|
Зэльвенская непаслушніца
Ларыса Геніюш жыла па суседству з намі, беластачанамі, „белавежцамі”, непадалёку, праз граніцу, у гарадку Зэльва. Паэтэса падтрымлівала сталы кантакт з раднёй у Беластоку. Тут жыў яе адзіны сын, Юрка, з жонкай Валяй і дзецьмі. Досыць часта ад яе прыходзілі пісьмы, асабліва ў сямідзесятых гадах. У іх яна да размовы аб сямейных справах, бывала, далучала і новыя вершы — калі не цэлы твор, то хоць фрагмент. Многа дзіцячай лірыкі, аздобленай яе каляровымі рысункамі-малюнкамі слала паэтэса двум сваім унукам, Міхасю і Алесю. Праўдападобна, аднак, толькі частка з іх увайшла ў складзеныя Ларысай Геніюш дзве кніжкі — Казкі для Міхаські (1972) і Добры дзень, Алесь (1976).
Калі я на пачатку 1986 года, ужо пасля заўчаснай смерці Юркі, пераглядаў ягоныя паперы, Валя сказала, што пісьмы Ларысы Геніюш да сына і злучаныя з імі вершы з-за іх чыста прыватнага характару не могуць быць апублікаваны.
Вядома таксама, што Ларыса Геніюш мела звычку пасылаць свае вершы ў пісьмах і добрым знаёмым, прыяцелям, паэтам1. Трохі з гэтага, мабыць, увайшло ў зборнікі, выдадзеныя ў Беластоку і Лондане2. Але ёсць падставы меркаваць, што многія творы паэтэсы аселі ў рукапісах у чужых шуфлядах або расцерушыліся па малапрыкметных раённых газетах, часопісах і альманахах. Магчыма, што не ўсё і з прозы Ларысы Геніюш увайшло ў том Споведзь, кнігу, якую яна пісала ў сямідзесятых гадах, а выдадзеную толькі ў 1993 — праз дзесяць гадоў пасля яе смерці. Не ўсё з яе жыццяпісу высвятляе гэта кніга ўспамінаў. Пісаная з „насцярожанасцю”, з прычын „азірання па баках” яна не ўвабрала, здаецца, усяго матэрыялу перажытага аўтаркай3.
У сваёй айчыне, якой Ларыса Геніюш паэтычным словам самаахвярна служыла ўсё жыццё, яна мужна выбрала лёс эмігранткі, лёс непаслушніцы. Жывучы наводшыбе, у самотнасці, яна асуджала гэтым самым і сваю творчасць на няласку палітычных кіраўнікоў краіны ды змоўніцкае маўчанне паслухмяных ім літаратурных крытыкаў.
Нарадзілася Ларыса Геніюш (дзявочае прозвішча Міклашэвіч) у 1919 годзе ў маёнтку Жлобаўцы Гродзенскага павета ў заможнай сялянскай сям’і. Акрамя яе, Ларысы, найстарэйшай, дома з дзяцей былі яшчэ тры сястры і два браты. У 1928 годзе будучая паэтэса скончыла Ваўкавыскую жаночую гімназію. Паколькі ў той час, як піша сама пісьменніца, „цяжка было знайсці адпаведную працу (...), засталася працаваць на зямлі й чакаць мужа”4.
Чаканне сватоў дзяўчыне з асветай, з разбуджанай нацыянальнай свядомасцю, было для яе перыядам хуткага фармавання асабовасці. У той час беларуская вёска, пасля цяжкай фізічнай працы на гаспадарцы спявала то тужліва-сумныя, то бунтарскія і баявыя песні. У іх выказвалася душа народа, таго народа, які „ляжаў бяздзейнай, амаль бяспраўнай палітычна масай па ўсёй сваёй зямлі і толькі цярпеў і стагнаў ад нястачы, прыніжэння і няволі”5. Ларыса ўбірала ў сябе народную паэзію, песні, звычаі. Іх змест ставаўся зместам і яе душы. У гэтай стыхіі яна найлепш сябе адчувала і шкадавала народ. Яна глядзела на яго долю з вышыні культуры, ідэалаў французскай рэвалюцыі. І ў ёй спела прага змагання за волю беларусаў.
Тым часам у канцы 1934 года закруціўся каля Ларысы „высокі, прыгожы сэрцаед”. А сталася гэта, як успамінае паэтэса, так: „Ягоны бацька, убачыўшы мяне ў нашых сваякоў, так захапіўся тоненькай і паважнай дзяўчынай, што не забыўся аб гэтым расказаць сваяму сыну”6. І вось праз нядоўгі час у доме Міклашэвічаў паявіўся „стройны, худы, выгалены Янка Геніюш, пражскі студэнт і амаль ужо доктар!”7. Неўзабаве маладыя згулялі вяселле.
Паводле слоў літаратуразнаўцы Уладзіміра Калесніка (1922-1994), які ў Зэльве ў 1963 годзе наведаў з Янкам Брылём і Уладзімірам Караткевічам сялібу Геніюшаў, Іван Пятровіч, муж Ларысы, „быў задзірысты інтэлігент, прывыклы да асабістага суверэнітэту пад парасонам чэхаславацкай канстытуцыі, дзе пражыў добрыя два дзесяткі гадоў. Любіў ён дражніцца з субяседнікамі, пазіраючы на іх зверху”8.
Вядома, што з боку Івана Пятровіча дражніла Ул. Калесніка. Хоць Ларыса Геніюш у сваёй Споведзі неяк па-жаночаму залічвае мужа да прыхільнікаў сацыялізму9, усё ж ён, „нашпігаваны палітыкай і лірыкай”10, стаяў на другім ад прыезджага суразмоўцы баку палітычнай барыкады. Янка Геніюш быў чалавекам „кансерватыўных” на той час поглядаў на грамадства. Студэнт-стыпендыят чэхаславацкага ўрада ў пачатку дваццатых гадоў, ён натуральна ўпісаўся ў асяроддзе дзеячаў беларускай палітычнай эміграцыі ў Чэхаславакіі, той эміграцыі, якая не прызнала Савецкай Беларусі і жыла спадзяваннямі рэстаўрацыі Беларускай Народнай Рэспублікі з 1918 года.
У гэтае асяроддзе і ўвёў Янка Геніюш сваю маладую жонку, калі яна ў 1937 годзе — ужо з амаль двухгадовым хлопчыкам на руках — прыехала да яго ў Прагу. Яна была цёпла прынята многімі выдатнымі беларускімі дзеячамі з Рады БНР, для якіх, як і для яе, адзінай мэтай была барацьба за свае нацыянальныя інтарэсы. Гарачае жаданне дзейнічаць у імя Беларусі, што на радзіме не знаходзіла выяўлення, у Празе набывала канкрэтнае вымярэнне і знаходзіла падтрымку. Працэс яе палітычнага самавыхавання як паэтэсы-змагаркі завяршала беларуская паэзія, у якую ўлюбёны быў яе муж, асабліва ў творчасць Янкі Купалы11, дзякуючы чаму і яна бліжэй пазнаёмілася з беларускай літаратурай.
Ларыса Геніюш увайшла ў асяроддзе бээнэраўскай эміграцыі як пуля ўваходзіць у ложа карабіна.
Уладзімір Калеснік, знаўца заходнебеларускай паэзіі, які добра ведаў творчасць Ларысы Геніюш і ў 1963 годзе размаўляў з ёю непасрэдна, выказвае думку, што яна „аказалася менш ідэалагічна закамплексаванай, чым яе муж”. Балючую праблему Беларусі яна „бачыла шырэй, чалавечней, драматычней. Яе вопыт жыцця быў перадусім гуманістычным, агульналюдскае дамініравала ў яе свядомасці над палітычным, тэндэнцыйным. Ёй хацелася разумець і быць разуметай”12.
Вельмі праўдападобна, што на станаўленне больш мяккіх — у параўнанні з мужам — адносін да жывой рэчаіснасці і шырэйшых поглядаў на палітычныя працэсы Ларысы Геніюш паўплываў доктар В. Тумаш, „цудоўны крытык і вельмі строгі патрабавальнік мае паэзіі”13.
Першыя вершы Ларысы Геніюш з’явіліся адразу пасля яе шлюбу, яшчэ ў Жлобаўцах, але яна іх — па-за мужам — нікому не паказвала і нікуды не высылала. І вось цяпер, апынуўшыся раптам у чужым вялікім горадзе, у чэшскай Празе, „у чулым жаночым выабражэнні, — як піша С. Брага, — усё зырчэйшаю красою гараць успаміны пра далёкія сёлы роднай Гародзеншчыны. Не даюць спакою й водгаласы нацыянальна-вызвольнага змагання на землях Беларусі. І Ларыса Геніюш бярэцца за пяро, каб сваю тугу па Бацькаўшчыне перадаць у мастацкіх вобразах-вершах”14. Як бачым, першы адазваўся на яе паэтычны голас В. Тумаш. „Ён і вёў мяне, як малую, — піша яна ў Споведзі, — вучачы, хвалячы й караючы, да большай паэтычнасці, лепшай формы верша, каб не агітацыя, а паэзія”15.
Першым надрукаваным творам Ларысы Геніюш быў верш Беларуска (1940 г.):
Калі цябе, мілы, Краіна пакліча
за родны змагацца парог,
то суму не будзе ў мяне на абліччы
і страху не будзе ў грудзёх.
Дзявочае сэрца ў хвіліне так важнай
ад жаху мацней не заб’е,
а буду не менш за цябе я адважнай,
каб сілы дадаці табе.
Ты пойдзеш у бой, а я плуг пакірую,
каня накармлю, напаю, —
і так абаронім, засеем, збудуем
з табою Краіну сваю.16
Гэты дэбютны твор вельмі цікавы сам па сабе, але ўсё ж ідэйна і вобразна ён не тыповы для паэзіі Ларысы Геніюш. Пражскае асяроддзе беларускіх палітычных эмігрантаў, якое сардэчна прыняло маладую паэтэсу, жыло спадзяваннямі-марамі адбудовы сваёй незалежнай дзяржавы. Няма сумнення, што гэтае асяроддзе было прасякнута тым духам, які зарадзіўся ў час бурлівага разгортвання масавага беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху 1918—1921 гг. і выліўся, між іншым, у гэтак званую „ваяцкую паэзію”, запачаткаваную Макарам Краўцовым і падхопленую затым і Алесем Гаруном, і Янкам Купалам, і Змітраком Бядулем, і Уладзімірам Жылкам. Відавочна, у тон культываваным тут баявым, „ваяцкім” заклікам і піша Ларыса Геніюш свой верш-заклік Беларуска.
У ім паэтэса стварае, на „ваяцкі” лад, вобраз беларускай жанчыны-змагаркі, вобраз нетрадыцыйны, калі пад літаратурнай ды культурнай традыцыяй разумець адзін з першых жаночых вобразаў, створаных ва ўсходнеславянскіх літаратурах — вобраз Яраслаўны ў Слове аб палку Ігаравым. Яраслаўна плачам, замовамі і зваротам да магутных сіл прыроды хоча дапамагчы мужу вярнуцца дадому з поля бітвы. Лірычная гераіня Ларысы Геніюш робіць наадварот — яна натхняе сваёй адвагай, смеласцю мілага пайсці змагацца „за родны парог”. „Пайдзі ў бой”, — як бы ўгаворвае яна яго, — „я не буду сумаваць”. Яна ведае, што ім разам трэба будаваць Краіну: яму на полі бою, ёй — на гаспадарцы.
Аднак кожная вайна для жанчыны ёсць найперш расстанне з мілым і, Бог ведае, ці не назаўсёды. Ларыса Геніюш не магла не лічыцца з тым, што на полі бою „снапы сцелюць галавамі, а малоцяць жа стальнымі іх цапамі. На таку жыццё кладзецца неспадзейна, і душу ад цела веюць безнадзейна”17.
Калі да пісьменніцы дайшла вестка пра страту ёю і другога брата, Расціслава, яна піша (паміж 1945—1947 гадамі) верш Ты казаў калісьці (з прысвячэннем Брату Р.), у якім аўтарка дае „люстэркавы” адбітак сваёй першай, „ваяцкай” творчай пазіцыі.
Ты казаў калісьці: не сумуй, сястронка,
над пакутным Краем злітуецца Бог.
Барані і цеш Ты родную старонку,
а я буду бацькаў сцерагчы парог.
Ты казаў: пяі нам соладка і звонка,
раскідай праменні жменнямі наўкруг,
я ж з усходам сонца роднай баразёнкай
весела сталёвы пакірую плуг.
Да Радзімы-маці разбудзі каханне,
запалі сэрцы вольнасці агнём.
Хай народ прачнецца, хай з няволі ўстане,
я ж засею гоні залатым зярнём.
У гэтых двух вершах рэквізіты паэтычнага свету цалкам супадаюць: бацькоўскі (родны) парог, Краіна, плуг, сеянне. Мяняюцца, як у люстэрку, ролі — цяпер мужчына выказвае жаданне сцерагчы „родны парог”, а жанчыне ўступае месца барацьбіта. Хоць ужо не літаральна са зброяй у руках, але паэтычным словам „бараніць і цешыць родную старонку”. Выпрабоўваючы гэтакі варыянт грамадзянскіх павіннасцей (у ліхую для айчыны гадзіну), жыццёва і біяграфічна больш праўдападобны для самой Ларысы Геніюш, паэтэса завяршае твор усё-такі трагічнай высновай. У апошняй страфе яна піша:
Не змаглі мы гора, сокале, з табою,
плача маё сэрца, стогне цэлы край.
Паплыве у Нёман кроў яшчэ струёю
із народных ранаў... Ах, бывай, бывай!
„Ваяцкая” пазіцыя, выказаная Ларысай Геніюш у вершы Беларуска (а таксама і Моладзі) яшчэ ў пражскі перыяд творчасці адкідаецца ёю як пастава неўласцівая яе паэтычнаму і жаночаму светаўспрыманню18. Паэтычныя творы 1945—1947 гадоў маюць ужо цалкам іншую метафорыку: цярністая дарога, крыж, пакутніцтва, пакорна-хрысціянскае спадзяванне на Бога, а таксама чаканне цуду ацалення — айчыны і народу:
І сярод найцяжэйшых пакут
я паверыла сэрцам гаротным,
што з ахвяраў нам зродзіцца цуд,
(Цуд)
Яснейшых дзён у Бога дачакаем,
і пройдзе час нялюбасці і зла.
(Яшчэ не час...)
Крыж мой аднолькава цяжкі і мілы.
З гоняў дзірванных яго за субраццяў
буду ахвярна нясці да магілы,
толькі не дай мне пад ім заламацца.
(... ... ...)
буду ісці па цярністай дарозе,
потам змываючы кроў і слязамі.
(Божа...)
Божа, народ свой пакутны, убогі,
як вернае сэрца ў адданых грудзёх,
кладу Табе сёння пад божыя ногі,
каб Ты не забыўся, каб Ты дапамог.
(... ... ...)
Кладу Табе край свой пад божыя ногі,
каб Ты не забыўся, каб Ты дапамог.
(Як вернае сэрца)
Тагды о Ты, што ўсім раздаў так многа,
а толькі нас пакінуў як сірот,
пачуй мяне і пакажы дарогу
якой ісці, каб пацяшаць народ.
(Пакажы дарогу)
Хоць неба сёння срогае маўчыць,
я ў адраджэння веру ясны цуд.
(Кір)
На пачатку 1943 года ў Празе з’яўляецца паэтычны зборнік Ларысы Геніюш Ад родных ніў, у які ўвайшлі вершы з 1940—1942 гадоў.
Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы —
пісаў у сваім вершы Слуцкія ткачыхі Максім Багдановіч. Гэтай запазычанай цытатай („ад родных ніў”) з класіка беларускай паэзіі паэтэса ў плане біяграфічным выказвала сваё несціханае да болю адчуванне адарванасці „ад роднай хаты”, а ў плане культурным падкрэслівала неразрыўную духоўную сувязь з беларускай традыцыяй, беларускім народам, якога чужынцы з усходу і з захаду гвалтам змушалі ткаць ім „залатыя паясы”.
„З першых старонак кнігі мяне да глыбіні душы, — пісаў Пятро Глебка, — ускалыхнулі бязмежны смутак і гора чалавека, адарванага ад радзімы”19.
Як бачым, ужо на самым пачатку паэтычнага шляху паэтэса нібыта прадбачыла, нібыта прадвызначыла свой пакутны лёс пісьменніцы. А пакуты яе і ўсе далейшыя жыццёвыя нягоды пачыналіся і звязваліся ў гордзіеў вузел і з сямейнай трагедыі (у савецкіх канцлагерах загінулі маці, бацька і брат Ларысы), і з драматычных асабістых памылак палітычнага выбару20, і, урэшце, з тугі па айчыне.
Тэма айчыны — цэнтральная тэма ўсёй творчасці Ларысы Геніюш. Аб чым бы яна ні гаварыла, ці то аб каханні, прыгажосці беларускай прыроды, народных звычаях, беларускім характары, ці аб справах палітычных і грамадскіх, мілых сэрцу альбо трагічных, яна заўсёды гэтым самым хацела выказаць і выказвала сваю адчайную любоў, сваю адданасць толькі роднаму парогу, радзіме, бацькаўшчыне, айчыне, Беларусі. Прычым Беларусь у яе творах усюды асацыіруецца з вёскай, сялянствам, зямлёй. Яна параўноўвае чалавечае жыццё з полем, людзей са з’явамі прыроды, гаворыць, што закон зямлі гэта і „наш святы закон”. Сябе таксама яна называе, адназначна і з гордасцю, сялянкай: „Сялянка я з душой маёй шырокай/ і з думкамі, як Нёмана уздым”; „Маё сэрца з зямлёю зраслося”; „О зямля!/ Сноў сялянскіх калыска,/ беларуская наша доля”; „З паганцаў я./ Красе зямлі малюся”; „Сялянка. Веру ў розум, веру ў працу./ У чарназём. У цёплы дождж з гары”.
У час скалектывізаванай сельскай гаспадаркі, калі хваробліва разрасталася абыякавасць людзей да зямлі, а то і варожасць, такія вершы Ларысы Геніюш гучалі як эстэтычна-патрыятычныя пракламацыі.
Сялянскі менталітэт аўтаркі Ад родных ніў паясняе нам, чаму яна ўсё-такі не магла пісаць „ваяцкіх” вершаў. Ларыса Геніюш у самой аснове мела сялянскую натуру. Невыпадкова ў пражскі перыяд творчасці з верша ў верш лейтматывам праходзіць жаданне быць на радзіме, у вёсцы.
Там толькі хочацца, хочацца быць,
дзе родныя, сумныя далі,
дзе поле узорнай раўнінай ляжыць,
калышацца жытняю хваляй.
(Там толькі)
хачу родныя бачыць загоны
(Хачу бачыць)
Яе спосаб мыслення, душэўны склад быў тыповы для вясковых людзей, характар якіх складаўся з двух як бы супярэчлівых рыс: пакорлівасці, цярплівасці, кансерватыўнасці (зацыкленасці, як цяпер можна было б сказаць) і нейкай прыроднай вынослівасці, цвёрдасці, трываласці, непадатлівасці. Вось такая, таленавітая ад прыроды, сялянская з крыві і косці, Ларыса Геніюш не магла не адгукнуцца, як у свой час нашаніўцы, а затым і кагорта пісьменнікаў дваццатых гадоў, на сялянскую Беларусь. Сялянская радзіма засланяла вочы паэтэсе, не давала бачыць нічога іншага на чужыне. І для гэтай радзімы яна дэкларавала вынесці найбольшыя пакуты (напр.: „О, знай тагды, што для цябе, мой Краю, мой шматпакутны, для Цябе жыла”; „Мне жыцця для Цябе не шкада” і г.д.). Як бы стараючыся адхіліць усё злое ад роднага краю, паэтэса — жывучы ў аддаленні — пачынала ідэалізаваць жыццё беларускай вёскі, свет сялянскай працы і побыту (гл. вершы: Ёсць край адзін. Край мой. Майму сыночку. О краіна...). Пры тым сама яна, абяцаючы злажыць на алтары айчыны найбольшую ахвяру („Для каханае нашай Радзімы і найбольшых ахвяр не замнога”), хутка ўваходзіла ў ролю апосталкі, мучаніцы, заступніцы Беларусі.
Дай адкупіць мне цярпеннем паэта
волю і долю, і шчасце народу.
(Божа...)
Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць — дык жыць для Беларусі.
А без яе — зусім не жыць.
(Адзінай...)
У кнізе ўспамінаў Споведзь, напісанай пасля многіх гадоў катаржных выпрабаванняў, ёсць шматзначнае прызнанне паэтэсы: „Даўно ўжо мінуў перыяд крывавай нямецкай акупацыі, з якой мы выйшлі жывымі, але самае галоўнае, што паэзія мая, мая любоў да Беларусі была чыстай, як крыніца ў полі. Я нікому ні слова не сказала, не напісала, акрамя Зямлі маёй і маяго Народу! Мае словы табе былі толькі, Айчына мая пакрыўджаная, табе была ўся вернасць мая, якую пранесла я праз нялёгкія дні, бо табе толькі сваё жыццё прысвяціла”21.
І тым не менш у яе, бескампраміснай да фанатычнасці заступніцы гаротнай Радзімы, пад канец вайны „найбольшае жаданне было ехаць як найдалей з Прагі, каб пазбегнуць лёсу маіх бацькоў, які быў страшнай рэальнасцю, — піша Ларыса Геніюш у Споведзі і тут жа дадае: — Вялікай мужнасцю было стрымаць сябе й не ўцячы, калі ўцякалі найразумнейшыя”22. І хоць ва ўспамінах пісьменніца звальвае ўсю віну за тое, што не ўцяклі далей на захад ад бальшавікоў на мужа, якога „паслухалася першы раз”, аднак, нікуды яна не магла выехаць, у ніякія Амерыкі і Аўстраліі, бо ведала, што з’яўляецца пажыццёва падданай толькі Бацькаўшчыны, што апантана айчынай.
5 сакавіка 1948 года ў Чэхаславакіі паэтэса разам з мужам была арыштавана савецкімі энкавэдыстамі „як ваенны злачынца” і перавезена ў Менск, дзе яе дапытваў сам міністр унутраных спраў Цанава. У лютым 1949 года Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў (столькі ж гадоў атрымаў і муж). „Пасля гэтага ўсякі след аб ёй загінуў”23, — напісаў у 1955 годзе пра пісьменніцу С. Брага ў выдадзеным у Мюнхене альманаху беларускіх эміграцыйных паэтаў і пісьменнікаў Ля чужых берагоў.
Аднак насуперак усякаму ліхому на свеце Ларыса Геніюш выжыла, выйшла з лагеру. У 1956 годзе яна з мужам вярнулася ў колішнюю Зэльву, але савецкага грамадзянства не прыняла да канца свайго жыцця. Гэтым учынкам паэтэса выявіла сваю сялянскую ў добрым значэнні слова паслядоўнасць, грунтоўнасць характару, і з таго часу была зэльвенскай непаслушніцай.
Гэта прынцыповасць аўтаркі Ад родных ніў, смеласць у адстойванні свайго пункту гледжання, рашучасць жыць самотна, імпанавала шмат каму з маладой беларускай інтэлігенцыі і давала прыклад усяму пісьменніцкаму гурту вытрываць з паднятай галавой. Вось якую рэфлексію занатаваў Ул. Калеснік пасля сустрэчы ў 1963 годзе з зэкаўкай: „Незалежнасць, асабістая пазіцыя для кожнага з нас былі не толькі штодзённым клопатам, але і сэнсам жыцця. Змаганне за права на сваю думку забірала ў кожнага з нас процьму сіл, кідала ў пот і ў холад, зганяла сон з вачэй, смылела і шчымела ў душах. Зэльвенскай пустэльніцы было як быццам лягчэй, бо яна мела ўжо за плячыма тое, што магло чакаць кожнага. Прайшла сваю Галгофу і стала зайздросна вольнай”24.
Вось як трагічна паварочвалася гісторыя — карыстальнікі савецкай свабоды, інтэлігенцкі істэблішмент пачынаў зайздросціць тым, хто вызваляўся ад гэтай свабоды праз апраметную!
Катаржная праца і клімат Поўначы не зламалі Ларысу Геніюш як паэтэсу. Вершы яна складала і там, у лагеры Інта і ў лагеры Абезь (Комі АССР). Асеўшы ў ціхай прыгранічнай з Польшчай Зэльве, яна прадаўжала мастацкім словам служыць сваёй пакутнай, як і сама, Радзіме. У 1967 годзе выйшаў яе зборнік вершаў Невадам з Нёмана, а ў 1982 — На чабары настоена.
У гэтых кнігах паэтычны свет будаваўся з будзённых пачуццяў, радасцей, роздумаў, успамінаў — ціха, хораша, без крыклівых слоў, без дэкларацый. Паэтэса з любасцю апісвала і хатнія пажыткі, як бы ўпершыню захапляючыся іхнім бескарыслівым існаваннем, і народныя звычаі ды абрады, з якіх ткаліся ўстойлівыя хрысціянскія вартасці, „залатыя паясы” для айчыны, і блуканне слядамі памяці, заслухаўшыся ў хвалі прыліваў і адліваў шчасця-болю, і незгасальную красу родных мясцін. З някідкіх дэталяў і вобразаў яна стварала сугестыўныя вершы пра чалавечую праўду быцця. Ад роднага да народнага разрасталася ўспрыманне лёсаў чалавечых, ад звычайнага абразка — да прытчы.
Лірычныя творы з гэтых двух зборнікаў заварожваюць нейкай простай, фальклорна-сялянскай глыбокай мудрасцю, пакрытай акварэльнымі мазкамі жалю, смутку, горычы, настальгіі, спачування, трагедыйнасці.
Акрамя светлых вершаў паэтэса пісала і палітычную лірыку. Народжаная ў нетрах яе эміграцыйнага жыцця, прадоўжаная затым у лагерах, яна прагучала з асаблівай сілай гневу найперш у пазацэнзурных выданнях і публікацыях. Гнеў свой Ларыса Геніюш кіравала супраць сталінізму, той жудаснай ідэалогіі, якая вяла мільёны людзей да бездухоўнасці, да поўнай дэградацыі і азвярэння.
У лагерных вершах Ларыса Геніюш адчувала сябе не ахвярай той ідэалогіі, а свядомай змагаркай супраць сістэмы за чалавечнасць, за радзіму, за нацыянальнасць. Відаць, таму ў яе творах няма рытарычнага пытання ахвяры: за што? Няма ніякіх скаргаў, апраўданняў у сваёй невінаватасці, няма — урэшце — ніякіх ілюзій, уласцівых многім тады арыштаваным, якія верылі, што моў калі там, у Крамлі, даведаюцца, дык разбяруцца і адпусцяць. Такіх ілюзій у яе не было, хоць паэтэса таксама ж жыла надзеямі, спадзяваннямі і таксама пыталася. Але „я пыталася толькі ў Бога: за што?”25
Многімі сваімі творамі выдатная пісьменніца па-чалавечы смела і па-мастацку арыгінальна адлюстравала адну з найбольшых драм нашай эпохі, калі ішлі насустрач у халодныя абдымкі дзве няроўныя сілы — па-мацярынску ўлюбёная ў свой край, народ і зямлю, сардэчная і беражлівая ды па-жаночы гнеўная, „не зломленая духам” беларуская жанчына, „асвечаная ідэалістка”26 і азвярэлая сістэма, што патрабавала ўсё новых і новых неймаверных чалавечых ахвяраў.
1 Гл.: Данута Бічэль, Яна лічыла сябе яцьвяжкай, [у:] Ларыса Геніюш, Юрка Геніюш, Маці і сын, Беласток 1992.
2 Larysa Heniusz, Dziewiać wierszau, Biełastok 1987; Ларыса Геніюш, Вершы. Рукапісны зборнік з 1945-1947 гг., Лондан 1992.
3 Гл.: Міхась Чарняўскі, „Благаславенны родны дом...”, [у:] Ларыса Геніюш, Споведзь, Мінск 1993.
4 Ларыса Геніюш, Споведзь, Мінск 1993, с. 6.; Гл. таксама яе аўтабіяграфію: Ларыса Геніюш, Сто ранаў у сэрца, [у:] „Голас Радзімы”, 1996, № 49-51.
5 Ларыса Геніюш, Споведзь, с. 7.
6 Тамсама, с. 10.
7 Тамсама, с. 13
8 Уладзімір Калеснік, Усё чалавечае. Літаратурныя партрэты, артыкулы, нарысы, Мінск 1993, с. 74.
9 Гл.: Ларыса Геніюш, Споведзь, с. 200.
10 Уладзімір Калеснік, Усё чалавечае, с. 75.
11 Гл.: Arnold McMillin, Introduction, [у:] Ларыса Геніюш, Вершы. Рукапісны зборнік з 1945-1947 гг., Лондан 1992, с. ІІІ.
12 Уладзімір Калеснік, Усё чалавечае, с. 75.
13 Ларыса Геніюш, Споведзь, с. 53.
14 С. Брага, Ларыса Геніюш, [у:] Ля чужых берагоў. Альманах твораў беларускіх эміграцыйных паэтаў і пісьменьнікаў, Мюнхэн 1955, с. 155.
15 Ларыса Геніюш, Споведзь, с. 53.
16 У кнізе Маці і сын гэты твор мае яшчэ дзве звароткі. Гл. с. 17.
17 Слова аб палку Ігаравым. Пераспеў Янкі Купалы, [у:] Янка Купала, Спадчына. Выбар паэзіі Янкі Купалы, Нью-Йорк—Мюнхэн 1955, с. 479.
18 Пасля ссылкі Ларыса Геніюш сама дала да гэтай тэмы аўтарскую „папраўку”. У вершы Жаночы клопат яна, між іншым, пісала:
Ў кволых пальцах мяча не ўтрымаць,
меч — для дужых мужчынскіх далоняў.
Нараджаць нам, не забіваць,
ўзгадаваўшым жыццё ў сваім лоне.
19 Цыт. за: Барыс Сачанка, „Мудрасць продкаў ў гарачай крыві”, [у:] Ларыса Геніюш, Белы сон. Вершы і паэмы, Мінск 1990, с. 4.
20 Гл.: Л. Г. (Публікацыя Міколы Мікуліча), Я прывыкла да болю, „Культура”, 1996, № 39, с 4.
21 Ларыса Геніюш, Споведзь, с. 135.
22 Тамсама, с. 101.
23 Ля чужых берагоў. Альманах..., с. 155.
24 Уладзімір Калеснік, Усё чалавечае, с. 76.
25 Ларыса Геніюш, Споведзь, с. 72.
26 Самаакрэсленне паэтэсы. Гл.: Споведзь, с. 67. У. Калеснік называе Л. Геніюш трагічнай постаццю — „трагічная без віны, трагічная ўсечалавечай любоўю да людзей, глыбокім спачуваннем свайму народу, які нёс праз кроў і пажары свой цяжкі лёс, сваё пакутнае жыццё з надзеяю на несмяротнасць”, [у:] Ростані волі. З заходнебеларускай паэзіі., Укладальнік і аўтар прадмовы У. Калеснік, Мінск 1990, с. 25.
|