|
КАМЭНТАРЫ Уладзімер Конан Scripta manent
Нехта з антычных мудрацоў даўно сказаў крылатыя словы, якія дайшлi да нас лацінскай прыказкай: Verba volant,
scripta manent — Слова адлятае, напісанае застаецца. Яна, мабыць, найлепшая ўзнагарода для тых, хто пісаў і піша сёньня. Ад біблейскіх
летапісцаў і прарокаў да сучасных паэтаў. Нават для тых творцаў фальклёру, што
не атрымалі іншай кампэнсацыі, не пакінулі сваіх аўтографаў у ведамасьцях на
атрыманьне ганарару. Імя іхняе — народ. Бо і вусная паэтычная ды песенная
традыцыя не засталася б, калi б добрыя людзі
не запісалі яе на паперу альбо, яшчэ лепш, на магнітафонную стужку. На жаль,
гуказапіс і сучасная кампутарная сыстэма фіксацыі слова моцна спазьніліся:
сёньня ад вялікага мора аўтэнтычнага фальклёру й паэтычных галасоў засталіся
толькі фрагмэнты. Тут не абысьціся без навуковых камэнтароў і больш складанай
навукі аднаўленьня твораў па іх фрагмэнтах — гермэнэўтыкі. Бо важна ня толькі
прачытаць, адэкватна зразумець, але і адрадзіць мастацкую традыцыю, увесьці яе
ў кантэкст сучаснай культуры.
Больш як год таму, якраз у калядныя
дні, мне давялося рэцэнзаваць выдадзеную Беларускім Інстытутам Навукі й
Мастацтва ў Нью Ёрку «Архіўную кнігу».
Аўтарам-укладальнікам яе быў таксама Лявон Юрэвіч, сёньня адзін зь вядучых
супрацоўнікаў гэтага цэнтру беларусікі на амэрыканскім кантынэнце. Адначасова ў
Беластоку Ян Чыквін выдаў кнігу літаратурна-крытычных нарысаў «Далёкія і
блізкія: Беларускія пісьменьнікі замежжа» (1997). Я вітаў гэтае выданьне ў
палемічным артыкуле «Беларуская літаратура ў блізкім свеце»,
адзначыўшы, што прафэсар Чыквін своечасова пачаў аналітычнае дасьледаваньне
творчасьці пісьменьнікаў беларускага расьцярушаньня.
Так сталася пасьля Другой сусветнай
вайны: таленавітыя пісьменьнікі, дзеячы нашай культуры, вядомыя палітыкі, што
захавалі ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі, пабыўшы спачатку ў Нямеччыне,
Бэльгіі, Францыі, іншых еўрапейскіх краінах, недзе ў пачатку 1950-х гг. аказаліся ў Амэрыцы. Іншыя калегі, якія паспрыялі
таму, каб «упісаць» літаратурны набытак беларускага літаратурнага замежжа ў
кантэкст айчыннай культурнай традыцыі (Ян Чыквін, Уладзімер Арлоў, Анатоль
Сабалеўскі, яшчэ нехта), здолелі пабываць у іхняй цяперашняй, такой вядомай і такой
загадкавай краіне. Патрэбна было дакрануцца да першакрыніц, багатых архіваў, бо
тое, што надрукавана «беларускімі амэрыканцамі», — толькі частка плёну іх
творчасьці, перапіскі, роздуму, зафіксаваных у багатых архівах — прыватных і ва
ўласнасьці грамадзкіх навукова-літаратурных арганізацыяў.
Але, як сказаў эвангеліст, «жніво
багатае, ды работнікаў мала» (Мц. 9:37). Шмат каго ўжо няма, а іншыя — далёка. Вось
наш калега Лявон Юрэвіч (ён скончыў Пэдунівэрсытэт і асьпірантуру пры Iнстытуце Лiтаратуры НАН) вырашыў
папрацаваць на беларуска-амэрыканскай літаратурнай ніве стацыянарна ў гэтай
далёкай Амэрыцы, што прытуліла пасьля вайны беларускіх адраджэнцаў. Грунтоўнае
дасьледаваньне архіваў, пэрыядычных выданьняў, рэдкіх кніжак, урэшце, апора на
багатую навукова-асьветніцкую традыцыю Беларускага Інстытута Навукі й Мастацтва
ў Нью Ёрку далі свой плён. У 1996 г. Л. Юрэвіч падрыхтаваў
да друку (а дакладней, аднавіў па рукапісных фрагмэнтах) і выдаў кнігу Юркі
Віцьбіча «Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі». Праз
год у тым жа Інстытуце выходзіць ягоная «Архіўная кніга» (Нью Ёрк, 1997), якую
я назваў літаратурнай падзеяй года. Архівы й камэнтары да іх высьвечваюць не
парадную й не дыпляматычна-стрыманую, а глыбінную, драматычную праўду жыцьця й
творчасьці нашых прарокаў-пісьменьнікаў у расьцярушаньні, што захавалі ў сваёй
сьвядомасьці і ў сэрцы чысты вобраз Маці-Беларусі й веру ў яе дзяржаўнае
адраджэньне.
«Архіўная кніга» пад адною вокладкаю
аб’яднала розныя літаратуразнаўчыя жанры: кароткія манаграфіі, біяграфічныя
нататкі, крытычныя нарысы, тэксталягічныя публікацыі з камэнтарамі,
бібліяграфію. Такія выданьнi былі ў Беларусі
(альманах «Спадчына», гісторыка-літаратурныя матар’ялы «Пачынальнікі»), але ва
ўмовах савецкай цэнзуры не ўдалося захаваць навуковую адкрытасьць, дасьледнiка прымушалі затушоўваць палітычныя й жыцьцёвыя супярэчнасьці быцьця
літаратуры ў сьвеце. Цяпер жа, на маю думку, «архіўныя кнігі» рыхтуюць
адраджэньне культурна-гістарычнай школы ў літаратуразнаўстве. Але на іншым
узроўні: не на былой філязофскай веры ў пазытыўную эвалюцыю і на сацыялягічнай
канцэпцыі прычыннай абумоўленасьці літаратуры грамадзкім становішчам
пісьменьніка ды абставінамі яго біяграфіі, а на заглыбленьні ў ягоную
экзыстэнцыю — у духоўнае й псыхалягічнае перажываньне сваёй жыцьцёвай драмы.
Назва новага зборніка дасьледаваньняў
Лявона Юрэвіча, як і папярэдняй «Архіўнай кнігі», мае ў сабе дасьледнiцкую «правакацыю», літаратуразнаўчую дасьціпнасьць: абедзьве даюць больш,
чым абяцаюць. Бо за паняцьцямі архіў, камэнтары й вытворнымі ад іх (архаічны,
архаізм, камэнтатарства) замацавалася значэньне чагосьці пражытага,
вузка-навуковага, не актуальнага па-за акадэмічным «цэхам». Між тым якраз
архівы (калі гэта не парадныя, хлусьліва-бюракратычныя пратаколы) высьвечваюць
не фасадную, дыпляматычна стрыманую, а глыбінную й драматычную праўду жыцьця й
творчасьці. А камэнтары маюць дачыненьне да цікавай навукі — гермэнэўтыкі —
тлумачэньня сэнсаў старадаўніх альбо незразумелых і напоўзабытых тэкстаў і
далучэньня іх да сучаснага культурнага кантэксту. Да таго ж «Камэнтары» ў
адрозьненьне ад выключна літаратуразнаўчай «Архіўнай кнігі» выходзяць за рамкі
літаратуры, аўтар уключыў у новую кнігу нарысы па міталёгіі, драматургіі й
тэатральным мастацтве, лексыкаграфіі, беларускiм рэлігійным
адраджэньнi.
Дасьледнiкі, выкладчыкі
літаратуры й культуралёгіі ў Беларусі, верагодна, зацікавяцца перш за ўсё I разьдзелам, дзе ёсьць нарысы пра станаўленьне гэтага жанру ў беларускай
літаратуры, аналіз міталягічных матываў у творчасьці Вацлава Ластоўскага, Язэпа
Дылы, Сьвятаслава Каўша, іншых пісьменьнікаў блізкага й далёкага замежжа. Гэтая
частка кнігі, на мой погляд, мае самастойнае значэньне, як канцэптуальнае
навукова-папулярнае дасьледаваньне новай праблемы ў беларускім літаратуразнаўстве.
Мяне яна зацікавіла даўно, і гэтая цікавасьць выявілася ў шэрагу публікацыяў
на тэму міталягічных і біблейскіх матываў у літаратуры й фальклёры.
Дазволю сабе свае камэнтары на «Камэнтары» спадара Юрэвіча, бо гэтага вымагае
мая высокая ацэнка новага кірунку ў беларускім літаратуразнаўстве й
культуралёгіі.
Л. Юрэвіч упершыню
дасьледаваў гісторыка-міталягічную тэму ў творчасьці беларускіх айчынных (В. Ластоўскі, Я. Дыла) і зарубежных
(Ю. Віцьбіч, Ул. Случанскі, С. Хмара, С. Коўш,
Я. Юхнавец) пісьменьнікаў, на жаль, малавядомых на гістарычнай
Бацькаўшчыне ня толькі звычайным чытачам, але і школьна-дыдактычнаму й нават
унівэрсытэцкаму літаратуразнаўству. Дарэчы, ня толькі літаратура стварае заснаваныя на
сацыяльна-палітычных і эстэтычных ідэалах міты. Ёсьць свае міты ў гістарычнай
навукі, пра гэта здагадваліся даўно, але парадокс гісторыі дакладна вызначыў Н. Бердяев: «Гісторыя ня ёсьць аб’ектыўная эмпірычная наяўнасьць,
гісторыя ёсьць міт. Міт жа ёсьць ня выдумка, а рэальнасьць, але рэальнасьць
іншага парадку». Заслугоўваюць
увагі думкі дасьледнiка пра
ўзаемасувязі мітаў і абрадаў, рытуалу й драмы, мастацкага твору й матэрыі; пра
значэньне некаторых унівэрсальных міталягічных вобразаў (Гальгота, склеп, рака,
лябірынт) і абрадаў [32—49].
Аналіз аповесьці Ластоўскага «Лябірынт» даў магчымасьць аўтару зрабіць гэтыя
тэарэтычныя высновы, знайсьці ў сусьветнай міталёгіі аналёгіі старадаўнім
славянскім міталягемам і паганскiм боствам.
Аднак жа чытач павінен узяць пад увагу
канкрэтныя абставіны, у якіх пісалася кніга «Камэнтары». Шырока карыстаючыся
першакрыніцамі, у тым ліку рукапісамі зарубежных архіваў, яе аўтар, стала
жывучы ў ЗША, не заўсёды меў магчымасьць сачыць за рухам навуковай думкі ў
Беларусі. Замежная беларусіка пакуль што знаходзіцца на стадыі пачатковага
вучнёўства, зразумела, за выключэньнем вядомых беларускіх дасьледнiкаў дыяспары, згуртаваных пераважна вакол таго ж БІНІМу. Пагадзіўшыся
напісаць пасьляслоўе да яго ў цэлым выдатнай кнігі, я адчуваю сваю адказнасьць
за некаторыя яе недакладнасьці ў ацэнках і фактах. Дазволю сабе таксама
паспрачацца, асабліва з тымі ацэнкамі, дзе адчуваюцца спэцыфічныя для
славянскіх і іншых натураў перабольшаньні, некаторая схільнасьць да «стварэньня
куміраў».
Відавочны недагляд — цытата з артыкула
С. Кузьняевай «Нацыянальнае адраджэньне і
нацыянальная сьвядомасьць беларусаў у першай палове ХIХ ст.»: «[Тагачасныя] беларусы як этнас у культурных адносінах знаходзіліся
ў стане летаргічнага сну і не былі рэпрэзэнтаваныя на мапе Эўропы. Больш таго,
беларусы прыйшлі ў ХIХ ст., ня маючы
акрэсьленай этнічнай самасьвядомасьці, страціўшы багатыя пісьмовыя традыцыі, з
асыміляваным у культурных адносінах верхнім слоем этнасу, што ў значнай ступені
было вынікам папярэдняга разьвіцьця як народу недзяржаўнага» [8].
Чытаючы такія інвэктывы, мне заўсёды
хочацца сказаць: навука вашая пакрылася пылам, а мапу эўрапейскую моль паела. Адносна
«мапы» ўдакладнім: у 1-й палове ХIХ ст. на ёй не была «рэпрэзэнтаваная» і Польшча як
самастойная дзяржава. Польшча страціла сваю дзяржаўнасьць разам зь Беларусьсю
ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай у канцы ХVIII ст. І адрадзілася
Беларусь як дзяржава разам з Польшчаю — у 1918 г. Культура Беларусі ХVIII—ХIХ стст. грунтоўна
дасьледавалася літаратураведамі (А. Мальдзіс, Г. Кісялёў, А. Яскевіч ды інш.). Выяўлены
багатыя традыцыі беларускай архітэктуры, тэатральнага, музычнага,
садова-паркавага, аратарскага мастацтва гэтага пэрыяду, дасьледавалася
асьветніцкая й нацыянальна-дэмакратычная філязофія ў Беларусі. А ў 1-й палове
ХIХ ст. пачалося
адраджэньне новай беларускай літаратуры, тады ж беларускі этнас даў сьвету
такіх выдатных пісьменьнікаў, як «паляк» Адам Міцкевіч і «русак» Фёдар
Дастаеўскі. Ды ўвесь даробак культуры беларускага этнасу не пералічыш у кароткім
нарысе. Рэкамэндую вучоным гісторыкам і літаратуразнаўцам заглядваць у сёньня
ўжо шматлікія беларускія энцыкляпэдыі.
Адносна «акрэсьленай этнічнай
самасьвядомасьці» нагадаю, што «акрэсьлівае» ня этнас у цэлым, а нацыянальная
інтэлігенцыя. Гісторыку павінна быць ведама, што «Западно-русский край», гэта
значыць пераважна Беларусь, у царскай імпэрыі служыў своеасаблівым
адстойнікам, калянізаваным Расеяй пераважна иноверческим элементом. І не без расейскай калянізацыі: у гарадох і большасьці
мястэчкаў «беларускі этнас» складаў 10—15% насельніцтва. А ў якім сэнсе трэба
разумець вызначэньне дасьледнiкамі беларусаў «як
народу недзяржаўнага»? Радавод беларускай дзяржаўнасьці пачынаецца з Полацкага
Княства, гэта значыць, дзяржаўнасьць беларусаў на два стагодзьдзі старэйшая за
дзяржаўнасьць расейскую, запачаткаваную палітычным уздымам былога ўдзельнага
Маскоўскага Княства. Праўда, Беларусь часова страціла сваю дзяржаўнасьць у
складзе Расейскай Імпэрыі. Але гэтая «праўда» датычыцца ўсіх іншых народаў, у
тым ліку расейскага, які некалькі стагодзьдзяў жыў пад татара-мангольскім ігам.
Як на мой погляд, гэтае іга было мякчэйшае, чым каляніяльны прыгнёт Расеі над
беларусамі й палякаў у анэксаванай Заходняй Беларусі: «манголы» вытрасалі
сьвірны й каліты «русаў», але рэдка лезьлі ў іхнюю душу, не мянялі расейскую
школу на татара-мангольскую й не навязвалі ім сваёй ісламскай веры.
Мне часам здаецца, што ў «летаргічны
сон» упадаюць некаторыя дасьледнiкі, а не
«беларускі этнас». Таксама з «эўрапейскай культурнай мапай» бывалі забаўныя
анэкдоты. Захавалася сьведчаньне (не ручаюся за яго дакладнасьць) пра першую
матывіроўку прысуджэньня Нобэлеўскай прэміі Генрыку Сянкевічу ў 1905 г.: за
выдатныя раманы, напісаныя на «польскім дыялекце расейскай мовы».
Свае цікавыя, хоць, на мой погляд, крыху апалягетычныя
нарысы пра творчасьць арыгінальнага беларускага паэта Янкi Юхнаўца аўтар
пачынае з фактычнай недакладнасьці, называючы «першым беларускім міталягічным
слоўнікам» хрэстаматыю «Міфы бацькаўшчыны» (Менск, 1994). У гэтай кніжцы
перадрукаваны фрагмэнты з этнаграфічных нарысаў беларускіх фальклярыстаў
пераважна дарэвалюцыйнай расейскай этнаграфічнай школы. Там няма крытычнага
аналізу, выбаркі аптымальных вэрсіяў, урэшце, няма «камэнтароў», альбо,
шырэй, гермэнэўтыкі, тлумачэньня сэнсаў і сымболікі так званай «ніжэйшай»,
дакладней народна-паэтычнай міталёгіі. Ды складальнікі (а ня аўтары)
хрэстаматыі ня ставілі такой задачы, яна выходзіла за рамкі гэтага хутчэй
літаратурнага, чым навуковага жанру. Першыя слоўнікі аўтэнтычных беларускіх
мітаў (пакуль што ня поўныя) апублікаваныя ў нашых часапісах «Адукацыя і
выхаванне» (1996) і «Мастацтва» (1997).
Крыху бэлетрызаваныя нарысы па беларускай міталёгіі апублікаваў Аляксей
Ненадавец у кніжцы «Святло таямнічага вогнішча» (Менск, 1993).
Вобраз чорта, дакладней нячысьціка, у беларускай літаратуры — новая тэма,
запачаткаваная Л. Юрэвічам. Чытач
знойдзе тут шмат цікавага й дасьціпнага. У тым ліку — алюзіі на гістарычны лёс
Савецкай Беларусі й на сучасную палітычную сытуацыю. І ўсё ж тут патрэбныя
таксама пэўныя камэнтары. Ніяк нельга раўняць беларускую «савецкую», а
дакладней нацыянальна-адраджэнскую літаратуру 1920-х, асабліва да 1927 г., і
«падчышчаную» літаратуру савецкую 30-х i наступных дзесяцiгодзьдзяў, зьнявечаную бальшавізмам. Асабліва калі гутарка ідзе пра
творчасьць Бядулі. З Купалам і Коласам
часам усё ж лічыліся, хоць калечылі; а Бядулю цалкам «абязбожылі»: з
адукаванага біблеіста зрабілі «навуковага» атэіста. А ў ягонай паэтычнай
міталёгіі ўсюды памянялі плюсы на мінусы. Вось пачатак Бядулевай паэмы
«Беларусь» з паэтычнага зборніка «Пад родным небам», выдадзенага таварыствам
«Адраджэньне» (1922):
Ты — летапіс з аповесьцяў вячыстых,
Акропленых сьлязамі дудароў.
Ты — яснацьвет ад водгульляў агністых
Жняёў, касцоў і старцаў-дудароў...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Сам Госпад-Бог хадзіў тут па зямліцы,
Усюль зіхцяць-відаць яго сьляды.
Па тых сьлядах красуюцца капліцы,
Па тых сьлядах брыдуць у даль Дзяды.
Зышліся тут Ярыла з Божым Сынам,
Сьвятая Маці з Доляю жыве.
У цяні дубоў пад старадаўным тынам
Iльля й Лясун расьселіся ў траве...
А вось тая ж «Беларусь» у атэістычным варыянце бальшавіцкіх выданьняў, у
тым ліку кнігі «Паэмы» за 1927 г.:
Цябе вякі, як мумію, спавілі
Папоўскай цьмой і панскім бізуном.
Сярод жывых ляжала ты ў магіле,
Паміж славян — між коласаў залом.
Касьцёл, царква жар-сонца заступілі,
Туманіў мозг вядзьмарскі забабон.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Як п’явак жмут, сасуць твой карк бажніцы,
А гандляроў — як плойма дымных хмар.
Радзіны, сьмерць, хаўтуры ці жаніцца,
Два махляры пры гэтым: поп, карчмар...
У артыкуле «Чорт, Янка Юхнавец ды
беларуская літаратура» Л. Юрэвіч прыводзіць
фрагмэнт з успамінаў Л. Галяка. У ім
гутарка ідзе пра канфлікт Лютэра з Скарынам: заснавальнік нямецкага
пратэстанцтва прыняў беларускага асьветніка за «чорта» й кінуў у яго
чарнільніцай [99—100]. На думку Л. Юрэвіча, мэмуарыст
мог прачытаць гэта ў творах Юхнаўца, аўтара нэаміталягічнай паэмы «Калюмбы»,
дзе рэальны пэрсанаж Скарына суіснуе зь мітам. Аднак жа агульнаю крыніцай
бэлетрызаваных варыяцыяў на гэтую тэму паслужыла хутчэй за ўсё апублікаваная ў
1839 г. кніга славіста Барталамэя Копітэра (1780—1844), дзе ёсьць разьдзел
«Гістарычнае пытаньне пра доктара Францiшка Скарыну зь
Літвы — мэдыцынскага факультэта Прагі, які рабіў падкопы супраць доктара Марцiна Лютэра». Нашага асьветніка Лютэр быццам бы прыняў за чараўніка ды
«інтрыгана ад д’ябла».
Чамусьці некаторыя крытыкі ў нас на Беларусі й за яе межамі
палічылі, быццам бы паэта Юхнаўца моцна пакрыўдзілі — крытыка й публіка. І пачалося
«кажденіе» вакол ягонай асобы й творчасьці. Але публіка — стыхія аб’ектыўная,
на яе ня варта крыўдзіцца. А крытыка бадай што не крытыкавала яго, скарэй
захвальвала — ад пачатку 50-х гг. да канца
нашага стагодзьдзя. Л. Юрэвіч прыводзіць
фрагмэнт з крытычнага нарысу П. Склюта (Ант. Адамовіча) «Пад зорамі белымі» (1953), дзе «цёмная
глыбіннасьць» Юхнаўца параўноўваецца зь філязофскай глыбінёю першаадкрывальніка
дыялектыкі Геракліта па мянушцы Цёмны [100—101]. У кніжцы Юрэвіча
друкуецца поўны тэкст палемічнай нататкі М. Панькова, дзе Юхнавец
абвяшчаецца вялікім наватарам, другім пасля Багдановіча выратавальнікам роднае
паэзіі, а іншыя паэты «як і тут, на эміграцыі, так і там, на Беларусі», —
статыстамі, што пішуць «пра камбайн, вечарынку, сенакос з думкай пра Сталіна
або пра бярозы, крушыны» [104]. Не абыйшлося без дыму кадзільнага і ў часопісе
«Крыніца», дзе друкаваліся нарысы пра творчасьць Юхнаўца й ягоныя творы. У
артыкуле Евы Лявонавай «Свята асацыяцый» гэты паэт абвяшчаецца вялікім
настаўнiкам, што разьвіў і пашырыў адкрыцьці філёзафа Плятона, драматурга
Мэтэрлінка, паэтаў Бодлера, Ахматавай, Эліата, урэшце, беларускага фальклёру й
Багдановіча. Здаецца, толькі Ганна Кісьліцына цьвяроза паглядзела на фальклёрна-мадэрнісцкую
паэзію Юхнаўца, замкнёную на індывідуальны душэўны дасьвед, што «дрэнна
сумяшчаецца з яго славай паэта-філосафа».
Вось і наш калега Юрэвіч піша аб райскіх матывах
«Юхнаўца-жывапісца, Юхнаўца-скульптара» й пра самабытную «філязофію Янкі Юхнаўца»,
для якога «аднолькава роднасным набыткам стаецца Эсхіл, Скарына, Гусоўскі,
Сартр, Ніцшэ» [105—106, 114—120]. Ян Чыквін у артыкуле «Набліжэнне
вандроўніка» таксама лічыць гэтага паэта «адкрывальнікам новых даляглядаў і
магчымасцяў развіцця айчыннай паэзіі».
Сам паэт Юхнавец у гутарцы з Алесем Бяляцкім, апублікаванай
у тым жа нумары «Крыніцы», аказаўся значна сьціплейшым. На пытаньні пра вытокі сваёй творчасьці
ён адказаў:
«Здаралася эгаістычнасць чытаць і
шанаваць М. Багдановіча, а
потым Я. Купалу; і
адпаведна вырабляўся характар, што адкладваўся ад цёткі Куліны, — любіць
народную творчасць [...]. Эстэтычнасць з’явілася павучыцца ў заходніх еўрапейскіх
паэтаў і празаікаў. Але пісаць пачаў па-свойскаму ад усведамлення: беларуская
творчасць — казкі».
Спроба наблізіць творчасць Янкі Юхнаўца да эўрапейскай клясыкі — ад Гамэра
да Багдановіча, на мой погляд, наіўная. Гэта розныя тыпы паэзіі — апалёнаўская
клясыка й дыёнісійскі мадэрнізм, самабытна выяўлены беларускім паэтам. Беларускі
мадэрнізм мае дачыненьне да народнай творчасьці, бо пачатак яе — таксама
карнавальны дыёнісізм. Не клясычны музычна-жывапісны, скульптурна-плястычны
фальклёр, а яго архаічныя жанры — замовы, заклінаньні, паганскiя малітвы. Мадэрнізм, а тым больш постмадэрнізм — ня космас, а вяртаньне да
хаосу, каб тварыць нанова. У тым ліку мову. Паводле
Бібліі (пераклад Ф. Скарыны): «В
начале сотвори бог небо й землю. Земл# же бh неплодна й неuкрашенна. И тмы были поверху бездны» (Быццё 1:1—2). Сваім калегам я параіў
бы лічыцца зь неаднатыпнасьцю паэзіі, як усякага іншага мастацтва. Тады іхнія
камэнтары да паэтычнага наватарства прыдбаюць большай аб’ектыўнасьці. Прыпамінаецца
верш Алеся Салаўя, напiсаны ў той час
(1947), калі беларускі мадэрнізм, здаецца, яшчэ не нарадзіўся:
Чалом, чалом, слухмяныя актавы,
і рыфмаў звон, і сьпеў радкоў, чалом.
Скасіў мадэрн ажыўчых сокаў травы,
а кветкі іх назваў вялікім злом.
Я з вамі йду пад полагам няславы,
дваццаты век нас выціснуў на злом
і на жанчын мужчынскія ўсклаў сподні
і пасадзіў саву на храм Гасподні.[10]
Мае заўвагі да кнігі Л. Юрэвіча ня ёсьць спрэчка розных сьветапоглядаў: тут
хутчэй — розьніца «поля зроку» й эстэтычнага «стажу». Большасьць ягоных нарысаў
я мог бы падпісаць «рукою ўласнаю». Адзначу толькі «дробязі», маючы на ўвазе,
што ў літаратуры іх няма. Свае крытычныя нататкі «Рыгор Крушына: Апостал
каханьня» (дарэчы: вобраз Апостала лепш пасуецца да любові, чым да каханьня)
аўтар пачынае з таго, быццам бы ў «Выбраных творах» (1957) гэтага паэта
«бясполая беларуская літаратура губляе сваю цнатлівасьць», бо тут «сувязь паміж
вобразам, мовай і эрасам найбольш відавочная» [124].
Ня варта, як той казаў, гаварыць «за
ўсю Адэсу». Беларуская літаратура сапраўды цнатлівая, цнатлівасьць яе не
«пераможана» Крушынам, нават самым Глёбусам. Але не бясполая паэзія Купалы й
Багдановіча. Альбо хоць бы бліжэй да нас — Куляшова, Танка. Эратычныя матывы
(не «лабавыя», а скрыта-сымбалічныя, гэта значыць мастацкія) пранізваюць
беларускі фальклёр, адкуль пачыналася нашая літаратура.
Нарысамі «Айцы марыяны» й «Пётра Татарыновіч» Л. Юрэвіч
пачынае дасьледаваньне гісторыі беларускай рэлігійнай думкі. Беларусь і тут
(насуперак «эўрапейскім» і прарасейскім забабонам) мае багатыя традыцыі — ад
Кірылы Тураўскага і ўніяцкага рэлігійнага досьведу да тых жа марыянаў.
Беларускія сьвятары, тэолягі й грамадзкія дзеячы Адам Станкевіч, Леў Гарошка,
Андрэй Мякота, Язэп Германовіч, Часлаў Сіповіч, Пётра Татарыновіч набылі
сусьветную вядомасьць. Праблемы культуры беларускага далёкага замежжа (тэатар,
драматургія, музыка, лексыкалёгія) істотна дапаўняюць кнігу, пашыраюць яе
тэматычны дыяпазон.
Дачытаўшы да канца кнігу Юрэвіча, я пагадзіўся зь яе
загалоўкам. Сапраўды, кожны разьдзел — гэта дасьціпна напісаныя камэнтары да
багатай рукапіснай спадчыны, апрацаванай, выбранай і падрыхтаванай да друку
спадаром Лявонам. З уласнага вопыту ведаю: гэты жанр — самае працаёмкае дасьледаваньне ў
гуманітарных навуках. Шматлікія фрагмэнты зь лістоў Міхася Міцкевіча да Юркі Вiцьбіча адкрываюць чытачу новы воблік малодшага брата Якуба Коласа,
выдатнага бэлетрыста, журналіста, мовазнаўцы, чалавека шырокай навуковай
эрудыцыі. Выняткі зь ліставаньня Ларысы Геніюш зь пісьменьнікамі беларускай
дыяспары дапаўняюць нашае ўяўленьне пра паэтку — рыцара Маці-Беларусі ў жаночым
вобліку.
Беларуская літаратура за рубяжом
прайшла драматычны шлях, дала багаты творчы плён. Без падтрымкі «сваёй» дзяржавы.
Але былі самаахвярныя рупліўцы, супрацоўнікі Беларускага Інстытута Навукі й
Мастацтва. Гэта яны здолелі захаваць, апрацаваць і данесьці да чытача раскіданую
па ўсім сьвеце літаратурную й навукова-асьветную спадчыну. Сярод іх сёньня
хораша працуе Лявон Юрэвіч.
21 студзеня 1999
Ул. Конан.
Пра «Архіўную кнігу» // Полымя. 1998. №7. С. 269—280.
Полымя.
1997. №9. С. 301—310.
Ул. Конан.
Беларускі музыка-Арфей // Полымя. 1992. №11. С. 149—158; Яго ж: Біблейскія
вобразы і матывы ў беларускім фальклоры // Беларусіка=Albaruthenica.
Кн. 4. Мн., 1995. С. 11—20; Яго ж: Біблейскія архетыпы і сімвалы ў
беларускай літаратуры // Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 6. Ч. 1. Мн.,
1997. С. 169—176.
Николай
Бердяев. Смысл истории: Опыт истории человеческой судьбы. V. Изд. 2. Paris, 1969. С. 29.
Ул. Конан.
Архетыпы нашай культуры: Міфы і міфалагемы // Адукацыя і выхаванне. 1996. №№1,
3—11; Яго ж: Славянская міфалогія ў кантэксце беларускай культуры // Мастацтва.
1997. №№4, 6, 7, 8, 11, 12.
Фрагмэнт пра Скарыну й Лютэра перадрукаваны ў перакладзе з лацінскай на
беларускую мову ў кн.: Францыск Скарына і яго час: Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1988. С. 580; Францыск Скарына: Зб. дакументаў. Мн., 1988.
С. 77—80.
Крыніца. 1996. №2(18). С. 2—23.
Ян Чыквін. Далёкія і блізкія:
Беларускія пісьменнікі замежжа. Беласток, 1997. С. 89.
Крыніца.
1997. №6(32). С. 38.
|