Сучасная беларуская літаратура ў Нямеччыне
Норберт Рандаў
(Берлін)
Спачатку хачу падзякаваць Вам за ласкавае запрашэнне прыняць удзел у святкаванні шасцідзесяцігоддзя выдатнага пісьменніка і выступіць на ім з прамоваю. Але каб вы не былі потым расчараваны, мушу з самага пачатку папярэдзіць, што прамова мая не будзе навуковым дакладам і я ў ёй толькі ў апошняй частцы звярнуся непасрэдна да пана Сакрата. Пра абазначаную тэму — „Сучасная беларуская літаратура ў Нямеччыне” — я буду гаварыць з пункту гледжання майго зусім асабістага вопыту. І вы ўбачыце, як вядомая была ў нас беларуская літаратура прыкладна тры дзесяцігоддзі таму назад, як марудна ішло яе пашырэнне, чаму сёння — і спадзяюся, што і ў будучым — становішча дае падставы для пэўнага аптымізму.
Тэма ўспрымання беларускай літаратуры ў Нямеччыне — праўда, толькі ў адной яе частцы — навукова разглядаецца ў дзвюх кніжках майго сябра Уладзіміра Сакалоўскага Пара станаўлення і асабліва Беларуская літаратура ў ГДР, якія выйшлі ў Мінску ў другой палове васьмідзесятых гадоў.
Тое, што я раскажу Вам цяпер, будзе паведамленнем пра нялёгкі шлях, які давялося прайсці мне асабіста, каб зарыентавацца ў беларускай літаратуры і яе развіцці. Перш за ўсё невялічкая заўвага: па сваёй асноўнай спецыяльнасці і інтарэсах я балгарыст; пасля аб’яднання Германіі вярнуўся ў Берлінскі універсітэт імя Гумбальдта менавіта як балгарыст.
Спачатку скажу пра тое, як у мяне наогул узнікла гэтае жаданне. Калі я ў тысяча дзявяцьсот шэсцьдзесят пятым годзе, пасля трохгадовага турэмнага зняволення ў ГДР, да якога мяне прысудзілі, у прыватнасці, і за — як тады так цудоўна гучала — валоданне „антысавецкім памфлетам” Доктар Жывага, зноў апынуўся на волі, праўда, вельмі ўмоўнай, мая малодшая сястра была ўжо замужам за беларускім афіцэрам савецкіх акупацыйных войск у Германіі. Ён, германіст, даў сябе ўгаварыць пайсці на нейкі час служыць перакладчыкам у ГДР. Зразумела, мяне вельмі зацікавіла, з якім народам вось такім чынам парадніла мяне сястра. Пасля турмы мне быў зачынены шлях вярнуцца назад ва універсітэт, дзе я да шэсцьдзесят другога працаваў асістэнтам, ці заняць якую-небудзь іншую пасаду, і таму я вырашыў на свой страх і рызыку хоць пазнаёміцца з культурай і гісторыяй беларускага народа. Бо як жа іначай можна лепей зразумець менталітэт ці — іншымі словамі — душу народа, як не праз набыткі яго вялікіх пісьменнікаў?
Першае, што мне адразу кінулася ў вочы, быў той факт, што ў Германіі для беларускага народа няма нават агульнапрынятай назвы; да сённяшняга дня яго, з трох усходнеславянскіх народаў бліжэйшага народа немцаў, як толькі не завуць у нас: i Weißrussen i Weißruthenen i Belorussen ці Bjelorussen. Лёс яго на працягу апошніх двух стагоддзяў неяк сцёр з нашай памяці тое, што ў гэтага народа ёсць свая ўласная гісторыя, якую ён не адзін раз у гэтым стагоддзі спрабаваў вярнуць сабе; што ён стварыў спецыфічную культуру і мае ўласную мову, якая ў нялёгкіх умовах ціску з боку перш за ўсё рускай мовы спрабуе ўтрымаць свае пазіцыі. Нямецкая славістыка да сённяшняга дня ўсё яшчэ больш або менш абмінае беларускую мову і літаратуру.
Як бачыце, цьмяныя ўяўленні пра Беларусь і беларусаў пачаліся ўжо з іх розных назваў. Да таго ж на іх адчувалася і пячатка ідэалогіі: Weißruthenien, сцвярджалася ва Усходняй Германіі, гэта фашысцкая назва, хоць у публікацыях дваццатых гадоў у Мінску на нямецкай мове ўжывалася, як правіла, толькі назва „Weißruthenische савецкая сацыялістычная рэспубліка”. Назва „Weißrussen” стала прабіваць сабе дарогу ў Германіі ў апошнія гады. У ГДР рэкамендавалася ўжываць моўную канструкцыю-гермафрадыт „Belorussen” — усе іншыя назвы лічыліся рэакцыйнымі і былі фактычна забаронены.
Гэтая неакрэсленасць была, аднак, толькі пачаткам цяжкасцей. Гучыць амаль неверагодна, але да сённяшняга дня ў Германіі няма ні падручніка, ні граматыкі, ні нават слоўніка мовы дзевяцімільённага еўрапейскага народа, які ў свой час быў адным з заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, хоць і на правах марыянеткі Савецкага Саюза. Я мусіў разлічваць толькі на самога сябе і з цяжкасцю авалодваў беларускай мовай, чытаў з дапамогаю беларуска-рускага слоўніка, які не аднойчы прабуксоўваў. Я прагнуў як мага хутчэй пазнаёміцца з літаратурай, напісанай на гэтай мове, і таму задавальняўся толькі пасіўным вывучэннем беларускай мовы — гэта я з жалем мушу адзначыць цяпер.
Што ж уяўляла сабою літаратура, якую мы маглі чытаць у арыгінале ва Усходняй Германіі? На шчасце, пасля майго вяртання з турмы часопісы „Полымя” і „Маладосць” якраз у гэтыя некалькі гадоў мелі адносную свабоду, і я ўспамінаю, што першая кніжка, якую я прачытаў з дапамогай сястрынога мужа на мове арыгінала, быў раман Васіля Быкава Мёртвым не баліць. Мабыць, няма патрэбы гаварыць Вам, што кніжка не толькі моцна ўразіла мяне смеласцю паказу паводзін чалавека на вайне, але і проста-такі захапіла. Я прапанаваў аднаму ўсходнеберлінскаму выдавецтву перакласці яе і атрымаў заказ напісаць на раман унутраную рэцэнзію. Выдавецтва заказала яшчэ адну рэцэнзію; абедзве рэцэнзіі рэкамендавалі, можа крыху захоплена, перакласці кнігу на нямецкую мову. На працягу пасляваенных дзесяцігоддзяў цэнзура ва Усходняй Германіі стала вельмі вытанчанай — межы публікацый былі гэтак добра вядомы выдавецкім супрацоўнікам, што іх часта не пераходзілі ўжо тады, калі рабілася прапанова аб перакладзе кнігі. Выдавецкія рэдактары мелі тонкі слых адносна таго, што пройдзе або не пройдзе цэнзуру. Так было і з Мёртвым не баліць. Першыя дзве рэцэнзіі здаліся адказнаму рэдактару вельмі ўжо станоўчымі, і таму ён заказаў яшчэ дзве. Мабыць, і ў іх гучала рэкамендацыя-захапленне. Раман Мёртвым не баліць стаў у Савецкім Саюзе канцом перыяду адлігі. Супраць кнігі і яе аўтара была развязана кампанія ганення, якую ўзначаліла ваенная газета „Красная звезда” і якая прывяла да нападу на кватэру Быкава.
У выніку адмовы публікацыі кнігі ва Усходняй Германіі і цкавання яе і аўтара ў Савецкім Саюзе яна хутка выйшла ў заходненямецкім выдавецтве Прапілеі.
Зразумела, што пасля гэтай няўдачы я перш за ўсё стаў шукаць нямецкія пераклады твораў беларускай літаратуры. Усе яны — колькі іх там — былі перакладзены на нямецкую з рускай. І гэта было бачна ужо з таго, што імёны і геаграфічныя назвы перадаваліся ўсе без выключэння ў русіфікаванай арфаграфіі. Акрамя таго, беларускія кніжкі на нямецкай мове можна было палічыць на пальцах калі не адной, дык дзвюх рук. Вось гэтыя пераклады: тоненькая кніжачка вершаў Максіма Багдановіча, якая выйшла адразу пасля вайны ў Заходняй Германіі — я хутка пераканаўся, што гэта хутчэй парафразы чым пераклады. Потым я знайшоў раман Макара Паслядовіча Цёплае дыханне, раманы Тараса Хадкевіча Рэха ў гарах і Вяснянка і Янкі Брыля У Забалоцці днее. У тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят чацвёртым і шэсцьдзесят пятым гадах нарэшце выйшла некалькі аповесцей Васіля Быкава Трэцяя ракета, Пастка і Адна ноч. Да гэтага можна дадаць яшчэ дзве драмы Кандрата Крапівы, надрукаваныя на пачатку пяцідзесятых гадоў для карыстання супрацоўнікаў тэатраў — і недаступныя мне. Акрамя таго, было яшчэ некалькі апавяданняў беларускіх аўтараў, змешчаных у анталогіях або часопісах, дзе яны не былі пазначаны як творы беларускай літаратуры, а ішлі пад агульнаю назваю Савецкія пісьменнікі.
Вышэйпералічаныя творы і складалі ўсе набыткі беларускай літаратуры, даступныя мне на нямецкай мове ў тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят пятым годзе.
Каб лепей разабрацца ў праблематыцы, але зрабіць гэта не дарма, бо мне трэба было неяк зарабляць на жыццё, не маючы нідзе магчымасці атрымаць пасаду, я дамовіўся з усходнеберлінскім выдаветвам Volk und Welt скласці анталогію новай беларускай літаратуры — беларускага апавядання, і напісаць пасляслоўе, дзе на пяцідзесяці старонках зрабіць агляд яе развіцця, каб такім чынам давесці да чытача ў Германіі сам факт яе самастойнага існавання. Выдавецтва згадзілася падаваць усе імёны ў транслітэрацыі арыгінальнай беларускай арфаграфіі, а я пайшоў на кампраміс і адмовіўся ад ужывання назваў „weißrussisch” i „weißruthenisch” на карысць назвы „belorussisch”.
Прыняць рашэнне было лягчэй чым выканаць яго. Спачатку я пераканаўся, што не існуе добрай гісторыі літаратуры. Два тамы Гісторыі беларускай савецкай літаратуры, якія выйшлі ў тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят чацвёртым і шэсцьдзесят шостым гадах, дазвалялі ўбачыць, якою багатаю была беларуская літаратура пасля першай сусветнай вайны. Аднак каноны гэтай гісторыі выклікалі ў мяне моцнае сумненне. Паміж радкоў я мог прачытаць сёе-тое, што пацвярджала гэтае ўражанне, як, напрыклад, глумлівыя заўвагі пра Андрэя Мрыя на старонцы шэсцьдзесят чацвёртай першага тома. Пагэтаму я перш за ўсё паспрабаваў адшукаць творы Андрэя Мрыя. Па міжбібліятэчнаму абмену я атрымаў выдадзеныя ў тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят восьмым годзе ў Мюнхене Запіскі Самсона Самасуя і такім чынам пазнаёміўся з цудоўным сатырыкам. Па міжбібліятэчнаму абмену атрымаў я і кніжку Лукаша Калюгі, таксама выдадзеную ў Мюнхене. У інстытуце славістыкі Берлінскага універсітэта імя Гумбальдта знайшліся два першыя гадавыя камплекты часопіса „Узвышша”, якія дазволілі мне ўбачыць у нескажоным і несфальсыфікаваным выглядзе карціну беларускай літаратуры дваццатых гадоў. Асабліва праз кнігу Антона Адамовіча Opposition to Sovietization of the Byelorussian Literature — яна таксама выйшла ў Мюнхене ў пяцідзесятых гадах — напоўніліся жыццём імёны, якія дагэтуль ужываліся толькі як імёны ворагаў народа або наогул замоўчваліся. Аднак сярод іх былі не толькі празаікі, а і паэты. Неўзабаве, у тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят дзевятым годзе, у Мінску выйшаў другі том Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры, які быў крокам далей на шляху да праўды пра беларускую літаратуру, хоць у ім усё яшчэ амаль нічога не гаварылася, напрыклад, пра самы значны твор Максіма Гарэцкага Дзве душы.
З дапамогаю сяброў сястры і яе мужа ў Мінску мне ўдалося нарэшце атрымаць творы аўтараў, якія цікавілі мяне, асабліва, побач з пісьменнікамі, ахвярамі тэрарыстычнага сталінскага апарата. Такім быў Алесь Гарун. Акрамя таго, часопіс „Полымя” апублікаваў якраз у гэтыя гады вялікую колькасць дагэтуь забароненых твораў, напрыклад, Калюгі і Гарэцкага. Усё гэта дазволіла мне паступова акрэсліць змест маёй анталогіі. У „Узвышшы” я знайшоў апавяданне Камандзір Мрыя, якое моцна ўразіла мяне; яго адразу ж адхіліў выдавецкі рэдактар, які меў добрае чуццё наконт якасцей твора.
Запланаваную выдавецтвам паездку ў Мінск, падчас якой я разлічваў знайсці новы матэрыял, адхілілі. На пачатак шэсцьдзесят восьмага года Stasi забараніла мне ўсе паездкі за мяжу, і гэтая забарона існавала на працягу сямі гадоў. Каб стварыць сабе ясную карціну беларускай літаратуры і не сказіць яе поўнасцю, мне прыйшлося разлічваць толькі на тое, што я мог атрымаць у Берліне, з Мюнхена і ад мінскіх сяброў. За выключэннем першага тома двухтомнай анталогіі беларускага апавядання, выдадзенага ў Мінску ў тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят сёмым годзе Сцяпанам Александровічам і Янам Скрыганам, усе іншыя беларуска або рускамоўныя анталогіі як дапаможнікі былі амаль непрыгодныя для арыентаці. У зборах твораў беларускіх пісьменнікаў, якія я мог атрымаць ва Усходнім Берліне, мелася мноства пропускаў, фальсіфікацый і замоўчвання забароненых прозвішчаў. Нягледзячы на гэта, мне ўдалося, па-мойму, даць больш-менш аб’ектыўны агляд развіцця беларускай літаратуры — і не ў апошнюю чаргу па простай прычыне, што ў нас не было спецыяліста па беларускай літаратуры. Так, напрыклад, у анталогію ўвайшло апавяданне Алеся Гаруна, чые творы ўсё яшчэ не дазвалялася друкаваць у БССР. Перш чым аддаць рукапіс у цэнзуру, якая, канечне, таксама не мела ніякага ўяўлення аб беларускай літаратуры, выдавецтва хацела засцерагчыся і аддала рукапіс на рэцэнзію аднаму цяпер ужо памершаму ўсходнеберлінскаму славісту. Па тону яго рэцэнзія была даносам, які сваёй асновай зрабіў літаратурныя крытэрыі сталінскага пракурора; яна спалохала выдавецтва, якое не асмелілася — таксама і ў маіх інтарэсах — аддаваць рукапіс і гэтую рэцэнзію цэнзурнай установе. Мяне папрасілі падрыхтаваць для выдавецтва падрабязны адказ, што я і зрабіў; ён крыху заспакоіў выдавецтва, хоць мне і давялося па-новаму сфармуляваць некалькі сказаў майго пасляслоўя.
Анталогія выйшла нарэшце ў тысяча дзевяцьсот семдзесят першым годзе пасля шматлікіх затрымак. Яе ўсюды прынялі станоўча — і не толькі ва Усходняй Германіі, дзе з’явілася мноства рэцэнзій і ўрыўкаў з кнігі, але і на Беларусі. У ЗША ў беларускай газеце з’явілася вельмі пахвальная рэцэнзія Ст. Станкевіча. Шматгадовыя намаганні стварыць праўдзівую карціну беларускай літаратуры, такім чынам, не аказаліся марнымі.
Мушу аднак сказаць, што ў той час мне былі недаступны ні літаратура беларускай эміграцыі ні беларуская літаратура ў Польшчы. Дый было немажліва апаблікаваць што-небудзь такое ў нас. Але і напісаныя ў Польшчы беларускія творы яшчэ дзесяцігоддзе таму назад не друкаваліся нават у БССР. Тым не менш анталогія пад крыху рамантычнай назвай Буслы над балотамі з’явілася важным крокам у напрамку ўспрымання беларускай літаратуры ў Германіі як самастойнай і заслугоўваючай пільнай увагі літаратуры.
З часоў падрыхтоўкі анталогіі і асабліва пасля яе выхаду ў свет ва Усходняй Германіі назіраўся ўсё большы інтарэс да беларускай літаратуры. Не ў апошнюю чаргу садзейнічаў гэтаму сусветны поспех твораў Васіля Быкава, якія ўсе пасля іх з’яўлення перакладаліся на нямецкую мову. У семдзесят шостым годзе ва Усходняй Германіі выйшаў яго двухтомны збор твораў, перавыдадзены ў восемдзесят пятым годзе на Захадзе Германіі.
Да падзення ўсходнеберлінскай сцяны ў Германіі вышлі наступныя беларускія кнігі: Янка Брыль, Птушкі і гнёзды (1967); Іван Шамякін, Сэрца на далоні (1967), Снежныя зімы (1970), Бронепоезд „Ленін” (1982), Гандлярка і паэт (1986); успаміны партызанаў пад назваю У лясах Беларусі (1976); Анатоль Кудравец, Раданіца (1983), Апавяданні (1988); Уладзімір Караткевіч, Дзікае паляванне караля Стаха (1985), у Мінску — Зямля пад белымі крыламі (1983); Іван Мележ, Людзі на балоце (1974); Алесь Адамовіч, Хатынская аповесць (1974), Карнікі (1982), Блакадная кніга (1989, сумесна з Даніілам Граніным). У тысяча дзевяцьсот восемдзесят сёмым годзе пад назваю Малады дубок выйшла другая анталогія беларускага апавядання, у якой я паспрабаваў дапоўніць творы адзінаццаці змешчаных у ёй аўтараў (Ядвігін Ш., Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Максім Гарэцкі, Андрэй Мрый <нарэшце з яго апавяданнем Камандзір>, Кузьма Чорны, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Лукаш Калюга і Ян Скрыган) жыва напісанымі партрэтамі-ўспамінамі іх як людзей, што дазволіла намаляваць адначасова і карціну актыўнага літаратурнага жыцця на Беларусі ў дваццатыя гады. Некалькімі выданнямі выйшлі Беларускія народныя казкі, частка з іх у Мінску. Беларускія народныя казкі, з навуковым каментарыем Л. Барага ўсходнеберлінскага акадэмічнага выдавецтва з тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят шостага да васьмідзесятага гадоў перавыдаваліся дзесяць разоў. Акрамя таго выйшлі і Казкі жыцця Коласа. У Заходняй Германіі да падзення ўсходнеберлінскай сцяны выйшаў вышэйназваны двухтомнік Васіля Быкава, Беларуская анталогія зальцбургскага славіста Фердынанда Нойрайтэра, выдадзеная на дзвюх мовах са знакамі націску, хутчэй як дапаможнік для вывучэння беларускай мовы. У Гамбургу ў восемдзесят дзевятым годзе выйшла кніга Святланы Алексіевіч У войны не женское лицо. А ў Ляймене, невялікім горадзе, вядомым дзякуючы нямецкаму тэнісісту Барысу Бекеру, беларускі эмігрант Юры Попка выдаў у сваім выдавецтве аўтабіяграфічны раман Свеціць у тумане (1985), перакладзены Фердынандам Нойрайтэрам, а таксама шэраг публікацый па гісторыі і мастацтву.
Дзевятага лістапада тысяча дзевяцьсот восемдзесят дзевятага года перастала існаваць усходнеберлінская сцяна. Гэтая падзея не толькі перайначыла палітычную карту Еўропы, яна прынесла глыбокія змены і ў літаратурнае жыццё ўсёй Германіі. У абедзвюх частках Германіі ў мінулыя гады быў набыты розны вопыт, у тым ліку і кантактаў з культурамі нашых суседзяў. Гэты вопыт належала цяпер асэнсаваць і ўзяць на ўзбраенне. Гэта прывяло да таго, што цяпер у Заходняй Германіі пачалі болей цікавіцца літаратурамі нашых усходніх суседзяў. Так, напрыклад, некалькі разоў удавалася запрашаць у Берлін або ў Заходню Германію групы беларускіх пісьменнікаў. У выніку гэтых паездак і чытанняў, якія праводзілі аўтары, у розных часопісах з’явіўся шэраг вершаў і апавяданняў. Пасля восемдзесят дзевятага года ў нямецкім перакладзе ва ўсходне- і заходненямецкіх выдавецтвах выйшла і некалькі кніжак беларускіх аўтараў, сярод іх У тумане (1990) і Аблава (1995) Васіля Быкава, Цинковые мальчики (1992), Последние свидетели (1989) і Во власти смерти (1994) Святланы Алексіевіч.
У дзевяноста першым годзе выйшлі Письма моей памяти Анны Краснапёрка, змешчаныя перад гэтым у часопісе „Дружба народов”. У іх аўтар расказвае пра тое, як ёй удалося выжыць у мінскім гета ў тысяча дзевяцьсот сорак першым і сорак другім гадах. Але перш за ўсё мне хацелася б звярнуць увагу на вялікі том Алеся Разанава, які пад назваю Знакі вертыкальнага часу выйшаў у мінулым годзе і складаецца з паэм, вершаў і прозы гэтага значнага прадстаўніка сучаснай беларускай паэзіі. Пераклад быў зроблены з мовы арыгінала, а паэтычная адаптацыя здзейснена выдатнай нямецкай паэткай Элькэ Эрб. Гэтая кніга, безумоўна, належыць да лепшых набыткаў пашырэння беларускай літаратуры ў аб’яднанай Германіі.
Асаблівыя паслугі беларускай літаратуры аказаў часопіс „textura”, які выходзіць у Гановеры. У шэрагу яго нумароў змяшчаліся вершы і апавяданні беларускіх аўтараў, ад Якуба Коласа да Ніны Мацяш. На жаль, паміж рэдакцыяй і выдавецтвам часопіса ўзнік моцны канфлікт, у выніку якога апошні нумар часопіса, які цяпер стаў называцца „Ostara”, даведзены толькі да выдання пробных экземпляраў. Праўда, дырэктар выдавецтва, якому я званіў перад маім ад’ездам у Беласток, паабяцаў, што нумар часопіса ўсё ж-такі выйдзе ў бліжэйшы час. Ён прыслаў мне тры аўтарскія экземпляры пробнага нумара для трох беларускіх аўтараў, што жывуць у Польшчы.
Вы, дарагі пан Сакрат, адзін з іх, і Вамі адкрываецца гэты нумар. Дзве Вашыя мініяцюры — Лета ў Мокрым і Пісьма да таты (на жаль, з-за недахопу месца ўключаны толькі яны, хоць перакладзена было болей твораў) — з’яўляюцца добрым пачаткам гэтага выдання, якое ў аб’яднанай Германіі ўпершыню прадстаўляе ўсю беларускую літаратуру. Рэдактар ва ўступным слове піша:
Гэтае чацвёртае выданне серыі „Ostara” прысвечана літаратуры, якая як ніякая другая ў Еўропе вымушана ўвесь час змагацца за сваё існаванне, пераадольваючы культурнае, гістарычнае і палітычнае супраціўленне: беларускай літаратуры. Заходнееўрапейскаму чытачу яна амаль што невядомая.
У гэтым нумары прадстаўлены, акрамя Сакрата Яновіча, Адам Глобус (адно апавяданне), Уладзімір Арлоў (нататкі Бывай, Берлін і вершы), Ніна Мацяш (вершы), Надзея Артымовіч і Алесь Разанаў (урыўкі з іх сумесна выдадзенай кнігі Дзверы), Алесь Разанаў (некалькі празаічных рэчаў са Знакаў вертыкальнага часу), Ян Чыквін (вершы), Наталля Арсеннева (вершы), Васіль Быкаў (урывак з аповесці Аблава) і Тодар Копша (заўвагі аб палітыцы, культуры і мастацтву ў Беларусі).
Вы бачыце: добры, багаты падбор. На жаль, абмежаваны аб’ём выдання не дазволіў, як планавалася першапачаткова, уключыць болей аўтараў, перш за ўсё з Польшчы і з беларускай дыяспары. Але я спадзяюся, што для гэтага неўзабаве прадставіцца магчымасць. Рэдактар часопіса „Ostara” мае намер, у другім выдавецтве, падрыхтаваць том твораў пісьменнікаў, якія жывуць у Польшчы і пішуць на мовах меншасцей.
Літаральна за два дні да майго ад’езду сюды ў Беласток, мне пазваніў рэдактар аднаго з самых значных нямецкіх літаратурных часопісаў — „Die Horen” — які выходзіць у Брэмеркафене, і расказаў, што ён хоча прысвяціць адзін з нумароў гэтага вялікафарматнага і вельмі аўтарытэтнага часопіса беларускай літаратуры.
Вы бачыце — беларуская літаратура карыстаецца ўсё большай увагай. І ад нас і ад Вас залежыць апраўдаць гэтую ўвагу і ў будучым.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"