|
УВОДЗІНЫ
У свет сапраўднай паэзіі заўсёды ўвайсці няпроста. Гэта не абавязкова залежыць ад складанасці і своеадметнасці вобразнай сістэмы або фармальна-стылёвай арыгінальнасці вершаў. Тут, калі хочаце, патрабуецца пэўнае супадзенне духоўна-эстэтычных каардынат, поглядаў аўтара і чытача, іх суіснаванне ў адным вымярэнні, каб адкрылася эдэмская брама паэтычнага сусвету, прырода мастацка-творчага акту.
Ян Чыквін – грамадзянін Польшчы і беларус па паходжанні. Прафесар, тонкі знаўца класічнай паэзіі. Удумлівы крытык і адкрыты паэт-лірык. Яго творчасць у многім з’яўляецца адным з тых звенняў, якімі беларуская паэзія лучыцца з сучасным літаратурным працэсам. Аднак мастацкая індывідуальнасць гэтага творцы па-сапраўднаму ўсё яшчэ не заангажавана ў метрапалійнай крытыцы і літаратуразнаўстве, хоць значнасць набыткаў пісьменніка не выклікае сумненняў.
«Відавочна, што трэба жыць там, дзе жывеш, дзе ты ёсць – выйграеш больш», – такую думку, вывераную гадамі пакут і пошукаў, выказаў самотны беларускі пілігрым М.Сяднёў у сваёй «Масеевай кнізе». Жорсткае ХХ стагоддзе абрала для нашай літаратуры складаны шлях выпрабаванняў, страт і забыцця. Многія чыннікі нацыянальнай культуры, таленавітыя сыны і дочкі беларускага народа на доўгія гады былі забытыя ці заставаліся незаўважанымі. З пункту погляду гістарычнай эпохі, зусім нядаўна пачалі вяртацца да свайго чытача імёны знаных пісьменнікаў, сталі часткай нашай культурнай прасодыі ледзь не страчаныя набыткі прыгожага пісьменства. Разам з тым, углядаючыся ў храналагічныя і прасторавыя далячыні, рэспубліканскі чытач амаль са здзіўленнем адкрыў для сябе яшчэ адну цікавейшую часцінку нацыянальнага мастацтва – аўтэнтычную літаратуру беларусаў Польшчы. Да гэтай пары такая арыгінальная ў нашай культуры з’ява, як беларуская літаратура Беласточчыны (Польшча), дзейнасць згуртавання «Белавежа», даследаваліся недастаткова. Многія аспекты дадзенай праблемы разглядаліся, як правіла, у вузкім крытычна-факталагічным плане. Грунтоўнай навуковай працы, прысвечанай творчасці некага з прызнаных «белавежцаў» ці ўсебаковаму аналізу дзейнасці «белавежскага» аб’яднання, у нацыянальным літаратуразнаўстве няма, што, пэўна, несправядліва ў адносінах да «белавежскай» суполкі. Пры гэтым, аднак, брак уважлівага аналізу творчасці беластоцкіх беларусаў замінае выпрацоўцы поўнага і абгрунтаванага ў канцэптуальным аспекце ўяўлення аб заканамернасцях і асаблівасцях развіцця ўсёй беларускай літаратуры ў другой палове ХХ стагоддзе.
Я.Чыквін – адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускага адраджэнскага руху ў Польшчы другой паловы ХХ стагоддзя. Яго творчы шлях доўжыцца паралельна з развіццём беларускай літаратуры Беласточчыны і храналагічна палягае ў рэчышчы ўсёй дзейнасці БГКТ (Беларускага грамадска-культурнага таварыства) і «белавежскага» літаб’яднання. Таму разнастайныя працэсы ў грамадскім, культурным і палітычным жыцці не толькі так ці інакш уздзейнічалі на станаўленне і развіццё мастакоўскай індывідуальнасці, але і знайшлі непасрэдны адбітак у паэзіі беластоцкага аўтара. Вершы Я.Чыквіна ўяўляюць сабою самабытную паэзію, беларускую па сутнасці, якая разам з тым арганічна далучаецца да агульнаеўрапейскага культуралагічнага кантэксту і сінтэзуе ў сабе рысы шмат якіх літаратурных метадаў і накірункаў.
Творчая індывідуальнасць і яе эвалюцыя – адна з цэнтральных праблем у тэорыі літаратуры. Вучоныя справядліва бачаць у яе даследаванні істотную ўмову для правільнага і поўнага разумення літаратурнага працэсу . Кожная мастакоўская індывідуальнасць уяўляе сабой непаўторнаю сістэму ўзаемадзеяння разнастайных унутраных і знешніх элементаў, заключаную ў катэгорыі «індывідуальнага стылю» і выяўленую ў канкрэтных мастацкіх творах.
Пры даследаванні творчай асабовасці важным з’яўляецца глыбокае разуменне праблем грамадскага жыцця, стану літаратуры адпаведнага перыяду. Мастакоўская індывідуальнасць усведамляецца як з’ява грамадскай свядомасці, пазітыўны вынік духоўнага развіцця вялікіх сацыяльных груп. Рэчаіснасць ва ўсіх сваіх складаных дыялектычных сувязях знаходзіць адлюстраванне і ўвасабленне ў мастацкіх дасягненнях творчай асобы, пры гэтым адлюстраванне — не пасіўна-механічнае, а суб’ектыўна-творчае дзеянне. Разам з тым духоўны свет аўтара апасродкавана праяўляецца і раскрываецца ў яго мастацкім творы. Гэта немалаважны фактар, бо свядомасць мастака ўтрымлівае канкрэтныя сацыяльныя тэорыі, якія маюць свае, абумоўленыя часам і абставінамі, карэнні.
Праблема вывучэння мастакоўскай індывідуальнасці непасрэдна звязана з даследаваннем індывідуальнага стылю пісьменніка ва ўсёй яго непадзельнай шматпланавасці. Гэта абумоўлівае вывучэнне сістэмы мастацкіх сродкаў, пісьменніцкага слоўніка, урэшце, арыгінальнага светапогляду. Творчая індывідуальнасць не з’яўляецца статычнай і адразу зададзенай з’явай. Разглядаць яе можна толькі ў развіцці, абумоўленым разнастайнымі гістарычнымі, грамадскімі і сацыяльнымі абставінамі. У сваёй эвалюцыі аўтарскае «я» пісьменніка праходзіць праз этапы станаўлення і развіцця, узбагачэння і фармавання цэласнага светапогляду. Немалаважнае значэнне ў разуменні структуры творчай індывідуальнасці набывае ўсведамленне і выяўленне індывідуальна-псіхалагічных асаблівасцей творцы, прыроды яго мастакоўскага таленту.
Паэзія Яна Чыквіна – з’ява неардынарная і палемічная. Пісьменнік даўно выпрацаваў сваю канцэпцыю светабачання, заняў сваё адметнае месца ў нацыянальнай культуры. Я.Чыквін паслядоўна развівае інтэлектуальны і філасофскі накірунак у лірыцы. Вызначальныя рысы яго паэзіі – медытатыўнасць, заглыбленасць у сусветны культуралагічны і філасофскі кантэкст, пастаянны зварот да агульначалавечых праблем і «адвечных» тэм, метафарычнасць, гатоўнасць да эксперыменту ў галіне форма- і вобразатворчасці. Пра арыгінальнасць мастакоўскага стылю сведчаць эстэтычная чысціня чыквінаўскай паэзіі, ідэйна-вобразная своеадметнасць вершаў, характар фармальна-зместавых эксперыментаў. Трывала замацавана ў паэтычнай свядомасці Я.Чыквіна нацыянальная ідэя, яе патрыятычна-пасіянарнае выяўленне.
Многія аспекты паэзіі Я.Чыквіна, прынцыпы літаратурнай творчасці ўжо асэнсоўваліся як беларускай, так і польскай літаратуразнаўчай навукай. Публікацыі У.Конана, У.Калесніка, У.Гніламёдава, А.Марціновіча, А.Сямёнавай і інш., польскіх даследчыкаў Т.Занеўскай, В.Смашча, Ф.Няўважнага, а таксама літаратараў С.Яновіча, М.Сяднёва і некаторых іншых з’яўляюцца дастаткова змястоўнымі, праблемнымі ў раскрыцці агульных і канкрэтных пытанняў паэтыкі беластоцкага аўтара. Аднак большасць даследчыкаў не выходзіла за межы крытычнага аналізу яго творчасці ў агульнай плыні «белавежскай» літаратуры, ці разглядала праблемы станаўлення і развіцця творчай асобы ў асобных літаратуразнаўчых аспектах.
Асэнсаванне ж станаўлення ідэйна-эстэтычных прынцыпаў пісьменніка вымагае як мага больш поўнага і канкрэтнага аналізу разнастайных інтэрпрэтацый, вар’іраванняў тэм і пытанняў, што абазначаны ў творчасці беластоцкага аўтара.
Варта нагадаць, што беларускі літаратурны рух у Польшчы адбываецца ў нацыянальна-патрыятычным рэчышчы. Безумоўна, з’яўленне БГКТ (Беларускага Грамадска-культурнага таварыства), газеты «Ніва», а крыху пазней – літаб’яднання «Белавежа» было абумоўлена ўздымам нацыянальнага адраджэння ў сярэдзіне 50-х гадоў,што тлумачыцца прычынамі рознага кшталту: палітычнымі, грамадскімі, культурнымі. Беластоцкі край, знаходзячыся на перыферыі адміністратыўных цэнтраў, на культурна-нацыянальным памежжы, нярэдка, як вядома, быў разменнай манетай у многіх палітычных гульнях. Спрадвечна беларускі, з народам, што заўсёды існаваў у беларускай нацыянальнай традыцыі, гэты рэгіён у 1944 годзе па бяздушнай палітычнай дамове адышоў да Польшчы. Так тагачасны сталінскі рэжым заплаціў за абяцанні польскіх улад развівацца разам у сацыялістычным кірунку. Тады ж адразу і пачалася паступовая асіміляцыя беларускага насельніцтва, якое на той час дасягала трохсот тысяч і спачатку свядома не прызнавалася ўрадам як нацыянальная меншасць ды патрапіла пад моцны ідэалагічны ўціск. З’ява гэтая, досыць звычайная ў сусветнай палітычнай гісторыі, спарадзіла таксама і заканамерныя вынікі. На пэўнай ступені развіцця ў гэтым рэгіёне ўзнік нацыянальна-патрыятычны рух, які здолеў ахапіць вялікую частку насельніцтва, замацаваўся ў грамадскіх і культурных арганізацыях, спарадзіў станоўчы міжнародны рэзананс. Беластоцкія беларусы паступова наладзілі сувязі не толькі з савецкімі суседзямі, але і з Амерыкай, Англіяй, Аўстраліяй.
Фарміраванне беларускамоўнай «Нівы», а таксама літаратурнага аб’яднання «Белавежа» адбывалася ва ўмовах тыпалагічна блізкіх пачатку беларускага ХХ стагоддзе. Дэталёва ўзгадваць вытокі ўзнікнення старэйшай беларускай газеты «Наша ніва» тут няма патрэбы. Хіба, каб выразней акрэсліць варункі сітуацый, варта прыгадаць словы М.Багдановіча пра патрыятычна настроеную творчую інтэлігенцыю таго часу: «Войдя в соприкосновение с народной массой в неспокойном 1906 году, она (інтэлігенцыя – А.Р.) не только не утратила вслед за тем своих связей, но, наоборот, неуклонно закрепляла и увеличивала их; широкое умственное брожение, имевшее раньше место в народной среде, довольно быстро исчезло, зато оставило после себя конкретное количество наиболее устойчивых личностей с упорной жаждой знания и не менее упорным желанием работы на пользу края» [3, с.213]. Відавочна, што сутнасна гэтая з’ява набліжана да працэсаў сярэдзіны 50–60-х гадоў на Беласточчыне. Меў рацыю і У.Калеснік, калі праводзіў паралелі з творчымі аб’яднаннямі «Узвышша» і «Калоссе». Сапраўды, эстэтычны напрамак «Белавежы» шмат у чым супадае з іх праграмамі : ад нацыянальнага да агульначалавечага, да авалодання дасягненнямі сусветнай культуры.
Праграмныя прынцыпы, задачы беластоцкай “Нівы” выразна акрэсліліся адразу: спрыяць усебаковай падтрымцы нацыянальнай культуры беларускай меншасці. У артыкуле «Да сэрца беларуса» Вера Ляўчук пісала: «Імкнуцца трэба, каб нараджэнне Таварыства і «Нівы» людзі зразумелі як сваё нацыянальнае адраджэнне, – і далей карэспандэнтка працягвала.— У сувязі са спецыфічнай атмасферай і асяроддзем, у якім разгортвае працу Таварыства і «Ніва», яны павінны крочыць сваім уласным шляхам» [24, с.4]. А малады паэт А.Сошка са старонак газеты ўзнёслым вершам апяваў тыя натхнёныя часы:
У блакітных прасторах расплываюцца межы,
Чарады белых галубоў паднялісь у сіняву.
Льецца гоман вясёлы ад бароў Белавежы,
Новы ветры ласкаюць маладую траву...
[24, с.5]
Гэтыя радкі падкуплялі сваёй наіўна-рамантычнай алегорыяй і шчырасцю пачуцця.
Аднак факту існавання беларускай літаратуры на Беласточчыне доўгі час ўдзялялася надзвычай мала ўвагі. Ні рэспубліканская беларуская, ні тагачасная польская крытыка напачатку не асвятлялі гэтую з’яву. На жаль, мела месца небяспечная сітуацыя, калі ўласна мастацкая творчасць не знаходзіла водгуку ў літаратурна-тэарэтычнай і крытычнай думцы, што ўсур’ёз пагражала застоем, вечным вучнёўствам і літаратурным дылетанствам. Выйсце знаходзілася ў супольным развіцці крытыкі, навукова-метадалагічнай базы і мастацкай творчасці ў межах культурнай прасторы аб’яднання «Белавежа». Многія «белавежцы» праяўлялі сябе як пісьменнікі і як крытыкі, тэарэтыкі. Гэтаму спрыяла і адпаведная прафесійная падрыхтоўка некаторых з іх. Літаратурна-крытычныя артыкулы, агляды і рэцэнзіі змяшчаліся на старонках «Нівы», літаратурных альманахаў «Белавежа» і некаторых другіх выданняў.
Ранняя творчасць Яна Чыквіна (Янкі Дубіцкага) разглядалася тады ў агульнай плыні «белавежскай» літаратуры. Ужо ў тыя часы выдзяляліся рысы, што стануць асноватворнымі ў лірыцы беластоцкага паэта. Выхад двух першых зборнікаў выклікаў пэўны рэзананс, крытыка загаварыла больш акрэслена і канкрэтна, вызначаючы заканамернасці развіцця творчай асобы паэта ў гэты перыяд.
У 70-х гадах цікаўнасць да творчасці Яна Чыквіна паступова актывізуецца. Яго лірыку пачынаюць разглядаць як арыгінальную, непаўторную з’яву. В.Рудчык, напрыклад, зазначаў: «Ад Віктара Шведа адрознівае яго больш глыбокае адчуванне і больш частае выкарыстанне метафары як асноўнага матэрыялу да пабудовы паэтычнага вобразу. Алесю Барскаму супрацьстаўляе ён спакайнейшы тон сваёй паэзіі; са сцяжынкай Яшы Бурша размінаецца сваімі прыхільнымі адносінамі да традыцыйнага паэзіятварэння...» [30, c.6]. Як бачна, творы Я.Чыквіна ацэньваліся дастаткова высока, прызнавалася аўтарская скіраванасць на пошук.
Сталым павышэннем увагі літаратуразнаўцаў характарызуецца перыяд канца 70–80-х гадоў, калі тры кнігі Яна Чыквіна, у тым ліку польскамоўная і двухмоўная (білінгвальная), раскрылі ўжо сфармаваную творчую асобу. У беларускім і польскім друку з’явілася шмат рэцэнзій, крытыка-аналітычных нататкаў, літаратуразнаўчых даследаванняў. Зразумела, што абсалютная большасць матэрыялаў па-ранейшаму публікавалася на літстаронцы «Нівы», але ўсё часцей артыкулы пра паэзію «белавежскага» аўтара і ўласна яго творы змяшчалі польскія выданні. У гэты ж перыяд пачынаюць прасочвацца і першыя палемічныя моманты ў агульнай крытычнай плыні. Польскія даследчыкі (Э.Феліксяк, В.Смашч і інш.) разглядаюць творчасць Я.Чыквіна з пазіцый польскага і шырэй – еўрапейскага прыгожага пісьменства, падкрэсліваюць набліжанасць яго інтэлектуальнай лірыкі да найноўшых літаратурных і філасофскіх пошукаў, але пры гэтым беларускамоўнасць яго вершаў бачыцца ім літаратурным рудыментам, што нібы перашкаджае паспяховаму развіццю паэта. Недастаткова ацэньваецца, на жаль, сувязь з традыцыямі беларускай літаратуры, з духоўнымі і эстэтычнымі прынцыпамі, што жывяць нацыянальнае мастацтва ў ХХ ст. У такім ракурсе творчасць Я.Чыквіна і дзейнасць літаратурнай суполкі «Белавежа» бачыцца гэтым крытыкам пазбаўленай будучыні, а значыць і мэты. Зусім іншага погляду прытрымліваюцца самі «белавежскія» пісьменнікі. Сваю творчасць яны лічаць не толькі праяўленнем літаратурнага патэнцыялу, але і заканамерным этапам развіцця беларускай літаратуры ўвогуле. Гэтую ж пазіцыю падтрымліваюць у сваіх публікацыях даследчыкі ў больш далёкім замежжы: Масей Сяднёў і Шырын Акінэр.
Пералом у сацыяльна-палітычнай сітуацыі, што адбыўся ў сярэдзіне 80-х гадоў, спарадзіў і пэўныя змены ў грамадскай свядомасці. Зварот да ідэй нацыянальнага самасцвярджэння, уздым патрыятычных настрояў выклікалі пад’ём у сферы культурнага і літаратурнага жыцця. Творчасцю «белавежцаў» усур’ёз зацікавіліся беларускія даследчыкі. Польская перыёдыка пачала ўсё часцей змяшчаць матэрыялы, прысвечаныя як дзейнасці ўсёй «Белавежы», так і асобных яе сяброў. У першай палове 90-х гадоў у Польшчы з’явіліся кнігі і манаграфіі,прысвечаныя тамтэйшай беларускай літаратуры. Тэрэса Занеўская, бясспрэчна, адзін з вядучых спецыялістаў па гэтым пытанні. Яе манаграфія «Дарэмнае падарожжа» сталася вынікам шматгадовай карпатлівай працы па даследаванню феномена беластоцкіх пісьменнікаў. Значнае месца ў гэтай працы адводзіцца творчасці Я.Чыквіна, аналізу таго даробку, што меўся на пачатак 90-х гадоў. Паказальна, што польская даследчыца кіруецца часцей культуралагічным падыходам пры разглядзе лірыкі паэта, ацэньвае вершы як чыста эстэтычную з’яву, прыклад наватарства ў мастацтве другой паловы ХХ стагоддзя. Думаецца, аднак, у ідэалагічна стэрыльным даследаванні Т.Занеўскай не стае пранікнення ў сутнасць нацыянальнай заангажаванасці творчасці Я.Чыквіна. Змястоўнай аказалася кніга даследчыцы «А душа знаходзіцца на Усходзе», якая складаецца з пятнаццаці інтэрв’ю, што далі Т.Занеўскай «белавежскія» пісьменнікі і навукоўцы, спрычыненыя да іх творчасці. Матэрыялы ўражваюць сваёй шчырасцю, неардынарным падыходам да пастаноўкі і вырашэння шматлікіх праблем і пытанняў. Фундаментальная праца «Вартавыя памяці» паглыбіла ўзровень асваення ідэйна-эстэтычнай сутнасці польскіх беларусаў. Пашыраючы межы ахопленага фактаграфічнага матэрыялу, Т.Занеўская застаецца тым не менш пераважна на ранейшых метадалагічных пазіцыях: у творчасці Я.Чыквіна і іншых «белавежцаў» вызначаюцца перш за ўсё тыя характарыстычныя прыкметы, што збліжаюць іх з агульнаеўрапейскім кантэкстам. Акрэсліваючы канцэптуальныя напрамкі развіцця, даследчыца імкнецца напрамую далучыць набыткі «белавежцаў» да сусветнага мастацтва і філасофіі, пры гэтым слаба закранаючы нацыянальны аспект. Аднак, трэба прызнаць, што сам факт з’яўлення такіх кніг і вялікай колькасці іншых публікацый сведчыць пра тое, што творчасць «Белавежы» заняла трывалыя пазіцыі ў літаратуры і крытыцы Польшчы.
У беларускім рэспубліканскім друку таксама з’явіліся публікацыі рознага характару, прысвечаныя творчай індывідуальнасці Я.Чыквіна. Асабліва змястоўнымі па закладзенаму ў іх патэнцыялу палемічнасці ўяўляюцца артыкулы У.Конана і У.Калесніка. Моманты сутыкнення і судакранання ў поглядах гэтых двух знакамітых даследчыкаў будуць разглядацца ніжэй. Неабходна подкрэсліць, што абодва з прафесійным майстэрствам падышлі да абранай тэмы, фундаментальна асвоілі матэрыял.
Шэраг наступных артыкулаў розных аўтараў у шматлікіх перыядычных выданнях сцвердзіў, што і канкрэтна зборнікі 90-х гадоў, і ўвогуле творчасць Яна Чыквіна – арыгінальная планета літаратурнага космасу, таму палеміка вакол яе звязана не толькі і не столькі з суб’ектыўнымі поглядамі даследчыкаў і рознасцю іх падыходаў. Творчы набытак Я.Чыквіна – складаная і неадназначная эстэтычная з’ява, якая пры ўстойлівай дынаміцы на ўсіх этапах развіцця лучыць у сабе элементы разнастайных мастацка-культуралагічных і філасофскіх накірункаў. Універсальнасць дамінантаў паэзіі Я.Чыквіна ўтварае базу для самых рознабаковых напрамкаў даследавання, а значыць стварае глебу для плённай творчай дыскусіі.
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Беларускага
Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|