БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Людміла Зарэмба, Слова ў зменлівым свеце

Мой лёс і я

Так павялоcя ўжо ў паэтаў Беларускага літаратурнага аб’яднання ў Польшчы, што кнігі ў Бібліятэчцы “Белавежы” тут выходзяць у свет толькі з мінімальна неабходнай інфармацыяй: імя аўтара, назва кнігі, год ды месца выдання. І ні біяграфіі аўтара са звесткамі пра творча-адміністрацыйныя пасады, ні ўступных артыкулаў уплывовых крытыкаў, каментарыяў, дат у іх няма. Гэта хіба найперш сведчыць і пра высокую патрабавальнасць літаратараў да сябе, і жаданне пакінуць чытача сам-насам з творам. Калі ўдалося стварыць нешта эстэтычна вартае, аўдыторыя прыме, а як не, дык каментарыі наўрад ці дапамогуць. 

Зборнік вершаў Міхася Шаховіча Пад сузор'ямі1 складае дваццаць адзін твор. Пераважаюць невялікага памеру безназоўныя лірычныя замалёўкі, і толькі тры пазіцыі, што нагадваюць маналогі алегарычнага плану, маюць назвы: Споведзь пад сузор'ямі; Паэма ценяў; Падарожжа.

Паэтычная кніга М. Шаховіча ўражвае сваёй цэльнасцю: яна — неперарыўны расповед лірычнага героя пра тры станы свайго існавання на фоне роздумаў аб жыцці, у якія ўводзіць ўступны верш. Выразна відны тры тэматычныя раздзелы: 1. Расстанне з каханай; 2. Ад мараў да ўспамінаў; Тэма Айчыны; 3. Новае каханне. Умоўным апагеем кожнай часткі выступае невялікая паэма. Многія з вершаў па выяўленчасці сваёй набліжаюцца да алегарычных сцэнак. Чытач нібы прысутчае пры ўвасабленні класічнай тэатральнай п’есы: паэтычная прастора кнігі мае свае шматмерныя параметры месца і часу, а таксама цэнтральнага і другарадных персанажаў. Айчына паэта, яе зямля і неба, краявіды, родны дом, мінулае і сучаснасць — усё гэта населена вобразамі-персанажамі: Маці, Маці-айчына, Лёс, Час, Думкі, Успаміны, Надзея, Мары, Памяць, нават День. Яны дзейнічаюць, жывуць, уласна ствараюць паэтычны свет Шаховіча:

А там недзе час
Злосна 
Пальцам ківае,
Вока жмурыць нядобра 
І моршчыцца ў гневе
(А там недзе час…)

Альбо:

Памяць стомлена блукае,
Прамінулы час гукае. 
Душа мёрзне на марозе, 
Думкі плачуць, мары енчаць.
Ля распяцця пры дарозе,
Дзе надзея ў лахах кленчыць...
(Споведзь пад сузор’ямі)

У кнізе няма складаных біблейскіх, касмічных вобразаў, нават смерць як філасофская з'ява не стала прадметам разважанняў. Калі пра яе ўсё ж ідзе размова (Час…, Калі таго хочаш, Паэма ценяў, с. 36 – 37), аўтар выкарыстоўвае мноства эўфемізмаў: час развітацца, адыходзіць, сыйсці, згэтуль вецер адкіне; звянчацца з нябытам; заснуць, апошняя пасцель, развітанне, у краіну ценяў адплысці. Увесь гэты багаты тэатр мастацкіх вобразаў, малюнкаў з бездакорнай паслядоўнасцю падпарадкаваны адзінай мэце – раскрыццю характару галоўнай дзеючай асобы кнігі. З ёй звязана, відаць, і найважнейшая каштоўнасць гэтага томіка вершаў, у пэўным сэнсе адкрыццё М. Шаховіча.

Зараз модна гаварыць пра элітарную прадвызначанасць высокай паэзіі і заўсёды пры такіх развагах нібы спантанна завісае ў паветры пытанне: калі яна, паэзія, існуе, ствараецца абранымі дзеля абраных, дык абраных – з каго? А што з неабранымі?!
Нагадаем, як высока ставілі Асобу, проціпастаўлялі яе ўсяму сусвету рамантыкі, але ж якраз яны свядома звярнуліся да ўвасаблення народнасці. Менавіта ў народазнаўчым накірунку былі зроблены найвялікшыя эстэтычныя адкрыцці ўсходнеславянскіх літаратур новага часу, звязаныя з імёнамі Пушкіна, Гогаля, Коласа, Купалы. Мусіць, не адносіў сябе да клана надзвычайных і Канстанцін Вераніцын, які ўвёў у кампанію багоў на Парнас палясоўшчыка Тараса. Карціны побыту сялян былі дапоўнены тут тыповымі паводзінамі, раскрыццём нацыянальных рысаў характару. Класічная літаратура развівала дэмакратычныя традыцыі, вырашала галоўныя пытанні, мастацтва слова стварала вобраз чалавека працы. Ці можна сказаць у гэтым плане што-небудзь новае яшчэ і сёння, калі аблічча, стыль паводзін, псіхалогія народнага героя, здаецца, ужо дасканала высветлены на фоне самых розных гістарычных падзей?

Аднак менавіта лёс звычайнага чалавека ўяўляе сабой невычарпальную крыніцу для літаратара. У кнізе М. Шаховіча шматгранна прадстаўлены такі герой. Даўным- даўно ён быў вызначаны як "маленькі" чалавек – чалавек з невысокай прыступкі сацыяльнай лесвіцы, прадстаўнік дэмакратычных слаёў нацыі, герой з народа, чалавек працы і г.д. Ды як бы ён ні называўся, мы яго заўсёды пазнавалі і вылучалі сярод іншых па нейкіх, можа, яшчэ не растлумачаных да канца рысах, пазнавалі беспамылкова, як пазнаюць водар Айчыны, родную хату, маці, бацьку. Адчувалі яго па той нетаропкасці і памяркоўнасці, абгрунтаванасці, прадуманасці ўчынкаў, нясхільнасці да ломкі і перабудовы ладу жыцця, па нечаканай віртуознасці гумарыстычных выказванняў, шчырасці і гатоўнасці да ахвяры. Мы пазналі яго і ў галоўным героі М. Шаховіча, хаця ён, вось дзіва, нідзе не паказаны ў працэсе фізічнай працы, і мы нават не ведаем яго прафесіі. А расказвае ён нам у першым жа вершы пра будзённую справу, як аднойчы… сеў есці:

Не знаю
Нічога на ведаю.
Сядзім сабе,
Абедаем.
Насупраць –
Вочы ў вочы,
Мой лёс і я.
(Не знаю…)

Вядома ж, чалавек нялёгкай працы сеў падсілкавацца і разважае пра надзённае… са сваім лёсам! Так робяць дужыя целам і духам, сумленныя, шчодрыя людзі, гаспадары ўсяго, што ствараюць. Лірычны герой валодае моцай «знаць» і «ведаць» нешта важнае сам, лёс – не верхавод яго, а паплечнік. Зазначым тут і высокую дакладнасць словакарыстання паэта. Дзеяслоў «ведаць» не супадае з сінонімам «знаць» у адзіным важным значэнні «кіраваць, распараджацца кім-, чым-небудзь»2. І М. Шаховіч выдатна падкрэсліў гэтае адрозненне, надаўшы тым дадатковую, новую рысу свайму герою. Не часта сустракаем падобныя прыклады ў сучаснай нашай паэзіі. 

Лірычны герой Шаховіча папросту адчувае сябе сярод персаніфікаваных філасофскіх катэгорый, такіх, як лёс, час, душа, думкі. Пры гэтым яны існуюць не абстрактна самастойна, а набываюць якасці і паводзяць сябе ў дачыненні да героя нібы насельнікі, прадметы з яго сядзібы, наваколля.

Скуголіць лёс,
Надвое разарваны.
Душу заманліва
Сцябаюць успаміны.
(Я пастарэў…)

Распачынае кнігу цудоўная разгорнутая алегарычная карціна:

А побач,
Від ствараючы 
Бясспрэчнай раўнадушнасці,
Хаваючыся,
Каб бачылі,
Час
Аднастайна крочыць.
То косіцца,
То крывіцца,
Даносчыкам прыглянецца, 
То ласкавым прыкінецца.
Ківаю:
— Прысядзь, мілы.
(Не знаю...)

Захапляе сіла гэтага героя, што з лёсам сваім — як з раднёй, а з часам — на ты. Ды толькі вось час аказваецца хітрэйшым, хоць і не непасрэдна, дык праз лёс бярэ свой верх.

Такім уступае герой у Расстанне з каханай, своеасаблівую першую частку кнігі (Я пастарэў..., Шкада, не паеду ў Сахачаў…, Час…, Калі таго ты хочаш...). Расстанне нараджае думкі аб смерці, але лірычны персанаж больш заклапочаны не страхам спынення свайго фізічнага існавання, а тым, каб .зрабіць сваю адсутнасць найменш балючай для Яе:

Не помніш! І добра, 
Так будзе лягчэй развітацца. 
Душа не так плача.
(Шкада, не паеду ў Сахачаў…)

Але, калі пачуеш
Далёкі плач у смутку –
То я званю маўчаннем;
Не падымай лепш трубку.
(Калі таго ты хочаш…)

Наступны твор Споведзь пад сузор'ямі — спосаб ратавання ад болю душы, маналог "пра сябе":

Моцна, моцна баліць адзінота. 
Цяжка, цяжка катуе душу успамін.

Тут побач з каханнем узнікае тэма асэнсавання сябе як прадстаўніка пэўнага пакалення нацыі ў адносінах з маці, родным домам, верай, матыў гісторыі Айчыны. Як можна было і спадзявацца, у гэтым раздзеле ўстойлівыя індывідуальныя мастацкія вобразы, прыёмы найбольш выразна дапаўняюцца пераасэнсаваннем традыцыйных фальклорных:

Направа — трывога, 
Улева — пагроза.
Спынішся на месцы –
Душэўны нямога.

Светлае незалежнае мінулае Айчыны ў Паэме ценяў М. Шаховіч малюе ў казачнай паэтыцы:

За гарамі, 
За лясамі, 
За трыдзевяццю лугамі.
Недалёка
І не блізка, 
Там,
Дзе воблакі калыскай 
Мар квяцістых, 
Летуценняў,
Ад глыбокіх пакаленняў
Дом стаяў 
На раздарожжы.

Пры апісанні сучаснасці скарыстаны назапашаныя фальклорам адмоўныя вобразы-сімвалы ценяў трох ездакоў, вароны — падманнай жар-птушкі, створаны разгорнутыя алегарычныя карціны:

Чатыры ветры, 
Чатыры сілы.
Жменя зямлі
З сямі магілаў
Ведзьмакоў
І чарадзеяў,
Попел
Стомленай надзеі,
Вока злога,
Хвост ліхога…
(с. 32).

Тэма зняслаўленай бацькаўшчыны ўсё ж, як здаецца, набывае большую паэтычную перакананасць, калі развіваецца на скрыжаваннях з любоўнай лірыкай. Напрыклад, у вершы Зямлю абдымаю вачыма…:

Шапчу:
– Дарагая, скажы.
Чаму я жыву на мяжы?
Чаму я заўжды вінаваты?..
Дарагая, як жыць?
У родным доме выгнаннікам быць?

У новае каханне лірычны герой уступае як бы ўзбагачаны вопытам перажыванняў і роздумаў другой часткі кнігі. Па сутнасці, у невялікай паэме Падарожжа рэалізуюцца тыя псіхалагічныя настроі, што выспявалі раней. Персанаж Шаховіча як бы «вырываецца» са стану суму і скаванасці, замест ценяў коннікаў з’яўляецца вобраз каня белагрывага, што ў ранішняй імгле наровіцца ў цуглях3.

Тэма незалежнасці Айчыны, падарожжа з Дому і ў пошуках Дому (Т. Занеўская)4, звязаная з каханнем, і ўрэшце – вобраз лірычнага героя – галоўныя каштоўнасці кнігі. Выдатна распрацаваныя ў мастацкім плане, яны набываюць актуальнае публіцыстычнае гучанне. Угледзімся ў рэальнасць, каго зараз у нашым з вамі Доме называюць ужо найчасцей без іроніі "новымі"? Тых, хто найлепей адчувае сябе ў старым, як свет, працэсе набывання грошай. А таго, хто не пакінуў "высакароднай прывычкі, да працы" (М. Някрасаў) — крыўдным словам ''саўкі". Дык дзе ж ён, герой нашага часу, на якіх старонках яго шукаць?! Міхась Шаховіч усёй сваёй кнігай, ад першага да апошняга радка, выступае апалагетам чалавека працы, гаспадара лёсу, выступае супраць страты чалавечнасці і робіць гэта, бадай, у самым нялёгкім мастацкім плане — стварэнні станоўча прыгожага героя.
 


1 М. Шаховіч Пад сузор’ямі: Вершы, Беласток 1998.

2 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы У 5 т., Мінск 1977, т. 1, с. 473; т. 2, с. 501.

3 Рэфрэнам гучыць зварот: «Паедзем, мілая, паедзем…» (с. 47).

4 Гл. падрабязней: T. Zaniewska, Kategorie przestrzenne - dom, ogród, okolica dzieciństwa; Motyw drogi i wędrowca (у:) Strażnicу pamięci: Poezĵa białoruska w Polsce po roku 1956, Białystok 1997.

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster