|
КАМЭНТАРЫ Лявон
ЮРЭВІЧ Паэзія й праўда жыцьця: Янка Юхнавец
У амэрыканскай паэзіі — Эзра Паўнд, Томас Эліат.
У лeтувіскай — Мікалоюс Чурлёніс. У расейскай — Велeмир Хлебников, Иосиф
Бродский. У беларускай — Янка Юхнавец. Такое збліжэньне й супастаўленьне вельмі
адрозных аўтараў, бязумоўна, «прыцягнутае», умоўнае, але, разам з тым,
дазваляе празь вядомае зьведаць нязьведанае, убачыць месца паэта ў літаратуры.
Праз чужынскае — сваё.
Геніямі й генамі чужымі захапляемся.
Пазьдзеленые ступкі ўсёткі,
паміж імі ёсьць — наша,
атрыманая ад Часу вечнага.
[186][1]
Так, менавіта нязьведанае, бо нягледзячы на тое, што ймя
мысьляра, паэта, празаіка, драматурга, перакладчыка, мастака, скульптара,
выдаўца Янкі Юхнаўца трывала ўзгадваецца побач зь імёнамі іншых
пісьменьнікаў-эмігрантаў, ягоная творчасьць па-ранейшаму застаецца terra
incognita. Нават горш — прыблізнаўяўленая, бо выдадзены на Беларусі зборнік
«Сны на чужыне» стварае ў чытача памылковае ўражаньне веданьня пісьменьніка.
Астатнія ж зборнікі, выдрукаваныя ў ЗША, — хутчэй размножаныя машынапісы, бо
выдаваліся самім аўтарам па 5—10, зрэдку 15 асобнікаў, і бачылі-чыталі іх
лічаныя асобы.
Знаёмства з творчасьцю пісьменьнікаў беларускага замежжа
адбываецца звычайна адначасна са знаёмствам зь іхнымі біяграфіямі, пэрыпэтыямі
лёсаў, жыцьцёвымі шляхамі, што сваёй пакручастасьцю недзе паўтараюць гістарычны
шлях Беларусі.
Зь Юхнаўцом адбылося інакш. Па сёньня вядомыя адно агульныя
рысы ягонай біяграфіі, як кажуць, пункты адбыцьця й прыбыцьця. Свой жыцьцёвы
маршрут паэт раскрываць ня хоча, хавае ад староньняга вока, як хавалі ў свой
час геаграфічныя мапы першапраходцы ў пошуках зямлі запаветнай, абяцанай.
«Нарадзіўся-памёр»,[2]
— адказвае ён на неаднаразовыя просьбы напісаць аўтабіяграфію. «Мая біяграфія
— у вершах, у зацемках». У гэтым, па ягоным уласным прызнаньнi, — нeлюбоў да
ацэнкі творчасьці на ўзор «жыў-быў».
А ўсё ж патрэба больш-менш падрабязнага апісаньня жыцьця й
творчасьці паэта адчуваецца востра. Бо «Біябібліяграфічны даведнік беларускіх
пісьменьнікаў» ужо ўзаконіў факталягічныя недакладнасьці. І «міт» Юхнаўца,
народжаны на эміграцыі, знайшоў працяг ужо на бацькаўшчыне.
Я ніжуся быць паэтам, а ня мітам,
у Часе апрацованым майго жыцьця...
[188]
Зрэшты, у сваёй працы «Жыцьцё паэта» Лоўрэнс Кіпкін вылучыў
тры моманты жыцьця-біяграфіі, калі паэт уступае ў дыялёг зь лёсам і ўласнай
творчасьцю, «канстатуе жыцьцёвы вопыт»: 1. Момант прарыву, ініцыяцыі
(initiation); 2. Час падрахаваньня, «збору камянёў» (carmonium); 3. Момант
пераходу (tombeau), калі паэтычны набытак, ягоная душа, сутнасьць перадаюцца
нашчадкам, пераемнікам.[3]
Можа гэтыя «пункты» і ёсьць адзіная сапраўдная біяграфія, якую нам трэба
ведаць, якая адна толькі й важная для гісторыка літаратуры — для мадэляваньня
таго псыхалягічнага асяродку, у якім высьпявалі творы? Мусіць, мелі рацыю
паэты, калі гаварылі пра пачатак-канец?
Згодна з канцэпцыяй Кіпкіна, празь ініцыяцыйны твор паэт
упeршыню знаходзіць сябе, надае свайму жыцьцю эпічны сэнс. У Юхнаўца такім
творам стаўся верш «Вежы стрункія узвысіў замак», упeршыню надрукаваны ў
часапісе «Шыпшына». Па сутнасьці гэта невялікая паэма:
Пад далінаю з куртатымі лясамі,
між скалаў сівых, абгрызеных вятрамі,
дзе лісьце клёны скідваюць увосень,
плачучы па лету рыжымі сьлязьмі, —
мінуўшчынай паніклай у прарэхі хмараў
вежы стрункія ўзвысіў замак.
Яго спакой і сьвятасьць мараў
вартуе толькі вольны вецер.
У ноч маўклівую калісьці
у роў глыбокі із вадою
зыходзіў месяц, каб із хмараў
ныраць у хвалі з галавою.
I тысячай залатых вачэй
ноч ціхая на яго глядзела.
I зоркаю дрыготнаю ярчэй
сьвяціліся празорцы вежаў.
Гады тут чынна гартавалі
мячы адважнейшых людзей.
I век для іх прывольля, славы
гады бяз жалю аддаваў.
[189]
Ужо першыя радкі
Юхнаўцовых вершаў сьведчаць: гэта — сапраўднае. Нават калі ў чытача няма
поўнага разуменьня, ёсьць адчуваньне. І яшчэ — алюзіі да пачаткаў нашае
літаратуры, да Трышчана, да Ластоўскага, да паэмы Купалы «На Куцьцю».
Ды сьмерць тваю —
аплаціць сьмерць.
Ён цепліць сам агні ў пекле.
Яго прысуд,
што быў табе,
багіня Парка
сьціпла, пекна
яму самому прачытае.
А між тым,
з другіх плянэтаў
(якім ‘шчэ сьніцца абарона латаў),
зь зямлі сьцюдзёнае,
памёрлай
сьмяецца, вылупіўшысь, атам, —
пісаў
у 1947 г. у сваім першым творы малады паэт.
Hеразуменьне крытыкамі паэзіі Юхнаўца часта-густа прыводзіла
да стварэньня вобразу гэткай надсусьветнай асобы, што вандруе па-за жыцьцём,
над ім, або зводзіла яго паэзію да ілюстрацыі ідэяў знакамітых заходніх
мысьляроў.[4]
Ах, якая спакуса знайсьці філязофскія або паэтычныя аналёгіі: сюррэалізм,
мадэрнізм, імажынізм... Ну, сапраўды, ці ж нельга, гаворачы пра паэзiю Юхнаўца,
прыгадаць знакамітае з Крученых:
«Расейская літаратура да нас — футурыстаў — была
сьпірытычнаю й танклява-румзьлiваю. Яна круцілася ў коле чорта — ухапіць чорта,
выкрыць, праклясьці ці прынамсі нудна ўхваляць! Выратаваць некага й прадбачыць
поўны й рашучы канец сьвету гэтага!..»[5]
Ці не пра тое ж кажа і Юхнавец: «Мяне папракалі, што нe пішу
патрыятычнай лірыкі. А для каго яна тут патрэбна, калі ўсе сьвядомыя». Але
Юхнавец — не футурыст, гэта відавочна.
Шмат гаварылася пра Юхнаўцову мадэрновасьць, нават
штучнасьць, але Юхнавец настойліва паўтарае, што ўсё ў ім — ад фальклёру. У
ягоных вершах больш фальклёрнага, народнага, чым у лубoчных творах шмат якіх
сучасных (і ня вeльмі) паэтаў. Наўрад ці будзе перабольшаньнем сказаць, што
паводле паэта быцьцё выяўляе сябе праз фальклёрна-міталягічную традыцыю. У
складаным фальклёрным палілёгу пераплятаецца мноства галасоў і пазыцый, розныя
культурныя наслаеньні адбіваюцца адно ў адным, бы ў люстэрку. у іх выяўляецца
нешта агульнае — сьлед міталягічнай сьвядомасьці. І суразмоўе культураў
адбываецца ўжо на вэрбальным узроўні. Нават у перакладах — Паўнда ці каго з
антычных аўтараў — заўсёды застаецца юхнаўцоўскае, нацыянальнае, першаснае.
Гучыць хор — у антычным яго значэньні, — як вызначальны голас, што ўзвышаецца
над голасам кожнага асобнага ўдзельніка трагедыі. Беларускі голас Юхнаўца.
Ужо выказвалася думка пра пошукі-стварэньне Юхнаўцом Эдэму,
страчанага Раю, Саду. Гадамэр вызначаў мову як «усеахопную
перад-тлумачальнасьць сьвету»,[6]
што па сваёй генэзе ўзыходзіць да хайдэгераўскага азначэньня мовы як разьбіцьця
сьвету. Мова ёсьць разьбіцьцё (Aufriss) сьвету ў тым сэнсе, у якім мы гаворым
пра закладаньне саду. Закласьці Сад ня значыць проста «растлумачыць» яго,
быццам ён існуе ўжо i нам застаецца адно спасьцігчы ягоную будову. Закласьці
Сад — значыць стварыць яго й пры гэтым зруйнаваць, перайначыць тое месца, на
якім мы яго пасадзім. Зь іншага боку, закласьці сад — ня значыць зрабіць па
падрыхтаваным праeкцe такое, чаго няма й нe было ў задуме-плянах тае зямлі,
якой і прызначана стаць Садам. Мы нe прыдумваем Сад, як і абстрактны плян
ягонaга жыцьця; яны існуюць, хоць іх яшчэ й няма. Ён закладзены ў зямлі, бо
зямля мусіць стацца Садам. Зямля бяз Саду — не зямля яшчэ.
Той Сад — Беларусь. І Эдэм — Беларусь. І Юхнавец ня першы,
хто зьведаў гэта. А хто быў першы?
Ён, Хрыстос! Забыўся, можа?
Абвясьціўся найперш у стадоле зь веткаў
між лесу Беларускага.
[182]
Юхнаўцоў Сад бачыцца яшчэ — а мо’ пераважна — як далучэньне
да традыцыі, якую страцілі беларускія паэты, трапіўшы пад «жаронцы лёсу», як
далучэньне да традыцыі, зь якой яны ня былі злучаныя. У сваёй працы «Традыцыя
й індывідуальны талент» (1919) Т. Эліат
сьцьвярджае, што традыцыю нельга насьледаваць, атрымаць у спадчыну; за
авалоданьне ёю трэба змагацца, працаваць. Гэта пагляд на культуру аўтсайдэра,
эмігранта, ДП, якому анічога ня дорыцца, які мусіць усё пачаць спачатку.[7]
З аднаго боку —
Традыцыя, да якой імкнецца паэт. З другога — фармальныя прыкметы відавочна
другасныя ў традыцыі. Як зазначыў Кэнэр, «пакаленьне Паўнда ды Эліата
навучылася па-новаму асэнсоўваць мову».[8]
Паэт-мадэрніст (а мо’ проста сучасны паэт?) заяўляе свае правы на спляценьне
гісторый, культур, імёнаў, і для яго аднолькава роднасным набыткам стаецца
Эсхіл, Скарына, Гусоўскі, Сартр, Ніцшэ... У вершы «Пра мастацтва» (1950), з
эпіграфам з Цвэйга «Абавязак у мастацтве — выкажы свае перакананьні», Юхнавец
піша:
Пятнялы Час разьвіць у сіле Боскай
не маляваць краіну Беларускую
знакамі, прыклеенымі із цэмэнту
да помнікаў.
[114]
Так праз чужынскія рэаліі, праз словы, што ўяўляюцца чужымі
(а мо’ толькі забытымі?), паўстае вобраз Беларусі. Юхнаўцовай Беларусі, дзе
вызначальным стаецца не ручнік, не васілёк, ня песьні жальбы на жалейцы.
Малады чалавек, якi як паэт нарадзіўся на чужыне (мабыць,
варта падкрэсьліць — адзіны з усіх беларускіх пісьменьнікаў на эміграцыі),
асэнсоўвае сябе:
Я чужынец.
Прыгаство захоплівае кляштор.
Я палоньнік красатосьці.
...Я палоньнік у лягеры Гасподнім.
[172]
Можа, напісаны ў 1947 г. у Баварыі верш «Нобэлеўскія
прэміі» падаўся б некаму сьмяхотным, але гэта быў шлях паэта, на дзіва ясны
(але не празрысты). Шлях узвышэньня творцы, якому пашчасьціла адразу знайсьці,
зразумець сябе — і далей адно ня здрадзіць. Абраны шлях дазволіў шмат пазьней
напісаць:
...цярплівым рыбаловам прывучыўся жыць.
З паплаўком блізу, абліччам-позіркам у вірох,
плыву і плыў
лавіць, што злоўлена нe было
ў вазёрах Айчыны.
Мова злоўленая (беларуская наўвеце)
трымалася ў памяці і з задавальненьнем
яе багацьце разьдзяліць далёка ад Айчыны.
[187]
Ужо ў першым творы Юхнаўца прысутнiчае плынь сьвядомасьці,
маналёгі-разважаньні — для сябе, дзеля сябе, калі чытач аказваецца ў ролі
падслухача. Аўтар — не суразмоўца, ён нават ня вельмі клапоціцца, каб яго
разумелі. Адсюль, магчыма, і такая адметнасьць ягонае паэзii, як яе празаізм.
Зрэшты, Юхнавец сам кажа, што для яго няма розьніцы між паэзіяй і прозай.
Вершы твару бліжэй да прозы —
люблю, што люблю, але ўмэт
ўздымаю крылы вольнага Пэгаса.
[186]
У прозе, створанай за межамi Беларусi, па сваёй значнасьцi
мэмуары, успамiны займаюць цi ня першае месца. Акрэсьленьне мэмуараў як жанру —
даволi плыткае. Як заўважыў Поль дэ Мэн, «i тэарэтычна, i эмпiрычна
аўтабiяграфii зь цяжкасьцю можна акрэсьлiць адзiным азначэньнем; кожны
прыватны выпадак падаецца выключэньнем з правiла».[9]
Час — адзін з асноўных герояў у рамане (а мо’ ўспамінах?)
Я. Юхнаўца «Яно». Апроч раманa й шэрагу апавяданьняў ёсьць яшчэ «Запіскі»
— успаміны-роздумы па жанры (а мо’ раман?), якія ахопліваюць падзеі духовага
жыцьця аўтара:
«Мне было 10 год узросту (можаце верыць), я зразумеў
недругарадным значэньнем жыцьцё ня толькі маіх бацькоў, а ўсяго агулу людзкай
масы беларусаў у ваколіцах маёй вёскі. Кожнадзённае жыцьцё сялянаў ня ішло ў
адпаведнасьць (на кароткі час) устаноўленай Кастрычніцкай рэвалюцыяй у Расеі, і
няпрылучаных да яе «нацмэнаўскіх» тэрыторыяў. Я чуў ад бацькі, ад бацькоў
свайго роду: «З хутароў уцяклі тыя, тыя». Мне было цікава (калі пасьвіў жывёлу
зь вясковым пастарам) аглядаць пакіненыя сялібы. У блізасьці лес, крынічныя
рачулкі (падземныя ключы), уежджаныя дарогі да сялібы, пакінутыя вульлі для
пчол і роўныя палеткі, зарослыя цяпер пустазельлем. У мяне было адно
цікавасьць бяз патрэбнасьці нейкай справядлівасьці (саплявак яшчэ быў),
карысьць вартасьці гэткай гістарычнай дзейнасьці ўладаў. Магчыма, я стаўся
тады дарослым чалавекам. Некаторы час аставаўся прыхільнікам уладаў. А пазьней
перамяніўся. Стаўся замкнёным у сабе адпраўнікам. Вось гэтак ствараюцца
асабістасьці ня «здробезных паступкаў».[10]
Асэнсаваць творчасьць Юхнаўца ў кантэксьце беларускай
літаратуры нялёгка, як і зразумець, а, галоўнае, прыняць яе — гэтаму не ў
апошнюю чаргу замінае яе «замкнёнасьць», што неаднаразова i закідалася паэту.
Але ён ідзе сваім апрычоным шляхам. У лісьце да Юхнаўца Віцьбіч пісаў:
«Маеце рацыю, калі асабліва не пераймаецеся з прычыны
абыякавасьці некаторых да Вашае творчасьці. Вы маеце сваіх чытачоў, кола якіх
пашырыць час. Давялося мне таксама чытаць і Вашую прозу — няблага. Між іншым,
надысь у часе гутаркі зь дзядзькам Міхасём (Міцкевічам), які часта мяне
наведвае, мы аднамысна прыйшлі яшчэ раз да выснаву пра нязвычайнасьць Вашага
запраўднага таленту. Прынамсі, ні да параўнаньня з Вамі розныя
«агульназразумелыя» паэты. Ідзеце з Богам сваім шляхам»[11].
Таму й гаворыць Юхнавец у адным са сваіх вершаў:
Крытык мой, ты не ўзьнясеш мяне
да лёту птушак у паднябёсах.
Паэтычнай шумнасьці ў воддалях Радзімы
ня было.
Хто яе паслухае на чужыне?
У снох хадзіў між ніў і селішчаў,
ледзь расплятаючы вузлы і з добрага і злога.
...дзіцём-маленцам навучаўся —
на зямлю ўпаўшы, радасна ўзьняцца.
I першы верш запаланіўся
каля падолу Мацеры-Айчыны.
[186]
|