|
Феномен творчасці Сакрата Яновіча
Уладзімір Гніламёдаў
(Менск)
Постаць гэтага таленавітага літаратара добра вядома і на яго радзіме — у Беласточчыне, і ў Рэспубліцы Беларусь. Сёлета Сакрат Яновіч — гаворка пра яго — адзначае сваё 60-годдзе. За спіною — багаты творчы набытак, шмат кніг, прынятых чытачом, шырокі абсяг грамадскіх клопатаў. Ёмісты вопыт пражытага і перажытага.
Нарадзіўся ён у Крынках, у сям’і мясцовага шаўца Канстанціна Яновіча, які меў яшчэ і гаспадарку — кавалак поля ў тры гектары. Рос я, — успамінае Сакрат, — паміж атыкай сінагог, стройнай готыкай і візантыйскім харалам — у сонечнай даліне, Крынках. Думку аб магчымасці і нават натуральнасці суіснавання розных культур увабраў у сябе яшчэ, так сказаць, з дзяцінства. Вершы пачаў пісаць у школе — па-польску і па-руску. Беларускую мову я, — зноў успамінае ён, — прызнацца, не любіў. Па местачковай традыцыі. Адначасна, я не мог адкінуцца ад яе, „простай”, каб не аказацца тым, хто здрадзіў сам сабе! Ні ад каго пазычаная яна, ані крадком сцягнутая. Думаецца мне зараз, што гэтым дакранаюся я да тае Ахілесавае пяты нашай нацыянальнай годнасці, да цэлага комплексу яе пераддарослай нявыяўленасці, псіхалагічна-культурнай няспеласці беларускага тыпу асабовасці, схільнага да паклонніцтва перад кімсьці, і ўнутранай патрэбы шукаць дазволенасці дзеля свайго з боку іншых... (Беларускі каляндар, Беласток, 1982, с. 206).
Гэтак ён тлумачыць абставіны свайго вяртання да беларушчыны. І яшчэ:
Слова — гэта галоўны інструмент пісьменніка, — казаў ён у адным інтэрв’ю. — Слова роднае і слова навучанае — гэта не адно і тое ж. Слова роднае прыйшло разам з табою на свет, слова вывучанае — набытае, бы нейкая мэбля. З двух малаткоў, якімі карыстаецца майстар, адзін заўсёды ляжыць яму ў руцэ лепей, чымсьці другі. У мастацкім сэнсе, значна больш можаш дасягнуць, карыстаючыся родным словам... (Беларускі каляндар, Беласток, 1991, с. 72).
Пасля школы скончыў электратэхнікум (1955), а потым аддзяленне беларускай філалогіі Настаўніцкага інстытута (1962) у Беластоку і факультэт польскай філалогіі Варшаўскага універсітэта (1973), працаваў журналістам у „Ніве”. З першымі празаічнымі творамі дэбютаваў у сярэдзіне 50-х гадоў, а кнігу — зборнік апавяданняў і мініяцюр Загоны выдаў у 1969 г. Зрэшты, вызначыць жанр, ці хаця б тое, паэзія гэта ці проза, было не проста. Быццам і проза, але, настоеная на паэтычным водары, не паддавалася пераказу.
Вось замалёўка "Касец":
Неба распаленае да беласці. Усюды, як вокам кінуць, гоні. Вось і жніво настала!
Удыхаю пах хлеба, не спяшаючы скідаю з плячэй касу і вастру яе. Жаўрук у высі славіць працавітасць маю аж па суседнія вёскі. Першым я выйшаў у поле!
Сівавусыя каласы кланяюцца ў пояс і просяцца:
— Дай пажыць, дай пажыць, дай пажыць...
А мне весела ад іх роспачы.
Аўтар імкнуўся браць жыццё на драматычных разломах, на ўзаемасувязі яго паэзіі і трагічнай безвыходнасці. Антынамічнасць жыццеўспрымання, унутраная канфліктнасць застаюцца важнейшымі ідэйна-стылявымі рысамі яго творчасці.
У першых навелах назіраем шырокі разліў шчымліва-сентыментальнага лірызму. Вось эцюд Валошка (так на Беласточчыне называюць васількі):
Кропля блакіту ў спелым жытнёвым узмежку. Заглядаюцца зайздросна каласы, натапырыўшы вусы.
Сыплеш смехам, сінявокая, і пошум таемнай надзеі коціцца па гонях. Трывожыць і падае сілу ў спякотным лёсе.
Свет малюткі сівее ў склератычным адранцвенні. Серп смерці пакідае цябе драпежным асеннім вятрам. Збыткуюць, глумяцца над пялёсткамі ўдавінай прыгажосці. Росную свежасць палошчуць сцюдзёныя ліўні. Ад знямогі горбішся ў паірдзеўшай дзярніне.
Ціха паміраеш.
Гэта — тонка адчутая пісьменнікам (паэтам?) падвойнасць зямнога існавання, пастаянная прысутнасць у ім жыцця і ўмірання, чагосьці такога, што не залежыць ад чалавека. У гэтым сэнсе я б назваў маленькімі шэдэўрамі навелы Нешчаслівы выпадак, Далейшае жыццё Манькі і яе смерць, Нянавісць малога нявольніка. Ды і многія іншыя! Пабудаваныя паводле законаў паэзіі, яны не паддаюцца пераказу, таму я адсылаю чытача непасрэдна да арыгіналаў. У іх адлюстроўваўся ўласцівы гэтаму мастаку архетып драматычнага ўспрымання быцця. Яго цікавяць не столькі мысленне чалавека, не столькі свядомасць, колькі першасная стыхія — стыхія падсвядомага, якая і штурхае чалавека на ўчынкі, вызначае лёс. Эстэтычная рэальнасць пісьменніка — рэальнасць таго старажытнага пушчанскага краю, дзе нарадзіўся аўтар. Тут шмат нейкай першабытна-вобмацнай рэчыўнасці, прыродных пахаў і колераў, шмат зыркіх промняў паэзіі ў яе расяной свежасці.
Я поўны скаргаў на Гісторыю! — скрушна прызнаецца ён у адным з эсэ, і нам гэтыя скаргі блізкія і зразумелыя. Але ёсць рахункі і з сучаснасцю. У пачатку 70-х гадоў давялося пакінуць „Ніву”. Пратэстуючы супраць бюракратызацыі ўлады, быў вымушаны пайсці на „чорную работу” — рабіў кладаўшчыком, тэхнікам бяспекі працы... (Беларускія пісьменнікі, т. 6, с. 501).
Пасля Загонаў кнігі С. Яновіча выходзілі і ў Беластоку, і ў Варшаве, і ў Лондане, і ў Мінску. У Мінску гэта быў зборнік прозы Сярэбраны яздок (1978), у які ўвайшла аднайменная аповесць пра паўстанне 1863 г. на Беларусі (вобраз Кастуся Каліноўскага) і навелы.
Адзін з калегаў С. Яновіча — Міхась Шаховіч — зазначыў: Яго творчасць поўнасцю асаджаная ў Беласточчыне. І, дададзім, гэтага яму ўпаўне дастаткова, каб на мясцовым матэрыяле мадэліраваць праблемы агульначалавечай экзістэнцыі. Увагу пісьменніка прыцягвае многае: чалавечая свядомасць, суадносіны мінулага і будучыні, узаемасувязь вёскі і горада, праблема бацькоў і дзяцей, працэсы ўзнікнення адчужанасці паміж чалавекам і светам. Героі С. Яновіча ў значнай частцы людзі-маргіналы, якія ў свой час з вёсак падаліся ў гарады з надзеяй напаткаць чалавечую долю, але, як правіла, іх чакала расчараванне. Ён пераканаўча паказвае, як у свядомасці такіх людзей нараджаюцца пэўныя комплексы, звязаныя найчасцей з іх вясковым паходжаннем. Гэта добра відаць у аповесці Самасей (1978), герой якой Андрэй Антошка — тыповы маргінал, што „завіс” паміж горадам і вёскай, мінулым і будучыняй. Не раз ён спрабуе разабрацца ў самім сабе, у сваім лёсе, але гэта яму ніяк не ўдаецца.
Такая ж і Настуся-пані, з аднайменнай навелы:
Кожную наступную ўладу яна ўспрымала як нецярплівейшы гнеў нябёсаў на народ за грахі. Паны секлі бізунамі; свае заеліся вывалакаць у Сібір адзін аднаго; немец прыбіўся — кулю ў лоб ды ў пясок! Прычакалі й пекла: сусед суседа лупіў, са свету зводзіў брат брата (яе качалі і бралі пад сябе заполянскія кавалеры, што з вінтоўкамі рабавалі хутары).
Усяго зазнала, перацярпела.
Тут цэлая эсхаталогія свету!
Роздум над лёсам Беларусі знайшоў адбітак у кнігах эсэ Беларусь, Беларусь (1987) і Terra incognita: Беларусь (1993) — абедзве выйшлі па-польску, паколькі адрасаваны перш за ўсё польскаму чытачу.
Пра жанр кнігі Беларусь, Беларусь М. Гайдук пісаў: ... сярмяжная старэча-гутарка пад яго пяром закрасавала ўсімі прывабнасцямі сучаснай літаратурнай элеганткі. („Ніва”, 1987, 3 мая).
С. Яновіч хоча ўступіцца за радзіму:
Ціха ты, Еўропа! — нацыя мая родная ўжо пры смерці, мову ёй адымае. І не трубі на ратунак, захварэла яна па-мужыцку невылечна. Няхай спакойна на той свет адыдзе, без пакутаў дарэмных, сябе і іншых не мучачы лішне. Даволі і так пажыла, ледзь з духам нарадзіўшыся, жыццё сваё пракаратаўшы так-сяк, з горам ды з бядою. Як неўдалота вясковы, яна найбольш сама сябе заядала; беднаму ўсё вецер у вочы, а багатаму чорт дзяцей калыша. Нацыя беларуская, ты як бабуленька непатрэбная, калі ўнукаў пагадавала, — дабрынь твая перастала даваць карысць. Задобрай ты была, занадта спагаднай і падатлівай у новы час, у які шануюць таго толькі, каго баяцца. Божамаці народаў ты, Беларусь, без права на быт рэальны, а ўсяго на легенду паклонную. Ікона не дае хлеба, таму не ўсе да яе моляцца.
І ён не таму неадступны ў сваёй беларускасці, што мае моцны характар, а хутчэй таму, што чулы па натуры, душэўны...
Дык хто ён — Сакрат Яновіч? У чым яго феномен? Чым глыбей яго ведаеш, тым больш ён здзіўляе маштабамі і незвычайнасцю сваёй індывідуальнасці: паэт, празаік, эсэіст, публіцыст, аналітык, гісторык, культуролаг, сацыёлаг, псіхолаг, філосаф, мараліст і яшчэ, і яшчэ. Пры ўсім гэтым гэта чалавек з вельмі нізкім болевым парогам — мяккі і пяшчотны, тэмпераментны і ваяўнічы адначасова. Такім яго нарадзіла Беларусь ХХ стагоддзя, шматпакутная Беласточчына, якая з’яўляецца яго малой радзімай. Калі б ён жыў, умоўна кажучы, у Маскве, то гэта быў бы, можа, Салжаніцын, у Кіеве, скажам, Алесь Ганчар, у Мінску — другі В. Быкаў. На Беласточыне ён — Сакрат Яновіч, і гэтым многае сказана. Яго заўсёды гнеўна непакоіла няразвітасць нацыянальнай свядомасці беларусаў, іх неабуджанасць, прымітыўны стан пачуцця асобы. Тэмперамент мастака заўсёды відаць, калі ён звяртаецца да гэтых тэм.
Усе мы хварэем на комплекс нацыянальнай непаўнаты, непаўнацэннасці. Усе — за выключэннем нямногіх. Сярод гэтых нямногіх — Сакрат Яновіч.
Заядала і заядае нас, — на яго думку, — правінцыяльнасць, лёкайская спадчына паншчыны. Каланіяльная псіхалогія, якой куды цяжэй пазбыцца, чымсьці самога каланіялізму (Беларускі каляндар, Беласток, 1988, с. 138).
Адзін з яго самаіранічных псеўданімаў Колька Сплюх таксама ўсёй вастрынёй свайго зместу скіраваны супроць гэтай „каланіяльнай псіхалогіі”.
Але нацыянальная праблематыка — гэта яшчэ не ўвесь Яновіч. Яго герой — гэта не толькі беластоцкі беларус, а чалавек наогул, у сваёй родавай сутнасці. Такім ён прадстае ў аповесці Сцяна (скончана ў 1993 г.), якая нагадвае некаторыя рэчы Ф. Кафкі (раманы Амерыка, Замак і інш.). Дзеля чаго існуе чалавек ці яго жыццё бессэнсоўнае? — вось адно з тых пытанняў, якія ставяцца ў Сцяне. Аўтар, а разам з ім і мы працяглы час былі сведкамі таго, як сэнс жыцця і носьбіт гэтага сэнсу — чалавек існавалі паасобку, ва ўмовах недаверу і варажнечы. Такі — Сцяпан Сумленевіч, які вядзе бясслільнае змаганне са „сцяной” — магутным дзяржаўна-бюракратычным апаратам. Экзістэнцыялізм С. Яновіча ў гэтай аповесці заключаецца не проста ў тым, што ён адлюстроўвае жыццё, а ў тым, што малюе яго такім, якім яно дадзена ў чалавечай свядомасці.
Пісьменнік бачыць, што ў кожным жыве інстынкт эгаіста, які капіўся стагоддзямі. У гэтым і заключаецца, паводле С. Яновіча, наша экзістэнцыя. Інертнасць чалавечай прыроды — асноўны аб’ект мастацкага пазнання. Адкуль бярэцца дурнота? — гэтакім пытаннем ён задаўся яшчэ ў пачатку 60-х, ля вытокаў сваёй пісьменніцкай кар’еры, авалодваючы уменнем пранікнення ў сутнасць з’яў. Бездухоўны чалавек прадстае ў яго творах ва ўсім сораме голасці (выраз самога С. Яновіча). Ці не пра такіх голых ён пісаў яшчэ ў 1969 годзе:
Ідуць тыя, янычары імперыі АБЫ — ЖЫЦЬ, з шаблямі крывымі, як сумленне, з мушкетамі, набітымі кулямі бяздумнасці. Ім усёроўна, чыю зямлю топчуць; ідуць: левай, правай, левай!..
Ужо тады было ў яго ўсведамленне дысгармоніі фізічна здаровага, але тупога, нячулага варварства і сарамяжлівай, рэфлектуючай маральнасці.
Ён паслядоўна выступае супраць чалавечага адчужэння і ўсемагутнай энтрапіі:
Куды прападае людская праца? — палі зарастаюць хмызам, украпівелыя сядзібы нагадваюць сабою колішнія могілкі з руінаю капліцы, а ўнукам нашым манерным і не ў здагад нават тое, што ёсць жа ў іх дзяды ды прадзеды... Народ мой хворы бяспамяццю... (Рэмінісцэнцыі)
Але ён разам з тым разумее, што адчужэнне і, шырэй, энтрапія — працэсы аб’ектыўныя, у чымсьці непазбежныя, з якімі, аднак, трэба змагацца! І ён змагаецца. Экзістэнцыяльнасць яго творчасці — у яскравай індывідуальнасці аўтара, у драматызме яго светаадчування, ва ўсведамленні адказнасці за тое, што адбываецца ў свеце. Індывідуальны стыль даваўся і даецца яму нялёгка, таму яго стыль і мова мастака — гэта адпаведнікі яго светапогляду і светаўспрымання. Стыль С. Яновіча — гэта ўслаўленне і барацьба, услаўленне паэзіі жыцця і барацьба з працэсамі забыцця. У яго творах знаходзім дакладнасць перажываемага аўтарам стану і дакладнасць апісваемай падзеі адначасова. У цэлым гэта стыль „цяжкога року” (даруйце за выкарыстанне музычнага тэрміну), які дае мастаку прастору для разгарнення яго эстэтычнай і маральна-этычнай праграмы, для стварэння свайго альтэрнатыўнага свету — разнастайнага каталогу лагічных і абсурдных структур з гісторыі і паўсядзённасці.
Творчасць С. Яновіча, на маю думку, звязана з барачным мастацтвам, з тымі нацыянальнымі экзістэнцыяламі, якія выразна адбіліся ў беларускай літаратуры папярэдніх, больш старажытных эпох (Баркалабаўскі летапіс, Прамова Мялешкі, Ліст да Абуховіча і інш.).
Працуе С. Яновіч апантана, з нейкім нават душэўным надрывам, апошнім часам яго проза страсае з сябе лішнюю паэтычнасць, становіцца больш і больш аналітычнай: кнігі Доўгая смерць Крынак, 1993; Даліна, напоўненая лёсам, 1993 (на польскай мове).
С. Яновіч лічыць: Ніхто не піша дзеля самога сябе. Пісьменнік — гэта непапраўны эстэт душы, мараліст, даследчык і рэфарматар чалавека ўрэшце („Літаратура і мастацтва”, 1994, 16 верасня).
У гэтым сутнасць творчых намаганняў і самога С. Яновіча. Сёння ён з поспехам перакладае Казімежа Браканецкага. Гэта, думаецца, шлюб па каханні. Перакладчыку блізкі і пафас і канцэпцыя творчасці гэтага сучаснага польскага пісьменніка, пра што сведчыць хаця б такі ўрывак з Сшыткаў адзінага (твор К. Браканецкага):
Пішу вершы, бо ненавіджу, бо хачу ненавідзець, бо хачу нешта выратаваць, дабіцца адкуплення, бо бачу адходы жыцця, фрагменты велічы, кавалкі мяса, якое роспачна кліча да сябе тую гістарычную і тую экзістэнцыяльную ўпэўненасць, бо хачу схапіцца са светам цэлым, бяссэнсавай, містыфікаванай гісторыяй, злачынствамі разбойнымі, махлярствамі, войнамі. Пішу, бо не ведаю, бо хачу ведаць, бо баюся ўласнага зла, яго актыўнага ўяўлення, бо наванітна абрыдлі мне сэрвілізм, прапаганда, чэрнь тратуарная, бо няўпэўнены я ў Богу, у рацыі, у дзяржаве, бо ўпэўнены я ў болю, у зняверанасці, у крыку, бо хачу ўпэўніцца ў самавызначальнасці дабра і свабоды („Крыніца”, 1995, № 5, с. 105).
С. Яновіч таксама за тое, каб дамагчыся ў сваіх творах бязлітаснай праўдзівасці.
С. Яновіч належыць да тых пісьменнікаў, хто сваёй творчасцю ў многім памяняў ідэйна-філасофскі і эстэтычны статус беларускай літаратуры на Беласточчыне, прымусіў лічыцца з гэтай з’явай нацыянальнай культуры. Сучаснасць мае пільную патрэбу ў феномене С. Яновіча — у гэтым нястомным беларускім Сізіфе, які, нягледзячы ні на што, коціць свой камень-валун на самую вяршыню жыцця, прагнучы духоўнага і маральнага абнаўлення свету.
Сёння можна з упэўненасцю канстатаваць, што творчасць знакамітага „белавежца” перасягнула межы рэгіянальнай вядомасці і становіцца дасягненнем еўрапейскага кшталту.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|