Мэтады спазнаньня й
асэнсаваньня рэчаіснасьці фармаваліся на працягу не аднаго тысячагодзьдзя, і
мітамысьленьне, якое грунтуецца на ўяўленьні, складала базавую стадыю гэтага
працэсу. Менавіта ўяўленьне служыла інструмэнтам спазнаньня, вынікі якога
рэалізоўваліся ў мітах. Сэміётыка мітамысьленьня невычарпальная, але найчасьцей
прыхаваная, часам нябачная. Мы маем справу зь літаратурнымі сюжэтамі,
сакральнымі тэкстамі, археалягічнымі помнікамі. А першасны сэнс? Вобраз сьвету,
вобраз чалавека?
Сэміясфэра была некалі мітасфэраю,
міталягічнае мысьленьне разгортвалася як асобная мова, гiерархічная сыстэма
кодаў, што патрабуюць спэцыяльнай дэшыфроўкі. Тэрмін «міт» можа быць
перакладзены з грэцкае мовы як «слова», «паданьне». У адрозьненьне ад іншых
словаў з блізкаю сэмантыкай, да прыкладу, «лёгос»‚ «міт» зьмяшчае ў сабе
Iстасьць, надзеленую сілай найвышэйшага лёгасу. Сілу міту надае ягонае
паходжаньне, бо міты — рытуальныя тэксты, вытворныя ад абрадаў. Міталёгія дае
адказы на асноўныя пытаньні чалавечага быцьця, гаворыць пра касмагонію,
рытуалы. Сапраўды, кожны рытуал узнаўляе Сьвятую гісторыю, апавядае пра
сутнасьць Космасу. Ён мацнейшы за мову, якая здольная толькі апісаць, а не
паўтарыць дзеі Найвышэйшага.
Паходжаньне міту зьвязанае з рытуалам.
Рытуал — гэта драматызацыя міту ў асобах і рэчах. Міт жа выступае як
вэрбалізацыя рытуалу, яго тлумачэньне. Сказанае дае падставы лічыць, што
«сьвятарная драма» паганскага абраду спачатку разыгрывалася й толькі зь цягам
часу стала апісвацца Словам.
Драма — дыялёг, драма — слова-дзея.
Нават маналёг у ёй зьвернуты да аўдыторыі — таго сьвецкага, дэсакралізаванага
жыхара сьвету, да якога зьвяртаўся ўдзельнік першай «сьвятарнай драмы» —
рытуалу. Але ж мы сёньня палоньнікі прычынна-выніковага сьвету. Кожнае слова,
рэпліка для нас — пытаньне «чаму» або «навошта» й адказ «бо». У літаратуры гэта
называецца сюжэтнасьцю твора. Сюжэт можа ісьці паралельна некалькімі лініямі,
можа быць прыхаваны, але павінен быць абавязкова. У мітах жа
прычынна-выніковага сюжэту няма. Яны разгортваюцца па прынцыпе аналёгіі,
прэцэдэнту. Старажытная рэлігія, касмаганічны міт адказвае ня толькі на
пытаньне «як было», але і «як ёсьць», бо касмагонія не належыць мінуўшчыне, а
працінае сабою ўсю рэчаіснасьць.
Рэлігійны культ немагчымы без
эзатэрыкі. Міты зьмяшчалі сапраўднае веданьне й хавалі яго ад неўтаямнічаных,
бо яно небясьпечнае перш за ўсё для саміх прафанаў — Істасьць можа зламаць
непадрыхтаванага, а можа проста схавацца ад яго, і той ніколі больш ня выйдзе
за межы марнасьці пошукаў. Так нарадзіліся містэрыі.
Гэта былі рытуалы, што трымалі ў
таямніцы як веды, так і самое сваё існаваньне. Драматычнымі відовішчамі ды
іншымі сродкамі містэрыі расказвалі пра паходжаньне рэчаў, прыроду чалавечага
духу, сувязь яго зь целам і сродкі ачышчэньня цела, вяртаньня да вышэйшага жыцьця.
Існавала нават таемная мова, яна выкарыстоўвалася ўтаямнічанымі толькі пры
судакрананьні з сакральным. Амаль што кожны народ меў сваю містэрыю, сваю
таемную мову, бязь веданьня якой містэрыі немагчыма зразумець.
Містэрыі нарадзіліся разам са словам,
не памерлі і да сёньня.
Не адмаўляючы патаемнага ў творах
мінулага, Умбэрто Эко менавіта ў сучаснай культуры бачыць асаблівую
схільнасьць да няпэўнасьці, падкрэсьлівае тыя працэсы, якія аддаюць перавагу
полю магчымасьцяў перад адназначнай пасьлядоўнасьцю падзеяў, ствараючы амбівалентныя
сытуацыі — адкрытыя для выбару й самых разнастайных інтэрпрэтацыяў.[1]
Бадай што кожны сапраўдны мастацкі твор
можна назваць містэрыяй, бо ён патрабуе ведаў і валоданьня «таемнай» мовай.
Таму ня варта дзівіцца, калі аповесьць Ластоўскага «Лябірынты» назавем
беларускай містэрыяй ХХ ст., творам, дзе ідэі віюцца адмысловай лесьвіцай і
прыступкі вядуць нас ад сонечнага сьвятла скрозь векавечны сон да мінулых
пакаленьняў. Але «Лябірынты» Ластоўскага — містэрыя і ў першасным значэньні
слова.
Разам з тым, аповесьць належыць да
твораў, якія складаюць падмурак, фундамэнт адраджэнскай літаратуры й
філязофіі. Такіх падмуркавых, грунтаўтваральных і ў гэтым сэнсе фундамэнтальных
кніг няшмат, не заўсёды іх вылучаюць высокія мастацкія якасьці, калі гаварыць
пра тыя творы, што належаць да мастацкай літаратуры, але заўсёды ў іх ставяцца
й разьвязваюцца самыя цяжкія, найбольш балючыя для нацыі праблемы. Гэтыя кнігі
пісалі людзі вялікай эрудыцыі й шырокага кругагляду, якія — можа, упершыню —
адчулі надзею на адраджэньне беларускае культуры. Гісторыя беларусаў поўная
стратаў, і адна зь вельмі значных для беларускай культуры — страта ўласнае
міталёгіі. Пра яе былое багацьце можна меркаваць па казках, паданьнях, якія
захаваліся да нашых дзён.
Спашлемся на Паўла Шпілеўскага:
«Уклад жыцьця й звычаі, паданьні й
вераньні, казкі й аповесьці адгукаюцца міталягічнаю даўніною... У Беларусі
да сёньня захоўваюцца ў народзе казкі й паданьні пра паходжаньне фантастычных
герояў, князёў і царэвічаў, пра нябачных духаў і цудоўныя сілы, — ладзяцца
сьвяткаваньні ды ігрышчы паганскага побыту. Гэта таму, што цяперашняя Беларусь
некалі была галоўным сэрцам славяна-рускіх паганскіх вераньняў, дзе ў гонар
багоў ствараліся куміры. Безумоўна, з прыняцьцем хрысьціянскай веры ідалы й капішчы
былі зьнішчаныя, але паданьні захавалiся, данесшы да нас уяўленьнi пра вераньні
продкаў. Гэтаму спрыяла і тое, што хрысьціянства ўмацавалася не адразу;
паданьні знаходзілі сабе апору ў паганскіх вераньнях. Такім чынам жыхары
сучаснай Беларусі, будучы хрысьціянамі, усё яшчэ мелі нагоду захаваць паняцьці
і ўяўленьні пра паганскае жыцьцё. Прайшло некалькі стагодзьдзяў пасьля
ўсталяваньня хрысьціянства на Беларусі, а паданьні пра духаў, таемныя сілы,
вядзьмарак, заклятых людзей, русалак, пярэваратняў ды іншых страшыдлаў-пачвараў
ня сьцерліся, але зь цягам часу ўвасобіліся толькі ў паэтычны вымысел і набылі маляўнічы
калярыт у вуснах апавядальніка.
Такая Беларусь сёньня!.. І таму ня можа
не зьвяртаць на сябе ўвагу адукаванага чалавека, які імкнецца пазнаёміцца з
старадаўнім побытам сваіх аднапляменьнікаў... Нас цікавяць паданьні й вераньні
старажытных грэкаў і рымлянаў, мы пішам пра іх звычаі, міталёгіі, мову, нават
застольлі; чаму ж не пісаць пра родную Беларусь, якая так багатая сваімі
самабытнымі звычаямі, міталёгіяй, мовай і, нарэшце, ігрышчамі й
сьвяткаваньнямі».[2]
Нават калі і ня поўнасьцю пагадзіцца зь
цьверджаньнем Ігната Абдзіраловіча, што Беларусь, паганская па сваёй сутнасьці,
не прыняла ні заходнюю, ні ўсходнюю культуру, трэба згадзіцца зь ягоным
меркаваньнем, што ў выніку барацьбы заходняга і ўсходняга ўплываў зьнішчылася
старажытная самабытная беларуская культура.[3]
Гэтая думка Абдзіраловіча супадае зь меркаваньнем Ластоўскага:
«Для ваяўнічага хрысьціянізму, які
нішчыў усё паганскае, усе старой веры — і сьвятары, і грубыя шаманы, і
варажбіты — былі агульна пагарджанымі жрацамі. Гэтая стараверная, з высокай
культурай, інтэлігенцыя брыдзілася змагацца забойствамі з новай верай і
эмігравала ў глухія пушчы на ўзьмежжы старавернай і аднавернай зь імі Жмудзі»
[80].[4]
Дзеячы беларускага адраджэньня, у тым і
Ластоўскі, добра разумелі важнасьць вяртаньня да культурных вытокаў — каранёў
нацыянальнай самасьвядомасьці. К. Езавітаў сьведчыў:
«[Ластоўскі] быў чулы і просты чалавек,
паэт і навуковец, троху містык, якога цягнула да ціхае і пладавітае габінэтнае
працы ў адзіноце, калі асабліва ясна працуе галава і шчыра адчыняецца сэрца для
глыбокіх пачуцьцяў любові да Бацькаўшчыны».[5]
Ластоўскі сынкрэтызмам сваёй дзейнасьці
нагадвае постаці Рэнэсансу — гісторык i філёляг, публіцыст і пісьменьнік,
бібліёграф і кнігазнаўца, грамадзкі i палітычны дзеяч. Успаміны Яўхіма Кіпеля
раскрываюць перад намі яшчэ адзін бок зацікаўленьняў Ластоўскага:
«Жывучы ў Летуве,‚ Ластоўскі навязаў сувязі з парапсыхолягамі
ў Парыжы і часамі езьдзіў туды для экспэрымэнтаў. [...] Ім было прапанавана
адчыніць у Акадэміі катэдру парапсыхалёгіі. У той час камуністы глядзелі на
парапсыхалёгію як на шарлатанства. Вядома, Ластоўскі ня быў невукам ці
прымхліўцам. На думку парапсыхолягаў‚ чалавечы арганізм вылучае электрычныя
хвалі‚ але органы‚ якімі можна лавіць гэтыя хвалі‚ ёсьць не ўва ўсіх людзей — у
бальшыні яны атрафіраваныя, аднак сярод людзей ёсьць і такія‚ што здольныя
ўспрымаць гэтыя хвалі. Ластоўскі цьвердзіў, што сам быў сьведкам праяваў такіх
здольнасьцяў.
На гэтую тэму Ластоўскі ў Акадэміі зрабіў некалькі дакладаў,
у якіх распавёў пра індускіх ёгаў‚ пра людзей‚ якія валодалі здольнасьцю
ўгадваць чужыя думкі, пра ведзьмаў. Цікава, што да ведзьмаў залічалі жанчын‚
якія з завязанымі вачыма пазнавалі людзей або маглі назваць таго‚ хто стаяў за
сьцяною. Таксама Ластоўскі ў кароткіх рысах аналізаваў дзейнасьць знахароў‚
якая ў бальшыні выпадкаў спалучана з прыроджаным гіпнозам. Менавіта Ластоўскаму
належыць аўтарства інструкцыі для краязнаўчых гурткоў — як трэба вывучаць
знахароў на вёсцы. Ён хацеў даведацца‚ ці ёсьць такія людзі сярод нашага
народу. Аднак ідэя гэтая была ўспрынятая скептычна і інструкцыю не прынялі».[6]
Ластоўскi, як ніхто іншы, усьведамляў
ролю міталёгіі ў нацыянальнай культуры, ведаў, што параўнальнае вывучэньне
міталёгіі сьцьвярджае агульнасьць мітатворчасьці ў культурах розных народаў.
«Тое, што мы бачым ў Грэцыі,
паўтараецца ўсюды, дзе толькі цывілізацыя людзкая даходзіла да вышэйшых
ступеняў: і ў Асырыі, і ў Бабілёне, і ў Эгіпце, і ў Індыі, у Кітаі і Японіі.
[...] Нашае няшчасьце ў тым, што край наш ня мае ні годнага да будоўлі
каменьня, ні капальняў мінэралаў, а з гэтае прычыны адзіным, годным да будовы
матар’ялам было дрэва, і нашыя мастацкія будоўлі былі драўляныя, малатрывалыя.
Нашыя пісаныя памятнікі не на камянёх высякаліся, але начыркаліся на
бяроставых пласткох, якія лёгка запаляліся і гнілі. Скажэце, каб у Эгіпце,
Індыі, Бабілёне была драўляная культура, дык ці ведалі-б мы сяньня што-колечы
аб ёй? Не!» [79].
Ластоўскі добра ведаў гісторыю
старажытнага Полацку, чуў пра iснаваньне шматлікіх падземных хадоў, якія
злучалі манастыры і храмы, лёхаў, тайнікоў, дзе захоўваліся скарбы і
найбагацейшая ў Вялікім Княстве Літоўскім бібліятэка Сафійскага сабору.
Нездарма дзея аповесьці «Лябірынты» разгортваецца ў Полацку, у падзямельлях
Верхняга Замку. У творы аўтару ўдалося спалучыць ідэі параўнальнае міталёгіі з
фактамі i легендамі полацкае мінуўшчыны:
«Старая веда й старая культура ня
загінулі. Кажуць людзі, а хто-ж ведае, ці ёсьць у гэтым хоць кропля праўды,
пад Верхнім Замкам, за магілай няведамага валадара, ёсьць склады з багацьцямі
вялікімі. Кажуць, у вабход абшырнай грабніцы, направа, ёсьць мураваны праход
крокаў на 60 удоўжкі, і празь яго ўваходзіцца ў сховы із старымі кнігамі.
Часткай пісаны яны на дошчачках, часткай на бярозавых пластох. Зложаныя кнігі ў
каваных серабром скрынях, у сярэдзіне абітых скурай. З гэтай кніжні пракавечнай
ёсьць ход у скарбец... Толькі дужа страшна ісьці там» [81].
Першае й бадай што самае істотнае
пытаньне, якое паўстае пры чытаньні аповесьці: пра што «Лябірынты» й чаму
менавіта «лябірынты»?
Лябірынт — сусьветная
рытуальна-магічная ўнівэрсалія. Пабудовы ў выглядзе лябірынтаў былі пашыраныя
на вялізных тэрыторыях — ад вугра-фінскіх паморскіх збудаваньняў да палаца
валадара Мінаса на высьпе Крыт. Герадот пакінуў апісаньне лябірынту, палова
якога мясьцілася на зямлі, а палова — у сутарэньнях, куды забаранялася
ўваходзіць староньнім. Там знаходзiліся магілы тых, хто будаваў лябірынт. У
Эгіпце існаваў «нябесны лябірынт», куды траплялі душы памерлых.
Традыцыйна лябірынты вызначаюцца як
аселішчы мёртвых, шырэй — як мадэль сьвету мёртвых. А калі ўлічыць, што
аналягічную архітэктуру маюць і некаторыя старажытныя сьвяцілішчы й што ў
архаічнай сьвядомасьці «аселішча мёртвых», «валадарства продкаў» і «магічнае
валадарства» не адрозьніваліся, — лябірынт можна разглядаць шырэй: як
абагульненую мадэль іншага быцьця. Прыгадайма таксама, што пасьля Гальготы цела
Хрыста было паложанаe ў склеп, а сутнасьць ягоная сышла ў Пекла, каб вывесьці
адтуль праведнікаў. Ці не таму першыя хрысьціяны маліліся ў катакомбах Рыму
яшчэ да нэронаўскіх ганеньняў? Сшэсьце пад зямлю сьлядамі Настаўніка
сымбалізавала адыход на «той сьвет», каб перажыць уласную сьмерць і адрадзіцца
духова. Менавіта ў лябірынтах адбываўся галоўны рытуал містэрыяў — ініцыяцыя.
Яна i складае зьмест і сутнасьць аповесьці «Лябірынты».
Ініцыяцыя — абрад пасьвячэньня, адзін з
найбольш старажытных абрадаў, які існаваў амаль ува ўсіх народаў сьвету. У
Эўропе пасьвячэньні былі зьліквідаваныя адначасова са зьнішчэньнем апошнix
паганскix сьвятыняў. Пазьней гэты рытуал захаваўся толькі ў масонаў, якiя
багата што ўзялi ад папярэднікаў. Сама ініцыяцыя сымбалізавала пераход ад
марнасьці жыцьця празь мяжу сьмерці да новага, духовага быцьця.
«Я хутка глянуў на сьцяну, дзе вісеў
каляндар, там відаць была дата. Гэта быў дзень, калі я прыехаў у Полацак і
ўвечары 20 чэрвеня гасьцяваў у Івана Іванавіча.
— Якая сяньня дата? — спытаўся я ў
«Падземнага чалавека».
— А якая-ж, то-ж, ведама, 23
чэрвеня, — адказаў ён пасьміхваючыся.
— А калі я ў вас быў?
— То-ж вы заўчора былі ў нас, у
ваўторак, а сяньня мы маем, дзякаваць Богу, чацьвер, заўтра будзе пятніца. Сьвятога
Яна» [104].
Ужо сама дата, калi адбываюцца падзеi
аповесьці, — невыпадковая. У старажытных календарох, у прыватнасьці
друідзкім, для ініцыяцыяў найбольш спрыяльнымі лічыліся дні раўнадзенства й
сонцастаяньня. Дзень летняга сонцастаяньня прыпадае менавіта на 22 чэрвеня.
Невыпадкова абраная і пара — ноч. У сьвядомасьці людзей замацавалася ўяўленьне
пра ноч як пра час актывізацыі цёмных сілаў. Але ж ноч папярэднічае дню.
У мітах пра стварэньне сьвету першапачатковы стан быцьця, хаос, апісваецца
як суцэльная цемра. Так, ноч — апазыцыя дню: ноч магутнейшая ад дня, яна больш
прыродная, касьмічная і таму больш адпавядае сьвятарным рытуалам.
Падзеі, перажытыя героем у гэтую ноч,
можна назваць фантастычнымі, калі застацца на яе «паверхні», ня быць
«дапушчаным». Бо як жа растлумачыць паўстаньне зь мёртвых чалавека, сьведкамі
сьмерці якога мы былі? Як растлумачыць рух нежывых прадметаў? Дзіўныя гукі ў
сутарэньнях? І самае галоўнае: дзеля чаго адбылася Ноч?
Размовы ў гуртку ахвотнікаў
старасьвеччыны былі падрыхтоўкай-выпрабаваньнем перад магчымай ініцыяцыяй
новапасьвечанага. Першае выпрабаваньне чакае яго ля старадаўняe труны — корста,
муміі. Са старажытных часоў працэс муміфікацыі зьяўляўся рытуальным дзеяньнем
зь вялікай рэлігійна-містычнай нагрузкай; верагодна, ён і ўзьнік як праява
культу. Акрамя таго, ускосна ён сьведчыў пра адносна высокі ўзровень ведаў
тагачасных людзей, бо вымагаў досьведу ў анатоміі, мэдыцыне ды xiмii, а таксама
валоданьня склaданымі тэхналёгіямі. Вельмі часта на саркафагах высякалі
эпітафіі. Ёсьць такі надпіс і на труне, які сьведчыць, што пахаваны тут чалавек
пры жыцьці быў ня проста валадаром або кніжнікам, а пасьвечаным — знаёмым з
акультызмам: «Я, Ярамір, ходы гэтыя працай многай утварыў і дэманаў пяці моцай
слоў тайных на пілнаваньне давечнае ўвязаў тут. Хай уносячага сюды прапусьцяць,
а на выносячым споўніцца слова» [85].
Перад труной герой павінен даць прысягу
на вечнае маўчаньне — абавязковая ўмова для кожнага, хто рашыўся прайсьці
выпрабаваньне. Самой прысягі ў аповесьці няма, толькі вядома, што «словы былі
такія ўрачыстыя, закляцьці такія страшныя» [85]. Можна прыблізна ўявіць сабе
тэкст прысягі, бо формулы-заклінаньні ў рытуалах ініцыяцыі былі больш-менш
устойлівыя. Прысяга звычайна ўключае абяцаньне захоўваць і нe выдаваць ні пры
якіх акалічнасьцях ніводнай таямніцы з патаемных містэрыяў ніякімі магчымымі
сродкамі:
«Ні маляваць, ні друкаваць, ні вырэзваць,
ні пісаць, ні даваць ніякай падставы да таго, каб гэта здарылася, на любой
рэчы пад небам, рухомай і нерухомай, на якой бы яна магла быць прачытаная або
зразуметая. Калі ж клятва будзе парушаная — няхай шыя будзе перарэзаная, язык
вырваны з коранем і зарыты ў марскім пяску пры нізкай вадзе, там, дзе прыліў і
адліў кожныя дваццаць чатыры гадзіны».[7]
Пасьля складаньня прысягі ў
«Лябiрынтах» пачынаюць адбывацца зусім неверагодныя падзеі — праваднік гіне, а
герой знаходзіць на ліхтары надпіс «Обятопрыімчэ, прымі другога, з чары тайн
піўшага». Ён «стараўся ўцяміць ягонае значэньне... Ці-ж бы «Падземны чалавек»,
згодна з гэтым правам, павінен быў за раскрыцьцё мне тайны заплаціць сваім
жыцьцём?» [87]. Герой сумняваецца, але ўсё ж такі пагаджаецца: факты гавораць
за тое, што «Падземны чалавек» стаўся «другім, піўшым з чары скрытыя веды».
Бясспрэчна, ініцыяцыя накіраваная на
абуджэньне пачуцьця містычнага адзінства чалавечай прыроды з боскаю. Тут мы
знаходзім супадзеньне рытуалу пасьвячэньня з касмаганічнымі ўяўленьнямі.
Ініцыюецца боскае. Ня толькі памірае Хаос, каб даць жыцьцё Космасу. Памірае
чалавек, каб даць жыцьцё іншаму — у самім сабе! У містэрыях Ізыды нэафіт,
паміраючы, сыходзіў у падземны сьвет, бачыў сьвятло ў поўнай цемры.[8]
Ён праходзіў усе ступені перараджэньня, усе ступені касмаганічнай ахвяры.
Новaініцыяваны суб’ект лічыўся носьбітам ведаў і чысьціні, бо паўтарыў шлях ад
Хаосу да Космасу.
Герой Ластоўскага не зразумеў, што
надпіс — пра яго, ён павінен памерці і нарадзіцца, дзеля чаго і ідзе на
выпрабаваньні. А што выпрабаваньні сур’ёзныя — несумненна. Ініцыяцыя нясе ў
сабе жахлівую пагрозу: чалавек губляе пачуцьцё рэальнасьці, і можа стацца так,
што чалавек, страціўшы сувязь з адной рэчаіснасьцю, не навяжа сувязі з другою
— апынецца паміж двух берагоў. Старыя каштоўнасьці загінулі, новыя ’шчэ ня
ўзьніклі. Дух чалавека нібы ў пустэчы. Інакш кажучы, ён на той мяжы, калі дух
абвяшчае яму ўсякае жыцьцё як сьмерць. Матыў сьмерці ў ініцыяцыі — «калі
пшанічнае зерне, упаўшы на зямлю, не памрэ, яно застанецца адно; калі ж памрэ,
родзе шмат плоду» (Ян 12:24). П. Генон называе такі стан «псыхічнай
сьмерцю». Кажучы пра небясьпечнасьць ініцыяцыі, ён зазначае: «Такі працэс,
нават пад кіраўніцтвам людзей мудрых, нясе зямную небясьпеку, фізычную сьмерць
(часьцей самагубства), страту памяці, вар’яцтва»[9]. Нешта падобнае
адбудзецца i з героем Ластоўскага.
Аповесьць насычаная сымбалямі — парог,
дзьверы, мост, лесьвіца. Гэтыя аб’екты здаўна былі мэтафарамі пераходу да
тайных ведаў, да сакральнага ўзроўню быцьця. У містычных філязофіях і містэрыях
розных народаў існуе безьліч «лесьвіцаў»: брахманічная Лесьвіца, што з’яўляецца
сымбалем Сямі Сусьветаў, кабалістычная Лесьвіца — сем ніжэйшых Сэфіротаў.
Лесьвіца Якуба прыгадваецца ў Бібліі. А таксама Лесьвіца Мітры, Розэнкройцараў,
Лесьвіца Тэалягічная i г. д. Нэафіт павінен прайсьці іх, каб убачыць
сьвятло — як кульмінацыю прысьвячэньня. (Тут варта згадаць ведыйскі рытуал,
прыгаданы В. Тапаровым у сувязі з архаічнымі схемамі мысьленьня ў
Дастаеўскага, абыгрываньнем рэлігійнай ідэі пераходу ад цемры да шырокага
сьветлага сьвету.[10])
Раскрыць некаторыя фантастычныя
элемэнты аповесьці можна, зьвярнуўшыся да пэўных асаблівасьцяў містэрыяў,
вузлоў ініцыяцыі. Зробім гэта на прыкладзе містэрыі Одына, аднае з найбольш
вядомых. У яе аснове ляжыць наступная сьвятарная драма.
Одын, аднавокі бог, пабудаваў на
вяршыні гары казачны палац і назваў яго Асгард. Там жылі 12 багоў, і нага
чалавека не магла ступіць туды. На той гары было i месца сьмерці, Вальгальля,
дзе памерлыя героі біліся ды балявалі. Кожную ноч іх раны загойваліся, а дзік,
мяса якога яны спажывалі, прыходзіў зноў.
Бальдэр Прыгожы — скандынаўскі
адпаведнік Хрыстa — быў любімым сынам Одына. Ён не вылучаўся ў ваярскім
рамястве: ягоны добры й чулы дух прыносіў радасьць багом, і яны ўсе любілі
Бальдэра. Але дакладна як Хрыстос меў Юду, гэтак і сярод дванаццаці багоў адзін
быў фальшывы — Кёкі, увасабленьне зла. Кёкі сваёй хітрасьцю й рукамі сьляпога
бога лёсу забіў Бальдэра стралою з амялы. Зь сьмерцю Бальдэра зьнікла сьвятло
багоў. Тады багі сабраліся, каб вынайсьці сродак ажыўленьня духу маладосьці й
жыцьця; вынікам іх пошукаў сталася містэрыя.
Новапасьвечаны мусіў вярнуць Бальдэру
жыцьцё. Яму адводзілася роля забітага бога. Пасьля доўгіх гадзін блуканьня па
сутарэньнях, адмысловых калідорах і бясконцых залях нэафіт падыходзіў да выявы
Бальдэра Прыгожага, якая знаходзiлася ў сярэдзiне залі. Толькі пасьля гэтага
яму адкрываліся таямніцы. Пасьвечаны ўслаўляўся як нанова народжаны чалавек. А
цяпер прачытаем у Ластоўскага:
«Урэшце, змучаны пераглядам кнігаў, я
надумаў абысьці бібліятэку, і з гэтай мэтай выйшаў у другую залю, а з другой у
трэцюю і г. д. Прайшоўшы дзясяткі два заляў, напоўненых кнігамі, я
апынуўся перад глыбокай нішай, у якой была зьмешчана фігура чалавечая з
бліскучымі вачыма. У меру збліжэньня да яе, вочы фігуры штораз ярчэй
сьвяцілі, прычым чулася ў іх нейкая прыцягальная сіла. Калі я быў на
адлежнасьці мэтраў дзесяць ад фігуры, я ўжо ня меў сілы стрымаць сябе, нешта
незразумелае цягнула наперад, і высілкам усяе волі я ня мог спыніць сябе, каб
ня ісьці далей. Фігура была з жоўтага мэталю, утрая большая за натуральны
чалавечы рост» [103].
Ці не адпавядае перажытае героем
апісаньню містэрыі Одына?
«У гэты мамэнт фігура правай рукой
ударыла тры разы ў шчыт, які быў у яе на левай руцэ. Аглушальны патройны гук
дарэшты спараліжаваў мяне, і я страціў прытомнасьць» [103]. Фантастыка? Крыпты,
патаемныя падземныя хады, дзе адбываліся містэрыі й хаўтуры, былі поўныя
цудаў: напрыклад, лямпады, што гарэлі стагодзьдзямі. Ёсьць дакумэнтальнае
сьведчаньне, што ў Англіі селянін, выпадкова трапіўшы ў магілу розэнкройцара,
ступіў на адзін з камянёў і тым самым прывёў у дзеяньне мэханізм: фігура ў
латах узьнялася i ўдарыла мэталічнай пікай па лямпе.[11] Гэтак жа дасьціпна
былі збудаваныя i самыя лябірынты — сьвятыні містэрыяў. Адмысловае
разьмяшчэньне бронзавых вазаў прыводзіла да зьмены тону й гучаньня чалавечага
голасу. Кожны пакой меў свае акустычныя асаблiвасьцi. Гэтак, у адным
памешканьні нэафіт быццам губляў голас, а ў другім нават уздых ператвараўся ў
рык; у адной залі голас Ерафанта гучэў, як званочак, а ў другім грымеў так, што
ўсё вакол трэслася й гуло. Менавіта такія цуды ўбачыў і пачуў герой. І ня дзіва,
што пасьля эмацыянальнага, нэрвовага перажываньня ён страціў прытомнасьць.
Ініцыяцыя скончылася.
Пэўную цікавасьць выклікае сьвятыня —
той лябірынт, дзе адбывалася містэрыя. Старажытныя бажніцы вылучаліся
адметнасьцю формы. Былі, напрыклад, пабудовы ў выглядзе яйка, зь якога,
паводле традыцыйных уяўленьняў розных народаў, пайшлі людзі. Былі круглыя
бажніцы, бо кола — сымбаль Сусьвету. Былі і ў выглядзе крыжа, бо крыж — сымбаль
адраджэньня. А таксама ў форме зьмяі, крылаў і г. д. Якою была
сьвятыня ў аповесьці? Мы ведаем, што ў ёй было багата выяваў багоў, а яшчэ:
«Я заўважыў, што памяшканьне, у якім я
знаходжуся, мае трохкутную форму, трылук якой, звужаючыся, зыходзіўся ўверсе
высокім скляпеньнем. Мне прыпомнілася чытанае некалі апісаньне славянскае
сьвятыні ў Рэтры, якая была збудаваная трыбочнай фігурай, як і сама сяліба пры
ёй, якая мела з трох бакоў агароду і тры брамы на ўсход, паўдня і поўнач»
[87—88].
Бажніца, якую ўзгадвае герой і якая,
напэўна, паслужыла правобразам сьвятыні ў аповесьці, вядомая з 1002 г.
паводле апісаньняў Дытмара, мэрзэбурскага біскупа († 1018), і Адама,
брэмэнскага каноніка († каля 1070). Да іхніх сьведчаньняў трэба ставіцца з
пэўнай засьцярогай, бо, па-першае, ніводзін зь іх ня быў у Рэтры; па-другое,
абодва яны былі хрысьціяны і таму маглі выказвацца неаб’ектыўна. Зазначым, што
само слова paganus стала лаянкавым, хаця за часы Тэртуліяна яно абазначала
ўсяго толькі невайсковага чалавека, бо хрысьціяны ўяўляліся ваярствам
Хрыстовым. Paganus — таксама жыхар вёскі, селянін: калі ўжо ўсе гарады сталі
хрысьціянскімі, у вёсцы заставаліся прыхільнікі старой веры. Тым ня менш,
згаданыя апісаньні — адзінае, што мы маем.[12] Сам горад Рэтры ў
правінцыі Рэдаран быў пабудаваны трыкутнікам і меў тры брамы. Вакол гораду —
сьвятасны ва ўяўленьнi жыхароў Рэтры вялікі лес, дзе ніхто ня меў права секчы
дрэвы. Дзьве брамы адчыненыя для ўсіх, хто хоча ўвайсьці. Трэцяя, з усходняга
боку, вельмі малая, шлях да яе ляжыць каля мора й выглядае жахліва. У горадзе
няма нічога, апрача па-мастацку пабудаванай драўлянай бажніцы, якую
падтрымваюць рогі розных жывёлін. Сьцены аздобленыя дзіўнымі выявамі багоў і
багінь, у сярэдзіне стаяць рукатворныя багі ў панцырах і шаломах.
Больш падрабязныя весткі мы маем пра
Арконскую бажніцу, апісаную Саксам Граматыкам. Гэтая бажніца супернічала ў
значнасьці са сваёй сучасьніцай — сьвятыняй у Рэтры. Пасярод гораду, піша Сакс,
ляжыць пляц, над якім узвышаецца драўлянае збудаваньне, вабнае ня столькі
майстэрствам выкананьня, колькі веліччу бога, у гонар якога тут быў пастаўлены
кумір. Звонку ўсё зіхацела па-майстэрску выкананымі барэльефамі. У сярэдзіну
вёў aдзіны ўваход. У бажніцы стаяў вялікі, большы за чалавека, кумір з чатырма
галовамі на чатырох шыях, зь якіх дзьве выходзілі з грудзей, a яшчэ дзьве — з
хрыбтa. У правай руцэ кумір трымаў рог з розных мэталаў, левай упіраўся ў
бок. Такою была гэтая бажніца, такою яна ўяўлялася Ластоўскаму, такою можам
бачыць яе i мы. Нават фігура, якая моцна ўразіла героя падчас ініцыяцыі, магла
быць часткова сьпісаная з куміра сьвятыні ў Рэтры або ў Арконе.
З гэтай залі пачынаецца новая, галоўная
частка адкрыцьцяў героя «Лябірынтаў». І Правадніком, Вэргіліем, выступае
полацкі аматар-археоляг Іван Іванавіч, той самы, які, запрашаючы героя ў
Полацак, пісаў, што каля яго ўтварыўся гурток аматараў старасьвеччыны. «У нашых
вячорных вольных бясёдах запраўды ажываюць мінулыя вякі ў казках, легендах і
фантазіях» [76]. Іван Іванавіч прыводзіць героя ў круглую залю, «сьцены й столь
якое пакрытыя былі рысункамі, а памост — мазаікай» [89]. Тут ён чытае бліскучую
лекцыю параўнальнай міталёгіі, выяўляючы глыбокую эрудыцыю.
У асобе Івана Іванавіча — пэрсанажа
аповесьці «Лябірынты» — угадваецца постаць іншага Івана Іванавіча. Таксама
археоляга, якi таксама праз усё жыцьцё зьбіраў нацыянальныя скарбы. Іван
Іванавіч Луцкевіч... Ён належаў да ліку пачынальнікаў — тых, што стаялі ля
вытокаў нацыянальнага адраджэньня канца ХIХ — першай чвэрці ХХ стагодзьдзя.
Вучоны, грамадзкі дзяяч, адзін з заснавальнікаў першых беларускіх легальных
газэтаў «Наша Доля» й «Наша Ніва». Стваральнік калекцыяў, якія спрыялі
вывучэньню матэрыяльнай і духовай культуры беларускага народу й якія пазьней
сталіся асноваю Віленскага Беларускага Музэю. Можна меркаваць, што менавіта пра
Івана Луцкевіча думаў Ластоўскі, ствараючы вобраз Івана Іванавіча. У гэтым
кантэксьце аповесьць «Лябірынты» ўспрымаецца як даніна памяці чалавеку,
дзейнасьць якога мае для Беларусі неацэннае й не ацэненае яшчэ значэньне.
Іван Іванавіч, Настаўнік, паказвае
герою выяву Тройцы. Сапраўды, «усе рэлігійныя сыстэмы ад пачатку йснаваньня ў
чалавецтве сьведамае думкі прызнавалі гэтую траістасьць рэчаў» [89]. Кожны
народ меў сваю эзатэрычную й экзатэрычную рэлігію, адну для пасьвечаных, другую
— для народу. Індусы, да прыкладу, мелі тры ступені пасьвячэньня. У Эгіпце
таксама былі тры першыя, пачатковыя ступені, увасобленыя ў Містэрыі трыма
хавальнікамі агню. У кітайцаў была вельмі старажытная Траістая Суполка, а ў
Тыбэце й да нашага часу існуе паняцьце «патройны крок», зьвязанае ў «Ведах» з
трыма крокамі Вішну. Паўсюль старажытнасьць выяўляе ўслаўленьне Трыяды й
Трыкутніка — першай геамэтрычнай фігуры. Шумэрыйцы прызнавалі бога паветра
Энліла, які разам з багіняю Пінліл даў жыцьцё Панні, богу месяца. Урарцкаю
тройцай былі Галды, Тэйтшэба й бог сонца, імя якога засталося невядомае.
Асырыйскаю тройцай былі Ашур, Адад, Шамаш. У рэлігіі Бабілёну бог сонца Шамаш
складаў тройцу разам з богам месяца Сінам і богам паветра Паману (або Ададу).
Індуісцкая тройца (Трымурты) складалася з Брахмы, Вішну й Шывы, яе часта
ўвасаблялі ў постаці трохгаловага бога. Тройца грэцкіх багоў — Зэўс, Пасэйдон,
Аід. Натуральна, адпаведнік ёй знаходзім у рымскай рэлігіі — Юпітэр, Нэптун,
Плютон. Вядомыя трохгаловыя багі ў паморскіх славянаў, у сэрбскай і кельцкай
міталёгіі. І ўспамінае герой, «што таксама ў трыкутную фігуру была
будаваная слаўная, апяяная Гомэрам Троя, што ўсе бажніцы, ці то «багоды» старое
славянскае веры, пасьвячоныя Найвельшаму, бацьку багоў, зваліся Троямі» [88].
У Дака-Гецкую Тройцу, паводле
Ластоўскага, першым уваходзіць Найвельшы, бацька багоў. Імя, якое юдэі й
хрысьціяны абвясьцілі «невымоўным», — такім, ня гледзячы на пашыраную думку, не
зьяўляецца, таму не павінна вымаўляцца — яно сымбалічнае. Менавіта гэтае
эзатэрычнае значэньне і мае на ўвазе Ластоўскі, калі піша: «ня мае найменьня»
[89].
Другая постаць — Тур, бог сонца й
плоднасьці. Пра Тура йснуе багата зьвестак, праўда, часам функцыі розьняцца.
(Напрыклад, М. Чулков называе Тура богам весялосьці.[13]) Культ Тура
існаваў у Рэтры. Можа, ён быў тоесны богу Радэгастаму? шырока ведамы таксама
белы тур у славянскай міталёгіі, бык ці тур у сусьветных рэлігіях. Рогі,
асабліва турыныя, адыгрывалі пэўную культавую ролю (узгадайма апісаньне куміру
ў Арконскай бажніцы).
Трэцюю постаць Ластоўскі называе
Сіціўратам, Сівай і падае ягоны эпітэт — ярыла, яравід. Верагодна, аўтар
«Лябірынтаў» меў на ўвазе Сварога (румынскі Скалаян, якога таксама называлі
Траянам): сьветларогі, сьвятарогі, ярарогі. У санскрыце захавалася слова svarga,
што было сынонімам Неба, а потым сталася ягоным азначэньнем. Тады становіцца
зразумелай і сувязь зь Ярылам: яры рог: sva-rg-a — рог — ярарогі — Ярыла.
У сувязі з постацьцю Сварога варта
зьвярнуць увагу на такую паралель. Ластоўскі вуснамі Івана Іванавіча расказвае
пра першага рэфарматара Зараду з народу гетаў. Зарада «навучыў ратайства і
завёў свабодны выбар жон і жонамі мужоў... Ніхто ня мог карыстацца чужой
працай. Кажны пільнаваў ладу ў сваёй сям’і і дома быў поўным сувэрэнам. За
крыўды, зробленыя суседу, караў сход суседзяў» [95].
А вось што чытаем у «Аповесьці мінулых
часоў»:
«У праўленьне гэтага Фэоста ў
Эгіпце зь неба ўпалі абцугі, і пачалі каваць зброю, а перш паліцамі й камянямі
біліся. Той самы Фэост пастанавіў, каб жанчыны выходзілі замуж за аднаго
мужчыну й захоўвалi стрыманасьць, а распусьніц загадаў катаваць. Таму i
празвалі яго Сварог [...] І пасьля яго валадарыў сын ягоны, імем Сонца,
якога называюць Дажбогам».[14]
Інакш кажучы, Зарада Ластоўскага й
Сварог — тая самая асоба. Лёгіка пярэваратня — продкавая форма прынцыпу
эвалюцыі, якая належыць не да матар’яльнай сфэры, а да сынкрэтычнай
рэальнасьці. Ляйтматыў міталёгіі — ідэя пра пераход сьвету з адной ступені на
другую, ад Хаосу да Космасу. Ініцыяцыя. На гэтай глебе ўзыдуць усе тыпы
сьветапогляду, усе рэлігіі. А шлях продкаў, мітычных і рэальных, заканчваецца
тым, што яны сыходзяць пад зямлю, пакідаючы па сабе знак, сымбаль, веданьне.
Надзею на Адраджэньне.
Кожны
пісьменьнік стварае свой сусьвет — паэтычны космас, дзе свая сымболіка,
мэтафорыка, сэміётыка. Прэцэдэнт ёсьць: Сьвет створаны паводле Слова Божага.
Сэміятычны сьвет мае складаную й шматмерную архітэктоніку; яна часам мітычная,
часам паэтычная, часам малельня, часам — майстэрня, бывае рэальная, бывае
фантастычная; сюды ж дадаецца багацьце культуры — сусьветнай і роднай, цэлыя
пласты або толькі імёны. І заўсёды — Адкрыцьцё, Шчырота.