БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

Камэнтары, Лявон ЮРЭВІЧ

КАМЭНТАРЫ

Лявон ЮРЭВІЧ

Апостал каханьня: Рыгор Крушына

Унікальнасьць паэзіі Рыгора Крушыны — ня толькі яе жанравая й тэматычная своеасаблівасьць, але й выраз­ная эмацыйна-пачуцьцёвая накіраванасьць — ужо зьвя­рталi на сябе ўвагу дасьледнiкаў.[1] Прымаючы відавоч­нае, паспрабуем разгледзець адметнасьць мастацкіх сродкаў адлюстраваньня эратычнага ў вершах паэта й зробім гэта пераважна на матар’яле зборніка Крушыны «Выбра­ныя творы»,[2] дзе сувязь паміж вобразам, мовай і эрасам найбольш відавочная. Менавіта ў гэтай кнізе Крушыны бясполая беларуская літаратура губляе сваю цнатлівасьць.

Эрот са мною. Прызнаюся,
Ён неразлучны сябра мой.
Мы разам зь ім на Беларусі
Дуэт наладжвалі ігрой.

[136]

Герой паэзіі Крушыны на самоце аддаецца ўспамі­нам (марам, снам, летуценьням, мроям — паэт выкарыс­тоўвае вялікі сынанімічны рад найменьняў) пра мінулыя экстазы, адначасна актыўныя й пасыўныя, фізычныя й духовыя, паэтычна пераадольвае трагічную рэальнасьць расстаньня. І, мабыць, тут бярэ свой пачатак адметная нота эратычнай паэзіі паэта.

Гэта адчуваньне «каханка-пераможцы»: «Ты моцна тулішся. Ты згодная» [65], «Ціхі шэпат вуснаў пульхных, Супраціву, просьбы жменькі: — Кінь, ня трэба! Не, ня слухай... Ах, яшчэ... Яшчэ... дурненькі» [166]. Жаданьне быць першым і адзіным: «Ты ўся мая — ад скроні і да пят» [68], «І ты цяпер, твой сьпеў дзявочы // Раскрытай кнігай на стале. // Я хочу першым кнігу гэту // У рукі ўзяць і прачытаць» [135], «Я да цябе прыходжу першым» [142]. Адстойваньне свайго права на блізкасьць: «Ня трывожце маю маладую спакусамі, Не чапайце рукамі, пагля­дам, замоваю. Гэта я маю права гарачымі вуснамі Пражыць ейнае цела пругкое, вясновае» [64].

Нават Беларусь-Радзіма, незабыўная, пакутная, зьняволеная, вобраз якой у эмігранцкай паэзіі нязьменна быў узьнёсла-вызначальны, у вершах Крушыны паўстае перш за ўсё як вобраз Жанчыны, Маці (са сьвятым у беларускай паэзіі значэньнем), Сястры (з хваляваньнем за лёс роднага), Каханкi: «Сястра, каханка, мая маці, мой воб­раз сьветлы і сьвяты»[3] [160].

Менавіта каханьне й зьвязаныя зь ім радасьці й страты зьяўляюцца тым акном, празь якое паэт бачыць сьвет: «Я пакінуў хату бедную, бы няўцешную ўдаву» [30], «бу­сел удовы» [23], вішня — «яна, як маладая» [56].

Каханьне ў Крушыны заўсёды адкрыта эратычнае. Жанчына вабіць яго прыгажосьцю формаў, чаканымі маг­чымасьцямі, нарэшце — даступнасьцю.

 

Ці ня раз плячыма
Паціскала:
Тут усё магчыма
Ў гордых скалах.
Тонкі шоўк бікіні
Скраў твой сорам...
Мора пену ўськіне, — 
Мы паўторым,
Лясьнем даланямі
На тэй хвалі,
У якой мы днямі
Пал хавалі.

«На пляжы»

Трагічна, што жанчына прыцягальная ня толькі для лірычнага героя, але й для захопніка-гвалтаўніка: «Кра­суню лашчыць Квазымода На паняволенай зямлі» [149].

Але паэт адштурхоўваецца ад трагічнага. Нездарма апошні прыжыцьцёвы зборнік паэта «Сны і мары» (1975) распачынаецца вершам «Я жыў на акропалі казачных сноў» [7]. Як атрымалася гэта ў паэта-выгнанца — жыць у казачных снох? А як жа страта сваякоў, паняверка Бацькаўшчыны, усьведамленьне, што не пабачыш яе вольнай, няпростае жыцьцё на чужыне? Адказы знахо­дзім на старонках таго ж зборніка. Крэда Крушыны: «Я ня хочу бачыць хмары, Верадзіць мой чысты зрок» [15], «Ня кіну адно — будаўніцтва прыгожых паветраных замкаў» [88]. Паэт называе сябе летуценьнікам, фантазёрам, носьбітам сноў [86]. Ён дазваляе сабе быць «у спакоі і цяпле» [58].

Калі ж прыгадваецца Бацькаўшчына, Крушына гаво­рыць: «Я ўстрывожу памяці гангрэну» [48]. Сапраўды, «бываюць, крый Божа, благія мінуты», прызнаецца паэт, калі немагчыма ўцячы ад непрыемнага:

З газэтнае хронікі злыя навіны:
Піраты ў паветры.. Паўстаньні.. Разбой..
Ці можна сьмяяцца ў такія хвіліны?
Ці горкі настрой адпадзе сам сабой?
Я ў смутку нямею на гэткім пытаньні:
— Чаму часта плодзіцца зло на зямлі,
А людзі маўчаць у душэўным хістаньні,
Насупраць нічога зрабіць не змаглі.

[174]

Гэта радкі зь верша «Элегія». А на наступнай ста­ронцы — верш «Масты пачуцьцяў»:

Хараство, чысьціня, цяплыня!
I ня хочацца думаць пра тое,
Што ёсьць войны і зьлёт груганьня, —
Непатрэбнае нам і пустое.

[75]

Адсюль і жыцьцесьцьвярджальнае: «Жаданы час на­дыдзе... Стаяцьме зноў ля родных весьніцаў Былая белая нявіннасьць» [33].

Крушына часта выкарыстоўвае слова «каханьне» й вытворныя ад яго (у зборніку «Выбраныя творы» ўжытыя 74 разы), слова «любоў» і вытворныя ад яго «люба», «лю­бянятка» (67 разоў).

Эратычнае перадаецца ў мастацкім творы літаратур­нымі найменьнямі, пазалітаратурнай лексыкай, эўфэмі­змамі, мэтафарычнымі фiгурамi. Эратычныя мэтафары Крушыны грунтуюцца звычайна на сутыкненьні нэўт­ральных назоўнікаў мужчынскага й жаночага роду, што ў адпаведным кантэксьце спараджае дадатковыя сэнсавыя адценьнi.

Так, фон, на якім адбываецца дзеяньне верша «Ля ракі» [66], надзвычай просты: Ён (верш ад першай асобы) і Яна на беразе ракі вудзяць рыбу. Лексыка нэўтральная: рака, вада, човен, плотка, павучок, кручок, патанаць, плыць, водная гладзь і г. д. І вось на гэтым фоне пачынаецца любоўнае збліжэньне — ад «ціхенькага пытаньня» да «ты патанула ў абдымках маіх». Сутыкненьне назоўнікаў мужчынскага й жаночага роду вада — плавучок, плотка — кручок стварае адкрыты эратычны падтэкст: «Над вадою трымцеў плавучок. Можа плотку падчэпе кручок?» Тут кантэкстуальнае значэньне кручка — фалічнае. Верш завяршаецца дзеяньнем: «кручок» «патанае ў вадзе» — мэтафара coitus’у.

Такія вобразы нярэдкія ў Крушыны: «Ідзе ў мае аб­дымкі ўпасьці, Трымцець, як човен на вадзе» [141].

Прыкладна гэтаксама будуецца верш «Каштаны» [67], дзе першыя чатыры радкі ня што іншае, як разгор­нутая мэтафара, створаная зноў жа на сутыкненьні на­зоўнікаў мужчынскага й жаночага роду: «Сьпелы плод кастрычнік з дрэва рве. Копаецца мяккая шкарлупка. І, падскокваючы, карыя каштаны У густой хаваюцца траве». Апошнія строфы верша — пранікненьне муж­чынскага ў жаночае:

Дарагая, ў добры час прыйду!
Па вясьне ў дні шумнае паводкі
Я, нязломны ў бурах, прабяруся
Да цябе, як промень праз ваду.

Вобразы «хвалі», «пены» ў паэтычным арсэнале Кру­шыны — адныя з найбольш любімых аўтарам, і, у першую чаргу, дзякуючы сваім магчымасьцям сэмантычнага пераасэнсаваньня. На такім разьвiцьцi сэнсу i грунтуецца верш «Марская скала» [55], які пачынаецца апісаньнем уяўнай недаступнасьці гераіні: «Кінь залёты рупныя! Я — з граніту скала, Надта недаступная», а завяршаецца натуральным збліжэньнем:

Мне руку сьціскала:
Бура падымалася, 
I на ўзмор’і скала
Хваляй сагравалася.

Разгорнутай эратычнай мэтафарай зьяўляецца паэма «Эротава скрыпка». Як у музычным творы (як і ў coitus’е), у паэме вытрыманы этапы:

Увэртура:

Кроў закіпае. Я хмялею...
Я ў палынеючым агні,
Агонь сьвятарнага алею
Душу працяў да глыбіні...
I моцна струны ўжо напяты
На ціхай ліры на маёй.

[136]

Разьвіцьцё тэмы:

Пад Эротаву іскрыпку
Iмправізуе песьнятвор.
Вулькан свой жар хаваў глыбокі,
А потым зрынуў на прастор.
Я твой Вэзуві, ты — Пампэя, 
Iмпэтнай лявай абыму...

[138]

Момант coitus’у:

Пяюнька-скрыпка аж дрыжыць,
А смык узьняты. Гукаў бура
Во-во па струнах прабяжыць.

[143]

Кульмінацыя-«аргазм»:

Эрот гатовы да фіналу.
Iзноў узьняўся смык старчма,
Даткнуўся йскрыпкі, і памалу
Вакол рассоўваецца цьма.

[144]

Фінал:

Эрот узрушаны дазваньня.
Iрдзее кропелькамі кроў. 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Адразу змоўклі струны-чары,
Схіліўся стомлены Эрот.

[145]

Сапраўды, «і як можа хто-небудзь, хто бярэ пад развагу гэтак аграмадны матэрыял і маральныя моцы, як боскія асобы, ня бачыць бога ў Эрасе, які злучае ўсе рэчы?»[4]



[1]МСкоблa. Пa aкропaлі кaзaчных сноў // Pоднaе словa. 1993. №8; В. Paгойшa. Душa белaрусa — крыштaль // Белaрусь. 1993. №6.

[2]P. Крушынa. Выбрaныя творы. НЁ.—Мюнхэн, 1957. Нумары старонак падаюцца ў прастакутных дужках.

[3]Пaрaўнaй:

Ты ляжыш неaкрытaя,
Бессaромнa-прынaднaя.
Мне чужaя і ўсё-ж тaкі роднaя, 
Бо нaгaдвaеш Случчыну.

P. Крушынa. Вячорнaя лірыкa. 1963. С. 56.

[4]Вэрнэр Eгэр. Тэaлёгія грэцкіх думaньнікaў / перaклaд Янa Пятроўскaгa. Флярыдa, 1980. С. 18.

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster