БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Анатоль Раманчук. Гарыць мая свяча, Творчая індывідуальнасць Яна Чыквіна

«СВЕТ БЫЎ ПЕРАДА МНОЮ...»
(АСАБЛІВАСЦІ ПАЭЗІІ 90-х ГАДОЎ)

Паэзія Яна Чыквіна 90-х гадоў не паддаецца адназначнаму вытлумачэнню, бачыцца з’явай шматмернай, складанай, палемічнай. Гэта прынцыпова новы этап, які з’яўляецца працягам папярэдняй мастацка-паэтычнай працы. Пачатак 90-х гадоў на Беларусі быў пазначаны моцным імкненнем народа да годнага спасціжэння сябе як нацыі. Звязаныя з гэтым працэсы ў розных сферах грамадскага, духоўна-культурнага жыцця заканамерна пашыралі межы цікавасці да ўсяго нацыянальна прыналежнага. Амаль нязведаныя, але ўжо такія асязальныя абсягі беларускай літаратуры пачалі паступова раскрывацца, даючы свежае паветра чытацкай зацікаўленасці і даследчыцкай думцы. На Беласточчыне ў тыя часы таксама распачаліся пэўныя змены. Літаратурнае аб’яднанне «Белавежа» выйшла са структуры БГКТ, стаўшы самастойнай – у культуралагічным і юрыдычным планах – адзінкай. Дадзены акт быў зарэгістраваны ваяводскім судом Беластока ў жніўні 1990 года. Можна лічыць, што з гэтага моманту пачаўся новы перыяд дзейнасці творчай суполкі і яе сяброў. Старшыня “Белавежы” Я.Чыквін, абапіраючыся на ўласны вопыт грамадскага дзеяча, слушна прагназаваў, што вызначальнай прыкметай гэтага этапу стане «бурлівая выдавецкая дзейнасць” [47, с.7]. Як паказаў час, прадказанне шмат у чым спраўдзілася. Значная колькасць разнастайных кніг з’явілася ў 90-х гадах галоўным чынам у «Бібліятэчцы Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа». На гэтых абшарах «абазначылася» і «Кругавая чара» (1992) Я.Чыквіна, зарэкамендаваўшы сябе нестандартнай, новай з’явай у літаратуры. Тая энергія думкі, што чулася ў вершах, іх нязвыклая форма ўражвалі адразу. Трэба дадаць, што ў тагачасных палітыка-эканамічных варунках з’явілася магчымасць прадставіць кнігу метрапалійнаму чытачу і тым самым значна пашырыць аўдыторыю. Як вынік – шэраг розных па характару і задачах публікацый у беларускай перыёдыцы.

Адной з першых распачала гаворку польская даследчыца Тэрэса Занеўская. Артыкул «Свет сумежжа» прэзентаваў арыгінальнага творцу, даваў звесткі пра характар існавання людзей дадзенай тэрыторыі – Беласточчыны, змяшчаў роздумы і высновы пра светапогляд паэта, прынцыпы творчасці, ідэйна-філасофскі змест яго лірыкі. Т.Занеўская праводзіць думку аб экзістэнцыянальнай заангажаванасці паэзіі Яна Чыквіна. Асновай для ўспрымання творчасці паэта крытык лічыць неардынарную сферу існавання – памежжа, а з другога боку – багатую практыку разнастайных накірункаў у сусветнай літаратуры ХХ стагоддзя. Таму ў даследаванні часцей прэвалююць пошукі зашыфраваных знакаў і сімвалаў, зварот да міфалагізаванасці, як асноўнага элемента паэтыкі Я.Чыквіна: «Надзвычайнай кандэнсацыяй мастацкіх сродкаў паэт ператварае свет згодна з духам не толькі роднай, але і звышнацыянальнай, агульначалавечай культуры, якая праяўляецца ў знаках ды сімвалах» [15, с.5].

Вынікам плённага супрацоўніцтва па ўзмацненню беларуска-польскіх культурных сувязей, шчыльнага судакранання з дзейнасцю «Белавежы» з’явіліся артыкулы У.Калесніка, У.Конана, У.Гніламёдава і інш. Даволі багатая колькасць іншых публікацый у розных перыядычных выданнях сцвердзіла, што самабытная творчасць Яна Чыквіна і канкрэтна кніга «Кругавая чара» сталася арыгінальнай часцінкай літаратурнага космасу беларускай культуры.

Трэба згадзіцца, што дадзены зборнік шмат у чым нясе экзістэнцыяльны пачатак. Большасць вершаў так ці інакш прадстаўляюць пытанні, што тычацца сэнсу чалавечага існавання, усеагульных законаў Быцця. Адказы на іх у перспектыве разумеюцца чытачом праз агульную настраёвасць твораў, праз створаныя вобразы, выкарыстаныя сродкі, праз форму тэкстаў.

Лірычны герой «Кругавой чары» ўяўляецца стомленым і смуткуючым прадстаўніком нашага часу, памежжа стагоддзяў. Адчуваецца, што за доўгі шлях ён зведаў шмат расчараванняў, не знайшоў выражэння для многіх эмацыяльна-духоўных праблем. Нават можна адшукаць радкі, якія сведчаць пра няпэўнасць, зняверанасць героя ў абраных ідэалах і шляхах. Магчыма, такі погляд быў бы правамерным у дачыненні да толькі дадзенай кнігі, але ж перад намі тэксты вопытнага майстра, творцы, якога шмат выпрабоўвалі час і абставіны. Таму, думаецца, правільным будзе ўгледзецца ў кантэкст усёй паэзіі Яна Чыквіна. У першых трох зборніках, што выходзілі праз розныя прамежкі часу і ахапілі творчасць больш чым двух дзесяцігоддзяў, былі ўжо абазначаны асноўныя дамінанты чыквінаўскай паэзіі. Устаноўка на філасафічнасць, падключанасць да багаццяў сусветнай культуры, увесьчасная інтэлектуальная напружанасць лучыліся з тонкай пачуццёвасцю, поліфанічнай эмацыянальнасцю, уніклівай назіральнасцю. Тыя ж самыя адвечныя пытанні чалавечага жыцця ўжо гучалі ў вершах маладога «белавежца». Эмацыянальная палітра змешвала самыя розныя настроі і пачуцці. Адзнака зборнікаў «Іду», «Святая студня», «Неспакой», «Светлы міг» – адчуванне героем сваёй еднасці з магутным і гарманічным Сусветам. Таму кожнае імгненне жыцця, кожная праява рэчаіснасці ўспрымалася як гранічна блізкая самому індывідууму. У гэтым бачылася вялікая сіла далучанасці да нязведанага і прыгожага. Элегічнасць і светлы сум, што заўсёды прысутнічалі ў вершах Я.Чыквіна, толькі ўзбагачалі, рабілі больш пранікнёнай і лірычнай яго паэзію. Інтуітыўна герой шукаў адказаў, намацваў шлях да існага, каб зрабіць на гэтым шляху свой крок.

З цягам часу, згодна закону прыроднага жыццяруху, паэт і, зразумела, яго лірычны герой павінны былі змяніцца. Як ужо гаварылася, «белавежскі» аўтар, шмат разважаючы і аналізуючы, вызначыў для сабе і сваёй творчасці сістэму ўзаемаадносін мастака і мастацтва ў навакольнай рэчаіснасці. Творчасць, як праява найвышэйшай духоўнай свабоды, усё ж не можа канчаткова адмежаваць чалавека ад універсума, але і сам мастак не мае права на такое адмежаванне і абмежаванне. «Кругавая чара» якраз паказвае нам, наколькі жорсткімі, непрыемнымі могуць быць стасункі розных сфер існавання чалавека. Трэба прызнаць, што другая палова ХХ стагоддзя, самы «канец эпохі» надзвычай цяжка ўспрымалася і ўспрымаецца многімі сучаснікамі, тым больш тымі сталымі прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, праз душы якіх пранесліся самыя розныя, часта супрацьлеглыя скразнякі зменлівых эпох. Можна згадаць хоць бы апошнія кнігі М.Танка, П.Панчанкі, В.Быкава, С.Яновіча і іншых, у якіх таксама на розныя лады загучалі матывы фатальнасці, расчаравання, стомы. На нашу думку, у філасофска-духоўным плане зборнік Я.Чыквіна «Кругавая чара» – вынік маральна-этычных перыпетый чалавека «каму за сорак», у эвалюцыйным развіцці – гэта новы віток мастацкага эксперыменту, творчага пошуку сапраўднага майстра. Падобныя развагі і настроі можна назіраць і ў іншых творцаў:

Я ціха ўсведамляю сабе, што ў мае сорак чатыры гады пачалася пара недаверу ды самоты...

З майго ўжо маўчання вынырае туга, правідловей будзе сказаць: жаль да бясконцасці, за яе сусветную агульнасць, адхіленне ёю шанцаў на тое, каб быць заўважаным менавіта назаўсёды. Душа – вечная, як пустыня, – спазірае ў Космас, бы ў дзяцінства кліканае сваё, – якое тым цудоўнае ў чалавеку, што ягоная радасць у ім тады ёсць бескарысліваю, а прыязнь братэрскім каханнем, хітрыкі ж усяго гульнёю галасістаю, варагаванне падобнае не больш як на забыццё

[56, с.100].

Такі роздум гучыць у адной з мініяцюр Сакрата Яновіча. Тут варта ўспомніць словы Аляксандра Блока ў пару росквіту яго таленту, прафесійна-паэтычнага майстэрства: «Трэба яшчэ змяніцца (ці – каб вакол змянілася), каб ізноў атрымаць магчымасць пераадольваць матэрыял». Гэтак жа, здаецца, спрабуюць змяніцца герой «Кругавой чары» і сам аўтар, бо перамены навокал працягваюцца няспынна.

Першы верш кнігі «Крык начны савы», які не раз аналізаваўся крытыкай у самых розных аспектах, з’яўляецца, па сутнасці, своеасаблівай «візіткай» героя, дзе ён бачыцца вельмі контурна, хоць і без многіх характаралагічных нюансаў. Кожная страфа гэтага твора ўяўляе сабой майстэрскі сплаў чыстай думкі, пошуку і настолькі ж чыстай лірыкі. Няшмат ёсць прыкладаў такога гранічна-гарманічнага «водападзелу»:

Што ёсць быццё? Што – чалавек? Што – Бог?
Чаму нікому нельга лёсу перайначыць?
Не адсумуе смутак нашых ўсіх зямных трывог –
З вачэй злятае белы голуб плачу.

І што ёсць час – рака ці акіян?
Вытокі дзе яго? І дзе яго скрыжалі?
Смыліць бяскрылы лёт жыцця нібы павеў фіранкі –
З вачэй злятае белы анёл жалю.

[44, с.7]

Якраз у інтэрпрэтацыі гэтага верша не сышліся па некаторых момантах крытыкі Уладзімір Калеснік і Уладзімір Конан. Культуролаг У.Конан у сваім эсэ паспяхова паспрабаваў падмацаваць эстэтычны аналіз філасофскім і сацыялагічным падыходамі. Вядома, вучоны меў рацыю, менавіта так разважаючы пра паэзію Я.Чыквіна. У.Конан аналізаваў вершы найперш з пазіцый сучасных філасофскіх тэндэнцый. Мабыць таму, разглядаючы «Крык начны савы», даследчык сцвярджае: «...вытокі (трагізму – А.Р.) пачынаюцца з экзістэнцыі, з прынцыповага непрымання духоўным чалавекам злога і бессэнсоўнага пачатку жыцця. ... Характэрныя для «Кругавой чары» элегічная танальнасць, антынамічнасць светабачання далучаюць аўтара да той плыні інтэлектуальнага трагізму, якая... выявілася... урэшце ў экзістэнцыялізме» [22, с.43,44]. У пэўнай ступені з такімі высновамі можна пагадзіцца, тым больш, што крытык тут гаворыць менавіта пра канкрэтны зборнік. Глыбокі і ёмісты артыкул У.Калесніка яшчэ раз сцвердзіў неадназначнасць паэзіі беластоцкага аўтара. Цікава, што літаратуразнаўца надзвычай крытычна аднёсся да вышэйназванага верша, героем яго прызнаючы непасрэдна саву: «На жаль, чалавека ў вершы няма, ён не адказвае на пытанні савы, не пратэстуе супраць варварскіх спосабаў змяніць лёс, не гаворыць, што значыць для яго свабода» [19, с.65]. Думаецца, У.Калеснік занадта рацыянальна падышоў да твора паэта, які сам не раз сцвярджаў недастатковасць чыстага «ratio». Беларускі крытык пастараўся раскрыць тыя гуманістычныя бакі творчасці Яна Чыквіна, дзе бачыцца чалавек магутнага розуму, дзе чуецца жыццесцвярджальны пачатак: «Паэт застаецца гуманітарыем, які шукае этычнай цаны і ацэнкі розным канцэпцыям, напамінаючы пра існаванне філасофіі быцця і этыкі народнай, якая стваралася продкамі ва ўмовах здаровага працоўнага ўкладу і надзейна ахоўвае іх ад панікі прывідам смерці» [20, с.38]. Падкрэслім аднак, што многія думкі і разважанні даследчыкаў практычна супадаюць, хоць яны часамі прыходзяць да іх, так бы мовіць, з розных бакоў. Верша як паэтычнага твора, безумоўна, не было б без элегічных трэцяга і чацвёртага радкоў у кожнай страфе, што злучаюць ў адно цэлае памкненні канкрэтнага індывідуума і навакольнага свету. Уздых мысляра: «Адгадкі ў свеце, мабыць, ёсць... Але не выкажа язык» – гэта сцвярджэнне нястрымных магчымасцей пакуль не дасканалага чалавека. «Крык...» – яшчэ адно праяўленне сінкрэтычнага ў сваіх асновах таленту Я.Чыквіна.

Не раз яшчэ загучаць моцныя ноты фатальнага суму, не раз мы адчуем стомленую душу, амаль знявераны розум. А часамі ледзь не клінічную дэпрэсію. І ўсё ж, здаецца, гэта толькі асобныя штрыхі да поўнага партрэта героя даследуемай кнігі, героя паэзіі Я.Чыквіна канца 80–пачатку 90-х гадоў. Цяжкія, часамі крыўдліва-агрэсіўныя вобразы прыгнятаюць чытача:

Нізка, нізка – на асфальце
Даскварваліся дажджынак заморышы.
Здавалася: сціхла найгоршае...

Але па жылах вуліц пайшла каламута,
Запаўняючы гвалтам падземныя дзоты,
Быццам там згналі плебеяў хворых.

[44, с.12]

Сон вырачыў бельмачы і ўсё не адпускае мяне:
сніць мяне зайздросна змучанага ў аглоблях ног...

[44, с.19]

Фарысейства палітыкаў, грошай дурман
Ды малако ад п’янай каровы.
Бяспраўе. Лухта. Сіла. Падман.
Гульбішча страсцяў. Догмы як гнусы...

[44, с.22]

Адчуванне катастрафічнасці, думаецца, застаецца звонку. Там, дзе чалавек павінен неяк успрымаць і нават падпарадкоўвацца грамадскім абставінам, дзе ён уключаны ў сацыяльныя стасункі. Такое пачуццё ўзнікае ў любога чалавека, а для мастака гэта абвострана-пагранічная (чытай, экзістэнцыяльная) з’ява, сітуацыя.

Сімптаматычным з’яўляецца той факт, што падобныя настроі і матывы, характэрныя для еўрапейскай літаратуры, праяўляюцца і ў беларускай паэзіі: рэспубліканскай і беластоцкай. Напрыклад, надзвычай арыгінальную з’яву ўяўляе сабою творчасць “белавяжанкі” Надзеі Артымовіч. Гэта шмат у чым загадкавы пошук шляхоў асваення рэальнасці, ці, магчыма, надрэальнасці. Неардынарная паэзія Н.Артымовіч атрымала ў літаратуразнаўстве вызначэнне “катас-трафічнай” (Гл.: Ян Чыквін. Далёкія і блізкія. Беласток, 1997). Сапраўды, нязвыклыя па вонкавай форме тэксты ( без выразнага рытму, рыфмы, унармаваных сінтаксісу і пунктуацыі і інш.) раскрываюць рэальнасць, напоўненую не проста самотай, а сапраўдным пакутным душэўным крыкам. Тым больш, што ідэйна-зместавы сэнс вершаў часцей глыбока зашыфраваны, шматзначны і няўлоўна-зменлівы. Адзін з апошніх зборнікаў паэткі выйшаў з рэфлексіямі-каментарыямі, якія стварыў да кожнага тэкста Алесь Разанаў (Дзверы. Тэкст і кантэкст, Беласток, 1994).

Тэндэнцыя да ўскладнення асацыятыўна-вобразнага плану ў паэтычным тэксце праяўляецца ў сучасных творцаў па-рознаму. Новая паэзія не задавальняецца ні метафарызаваным пейзажным малюнкам, ні дэкларатыўным увасабленнем разнастайных думак. Сумяшчэнне канкрэтнага і ўмоўнага, развіццё мікра- і макравобразнай структуры верша дае магчымасць спалучаць на адносна невялікай прасторы многія пытанні, аспекты іх асэнсавання і адлюстравання.

У зборніку «Кругавая чара» выразна чуецца матыў канца жыццёвага шляху, матыў смерці. З часам гэтая тэма ўсё часцей узнікае ў творчасці паэта. Адносіны да смерці відазмяняюцца. Малады герой, разумеючы непазбежнасць жыццяруху, назіраючы кругазваротныя змены ў прыродзе, усё ж адносіўся да смерці як да з’явы абстрактнай. Ці, магчыма, як да факта надзвычай аддаленага. Паступова ж у адносінах да гэтай адвечна вызначанай мяжы лірычны герой набывае супакоена-мудры настрой. Яна яго не палохае, хоць часамі наводзіць нейкую абыякавасць. Л.Талстой занатаваў у сваіх дзённіках: «Трэба так звесці жыццё са смерцю, каб жыццё мела частку ўрачыстасці і незразумеласці смерці, а смерць – частку яснасці і прастаты і паразумеласці жыцця» [36, с.121].

Мастацтва, паэзія, арыгінальна вырашаючы дадзеныя (агуль-началавечыя) пытанні, на кожным этапе гістарычнага развіцця бярэцца за іх па-новаму, інтэрпрэтуючы згодна са зменамі грамадскай свядомасці. Яшчэ маладым чалавекам паэт спрабаваў зняць покрыва з гэтай таямніцы. Ужо тады думалася, што дадзеныя праблемы ў прынцыпе геніяльна простыя: смерць – гэта не канец, а іншая форма існавання. Таму ў дваццацішасцігадовага аўтара мог з’явіцца верш «Старасць», у якім састарэлы герой ідзе шукаць апошні прытулак у прыродзе.

У паэзіі Яна Чыквіна даследчыкі даўно ўжо вызначылі пэўныя архетыпы і асноўныя матывы: бацькоўскі дом, свет дзяцінства і жаданне, безумоўна, вярнуцца да ўсяго гэтага. Адпачатку, трэба прызнаць, герой вершаў ведаў, што часцей за ўсё вяртанне магчыма толькі ўяўнае. І чым далей вандруеш у Часе, тым больш ірэальным робіцца адваротнае падарожжа. Але ці мае яно настолькі моцна выяўленае значэнне ў «Кругавой чары»? Аўтар даўно ўсвядоміў пастаянную магчымасць звароту метафізічнага. Вершы з такім матывам, з гэтымі архетыпамі гэтак жа строга вывяраюцца, шліфуюцца, як і ўсе іншыя. Душэўная замілаванасць не пярэчыць крытычнаму падыходу да ўласных твораў.

Цікавы прыклад мастацка-творчай інтэрпрэтацыі верша «Даўно нежывы бацька полем ідзе» падае А.Разанаў [29, с.119–124]. Глыбінныя, сапраўды архетыповыя прыкметы бачацца за будзённымі паняццямі: авёс, радно і інш. У метадалагічным плане гэта ўзор судакранання дзвюх мастакоўскіх канцэпцый, калі творыцца новы, арыгінальны эстэтычны свет.

Згодна законам дыялектыкі, кніга «Кругавая чара» Я.Чыквіна павінна ўтрымліваць нейкія іншыя ідэйна-зместавыя дамінанты, чым яе папярэдніцы. І гэта сапраўды так. У зборніку жывуць, бруяць моцныя жыццядайныя крыніцы. Але ізноў жа трэба сказаць, што адносіны героя да гэтай жыццятворнай энергіі змяніліся – ён ужо як бы абстрагуецца, паступова аддаляецца ад іх. Выразна акрэсліваецца парабала лёсу героя, у якой быў свой эпагей, што бачны выразней ў білінгвальным зборніку «Сонечная вязь» (1988) і ў мінскім «Светлым мігу» (1989), ёсць паступовы адваротны рух.

Нельга абысці ўвагай верш «Феномен дня». Думкі нашай крытыкі наконт яго амаль кардынальна супрацьлеглыя. Найбольш дакладна ўхапіў сутнасць твора У.Калеснік, які ўбачыў у вершы своеасаблівы адказ на «Крык начны савы» і сцвярджэнне жыццёвага кругазвароту, самаабнаўлення. Ужо сама назва ставіць чытача перад праблемай «фенаменальнасці» аднаго звычайнага дня і, адпаведна, любой іншай часавай адзінкі.

Старэе дзень! Як чарнавік, гарыць
І спапяляецца ў труху феномен дня.
А з попелу – якая нам карысць?

[44, с.17]

Толькі пісьменнік мог параўнаць няспынны рух часу з гарэннем менавіта чарнавіка – недакладнай, недапрацаванай спробы ажыццявіцца. Вось ён, герой – той, хто сам спальвае свае спробы, памкненні ці проста памылкі і няўдачы. Можна сцвярджаць, што яму ўсё яшчэ «цалаваць былое так хочацца», але ў гэтай кнізе гэты герой не бачыць карысці ў «спаленым». Праз кожнае трохрадкоўе верша праходзіць няўмольнаю хадою Час, а за ім – старэнне. І мы бачым знаёмыя ўжо калодзеж, сцежкі, вядома – агарод. Напамін пра бацьку і маці, дзяўчат і суседзяў выводзіць нас да думак аб людскім і нашым уласным старэнні. Абстрактны свет ідэй і эмоцый, нават «пустата цішы» таксама старэюць. Крыху недарэчна, на нашу думку, у гэтым маналогу гучыць згадка пра міністраў, гімны і «ўсё бюракратычнае багно». Недарэчна, таму што, разумеючы неабходнасць позірку і на сацыяльна-грамадскі бок жыцця, усё ж адчуваеш дысананс у агульнай медытатыўнай плыні: як тэлефонны званок ці гудок аўтамабіля ў час мройнага сну, калі «старэе сон, старэе дух...», і так спакойна ўспрымаецца нават факт старэння сонца – «агонь яго прытух». Апошняе трохрадкоўе тлумачыць, у чым заключаецца «феномен» дня.

Загнаны у дупло, у змроку, як сава,
Лаўлю шчупальцамі антэн, дзе праўда, дзе мана
І як з крышталінак жывых расце жывы феномен дня.

[44, с.17]

Як бачым, старэнню падуладны толькі канкрэтныя ў сваёй часавай вызначальнасці факты ці аб’екты, агульназначнае ж няспынна існуе па сваіх законах. Анры Бергсан сцвярджаў: «Практычна мы ўспрымаем толькі мінулае, бо чыстае цяперашняе ўяўляе сабою няўлоўны паступовы рух мінулага, што падточвае будучыню» [7, с.254].

Жыццё, яго прыродны пачатак заўсёды надавалі эмацыянальную і духоўную моц лірычнаму суб’екту паэзіі Яна Чыквіна. Вось і зараз ён захоплена гаворыць пра жанчыну – неверагодную істоту – боскую і зямную. Уражвае верш «Вакуум», дзе суіснуюць дзве абстрактна-сімвалічныя жаночыя постаці: раззлаваная, саркастычная ды, мусіць, нешчаслівая і другая – пяшчотная, удзячная, прамяністая. Але герой застаецца адзінокім «у вакууме» і, пакутуючы ад гэтага, апраўдвае сітуацыю тым, што ўсе перыпетыі яго духоўна-эмацыянальнага жыцця не могуць быць да канца спазнаны іншым, чужым чалавекам, нават каханай жанчынай. У пацвярджэнне сказанага згадаем, што адзінота — адна з асноўных прыкмет філасофіі экзістэнцыялізму. Разам з тым аўтар не перастае захапляцца праявамі любові ў навакольным свеце: будзь то «Маўклівая песня (да малюнка невядомага аўтара)», ці фальклорна-песенная замалёўка «Клён і вішня», ці хоць бы гарэзлівы і эксцэнтрычны «Фліртусь».

Для падагульнення дадзенай часткі размовы варта прывесці «Трывожную альбу» – апошні верш з кнігі:

Асенні дзень гарыць агнём асеннім,
З траў злекацелых сыплецца апошняе насенне.
І верас тлее несмяротным неспакоем
І я іду, таму што сэрца б’ецца шчэ жывое.

Асенні сум гарыць ажоўклай горыччу асенняй,
Бяспамяцтва ва ўсім пад неба схаладнелага скляпеннем,
Пустэча ад пустэчы вырывае пустазвоны –
Усё іду, таму што мысля мыслю гоніць.

Асенні боль плыве ў душы воблакам асеннім,
Зніжэла сонца, падаўжэлі пажыццёвыя глухія цені.
Знявечаны, самотны, гнаны неспакоем,
Яшчэ, яшчэ іду... Але адкуль, за чым? І што перада мною?

[44, с.48]

Гэтыя строфы таксама могуць тлумачыцца па-рознаму. Т.Занеўская даводзіць:«... герой вершаў «белавежцаў» часта блукае без мэты, ідзе, не выбіраючы, проста перад сабою... Тое чыста мадэрнісцкае падарожжа вядзе ў нікуды, не мае ні мяжы, ні мэты, пункту вандроўкі, нават пункту выйсця... Сведчыць гэта пра змарнаванне духоўнага і культурнага цэнтру – і як вывад – гэта, магчыма, выражэнне крызісу экзістэнцыяльна філасофскага, які перажываецца і вырашаецца праз людзей падвойнага самаўсведамлення, тых, хто жыве на культурным памежжы» [16, с.108—109]. Тут неабходна ўступіць у палеміку. Расстаўляючы лагічна-сэнсавыя націскі ў тэксце, Т.Занеўская чамусьці імкнецца сцвердзіць эфект нейкага безнадзейнага бадзяння. На нашу думку, любы творца, які знаходзіцца ў мастацка-філасофскім пошуку, ужо ведае, для чаго ён гэта робіць, а, значыць, мае мэту і веру ў яе дасягненне. Фармальныя адносіны да рэчаіснасці, часу, што назіраюцца ў зборніку, бачацца і ў адным працытаваным вершы. Восень зараз увасабляе не столькі элемент кругазвароту, колькі канечны этап развіцця. Сум і самота тут ўжо не светлыя, а хутчэй абцяжараныя пакутамі і болем. Вандроўнік, апантаны пілігрым зараз адчувае сябе знявечаным. Здаецца, дамінуючым у вершы з’яўляецца імператыў неспакою. І хоць большасць дзеясловаў-выказнікаў у гэтым вершы маюць адмоўна-песімістычную афарбоўку, у тэксце адчуваецца ўздзеянне станоўчай энергіі, той, што жыве ў крэатыўным полымі. І катэгорыя «іду», знаёмая яшчэ з аднайменнага першага зборніка паэта, сцвярджае веру ў няспынны рух-імкненне. Факт нязвыкласці эстэтычна-мастацкага характару кнігі «Кругавая чара» – таксама паказчык увесьчаснага руху-пошуку. Калі звярнуцца да мэты падарожжа, то яна зусім не патрабуе тлумачэння ў адносінах да мастацтва. Мэта гэтая найвышэйшая, недасягальная і прынцыповая. Як сцвярджэнне вышэй сказанага гучаць словы паэта: «Гарыць мая свяча. Ад скразняку-прайдохі, // Што дзьме і хоча здзьмуць яе жывое цельца, // Шчэ болей раз’яраецца агонь і выгіб полымя, здаецца, // Адным сваім святлом змагаецца з пачварным воблікам эпохі» («Выгіб полымя» [44, с.9]).

Увогуле «Кругавая чара» па сваёй кампазіцыі нагадвае творчы дзённік, калі кожнае імгненне, праява часу ўспрымаюцца праз прызму такога ж мімалётнага настрою, эмацыянальнага тонусу. Можна выдзеліць той факт, што зборнік не ўяўляе сабою стандартна-звыклы набор аднолькавых па шрыфту тэкстаў. Некалькі эскізных пейзажаў: восеньскае поле, праваслаўная цэркаўка ў жывой зеляніне, звычайны падворак летам – арганічна суіснуюць з літаратурнымі творамі. Амаль на кожнай старонцы ў ніжнім кутку змешчана мініяцюрная гравюра, часцей напрамую не звязаная з канкрэтным тэкстам. Нават пару такіх жа мініяцюрных фотапартрэтаў Я.Чыквіна знойдзе чытач на старонках “Кругавой чары”. Гэта таксама вынік аўтарскай задумы, штрыхі да стварэння кнігі як арганічна-цэласнага твора, што сумяшчае ў сабе некалькі відаў мастацтва. У ідэале, мабыць, патрэбна і выбраная музыка, пад якую адбываўся б працэс – нават не чытання – спасціжэння гэтай кнігі.

Новы зборнік Я.Чыквіна чакаўся. Некаторыя раней апублікаваныя вершы сведчылі, што творчыя пошукі паэта не спыніліся. «Свет першы і апошні» з’явіўся ў 1997 годзе. Ён стаўся новым крокам для творцы, новым ракурсам разумення яго светапогляду. Засталіся ўсе былыя прыкметы чыквінаўскай паэзіі, толькі некаторыя з іх відазмяніліся ці ўдакладніліся. Наўрад ці пра гэту кнігу можна гаварыць як пра напоўненую трагізмам, нават інтэлектуальным, ці як пра «дарэмнае падарожжа». Дадзены томік вершаў, здаецца, утрымлівае станоўчую энергію, тую самую, што пульсавала ў «Светлым мігу». Зараз энергія па сваёй інтэнсіўнасці не выбуховая, а спакойная, больш засяроджаная. Гэта зноў «пераадоленне матэрыялу».

Ведаю, ведаю – свет быў перада мною!
Але й ведаю, што ён існуе са мною, ува мне і праз мяне
ды будзе – калі мяне не стане.
І ведаю – верай – што раней не было мяне такога,
што Жыццём к жыццю пакліканы, пэўна, цалкам выпадкова
з ланцуга арганікі, невядома як доўгага.
І хтосьці даў мне разуменне сябе і свету,
і патрэбу будавання сэнсу для вялога і малікага,
і каб ведаў, што Жыццё – хоць вечнае – для мяне
не вечнае...

[49, с.49]

Як бачым, герой спасцігнуў новую сутнасць разумення навакольных працэсаў: ведаць верай. Такое прамое злучэнне рацыянальна-аналітычнага з ірацыянальным ужо даўно чулася ў паэзіі гэтага аўтара. Зараз жа ён, набыўшы новы вопыт, прыходзіць да засяроджанага ўсведамлення свайго існавання – «патрэба будавання сэнсу». Менавіта ў гэтым заўсёды і бачылася задача мастака і мастацтва. Паэт працягвае радок: «для вялога і малікага». Такое змешванне двух антонімаў – малога і вялікага – не ставіць задачай, на наш погляд, утварэнне новых слоў. Наўрад ці трэба вызначаць семантыку гэтай пары. Думаецца, аўтар замяняе першыя склады, каб сцвердзіць узаемапранікненне ўсіх кампанентаў той размаітай сістэмы, у якой існуе чалавек. Верш адказвае на многія пытанні, абазначаныя папярэднім зборнікам, ці развівае іх. Адказы, на думку паэта, зараз палягаюць не ў канкрэтным разумовым, а часцей у інтуітыўна-згадкавым плане. Экзістэнцыяльныя пытанні праясняюцца звышведаннем, верай. Разгледжаны твор з’яўляецца ідэйна-філасофскай платформай, на якой выбудоўваецца цудоўны храм зборніка. Мабыць, таму ён і змешчаны амаль пры самым канцы зборніка, як адзін са своеасаблівых падрахункаў.

Верш «Свяшчэнны дождж», якім адкрываецца кніга, умясціў у сваіх дваццаці радках усе скразныя матывы і вобразы, пануючыя думкі і настроі, роздумы, а таксама агульныя напрамкі развіцця шмат якіх стылёвых тэндэнцый у паэзіі Я.Чыквіна. Гэта адзін з тых тэкстаў, што на генетычна-кодавым узроўні канцэнтруе ўвесь сэнс кнігі і, калі браць шырэй, сэнс усёй творчасці паэта. Сцішана-замілаваны, прытомлена-супакоены настрой наскрозь метафарычнага твора сцвярджае неадольную вернасць творцы абраным шляхам. Таму ў адно арыгінальнае палатно ўплятаюцца думкі і пра лёс чалавека, і пра яго месца ў сусвеце ды прыродзе, і гімн каханню, жанчыне. А над гэтым пануе разуменне непарыўнай прычыннасці ўсяго існага жыцця і ў такой жа меры — нязведанай таямніцы. Верш сцвярджае, даносіць амаль асязальныя і адчувальныя святло і цеплыню. Варта падкрэсліць, што ва ўсёй кнізе эпітэт «халодны» ўжываецца толькі раз — у першым жа тэксце ў дачыненні да абстрактнага назоўніка розум. Дадзены факт вельмі паказальны для ўсёй паэзіі Я.Чыквіна другой паловы 90-х гадоў. Сапраўды, рацыянальная халадэча практычнага інтэлекту з’яўляецца адным са складнікаў асобы лірычнага героя, але адчуванне гэтага холаду згладжваецца святлом мар і надзей, цяплом душэўных пачуццяў, спакоем жыццёвай мудрасці. Тут можна гаварыць не проста пра скразныя ці асноватворныя вобразы і матывы, а пра пэўныя архетыпы, што існуюць у паэтычным свеце беластоцкага аўтара.

А ў маім доме гасне хатні агонь —
Ад розуму халоднага, ці, можа, ад слязы?
Хоць ты падай, вясна свяшчэнная, мне сваю далонь.
І таямніцу выяві жыцця — каб жыць
...
У гэтай музыцы, дакорнай і шчымлівай,
Ёсць цень адной заплаканай жанчыны
Яна ка мне прыходзіць напамінам неспакойным,
Вяртаецца й бруіць, па той бок шыбінаў ваконных.

[49, с.5]

Як бачым, падкрэсленыя паняцці, вобразы ўжо не раз узнікалі ў тэкстах Я.Чыквіна. Па-рознаму яны інтэрпрэтаваліся, уводзіліся ў іншы кантэкст, але, здаецца, заўсёды захоўвалі свае сутнасныя, тыповыя прыкметы і звязаныя з імі прызначэнні.

Дадзены томік вершаў, таксама як і ўсе папярэднія, пазначаны асаблівай кампазіцыйнай будовай. У гэтым зборніку яна ўяўляецца спіралевіднай, калі аўтар зноў і зноў праходзіць канкрэтныя пласты рэчаіснасці і зрэзы пачуццёвасці, кожны раз дасягаючы іншага ўзроўню. Як гаварылася, гэтыя эстэтычныя дамінанты пазначаны ўжо ў «Свяшчэнным дажджу». Такім чынам, пачынаецца першы этап ці віток ідэйна-мастацкага асваення рэчаіснасці. Вершы гэтай часткі прысвечаны асэнсаванню складанасцей чалавечых узаемінаў, «тайніцы кахання». Цэнтральны вобраз тут — жанчына. Лірычны герой праз усё жыццё даказвае бясспрэчнасць існавання ў свеце кахання. Неверагодная сіла любові, полымя жарсці, спакой спаталення арганічна ўключаюцца ў кантэкст кожнай кнігі паэта. Інтымная лірыка зборніка «Свет першы і апошні» гарманічна глядзіцца ў рэчышчы агульных філасофскіх разваг. «Цень жанчыны» — шматаблічнай, невытлумачальнай, неабходнай чалавеку і чалавецтву — заўсёды побач з героем. Жанчына сваім загадкавым духоўным светам як бы раскрывае дзверы ў Сусвет. Вершы 90-х гадоў прэзентуюць незвычайную жанчыну: у дзіўнай (магчыма, самай простай) унутранай гармоніі натхніцелька героя спалучае чыста натуральныя, нават у нечым натуралістычныя рысы з метафізічна-боскімі якасцямі. Таму, мабыць, з’яўляюцца лірычныя медытацыі, дзе ў адным эмацыянальна-напружаным, ужо прамінулым і шмат у чым звычайным жыццёвым імгненні герой здольны ўбачыць і выявіць таямнічыя законы чалавечых пачуццяў:

Ішла, крылатая. Мой цень — за ёй, меднавалосай,
Той, што адтуль з’явілася, мабыць, на міг,
Каб абцякальнымі абрысамі акругласцей сваіх,
Перамагаючы, тутэйшае жыццё наўкольнае абагавіць.

[49, с.21]

Такі гімн жанчыне-багіні гучыць у вершы «Сучасная Ніке». Адчуванне святасці і святла, спалучанасці зямных і касмічных пачаткаў чыстай удзячнасцю запаўняе сферу эмоцый героя. Яшчэ трэба дадаць, што інтымная лірыка з’яўляецца своеасаблівай прыкметай маладосці, жыццёвай энергіі, шчырай веры і ўпэўненасці. Нездарма іспанец Артэга-і-Гасет заўважаў: «Паэзія — перабрадзіўшае і тым самым захаванае юнацтва»[39, с.337].

У творчым багажы паэта ёсць вершы, дзе аўтар спрабаваў ствараць лірычны маналог ад імя іншага чалавека, нават жанчыны. У іх чытач можа адчуць сапраўдныя боль і сум гераіні з верша «Асіметрыя», якая імкнецца падарыць сваю безабаронную дабрыню і любоў свету. Прага кахання, мара аб пяшчоце і чыстая жаночая самаахвярнасць запаўняе кароткія надрыўныя радкі: «Ў табе ёсць, свеце, усё, //Каб я была шчаслівай, // Бо ты — мая сапраўднасць» [49, с.13].

Асіметрыя ў свеце адносная, яе можна выправіць, для гэтага ёсць усе магчымасці. Я.Чыквін, як і кожны мастак, сваёй творчасцю, выяўленымі ў ёй ідэйна-этычнымі дамінантамі, паказвае тыя прынцыпы, законы і ідэалы, па якіх можа быць пабудавана гармонія. Але нярэдка герою прыходзіцца прызнацца:

Як хочацца душэўнага цяпла
І шчасце шчасцем затрымаць!

Але няма спагады у прыродзе.
На свеце радасці няма.
Ёсць толькі полымя адно, гарачае,
Якім гарыць і неба, і зямля.

[49, с.23]

Архетып агню, што існуе ва ўсіх сусветных культурах і які здолеў прабіцца праз напластаванні рэлігійных сутыкненняў, цепліцца ў зборніку «Свет першы і апошні». Адпачатку шматзначны вобраз полымя ў самых розных праявах існаваў у паэзіі Яна Чыквіна: «Агню я аддаю свой груз, // Паверыўшы ў паэзіі крыло...» [51, с.8], «Ці ззаду нас, // ці спераду агонь мільгае...» [46, с.9], «Гарыць мая свяча» [44, с.9] і г.д. Паганскае вогнішча Купалля, рассыпаўшыся па моцных сваёй кволасцю агеньчыках хрысціянскіх свечак, нясе ўсяму чалавецтву ўзор жыццятворчасці. Агонь, яго крэатыўны пачатак, ужо сам па сабе з’яўляецца метафарай многіх, калі не ўсіх, праяў жыцця. Можна ўспомніць хоць бы выяву свечкі на знакамітай гравюры Францыска Скарыны. У Я.Чыквіна шмат прыкладаў выкарыстання гэтага сімвалу, напрыклад:

Свяча рассвятляе ноч.
Ноч паглынае свячу:
Клюе птах ружовы куст.

[49, с.16]

Тут варта засяродзіць увагу на наступным факце. За год да выхаду кнігі «Свет...» з’явіўся польскамоўны зборнік «Адпачынак пры высахлай крыніцы». Ён змяшчаў вершы 90-х гадоў, а таксама некаторыя ранейшыя. Кніга сталася своеасаблівай прыступкай паміж «Кругавой чарай» і «Светам першым і апошнім», бо яе ідэйна-сэнсавая канцэпцыя інтэгруе светапоглядныя крытэрыі абодвух беларускамоўных зборнікаў. Адразу звяртае на сябе ўвагу эпіграф:

і святло ў цемры свеціць,
і цемра яго не агарнула

Евангелле ад Яна, І, 5.

Літаратурнай парафразай гэтых кананічных слоў гучалі радкі вышэйназванага верша: «... выгіб полымя, здаецца, // Адным сваім святлом змагаецца» [44, с.9]. Па Евангеллю, каб сведчыць боскае Святло быў пасланы чалавек – Ян.

Было Святло ісцінае, якое прасвятляе
ўсялякага чалавека, што прыходзіць у свет.

Евангелле ад Яна, І, 9.

Творца, з яго місіяй, паэт якраз бачыцца такім пасланцам, што нясе святло веры, розуму, красы людзям. Нярэдка голас мастака застаецца «адзінокім у пустэльні». І ўсё ж эпіграф настройвае на пазітыўны лад успрымання рэчаіснасці. Матыў веры (не надзеі) займае істотнае месца ў лірыцы Яна Чыквіна 90-х гадоў. Як ужо адзначалася, менавіта вера, як звышведанне, з’яўляецца адным з дзейсных сродкаў ладзьбавання чалавека з сучасным светам. Пры гэтым вера не адмяжоўвае, а, наадварот, скіроўвае думку верніка на акаляючую рэчаіснасць. Мастацтва і ёсць асобае ўспрыняцце і ўвасабленне хрысціянскіх запаветаў. Мастацкая канцэпцыя Яна Чыквіна абапіраецца на творчае выкарыстанне біблейскіх матываў і вобразаў, уведзеных у агульны кантэкст усёй паэзіі. Тэма Бога і веры, як і другія значныя тэмы: Радзімы, жыцця і смерці і інш. — як бы растворана ў вершах беластоцкага паэта, знаходзіцца не на паверхні, а ў глыбіні сэнсава-зместавага цела твора. Канкрэтныя і канцэптуальныя пытанні ( «Што ёсць Бог, час, чалавек?» і інш.) ставяцца рэдка. Часцей пісьменнік толькі падводзіць чытача да ўсведамлення такіх пытанняў. Падагульняючы можна сказаць, што кніга «Адпачынак пры высахлай крыніцы» дастаткова поўна і рознабакова прадставіла польскаму чытачу найноўшую лірыку Яна Чыквіна.

Лагічным выхадам на новы віток спіралі ў разуменні зборніка «Свет першы і апошні», дзе павінны змяніцца не толькі ідэйна-тэматычная напоўненасць вершаў, але і іх эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка, з’яўляецца дасканалая сваёй інструментоўкай імпрэсія «Чалавек дажджу». Па сваёй кампазіцыі гэты верш тыпалагічна нагадвае замалёўку «Даспелае сонца», што з’явілася ў зборніку «Святая студня»:

Я іду апусцелай вуліцай.
Да плячэй паўднёвае сонца
Ад цёплых бяроз лёгка туліцца.
Я іду апусцелай вуліцай.
...
Сонца да плячэй маіх туліцца.
Жоўтае лісце шапочацца.
Цалаваць былое так хочацца –
Я іду апусцелай вуліцай.

[46, с.25]

Прыём кальцавых паўтораў, перамены месцамі пэўных словазлучэнняў, слоў ці асобных частак паэтычнай фразы стварае адчуванне няўлоўнай зменлівасці агульнага малюнка, хуткаплыннасці таноў і паўтонаў мастацкага вобраза. Збліжаюцца гэтыя вершы яшчэ і меланхалічна-задуменнай настраёвасцю:

Дождж ідзе на маю галаву пахмурна-навесны,
Дождж-напамін пра хуткаплыннасць светлаблакітнай песні.

Дождж ідзе. На маю галаву. Дождж серабрыставалосы.
І сплывае як ласка і глыбейшыя сэнсы маўклівых нябёсаў.

[49, с.26]

Малады чалавек, што для ўвасаблення сваёй сцішанай журбы «па былому» абіраў сонечны цёплы полудзень, тым самым сцвярджаў сілу жыццёвай энергіі, працягласць у будучыню, рашучасць і ўпэўненасць. Праз дзесяткі гадоў, праз сотні ці тысячы спраўджаных і няспраўджных памкненняў і жаданняў, праз цяжар узбагачэння мудрасцю і вопытам герой зноў імкнецца раскрыць сваю душу. Гэта ўжо чалавек «дажджу», а не «даспелага сонца». Зараз дождж уяўляецца найлепшым сімвалам існавання героя. Узнікае матыў напамінання, адраджэння далёкіх успамінаў («дождж-напамін»). Гэтаксама як «Свяшчэнны дождж» гучаў сімфоніяй, дадзены верш узбагачаны мелодыямі алітэрацый і асанансаў:

Ідзе дождж як не дождж — на маю галаву сыплецца шкліва
Нараканняў далёкіх і блізкіх людзей і праклён іх шчаслівы.

[49, с.26]

Спакойна-мінорны пошум (гукі [ш], [л’], [н’] і інш.) паступова працінаецца срэбна-мажорнымі нотамі.

На маю галаву дождж ідзе. Дзень у дзень, дзе ні дзенься...
...
Дождж празрыстаю песняй з вільготных аблокаў ідзе...
І я, родным ахутан макроццем, іду па плыткай, звонкай вадзе.

[49,с.26]

Верш стварае адчуванне гіпнатычнага ўздзеяння прыроды на чалавека, своеасаблівага сыходжання ў нірвану. Гіпнатызм, разняволенасць думкі з’яўляюцца адной з важнейшых канцэптуальных адзнак усяго зборніка. Нярэдка з’ява ці падзея, твор мастацтва ці звычайная рэч для паэта толькі падстава заглыбіцца ў творчы роздум, у хвалюючае прадчуванне сутнасці. Своеасаблівымі снамі-трызненнямі ўяўляюцца вершы «Паводле Іова», «Тапелец», «Шпіталь» і некаторыя іншыя. Дадзеныя творы, розныя па сваім тэматычным змесце, абазначаных у іх ідэйна-філасофскіх праблемах, настраёвасці, яднаюцца агульным адчуваннем мройнасці, нерэальнасці акаляючай рэчаіснасці. Герой існуе як бы ў «віртуальным свеце». Гэты свет (першы і апошні) шмат у чым сканструяваны самім лірычным суб’ектам, ім жа вызначаны пэўныя правілы існавання. Але пры гэтым асноўныя і глыбінныя законы жыццяруху застаюцца нязведанымі і нязменнымі. Успаміны, па сутнасці, з’яўляюцца адным з тых сродкаў, што дапамагаюць змешваць часавыя пласты, прасторавыя каардынаты, дазваляюць удасканаліць і ўскладніць пачуцці і думкі. Таму чуюцца кроплі-водгукі «дажджу-напаміну» ў многіх тэкстах: «Летась было добра...» [49, с.27] «Туга па страчаным мяне калыша...» [49, с.29], «Як і тады, пра сябе я й цяпер ведаць нічога не ведаю» [49, с.31]. Характэрна, што лірычны герой ніколі поўнасцю не страчвае адчуванне рэальнасці, заўсёды, хоць і з сумам, але вымушаны вяртацца да рэальна-рэчыўнага жыцця, да аб’ектыўных варункаў уласнага існавання. Беларуская даследчыца В.Шынкарэнка падкрэслівае: «...у асобе Яна Чыквіна намі ўгадваецца творца аналітычны, што ніяк не змяншае ў яго мастакоўскай парадыгме ролю інтуітыўнага, а ў ім самім – харызму прыроджанага лірыка. Творца разам і адчувае, і апісвае, і перадае, і будуе-нараджае новы вобраз» [54, с.89]. Паказальным з’яўляецца верш «Нейк сталася», у якім будзённы эпізод далёкага вясковага дзяцінства дае магчымасць стварыць незвычайную сітуацыю. Хлопчык, які ў сонечнай цішы поіць каня і ловіць на сабе яго погляд, раптам адчувае, як адкрываюцца невядомыя структуры існага, неспасцігнутыя чалавекам таямніцы сутнаснага. Тая далёкая кропка часу на агульнай лініі жыцця, дзякуючы эстэтычнаму і філасофскаму асэнсаванню, аказалася пунктам судакранання розных рэальнасцей, прасторава-часавых вектараў. Але вяртанне да гэтай кропкі, як і да ўсіх іншых, магчыма толькі праз уяўленне, памяць, фантазію.

Як на вадзе мінае усё, як на агнях!
Няма даўно высокай постаці каня,
Той студні ўжо даўно няма
Ні сонейка таго. Вядома — і мяне няма.

[49, с.28]

Ужо адзначалася, што асэнсаванне сацыяльных праблем, пытанняў палітычнага жыцця ў творчасці Яна Чыквіна часцей прысутнічае вельмі апасродкавана. Перад прыватнымі момантамі самых розных грамадскіх калізій паэт надаваў перавагу больш агульным і канцэптуальным прынцыпам існавання індывідуума, нацыі і ўсяго чалавецтва. Але гэта не значыць, што дадзеныя праблемы зусім не хвалююць творцу. Прамінальнасць, хранічная нестабільнасць усіх сацыяльна-грамадскіх формаў не вытрымліваюць параўнання з адвечнасцю мастацтва і імкненнем чалавека да ідэалу. І ўсё ж такі ў кожнай кнізе паэта так ці інакш прысутнічае водгук акаляючых гістарычных працэсаў, неспакой духоўна багатай асобы. Вершы такога тыпу ўяўляюць індывідуальна-аўтарскую інтэрпрэтацыю тых ці іншых падзей, з’яў. Авангардысцкай метафорыкай, змрочнай вобразнасцю напоўнены твор «Канец эпохі»:

Навокал чужыя вочы
і слоў калючых калоссе.
І сутунак – ні блакітнага неба,
ні светлых даляў.
Жоўты жах развесіў
на грудзях свае медалі
і здзірае з галавы
апошняе валоссе.

[49, с.36]

З іншай экспрэсіяй, але ў тым жа сімвалічным ключы выпісана «Лясное возера». Гэты верш вызначаецца сапраўднай драматычнай супярэчнасцю паміж загадкава-казачнай назвай і алегарычным зместам. Лясное возера, што чарадзейна існавала ў фальклоры і творах многіх беларускіх пісьменнікаў, тое возера, якое зачароўвала маладога героя Я.Чыквіна, зараз служыць сімвалам зусім не казачных працэсаў. Менавіта гэтыя адзнакі дазваляюць стварыць размаіта шматзначную, а не канкрэтна-прыземленую сімволіку.

Як возера лясное, над якім
Вісіць бяссмертнікам Кашчэй,
Не мрэ і не жыве зачараваны край
Аблакітненых вачэй –
Ні хваль на ім перастваральных,
Ні ў тонях вадакрутаў хоць бы паўжывых...

[49, с.37]

Можна гаварыць пра пэўныя каардынаты паэтычнага свету. «Рукой дрыжачай я кладу, Айчына, // На твар твой свята-светлыя крыжы» [49, с.37], – малебна прамаўляецца ў вершы. Падобны матыў надзеі, што заўсёды ёсць у верніка, гучаў, толькі з іншай экспрэсіяй, у папярэднім зборніку: «Як доўга нам суджана, Божа, маўчаць? // Дык можа хоць ныня адпусціш, // Святы Божа, беларусам» [44, с.22]. У прасторы арыенціры вызначыліся дакладна – гэта, безумоўна, Радзіма. Часавыя ж прыкметы могуць быць неабмежаванымі. Галоўнае – грамадская пазіцыя героя, духоўная і маральная канцэпцыя яго творчасці.

У варунках дадзенай размовы лічым неабходным засяродзіць увагу на арыгінальнай аўтарскай форматворчасці. Архітэктоніка твораў Я.Чыквіна ў большасці сваёй нетрадыцыйная, яе цяжка сістэматызаваць, бо кожны тэкст мае выключна сваю кампазіцыю, страфічны падзел, рыфмоўку і рытмічны малюнак. Крапатлівая праца над максімальна дакладным выражэннем сваіх пачуццяў адлюстроўваецца ў доўгай і падчас неаднаразовай шліфоўцы формы. Абапіраючыся на разгледжаныя творы, можна зрабіць некаторыя назіранні. У зборніках 90-х гадоў, асабліва ў «Свеце...», нямала вершаў, якія маюць вельмі характэрнае кампазіцыйнае вырашэнне. У канцы верша, звычайна праз прабел-паўзу змяшчаецца думка, ці тэзіс, што сваім семантычным і ідэйным зместам узбагачае і нават ускладняе папярэдняе выказванне. Як правіла, гэта не звычайны вывад, а нестандартны, часцей асацыятыўны паварот паэтычных разваг, што надае адкрываемай сутнасці яшчэ большую шматпланавасць. Разам з тым менавіта на гэты элемент кампазіцыі часцей прыпадае найбольшы эмацыянальна-экспрэсіўны націск. Такім чынам, кульмінацыя лірычнага сюжэта як бы падвойваецца, патрабуючы новых зрухаў, напрамкаў роздуму. Тэндэнцыя да падобнага будавання лірычных тэкстаў назіраецца ў ранніх кнігах паэта. Ужо там прасочваецца імкненне не толькі абагульняць маналагічныя развагі, але і надаваць высновам шматзначнасць, тым самым сцвярджаючы бясконцасць Сусвету і магчымасцей чалавека. Нават калі няма графічнага падзелу, выразна адчуваецца ідэйная нагрузка апошніх радкоў у многіх вершах. Напружанасць не здымаецца, а накіроўваецца ўшыркі. У другой палове 90-х гадоў паэт дасягнуў сапраўднага майстэрства ў выбудове верша.

Ёсць у беластоцкага паэта творы, якія нясуць своеасаблівы эпічны пачатак, эмпірычную фактуру. Цікавую спробу прааналізаваць такую сітуацыю зрабіла даследчыца Л.Зарэмба. Крытык прасачыла эвалюцыю верша «Матэрыя», разгледзеўшы яго першапачатковы варыянт, яшчэ нават не паэтычны, у адным з артыкулаў Я.Чыквіна. У выглядзе верша тэкст з’явіўся ў аўтарскай падборцы ў часопісе «Полымя» [41, с.120] і яшчэ дапрацаваны – у «Свеце...» [49, с.35]. З кожнай трансфармацыяй няўлоўна змяняўся канкрэтны сэнс, набываючы ледзь не супрацьлеглае значэнне. Калі аўтар дадаў да расповеду пра матэрыяльны свет амаль біблейскае «Браты мае і сёстры», рэчы як бы перасталі быць цалкам неадушаўлёнымі. Матэрыя і чалавек уступілі ў роднасныя (ці варагуючыя?) суадносіны.

Працягваючы размову, можна сказаць, што эксперыментальныя пошукі аўтара шчыльна закранаюць і больш вузкія вобласці тропікі. Маюцца на ўвазе асаблівасці падбору паэтам эпітэтаў у тэкстах. Акрамя нестандартных словазлучэнняў, што ствараюць нечаканыя асацыяцыі, аўтар нярэдка вышуквае ўласныя, арыгінальныя азначэнні. Як правіла, гэта складаныя і састаўныя прыметнікі і дзеепрыметнікі, што могуць лексічна існаваць толькі ў дадзеным, пэўным кантэксце: загледжана-заслуханы, шчодра-акруглыя сферы, спакойна-светлае аблічча, рухліва-прынадны і першаісна-босканапеўны свет, трывожна-пякучы пыл, балесна-імглістая лагода, жухластарая травіца і шмат іншых. Злучаючы ў адну лексему некалькі ўнікліва выбраных адзінак, аўтар, на нашу думку, намагаецца выйсці за тыя межы, што ўжо акрэслены семантыкай беларускай мовы. Гэта ж тэндэнцыя бачыцца ў стварэнні назоўнікаў: сум-вечар, вобраз-мысль, вільгаць-раса, бляск-спеў, сена-гара і інш. На сутыкненні, сумежжы ўзнікае новы, звышлексічны сэнс. Характэрна, што падобныя прыклады можна знайсці і ў ранніх кнігах паэта: звон-цішыня, горад-клавіатура, сэрца-камяк, сумна-прыгожая, ціха-замглёнае, радасна-кволае, велічна-сумнае.

Прыгадаем, што прыгожае пісьменства для Яна Чыквіна не толькі спосаб уласнай творчасці, але і аб’ект прафесійнага вывучэння. Літаратуразнаўчыя даследаванні, крытычныя артыкулы з’яўляліся адначасова з мастацкімі тэкстамі. Складаная сітуацыя ўзаемадзеяння рацыянальнага інтэлекту і творчых парыванняў знайшла свой адбітак, як у вершах, так і ў аналітычных працах «белавежскага» літаратара. У кнізе «Далёкія і блізкія: Беларускія пісьменнікі замежжа» (1997) Ян Чыквін выступае як вучоны, кампетэнтны знаўца, уніклівы гісторык нацыянальнай літаратуры. Даследаванне складаецца з адзінаццаці творчых партрэтаў пісьменнікаў рознага лёсу і розных пакаленняў. Аўтар у прадмове тлумачыць: «У шырокім плане кніга «Далёкія і блізкія» – гэта спроба спасціжэння менавіта часткі цэлага» [42, с.7]. Так ставіцца задача вывучэння набыткаў тых творцаў, якія «выразна выказвалі сваё адметнае слова» [42, с.7]: Н.Арсенневай, Л.Геніюш, М.Сяднёва, Я. Юхнаўца, С.Яновіча і інш. Прафесар Я. Чыквін карыстаецца пры вырашэнні літаратуразнаўчых даследчыцкіх задач навейшымі дасягненнямі ў вобласці сусветнай крытыкі, свабодна прымяняе сучасныя метадалагічныя тэхналогіі аналізу і ацэнкі мастацкай з’явы.

Паэзія Я.Чыквіна 90-х гадоў сталася заканамерным працягам папярэдніх этапаў творчасці, той вяршыняй, якую дасягнуў паэт на дадзены момант. Яго вершы арганічна ўпісваюцца як у рэчышча сучаснай беларускай літаратуры, так і ў шырокі агульнаеўрапейскі, і шырэй—сусветны культуралагічны кантэкст. Эвалюцыйныя змены прынцыпаў мастацка-вобразнага ўвасаблення думак і перажыванняў выкліканы найперш натуральным імкненнем кожнага творцы да дасканаласці, гармоніі ў гэтым зменлівым свеце, які ў канкрэтных сваіх праявах і момантах нярэдка бывае дысгарманічным. Вершы 90-х гадоў адначасова з’яўляюцца і прыступкай для новага ўзыходу, новага асваення рэчаіснасці. Феномен Яна Чыквіна тлумачыцца заўсёднай гатоўнасцю да пастаяннага эксперыменту, адкрытасцю новым ідэям, творчай рухомасцю ўсіх кампанентаў стылю і адначасова – фундаментальнай адназначнасцю маральна–філасофскай канцэпцыі, што абапіраецца на высокія ідэі служэння мастацтву, Айчыне, чалавецтву. Без арыентацыі на такія вышыні не можа адбыцца сапраўдны майстар слова. Уся творчая дзейнасць Яна Чыквіна і з’яўляецца прыкладам таго, як здзяйсняецца, нягледзячы ні на што, беларускі паэт.

Відавочна, што творчасць Я.Чыквіна і ўвогуле пісьменнікаў-белавежцаў спрыяе стварэнню новага нацыянальнага літаратурнага кантэксту, арганічна спалучанага з класічнымі традыцыямі беларускага прыгожага пісьменства і агульнаеўрапейскай літаратурнаэстэтычнай думкай.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія