БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 


Далёкія і блізкія, Беларускія пісьменнікі замежжа, Ян ЧЫКВІН

Да вытокаў роднага




Паэтычная творчасць, як праява глыбінных працэсаў жыцця нацыі, сур’ёзна вывучаецца толькі акадэмічнай навукай. Так званае грамадства паэзію, паэтычную дзейнасць успрымае як пустую гульню, як забаву дзеля забавы. Пад грамадствам разумеецца тут, праўда, яшчэ — на новай гістарычнай стадыі — неўфармаваны, яшчэ бяскшталтны сярэдні клас, мяшчанства, якое, як паказвае мінулае, жыве само сваёй культурай — у асноўным лёгкастраўнай, трывіяльнай, гібрыднай, якой хутка заспакойвае свой нявытанчаны эстэтычны густ, ствараючы тым самым атмасферу непрымальнасці нічога іншага, клімат пагарды — у тым ліку і да паэзіі, высокай, інтэлектуальнай або той, што выплывае з народных крыніц.

Многія творцы, таленавітыя ад прыроды, а таму і звышчулыя, аж да хваравітай уражлівасці, не маюць часта дастатковай сілы прарвацца праз своеасаблівую какафонію той мяшчанска-папулярнай субкультуры ў сферу вышэйшых духоўных каштоўнасцей. Не знайшоўшы чытацкай падтрымкі, яны проста замаўкаюць, перастаюць пісаць, як бы страціўшы арыентацыю ў свеце культуры і веру ў сваё прызванне.

На працягу сваіх амаль сарака гадоў існавання Беларускае літаратурнае аб’яднанне „Белавежа” страціла не аднаго патэнцыяльна добрага паэта. Здаецца, што да гэтай групы належыць ужо, на жаль, і Міхась Шаховіч, адзін з цікавейшых паэтаў „другога пакалення” творчага сузор’я „Белавежы”.

Ягоны першы друкаваны верш з’явіўся на старонках „Нівы” ў 1974 годзе. Аўтару было тады, як на паэтычны дэбют, усё ж не мала гадоў. Нарадзіўся Міхась Шаховіч у 1953 годзе ў вёсцы Сакі, што на Бельшчыне. Жыццё гэтага вясковага хлапчука было падобнае да жыцця многіх іншых сялянскіх дзяцей таго часу. Ад маленства звыкаліся яны з фізічнай працаю, урасталі ў вясковы побыт, з гаспадарчым калаўротам дзён спалучалі хадзьбу ў школу, здабыванне ведаў, пашырэнне свайго кругагляду і эмацыянальных прастораў. Міхась, як і ягоныя аднагодкі, сем гадоў тупаў у суседнюю вёску Пасынкі, у пачатковую школу. Магчыма, ужо тады ён адрозніваўся больш уражлівай душой на хараство навакольнай прыроды, блізкай яму, якая — пазней — сваімі незацёртымі ў памяці жывымі карцінамі спалучыцца ў адно з успамінам пра сельчукоў, людзей працавітых, спагадлівых, упісаных у краявід і вечны кругазварот часу; людзей, што ўмелі адным маўчаннем пагутарыць уволю з лесам і полем. І якой жа зладжанай з гэтым адзіным, непаўторным светам, як здавалася Міхасю, была тая кніжная мова, якую ўпершыню пачуў у школе, чытаючы паэтычныя творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча.

Пасля пасынкаўскай школы Міхась Шаховіч вучыўся ў беларускім бельскім ліцэі. Закончыўшы яго ў 1972 годзе, ён вырашыў далей паглыбляць свае веды і адразу пачаў вучобу на аддзяленні беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта. З чацвёртага курса, перайшоўшы на завочнае аддзяленне і перасяліўшыся на пастаяннае жыхарства ў Беласток, Міхась Шаховіч стаў працаваць журналістам „Нівы”, а з 1984 года — рэдактарам польскага штомесячніка „Кантрасты”, і быў ягоным супрацоўнікам да часу закрыцця часопіса.
Першыя літаратурныя спробы Міхася Шаховіча з’явіліся ў ліцэйскія гады. Але было гэта як бы выпадковае яшчэ сяброўства з прыгожым беларускім словам. Найбольш плённай аказалася другая палова сямідзесятых і першая васьмідзесятых гадоў. У той час ён, можна сказаць, досыць сістэматычна друкаваў свае вершы ў беларускіх выданнях у Польшчы. Акрамя таго змяшчаў на старонках „Нівы” апрацоўку фальклорнага матэрыялу, публікаваў зрэдку і апавяданні.

У 1978 годзе Міхась Шаховіч выдаў першы паэтычны зборнік Прамінанне. Годам пазней выйшла лірычная паэма Святая ноч, а ў 1983 — зборнік гумарыстычна-сатырычных апавяданняў Вада ў рэшаце, у 1987 — паэтычная невялікая кніжка пад загалоўкам Напевы, у якую ўвайшлі дзве лірычныя паэмы Святы лес і Смерць валошкі1. І гэта, бадай, усё, што паэтам выдадзена ў Польшчы, не лічачы перакладаў ягоных твораў на польскую мову ды паэтычнага зборніка Кліч, які ў канцы 1993 года нарэшце, пасля неймаверна доўгага прытрымлівання ў выдавецтве, з’явіўся ў Менску.

Паэтычныя творы Міхася Шаховіча ўражваюць мяне асабіста найперш эмацыянальнай стыхійнасцю, лірычнымі перахлёстамі. Гэтым ён у многім нагадвае манеру Алеся Барскага. Ягоная стыхійнасць — у паэтычнай стылістыцы, кампазіцыі, вобразнасці — часам як бы не спрацоўвае як трэба, як было б пажадана з пункту гледжання літаратурнай тэорыі і эстэтыкі. У некаторых месцах, датычыцца гэта асабліва твораў, сабраных аўтарам у першым зборніку Прамінанне, вершы засталіся, як мне здаецца, недапрацаванымі, з чужароднымі ім рытмічнымі ды інтанацыйнымі элементамі.

Аднак жа тыя ці іншыя „агрэхі” Шаховічавых вершаў не стрымліваюць наогул добрага ўражання ад прачытанага. У гэтых „незавершанасцях” гучыць натуральная эмацыянальнасць чалавека, загледжанага ды заслуханага ў прыгажосць роднага кутка, таго гнязда, якое сталася для паэта цэнтрам ягонага свету, адзіным жывым космасам. І як кожны цэнтр — гэта ўжо не звычайнае месца, але святое, сакральнае месца. Паэт знаходзіць для яго арыгінальныя вобразныя характарыстыкі: „зачараваны лес”, „святы лес”, „край бяскрайніх летуценняў”, „клубок навіты з думак пражы”. У гэтым цэнтры Шаховічавага свету ўсё ўжо асвенчана — такія рэаліі, як вокны вясковай хаты, парог, комін, плот; і такія, як шпакоўня на ліпе, і бот бацькі, і нават карова; асвенчаны акварэльныя вобразы таты і мамы, дзядулі з бабуляй2. І асвенчаны час. А святы, сакральны час гэта той час, калі лірычны герой вершаў знаходзіцца ў сваім цэнтры. Зараз, аднак, яго там няма. Ён на перыферыі часу, нібыта па-за часам, як бы ў іншым вымярэнні, „на чужыне”, — кажа паэт.

У паэтычным свеце Міхася Шаховіча чужому, гарадскому супрацьстаіць сваё, роднае, сялянскае3. Супрацьлегласць паказу нядобраму, брыдкаму, грэшнаму — добрага, прыгожага, святога характэрна ці не ўсёй творчасці „белавежцаў”. Беларускія паэты ў Польшчы, вясковыя сыны і дочкі, апынуўшыся ў гарадскіх абставінах, адчулі вельмі выразна сваю інакшасць, сваю глыбокую непрыстасаванасць, сваю адметнасць не толькі культурнага ці сацыяльнага плана, але найперш псіхічна-духоўнага, эмацыянальнага. У сваіх творах якраз аб гэтай сваёй драме яны і гавораць рознымі галасамі: то ў форме часта азмрочанай рэзігнацыі і катастрафізму, як у творчасці Надзеі Артымовіч, то ў форме аўтаіроніі ці самапародыі, як у многіх вершах Алеся Барскага, то ў форме сузірання прыроды, адвечнай крыніцы асалоды для чалавека, што гоіць раздзёртыя душы, як у лірычных эцюдах Зосі Сачко.

Лірычныя паэмы Міхася Шаховіча Святая ноч, Святы лес і Смерць валошкі па-свойму драматычна адлюстроўваюць тую агульную для „белавежцаў” асаблівую нядолю.

Праз згаданую ўжо тут як бы хаатычную кампазіцыю твораў Міхася Шаховіча, дзе на вельмі малой прасторы выказвання напластоўваюцца самыя розныя задумы, аўтар гаворыць нам перш за ўсё пра чалавечую псіхалагічную калізію. Такія лексемы як „вечная боязь”, „распяцце”, „трывога”, „чаканне”, „нутраны крык” сведчаць аб загнанасці ўсіх сваіх злыбед менавіта ў душу, у мысль, у памяць. Вырашыць гэты канфлікт, гэты пракляты клубок супярэчнасцей, развязаць яго пры дапамозе інтэлекту няма магчымасці, таму што — як сцвярджае паэт — там, дзе цяпер ён знайшоўся, куды прывёў яго лабірынт дарог, душа раз’ядналася з розумам і целам. Няма ўжо адзінага суцэльнага чалавека, які — як калісь, у вёсцы — гарманічным спалучэннем сэрца, цела і розуму быў неад’емнай часткай жывой светабудовы.
З прычыны часта гвалтоўнага і штучнага, вымушанага перасялення з вёскі ў горад, з прычыны адрыву карэння, нутраны свет чалавека небяспечна звужаўся, пазбаўляючы яго надта патрэбнага для здаровай псіхікі штодзённага кантакту з навакольнай прыродай, з жывёламі, з аднавяскоўцамі. Гарадская паўсядзённасць, пастаянная ўцягнутасць чалавека ў складаны і непрадбачліва-зменлівы рытм жыцця спрычыняюцца да страты перспектывы ўласнага жыццёвага шляху. Чалавек пачынае жыць як у сне, нібыта збоч, на перыферыі жыцця ўласнай істоты-асобы, займаючыся нейкімі дробязнымі і часцяком зусім непатрэбнымі пытаннямі. Рацыяналізм і голы практыцызм гарадской, гарачлівай будзённасці амаль цалкам пазбаўляюць чалавека непасрэднасці суадносін сябе са знешнім светам.

Такі вось раз’яднаны з самім сабою партрэт нашага сучасніка, чалавека з нашага атачэння і малюе ў сваіх лірычных паэмах Міхась Шаховіч. Ягоны герой, замкнёны ў гарадской кватэры, з любасцю вандруе ў думках у краіну свайго дзяцінства, у сваю снёную Аркадыю. Там калісь было, як вынікае і са зместу твораў Міхася Шаховіча і іх унутранага сэнсу, цудоўна, добра, цёпла, утульна, шчасна.

Што ж замінае паэту сягоння вярнуцца туды, на вёску? Апынуўшыся ў рэальнай прасторы свайго роднага куточка („Іду ў краіну сарамлівай маладосці„), святога месца, дзе вывелася ўжо, можа, трэцяе-чацвёртае пакаленне, ён чуе ў адказ на пытанне, ці пазнаюць яго землякі:

Не чулі
і не знаем.
Можа, і быў...
(Святая ноч)

Пачуўшы тое, ён амаль зняверваецца і ў самім сябе („Можа, я і той,/ Але няма спакою”), ён раптоўна усведамляе ўсімі фібрамі свайго цела і душы, што ягоны свет даўно раскалоўся на свой, якога ўжо няма на зямлі, і на чужы, нутро якога не можа прызнаць паэта сваім, родным, кроўным.

На родным парозе
Увесь час эмігрантам.
(Святая ноч)

Я
Сам сабе
Ужо не гаспадар
(Святая ноч)

Аднак для паратунку панылай душы, насуперак горкай праўдзе і логіцы жыцця, лірычны герой паэм Міхася Шаховіча тым болей паддаецца вялікай спакусе ўяўлення „цудатворнага раю”. Калі мінае гарадскі дзень, „дзень маскарадаў, дзень распяццяў”, для яго пачынаецца зноў і зноў „святая ноч”, пачынаецца містэрыя пакланення першакрыніцы. Паэт піша:

Ноч!
Багіня душы!
Сваёй сілай чароўнай
Занясі мяне ў сон —
Краіну здароўя.
Пакуль сіла твая,
У сэрцы поўна надзеі.
Занясі
Мяне ў сон,
Да палёў снежна-белых.
Сэрца маё
Хай
Крыніцаю шчасця...
(Святая ноч)

На гарызонце
Лес Святы,
Надзея продкаў
І іх сіла.
Прыпынак
Стомленай душы...
(... ... ...)
Іду туды,
Іду напіцца,
Ачысціць
Душу здзервянелую
(Святы лес)

Польскі пісьменнік Юзаф Крашэўскі калісь назваў Беларусь, краіну лясоў і балотаў, „журботнай Аркадыяй”. Аркадыйскі матыў роднага краю, як бачым на прыкладзе паэтычнай творчасці Міхася Шаховіча, неўміручы. І дзякаваць Богу. Не аднаму пакаленню беларускіх паэтаў бязмежная любоў да родных сялянскіх мясцін гаіла душэўныя раны, дыктуючы пафасныя строфы пра сваю несмяротную Аркадыю. У кожнага паэта яна свая, непаўторная. У аўтара Прамінання яна снёная. І снёная, што цікава, не ў вобразе нейкай канкрэтнай малой мясціны, якой папраўдзе была Вергіліева краіна спакою, але ў бязмежных, па сутнасці, касмічна-прыродных вобразах „святой ночы” і „святога лесу”. У гэтых паэтычных уяўленнях Міхася Шаховіча адлюстроўвалася своеасаблівая праява тугі за ладам і гармоніяй чалавечых адносін у атмасферы моцна сканфліктаванай Польшчы сямідзесятых – васьмідзесятых гадоў. З другога боку, гэта былі ўцёкі ад драматычна-набрыньваючых нацыянальных і грамадска-палітычных праблем, якія з кожным годам, аднак, ставілі беларусаў Польшчы ў штораз больш пасіўнае становішча.

Непазбежнаму, відавочна, працэсу асіміляцыі беларускай нацыянальнай меншасці, незваротнай страце ёю культурна-духоўных вартасцей і чалавечаму прамінанню Міхась Шаховіч супрацьпастаўляе, як у сваіх найлепшых творах Віктар Швед і Алесь Барскі, ідэалізаваную і гэтым несмяротную паэтычную краіну, сваю Аркадыю, імкнучыся ў ёй вярнуцца да „прыроднага” настрою і самаадчування.

Гаварыць
Не ўмею
І не ўмеў
Я ніколі.
Маёй мовай —
Калоссе
І валошкі
У полі.
Мае думкі,
Як сад
Усёзялёнай магноліі.
(Святы лес) 

1 Гл. інтэрпрэтацыю гэтых паэм: Teresa Zaniewska, Paproć innym zakwitła, [w:] Teresa Zaniewska, Podróż daremna. Szkice o poezji białoruskojęzycznej w Polsce, Białystok 1992, s. 101-107.

2 Пра іх М. Шаховіч так гаворыць: „A przede wszystkim inspiratorami mojej twórczości byli: babcia, która długimi, zimowymi wieczorami, na ciepłym piecu, opowiadała bajki i niestworzone historie, jakich znała moc, dziadek, który uczył mnie poznawać otaczającą przyrodę, i mama, która prowadząc mnie w pole, opowiadała o świętych i mówiła o dobroci”, [w:] Teresa Zaniewska, A dusza jest na Wschodzie. Polsko-białoruskie związki literackie, Białystok 1993, rozdział Poezji uczyłem się od pól, lasów i łąk. Rozmowa z Michałem Szachowiczem, s. 107.

3 Пра разважанні аб паэтычным свеце М. Шаховіча гл. таксама: Jan Leończuk, Próba portretu literackiego Michała Szachowicza, [w:] Zbliżenia. Portrety białostockich pisarzy, Białystok 1990, s. 228-233.

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster