БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Людміла Зарэмба, Слова ў зменлівым свеце

I
«СЛОВА…» Ў ЗМЕНЛIВЫМ СВЕЦЕ

У многіх з нас – ніколі не заспакоенае
зацікаўленне мінулым нашага народа.

Мікола Гайдук

Разважаннем, абраным тут у якасці эпіграфа, Мікола Гайдук распачаў свой артыкул Ці «Слова пра паход Ігаравы» было напісана на беларускіх землях?1. Вынесенае ў загаловак пытанне лакалізацыі, месца ўзнікнення помніка, найчасцей паўставала на Беларусі, у сваю чаргу адносна Кіева, Чарнігаўшчыны – на Украіне, уплыў бранскіх гаворак і нават ноўгарадскія рысы адзначалі рускія даследчыкі, звярталася ўвага і на шматлікія цюркізмы... І гэта цалкам зразумела: Слова... ўсімі сваімі параметрамі блізкае кожнаму з усходнеславянскіх народаў. 

Твор гэты прасякнуты абвостраным пачуццём Радзімы, Бацькаўшчыны, якую любяць і якою ганарацца. Яна паўстае з бязмежнымі прасторамі, вялікімі гарадамі, магутная ў сваёй вайсковай славе і перамогах над чужынцамі, аднак, часам і безабаронная, параненая, у слязах, паланёная. Яе ўнутранае палітычнае несуладдзе перажываецца як скруха кроўна родных, і разам з героямі Аўтар пакутуе ад ростані з ёю: О Руская земле! Уже за шеломянемъ еси2.

Пачуццё мясцовага і беларускага нацыянальнага патрыятызму гучала ва унісон старажытнаму Слову... ва ўсе часы і, зразумела, нараджала глыбокую повязь слаўнай даўніны з бягучым днём. Гэта, відаць, самы значны накірунак нашых росшукаў і адкрыццяў, звязаных са Словам... I асабліва прыемна, што ён дапаўняецца не толькі новымі працамі, у якіх беларусы становяцца на чале культурных дасягненняў, але і – архіўнымі росшукамі з гісторыі нашай Словавіяны, абагульненнем зробленага. Сёння стварыліся такія ўмовы, што ўклад нашых даследчыкаў i дзеячаў мастацтва ў спасцiжэнне гэтага твора сусветнай каштоўнасцi нельга разглядаць адасоблена, у iзаляцыi ад агульнаславянскага «Слова»-знаўства. Усведамленне ж нашых асаблiвасцей тлумачэння i адносiн да Слова…часта дае нам магчымасць зразумець, удакладнiць многае ў самiх сабе i нашым часе.

Варта ўспомнiць, што адкрыццё Слова аб палку Iгаравым адбылося зусiм традыцыйна па мерках жыцця XVIII – пачатку XIX стагоддзя ў Маскве.

Ужо ў 70-х гадах XVIII стагоддзя граф Аляксей Iванавiч Мусiн-Пушкiн быў вядомы як збiральнiк айчынных старажытнасцей. Нават Кацярына II, узнав о сем, удостоила… личного с собой обращения. Ей угодно было видеть собранные … некоторые летописи.., которые … рассмотрев, благоволила некоторые оставить у себя3. Амаль адразу, як заахвочванне i падтрымка гэтага «хобi», адбылося прызначэнне графа на пасаду обер-пракурора Найсвяцейшага Сiнода i быў выдадзены загад аб прысылцы з цэркваў i манастыроў гiстарычных рукапiсаў дзеля зняцця копiй з наступным iх вяртаннем на месцы захавання. (Але нам невядомы выпадкi, каб хто патрабаваў іх вярнуць.) У агульных рысах прыкладна гэтак жа трапiў на вочы дасведчаных людзей, перш А. І. Мусіна-Пушкіна, тэкст Слова… I новае жыццё гэтага помнiка, як магутная новая плынь культуры ўсходнiх славян – пачалося. У ёй знайшлi адлюстраванне многiя асаблiвасцi грамадскага ладу, праблематыкi, нават дзяржаўнай палiтыкi i мыслення кожнай усходнеславянскай нацыi. Рускiя ў фармiраваннi найпершых адносiн i ацэнак Слова…, зразумела, мелi найбольшыя мажлiвасцi i перавагу першаадкрывальнiкаў, але напоўнiцу iх, здаецца, не выкарысталi.

У Расii, краiне, дзе вайсковыя людзi карысталiся асаблівай павагай i кар˘еру ў армейскай сферы рабiлi значна хутчэй, чым у цывiльнай, выдаўцы-даследчыкi i «самавiдцы» рукапiсу ў час, калi наблiжалася небяспека напалеонаўскiх захопнiцкiх паходаў, «не звярнулi ўвагi» на змест, а менавiта – на стратэгiю апiсаных выступленняў князя Iгара супраць полаўцаў. Хоць, нагадаем, галоўны ўладальнiк каштоўнасцi А. Мусiн-Пушкiн скончыў у свой час Артылерыйскi i iнжынерны кадэцкi корпус, служыў пры князю Р. Арловым. Яго ж калега па выданню, адзiн з тых, хто найраней працытаваў Слова… ў друку, У. Ялагiн, скончыў Сухапутны шляхетны кадэцкi корпус i ад прапаршчыка даслужыўся да палкоўнiка. Да таго ж яны карысталiся звесткамi Iпацьеўскага i Лаўрэнцьеўскага летапiсаў па фактах вайсковай гiсторыi XII стагоддзя.

Ноўгарад-северскі князь Iгар, ухiлiўшыся ад сумеснага пераможнага паходу з усёй Руссю ў 1184 годзе, вясной наступнага пайшоў ваяваць стэп з блiжэйшымi сваякамi i значна меншай сiлай. У вынiку палажыў усё войска, а сам трапiў у палон. Праз колькi часу збег, i не куды-небудзь – на Русь. Не цяжка ўявiць сабе, што чакала б такога ваяку ва ўсе часы i ва ўсiх народаў. Але ў Слове…гаворыцца так: Солнце свЂтится на небесЂ – Игорь князь въ Руской земли. ДЂвици поютъ на Дунаи, вьются голоси чрезъ море до Кiева. Игорь Ђдетъ по Боричеву къ святЂй Богородици Пирогощей. Страны ради, гради весели (12). Больш таго, проста кiдаецца ў вочы, што перад паходам, пабачыўшы, як цемра сонечнага зацьмення накрыла дружыну (видЂ…тьмою вся своя воя прикрыты,(9) Iгар падбадзёрваў свае палкi ў адпаведнасцi з рыцарскiмi максiмамi: Братiе и дружино! Луце жъ бы потяту быти, неже полонену ( 9). А для сябе ён, ужо пасля таго, як поостри сердца своего мужествомъ, наплънився ратного духа (9), абраў усё ж лёс палоннага i жыццё. Цi не ў гэтым вiдавочным мастацкiм супастаўленнi заклiкаў i дзей праяўляюцца аўтарскiя горыч ды iронiя?!

Такi ж падтэкст адчуваецца i ў апiсаннi пагiбелi палкоў: Ту пиръ докончаша храбiи русичи: сваты попоиша, а сами полегоша за землю Рускую (11). Сватамi-братамi полаўцы былi не народу рускаму, якi палiлi i паланiлi ў набегах, а толькi – Iгару. Сын яго ажанiўся ў няволi з дачкой хана Канчака i праз 2 гады пасля бацькi вярнуўся з жонкай і сынам4. Сапраўды, як чытаем у Залатым слове Святаслава: наниче ся годины обратиша (12), што значыць, свет цяпер вывернуты навыварат i процiлеглы некоему идеальному5. Падобная па сэнсе ацэнка паходу Iгара выказваецца раней і ад імя аўтара: Не буря соколы занесе чресъ поля широкая – галицы стады бЂжать къ Дону великому (9). Цi ж маглi, сапраўды, гэта (ды i шматлікія падобныя моманты) не заўважыць былыя прафесiйныя вайскоўцы-камандзiры ў краiне, што вяла палiтыку экспансii, далучальныя войны – ды яшчэ ў часы Вялiкай французскай рэвалюцыi напярэдаднi 1812 года? Але вiдавочна, хіба не без падказкi Кацярыны II, галоўнага «спонсара» росшукаў даўнiны, цэнтральная iдэя помнiка (аб˘яднанне праз падпарадкаванне) ва ўступным ужо артыкуле была прызнана як безумоўна ўсеахопная, пануючая i самадастатковая ў творы. Што й казаць, заклiк да дзяржаўнага яднання, патрыятычнага процiстаяння знешнiм ворагам i г.д. вельмi ж iмпанаваў афiцыйнай iдэалагеме Расii на пачатку XIX стагоддзя. Усе iншыя аспекты абыходзiліся маўчаннем, як «не заўважаліся» ў Слове…

Па гэтай жа прычыне «даравалi» твору i шматлiкiя элементы паганства, засяродзiўшы ўвагу на тым, што напрыканцы сам Бог Игореви князю…путь кажетъ изъ земли Половецкой на землю Рускую, къ отню злату столу (14), у Кiеў. (Прытым, з летапiсаў ужо ў 1800 годзе было вядома, што вярнуўся князь Iгар у Ноўгарад-Северскi.) Узгадаем жа, што Словам… займалiся, вывучалi, перакладалi, многiя аўтарытэтныя царкоўныя дзеячы. Тут можна назваць хаця б iмёны мiтрапалiта Кiеўскага i Галiцкага Я. Балхавiцiнава, пратаiрэя, прафесара багаслоўя Пецярбурскага унiверсiтэта, Духоўнай акадэмii Г. Паўскага. Апошнi гэтаксама, як i паэт В. Жукоўскi, перакладаў Слова… i Евангелле, выхоўваў самадзержца Аляксандра II. Спалучэнне такiх мадуляцый iх дзейнасцi iзноў жа паказвае, як iмпанавала Слова… расiйскай дзяржаўнасцi, што была яшчэ на ўздыме. А мастацкая лiтаратура, падручнiкi для дзяцей ухвалялi iдэальнага песнятворцу Баяна (найчасцей атаясамлiваючы яго з Аўтарам), жаночы iдэал – Яраслаўну i адважнага вояабаронцу (хаця паход быў наступальны) Iгара. Але ж у тых умовах, як прынята гаварыць, «безвременья» яшчэ можна было выказаць, напрыклад, у Маскоўскiм унiверсiтэце скептычныя погляды на аўтэнтычнасць Слова… У прысутнасцi студэнтаў у 1832 годзе адбылася спрэчка на гэтую тэму члена Расiйскай Акадэмii А. Качаноўскага з абраным туды ж у наступным годзе Аляксандрам Пушкiным.

Паэт, відавочна вырываючыся з агульнапрынятых уяўленняў, у 1836 годзе пiсаў: Неизвестный творец … не преминул объявить.., что он будет петь по-своему, по-новому, а не тащиться по следам старого Бояна… И во времена «Слова…» предпочитали былины своего времени старым словесам6. Зусiм далёкi ад афiцыйных iдэй фiлалогii В. Бялiнскi разглядаў Слова… сярод запiсаў народнай паэзii i ў адпаведнасцi з гэтым кантэкстам адзначаў, што ў старажытным творы няма глыбокай iдэi (дадамо: з тых, што цiкавыя былi б даследчыку). Это…простое… повествование…исполнено наивных и благородных образов, – сцвярджаў крытык i даваў мноства каштоўных заўваг адносна гэтых вобразаў, iх сiстэмы. Напрыклад: Всеволод больше (чым Iгар – Л.З.) является героем в духе своего времени… В битве он рисуется на первом плане и заслоняет собой бесцветное лицо Игоря7 i г.д. пра Святаслава, Яраслаўну… Пазначалася глыбiннае, мастацка-гiстарычнае прачытанне паэмы, але рускае «Слова»-знаўства скiравалася ў iншы бок, у рэчышча «благонамеренной» фiлалогii. I чым выразней замацоўвалася Слова… на гэтых пазiцыях, тым вiдавочней мiжволi аддалялася ад творчасцi пiсьменнiкаў, што вызначалi мастацкiя дасягненнi пасляпушкiнскай Расii на еўрапейскай арэне. Успомнiм, ужо Гогаль, якi свае галоўныя адкрыццi зрабiў у асэнсаваннi сучаснага яму жыцця, звяртаўся да Слова… толькi тады, калi пiсаў пра казачна-былое (Тарас Бульба, Страшная месть). А знаўцы рускага чалавека, пiсьменнiкi крытычнага рэалiзму Дастаеўскi, Тургенеў, Талстой, Чэхаў нiбы i не заўважылi яго. Чаму ж так сталася? Ускоснае тлумачэнне, адказ утрымлiвае ў сабе трохтомная манаграфiя Е. Барсава Слова о полку Игореве как художественный памятник Киевской дружинной Руси – своеасаблiвае падвядзенне вынiкаў iснавання Слова…ў славянскай культуры новага часу. У аўтарскiх разважаннях Вместо эпиграфа сабраная, як у фокусе, квiнтэсенцыя навуковых дасягненняў у асэнсаваннi Слова… i пераканаўча вызначана перспектыва: 

«Слово о полку Игореве», помимо своего исторического и литературного значения, есть в то же время поучительный памятник для всех будущих веков России… Здесь перед нами поэтическое выражение государственного строя Киевской Руси в его идеале… Блистая яркими лучами идеала земли святорусской, «Слово о полку Игореве» должно стать краеугольным камнем нашего общественного воспитания…: вдохновляться благом единой земли русской и возвышаться над мелкими частными и личными интересами8. 

Не памянялася сiтуацыя i надалей, асаблiва калi заклiк да дзяржаўнага яднання быў замацаваны яшчэ i аўтарытэтам К. Маркса: формула суть поэмы – призыв русских князей к единению как раз перед нашествием собственно монгольских полчищ была выказана ў лістах 1856 года да Энгельса. Тут ужо, здавалася, iншадумства стаецца зусiм немагчымым, захапленне Словам… прыроўнiвалася ў лiтаратуразнаўстве да дзяржаўнай лаяльнасцi. Чаго вартае хаця б выданне «апазiцыйнай» працы А. Зiмiна тыражом толькi для службовага карыстання з абавязковым вяртаннем пасля абмеркавання…9 Але ж Слова… павiнна i можа гаварыць само за сябе. 

Аптымiстычнае, вiтальнае, па-мастацку дасканалае i вечна маладое Слова… адрасавана маладым i моцным. Нязменна прываблiваюць ягоныя героі, як «узыходзячыя» тыпы, што не ведаюць страху, падазронасцi, недаверу да сябе, не маюць патрэбы апраўдвацца. У пэўным сэнсе недасягальным iдэалам для нас з˘яўляецца абсалютная адсутнасць у iх абачлiвай перасцярогi за побытавае, паўсядзённае. Яны жывуць выключна ў атмасферы соцыума, якi iх зусiм не прыгнятае, як бы iначай быць не можа. Усе iх учынкi, уключаючы сваяцкiя, сямейныя адносiны, узаемаразуменне з Усявышнiм, з сусветам, прыроднымi сiламi i г.д. рэалiзуюцца i ацэньваюцца з пазiцый грамадскай значнасцi. Слова… адрасавалася бескарыслiвым альтруiстам з iдэалам воiнскай славы, смеласцi дзеля iх пераўтваральных спраў, i такiм, вiдаць, чалавекам яно напiсана. Мы любiм гэты твор i будзем любіць незалежна ад сацыяльна-грамадскіх умоў, афiцыёзнасцi яго ўспрыняцця. Дасюль Слова аб палку Ігаравым нясе ў сабе моманты, якiя трывожаць сваёй нераскрытасцю, нявызначанасцю. Напрыклад, беручы пад увагу ўсе вайсковыя абставiны Iгарава пахода з улiкам шматпланавасцi i неадназначнасцi яго воблiку, Слова… патрабавала б пэўных тлумачэнняў у якасцi воiнскай аповесцi. Аднак гэтага ракурсу як бы i не iснуе. Засяродзiўшыся на воспевании воинской доблести и самоотверженности10 твор уключаюць у зборнiк Воинские повести Древней Руси з бiблiятэкi Страницы истории Отечества. Спробы ж вычарпальна раскрыць сэнс Слова… выключна ў агульнапрынятым ракурсе здаюцца абсалютна недастатковымi. 

Так, у кнiзе Дз. Лiхачова Слово о полку Игореве: Историко-литературный очерк (1950 год), не раз перавыдадзенай у шмат накладаў, адрасаванай шырокаму чытачу, школьнiкам, настаўнiкам, чытаем: Перед нами обычный в народной поэзии образ: смерть – это свадьба. Однако, кроме того, предводитель половцев хан Кончак был действительно сватом Игоря – его дочь была помолвлена за сына Игоря, Владимира11. I гэта пра эпiзод: ту кровавого вина не доста, ту пиръ докончаша храбрiи русичи: сваты попоиша, а сами полегоша за землю Рускую (11). Не зважаючы на праблематычнасць сцвярджэння пра заручыны, трэба сказаць, што пры такiм разуменнi губляюцца горыч падтэксту (Каму вайна, а каму маць радна) i факт адасаблення князя Iгара ад дружыны. А яно ж, адасабленне, пазначана было лёсам, калi цемра накрыла толькi вояў (менавiта так напiсаў Аўтар!). Ды i вынік наступстваў паходу разглядаецца як ганаровы: Лучше ведь зарубленым быть (в битве), чем пленным (бесславно дома)12. 

А выраз са Слова… ПЂти было пЂсь Игореви…: Не буря соколы занесе чресъ поля широкая – галици стады бЂжать къ Дону Великому (с. 9) пераказаны наступным чынам: Воспеть песнь в честь Игоря (в таких выражениях): Не буря (русских) соколов занесла через поля широкие, а стада (половецких) галок (уже) бегут (спасаясь) к Дону великому. У такiм бачаннi прадстаўлены ўвесь перыяд тэксту ад О бояне, соловiю стараго времени! да стоятъ стязи въ Путивле13. Вiдавочна, на прыкладзе толькi гэтага ўрыўку можна паставiць мноства пытанняў: цi ёсць якая «чэсць» у бясслаўным паражэннi Iгара? Цi не сказаў бы тут Баян адваротнае: (Паход гэты) – не бура сокалаў занесла праз палi шырокiя, не, гэта – чароды галак, што ляцяць да Дона Вялiкага. У папулярным тлумачэнні ўтрымлiваецца выразны парадокс: Аўтар падае вiдавочна адмоўныя факты, а тэкстам сваiм як бы ўхваляе i ўзносiць iх.

Найчасцей не вытрымлiвалi гэтай эстэтычнай «вiртуознасцi» гiсторыкi. А. Зiмiн, напрыклад, называў яе «алiлуйшчынай» i сцвярджаў, што тут чисто научные вопросы переплетаются с нравственными14. Звычайна ад крытыкi тэксту яны пераходзiлi да сваiх канцэпцый, якiя тычылiся самых вострых пытанняў – часу стварэння, аўтарства, аўтэнтычнасцi. Так з˘яўляюцца «траўмiруючыя» навуку працы А. Зiмiна, А. Нiкiцiна, Б. Рыбакова i iнш. Словы «iронiя» i нават «сатыра» (са спасылкай на А. Весялоўскага) пачынаюць мiльгаць на старонках, дзе разглядаецца Слова… Яно, хаця i ў нязначнай ступенi, стала прадметам разгляду ў кнiзе Дз. Лiхачова, А. Панчанкi, Н. Паныркi з сiмптаматычнай назвай Смех в Древней Руси15. Падаецца слушным меркаванне Б. Рыбакова: 

Самым опасным в историческом осмыслении «Слова о полку Игореве» является все возрастающее в нашей научной и около научной литературе стремление к идеализации Игоря, к героизации его, к превращению этого князя в активного сторонника общерусского единства и общей борьбы с половцами16.

Хочацца дадаць: небяспечным i ў iдэйна-мастацкiм асэнсаваннi, бо з iм звязана сюжэтная канва Слова…, сама назва твора. Цi не паказальнае значэнне ў сувязi з гэтым набывае тое, што выданне, каштоўнасць якога немагчыма пераацанiць – Энциклопедия «Слова о полку Игореве» – не ўтрымлiвае натуральных у адносiнах да мастацкага твора артыкулаў, у якiх разглядаўся б змест характару князя Iгара, якiм ён паказаны ў паэме. I ўжо, як пажаданы дадатак – не была б лішняй iнформацыя пра гiпотэзы аб ваенна-палiтычных памкненнях Ноўгарад-Северскага князя ў якасцi гiстарычнай асобы. Гэтаксама, напрыклад, у адносiнах да галоўнага героя твора – Рускай зямлi17 наўрад цi падыходзiць вызначэнне ў лiтаратурным плане «политико-географический термин»18.

Відавочна, свой эстэтычны змест Слова аб палку Iгаравым раскрывае нам вельмi ж павольна, у вынiку немалых намаганняў даследчыкаў самых розных перыядаў.

Якую ж пазiцыю ў гэтым працэсе займала беларуская культура? Мяркую, што больш значную i ўплывовую, чым мы прызвычаiлiся ўсведамляць. Бо мноства фактаў, падзей нам вядомыя не ў поўнай меры, а ўстанаўленне iх лагiчнай i жыццёвай сувязi яшчэ патрабуе вялiкай працы, у тым лiку i архiўнай. 

Вiдаць, адной з храналагiчна першых з˘яў гэтага навуковага арэала трэба лiчыць Речь о пользе вообще слова и свойствах российского языка19, прамоўленную ў 1803 годзе прафесарам Вiленскага унiверсiтэта Iванам Iванавiчам Чарняўскiм. Яго апазiцыйная блiзкасць iдэям ды i самому Аляксандру Радзiшчаву спрыяла ўзнiкненню сiмпатый з боку радыкальнага студэнцтва – фiламатаў i фiларэтаў. А iх пошукi шляхоў нацыянальнага i сацыяльнага вызвалення, зацiкаўленасць даўнiной, фальклорам роднага краю ў сваю чаргу iмпанавалi выкладчыку, якi захапляўся Словам аб палку Iгаравым. Пра экзатычны твор ён распавядаў, тлумачыў яго ў духу Песен петых в честь древним славянским божествам20. Iдэалы Ноўгарадскай рэспублiкi, услаўленыя ў гэтым вершы, вiдавочна, былi пачутыя маладой аўдыторыяй. Нездарма адзiн з яго выхаванцаў, паэт Адам Мiцкевiч, у парыжскiм Калеж дэ Франс у курсе лекцый па славянскiх лiтаратурах таксама асаблiва адзначыў Слова… (люты 1841 года). I, як падкрэслiваюць даследчыкi, у яго ацэнках гучалi iдэi, блiзкiя дзекабрысцкiм, ускосна крытыкавалася палiтыка Мiкалая I.

Падзяляючы традыцыйнае ў такiх выпадках захапленне нашымi набыткамi, трэба, аднак, зазначыць, што лекцыi гэтыя не толькi не вывучаны ў плане супастаўлення, але i не надрукаваны ў нас21.

Пра тое, што XIX стагоддзе тоiць у сабе яшчэ мноства неадкрытых, але, магчыма, узаемазвязаных фактаў, сведчыць хаця б наступнае. У бiблiятэцы Вiленскага унiверсiтэта захоўваецца машынапiс М. Анцукевiча Слово о полку Игореве22. Аўтар яго, падрыхтаваўшы свой першы пераклад Слова… яшчэ ў 1926 годзе, на працягу ўсяго жыцця працягваў займацца творам. Карпатлiва падбiраючы варыянты розначытанняў старажытнарускага тэксту, ён супаставiў выданне 1800 года, Кацярынiнскую копiю, запiсы А. Малiноўскага, М. Карамзiна… Пералiк гэтых крынiц у машынапiсе завяршае пазiцыя Рукопись В. У. – Вильнюсского университета. Анцукевiч не аднойчы ўспамiнае пра яе ў сваёй працы, робiць 9 выпiсак23. Але ж застаецца незразумелым, чаму пры выданнi кнiгi ў 1992 годзе iнфармацыя была паслядоўна знятая?24 Аўтар недвухсэнсоўна зазначыў высокую каштоўнасць даўніх рукапісаў, якiя яшчэ трэба некалi расшукаць, расчытаць i надрукаваць.

Важна таксама тут нагадаць, што, амаль адначасова са студэнцкiмi штудыямі А. Міцкевіча (1815 – 1819 гг.), працаваў у бібліятэцы і карыстаўся падтрымкай апекуна Віленскай навучальнай акругі князя А. Чартарыйскага наш знакаміты суайчыннік 3арыян Даленга-Хадакоўскі. Менавіта ў гэты час ён стварыў свой Słownik starodawnych polskich wyrаzów (1810 – 1819 гг.), дзе разглядаў побач з іншымі такія лексемы, як «зегзица», «лелею», выразы «Пирогощая Богородица», «стоятъ стязи в Путивле», «вещий Боян» і г.д. Пошукі свае ён прадоўжыў і пазней, складаючы Историко-географическнй словарь – больш за 3500 старонак запісаў старадаўніх славянскіх геаграфічных назваў. Сярод іх – Данец, Пасуліе, Рым, Дудуткі і, зразумела, Няміга. Адносна месцазнаходжання апошняй у Мінску гіпотэза Хадакоўскага і сёння лічыцца самай верагоднай25. Мы нездарма ганарымся тут значнымі дасягненнямі, найчасцей не ўспамінаючы, што ўсе гэтыя матэрыялы, не толькі не выдадзеныя, але і не даследаваныя належным чынам, зберагаюцца ў архівах.

Як бачым, увага да Слова..., росшукі, звязаныя з ім на тэрыторыі Беларусі ў самым пачатку XIX стагоддзя, былі ўжо значныя. Да іх змушаў найперш сам надзвычайны па мастацкай сіле помнік: яго вольны дух, нічым не абмежаваная крылатасць думкі Аўтара і тое, што гэтак узнёсла апяваліся ў ім падзеі ў добра знаёмых родных мясцінах. Апошнія, аднак жа, былі зусім невядомыя аўтарытэтным расійскім мэтрам. Беларуская цікавасць да нацыянальнага каларыту Слова... ўзмацнялася яшчэ і тым, што гучала ва унісон з пачуццём прыгнечанай нацыянальнай годнасці ва ўмовах русіфікацыі. (У 1840 годзе Мікалай I сваім указам забараніў выкарыстоўваць нават азначэнне «беларускі» ў адносінах да беларускіх губерняў.) У такіх умовах павольна акрэсліваліся пэўныя асаблівасці нашага «Слова»-знаўства.

Яно, беларускае «Слова»-знаўства, прыняло ў агульным выглядзе ўжо сфармаваныя ідэйныя ўстаноўкі расійскага – публічна не абвяргала, не аспрэчвала палажэнняў пра перавагі адзінай моцнай княскай улады, неабходнасць і задавальненне ад свядомага падпарадкавання ёй і г.д. Ды ўсё ж у гэтым значна, у мностве нюансаў і адценняў распрацаваным рэчышчы афіцыёза яно абрала для сябе канкрэтны падыход: росшук тапонімаў (складанне, напрыклад, нават маршруту паходу Усяслава з урочышча «Дадэкі» пад Полацкам да берагоў Нямігі каля Мінска – Я. Драздовіч26), тлумачэнне лексікі праз беларускія гаворкі, фальклор і нават збор ускосных доказаў, што геніяльны пясняр быў жыхаром альбо выхадцам з нашых земляў. Такія разважанні вяліся з рознай ступенню навуковай абгрунтаванасці і гіпатэтычнай смеласці, але заўсёды ў шчырым імкненні ўзвялічыць свой край, сцвердзіць нацыянальную гісторыю. А ўжо захапленням пра Усяслава – проста канца не было. Прычына таму, відаць, у змесце самога вобраза, у маральнай пазіцыі, дачыненнях да «не надта добрага» і «найлепшага» дзяржаўнага ладу, пра які ўзвышана разважае Аўтар. Усяслаў-князь – асілак, волат, ён як бы сам па сабе, па-за і над усёй гэтай энергічнай «валтузнёй» пагадненняў, дамоў, розных пазіцый. Ён – казка, мара, увасабленне нацыянальнай моцы, ідэала ва ўсёй яго неабмежаванасці і сацыяльнай неакрэсленасці.

У розных мадыфікацыях і варыяцыях гэтыя погляды склалі аснову нашага «Слова»-сузірання ўжо к пачатку XX стагоддзя. Гэтак жа яно развіваецца і сёння, уплывае і ў многім фармуе нашы ацэнкі, зробленае на гэтай дзялянцы раней. У азначаным плане вельмі паказальным уяўляецца даследаванне У. Мархеля «Слова аб палку Ігаравым» у ацэнцы Ул. Сыракомлі27. Разглядаючы нарыс Ул. Сыракомлі «Міnsk» (1857)28, урывак з «Dzieje literatury w Polsce od pierwiastkowych do naszych czasów» (1850)29, літаратуразнаўца, безумоўна, апалагетычна ставіцца да «патрыятычных настрояў» пісьменніка, а менавіта да сцвярджэння, што Слова... напісана на беларускай мове, што Усяслаў і Баян жылі ў Мінску.

Пад знакам зацікаўленасці ўсім самабытным, аўтарытэтным, даўнім, у тым ліку і Словам..., вяліся росшукі ўраджэнцаў Беларусі ў садружнасці і пры кіраўніцтве рускіх вучоных, калекцыянераў, мецэнатаў. Дабратворныя традыцыі тут складваліся яшчэ з пачатку XIX стагоддзя (узгадаем знакаміты «Румянцаўскі гурток»). Асабліва актыўна праца па збіранню беларускага фальклору, лінгвістычныя і этнаграфічныя назіранні вяліся ў другой палове XIX стагоддзя. Своеасаблівай вяршыняй гэтай працы стала падрыхтоўка і выданне фундаментальнага трохтомнага даследавання Я. Карскага Беларусы (1903 – 1922), якое мела вялікі ўплыў на развіццё нашай навукі і аб Слове...

Дваццатае стагоддзе, апрача мноства бясспрэчных дасягненняў, мела адно ці не самае важнае. Яно звязана з адкрыццём новай сферы ўплыву Слова аб палку Ігаравым на беларускую культуру: далёкі старажытны тэкст увайшоў як арганічна блізкі ў мастацкую літаратуру, Слова... загучала на сучаснай мове народа.

Увогуле ўпершыню на Беларусі пераклад Слова... на рускую мову, зроблены дзевятнаццацігадовым мінчуком Д. Боханам, быў выдадзены ў 1897 годзе пад назваю Игорь, князь Северский. У ім досыць выразна даваў сябе адчуць перакладчыцкі вопыт А. Майкава, М. Гербеля, Л. Мея, зацікаўленасць будучага актыўнага літаратара мясцовымі паданнямі, легендамі, песнямі.

У 1910 годзе самабытнае Слова... ў пэўным сэнсе нечакана адкрыла сваю надзвычайную роднаснасць тагачаснаму жыццю беларусаў. Ва ўрыўку Песня пра князя Ізяслава Полацкага М. Багдановіча зліліся ў адзінае і лёс невядомага па летапісах юнака вояабаронцы, і прадчуванні асабістых выпрабаванняў паэта, у сімвалічным плане роздум аб Радзiме. Бо Iзяслаў Васiлькавiч застаўся без уладнай падтрымкi Усевалада, без вайсковай, збройнай – Брачыслава, пакiдаюць яго жыццёвыя сiлы і знiкае разам з iм прадзедаўская моц Усяслава (уся слава). 

Трагізм ваенных падзей на тэрыторыі Беларусі ў пачатку XX веку абвастрыў увагу да Слова... як вечнай песні пра бяду, выкліканую чалавечымі амбіцыямi, пра боль вайсковага паражэння, прорву ростані... Відавочна, падзеі першай сусветнай вайны сталіся штуршком для стварэння верша Из «Слова о полку Игореве» Сяргея Урсыновіча, што пабачыў свет у зборніку Провинциальная луна. Неабходнасць увядзення гэтага верша ў кантэкст «Слова»-знаўства не мае патрэбы ў доказах:

Степь безбрежна и широка,
Смутных бликов степь полна.
Ах, зашла ты, Русь, далеко
В поле вражие одна!
Крепки ль кованые брони
І червленые щиты?
Чу! Вдали несутся кони...
Вражьи клики слышишь ты?
Ты пришла сюда за славой
Честь добыть издалека, -
Будь готова к битве правой:
Сеча грозная близка...
Далека земля родная.
Смолкли песни соловья.
Степь насупилась чужая,
Вести скорбные тая...
Степь безбрежна и широка,
Смутных бликов степь полна...
Ах, зашла ты, Русь, далеко
В поле вражие одна!.. 30

Вырашаючы пытанне, ці належыць верш на рускай мове да беларускай літаратуры, звернем увагу на наступнае: па-першае, твор пабачыў свет у Мінску і, па-другое, збор ад кнігі, як запісана на тытуле, «поступает в пользу Минского Городского Комитета общественной помощи семьям запасных» (гэта значыць, тым, чые мужы, браты, бацькі былі прызваны на фронт). Такім чынам, як змест твора, так і акалічнасці яго прыходу да чытача, сведчаць пра цесную повязь верша Сяргея Урсыновіча менавіта з Беларуссю.

У наступныя гады Слова... нязменна прываблівала да сябе майстроў прыгожага пісьменства, каб пры яго дапамозе вырашыць праблемы свайго часу. Невыпадкова ж у 1919 годзе Янка Купала даў загаловак першаму на беларускай мове свайму поўнаму перакладу Сказ аб паходзі Ягоравым...31 Паэт па-мастацку выкарыстаў летапісныя звесткі аб тым, што пры хрышчэнні князь Ігар атрымаў імя Георгій, а таксама – папулярнасць сярод народу міфалагічнага вобраза воіна-пакутніка і заступніка, абаронцы сялян і іх жыўнасці.

У 1920 годзе М. Гарэцкі ў сваёй Гісторыі беларускай літаратуры, якая папярэднічала выданню Хрэстаматыі... з перакладам Слова..., пасля пераказу зместу твора звярнуў увагу на яго «беларускасць». Апошняе, на яго думку, у самім «духу творчасці», у словах «арыгінальна-беларускіх», у захапленні «славаю полацкага князя Усяслава Чарадзея», у «добрым разуменні» адносін «беларуска-украінскіх» і веданні аб літоўцах, «аб змаганні з імі беларускіх пляменняў». Сула... скаламуцілася, бо тую зямлю, дзе яна цячэць, перайшлі агнём і мячом паганыя полаўцы, Дзвіна скаламуцілася, бо на ёй з'явіліся літоўцы, – перадае ён змест. Пісьменнік з любоўю ўспамінае «гарадзенскага князя» Ізяслава, што «забіты літоўцамі»32, разглядаючы як рэакцыю на яго пагібель наступную фразу Слова...: трубы трубять городеньскіи (13). У перавыданнях гэтай кнігі 1924-га і 1926-га гадоў Гарэцкі дапаўняе свае разважанні звесткамі пра ідэйны змест паэмы – чужой для нашага часу па сваёй ідэі ўсхвалення ваяўнічасці князёў і іх імперыялістычных на свой лад імкненняў. Няведамы аўтар... быў праняўшыся палітычнымі інтарэсамі Кіеўскага княства, але як паэт ён захапіўся славаю полацкага князя Усяслава33. Так Слова... бачылася Гарэцкаму на пачатку 1920-х гадоў і невыпадкова ў яго інтэрпрэтацыі вядомы сумны выраз О Руская земле!... набываў увасабленне О руская зямля! Ужо ты за кардонам34. Тут, як і заўсёды, калі паэт-перакладчык слухаўся свайго сэрца, сучаснасць гаварыла вольнай вечавой моваю Слова...

А далей, у наступныя часы, Словавіяна наша развівалася, на першы погляд, зусім непрадказальна. Аж да 1985 года ў друку не з'явілася ніводнага новага пераўвасаблення. Але ж яны ствараліся! 

У 1926 годзе быў гатовы самастойны пераклад на рускую мову (захаваўся аўтарскі датаваны белавы рукапіс у сямейным архiве Анцукевiчаў) тады выкладчыка ў Лунінцу М. Анцукевіча. Ды праца пабачыла свет толькі ў 1938 годзе як «изданне автора»35, а з улікам багатых каментарыяў, што па аб'ёму ў шмат разоў перавышалі твор, пасмяротна ў 199236. Можа падацца дзіўным: у сямейным архіве аўтара захоўваюцца ветлівыя адмовы з АН СССР, Пушкінскага Дому, АН БССР, лісты за подпісам Э. Межэлайціса, С. Шэрвінскага, рэферэнта Дз. Ліхачова, дырэктара Інстытута літаратуры АН БССР В. Барысенкі, навуковага сакратара гэтай жа ўстановы Э. Гурэвіч37 і іншых паважаных асоб. Ці ж ніхто з іх не палічыў сам факт стварэння новага перакладу вартым увагі?!

У 1942 годзе Анатолем Вялюгіным быў напісаны «вершаваны пераказ» Плач Яраслаўны, надрукаваны толькі ў 1963-м38. У 1976 годзе Я. Крупенька паведаміў чытачам «ЛіМа» і «Чырвонай змены»39, што пераклаў Слова аб палку Ігаравым, прапанаваў іх увазе некаторыя раздзелы твора. Цалкам жа яго пераўвасабленне пабачыла свет толькі ў 1994 годзе.

Пераломным у некаторым сэнсе тут стаў 1985 год. Быў адноўлены ў сваіх правах на літаратурнае жыццё пасля рэабілітацыі аўтара пераклад М. Гарэцкага40 і выдадзена да 800-годдзя перастварэнне Слова пра паход Ігаравы Р. Барадуліна41. Да гэтай жа па рашэнню ЮНЕСКА сусветна адзначаемай даты была прымеркавана і публікацыя В. Дарашкевіча Слова пра паход Ігаравы, Iгара, сына Святаслаўлева, унука Алегава42. Слова пра паход Ігараў... I. Чыгрынава ў 1991 годзе43 храналагічна завяршыла ў нашай літаратуры эмацыянальны ўздым юбілейнай хвалі. Шчаслівая магчымасць судакранання з несмяротным Геніем на Беларусі атрымоўвала ўзмоцнены рэзананс. Сітуацыю можна зразумець: у зачыненых фондах зберагаўся пераклад Гарэцкага, яго нібы і зусім не існавала (нават брат і дачка пісьменніка пра яго не ведалi. Пасля 1921 года і шматлікіх перавыданняў купалаўскіх перакладаў – ніводнага новага на працягу шасцідзесяці чатырох гадоў! Сам факт ухвалення і прыняцця да друку верша Барадуліна ўспрымаўся калегамі-літаратарамі як безумоўнае ўзвядзенне яго ў паэтычны ранг вешчага Баяна, Пушкіна («затоена марыў аб перакладзе»), Купалы44.

Па-за цэнтрам гэтай магутнай тэматычнай плыні аказаліся публікацыі паэтаў беларускага замежжа. Вельмі ж «ранняя » (1973 г.), сціпла змешчаная ў ніжнім правым кутку старонкі «Белавежа», “ніўская” публікацыя Яна Чыквіна Плач Яраслаўны45. I калі ўжо амаль «аціхла» ў нас захапленне адкрыццём Слова..., нечакана адгукнулася роднай зямлі замежжа Плачам Яраслаўны Масея Сяднёва (1991 г.) на старонках «Полацака» (Кліўленд)46.

За восем юбілейных гадоў (1984–1991) было зроблена нечувана шмат! Найперш адбылася ў пэўным сэнсе «дэмакратызацыя» адносін да Слова...: яно перастала быць свяшчэнна-недатыкальным для літаратараў. I ўжо на гэтай ступені нечакана дала вялікі плён тая галіна даследавання, што традыцыйна лічыцца апісальнай (у процілегласць праблемнай)47, звязаная з назапашваннем асобных фальклорных, дыялектных граматычных форм, выразаў, параўнанняў, роднасных Слову.... Наяўнасць іх звязвалі з яго «беларускасцю». Такія працы звычайна ўражвалі сабранымі аргументамі, паралелямі, але былі значна менш пераканаўчымі і цікавымі ў сваіх гіпатэтычных высновах пра месца напісання, паходжанне Аўтара48.

3 росквітам перакладчыцкай работы па Слову... звязаны і шматлікія жывапісныя варыяцыі, рэмінісцэнцыі, ілюстрацыі на матывы Слова... (Э. Агуновіч, М. Басалыга, Я. Кулік, А. Лось, Г. Паплаўскі і інш.).

Нельга абысці ўвагай і наступны ці ні найцікавейшы факт бытавання Слова... ў нашым мастацкім асяродку. Пасля 1910 года – Песні пра князя Ізяслава Полацкага М. Багдановіча – не прыцягваў да сябе ўвагі ніякі сюжэтна звязаны ўрывак з твора, акрамя плачу Яраслаўны. Нават калі старажытны расповед быў цалкам ідэнтыфікаваны ў сучаснай мове, то прадстаўляў яго на старонках перыёдыкі амаль заўсёды Плач. Ні бітва на Нямізе, ні тым больш апісанне паводзін князя Усяслава (не ведаю ніводнага выпадку) не паспрачаліся з ім у «папулярнасці». Прыкладам гэтага вершы А. Вялюгіна, Я. Чыквіна, М. Сяднёва, А. Данілеўскага (на рускай мове) і яшчэ 15 аўтараў.

У пераўвасабленні Я. Чыквіна плач Яраслаўны – не адасобленая лірычная навела, не прыгожая фальклорная інкрустацыя (як трактуецца часта), а плоць ад плоці прадаўжэнне сюжэтнай дыялектыкі тэкста, непадзельнага на стылістычныя перыяды, як прынята лічыць. Вобраз Яраслаўны ў прачытанні паэта – носьбіт выразнай сацыяльнай, палітычнай значнасці, інтэлектуальнага і эмацыянальнага напружання не меншых, чым любы з галоўных персанажаў Слова.... Плач Яраслаўны становіцца ключом да разумення ідэйнага зместу ўсяго твора49, кардынальна пераломным эпізодам развіцця цэнтральных падзей твора, што далёка небеспадстаўна. Звернемся да Слова...: Плач уключаецца ў сістэму падзей, калі князь Ігар пераможаны і ў палоне, дружына загінула, а Вялікі Кіеўскі князь тым часам «на горах» (гэта значыць у цішы, дзе яму вораг непасрэдна не пагражае) спіць і сніць сон пра ўласнае спачыванне, пышнае пахаванне. Ён, натуральна ж, устрывожаны зместам трызненняў50. Калі баяры патлумачылі іх у дзяржаўным значэнні, князь нават не падумаў пра якія-небудзь захады, каб паўплываць на канкрэтную сітуацыю. А толькі нібы сівы старэча-дзядзька ў ролі збяднелага сваяка (называе Чарнігаўскіх князёў сыноўцамі, хаця яны яму ў родзе роўня, стрыечныя браты, а сацыяльна — падначаленыя) звяртаецца да маладых і моцных. Ён ухваляе іх магчымасці накшталт Ваю храбрая сердца въ жестоцемъ харалузе скована, а въ буести закалена... Ты бо можеши Волгу веслы раскропити, а Донъ шеломы выльяти (12), мякка дакарае, каб хаця не пакрыўдзiць: Се ли створисте моей сребреней сЂдине! (12) Пры гэтым бясконца наракае на дрэнныя часіны: Нъ се зло – княже ми непособіе, наниче ся годины обратиша (12). Дзяржаўнай мужнасці, актыўнасці не стае Святаславу! Менавіта гэтага, як сродка заступніцтва за Ігара ў цяперашнім яго адчайным становішчы, натуральна, чакае ад яго са спадзяваннем Яраслаўна (у Слове...), да гэтага прама заклікае Святаслава Яраслаўна (у вершы Чыквіна):

Князю слава, Святаславу!
О Святаславе, Святаславе,
Зямля сыра табе пасланнем! 
На вечны сон яшчэ зарана! 
Дзе ж твая сіла, дзе ж твая слава! 
О княжа, дружа Святаславе!
О ўстань, вялікі, ў ярай славе!
Буй Тур над рэчкаю Каялай,
Князь Ігар там цябе чакае... 
Прачніся, мудры Святаславе! 
Не ўсё яшчэ уладкавана!

Верш Чыквіна, дарэчы, ставіць перад намі яшчэ адно пытанне, якое, здаецца, раней нават ніколі не фармулявалася ў дачыненні да Слова... ў яго традыцыйным прачытанні. Чаму, сапраўды, Яраслаўна як бы і не адчувае прысутнасці і атуляючай увагі «бацькі» ўсіх князёў, ніяк не звяртаецца да яго за дапамогаю, ды адразу ж «апеліруе» да афіцыйна зняважанай і зганьбаванай «інстанцыі» – паганскіх сіл. Па сутнасці, яе касмічна-прыродныя звароты-маленні, і тое, што гэтыя персаналіі і Бог садзейнічаюць выратаванню Ігара з палону, ёсць хаця і не яўны, але вялікі дакор Кіеву, дзяржаўнасці. I гэты дакор наш суайчыннік-паэт зразумеў. У дачыненні да яго мастацкага пераўвасаблення нам таксама яшчэ належыць адказаць на пытанне: а чым было выклікана такое неардынарнае прачытанне і ці не быў сугучны гэты прамы заклік Яраслаўны пэўным грамадскім памкненням пачатку 70-х гадоў?

Не менш уражвае і тонкае адчуванне адзінства эстэтычнай плыні Слова... і выкарыстанне пэўных мастацкіх прыёмаў, сродкаў (напрыклад: свет – колер – цемра), якія знайшлі адлюстраванне ў Плачы... Чыквіна. Яны нават адбіліся ў архітэктоніцы кнігі Светлы міг, дзе эпіцэнтрам з'яўляецца маналог Яраслаўны51.

Ды ўсё ж у плане перпектывы вывучэння паэтычнай формы перастварэння Слова..., мусіць, найбольшую важкасць мае заўвага Т. Мікалаевай, зробленая ў дачыненні да паэтыкі сярэдневяковага тэксту: Большими противопоставленными ситуациями-антитезами можно считать два обращения, две мольбы: князя Святослава Всеволодовича к князьям и Ярославны — к обожествленным стихиям. Оба они построены по одной и той же общеиндоевропейской модели гимнического обращения-адоранта: Называние – Перечисление Могущества – Просьба52. У дадзеным выпадку ўражвае блізкасць прачытання эпізода вучоным-медыевістам і майстрам прыгожага пісьменства. Далейшае больш глыбокае пазнанне Слова... ў азначаным накірунку было б, пэўна, надзвычай цікавым і выніковым.

Разнастайнасць, шматпланавасць і колькасны рост зваротаў дзеячаў культуры новага часу да старажытнага помніка ўзнялі наша «Слова»-знаўства на якасна новую ступень. Гэты станоўчы зрух звязаны найперш з імем Міхася Гапеевіча Булахава. Яму належыць гонар выдання першага сярод славянскіх «плямёнаў» энцыклапедычнага слоўніка «Слово о полку Игореве» в литературе, искусстве, науке53. Кніга ўключае каля 500 навукова-даведачных артыкулаў, багата ілюстравана.

Трэба адзначыць, што ўвогуле адбываецца тым часам змяншэнне строгага навуковага гістарызму i ўмацаванне вольнага мастацкага элементу не толькі перастварэнняў, пераказаў, але і шматлікіх публікацый на тэмы Слова... Цяжка аспрэчваць станоўчыя вынікі такога ўхілу: ён дапамагае нам лепей адчуць сувязь часоў, пераемнасць жыццяруху на беларускай зямлі, краіне з вялікай гісторыяй. Праз спазнанне вечнага Слова... лепш разумеюцца сучаснасць і будучыня. Твор гэты на працягу двух стагоддзяў нібыта расказвае нам пра нас. I, безумоўна, у надышоўшым XXI веку мы стаім на парозе якасна новага прачытання і перакладу Слова аб палку Ігаравым.

2001 г.


1 Беларускі каляндар, Беласток 1987, с. 117 — 128.

2 Слово о плъку Игореве, Игоря, сына Святъславля, внука Ольгова (у:) Энциклопедия «Слова о полку Игореве», Санкт-Петербург 1995, т. 1, с. 10. (далей цытаты па гэтаму выданню.)

3 Цыт. па: Г.Н. Моисеева, Спасо-Ярославский хронограф и «Слово о полку Игореве», Ленинград 1984, с. 8.

4 Апошняе, хаця i не са Слова…, ведалi як сучаснiкi падзей, так i выдаўцы 1800 года – з летапiсаў.

5 Д.С. Лихачев, Смех как мировоззрение (у:) Д.С. Лихачев, А.М. Панченко, Н.В. Понырко, Смех в Древней Руси, Ленинград 1984, с. 20.

6 А.С. Пушкин, Полное собрание сочинений В 10 т., Москва - Ленинград 1951, т. 7, с. 505.

7 В.Г. Белинский, Собрание сочинений В 9 т., Москва 1979, т. 4, с. 180.

8 Е. Барсов, Слово о полку Игореве как художественных памятник Киевской дружинной Руси, Москва 1887, т.1, с. XXI - XXII.

9 Гл. матэрыялы: «Родина» 1990, № 8.

10 Воинские повести Древней Руси, Ленинград 1985, с. 5.

11 Д.С. Лихачев, Слово о полку Игореве: Историко-литературный очерк, Москва 1982, с. 61.

12 Тамсама, с. 54.

13 Тамсама, с. 55.

14 А.А. Зимин, Обретение свободы , «Родина» 1990, № 8, с. 88.

15 Д.С. Лихачев, А.М. Панченко, Н.В. Понырко, Смех в Древней Руси, Ленинград 1984.

16 Б.А. Рыбаков, Петр Бориславич: Поиск автора «Слова о полку Игореве», Москва 1991, с.148.

17 Гл.: О.С. Орлов, Слово о полку Игореве, Москва - Ленинград 1938, с. 48; Д.С. Лихачев, Слово…, с. 51, 92.

18 Слово о плъку Игореве, Игоря, сына Святъславля, внука Ольгова (у:) Энциклопедия «Слова о полку Игореве», Санкт-Петербург 1995, т. 4, с. 243.

19 Захоўваецца ў Расiйскай Нацыянальнай бiблiятэцы (Санкт-Пецярбург), архiў В. Анастасевiча. Гл.: Ф.Я. Прийма, «Слово о полку Игореве» в русском историко-литературном процессе первой трети XIX в., Ленинград 1980, с. 218.

20 Прынцыповае значэнне набывае ў нашым разглядзе вывад, зроблены Ю. Лотманам на аснове аналiза гэтага верша Радзiшчава: Политическое мышление автора Слова ему оказалось чуждым… Радищев вынужден был решительно деформировать всю его идейно-сюжетную структуру (Ю.Лотман «Слово о полку Игореве» и литературная традиция XVIII-начало XX века (у:) Слово о полку Игореве – памятник XII века, Москва - Ленинград 1962, с. 356.).

21 Варта заўважыць, што ў плане вызначэння нацыянальных традыцый, пераемнасцi падыходаў да Слова… беларускае лiтаратуразнаўства яшчэ не разглядала працы аб помнiку.

22 Н. Анцукевич, Слово о полку Игореве, Вильнюс 1952 (машынапiс).

23 Гл. падрабязней: Л.I. Зарэмба, Малавядомы рукапiс «Слова аб палку Iгаравым» (у:) Славянские литературы в контексте мировой, Минск 1994, с. 28 - 29.

24 Н.П. Анцукевич, «Слово о полку Игореве»: Перевод. Комментарий. Исследование. / Отв. Ред. Н.К. Митропольская, Вильнюс: Русский культурный центр.

25 Гл.: О.В. Творогов, Немига (у:) Энциклопедия «Слова о полку Игореве», Санкт-Петербург 1995, т. 3, с. 310 - 311.

26 Гл.: Я. Драздовiч, «Дудуткi» i Гародня / Публiкацыя Л. Зарэмбы (у:) «ЛiМ» 1989, 11 жнiўня, с. 14 - 15.

27 Весці АН БССР, Сер. грамадскіх навук 1973, №6, с. 97 - 100. 

28 «Teka Wileńska» 1857, № 1, 2.

29 Dzieje literatury w Polsce od pierwiastkowych do naszych czasów. Wilno, 1850, t. 1.

30 Провинциальная луна: Сборник стихов, Минск 1915, с. 91. Удзячная за падказку пра гэты верш В.У. Скалабану.

31 У рукапісе гэты купалаўскі радок пазначаны маргіналіяй, якая сведчыць аб імкненні паэта наблізіць словазлучэнне да народнай мовы: Сказ аб паходзі Ягоравым, сыне Святаслава, унуку Алега зменены на Сказ аб паходзі Ягоравым, Святаслаўліным сыне, Алегіным унуку (Параўнайце: у 36. тв., у 7 т, Мiнск 1974, 537 першы варыянт пададзены Сказ аб паходзе Ягоравым, сыне Святаслава, унуку Алегіным. (Гл. Падрабязней: Л.I. Зарэмба, Назвы купалаўскага празаічнага перакладу «Слова» (у:) Беларуская мова і літаратура, Мінск 1994, с. 175 - 177).

32 Гісторыя беларускай літаратуры, Вільня 1920, с. 13, (Гэтаксама ў выданні 1921 г.).

33 Гісторыя беларускай літаратуры, 4-е выд, Мінск 1926, с. 49.

34 Тамсама, с. 49.

35 Н.П. Анцукевнч, Слово о полку Игореве: Перевод на современный язык ритмической речью, с историческим введением, обьяснениями и приложением текста, Вильна 1938, 55 с.

36 Н.П. Анцукевнч, Слово о полку Игореве: Перевод. Комментарий. Исследование. Концепция палеогфического, филологического и исторического толкования памятника / Отв. ред. Н.К. Митропольская, Вильнюс: Русский культурный центр 1992, 284 с.

37 Пяру Э.С. Гурэвіч належыць вельмі грунтоўны артыкул «Слова аб палку Ігаравым» у перакладзе Я. Купалы: Вопыт тэксталагічнага аналізу (у:) Беларуская літаратура: Даследаеанні і публікацыі, Мінск, Выд-ва АН БССР 1961.

38 «Літаратура і мастацтва» 1963, 24 снежня.

39 «Літаратура і мастацтва» 1976, 9 красавіка; «Чырвоная змена» 1976, 28 красавіка.

40 Слова а палку Iгараве (у:) «Полымя» 1985, № 4, с. 202 - 206. Акадэмiк Г.I. Гарэцкi зрабiў з пераклада Слова... у Хрэстаматыi… М. Гарэцкага 38 занатовак, пры гэтым разважаў з захапленнем: Максiм любiў гэты твор, лiчыў яго ўзорам для сябе... Нiбы я з Максiмам пагаманiў...(запiсала 19.7.1982 Галiна Максiмаўна Гарэцкая. Рукапiсы – у архiве аўтара артыкула).

41 «Літаратура і мастацтва» 1985, 25 мая.

42 Вечна жывое «Слова», Мінск 1989, с. 148 - 165.

43 «Спадчына» 1991, № 6, с. 105 - 110.

44 Гл.: В. Зуёнак, Крынічныя вытокі слова (у:) «Літаратура і мастацтва» 1985, 22 лютага.

45 Гл. падрабязней: Л.I. Зарэмба, Малавядомы рукапiс «Слова аб палку Iгаравым» (у:) Славянские литературы в контексте мировой, Минск 1994, с. 28 - 29.

46 «Полацак» (Кліўленд) 1991, № 2.

47 Гл.: Т.Р. Руди, Фольклор восточнославянский и «Слово» (у:) Энциклопедия..., т. 5, с. 166.

48 Напрыклад: В. Мачульскі В. Да пытання аб беларускім эпеменце ў «Слове аб палку Ігаравым» (1929) або яго ж серыя публікацый «Слово о полку Игореве» и белорусское устнопоэтическое творчество ( 1962 - 1969).

49 Традыцыйна гэтая функцыя была «замацаваная» за сцэнай сонечнага зацьмення. Гл. напр.: Б.Н. Яценко, Солнечное затмение в «Слове о полку Игореве» (у:) «Слово о полку Игореве» и памятники древнерусской литературы, Ленинград 1976, с. 116 (ТОДРЛ, т. XXXI).

50 Звычайна сон разумеўся як прадчуванне (да ведання) i суперажыванне Iгаравай бядзе. В неясном сне томят Святослава смутные предчувствия, – Д. Лихачев, Слово…, с. 63.

51 Гл. падрабязней: Л. Зарэмба, Дзень і ноч – два крылы князя...: Пра мастацкую сістэму «Светлага мігу» (у:) «Крыніца» 1997, № 4, с. 19 - 24.

52 Т.М. Николаева, Функционально-смысловая структура антитез и повторов в «Слове о полку Игореве» (у:) «Слово о полку Игореве»: Комплексные исследования, Москва 1988, с. 108.

53 «Слово о полку Игореве» в литературе, искусстве, науке, Минск 1989.

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster