БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 


Далёкія і блізкія, Беларускія пісьменнікі замежжа, Ян ЧЫКВІН

Самотнік у свеце рэчаў




Уладзімір Гайдук, народжаны 7 верасня 1941 года ў вёсачцы Полымя, што на Гайнаўшчыне, Беластоцкага ваяводства, — паэт-самародак, паэт-селянін, земляроб, чалавек цяжкай фізічнай працы. Першыя вершы ён напісаў, калі быў вучнем трэцяга класа пачатковай школы. А дэбютаваў на старонках „Нівы” 21 кастрычніка 1956 года вершамі Захад сонца і Зіма ідзе, змешчанымі ў рубрыцы „Шукаем талентаў”. На самай справе ягоны выхад да чытача адбыўся аднак крыху раней. У „Ніве” 16 верасня 1956 года быў надрукаваны ліст-верш У. Гайдука пад загалоўкам Пазнаёмімся. З гэтага часу ён і стаў адным з першых і найбольш таленавітых паэтаў гэтага тыднёвіка. У 1956-1958 гадах ягоныя творы ледзь не сістэматычна з’яўляліся на старонках адзінага тады беларускага часопіса. На фоне, напрыклад, хоць бы твораў таксама часта друкаванага ў тыя гады Андрэя Сошкі ці нават некаторых паэтаў з Менска, вершы Уладзіміра Гайдука вылучаліся адсутнасцю таго, што называюць грамадскай пафаснасцю, палітычнай лакіроўкай, загладжанасцю. Няма ў яго твораў, у якіх ён чалабітна схіляўся б перад „правадырамі” народаў або іншымі гміннымі аўтарытэтамі. Лірычныя творы Уладзіміра Гайдука выдзяляліся мяккім лірызмам, пошукамі красы ў вобразах роднай прыроды, загледжанасцю ва ўнутраны свет чалавека. Адчуваўся пад імі моцны падмурак народнага светаразумення. Яны здзіўлялі сваёй мастацкай завершанасцю і псіхалагічна-артыстычнай праўдаю. А колькі гадоў было тады паэту? Усяго пятнаццаць, шаснаццаць, сямнаццаць... Малады ўзрост, фактычна толькі пачатак — і добры пачатак! Гэта абнадзейвала.

Мы, яго сябры, здаецца, бачылі тую перспектыву. І напэўна бачыў яе найперш галоўны рэдактар „Нівы”. Ён быў уладкаваў Валодзю ў беластоцкі карэспандэнцыйны ліцэй, у восьмы клас, каб той мог свой прыродны, цудоўны талент паэта сам шліфаваць.

Аднак па прычыне звычайнай матэрыяльнай беднасці і сямейнага неласкавага адбору, якраз ён, Валодзя Гайдук, каб магчы проста-напроста жыць на гэтым божым свеце і мець што есці, вымушаны быў застацца назаўсёды на хутары, на „бацькаўшчыне” і там, пасля смерці бацькоў (адзіная сястра выйшла замуж і выехала) зусім адзін і араць, і сеяць, і касіць, і звозіць, і вывозіць, і гадаваць... І зноў ад пачатку: араць, сеяць, касіць, звозіць, вывозіць, гадаваць... Ды зноў тое самае, з года ў год. Матэрыя, прадметы, рэчы вельмі ж любяць, калі іх датыкаюць, гладзяць, выкарыстоўваюць, перастаўляюць, папіхаюць, таўкуць, націскаюць, круцяць да сёмых патоў і разаграваюць да белай гарачкі. Прадметны свет штодня, кругласутачна дамагаецца чалавечай рукі, цеплыні ягонай душы. Чапляецца чалавека, не адпускае ад сябе, засмоктвае, хоча — у рэшце рэшт — прыпадобніць да „рэчаў-у-сабе”.

У трэцім класе пачатковай вясковай школкі Валодзя Гайдук піша першы верш, верш-пратэст, негалосны пратэст дзіцячай душы супраць сялянскай рэчаіснасці, якая ўжо тады валілася на яго адно фізічным грузам. Пратэст супраць акасцянелага быту, у якім толькі мускульныя сілы маюць першаснае, існае значэнне.

Відаць, ужо тады ў свядомасці дзесяцігадовага хлапчука з’явіўся гэты раскол, разлом-разуменне, што ёсць на свеце — аднак жа! — дзве праўды: праўда знешняга свету ды праўда свайго, душэўнага жыцця; дыскрэтны свет пачуццяў, эмоцый, настрояў, мысляў, якія сваім вектарам накіроўваюцца ў сад Прыгажосці і Дабра, у салон нетутэйшай памяці і Гармоніі; свет, які можна выказаць ствараючы іншасвет, ілюзію быту, кампенсацыю нязбытных чалавечых радасцей — значыць, мастацкі твор.
Лірычная паэзія, добрая і ці не найлепшая, з’яўляецца ў значнай ступені як выквечванне духоўнага жыцця правінцыі. Аднак толькі тады, калі прыроджаныя здольнасці, біялагічныя крыніцы напаўняюцца вышэйшым, культурна-духоўным зместам.

І вось перад намі гэты драматычны лёс — ёсць задатак, ёсць усведамленне свайго таленту, творчай патэнцыі, а крылы не ўздымаюць вышэй і вышэй. Вышэй — гэта куды? А туды, у свет застанай тут, напрацаванай чалавецтвам высокай культуры, іншабыту, дзе маюцца свае законы і вартасці. Матэрыяльныя ўмовы моцна трымаюць паэта пры зямлі, прыніжаюць яго, ставяць у недарэчную залежнасць. Не дазваляюць выпрастаць крылы, раскрыцца ў літаратуры ў поўнай сваёй меры, споўніцца ў духоўнай прасторы.
На такіх вось скрыжалях дадзенай ад прыроды магчымасці ды немагчымасці паўней развіцца і стаіць Уладзімір Гайдук. Стаіць — як многія з нас! У чыста і чалавечым, і творчым ягоным лёсе адлюстроўваюцца (вядома, у іншых варыянтах і ступенях напружанасці) усё тыя ж магчыма-немагчымыя творчыя біяграфіі цікава заявіўшых аб сабе ў свой час і Андрэя Сошкі, і Міколы Базылюка, і Тодара Грушкі, і Уладзіміра Дарашкевіча, і Уладзіслава Дваракоўскага, і Зосі Бусловіч ды многіх іншых, якія былі і якія яшчэ напэўна будуць.

Першым штуршком да творчасці, як было сказана, першым імпульсам з’явілася для Уладзіміра Гайдука, хай сабе і не на яве, а ва ўяўленні, спроба вырвацца з матэрыяльна-фізічнай прыгнечанасці. Ягоныя вершы як ранняга, так і пазнейшага перыяду гэта своеасаблівыя акты самаабароны чалавека. І найпрыгажэйшыя з Гайдуковых твораў іменна тыя, у якіх паэт непасрэдна паказвае тое сваё змаганне, калі, з аднаго боку, з’яўляецца ўпэўненасць у сваёй творчай сіле — сіле духастваральнага пачатку, нейкая архетыпічная зродненасць з Гарацыевым Exegi monumentum aere perennius, калі пераможна гучыць аптымістычны, мажорны лад:

Такой хвіліне сэрца аддаю,
Што вечна будзе свежай на паперы,
А словы, бы на камені разьбу,
Ні бура, ні агонь не пераменяць.

Сваім павабам, шчырасцю сваёй,
І радасцю, і горкімі слязамі
Будзеш, хвіліна, вечнай і жывой,
Ператрываеш цэлымі вякамі.
(Такой хвіліне...)

А з другога боку, тут жа ўзнікае адчуванне спутанасці лёсам. З’яўляецца мінор, таму што — адкрыўшы вочы — паэт бачыць усё тую ж сваю найбольш рэальную рэальнасць, прадметны свет, які, вырачыўшы бельмакі, глядзіць адусюль на свайго гаспадара, чакаючы ягоных спрытных рук ды мускулаў. І паэт піша:

Цень крылом крумкача
Закрывае квяцістае воблака.
Туга затоеная
Ажывае нанова
Як нявыказанае слова.
(Думкі аратага)

Альбо так:

У чатырох сценах
Краявід нязносны:
Хаос і пустэча.
Арахна выткала сець лёсу...
(У чатырох сценах)

Міфічная Арахна, найлепшая ткачыха ў Лідзіі, спаборнічаючы, як вядома, з не менш легендарнай Афінай, выткала цудоўнай прыгажосці тканіну. Але як то бывае між жанчынамі, разгневаная харашынёй рукадзелля Арахны, багіня Афіна параздзірала яго ў шматкі, а саму Арахну ператварыла ў павука. Вось аж адкуль у вершы сець Арахны! Ці гэта значыць, што паэт — як муха ў павучынай сеці? Вобразнасць твора больш складаная, як думаю, яна не вычэрпваецца той устаялай асацыяцыяй. Паэт сілкуецца гэтым вобразам па-свойму. Хаос і пустэчу свайго жыцця, свайго свету ён тлумачыць вобразам, узятым аж у старажытных. Сваю быційнасць паэт „устаўляе” ў рамкі страшна далёкага, прамінулага гістарычнага часу і міфічных падзеяй — каб сказаць, што ўжо там „вытканы” быў і ягоны лёс.
З гэтага дынамічнага і асацыятыўнага сутыкнення, як бачым, і нараджаецца інтэлектуальна-лірычная іскра. Яна па-новаму асвятляе Гайдуковы „хаос і пустэчу” (яны напаўняюцца тым зместам, які мелі ў антычнасці), а таксама і Арахну, і надае іншы сэнс і вымярэнне жыццю самога паэта.
Чытаючы і апублікаваныя вершы Уладзіміра Гайдука, і тыя, што ім напісаны, але па розных прычынах засталіся па-за друкам, я здзіўляюся — якім жа моцным ад прыроды творчым духам мусіць дыхаць паэт-самотнік у свеце рэчаў, калі — маючы поўную свядомасць свайго драматычнага абмежавання — ён стварае, акрамя ўсяго, такія вось паэтычныя крышталікі, як гэты:

Падумала хоць раз аб тым,
Чытаючы паэтаў строфы —
Шлях Ісціны і Шлях Галгофы,
Над Рубіконам вечнасці блакіт.

І скрып пяра ў начной цішы.
Лебедзь астральны і трава ў расе.
Пачуць хоць раз жаданы спеў,
А потым вочы стомлена на міг закрыць...

Час працы словы ажывіў — апраўдан труд,
Гармоніі закон у новай форме.
Дух бунту актам стаў пакоры —
У вершы завяршыўся Абсалют.
(Падумала хоць раз аб тым)

Такія вершы аб творчым працэсе (вышэй цытаваны тэкст незвычайна арыгінальны сваім арганічным упісаннем самога творцы, стваральніка і працэсу творчасці ў адзін гарманічны рад: Космас, Прырода, Культура), гэтакія драматычныя п’есы, своеасаблівыя маленькія трагедыі, вядома, не запаўняюць усёй мастацкай прасторы Уладзіміра Гайдука, хоць у іх ён дасягае бездакорнай канцэнтрацыі паэтычнай думкі і пачуццяў ды найбольш поўна выяўляе сябе як паэт агульначалавечых каштоўнасцей і памкненняў. Як кожны лірычны паэт, Уладзімір Гайдук ахоплівае розныя тэмы ды закранае шматлікія складаныя і глыбокія пытанні чалавечай экзістэнцыі. Ягоныя вершы, выдадзеныя ў двух зборніках: Ракіта (Беласток 1971) і Блакітны вырай (Беласток 1990) прасякнуты пачуццём смутку, журбы, ціхай радасці. Прычым творы паэта ніякім чынам не дэманстратыўныя, не дэкларатыўныя, не гамлетаўскія і не катастрафічныя. Відавочна таму, што няма ў яго душы „пакутных” мысляў пра нацыянальную пакрыўджанасць, няма комплексу нацыянальнай непаўнацэннасці, які пераходзіў бы — як у некаторых „белавежскіх” паэтаў і празаікаў — у назойлівую нацыянальную звышганарыстасць альбо, што, на жаль, часцей здараецца, у плач і скаргі беларуса. Можна сказаць, што аўтар Блакітнага выраю, кіраваны прыроджанай творчай інтуіцыяй, шчасліва абмінае зараз гэты рыф — надта ж характэрны для ўсёй беларускай літаратуры ХХ стагоддзя матыў аплаквання сваёй гісторыі, айчыны, мовы.
Начытаны ў польскай паэзіі, Уладзімір Гайдук, што варта падкрэсліць, ідзе, праходзіць побач яе модных плыняў і школ і застаецца верны сялянска-народнаму светаўяўленню і ягонай эстэтыцы. Менавіта гэта насамперш вызначае творчае аблічча гэтага паэта і ягоную паэтыку.
Праз творчасць Уладзіміра Гайдука, незацемненую, так бы мовіць, чужа-культурнымі наслаеннямі, уплывамі, запазычаннямі, лягчэй — як ні парадаксальна — расшыфроўваюцца першаэлементы, характэрныя для беларускай культуры, пэўныя яе інтэлектуальна-маральныя і эстэтычныя коды: спагадлівасць да людзей, сваіх і не сваіх, і шчырасць у адносінах з імі, схільнасць да гумару, згода са знешнім светам, якая трансфармуецца часта ў пасіўнае сузіранне, затым заземленасць, амаль паганскі культ прыроды, сімвалам якой у славянскіх народаў заўсёды была і застаецца жанчына. Ёй спяваецца гімн, а праз яе ўсёй зямлі-карміліцы, зямлі-прыродзе, зямлі-богу.
Коды гэтыя перадаюцца ў генах, відавочна. Веды, культура іх толькі незвычайна генерыруюць і ўзмацняюць.

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster