БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 


Далёкія і блізкія, Беларускія пісьменнікі замежжа, Ян ЧЫКВІН

Сямейны партрэт крынкаўцаў з аўтарам на першым плане
(Штрыхі да творчай біяграфіі Сакрата Яновіча)

І.

Літаратурная творчасць Сакрата Яновіча — найбольш прыкметная з’ява сярод беларускага прыгожага пісьменства ў Польшчы. Вядомы ён не толькі як празаік, але і як адметны эсэіст, публіцыст і перакладчык1, а таксама і грамадска-палітычны дзеяч. У гэтых сваіх амплуа Сакрат Яновіч мае неаспрэчныя дасягненні, кожная з ягоных роляў паасобку магла б стацца прадметам змястоўнага аналізу.
Літаратурна-псіхалагічны партрэт Сакрата Яновіча мігціць шматлікімі адценнямі напрацаваных значэнняў. У ягонай творчасці, як у фокусе, перасякаюцца прамяні, відаць, многіх жанравых, стылістычных і канцэптуальных пошукаў „белавежцаў” — ад паэтычнага сузіральна-пасіўнага прыродаапісання праз быційную прозу да востра выказанай беларускай паставы ў публіцыстыцы і праграмных палітычных дэкларацыях, што, у сваю чаргу, дазваляе бачыць у той ягонай творчасці рэцэпцыю тых важкіх, істотных ідэй, якімі жыло, якімі жыве беларускае насельніцтва Польшчы пасляваеннага перыяду. Прычым творчасць тая — разамкнутая ў сумежную, польска-беларускую нацыянальную рэчаіснасць — не суцішае нашых адносін да свету, да грамадскіх, палітычных, нацыянальных, рэлігійных спраў, а хутчэй за ўсё іх раз’ятрае, развярэджвае, прымушае над імі яшчэ і яшчэ раз задумацца.

Зараз кожная гаворка пра творчасць Сакрата Яновіча непазбежна цягне за сабою цэлы шэраг жывых, актуальных літаратурных і пазалітаратурных праблем, якія — як тыя кругі на вадзе — хутка расходзяцца ад вузкага цэнтра, ад літаратурнага аб’яднання „Белавежа”, дзе выспяваў талент пісьменніка, да самых розных аспектаў прыгожага пісьменства, беларускай культуры і нацыянальнага жыцця.
Шырокая беларуская тэматыка, закранутая пісьменнікам, не магла быць незаўважанай польскімі крытыкамі і перакладчыкамі. У творчасці Сакрата Яновіча ім чуецца выразная рэпрэзентацыя новай, адраджэнскай Беларусі, і таму нічога дзіўнага, што на ягоныя творы і асобу аўтара польскія даследчыкі стала звяртаюць увагу2.

Насустрач гэтай папулярызацыі беларушчыны, беларускіх спраў, беларускай літаратуры ў польскім друку пайшоў і сам пісьменнік. Не шкадуючы свайго творчага імпэту, ён многа часу аддае пашырэнню ў Польшчы асноўных ведаў пра беларускі народ — ягоную трагічную гісторыю і высокую культуру.
З гэтах разважанняў Сакрата Яновіча з’явілася ў 1987 годзе, напісаная спецыяльна для польскага чытача, кніга-эсэ Białoruś, Białoruś3, кніга шырокавядомая, вакол якой у свой час разгарэліся добрыя і нядобрыя страсці-„напасці”4. Пісьменнік пайшоў амаль на спаборніцтва з дагэтуляшнімі інтэрпрэтатарамі гісторыі Беларусі. Паддаючыся свайму нястрымнаму тэмпераменту палеміста, спецыяльна дзеля чытацкага рэзанансу завастраючы многія праблемы, ён папракаў польскіх гісторыкаў, публіцыстаў і палітыкаў у саветызаваным разуменні гісторыі беларускага народа і спрошчаным, кан’юнктурным падыходзе да польска-беларускіх гістарычных і сённяшніх узаемадачыненняў.

Помняцца мне тыя нашыя добрыя, бо маладыя гады, канец шасцідзесятых, сёння аддаленыя ад нас так, што здаюцца старажытнасцю. Тады толькі што з’явілася выпешчаная Сакратам Яновічам, вынашаная ім самім на сваіх руках, па беластоцкіх і варшаўскіх друкарнях, першая ягоная кніга Загоны5. Гэта была кніга прозы. Яе адразу вельмі цёпла ўспрынялі свае і чужыя — чытачы, крытыкі, пісьменнікі, перакладчыкі. Сапраўды, на фоне тадышняй нашай усё яшчэ аматарскай творчасці, асабліва ў прозе, лірычныя мініяцюры Сакрата Яновіча, сабраныя ім у кнігу, вылучаліся мастацкай арыгінальнасцю стылю і светаўспрымання. А што найважней для аўтара і, вядома, усяго „белавежскага” асяроддзя — гэта была першая цэласная кніга мастацкай прозы.

Неспадзяваны для самога аўтара Загонаў паспяховы кніжны дэбют (1969 год) выразна падбадзёрыў яго. Свайму пісьменніцкаму нараджэнню, сваёй жыццёвай акрыленасці ці не тады ён знайшоў у расейскіх выслоўях вельмі трапны выраз, які любіў час ад часу і пазней паўтараць у коле сяброў: „Не думал жить хорошо, но пришлось”. Вядома, не пра матэрыяльны бок думаў Яновіч, але пра свой статус у грамадстве, пра высокі статус пісьменніка.

Тым выслоўем, а яно значыла таксама: не думаў быць пісьменнікам, аднак прыйшлося ім стаць, Сакрат Яновіч праводзіў мяжу паміж сваім першым, далітаратурным перыядам біяграфіі, і перыядам другім — перыядам цэласнага творчага памкнення, калі гэтаму адзінаму ўжо занятку ён раптам падпарадкаваў усе іншыя магчымыя ў той час варыянты свайго жыцця.

Апублікаваныя экскурсы Сакрата Яновіча ў сваю біяграфію адно пацвярджаюць, што гэтае „не думаў быць пісьменнікам” — надта рэальны факт ягонай псіхалагічнай сітуацыі, факт, з якім ён жыў да паўналецця.
У інтэрв’ю польскаму часопісу „Integracje” ён гаворыць пра гэта: „Толькі пасля прыезду ў Беласток, каб вучыцца ў сярэдняй школе, я даведаўся, дайшло да маёй свядомасці, што я — беларус. (...) А потым, пасля заканчэння тэхнікума, калі працаваў электраманцёрам, мне неяк трапіў у рукі нумар „Gazety Białostockiej” з аб’явай па-беларуску. Гэта мяне цалкам ашаламіла. Гэта ж значыла, разважаў я тады, што і газеты могуць друкаваць на такой мове; што гаворыць ёю не толькі вёска, людзі з Крынак, але і „вучоныя”, разумныя рэдактары, калі ўжо па-беларуску нават у газеце... Вось тады ўжо канчаткова прачнуліся мае зацікаўленні беларускай мовай, культурай. (...) А ў тым часе вырашылі, аб чым я нічога не ведаў, выдаваць у Беластоку часопіс на беларускай мове; гэта мела быць „Ніва”. Камплектавалі рэдакцыйны калектыў. (...) У „Ніве”, куды мяне запрасілі супрацоўнічаць, а для мяне гэта было абсалютна нечаканае вылучэнне, я працаваў перакладчыкам. І вось гэтакі занятак і прабудзіў ува мне пісьменніцкую цягу”6.
У тым жа 1956 годзе, калі Сакрат Яновіч быў прыняты на працу ў рэдакцыю „Нівы”, ён і дэбютаваў як празаік-навеліст7. Аўтару было ўсяго дваццаць гадоў. Праміне яшчэ даволі шмат часу, пакуль не з’явіцца ягоная першая кніга, згаданыя Загоны.

У гэтым запозненым кніжным дэбюце была, відаць, закладзена ўся Яновічава невыпадковасць пісьменніцкага лёсу. Інакш кажучы, хто так позна ідзе ў абдымкі зусім нежартаўлівай літаратуры, падпарадкоўваючы ёй усё астатняе, той ідзе з нутранога прымусу — і ідзе назаўсёды і цалкам.
Нарадзіўся Сакрат Яновіч 4 верасня 1936 года ў мястэчку Крынкі, Сакольскага павета, у беднай рамесніцкай і сселянелай сям’і. Быў ён першынцам і, відавочна, улюбёнцам маладой мацеры. Яна, жадаючы сыночку лепшай долі, пра якую ведала з чутак і непасрэдных расказаў бывалых людзей, і дала свайму дзіцяці, каб быў разумнікам, кніжнае імя Сакрат.

Закончыўшы ў 1950 годзе пачатковую школу ў родных Крынках, ён і падаўся, як тады пасля вайны многія сыны і дочкі малазямельных сялян і рамеснікаў, чые варштаты працы былі зруйнаваны, у пошуках таго лепшага жыцця — у шумны, вялікі, як магнітам прыцягаючы да сябе маладых і здаровых людзей, Беласток. Праўдападобна, як і бацькі ягоныя, ён марыў хутка здабыць канкрэтную, добрую прафесію, каб можна было застацца ў горадзе, моцна стаяць на сваіх нагах, працаваць і сваімі рукамі карміць сябе і сваю сям’ю. У 1951—1955 гадах Яновіч вучыўся ў Электрычным тэхнікуме. Пасля заканчэння тэхнікума ён адразу атрымаў штатную пасаду электраманцёра, у баваўняным перапрацоўчым камбінаце „Фасты”. Тут яго і знайшоў Георгій Валкавыцкі, галоўны рэдактар „Нівы” і прапанаваў перайсці на працу ў рэдакцыю газеты. З 1956 года Сакрат Яновіч становіцца супрацоўнікам першага ў Польшчы беларускага штотыднёвіка і працуе ў ім журналістам да 1970.

Сямідзесятыя гады ў біяграфіі пісьменніка — гады пакутлівага спозненага сталення, навёрствання неабходных для журналісцкай дзейнасці і творчай працы шырокіх ведаў. У 1968—1973 гадах ён з’яўляецца студэнтам-завочнікам факультэта польскай і славянскай філалогіі Варшаўскага універсітэта. Новыя прачытаныя кнігі, універсітэцкія дыскусіі, непасрэдныя сустрэчы з многімі варшаўскімі літаратарамі адкрывалі яму вочы на невядомыя раней далягляды даўняй і блізкай рэчаіснасці. За выказаныя ў прыватным лісце Аляксею Карпюку свае меркаванні аб дзейнасці Чырвонай Арміі падчас вайны8, на пачатку 1970 года Яновіча выкінулі з радоў Польскай аб’яднанай рабочай партыі і аўтаматычна, вядома, з працы ў рэдакцыі газеты.

Дзесяць гадоў яму прыйшлося перабівацца то на хлебе чорнарабочага, то інструктара проціпажарніцтва, бяспекі працы, асветы. У 1981 годзе яму было дазволена, ці то для суцяшэння, ці можа хутчэй на здзек, працаваць у сваёй „Ніве”, але толькі тэхнічным рэдактарам. Папрацаваўшы там з мусу пару гадоў дзеля хлеба надзённага, у 1988 годзе ён, аднак, пакідае гэту пасаду і з таго часу жыве вольна і незалежна.
Зараз Сакрат Яновіч — аўтар не адной кнігі прозы; большасць з іх была напісана ім па-польску або апублікавана толькі ў перакладзе на польскую мову9. Яго творчасць мае рысы наватарства. Яно не толькі ў мастацтве слова, якім самаствараецца і непасрэдна з’яўляецца, не толькі ў „непадабенстве” з агульнаспавядаемымі зараз ідэямі адраджэнства, але таксама і ў своеасаблівай канцэпцыі чалавечага лёсу.

Ключ да мастацкага свету Сакрата Яновіча ляжыць у ягонай біяграфіі, прычым не ў біяграфіі пазнейшага перыяду10, нават не сямідзесятых гадоў, з іхнімі новымі наростамі драматызму, калі ўжо сфармаваны пісьменнік трапіў у шпарка працуючую палітычна-міліцэйскую малацілку. Як мне здаецца, уся дагэтуляшняя творчасць аўтара Самасея і Доўгай смерці Крынак ствараецца на падмурку ягоных дзіцяча-юначых здзіўленняў перад нязвыкласцю матэрыяльнага свету і хараством самаіснай прыроды. Адначасова яна замешана на рашчыне асабістых драм і псіхічных мікракатаклізмаў, перажытых ім у раннія гады і выразна прысутных у ягоных творах. Менавіта гэтыя два моманты рашуча паўплывалі на ягонае фармаванне як творцы. Яны развялі па супрацьлеглых вуглах дабро і зло, жыццё і смерць, брыдоту і хараство, хама і пана, вёску і горад, цывілізацыю і натуру, лічынку і матыля. Адсюль у прозе Сакрата Яновіча з’яўляюцца героі, так бы мовіць, з лічынкавай стадыі існавання — брыдкія душою і целам, пакрыўленыя, пакалечаныя жыццём людзі, дрэнныя „асобені”, якія даюць волю інстынктам, з вострымі, падчас хваравітымі, непрадбачанымі рухамі. Адсюль, відаць, таксама і спецыфічная трактоўка жанчыны ў яе яшчэ да-матылёвай іпастасі; адсюль несумненна і настойлівае памкненне партрэтызаваць крынкаўскіх тыпаў — паэтызуючы, аднак, толькі некаторых з членаў гэтай сям’і, а большасць усё-такі паказваючы як бы ў стылі Мадыльяні. Адсюль таксама і дамінанта этычнага пункту гледжання, які, выступаючы ў шматлікіх мікравобразах, стварае выразную ідэю „марнатраўнага” сына.

Праблема блудных сыноў, што адыходзяць са сваёй хаты, пакідаюць айчыну, ідуць множыць славу і дабрабыт іншых народаў, моцна вяжа Сакрата Яновіча з той беларускай традыцыяй, якую запачаткаваў В. Дунін-Марцінкевіч.

У творчасці Яновіча праблема „марнатраўнага” сына прадстаўлена ў момант адыходу сына з дому, калі за ім наўздагон чуецца яшчэ бацькоўскі праклён альбо тужлівая перасцярога. Праўда, за „блуднікамі” ідзе пісьменнік іх следам і далей, каб выявіць іх жыццёва-этычную памылку, іх спаўзанне ў перыферыйнасць, у вырачэнства, сервілізм, гістарычнае бяспамяцтва, калі ў іх руках і на душы застаецца адзіны ўжо і апошні козыр: драпежнасць, хамства.

Адначасова з тым вобразам беларускага тутэйшага „марнатраўнага” сына ёсць у лірычных мініяцюрах вобраз сына застаўшагася ў хаце, пры бацьках, улюбёнага ў сваё, нават дэманстратыўна падкрэсліваючага сваю прывязанасць да нацыянальных каранёў. Але тым героем найчасцей з’яўляецца апаэтызаваны porte-parole самога аўтара.

ІІ.

Улетку 1992 года хтосьці прывёз у Беласток толькі што выдадзеную ў Менску кнігу Самасей Сакрата Яновіча.

Сесці за чытанне я адразу пабойваўся і адцягваў гэта з дня на дзень, таму што чытаныя раней творы Сакрата Яновіча, асабліва апублікаваныя на польскай мове аповесці Ściana і той жа Samosiej (вядомыя мне яшчэ ў машынапісным варыянце) неяк тады, у палове сямідзесятых гадоў, не супалі з маім настроем, не адпавядаючы, мабыць, майму светаразуменню. Можа таму, што польская рэчаіснасць другой паловы сямідзесятых і на пачатку васьмідзесятых гадоў так хутка і бессаромна агольвала палітычна-грамадскія праблемы, так шпарка ішла наперад, што апярэджвала ўсю мастацкую літаратуру таго часу, у тым ліку і Яновічавы спробы адлюстраваць, схапіць у лёце тую хутказменлівую рэальнасць. Не, не літаратура, якая сама не паспявала за жыццём, але якраз само жывое цячэнне грамадскага жыцця захапляла і трывожыла, бударажыла нервы і напружвала волю. У параўнанні з гэтым прыгаданыя аповесці Сакрата Яновіча, з іх польскай моваю, былі — на мой эстэтычны густ — як люстэркі ў цыркавым мястэчку смеху.

Аднак тое было са мною даўно, звыш дваццаці гадоў таму. У іншую маю і за вакном эпоху. Цяпер жа штодзённа глядзеў на мяне, як напамін таго першага чытацкага вопыту, прамавугольнік неразгорнутага беларускага выдання Самасея. Ён сачыў за мною, і я ведаў, што другое чытанне, другая „сутычка” з ім мяне ўжо не абміне. Дык чытаць было мус. Мус — і цікавасць! Бо за той час, пакуль Самасей адлежваўся ў глыбокіх шуфлядах менскага выдавецтва, Сакрат Яновіч паспеў напісаць і апублікаваць па-польску яшчэ некалькі кніг, і сталічныя крытыкі, а за імі і нашы беларускія прырэдакцыйныя кругі загаварылі пра аўтара Загонаў як пра найбольш таленавітага ды вядомага беларускага пісьменніка ў Польшчы.

Я стаў чытаць — і ахаў ад задавальнення: даўненька так у смак не чыталася па-беларуску! Урэшце я папытаўся сябе самога: кім жа з’яўляецца С. Яновіч як празаік? Пісьменнікам сучаснасці ці адлюстравальнікам мінулага? Літаратарам з зацятасцю публіцыста ці аўтарам сацыяльна-сентыментальных аповесцей? Лірыкам, які стварае легенду беларускай Ёкнапатафы-Крынак, а, можа, маралізатарам альбо стоікам местачкова-вясковага паходжання, які ведае цану ўсякай утопіі і кпіць у вочы з яе прыхільнікаў, з сябе самога дый з кожнага, бо ўсё на свеце адно горкага смеху варта?!

Польскія даследчыкі ўпісваюць творчасць Сакрата Яновіча ў сялянскую плынь польскай літаратуры, берагі якой вызначаюць В. Мысьліўскі і Ю. Кавалец. Аўтар Самасея, аднак, пры кожнай нагодзе падкрэслівае, што вучыўся ён у такіх „настаўнікаў” як І. Бабель, Б. Сандрар, Э. Хэмінгуэй, Л. Талстой, як бы маўляў: мая творчасць не адчыняецца сялянскім ключом.

Творчасць Сакрата Яновіча не паддаецца простаму ўпарадкаванню і аналізу; замутнены ў яго прынцып храналогіі ды заадно разамкнёныя звенні станаўлення індывідуальнасці. Пісьменнік сам воляй-няволяй ускладняе спасціжэнне яго творчай эвалюцыі, паўтараючы, перадрукоўваючы, спалучаючы ў кнігах тэксты з розных перыядаў. Ён паўтараецца тэматычна і праблемна — як бы хоча сказаць сабе, нам і ўсяму свету нешта сутнаснае, што яму, аднак, так і не ўдаецца выявіць. І ён зноў абірае шлях па тым самым крузе.
Усе творы Сакрата Яновіча (аповесці, апавяданні і лірычныя мініяцюры: апошні жанр за Янам Леаньчуком часам называюць „сакраткамі”, аднак гэты тэрмін тэарэтычна неабгрунтаваны) маюць уласцівую толькі ім унутраную дынаміку. Усімі імі рухае адзін своеасаблівы мастацкі механізм: яны ствараюць адну цэласнасць і напоўненасць. І аповесць Самасей, і змешчаныя ў той самай менскай кніжцы апавяданні, з якіх — як сцвердзіў аўтар — добры шматок было напісаных значна пазней, чым аповесць, выглядаюць аднак як сіямскія сёстры: адно ў іх цела і кровазварот — тая самая структура апавядання, тая самая кампазіцыя, сюжэты, геаграфія, героі, мова і той самы ідэаграфічны каларыт. Значыць, менскае выданне Самасея не парушае агульнай карціны дагэтуляшняй Яновічавай творчасці і яе станоўчай ацэнкі.
Тым не менш якраз Самасей канцэнтруе ў сабе найбольш вартасныя рысы прозы Сакрата Яновіча. Рэтраспектыўна твор гэты зырка асвятляе ўсё раней ім напісанае і стаецца для большых ды меншых па жанру яго літаратурных твораў надта патрэбным кантэкстам. Вось таму і варта да гэтага кантэксту наблізіцца, унікнуць у яго вобразную архітэктоніку, каб зразумець сэнсы, выказаныя аўтарам expressis verbis і не выказаныя, але створаныя ім незалежна ад ягонай творчай задумы.

Аповесць Самасей пісаў Яновіч у другой палове сямідзесятых гадоў, у іншай, чым зараз, на двары эпосе. Пісаў супраць той эпохі. Як свой пратэст. Аднак, здаецца, не прадбачыў такой хуткай матэрыялізацыі сваёй нязгоды, сваіх сцішаных „пажаданняў”. А можа тыя прадчуванні былі? Ці маецца іх след на старонках твора? Радыкальны палітычна-грамадскі і гаспадарчы пераварот, распад сацыялізму раптоўна дэкампрэсіраваў многія праўды, выкінуў за плот шмат розных ключоў-ідэй, адмычак-вартасцей. Праўда, з той папярэдняй, разбуранай рэчаіснасці вылушчваецца зараз зноў нешта фантастычна-заалагічнае, тым разам з ярлыком капіталізму, у сваёй існасці людзям невядомае і многім неўспрымальнае. Аднак у перспектыве гэтага ўсё ж такі нечага новага, іншага, неапазнанага, усе культурныя факты, створаныя ў перыяд нашага нібы-сацыялізму, у тым ліку і Самасей Сакрата Яновіча, выразна мяняюць сваю ранейшую падсветку. Магчыма, менавіта ў тым прычына, што ў зыначанай атмасферы з любасцю чытаецца тое, чаго дасюль нельга было і дзесяці старонак асвоіць.

Па жанру Самасей — гэта аўтабіяграфічная аповесць. Амаль усе празаікі выкарыстоўваюць фактуру свайго жыцця як матэрыял для пабудовы мастацкіх сюжэтных ліній, фабульных калізій. Адны распавядаюць пра тое ад свайго аўтарскага імя. Іншыя хаваюцца за прыдуманымі героямі. Сакрат Яновіч засланіўся сваім porte-parole Андрэем Антошкам (і Юркам у навелцы Таня). Хтосьці, асіліўшы кніжную мудрасць, мог бы спаслацца на тэорыю і сказаць, што літаратурнага героя ў ніякім выпадку нельга атаясамліваць з аўтарам, нават калі яны аднолькавыя, як блізняты.

Яно-то так, але не ў выпадку гэтага і некалькіх іншых твораў Сакрата Яновіча. Ён уключае ў жыццяпіс Андрэя Антошкі (як і Юркі) такія факты і дзеі, насычае яго такім адметным лірызмам, такімі яскравымі дэталямі, што адразу і беспамылкова распазнаецца ў ім сам аўтар ды ніхто іншы. Мала таго, выглядае, як мне здаецца, што С. Яновічу хочацца, каб ён, „чалавек з прастромленай душой”11, быў распазнаны ў сваіх героях іменна як Сакрат Яновіч. У тым значэнні Андрэй Антошка не мае „незалежнага” ад аўтара свайго аўтаномнага жыцця. Але гэта не загана, бо Андрэй — жывы герой, асоба дынамічная, са складаным нутраным светам і вялікай амплітудай псіхікі; гэта дапытлівы назіральнік і „на сваю руку” даследчык. Даследчык самога сябе ў першую чаргу. Удумваючыся ў сваё паходжанне, аналізуючы спробу выбіцца ў людзі, ён трапляе ў палон пачуцця прыніжанасці — сацыяльнай, грамадскай, нацыянальнай. „Захварэўшы” сам на ідэю прыніжанасці, Андрэй змог убачыць гэту хваробу і ў іншых людзей. „Народ мой хворы”, — кажа ён і мроіць пра іншыя грамадскія суадносіны: „Стварыў бы малюпасенькую, ціхапальмавую сваю дзяржаву. Існавала б яна ўдалечыні ад свету, далёка ад хаосу...” На шчасце, гэта толькі літаратурныя летуценні пра „сваю дзяржаву”. І дыктуе іх уяўленню „беларуская хвароба”.

Хвароба гэта мае ў Сакрата Яновіча канкрэтныя назвы. Усіх іх тут няма патрэбы занатоўваць, таму што, як ні мяркуй, сходзяцца яны клінам на „праклятым” Беластоку. Населены ён, паводле аўтара Самасея, „людскімі вывараценямі”, „плебеямі кіраванымі страхам”, натоўпам „пастухоў-злодзеяў”, „парабкаў-гультаёў”, „краўцоў-гарбацікаў”, „шаўцоў-п’яніцаў”, „крамнікаў-ашуканцаў”. Вока ў вока стрэнешся тут з „асобенем”, „абібокам”, „бадзяжнікам”, „ботам”, „булавой”, „белакаўнерыкам”. На паверхні грамадскага жыцця дзейнічае тут „балван”, „бугаіна”, „вулічнік”, „выскачка”, „гарэлачнае брацтва”, „дуралоб”, „дзялец”, „дурань”, „звалота”, „забойца”, „збалвень”, „ідыёт”, „камердынер”, „круцель”, „ламарэнда”, „лыч”, „людзік”, „лаханда”, „мужычка”, „няўдайла”, „паскуда”, „падмятайла”, „пляткар”, „падлюга”, „палавецкі твар”, „падонак”, „падлыгач”, „прайдоха”, „паскуднік”, „падшыванец”, „паганец”, „рабатай”, „разява”, „сука”, „свіння”, „смургель”, „хамула”, „целяпень”, „ціхман”, „ціха памешаны”, „цваны госць”, „чарнамазы”, „шафярняк” ды шмат хто яшчэ. З іх выветрылася — як піша аўтар — сялянскасць, яны збіваюцца на чужы лад, жывуць як бы часова, ліхаманкава, бы на нейкім этапе з ліхога ў добрае ці з добрага ў ліхое. Гэта ўцекачы ад чагосьці свайго, адкінутыя ад поля і хлява ў горад, дзе „выгадней, смачней, бяспечней”; „бядота халерная пры грашах, але без душы”. Пісьменніка непакоіць тое, што кожны з іх хоча быць панам. „Не дай Бог, каб мужык панам стаў”, — выказвае сваю думку Андрэй Антошка. Бо ён бачыць, што сваёй мэты „мужыкі” спрабуюць дасягнуць пры дапамозе мардабояў, гвалтаў, крадзяжоў, гешэфтаў, здрад і разбэшчаных маладзіц. Нічога дзіўнага, што пасярод такога непрылюднага зборышча дамарослы філосаф і аналітык „Андрэй Антошка сядзіць у Беластоку і ледзь з духам жыве!” Хоць ён таксама не мешчанін, як і тыя, за кім ён сочыць. Прышэлец ён. Прыбежнік. Антошка мае свае карані ў вёсцы. Аднак ён — іншы! Іншы таму, што ён неаднойчы выязджаў з вёскі, але так і не змог з яе назаўсёды выехаць-уцячы. Дый не хоча ён гэтага, для сябе не хоча. На прыкладзе тых іншых, што ўцяклі, ён бачыць, як дасюль, здаецца, нармальныя вясковыя людзі, пераехаўшы жыць у Беласток, здраджваюць элементарнай чалавечнасці, губляюць сваю нацыянальную адметнасць, схіляюцца да подласці. Андрэй Антошка не любіць за гэта горад. Ненавідзіць яго — і без горада ўжо жыць не можа. Вось чаму амаль усю сваю ўвагу аўтар аддае яму.

Канфлікт паміж вёскай і горадам, як адрознымі культурнымі сферамі, вядома, мае сваю глыбокую традыцыю ў літаратуры і польскай, і беларускай. Класічнае беларускае прыгожае пісьменства, заснаванае на народным светаўспрыманні, ідэалізуючае фальклорныя вытокі, пабудавана на выразным супрацьпастаўленні „хвораму” свету гарадскога абывацеля натуральнага свету вяскоўца. Гэтая адметная рыса беларускай літаратуры (праз творчасць К. Чорнага, І. Мележа, В. Адамчыка, І. Пташнікава, В. Карамазава і інш.) і плынь сялянскай польскай прозы, відавочна, не маглі не паўплываць на Яновічаву агульную задуму твора Самасей і ў прыватнасці на ягоную своеасаблівую варожасць да Беластока.
Не менш істотнай падставай, каб маляваць горад фарбамі вечарова-трывожнымі і згушчана-чорнымі, была ягоная псіхалагічная сітуацыя ў перыяд працы над аповесцю. Як вядома з біяграфіі пісьменніка, менавіта тады Беласток балюча адштурхнуў ад сябе таго, хто калісь, скончыўшы пачатковую школу ў Крынках, у пошуках лепшай долі, ірвануў у жаданы горад — як піша Сакрат Яновіч — напрасткі, „праз гушчарэвіну”, ноччу. І вось ваяводская партыйна-ўрадніцкая вярхушка паказала яму сваю „справядлівую” руку, каб памятаў — пазбаўляючы яго працы. І суседзі, і нядаўнія добрыя знаёмыя, і зусім блізкія людзі, сябры, што пераходзілі на другі бок вуліцы, убачыўшы пакаранага „адшчапенца” — усе яны аднолькава аказаліся непрыхільнымі да яго. Агульным іх тварам, „агіднай мордаю” ставаўся, варажнеючы да яго, той жа Беласток.

Варта тут прыгадаць і яшчэ адну крыніцу адмоўных адносін Сакрата Яновіча да Беластока і ў нейкай ступені да ўсёй, так сказаць, беларускай Беласточчыны, да ўсяго насельніцтва беларускіх вёсак, якое пры У. Гамулку і Э. Герэку хлынула ў гарады. Цураючыся свайго паходжання, піша аўтар Самасея, яны станавіліся „хамамі на паркеце”. Іхняя дэградацыя, на думку пісьменніка, пачыналася якраз з комплексу прыніжанасці.

Стэрэатыпна-адмоўнае бачанне Беластока як горада адсталага, гаспадарча і культурна запозненага ў развіцці, увёў у польскую мастацкую літаратуру і публіцыстыку беларус па месцы нараджэння, знакаміты празаік Мельхіёр Ваньковіч. За ім выказалася негатыўна аб горадзе Марыя Дамброўская, якая назвала Беласток сметнікам, месцам, выклікаючым агіду. Затым сацыёлагі, між іншымі Уладзімір Паўлючук, гэтакія адносіны да Беластока пашырылі на ўсю беластоцкую зямлю. Адмоўны пункт гледжання сістэматычна распаўсюджваў беластоцкі часопіс „Кантрасты” — калі ягоным галоўным рэдактарам стаў Клеменс Кшыжагурскі. Гэта быў, як тады гаварылі, парашутыст, з Вроцлава, і яму было напляваць на тую ж Беласточчыну: яму ўсё роўна было, чым займацца — ён прыехаў рабіць сабе палітычную кар’еру. „Кантрасты” ў шматлікіх рэпартажах (у 1968 годзе ў Беласток прыехала група журналістаў, чалавек пяцьдзесят, „зацікаўленая” культурным узроўнем гэтага рэгіёна) загаварылі пра „чужых людзей” Беластока, пачалі паказваць тутэйшых жыхароў вёсак не інакш як у вобразах бушменаў, як экзотыку „задрыпанцаў на zadupiu”, як культурны і цывілізацыйны нібыта анахранізм.

Усе тыя рэпартажы, без выключэння, былі інспіраваныя актуальнай грамадскай сітуацыяй краіны і з’яўляліся непасрэдным палітычным заказам. Іх аўтары былі махавым колам тагачаснай палітычнай гаспадаркі, так званай новай стратэгіі развіцця Польшчы сямідзесятых гадоў. Менавіта тады выйшла вельмі шмат крытычных матэрыялаў пра Беласточчыну. І тыя янычары Герэка дабіліся свайго: у Беластоку пачало функцыянаваць „пачуццё горшасці”.

Такім чынам, калі пасля шостага з’езда Польскай аб’яднанай рабочай партыі ў 1973 годзе ваяводскім сакратаром партыі ў Беластоку стаў З. Куроўскі, фацэт з цэнтральнай Польшчы, а ў 1974 годзе „Кантрасты” ўзначаліў яго калега К. Кшыжагурскі, вобраз Беласточчыны ў прэсе і сродках масавай інфармацыі мяняецца радыкальна на горшы. Гэта тады, рэалізуючы przyśpieszenie białostockie, знішчылі не толькі амаль усе малыя рэчкі, але і вялікія: Нарву і Бебжу, іх прыродныя вадасховішчы, архітэктуру гарадоў і вёсак, атруцілі глебу і ваду. Гэта тады гістарычныя і культурна-нацыянальныя катэгорыі цалкам падпарадкавалі катэгорыям эканамічным. Гэта тады таксама ў „Кантрастах” дый у часопісах цэнтральнай Польшчы з’явіліся рэпартажы „o wcieleniu się tutejszych grup etnicznych w polską społeczność narodową”.
У 1978 годзе пад рэдакцыяй К. Кшыжагурскага выйшла кніга рэпартажаў Odejdźcie od nas wszystkie strachy. Адным з аўтараў гэтай кнігі быў Сакрат Яновіч. Ён апублікаваў у ёй свой рэпартаж Po drodze nam było do miasta. Над ім вісела тады, як ён сам піша на 356-й старонцы, адна ідэя (якую — дадам ад сябе — палякі прышчапілі і да беларускай душы, прымушаючы гэтым самым ненавідзець свой краявід, сваю малую айчыну), ідэя-ўтрапёнасць паходжання, комплекс нацыянальнай прыніжанасці. А Самасей, над якім аўтар працаваў у другой палове сямідзесятых гадоў, як памятаем, і пабудаваны якраз на падмурку той самай прыніжанасці. Вось як разважае галоўны герой аповесці: „Ён (Андрэй — Я. Ч.) яшчэ не адчуваў гаркаты ад перажытага, не разумеў, што кожны чалавек бывае не тым, кім хацеў бы ў жыцці сваім быць. Бывае тым, кім дазволена яму быць”; „Жыву з няясным адчуваннем недахопу нечага самага важнага”; „Усё-такі мы самасеі...”

Вядома, нельга атаясамліваць барабаншчыкаў Герэка, усю гэту прыкантрастную брацію, што кіравалася палітыкаю аднанацыянальнасці польскай дзяржавы, з поглядамі Сакрата Яновіча на тутэйшыя нацыянальныя праблемы. Аднак жа на аповесць Самасей падае доўгі цень непрыхільнасці да Беластока і яго шматлюднай беларускай грамады таксама і ад „Кантрастаў” палітыкана К. Кшыжагурскага.
Тым не менш вобраз гэтага як бы адчалавечанага Беластока ў аповесці напісаны С. Яновічам таленавіта, па-мастацку пераканаўча. Такім здэфармаваным бачыць і перажывае горад Андрэй Антошка, цэнтральны персанаж твора. Яго псіхалагічны партрэт аўтар стварыў з вялікай самааддачай. Праўда, у паводзінах Андрэя можна ўгледзець некаторыя рысы герояў Джорджа Оруэла і Франца Кафкі, аднак ён, так сказаць, тыповы герой беларускай літаратуры. Літаратуры разняволенай, такой, якой яна павінна быць на сваім новым этапе развіцця.

Вобраз Андрэя Антошкі настолькі складаны і шматзначны, што сустрэча з ім можа выклікаць самыя нечаканыя ацэнкі і асацыяцыі. На літаратурным семінары „Белавежы” ў свой час У. Рубанаў, аўтар прадмовы Пасеянае талентам да менскага выдання Самасея, выказаў думку, што Антошка — чалавек псіхічна зломаны, асоба зашораная, у якой няма станоўчых рысаў характару: увесь ён перакошаны ў недахоп. І што ён — тыповы прадстаўнік сацыялістычнай сістэмы жыцця, яе ўвасабленне. І што, маўляў, савецкія беларускія пісьменнікі намацвалі такога героя, але так і не змаглі паказаць такога чалавека з-за пільнасці цэнзуры.

Чалавек у сацыялізме, тым сацыялізме, якім ён быў апошнія семдзесят гадоў, станавіўся перш за ўсё чалавекам стадным, выпрэпараваным з індывідуальнай адметнасці: паводзінамі, эмоцыямі, думкамі ён рабіўся падобным на тысячы іншых. З такіх „тысяч” складаўся адзін таталітарны чалавекападобны арганізм. Тым часам Андрэю і вясковым людзям, хто астаўся ў вёсках, і тым, хто пасяліўся ў блокавых кватэрах „вялікага горада Беластока”, надта цесна, ой як цесна ў сацыялізме. Цесна душэўна. У аповесці кожны з іх мае не абы-якую прыкмету, кожны з характарам. Усе героі С. Яновіча, разам з Андрэем Антошкам, не пагаджаюцца са згладжваннем іх буйнай натуры прыватнікаў, прыхільнікаў вольнай жыткі. Таму, аказаўшыся па розных прычынах у горадзе, адны дзічэюць, другія душэўна і фізічна хірэюць, трэція проста чэзнуць у гарадской ананімнасці. Словам, усе прападаюць так ці інакш, бо генна яны не ў сілах прыстасавацца да сацыялістычна-гарадскога жыцця з яго практыкай ураўняльнасці.

Не, Андрэй Антошка, ні ў якім выпадку не з’яўляецца прадстаўніком сацыялістычных адносін, сацыялістычнага грамадства. У ім, наадварот, адлюстроўваецца чалавек вольнага ладу. Вольнага ад якіх-небудзь сістэм, стэрэатыпаў, догм. У таталітарных сістэмах грамадская, агульная думка, гэта і „мая” думка, грамадскія пачуцці гэта і „мае” пачуцці; грамадства цалкам акрэслівае — праз дазіраванне мовы, традыцыі, асветы, масавай інфармацыі — усё маё духоўнае жыццё. Я, маё прыватнае я, было нічым. Адзінка — нуль! Антошка, не да канца разумеючы вонкавы свет, які рухаецца на яго, не пагаджаецца з гэтай „прыгожай” рэчаіснасцю і супрацьпастаўляе ёй, як абарону сваёй чалавечай індывідуальнасці, нечаканыя адмоўныя дзеянні або ўчынкі, якія з’яўляліся ягоным адказам на благія ўздзеянні знешняга свету: „абыякавасць”, „белую гарачку”, „баязнечу”, „гнеў”, „глум”, „грубіянства”, „дурасць”, „жаласлівасць”, „жах”, „злосць”, „зайздрасць”, „зласлівасць”, „зласонне”, „лізунства”, „плач”, „пазяханне”, „перапуд”, „праклён”, „пагарднечу”, „раздваенне”, „страх”, „смутак”. Ён часта пацее і мае вялікую задаволенасць ад сытай ежы. Гэта рыса, узятая як бы з Ф. Рабле, таксама ж пратэст супраць адладжаных грамадскіх паводзін, што прымусам згладжвалі натуральную розніцу паміж людзьмі.

Ці Андрэй Антошка псіхічна зламаны герой? І ці характар яго перакошаны ў недахопы? Зламаны ды перакошаны, мабыць, з пункту гледжання сацыялістычнай маралі. А ў сапраўднасці ён — асоба ў меру хворая, у меру здаровая; ён у меру дарослы і адукаваны, але і ў меру захоўвае прывабнасць дзіцячага погляду на свет, падлеткавай наіўнасці (адна з прыкмет гэтага: многія з’явы і прадметы здаюцца яму вялізнымі, хоць яны па свайму памеру „нармальныя”, напрыклад: кулачыска, сабачыска, Беласточыска). Ён таксама ў меру насычаны жыццём, глыбока разумее розумам, што для яго, як і для кожнага іншага чалавека, існаванне пад сонцам — зусім выпадковае, „не зусім каб патрэбнае”, і ён жа ў меру чапляецца за тое жыццё, усё шукаючы ягонага сэнсу („Чаго я варты?”, „У чым каштоўнасць майго жыцця?”, „Якімі словамі паведаміць вам аб гэтым?”). Галоўны герой Самасея — амаль вучоны, назіральнік, каго нялёгка абхітрыць нават найбольшым хітрунам з вуліцы ці — так яму здаецца — следчым з міліцыі. Ён стварае моцныя лагічныя канструкцыі, але ў той самы час ён карыстаецца ў зносінах са знешнім светам шырокім спектарам іншай, пазаразумовай, пазавербальнай чалавечай актыўнасці — снамі, настроямі, пачуццямі, эмоцыямі, прадчуваннямі.

Гэтых так званых „у меру” прыкмет характару Яновічавага літаратурнага героя можна было б дадаваць яшчэ і яшчэ. Але і на падставе прыведзеных добра відаць, што Андрэй Антошка — чалавек не схематычны, не падпарадкаваны нейкай назойлівай ідэі, а герой амбівалентны, як большасць нармальных людзей, кінутых у соцыум. Раптоўнай, здаровай пераменлівасцю, адначаснай дыхатоміяй паводзін, сваім усім нажытым нутраным вопытам, душэўным жыццём ён супрацьпастаўляецца іншым героям аповесці, якія, пераехаўшы жыць у горад і адмаўляючыся ад ранейшых духоўных, нацыянальных патрэб, хутка пераўтвараюцца ў прадметы, рэчы, у homo consumens.

Андрэй Антошка, як і Сакрат Яновіч, з’яўляецца выхадцам з Крынак. З аповесці вынікае, што адзін і другі выраслі з той сваёй роднай калыскі, перараслі яе. Андрэй-Сакрат, пасля столькіх гадоў жыцця па-за Крынкамі, у Беластоку, выразна ўзмужнеў душэўна і інтэлектуальна. Ён ужо не той, якім быў калісьці. У люстэрку да шаленства ўсё-такі ўбогай гістарычнай прасторай сваёй „калыскі” Андрэй дакладна бачыць, наколькі ён сам для сябе самога стаў больш складаным і загадкавым, як і той свет, у якім жыве. Не, ён не выракаецца свайго гнязда, як зрабілі многія, уцякаючы абы далей ад саламяных стрэх. Наадварот, Андрэй-Сакрат адчувае сваю віну, свой сыноўні доўг перад месцам нараджэння, малой айчынай. І таму пачынае вывучаць яе гісторыю. Так з’яўляецца ў аповесці другі, глыбейшы план. Андрэй-Сакрат дбайна звязвае ў адзін вузел усенькія кускі і кавалачкі быційнасці — сваёй, сваіх знаёмых і іншых людзей-крынкаўцаў. І заўзята развязвае гэты вузел-клубок жыцця, каб хоць крыху ўразумець мала-вялікую гісторыю Крынак і тую тайніцу чалавека, якая схавана ад яго ў ім самім. І нямілы яму Беласток ён унутрана гатовы пакінуць, каб, сплачваючы той доўг, завяршыць шлях, які займеў для яго форму круга.
Як бачым, галоўным, стрыжнявым сюжэтам аповесці Самасей Сакрата Яновіча, на маю думку, найлепшага твора пісьменніка, з’яўляецца самаразвіццё нутранога свету, рост псіхалагічнага „я” Андрэя Антошкі. У ім аўтар канцэнтруе свой асабісты жыццёвы лёс і вопыт, які быў і ёсць лёсам і вопытам не толькі аднаго яго пакалення.

Мне даспадобы беларускія сінякі на душы гэтага літаратурнага героя — душы як бы няпоўнай і дробязной, неспакойнай, блізу падзення, і даспадобы жывое шуганне ў ім неўтаймаванага жыцця, прасветленыя, лірычныя думкі аб людзях і іх свеце. Я часта бачу падобных да яго на вуліцы.


1 Janka Bryl, Witraże, Warszawa 1979; Aleksy Karpiuk, Raj w Wierszalinie, Białystok 1993.

2 Zob. np.: Henryk Bereza, Na pograniczu, „Tygodnik Kulturalny”, 1973, nr 40; Jan Kurowicki, Świat jako mała wioska, „Nadodrze”, 1978, nr 3; Zygmunt Trziszka, Sokrata Janowicza wiersz prozą i proza wierszem, „Fakty 79”, 1979, nr 32; Adam Michnik, Białoruska ballada, „Zeszyty Literackie”, Paryż 1985; Krzysztof Sacharczuk, Białoruskie doświadczenie pogranicza w ujęciu Sokrata Janowicza, „Przegląd Humanistyczny”, 1990, nr 10; Lidia Wójcik, Bez namaczania, „Polityka”, 1993, nr 45; Paweł Łąkowski, Na pograniczu dwóch tożsamości, „Pomerania”, 1994, nr 4; Wiktor Woroszylski, W małej ojczyźnie Sokrata Janowicza, „Rzeczpospolita”, 1994, nr 6-7.VIII.

3 Warszawa 1987.

4 Zob. np.: Marek Karp, Krynki — obcość i bliskość, „Więź”, 1987, nr 4; Jerzy Tomaszewski, Pozostać Białorusinem, „Polityka”, 1987, nr 41; Zbigniew Bauer, Nie tak..., „Zdanie”, 1987, nr 6; Władysław A. Serczyk, Zawinił czas?, „Gazeta Współczesna”, 1987, nr 91; Krzysztof Kopka, Białoruska gorączka Sokrata Janowicza, „Tygodnik Kulturalny”, 1988, nr 47; Kazimierz Podlaski, O narodowej kondycji Białorusinów — polemika z książką Sokrata Janowicza, „Nowa Koalicja”, 1988, nr 6; Andrzej Drawicz, Zatrzymajmy się na Białorusi, „Powściągliwość i Praca”, styczeń 1988; Логіка сэрца, эмоцыя розуму, „Ніва”, 1989, н-р 36.

5 Беласток 1969.

6 Siano na asfalcie. Rozmowa z Sokratem Janowiczem, „Integracje”, cz. XXIX, listopad 1993, s. 81 (пераклад мой).

7 Сакрат Яновіч, Гнілое ў здаровым, „Ніва”, 1956, 13 мая.

8 Гл. м.інш.: Сакрат Яновіч, „Справа Яновіча...”, „Ніва”, 1991, 10 сакавіка.

9 Np. Ściana, Olsztyn 1979; Białoruś, Białoruś, Warszawa 1987; Dolina pełna losu, Białystok 1993; Terra incognita: Białoruś, Białystok 1993.

10 Zob.: Teresa Zaniewska, My, Samosieje, „Tygodnik Podlaski”, 1990, nr 3, s. 8.

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster