БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

Камэнтары, Лявон ЮРЭВІЧ

КАМЭНТАРЫ

Лявон ЮРЭВІЧ

«Русальчына бальляда»: міталёгія й дэманалёгія ў паданьнях Сьвятаслава Каўша

Калі б мне давялося ствараць сымбаль літаратуры, я зрабіў бы яго ў выглядзе кола — прыкладам, так, як уяў­лялася нашым продкам Кола Часу. Ідэі, жанры, мастац­кія сродкі паступова зьмяняюцца, зьнікаюць, каб вярнуц­ца зноў на новым павароце. А ў сярэдзіне кола зьмясьціў бы міталёгію — «сэрца» культуры, ад якога iдуць ніткі-«артэрыі», што злучаюць мінуўшчыну i будучыню: славутыя сто сюжэтаў — зь міталёгіі; найбуйнейшыя творы сьвету — ад Гамэра да Т. Мана, Х. Борхэса, М. Павіча — бяруць свой пачатак таксама ў мітах.

Неяк не адразу прыгадаецца твор (наш, беларускі), які б можна было безь перабольшаньня залічыць у гэты шэраг. І не ў адсутнасьці таленту, ідэй, не ў правінцый­насьці справа. Зьвесткі пра багоў — у нашых казках і прыказках. А яшчэ, бадай, у працах гісторыкаў мінуў­шчыны ды гасьцей вандроўных: у разнастайных сьпісах «Жыцiя Ўладзімера», кроніках Бельскага й Стрыйкоў­скага, гісторыях Арбіні й Татищева, працах Длугаша й Шляйзынга. Аднак тыя залацінкі, што захавалiся да нашых часоў, ідуць ад пары зьнішчэньня паганства і ўзвышэньня хрысьціянства — усё гэта стваралася хрысь­ціянамі, якiя не прымалі старой рэлігіі, баяліся яе. (Дастаткова зірнуць на малюнкі ў кнізе Шляйзынга «Рэ­лігія маскoўцаў», 1712, дзе і Пярун, і Хорс, і Стрыбог — быццам розныя ўвасабленьні д’ябла.)

Пісьменства, што дайшло да нас, — скрозь хрысь­ціянскае. Летапісы, як і старажытная царкоўная літарату­ра, імкнуліся па магчымасьці не называць імёнаў старых багоў. Чаму? З аднаго боку, гэта было жаданьне сьцерці суперніка з памяці народнай. З другога — паганства ўс­прымалася як нячыстая сіла, якую лепей ня згадваць. Таму забароненыя (табуяваныя) iмёны прапускаліся, зьмяняліся пры напісаньні, бо, як ні дзіўна, у хрысьціян­стве захаваліся рэшткі магіі таго самага паганства, і ўжы­ваньне забароненага iмя асацыявалася з увасабленьнем адпаведнага яму вобраза. У выніку — старажытная беларуская міталёгія, прасеяная праз хрысьціянскую культуру, дайшла да нас мікраскапічнымі крупiнкамi, захаванымі ў народных паданьнях, казках, легендах. Пісьменьнікам, якія імкнуліся аднавіць сувязі сучаснай культуры зь яе старажытнымі вытокамі, вярнуць ёй жыцьцядайную кры­ніцу — міталёгію, — прыйшлося браць на сябе ролю і гісторыкаў, і культуролягаў, і этнографаў.

Сёньня, калі паспрабаваць ахапіць беларускую міта­лягічную прозу, выразна акрэсьліваюцца два кірункі ў аднаўленьні самых старажытных пластоў культуры бела­русаў. Першы — фальклёрна-міталягічны, набліжаны да народнага сьветаўспрыманьня (бо й выйшаў адтуль), рэпрэзэнтаваны ў творах Яна Баршчэўскага й Максіма Багдановіча. Другі — кніжны, «элінскі», увасоблены най­больш яскрава ў творах Вацлава Ластоўскага.

Чаму «элінскі»? У якасьці тлумачэньня хачу прывесь­ці ідэю О. Сенковскага, якая вабіць сваёй прыгажосьцю. Магчыма, кнігі гэтага таленавітага пісьменьніка й філё­ляга ня ў кожнага пад рукою, таму дазволю сабе вялікую цытату. Можа, цяпер напаўзабытая тэорыя сустрэне большую прыхільнасьць, калі не гісторыкаў, дык, прынамсі, філёлягаў.

«У апавяданьнi Гамэра пра падарожжа Ўлiса да цыклё­паў i ў выдзяўбаньнi адзiнага вока Палiфэму, што ў перакла­дзе азначае Яраслаў (тытул скiфскага Геркулеса, гоцкага бога Харса, Хорса, Нестаравага Хорса), у гэтым на першы пагляд бессэнсоўным апавяданьнi — мы спадзяемся вывесь­цi гэта з належнаю дакладнасьцю — у сапраўднасьцi размова вядзецца пра крывiчоў i iхнага аднавокага Одзiна. А мараль казкi: хiтрамысьленны Ўлiс быў такi спрытны й тонкi ваяр, што, выпадкова трапiўшы да вусьцiшных гiгантаў, вялiкару­саў, перад якiмi трымцiць уся Скiфiя i ўся Гасьцiная Бездань (Гостиная Пучина), у хвале адолеў i iх: у iхнай зямлi, заселенай аднавокiмi крывiчамi ды людаедамi, пастырамi, ён розу­мам i хiтрасьцю сваёю выкаранiў гiдотную вялiкарускую гарэзiю, якая Геркулеса ставiць вышэй за Юпiтэра — Яраслава свайго вышэй за магутнага Жыва-Дзiва — напаiў гэтага волата салодкiм грэцкiм вiном i выдзеўб яму вока калом. Вынiкам такое сьмелае i ўдалае экспэдыцыi нацыянальнага героя-махляра мусіла незвычайна захапляцца базарная публiка Гамэра, адмалку наслуханая ад нянек пра iснаваньне за Понтам, за Гасьцiнаю Безданьню, лютага народу волатаў-русаў i, мiж iмi, племяў адзiнавокiх (крывых) i людаедаў (лiтоўцаў), якiх гарэзiя, увасобленая ў вобразе галоўнага бога Яраслава, а па-грэцку Палiфэма, з адным круглым вокам (cycl-ops) у лобе, жахала паганскую прававернасьць грэкаў».[1]

Вацлаў Ластоўскі быў знаёмы з гэтай тэорыяй і прымаў яе:

«Можна сказаць, што большасьць грэцкіх мітаў цесна зьвязана з нашымі прашчурамі Гэтамі... Hавет наш сягоньняшні край быў вядомы грэкам у той час, калі тварыліся ў іх першыя міты. Відаць гэта з Гамэра і іншых паэтаў старой Грэцыі».[2]

Трэба зазначыць, што тэрмін «элінская міталягічная плынь» умоўны, ён выкарыстоўваецца як сынонім па­няцьцяў «кніжны», «літаратурны».

Рэзкае разьмежаваньне «элінскай» і фальклёрнай плыняў — зьява рэдкая. Часьцей бачым сынтэз або кан­глямэрат, што цудоўна выяўляе, да прыкладу, кніга С. Хмары «Аб багох крывіцкіх сказы» (Таронта, 1986). Праілюстраваць сказанае можна творамі Сьвятаслава Каўша. Ён — адзін зь нешматлікіх беларускіх пісьмень­нікаў, хто пісаў у жанры міталягічнай прозы. Нізка па­даньняў і легендаў Каўша выяўляе iстотныя асаблівасьці беларускай міталягічнай прозы. Праўда, трэба зазначыць, што асаблівасьці гэтыя на сёньняшні дзень яшчэ вельмі мала дасьледаваныя, як і наагул міталёгія беларускай літаратуры.

Коўш слушна зазначае ў прадмове да кнігі «Русаль­чына бальляда»:[3] «Для беларуса, думаючага дзяржаўнымі катэгорыямі, ягоная Бацькаўшчына ўяўляецца як цэласнасьць у яе розных імёнах на працягу амаль што тысячагадовае пісанае гісторыі». Міталёгія — крыніца спачатку народных казак, пазьней — літаратурных твораў — зьяў­ляецца старажытным культурным фондам народу. Гэты пласт культуры выпрацоўваўся не адно стагодзьдзе, падпадаў пад розныя ўплывы й зьмены, у выніку якіх на­раджаліся ўяўленьні, што заканамерна разыходзіліся зь першапачатковымі.

Натуральна, пад узьдзеяньнем часу мяняліся сюжэты, перайначваліся ролі. Нязьменнымі заставаліся, мабыць, толькі сымбалі. Такія сымбалі — міталягічныя элемэнты — сёньня ня проста йснуюць паасобку, а ўтвараюць адзі­ную структуру, у якой міталягізуюцца ня толькі старажытныя вераньні, але часам і рэальныя падзеі, якія набываюць новы сэнс і выкарыстоўваюцца ў якасьці мата­р’ялу для стварэньня новых мітаў, новых дачыненьняў паміж рознымі міталягічнымі схемамі. Так узьнікае апакрыфічная (адраджэнская) міталёгія.

Можна заўважыць, што пры ўсёй тэматычнай разна­стайнасьці легенды Каўша ўяўляюць сабою своеасаблівую трансфармацыю архетыпаў — той базы, якую выкарыстоўвае апакрыфічная міталёгія.

К. Юнг, заснавальнік аналітычнай псыхалёгіі, адзна­чыў істотную для нас акалічнасьць: мэтафарычны (не алегарычны) характар архетыпаў; ён разглядаў іх як шматзначныя сымбалі, а ня знакі. Характэрна, што архетыпы К. Юнга зьяўляюцца пераважна вобразамі, часам — ролямі (у Каўша — постаці Ўсяслава Чарадзея, князя Кейстута, князя Клецкага замку).

Мэханізм стварэньня апакрыфічнай міталёгіі часьцей за ўсё не залежыць ад часу ці месца падзеяў. Для ілюс­трацыі думкі возьмем, да прыкладу, дзьве ўмоўныя (каб не паглыбляцца ў палітычную гісторыю) нацыі. Уявім працэс — добраахвотны ці гвалтоўны — іхнага аб’яд­наньня. Што адбудзецца зь іхнаю духоваю культурай, асабліва культурай прыгнечанае нацыі? Больш моцная й багатая культурная традыцыя або цалкам паглынаеќсабою залежную, або міталёгія пераможанага народу губляе свой першасны сэнс, сваю сакральнасьць, і тады старыя формы міту напаўняюцца новым зьместам у адпаведнасьці з патрэбамі часу. Такая здольнасьць міталёгіі да рухомасьці, відазьмяненьня тлумачыцца падвойнай структурай міту — гістарычнаю й пазагістарычнаю, часаваю й пазачасаваю. Але гэтая ўяўная супярэчнасьць паміж вечным і часовым здымаецца спэцыфікай міталягічнага спазнаваньня, якое цалкам грунтуецца на ўяўленьні, бо ўзьнікла, як ведама, тады, калі ўсіх іншых мэтадаў спазнаваньня яшчэ не йснавала.

Разумеючы ролю міталёгіі ўвогуле i сымбаляў у прыватнасьці, Ластоўскі пісаў:

«Трэба памятаць, што міталёгія многіх народаў нічога супольнага з тэасофіяй ня мае, як прыклад можа служыць лацінская міталёгія. Лічу патрэбным гэта зазначыць дзеля таго, каб стала відней, што з нашай міталёгіі належыць да тэасофіі, а што зьяўляецца толькі сымбалем пройдзенай народам гісторыі».[4]

Беларускія пісьменьнікі, у адрозьненьне ад славутага героя Х. Л. Борхэса П’ера Мэнара, не перапісвалі гісто­рыю, не стылізавалі свае творы пад старадаўнія паданьні. Яны ўзнаўлялі тую гісторыю Беларусі, што ніколі не была адлюстраваная ў помніках.

Галоўная ідэя беларускіх пісьменьнікаў, якія ўзнаўля­лі легендарную мінуўшчыну сваёй Бацькаўшчыны й на гэтай аснове стваралі апакрыфічную міталёгію, — ідэя магутнай дзяржаўнасьці, зьнітаванасьці сучаснага й міну­лага, прысутнасьці ў сёньняшнім дні велічных постацяў нашых продкаў. Прыгадаем творы Купалы «На Куцьцю», Хмары «Ўслонім-гарадок». Гэтую самую тэму працягвае і Коўш у легендзе «Зачараваны князь»:

«Над берагам павольнай Лані стагодні сон снуе стары курган. Увакол яго забытыя магілы зайздросна берагуць астанкі паўшых тут барацьбітоў. Іх шмат; ніхто імёнаў іх ня зьліча, ня паліць сьвечак ім у дзень Дзядоў. Там сьпяць сы­ны бязьмежных стэпаў, татары — гадунцы Арды, там прэюць косьці сьмелых Швэдаў, а побач іх ляжыць Маскаль, Паляк і Беларус. Іх прыняла крывіцкая зямля, ім кветкі сее беларуская вясна, а Лань ім казкі свае бае. Няўмольных ворагаў у жыцьці, іх пагадзіла сьмерць. Старое замчышча — курган — іх сон вартуе».

Пасьля традыцыйнага для паданьняў зачыну, за­сьведчаньня павагі да продкаў, незалежна ад іхнага веравызнаньня й паходжаньня, ідзе апавяданьне пра падзеі, што адбыліся «даўно, даўно, шмат соцен год таму назад». Тады на кургане стаяў Клецкі замак. Ён славіўся багацьцем, быў ведамы як бойкае торжышча: з‑за Прыпяці й Дняпра, з-за мора прыплывалі замежныя купцы, везьлі тавар і куплялі мёд, збажыну, скуры жывёлаў. Калі ж на­падалі татары, княжая дружына іх сустракала на мяжы й гнала прэч. Тады воям дапамагала й зямля: лясы, балоты, паплавы. Але на сьвеце нічога вечнага няма. І аднойчы татары штурмам узялі Клецкі замак, спустошылі зямлю, забілі князя.

«Плылі гады, плылі вякі... Ды памяць вечная кругом жыве ў погудцы людзкой аб справах прошласьці глухой. Сівыя кажуць там дзяды, што і дагэтуль князь жывы, што дух ягоны ад тых дзён вартуе верных вояў сон. І раз адзін на год старое будзіцца жыцьцё: апоўначы ў замку тым устае дружына з дамавін, ды князь сядае на пасад, а зь ім княгіня. Вояў рад стае з дабытымі мячамі, іскрыцца толькі сталь аг­нямі: гатовы ў бой на князеў знак! Старыя людзі кажуць так, што мовіць слова князь тагды да ўсіх людзей сваёй зямлі аб тым, што час пакінуць сон і час закончыць свой прыгон. Хай усе зь няволі ўстаюць, што соннаю душою існуюць ды топчуць грэшнымі нагамі сьвятыя прадзедаў сьляды. Хай распачнецца валаданьне сваіх людзей у сваім краі! Ды пройдуць доўгія гады, а можа цэлыя вякі, аж словы тыя хтось па­чуе, пайме заклятую ў іх моц, народ зь няволі ўратуе, прагоніць немач з краю проч».

Легенда трансфармуецца ў міт на аснове галоўнага структурнага элемэнту гераічнага міту — другога нара­джэньня, нараджэньня пасьля сьмерці. Тыпалягічнае адзінства міталягічных архетыпаў трансфармуе легенду ў гераічны міт. Адсюль ідэйная агульнасьць названых тво­раў Купалы, Хмары й Каўша, нягледзячы на адрозьненьне іх і ў зьмесьце, і ў форме. Сутнасьць справы не мяняецца ад таго, што ў паданьні Каўша замак загінуў не праз занядбаньне памяці продкаў, а саступіўшы навале ворага: каб узьняцца зь мёртвых, трэба выпіць той казачнай чароўнай вады — пачуць словы князя — адчуць, узгадаць сваю мінуўшчыну. Таму ж, хто топча сьвятыя прадзедавы сьляды, усё жыцьцё наканавана існаваць у прыгоне. Ня так істотна, якім чынам трапілі мы ў такое становішча, быццам кажа аўтар; выйсьце адно — помніць сваё міну­лае, гераічных продкаў, шанаваць іхную памяць і чэрпаць сілы ў духоўнай сувязі зь імі.

Паданьне Каўша «Бірута» грунтуецца на сюжэце так званага Кнідзкага міту. Міт узьнік на пачатку нашай эры на паўвысьпе Кнід (Малая Азія). Першыя варыянты гэта­га міту зьявіліся ва ўмовах барацьбы раньняга хрысьціян­ства з паганствам. Гэтая барацьба монатэізму з політэ­ізмам суправаджалася пэўным узаемапранікненьнем абе­дзьвюх рэлігій: прыхільнікі старой веры й пасьля прыняцьця хрысьціянства не маглі цалкам адмовіцца ад бы­лой веры. (Прыгадайма Страціма з рамана Я. Дылы «На шляху з варагаў у грэкі».) Такая самая рэлігійная сытуацыя была на Беларусі ў ХIII ст. Hапрыклад, у кнiзе Адама Варлыгі «Чaтыры ўрaчыстaсьці» (Hью Ёрк, 1970) мы чытаем:

«Калі ў пачатку ХIII веку на нашых землях заснавалася Вялікае Княства Літоўскае, дзе вялікія князі ўважалі сябе паганамі, але пры сваіх дварох заводзілі хрысьціянскую культуру й пісьменства, дык тады ў сем’ях князёў і баяраў былі пераблытаны між сабой паганскія й хрысьціянскія звы­чаі, што тут нялёгка было адрозьніць, хто зь іх паганін, а хто хрысьціянін. Усё гэта спрыяла рэлігійнай талеранцыі ў кра­іне ды яднала між сабой і хрысьціянаў і паганаў. Можна прыпушчаць, што гэткі стан рэлігіі сярод і вышэйшага на­шага грамадзтва цягнуўся аж да часоў рэлігійных звадак у краіне. [...] Але сярод масаў ніжэйшага мяшчанства й сялянства мешаніна рэлігіі (хрысьціянства й паганства) працягвалася аж да ХХ веку. У бажніцах (цэрквах і касьцёлах) яны сумленна выконвалі хрысьціянскія абраднасьці й павіннась­ці, дома — паганскія».

Сутнасьць Кнідзкага міту, яго стрыжань — разьяд­наньне мужчыны й жанчыны духамі, багамі (што чась­цей) або іх узьяднаньне празь перашкоды й выпраба­ваньні. Героі гэтага міту звычайна пражываюць некалькі стадый: знаходзяцца пад уладай ідала (статуі), належаць яму, сустракаюць чалавека, кахаюць яго, спрабуюць вы­рвацца з-пад улады ідала і нарэшце, пасьля працяглай барацьбы з апошнім, перамагаюць або гінуць.

Паданьне Каўша пра рэальных асобаў нашай гісто­рыі — Кейстута й яго жонку Біруту. Паводле гістарыч­ных зьвестак, князь — хрысьціянін, падзеі ж паданьня зьвязаныя з культам паганскіх багоў:

«Жыла там гожая жмудзінка, а сны аб ёй снаваў ліцьвін. Яна радзілася з туману, румянец ёй дала зара, сьвітаньне бляск уклала ў вочы, бяліла грудзі ёй раса. Шумелі пушчы верхавіны, гулі сярдзітыя дубы, з Бірутай — звалі так жму­дзінку — разгаварыліся багі. Яна ім цноту абяцала, агонь паліла ім сьвяты, а ёй служылі казьляры. Складалі песьні вайдэлёты пра чар дзявочае красы, а ім падпейвалі лясы.

Была Бірута гожаю сьвятаркай. Сьвятыняй быў ёй гай сьвяты, а хорамам — дуб стары. У дубе тым жылі багі. Ахове Зьніча — вогнішча таго — Бірута прысягла жыцьцё. Ёй недаступны чары Лады, затое ў выраі левады ёй абяцаюць сьвятары. Багом аддацца кажа Крэвэ — найстарэйшы з казьляроў».

Як бачна, у паданьні ёсьць усе фазы Кнідзкага міту: Бірута цалкам належыць багам, але толькі да таго часу, пакуль не сустрэла ў лесе князя Кейстута, пакуль яны не пакахалі адно аднаго, нягледзячы на тое, што «за здраду вернасьці багам Біруце помсту Мара абяцала, чакала лю­тая расплата ад Пяруна». Супраць Біруты паўстала зямля: гнуўся ад буры лес, зіхалі маланкі, выйшла зь берагоў Вяльля. Тым ня менш, Бірута й Кейстут злучыліся.

У Кнідзкім міце зямное каханьне пераважна саступае, нясе страту, сьмерць — не збавеньне. У «Біруце» каханьне перамагае:

«Ці-ж можна зьнішчыць пачуцьцё, зь якога зродзіцца жыцьцё, што славаю краіны стане». Цікава адзначыць, што гэтае прароцтва iдзе ад духа-вешчуна — служкі паганскіх багоў. Значыць, багі даравалі Біруце ейную «здраду» — дзеля славы Бацькаўшчыны. І таму канец апавяданьня — нібы па­чатак новага: «Тваё імя ўславіць сын, Вялікі Князь Літвы — ліцьвін. Яго прызнае ўся Літва, і Жмудзь скарыцца перад ім. А Вітаўт будзе гэты сын».

«Усяслаў Чарадзей» — яшчэ адно паданьне, якое можна аднесьці да так званага «элінскага» цыклу. У па­раўнаньнi з папярэднімі, у ім больш захавана гістарыч­най праўды, адпаведна з рэальнымі падзеямі: паланеньне Ўсяслава ў Кіеве, княжаньне там і вяртаньне ў Полацак.

Тое, што загадкавы вобраз Усяслава Чарадзея ўзьнi­кае ў апавяданьні Каўша, — ня дзіва. (Успомнім шэраг літаратурных твораў ад манумэнтальнага «Слова пра паход Ігараў» да вершаў Л. Геніюш.) Усяслаў княжыў 57 гадоў, і народ быў перакананы, што князь мае надзвы­чайную сілу, што ён чарадзей. Нездарма ж пра таямніцу яго нараджэньня згадваюць летапісы; хадзілі чуткі, што бацька ягоны — Зьмей, што маці нарадзіла яго ад чара­дзейства. Быццам бы на галаве Ўсяслаў меў знак, мету, язъвено, ад якога i йшла ягоная сіла. Ля ягонай калыскі зьбіраліся вешчуны.

Такая перадгісторыя стварыла вобраз Чарадзея, быццам бы хрысьціяніна, але, па сутнасьці, прыхільніка па­ганства.

Насьледуе сюжэт і Коўш. Ягоны Ўсяслаў — перш за ўсё ахоўнік Полацкага княства, горды й літасьцівы. Разь­біўшы вояў Ноўгараду, ён згадвае, «як калісь Полацак ляжаў стаптаны чужынцамі, як наўгародзкая нага таптала дзедаву сьвятыню, як Рагвалод у дымох пажараў паміраў». Памятае пра ўсё, але ня помсьціць. І, здаецца, ствараецца кананічны вобраз, у якім няма месца міталёгіі.

Але Коўш бярэ з сымболікі міталёгіі параўнаньне «як воўк», якім і характарызуе Ўсяслава: «Ён нездарма, як воўк, па ночы краіну мерыў борздым ходам, ад рубяжа да рубяжа», «Для іх Усяслаў пакінуў Кіеў, каваны золатам пасад і шэрым воўкам у Полацак зьлятаў». І тым самым пераводзіць вобраз у міталягічны плян.

Сымбаль ваўка ў міталёгіі шматзначны. Воўк можа займаць як ніжэйшую, так і вышэйшую прыступку ў гiерархіі міталягічных істотаў (параўн. у зораастрызьме). Праўда, пры гэтым воўк заўсёды сымбалізуе адасобле­насьць чалавека ад грамадзтва. Параўнаньне з ваўком ужо зьяўляецца характарыстыкай князя й таго месца, якое ён займаў у Полацку і ў Кіеве.[5]

Аднак вобраз-сымбаль ваўка-ваўкалака глыбейшы. Перш за ўсё ён нясе ідэю пераўвасабленьня. Усяслаў можа мець іншае цела, ён становіцца ваўкoм або птахам. Зьменам цела адпавядае хуткая зьмена лёсу — зломы, што адыгралі істотную ролю ў адлюстраваньні князя як ваўкалака ў летапісах і фальклёры. Здольнасьць пераўва­сабляцца зьвязаная з магчымасьцю аддзяленьня душы ад цела; душа (думка) ваўкалака вольна пераходзіць з адной цялеснай абалонкі ў другую:

«Праз краты вузкага ваконца Усяслаў глядзеў, як пра­мень сонца гуляў у крылцах матылькоў. Ён лётаў думкамі ў Полацк, ён чуў званоў радзімых голас, ён бачыў сьветлую Дзьвіну, сівое далечы смугу. На крылах вольных сакалоў днём лётаў думкамі дамоў».

Роля ваўка дваякая: ён і ахвяра, і паляўнічы. Матыў пагоні, у сваю чаргу, зьвязаны з хуткiм рухам («Паўночы князь Усяслаў, як здань, хадзіў няраз у Тмутаракань»).

Пералічаныя здольнасьці выяўляюцца ва ўладзе над часам і робяць Усяслава Чарадзеем. І можа таму, што Коўш надае постаці князя такое значэньне, апавяданьне заканчваецца наступным чынам: «Калі памерла стомленае цела, магутны дух Усяслава Чарадзея трымае варту Беларускае Зямлі».

Разгледжаныя паданьні належаць да «элінскага» цык­лу — апакрыфічнай, адраджэнскай міталёгіі. Іхнымі кры­ніцамі можна лічыць літаратуру й рэальную гісторыю, а таксама пэўныя гістарычныя падзеі ў часе напісаньня. Пералічанае робіць зразумелым, чаму адзначаны тып міталёгіі адносна малады.

Напачатку разьдзела было згадана й пра другую плынь у беларускай літаратуры — фальклёрна-міталягіч­ную. Пра яе, у дачыненьні да Я. Баршчэўскага, Р. Пад­бярэскі заўважаў:

«Тое, што піша п. Баршчэўскі прозай, не датычыць непасрэдна ні гісторыі, ні літаратуры, ні мовы Беларусі, але рэчы больш важнай, а менавіта духу й паэзіі народу, адкуль выйшлі і гісторыя, і літаратура, і мова. Ухапіўся ён за самую жыцьцёвую аснову й вырашыў паказаць у мастацтве вялікі народны вобраз. Ён мае перад сабою народ, часта з усёю прывабнасьцю фантазіяў з паганскіх часоў, якія ён апраменьвае сваім беларускім гафманізмам. Як у балядах ён стараўся паказаць пачуцьцёвы бок паэзіі народу, так у апавяданьнях — яго творчасьць і нібыта нейкую філязафіч­насьць паняцьцяў пра быт, авеяных уласнай яго фантазіяй».[6]

Разуменьне сутнасьці й зьместу фальклёрна-міталя­гічных апавяданьняў грунтуецца на ўяўленьнях пра міта­лягічныя істоты й чалавечыя зносіны са сьветам іррэаль­нага, якія трансфармаваліся ў літаратуры ў ідэю iснавань­ня некалькіх узроўняў жыцьця. Вера ў прадказаньні, сны таксама паслужыла крыніцаю народнай фантастыкі. Уво­гуле, тэма сну надзвычай істотная ў літаратуры. (Прыга­даймa, напрыклад, паэму «Тарас на Парнасе», «Лябірын­ты» В. Ластоўскага, «Багіню» А. Гаруна й г. д.) Сны ў міталёгіі — гэта сувязь памяці з продкамі, генэтычная по­вязь нашчадкаў зь мінулым. Гэта й невядомае, часам ва­рожае (бо непадуладнае). Фальклёрна-міталягічная проза адлюстроўвае сьветапогляд і характар народу, становіцца асаблівасьцю мясцовага калярыту, складоваю часткаю на­роднага побыту. І, што асабліва цікавіць нас, яна захоўвае рэшткі дахрысьціянскіх вераньняў.

У дачыненьні да фальклёрна-міталягічнай прозы Каўша, у першую чаргу, трэба адзначыць уласьцівы аўта­ру антыэкзатычны падыход да сьвету міталягічных і дэма­налягічных пэрсанажаў. Апісаньне iдзе без захаваньня «дыстанцыі», быццам знутры, і рэчаіснасьць у творах успрымаецца як нейкая патрыярхальная еднасьць і натуральнасьць. Сьвет патаемнага, містычнага ствараецца перш за ўсё шляхам адбору i выкарыстаньня спэцыфіч­най лексыкі:

«Чароўны сьвет забытых казак... Табой спавіта Бела­русь. Цябе зрадзілі нашы пушчы, расой паілі вечары; ты зачарована ў курганах, за сьведкаў маеш камяні. Твой дух лунае над краінай: выходзяць цені з дамавін і паржавелымі мячамі яны пра сьмелы сьведчаць чын; у лёхах замчышчаў забытых заснула вояў чарада; на вежы старае званіцы зьві­няць апоўначы званы: іх парушае дух — званар стары... Выходзіць з вод чарга русалак і ў сьлёзным зорна-месячным сьвятле спраўляе гучны карагод. Чароўны сьвет забытых казак! — цябе сьпяваюць калыханкі, ты дрэмлеш у ленасьці палёў, гамоніш шумам каласоў».

Месца дзеяньня, адлюстраванае ў паданьнях, лякалi­зуецца звычайна каля вады — Ракі. Нават назовы твораў — «Белыя лілеі», «Чортаў вір», «Таямніца Сулы», «Сула шапоча» — паказваюць на гэта. А ў паданьні «Русальчына бальляда» згадваецца рэчка Вяльля, пра якую Віцьбіч на­пісаў: «Сама красуня Вяльля знайшла значны адбітак у паданьнях і мастацкай літаратуры трох народаў: беларускага, польскага й лятувіскага». Рака, адначасна з мовай, тэмай, настроем, аб’ядноўвае ў нешта адзінае нізку твораў, якія, здаецца, нічым між сабою ня зьвязаныя.

Абраньне Ракі месцам дзеяньня вызначаецца сым­болікай міталёгіі. Менавiта Рака выступае мяжою паміж гэтым сьветам i тым — людзьмі й дэманамі, жыцьцём i сьмерцю. У славянскай (дый ня толькі славянскай) міта­лёгіі Рака — пэўны аналёг хрысьціянскага чысца. Ён уяў­ляўся продкам як змрочнае месца, дзе грэшнікі павінны адбываць пакараньне. Пасьля больш-менш працяглага знаходжаньня па той бок Сьвят-ракі (г. зн. паміж Жыцьцём і Сьмерцю — канчатковай сьмерцю) яны пераходзілі да Сварога.

Разам з тым, Рака выступае i як геаграфічная мяжа: рэкі ахоўваюць краіну. І ў гэтым выпадку пераход ракі асэнсоўваецца як сьмерць. (Напрыклад, неаднойчы прыгаданая Сула зьяўляецца мяжой у «Слове пра паход Ігараў».)

Сьвет прыроды ў паданьнях напоўнены жыцьцём, бачным і нябачным, відавочным і патаемным, прываб­ным і агідным. Духі прыроды — гаспадары багнаў і рэк — неаддзельныя ад прыроды, але сама яна не вычэрпваецца імі. У легендах сустракаюцца апісаньні прыроды, звычайна даволi ляканiчныя. Падаюцца яны своеасабліва: рас­казваецца ня толькі пра тое, што можа бачыць чалавек, але і пра нябачнае для ягонага вока, уяўнае, містычнае. Так краявід набывае другое вымярэньне — духовае, якое адлюстроўвае сувязь прыроды з дэманалягічным сьветам:

«Паміж пяшчаных берагоў плыве Вяльля, плыве сягонь­ня, як плыла гадоў шмат тысячаў назад. У зялёнай тоні яе вод спраўляюць рыбы карагод: лускою зьзяюць шчупакі, па­важна плаваюць ліны. Уночы месячныя косы расьсьветляць пар белавалосы і на заснуўшыя лугі русалка вынырне з вады. Вада сплывае зь яе веек, у косы ўблыталісь лілеі, а вусны шэпчуць дзіўны сказ» («Русальчына бальляда»).

Асноўны дэманалягічны пэрсанаж у паданьнях — русалкі, або, як яшчэ іх называлі, жаліцы, бо перарвалі сваё жыцьцё, няма ім сапраўднай сьмерці, няма ім супакою. Сустрэчы зь імі прыносяць толькі няшчасьце. «Каханьне хлопцам абяцае, іх песьняю вабіць, красой, а возьме ў абдымкі — загубіць, нацешыцца так, як калісь хлапец насьмяяўся над ёй». Русалка — бадай што адзіная постаць у міталёгіі, што некалі была чалавекам, таму яна лучыць сьвет людзкі зь сьветам дэманалягічным.

Прысутнасьць духаў прыроды ў штoдзённым жыць­ці, зносіны чалавека зь iмi — паўстаюць ў паданьнях Каўша ня проста як магчымае, але зьяўляюцца звычай­най формай існаваньня двух пачаткаў. І духі, і людзі ўключаныя разам у прыроду й нават культуру. У падань­нях амаль што не адлюстроўваецца праца людзей, іхны побыт. Творы населеныя людзьмі своеасаблівага лёсу, часьцей — ахвярамі жарсьці, якая прыводзіць спачатку да кантактаў з дэманамі, а пазьней — да непазьбежнай сьмерці. Так ці iнакш, сутыкненьне чалавека з патаем­ным сьветам надзвычай небясьпечнае. Паданьне «Чортаў вір» менавіта пра гэта. (Цікава адзначыць распрацоўку гэтай самай тэмы ў балядзе Я. Баршчэўскага «Дзявочая крыніца».[7])

Каханьне млынаровай дачкі Галіны й вясковага хлопца Янука было сьветлае й ціхае. Маладым здавалася, што ня толькі іхныя ўласныя сэрцы, але і ўсё вакол пра любасьць шэпча. Нават заможны млынар, даведаўшыся пра іхнае пачуцьцё, даў згоду — дарма што Янук бедны.

Ды вось у панскі двор прыехаў госьць.

«Казалі — панін брат. Таемны быў ён, непрыветны. Дарма, што гожы быў сабою: яго ў палацы не любіў ніхто. У  вачох нядобры бляск палаў. Глядзець у вочы іншым госьць нейк унікаў. Ня знаў ніхто, адкуль прыйшоў ён ды чаго, як доўга будзе і пашто начамі конна езьдзіць ён у лес».

Гэтага госьця баяліся і пан, і пані. Паступова чытач разумее, што перад ім — не чалавек.

Аднойчы, калі «пан» (узгадайма, што ў беларускім фальклёры так часта называлі чорта) прыехаў да млына, ён убачыў дзяўчыну.

«[З таго часу] начны прыход палохаў Галю. Бо кожны раз, як сон змыкаў павекі, зьяўляўся Ён, спакусьлівы і злы. Прыходзіў і вабіў халодным поглядам вачэй, пагрозы позір­кам кідаў або багацьце абяцаў ёй за каханьне. Будзілася Га­ліна зь цяжкім стогнам — здань зьнікала. Як гасьне сьвечка, так Галя гасла з кожным днём».

Аўтар акцэнтуе ўвагу на адной агульнай патрэбе i для людзей i для духаў — патрэбе каханьня. Роля каханьня ў жыцьці й паводзінах — выключная. Менавіта гэтае пачуцьцё зьяўляецца рухавіком падзеяў у паданьнях. Подых пансэксуальнасьці ахоплівае ўсіх і нават, як бачым, само­га д’ябла. Каханьне людзей, замілаваньне аднаго адным і гвалтоўны націск чорнае сілы — розныя праявы сэксуальнасьці. звычайна яна вядзе да сьмерці, да павелічэнь­ня зла (ператварэньне ў русалак). Аднакќчасам каханьне становіцца галоўнаю перашкодаю для сьмерці (паданьне «Бірута»). Сэксуальнасьць духаў мацнейшая за чалавечыя пачуцьці, і накіраваная яна на сьмерць, а не на жыцьцё. Каханьне ж людзей можа стацца адзінай маральнаю сі­лай, якая дапамагае ім супрацьстаяць злу.

Паміж сьветам людзей і сьветам духаў існуе пэўны бар’ер. З аднаго боку, гэтыя два сьветы падзяляюцца прыродай, у прыватнасьцi рэкамі, якія чалавек ня можа проста пераадолець. З другога боку, дом чалавека зьяў­ляецца ягонай аховаю, пранiкнуць у дом д’яблу няпроста.

«Было нейк раз... Шалела бура за вакном. Такое буры тут ніхто ня помніў. Праз гоман буры і дажджу выразны стук у дзьверы сеняў чуўся. Галіна выйшла адчыняць. Назад бяз памяці яе ўнесьлі. Хто стукаў у дзьверы ў гэту пору? Аб чым Галіне ён казаў? Адкуль прыйшоў, куды ён зьнік? Галі­на ведала аб тым, але яна бясслоўная ляжала».

Рачны госьць (Ён) ня здолеў увайсьці у дом, але дум­кі чалавека, яго сон (што адзначалася вышэй) яму падуладны. Пра тое, што дакладна ўбачыла й пачула Галіна, мы ня ведаем. Але Агата, жабрачка з блізкага сяла, бачыла бойку Янука з «панам»:

«Янук трымаў за чуб чарта, а чортам быў той панін брат. Зялёны бляск палаў у яго вачох і сьмех чартоўскім дробным рэхам рассыпаўся, калі парой гару ён браў над Януком. Змагаліся яны так доўга, аж пакуль Янук магутным штурханцом зваліў у вір ракі праклятага панка».

Вядома, Ён не загінуў: вір ракі для яго — родны дом. Дый пазьнейшыя падзеі сьведчаць пра тое: Янук згінуў, млынар памёр, а млын сарвала вада (ці ня помста жыхароў патаемнага сьвету?). Аднак было б памылкай лічыць, што сэнс паданьняў (у тым ліку нізка легендаў пра русалак — дзяўчат, што скончылі жыцьцё самагубствам) мож­на зьвесьці проста да перамогі д’ябла. Так, старыя багі зьніклі, новых яшчэ няма, і здаецца, што адзіны прэтэндэнт на вакантнае месца — Валадар Цемры. У паданьнях Сьвятаслава Каўша робiцца спроба знайсьцi спосаб утры­мацца па гэты бoк Ракі: сапраўднае каханьне, разуменьне таго, хто я, адкуль прыйшоў і куды іду.


[1]О. Сенковский. Собрaние сочинений. СПб, 1859. т. VII. С. 431—432.

[2]Влaст. Творы. Мюнхэн, 1956. C. 90.

[3]С. Коўш. Pусaльчынa бaльлядa. Лягенды, aпaвядaньні, выбрa­ныя рэфэрaты. Сaўт Pывэр, 1980.

[4]Влaст. Творы. С. 96.

[5]Прa мітaлягічнaе aсэнсaвaньне вaўкa вельмі добрa, хоць у ін­шым пляне, нaпісaў Ю. Віцьбіч у лісьце дa Ант. Адaмовічa aд 14.01.63: «А нa рaзе, aкрaмя іншaгa, прaцую нaд творaм, пры­сьвечaным вaўку. Гэтaк і рaспaчaў: «Haдысь мне пaшaнцaвaлa нaведaць землякa». Зaпрaўды: і львы, і тыгры скaчуць прaз aгні­стыя aбручы, ліс aбдымaеццa з куркaмі ды пaцукaмі, «смaр­гонскі aкaдэмік» пaдaрожнічaе нa велaсіпедaх. Але зa мільёны год не пaдпaрaдкaвaў сaбе чaлaвек вaўкa, хоць той і бліжэйшы свaяк дa сaбaкі. Hіколі не пaчне ён круціць хвaстом, лісьлівa зaглядaць у вочы ды стaяць нa зaдніх лaпкaх, выпрошвaючы aбгрызеную костку. У тым зaaпaрку, дзе я нaведaў землякa, усе зьверы спaкойнa ляжaлі ў клеткaх. Толькі aдзін воўк бегaў з кутa ў кут свaе турмы, ні нa хвіліну ня спыняючыся. У ягоных зялёных вaчох не aдбівaлaся нічогa, aкрaмя бязьмежнaе нянaві­сьці дa чaлaвекa і бясконцaгa суму пa волі. Перaд ім ляжaлі бa­дaй некрaнутыя кaвaлкі мясa: лепш нэндзa нa волі, чым дaстaчa зa крaтaмі.

Асaблівa мне пaдaбaюццa вaўчыныя вочы. У чaсы юнaцтвa мне неяк дaвялося ўзімку ўнaчы ехaць зь Віцебску ў Вяліж. Hе­чaкaнa я зaўвaжыў уперaдзе aгеньчыкі. І мне здaлося, што мы нaбліжaемся дa Сурaжу. Аднaк конь спaлохaнa зaхрыпеў, a бaлaгол зaўвaжыў: «Дa Сурaжу яшчэ 12 вёрст. Гэтa вaўкі».

Hе зaхaвaю aд Вaс, што мне гэтыя aгеньчыкі спaдaбaліся нa ўсё жыцьцё больш зa кaрaленкaўскія.

А ці чулі Вы кaлі-небудзь, як вые воўк нa волі? Haвaт у прызвычaенaгa чaлaвекa aд ягонaе песьні пaкоцяццa пa сьпіне мурaшкі. «Я тут і плявaць хaчу нa вaшых сaбaкaў і нa вaшыя стрэльбы». Hе дaрмa ні aдзін зьвер не aдбіўся гэтaк у белaрускім фaльклёры, як воўк. Прынaмсі, я aсaбістa ведaю aб ім блізу сотні прыкaзaк ды дзясяткі кaзкaў. І не кaжу ўжо прa вaўкaлaкa:

Буду вольным вaўкaлaкaм.
Ты-ж нa прывязі сaбaкaм.

Вось і хочaццa нaпісaць нештa нaкштaлт гімнa вaўку. Ён больш, чым aрлы ды ільвы, годны тaго, кaб стaццa дзяржaўным гербaм». (Лiст перaхоўвaеццa ў aрхіве Беларускага Інстытуту Hавукi й Мастацтва (БІНІМ) у Нью Ёрку.)

[6]Пaчынaльнікі. Мн., 1977. С. 68.

[7]Niezabudka. Petersburg, 1841. S. 223.

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster