БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Анатоль Раманчук. Гарыць мая свяча, Творчая індывідуальнасць Яна Чыквіна

ДАСПЕЛАЕ СОНЦА ПАЭЗІІ
(НОВЫЯ АБСЯГІ БАЧАННЯ І ПАЗНАННЯ)

Наколькі складана было беластоцкім пісьменнікам выводзіць свой творчы набытак у шырокія масы, можна меркаваць па тых працяглых прамежках часу, што аддзялялі кнігі. «Ніва», «Беларускі каляндар» і альманах «Белавежа» былі, безумоўна, актыўным і дзейсным сродкам пашырэння нацыянальнай літаратуры, але ж патрабаваліся паэтычныя і празаічныя зборнікі. Як правіла, аўтарскі асобнік пісьменніка-«белавежца», асабліва той, які выйшаў у Мінску, уяўляе сабой ужо здзейсненую мастацкую з’яву. Ён прызначаны не толькі для таго, каб давесці творчыя дасягненні да шырокай аўдыторыі, але і даць своеасаблівую характарыстыку самому аўтару. Таму кнігі «белавежцаў» пазначаны, як правіла, даволі высокім мастацка-эстэтычным узроўнем. Іх творы найчасцей закранаюць праблемы і пытанні, што тычацца існавання індывідуума, найперш як духоўнай асобы. Ва ўзбагачэнні духоўнай значнасці чалавека бачыцца шлях і да нацыянальнага самаўсведамлення і да ўдасканальвання сацыяльна-грамадскіх адносін. Толькі сам чалавек можа і павінен сцвердзіць сваю каштоўнасць, павінен заставацца актыўным ва ўсіх сферах сваёй дзейнасці і бытавання. Мастакі, пісьменнікі ва ўсе часы давалі прыклад непрымірымай барацьбы з будзённасцю і коснасцю. Неспакойны талент творцы заўсёды ўзрываў межы звыклага, пашыраў далягляды чалавечага розуму і духу. У гэтым, мабыць, і ёсць адна з прычын таго, што наступная, трэцяя, кніга Яна Чыквіна мае такую назву – «Неспакой» (1977).

«Неспакой» уяўляецца кнігай, так бы мовіць, спелай і сталай. У прадмове да яе Сакрат Яновіч зазначыў: «Чыквін—паэт задуменняў. Паэт пытанняў. Лірык інтэлекту. Выхаваны на сутыку беларуска-польска-рускай традыцыяў» [57, с.4]. С.Яновіч, безумоўна, мае глыбокае маральнае права ацэньваць чыквінаўскiя вершы. Гэта калегі-аднадумцы, сябры з маладосці, проста духоўна вельмі блізкія людзі. І таму беластоцкі празаік i публiцыст дапамагае нам намацваць сцежку да спазнання паэтычнай ісціны. Яновіч заўважае: «Сяброўства з ім не даецца лёгка...», і як водгалас гучыць першы верш зборніка:

Сябры мае з вясковых лет,
аб вас не ведаю нічога я,
нікому не патрэбны ў горадзе паэт.

[46, с.5]

Такое адчуванне, безумоўна, было характэрным для многіх былых вяскоўцаў, тым больш – духоўна-багатых, творча-адораных. Мастакі слова змаглі выявіць гэта ў пранізліва-шчымлівых вобразах, тыповых у сваёй канкрэтнасці. Своеасаблівай падсветкай гэтай думкі могуць служыць хоць бы наступныя радкі В.Шведа:

Я не патрэбны тут нікому,
У калаўроце гарадскім.
Мне вельмі хочацца дадому,
Туды, дзе буду родны ўсім.

[53, с.32]

Цяпер лірычны герой Я.Чыквiна ўглядаецца ў рэаліі жыцця больш спакойна і, адначасова, больш проста. Гэты незвычайна чулы чалавек звыкся з адчуваннем уласнай адзіноты, прызвычаіўся да пастаяннага маналогу. Адказаць на яго пытанні, падтрымаць размову можа хіба толькі ўяўны субяседнік ці... прырода. «Асаблівасці ўспрыняцця і разумення рэчаіснасці праяўляюцца не толькі ў тым, якія яе бакі, якія з’явы і падзеі прыцягваюць увагу пісьменніка; яны яскрава выражаюцца і ў тым, што ён лічыць істотным і характэрным у сучасным яму жыцці ці гісторыі, у чым ён бачыць узвышанае і прыніжанае...» [40, с.7],—пісаў крытык М.Храпчанка, сцвярджаючы асабовасць кожнай арыгінальнай творчай індывідуальнасці.

Калі першы і другі зборнікі прэзентавалі як бы вертыкальны зрэз сталення паэтычнага светаўспрымання, то трэцяя кніга прадстаўляе гарызантальную прастору ваганняў настрояў і думак героя: ад узнёсла-аптымістычных воклікаў: «Мы жывём. Якая радасць гэта...» [46, с.8] — да песімістычна-задуменных сентэнцый:

А людзі, што праходзяць у маўчанні побач
Мяне — ужо чвэрць чарвяка, паўдрэва ці мо камня,
Не бачаць, як б’юся аб нябыт я лобам,
Як прагна шчэ жыцця чапляюся рукамі.

Адно жыццё на ўсё жыццё—як гэтага нямнога!

[46, с.19]

Даследчык сучаснай беларускай літаратуры А.Марціновіч падкрэсліваў, гаворачы пра дадзены зборнік, што «...лірычны герой за гэты час не проста пасталеў, але шмат у чым і па-новаму пачаў глядзець на свет» [26, с.119]. Схільнасць да рэфлексіі, самааналізу ўзмацняецца набытым вопытам. У дадзеных варунках не мог не змяніцца і агульны вобразна-стылёвы лад паэзіі. Працэс ўсвядомленага далучэння да вопыту сусветнай літаратуры, да пошукаў усёй тагачаснай паэзіі ішоў значна больш інтэнсіўнымі і натуральнымі шляхамі, чым у многіх калег з савецкага боку мяжы. Нягледзячы на агульную скіраванасць палітычнага ладу краін сацыялістычнага лагера, у Польшчы сітуацыя была куды больш спрыяльнай у сэнсе сувязі з еўрапейскім мастацтвам ХХ стагоддзя. Ужо зазначалася, што «белавежскія» аўтары мелі неацэнную па тых часах магчымасць вывучаць, аналізаваць і нават развіваць агульнаеўрапейскі літаратурны кантэкст.

Відавочна, што юначая ўзнёсласць першых твораў, якая выяўляецца ў многіх ранніх вершах, не магла задаволіць сталеючага паэта, які шукаў фармальна-зместавай канстанты, адпаведнай свайму душэўнаму стану і часу. Паказальна, што гэта разумелі і адчувалі ў адносінах да ўласнай творчасці большасць мастакоў слова той пары. Напрыклад, Віктар Швед, паэт па сваёй творчай манеры вельмі традыцыйны, яшчэ ў 1963 г. зазначыў: «Чытач становіцца больш патрабавальным, ён не задаволены, калі паэт пакідае ўсе свае думкі наверсе, калі над вершам не трэба задумоўвацца, калі ўсё тут яснае... Таму паэт павінен быць усё больш патрабавальны да сябе, знаходзіцца ў пастаянных пошуках як новага зместу, так і новай формы верша» [52, с.4]. Тут, у кантэксце дадзенай размовы, думаецца, неабходна засяродзіцца на некаторых адметнасцях паэтыкі Я.Чыквіна.

У пэўных тэкстах канкрэтна-будзённы эпізод вельмі фактурна праступае ў лірычнай плыні верша. Гэта прыкмета паэтычных твораў многіх тагачасных аўтараў, калі эпічны пачатак атавістычна існаваў ў паэзіі. Такiмi прыкметамi вызначаюцца вершы «Званок. Перапынак...», «Гурзуф» ці замалёўка «У Крышталі мужчыны з чужымі». Вядома, такая ілюстратыўнасць надзвычай моцна «прывязвае» твор да часавай і прасторавай канкрэтыкі. Нават дазваляе чытачу праз думкі і ўражанні лірычнага героя праектаваць некаторыя рысы асобы і біяграфіі самога аўтара. Часцей жа факт рэчаіснасці ў творы акварэльна размыты. Яго повязь з пачуццямі і эмоцыямі апасродкаваная, неканкрэтная. У гэтым плане, думаецца, паказальным будзе верш «Яздок без сядла». У ім («Я выйшаў у нядзелю на вуліцу вёскі») раскрываецца тонкі і чулы назіральнік, што прыкмячае за рознымі звычайнымі момантамі пэўны звышсэнс, агульныя заканамернасці быцця. «Кабеты спяшалі ў царкву памаліцца, ...Мужчыны на поплаве важна ляжалі, ...Па выганне нёсся яздок без сядла, ...Кружылася ўвысі буслаў сям’я...»—гэта ўсё малюнкі любыя сэрцу і мілыя для душы героя. І тут жа апошняй страфой паэт зноў вяртае чытача ў віхурны час ХХ стагоддзя:

А ў небе касмічным, у страшным бяздонні,
там недзе імчаўся дух чалавечы
ў блакітнай ракеце...
Ці не аб гэтым гавораць іконы?

[46, с.10]

Думаецца, аўтару ўдалося злучыць-звязаць у адзіны моцны вузел інтэлектуальныя пасылы, спрадвечную мудрасць рэлігіі, філасофскі спакой вясковага пейзажу і напружана-аналітычны пульс сучасных настрояў, спароджаных навукова-тэхнічнай дзейнасцю чалавека. Але менавiта ў гэтым творы з такiм моцным рэалістычным кампанентам – праявы рацыянальнага спосабу мыслення як раз прыхаваныя. Эстэтычная значнасць вясковых рэалiй становiцца для чытача відавочнай, хоць сам верш стварае ўражанне, што быційнасць часткова знiкае, заканамерна саступаючы месца думцы i абагульненню.

Найчасцей лірычны рух у вобразнай прасторы верша застаецца адзіным праяўленнем энергетыкі жыцця. Медытатыўнасць на мяжы мроі-сну ці нават трызнення з’яўляецца самадастатковым спосабам існавання. Лірычны герой — інтэлектуальная асоба аналітычнага складу мыслення – ўсё ж не адносіцца да рацыяналістаў і тым больш прагматыкаў. Яго логіка хутчэй метафізічная, ірэальная. Схільнасць да філасофскага аналізу — гэта праява і сцвярджэнне самога інтэлекту. Неспазнаныя магчымасці псіхічных, біялагічных, інтэлектуальных і іншых якасцей чалавечай індывідуальнасці захоўваюць невычэрпны патэнцыял для ўсіх форм мастацкай і навуковай дзейнасці. Для дадзенага зборніка надзвычай характэрнай з’яўляецца меланхалічная задуменнасць героя. Ад гэтага павявае эстэцтвам і пэўнай адмежаванасцю, але тым не менш – перад чытачом самакаштоўная індывідуальнасць. Вершы «Усе мы выйшлі па-за брамы раю...», «Вячэрні роздум», «Хочаш не хочаш...», «І чахну, і сохну...» выяўляюць дадзеную асаблівасць. Дыялектычныя супярэчнасці навакольнага свету правакуюць пастаянную рэфлексiю. Канфліктнасць закладзена ў аснову быцця, і герой гэта адчувае. Розныя праявы такой рэчаіснасці могуць выклікаць самыя супрацьлеглыя думкі і пачуцці. Лірычнае перажыванне героя нярэдка настолькі знітавана з настроем прыроды, што творыцца новая рэальнасць, дзе чалавек і рэчы натуры — адно цэлае. Балгарскі акадэмік Міхаіл Арнаудаў, аналізуючы падобную з’яву, зрабіў выснову: «Нарэшце, калі думка вызваляецца і падыходзіць да прыроды, як да свету для сябе, надыходзіць час для дасканала чыстага адухаўлення. Тады чалавек праецыруе на свет свае ўласныя перажыванні ці думкі і, стварыўшы буйны вобраз прыроды, прымушае саму прыроду адносіцца спачувальна да чалавека, быць паверанай яго споведзі, яго спадарожніцай, яго суддзёй» [1, с.233]. Паказальнымі ў гэтым сэнсе з’яўляюцца вершы Я.Чыквіна «Агарод», «Старасць» і інш. Кожны з іх нясе свой зрэз рэальнасці, свой ключ да таямніц быцця. Так, у вершы «Вязе мой слаўны, вязе вяковы...» герой у лірычным маналогу-звароце да дрэва раскрывае свой погляд на «вечныя» праблемы і пытанні:

Свядомы, што хутка, што заўтра, што зараз,
Жыццё праміне, непаўторнае і велізарнае.
Мой вязе з дзяцінства, з бацькоўскага краю,
Прыеду ў вёску, цябе не пазнаю.
І ты мяне не пазнаеш таксама.
Убачыш — палічыш няпраўдай ці зманам.

[46, с.6]

Вяз, сад, агарод, лес – дадзеныя натуральныя канкрэты адухаўляюцца i сiмвалiзуюцца. Яны застаюцца прынцыпова нязменнымi, і герой хоча верыць у магчымасць такой метамарфозы. Гэта тыя кропкi рэальнасцi, да якiх вяртанне яшчэ магчымае. Перамагаючы фiзiчную прастору, герой не можа адолець час. Таму сустрэча будзе заўсёды трагiчнай. Меланхолія i адначасовая несупакоенасць як эмацыянальны фон «афарбоўваюць» большасць вершаў зборніка. Такая скіраванасць паэзіі Я.Чыквіна зразумелая — гэта агульная прыкмета сусветнай паэзіі ХХ стагоддзя. Польская даследчыца Тэрэса Занеўская у сваёй навуковай працы прапануе думку аб пэўных паралелях паміж зборнікамі з аднолькавай назвай «Неспакой» польскага паэта Тадэвуша Ружэвіча (1947), Ніла Гілевіча (1961) і Яна Чыквіна (1977). Т.Занеўская аналізуе мастацкія асаблівасці кожнай кнігі, вызначае характэрныя рысы і спрабуе адшукаць агульнасць ці пераемнасць. Безумоўна, можна далучыцца да сцвярджэння, што «ў неспакоi гэтых трох паэтаў адбіваецца «час эпохi», чалавек са згубленым самаўсведамленнем, няўпэўнены ў сваiм лёсе, якi шукае сталага месца на зямлi, сапраўдных вартасцей, найперш маральных» [17, с.186—187]. Але, на нашу думку, немагчыма ахапіць агульнай сферай настолькі розныя творчыя індывідуальнасці. Тым больш, што крытык сама ж і падкрэслівае гэтае непадабенства. Філасофія героя Яна Чыквіна, як творцы «чыстай лірыкі», не можа атаясамлівацца з песімістычна-разбураным светабачаннем героя Т.Ружэвіча. Тут, нам здаецца, Т.Занеўская спрабуе напрамую злучыць паэзію беластоцкага аўтара з польскім мадэрнісцкім мастацтвам. Гэтак жа непераканальна выглядае яго збліжэнне з грамадзянскай паэзіяй Н.Гілевіча. Але, безумоўна, трэба адзначыць, што ў метадычным плане такая спроба параўнальнага аналізу дазваляе раскрыць новыя далягляды ў разуменні творчасці як Я.Чыквіна, так і любога іншага творцы.

Цікава, што адначасова кніга «Неспакой» Я.Чыквіна напоўнена... «спакоем». Гэтае адчуванне даецца герою нялёгка. Праз пастаянныя роздумы і рэфлексіі ўсё спакайней глядзіць ён на непарушныя законы быцця:

І чую я, перпетуум-мобіле часціна,
Знак запытання ў вечнасці бясконцай
І сын Гармоніі, сын Сонца,
Як вырастае новае жыццё на маіх руінах.

[46, с. 19]

Усё было справядліва ў прыродзе—
Далёка дзесьці была недарэчнасць
Адвечнай смерці, што прыйдзе і пройдзе,
А ўсё-такі нешта пакіне на вечнасць.

[46, с.34]

Герой як і раней бачыць-адчувае жорсткія супярэчнасці Сусвету, як і раней Жыццё раніць яго сваімі вострымі вугламі, і да гэтага проста немагчыма прывыкнуць. Бо ў такім выпадку змярцвее душа. Думаецца, тая прадушына, якую малады ліцэіст шукаў у мастацтве, нарэшце ўтварыла своеасаблівую сферу, што атуляе зараз паэта. Цяпер вершы — гэта ўжо не толькі роздум ці ўхопленае імгненне, але – паўнакроўныя карціны жыцця, напоўненыя сэнсам і пачуццём. Бывае, што ў сваіх самотных развагах творца заходзіць у цемрадзь адчаю, сапраўднага бязвер’я. Гэткія моманты зафіксаваны ў тэкстах і нясуць нам дакладную інфармацыю пра тое, што герой часамі адчувае сябе безвыходна адзінокім і самотным. Тады свет губляе сваё прыцягальнае хараство, усё ў ім робіцца змрочна-непрыемным, грубым і чужым. Гэтая экзiстэнцыяльная адчужанасць надзвычай моцна праявiць сябе ў пазнейшых зборнiках. Пакуль чытач прыглядаецца да парасткаў новых з’яў. Як будуць развiвацца яны, залежыць ад абставiн i ад гуманістычнага патэнцыялу, закладзенага ў iх.

Значнае месца займаюць ў зборніку вершы любоўнай тэматыкі. Гэта ўжо пачуццё сталага чалавека. Але лірычны герой усё яшчэ з юначым парываннем кідаецца ў жыццятворнае полымя кахання і гатовы ўслаўляць яго ва ўсіх праявах. Адна з асаблівасцей паэтычнай манеры Я.Чыквіна ў тым, што яго лірыка прасякнута спавядальнасцю і страснасцю. Нам здаецца, што аналіз розных адценняў і паўтонаў гэтага пачуцця арганічна ўпісваецца ў агульны напрамак даследавання. Вершы кожнай кнігі беластоцкага паэта нясуць вялікую нагрузку падтэксту. Асацыятыўнасць вобразаў надзвычай шматузроўневая, практычна неабмежаваная для падрыхтаванага чытача. Нярэдка той настрой, які намагаецца перадаць аўтар, вербальна акрэсліць немагчыма. Французскі пісьменнік Алоіс Рыль зазначаў: «Лірычны паэт перадае не ўражанне ад унутрана ўзноўленага ўзбуджэння; ён адлюстроўвае афекты не так, як яны былі перажыты ў душы, а як яны ўзнікаюць у памяці» [1, с.207]. Будзённа-рэальныя адносіны цудоўным чынам высвячаюцца ўзнёсла-чыстымі эмоцыямі. Трэба зазначыць, што аўтар стаў яшчэ больш адкрытым у выяўленні хараства пачуццёвых адносін. Але тым не менш паэтычныя споведзі Яна Чыквіна — гэта, безумоўна, мастацтва ў яго сапраўдным праяўленні, што прызвана ачышчаць чалавека, ствараць духоўна-каштоўнаснае апірышча для фармавання асобы. Такія творы, як «Ноч ясная тваёй душы», «Цябе няма і ўся зямля маўчыць», «Лісце згарала на кастры асеннім», «Да цябе прыду», уражваюць глыбінёй пранікнення ў таямніцы душы. Ёсць вершы, прысвечаныя самым розным момантам духоўна-складанага і будзённа-цяжкага жаночага жыцця. Гэта і шчымліва-трапяткія назіранні, як у творы «І няма ўжо Івана»:

І няма ўжо Івана.
І праз жыта скрай дарогі
Ішла з-над рэчкі. Закахана.
Губы. Грудзі. Ногі.
...
Ёй хацелася зямнога
Шчасця. І яна яго брала.

[46, с.29]

Гэта і самотныя роздумы над лёсам паваенных удоў (верш «Мядовая грэчка»). Літаратура 60—70-х гадоў пазначана куды больш смелымі адносінамі да натуральных праяў чалавечых адносін. І нават ва ўмовах заідэалагізаванай крытыкі і жорсткай цэнзуры нярэдка сустракаліся паэтычныя прыклады, што здзіўлялі сваёй інтымнай адкрытасцю.

Адсутнасць ці, хутчэй, празрыстасць некаторых ідэалагічных, чыста ханжанскіх абмежаванняў, што трымалі савецкую літаратуру, давала магчымасць беларускаму прыгожаму пісьменству ў Польшчы быць першапраходцам у асвойванні гэтых абшараў лірыкі. Не трэба даказваць, што тут патрабуецца тонкі густ, каб у споведзі грэшнага чалавека не згубілася святое пачуццё. На нашу думку, любоўная лірыка Яна Чыквіна дае сапраўдныя прыклады паэтычнага ўвасаблення самых інтымных адносін. Трэба зазначыць, што гэтая плынь творчасці паэта таксама прайшла праз пэўныя этапы развіцця. Спачатку лірычны герой — малады і чулы чалавек, экстатычна захоплены жаноцкай прыгажосцю. Пасля, калі эмоцыі набудуць трываласць і шчырасць выпрабаванага пачуцця, паэт скажа: «Прыгажосць жанчыны, узмоцненая, памножаная на хараство душы, выклікае ў нас высокія думкі і перажыванні, а найвышэйшае і найшляхотнейшае пачуццё сярод іх — каханне. Каханне, якое творыць цуды. Яно вектар і фундамент жыцця» [27, с.156].

Як ішоў творчы пошук, у якіх накірунках развівалася паэзія Я.Чыквіна на гэтым этапе, можна меркаваць па літстаронцы «Нівы». Менавіта там з’яўляліся свежыя творы ўсіх «белавежцаў», там яны праходзілі своеасаблівую «дэгустацыю», атрымлівалі першыя ацэнкі крытыкі і чытацкай аўдыторыі. Так, у адным з вераснёўскіх нумароў штотыднёвіка за 1977 год з’явіўся характарыстычны для аналізуемага перыяду верш Я.Чыквіна. Нават яго назва – «Размова сусветаў. Верш эксперыментальны» – настройвае на нязвыклае ўспрыманне:

Ы ыы я. А еы яя.
Ы оеа і эы у аоы.
У аао, еаа і аа,
І іуа. А ыо оы.

Бачна, як паэт імкнецца зрабіць крок за тыя межы, што акрэсліваюцца семантыкай мовы. Ідзе пошук першаснага сэнсу гукаў, таго значэння, якое распазнаецца ўжо на ўзроўні фанетычнага раду. Няма спрэчкі, што іншыя сусветы «гамоняць» на прынцыпова адрозных мовах. Нават у рамках аднаго гэтага тэксту можна назіраць, як «размова» выразна падзяляецца на часткі, якія складаюцца толькі з галосных ці толькі зычных. Падкрэслім, што гукавыя спалучэнні ў вершы абсалютна не тыповыя для беларускай мовы. Але, разам з тым, аўтар упэўнена карыстаецца традыцыйным сінтаксісам, мабыць, каб чытач успрыняў не хаатычную какафонію, а арганізаваную інфармацыю чужога сусвету. Зразумела, што дадзены эксперымент карысны і ў плане выпрацоўкі стылю, і як ілюстрацыя накірункаў развіцця новай паэзіі. Магчыма, пры больш грунтоўных і паслядоўных пошуках паэта ў гэтым напрамку, нацыянальная літаратура ўзбагацілася б наватарскімі творамі. Заступаючы наперад, скажам, што Ян Чыквін ніколі не пакідаў эксперыментаваць з формай.

Пастаянны пошук вядзе «белавежскі» аўтар у выпрацоўцы ўласнага паэтычнага слоўніка, шукае спосабы выражэння сваіх часта «непрычасаных», дзёрзкіх ідэй, эпатажных вобразаў: «Чалавек ёсць // фінцікульцяпісты! // І можа // перавыфінцікульціпнуць!» [46, с.50]. У некаторых праявах паэтычны радок агрубляецца настолькі, што наўрад ці можа быць дасягнуты высокі эфект эстэтычнага ўздзеяння: «Паліць падэшвы белая кароста. // Санкі спаўзаюць з чахотлівай горкі» [46, с.35]; «... А за сталом з абруса восень // дыміць каструляй бульбы змятай // і жонкі крыж над пузам узняты» [46, с.11]. Думаецца, менавіта падобную тэндэнцыю да «вульгарызацыі вобраза» меў на ўвазе М.Сяднёў [34, с.72], хоць і далікатна абмінуў яе крайнія праявы ў паэзіі Я.Чыквіна. На пытанне аб вытоках такой кантрастнай “шурпатасці” вершаў паэт адказаў так: «Ці гэта свядома рабілася? Пачалося ад несвядомага ўсё ж, каб затым – усвядоміўшы «шарахаватасць» як эстэтычную вартасць – не загладжваць сваіх вершаў прынцыпова» (ліст аўтару ад 7.12.96).

У цэлым кніга «Неспакой» з’явілася сапраўдным вынікам першага перыяду станаўлення творчай індывідуальнасці Яна Чыквіна. Усе тыя асаблівасці, што былі характэрны для ранняй творчасці паэта так ці інакш адлюстраваліся ў гэтым зборніку. Дастаткова вялікія прамежкі часу паміж кнігамі, выкліканыя аб’ектыўнымі прычынамі, дазвалялі «выпрабаваць» вершы. У прыватных размовах з аўтарам дадзенага даследавання Я.Чыквін не раз падкрэсліваў, што не выпраўляе ранейшыя творы. Відаць, вершы сапраўды вытрымліваюць выпрабаванне часам. У год выдання «Неспакою» быў напісаны яшчэ адзін твор, разгляд якога нельга абмінуць. Гэта паэма «Чорная віла», надрукаваная пазней у літаратурным альманаху «Белавежа» за 1980 г. Як гаварылася вышэй, буйныя вершаваныя формы для творчасці Я.Чыквіна не характэрныя. Сваю светапоглядную пазіцыю, маральныя і эстэтычныя прынцыпы паэт выражае часцей у адносна невялікіх лірычных тэкстах. Таму з’яўленне паэмы – факт сам па сабе дастаткова цікавы ў плане даследавання складанага працэсу эвалюцыі паэтычнага майстэрства.

Паэма «Чорная віла» была напісана літаральна за дзесяць дзён (у аўтарскім рукапісе пазначаны тэрмін: 4.02.–13.02.1977). Мабыць, такі досыць вялікі па аб’ёму і незвычайны па зместу твор узнікаў не адразу. У ім праглядаюць многія характэрныя рысы паэтыкі ранейшых кніг Я.Чыквіна: згушчаная метафарычнасць, яркая і дэталізаваная жывапіснасць, сімвалізм і шматзначнасць вобразнасці, выхад на філасофскія абагульненні. Таксама неабходна адзначыць, што ў паэме прадчуваюцца і тыя тэндэнцыі, што стануць вядучымі ў творчасці паэта ў пазнейшыя часы. Аўтар «Чорнай вілы» ставіў, на нашу думку, наступныя задачы – пошук і сцвярджэнне арыгінальных сродкаў мастацка-паэтычнага выяўлення тэмы, паглыбленне праблематыкі, узбагачэнне вобразнага інструментарыя.

Вызначыць дакладна жанравую прыналежнасць «Чорнай вілы» дастаткова складана. Дадзеная паэма не з’яўляецца сінтэтычным спалучэннем лірычнага і эпічнага элементаў. Сюжэт у творы ледзь пазначаны і па сваіх храналагічных межах займае толькі пэўную частку сутак – вечар і ноч. Можна гаварыць не пра сюжэтную лінію, а пра своеасаблівыя кропкі ў фактуры паэмы. Менавіта ў гэтых пунктах сцягваюцца ў адно мастацка абагульненае цэлае часавыя і прасторавыя, разумовыя і адухоўленныя, рэальныя і надрэальныя вектары. А вакол існуе дзіўнае перапляценне разнастайных паэтычных фігур і тропаў.

Паэма складаецца з трох раздзелаў. Першы — «Змярканне» — часавы арыенцір, адпраўны пункт кампазіцыйнай арганізацыі твора. Гэты раздзел уключае чатыры часткі, кожная з якіх складаецца з чатырох катрэнаў. Традыцыйная ў сваёй выверанасці структура і лёгкі рытм павінны былі б адпавядаць прыўзнятай настраёвасці, але тут жа ўзнікае супярэчнасць, што пазней выявіцца ў наступным раздзеле. У «Змярканні» падаецца надзвычай жывапісны малюнак вячэрняй пары.

Паслухмяна вечарэла.
Як лякарства неблагое,
Як насонная настойка
У далінах пахла сена.
Гэтым пахам перагрэтым
Ашчасліўленая рэчка
Замірала ў захапленні
Ў меланхоліі цячэння.
Мост гарбаты над вадою,
Ўжо стары і ненадзейны,
Быў апошнім перапынкам
Для худых вясковых сцежак.

[5, с.84]

Як бачым, гэты час сутак адзін з прыцягальных для паэта і займае значнае месца ў агульнай вобразнай сістэме ўсёй чыквінаўскай паэзіі. Відарыс творыцца маштабны, з глыбокай перспектывай. Шматлікія дэталі, нярэдка змененыя аўтарскім уяўленнем ці фантазіяй, шчыльна запаўняюць малюнак. Успрыманне пейзажу — не чыста зрокавае, яно падсвечваецца разнастайнай эмацыянальнасцю. За кожным вобразам і мікравобразам адчуваецца пэўны настраёвы тон. Чытач уяўляе не толькі зрокавую карціну, ён дастаткова лёгка можа адчуць гукі і пахі, што напаўняюць дадзены кавалак паэтычнай мясцовасці. Гэта ўжо не зусім тое «ідэальнае месца», што вабіла і паланіла сэрца маладога «белавежца». Гэта хутчэй зусім рэальная частка натуральнай прыроды, хоць надзеленая таямнічасцю.

Для стварэння выразнага малюнка паэт выкарыстаў багаты арсенал разнастайных тропаў. Трэба заўважыць, што амаль кожны аб’ект дадзенага пейзажу надзелены незвычайнымі аўтарскімі эпітэтамі: «кволая ноч», «ашчасліўленая рэчка», «худыя сцежкі», «млявы дым», «белагусты змрок». Прыкладаў набярэцца багата, бо іх можна адшукаць у кожнай страфе. Цікавыя параўнанні і метафары: «паслухмяна вечарэла, як лякарства неблагое», «як людзі глухаватыя, гусі тэпалі дахаты», «крокам ветлівым дружна ішоў аркестр кароў», «хор авечак памагаў спяваць кантаты» і інш. Уражвае майстэрства гукапісу, што надае надзвычайную гарманічнасць усякаму моманту:

Ашчасліўленая рэчка
Замірала ў захапленні,
Ў меланхоліі цячэння.

[5, с.84] 

Трэба сказаць, што нярэдка вобразам-малюнкам надаецца лёгкая гратэскавая ці іранічная афарбоўка. Гэта дазваляе стварыць надзвычай шматколерную палітру псіхалагічнага ўспрыняцця дадзенай рэчаіснасці.

Лагодным летнім вечарам (якому ў раздзеле адведзена тры часткі) свойская жывёла вяртаецца на свае падворкі. Усё напоўнена стомленым спакоем, чаканнем штодзённа-звыклых спраў. Ды тут жа гучыць невыразнае прадчуванне нейкай бяды:

Але ткнутыя ў сэрца
Прадчуваннем, што бяда,
Лямант паднялі ля дзверцаў...

[5, с.85]

Матыў інтуітыўнай перасцярогі знаёмы нам па ранейшых вершах Я. Чыквіна. Развіваючы дзейства ў першым раздзеле, аўтар як бы стварае эмацыянальны фон для чытача, смак лёгкай гаркавіны трывогі, пакуль не зразумелай, але ўжо адчувальнай. Дадзены раздзел прысвечаны своеасабліваму, першаснаму асэнсаванню «без’языкай, святой, каляровай, не прыкрытай» прыроды.

Другі раздзел «Здзіўленне» — па сутнасці, роспачлівы роздум той самай жывёлы, якая не застала на гаспадарскіх падворках аніводнага чалавека. Менавіта гэта і ёсць тая бяда, што чакалася. «Здзіўленне» ўяўляе сабой цэласную, але разнастайную гаму перажыванняў. І перажывае, пры тым панічна, сама жывёла. Рух эмоцый уяўляецца псіхалагічна абгрунтаваным, адпаведным чалавеку. Здзіўленне спараджае нясмелае чаканне, пасля паніку, затым уласнае бязвіннае апраўдванне і як вынік — просьбу-малітву аб выратаванні. У гэтым раздзеле шэраг канкрэтных «абліччаў» жывёл і птушак стварае абагульнены вобраз адзінай абстрактнай масы. Тут, безумоўна, можна правесці і паралелі з сацыяльна-грамадскімі праблемамі. Але гэта будзе ўсё ж недастатковае вырашэнне тэмы. Пытанні, узнятыя ў паэме, думаецца, тычацца сутнасці чалавека як сацыяльнай, так і натуральнай адзінкі. Чалавек, пра якога жывёлы гавораць: «двуногая істота, таемнае стварэнне, Бог дзвярэй, агню, усіх прадметаў», усё далей адрываецца ад першаснай натуральнасці, губляючы пры гэтым і духоўныя арыенціры. Усё замяняецца матэрыяльным дабрабытам, раўнадушшам. І ў выніку «таемнае стварэнне» не ўзбагачаецца, а бяднее. Нішчымніца духу, веры, прыгажосці паступова атачае яго індывідуальнасць і чалавечую сутнасць.

І аўтар спрабуе даць чалавеку магчымасць глянуць на гарманічнасць існавання прыроды, дзіўнае суладдзе многіх рэчаў. Ключом да гэтага з’яўляецца трэці раздзел – «Віла». Ян Чыквін выводзіць незвычайны і выдатны вобраз: ноч — гэта віла, «палацца», неверагодны храм, у якім месцяцца чалавек і яго рэчы. Асацыятыўная ўмоўнасць гэтага вобраза дазваляе пашыраць абсягі паэтычнага асэнсавання рэчаіснасці бясконца доўга:

Ноч: стаяць глухія сцены,
Зорным небам дах пакрыты
Ды заткнуты ў кроквах венік
На будынку – чорнай віле.

У пакоях ціха-мяккіх
Дрэмлюць дрэвы. Спіць каменне;
Засланіўшыся імхамі,
Толькі чэрапамі свеціць.

[5, с.89]

Усе часткі трэцяга раздзела пачынаюцца словам «ноч». І гэта ўжо не часавы прамежак, не астранамічная заканамернасць, а — «штодзённая будоўля», «запаветная зямля для рэчаў», «шчаслівае жыллё». Выразна абазначаюцца «матэрыялы», па якіх выбудоўваецца жыццё любога індывіда з «бэлек пажадання, з лабірынтаў», «балеснасці кахання», і з «парогаў невядомых, за якімі — паміранне...» Аўтар паспрабаваў выбраць як самае агульнае, тыповае, так і шматзначнае, таямнічае. Па якіх лабірынтах накіруецца чалавек, з якімі пажаданнямі, такімі і будуць вынікі пры апошніх яго парогах. Нягледзячы на такую ўзнёслую мажорнасць, фінал увасабляе іншыя матывы. Інакш і не магло быць, гэтага патрабуе ўся філасофія беластоцкага паэта. У апошніх строфах «Вілы» паўстае малюнак таго, як «голыя звяры» (лічы — безабаронныя ці натуральныя) паядаюць «свежую цыкуту»:

Смокчуць, нібы з сотаў мёд,
У парыве несвядомым і трывожным,
І таемны сверб, як велічны намёк,
Адчувае паасобна кожны.

[5, с.90]

Трэці раздзел, хоць і здаецца па сюжэту адасобленым, у ідэйна-філасофскім плане абгрунтоўвае і тлумачыць папярэднія .

Такім чынам, пра дадзеную паэму можна гаварыць як пра пэўны эксперымент, дзе аўтар пастараўся ўвасобіць некаторыя ідэі, што хвалявалі яго і выношваліся доўгі час. Але трэба звярнуць увагу на некаторую незавершанасць твора. Кампазіцыйна паэма атрымалася няўстойлівай, разгайданай. Яна не вытрымлівае ўскладзенай ідэйна-эстэтычнай нагрузкі і таму амаль распадаецца на асобныя кавалкі, фрагменты, кожны з якіх нясе свой зрэз рэальнасці, сваю думку. Гэты збор арыгінальных метафар, яркіх характарыстык, адшліфаваных тропаў і фігур усё ж не да канца ўтварае суцэльнага комплексу, падначаленага адзінай думцы.

Паэзія Яна Чыквіна займала своеасаблівае месца ў тагачаснай беларускай літаратуры. Пазначаная тонкiм лiрызам, дасканалымi мастацкiмi даследаваннямi эмацыянальнай сферы чалавечага iснавання, творчасць пiсьменнiка адрознiваецца надзвычайным аналiтычным заглыбленнем у духоўнае жыццё iндывiдуума. Паэзiя беластоцкага аўтара палягае ў агульным рэчышчы мастацкiх пошукаў агульнаеўрапейскай мастацкай i фiласофскай думкi. Звяртаючыся да звыклых тэм незваротнага дзяцiнства, жорсткага сваёй бездухоўнасцю свету, загадкава-мiстычнага кахання, лiрычны герой Я.Чыквiна знаходзiць свае арыгiнальныя словы, яркiя вобразы, трапныя параўнаннi. Iнтэлектуальна-пачуццёвыя пасажы героя могуць захапiць чытача, адкрыць для яго новыя абсягi разумення навакольнага свету. Рэчаiснасць, пераўтвораная мастацкiм светабачаннем, аказваецца такой жа цiкавай для сталага героя, як iдылiчная «Аркадыя» дзяцiнства, толькi востры вопыт жыцця вучыць задуменню i меланхолii. Для стылю паэта характэрны сінтэз мастацкіх з’яў самага рознага эстэтычнага ўзроўню. У ідэйна-вобразным плане вершы «белавежскага» аўтара злучаюць як эстэтычна ўзнёслыя, так і прыніжаныя і натуралістычныя элементы. Увасабленню гэтага служыць моўная плынь паэзіі Я.Чыквіна, у якой адначасова суіснуюць пласты літаратурнай і дыялектнай лексікі. Калі ранні перыяд, што заканчваецца прыкладна ў першай палове шасцідзесятых, пазначаўся вучнёўствам, эксперыментам, то пазнейшыя творы сведчаць пра ўзмацненне асабовага фактару, пра скіраванасць на ўласны эксперымент, падмацаваны прафесійнай адукацыяй і набытым майстэрствам.

***

Кожны мастак патрабуе духоўнай аддачы ад сваёй працы, пэўнага рэзанансу. Трэба згадаць, што тры першыя зборнікі Яна Чыквіна выдаваліся ў Польшчы, і таму маглі быць разлічаны толькі на адносна невялікую чытацкую аўдыторыю. Васьмідзесятыя гады знамянальныя і тым, што выходзяць кнігі з перакладзенымі на польскую мову вершамі беларускага паэта. Гэта паказчык таго, наколькі значную з’яву ўяўляла на той час творчасць Я.Чыквіна. Можна гаварыць, што абсягі чытацкай аўдыторыі адпаведна пашыраліся ў два бакі. Так і павінна быць з творчасцю мастака, які жыве і працуе на сумежжы. Значным крокам у знаёмстве з масавым чытачом быў выхад зборнікаў: польскамоўнага «На парозе свету» (Na progu њwiata, 1983) і білінгвальнага «Сонечная вязь» (Splot sіoneczny, 1988).

Польская крытыка ў асобе В.Смашча, Э.Феліксяк і інш. высока ацаніла гэтыя кнігі. Характэрная рыса рэцэнзій – арганічнае спалучэнне суб’ектыўных літаратурных прыхільнасцей і аб’ектывізаванай аналітычнай думкі, выверанай прафесійным досведам. Кніга «На парозе свету» змяшчае прадмову даследчыцы Эльжбеты Феліксяк. Рэцэнзія некаторымі сваімі момантамі ілюструе існуючы ў польскай крытыцы погляд на «белавежскую» літаратуру, як пераходную стадыю развіцця ўласна польскага прыгожага пісьменства, пасля якой беларускамоўная прыкмета натуральна знікне. Э.Феліксяк разважае: «Найбольш цікавым у паэзіі Чыквіна з’яўляецца хіба тое, якім чынам спрабуе ён акрэсліць сэнс сапраўднасці, вернасці, якая распазнаецца з штораз большымі цяжкасцямі. Магчымым зваротам да яе павінна быць творчая памяць «лучнасці». Творчая памяць з’яўляецца спалучэннем вобразу і свядомасці. Ёсць пагроза, што паэзія набудзе ментарскі тон. Ян Чыквін здолеў пазбегнуць гэтага дзякуючы таму, што яго пошук палягае не ў сферы абстракцыі, а ў духоўнай экзістэнцыі рэальнага пейзажу» [37, с.7]. У літаратуразнаўчым аспекце – гэта думкі спецыяліста, заангажаванага ў сучасным еўрапейскім філасофска-эстэтычным кантэксце. Па сутнасці, дадзены ракурс даследавання — адна з першых спроб такога плану, калі творчасць Я.Чыквіна аналізуецца як універсальная ў праблемна-тэматычных адносінах.

Пэўная доля рацыянальнай заходняй строгасці ў ацэнцы ўсёй сітуацыі «белавежскай» літаратуры адцяняе асабістую захопленасць паэзіяй Чыквіна. Так, В.Смашч сцвярджае: «Паэты з падобнай, як у Чыквіна, радаслоўнай, але пазбаўленыя проста магчымасцей паглыбляць сваю мастацкую і інтэлектуальную свядомасць, не падымаюцца вышэй народных творцаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй творчасці пераважна мясцовы фальклор з яго просценькімі мастацкімі формамі. Чыквін – адукаваны філолаг і гуманіст – ніколі не стылізаваў сваю паэзію пад народную прастату» [31, с.3].

Зборнік «Сонечная вязь» цікавы ў параўнальным разрэзе. Чытач мае магчымасць суаднесці арыгінал з перакладам, адчуць высокую густоўнасць аўтара і майстэрства перакладчыка. Думаецца, пераклад некаторых тэкстаў Я.Чыквіна быў сапраўдным выпрабаваннем, бо алітэрацыйныя малюнкі, сімфанічнае гучанне вершаў настолькі знітавана з метафарычным і асацыятыўным зместам, што такое непадзельнае цэлае можа ператварыцца толькі ў новы мастацкі твор на іншай мове. Вызначаючы характэрныя асаблівасці паэзіі «белавежца», крытык даводзіць: «...танальнасць яго мовы (бо не сумняваючыся, што паэзія для Чыквіна гэта проста яго асноўная мова) даходзіць ледзь не да граніцы, за якой пачынаецца ўжо толькі поўнае задумення маўчанне» [31, с.3].

Сапраўдным адкрыццём для масавага беларускага чытача стаў зборнік паэзіі «Светлы міг», што выйшаў у Мінску ў 1989 годзе. Перад аўтарам стаяла нялёгкая задача: у першай кнізе такога плану прэзентаваць сваю творчасць, раскрыць складаныя перыпетыі працэсу станаўлення ўласнай творчай індывідуальнасці, па магчымасці даць уяўленне пра асаблівасці сучаснай беларускай літаратуры ў Польшчы. Прадставіць цікаўнаму знаўцу нялёгкі шлях мастацка-творчага сталення, яго вынікі, на нашу думку, аўтару спаўна ўдалося. У зборніку змешчаны многія лепшыя вершы з папярэдніх кніг, а таксама творы, што з'явіліся менавіта ў другой палове васьмідзесятых.

«Светлы міг» адкрывае новыя далягляды ў разуменні Быцця, асобы лірычнага героя і самога аўтара. З часам усё мацней назіраецца тэндэнцыя да паглыблення ідэйна-філасофскага зместу мастацкіх твораў. Адначасова выразна бачацца няспынныя і свядомыя пошукі, арыентаваныя на выпрацоўку стылістычна арыгінальнага паэтычнага маўлення, уласнага сінтаксісу, фонікі і г.д. Безумоўна, такому самаўдасканальванню шмат у чым спрыяла сур’ёзная літаратуразнаўчая школа, перакладчыцкая практыка, з поспехам асвоеная паэтам. Лірыка гэтага перыяду яшчэ раз падкрэслівае адметную асаблівасць вершаў Я.Чыквіна — надзвычайную эстэтычную чысціню. Увесь час адчуваецца, што пэўная частка рэальнасці, як фізічнай, так і ў нейкай ступені ідэйна-эстэтычнай, як бы знікае, застаецца за межамі паэтычнага поля. Гэтую рэальнасць складаюць, як правіла, канкрэтныя ідэалагічныя, соцыа-палітычныя і інш. «дэкарацыі». Лірычны герой паэта шукае і знаходзіць тое, што з’яўляецца для яго максімальна значным як у эстэтычным, так і маральна-духоўным планах. Прыніжэнне статуса грамадска-канкрэтнай рэальнасці дазваляе адпаведна падняць узровень успрымання самых разнастайных праяў навакольнай рэчаіснасці.

Канцэптуальныя арыенціры пачатку творчасці засталіся нязменнымі, хаця творчая манера Яна Чыквіна набыла новыя рысы. Масей Сяднёў, чалавек, які зведаў многія кругі пекла, якімі выпрабоўвала беларускіх літаратараў бязлітаснае ХХ стагоддзе, у свой час адзначаў, гаворачы пра мінскі зборнік: «Паэзія Яна Чыквіна па сутнасці філасофская. Яна вяртае нашу паэзію ў лона еўрапейскай паэзіі, калі хочаце – нават запярэчвае яе матэрыялістычную сутнасць, яна ў нашай паэзіі – як новая планета, хоць яшчэ і не адкрытая. Паэзія Чыквіна сімвалічная, метафарычная, як і належыць быць сапраўднай паэзіі» [34, с.72]. Увага да агульначалавечых праблем і агульнафіласофскіх пытанняў зараз усё часцей выліваецца ў пошук своеасаблівых (часцей класічна не рэгламентаваных) паэтычных форм. Аналітычныя тэндэнцыі, выяўленыя яшчэ напачатку творчасці, развіліся з цягам часу ў арыгінальную філасофскую лірыку. Мінскі зборнік паказвае, як выпрацоўваліся стылявыя параметры паэзіі беластоцкага аўтара. Нярэдка філасофскія пытанні гучаць непасрэдна ў творах адкрыта і канкрэтна. У іншым выпадку падаецца толькі сітуацыя, часцей звыкла-незаўважная, якая схіляе на філасофскі роздум, калі «ўзбураная» плынь думак і разваг, асацыяцый і вобразаў творыць новую рэальнасць. Суб’ектыўна-лірычная плынь заўсёды пераважала ў паэзіі Я.Чыквіна. Яна займае дамінуючае месца і гэтаму ёсць пэўныя тлумачэнні. Вобраз лірычнага героя ўзбагачаецца за кошт паглыблення ў псіхалогію асобы, разглядаецца ва ўзаемадачыненні Чалавека і Свету. Узмацненне лірычнага пачатку ў сукупнасці з філасафічнасцю надае стылю паэта арыгінальнае гучанне.

Паказальным уяўляецца санет «Пад ліпамі душна, як у форме санета», дзе нечаканым параўнаннем паэт як бы злучае некалькі рэальнасцей і плоскасцей: натуральна-прыродную і мастацка-творчую. Такое збліжэнне пакідае магчымасць адносіцца да літаратурнага тэксту і працэсу творчасці не сціснута-суха, а вольна і нават іранічна.

Жыву распаўсюджаны ў цесным пакоі,
У паасобных трываю прадметах –
Паломнік, паверыўшы ў шчасце зямное.

Куды плывуць усхваляваныя летам
Палі, туды і я спяшаю,
Загледжаны ў прыгажосць роднага краю.

[50, с.13]

Гэтыя строфы прыкметныя тым, што ў іх адчуваецца няспынны рух жыцця, дынаміка ўсяго існага. Таму герой называе сябе паломнікам (лічы — вандроўнікам, падарожнікам).

Верш «Май» у звыклай ужо для аўтара і чытача манеры стварае адчуванне хмельнай прыроднай красы, якую немагчыма ўспрымаць проста рацыянальна, а толькі, хіба што, — пачуццёва.

Я – голас твой, я – першы ўздых вясны,
Калі яна падымецца з карэнняў
І, наліваючы цяпло ў пасудзіну раслін,
Спаўняе таямніцу зноў маяхрышчэння.

[50, с.15]

Дадзеныя радкі пераклікаюцца з юнацкім вершам «Дом» (Я –выбух // Я – сімвал // Я – смяротны ўспамін [43, c.20]). Яднае іх тэндэнцыя да персаніфікацыі вобраза, суб’ектывізаванага ўвасаблення рэчаіснасці. Разам з тым бачыцца істотнае адрозненне. «Май» пазначаны надзвычай пазітыўнай экспрэсіяй апаэтызаванай перамогі абуджаных вясною жыццёвых сіл. На прыкладзе гэтых твораў можна назіраць шырыню дыяпазону душэўных, эмацыянальных ваганняў лірычнага героя.

У вершы «Май» бачна, як ідзе пошук сваёй адметнай лексікі, выпрацоўка паэтычнага слоўніка, калі нараджаюцца аўтарскія новатворы: маяхрышчэнне, самап’яная прырода, месяц будзе фіялець. Складаецца і своеасаблівая інтанацыя, якая набывае сілу энергетычнага імпульсу. Гэтую энергію, што зыходзіць ад творцы, мы адчуваем праз мастацка-вобразную сістэму кожнага аўтарскага тэксту.

Зборнік «Светлы міг» стаў неардынарным праяўленнем устойлівай у беларускай літаратуры тэндэнцыі: спалучаць-перакрыжоўваць і паралельна развіваць у сістэме адной кнігі розныя формы і паэтычныя структуры. Праз гэта значна паглыбляецца ўспрыманне чытачом вобраза лірычнага героя і самога аўтара, яго ідэйна-эстэтычных установак. «На старонках кнігі ўтвараецца унікальны, непаўторны свет, падобны сваёй закончанасцю і характарам уяўленняў да антычных міфаў»,– небеспадстаўна сцвярджае крытык Л.Зарэмба [18, c.20].

Цэнтральны верш «Светлы міг» вельмі паказальны па свайму ідэйна-эстэтычнаму напаўненню. У ім пейзаж, успрыняты героем, заканамерна наводзіць яго на думкі аб сэнсе чалавечага жыцця, аб Быцці. За прыродна-натуральнымі момантамі бачыцца глыбокі сэнс.

На нас дваіх вось гэты шчасны міг!

Як ластаўкі мы — што ў палёце адчайным
Крылышкаюць над чужароднай ім гладдзю вады —
Душою імкнёмся ўвысь, ляцець абы-куды.

[50, с.16]

Урэшце аўтар даводзіць, што «За гэтым сном з адкрытымі вачамі – // Убачыць яснасць з боку тайнай цемнаты» і з’яўляецца сэнсам чалавечага існавання, творчых памкненняў. Мастацкую сістэму гэтага зборніка адрознівае цудоўная здольнасць аўтара ўбачыць, адчуць адзін міг жыцця, яго велічную прыгажосць і глыбіню. Напэўна, гэта і ёсць імгненне вечнасці. «Светлы міг» цікавы і прыкметны тым, што філасофскія разважанні вырастаюць на глебе эмацыянальнага захаплення пачуццёвай сферай: « Трымае лес над галавой вянцы. // Журліва-светлы перадасенні міг... // Праз прызмы дрэў бягуць ганцы // Салярыс грэйнага яшчэ для нас дваіх» [50, с.16]. Парадаксальна, але адметным ходам паэт зводзіць у адным лірычным вершы, здаецца, далёкія і разнастайныя матывы і тэмы ўласнай творчасці. Тым самым ілюструецца гарманічнасць тагачаснага светапогляду Я.Чыквіна. Мастацка-філасофская сістэма паэта ўключае надзвычай складаныя сувязі і ўзаемаўздзеянні, дзе кожны элемент, кожны ўзровень працінаецца адвечным рухам, нярэдка — супрацьлеглым па сваіх напрамках і адпраўных кропках. Французскі філосаф А.Бергсан разважаў: «Моцнае каханне, глыбокая меланхолія захапляюць усю нашу душу: тысячы разнастайных элементаў зліваюцца, узаемапранікаюць, без дакладных контураў, без найменшага імкнення існаваць паасобку ў адрыве. У гэтым іх арыгінальнасць... Усялякае пачуццё ёсць істота, якая жыве, развіваецца, а значыць, неперарыўна змяняецца» [7, с.107].

У дадзеных варунках заканамерна ўзнікае момант палемікі з высновамі П.Макаля, які ў сваёй прадмове да зборніка беластоцкага паэта зазначыў: «А крыніцай яго паэзіі ўсё ж з’яўляюцца бацькоўскі куток зямлі, тое хлебадайнае поле, якія далучылі яго, вясковага хлапчука, да непаўторнага хараства роднай прыроды, да цудадзейнасці сялянскай працы...вобразы і рытмы яго творчасці нараджае стыхія жыцця хлебаробаў...» [25, с.5]. Думаецца, што вытокі творчасці Яна Чыквіна, повязь з канкрэтнымі рэаліямі куды больш дыялектычна складаныя і апасродкаваныя. І цяжкая сялянская праца, і тое ж вясковае жыццё з’яўляюцца не культам для апявання, як нярэдка бывае ў творчасці многіх сучасных беларускіх паэтаў. Вясковае быццё — гэта хутчэй адна з форм пагаднення з законамі прыроды, і пры тым – не ідэальная форма. Не трэба аспрэчваць, што ў тым выпадку, калі на першы план выходзіць пастаянны і знясільваючы клопат аб матэрыяльным забеспячэнні існавання, руціна штодзённага сялянскага побыту шмат у чым прыніжае духоўны пачатак у чалавеку.

У гэтым зборніку з большай выразнасцю, чым у папярэдніх, сімвалізуюцца многія канкрэтна-рэальныя і спрадвечна-літаратурныя вобразы: агарод і сад, сонца і ноч, квадры прыроды, смерць і інш.

Сад мой, садок,
Душа найлепшая з душ,
Прыбяжы да мяне ў Беласток
У белай кашулі груш.

[50, с.43]

Або

Вязе мой слаўны, вязе вяковы,
Ці шчаслівы ты ў шапцы вясковай?

Брыдзеш ты па свеце кульгавым карэннем,
Як факт аўтэнтычны, канкрэтнае здарэнне.

[50, с.44]

Агарод, напрыклад, настолькі ўзнёсла апаэтызаваны хіба толькі ў Я.Чыквіна. Агарод цалкам страчвае сваю практычную сутнасць, ператвараючыся ў месца эмацыянальнай і прыроднай гармоніі:

Ішлося з хаты проста ў агарод:
У гушчу вырастаючых жаданняў,
У сонечны затон, ілюзію свабоды,
У постаць трагічную ды самазваную.
...
Маё жыццё, мой браце – зелля гэтага уздым, –
На градах зблытанае неверагодна.
Дні замяняюцца ў калючыя кусты,
А ружы не знайсці – ніводнай.

[50, c.27]

У размовах з аўтарам даследавання паэт прызнаваўся, што, жывучы на бацькоўскай сялібе, не займаецца звыкла-сялянскімі справамі. Гэта не адпавядае запатрабаванням інтэлігента, прарослага ў гарадскую культуру і цывілізацыю. І такая пазіцыя пазначана ў зборніках, стэрыльных ад апявання ўласнай цягі да сялянскай працы. Па-свойму развіў гэтую думку крытык Я.Жамойцін: «Ян Чыквін не дэкларуе сваёй непарыўнасці з асяроддзем, з якога выйшаў, наадварот, нават не скрывае ўласнага пачуцця прыніжанасці з-за свайго сялянскага паходжання, уважае яго «страшэннай спадчынай», фатальным прызначэннем» [13, с.237]. Такі погляд шмат у чым абмяжоўвае ўспрыманне лірыкі беластоцкага аўтара, падмяняецца псіхааналізам, прэпарацыяй разнастайных комплексаў. Думаецца, што герой Я.Чыквіна калі і «хварэў» на «пачуццё прыніжанасці» ці комплекс правінцыяла, дык даўно ад гэтага вызваліўся. Яго хвалююць куды больш універсальныя і псіхалагічна складаныя праблемы. Як бачым, патрэбны дужа ўніклівы падыход, каб не збіваючыся на «дэкларацыі», паспрабаваць выдзеліць складаючыя часткі аднаго інтэгруючага цэлага, што ўяўляе сабой светапогляд Я.Чыквіна.

Сапраўды, колькі ёсць у нацыянальнай літаратуры прыкладаў такога «пранікнёнага» замілавання, якое ўжо набіла аскоміну чытачу, асабліва сучаснаму гараджаніну. Трэба прызнаць, што «вясковая» паэзія нярэдка грашыла ў якасных і колькасных паказчыках адносна «песні» аб цяжкой сялянскай долі.

У адным са сваіх самых шчырых і змястоўных інтэрв’ю Я.Чыквін сцвярджае: «Чалавек існуе прынамсі ў трох планах – прыродным, грамадскім і духоўным. На ўзроўні прыродна-біялагічным ён цалкам упісаны ў прычынна-выніковую залежнасць матэрыяльнага свету і не можа выйсці за межы яго законаў. У грамадскіх арганізацыях ягоная сутнасць зводзіцца да пэўных функцый, дзе свабода чалавека абмежавана канкрэтным гістарычным узроўнем развіцця. А вось на ўзроўні жыцця духоўнага чалавек не пагаджаецца з ніякімі абмежаваннямі... Хоча быць і ёсць свабодны, імкнецца да творчага пераўтварэння акаляючай яго рэчаіснасці і самога сябе, каб выйсці за рамкі трансцэндэнтнага» [58, c.160]. Калі ўдумацца, гэта надзвычай важна і паказальна, каб творца мог канчаткова акрэсліць, найперш для сябе, такі складаны і адвечны комплекс узаемаадносін: мастак – мастацтва – свет.

Разрыў з сялянскім жыццём (але не з «каранямі») быў непазбежным. Варункі рэальнага існавання вымагалі пакінуць роднае — гарманічны, як уяўлялася, свет вёскі. Горад, з яго універсальнымі інфармацыйна-камунікатыўнымі магчымасцямі — вось, бадай што, непазбежны прытулак паэтаў ХХ стагоддзя. Бытаванне ва урбаністычных варунках дазваляе і абумоўлівае як інтэлектуальнае, так і духоўнае развіццё асобы. І тут мы схільны лічыць, разам з паэтам, што гэта найперш культурны цэнтр цывілізацыі, месца (прыгадаем, што па-польску горад — miasto), дзе сканцэнтраваны і максімальна адкрыты для ўспрыняцця найвышэйшыя здабыткі чалавечага розуму і духу. Горад для лірычнага героя Яна Чыквіна — не бяздушныя стандартныя гмахі, фабрычныя карпусы, атрутныя артэрыі камунікацый, муры, вуглы і людская адчужанасць, а палёт чалавечай думкі і працы, гэта магчымасць неверагодных сустрэч, помнікі, храмы, цудоўная архітэктура розных эпох.

Як прыемна ісці па чужым горадзе без спеху,
Спраў не маючы і ніякіх клункаў,
Паддаючыся салодка-дымнай плыні вуліц,
Быццам човен пушчаны на віры скрыжаванняў,
На пацвілыя затонні плошчаў абамлелых,
На зялёны шквал акварыумаў-паркаў...

[50, с.49]

І таму, мабыць, надзвычайнай светлай метафорыкай, чуйнай пластыкай прасякнуты вершы «Навальніца ў Беластоку 1981 года» ці «Варшава»: «Ёсць у Варшаве хараство // Грэцкіх німф і рымскіх карыятыд, – // Калі з неонавых кастроў, // Вечарам, // Сірэнай з Віслы, голая, // Выходзіш ты // І неба зорнае // Рукою кволаю // У ручніку разгорнутым // Трымаеш над сабой» [50, c.61]. Але, безумоўна, сучасная тэхнакратычная цывілізацыя наносіць свой удар па прыроднай і чалавечай гармоніі. І тут ізноў жа дадзеную праблему трэба разглядаць максімальна філасофскі абагулена.

Паказальна, што адной з асноўных рыс лірычнага персанажа зборніка «Светлы міг» з’яўляецца пачуццё самоты, меланхолія. У кнізе такое светаўспрыманне па-майстэрску ўвасоблена ў форме элегіі. «Прымірэнне: Дубіцкая элегія» — твор, дзе паэтам зноў падымаецца тэма чалавечага сканання. Кампазіцыйна верш падзелены на тры часткі. Першая чатырохрадковая страфа стварае пэўную сюжэтную лінію: стары чалавек прыходзіць на могілкі. А далей — васьмірадкоўе, настрой якога паступова рассвятляецца жыццёвай мудрасцю. Аўтар ізноў сцвярджае думку аб прымірэнні паміж жыццём і смерцю, думку аб апраўданасці фізічнага канца. Адначасова ў элегіі ствараецца ўзнёслы гімн «перазвону жыцця», падзяка, што «кожны мог // Жыцця свайго паслухаць перазвон; // Сярод жывых пабыць жывым» [50, с.21]. І як сапраўднае прымірэнне гучыць апошняя страфа:

І вянем, адыходзячы,– і нікне цень,
І ўжо для нас ні ноч, ні дзень,
І намі выжыты нам дадзены наш час,
І – няма ўжо нас для нас.

[50, с.21]

Такім чынам, нават чыста фармальна верш сваёй структурай падкрэслівае раўназначнасць і ўзаемапераход жыцця і смерці.

«Элегія ночы», «Беластоцкая элегія», «Элегія фаталізму» — выдатныя прыклады паэтычнага майстэрства, тонкага адчування натуральнага свету. У мастацка-вобразным, ідэйна-тэматычным плане гэтыя элегіі маюць агульную прыкмету — яны выяўляюць сум, навеяны пэўнымі, часцей пераходнымі, станамі прыроды: ці то змены пораў года, ці то — перыядаў сутак. Праз неканкрэтныя, прамежкавыя (ці дакладней памежныя) варункі ў прыродзе аўтар імкнецца выявіць тыя пачуцці, эмоцыі і думкі, што цяжка выказаць канкрэтна-звыклымі формуламі. Пошук на мяжы явы і забыцця, жыцця і смерці, свядомасці і падсвядомасці нярэдка выводзіць на новыя абсягі разумення чалавечай сутнасці.

Даспяваюць яблыкі ў садку.
Водару тут большае шторанку.
На залатазвонкіх струнах ткуць
Малінаўкі асеннюю санату.
...
Не адыходзь ў нябыт, мая прырода!
Яшчэ людзі недаспелі,
Яшчэ жанчына ў цяжкіх родах,
І не ўсё выказацца ўспела.

[50, с.56]

Лета мінае. Апошняе лета.
Багрова-ліловае, ціха-замглёнае,
Радасна-кволае, велічна-сумнае.
Лета маё. Неўрадлівы палетак.
...
Лета кароткае. Просінь над краем.
Музыкай тхне, зямля ў фіялетах.
У вечнасці ўсе мы жывём-паміраем
Няўлонна штодзённа, нячутна – як лета.

[50, с.57]

Ва ўсіх даследаваннях, прысвечаных творчасці Яна Чыквіна, так ці інакш узгадваецца натуральны свет прыроды і яго сувязь са светам паэзіі аўтара. Падкрэсліваецца, што гэта і крыніца натхнення, і аснова жыццёвай філасофіі, і найвялікшая загадка для чалавека. Сапраўды, прырода са сваімі законамі ўваходзіць у мастацка-вобразную сістэму паэзіі беларускага аўтара вельмі арганічна, займаючы адно з асноўных месц ў яго паэтычным светабачанні. Тэрэса Занеўская наогул лічыць Яна Чыквіна «найбольш ,,пейзажным,, паэтам «Белавежы» [17, с.66]. Ужо першай сваёй кнігай паэт засведчыў, што яго мастацкае спасціжэнне прыроды, адухаўляючы рэчы і з’явы, патэнцыяльна здольна ўзняцца на вельмі высокія прыступкі выяўлення думкі і пачуцця. Герой адчувае непаўторнасць кожнага зменлівага імгнення ў агульнай плыні няспыннага жыцця. Ён не проста ўмее ўбачыць хараство, а праз эталон прыгажосці ўглядаецца ў любы эпізод рэальна-рэчыўнага існавання. Такі эмпірычны пачатак у паэзіі Я.Чыквіна заўсёды трывала падключаны да інтэлектуальнай рэфлексіі. Аўтар ніколі не задавальняецца пасіўным сузіраннем свету, абавязковымі для яго з’яўляюцца роздум, аналітычнае выяўленне дыялектычнай сувязі прыватнага з агульным. Некаторыя сферы псіха-эмацыянальнага жыцця індывідуума не паддаюцца прамому рацыянальнаму вызначэнню. І тут ізноў толькі прырода ў стане больш-менш дакладна выявіць праз мастацкія вобразы многія зрухі душы. Міхаіл Эпштэйн пра такую з’яву гаварыў: «Паэзія знаходзіць не толькі свае рытмы і строфы, але перш за ўсё той дух натуральнасці, непрадказальнасці, якім сама дыхае. У ёй ёсць тая безумоўнасць самавыражэння, якая непадуладна ніякай разумова пастаўленай мэце... – і далей крытык працягвае.— Сама паэзія — гэта другое «я» прыроды, адказ на яе патрабаванне знайсці мову...» [55, с.14,16].

Якасны ўзровень пейзажнага мастацтва і майстэрства — гэта, па сутнасці, сапраўдны эстэтычны крытэрый ацэнкі ўсёй паэзіі канкрэтнага аўтара. Пейзажныя вобразы з'яўляюцца часткай духоўнай сферы існавання і складаюць першааснову паэтычнага светабачання. Сучасны даследчык зазначае: «У беларускім пейзажным светаадлюстраванні канкрэтнае, прыродна-зямное знітавана з абстрактным, асацыятыўным планам выяўлення» [6, с.7]. Пейзаж нярэдка (а ў паэзіі Чыквіна, мусіць, найчасцей) становіцца, як ужо заўважалася, сродкам філасофскага тлумачэння чалавека і быцця. Прыродны малюнак, пададзены ў філасофскім ракурсе, набывае ідэйна-сэнсавую заглыбленасць, канцэптуальнасць:

Зялёным агнём набрыняла трава.
Гэта радасць вясны, а мяне там няма.
Ходзіць вецер па полі на тонкіх нагах.
Гэта песня зямлі, а мяне там няма.

Праз дзён пясок і каменне начэй
Прарастае сляза гарадскіх вачэй.

[50, с.52]

Характэрна, што пейзажная лірыка Яна Чыквіна вельмі разнастайная: тут можна знайсці прыкметы імпрэсіянізму, водгукі сімвалізму, рысы імажынізму, а таксама іншых літаратурна-мастацкіх метадаў і накірункаў.

Большасць тэкстаў Я.Чыквіна пры сваім адносна невялікім аб’ёме і максімальнай насычанасці разнастайнымі мастацкімі тропамі выразна акрэсліваюць сутнасную праекцыю роздуму. Тут унутранае перажыванне героя адкрывае экзістэнцыяльныя асновы індывідуума. Сутнасць многіх рэчаў усё ж немагчыма спасцігнуць толькі рацыянальным шляхам, з дапамогай лагічна-лінейнага мыслення. Дэдуктыўныя сувязі разнастайных сцвярджэнняў не вытрымліваюць ускладзенай на іх нагрузкі па адкрыццю і вызваленню складаных праблем чалавечага існавання. І ўся сіла навуковага досведу аказваецца таксама недастатковай. Тады развагі паэта абапіраюцца на тыя элементы жыццёвага вопыту, якія кожнаму чалавеку, абагульненаму чытачу лягчэй адчуць, перажыць, чым ахарактарызаваць ці прадумаць. Адсюль і бяруць пачатак медытацыя, гіпнатычная засяроджанасць у тэкстах Яна Чыквіна.

Маці з сынам селі на парозе.
– Жыццё, мабыць, зрадзілася ў далінах...
Сцяблінкай кожнай хоча быць прыгожым.
– Усе усопшыя у бозі.
– Глянь, мама, йдзе да нас сасна ў госці,
Як гожа-гожая дзяўчына.
– І можаш з яе дошак, сынку,
Ужо зрабіць мне дамавіну.

[50, с.80]

Верш «Плач Яраслаўны» – адзін з найбольш яркіх і характарыстычных у зборніку. Ён патрабуе, як і многія тэксты Я.Чыквіна, кампетэнтнага чытача, заглыбленага і ў славянскую і, шырэй, сусветную культуру. Безумоўна, праасновай паслужыў знакаміты літаратурны помнік усходніх славян «Слова пра паход Ігаравы». Аднак трэба падкрэсліць, што асэнсаванне і ўсведамленне гэтага твора адшукваецца ў тым жа пласце мастакоўскай свядомасці, дзе знаходзяцца і шматлікія іншыя класічныя ўзоры сусветнай культуры, антычныя міфы, гісторыя і літаратура, фальклор. Такая поліфанічнасць уласціва і дадзенаму вершу. Сімптаматычна, што аўтар з шырокага ліра-эпічнага палатна «Слова» абірае менавіта эпізод жаночага плачу-просьбы. «Белавежскага» лірыка цікавіць выяўленне пачуцця, эмоцыі ва ўсёй іх непаўторнасці і зменлівасці. Матывы і вобразы старажытнага твора – такія ж раўнацэнныя і сучасныя, як і іншыя, што з’яўляліся ўжо у вершах Я.Чыквіна. Чытач павінен быць падрыхтаваным, мець уяўленне пра ваярскую няўдачу Ігара, пра сон Святаслава і яго тлумачэнне. Сам верш быў змешчаны яшчэ ў зборніку «Неспакой», але, думаецца, што менавіта ў «Светлым мігу» ён заняў адпаведнае сваёй ідэйна-эстэтычнай значнасці месца. Вобразную шырыню, настраёвую разнапланавасць кнігі ілюстравалі і іншыя ўжо згаданыя вершы, але культуралагічную сінкрэтычнасць, майстэрства выражэння ў спавядальнай форме душы зусім іншага, нават абстрактнага героя дакладна выявіў менавіта «Плач...»:

Стаіць над князем Немезіда,
І меч у руцэ блішчыць варожа.
Ад гэтай помсты ўцячы ніхто не зможа!
Меч у зямлю ўваткнула слаўны –
Няма ў яе ніякай непрыязні,
Хоць каму прабачыць, таго і смерці выдасць,
Бо дзень і ноч – два крылы князя,
А ўсход і захад – Яраслаўны.

[50, с.59]

Аўтару ўдалося паспяхова ўвасобіць эпічна-грунтоўны лад стараславянскай паэмы, захаваць адчуванне яе арыгінальнай вобразнасці. Разам з тым яскрава выявіўся ўласны стыль Я.Чыквіна. Адно толькі перагукванне Немезіда – Няміга («На Нямізе галовы сцелюць снапамі,.. Нямігі крывавыя берагі // не збожжам былі засеяны зноў...» сумяшчае-перамешвае ўсе магчымыя пласты літаратурнай рэальнасці, упершыню злучаючы праз алітэрацыйныя фігуры ў вобразнай плыні такія розныя матывы і сімвалы. Аналізуемы паэтычны тэкст мае своеасаблівае кампазіцыйнае рашэнне, выражанае ў страфічным і радковым падзеле. Пачынаючыся традыцыйным радком-зваротам: «Князю слава, Святаславу!», верш развіваецца ў накірунку ўзмацнення эмацыянальнасці і паглыблення праблемнасці, калі ўзгадваюцца менавіта тыя моманты, якія непасрэдна спарадзілі плач князёўны. З узрастаннем напружанасці ў прамой прагрэсіі павялічваецца колькасць радкоў у строфах: 1-2-3-4- і г.д. Працытаваная васьмірадковая страфа – апошняя, яна – і вывад, і выхад з самога верша. Варта пагадзіцца з меркаваннем адносна “Слова пра паход Ігаравы” Я. Леанчука: «Чыквін у вершах, асабліва ў «Плачы Яраслаўны» – у гісторыі, у індаеўрапейскім матыве спячых вояў, заўважае вечную праўду. Прыкметы традыцыі і культуры, сігналізаваныя ў ранейшых зборніках, з’яўляюцца першым крокам да стварэння ўласнай беларускай міфалогіі» [23, с.182].

Зборнік завяршаецца шэрагам вершаў, якія былі напісаны яшчэ на мяжы 50—60-х гадоў. Гэтыя творы прадстаўляюць у нечым язычніцкае пранікненне ў «зачараванае царства» прыроды, калі пейзажны малюнак па-багдановічаўскаму натуральна ўзбагачаецца міфалагічнымі і казачнымі элементамі. Паказальным з’яўляецца факт узнікнення аднайменных замалёвак «Над возерам»:

Сонца ціха скацілася з горкі;
Месяц белы заплаканы свеціць,
Аглядае бахматыя зоркі,
Цягне з возера срэбныя сеці.

Ў іх русалкі заблуталі косы, —
Рвуць і блутаюць срэбныя ніці;
Ноч плыве над зямлёй, сее росы,
Ноч шапоча русалкам «Засніце».

М. Багдановіч [2, с.54]

«Белавежскаму» паэту М.Багдановіч блізкі тонкім адчуваннем красы прыроды, натуральнай прыгажосці жыцця, што выражаецца ў шчырай захопленасці і нават пакланенні перад ёю. Разам з тым разумовая ўгрунтаванасць лірыкі, схільнасць да філасафічнасці і рэфлексіі выяўляюць тыпалагічнае падабенства і арганічную пераемнасць гэтых паэтаў. Р.Бярозкін сцвярджае: «Паэзія для Багдановіча – не столькі непасрэдная жыццядзейнасць, эмацыянальна-валявое намаганне, страсць, натхненне, колькі мастацтва, літаратура. Іх спецыяльна падкрэсленыя, ледзь не тэарытычна вылучаныя і кадыфікаваныя культурна-родавыя адзнакі...» [9, с.211]. Нездарма Ян Чыквін у сваім інтэрв’ю газеце «Літаратура і мастацтва» падкрэсліваў, што сярод беларускіх класікаў яму найбліжэйшы М.Багдановіч [21, с.6]. У варунках дадзенай размовы трэба звярнуць увагу на яшчэ адзін немалаважны нюанс. Беластоцкі пісьменнік не раз сцвярджаў, што вельмі моцна на яго творчасць паўплывала паэзія выдатнага рускага лірыка Афанасія Фета, даследаванню творчасці якога прысвечана доктарская дысертацыя Я.Чыквіна. Эстэтычная вышыня непрамінальнай фетаўскай лірыкі шмат у чым фарміравала погляд і М.Багдановіча. Дадзеныя паралелі не толькі характарызуюць літаратурныя густы і напрамкі развіцця паэтычнага светабачання «белавежца», але ілюструюць даўнюю, распачатую яшчэ «нашаніўскай» дыскусіяй, спрэчку аб прызначэнні мастацтва. Ужо не раз падкрэсленая намі ў даследаванні мастацкая чысціня, сацыяльна-палітычная нейтральнасць паэзіі Я.Чыквіна, звернутая найперш да еўрапейскага эстэтычнага і філасофскага кантэксту, як можам пераканацца, мае глыбокую традыцыю ў нацыянальнай літаратуры.

У ракурсе даследавання будзе слушным прыгадаць своеасаблівыя перагукванні ў біяграфічным шляху беластоцкага літаратара і класіка. Інтэлігент і свядомы патрыёт М.Багдановіч, як вядома, не меў магчымасці жыць на радзіме. Глыбокі смутак і неспакой выявіўся ў многіх творах Максіма-Кніжніка. Беластоцкія пісьменнікі, жывучы на роднай зямлі, разам з тым усведамляюць сваю адмежаванасць ад нацыянальнай радзімы. Матыў аддаленасці, разлучанасці — адзін са скразных у творчасці «белавежцаў». Мы не схільны ў даследаванні напрамую злучаць гэтыя сітуацыі, але, на нашу думку, аўтэнтычная беларуская лірыка Я.Чыквіна з’яўляецца дужа блізкай па сваёй ідэйнай канцэптуальнасці да паэзіі «песняра чыстай красы». Разам з тым ёсць істотнае адрозненне ў светапоглядных устаноўках гэтых творцаў. Для М.Багдановіча туга па далёкай Беларусі ўбірае ў сябе смутак па долі народа і гістарычным лёсе ўсяго нацыянальнага. Для героя Я.Чыківіна, маладзейшага на паўстагоддзя і ўключанага ў іншыя гістарычныя ўмовы, беларуская радзіма – часцей сімвал радасці, сілы паўнакроўнага жыцця. Адсюль рознае ідэйнае выражэнне і настраёвы фон у перадачы ўласнага раз’яднання з Айчынай.

Вечар
Месяц круглы ўстаў на небе,
Блішчыць невысока,
Ўвесь чырвона-жоўты, быццам
Пугачова вока.
...
І снуюцца сумна ў сэрцы,
Ўюцца адгалоскі
Роднай песні, простай песні
Беларускай вёскі...

М. Багдановіч [2, с.85]

Як бачым, пры блізкасці знешніх прыкмет, эмацыянальны змест супрацьлеглы. Але, разам з тым, гэтыя вершы яднаюцца агульным душэўным памкненнем лірычных персанажаў да роднага, блізкага, што ўвасоблена ў някідкім вясковым пейзажы.

Сучасны філосаф-гуманіст Э.Фром разважае: «Патрэбна плённая дзейнасць, каб даць жыццё эмацыянальным і інтэлектуальным магчымасцям, даць жыццё свайму Я. Трагедыя чалавечай сітуацыі часткова ў тым, што развіццё Я ніколі не бывае поўным; нават пры самых лепшых умовах рэалізуецца толькі частка патэнцыялу. Чалавек заўсёды памірае раней, чым паспее напоўніцу нарадзіцца» [38, с.92]. У некаторых сваіх праявах, асабліва калі закранаюцца пытанні канца жыцця, немагчымасці вярнуцца да каранёў, паэзія Я.Чыквіна гранічна набліжаецца да пранізліва трагічных радкоў беларускага класіка:

Адстаю ад крылатай стаі —
Ужо не далячу да краю,
Дзе крылы мае вырасталі.
Пабрацімы — бел-белыя гусі
Ляцяць ключом спрадвечным
Да гнёздаў сваіх, беларускіх.
У тым адхоне, дзе я сканаю,
У тым пранізлівым бляску
Я вельмі самотны — айчыны не маю,
Матчынай ласкі.

[50, с. 51]

Другая палова 80-х у літаратуры пазначана паступовым узмацненнем патрыятычнага імператыву. Распачынаўся працяглы і складаны працэс годнага нацыянальнага самаўсведамлення цэлага народа. У такой атмасферы «Светлы міг» не павінен быў “прамільгнуць” бясследна. Творчасць Яна Чыквіна, такім чынам, выходзіла на новыя абсягі.

Творы 70–80-х гадоў засведчылі, што развіццё творчай індывідуальнасці пісьменніка выйшла на новы заканамерны этап, які ўтрымліваў як усталяваныя рысы мастакоўскага стылю, так і новыя падыходы ў паэтыцы. Гэта – лірыка, у якой вызначальным з’яўляецца, з аднаго боку, хуткаплынны эмацыянальны рух, а з другога – тэндэнцыя да аналізу, інтэлектуальнай засяроджанасці. Зборнікі «Неспакой» і «Светлы міг» выявілі значны патэнцыял лірыка-пейзажыста, у вершах якога чуецца нават пантэістычнае ўспрыняцце прыроды: Чалавек і натуральны свет – адно арыгінальнае цэлае. Разам з тым гучаць не зусім характэрныя для метрапалійнай паэзіі элегічны настрой, меланхалічная танальнасць. Тое, што ў большасці беларускіх аўтараў праяўлялася ў асобных момантах, у творчасці Я.Чыквіна набыло тыповую прыкмету. Паступова выпрацоўваецца аўтарская сімволіка, якая складаецца як з эстэтычна выкрышталізаваных кампанентаў, так і з паўсядзённа-быційных паняццяў. Мінскі зборнік Я.Чыквіна даў прыклады нязвыклай яшчэ для беларускай літаратуры любоўна-эратычнай паэзіі. У такіх стасунках далейшае развіццё творчай індывідуальнасці бачыцца неадназначным, шматпланавым, нават нечаканым.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія