|
На Дунаи Ярославнынъ гласъ ся слышитъ...
ВОБРАЗ ЯРАСЛАЎНЫ Ў ПАЭТЫЧНЫМ АСЭНСАВАННІ
АНАТОЛЯ ВЯЛЮГІНА і ЯНА ЧЫКВІНА
Ужо ў пару адкрыцця першыя даследчыкі і выдаўцы Слова аб палку Ігаравым асобна вылучалі ў яго тэксце плач Яраслаўны як надзвычай дасканалую сюжэтна-тэматычную і стылістычную інтэрлюдыю1. Пазней А. Пушкін, даводзячы аўтэнтычнасць твора, сцвярджаў, што пісьменнікі XVIII стагоддзя не имели все вместе столько поэзии, сколько находится оной в плаче Ярославны...2. У наш час гарачы прыхільнік думкі пра ідэйна-эстэтычнае адзінства, цэласнасць старажытнай паэмы Дз. Ліхачоў тым не менш адзначыў: В «Слово о полку Игореве» вставлено (инкрустировано) другое произведение – «Плач Ярославны»3. І зусім натуральна, што і сёння гэты лірычны маналог вабіць майстроў прыгожага пісьменства і найбольш часта перакладаецца на сучасныя мовы. Сам дух яго – эстэтычны змест і асабліва ж пачуццёвасць – прыцягвае да пераўвасаблення як мажлівасці спасціжэння сувязі часоў, вечнага пачатку ў асобе, якая ўласна тоесная касмічнаму сусвету. Гэта ж вельмі адпавядае тэндэнцыям, вобразным шуканням сучаснай еўрапейскай паэзіі.
Унутранае аблічча Яраслаўны, гераіні Слова…, – нібы цалкам сатканае з душэўнага трымцення –– стаўшы набыткам літаратуры новага часу як самастойны мастацкі феномен, не толькі захавала свае галоўныя псіхічныя рысы (жаноцкасць, пяшчотную закаханасць, узнёсласць, гранічную шчырасць, вернасць, самаахвярнасць, патрыятызм і г. д.), але і ўзбагацілася новымі. Яны сфармаваліся пад уздзеяннем іншых грамадскіх праблем, уяўленняў пра ідэальны жаночы характар, стыляў кожнай эпохі і непаўторнай арыгінальнасці паэтаў-перакладчыкаў, нават тэарэтычнага разумення мэты і спосабаў мастацкага перакладу4. Правобразам для літаратараў становіцца, так бы мовіць, нязменна зменлівая Яраслаўна, бо кожная з лірычных гераінь нашага часу “фармуецца” дзеля існавання ў інтэлектуальнай аўры таксама ўжо не XII стагоддзя. І тут побач з эпохай індывідуальнасць светасузірання, нават асабісты лёс перакладчыка адыгрываюць далёка не апошнюю ролю.
Выразным пацверджаннем гэтага можа служыць храналагічна першы ў беларускай літаратуры Плач Яраслаўны А. Вялюгіна5. Праца над вершаваным пераказам (падзагаловак аўтара) была распачата пад кіраўніцтвам знаўцы славянскай даўніны прафесара М. Дабрыніна яшчэ на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута ў перадваенным навучальным годзе6 і працягвалася з рознай ступенню інтэнсіўнасці да 1963-га – першай публікацыі7. (Пазней змен у тэкст не ўносілася, хаця іх можна было б чакаць у сувязі з тым, што паэт паведамляў чытачам аб сваім жаданні цалкам перакласці Слова8.) У гэтых храналагічных межах фармаванне эстэтычнага ядра, дамінанты твора прыпадае на гераічныя 1942–1943 гг., калі паранены на Сталінградскім фронце дваццацігадовы паэт знаходзіўся ў вайсковым эвакуацыйным шпіталі9.
Характар гераіні А. Вялюгіна, безумоўна, склаўся пад уплывам патрыятычных грамадскіх настрояў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Паэт вылучае і ўзмацняе у старажытным пасажы гучанне блізкіх яму псіхалагічных матываў, лірыка-драматычнае напружанне. У адрозненне ад арыгінала Плач... адкрываецца традыцыйнай для новай паэзіі пейзажнай замалёўкай, якая надае твору трагічны эмацыянальны настрой, лакалізуе дзеянне ў часе да надыходу восені: Пачарнела спелае калоссе,
хмары цяжка ходзяць над зямлёй. Набліжаючы верш да кальцавой будовы, напрыканцы, перад зваротам да сонца, аўтар уводзіць таксама экспрэсіўныя радкі-панараму. Заўважым, што суб’ектыўна-ацэначны аспект у іх яшчэ больш узмацняецца: За крылом жалобным10 край палынны,
пад зарой чырвоная сцяна. У свядомасці паэта і яго гераіні неабсяжны вольны сусвет, дзе існуюць незалежныя ад волі чалавека вецер, Дняпро, сонца, аказваецца жорстка падзеленым чырвонай пад зарой, гэта значыць, колера крыві, гарадской сцяной. Ахінуты жалобай родны край проціпастаўлены чужому стэпу, дзе вытокі ўсіх няшчасцяў Русі, ён эўфемістычна (як звычайна ў фальклоры негатыўныя з’явы) названы край палынны.
Тром старажытным аўтарскім формулам увядзення простай мовы Яраслаўны, сагрэтым водсветам скрушлівага суму маладой княгіні (Ярославнынъ гласъ слышитъ..., рано плачетъ въ ПутивлеЂ на забралЂ, аркучи…, рано плачеть Путивлю городу на заборолЂ, аркучи…), у Вялюгіна адпавядаюць радкі, поўныя безвыходнага адчаю: У Пуціўлі на сцяне галосіць
Яраслаўна досвітнай парой...
У Пуціўлі плача Яраслаўна
на драўлянай гарадской сцяне...
Яраслаўна, тужачы па ладу,
заламала рукі на сцяне...
Яраслаўна плача безупынна,
як зязюля, на сцяне адна... У зваротах жанчыны да сіл прыроды паэт таксама перадае нарастанне экспрэсіі і абагульнення: ад уласных пачуццяў да прыроднага акружэння, дзяржаўных грамадскіх сфер. Напачатку свой псіхалагічны стан Яраслаўна параўноўвае з адзінотай зязюлі, называе журбой, затым самотай, у наступным радку – зморай і ў заключным гаворыць пра гатоўнасць да смерці.
Адпаведна праяўляюцца яны ў рашучасці ляцець на дапамогу, у расінках слёз, што можа вецер змахнуць з павей; салёна-горкіх слязах, ад якіх высока закіпае мора. Цікава, што апошні маналог, самы катэгарычны, пазбаўлены характарыстыкі душэўнага стану гераіні. Можа сапраўды мастак адчуў, што ў твар і душу сваёй сучасніцы ў такую хвіліну нельга глянуць, бо не вытрывае сэрца, перайме дыханне. Вецер Яраслаўна просіць не караць сябе, Дняпро хоча пераканаць словамі, каб дапамог, спадзяецца на яго спагаду (са спагадай можа ты паслухаеш мяне), да сонца звяртаецца з закляццем. Калі ў першапачатковых двух маналогах яна гаворыць толькі пра свае перажыванні, толькі сама хоча стацца аб’ектам жыватворнага ўздзеяння ветру, а ў звароце да Дняпра ў гэтае кола ўключаны і муж (дарагога мужа мне прынёс), у трэцім маналозе сфера ўвагі пашыраецца на яшчэ большую колькасць людзей і, заўважым, што Ігар тут названы ўжо згодна са сваёй функцыяй у дзяржаве – князем (і мяне, і князя, і дружыну).
Сучасны паэт выдатна адлюстраваў мастацкую ўзаемасувязь нарастання напружання разам са зменай адрасатаў галашэння. Іх паслядоўнасць (паветра, вада, вогненае сонца) адпавядае ўзрастанню іх рэальнай моцы і магчымым вынікам уплыву на працэсы ў людскім асяроддзі, дзе ваююць – гэта значыць, мераюцца сіламі.
Вецер: засеяў стрэламі дзірван...; распагодзь нябёсны сіні плёс...; змахні... расінкі слёз...
Дняпро: прабівала скалы твая слава да шатроў паганых палаўчан. У чаўне люляў ты Святаслава, пахаваў кабякаўскі калчан...; ласкай змыўшы змору, дарагога мужа мне прынёс...
Сонца: лукі вояў смагаю звяло...; і мяне, і князя, і дружыну лепш на попел полымна спалі!...
Адпаведна сваёй сіле тры стыхіі атрымалі з вуснаў Яраслаўны і найменні-велічанні: буйны вецер, вятрыска слаўны; Дняпро Славуціч; валадар адзіны. Вельмі ўражвае асабліва апошняе вызначэнне (сонца): насамрэч, агонь стаўся адзіным, галоўным валадаром сусвету ў час такой вайны.
Патрабаванні эпохі сфармавалі тыповы жаночы вобраз рашучым, максімалісцкім і бескампрамісным. Бо не толькі ж Ігар з воямі, але і яна сама знаходзіцца ў экстрэмальным стане выбару між жыццём – смерцю, адчувае ўвесь цяжар адказнасці за лёс Айчыны, здольная прымаць маральныя рашэнні вялікага маштабу і кшталту. Патрыятызм яе надзвычай высокі: жанчына гатовая прынесці ў ахвяру ўсё, што дорага і люба, абы ненавісны вораг не ступіў на родную зямлю. Для вялюгінскай Яраслаўны такі вынік падзей зусім не азначае піравай перамогі. Бо яе ўласнае жыццё і нават лёс князя з дружынаю разумеюцца як другасныя з’явы ў параўнанні з дзяржаўным, усеабдымным антаганістычным процістаяннем: Айчына і яе вораг, які павінен быць знішчаны. (Зусім як у вядомай песні: Нам нужна одна победа. Одна на всех, мы за ценой не постоим.)
Гераіня Плачу... мае характар моцны, здольны актыўна, уплывова выяўляць свае пачуцці: высока закіпае мора
ад маіх салёна-горкіх слёз... У яе зваротах да персаніфікаваных сіл прыроды не толькі і не столькі мяккі лірычны дакор, як у Слове.... Яна, хутчэй, адчувае сябе на роўных з імі. Узгадаем, напрыклад, зварот да Дняпра: ВьзлелЂй господине мою ладу къ мнЂ
Я хачу, каб... дарагога мужа мне прынёс... У выказванні дзейнай асобы дваццатага стагоддзя адсутнічае якая-небудзь устойлівая лексема для абазначэння суб’екта, што стаіць вышэй на сацыяльнай лесвіцы, мае ўладу. Калі ў Слове... гэтым статусам (“господинъ”) надзяляюцца ўсе тры вышэйшыя сілы, то наша сучасніца звяртаецца да іх выключна ў фальклорна-лірычнай, цёплай, даверлівай танальнасці: Буйны вецер, ой, вятрыска слаўны!...
Ой Дняпро Славуціч!...
Сонца, сонейка!... Наша гераіня ў традыцыйным адзінстве з прыродаю праяўляе галоўныя якасці свайго псіхічнага складу: ёй належыць вызначальная экспрэсіўная пазіцыя, актыўная роля. Яе эмацыянальны стан надзяляе трагічным каларытам пейзажныя замалёўкі ў творы: пачарнела спелае калоссе..., за крылом жалобным... (у Слове... адпаведных няма). З імі блізкае і ўспрыманне прыроды Яраслаўнай: Заламаны ручанькі маланак... У сукупнасці яны ўтвараюць тую панараму часу, гістарычны фон, на якім мы бачым сапраўды непадзельнымі – лёс чалавечы з лёсам народным (А. Пушкін).
Вельмі многія творы А. Вялюгіна ваенных часоў маюць неаспрэчныя перагукванні з гераічным помнікам (Пуня, 1939; Бежанцы, 1941; Смаленск, 1943; Балада аб уральскім танку, 1944; Арліны шыхан, 1944; Чырвоныя стрэлы, 1944; Партызанская школа, 1944; Сцяг на вышыні, 1947 і інш.), ды і больш познія вершы, напісаныя пад уплывам Слова..., набывалі папулярнасць, перакладаліся на іншыя мовы (напр.: Я. Хелемский. Речения из «Слова о полку»11). З гэтага шэрагу вылучаецца значная колькасць твораў, знітаваных сваімі вобразамі, матывамі, стылем, лексікай са знакамітым плачам. Гэта Дняпро-Славута (Ураджай перамогі, 1945, Ноч на Белавежы, 1946); Пад горкім сумам дзікіх палыноў (Салют Мінску, 1945);... счырванілі пажарамі грозна. / На веях гарачыя слёзы / – Беларусь лягла за курганамі (Ноч у смаленкім лесе, 1941); Чуеш плач іх – з Крыма ў ясні сіняй / ад грады Курыльскіх астравоў?..(Грымотная цішыня, 1945).
У паэзіі Вялюгіна сустракаюцца і вобразатворы, што маюць нібыта другасны пачатак, апасродкаваную сувязь са старажытнай песняй-малітвай. Яны вар’іруюць мастацкія замалёўкі, што былі створаны раней у “вершаваным пераказе”. Да прыкладу: ... спелае калоссе,
заламаны ручанькі маланак.
Маланкі рукі скрыжавалі
над слуцкай нівай.
(Шахцёр і сейбіт, 1947)
Пачарнела спелае калоссе,
хмары цяжка ходзяць над зямлёй.
І адрэжа хмар цяжкі акраец
кожнай ніве бліскавіцы нож.
(Лета, 1947) Прыведзеным тут радкам з Плачу..., як ужо адзначалася, няма дакладнага аналага ў тэксце арыгінала. Але ж комплекс паэтычных асацыятыўных сувязей між уяўленнямі пра пацямнелае цяжкое спелае калоссе з гатовым асыпацца зернем і нізкую цяжкую, цёмную хмару, што губляе дажджавыя кроплі (нагадаем рускае ўстойлівае словазлучэнне тучная нива), тут відавочны. І ён развіваецца, набывае ў вершы 1947 года яшчэ больш устойлівы характар, бо хмара ўжо ўпадабляецца хлебнаму караваю, яна нават мае акраец.
Старажытнарускі ўзнёслы жаночы маналог нязменна вабіў нашага сучасніка, мноствам мастацкіх мадыфікацый арганічна ўплятаўся ў лірычныя вершаспевы і пасляваеннай эпохі.
Праз пяцьдзесят гадоў пасля Плачу..., у 1993-м – час нялёгкіх для былога франтавіка маральных выпрабаванняў — паэт ізноў звярнуўся да пераасэнсавання зместу дарагога вобраза Яраслаўны. У эмацыянальна ўзрушанай замалёўцы Пад чорным крыллем12 распавядаў пра стан плачу і жальбы гераіні з такім жа імем, але ўжо як бы не адважыўся даць свайму твору ўзнёслае класічнае найменне Плач Яраслаўны. Цяпер аўтар быццам прасачыў логіку развіцця характару, спрагназаваў перыпетыі лёсу, што маглі б адбыцца з яго княгіняй ва ўмовах новай рэчаіснасці. А. Вялюгін (вопытны майстар-стваральнік многіх кінасцэнарыяў) занатоўвае трагічную карціну: бабылка Яраслаўна ў слязах піша роспачны ліст табе (паэту, усім нам?), стол запырсканы Агдамам і луской, дзеянне адбываецца ў будцы між наспаў гарадской звалкі, сярод машыннага скрыгату.
Гэты своеасаблівы гісторыка-функцыянальны “эксперымент” уражвае шэрагам кантрастаў. Высокая агульна-абарончая гарадская сцяна ў першакрыніцы проціпастаўлена ўзвышэнням гарадскога бруду і смецця; а сімволіка крыла-покрыва, успрынятая са Слова... і адноўленая ў “пераказе” выразам жалобнае крыло, цяпер адбілася апісаннем урбаністычнага разбурэння гармоніі сусвету (калматы дым і чорнае крыло). Жахлівая выява як бы аблямоўваецца – пачынаецца і заканчваецца – перыфразамі са старажытнай паэмы: Адвечны плач не ў стэпе за лясамі...
І гэты спеў не ў стэпе за лясамі,
дзе лукі вояў смагаю звяло. Адзначым, што паэтычнае пераасэнсаванне традыцыйна ўзвышанага вобраза Яраслаўны зрабіла, відаць, немалое ўражанне на сучаснікаў. Горыч разбурэння ранейшых грамадскіх ідэалаў, неадпаведнасць ім рэалій 90-х гадоў, псіхічныя перажыванні ўдзельніка Айчыннай вайны ў часы сацыяльных перамен канца стагоддзя, прыніжэнне годнасці чалавека ў гэтых умовах адчуваліся ў вялюгінскіх радках так моцна, што перакладчык твора на рускую мову М. Шэлехаў нават палічыў мэтазгодным крыху прыглушыць іх. Зрабіў наступныя сэнсавыя змены (падкрэслена мною): Адвечны плач не ў стэпе за лясамі,
між наспаў будка поўніцца журбой...
Машын паток – то скрыгатны...
Агдамам і луской
(Пад чорным крыллем)
Тот древний плач не в поле за лесами
Среди курганов о стране моей...
Машин поток – то суетный...
Агдамом и тоской...
(Под черными крылами13) Відавочна, магутная лірычная сіла старадаўняга жаночага вобраза і ў дваццатым стагоддзі спрыяла раскрыццю духоўнага свету Асобы ў мастацтве, узаемасувязей чалавека з грамадствам і асэнсаванню эпахальных праблем. Вобраз Яраслаўны набыў статус своеасаблівага пазітыўнага сімвала ўвасаблення еднасці агульнанародных ідэй і памкненняў з надзвычай моцным асобасным пачаткам.
Можна сказаць, прамым спадкаемцам А. Вялюгіна ў гэтым тэматычным літаратурным рэчышчы стаў паэт, вельмі ж непадобны да яго і ўвогуле надзвычай неардынарны – Ян Чыквін.
Яго паэтычны свет, як здаецца, сканцэнтраваны на ўвасабленні не дзеянняў, а роздумаў, патэнцыяльных мажлівасцей чалавека. Герой нязменна знаходзіцца не ў грамадзе, а адзін на адзін з сусветам, само псіхалагічнае стаўленне да праблем ужо разглядаецца ў якасці ўчынкаў. І вось у гэтай нібыта ўстойліва-збалансаванай мастацкай прасторы паэта Плач Яраслаўны (1972)14 разгортваецца ў нечаканым ракурсе – як прарыў чалавека ў вялікія мажлівасці здзяйсненняў, як узнёслае, гімнічнае апяванне згуртавання і моцы яго правадыроў, заклік да калектыўнага самасцверджання насуперак складанасці быцця. Носьбітам гэтай ідэі напружанага духоўнага ўзлёту да гармоніі становіцца Яраслаўна – вобраз, які ў дадзеным выпадку ўвасобіў наш нацыянальны менталітэт, з'яднаў у сабе ўсё светлае даўніны і сучаснасці, даў своеасаблівы арыенцір на будучыню.
Плач Слова… быў успрыняты Чыквіным як самая высокая нота той часткі твора, якую можна назваць водгукам Радзімы на тое, што адбываецца з яе сынам-князем въ полЂ незнаемЂ. Голас Русі ўключае сон Святаслава, тлумачэнні баяр, залатое слова Святаслава, разважанні Аўтара і плач, апошні лагічна вынікае з папярэдніх частак і адначасова дыялектычна адвяргае больш за ўсё сон Святаслава. Бо сон распавядае пра паражэнне і адчай, тады як плач – прарыў да надзеі, да вяртання на Радзіму з палону. У эстэтычным плане плач падрыхтаваў пералом развіцця сюжэта Слова: Яраслаўна звяртаецца да сіл прыроды і прырода дапамагае Ігару ў час пабегу; наступленне цемры, ноч, смерць у бітве, сон змяняюцца раніцай, сонечным святлом, сілай жыцця – "імпульсам" з Радзімы, які перамяніў лёс Ігара. Ігар увасабляе станоўчае і негатыўнае, у ім спалучаюцца свет і цемра, Яраслаўна ж – світанне, яна выклікае святло, што праліваецца на Ігара і Рускую зямлю (Солнце свЂтится на небесЂ, Игорь князь въ Руской земли… страны ради, гради весели).
З гэтага пункту погляду бясспрэчную цікавасць уяўляе сабой тое, што ў Плачы… Чыквіна няма літаральнай дакладнасці перакладу з арыгінала. Ён пачынаецца зваротам-услаўленнем князя Святаслава, відаць, Святаслава Усеваладавіча Кіеўскага, як галоўнага князя, што на чале "матери городов русских". Яго ўчынкі, жыццё і смерць вельмі значныя, яны знітаваныя з лёсам Рускай зямлі. Таму пасланнем да яго сама зямля сыра, яе голас зліваецца з голасам Яраслаўны: На вечны сон яшчэ зарана! Успомнім, што сон Святаслава ўяўляў сабой апісанне абраду яго ўласнага пахавання. Яраслаўна імкнецца вызваліць князя ад прыгнёту адчаю, абудзіць да дзеянняў: О дзе ж твая сіла, дзе ж твая слава!…О ўстань вялікі ў ярай славе! А яшчэ Святаслаў, як і муж Яраслаўны Ігар, з роду Алегавічаў (у іх адзіны дзед – Алег) таму яна не толькі прадчувае ў ім патэнцыяльную падтрымку, але і звяртаецца са словам княжа, дружа.
Далейшыя радкі верша (пра Ўсевалада і Ігара) як і наступная страфа – апісанне вынікаў бітвы. З іх найбольш уражваюць апошнія: карціна па настрою свайму ды і па рэальным дэталям блізкая да васняцоўскай "Пасля пабоішча Ігара Святаславіча з полаўцамі". У перакладзе гэтага пасажу на польскую мову Эльжбета Феліксяк, як падаецца, развівае прадчуванне наступлення смерці, зліцця чалавечай істоты з прыродай. Радку імхом зялёным прараслі іх плечы адпавядае ciała ich oddychają zielonymi mchami15. Узмацненне гэтага пачуцця магло быць падказана, лічу, не Словам, а многімі іншымі вершамі Чыквіна на сучасныя тэмы (Старасць, Прымірэнне і г.д.). Аднак жа замена выраза арыгінала тонкія бярозы на brzozy białe здаецца менш удалай: І тонкімі бярозамі растуць з зямлі ім пікі
A piki rosną z zіemі jako brzozy białe. Уcлед за гэтым апісаннем – ізноў зварот да князя Святаслава як імкненне вызваліць яго ад чар сна-смерці. Твой конь спаткнуўся над ракою Летай,
Ён хроп і землю гроб капытам гэтак,
Як быццам бы заглянуў ў вочы смерці.
Ты спіш,о княжа, я у гэта веру! Па сутнасці, чыквінскі расповед Яраслаўны пра тое, што адбылося з Ігарам, выконвае ў пэўнай ступені гэткую ж мастацкую функцыю, як і тлумачэнне сну Святаслава баярамі. Ад алегорый, мрой сну – пераход да падзей рэальнасці.
Што ж тычыць формы верша, то тут, як узбагачэнне пачуццяў, разгортванне думак, кожная наступная з шасці першых строф колькасна ўзрастае на адзін радок. Сёмая страфа (септыма) падсумоўвае ўсё сказанае раней; яна ўтворана з першых радкоў пяці папярэдніх і завершана абуджэннем-заклікам: Прачніся, мудры Святаславе!
Не ўсё яшчэ уладкавана! Апошні сказ падрыхтоўвае змест заключнага васьмірадкоўя, ён – пра супярэчлівасць пазіцыі, учынкаў, усёй натуры Ігара. Стаіць над князем Немезіда! (…)
Няма ў яе ніякай непрыязні.
Хоць каму прабачыць, таго і смерці выдасць… Відаць, тут маюцца на ўвазе многія ўсобіцы, распачатыя ўнукам Алега, але ж ён у паход свой пайшоў супроць полаўцаў за ўсю зямлю Рускую. Сучасны паэт дасканала ўлавіў, што кантрастнасць – адзін з асноўных эстэтычных прыёмаў
характарыстыкі Ігара (хаця спецыяльнага даследавання на гэтую тэму яшчэ, здаецца, не існуе) і, ў прыватнасці, найбольш – кантрастнасць святла і цемры. Але ж трэба адзначыць, што на час стварэння верша не былі яшчэ напісаны працы, якія маглі б у лагічным плане падказаць напрамак думцы мастака, як напрыклад, Солнечная символика в “Слове о полку Игореве” М.А. Робинсона (1978), “Свет” и “тьма” в “Слове о полку Игореве” Дз.С. Лихачова (Pamiętnik Literacki, 1980).
Думаю, што ў двух кароткіх радках паэта Бо дзень і ноч – два крылы князя,
А ўсход і захад – Яраслаўны замацавана выдатнае разуменне характару Ігара і супастаўленне апошняга з вобразам Яраслаўны, яе ролі ў лёсе героя і ўсяго ім зробленага. Яраслаўна згладжвае кантрасты, адмаўляе супрацьлегласці.
Верш Яна Чыквіна сведчыць пра глыбокае пранікненне паэта ў мастацкую тканіну старажытнасці, уменне сучаснымі сродкамі выказаць нават тое, што яшчэ не раскрылі мовай сілагізмаў даследчыкі. Плач… знітаваны з бясконцасцю ўсяго Слова.
Аднак жа пры гэтым здзіўляе наступнае. Сон Святаслава ў вершы прадстаўлены як вынік псіхалагічнага стану смутку і адчаю, такіх моцных, што яны навеялі трызненне пра ўласную смерць. Гэтаму супярэчыць, на мой погляд, тое, што ў Слове сон – не столькі апісанне псіхалагічнага стану, колькі “закадзіраваная інфармацыя“ Святаславу. Абрад пахавання азначае нейкую бяду з падначальнымі людзьмі16, алегарычнае асэнсаванне вынікаў паходу Ігара. Псіхалагізм у Слове больш прыхаваны рэальнай канкрэтыкай. Пэўнай нацяжкай здаецца, што ў творы, звязаным са славянскім язычніцтвам, ужываецца імя багіні Немезіды, альбо што ў свядомасці Яраслаўны рака Каяла выклікае па асацыяцыі антычную Лету (хаця па значэнню яны і блізкія). Таму верш у гэтых адносінах успрымаецца як словы не толькі самой рускай княгіні XII ст., а з імі зліваецца голас сучаснага нам паэта.
Усе разважанні мы рабілі на аснове тэксту першадруку, бо тыя розначытанні, што адзначаны ў зборніку Светлы міг, вельмі нагадваюць рэдактарскія праўкі (можа, не заўсёды ўдалыя). Напрыклад, у радку І тонкімі бярозамі растуць з зямлі іх пікі замене іх на ім. Але ж пікі ўжо адслужылі і цяпер ім непатрэбныя, тым больш у выглядзе бяроз. Гэта пераўтварэнне як раз сімвалізуе смерць войска. На такое разуменне настройвае і папярэдні радок Цяпер маўчаць ў руках заіржаўленыя мечы. У той жа 5-й страфе 2-гі радок Іх параслі імхом зялёным плечы апроч перастаноўкі слоў таксама спазнаў замену іх на ім.
У цэлым жа можна сцвярджаць, што не толькі ідэі, асобныя вобразы, але і ўся эстэтычная тканіна старажытнага твора ў наш час актыўна ўплываюць на мастацкае мысленне паэта, творча пераасэнсоўваюцца. Яго Плач Яраслаўны не можа існаваць асобна ад Слова, ізаляваны – ён разбураецца як паўнацэнная літаратурная з'ява.
У гэтай паэтычнай варыяцыі (згодна класіфікацыі С.А. Лук'янава17) кожны эстэтычны момант паэтыкі Слова выкарыстоўваецца дзеля фарміравання новага твора як комплексу ідэй ужо свайго, новага жыцця. “Устань ад сну, падобнага да смерці, абудзіся для спраў, успомні, што ты моцны і мудры. Дружына твая, некалі разбітая, цябе ўсё ж чакае! Багіня помсты трымае свой меч над табой, але на пагібель ты ёю не асуджаны. Учынкі твае, многія з якіх былі згубныя (дзень і ноч – два крылы князя), прывялі цябе ў гэты стан, цяперашняя твая пара – змярканне”, – так разважае паэт і сцвярджае, што гэта не час захаду, а ранішні змрок, за якім надыдзе світанне, усход (а ўсход і захад – Яраслаўны). У новым эстэтычным плане становіцца зразумелым і апраўданым выкарыстанне вобраза Немезіды – дачкі Нікты (Ночы). Ігар і Святаслаў зліваюцца ў адзіную постаць, якая згодна традыцыйных асацыяцый атаясамліваецца з асілкам – сынам Радзімы, народам як носьбітам нацыянальнай годнасці і г.д. Ён знаходзіцца зараз у стане пасіўнасці, Бацькаўшчына (Яраслаўна) звяртаецца да яго.
Прадчуванне блізкага адраджэння, надзея і заклік – галоўная думка верша Чыквіна. Яна роднасная старажытнай паэме, мае ў ёй свае ідэйныя карані, лагічна абгрунтоўвае той своеасаблівы эстэтычны сінтэз, які мы вызначылі вышэй. Пазней, уключаны у кнігу паэзіі Светлы міг, верш стаўся арганічнай часткай лірычнага расповеду аб эмацыянальных перажываннях лірычнага героя – нашага сучасніна. Плач… такім чынам “выканаў” пэўную лагічна-мастацкую функцыю ў дыялектыцы яе вобразнай сістэмы і тым набыў зусім паўнапраўныя якасці твора новага мастацка-эстэтычнага працэсу.
Такім чынам, на прыкладах розных інтэрпрэтацый вечнага вобраза Яраслаўны мы можам сёння назіраць, як гістарычна змяняюцца псіхічны воблік, паэтычнае мысленне, усведамленне сябе ў грамадстве і акаляючым прыродным космасе чалавека новага часу, як змяняецца яго ўяўленне пра ідэальны жаночы характар. Па сутнасці, так званыя адступленні ад гістарычнай дакладнасці ў перадачы тэксту Слова даюць значны плён у спасціжэнні як сярэднявечча, так і сучаснасці. 2002 г.
1 Слово о пълку Игоря сына Святъславля внука Ольгова (у:) Ироическая пЂснь о походЂ на половцовъ... Москва 1800, с. VI. Далей цытаты даюцца па гэтаму выданню.
2 А. Пушкин, “Песнь о полку Игореве…” (у:) Полн. собр. соч. В 10 т., Москва-Ленинград 1951, т. VII, с. 503.
3 Д. Лихачев, “Слово о полку Игореве” и культура его времени, Ленинград 1978, с. 18; тое ж у другім выданні кнігі: Ленинград 1985, с. 17; тое ж праз 12 гадоў у кнізе Слово о полку Игореве, Ленинград 1990, с. 34.
4 Слова “пераклад” выкарыстоўваю ў яго шырокім “родавым” значэнні як “узнаўленне арыгінала з любой ступенню дакладнасці”. “Пераклад мастацкі ... адрозніваецца блізкасцю да арыгінальнай творчасці” (В. Рагойша, Пераклад мастацкі (у:) Слоўнік-мінімум па літаратуразнаўству, Мінск 2000, с. 76).
5 А. Вялюгін, Выбраныя творы у 2 т., Мінск 1984, т. 1. Далей цытаты даюцца па гэтаму выданню.
6 Тамсама, т. 2, с. 305.
7 Датаваны “1942 – 1943 гг.” (у:) "ЛіМ" 1963, 24 снежня. Таксама і ў іншых выданнях.
8 А. Вялюгін, Неўміручы паэтычны помнік, "Беларусь", 1975, № 9, с. 24.
9 А. Вялюгін, Выбраныя творы у 2 т., Мінск 1984, т. 2, с. 306.
10 Лексема “крыло” тут скарыстана ў значэнні блізкім да “покрыва”, захаваным у спалучэннях “крыло над колам”, “схаваць пад крыло”, “быць пад крылом”. У блізкім кантэкстуальным сэнсе “знаходжанне ў стане негатыўных перажыванняў” ужыты выраз “чорнае крыло” ў вершы Пад чорным крыллем. Параўнаем: “Крыло. Восходит к общеслав. krіdlо... “лечу кругообразно”. Изменение крило›крыло объясняется влиянием крыть” (Н. Шанский, В. Иванов, Т. Шанская, Краткий этимологический словарь русского языка, Москва 1971, с. 223).
11 А. Велюгин, Речения из “Слова о полку”, "Неман" 1988, № 1, с. 154.
12 А. Вялюгін, Пад чорным крыллем, "ЛіМ" 1993, 30 красавіка, с. 3.
13 А. Велюгин, Под черными крылами, "Неман" 1993, № 12.
14 Ян Чыквін, Плач Яраслаўны, "Ніва" 1973, 7 студзеня; Ян Чыквін, Светлы міг, Мінск 1989.
15 Jan Czykwin, Na progu świata,, “Czytelnik”, Warszawa 1983, s. 46.
16 Гл:. Д. Лихачев, Сон князя Святослава в “Слове” (у:) “Слово о полку Игореве” и культура его времени, Ленинград 1985, с. 289.
17 С.А. Лукьянов, Поэтические переводы, переложения и вариации как самостоятельные, исторически сложившиеся типы литературных интерпретаций “Слова о полку Игореве” (у:) Типология современных переводов и переложений “Слова о полку Игореве”. Автореферат диссертации, выдвинутой на соискание звания кандидата филологических наук. Москва 1989.
|