БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 


Далёкія і блізкія, Беларускія пісьменнікі замежжа, Ян ЧЫКВІН

Пад двума ветразямі


Хочацца пачаць адразу з цытатаў:

Твар шчарсцвелы
на шпацыр пазваляе
міміцы дзівоснай (...)
(шпацыр мімікі)
Пішу вершы
каб паўтарыць сябе
навонкі
пішу вершы
каб завязаць кантакт
з сабою
нявыказаным (...)
(З сябе)

Так арыгінальна ў пяцідзесятых і шасцідзесятых гадах мог пісаць і фармуляваць сваё паэтычнае веравызнанне толькі Яша Бурш, адзін з найбольш цікавых, таленавітых мадэрнісцкіх беларускіх паэтаў у Польшчы.

Яша Бурш (сапраўднае прозвішча Янка Анісэровіч) нарадзіўся ў 1929 годзе ў Баранавічах. Пасля вайны з бацькамі ён пераехаў на сталае жыхарства ў Варшаву. У 1957 годзе закончыў Варшаўскую акадэмію мастацтваў, пасля чаго доўгі час працаваў у варшаўскіх школах настаўнікам жывапісу.

Калі ў 1956 годзе ў Беластоку пачала выходзіць „Ніва” і, такім чынам, для адораных, творчых людзей адкрылася магчымасць друку, Яша Бурш робіцца адным з першых суарганізатараў беларускага літаратурна-мастацкага руху ў Польшчы. 9 лютага 1958 года ў „Ніве” з’яўляецца ягоны артыкул (пад крыптанімам Я. С.) Беларускім паэтам і пісьменнікам у Польшчы патрэбна свая арганізацыя, дзе аўтар, як бы падсумоўваючы двухгадовую спантанную працу пачынальнікаў беларускага прыгожага пісьменства ў Польшчы, даказваў неабходнасць аб’яднання беларускіх творцаў, бо „Хто ж дасць маладому паэту прафесійную ацэнку? Яе павінна даць яго арганізацыя”. Таксама ў „Ніве” (9 жніўня 1958 года, пад псеўданімам Ян Станіслаў) ён дэбютаваў як паэт двума адназвароткавымі катрэнамі: Прыляж ля мяне, вецярок і Сонейка свеціць, смяецца і грэе.

Вершы гэтыя, аднак, з’яўляюцца нетыповымі ў паэтычнай спадчыне Яшы Бурша. Яны належаць да сілаба-тонікі, а гэтакая сістэма вершаскладання была яму чужая і паэт не карыстаўся ёю. Можна, значыць, меркаваць, што да дэбютных твораў Яшы Бурша „прыклаў” сваю руку Георгій Валкавыцкі, галоўны рэдактар „Нівы”, які, што вядома, шмат каму „падчышчаў” тэксты, даводзячы іх да стану друкавальнасці ў тыднёвіку.

Усе наступныя вершы Яшы Бурша, якія з’явіліся ў літаратурных альманахах: Рунь (1959 г., 4 вершы), Мой родны кут (1963 г., 5 вершаў1), Белавежа № 1 (1965 г., 42 вершы), Белавежа № 2 (1971 г., 28 вершаў), Літаратурная Беласточчына (1973 г., 3 вершы) і ў Беларускіх календарах (1961 г. — 1 верш, 1962 г. — 1 верш, 1963 г. — 3 вершы, 1964 г. — 3 вершы і 1974 г. — 1 верш) і якія ён друкаваў таксама на старонках „Нівы” недзе да паловы 1971 года, з’яўляліся ўжо ў сваёй першапачатковай форме дысметрычнага, свабоднага верша. Частка напісаных паэтам верлібраў была ў свой час сабрана Г. Валкавыцкім у зборнік Прамень думкі і выдадзена ім як дадатак да „Нівы” (1964 г.).

У шасцідзесятых гадах дзеля папулярызацыі беларускага слова сярод насельніцтва вельмі шырока выкарыстоўваліся аўтарскія сустрэчы, якія былі ў той складаны час амаль што адзінай паўсядзённай формай кантакту „белавежцаў” са сваімі чытачамі. На аўтарскіх вечарах выступаў часам і Яша Бурш. Віктар Швед аб’ехаў ці не ўсе гарады і вёскі Беласточчыны, дзе пражывалі беларусы. З такіх супольных, відаць, з Яшам Буршам выездаў-сустрэч ён вынес назіранне, што ягоная паэія, ягоныя свабодныя вершы не ўспрымаліся слухачамі проста як вершы; яны іх не разумелі2.

Няма падстаў здзіўляцца, што голас паэта быў не чуцён. Свабодны верш як з’ява новая і больш складаная, чым папярэдняя сістэма вершаскладання, вымагаў і больш падрыхтаванага чытача, слухача. Верлібр з’явіўся ў амерыканскай, заходнееўрапейскай і расійскай паэзіі толькі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, а ў беларускай зусім позна — на пачатку ХХ стагоддзя. Першыя свабодныя вершы па-беларуску былі напісаны Максімам Багдановічам.

Верлібр быў, як паказвае паэтычная практыка многіх паэтаў розных нацыянальнасцей, шчаслівай знаходкай, своеасаблівай універсальнай формай вершаскладання. Форма верлібра давала магчымасць паэту, па-першае, ушчыльніць, сціснуць, згусціць паэтычны тэкст і, па-другое, узмацніць сілу гравітацыі семантычнага поля верша. Вось чаму ні цалкам свабодны рытм, ні нават найбольш няясная асацыятыўная вобразнасць, ні таксама цякучасць, зменлівасць структуры не маглі пашкодзіць яго ўспрыманню менавіта як твора паэтычнага.

Яша Бурш да ўсяго таго, ідучы, несумненна следам за вопытам польскіх маладых паэтаў, адмовіўся на пісьме ад вялікіх літар і знакаў прыпынку. Знешні выгляд такога верша значна як бы зацямняўся, хоць узрастала ягоная паэтычная і эстэтычная энергія. Але калі з такімі паэтычнымі прапановамі Яшы Бурша прыйшлося сутыкнуцца нявытанчаму беларускаму спажыўцу культуры, вынік гэтай сустрэчы быў вырашаны наперад і абумовіў, як аказалася, лёс паэта.

Пасля Максіма Багдановіча свабодны верш (прырода якога беларускім літаратуразнаўствам тэарэтычна яшчэ не зусім асэнсавана3) ў беларускай паэзіі зрэдку стаў з’яўляцца ажно толькі ў творчасці першага пасляваеннага пакалення паэтаў, недзе ў шасцідзесятых гадах, менавіта тады, калі Яша Бурш меў ужо шмат напісаных і апублікаваных верлібраў. Разарванасць адзінага беларускага літаратурнага працэсу на „абшар савецкі” і „фрагмент замежны” не спрыяла натуральнаму абмену творчымі дасягненнямі, не паскарала гэтага працэсу, не ўзаемаўзбагачала яго. Але ж і без гэтага беларускага „замежжа” ў Польшчы, дзе мастацкая літаратура не была так заідэалагізавана, як у Савецкай Беларусі, не было б і свабодных вершаў Яшы Бурша.

Адыход Яшы Бурша ад традыцыйнага, сілаба-танічнага вершаскладання быў глыбока абумоўлены найперш ягоным скразным, як мне здаецца, мастацка-жывапісным бачаннем свету, да таго ж падмацаваным некаторымі філасофскімі перадумовамі экзістэнцыялізму, якім зачытваліся ў Польшчы ў пяцідзесятых—шасцідзесятых гадах усе інтэлектуалы і творчыя людзі. Пры чым, калі вядучыя ягоныя прадстаўнікі гаварылі пра неабходнасць праясніць аўтэнтычнасць чалавечага існавання (экзістэнцыю) праз аналіз яго суадносін з Dasein (М. Хайдэгер), Богам (С. Кіркегар), небыццём (Ж. П. Сартр), то ў Яшы Бурша „прасветленасць” існавання адбываецца праз сутыкненне з „жыцця хараством”, эстэтызаванай рэчаіснасцю.

Беларускія паэты і пісьменнікі савецкага рэгіёну сваёй творчасцю пераважна стараліся дапамагчы партыі „вырашаць” злабадзённыя сацыяльныя, палітычныя і маральна-этычныя праблемы. Грамадскі статус чалавека праігрываўся імі на тысячы спосабаў — да млоснасці, хоць было зразумела, што чалавечае жыццё ні ў якім разе ім не вычэрпваецца, бо па-за тым статусам у кожным чалавеку існуе вялікі і вельмі істотны, неабмінальны, унутраны, суб’ектыўны свет „я”; свет напоўнены непрадбачальнымі, выпадковымі, віртуальнымі зрухамі мысляў, рэфлексаў, уражанняў, імкненняў, жаданняў; свет, у якім чалавек спасцігае сябе як непаўторную і непадзельную цэласнасць.

Пошукі нацыянальнай беларускай адметнасці, сацыяльна-грамадскага тыпу асобы сталіся таксама адзінай мелодыяй ад самага пачатку і беларускага літаратурнага руху ў Польшчы. Але ўжо ў 1958 годзе Георгій Валкавыцкі запрыкмеціў гэтае тэматычнае звужэнне тутэйшай творчасці і таму ў звароце да маладых адэптаў беларускага пісьменства пад загалоўкам На шырэйшыя воды заахвочваў выйсці па-за той зачараваны трохкутнік (бацькаўшчына, родная мова, родны краявід), у якім яны апынуліся4.
Яшу Бурша не цікавілі праблемы чалавека як сацыяльнай істоты і ўзаемаадносіны асобы з грамадою. Аўтар зборніка Прамень думкі амаль дэманстратыўна адмаўляў усю сферу соцыуму. Ён быў паэтам, які літаратурнай творчасцю ў форме і змесце, ужо ў канцы пяцідзесятых гадоў заманіфеставаў права на рост і станаўленне аўтаноміі чалавечага „я”, права на абжыванне — смакуючы — свайго існавання, сваёй біялагічна-псіхічнай экзістэнцыі.

Гэта ідэя абжывання самога-ў-сабе і самога-для-сябе, кінутага ў прыгожы свет-жыццё, адкрытае для пачуццяў і схопліваемае пачуццямі, ідзе скразной лініяй праз усю творчасць Яшы Бурша:

Цалую аксаміт вяргінь
анямелы ад шчасця
(у вяргінь)

Кветачным пылам
распыльваю пачуцці
каб запыліліся вочы
расквечаны дабром
няхай заплодніцца шчасце
на авале твару
(апладненне)

О так прыемна капацца
у памяці
ды выкопваць
паснядзеўшыя дні
перлы юнацтва
узоры гульні
якія пацярусіў час
турботамі дня
пагоняй
за куском хлеба
прайшоўшыя хвілі
вас думкамі гладжу
і сэрцам ахінаю
(археалагічная знаходка)

Мары стапталіся
зусім
да нічога
ходзячы па з’явах
свету
вочы зглядзеліся
да слепаты
на творах прыроды
і розуме людзей
(па-за немагчымасцю)

няхай вочы глянуць
з кілішка мальваў
на вынік турбот
як зраслося на градах
з працай натхненне
у квітнення радасць
(позірк у квітненні)

чакаюць пальцы
каб выляпіць форму
Афрадыты
(чаканне)

агортваю чароўнасць
заглядаю
у харэмы душы
асвятляю пачуццямі
цяжкасць няўдач
і позіркам
зарасаджваю спакой
(вочы)
Праз такі вось неардынарны, далікатны паэтычны свет, будаваны з вытанчаных адчуванняў, праводзілася Яшам Буршам адметная літаратурна-эстэтычная абарона бясконцага „я”, права „я” на самаразвіццё ды самавыяўленне. Як у польскіх паэтаў пасля 1956 года, заадно быў гэта і пратэст супраць татальнага падпарадкоўвання асобы калектыўным структурам грамадства і дзяржавы, калектыўнаму думанню, паглынання імі чалавечай індывідуальнасці.
Паяўленне ў тыя часы свабодных вершаў Яшы Бурша было, аднак, заўчаснае для беларускага чытача і крытыкі. Верагодна таму, што творчая арыентацыя паэта зыходзіла з польскай літаратурнай традыцыі, з яе авангарду.
Незразуметы як паэт, маючы аднак магчымасць прадаўжаць сваю творчую працу, не мяняючы сутнасці, а толькі мову — на універсальную мову жывапісу, Яша Бурш на пачатку сямідзесятых гадоў замаўкае, выключаецца з жывога літаратурнага жыцця.
Паэтычныя дасягненні яго ўсё ж не былі марнымі для „белавежцаў”. У 1970 годзе свабоднымі вершамі дэбютуе вядомая паэтэса Надзея Артымовіч. Рэха ягонай асацыятыўнай вобразнасці і ідэйна-эстэтычных памкненняў адгукаецца ў маладых нашых паэтаў і дагэтуль.



1 Усе змешчаныя ў гэтым альманаху для дзяцей вершы Яшы Бурша падагнаны, праўдападобна, рэдактарамі выдання пад сілаба-тоніку. Вершы, аднак, там-сям захавалі сваю першасную разняволенасць.

2 Гл.: Віктар Швед, Беларускі парнас у Народнай Польшчы, [у:] Беларускі каляндар 1978, Беласток 1978, с. 75.

3 Гл. на гэту тэму працы, м.інш.: А. Клышка, Права на верш, Мінск 1967; В. Рагойша, Паэтыка Максіма Танка, Мінск 1968; І. Ралько, Вершаскладанне. Даследаванні і матэрыялы, Мінск 1977; А. Яскевич, Ритмическая организация художественного текста, Минск 1991.

4 Г. Валкавыцкі, На шырэйшыя воды, „Ніва”, 1958, № 26.

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster