БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Людміла Зарэмба, Слова ў зменлівым свеце

ПЛАЧ ЯРАСЛАЎНЫ Ў КАНТЭКСЦЕ ТВОРЧАСЦІ МАСЕЯ СЯДНЁВА

У гісторыі беларускай літаратуры апошніх двух стагоддзяў склалася так, што кожная эпоха нібы па-свойму адгукалася на Слова аб палку Ігаравым. (Дарэчы, на думку Дз. Ліхачова, сам характар адносін да старажытнага твора ў значнай ступені вызначае пэўныя этапы ў культурным развіцці новага часу1.) Навукоўцы, пісьменнікі, а найчасцей паэты-перакладчыкі сярод мноства тэм, матываў, сюжэтаў Слова... вылучаюць, падобна да камертона, сугучнае ўласным пачуццям, думкам. Гэты мастацкі феномен праяўляецца найбольш яскрава ў тых выпадках, калі пераўвасабляецца не ўсё Слова…, і вектарнасць творчых імпульсаў нашых сучаснікаў рэалізуецца ў адвольным абранні пэўных пасажаў з яго.

Максіма Багдановіча, напрыклад, у 1910 годзе натхніў на лірычныя роздумы эпізод адзінокай пагібелі беларускага ваяра-абаронцы. Даўняя падзея ажыла нанава ў Песні пра князя Ізяслава Полацкага. Увесь жа наступны час засведчыў арыентацыю беларускіх пісьменнікаў на плач Яраслаўны. Верш з такой назвай быў расшуканы ў паперах Мікалая Анцукевіча, датаваць твор можна 1926 — 1973 гадамі. У 1942-м да той жа дзеі звярнуўся Анатоль Вялюгін, завершана праца была ў 1963-м. Снежнем 1972 года пазначыў свой Плач Яраслаўны Ян Чыквін, 1991-м годам – Масей Сяднёў. Здавалася б, матэрыял павінен даваць падставы для існавання момантаў творчай пераемнасці, нават фарміравання пэўнай традыцыі. Але ж па стылістыцы, эмацыянальнаму каларыту, а бывае нават і па аўталагічным змесце вершы гэтак розняцца між сабой, што на першы погляд цяжка ўсвядоміць існаванне агульнага для ўсіх іх пратографа. Уражваюць часам адвольная паэтычная вобразнасць (М. Анцукевіч), гімнічнае ўслаўленне вялікай патэнцыяльнай сілы нашых продкаў (Я. Чыквін), трагічнае напружанне, суровасць і змрочная пяшчота (пераказ А. Вялюгіна) альбо энергія і жыццедайная цеплыня роднаснага атулення (М. Сяднёў). І гэта ў тых варунках, што плач – адно з найбольш «ясных» месцаў тэксту.

Вельмі моцная плынь лірызму, своеасаблівая аўра эстэтычнай пачуццёвасці адпавядае тэндэнцыям, вобразным шуканням сучаснай еўрапейскай літаратуры, робіць цэнтраімклівае, прыцягальнае ўражанне на ўвесь светасузіральны, псіхічны комплекс сучаснага творцы. Як слушна адзначыў М. Бахцін:

Смысловые явления могут существовать в скрытом виде, потенциально и раскрываться только в благоприятных для этого раскрытия смысловых культурных контекстах последующих эпох... Творческое понимание не отказывается от себя, от своего места во времени, от своей культуры2.

Дарэчы нагадаць, што ў гісторыі літаратуры зусім не рэдкасць узнікненне шматлікіх перакладаў аднаго і таго ж твора ды яшчэ ў кароткім прамежку часу. Рабілася гэта, зразумела, не толькі для таго, каб азнаёміць з ім яшчэ большую колькасць чытачоў. Хутчэй за ўсё мэтай было завастрэнне ўвагі на прынцыпах пераўтварэння, ідэйна-эстэтычнай платформе аўтара-мадыфікатара, што набывалі нават дадатковую выразнасць, калі тэкст першакрыніцы быў загадзя вядомы аўдыторыі. (Здаралася, што такая праца набывала рысы своеасаблівага спаборніцтва або літаратурнай палемікі. Напрыклад, знакамітыя пераклады Леноры А.-Г. Бюргера: Людмила, Светлана, Ленора В. Жукоўскага і Ольга П. Каценіна.)

Самавіты майстар прыгожага пісьменства М. Сяднёў звярнуўся да Слова... ў пару сваёй творчай спеласці і душэўнага ўздыму, калі змог арыгінальна ўспрыняць і раскрыць у невялічкім Плачы… цэлы комплекс ідэй старажытнага і свайго ўласнага светасузірання, жыццёвага вопыту, роздуму, пачуццяў. Найперш уражвае, што твор гэты, хаця быў, безумоўна, добра вядомы М. Сяднёву з гадоў юнацтва, доўгі час заставаўся па-за колам яго цікавасці. Слова... выкладалася ў Мінскім вышэйшым педагагічным інстытуце, дзе паэт вучыўся на працягу 1933 – 1936 гадоў; увагу да яго маглі абудзіць аўтарытэт Янкі Купалы, які двойчы пераклаў твор (1919, 1921 гадах), пераклад Максіма Гарэцкага (выдадзены ў 1921 і 1925 гадах). Акрамя таго ў 1936 годзе былі распачаты шматлікія юбілейныя публікацыі да 750-годдзя помніка. (Нагадаем: паэту, відаць, не імпанавала, што ў шырокай беларускай прэсе Слова... вызначалася як паэма пра гераічнае мінулае рускага народа з атаясамліваннем паняццяў 'рускі' – 'старажытнарускі' – 'усходнеславянскі').

У рамане М. Сяднёва І той дзень надыйшоў (1987), вершах У адзіноце блукаў я..., Сэрца (Да сэрца: Даруй, што я цябе... квяліў), успамінах Мая першая прапіска на Захадзе (1991) не раз ужыты дыялектызм "квяліць"3, сугучны і адпаведны па сэнсу старажытнарускаму "цвЂ-лити". Здаецца, натуральна было б сустрэць гэту каларытную лексему і ва ўстаўной канструкцыі перакладу Сяднёва Яраслаўна... працінае сэрца слязою... блізкай па кантэкстуальнай сітуацыі да цытаванага вышэй радка з Сэрца. Гэта дадаткова наблізіла б Плач... да першакрыніцы, стыхіі гутарковай народнай мовы. Тым больш, што, у прыватнасці, і Р. Барадулін, чый пераклад меў Сяднёў у час сваёй працы4, звярнуў асаблівую ўвагу на вылучаныя рысы згаданага дзеяслова5 і захаваў яго у форме "квяліць".

Але ж Сяднёў нібы наўмысна не скарыстаў такой магчымасці, што пераконвае: у яго свядомасці дзеяслоў "квяліць" не асацыіраваўся з лексікай Слова..., і яно ва ўсім аб'ёме эмацыянальна-мастацкай праблематыкі не было "на слыху" пісьменніка ў 1970-х і па канец 80-х гадоў. Сустрэча са Словам... нібы доўга падспудна выспявала ў творчым рэчышчы Сяднёва і адбылася, падаецца, спантанна: Сп. Белямук прыслаў мне арыгінал, і я ахвотна ўхапіўся за яго6. У гэтым выказванні, якое мела на мэце толькі інфармацыйнае паведамленне аб факце атрымання, чуецца аднак і відавочнае захапленне творам роднай даўніны, жаданне зноў і зноў судакрануцца з сваімі каранямі, Бацькаўшчынай. Ды і першы прыезд на Беларусь адбываўся ў сугуччы са своеасаблівым адкрыццём Слова....

Калі пасля амаль паўвекавой ізаляцыі, змушанай эміграцыі пісьменнік наведаў Радзіму ў 1990 годзе, яшчэ не згасла ў Беларусі афіцыйнае па рашэнню ЮНЕСКА святкаванне 800-годдзя Слова.... Грамадская думка тады была ў пэўным сэнсе ўзрушана: на працягу многіх дзесяцігоддзяў мы ведалі толькі адзіны "абсалютна" дасканалы і "пазаканкурэнтны" вершаваны пераклад Янкі Купалы. Пры гэтым, здавалася, не ўзнікала нават патрэбы ў іншых. Ды вось жа на працягу 1985 – 1994 гадоў былі апублікаваныя раней замоўчаныя працы М. Гарэцкага (1925, 1985), Я. Крупенькі (1979, 1994), з’явіліся новыя – Р. Барадуліна (1985), В. Дарашкевіча (1989), І. Чыгрынава (1992). У гэтым пераліку сталі ўспамінацца беларускія імёны рускамоўных аўтараў Д. Бохана (зроблены і надрукаваны ў 1897), М. Анцукевіча (надрукаваны ў 1992). Прыклады выклікáлі цікавасць, заахвочвалі. 

Пра старажытную паэму пісалася ў нашай прэсе вельмі многа, часта. А вызначэнне ідэйнага зместу фармулёўкай К. Маркса сэнс паэмы – заклік рускіх князёў да яднання як раз перад нашэсцем… лічылася абсалютна неаспрэчным, дакладным і вычарпальным. Яно разумелася ў тыя часы заклікам найперш да адзінства дзяржаўнага, патрыятызму, воінскай славы, васальнай вернасці сюзерэну. Але ж змест любога твора не абмяжоўваецца ягонай асноўнай сутнасцю (“суть”– у пашыраным рускім перакладзе), а тым больш геніяльнага Слова…. У такіх варунках вельмі ж слушным падаецца выказванне Дз. Ліхачова: Этот памятник вечно свеж. Каждая эпоха находит в нем новое и свое. Это предначертание подлинных произведений искусства: они говорят новое новому, они всегда современны7. Менавіта так і сталася з Сяднёвым. Ён быў асобай са сваім вельмі адметным, неардынарным жыццёвым вопытам, шляхам, перакананнямі і на пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя несмяротны помнік сапраўды адгукнуўся яму ў пэўнай ступені новым ідэйна-эмацыянальным зместам.

Аўтар Слова…, пэўна, у Старажытнай Русі быў персонай, набліжанай да Кіеўскага двара, шчыра дбаў пра агульнадзяржаўныя інтарэсы, апяваў баявую моц князёў і паходы, заклікаў да суладдзя і падпарадкавання кожнага – ўсеагульнапатрэбнаму, карыснаму. Між тым наш суайчыннік-паэт у гэтых стасунках можа лічыцца яго антыподам. Атрымаўшы адукацыю і адчуўшы ў сабе творчы імпэт, ён стаў аб’ектам уціску ўлады, змушаны быў на Калыме процістаяць ёй, каб не памерці фізічна і духоўна, не згубіць здольнасці да стваральнай літаратурнай працы, не ахвяраваць вольнасцю і незалежнасцю думкі. Што чалавек увогуле не павінен скарыцца знешнім абставінам, назаўсёды захаваць цэласным, непарушным свой духоўны свет ад знешняй дэфармацыі – гэта Сяднёў даводзіў на працягу ўсёй сваёй творчасці. Маім адзіным жаданнем было – сцвердзіць сябе, гэта значыць выказаць сябе абсалютна свабодна8, – дэклараваў ён у сваёй Масеевай кнізе. Цэнтральны герой пісьменніка вельмі часта з’яўляецца ўвасабленнем яго другога “я”, нават у эпічных жанрах. Гэта асоба моцная, цэльная, яна не выбірае той або іншы бок ў барацьбе дабра і зла, што адбываецца ў знешнім свеце, а ўжо загадзя мае сфармаваную незалежную ўласную пазіцыю. 

Верны лірычнай традыцыі, М. Сяднёў з эпічнага ў асноўным Слова… абраў для апрацоўкі найбольш лірычны ўрывак. Тут у мастакоўскім поглядзе на Слова...– усясветная парадыгма стасункаў чалавека і прыроды – эпічны пачатак, увага і цікавасць да макраміру гарманічна і выразна перапляліся з яго верай у невычарпальнасць маральнай моцы і найгалоўную ролю асобы ў свеце.

Сапраўды, дзіўныя бываюць пуцявіны лёсаў і гісторыі, што як бы знянацку набліжаюць і зліваюць у адзінагалоссе думкі такіх непадобных паэтаў! Можа, сталася гэта таму, што кожны з іх гаварыў пра найгалоўнае, што, па сутнасці, сілкуе дух у чалавечай істоце – пачуццё Радзімы, любоў і лагоду, клопат і жаданне атуліць яе ад ліхой бяды, сардэчнае спадзяванне на разуменне і падтрымку, альтруізм кахання, а таксама энергію акрыленай "мыслі". Гэта яна, набыўшы падтрымку і дужасць ветру, Дняпра і самога сонца, выратуе і прабачыць памылкі, скіруе да прадчування адзіна магчымага шчасця – у сваёй краіне. М. Сяднёў, безумоўна, зразумеў у Слове... магутны заклік да адзінства, але пакінуў у баку яго вайскова-палітычны, агульнадзяржаўны – сумеснага процістаяння знешнему ворагу – сэнс, а засяродзіўся на маральна-псіхалагічным: тэме непарыўнай еднасці з усім, што дорага сэрцу. Ён не браў пад увагу, добрыя ці дрэнныя былі мэты і рэальныя вынікі Ігарава паходу, ці неабходна было, каб Ноўгарад-Северскі князь падпарадкаваўся Кіеўскаму і г.д., а толькі тое, што Ігар зараз у полі невядомым, паранены і паланёны. Своеасаблівая "вечная" канцэпцыя непераможнага жыццёвага аптымізму і любові-ўседаравання, думаецца, пачулася Сяднёву галоўнай у Слове..., а найбольш гучнай – у пасажы плачу. Там яна дадаткова ўзбагачалася магутным і адначасова пяшчотным жаночым спачуваннем, гатоўнасцю да самаахвяры, каб дапамагчы тым, хто далёка, адзінокі сярод чужынцаў, разлучаны з роднымі.

У сувязі з гэтым варта пагадзіцца з Г. Тычкай, якая слушна вызначыла вобраз жаноцкасці Мадонна – маці – каханая – Беларусь9 у якасці асноўнага стваральнага сімвала М. Сяднёва. Завяршаючыя гэты ланцуг лагічна акцэнтаваныя паняцці дадаткова пацвярджаюць нашу думку пра Плач... як з'яву глыбока сімптаматычную і паказальную для творчай індывідуальнасці нашага суайчынніка. Яны ж даюць зразумець як зусім натуральнае і адзіна прыймальнае ўвасабленне маналога Яраслаўны ў фальклорным лексіка-стылістычным ключы.

Сучасны паэт нібы выходзіць за межы ўласна лірычнага маналогу княгіні (што пачынаецца, згодна з думкай большасці даследчыкаў, выразам На Дунаи Ярославнынъ гласъ... і заканчваецца ...тугою имъ тули затче10, уключае ў сваю мастацкую сферу сюжэтныя і асацыятыўныя сувязі з усім Словам.... Верш Сяднёва адкрываецца мінорнай застаўкай, якой літаральна не існуе ў арыгінале, але сэнс яе выразна звязаны з усім расповедам: Ігар въ полЂ незнаемЂ среди земли Половецкыи11, таму Яраслаўна на Радзіме горка плача. Паэт падкрэслівае ўзаемасувязь негатыўных псіхалагічных станаў персанажаў. Пры гэтым слушна апісвае першаснымі дзеі, што адбываюцца з князем-воем у дальнім паходзе, а рэакцыю Яраслаўны – як другасную, хаця і больш разгорнутую, што таксама супадае з агульнай логікай развіцця падзей Слова...:

Ігар у паходзе знемагае, слаўны,
а ў Пуціўлі плача горна Яраслаўна.

Як мастацкае замацаванне і развіццё эпічнага пачатку гэтага прыўнесенага сюжэтнага блока трэба лічыць і ўключэнне ў першае пяцірадкоўе Плача... вобраза лірычнага героя аўтара-апавядальніка. Важна, што ён не атаясамліваецца, бачна адасоблены ад галоўнага персанажа, які прамаўляе маналог, гэта яму Яраслаўна працінае сэрца слязою гарачай.

У тэксце Слова... толькі кароткае выказванне на Дунаи Ярославнынъ глас слышитъ (у прачытанні Дз. Ліхачова гласъ ся слышитъ12) утрымлівае ў сабе сэнсавы намёк, прыхаваную падказку на існаванне суб'екта-апавядальніка: (чуе, відавочна ж, нехта, або чуецца некаму). Сяднёў па-мастацку развіў яго ў рэмарку–замалёўку. Паэт таксама надзяляе адрозненнем маўленне абодвух персанажаў. Лірычны герой, як носьбіт лагічна-арганізуючага пачатку, аказваецца больш інфарматыўна, у строга абмежаванай форме: адзін сказ у два радкі перад кожнай песняй-малітвай Яраслаўны. Усе яго выказванні абавязкова ўключаюць эмацыянальнае паведамленне пра наступную лірычную тэму. І яшчэ адна немалаважная дэталь: у цытаваным ужо радку, які належыць пяру аўтара, а ў Пуціўлі плача... Яраслаўна М. Сяднёў апускае звесткі, што спеў зегзіцы гучыць на Дунаи (Слова...), гераіня гукае ў Пуціўлі. Магчыма, такі паэтычны варыянт быў абраны з-за не вельмі зразумелага ўпамінання Дуная ў гэтым месцы арыгінала. Найбольш пашыраныя варыянты тлумачэння даследчыкаў не да канца пераканаўчыя (1. Голос Ярославны долетает до берегов Дуная – до крайних границ Руси13. 2. О реке вообще. "На Дунаи Ярославнынъ гласъ... Полечю, рече, зегзицею по Дунаеви14. Аднак жа ў простай мове княгіні, што знаходзіцца ў Пуціўлі, гэта значыць на рацэ Сейм, Дунай захаваны: Птушкай па Дунаю палячу я. Таксама захаваны яе прамы зварот да Дняпра і жаданне тварыць магічныя дзеянні вадой Каялы. Тут яны ўласна і могуць быць апраўданы як не літаральна зразуметыя геаграфічныя назвы, а больш адвольныя найменні, скажам, увогуле воднай прасторы.

Калі галоўны герой Слова... Ігар у вершы пасля першага ж радка як бы адыходзіць на зусім дальні план ускоснай прысутнасці, выконваючы волю адно крыніцы хваляванняў і клопатаў Яраслаўны, то аўтар і далей праяўляецца ў своеасаблівых прэамбулах да кожнага яе малення. Пры гэтым Сяднёў фактычна ўтварыў іх як сэнсава новыя ў адносінах да арыгінала, з багатым эмацыянальна-ацэначным зместам і непаўтаральныя. Паэт адыходзіць ад аскетызму, інфарматыўнасці Слова...: апускае прадубліраваныя вызначэнні дзённага часу падзей (рано), месца каля воднай прасторы (на Дунаи), месца ў Пуціўлі (на забралЂ, на заборолЂ), якія сапраўды ў якасці магічных для ўтварэння язычніцкіх рытуалаў не ўспрымаюцца сёння чытачом. Параўнаем:

У Слове...                                                                               У Плачы...
На Дунаи Ярославнынъ гласъ...,                           У Пуціўлі плача горна Яраслаўна,
зегзіцею незнаемь рано кычеть.                            бы тая зязюля рана-рана гукае няўцешна,
                                                                                   смуткуе і плача,
                                                                                   працінае сэрца слязою гарачай.
Рано плачетъ въ ПутивлЂ на                                У часіне гэтакай няветлай
забралЂ, аркучи...                                                    Яраслаўна зварачаецца да ветру...
Рано плачеть Путивлю городу                                Яраслаўны плач-мальба не ціхне,
на заборолЂ, аркучи...                                              да Няпра звяртаецца ў Пуціўлі...
Рано плачетъ въ ПутивлЂ на                                 У мальбе пакорнай і бясконцай
забралЂ, аркучи...                                                     Яраслаўна моліцца да сонца...

Перакладчык тут выдатна змог сродкамі сучаснай паэтыкі раскрыць напружанне суперажыванняў старажытнага Аўтара.

У гэтым панарамным малюнку верша, які выразна нагадвае драматызаваную сцэнку са сваёй сістэмай псіхалагічных вобразаў, немалаважную ролю адыгрываюць сілы прыроды як рэзанатары і дадатковыя крыніцы станоўчых эмацыянальных імпульсаў. Галоўны атрыбут адносін маладой княгіні да іх – ветлівая ласкавасць, настроенасць на безумоўнае дружалюбнае спачуванне, падтрымку з боку Дуная, птушак, Каялы, Дняпра, ветру, сонца. Напрыклад:

Непру,... мой Славуце,
памажы маёй пакуце...
Птушкай па Дунаю палячу я,
у рацэ Каяле памачу я
рукавок свой...,
твае раны ім абмыю...,
каб суцішыць раны.

Душэўная моц Яраслаўны як бы абуджае іх да пазітыўнай актыўнасці і ўзбагачаецца тым сама. Увесь тон верша нараджае ўпэўненасць у станоўчых выніках агульных намаганняў, у тым, што шчаслівая гармонія непазбежна настане. Ды і ў Слове... пасля трыяды вакатываў жонкі Ігар выратоўваецца з палону, вяртаецца на Русь.

Так утвараецца ў Плачы... Сяднёва, хоць і не заўсёды рэалізаваная ў маўленні, але выразная мастацка-псіхалагічная плынь дыялогаў: адчуванні Ігара – рэзананс і магутны эмацыянальны ўсплеск у сэрцы Яраслаўны – добразычлівая падтрымка-водгук прыродных з'яў. Усёй гэтай трыядзе ўзаемаабумоўленых станаў як бы туруе, скіроўваючы іх да самаўсведамлення, мастацкай выявы-жыцця голас лірычнага героя-аўтара.

У пазначанай сістэме дачыненняў вобразаў-суб'ектаў велізарнага аб'ектыўнага сусвету найбольш актыўная роля належыць Яраслаўне, яе лірычным маналогам. Яны літаральна выпраменьваюць эмацыянальную энергію, падпарадкоўваюць сваёй вектарнасці парадыгму стасункаў чалавека з універсумам.

Таму цэнтральнай тэмай Плачу Яраслаўны, як здаецца, можна лічыць адлюстраванне стану чалавека ў горы, бядзе і пераадоленні іх. М. Сяднёў адчуў у Слове..., на маю думку, галоўнае, які чалавек Яраслаўна. Ён адлюстраваў у сваім вершы асобу спагадлівую і магутную, вартую сваёй будучай перамогі над нязгодамі. Гэта тып узыходзячы, прадчуваючы, што выстаіць, адолее ўсё. І моц яго зусім не ў ваяўнічасці або агрэсіўнай дзёрзкасці, а ў душэўнай гармоніі, здольнасці да вялікай уседаравальнай любові, дабрыні. Паэт уздымаецца тут да сучасных абагульненняў нацыянальнага маштабу.

Вершатворац пакідае па-за ўвагай, што паход Ігара быў наступальны і ў пэўнай ступені валюнтарысцкі, а сам князь – прадпрыймальны, і што ён не вельмі дбаў пра агульнадзяржаўныя інтарэсы. У яго Ігар – слаўны, гэта значыць той, хто выклікае прыхільнасць,... прыемны, добры15. Яраслаўна таксама раскрываецца напачатку ў сваёй спачувальнай, уседаравальнай, як любоў незабыўнай маці (забітай у час вайны), шчымліва дарагой сэрцу іпастасі. На першы план М. Сяднёў высоўвае вузка абмежаваныя ў сюжэце старажытнай паэмы пакутніцкія абставіны абодвух персанажаў. У выніку гэтага Яраслаўна, згодна аўтарскай характарыстыцы, бясконца, бязмежна толькі бядуе па мужу, яе пачуцці як бы падпітваюцца Ігаравымі. Аўтар-апавядальнік гаворыць пра Ігара: знемагае, пра Яраслаўну: плача; горна; гукае няўцешна, смуткуе і плача, працінае сэрца слязою гарачай; у мальбе пакорнай і бясконцай... моліцца, яе плач-мальба не ціхне у часіне...няветлай.

Жанчына як бы не ўсведамляе ўласных цяжкасцей (княства на мяжы са стэпам засталося без абаронцы, яе ўласны лёс мусіць быць адчайна злым і г.д.), а тым больш абставін і прычын паходу, палону Ігара, бо да самаадмаўлення засяроджана на тым, што ён паранены і мае патрэбу ў дапамозе. Дарэчы, спадзяецца не на дапамогу дзяржаўную – Кіеўскага князя, не "афіцыйна" прызнанага бога, а на спакон веку шанаваных персаніфікацый. У цырыманіяльным малітоўным плачы паэт надзяляе яе і дадатковымі, у пэўным сэнсе нечаканымі, рысамі.

Гераіня Сяднёва мае светасузіранне падкрэслена новага часу, антрапамарфічнае: у свеце пануе чалавек, а прыродныя сілы, хутчэй, толькі адухаўляюцца. Яна зусім не адчувае іх істотамі значна вышэйшага парадку. Рэпрызам-зваротам да сонца, ветру, Дняпра надаецца больш ласкавай фамільярнасці:

У Слове...                                                                                  У Плачы...
О, вЂтрЂ, вЂтрило! Чему, господине...                    Ветрыку, вятрыска..
О, Днепре Словутицю!..ВзлелЂй, господине...          Непру, Непру, мой Славуце... любы сыне...
СвЂтлое и тресвЂтлое слънце!... Чему,                   Сонца, сонейка...
господине...

У старадаўняй першакрыніцы Яраслаўна слала ветру і сонцу лірычныя дакоры, у якіх прама не выказвалася, а толькі мелася на ўвазе просьба: 

Чему, господине, насильно вЂеши? Чему мычеши хиновьскыя стрЂлкы... на моея лады вои?... Мало ли ти бяшетъ горЂ подъ облакы вЂяти?... Чему, господине, мое веселіе по ковылію развЂя?
...ВсЂмъ тепло и красно еси. Чему,господине, простре горячюю свою лучю на ладЂ вои? Въ полЂ безводнЂ жаждею имъ лучи съпряже, тугою имъ тули затче.

А да Дняпра (магчыма, у адпаведнасці з калісьці язычніцкім богам "ніжэйшага рангу", чым сонца і вецер) Яраслаўна звяртаецца пасля традыцыйнага ўхвалення яго, просячы выканаць канкрэтныя дзеянні: ВъзлелЂй, господине, мою ладу къ мнЂ.

У вершаваным жа дакоры ветрыку, вятрыску за тое, што ён паскарае лёт ханских стрэл, Яраслаўна пытаецца: дык ці мала з цябе праяўлення сілы; узнімаецца да асуджэння, называе яго зацяты, ашалелы,... гоніш стрэлы. (У Слове... найбольш "дзёрзкі" запыт адліўся ў форму ціхмяна-пакорлівую: Чему, господине,... вЂеши..., чему мычеши стрЂлки на своею нетрудною крылцю...?) Сучасная Яраслаўна, ухваліўшы магутнасць, выкажа ветру свае прамыя пажаданні канкрэтных дзеянняў: Адвярні ад мужа майго стрэлы. Падобна ж і ў дачыненні да Дняпра. Маналог завяршаецца прэтэнзіяй з адценнем абуранасці:

Ці ж у твае воды сінія замала
гарачыя слёзы я раняла?

Апошнім двум прыкладам паралеляў у арыгінале няма. У сваім звароце да Дняпра Яраслаўна Сяднёва нават адступае ад велічання. Даючы найменне любы сыне, тым зніжае статус па шкале ўплывовасці ў свеце. Нагадаем, у гісторыі славеснага мастацтва традыцыйна замацавалася, што рака магла мець найменне толькі больш магутнага ў параўнанні з чалавекам суб'екта. (У Слове... – Словутицю, господине, у фальклоры – старэйшы ў родзе: бацька, маці, дзед.) Наступны эпізод Плачу... хаця і названы ў аўтарскай мове мальбой пакорнай і бясконцай, аднак раскрывае вуснамі Яраслаўны вельмі ж сучаснае разуменне ролі чалавека ў дачыненні да праяў акаляючага сусвету, у прыватнасці, сонца. Унутрана абсалютна ігнаруючы боскае паходжанне, знамėнную сутнасць касмічных з'яў, Яраслаўна прапануе нябеснаму свяцілу прыкрыцца... хмарай, альбо зусім фантастычнае – змяніць на адваротны напрамак руху па небасхіле. Хаця па Слову... усе нягоды лёсу Ігара былі прадвызначаны менавіта найвышэйшым богам Сонцам, які цемнатою папярэджваў, прадказваў няўдалы паход, Яраслаўна канца ХХ стагоддзя дзеля выратавання мужа і яго дружыны складае сваё маленне настойліва і канкрэтна-катэгарычна. Між тым у старажытнай паэме толькі аднойчы гучыць прамое ўказанне на пажаданае дзеянне прыродных сіл, ды і то побач з услаўленнем падкрэслена сацыяльнага кшталту господине.

Яраслаўна М. Сяднёва зусім пазбягае гэтай грамадскі значнай лексемы. Таксама і кіраўніка аб'яднаных рускіх дружын Чарнігаўшчыны ніколі не называе згодна з яго афіцыйным тытулам – князем:

У Слове...                                          У Плачы...
утру князю ...раны                   твае раны... абмыю...

Не карыстаецца Яраслаўна ў адносінах да Ігара Святаслававіча і вельмі выйгрышным, здавалася б для перакладчыка, намінантам лада. Ён жа і сёння добра зразумелы, бо захаваўся ў фальклоры, мастацкай літаратуры як паэтычна прыўзнятае найменне каханага ці каханай. Гераіня Сяднёва ўжывае стылістычна нейтральнае муж і размоўнае гаспадар, высоўвае на першы план ролю Ігара ў сям'і, а не дзяржаве, будзённасць, а не рамантычную ўлюбёнасць. Такая падкрэсленая апалітычнасць, "камернасць" выказванняў дэмакратызуе жаночы вобраз, набліжае яго па светапогляду хутчэй да маладой сялянкі, чым княгіні. Гэта замацоўваецца і напеўнасцю, размоўнымі формамі слоў, дыялектызмамі ў яе маўленні:

Нізка ходзіш ты й высока,
узлятаеш пад аблокі.
Зямельцы наскай
свеціш ты гаючай ласкай.

Дняпро ў вершы Сяднёва мае дыялектна-цёплую назву Няпро, у клічнай форме – Нėпру.

Ствараецца ўражанне, што Ігара аддана пакахала смелая, энергічная, рашучая маладая жанчына, якая на "ты" з сусветам і гатовая нават нябесныя бегі скіраваць па-новаму дзеля ўратавання мужа і яго войска. Пры гэтым яна, як і аўтар-апавядальнік, старанна захоўвае ў памяці старадаўнія этнаграфічныя абрады, вераванні, але ўжо, безумоўна, унутрана перасягнула іх эпоху. Яраслаўна ў творы Сяднёва прадстае, як бы апраўдваючы сваё імя па бацьку, дачкой невымоўнага носьбіта ярай славы. Яна – ўвасабленне нацыянальнай, народнай мужнасці, няскоранасці, безумоўнага імкнення да актыўнай рэалізацыі ўсіх станоўчых патэнцый, шчодрай любові і мажлівасці абагрэць цяплом сваёй душы ўсіх, з кім лёс жорсткі. Такое канцэптуальнае пераасэнсаванне вобраза галоўнай гераіні вызначыла мастацка-выяўленчыя сродкі пераклада, стылістычную арыентацыю на фальклор.

Стыхія народнага светаўспрымання пранізвае ўвесь верш, ёю насычана і аўтарская мова: "горна", "няветлая", "Непра" і г.д. Гэтак жа, як Яраслаўна, аўтар-апавядальнік пазбягае ў сваім мысленні грамадскіх міфалагем, праяў любых форм афіцыёза. Ён таксама не карыстаецца тытулам "князь". Параўнаем у аўтарскай мове:

Слова...                                                     Плач...
Игоря, сына Святъславля                              Ігар
Игоря Святъславлича
Игорь князь
Игорь
князь

Як відаць, і стылістычныя, і колькасныя адрозненні пацвярджаюць выказаную думку.

Адчуваючы непарушную генетычную і тыпалагічную блізкасць мастацкіх прыёмаў фальклору з тымі, што назіраў у Слове..., Сяднёў часта вельмі ўдала скарыстоўваў гэта. Напрыклад, паэт пераўтварае прасторава аддаленыя рэкі ў аб'екты так званай паэтычнай геаграфіі, мастацкія вобразы аднаго парадку з сонцам і ветрам. Апошнія ж паралельна з увасабленнем "рэальных" сіл язычніцтва набылі ў творы ХII стагоддзя адцягненыя эстэтычныя рысы. Сяднёў нібы развівае ўслед за Аўтарам прыём, так бы сказаць, медытацыі-паэтызацыі, ён піша пра магчымасць непасрэднага кантакту з вельмі аддаленым аб'ектам, нават калі пра гэта толькі намёкам, не так выразна, акрэслена, гаворыцца ў Слове.... Напрыклад:

Ярославна рано плачеть Путивлю городу               Да Няпра звяртаецца ў Пуціўлі:
на заборолЂ, аркучи: "О, Днепре... а быхъ "            ...Ці ж у твае воды сінія замала
не слала къ нему слёзъ на море рано".                    гарачыя слёзы я раняла?"

Паэт тут, часам адступаючы ад літаральна-дакладнай перадачы зместу, вытрымлівае адзіны, вельмі блізкі да арыгінала прынцып адлюстравання рэчаіснасці: вольнае, панарамнае бачанне, адухоўлена-паэтычнае адчуванне прасторы навакольнага свету.

Калі ж асобаснае, перакладчыцкае, сённяшняе не стасуецца або нават супярэчыць мастацка-гістарычнаму зместу першакрыніцы, то М. Сяднёў вырашае гэтую дылему на карысць першага.

Ужо адзначаны вышэй зварот да Дняпра любы сыне, безумоўна, пярэчыць светаадчуванню старажытнага чалавека. Дняпро – адна з галоўных рэк Русі, людскія пакаленні прыходзілі і адыходзілі, а рака здавалася вечнай, у мысленні ж княгіні вецер, Дняпро і сонца – з'явы аднаго парадку. Таму малаверагодна, каб яна магла параўнаць яго з малодшым у родзе – сынам. Такіх супастаўленняў нам не ўдалося адзначыць у народных песнях. Лагічна не стасуецца са Словам..., гістарычнымі фактамі і тое, што сын тут гіпатэтычна павінен выратаваць і вярнуць мужа. Як слушна адзначае Л. Сакалова, художественная функция Плачу...– в оправдании... побега Игоря из плена, а это не оставляет места для упоминания Владимира16. Больш таго, дадамо, што ўспамін пра сына тут успрымаўся б як дакор Ігару, парушаў бы ідэйна-тэматычнае адзінства твора.

Гэтаксама заключная частка малення да сонца (прыкрыйся цёмнай хмарай.., накіруйся да свайго заходу) не ўлічвае адной з галоўных сімволік Слова аб палку Ігаравым – света і цемры. Зацьменне сонца, чорныя хмары, ноч, сон і г.д. – усё гэта прадвесце бяды. І наадварот, плач Яраслаўны адбываецца ўранні, яна носьбіт святла і радасці збавення ад палону: Солнце свЂтится на небесЂ – Игорь князь въ Руской земли... Страны ради, гради весели. Цытаваны вышэй зварот пярэчыць ідэйна-мастацкай логіцы арыгінала. Акрамя таго, у Слове... Яраслаўна, як ужо гаварылася, толькі мякка дакарае галоўнае свяціла, у Сяднёва ж ні многа, ні мала патрабуе змяніць рух сонца на нябёсах: раніцай накіравацца хутчэй да захаду.

І тым не менш гэтыя адступленні ад арыгінала нельга безумоўна лічыць заганай. Яны гарманічна ўпісваюцца ў сістэму знакамітых "правілаў", "законаў", якія прызнае аўтар над сабою і зыходзячы з якіх, на думку Пушкіна, менавіта і патрэбна гаварыць аб вартасцях твора17. Сяднёў на гэты час, пачатак 90-х гадоў, меў зусім цэльны і дасканала ўсвядомлены погляд на мэты і задачы мастацкага перакладу як на справу, далёкую ад дакладнай іншамоўнай ідэнтыфікацыі. Больш таго, сваю пазіцыю Сяднёў нават у пэўнай ступені рэалізаваў у згаданай Масеевай кнізе.

Відавочна, цэлы комплекс сучасных актуальных праблем і супярэчнасцей творчага і літаратуразнаўчага парадку знайшоў сваё адлюстраванне ў адноўленых Сяднёвым радках малітоўных велічанняў старажыт-нарускай княгіні. Ад пісьменніка ж лёс вымагаў папярэдне прайсці духоўным крыжовым шляхам трагічных супрацьпастаўленняў, страт, роспачы, асэнсаваць усемагутнасць такіх вечных з'яў, як народ, Радзіма, аб'ектыўны непераможны ход жыцця, каб нарадзіўся з-пад яго пяра Плач Яраслаўны.

2003 г.


1 Д.С. Лихачев, Русская культура нового времени и Древняя Русь, (у:) Труды Отдела древнерусской литературы Института русской литературы, Ленинград 1971, т. ХХVI, с. 3.

2 М. Бахтин, Эстетика словесного творчества, Москва 1986, с. 51, 353.

3 М. Сяднёў, Патушаныя зоры, Мінск 1992, с. 140, 141, 222, 265, 301, 312, 348; М. Сяднёў, Масеева кніга: Успаміны, старонкі дзённіка, эсэ, Мінск 1994, с. 271, 282. Плач... далей цытую па гэтаму выданню.

4 З ліста М. Сяднёва ад 16. 06. 1999 да аўтара гэтага артыкула.

5 Р. Бородулин, ...И вначале было "Слово", "Неман" 1985, № 4, с 156.

6 З ліста М. Сяднёва ад 16. 06. 1999 да аўтара гэтага артыкула.

7 Гл.: Слово о полку Игореве, Ленинград 1967, с. 5.

8 М. Сяднёў, Масеева кніга, с. 3.

9 Тамсама, с. 119.

10 Энциклопедия "Слова о полку Игореве", Санкт-Петербург 1995, т. 4, с. 109.

11 Тамсама, т. 1, с. 10. 

12 Слово о полку Игореве. Москва 1985, с. 47.

13 Д.С. Лихачев, "Слово о полку Игореве": Историко-литературный очерк, Москва 1982, с. 115.

14 Словарь-справочник "Слова о полку Игорее". Ленинград 1967, вып. 2, с. 56.

15 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы У 5 т., Мінск 1983, т. 5, кн. 1, с. 199.

16 Энциклопедия "Слова о полку Игореве", т. 4, с. 115.

17 А.С. Пушкин, О критике, (у:) Полн. собр. соч. В 10 т., Москва-Ленинград 1951, т. 7, с. 159.

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster