БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 


Далёкія і блізкія, Беларускія пісьменнікі замежжа, Ян ЧЫКВІН

Між Вільняй і Рочэстэрам
(Творчасць Наталлі Арсенневай)




Зусім нядаўна імя Наталлі Арсенневай, як і іншых беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, было пад забаронай. Аднак святкаванне ў Рэспубліцы Беларусь 90-й гадавіны з дня нараджэння выдатнай паэтэсы засведчыла аб тым, што яе творчасць нарэшце вярнулася на Радзіму. Выйшла факсімільнае выданне першай кнігі Наталлі Арсенневай (Пад сінім небам, 1927 г.), а ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры была наладжана літаратурная імпрэза і адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай юбілею паэтэсы. Праўда, сама Наталля Арсеннева пры гэтым не прысутнічала. Найстарэйшая беларуская пісьменніца, перакладчыца твораў Гётэ, Гаўптмана, Кляйста, Шэкспіра, Міцкевіча, песняў для баптыстаў, а таксама аўтарка лібрэта опер Лясное возера, Усяслаў Чарадзей, З выраю, аперэты Купалле жыве зараз блізу Нью-Йорка, у Рочэстэры.

Як жа склалася жыццё паэтэсы? Што мы ведаем пра яе творчую біяграфію? На жаль, грунтоўнага агляду жыццёвага ды творчага шляху Наталлі Арсенневай (акрамя біяграфічна-крытычнага нарысу Антона Адамовіча1) пакуль яшчэ няма. Крыху біяграфічных звестак пра паэтэсу маецца ў даваенных беларускіх газетах і эміграцыйным друку2. У сучасным беларускім літаратуразнаўстве толькі пачынаецца рэцэпцыя яе творчасці, новае асэнсаванне біяграфіі паэтэсы як спроба ўпісаць творчасць Наталлі Арсенневай у літаратурны кантэкст ХХ стагоддзя3.

Нарадзілася Наталля Арсеннева 20 верасня 1903 года ў Баку, дзе тады жылі яе бацькі, патомныя расіяне. Неўзабаве яны пераехалі ў Вільню. „Месцам майго нараджэння, — гаворыць паэтэса, — лічыцца ўлюбёная Вільня, дзе я фактычна расла й гадавалася ад першых месяцаў майго жыцця. У Вільні я пачала й вучыцца, перш у хаце, з маткай, якая была настаўніцай, а пасля, перад самай вайной 1914 года, у Віленскай Марыінскай гімназіі”4. Той гімназіі, у якой „з школьнага падручніка геаграфіі Спірыдонава, з тэксту, паданага дробным друкам і неабавязковага для завучвання, яна ўпершыню даведалася, што ёсць беларусы, і ў іх ёсць літаратура, дзе найбольшы паэт Янка Купала; была пададзеная й першая зваротка Купалавага верша Я мужык — беларус, дзе будучую паэтэсу найбольш уразіла слова ‘цёмны’”5.

Аднак пачалася першая сусветная вайна і, паколькі бацька Наталлі быў расейскім урадаўцам, уся сям’я Арсенневых эвакуавалася ўглыб Расеі: спачатку ў знаёмае ім Баку, а пазней — у Яраслаўль над Волгай, дзе яны прабылі чатыры гады. Вярнуліся Арсенневы ў Вільню толькі напачатку 1920 года. Наталля, разам з сястрою і братам, паступіла ў толькі што заснаваную Першую Віленскую Беларускую гімназію.

Вільня і Беларуская гімназія — асноўныя вузлы біяграфіі маладой паэтэсы. Вучылі ў ёй беларускую моладзь такія настаўнікі, як Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Аркадзь Смоліч. Тут Наталлю Арсенневу поўнасцю і назаўсёды захапіў беларускі адраджэнскі рух і вызначыў усю яе будучыню. Менавіта тут яна на ўсё жыццё перанялася тым адраджэнскім запалам, які панаваў сярод настаўнікаў і вучнёўскай моладзі. „У Віленскай Беларускай гімназіі, — успамінае паэтэса, — я ўпершыню сустрэлася з беларускаю справаю і захапілася ёю”6.

Першы раз пісаць вершы і, відаць, па-руску Наталля Арсеннева, вучаніца Яраслаўскай Кацярынінскай гімназіі, паспрабавала ў пару „бежанства”. Аднак гэтыя літаратурныя вопыты яна трымала ў тайне, а першыя беларускія вершы маладая паэтэса ўжо адважылася паказаць свайму настаўніку беларускай мовы і літаратуры Максіму Гарэцкаму. „Ён з вялікай увагай праглядаў мае першыя вершы, ганіў, што было блага, і заахвочваў мяне да лепшага пісання”7. Дэбют Наталлі Арсенневай адбыўся ў газеце „Наша ніва”, 28 кастрычніка 1920 года.

У 1921 годзе Наталля Арсеннева скончыла гімназію і пасля падрыхтоўчых педагагічных курсаў атрымала пасаду настаўніцы ў адной з васьмі тады адчыненых у Вільні пачатковых беларускіх школ. Годам пазней яна паступіла на гуманістычны факультэт Віленскага універсітэта, але правучылася там нядоўга, бо ўвосень 1922 года выйшла замуж за капітана войска польскага Францішка Кушаля (1895—1968) і выехала з ім на доўгі час у Польшчу. „Але хоць раз у год, — пісала паэтэса ў 1942 годзе, — я прыязджала на Беларусь, у сваю родную Вільню, або да мужавых бацькоў у Валожыншчыну”8.

Апынуўшыся на чужыне, Наталля Арсеннева на кароткі час замаўкае. „Сувязь з Бацькаўшчынай хіба і была прычынай таго, што насуперак усім вельмі неспрыяльным абставінам я не кінула пісаць”9, — зазначыла яна ў аўтабіяграфічнай нататцы.

Выезд у чужое моўнае асяроддзе, адасабленне ад „маруднай” штодзёншчыны „беларускай справы” аказалі, відавочна, рашаючы і выключна станоўчы ўплыў на фармаванне адметнага паэтычнага светапогляду і светаадчування Наталлі Арсенневай. Нутраную патрэбу складання вершаў толькі па-беларуску ўзбудзіла ў ёй, несумненна, тая ж „беларуская справа”. І той імператыў творчасці, распалены ў душы агонь паэзіі, моцны ўнутраны націск цяпер пераплаўляў на чужыне ўвесь беларускі „матэрыял”. Усё блізкае паэтэсе, канкрэтнае і знаёмае да драбніц, што дагэтуль і стварала вобраз радзімы з яе жыццёвымі праблемамі, трансфармавалася ў, так бы мовіць, чыстую ідэю Беларусі, якая тут жа перарастала ў ідэал, у „дзіўную песню”, што існуе як водгалас вечнай праўды, дабра і прыгажосці, як сімвал зямлі абяцанай. Асноўнай тэмай Наталлі Арсенневай стаецца жыццё лірычнага „я” ва ўяўленай айчыне. Тое жыццё паэтэса любіць проста дзеля самога жыцця, у шматстайных яго праявах знаходзячы крыніцу чалавечай радасці і творчай інспірацыі. Невыпадкова, што для яе „песняў” найважнейшымі былі „сардэчныя” месцы дзеяння і псіхалагічны час.


Жаль чагосьці, чаго? (Сіняватыя сьцені
праз дарогу ляглі, і сьцямнела ў лагох).
Абудзіліся казкі душы-летуценьні,
штось шапочуць, і надзяць, і плачуць, чаго?

Нешта ў сэрцы расьце... (па-над срэбрам аблокаў
моўчкі ўзьняў маладзік свой заплаканы твар).
Яшчэ момант... і рыне паводкай шырокай
мая песня-натхненьне, жыцця майго чар!
(Увечары)

Прэлюдыяй да доўгага шэрагу гэтакіх вершаў можна, мабыць, лічыць напісаны яшчэ ў 1921 годзе твор Недасяжнае, дзе паэтэса як бы прадвызначыла тэмбр, мелодыю свайго паэтычнага голасу, аркестроўку і „музычны” змест лірыкі:


Мая душа ад скраю і да дна
наліта сьветлай нейкай сілай.
Мне ўсё здаецца ясным, мілым:
і неба сіняе, і хвалі тумана,
і ніў далячыня, і залатыя клёны,
і хвояў баравых убор чорназялёны.
Здаецца,
шчасьце дзесь каля мяне, так блізка,
здаецца, я магу узяць яго рукой.
Ды не сягну... Вось так, як над ракой
сьхінаюцца гальлём вярбіны нізка, нізка,
а ўсё ня здолеюць напіцца тэй вады,
што надзіць іх і дні, і тыдні, і гады.
(Недасяжнае)

Пачынаючы з 1922 года Наталля Арсеннева ўсё шчыльней замыкаецца ў сваіх чыста індывідуальных настроях і перажываннях. Яна стварае свой уласны, прыгожы, чысты, вытанчаны свет лірычнай уявы — вельмі ж непадобны да паэтычнага свету ў дваццатых – трыццатых гадах, напрыклад, Максіма Танка, Міхася Машары, Уладзіміра Жылкі. Творчай пазіцыяй Наталлі Арсенневай таго часу стаецца адстароненае назіранне і эстэтызацыя жыццёвых з’яў і фактаў. Яе паэзія ў гэты „польскі” (1922—1939) перыяд тэматычна звужаецца да сферы прыватнасці, камернага лірычнага „я”, якое аднак штораз экстрапаліравала сябе ў план прыроды ды ў перспектыву вечнасці (гл.: Родны край. Пытаньне. Вячорная часіна. Прывіды. Незгаданае і іншыя). Дзякуючы такому тэматычнаму звужэнню паэтэса значна пашырыла і паглыбіла псіхалагічны партрэт сваёй лірычнай гераіні — багатай душэўным жыццём беларускай жанчыны. Праз гэты светлы вобраз Наталля Арсеннева пераадольвала заштампаваны ў літаратуры яе плачлівы або тыпова змагарны характар, а таксама комплекс нацыянальнай непаўнавартаснасці. Толькі праз такую „душэўную” прызму гераіня Арсенневай магла аптымістычна ўспрымаць многія грамадскія, нацыянальныя ды палітычныя тагачасныя беларускія праблемы. У плане фармальным дзеля стварэння новага вобразу жанчыны паэтэса карыстаецца метафарычнай іншасказальнасцю, карункавай вобразнасцю і мілагучным рытміка-інтанацыйным меласам вершаў, у якіх яна дасягае артыстычнага майстэрства10.

Увядзенне ў беларускую літаратуру вобраза светла-лірычнай, жаночай жанчыны — супрацьлеглага вобразу жанчыны прыніжанай, запалоханай, прыгнечанай, забітай і дамінуючага ў творах беларускіх пісьменнікаў — было найбольшай творчай заваёвай Наталлі Арсенневай яе першага, „польскага” перыяду.

У такім жа духу дае характарыстыку гэтага этапу творчасці Наталлі Арсенневай Антон Адамовіч. Ён піша, што найбольш уважлівым чытачам і крытыкам Наталлі Арсенневай „не магла не кінуцца ў вочы паэтчына засяроджанасць, нават, калі можна так сказаць, перазасяроджанасць на прыродзе ды (...) на жыцці, канкрэтна найбольш на жыцці-перажываннях асобы пры поўнай, бадай, няўвазе да тае ‘долі сярмяжнае’, на якой засяроджвалася-перазасяроджвалася беларуская паэзія, пачынаючы ад Багушэвіча праз нашаніўства ды, у Заходняй Беларусі, аж да самога Танка ды іншых ‘маладых паэтаў’. (...) Ад Багушэвіча ўся беларуская паэзія была падчыркнена арыентаваная сацыяльна-нацыянальна, у канцавым выніку палітычна, тымчасам як даваенная творчасць Наталлі Арсенневай выглядала зусім апалітычнай, зусім, бадай, сказаць бы асацыяльнай (...) і бессялянскаю, як ніколі яшчэ дагэтуль у гісторыі нашае літаратуры”11. Колькі беларускай галечы, матэрыяльнага ўбоства, поту і слёз, беспрасветнага плачу і нараканняў, сумных краявідаў і глухіх вёсак у творах Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Алаізы Пашкевіч, Максіма Багдановіча, Францішка Багушэвіча! Яны складалі агульную адмоўную самахарактарыстыку беларуса, што і выклікала адно настроі песімізму, безвыходнасці, непаўнавартаснасці або кіравала — ад сацыяльнай і нацыянальнай злосці-бунту — у бок рэвалюцыйнай агрэсіўнасці.

У адрозненне ад сваіх паэтычных аднагодкаў не толькі з Заходняй Беларусі, але і з Беларусі Савецкай, якія „стала й нязбочна йшлі тым шляхам і ‘беларускае справы’ і беларускае літаратуры”12, Наталля Арсеннева „шлях гэты проста як бы дэманстрацыйна ігнаравала”13. І, несумненна, насуперак склаўшайся літаратурнай традыцыі даваць загалоўкі зборнікам паэзіі цалкам бязрадасныя — сваю першую кнігу яна назвала Пад сінім небам (1927 г.).

Крытыкі адразу ўбачылі, як сцвярджае той жа Антон Адамовіч, адметнасць гэтай лірычнай кнігі Наталлі Арсенневай у аўтарскай удзячнай любові да Жыцця і веры-закаханасці ў Прыроду. Асабліва кідалася ў вочы мілаванне, нават апалогія восені, што відавочна супярэчыла тагачаснай плыні беларускай паэзіі. У 1928—1936 гадах Наталля Арсеннева падрыхтавала да друку і другі зборнік вершаў (Жоўтая восень), які аднак асобным выданнем не выйшаў з-за вайны.

„1939 год палажыў канец майму спакойнаму, але аднастайнаму жыццю, — успамінала паэтэса. — Муж пайшоў на вайну, і я доўгі час аб ім нічога не ведала. Я ж з сынамі, пасля рознае цяганіны, апынулася ў г. Вялейцы, адкуль мы і былі вывезеныя бальшавікамі ў Казахстан на пачатку 1940 г.

Аб Казахстане пісаць вельмі няма чаго. Кожны ведае, што гэта такое...”14.

Значна пазней стала вядомым, з вуснаў самой Наталлі Арсенневай, што дзякуючы „шчасліваму выпадку” (даведаўшыся, куды яе вывезлі, Янка Купала, Пятро Глебка і іншыя беларускія пісьменнікі, што займалі тады высокія пасады, зрабілі адпаведныя захады дзеля яе звароту) яна ў маі 1941 года, перад самай вайной, змагла вярнуцца на Бацькаўшчыну, на радзіму мужа, у Доры каля Вільні. У той самы час быў выпушчаны з маскоўскай Лубянкі і яе муж.

З пачаткам нямецка-савецкай вайны і гітлераўскай акупацыі Беларусі звязаны і пачатак найбольш цьмянага, „нямецкага” перыяду (1941—1944) у біяграфіі паэтэсы. Пра гэты час у публікацыях гаворыцца досыць агульна, а менавіта, што ўвосень 1941 года Наталля Арсеннева ўсёй сям’ёй пераехала на жыхарства ў Менск, што Францішак Кушаль актыўна супрацоўнічаў з немцамі і што, урэшце, і яна сама працавала ў прафашысцкай „Менскай газэце” і нават была ўзнагароджана нямецкім медалём15.

Сваёй паэтычнай творчасці, як дапаможнага сродку, на службу акупантам яна ўсё-такі не аддала. Красамоўна сведчыць аб тагачаснай палітычнай пазіцыі паэтэсы зборнік вершаў Сягоньня, выдадзены ў 1944 годзе ў Менску. А пачыналася ўсё з таго, што „вайна, — як занатавала Наталля Арсеннева, — (...) ледзьве не каштавала мне жыцця, але затое й штурхнула мяне да новай творчасці”16.

У „нямецкі” перыяд талент Наталлі Арсенневай, сапраўды, расцвітае буйнай разнаколернай кветкаю. На працягу трох гадоў паэтэсай было створана каля дзевяноста новых лірычных вершаў (яны і складаюць зборнік Сягоньня), былі напісаны арыгінальныя лібрэта для трох беларускіх опер (Лясное возера, Усяслаў Чарадзей, З выраю) ды зроблена шмат перакладаў як паэтычных твораў Гётэ, Гаўптмана, Кляйста, так і тэкстаў лібрэта опер Вяселле Фігара і Чарадзейская флейта Моцарта, Зачараваны стралец Вебера ды Гэнзель і Грэтэль Гумпэрдынка. У ніводным з гэтых жанраў Наталля Арсеннева не стала найміткай палітыкі. Калі яна ў той час і хацела служыць некаму сваёй паэтычнай працаю, дык толькі беларускаму народу і Айчыне. Аднак паэтэса ведала, што ў трагічную для народа пару аднаго памкнення яшчэ недастаткова, каб быць прынятым на тую службу, зразуметым ім ды ўхваленым. Таму невыпадкова ў згаданым зборніку скразной лініяй праходзіць тэма роздумаў пра існасць і сутнасць мастацтва і ролю творцы ў крывавым змаганні. Кім павінен „сягоння”, у час „пажарышчаў дзікіх”17, быць паэт — мытарам, прарокам, лекарам, чараўніком, валадаром, асілкам?


Пажарышчаў дзікіх мой верш і так ня згасіць,
ня змые з душ людзкіх пурпуравай крыві.
Дапраўды, што пісаць і заўтра,
і сягоньня?
(Сягоньня)

Наталлю Арсенневу, як творцу, вельмі хвалюе пытанне пра сваё месца ў свеце, які „за горла душыць вайна”, і пра сваю адказнасць перад гэтым светам — не толькі за сябе, але і за ўвесь народ, нацыю, за ўсю Айчыну. У вершы, якім адкрываўся зборнік Сягоньня, паэтэса разгублена пыталася ў самой сябе: „Але пра што пісаць?” Ці „выплаўляць гімны”, „ствараць маршы”, „латаць проразі падзеяў”, „лавіць надзею з падзеяў, паўсловаў, жаданняў” ці, можа, тужыць, маліцца і „ўпесціцца мроямі” і „нізаць каралі рос, вянок асенні віць”? Наталля Арсеннева пра ўсё гэта і пісала, бо ведала, што


Трэба быць песьняром і цяпер,
калі дзень наш —
ізь сьмерцяй братаньне,
калі ночы, як ранены зьвер,
дзесь па норах залізваюць раны.
Не,
паэт не матыль — у вагні
па-матыльлю апальваць крылы,
на пажарышчах плесьнець і гніць
ён ня будзе...
Паэт жа — асілак!
(... ... ...)
З чаду,
з шэрага дыму руін,
зь віску куляў, гарматных грымотаў
ён, падумаўшы, выплавіць гімн
гэткі-ж жудасны, гэткі ж сьмяротны.
(Пясьняр)

Замкнёны да гэтага часу ў прыватную сферу жыцця круг лірычных вершаў Наталлі Арсенневай у „нямецкі” перыяд выразна размыкаецца. Пашыраецца ягоны ўнутрыжанравы дыяпазон. Акрамя вытрыманых у ранейшым ключы, параўнальна нямногіх, прыродаапісальных твораў і твораў інтэлектуальна-эмацыянальнага ахопу жыцця, паэтэса стварае цяпер і „вершы на выпадак”, і вайскова-патрыятычныя песні, і малітвы-рэквіемы, і публіцыстычна-дэкларатыўныя прысягі (гл.: Краіне. Песьня Каліноўцаў. Сталёвы зьвяз. А ўсё-ж будзем жыць. Жыве Беларусь. Хай грыміць. Наважнасьць. Малітва. Досыць. Годзе! Чаго тужыць. Прысяга. Мы — моладзь. Варта жыць. Сьмела, наперад).

Гэтае размыканне лірычнага верша Наталлі Арсенневай адбывалася як своеасаблівае яго ўзбройванне супраць вайны. Тэма вайны стаецца неадчэпнай, стрыжнявой тэмай амаль усіх яе тагачасных вершаў. Аднак вайну паказвае Наталля Арсеннева не падрабязна, не праз мілітарысцкую канкрэтыку, не праз пайменнае геройства, але абагуленым, метафарычным вобразам. Вайна для паэтэсы — ноч, змрок, чорная сажа, „разбадзялая смерць”, „жыццё ў жалобнай раме”, „велічны скон”, „руіны... крыжы і пажарышчы, роспач, голад, калецтва, жалобы”, „пустэча пагарэлішч”. Яе атрыбутыка — смутак, жах, ныццё душы, гора, туга, трывога, гойстра журба, захлынаючы боль, „капанне дні пякучым варам”, жаноцкі сум чакання і плач кабет-маладзіцаў:


Як прычакаць цябе, сокал,
сынка як табе нарадзіць?
Дзе успаміны закінуць?
(Спарышы)

Вайну паэтэса ўспрымала як усёагульнае нялюдзкае няшчасце, выразна па-жаночаму, з увогуле нетрадыцыйным для беларускай літаратуры арыстакратызмам. У яе адносінах да поля вайны, змагання чуецца Яраслаўнін пачатак. Як і ў Слове аб палку Ігаравым, лірычная гераіня Наталлі Арсенневай таксама чакае, у сваёй крэпасці, у сваім „не занятым” ворагамі доме, калі ж вернуцца жаўнеры-воі. Складае пра іх песні. Узбройвае маршамі. Плача ды моліцца за іхняе вяртанне жывымі. І верыць у тую недалёкую светлую будучыню сама, па-народнаму чакаючы спадмогі прыродных сіл, ды заахвочвае верыць, не падаць духам і ўсіх іншых беларускіх жанок, маладзіц, мацярок. Напрыклад:


Не заплачу-ж болей, хай журбота коле,
як іголкай, сэрца, хай туга скуголіць
пад вакном сабакам...
Што за радасьць плакаць?
Перажыць патрапім мы й пяць бедаў з гакам,
але ўспыхне, ўспыхне
ўрэшце й наша доля
ў полі макам!
(Не заплачу болей)

— Годзе-ж плакаць, ну, дось — сягоньня,
ці мо заўтра, а прыйдзе сын.
(Маці)

— Годзе, ўнучка, ня плач, ня плач,
(Вечар)

Жаночая жанчына Наталлі Арсенневай „польскага” перыяду ў перыядзе „нямецкім” праявіла найперш свой не абы-які віталізм, тую жыццёва-жаночую сілу, устойлівасць, якая заўсёды была, ёсць і будзе здаровым фундаментам кожнай нацыі. Тут крыніца аптымізму паэтэсы. Менавіта праз той віталізм яна даходзіла да важнай, вядома, і для жанчын нацыянальна-патрыятычнай праблематыкі. І як вектар „жыццёвай сілы”, жаночасці заўжды скіраваны ў прышласць, так у той час і Наталля Арсеннева была нацэлена выключна на будучыню, на тую пару, што мелася быць больш чалавечнай, чым апошнія дзесяцігоддзі для паасобных людзей і цэлай нацыі разам.


Што з таго,
што ўсьцяж гарматы
выюць дзесь на маладзік,
што галосіць сьмерць па хатах,
па барох?
Ня бойся, сватай,
а на рэшту — не глядзі!
(Ткальля)

Хай кон сяньня ў вочы нам хлусіць,
хай сьцёбае,
нішчыць угрунь, —
а будзем
з крыніц Беларусі
мы жменяю
чэрпаць зару!
(У дажынкі)

Аднак гісторыя павярнулася да многіх, многіх беларусаў яшчэ раз сваім благім бокам. Наталля Арсеннева, як шмат хто ў 1944 годзе з маладой інтэлігенцыі, выехала перад прыходам на Беларусь Савецкай Арміі ў Нямеччыну, а праз шэсць гадоў у Злучаныя Штаты Амерыкі. Так пачаўся яе трэці і апошні, эміграцыйны этап творчасці. У параўнанні з ранейшымі перыядамі, на жаль, найменш стваральны і плённы.

У другой палове саракавых і пяцідзесятых, а яшчэ і напачатку шасцідзесятых гадоў вершы Наталлі Арсенневай з’яўляліся ў беларускім эміграцыйным друку амаль што сістэматычна. Але недзе ад 1962—1964 гадоў паэтэса амаль зусім не друкавалася. Праўда, зрэдчас, несумненна, пад націскам эміграцыйных абставін, яна ў вершаванай форме стрымана аддавала і аддае па сённяшні дзень даніну гістарычна-палітычным ды царкоўнахрысціянскім традыцыям. Аднак сапраўды „арсеннеўскага” ўжо з-пад яе пяра нічога болей не выйшла. У эміграцыйны перыяд паэтэса не выдала ніводнага асобнага зборніка. Таму том Між берагамі. Выбар паэзіі Натальлі Арсеньневай. 1920—1970 (твораў грунтоўна аўтаркай дапрацаваных, а нават перапрацаваных нанава18), апублікаваны ў 1979 годзе Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, успрымаецца як кніга своеасаблівага вялікага падрахунку творчага шляху выдатнай, самабытнай паэтэсы.

У тым томе, які доўга рыхтаваўся да выдання, лірычныя вершы эміграцыйнага перыяду аўтарка выдзяліла, post longum tempus, у два раздзелы (як бы ўнутраныя зборнікі): вершам напісаным у Нямеччыне (43 творы) дала загаловак Не астыць нам. 1944—1949, а створаным на амерыканскай зямлі (1950—1964) — На ростанях (113 твораў); апошнія вершы паэтэса скампанавала ў 12 цыклаў, амаль у тым парадку, як у пяцідзесятых гадах яны друкаваліся ў беларускіх эміграцыйных часопісах „Бацькаўшчына”, „Конадні”, „Беларус”.

Раздзел На ростанях адкрываўся досыць рэдкім у беларускай літаратуры марыністычным цыклам вершаў — На моры. А бераг далёка. Зоры. Тут гэтага няма. Каб сэрцы вікінгаў мы мелі. Знаю. У іх паэтэса адлюстроўвала свежыя да болю, несуцешныя ўражанні і думкі пра пераезд на караблі, у 1950 годзе, з Еўропы ў Амерыку — „у нязнаны, новы свет” і малілася:


О, Новы Край,
як гулі
спыніўшы, хваля нас да порту прыжане,
будзь нам прытулкам цёплым і утульным,
але ня Бацькаўшчынай,
не!
(Каб сэрцы вікінгаў мы мелі)

Праз гэты марыністычны цыкл, як і праз большасць вершаў эміграцыйнага перыяду, лейтматывам праходзіць думка пра трагічную адстароненасць, адарванасць ад роднай зямлі, кінутасць у зусім іншую, чужую беларусам стыхію:


Вада вакол... вада... нідзе
нічога больш між намі й сьветам.
(На моры)

Навокал ні межаў, ні сьледу, ні сьцежак,
сінеюць адно далягляд і вада.
(А бераг далёка)

Гэтая вада-акіян і ягонае прадонне, і далеч без гарызонтаў як рэальныя з’явы перарасталі ў Наталлі Арсенневай у сімвал страты цвердзі пад нагамі ды поўнай дэзарыентацыі ў свеце і часе („ці часу, як кажуць, няма наагул?”) і пакінутасці толькі на волю лёсу.

Апынуўшыся „між берагамі”, паэтэса аднак не ўзлавалася, не ўзбунтавалася, не загарэлася помстай, не ўсчала „ходання з лёсам”. Па-жаночы, кіраваная вышэйшымі духоўнымі эстэтычнымі каштоўнасцямі і ідэаламі, яна значна хутчэй, чым многія іншыя беларускія эміграцыйныя паэты, ішла на „скарэнне” перад доляю. Калі ў першых вершах з раздзелу Не астыць нам. 1944—1949 прабіваўся яшчэ пратэст супраць „падступнага, куслівага, насмешлівага лёсу” („нат ахвяраў сваіх ты не змусіш скарыцца”), то чым далей, тым скарга на „крывіцкі кон” выразна слабела і ўжо раздзел На ростанях адлюстроўвае не толькі поўнае прымірэнне паэтэсы („такі наш кон”, „добры кон”, „Божы кон”), але і — што на першы погляд парадаксальна — удзячнасць такому наканаванню. У вершы Мой скарб Наталля Арсеннева гаворыць:


Мне лёс даў можа болей, як каму.
Жыцьцё мне дорыць сны блізу на кожным кроку.
Сон тут трэба разумець як іншасказальнае вызначэнне паэтэсай і творчага працэсу, і адначасова прадукту таго працэсу. Сніць сон значыла для яе тое самае, што займацца творчасцю, пісаць лірычныя вершы. Як і сненне ёсць нейкая квінтэсенцыя жыцця, нейкі зрэз самых найрозных планаў чалавечай экзістэнцыі, а не само жыццё, так і паэзія — паводле аўтаркі Пад сінім небам — таксама не жыццё, бо яна над жыццём19.

Такое разуменне мастацтва, паэзіі Наталляй Арсенневай спалучае яе з еўрапейскім мадэрнізмам пачатку ХХ стагоддзя, калі моцны ўплыў, у тым ліку і на польскую літаратуру, аказвалі філасофскія вучэнні Артура Шапэнгаўэра і Фрыдрыха Ніцшэ. Ці не праз польскіх паэтаў — К. Пшэрва Тэтмаер, Л. Стаф, Я. Каспровіч — успрыняла беларуская паэтэса шапэнгаўэраўска-ніцшэанскую думку пра мастацтва як адзіны гаючы сродак супраць песімістычнай канцэпцыі чалавечай экзістэнцыі. Ці не адтуль таксама ідзе — выразны, хоць, праўда, прыглушаны ў яе — дыянісійскі культ жыцця („Жыццё, цябе я пакахала яшчэ тады, калі не ўмела цябе назваць”), таго жыцця, якое праз сваю біялагічную сілу, праз жаночасць — выразна падкрэсленую ў Арсенневай — дамагаецца рэалізацыі сваіх абсалютных правоў. Лірычная гераіня Наталлі Арсенневай як двух папярэдніх перыядаў творчасці, так і эміграцыйнага заяўляе аб сабе як аб энтузіястцы „адвечнага жыцця”. Яна смакуе яго ці не на кожным кроку.


А я люблю жыцьцё,
ягоны смак гаркавы
ніколі йшчэ ня здаўся мне благім.
(Тут гэтага няма)

— пісала яна і на амерыканскім кантыненце.

Ад палітычнай і сацыяльнай рэчаіснасці, якую мадэрністы называлі кашмарам, паэтэса давала „нырца” ў эстэтычныя адчуванні-перажыванні прыроды, у сузіранне прыгажосці. У адрозненне, аднак, ад мадэрнісцкіх еўрапейскіх паэтаў, якія ўспрымалі свет рэальны вельмі суб’ектыўна, што вяло да герметычнай паэтыкі выказвання і, такім чынам, разладу паміж аўтарам і чытачом, у Наталлі Арсенневай няма такой, як у іх, прорвы між светам рэальным, жорсткім і цяжкім, ды светам паэзіі — уяўленняў, мрояў. Але заўсёды да таго першага свету яна прыкладала эстэтычныя меркі і прыглядалася да яго з перспектывы „жалезнай логікі адвечнага жыцця”.

Два гэтыя светы асабліва выразна „разышліся” ў эміграцыйным перыядзе. Адзін з іх ствараўся са сненняў, мрояў, уяўленняў або — як называе сама Наталля Арсеннева — з „прывідаў Бацькаўшчыны”. Праз усе вершы-прывіды Бацькаўшчыны праходзіць, спалучаючы іх у адзін непаўторны ў беларускай эміграцыйнай паэзіі эмацыянальна-любоўна-патрыятычны цыкл, высакавольтная дуга-апастрофа: Мой край. Мая айчына. Маці. Блакітная, далёкая Радзіма. О, Бацькаўшчына, любая без меры. Мая Радзіма-Беларусь. Беларусь, Беларусь зялёная, палыменны, балючы сон. Радзіма! Беларусь! Каханая, святая!


Не цалавала рук
нікому я ў жыцьці.
Табе-ж,
мая зямля,
я цалавала-б ногі
(Сон)

О, Беларусь,
о, Беларусь мая!
Імя Тваё — такі пякучы сымбаль болю!
(Тваё імя)

Другі свет быў рэальным светам уцекачоў — не выгнанікаў20. Уваходзячы ў яго, аўтарская свядомасць Наталлі Арсенневай пераключалася з лірычнага, адасобленага „я”, з „я-для-сябе” і „я-у-свеце” на „мы” — дзеля падкрэслення адзінства свайго лёсу з лёсам такіх жа ўцекачоў, як і сама яна. Гэтым самым Наталля Арсеннева-паэтэса траціла свой арэол абранніцы нябёсаў, ставалася звычайнай нешчаслівай жанчынай, падобнай на тысячы іншых беларускіх жанок таго часу, пазбаўленых магчымасці пільнаваць роднае вогнішча. Яе вачам адкрываліся цяпер, як бы ўпершыню, страшныя рэаліі быцця: барак, падгнілы плот, кашуля ў латах на шнурку, лагаўё, гудкі фабрык, ранняе ўставанне да працы, „шчымяць і ныюць пальцы”, тупат ног, грукат цягнікоў, грызучы дым, задух, крык і гул густы, брамы-пячоры, пахмурыя муры, „чарнее кроў над вухам, на вуснах — мухі”, „не людзі ж, чуем, мы, а друз і парахно”.

У тым свеце, які Наталлі Арсенневай прыйшлося зведаць, паэтэса ўсведамляе, што тлум жыве выключна празаічнымі інтарэсамі,


бо й хто тут мае час
зірнуць на Божы сьвет адкрытымі вачыма?
(Тут гэткае завуць зіма)

Тут „у сусьцігі касіць/ удачу ймкнуць пасполу/ ўсе злыдні свету” і, вядома ж, Арфеева песня ім не ў галаве:


Сьвету ня ты ў галаве,
іншыя песьні ён весьціць...
(... ...)
Блазнаў вясёлых зямля
мае ў пашане і сяньня.
(Каб паэты маглі)

Праз гэты па-свойму пануры свет нямецка-амерыканскай рэчаіснасці прайшла ці не ўся пасляваенная беларуская хваля ўцекачоў — людзей звычайных і тых, якія ў айчыне альбо ўжо нешта друкавалі, альбо пачыналі друкаваць на чужыне. І амаль усе яны, з большай ці меншай аб’ектыўнасцю, выказваліся пра нечаканую драматычнасць свайго эмігранцкага становішча.

Варта, аднак, дадаць, што паэтычная творчасць большасці беларускіх эміграцыйных паэтаў, за выключэннем арыгінальных галасоў Масея Сяднёва, Янкі Юхнаўца і выдатнага лірычнага сапрана Наталлі Арсенневай ды, можа, яшчэ двух-трох асоб, адно досыць умоўна можа быць названая мастацкай творчасцю. Здаецца, гэта ўсё-такі сімуляцыя творчасці, рух назад, гэта „паэзія” людзей, якія, адарваныя ад радзімы, пасля наогул цяжкай фізічнай працы знаходзілі ў вершаскладанні, у такой для сябе адзінай своеасаблівай „духоўнай” гульні, нацыянальную самарэгенерацыю і самазадавальненне.

Наталля Арсеннева „выплакалася” на сваю долю па-жаночаму ціха, увогуле не надрываючы свайго голасу, павышаючы яго ў дзе-якіх вершах толькі ў абарону роднага краю. Арсеннеўская Яраслаўна ставалася тады Немезідай, багіняй помсты:


бо я так-бы хацела, каб роспач мая
пакарала таго,
хто Радзіму палоніць!
(Каб мой гнеў)

І, як М. Багдановіч, заклікала:

Вазьмі мяча ці дзіду
ды бі іх, Маці, бі і дзідай і мячом
у сэрцаў шэрае, амшэлае каменьне,
(... ... ...)
О, Маці,
Маці,
Маці Беларусь!
Дык бі іх,
бі за ўсё,
за ўчора і за сяньня!
(Сыны й Маці)

Аднак з’яўленне гераіні-жанчыны караючай было з’явай маргінальнай у творчасці Наталлі Арсенневай. Як быў і наогул не характэрны для паэтэсы верш дэкларатыўна-публіцыстычны, таму што яе паэтычную індывідуальнасць ярка высвечвалі ўнутраныя параметры „жыцця душы”: узвышаная складанасць пачуццяў, вытанчанасць духоўных каштоўнасцей, эмацыянальная далікатнасць. „Жывая душа” паэтэсы натуральна рэагавала найперш на такое ж па далікатнасці, вытанчанасці і ўзвышанасці жыццё прыроды — і пачынаўся творча-эмацыянальны рэзананс.

Аўтарка зборніка Пад сінім небам ведала пра той свой неацэнны капітал, пра сваю ўражлівую „жывую душу”, чулую на свет нерукатворнай прыгажосці. У вершы Цвіці, вясна паэтэса кінула на паперу, нібыта выпадкова, але як жа пры ўсім тым характэрныя для ўсёй сваёй, арсеннеўскай творчасці, знамянальныя два радкі:


Люблю я сьвет красы,
але ня сьвет людзей,21

Нічога дзіўнага, што яна, перахварэўшы і Нямеччыну („як трываць?”) і асабліва Амерыку — тую індустрыяльную, бетонную, непрыветлівую не толькі для яе песняў („Навошта я пішу, для каго?”), суадносіла сябе, адчувала роднасць не з кімсьці з людзей, але — з магноліяй:


Цьвіце магнолія...
мільлёны матылёў,
бялейшыя за сьнег, трапечуць на галінах.
Замерла ў пешчах белых крыл гальлё,
салодкай млоснасьці на брук ня ськіне.
Ён чорны і брыдкі, як побач, зрэшты ўсё,
ды б’юць, бы ў бубна дно, ў яго людзкія ногі
па годзе год...
Аплёў, аблытаў, як драсён,
той гуд ня толькі брук,
але й хаценьні, змогу.
А ўсёткі, за сьнягі бялейшая, усьцяж,
ледзь красавік,
цьвіце магнолія пад мурам.
(Магнолія)

У эміграцыйны перыяд, у Амерыцы, Наталля Арсеннева прыпадабняецца — як бачым — да своеасабліва цвітучага дрэва пасярод асфальтаванай „культурнай” гарадской рэчаіснасці. Як на пачатку свайго творчага шляху, паэтэса стаецца зноў непараўнальнай пясняркай жыцця прыроды — гмаху імперыі-вясны (гл.: Гмах імпэрыі. Час — ня час. Першыя краскі. Галіна і іншыя) і сяброўкай восені (Госьця. Жаўцее ліст. Адвітаньне. Мне рупіць і іншыя). Але цяпер, у адрозненне ад „польскага” перыяду творчасці, калі з’явы прыроды выклікалі ў сузіральна-лірычнага „я” настальгічна-прыгожыя пачуцці, Наталля Арсеннева атаясамліваецца не толькі з пераможнай магноліяй. Паэтэса ўжо гатова, па-цютчаўску, растварыцца ва ўсёй жывой прыродзе. У вершы Гэтак будзеш ты мной, звяртаючыся да ўлюбёнай восені, яна кажа:


Восень, восень, калі-ж
напалам перарэжам
мы з табой і ўцеху, і смутак упойны?
Гэтак будзеш ты мной,
з маёй смагай і жалем,
я-ж табою,
зыркою і перапялёстай.
Будуць людзі гукаць цябе проста
„Натальляй”,
а мяне клікаць „Восеняй”,
гэтак-жа проста.
Ты пачуеш, як моцна цьвікі убіваюць
варагі і свае мне у цёплае цела,
я-ж пазнаю,
як душыць імжака сівая
ліст па лісьце на клёнах,
як ніцма іх сьцеле.
І пачну я
табой
паміраць на галінах
звонка, шчыра, і жоўта, і зырка-чырвона,
а ты —
мной угарышся у вершах і чынах,
я — рудым пусталістам,
а ты — пустазвонам.

У канцы пяцідзесятых — пачатку шасцідзесятых гадоў у еўрапейскай культуры пачынаецца новая паэтычная эпоха. Стыль гэтай эпохі выказвалі ў Амерыцы і краінах Захаду „бітнікі” са сваёй праграмай сацыяльнай нязгоды і пратэсту, а ва ўсходніх славянскіх літаратурах — паэты-„эстраднікі”. Публіцыстычнасцю, рэпартажнасцю, нацэленасцю на масавага слухача, спекуляцыяй слова яны ў многім былі падобныя на сваіх заходнееўрапейскіх контркультурнікаў.

Такіх „ціхіх” паэтаў як Наталля Арсеннева, якая — стаўшы эмігранткай — не мела таксама і „куды сказаць”, новая эпоха пакідала без належнай увагі. „Я кужалем сівым няўзнак датку мой верш” — пісала яна ў вершы Гадзіньнік, прадчуваючы, што яе час і час эпохі „дыхаюць не ў тахт”.



1 Антон Адамовіч, Натальля Арсеньнева „Між берагамі”. Біяграфічна-крытычны нарыс, [у:] Між берагамі. Выбар паэзіі Натальлі Арсеньневай. 1920-1970, Нью-Йорк—Таронта 1979.
2 Гл. тамсама, с. 328-329.
3 Міхась Машара, Плач над Гудзонам, „Голас Радзімы”, 1960, № 28; Уладзімір Калеснік, Этапы і ростані волі, [у:] Ростані волі. З заходнебеларускай паэзіі, Мінск 1990, с. 25-30; Барыс Сачанка, Беларуская эміграцыя: факты і меркаванні, [у:] Барыс Сачанка, Сняцца сны аб Беларусі... Літаратурна-крытычныя артыкулы, інтэрв’ю, Мінск 1990; Ала Сямёнава, Лёс — і над лёсам, „Голас Радзімы”, 1993, № 39; Вацлава Вярбоўская, Праз слёзы адчуваецца надзея, „Культура”, 1993, № 5; Мікола Мішчанчук, „Між берагамі” (Лёс і творчасць Наталлі Арсенневай), [у:] Культура беларускага замежжа 1, Пад рэдакцыяй Анатоля Сабалеўскага, Мінск 1993; Уладзімір Калеснік, Наталля Арсеннева. Віленскія гады, „Літаратура і мастацтва”, 1994, № 49; Леанід Пранчак, Беларуская Амерыка, „Я заўсёды любіла Беларусь...”. Інтэрв’ю з Наталляй Арсенневай, „Літаратура і мастацтва”, 1994, № 33.
4 Усе біяграфічныя звесткі пра паэтэсу прыводжу з біяграфічна-крытычнага нарыса Антона Адамовіча, с. ХІ.
5 Тамсама, с. ХІ-ХІІ.
6 Тамсама, с. ХІІІ.
7 Тамсама.
8 Тамсама, с. XIV.
9 Тамсама.
10 Верш Наталлі Арсенневай, у сугуччы з паэтычнай прыродазахапляльнасцю, вызначаецца сваёй рытміка-інтанацыйнай гармоніяй, паэтычнай дакладнасцю, мілагучнасцю, свежасцю і прыгажосцю вобразаў, сэнсавай выразнасцю. Амаль усе лірычныя творы сілаба-танічнага складу. Перавагу аддае паэтэса, аднак, памерам выразна трохскладовым і асабліва, відавочна, улюбёнаму рытму анапестычнаму, які, так бы мовіць, гістарычна-фаналагічна зашыфраваўся для яе ў самой назве Беларусь (– – –´ ) колькі разоў ёю ў вершах паўторанай.
11 Антон Адамовіч, Натальля Арсеньнева „Між берагамі”. Біяграфічна-крытычны нарыс, тамсама, с. XXIV, XXXII.
12 Тамсама, с. ХХІХ.
13 Тамсама.
14 Тамсама, с. XVIII. Аб казахстанскай ссылцы гл.: Наталля Арсеннева, У казахстанскай ссылцы, „Бацькаўшчына”, Мюнхэн 1952, №№ 94-95, 96; а таксама: Наталля Арсеннева, У казахстанскай ссылцы, „Беларусь”, 1993, № 6; Наталля Арсеннева, У казахстанскай ссылцы, [у:] З гісторыяй на „вы”. Артыкулы. Дакументы. Успаміны, Выпуск трэці, Мінск 1994; гл. таксама: Наталля Арсеннева, З майго жыццяпісу, [у:] На суд гісторыі. Успаміны. Дыялогі, Мінск 1994.
15 Напрыклад, Барыс Сачанка, Сняцца сны аб Беларусі..., с. 44-46; Ірына Багдановіч, Арсеннева Наталля, [у:] Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік, том І, Мінск 1992, с. 103.
16 Антон Адамовіч, Натальля Арсеньнева „Між берагамі”. Біяграфічна-крытычны нарыс, с. XVIII.
17 Тут і далей цытую вершы Наталлі Арсенневай з яе кнігі Між берагамі, Нью-Йорк—Таронта 1979, без падавання нумару старонкі.
18 Антон Адамовіч, Натальля Арсеньнева „Між берагамі”. Біяграфічна-крытычны нарыс, с. ХХ.
19 „Жыццё жыццём, а паэзія — над жыццём”, — кажа паэтэса. Гл.: Вацлава Вярбоўская, Праз слёзы прадчуваецца надзея, „Культура”, 1993, № 5, с. 6.
20 Наталля Арсеннева паслядоўна карыстаецца ў паэтычных творах словам уцекачы.
21 Гэтае мадэрнісцкае выказванне Наталлі Арсенневай можна разумець і ў тым духу, які выказала расейская паэтэса-эмігрантка Зінаіда Гіпіус у лісце да Г. Адамовіча: „Да, очень трудно ‘сообщаться’ человеку с человеком. Святые, пожалуй, правы, что каждый из них сообщался с Богом, а с людьми молчал” [у:] Ростислав Плетнёв, История русской литературы ХХ века, Cambridge 1987, с. 26.

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster