|
Партрэт памяці
На працягу
амаль саракагадовай дзейнасці
Беларускага літаратурнага аб’яднання
„Белавежа” на яго гарызонце з’явілася
больш за сто самых розных па адоранасці,
працавітасці, адукацыі — аўтараў
вершаў, лірычнай прозы, апавяданняў,
аповесцей, п’ес, нарысаў, рэпартажаў,
фельетонаў. На жаль, большасць з пачынальнікаў
задавальнялася адной-двумя сваімі
публікацыямі.
Юрка Геніюш
друкаваўся, праўда, часцей, аднак, на
маю думку, і для яго літаратурная
праца была ўсё-такі не самай важнай.
У 1985 годзе
жыццё яго раптоўна абарвалася. Памёр
пры нявысветленых акалічнасцях і забраў
з сабою нейкі нікім яшчэ неназваны,
істотны фрагмент нашага супольнага
беларускага ў Польшчы свету, не
выказаўшыся да канца, не выявіўшыся
шырэй і глыбей, чымсьці мог. А ён
меў пра што расказаць — і раннія
гады свайго мітуслівага жыцця, такія
неардынарныя для яго самога, і пазнейшы
час, перыяд вайны, бо быў жа пры маці
— асобе вельмі актыўнай у плане і творчым,
і нацыянальным. Іх жа дом у Празе з’яўляўся
адным з цэнтраў беларускай
эміграцыі. Нам заўсёды будзе не хапаць
менавіта ягонага апісання гэтай
гісторыі, праніклівага допісу-дапаўнення
да Споведзі маці, Ларысы Геніюш.
Не знаючы
сваёй гадзіны, здаецца, не прадчуваючы
благога, Юрка Геніюш не спяшаўся, пісаў
адносна мала, мяркую, што адкладаў
літаратурны занятак напасля. Можа,
знясільвала яго лекарская практыка,
яна, відаць, псіхічна дэканцэнтравала
яго, пасля чаго Юрка адпачываў, заняты
сваімі шматлікімі хобі. А можа
стрымлівала ягоную творчасць тое, з чым
не мог не лічыцца: ён жа быў сынам, як
тады гаварылася, здраднікаў айчыны,
ворагаў народа, бацькоў зведаўшых
Поўнач.
У жыцці
Юрка ішоў практычнаю дарогаю —
закончыў Медыцынскую акадэмію ў Беластоку,
спецыялізаваўся ў дзіцячых хваробах,
быў на гэтай дзялянцы дасведчаным
інтэрністам. Па складу душы, па
прызванню, што зрэшты вельмі
прыдавалася яму ў адносінах з дзецьмі,
Юрка быў казачнік-выдумшчык і паэт з моцным
ухілам у бок гумару і сатыры. Дзве
гэтыя рысы свайго характару ён пераняў
пароўну ад бацькі-лекара і маці-паэтэсы.
Сам ён меў
мноства знаёмых. Быў чалавекам
надзвычай таварыскім, кантактным,
энергічным, дасціпным, жыццярадасным. І адначасова
стрыманым наконт мінулага. Калі
размова скіроўвалася ў той бок, Юрка
звычайна засланяўся анекдотамі аб
дзеўках, жартамі з вясковага жыцця-быцця,
плебейскім гумарам альбо забаўляў
слухача пагудкамі аб беларускай
літаратуры. Цытаваў па памяці — ці то
сваё нешта, ці матчынае (не
ўдакладняючы, вядома, чыё гэта), ці
іншага пісьменніка, каго любіў за
трапнасць выказвання.
Сярод
беларускіх грамадскіх дзеячаў,
журналістаў „Нівы”, літаратараў „Белавежы”,
людзей з наогул вясковай
ментальнасцю, са звужаным нутраным
светам, пачцівых ахвяраў штучнага ладу,
засяроджаных пераважна на сабе, Юрка
Геніюш выдзяляўся сваім інтэлігенцкім
паходжаннем. Кідалася ў вочы найперш
тое, што быў ён асобаю знешне вольнай.
Начытанасць, валоданне замежнымі
мовамі і пашана да сваёй роднай,
рэдкая чысціня вымаўлення,
нацыянальная годнасць, адкрытыя
гарызонты поглядаў, жывое рэагаванне
на атачэнне і грамадска-палітычныя з’явы,
здаровая пераменлівасць паводзін былі
яму натуральна ўласцівыя. Нават калі,
здавалася, фарсіў нейкім кішэнным
гадзіннікам са срэбраным ланцужком на
камізэльцы ці шыракаполым капелюшом,
Юрка не стараўся па-неафіцку бліснуць
ці засланіць сабою іншых. Не абмінаў і шэрых
людзей, не пазбягаў люмпенаў. Аднак, хто
ведае, ці гэтая даверлівасць у адносінах
з імі не была трагічнай прыступкай
да заўчаснай ягонай смерці...
У Споведзі
Ларыса Геніюш малюе з мацярынскай
чуллівасцю і любоўю суцэльны
дзіцячы вобраз Юркі, яе адзінага сына:
як хадзіла цяжарная, што нарадзіла
хлопчыка, колькі важыць, што дробненькі,
як з двухгадовым едуць праз Варшаву
ў Прагу, і што, ужо ў Празе,
Юрачка паламаў стрэлкі на гадзінніку
таты, і што зроблены Юрачкін
партрэцік, і што „цудоўны хлопчык”1
гаворыць чэшскія вершы; потым, як
вядуць яго першы раз у пачатковую
школу ў „кароценькіх сініх
аксамітных нагавічках, у свэтэрочку
й белых туфельках”2; і што быў
найлепшым вучнем і „найгоршым
выраблянцам”3, энергічны, шустры, чысты,
па-дзіцячы набожны; і што „аб Юрку,
яго здольнасцях і розуме расказвалі
па Празе анекдоты”4; як ідуць з Юрачкам
у Велікодную суботу ў царкву да
споведзі і прычасця; што ходзіць на
лекцыі ангельскай мовы; як падчас вайны,
бывала, сядзіць ціхенька пад сталом; і што
запісаны ў ІМК-у, як ездзіць на лыжах;
а потым — „ручкамі цераз краты
выціраў мне слёзы, а сам ніколі не
заплакаў. Быў мужны, але, як аказалася,
толькі пры нас”5.
Акрамя гэтых
выразных і светлых штрыхоў да
партрэта сына, ёсць у кнізе
ўспамінаў якаясьці мацярынская
драматычная занепакоенасць далейшым
лёсам свайго дзіцяці. Як трывожныя
сігналы гучаць на старонках Споведзі
аднатыпныя выказванні Ларысы: „Юрка
быў на дзіва набожны. (...) Гэта пазней
вельмі дапамагло самотнаму замучанаму
юнаку перахітрыць праследавацеляў,
якія намагаліся маральна яго знішчыць”6,
„даканалі маральна й фізічна Юрку”7,
„нацкоўваюць на нас роднага сына”8, „а,
можа, яны (агенты — Я. Ч.) нам тады
купілі дзесяцігадовага хлопчыка?”9, „а
сына, як мы пазней даведаліся,
пасадзілі за хуліганства, і білі яго,
і здзекаваліся над ім”10, „не ведаю
яшчэ, напэўна (толькі са сноў), што
сядзіць у польскай вязніцы сын мой і яму
цяжка...”11
Што гэта —
благія прадчуванні, удраматызаваная
праекцыя свайго лёсу на лёс сына ці
аднак жа балючае хваляванне матчынага
сэрца, да якой даходзілі, раней ці
пазней, нядобрыя весткі пра Юрку?
Сын, Юрка,
адна з цэнтральных постацяў Споведзі.
Невыпадкова ягонымі словамі: „Мама, я піў
гарэлку, я быў як нелюдзь, — скажа ён
мне пасля, — іначай яны мяне не
выпусцілі б...”12 Ларыса Геніюш і заканчвае
сваю кнігу. Гэта характэрна, што
паэтэса на самым канцы ўспамінаў „дазваляе”
Юрку выказацца сваім голасам. Гэтым
самым яна ці не хацела падкрэсліць, што
перадае творчую эстафету яму, сыну; што
моў ты сам цяпер зможаш расказаць аб
сабе. Гавары!
У маім
уяўленні заўчасная смерць
таленавітага Юркі Геніюша выразна
спалучаецца з тымі фактамі
палітычнага праследавання, аб якіх
маці добра ведала, але з-за пільнасці
цэнзараў не магла гаварыць прама,
выразна, адно намякала.
Магчыма таму
Юрка быў натурай, як гаворыцца,
амбівалентнай. Меў свае дні паганага
настрою, душэўнага заняпаду,
знясільваючага песімізму, калі сярод
сваіх адчуваў сябе па-свойму чужым,
адрынутым, нешчаслівым, зацкаваным,
праследаваным.
Праўдападобна
ў такія нямоглыя хвіліны
выратавальнай саломінкай была для яго
ўласная літаратурная праца, дзе ён
урэшце мог даць палёгку сваім
напружаным роздумам — найперш над
беларускай нацыянальнай мімікрыяй.
Тэма гэта, відаць, магістральная для
ўсёй, недакончанай, творчасці Юркі
Геніюша — ці калі ён „страчыў” у „Ніву”
злабадзённыя фельетоны, ці калі пісаў,
ні то сабе, ні то музам, казкі, лірычныя
замалёўкі ў прозе, рытмізаваныя
празаічныя мініяцюры, або вершы,
няўпэўнены, ці паявяцца яны калі-небудзь
у друку.
Літаратурную
творчасць Юрка Геніюш выкарыстоўваў,
так сказаць, па-нашаніўску, як неблагі
сродак пашырэння нацыянальна-адраджэнскай,
палітычнай і асветніцкіх ідэй. Гэтым
самым ён ішоў следам за маткаю,
пісьменніцай. Як і яна, у сваіх
творах Юрка спрабаваў удыхнуць у беларускае
грамадства дух аптымізму, творчую
энергію, прывіць імунітэт
непадатлівасці на чужыя вірусы,
папярэджваў аб устойлівай палітыцы
дэнацыяналізацыі розных „дабрадзеяў”
з усходу і захаду.
Пасля ночы
будзе-будзе колісь дзень. Мы не можам
жыць без свету — (Да свету)
І вер і ты
і ўсе, хто белай звязаны чалмою, што сваю
чару споўніць трэ да дна — нават, калі
б налітая была крывёю. Да дна — за
светлы новы дзень. (Чалма Амар
Хайяма)
Запёрла ў лёгкіх
дых, скруціла рукі, пад
лыжачкай шчыміць. І ўсё ўжо
прагніло, і ўсё
заплеснела. Смяецца вораг і прыяцель
прадаў, і багна наўкруга, і помачы
знікуль, а толькі здзек... Успомні:
бывае вось — нанова бэз цвіце! І голаў
падымі, і кроч далей, — каб жыць! (Успомні)
І кулакі
самыя ў грудзі б’юць. Бо ёсць
грахі, якіх не выбачаюць. Мая віна.
Мая віна прад вамі. Бо нас няма, а словы
мовы, якой мяне на гэты свет віталі, мусяць жыць. (Запавет)13
Як ягоны
бацька, Юрка меў памяць і на імёны, і на
хлёсткія беларускія словы, на
парадоксы, аксюмараны, гіпербалы,
сімволіку, алюзію. Гэтым і карыстаўся
(часам празмерна, на маю думку). Такія
мастацкія сродкі, аднак, як бы самі
сабою, давалі яму магчымасць адкрываць
глыбейшыя планы нашай неадназначнай
рэчаіснасці: чалавечыя метафізічныя
раздарожжы, сюррэалізм падзеяў,
хвароблівыя развароты часу-гісторыі.
Гэтым ён намацваў сваю дарогу ў літаратуру.
Засталося па
Юрку Геніюшу некалькі п’ес для
школьнага тэатра, трохі лірычнай прозы,
некалькі казак і пару дзесяткаў
фельетонаў. Усё ім напісанае, альбо
амаль усё, было надрукавана на
старонках „Нівы”, у літаратурных
альманахах „Белавежы” і „Беларускіх
календарах”, а таксама ў кнігах
пры жыцці: Юрка Геніюш, Сакрат Яновіч, Зборнік
сцэнічных твораў (Беласток 1976), Jerzy
Geniusz, Na początku było słowo” (Białystok
1981); і пасмяротна: Юрка Геніюш, Да
свету, [у:] Ларыса Геніюш, Юрка
Геніюш, Маці і сын (Беласток 1992),
Юрка Геніюш, З маёй званіцы (Беласток
1993).
1 Ларыса
Геніюш, Споведзь, Мінск 1993, с. 34.
2 Тамсама,
с. 44.
3 Тамсама,
с. 45.
4 Тамсама,
с. 68-69.
5 Тамсама,
с. 149.
6 Тамсама,
с. 68.
7 Тамсама,
с. 72.
8 Тамсама,
с. 50.
9 Тамсама,
с. 127.
10 Тамсама,
с. 237.
11 Тамсама,
с. 247.
12 Тамсама,
с. 263.
13 Ларыса
Геніюш, Юрка Геніюш, Маці і сын,
Беласток, 1992, с. 95, 82, 68, 66.
|