|
Зусім магчымае сёмае неба паэтаў...
aВыданне кожнага новага паэтычнага зборніка Уладзіміра Гайдука – адметная з`ява беларускай літаратуры на Беласточчыне, надзвычай цікавая з пункту гледжання станаўлення творчай індывідуальнасці сучаснага паэта ў неардынарных умовах лёсу. Ён — паэт-селянін. З гэтай нагоды крытык і паэтка Л. Рублеўская зазначыла: Мне цяжка ўявіць селяніна «метраполіі», які так мысліць, а галоўнае, умее так выказваць свае думкі1.
Кожная кніга вершаў Гайдука адбывалася як пэўны вынік мастацкіх пошукаў, дыялектычных змен светаўспрымання. З часу яго дэбюту ў друку (1956) іх выйшла ўсяго тры: Ракіта (1971), Блакітны вырай (1990) і Пах аернага хлеба (1997)2. У гэтым пераліку звяртае на сябе ўвагу храналагічны прамежак між першым і другім томікамі дзевятнаццаць гадоў. Ян Чыквін слушна і не без горычы адзначыў, што гэты разрыў у часе сведчыць не толькі аб ненармальнасці развіцця беларускага літаратурнага руху ў Польшчы, але таксама паказальны і ў адносінах да самога паэта3. Некаторыя даследчыкі тлумачаць такія з`явы ў творчасці Гайдука трагічна ўспрынятымі ім пераменамі ў лёсе, ладзе жыцця (вёска — Бельск Падляскі, Беласток — вёска).
Калі разам акінуць вокам усе тры кнігі У. Гайдука, нават назвы іх падкажуць нам асноўную тэматыку яго вершаў: родны пейзаж, гуманістычныя памкненні лірычнага героя, каханне, захапленне ўсім, што гарманізуе жыццё. Менавіта такія пазітыўныя этычныя дамінанты найбольш дасканала выявіліся ў апошнім зборніку Пах аернага хлеба. Вось, напрыклад, верш з традыцыйна класічнай, міратворчай назвай Вясна:
Пачакай, вось пупышка раскрыецца.
Пахам свежым
Сілы жыцця ачуняюць пралескай.
Блакіт абнімае прастору.
Адбітыя ў лужах
Цені варушацца.
Цяпер вось
Хмара ўдарыла ў звон,
Рэха збудзіла спячыя травінкі,
Шэптам ласкавым,
Жаданым.
Над рэчкай бурлівай
Каліна гасцінец трымае:
Чырвоных ягадаў жменю.
Калі салавей заспявае,
Споўняцца твае пажаданні.
Як жа мы сёння засумавалі па такіх гаючых для душы вершах з паркалёва-простымі назвамі Вясна, Лета, Восень... Як стаміліся ад ваяроў-князёў, трагічных князёўнаў і прароцтваў агульнанацыянальных катаклізмаў! Паэт фарміруе зусім іншы пачуццёвы фон, што складаецца з прадчування добрых змен, спаўнення жаданняў. Радкі 1 (слова пачакай) і 16 перадаюць псіхалагічны настрой лірычнага героя: адразу выпраменьваецца імпульс надзеі, які прасякае ўвесь твор і рэалізуецца. як заключны акорд, абяцаннем здзяйснення запаветнага. Гэтыя радкі аблямоўваюць рухомую карціну змен, развіцця прыродных станаў. Чалавек звязаны з цэлым светам усёй сутнасцю свайго існавання, як і свет з чалавекам, бо ён увасабляе пачатак і завяршэнне, першаштуршок і вынік дыялектычных працэсаў. Чалавек – адухоўленая эмацыянальная праява цыклу зямных метамарфоз жыцця, няспыннага абуджэння ўсё новых форм існавання. Знаходзім у гэтым вершы як народныя так і традыцыйныя літаратурныя сімвалы кахання: ласкавы шэпт, чырвоныя ягады, спеў салаўя.
Гэтая ж тэма, тэма кахання – адна з галоўных у зборніку, рэалізуецца ў вершах На лузе ў месячных косах.., Ты не кажы, што вецер..., Ёсць вясною пара, калі салавей.... У апошнім адбываецца своеасаблівае паэтычнае атаясамліванне лірычнага героя з вясновым салаўём або асенняй лістотай.
Лісцем восені жоўтым асыплюся зноў
На дарогу, каб ногі яшчэ раз параднілі
з зямлёю.
А калі дакранецца з цёплай ласкай
жывая далонь,
Хай яна будзе толькі адным словам –
Табою.
Чацвёрты радок у цытаваным катрэне на першы погляд можа падацца недакладным. Здаецца, навошта ж далонь будзе словам, дастаткова было б сказаць, што яна будзе тваёю. Але тут, як амаль заўсёды ў Гайдука, верш аказваецца знітаваным не толькі логікай расповяду, але і паэтыкай вобразнай сістэмы. Тры чатырохрадкоўі твора – гэта тры розныя праявы жыцця, тры станы лірычнага героя, яны характарызуюцца адпаведнымі словамі-сігналамі: вясна, салавей, куст каліны, сок горкіх ягадаў, настой жыцця і водар песні роднай краіне; восень, жураўліны клянгар, ключ, млечны шлях і голас тугі вечнага развітання; асыпацца жоўтым лісцем, парадніцца з зямлёю; цёплы дотык жывой далоні выяўляецца адным словам. Утрымлівае яно ў сабе і каханне, і надзею, і мару, і натхненне. Увасабляе сабой усю эмацыянальную сукупнасць станулірычнага героя. Крыніцаю яго «Ты», таму з пяшчотай выгаворваецца, ўрэшце, як выдыхаецца адно гэтае слова – «Табой».
Пачуццём гармоніі ўсяго існавання чалавека ў магутным усеабдымным свеце прыроды прасякнута і невялікая паэма У Белавежскай пушчы. Чатыры яе часткі жывапісна перадаюць перажыванні лірычнага героя, што ўступае ў нетры краіны тайнай, запаветнай, якая дорыць душы свой супакой гаючы. Затым у 2-й і 3-й частках пушча амаль упадабляецца жывой, вялізнай махнатай істоце:
Жывыя сцены утварылі дрэвы,
Ўгары на дах спляліся кроны поруч,
Шапочуць дзіўным меладычным спевам.
...між залатой ліствою,
Ляціць дух пушчы шэраю стралою…
Над грывай пушчы...
Гэты паэтычны вобраз знаходзіць сваё развіццё ў далейшых радках (3-я частка), дзе лірычны герой разам з каханай захапляецца вялікасным жыццём пушчы, зменлівасцю краявідаў, адчуваючы сваю еднасць з зялёна-гаманлівым царствам прыроды.
... у ледзь прабачнай высі
Кружыць арол...
Махнуў крыламі, знік, а мы глядзелі
Услед за ім з тугой і захапленнем.
Глядзім уніз — каля ракі паляна,
Вузкая сцежка свежа пратаптана:
Сюдой ласі спяшаюць к вадапою.
Цяпер няма іх — толькі мы з табою.
Прысутнасць таемнага, невядомага выклікае міжвольную насцярожанасць. лёгкую трывогу, але генеральна тут валадараць жыццё, ясны сонечны свет і давер.Услаўленнем быцця і кахання гучаць заключныя радкт твора. Зварот да вечных вобразаў відавочна апраўданы тут усім папярэднім прасцягам твора:
Ты ўсё глядзела ў шчырым захапленні
На дзіўную красу жывой прыроды...
Пушча здалася першабытным раем,
А ў ёй былі мы – як Адам і Ева.
Пафас суладдзя асобы з прыродным светам рэалізуецца ў кнізе Гайдука сваеасаблівай лексікай фальклорнага сэнсавага поля: вясна, сонца, неба, птушкі, салавей, трава, кветка, анёл, каханне, гарэнне, ты. Ён фарміруе дамінанту паэтычных асацыяцый лірычнага героя, яго самадастатковасць.
Пах аернага хлеба пачынаецца і заканчваецца імпрэсіямі пра імкненне да шчасця, пра радасць быць чалавекам на зямлі, пра любоў, каханне:
Ты выйшла з жыта, як багіня.
П`ем з нашага жыцця крыніцы.
Трывай хвіліна, век — хвіліна,
Бо нам удосталь не напіцца.
(Сярод зялёных хваляў жыта...)
...другая ўжо рука
Трымае кветку — сонейка малое.
І тулімся да новага цяпла,
Якога нам ніколі не даволі.
(Адуванчык)
Ды непазбежным спадарожнікам творчай асобы з яе нізкім балявым парогам з'яўляюцца туга, скруха, горыч. Асабліва калі чалавек аказваецца і ў прамым, і ў метафарычным сэнсах замкнёным у прасторы самоты:
У чатырох сценах
Краявід нязносны:
Хаос і пустэча.
Арахна выткала сець лёсу...
Ян Чыквін, звярнуўшы ўвагу на выкарыстанне антычнага вобраза Арахны ў гэтым вершы, прапанаваў слушную версію яго паэтычнага зместу:
Хаос і пустэчу свайго жыцця, свайго свету ён (Гайдук – Л.З.) тлумачыць вобразам, узятым аж ў старажытных. Сваю быційнасць паэт «устаўляе» ў рамкі страшна далёкага, прамінулага гістарычнага часу і міфічных падзей – каб сказаць, што ўжо там «вытканы» быў ягоны лёс”4.
Крытык не без падстаў падкрэсліў найперш мінорны пафас катрэна. Аднак заўважым, што вобраз Арахны можа асацыіравацца з іншым сэнсавым радам: бунтарства, смеласць, уласная годнасць. Згодна грэчаскай міфалогіі, Арахна – дачка фарбавальшчыка тканін, ткалля выклікала на спаборніцтва саму багіню Афіну – апякунку мастацкіх рамёстваў. Арахна не пабаялася яе папярэджанняў пра кару дзёрзкім, нават таго, што Афіна з`явілася ёй ва ўласным абліччы, і смяротная – выткала малюнкі кахання багоў. Афіна парвала цудоўнай прыгажосці тканіны, а потым не дазволіла Арахне ў адчаі павесіцца, выцягнула яе з пятлі і з дапамогаю багіні цемры, чарадзейкі, абаронцы гадоўлі жывёл, пастухоўства ператварыла непакорную ў павучыху, асуджаную замест сцэн кахання несмяротных багоў вечна ткаць ў пазавуголлях шэрыя сеці6. Абагульняючы, сімвалічны сэнс перыпетый лёсу Арахны праецыруецца на псіхалагічныя перажыванні лірычнага героя верша Гайдука: ад безаглядных дзёрзкіх парыванняў раскутасці і кахання – да адчування поўнай немагчымасці змяніць свой цяперашні адчайны стан. Аднак у гэтых радках верша, здаецца, цепліцца і прыхаваная ў падтэксце выбуханосная нескароная духоўная моц, акумуляваная, напрыклад, у багдановічавых радках:
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
(Трыялет)
Гаворачы пра лірыку Гайдука як з`яву самадастатковую, побач з любоўю да прыроды, каханнем трэба падкрэсліць прысутнасць яшчэ адной важнай тэмы, за якой традыцыйна замацавалася вызначэнне «Паэт і паэзіі». З дваццаці васьмі вершаў зборніка яна выразна заяўлена ў адзінаццаці. Усё самае дарагое ў жыцці звязана з ёю: верасы – ноты ў музыцы верша, яна – успамін пра светла-прыгожае, свята-вялікае (Верасы). Паэт аднойчы і назаўсёды паверыў натхненню, і вершы яго ўвабралі ў сябе горкія памылкі і шчасце жыцця (Натхненне...). Паэзія дазваляе ўзняцца над побытам і будзённасцю, яна — душы гарэнне (Не перажыў, дык не напішаш!..), надае крылы арла (Крылы не толькі ў арла...), робіць несмяротнымі і вечнымі шчырыя хвіліны (Такой хвіліне сэрца аддаю...). За гэтую мажлівасць стаць прыналежным да творчасці, за божай іскры дадзенае слова вершатворца гатовы прыняць многія ліхія нягоды – вянок цярнёвы (У вышыні чорны птах лёсу...). Цікавыя радкі прысвечаны самому акту творчасці. Ён апісваецца як дзея касмічнага маштабу, у якую ўключаецца, дзякуючы напружанню духу, рэальны чалавек. Трава ў расе, закрытыя на міг стомленыя вочы ў радках верша суседнічаюць з законам гармоніі, абсалютам, ісцінай, гіпербалізуецца нават фізічна ледзь чутны шоргат пры запісванні верша:
І скрып пяра ў начной цішы.
Лебедзь астральны і трава ў расе.
Пачуць хоць раз жаданы спеў,
А потым вочы стомлена на міг закрыць.
Завяршэнне верша – як фармаванне новай метафізічнай з`явы, яна ўжо сама па сабе дасканалая, бо адбылася, і сцвердзіла ў чарговы раз існаванне Ідэала, блакіта вечнасці (вобраз сваеасаблівы і арыгінальны ў паэзіі Гайдука):
Час працы словы ажывіў — апраўдан труд,
Гармоніі закон у новай форме.
Дух бунту актам стаў пакоры —
У верша завяршыўся Абсалют.
(Падумала спадарыня хоць раз аб тым )
Паэт дэкларуе сваё духоўнае крэда: змаганне з хлуснёю, подласцю злою (У вышыні чорны птах лёсу...), быць справядлівым і сумленным, быць чэсным, шанаваць людзей... (Не перажыў, дык не напішаш!..). Праўда, гэтыя дэкларацыі не знаходзяць больш падрабязнай канкрэтызацыі на старонках зборніка. Зварот да сацыяльнай сферы адбыўся ў іншым светапоглядным накірунку, калі паэзія асацыятыўна звязваецца з нацыянальным – продкамі дадзеным скарбам (Ты не кажы, што вецер...), калі яна ж уяўляецца сродкам вырашэння маральных і нацыянальных праблем:
Зусім магчымае сёмае неба паэтаў.
Зусім магчыма, што ў іншым свеце
душы мужчын і жанчын
Яднаюцца ў адно — анёлаў дабрыні.
А цяпер гэта толькі так здаецца:
Бо лічаць гадзіннікі,
Бо ляцяць самалёты,
Бо рухаюцца вобразы,
Бо часта сняцца нежаданыя сны.
Яшчэ недаверліва ставімся да сваіх карэнняў…
Сварачыся паміж сабою, знішчаем сваю тоеснасць.
(Зусім магчымае сёмае неба паэтаў)
Праўда, абвінавачвае паэт у гэтым іншамоўных беспардонных суседзяў, што сеюць варожасць.
Паэзія і прырода – узаемазвязаныя крыніцы натхнення У. Гайдука. Птушак ён называе вестунамі песень паэтаў, звяртае ўвагу, што:
Толькі з крыніцы жывой вады
Песні ўдалося выдаць чар-звон...
Такая ж узаемасувязь або ўзаемазалежнасць аднаго ад другога назіраецца ў надзвычай цікавым вершы Думкі аратага:
Цень крылом крумкача
Закрывае квяцістае воблака.
Туга затоеная
Ажывае нанова,
Як нявыказанае слова.
Пяцірадкоўе выразна дзеліцца на тры часткі: умоўная пейзажная замалёўка (радкі 1 – 2) падрыхтоўвае непасрэднае выказванне перажыванняў лірычнага героя (радкі 3 – 4), якія атаясамліваюцца са станам творчага працэсу, немажлівасці лёгка раскрыць пачуццё ў слове – паэзіі. Умоўная замалёўка, бо гэта сапраўды хутчэй сімвалічна пададзеная барацьба і перамога адмоўнага над станоўчым: цёмнага колеру – над светлым і квяцістасцю, а цень, крыло крумкача проціпастаўлены воблаку. Выкарыстанне лексемы воран, крумкач скіроўвае чытача ў сферу фальклорных уяўленняў, да праблем смерці і жыцця. Знешнія сілы ўздзейнічаюць адмоўна на суб'ект. Усё ў вершы падпарадкавана раскрыццю даўніх духоўных пакут (туга затоеная).
Узнікае пытанне, чаму верш мае назву Думкі аратага, калі ў ім нават не ўспамінаецца пра якія-небудзь земляробчыя працэсы? Якое мастацкае абагульненне ўтрымлівае ў сабе гэтае словазлучэнне і ці не яно сваёй кіруючай функцыяй садзейнічае разуменню квінтэсенцыі твора? Звернемся да іншых назваў у зборніку, каб вызначыць прынцып іх фарміравання.
Сярод дваццаці васьмі вершаў паэтычнай кнігі Пах аернага хлеба дванаццаць маюць назвы альбо па галоўным прадмеце, пра які гаворыцца (Адуванчык, Сінія касачы), альбо па тым, да каго яны звернуты (Чарнавокай, Да***), па вызначэнні жанру твора (Песня), ці назваю пазначана месца, дзе адбываецца дзеянне (У Белавежскай пушчы), або часу дзеяння (Вясна). Зразумела, што ступень мастацкага абагульнення тут можа быць вельмі рознай. Але што абазначаюць у такім выпадку вынесеныя перад творам словы Як жняя альбо Ягады? Як жняя – гэта не параўнанне «падобна да жняі» альбо значэнне «ў якасці», на што найперш спадзяецца чытач, бо прыназоўнік «як» ужыты перад назоўнікам, што азначае «калі жняя», «таму, што жняя». Дадзенае словазлучэнне тройчы сустракаецца ў такім значэнні, на пачатку трохразова ўжытага радка Як жняя на постацi стала, а вынесенае ў загаловак, яно набывае яшчэ і лагічны націск, зусім слушна «перацягваючы» яго са слова стала (як апошняга ў радку) і тым самым удакладняючы ідэйны змест верша. Але, відаць, больш дакладным было б запісаць назву са шматкроп`ем у канцы: Як жняя..., гэта адразу звузіла б амплітуду яе сэнсавай шматпланавасці і надало б больш «важкасці» знамянальнай лексеме.
Аналагічна не зусім дакладнай уяўляецца і назва верша Ягады. Здаецца, што больш пасавала б тут класічнае У ягадах, бо ў творы гаворыцца ў рэальна-прадметным плане пра збіранне ягад маладымі дзяўчатамі. Лірычны ж герой хоць і знаходзіцца ў атачэнні гэтага дзеяння ды яго ўвагу і паэтычнае ўяўленне прыцягваюць найперш гонкія сосны; ён нават задаецца пытаннем чаго шукаю ў гушчары?; разважае пра свой лёс – крутую сцяжынку. У «ідэальным» плане ён знаходзіцца таксама ў пошуках – збіранні сваёй у пэўным сэнсе «ягады», свайго далёкага ад прадметнага, прагматычнага арыенціру жыцця. А гэта той жа своеасаблівы стан «у ягадах».
Такім чынам, тут, як і ў папярэдніх выпадках, назва мае не толькі і не столькі рэальна-прадметны, але і абагульняючы, сімвалічны змест. Апошняе, відаць, і дапаможа нам вычарпальна патлумачыць Думкі...
У дадзеным выпадку гэта ўяўляецца прынцыпова важным, бо ў арыгінальнай і самабытнай творчасці У. Гайдука Думкі аратага – свайго роду хіба праграмны верш.
Надрукаваны пад згаданай (і нязменнай на далей) назвай у 1967 годзе на Літаратурнай старонцы беластоцкай Нівы5, ён аднак не быў уключаны ў першую кнігу Ракіта, а толькі ў 1990 і 1997 гадах увайшоў у зборнікі Блакітны вырай і Пах аернага хлеба. Усе публікацыі мелі розныя мадыфікацыі тэксту. Акрамя таго ў 1994 годзе ў нарысе Самотнік у свеце рэчаў Ян Чыквін, цытуючы верш, прывёў яшчэ адзін яго варыянт, абмеркаваны і ўзгоднены з аўтарам6.
Такім чынам, на працягу трыццаці гадоў (з сарака літаратурнай дзейнасці) паэт не абмінаў увагай гэты твор, адчуваў неабходнасць новых яго ідэйна-мастацкіх карэляцый. Вылучала яго як праграмны і крытыка. Я.Чыквін надаваў яму ролю аднаго з цэнтральных (у трыядзе побач з Падумала хоць раз аб тым… і У чатырох сценах…), дзе найбольш яскрава адбіліся асаблівасці светасузірання паэта. Згаданыя тут вершы разглядалі ў гэткім жа, нібыта бясспрэчным, плане Т. Занеўская ў кнізе Strażnicy pamięci: Poezja białoruska w Polsce po roku 1956 (Падумала хоць раз аб тым...)7, М. Тычына ў артыкуле Метанойя і рэстаўрацыя нацыянальнай свядомасці: беларускі кантэкст (У чатырох сценах…)8.
Газетны варыянт верша быў перапрацаваны для зборніка Блакітны вырай наступным чынам (змены падаём у дужках).
колькасць складоў
(у тым ліку націскных)
6(2) Думкі аратага
5(2) Айсбергі думак
8(2) Смаргадóвыя адценні (смарагдавыя адценні)
5(2) Праменняў згустак
6(2) А ў душы надзея
8(3) Сóнечны зайчык у жмені
6(3) Цень крылом вóрана (цень крылом крумкача)
9(3) Закрывае квяцісты вóблак (закрывáе квяцíстае вóблака)
6(2) Туга затóена (туга затоеная)
7(2) Ажывае нанóва
9(3) Як недасказанае слóва
У варыянце першадруку назва верша можа ўспрымацца як выдзеленая толькі графічна, як сэнсава моцна звязаны з тэкстам (перад першы) радок. Бо яна набліжана да наступных трох фанетычна (усюды зычныя гукі «р», «г», насычанасць галосным «а») і сінтаксічна (двусастаўныя падпарадкавальныя словазлучэнні з галоўным членам – назоўнікам, знакамі пунктуацыі гэтаксама неаформленыя). Кожны з чатырох ужо кампанентаў (ці, магчыма, самастойных сказаў, ці частак складанага?) сэнсава дапаўняе, удакладняе папярэдні. (Такі спосаб вынясення пачатку верша ў загаловак мы не аднойчы сустракалі ў Гайдука. Напрыклад, гл. вышэй Як жняя…). Заключныя два радкі першай часткі дапасаваны да разгледжаных злучнікам «а». Пры гэтым апошні радок выконвае функцыю параўнання-азначэння да папярэдняга яму. Прапанаваны сінтаксічны падзел першага абзаца адпавядае таксама паэтычна-сэнсавай і лексіка-семантычнай яго структуры. У назве і трох радках за ёю «нетутэйшыя» мроі – аратага-паэта апісваюцца лексікай такога ж поля: айсберг, смарагд, праменняў сгустак. Ім процістаяць інтымнанабліжаныя, «цёплыя» словы: душа, надзея, рэальна-побытавыя жменя, сонечны зайчык другой часткі абзаца. Такім чынам, думкі аратага, апісаныя абстрагавана, як малюнак штучна-інтэлектуальна ўтворанага знешняга сусвету ў выглядзе эмацыянальна «напружанай» колеровай плямы (радкі 1 - 3) дапаўняюцца зусім зямнымі уражаннямі лірычнага героя (радкі 4 - 5).
Другое пяцірадкоўе ў эстэтыка-стылістычнам плане сіметрычнае першаму. Яно таксама выразна падзяляецца на дзве часткі, кожная з якіх уяўляе сабой не замацаванае сінтаксічнымі знакамі славазлучэнне (напрыклад, выразна радкі 6 - 7, 8 - 9), а заключная частка (радкі 8 - 10) заканчваюцца параўнаннем як недасказанае слова. Таксама, як у першым раздзеле сонечны зайчык у жмені. Найбольш сімвалічная, з выкарыстаннем сімволікі света-цені, колера, прадмета (радкі 6 - 7: цень, квяцістасць, крыло ворана, воблак) выява сусвету гэтак жа дапаўняецца апісаннем стану душы героя (радкі 8 - 10). Па сутнасці, другая частка ўяўляе сабой адлюстраванне тых жа па схеме крыніц уражанняў: знешні свет – унутраны духоўны свет.
Розняцца абедзве часткі верша між сабой бадай што як віткі спіралі. У другой тэкст граматычна больш канкрэтызаваны, выразней звязаны ў аб’яднанае выказванне. Тут словазлучэнні ўбіраюць больш кампанентаў і сувязь між дзвюма абазначана злучнікам як (чаго не было ў першым пяцірадкоўі), фармальна не выражана сэнсавая сувязь толькі між радкамі 6 - 7, 7 - 8. (У першым абзацы – гэта адзіная форма выказвання.) Другая частка больш набліжана да рэальнага акаляючага сусвету: замест экзатычнага айсберга, смаргадовых адценняў, штучнага згустка праменняў – крыло ворана, воблак. Праявай гэтай набліжанасці можна лічыць і тое, як змяніўся спосаб раскрыцця ўнутранага стану лірычнага героя. У першым выпадку ён імгненна зняты, статычны, сабой абмежаваны і самадастатковы, у другім прысутнічае псіхалагічны рух, дыялектыка пачуцця, імкненне да гарманічнага кантакту са знешнім светам, самараскрыцця ў ім. Параўнаем:
У душы надзея (цяпер, заўсёды) Туга затоена (калісьці)
Сонечны зайчык у жмені Ажывае нанова (цяпер)
(падзея ў ізаляцыі ад усяго знешняга) Як недасказанае слова
(недарэчы перарваны працэс
самаадтварэння)
У апошнім выпадку: туга ўзнікла як затоеная , калі квяцісты воблак не быў яшчэ закрыты ценем. Цяпер жа яна ажывае нанова і ўсведамляецца выразна яе прырода – недасказанае слова, г. зн. мажлівасць поўнага самавыяўлення і тым самым пошукі рэцэптара пачуццяў, узаемаразумення сярод людзей.
Сінтаксічная, стылістычная, ідэйна-семантычная роднасць і дыялектычныя адрозненні слупкоў замацаваны і ў версіфікацыі. Увесь твор, уключаючы назву, складаецца з рознастопных радкоў з фіксаванай колькасцю націскных і ненаціскных складоў. У пачатковым слупку ўсе (і загаловак) маюць два, і толькі апошні – 3, у другім пераважаюць тры націскных. Пры гэтым у абодвух пяцірадкоўях па колькасці складоў першы радок паўтарае трэці, а другі – пяты. Адзінства паэтычных рытмаў дапаўняецца адпаведнай беднай рыфмай. 1, 3 радкі: думак – згустак, другі, пяты і далучаныя да іх чацьвёрты з пачатковай ў трэцім: адценні – жмені – надзея – праменняў. У другім слупку – гэтаксама канчаткі радкоў. Шосты и восьмы: ворана – затоена; Сёмы, дзесяты і далучаецца дзевяты: воблак, слова, нанова. Знітаваны рознымі беднымі рыфмамі твор найперш уражвае мноствам націскных «о»: акрамя пазначаных, у рыфмах смаргадовыя, крылом. Такім чынам, з дваццаці трох намінатыўных лексем – іх сем, гэта значыць 30,43%, што нязвыкла для беларускай мовы, што ўтварае напружаны тон паэтычнага выказвання і як мастацкі прыём пэўным чынам «працуе» у вершы. Тое ж замацоўвалі і не вельмі звыклыя, кароткія, усечаныя формы слоў воблак, затоена, смаргадовыя. У новым варыянце адбыліся замены:
смаргадóвыя смарáгдавыя
вóрана крумкачá
квяцісты воблак квяцістае воблака
затоена затоеная
Дзякуючы ім верш набыў мяккасць гучання, фанетычную і сінтаксічную «супакоенасць». Большасць змен адбылася ў другой частцы, аўтар наблізіў яе да трохскладовай стапы (напрыклад, радок 7), надаўшы пэўную напеўнасць. Псіхалагічнае напружанне цяпер стала утварацца іншымі сродкамі: элементы трохскладовай стапы, вобразы – традыцыйна злавесны крумкача, станоўчы і ўзнёслы квяцістага воблака – скіроўваюць уяўленне чытача да фальклорнай сімволікі, да праблем жыцця–смерці. У такім выпадку і назва ўспрымаецца як найбольш гарманічна звязаная з другой часткай верша, бо чалавек, што апрацоўвае зямлю, прадстаўнік дэмакратычных слаёў, зусім натуральна з'яўляецца носьбітам народнай творчасці. Назва верша пазбаўляецца і пэўнай сэнсавай недакладнасці: строга гаворачы, у вершы ж апісваліся не думкі (мысліцельны працэс), а пачуцці, працэс перажыванняў лірычнага героя. Тэкст верша даваў падставу для размежавання гэтых паняццяў. Цяпер жа «думкі» аратага ўбіраюць у сябе азначэнне ўсіх душэўных і разумовых працэсаў, бо фальклору не уласціва іх тонкая дыференцыяцыя. Назва ўжо не можа разглядацца як пачатак верша з прадаўжэннем-удакладненнем айсбергі думак. Больш таго, самі айсбергі, згусткі праменняў і іншая стылістычная экзотыка адцягненых уяўленняў парушае ідэйна-эстэтычную цэласнасць верша. Зыходзячы з гэтага, новы варыянт (Блакітнага выраю), да якога мы звярнуліся насамперш у разглядзе, дазваляе зразумець яго як апісанне «мук» творчасці. Верш стаў кароткі, ёмісты, у ім раскрываецца псіхалагічны стан чалавека, які паэтызавана ўспрымае акаляючы свет, які абуджае ў ім пэўныя творчыя настроі, нараджае тугу нявыказанасці. Перад чытачом – думкі чалавека спелага, перажыўшага ўзлёты, надзеі, пераадолеўшага перашкоды і ўсё ж непераможанага, моцнага працаўніка-аратага. Такім уяўляецца філасофскі сэнс гэтага верша, ён замацаваны, абагульнены і ў назве. Зразумела, што слова араты тут мае не проста станоўчую, а ўзвышаную эмацыянальную ацэнку асобы – сапраўднага валадара жыцця, валадара і ў сферы мыслення і фізічнай стваральнай працы. Заўважым, што на працягу многіх гадоў пры ўсіх пераменах тэксту назва верша заставалася недатыкальнай. Відавочна, што мы маем тут выпадак змен не ідэйнай арыентацыі, эвалюцыі мыслення паэта, а пошук больш дакладных мастацкіх сродкаў дзеля выяўлення першаснай адзінай задумы, эстэтычнай крышталізацыі яе.
Гэты верш як псіхалагічная замалёўка перадтворчага акту звязаны з апісаннем напружання духоўных сіл героя дзеля пераадолення перашкод і самасцвярджэння выклікаў да сябе павышанаю ўвагу крытыкі. Ён нараджаў зусім зразумелае імкненне спраектаваць калізіі верша на рэальныя падзеі, звязаць яго з фактамі біяграфіі паэта.
У новую кнігу Пах аернага хлеба верш трапіў, як ужо гаварылася, значна перапрацаваным: першая, «юначая» частка – знятая, а ў другой апошні радок атрымаў замену «недасказанага слова» на «нявыказанае слова». Гэтым самым катастрафізм узмацніўся, бо з`явілася пачуццё немагчымасці ўвогуле пазбавіцца даўніх, заўсёдных пакут «нявыказанасці» з-за знешніх адмоўных уплываў. Але ж адначасова і першы радок зусім акрэслена ператварыўся ў выразную назву, гэта значыць, набыў выразнейшы акцэнт, а паралельна са скарачэннем твора – і дапаўняючыя, канкрэтызуючыя рысы. Як вынік, у сціслым лірычным вершы паўстаў характар мужнай асобы, здольнай несці цяжар лёсавых выпрабаванняў, іспытаў годна, без нараканняў.
Верш Думкі аратага сапраўды арганічна «ўпісваецца» ў агульную ідэйна-мастацкую сістэму кнігі Пах аернага хлеба.
У Паху аернага хлеба шмат радкоў пра каханую, пра каханне, якое здзяйсняецца на свяце прыроды. Арганічна захапленне любай пераходзіць ва ўслаўленне пераўтваральнай сялянскай працы жанчыны:
Як жняя на постаці стала –
Серп маланкаю бліснуў.
Загаварыла жыта...
Цэлы загон снапамі
Уміг пакрыўся.
(Як жняя)
Выдатна адпавядае дадзенаму выпадку абраная паэтам форма трыялета (адзіны ў кнізе), у пэўным сэнсе экзатычная, самая абмежаваная сярод іншых цвёрдых форм верша.
Звяртае на сябе ўвагу тое, што ў Пахе аернага хлеба У. Гайдук у адрозненне ад папярэдняга зборніка, апісвае сялянскую працу больш мажорнымі танамі. З часам арганічней сталі пачувацца ў творах паэта фальклорныя матывы. Адбылося ўбагачэнне паэзіі за кошт ўваходжання ў эстэтычную сістэму паэта рыс славянскага міфалагічнага светабачання, пранікнення ў касмічныя асновы светабудовы. асновы будовы жыцця на зямлі.
Духоўны свет паэта выразна змяняецца ад адной кнігі да другой. Пэўна ж, гэта выклікае іншае ўспрыняцце некаторых вершаў з Ракіты ці Блакітнага выраю ў кантэксце апошняга зборніка. Новае сэнсавае атачэнне раскрывае ў сваю чаргу новыя сэнсы, бо сапраўдны мастацкі твор адзываецца руху вакол сабе, як жывы арганізм.
Уладзімір Гайдук у кожнай сваёй кнізе стварае новае, неардынарнае, менавіта сваё сёмае неба паэтаў.
1 Памежжа на адной канапе, «ЛіМ» 1998, 20 лютага, с. 6.
2 Усе тры выданні: Беласток (Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа»).
3 Ян. Чыквiн, Самотнік у свеце рэчаў, Czasopis 1994, № 4, с. 17.
4 Ян Чыквін, Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа, Беласток 1997, с. 133 – 134.
5 «Ніва» 1967, 7 мая, с. 3.
6 Ян Чыквін, Самотнік у свеце рэчаў, „Czasopis” 1994, № 4, с. 18.
7 T. Zaniewska, Strażnicy pamięci. Poezja białoruska w Polsce po roku 1956, Białystok 1997, с. 195 – 196.
8 М. Тычына, Метанойя і рэстаўрацыя нацыянальнай свядомасці: беларускі кантэкст, «Тэрмапілы» 1998, № 1.
|