжаць літаратурную, творчую працу.

Некалі, яшчэ перад паўстаннем арганізацыі ЗБК, я звярнуўся лістоўна да паэта Уладзіміра Клішэвіча ў Злучаных Штатах Амерыкі з пытаннем, як выдаваць часопіс. Ён раіў мне, калі маю сілы і волю, пачынаць і пажадаў поспехаў. Разам прыслаў і свой верш, які, відаць, выказваў ягоную тагачасную горыч:


Хоць ты плач ці душыся ад смеху,
Не ўцячы ад праклятай бяды,
На апошні прыстанак прыехаў,
Болей ехаць няма куды!

Паспачуваў яму я ў думках: дрэнь у цябе будзе будучыня, калі ты і вольную Амерыку лічыш „апошнім прыстанкам” на шляху ўцёкаў ад бяды... Я бачыў канадскую вольнасць як дар Божы для мяне, выгнанніка. Праўда, у сэрцы гарэў нясцерпны боль па паняволенай чужніком Бацькаўшчыне. Любоў да яе, да майго народа натхняла мяне да працы — каб яму памагчы, каб некалі было, як казаў вялікі паэт, „унукаў панаванне там, дзе сягоння плача дзед!”.

Любоў да мовы і слова пачалася, мусіць, тады, калі выцягнуўшы з бацькавай шуфляды якую расейскамоўную кнігу пытаўся: „Якая, тата, гэта руская літара, што падобная на чатыры?”.

Чытанне мастацкай літаратуры ў даступных мне мовах сталася амаль штодзённай патрэбай. Ззамаладу чыталася ўсё, што можна было дзе ў каго ці бібіліятэцы пазычыць, чыталася ўзахлёб. Ужо куды пазней толькі стараўся чалавек разабрацца, асэнсаваць, да якога ізму, да якой літаратурнай плыні належаў той ці іншы твор і які вялікі ці меншы майстра напісаў яго.

Бальшавіцкая акупацыя Заходняй Беларусі ў 1939—1941 гадах, калі мне давялося наведваць два гады расейскамоўную школу ў Каралеўшчыне, прынесла вялікі канфуз у мае намаганні зразумець тыя дысанансы і плыні, што адрознівалі так званую беларускую „дакастрычніцкую” ад той „мастацкай сацрэалістычнай” беларускай літаратуры. Розныя палітрукі ад літаратуры і „хрэстаматыйныя” творы засланялі шырэйшую панараму не толькі беларускай, але і расейскай літаратуры. Ужо куды пазней, падчас гітлераўскай акупацыі дый пасля вайны, трацілася многа часу, каб сапраўды пазнаць родную літаратуру — і тую названую бальшавікамі „дакастрычніцкай”, і, апрабаваную рэжымам, „сацрэалістычную”...

Ці не найбольшы патэнцыял стварыць вялікія творы ў беларускай мастацкай літаратуры, калі б ім далі магчымасць, мелі Максім Гарэцкі і Кузьма Чорны. Бальшавіцка-маскоўская нечысць іх замарыла! Калі ідзе пра паэтаў, астаюся лаяльным да „чыстай красы” Максіма Багдановіча. Шмат натхнення далі мне Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Уладзімір Арлоў...

Чытаеш які новы і паважны літаратурны твор, чуеш пра яго водгукі рэцэнзентаў... Сочыш, што адбываецца ў англамоўнай літаратуры, пазіраеш на ўсходніх і заходніх суседзяў. Во так і вучышся... Самае важнае, што апынуўшыся ў Канадзе, перамагаючы ўсякую злыбяду, у творчых пошуках, удалося мне знайсці той прытулак, той прыказачны кут, патрэбную ізаляцыю, каб нешта вартаснага напісаць.

Наапошку, мушу прыгадаць, што ў васьмідзесятых гадах быў я сябрам рэдкалегіі расейскамоўнага літаратурнага і публіцыстычнага часопіса ў Таронта „Современник”, дзе даводзілася пісаць на беларускую літаратурную і палітычную тэматыку ды адклікацца на розныя непрыязныя „рэйды” расейскіх гора-шавінстаў і вялікадзяржаўнікаў. Парыжскі часопіс „Континент” змясціў у нумары 55 мой артыкул „Окупационный режим против ‘отца’ белорусского национального возрождения”, і ў нумары 60 — „Кто убил Янку Купалу”. У „Таронта Сан” ад 1971 да 1986 года часта змяшчаліся мае лісты — пераважна на беларускія тэмы і пра справы паняволеных народаў.

Выдавецкі Мастацкі клуб „Пагоня”, які быў заснаваны ў Таронта ў 1968 годзе і меў у свой час больш сотні сяброў, выдаваў беларускія літаратурныя творы і кружэлкі з песнямі. Мне ж самому, набыўшы за собскія грошы кампютэр, давялося працаваць пры наборы кніг: Наталлі Арсенневай, Язэпа Малецкага, Юркі Віцьбіча і сваіх. Пры выданні сваіх кніг, на якія збіраліся фінансавыя сродкі, трэба было абыйсціся без рэдактара, бо пад рукой не было кваліфікаванага чалавека.

У 1974 годзе ўдалося ў Манчэстэры сабраць прадстаўнікоў ветэранаў з трох кантынентаў — Еўропы, Амерыкі і Аўстраліі, на Першую сусветную сустрэчу беларускіх ветэранаў. Выбралі камітэт сувязі ветэранаў, даверылі мне старшынства. Пачаў выходзіць часопіс „Зважай”, квартальнік, якога з’яўляюся рэдактарам”10.

Да гэтага ліста была далучана пісулька: „Перасылаю тое, што згарусціў. Спадзяюся, што вычарпаў тэму, якая вас цікавіла. Жыве Беларусь! З пашанай да вас. К. Акула”.



1 Напрыклад, Уладзімір Случанскі, Драбы. Гістарычная аповесьць, Мельбурн 1969; Уладзімір Глыбінны, Пад Лебядзіным знакам. Аповесьць пра Максіма Багдановіча, Нью-Йорк (без даты выдання).

2 Кастусь Акула, Гараватка, кніга І, Дзярлівая птушка, Таронта 1965, с. 5-6 (ненумараваныя).

3 Масей Сяднёў, Раман Корзюк, Нью-Йорк—Мюнхен 1985; таго ж І той дзень надыйшоў, Глен Коў—Нью-Йорк 1987.

4 Кастусь Акула, Гараватка, кніга І, с. 124

5 Тамсама, с. 6 (ненумараваная).

6 У лісце ў рэдакцыю часопіса „Маладосць” Кастусь Акула піша: „Тым з нас, што паступалі ў Другі польскі корпус у Італіі з-пад нямецкае акупацыі ці раней насілі нямецкі мундзір, давалі магчымасць (нават раілі) змяніць прозвішча з прычыны ваеннае бяспекі. Пойдзем на фронт, дзе здараюцца розныя непрадугледжаныя нечаканасці. І што станецца, калі апынешся ў нямецкім палоне ды немцы даведаюцца, што некалі насіў іхны мундзір?”; цыт. за: Барыс Сачанка, Сняцца сны аб Беларусі. Літаратурна-крытычная артыкулы, інтэрв’ю, Мінск 1990, с. 75.

7 У тым жа лісце Кастусь Акула сцвярджае: „У лістападзе 1944 г., апынуўшыся ў 30-й дывізіі (СС), зарганізаванай пераважна з беларусаў, у Эльзасе нас размясцілі насупраць французскай арміі ў ваколіцах Мюльгоўзэ-Альткірх, на падыходзе да Рэйна. Мы зрабілі старанні, каб французы ведалі, што змагацца з імі не будзем, адно чакаем іхнае афэнзывы, каб без бою перайсці на бок хаўруснікаў. У тым жа раёне, каля Клервалу, нашыя кадэты з Менскае школы камандзіраў БКА позняй восенню перайшлі ў гарах да французскіх макісаў (антынямецкага рэзістансу)”, тамсама, с. 73-74. Інакш гэтыя факты бачаць, аднак, гісторыкі: „У канцы 1944 году дывізія займала частку фронту каля Страсбургу. Пад час агульнага адступленьня нямецкага фронту адзін беларускі батальён, каля 300 чалавек, перайшоў на бок французаў і амерыканцаў. Гэта выклікала вострую рэакцыю Зіглінга. Дывізію перавялі ў тыл, у Эльзас. Няпэўную дывізію немцы раззброілі”, [у:] Язэп Найдзюк, Іван Касяк, Беларусь учора і сяньня. Папулярны нарыс з гісторыі Беларусі, Менск 1993, с. 333.

8 У тым жа лісце Кастусь Акула ўдакладняе: „Была гэта брытанская школа панцырнай зброі ў Кэтэрык Камп у Ёркшыр, якую скончыў у 1945-1946 гадах”, тамсама, с. 74.

9 Кастусь Акула, За волю, Таронта 1991.

10 У лісце ад 12 кастрычніка 1996 года Кастусь Акула паведаміў, што часопіс „Зважай”, з недахопу матэрыяльных сродкаў, спыняе сваё існаванне.

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster