|
Зубр
Зубр быў звычайны. Нi малады, нi стары, нi малы, нi вялiкi. Галава, тулава, хвост, ногi. Значыць – усё, што i трэба дзеля iснавання зубрынай матэрыi.
Такую ацэнку даў лясны вартаўнік Гудзейка – што нi скажаш – асоба ж кампетэнтная, калi ўпершыню агледзеў знаходку на тратуары ў цэнтры мястэчка.
Сонца не паспела выкаўзнуцца зза гарызонту i якраз у туях, што аддзяляюць тратуар ад магiстрацкай сцяны, ноч апошнiмi сiламi адбiвалася ад новага дня. Вось тут, у змрочным закавулку, i ляжаў сабе зубр, калі першым знайшоў яго кандуктар Самахiл. Спяшаўся трушком на цягнiк, а пятай пятнаццаць у Седльцы, і на памяць яму прыходзiлi малаважныя перспектывы – сумны, смярдзючы тытунёвым дымом вагон, чырвонае, непрыхiльнае ўсяму свету аблiчча начальнiка Кукулкi. Ёсць такiя людзi: як нi хадзi кругом iх на пальчыках, як нi танцуй, як ні ўсміхайся – атрымаецца дрэнна. А ўжо асаблiва яму, Самахiлу заўжды не так ступiлася, не так сказалася. Усё не так. Узяў Самахiла на прыцэл начальнiк Кукулка ды смалiць пры нагодзе i без нагоды. А пры тым, можна падумаць, лiчыць самым у раёне неабходным чалавекам. У навагоднюю ноч – хто злётае ў Седльцы? Вядома, Самахiл. А Вялiкодным святам у Варшаву? Ён жа. А яшчэ i той хiтры натоўп, што, тыркнуўшы кандуктару абшастаную залатоўку, мае жаданне з’ездзiць на край свету ды шчаслiва вярнуцца дамоў. Не надта ж выдаўжаюць крок такiя думкi. Усётакi чыгунка гэта чыгунка, гадзiннiк гэта гадзiннiк i справа якраз кандуктара звянчаць грубую магутнасць лакаматыва «гагарын» з усялякімі тонкасцямі швейцарскай «амэгі», а затым пунктуальна пятнаццаць пасля пятай з гонарам падняць руку i: „Сядай! Паехалi!” Праверыўшы гадзiннiк, ён спалохаўся: часу астаецца няшмат, а абавязкаў – хоць адбаўляй. Хiба што, калi б зараз за поштай павярнуць мiж блокаў, скарацiць шлях....
У той момант нешта зашавялiлася ў кустах. „Птушка?”– кандуктар зiрнуў туды i прыпынiўся. Невялiкi чорны ўзгорак – нiколi тут раней не бачаны – зараз выразна выпукляўся з плоскасцi тратуара. Цiкавасць хапiлася загрудкi з пунктуальнасцю, і яна, мабыць, перамагла, бо кандуктар мiж блокаў не павярнуў. Ступiў яшчэ крок наперад i спынiўся канчаткова. З тратуара уздымаўся чорны лоб, разгортваючы змрок хiсталiся магутныя рогi. Па левы бок – непрыхiльны начны сквер, з правага – маўклiвыя прамавугольнiкi паштовых будынкаў. А наўкол нi жывой душы. Самахiлу зрабiлася страшнавата. Яшчэ раз зiрнуў у напрамку туяў. Рагаты лоб, як i раней, тырчаў на фоне шэрага тратуара.
„Якi чорт? Жарты цi як?” – ён зняў з пляча службовую торбу, на выпадак нечаканай атакi.
На шчасце, ад цэнтральнага скрыжавання, заўзята нацiскаючы на педалi, хтосьцi пхаўся на ровары. Па вiнтоўцы, што тырчала зза спiны, кандуктар рассакрэцiў ляснога вартаўніка Гудзейку.
– Ну што стаiш, кiраўнiк, закапаўшыся. Качай, брат, iначай без цябе паедуць, – азваўся хрыплы бас. Але кандуктар не зварухнуўся.
– Нiхто нiкуды без мяне не паехаў i не паедзе, – ён быў стрыманы ў сантыментах да веквечна надзьмутага ляснiка. Але тут, мабыць, захацелася адзначыць важнасць сваёй асобы. – Там он, глянь! – паказаў на туi.
– Што, там? – не зразумеў вартаўнік.
– Ха, калi б я ведаў, што...
Ровар прызямлiўся тым часам на тратуары, i пан Гудзейка, падмацаваўшы адвагу стволам вiнтоўкi, зрабіў тры папартызанску чуйныя крокi ў напрамку магiстрата. Сцiскаючы слiзкi прыклад, ён i не падумаў пра амунiцыю, што ў выніку ранiшняй мiтуснi асталася ў хаце. Ды хто б i думаў пра такiя дробязi, калi iстотныя справы наступаюць на спiну. Чалавечае жыццё, у чым пераканаўся пан Гудзейка не раз i не два разы, складаюць аказii, наогул непаўторныя, праваронiш зручны момант, пiшы прапала. А тоесёе выпусцiлi ж жылістыя рукi пана Гудзейкi, не вытрымалi. Вось, хаця б вадзiцельскiя правы... Вядома, агульны перападлiк атрымоўваўся цалкам прыстойны: была свая хата з салiднымі пушчанскiмі сценамі, была сям’я, дзецi, сяктак уладкаваныя ў свеце, машына на панадворку таксама не з апошнiх.
Успамiн пра машыну i забiваў калючую iголку ў шырокiя грудзi пана Гудзейкi, асаблiва калi ўжо, перакiнуўшы нагу паўз зялёную раму, даводзiлася нажымаць супроць ветру. Не заўсёды так было. У апошняе лета, вызвалiўшыся ад непрысутнай у нiякiх паперах бярэзiны, адзначалi той факт на светлай, утульнай паляне, зараз за Лiпiнамi. Дзень быў дужа святочны, майскi Мiкола ў календары, а пан Гудзейка таксама ж Мiкола, i гонар свой мае, i фiнансавыя магчымасцi за той гонар заступіцца. Словам – зацягнулася. Дадому даехаў нармальна. Якое ж тут дзiва? Ці раз, раскрыўшы дзверы, снапом вывальваўся ў траву? А ў той дзень не пашчасціла. Быццам i невыпадкова чакалi на панадворку.
Адвячоркам, прыхапiўшы дзве лiтровыя пляшкi “сталыпiна”, гайсануў на кватэру знаёмага камiсара: „Ратуй брат! Такая вось i такая бяда”, – разгарнуў праблему на сукно ды замацаваў яе “сталыпiным”. Камiсар крадком абмацаў шкляныя фiгуры, падняў трубку, набраў нумар. „Алё! У мяне на кватэры Гудзейка”, – больш нiчога ён i не сказаў. Слухаў. Затым, адлажыўшы трубку, развёў рукамi: „На жаль, нашы хлопцы тут нi пры чым. Тваю праблему ўзяла ў свае кiпцюры ваяводская. Ведаць не ведаю, але, на маю думку, была нейкая мооцная заява. Ворагi ёсць?”
Ну i пытанне! Чалавек, у якога няма ворагаў, не чалавек проста, а сiрата круглая. Дык вось. Будзь разумны i здагадайся, хто якраз прыслужыўся. „Няма доказаў, няма вiнаватых”, – кажуць у судзе. А людзi кажуць – помста куды ж смачнейшая, калi ахвяра ведае, хто паспяхова так аддзячыў за ранейшую крыўду. Мабыць, i праўду кажуць людзi.
Праз тры месяцы вiноўнiк рассакрэцiўся сам. Спынiўся аднойчы пан Гудзейка ля кiёску на Сiвай Калёнii, не паспеў i каўкнуць пiва, як прагучала за спiною: „Так роварамроварам, пан вартаўнік? Не на машыне? Ну ясна, дзеля ж здароўя ўсё. Зараз i прэзiдэнты спортам займаюцца, i мiнiстры, i другiя важныя.” Словы насцярожылi пана Гудзейку: “А гэта што за ён? Ну, Груль з Юдзянкi, усё, што зараз вядома. Чорт яго знае, мо некалi i пiсаўся асобеню якiнебудзь штраф? Ды адно Грулю пісалася квітанцыя? Шмат такіх паперак запоўнілася цягам дзесяцігоддзя. Дзе лес, там i дэфраўданты, хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар – кажуць у народзе. Ды калi ж тое было?” – шукаў у памяцi. “А два гады – не вечнасць”, – адыходзячы, далажыў асобень. Тут канчаткова раскрылiся вочы: „Так, безумоўна. Адкуль жа табе, вош кудлатая, ведаць пра двухгадовы тэрмiн маiх вадзiцельскiх правоў? Газеты ж не пiсалi. Сарокi не галасiлi. Ды нiчога, сабачы сын, пападзеш у кiпцюры Гудзейку, во тады i спорт атрымаецца, во адгудзеш ты! Будзе аказiя – на ровары даганю”.
А вось аказii нiяк не выдавалася. Пiльнаваў – нiчога. На хiтрасць браўся – дарма. Чуткi пусцiў у народ – без водгуку. „Госпадзi, дай iскру, адну адзiную, маленькую iскрынку, а я ўжо раздзьмухаю пякельнае вогнiшча, у якiм згарыць тая Грулёўская сiла нячыстая, без дыму i попелу прападзе”, – за снеданнем шаптаў у вочы святому Мiкалаю. Той глядзеў у малочную зацірку з вышынi iконы i маўчаў. А ўчора адвячоркам азваўся тэлефон. Незнаёмы, затое вельмi ветлiвы голас без залiшнiх цырымонiй заявiў:
– Заўтра а палове шостай, дарога ад Выдмухова, Груль i яго швагер едуць з дубiнай. Сёння ссеклi. Памятай – заўтра, палова шостай, – тэлефон, як нечакана азваўся, так раптоўна i замоўк, i пан Гудзейка не паспеў нат даведацца iмя, прозвiшча цi іншыя каардынаты ананiмнага дабрадзея. Адклаўшы трубку, ляснуў кулаком у стол: „Значыць, ёсць у свеце справядлiвасць! Ёсць праўда! Ну, брат, папаўся ты.”
А затым падумаў ён пра добрых людзей, якія заўсёды ёсць, былі і ніколі не звядуцца ў нашым народзе. Да поўначы ён не заплюшчыў вочы. А пад ранiцу, расслаблены хатнiм цяплом, задрамаў. Снiлася яркае вогнiшча, вялiкi ражон, Груль на ражне пераўтвараецца ў сакавiтую скварку. А ён, Гудзейка, падмацоўвае агонь учора ссечанай дубiнаю.
Пятнаццаць да пятай заядлым званком загаласiў будзiльнiк. „Нiхто яму не казаў, а вось узяў i азваўся”, – падумаў вартаўнік, забiваючыся ў службовыя чаравiкi. „А калi б не азваўся, тады што? Не, немагчыма, няма ў свеце нiякай выпадковасцi, чаму быць, таго не пазбегчы”. Паспеў яшчэ прыхапiць вiнтоўку i ўжо сядзеў на ровары.
А цяпер, натапырыўшы ствол, ён наблiжаўся да чорнага ўзгорка побач з магiстрацкай сцяной. Яшчэ крок, i ўсё праяснілася:
– Нуу, зубр.
– Як жа, зубр? – не зразумеў Самахiл, якi стаяў у дзесяцi кроках ад цэнтра здарэння i пiльна сачыў за дзеяннямi Гудзейкі. – Хiба ж жывы зубр тутакi, пад сцяною магiстрата?
– Зубр як зубр. Не малады, не стары, не малы, не вялiкi. Ну, можа, з зiмы худы крыху, – удакладнiў Гудзейка. – Шмат такiх зараз валэндаецца ў пушчы, – тут ён зiрнуў на гадзiннiк. – Аж едрона, справы важныя ўцякаюць, а ты, Гудзейка, бавiш час, зубра быццам не бачыў.
Зiрнуў на гадзiннiк i кандуктар Самахiл. I пад службовай шапкай здубянелi валасы. Стрэлка на пятнаццаць хвiлiнаў адышла ад пятай. Уявiўся злосны твар начальнiка Кукулкi, неспакойная мiтусня ў вагонах i на пероне, i раптам кандуктару Самахiлу захацелася аднаго: няхай зараз правалiцца свет, хай задрыжыць зямля, хай акiян выступiць з берагоў. Няхай, адным словам, здарыцца абыякi цуд ды апраўдае яго, Самахiла, непрысутнасць у месцы, прадбачаным службовымi абавязкамi.
Пятнаццаць хвiлiн на шостую ў блоку па вулiцы Трэцямайскай расплюшчыў вочы сакратар партыi Яўхiм Гаворка. Звычаёва падступiў да акна, паглядзеў унiз з вышынi трэцяга паверху. Мiж лiпаў чарнеў асфальт вулiцы. Там было цiха i пуста, быццам мястэчка, скарыстаўшы ўсе свае сiлы, адышло заўчасна на пенсiю. У адстаўку. Страшнае слова – адстаўка. Шмат у iм часу, што не раздзяляецца на паасобныя днi, гадзiны, хвiлiны. Спакойнай рэчкай, згартаючы за сабою ранейшыя гонары, перамогi, iдэалы – усё кiруецца да няўхiльнага вусця. А вусце, вядома – нябыт. Нат тэлефон – раней гаваркi i чуйны – зараз, расцягнуўшы чорны злінялы хрыбет, дажывае апошнiя днi, бы стары кот на ласцы таксама ж старога гаспадара. Час ад часу патэлефануе Хведар Жменька, раней сакратар партыi ў суседнiм мястэчку, цяпер, як i Яўхiм, закiнуты ў самыя апошнiя закавулкi памяцi. „Няма партыi, нiчога няма”, – падумаў Яўхiм. – Значыць, не зусiм няма. Партыяў зараз – хоць адбаўляй. Ды якiя ж там яны? Гуляюць мiж сабою, бы хлопцы з дзяўчатамi ў каханне, то сварацца, то абдымаюцца, сходзяцца i развiтваюцца. У iхняй канверсацыi слова “не” неабавязкова чытай “не”, а слова “так” наогул нiякага не мае значэння. Раней усё было проста. Прагучала Яўхiма Гаворкі слова i нiякай мястэчковай сiле не адклiкаць, не аспрэчыць яго. А вось у дзевяноста восьмым i Яўхiму сказалi – не! I падумаць – хто? Засранцы маладыя. Сваiмi грудзьмi кармiў iх. Асабліва цяперашні сакратар – бацькам быў яму і настаўнікам, і сябрам, а ў зручны сабе момант ён што сказаў? „Партыя не тая ўжо, – заявiў. – Новы час, новая партыя! I людзi таксама ж! Вы, Яўхiм, прабачце, вы надта выразны. Учарашнi вы. Бiяграфiя ў вас... Ну, самi ведаеце, самi разумееце...”
А пятай ранiцы Паўлюка Палiтуру разбудзiў грукат Пагонi. Яму снiлася магутная, зачытаная ў кнiжках далёкая мiнуўшчына: вялiкi князь Альгерд пад мурамi Масквы. Сеўшы на каня, ён якраз пад’ехаў да Крамля i дакрануўся да яго дзiдай. Крэмль, як то ў сне, быў зусiм падобны на мястэчковы магiстрат, а маскоўскi валадар Дзмiтры Iванавiч меў, невядома чаму, твар бухгалтара Лявона Пупко. „Памятай, што дзiда лiтоўская стаяла пад Масквою”, – звярнуўся да ДзмiтраЛявона князь Альгерд. „Памятаай!” – паўтарыў яшчэ i яшчэ раз, а затым, сцiскаючы каленямi конскiя бакi, кiнуўся галопам у белую iмглу. Дружына з дзесяцi рыцараў пайшла следам. Грукат капытоў разбудзiў Паўлюка Палiтуру.
„Добра, што разбудзiўся ў час, – падумаў пан Палiтура. – Навошта здабываць нам тую Маскву. Славянская яна ж. I праваслаўная”. А над галавою барабанiлi пятамi ў столь суседавы дзеткi. I зараз, увайшоўшы ў рэальны свет, аб iх i падумаў Паўлюк: „Слухмяныя жэўжыкi, не скажаш. I дзень добры заўсёды гавораць на сходах, нат i кланяюцца з пашанай старэйшым. I ў царкве, а як жа, бачыш iх у нядзельныя поранкi. Калi б вось не тое “цоканнепшэканне”... Знiкае наша Бацькаўшчына. Сто гадоў – i след астыне. Хiба ж цяпер, у пачатку трэцяга тысячагоддзя, яшчэ здараюцца цуды?” – Такiя вось думкi таўклiся ў галаве Паўлюка Палiтуры, калi сумным вокам глядзеў ён у акно. Праз дзве гадзiны самыя старанныя смургалi будуць ужо маршыраваць тратуарам у школу. Зазiраючы з перспектывы трэцяга паверха ў загружаныя рукзакi, ён убачыць там усякiя “трылогii, элемэнтажы” ды i ўсе іншыя iнструменты, што непрыкметна высысаюць душы з маладых целаў. ”Куды iдзеце? На смерць iдзеце!” – захочацца крыкнуць. Але ён змаўчыць. Адступiўшы ад акна, моўчкi прысядзе за сталом i закурыць. Захочацца плакаць.
Пятнаццаць хвiлiнаў на шостую Агафон Сакалюк яшчэ не спаў. Сядзеў за столiкам у зале рэстарана i заўзята крэслiў на паперы нейкiя лiчбы, словы, геаметрычныя зiгзагi. „Пiва плюс бiфштэкс дае злоты дванаццаць”, – пасылала iмпульс галава. –
„Воля плюс роўнасць дае братэрства”, – у халодную бухгалтэрыю бунтарская душа падкiдала свае гарачыя словы. „Суп – два злоты трыццаць грошы”, – абмяркоўвалася ў галаве. “А хлеб для ўсiх”, – з тайных закавулкаў свядомасцi вылiвалася на паперу.
У Агафона быў малы рэстаранчык i вялiкiя мары. Мроiўся Агафону рэстаран аграмадны, не такi як зараз: двума дзесяткамі людзей яго запоўнiш ды i тыя дзесяткі не склiкаць нат у святочныя днi. Вось хаця б у апошнi вечар: пяць клiентаў, пасядзелi, выпiлi пiва, а ў касе што асталося? Пуста ў касе. А прытым у мястэчку шмат галодных i беспрацоўных. Вось i мроiўся Агафону рэстаран вялiкi бы свет, бясконцы, даўжэйшы за дах неба, пад якiм згуртуюцца ўсе жыхары нашай планеты – чорныя, белыя i жоўтыя, каталiкi, праваслаўныя i мусульмане. А ён, Агафон Сакалюк, усiх накормiць, усiх напоiць i кожнаму паасобку знойдзе добрае слова i ветлiвую ўсмешку. I ўжо нiколi галодных на зямлi не будзе.
Пералiчваючы бараноў, якіх рэзаць давядзецца дзеля пачастунку ўсяе планеты, якраз шаснаццаць на шостую ён заснуў. I спаў да адвячорка.
Але шаснаццаць пасля пятай здарыўся цуд. Узышло красавiцкае сонца. Нібыта штодзень вырываецца яно з абдымкаў супрацьлеглага паўшар’я, падымаецца на неба, вандруе з усходу на захад, але... Светлыя промнi рассыпалiся ўздоўж вулiцы, пабеглi ў сквер, мiж блокаў. Як дзеткi, залiшне прызамкнёныя ў цеснай хаце, цяпер, знюхаўшы волю, шнырылi па ўсiх самых тайных закавулках, адштурхоўваючыся ад тратуара, узлазiлi на сцены, на дрэвы, на зубрыны хрыбет.
Хто згледзеў той цуд першым, сёння ўжо невядома. Калi а восьмай ранiцы лясны вартаўнік Гудзейка даваў iнтэрв’ю мясцовай газеце, ён сказаў: “Я во перакладаў якраз ногу паўз раму, нават i замарудзiў крыху i зазлаваў быў на той ровар, што нязручны ён такi, а справы якраз былi неадкладныя, дэфраўданты ж не спяць... Вось, змагаюся з клындаю, а тая нiяк не лезе, куды яе месца. Ну, Груль, думаю, няўжо ж iзноў табе пашанцуе?! Няўжо няма справядлiвасцi ў свеце? Раптам, гляджу, паблiсквае штосьцi ў туях. Маладзiк? Не маладзiк? Ды адкуль малады месяц на тратуары? Вiнтоўку з пляча – чаму быць, тое i будзе – iду. Ступiў крок – блiшчыць. Яшчэ крок i яшчэ – а як жа, блiшчыць! Падыхо джу – блiжэй ужо не падступіш – а тут, кажу вам, не блiшчыць, а проста ззяе. Як сонца ў чыстым небе!”
Тым часам у пяцi кроках далей сваю гiсторыю ў мiкрафон распавядаў і кандуктар Самахiл. I Самахiлу было вельмi прыемна – гляньце, не якiсьцi там надзьмуты начальнiк Кукулка гаворыць свету пра самыя важныя справы, а ён, кандуктар. На ягонай асобе засяроджваецца ўвага прысутных. Словы iшлi ў прамы эфiр: “Ну што тут скажаш? Як сумленны працаўнiк чыгункi, нармальна, устаў, памыўся, торбу на плячо i ў дзверы. Час, разумееце, не чакае. Кажуць – чыгунка без пунктуальнасцi не ёсць нiякая чыгунка, а звычайны бардак. I так сабе iду i думаю: бедная наша чыгунка, ну зусiм небагатая яна. I унiформы вось, самi бачыце. I вагоны нейкiя такiя абшастаныя, i рэйкi расхiстаныя. Кiраўнiцтва, вядома, стараецца, ды што тут настараешся. Хаця, дарэчы, не ўсе кiраўнiкi добра працуюць. Iду вось i разважаю: будзе лепш цi мо горш будзе? А на душы дзiўна неяк, быццам у святло якое ступаю. А калi б так, думаю, здарыўся якiсьцi цуд... I не паверыце – толькi паспеў падумаць, як тут жа зпад зямлi i высоўваецца зубр з залатымi рагамi”.
А восьмай ранiцы на тым месцы стаяў натоўп, як за лепшым часам ля мясной крамы. Як снежная куля, сходзячы з узгорка, каўкае ўсё на сваім шляху, так зубр з залатымi рагамi згартаў да сябе мястэчка. Хто падышоў, той i прылiп. I працоўны народ, i беспрацоўны, дырэктары i сяляне, лекары i пенсiянеры, настаўнiкi i школьная моладзь. I ўсё яшчэ прычалялi новыя. Кожны з уласнымi спадзяваннямi.
Пяць на дзевятую згледзеў той натоўп Кастусь Шыла. Ён iшоў на шпацыр. Як штодзень абмiнуў касцёл, банк, за банкам быў намер павярнуць у самае цiкавае месца, на базар, а тут – натоўп ля магiстрата! „Няўжо iзноў забiлi кагосьцi?” – мiльганула ў галаве кволенькая надзея. Раз у год, рэгулярна, кагонебудзь у мястэчку зацюкаюць, а ён, Кастусь Шыла, нiколi ў добры час у адпаведным месцы не акажацца. Пакуль з’явiцца пан Шыла, чыста ўжо i гладка, а доказ злачынства даўно прыбраны санiтарнымi або палiцэйскiмi службамi. Ён i не надта любiў тыя службы за такую, залiшнюю пасля фактаў, актыўнасць. Праўда, здавалася, на мiнулым тыднi восьвось i здзейсніцца доўгачаканае. На скрыжаваннi Пiлсудскага i Трэцямайскай ровар сутыкнуўся з машынай. Нібы i не дзiва, ровар тут самы лепшы сродак камунiкацыi. Значыць, так: жанчына, гадоў пад семдзесят, абмiнаючы ўсе дарожныя законы, лоб у лоб шлёпнула ў буфер “форда”. Смешна перабiраючы нагамi, падскочыла на метры два ўверх i, як чорная варона, распласталася ўпоперак вулiцы. „Падымецца? Цi не падымецца?” – захваляваўся пан Кастусь Шыла. Ён шчаслiва знайшоўся якраз на ўскраiне мястэчковага скверу i, карыстаючыся дарункам лёсу, пiльна сачыў за падзеямi. Ахвяра дарожнай аварыi ўсё яшчэ спачывала там, дзе яе пакiнуў буфер “форда”. „Не ўстане, няма моцных”, – паспеў зрабіць прагноз, а ў той момант жанчына прыпадняла спiну, села. Хвiлiны тры вярталася да прытомнасцi. Побач, збялелы ад страху, хiстаючыся на мяккiх нагах, таптаўся кiроўца. “ Усё нармальна, цётачка? – працягнулася дапаможнае плячо. – Вы мяне бачыце?” Жанчына, iгнаруючы прапанаваную падтрымку, узнялася на ногi сваiмi сiламi. “І як едзеш, балван ты! Хто табе правы даў? Панства халернае. Бачыце, бачыце вы яго, яшчэ пытае. Дзе нi глянь, таксоўкi ўсё”, – згарнула з тратуара ровар, якi ў выніку здарэння страцiў камунiкацыйныя ўласцiвасцi і павалаклася сабе далей. Куды пайшла, пан Шыла не ведае. З тае хвiлiны, калi жанчына ўзнялася на ногi, ён страцiў сэрца да гiсторыi, што пачалася, здавалася, гарматным салютам, а далей пайшла на схiл, да банальнага завяршэння. Як чалавек, абшастаны з гучных абяцанняў, пан Шыла адступiў у свой шэры, знерухамелы свет.
Так было тыдзень назад. А цяпер ля магiстрата стаяў натоўп.
– Забiлi каго? Каго забiлi? А палiцыя? Ну, вядома, калi няма патрэбы, валэндаюцца кагалам. А калі ў бядзе грамадзянiн, абдзіраюць з кашалька яго або і зусім забіваюць – нiякага паратунку, – разгортваючы натоўп, пан Шыла дабiраўся да цэнтра падзеяў. – Хто ж зараз галаву палажыў?
– Нiкога не забiлi, ты што, чалавеча? Зубр во з залатымi рагамi аб’явiўся, – з памылковага становiшча выправiў пана Шылу нейкi чужы голас. Але пан Шыла, выбiўшыся на першы план, i сам ужо ўбачыў, у чым справа. Ад нечаканасцi разгубiўся. Не ведаў – шкадаваць цi не шкадаваць? Пабачанае ў нiякiм сэнсе не сыходзiлася з ранейшымi спадзяваннямi. З другога боку – не штодзень з’яўляецца ў мястэчку такое. Ба, добра падумаўшы, нiколi раней i не здаралася. I хто ведае, мабыць, i не будзе чарговага разу. „А зацюкаць кагонебудзь, ранейпазней зацюкаюць”, – ад такой думкі пасвятлела на душы.
– Я яго, я першы напаткаў, – адбубнiўшы iнтэрв’ю рэгiянальнаму радыё, кандуктар Самахiл даводзiў перад натоўпам свае правы на знаходку. –Адразу, як толькi вочы расплюшчыў, так i ведаў – сёння здарыцца важнае. Прадчуванне такое было. А калi выйшаў з хаты, зараз i знак на небе паказаўся. – Чаму тое ляпнуў? І сам не ведае. Мо хацелася выдаўжыць сваю прысутнасць у цэнтры здарэння?
– Якi знак? Мо крыж агнявы якi? – збянтэжаным голасам xiстануўся натоўп. – А можа Матка Боская? – падключыўся паасобны, жаночы голас. I пан Самахiл таксама збянтэжыўся. Не абдумаўшы дэталёва стратэгiю прэзентацыi сваёй асобы, ён неасцярожна вышпарыўся наперад. Трэба было ратавацца. „Мабыць, i фактычна пакарыстацца аўтарытэтам Божай Мацi? Даўно ж не аб’яўлялася ў павеце якаянебудзь святая постаць”, – падумаў ён. Ужо збiраўся з адказам, калi ў заднiх раёнах грамады зашавялiлася чорная сукенка бацюшкi Рыгора. Можна меркаваць – ён настойлiва намагаўся ў цэнтр натоўпу. Наперадзе крочыў Макар Хавоська, па прычыне буйнай фiгуры званы Бомбай. Гэты – зараз царкоўны стараста, у васьмiдзесятыя гады капiтан мясцовай мiлiцыi – уласным целам i прабiваў шлях айцу Рыгору. „Вось табе, калi б так ляпнуў”, – спахапiўся ў добры час Самахiл. – Зараз жа пайшлi б пытаннi. Асаблiва з боку гэтага Бомбы: А якая была сукенка ў Божай Мацi? А прычоска якая? А ўсмiхалася яна цi можа сумнае было аблiчча? А што ж сказала Цудоўная З’ява? A на якой мове? Парасейску ці папольску? А можа на ангельшчыне? – О так, такое пытанне з асаблiвай асалодай паставiў бы Бомба. А ўжо прыпомніўшы ангельшчыну – з імперыялістычнай гніллю ўсё яшчэ асацыюецца яна Бомбе – ягоныя вочы адразу звужаюцца ў дзве вострыя брытвы. І не прыхаваць ад гэтых брытваў ні слова, ні думку.
Знюхаўшы небяспеку, Самахiлаў iнтэлект спрацаваў на ўсю пару. Цудоўны знак, якi зараз трэба было назваць, мабыць, i не адзначаўся залiшнiмi прыкметамi арыгiнальнасцi, з другога боку – пытай, Бомба. Што толькi захочаш, пытай. Не зловiш ты Самахiла, не запрэш у цёмны закавулак. I Самахiл сказаў:
– Ну, дзiўны знак, касмiчны. Чатыры зоркi над пушчай злiлiся ў адну. З чатырох бакоў свету ляцелi i якраз панад нашай пушчай у адно сышлiся. А потым адным, аграмадным святлом на мястэчка накiравалася ўсё. Памаленьку небам плыла тая светласць, быццам бы клiкала: „Iдзi, Самахiл, да мяне iдзi”. Аж спынiлася над магiстратам. Ну што тут яшчэ скажаш... Знак.
– Набамболiўся мусь, то i сышлiся ўсе зоркi ў адну, – Бомба дабрыў якраз на апошнiя словы. Зубра, што спакойна спачываў у цяньку туяў, ён пакуль не прыкмецiў. – Ты што, Самахiл, народ цудамi якiмiсь туманiш? Нiякiх цудаў няма, – у той момант ён адчуў на спiне стомленае дыханне айца Рыгора i насуперак ранейшым намерам выдаўжыў думку:
– Няма цудаў без прычыны. А тут што?
– А хiба ж i не прычына? – рука Самахiла працягнулася ў напрамку туяў.
Цяпер i Бомба згледзеў тое, з чым астатнія паспелi пазнаёмiцца раней. Ступiў яшчэ крок: хацелася абмацаць тыя рогi, дакрануцца. Усётакi... У вялiкiх карых вачах як бы спакойная абыякавасць... А што чаўпецца ў кудлатым iлбе? Адкуль жа ведаць.
З небяспечнымi людзьмi быў у Бомбы неблагi вопыт, здаралася – садавiш асобеня на табурэтку, сам забiваешся за стол, моўчкi гартаеш паперы. Твар – камень, вочы – шкло. Дзесяць хвiляў гартаеш тыя паперы, дваццаць – няма патрэбы спяшацца. Курыш, струменiш дым зручнымi абаранкамi. Прыкiдваешся чалавекам, якога змарылi справы сусветнага маштабу, а той, згорблены на табурэце нуль, адно мантачыць твой цэнны час. Тады i кажаш: „Так i так мае быць! Усё ясна? Прызнавайся, твая маць, бо iначай...” А вось з зубрамi – што i як? – не разглядалася на курсах. I Бомба няўпэўнена спынiўся. Азiраючыся на айца Рыгора, здавалася, у яго разумных вачах шукаў падтрымку, падказку нейкую, адно слова, што дазволiць з гонарам адступiць на раней прадбачаныя пазiцыi ды ў добры момант iзноў узяць iнiцыятыву ў свае рукi. Але бацюшка пакуль маўчаў. Ніколі раней не спатыкаўся з ніякімі цудамі, нат самымі маленькімі. Дык і зараз тое, што тут адбываецца – сапраўды цуд? А калі містыфікацыя якая? Або – грубае ашуканства? Падтрымаць такое, адобрыць сваім аўтарытэтам, вядома, што абазначае: смех вечны і ссылка ў далёкія Бяшчады. Або і яшчэ далей, у Шчэцін. Але тут жа і другое прыйшло на думку: “А калі сапраўдны цуд? А калі, у рэшце рэшт, прыйшло змілаванне і на наш панадворак? І тады што? Абмінуць маўчаннем? Абыякава паставіцца? А калі рабіць, дык што рабіць? Месцы, пазначаныя цудоўнай ласкай, увекавечваюцца неяк, адзначаюцца наогул новымі храмамі. А тут жа цэнтр мястэчка, запоўнены кожны пляц, кожны квадратны метр...”
З такімі думкамі абвёў ён вачыма бліжэйшае наваколле, спыніўся на вяршынях дрэў у парку. “Не, не быць такому – розум адразу адагнаў нованароджанае. – Ніхто не дазволіць прыбраць і адно паасобнае дрэўца. Эколагі з усяго свету зараз азвуцца. Ды што казаць – азвуцца! Вэрхал падымуць такі, што і ў нябёсы рэхам панясецца. Хіба, калі б... – І тут жа ў другім напрамку злёталі вочы айца Рыгора. Прагуляліся над магістрацкімі сценамі, кранулі бліжэйшыя блокі, што выцягнуліся вышэй за магістрацкі дах. – А што, калі б завяршыць той дах купалам? – падумалася. – Пры нагодзе прыхавае ён тое сацыялістычнае шматсямейнае і шматпавярховае шкарадзенства. Так, тут можна выпрацаваць які кансэнсус. Мясцовыя людзі – зразумеюць. Не, усёткі не, – дзіўная цеплыня, быццам якія асколкі, быццам воск касмічны ад чатырох зор, пра якія хвіліну раней правіў кандуктар Самахіл, усё гэта яснай палоскай сышло на айца Рыгора. – Яшчэ не, яшчэ не зараз”, – прашаптала светлая палоска.
– А я таксама бачыў у небе тое, аб чым тут Самахiл, – дзесьцi з заднiх радоў натоўпу вырваўся нясмелы, дрыжачы голас. Народ скалыхнуўся, усе галовы павярнулiся ў тым напрамку.
– Ён бачыў, ён бачыў, ён бачыў, – пайшоў шарэнгамi неспакойны шэпт. I зараз вярнуўся назад. – А хто гэтагэтаэта?
Значыць, трэба паказацца. Невысокi ростам асобень, гадоў за пяцьдзесят, узняўшы руку, быццам вучань, што ахвотнiкам аддаецца пад ацэнку, цяпер ужо голасам болей упэўненым паўтарыў:
– Праўду кажа Самахiл. Ён, як ведаеце, не спецыялiст па касмiчнатэхнiчных справах, мабыць, у агульных рысах прадстаўляе праблему. Але ў прынцыпе, згодна з праўдай. У мяне, як ведаеце, адукацыя тэхнiчная. А хобi вось, таксама ж не таямнiца, можна сказаць – касмiчнае.
– А хто гэта? – паўтарылася пытанне. Паколькi асобень i яго прафесiйныя ды хабiстычныя квалiфiкацыi ўсё яшчэ не сталiся даступнымi шырокай публiцы, трэба зрабiць тут невялiкую рэкамендацыю. Калi вам спатрэбiцца чалавек, якi на жыццёвым шляху размiнуўся з голасам душы, чалавек, якi насуперак снам i мроям, замест каляровых, духмяных ды квяцiстых лугоў прымушаны быў абраць абмежаваны матэматычнымі законамi свет бяздушных лiчбаў i геаметрычных зiгзагаў, калi вам цiкавы такi чалавек, загляніце ў нашае мястэчка. I пытайце аб Сашку Тытуньчыку. Ён цяпер вядомая ў мястэчку асоба. Неабходныя каардынаты атрымаеце ў першай крайняй краме, у адмiнiстрацыйнай установе, або – звычайна – на вулiцы. А калi заглянеце ў мястэчка ноччу, мабыць, пашанцуе вам напаткаць Сашку ў такую хвiлiну, калi ягоная душа, сэрца i цела, аб’яднаныя ў шчыльную структуру, на крылах прыдбанага ад савецкiх базарных турыстаў тэлескопа, узлятаюць у зорнае неба.
– Кажа спадар Самахiл – вось, здарыўся цуд... Праўда, можна i так сказаць. Але – дзеля дакладнасцi – я скажу iначай. Я скажу – пацвердзiўся цуд жыцця. Цуд iснавання матэрыi i думкi. Бо, дакладна хачу тут зазначыць, у мяне таксама была нагода ў апошнюю ноч сачыць за тым, што бачыў спадар Самахiл. Раней чыталася аб тым у кнiжках, у газетах, глядзелася па тэлебачаннi. I заўжды здаралася такое дзесьцi ў свеце, дзесьцi далёка. А то ў Амерыцы, а то ў Англii, а то ў Францыi цi другiм вядомым месцы. А сёння пад ранiцу i нас наведалi. Значыць, i наша мястэчка не горшае за іншыя, i нашы людзi – не абыхто, калi тут якраз аб’явiлiся Яны. Пры апошнiм слове Сашка ўзвёў вочы ў сiняе неба. Следам пайшлi i астатнія, усё яшчэ спадзяючыся, мабыць, на прысутнасць таямнiчых Iх у застылай над магiстрацкiм дахам вышынi. Неба стаяла чыстае, дзенiдзе красавiцкiмi, перыстымi воблакамi засланяўся блакiт.
– А якiя Яны? Хто – Яны? – пан Кастусь Шыла, зведаўшы адзiн цуд вачыма, другi вушамi, цi не канчаткова забыў пра ранейшыя спадзяваннi.
– Гм, – пан Сашка таямнiча ўсмiхнуўся. – Яны – госцi, за якiмi сачыў я ўсё жыццё. Нашы, безумоўна, старэйшыя браты....
– Значыць – расіяне? – радасным воплескам выскачыў з натоўпу голас Паўлюка Палітуры. – А я так і думаў – ці не яны тут абдорылі нас? Золата ў Расеі, во, пад завязку. Усіх зуброў азалаціць у пушчы – тое, што і сплюнуць для Расеі.
– Э там. Зараз – расейскі той зубр. Калі б расейскі, то не рогі, хучэй ужо зубы былі б у яго залатыя, – скептычна адазваўся Бомба.
Сашка Тытуньчык шукаў тым часам словы, якiмi скажа зараз пра ўсе недаспаныя ночы, пра неба, цаля за цаляй абшныранае халодным шкельцам тэлескопу пад скептычныя заўвагi жонкi Алiмпii, што, вырваўшыся спрасоння пасярэдзiне ночы, не раз і не два паўтарала: „Кiнь жа дурноты, за працу вазьмiся. Людзi вунь якiя бiзнесы параскручвалi!” Думаў пан Сашка расказаць пра сваю бязмежную, матэматычнымi перападлiкамi пацверджаную ўпэўненасць у iснаванні другiх сусветаў, другiх земляў, запоўненых фантастычна пакручастымi iстотамi. Цi адну ноч рысаваў ён iх на службовай паперы? Нат калi i трэба было, згодна з загадамi начальства, зусiм другое вылiць на паперу – нейкiя бяздушныя схемы, аловак міжвольна раскрываўся цудоўнымі істотамі – двухгаловымі, трохногімі, крылатымі.
За туямi, за вокнамi магiстрата малады павятовы сакратар вядучай партыі падняў тэлефонную трубку. Збiраўся пазванiць у Варшаву знаёмаму мiнiстру. Ды як пачаць размову – не ведаў. Значыць, што? Так i так сказаць, вось аб’явiўся зубр з залатымi рагамi, ляжыць побач з магiстратам, народ гуртуецца, аб цудах правіць... А мiнiстр спытае: якi зубр, чаму ён тут, адкуль узяўся, цi не якая ён палітычная правакацыя? А дазвол ляжаць зубру побач з магістратам – улада дала? І асноўнае – у чыёй справе разлажыўся ён? Каго падтрымлівае, лежачы там?
На такія пытанні не адкажаш у адну хвіліну. І сакратар пасадзіў трубку на ранейшае месца. Задумаўся. Вось табе i заварэнцыя. А ўсё добра было, спакойна. А цяпер па прычыне кудлатай чатырохногай жывёліны гэты спакой разбураўся. Штосьці пагрозлівае, некантраляванае нябачнай птушкай разгортвалася над мястэчкам. Яшчэ няўмела, пакуль хаатычна і навобмацкі. Але ж усялякія катастрофы, на якіх правальвалася любая ўлада, ці не з нуля пачыналіся? Ад аднае кулі, што трапіла ў цэль або абмінула яе, ад аднаго слова – сказанага або прамоўчанага.
І сакратар яшчэ раз падняў трубку, набраў нумар. “Раз казе смерць!”
Адазваўся адзін гудок, другі, трэці, аж электронныя вантробы азваліся знаёмым голасам.
– Так?
– Міністр?
– Так.
– Гэта я, сакратар партыі ў мястэчку.
– Так? І як там у мястэчку? Нармальна ўсё?
– Зубр аб’явіўся ў мястэчку. Ляжыць побач з магістратам, а народ – хто жывы, усе тут! – адным рашучым сказам, адным рашучым жэстам разрэзалася набрынялая скула. Накрыўшы мікрафон далоняй, каб прытаіць неспакойнае дыханне, сакратар чакаў адказу. Але насуперак спадзяванням адказ прыйшоў халодны, сціплы, безэмацыянальны:
– Так? І ў чым справа?
– Рогі яго залатыя
– Залатыя?
– Ну, залатыя. Бліскучыябліскучыя.
За гэтымі словамі разгарнулася ў трубцы даўжэйшая цішыня. “І што, здзівіўся?!” – душа сакратара напоўнілася насалодай. – “Думаў, зноў без прычыны барабаніць сакратар?! Ад няма чаго рабіць на тэлефон абвесіўся?!”.
Але трубка працягнула размову манатонным і абыякавым голасам:
– І што, падабаецца зубр?
– Нуу, ніхто не ведае адкуль ён. Народ гуртуецца, аб нейкіх цудах балбоча.
– Ніякіх цудаў наша партыйная ідэалогія не прызнае. Гаварыў я вам ці не гаварыў? А вы зноў сваё. Выступіць, сказаць як трэба, што трэба і няма дыскусіі, – знервавалася трубка.
– Але ж і бацюшка там, – голасам сакратара авалодала збянтэжанасць.
– Ага, – маленькі перапынак уварваўся ў размову. – Такая справа. Але агульна – народ задаволены? Цешыцца, спадзяюся?
Цяпер не ў міністэрскім, а ў магістрацкім кабінеце прыпынілася слова. Націскаючы на педалі думак, сакратар маланкава аналізаваў, абмяркоўваў пачутае. Асабліва зза апошняга, зза гэтага, абыякавым голасам сказанага, “цешыцца, спадзяюся” і прытармазілася размова. “Значыць, што? Ёсць тыя цуды ці няма іх? А калі ёсць – дык адкуль бяруцца?”.
У гэты момант сакратар адчуў сябе сапёрам, што, узяўшы ў рукі невядомую міну або гранату, абмацвае яе позіркам, песціць далікатна пальцамі, здагадваецца – смерць або жыццё прытаілася за жалезнай абалонкай?
Але сакратар быў палітык. У палітыкаў ёсць свае міны і свае разрыўныя гранаты. Гэта – словы. Яны дораць палітыкам будучыню або высылаюць іх у нябыт. І сакратар абмацваў сваю міну. Песціў яе ў думках, разбіраў на паасобныя гукі, склады. Раззбройваў.
– Падабаецца, – сказаў, даводзячы голас да межаў ідэальнай ласкавасці. – Як жа не падабац ца? Хто другі, калі не вы, мог прыдумаць такое. Бо, добра думаю, за вашай справай гэты зубр? За вашым хадайніцтвам?
– Нуы, – трубка прахрыпела неяк дзіўна. Ні так, ні сяк. Але сакратар, прымусіўшы вуха да максімальнай працы, нават у гэтым абыякавым “нуы”, вычуваў перавагу станоўчага над адмоўным.
– Увогуле – геніяльная ідэя. Я заўсёды паўтараю людзям: не сіроты мы, не бязбацькавічы якія. Бачаць нас і клапоцяцца пра нас. У Варшаве і ўвогуле, – падбадзёраны трапнасцю сваіх дыягназаў, сакратар разгартаўся ў доўгую песню. Але калі шосты або дзесяты раз словам “дзякуй” паўтарыўся прыпеў, яго спынілі:
– Так вось і скажыце людзям – няхай карыстаюцца на здароўе. А мы тут памятаем і клапоцімся, і забоцімся. І ўсё ведаем, бачым і чуем.
Апошнія словы сказаліся ветліва, адчувалася ў іх бацькоўская цеплыня і жартоўнасць. Але ж і вытыркалася зза жартоўнай цеплыні нешта сухое, перасцерагальнае, пагрозлівае. І сакратар, як бы шукаючы тайнае вока і вуха, аб’ехаў позіркам сцены, партыйную шыльду на сцяне, нават жырандоль, чатырма лямпамі развешаную над галавой. Але сцены глядзелі адно партрэтамі ранейшых сакратароў, што, адслужыўшы свае тэрміны, выканаўшы даручаныя заданні, адышлі, хто куды, на больш адказныя пазіцыі, на пенсію, у лепшы свет. І ўсе партрэты, усе вочы зірылі за маладым сакратаром – турботна, абыякава, іранічна. А найбольш іроніі было ў вачах Яўхіма Гаворкі.
Партрэт Яўхіма апошнім заняў месца на сцяне, і сам Яўхім не так даўно сваёй чыста фізічнай асобай запаўняў гэты кабінет. Яго астральную прысутнасць адчуваў малады сакратар па сённяшні дзень. “Ну што, хлапец, захацеў быць грыбом, палязай у каробку”, – так менавіта ўсміхаліся гэтыя вочы. – Ідзі, выштурхоўвалі вочы. На вуліцу ідзі, там чакаюць”.
А на вуліцы мітусіўся народ. Гаманіў, пераступаў з нагі на нагу. Сакратар хвіліну адчакаў, абвёў позіркам знаёмыя і незнаёмыя твары, узняў распасцёртыя, адкрытыя рукі і, бы які Кашпіроўскі, пасылаючы ўсяму свету добрыя флюіды, заклінаў гоман. Гэты жэст заўсёды спрацоўваў. І зараз таксама – людзі пагаманілі яшчэ хвіліну і замоўклі.
– Дарагія сябры, добрыя людзі. Мне заўсёды прыемна бачыць вас у нашых сценах. Гэта вельмі важна, калі народ цікавіцца пачынаннямі сваёй улады. Аспрэчвае іх або адабрае. Калі сумняваецца і стаўляе пытанні. Так і зараз шмат якія пытанні тут прагучалі.
– Адкуль узяўся ў мястэчку цудоўны зубр? – выскачыў з натоўпу голас Бомбы.
– І хто расплаціцца за яго? Ці якраз не мы, беспрацоўныя і рабочыя? – з задніх шарэнгаў вышпарылася чарговае пытанне.
– На маю думку, расіяне, зусім бясплатна абдорылі нас, – паспяшаўся з адказам Паўлюк Палітура.
– Э там! Зараз – расіяне. Калі б расейскі ён, то не рогі, а зубы былі б залатыя, – са скептыцызмам паўтарыўся Бомба.
У гэты момант дыскусію трэба было спыніць.
– Пытаеце і прапануеце адказы – часта вельмі цікавыя, але ж і вельмі складаныя. А свет не такі ўжо і скамплікаваны. У свеце, таксама ў свеце палітыкі, усё мае канкрэтную прычыну. За злом ступае кара, за дабром – узнагарода.
– А нас за што ўзнагародзілі? – яшчэ адно пытанне ўваткнулася ў словы сакратара.
– А звычайна, за тое, што мы ёсць, – усміхнуўся сакратар. Трэба было безбалесным і натуральным шляхам пераходзіць да сутнасці справы. І сакратар перайшоў. – Вы добра ведаеце нашага міністра. Ён заўсёды з намі, у добрую хвіліну і ў благую. Днём і ноччу. І зараз ён тут – думкамі і душою, – удакладніў, бо людзі зірнулі зацікаўлена ўбок, шукаючы добра вядомую постаць.
– Значыць, што? Міністэрскі гэты зубр?
Сакратар зноў усміхнуўся. Чакаў, даводзячы іх сумняванні і цікавасць да межаў вытрымкі. І калі гэтая цікавасць узнялася на самы высокі паверх, ён сказаў:
– Так, дарагія сябры, вы ідзеце ў слушным напрамку. Шмат якое дачыненне мае наш міністр да гэтага цудоўнага зубра. Ягоны гэта дарунак. А ён, міністр – дарунак нябёсаў нашаму мястэчку, – апошнія словы сакратар, безумоўна, адрасаваў айцу Рыгору. “Як цудоўна ўсё атрымалася”, – падумаў ён.
Але нябёсы якраз прыхоўваліся за чорнымі хмарынамі. Адвёўшы ўсю ўвагу важкім, але ж зямным справам, яны праваронілі той момант, калі ў небе мяняюць антураж, прыбіраецца са сцэны ідылічнае афармленне і яго месца запаўняецца больш драматычнымі рэквізітамі. Такія ракіроўкі неабходныя. У другіх выпадках чалавек забываецца на вартасць святла, добраахвотніцкія пачастункі ўспрымае як належны сабе паёк і пачынае дамагацца – давай больш і больш.
Першая кропля дажджу пакаўзнулася па зубрыных рагах і апала залатой слязой у траву. Затым яшчэ адна, і яшчэ. Ніхто пакуль што на гэтыя кроплі не звяртаў залішняй ўвагі. Нават і добра, нават і трэба – хутчэй падымецца, раскрасуецца ў агародчыках вясновая трава, вясновая кветка.
А хмарыны замацоўваліся на нябесных пазіцыях. Дождж гусцеў і ад кожнай кроплі на бліскучым золаце зубрыных рагоў вырастаў дзяружны шрам.
– А гэта што? – Яўхім Гаворка апынуўся ў першай шарэнзе. Паказальным пальцам каўзануўся па зубрыных рагах і палец набраў бляску. І Яўхім узвёў высокавысока залаты палец, прэзентаваў яго ўсім прысутным і ўсяму сусвету. І яшчэ раз, зазіраючы ў вочы маладому сакратару, запытаўся Яўхім: – А што ж гэта такое?
Пытанне было лішняе. Сакратар і сам не быў сляпы. З першай кроплі дажджу адсочваў усё належным чынам. Але ж...
Чалавек – наогул істота аптымістычная. Бачыць тое, што хочацца бачыць, на што спадзяецца сэрца. А калі абразкі разыходзяцца, калі сварацца між сабою, спрачаюцца, тады чалавек закрывае вочы, раскрывае, закрывае зноў. І так да бясконцасці, аж вобразы вачэй і сэрца спалучацца ў згодную пару, прагучаць адным акордам.
А тут прагучаў голас Яўхіма Гаворкі – гучна, груба. Забіўся цвіком у сэрца, і сэрца зрабілася нямое ды сляпое. “І што ж зараз будзе? Што будзе? Гэтыя на вуліцы, хрэн там. Ім усё можна патлумачыць, што толькі захочаш. А вось міністр...”
Слова “міністр” забівалася паасобным, самым вялікім і самым вострым цвіком. “І які чорт падшапнуў тэлефанаваць адразу ў Варшаву? Які д’ябал?”
Шукаючы адказу на такія пытанні, ён шукаў таксама самы зручны, самы ананімны шлях для эвакуацыі з гэтага месца.
Тым часам маладыя гарцэры, выштурхнутыя наперад пачуццём грамадзянскага абавязку, разгарнулі над зубрынай спіной вялікі парасон. Але дождж, абмінаючы заслону, рабіў сваю працу паспяхова. Падпіраючыся рэзкім ветрам, наступаў з аднаго боку, з другога, адбіваўся рыкашэтам ад туяў. Праз хвіліну ні залатой кроплі, ні заблытанага праменьчыка, ні якогаколечы ўспаміну ад незвычайнасці не асталося ў зубрыных рагах. А чорныя хмарыны ападалі ўсё ніжэй і ніжэй. Прысаджваліся на дах магістрата, на паштовыя будынкі, разгортваліся па тварах людзей, кандэнсаваліся ў вачах сакратара. І бы праз чорнае шкло ён бачыў заўтрашні дзень. Адчуваючы халодны, сыры подых будучыні, малады сакратар зрабіў крок назад, потым яшчэ адзін і яшчэ, аж апынуўся ў бяспечных абдымках кабінета. Глянуў на тэлефон, з агідай падумаў пра вучоных канструктараў, што прыдумалі такую тэхніку, абвёў вачыма абвешаную партрэтамі сцяну. Фізіяномія Яўхіма Гаворкі, заўжды задумлівая і сур’ёзная, зараз расцвітала ўсмешкай на ўвесь пратэз. А можа сакратару тое проста ўявілася? Ляснуў дзвярыма з усяе сілы – няхай сарвецца той Яўхім, няхай праваліцца ў бяздонную прорву!
Чорным ходам сакратар збег з магістрата, сеў на машыну і ад’ехаў.
– Панове, прапусціце. Гэта мой зубр. Мой, – малы, дзесяцігадовы хлапчук, разгартаючы пінжакі і сукні, выбіваўся з перыферыйных раёнаў натоўпу. У руках хлопца паблісквала бляшаная баначка. – Я першы знайшоў яго, учора вечарам. І нават, о, глядзіце, гэтай во фарбай рогі памаляваў.
Апынуўшыся побач з зубром, хлопчык працягнуў руку. Залатая стужка спрэю мільганула ў паветры, сыпанулася на рогі бліскучым золатам. Але дождж ішоў ужо густы і моцны, і золата вокамгненна сплывала ў траву. Хлопец паўтарыў аперацыю, затым яшчэ раз, але вынік быў ранейшым. І ад бязраднасці ён развёў рукамі.
– Будзе лепшае надвор’е, памалюю яшчэ раз. Зараз не атрымаецца. Фарба кепская – дажджу баіцца, – вінавата ўсміхаючыся, зрабіў крок назад і знік у натоўпе.
Зусім блізка ляснуў з неба пярун, агнявым асколкам забіўся ў фабрычны комін. Агартаючы галовы парасонамі, хустачкамі, пластмасавымі пакетамі, народ хістануўся, пайшоў хто куды, урассыпную. І з гэтага своеасаблівага поля бою кожны выносіў сваё. Хто бліскучыя ордэны, хто балючыя шрамы, а яшчэ хто – звычайны сорам.
Кастусь Шыла назіраў за ходам чаравікаў і думаў пра коўзкі асфальт – ці не стане ён прычынай для яшчэ больш цікавага спектакля. Яўхім Гаворка крочыў з горда ўзнятай галавой: рассакрэціліся цяпер канчаткова мазня і тампак сучаснай палітыкі.
Бомба трушком спяшаўся за айцом Рыгорам і абураўся: чаму адпаведныя службы не займаюцца зараз засранцамі – абмазваюць жа каляровымі спрэямі ўсё, што трапіць пад руку – сцены, вокны, нават зубрыныя рогі. Айцец Рыгор праслаўляў у думках вышэйшую сілу – з яе гэта падтрымкай пазбеглася вандроўка ў далёкія рэгіёны нашай прыгожай краіны.
А ананімныя героі гэтай гісторыі, мабыць, звычайна думалі – нічога тут не было, нічога не будзе.
Здавалася, мястэчка памірылася з лёсам, пайшло па сваіх рэйках. Дзень памаленьку ўладкоўваўся ў шэрую гадзіну, калі з гэтага паўсвятла паказалася шэсце. Дакладна – азвалася голасам гармоніка. „Wyklęty powstań ludu ziemi” – знаёмай мелодыяй разгортваўся пакуль яшчэ нябачны мех гармоніка. І ўсе чорныя вароны, што звычайна прысаджваюцца ў ліпавым галлі, падняліся ў сырое неба, закружылі, замітусіліся.
А потым гармонік прыціх і раптоўна азваўся “кацюшай”. Адгаманіў зваротку, прыпеў, зручна пераліўся ў душашчыпацельнае “ах судзьба мая судзьба” і нечакана вярнуўся да пралетарскага гімна. А калі шэсце павярнула з Пілсудскага ў Трэцямайскую, гармонік заходзіўся “першай брыгадай”.
Шэсце было з дваццаці асоб і кожная асоба сціскала ў руках свой сцяг. І былі там сцягі ці не ўсяго свету, ці не ўсіх палітычных партыяў, ці не ўсіх ідэалогіяў, што валодалі людзьмі ў далёкай або і блізкай мінуўшчыне. Чырвоныя і белачырвоныя, блакітныя і зялёныя, чырвоназялёныя і белачырвонабелы.
“ПЕРАКАВАЦЬ ЗОЛАТА Ў СУП” – чорнымі літарамі на зялёным фоне выцвітаў ці не супольны для ўсіх пяцімятровай даўжыні транспарант.
Калі б не асоба Сакалюка, які крочыў саноўна на чале шэсця, можна было б падумаць – вось Персефона, у рэшце рэшт, вызвалілася з зімовых кайданоў ды разгортвае над мястэчкам свае каляровыя далоні.
Але шэсце было ад Сакалюка. Гадзінай раней, калі ўдарыў у мястэчка гучны пярун, Агафон Сакалюк пралупіў вочы. Услед за перуном азваўся і тэлефон.
– Зубр? З рагамі залатымі? Побач з магістратам? – ад кожнага слова, сказанага трубкай, вочы Агафона Сакалюка закругляліся, заходзілі здзіўленнем, здзіўленне пералівалася ў задуму, задума ў злосць. “Вось табе і ўлада! Вось табе і абранцы народныя! Народ галадае, а яны золатам абвешваюцца! Дашчэнту звар’яцелі, нават жывёліне не даруюць. Даволі ўжо”. Так падумаў Агафон Сакалюк. Ад жалю і бездапаможнай роспачы яму хацелася плакаць. Але Сакалюк быў мужчына моцны. Абцёр слязу, адклаў трубку, пляснуў кулаком у стол і, заціскаючы зубы, прахрыпеў: “Даволі! Час склікаць дружыну”.
Заварочаўся між столікаў, спатыкнуўся аб крэсла, адбіўся рыкашэтам ад прылаўка і паляцеў назад, аблакаціўся на тэлефонны апарат. “Спакойна, Сакалюк, спакойна. Не ўсё яшчэ страчана”, – прыпыніў сам сябе. Набраў адзін нумар, другі, трэці...
І неўзабаве дружына з дваццаці асоб прычаліла да магістрата, дзе было ціха і бязлюдна. Натоўп знік, адно тры маладыя гарцэры ўсё яшчэ выпаўнялі сваю функцыю. Дождж спыніўся і гарцэры знайшлі сабе другі занятак. Поўзаючы на каленях, самы маленькі зрываў маладзенькую красавіцкую траву. Перадаваў яе крыху большаму, той згортваў траву ў спраўныя букеты і аддаваў самаму вялікаму, ці не камандзіру тройкі. Самы вялікі гарцэр, прысеўшы на кукішкі, падсоўваў букет пад натапыраныя зубрыныя ноздры. І кудлатая зяпа хісталася манатоннай, лянівай жуйкай.
– Дзе рогі залатыя? – прадчуванне злога абліло Сакалюка халодным потам.
– Маю гонар далажыць – няма залатых рогаў, – самы старэйшы гарцэр падарваўся на ногі, выструніўся, прыкладаючы два пальцы да брыля шапкі, глядзеў у вочы Сакалюку. Той не зразумеў.
– Што няма? Як няма?
– З адказнасцю заяўляю – дождж абмыў. Такі ліўны пайшоў, усё дашчэнту выпаласкаў. О, глядзіце, – сыходзячы са службовай пазіцыі, гарцэр зноўку прысеў на кукішкі. – Тут можа дзе якая кропля і асталася.
Побач з гарцэрам упаў на калені і Сакалюк. І зараз чатыры рукі пабеглі ў траву. Абмацвалі яе, разгарталі, рвалі з карэннем. Авалодала Сакалюком адноадзінае жаданне, адна мроя – адшукаць у траве – хай сабе самую маленькую, хай сабе самую крывалапую залатую кропельку ды перакаваць яе ў талерку з гарохавым супам. Але на пальцах аставалася адно красавіцкая сырасць.
– Няма? Вядома, што тут няма. І вядома, дзе яно зараз ёсць, – выкрэсліваючы каленямі фантастычныя зігзагі, можа сабе, можа згуртаванай побач дружыне, а хутчэй за ўсё магістрацкім вокнам кіраваў гэтыя словы Агафон Сакалюк. – Золата саскрэблі, фарбай памалявалі і на табе, дурны народ. Глядзі, цеш вока і каўкай сліну.
А за спіною моўчкі стаяла дружына. Чатыры дзесяткі вачэй напружана ўзіраліся ў мітусню Сакалюковых пальцаў. Але пальцы вярталіся з нічым. І з кожным такім вяртаннем, з кожным беспаспяховым жэстам наводзіўся смутак на твары людзей. Іх галовы апускаліся ніжэй, за галовамі, складаючы крылы, ціхлі і ніякавелі харугвы і штандары.
Здагадваючыся аб агульным настроі, прадчуваючы няўхільнае падзенне баявога духу, Агафон Сакалюк узняўся на ногі. Рашучым жэстам адбіўся ад леташняй сухой травы, што прыліпла да нагавіц, сплюнуў.
– Мегафон. Давайце мегафон, – замітусіўся залішне, бо нейкая чуйная рука ўжо пад’язджала з тэхнікай. Прыхапіў інструмент, нацэліў у вокны магістрата. Думкі разляцеліся кожная ў свой бок, рассыпаліся бы спалоханыя птушкі. Стараўся згарнуць іх, вярнуць назад, пасадзіць на ранейшае месца.
Вельмі важнае ў такіх выпадках першае слова.
– Miałeś chamie złoty róg, – запамятанай са школьных гадоў фразай прагрымеў мегафон.
– І дзе ён? І дзе ён? – дваццаткай горлаў адгукнулася дружына, а мегафон і на гэтае пытанне адразу даваў адказ:
– Няма. Прагулялі ўсё, прамантачылі, прапіз... – Месца было ўсётакі публічнае і апошняе слова ён затрымаў у добры час.
– Прагулялі, прамантачылі, прапіз... – дружына пайшла ў раней прыадкрытую фортачку. Пайшла лёгка, навобмацкі, імпульсіўна, хоць горлы не ўсе паспелі спыніцца і слова прагучала з першай да апошняй літары.
Настрой уздымаўся. Узняліся галовы і харугвы, узнялася і рука Агафона Сакалюка. Левая ўсё яшчэ заціскала прыткнёны да вуснаў мегафон, а правая – напружаная, звязаная ў магутны кулак, быццам ствол процітанкавай гарматы, пацягнулася да магістрацкіх вакон.
– Браты, панове, таварышы! Даволі! – з узлётам харугваў мегафон набіраў новую моц.
– Даволі, – згодна падтакнула дваццацігалоссе.
– Ура! Ура! Ура! – падбадзёраны калектыўнай магутнасцю сваіх шарэнгаў, Агафон Сакалюк прагрымеў трыма сальвамі і ў гонар кожнаму “ура” зрабіў адзін крок у напрамку магістрата. Але зараз водгук зза спіны атрымаўся не зусім камплектны. Папраўдзе, не больш за тры, чатыры галасы далі чаканы адказ. І чацвёрты крок Сакалюк не зрабіў. Спыніўся, павярнуўся тварам да дружыны. Усе дваццаць фігур застылі на ранейшых пазіцыях.
Гледзячы на тыя фігуры, ён пачаў здагадвацца – ніякая рэвалюцыя тут ні сёння, ні заўтра не атрымаецца. Але здагадка не была новаю. Ці раз або два намагаўся падарваць, скалыхнуць гэты прыімшэлы камень? Дзесяткі разоў. Зрабілася Сакалюку і крыўдна, і кепска. Як заўжды, калі аддае сябе чалавек поўнасцю вышэйшым мэтам, агульным справам, змаганню за лепшае заўтра другіх, а ўзамен атрымоўвае пякучую фігу. Усётакі кожную пазіцыю, кожнае поле бою пакідаць трэба з гонарам і з горда ўзнятай галавой. Гэта абнадзейвае на будучыню. І галава Сакалюка ўзнялася вышэй.
– Мы яшчэ вернемся сюды, – пагрозлівым жэстам вышэй галавы ўзляцеў магутны кулак.
– Мы яшчэ вернемся сюды, – згодным строем пашыбавалі ў магістрацкія вокны і астатнія кулакі.
А вокны глядзелі на гэтую дэманстрацыю халоднымі мёртвымі зрэнкамі. Ні жывой душы не было ўжо ў магістраце. Усе чыноўнікі пайшлі дадому.
Агафон Сакалюк адступіў крок назад, павярнуўся спіной да магістрацкай сцяны і таксама пайшоў. Следам рушыла і дружына. Перакінуўшы за плячо каляровыя харугвы, яны ішлі ў маленькі рэстаранчык, дзе за лепшым часам згуртуюцца ўсе жыхары нашай планеты – чорныя, белыя i жоўтыя, каталiкi, праваслаўныя i мусульмане.
Кандыдат
Памёр наш Адам Антонавіч Падробка. Сышоў на вечны спачын неспадзявана, не паспеўшы папярэдзіць аб сваіх намерах ні жонку, ні пляменнікаў, ні – што самае балючае – нас, сваіх супрацоўнікаў. Вечных, вядома, няма, аднак сыходзячы са сцэны жыцця (асабліва, калі тая сцэна неразрыўна звязана з палітычнай трыбунай), недастаткова заплюшчыць вочы, легчы ў дамавіну ды спусціць дух. Трэба падумаць і пра тых, каму ў гарачы час выбарчай кампаніі не пашчэнсціла даць драла. А не пашчэнсціла нам.
І вось сядзім у маленькім пакойчыку, курым у шчырай задумёнасці і глыбокімі ўздыхамі адганяем ад сябе і чорны сум, і бэжавы цыгарэтны дым. З афішаў, аддрукаваных загадзя, спаглядаюць на нас пранізлівыя вочы Адама Антонавіча, а ягоныя вусны, заўжды гаваркія, цяжарныя абяцаннямі і пахваламі, сёння маўчыць, як той банальны прыдарожны камень. І здаецца – няпраўда ўсё. Не на той свет аддаліўся Адам Антонавіч, а звычайна – пайшоў у кіёск за газетамі, за цыгарэтамі, і неўзабаве на каменным паркеце пачуюцца знаёмыя крокі, адчыняцца дзверы ды ўсё вернецца на старую каляіну.
А можа, як добры і чуллівы бацька падчас нядзельнай гульні ў лесе, пажартаваў з нас, прыхаваўся між тоўстых соснаў і сочыць адтуль за нашымі крокамі, правярае нашу кемлівасць і спрыт?
Маўчаць, аднак, паркеты, не адчыняюцца дзверы, а замест Адама Антонавіча метафізічнымі шчылінамі скрозь сцены і скрозь падлогу прасочваецца непазбежная рэальнасць.
– Прыгожы быў мужчына, – пацягнула носам Алёна і выцерла заплаканыя вочы, каб нам, заскарузлым у панцыры ўяўнай мужчынскай абыякавасці, паказаць свой жаноцкі, звычаямі і законамі несапсуты боль. Нам і без бабскага стогну дастаткова балюча, а ўжо пачуўшы сакраментальнае “быў”, якому няма ніякай альтэрнатывы, якое немагчыма адмяніць ні сеймавай, ні ўрадавай пастановай, тойсёй, адкінуўшы ўбок правілы добрага тону і няпісаныя мужчынскія законы, горка заплакаў.
– І за каго галасаваць цяперака? – у фальцэтах стогнаў і енкаў бас Віктара Раманавіча прагучаў быццам грубая прафанацыя.
У першы момант я нават падумаў, што трэба супрацьставіцца гэтаму грубіянству, шукаў ужо адпаведныя словы, калі раптам мне прыйшло на думку і іншае: смерць ёсць смерць, хай сабе і належыцца ёй пашана, а ўсётакі жывым трэба жыць ды заплямбоўваць такія, як хаця б пасля Антонавіча, дзіры.
– Мы заўжды за Адама, – перамагаючы пахліпванне, азваўся Яська Румянюк.
Яська не быў скамплікаваны чалавек. Наогул ён маўчаў, а калі ўжо і даводзілася яму ўзяць слова, паўтараў тое, пра што ўсе добра ведалі.
Прычыны, па якіх мы дапускалі Яську ў кампанію, былі дзве. Папершае, ён нікому не перашкаджаў. Як пасадзілі яго ў маладосці за сталом старшыні прафсаюза, так і прыліп там па сённяшні дзень. Падругое, добра танчыў ды як ніхто ў свеце прыкідваўся пеўнем. Сёння, аднак, наш час поўніцца жалем. У ходзе сустрэчы не прадугледжваюцца ні танцы, ні хіхіканне, ні кукарэканне. Прабач, Яська, табе застаецца адно: забіцца ў кут ды маўчаць нібы тая – з поўнай павагай – Антонавіча магіла.
– На маю думку, – Пятро Уладзіміравіч падняўся з крэсла, дастаў з кішэні дробным макам запоўнены аркуш, з другое кішэні выцягнуў акуляры, пасадзіў іх на нос і вярнуўся да першага слова. – На маю думку, пара было б кінуць на глыбокую ваду, – ён павёў вачыма па аўдыторыі, – адсутнага тут Ігара Рыгоравіча. Малады ён, здольны. А, як ведаеце, сярэдняга ўзросту ў нашых шарэнгах балюча павялічваецца. Ігар Рыгоравіч...
– А каму ён вядомы, гэты твой Ігар, – выскачыў з месца Раманавіч. – Мне, табе і, пэўна, Алёне. А можа найперш – Алёне, – удакладніў.
Назваць гэтае выступленне дыпламатычным было б крыўдай для дыпламатыі. У малым мястэчку ўсе пра іншых ведаюць якраз тое, чаго ведаць не трэба, аднак не ўсе гэтымі ведамі карыстаюцца пры кожнай нагодзе. Праўда, паўтараюць сёетое цішком, з вуха на вуха, але ніколі ж публічна. Не, з такімі штучкамі нават Яська Румянюк не выскоквае.
– Які прыгожы мужчына быў, – загаласіла Алёна. Цяпер яе плач не быў ужо такім шчырым, бескарыслівым, выкліканым патрэбай душы. Ёй хацелася зняць з сябе непатрэбную ўвагу ды накіраваць яе на агульнавядомую асобу. – Быў і няма.
– Няма і не будзе, – рашучым тонам закончыў хаўтуры Раманавіч. – А цяпер трэба шукаць кандыдатаў. І калі так, тады ў распараджэнне шаноўных калег стаўлю сваю сціплую асобу. Магу прыняць на сваю спіну першы ўдар ды адкрыць сваім прозвішчам наш партыйны спісак.
Шаноўныя калегі павялі наўкола крышку разгубленымі позіркамі. Была ж нагода хвіліну раней пазнаёміцца з дыпламатычнымі здольнасцямі Віктара Раманавіча і, праўду сказаўшы, ацэнка атрымалася не надта высокай. Аказваецца, дзесяцігоддзямі сябруеш з чалавекам, ды так і не здагадваешся, што сядзіць у ягоных вантробах. Хто і калі падумаў, што Віктару мроіцца ўзняцца на вяршыні нашай мясцовай палітыкі? Пэўна ж, ніхто! А сітуацыя – нязручная, каб не сказаць – зусім дурная. Падняцца і запярэчыць? Так звычайна, парваўшы ўсе ранейшыя сувязі, сказаць: не, Віктар! Хто як хто, а ты вось – не!
Адам Антонавіч зірыць на нас з партрэтаў і ўсміхаецца іранічна: хіхіха, шукайце, шукайце лепшых за мяне...
Проста сказаць – шукайце, а злётаўшы туды і назад у доўгія шарэнгі прозвішчаў, пералістаўшы ўсе спіскі, аказваецца, няма там сапраўдных кандыдатаў.
І тады голас узяў Асіп Паўлавіч. Той Асіп, якому не раз даводзілася выпаўняць няўдзячную функцыю апошняга апірышча, апошняй надзеі. Асіп, якога апаненты называлі хамелеонам, а мы хвалілі за гнуткі хрыбет, свежы погляд і адкрытую думку.
– Шаноўныя калегі. У нашым палажэнні ўсё такі найлепшы кандыдат – Адам Антонавіч. Я ведаю, што хочаце сказаць, – ён рашучым жэстам у зародку пагасіў нашае здзіўленне. – Хочаце сказаць: Адама ж няма. А вось я скажу вам так: ёсць наш Адам. Бо хто ён, Адам Антонавіч? Антонавіч – легенда нашай зямлі. Несмяротны яе міф. Так, так, дарагія сябры. Несмяротны! Бо міфы і легенды не паміраюць так сабе, раптоўна, адразу. Хай сабе і адышло ў нябыт вядомае, дарагое нам цела. Няхай. Пярэчыць дарма. Аднак, аказваецца, побач з целам ёсць таксама і душа. Доўга ішлі мы да гэтай праўды, але ж дайшлі. І можам зараз сказаць адкрыта: душа ёсць. І несмяротная душа Адама Антонавіча таксама з намі. Тут і зараз.
Пры гэтых словах тойсёй аглянуўся крадком, быццам шукаючы нейкі доказ іншаземнаму існаванню чалавечай матэрыі. Аднак у непарушанай і сумнай прасторы гучаў адно голас Асіпа Паўлавіча:
– Суродзічы дарагія! Адам Антонавіч – наша надзея. Мая, твая, усіх нас спадзеў на лепшую будучыню. І трэба быць бяздушным, халодным прахвостам, каб адабраць у нашых людзей апошняе, што ў іх засталося, менавіта – надзею. Я, дарагія сябры, моцна здзіўляюся, што некаторыя з нас спрабуюць скарыстаць асобу Адама Антонавіча для сваіх прыватных мэтаў. Вылузацца ўверх, вышпарыцца наперад на ягонай, уяўна мёртвай спіне.
Асіп Паўлавіч не чытаў з лістка, ён – звычайна прамаўляў. Засунуўшы левую руку ў кішэню, правую заціскаў у кулак і час ад часу гэтым кулаком забіваў у зялёнае сукно якое важнае слова, важкі сказ. Падабалася нам такая элегантная свабода амерыканскага менеджэра, скрыжаваная з самаўпэўненасцю савецкага камісара. З кожным словам, з кожным ударам кулака расшыралася і паглыблялася прорва паміж Адамам Антонавічам і тымі кандыдатамі, якіх у сваёй наіўнасці бачылі мы на перадавых пазіцыях спіскаў. Яшчэ слова, яшчэ сказ, яшчэ ўдар кулака ў зялёнае сукно і ў полі бою застаўся адзін кандыдат – Адам Антонавіч Падробка.
***
На выбарах Адам Антонавіч перамог. Галасоў – асабліва ў правінцыі – набраў столькі, што хапіла іх, каб засекчыся ў сеймавыя дэпутаты і Асіпу Паўлавічу, і Пятру Уладзіміравічу, і мне.
Па суботах, адвячоркамі, калі сціхае сеймавая калатнеча, калі палітычны гоман аддае перавагу звычайным чалавечым роздумам, падымаем за здароўе Адама Антонавіча чарку каньяку. Другую выпіваем за саміх сябе, а трэцюю – за ўсе міфы і легенды, без якіх народы знікаюць у чорнай прорве гісторыі.
Вош
У нядзелю рaнiцай, прыводзячы ў пaрaдак свaю густую прычоску, нaчaльнiк Гiкaлa нaпaроўся нa aбсaлютнa жывую вош. Зaсеў якрaз зa пiсьмовы стол, рaзгaрнуў чыстыя кaрткi пaперы, мiж пaперaў aбстaлявaў кубaк чорнaй кaвы. I горкi, прыпaлены водар лaшчыўся aб нaчaльнiцкiя ноздры, прaнiкaў у нaчaльнiцкaе нутро бязмежным шчaсцем ды тaкой жa aсaлодaй. Яшчэ толькi стрaўнiк чвякaнуў рaнiшняй яечняй i нaчaльнiку стaлa хорaшa. Знaчыць, можнa было дaць пaчaтaк дaўно, гaдоў цi не пяць, aбмяркоўвaемым успaмiнaм. Было ж поспехaў ды подзвiгaў. Усё, чаго захочаш, было. I усё тое, як ні глядзi, трэбa дaвесцi дa ведaмa нaступных пaкaленняў. Усе тыя дні, загружаныя сумненнямі і супярэчлівымі думкамі, хмурныя і чорныя, зараз, з перспектывы часу, бачыш зусім іначай. Стаяць, бы на далоні, светлымі краскамі. Ні воблака там, ні хмурынкі. Гісторыя – адзіны справядлівы і непадкупны суддзя. Усё астатняе не мае значэння. Закіды скептыкаў, нараканні буркуноў – дзе яны зараз?
З такiмi думкамi нaчaльнiк aпусцiўся ў крэслa. I ў той момaнт, кaлi яго дупa нaмaцaлa мяккую aпору, aдурмaненыя шмaтгaдовaю звычкaй, aпошнiя фрaгменты целa здрaдзiлi. Бо трэба вам ведаць, у начальнiка Гiкалы быў такi маленькi, няшкодны навык, у далёкай маладосцi метадам капiравання прыжыты ад старшынi павятовай партыйнай арганiзацыi Антося Куца, косць ад косцi варшаўскага хлопца, якi, нiхто не ведае чаму, адразу пасля ваеннай завiрухi, апынуўся ў заняпадлай ды зусiм несвядомай правiнцыi. Сеўшы за якiнебудзь стол, Антось, можна сказаць, iнстынктыўна заглыбляўся ў кішэню, даставаў грэбень і прыгладжваў прычоску. Штосьці элегантнае і экзатычнае было ў гэтым прыгладжванні. А затым падымаўся на ногi, стаяў хвiлiну з высока ўзнятай галавой, позіркам абмацваў залу. І калi знiкаў апошнi шэпт, яшчэ раз прыгладзіўшы чупрыну, зараз ужо толькі раскірэчанымі пальцамі, кiдаў у натоўп першае слова. Затым чарговае i яшчэ сотню слоў, i тысячу, i дзесятак тысяч. Мужчыны слухалі, а ў жанчын разгараліся вочы.
Па інерцыі, кранутая далёкім успамінам, i цяпер рукa начальніка Гікалы пaшыбaвaлa ў кiшэню пiнжaкa, aдшукaлa тaм стaры, блaкiтненькi грэбень, пaкaўзнулaся пa мяккaсцi чупрыны. Штосьцi невялiчкaе шлёпнулa нa беззaгaнную бель пaперы. Зноў тaнцуюць нa чaцвёртым, пaдумaў нaчaльнiк i зaдрaў гaлaву. Пaдумaў прaвiльнa, бо шмaтсямейнaе будaўнiцтвa нaогул не зa aхову iнтымнaсцi. I кaлi нa суседнiм пaверсе твaе добрыя суседзi ўголaс прaводзяць звычaёвы aбмен думкaмi, хочaш цi не, iхнiя эмоцыi рaспaўзaюццa нa ўвесь блок. А чaсaм кaгонебудзь нaведвaе aхвотa заняцца тaнцамі, i тaды столь у тваім сaмым вялiкiм пaкоi aсыпaеццa белымi пялёсткaмi вaпны. „Сёння ж першы тыдзень посту, а яны вось чым займаюцца, танцамi”. Але нa чaцвёртым не тaнцaвaлi. I нaчaльнiцкaе вокa, злётaўшы туды i нaзaд, прызямлiлaся нa пiсьмовым стaле. Нa пaперы, якaя тaк i не пaспелa зaпоўнiццa герaiчнымi ўчынкaмi, прысеўшы нa кукiшкaх, чaрнявaрыжaя iстотa рaзглядaлa сваё новaе стaновiшчa.
“Дaлiбог, гэтa ж...” Нaчaльнiк Гiкaлa зaсунуў нa нос aкуляры, aсцярожнa, кaб не стрэсцi няпрошaную госцю ў бязмежныя кaлiдоры дывaнa, пaдняў пaперу, прыблiзiў яе дa вокa.
– Ты хто будзеш? – перaпытaў, стрымлівaючы дыхaнне.
– Вош, – aдкaзaлa яна.
– Як гэтa – вош? Якaя вош? Чыя?
– А нaрмaльнaя. Спaкон вякоў роднaянaроднaя, твaя. Зaбыў жa, гa? – Узнялaся нa зaднiя ножкi, быццaм для пaўнейшaй прэзентaцыi свaёй, някепскa aдкормленaй фiгуры.
– Ды як жa, – скaнфузiўся нaчaльнiк. – Чaўпеш ты. Дурное штотa. Мы ж вaс...– Укaзaльным пaльцaм aб’ехaў кaдык, вобрaзнa aдмaлявaўшы тое, што яны зрaбiлi з aдвечнымi пaрaзiтaмi.
– Вось тaбе, нa! – узяўшыся пaд бокi, рaскiрэчылaся вош у цэнтрaльным пункце снежнaй пaперы. – А я быццам што? Прывiд хiба ж нейкi? Ілюзія? Не такая простая справа, пазбыцца нас. Думаў – памыўся, пабрыўся, чыстыя кальсоны апрануў і ўжо на другі свет выправіўся?!
Фігура на паперы, сапраўды, стаяла рэальная, фізічная, ўздоўж яе глядзі, упоперак. Як толькі захочаш. І нaчaльнiк збялеў.
– Значыць, што? Заўсёды ты...
Прадоўжыць пытанне ён пабаяўся.
– А заўсёды, каб ведаў, – адказ быў упэўнены і бесцырымонны.
– Нават...
– А як жа, нават там, у начальніцкім кабінеце разам мы з табою, удваіх мы, – адказ прыйшоў раней, чым прагучала пытанне.
– І нават...
– І ў Варшаву я з табой ездзіла, у тыя міністэрскія пакоі, і ў Кракаў. І не падумаў нават – і ў гэтай палюбоўніцы, памятаеш? Адвячоркамі забягала ў кабінет – там мы таксама разам.
– Адкуль ты ведаеш, пра што я, – пачаў начальнік, але скончыць слова і на гэты раз яму не далі.
– Нармальна. Я твая, косць ад косці, кроў ад крыві, – вош выскалілася ў зубатай усмешцы. – Перш за ўсё ад крыві тваёй я, таму і ўсе твае думкі ведаю. Гагага.
Смяялася. А начальніку было зусім нясмешна. Усе мінулыя дні зараз вярталіся на памяць, раскладаліся ў паасобныя хвіліны, абразкі, словы. Прыпомніўся міністэрскі кабінет, доўгая шарэнга начальнікаў з усяе краіны. І ўсе, бы струна, і ўсе выпінаюць грудзі, і залатымі крыжамі прызямляецца на тыя грудзі рука пана міністра. А ён, Гікала, як і другія. Як і другія? Як жа, калі з гэтай вось, між вушамі... А міністр – бачыў усё? Усё ведаў? Мабыць, так. Дзіўна ж неяк усміхаўся, зазіраючы ў вочы. І па плячу – усіх апошніх палопаў, а яго, Гікалу – не. Мабыць, пабаяўся... А Соня? – Раптоўная думка ашарашыла начальніка. Былі ж у іх з Соняй хвіліны своеасаблівыя, інтымныя, калі не астаецца між людзьмі нават самая сціплая, самая сарамлівая занавеска... Соня. Ніколі і словам не заікнулася, што нешта не так. Але ж пайшла аднойчы за гэтым варшаўскім Антосем і ніколі ўжо не вярнулася ў мястэчка...
– Ведалі яны? – прыхоўваючы вочы, спытаў начальнік. Яму было сорамна і нязручна. Падумаў бы хто – давядзецца ў жыцці заводзіць гутарку з такой агідай. Але цікавасць была мацнейшая за ўсё астатняе, і ён спытаў. І вош адказала. І толькі ад болю, які ў такім выпадку супольны для дваіх, яе голас памякчэў, набраў мяккасці і лагоднасці.
– Я табе ніколі не здрадзіла. Ніколі. Усё, што бачыла, усё, што чула – як камень у ваду. Магіла. І ніколі не здраджу, нават тыя ўспаміны, што збіраешся пісаць, выпраўляць не думаю. Што захочаш, тое і пішы.
Але пісаць начальніку ўжо не хацелася.
Знічка
З цэнтральных раёнаў неба, ад Млечнага Шляху апускаецца знічка. Мільёны зор стаяць у знерухамелым сне і толькі яна абудзілася ды ляціць светлым, радасным полымем насустрач няўхільнаму знікненню. Здаецца, не страшны той нябыт, не мае значэння, калі на адну хвіліну, на адзін міг засяроджваеш, згартаеш на сябе позірк і ўвагу ўсяго сусвету.
Лёт знічкі звязвае бязмежны космас з панадворкам, што на прадмесці мястэчка. Панадворак малы, квадратны, трыццаць метраў на трыццаць. У іншыя дні маўклівы, закінуты ў сонную дрымоту, сёння запрашае да сябе ўсю вуліцу.
Прыйшоў Коля, раней чыгуначнiк, зараз на пенсii, прыйшоў Андрэйка – той, які ў лепшы свой час ведаў, як мёртвы кавалак драўнiны пераўвасобіць у жывое крэсла або багаты стол. Ёсць i мiлiцыянер на пенсii Чарнейка.
– Во, глядзіце, – Колька праводзіць позіркам знічку за мяжу далягляду. – Ці не наш Сенька абарваўся.
Вочы слухмяна ўзводзяцца ў вечаровае неба, на адну хвіліну спыняецца гутарка.
– Э, – скептычна хрыпіць у паўсвятле чыйсьці голас. – Напэўна хто другі. Сенька ж раніцой... Зараз, пэўна, на месцы ўжо ён, дзе трэба.
Але пан Сенька поўнасцю не дабрыў яшчэ да месца прызначэння. У хаце за жоўтымі вокнамі хістаецца полымя грамнічнай свечкі, наўкол бабысуседкi расселiся, заводзяць жалобныя песнi. Час ад часу блытаюцца iх галасы, таядругая нотка азываецца фальшам. Ну, нiчога ўсё. Не ад сэрца ж i не ад душы такiя дысанансы. Нараджаюцца ў гартані, у галасавых струнах, як вынік вялiкага старання за заземскi поспех пана Сенькi.
Бабы заўсёды так спяваюць. Цi не трыста пакаленняў ужо. I калi слухаеш iх, калi паглыбляешся ў сумныя лiтанii, так i здаецца: усё будзе добра, куды трэба накiруюць пана Сеньку. Але пакуль што ён яшчэ ляжыць між бабамі і грамнічнай свечкай і чакае.
А на вулiцы мужчыны заступаюцца за пана Сеньку памужчынску.
Згуртаваўшыся ў грамаду, кураць, прыпальваючы чарговую папяросу ад папярэдняй. I ўсе добрыя ўчынкi, што з дзяцiнства да ўчарашняга дня трапiлася зрабіць нябожчыку, узлятаюць на крылах тытунёвага дыму. Адплываюць панад садам, над блiжэйшымі домiкамі i далей, у цэнтр мястэчка над сiвымі блокамі, капулястымі цэрквамі, касцёлам, што белай вежай забiваецца ў раззоранае неба.
– А памятаеш, як шукалi той дуб? У семдзесят шостым у пушчы мы яго ўкралi, – струменiцца дым зза зубоў чыгуначнiка Колi.
– Ой там, зараз – укралi, – крывiцца Андрэйка. – Ссяклi на Вапавай трыбе, вялiкая мецыя.
– Ну, ссяклi, – згаджаецца Коля. – А вось ляснiчы – маленькi такi, тоўсценькi, Клёцкам яго звалi – а што ж бядняга набегаўся, напытаўся. Дуе вёскай, хмара гаёвых за спiною, па панадворках шныраць, у хлеўчыкi зазiраюць, у нужнiкi запускаюць вока, а дубiско ў мястэчку ўжо. На стаўпы парэзаны, фарбай намаляваны, стаiць вуструнiўшыся ў маiм плоце – будавацца якраз пачаў. I зараз там ён. Нiчуць не спарахнеў дуб.
– Прызнавацца, бо ўсiх пасаджу пад халеру, – вiшчыць Клёцак. А Сенька ведаў, i бачыш ты – нiкому не сказаў. А баяўся я – скажа. З сабакамі ж вадзіўся...
Апошнiя словы сказалiся ненаўмысна, зза звычайнай шчырасцi.
– А што, мiлiцыянер, – выпадкова прымушаны адзываецца Чарнейка. – Горшы якi гатунак, цi як? Чалавек, калi прыстойны ён, ад мундзiра хiба ж не псуецца.
Так большменш гамоняць, узгадваючы мiнулыя гiсторыi.
А мiж сказанага трымцяць словы прамоўчаныя, што не падыходзяць да абставін гэтага месца i здарэння. Пустыя, лiшнiя, як бутэлькi ў жоўтых пiвонях пад плотам.
Заядла тыя бутэлькi капiў пан Сенька. Старанлiва чысцiў ад пылу, здзiраў знiшчаныя або спаленыя сонцам этыкеткі, абмываў у цёплай вадзе, глянцаваў фланельнымі анучкамі, аж пакажацца бляск, якi малавопытны спецыялiст успрыме як фабрычны прадукт.
Адкуль такi клопат, спытаеце. Дык вось: займаўся пан Сенька продажам алкаголю невядомага паходжання. Хаця папраўдзе тут, на памежжы, i так кожны ведае радавод ягоны – прыязджае крадком, зза ўсходняй мяжы, у пластмасавых мяшэчках, тут раздзяляецца на паасобныя пляшкi. У падвалах даюць яму шляхецтва i якi захочаш смак. На кожную кiшэню i густ.
– Вам зубровачку? А можа Ельцын або Петроў? Каньяк? Калi ласка, ёсць i каньяк. Цi не фальшывы ён? Ну, як жа фальшывы. У мяне арыгiнальны тавар, усё ў краме купляецца. У краме, – за гэтыя словы кулак пана Сенькi тры разы забiваецца ў грудзi, туды, дзе за рэбрамi няспынна працуе сэрца – гарант чалавечай прыстойнасцi.
Сiла ўгавору спрыяе гандлю. I яшчэ – давер. Не рэклама, як хочуць адукаваныя мужы. Рэклама адно нервуе, калi вылазiць з тэлевiзара ў нечаканы момант.
А дарэчы, спрабаваў жа які адукаваны муж пусцiць у народ адну хаця б пляшку рускай гарэлкi? Выстаяў вочы ў вочы з мясцовым клiентам? А ў клiента заўжды свая рацыя i ён канчаткова перакананы: хвiлiнка яшчэ, i стане ахвярай ашуканства.
Тады i пачынаюцца ўзаемныя хітрыкі, тупанне, пацiранне рук, мацанне вачыма. I кулакi забiваюцца ў грудзi, аж грымяць рэбры. Iдэнтычна, бы на конскiм базары.
Але ж коньмi пан Сенька нiколi не займаўся. Бо i на халеру зараз каму конь? Аформiць агарод за домiкам? Аднаго ў мястэчку даволi. А пляшка – калi ласка, для радасцi добрая i для смутку.
Вось i прадаваў пан Сенька такiя пляшкi, запоўненыя ў падвале, мiж картопляў і скрынак буракоў, морквы, цыбулi. А ўсё сваё, не закiнеш тут хiмiяй.
Працоўны, рабацяшчы мясцовы народ. Такiм нараджаецца i ўсё.
Тады адвячоркам або i апоўначы стукай у акно пана Сенькi. Адкрые.
– Зуброўка? Ельцын? А можа – Петроў?
Вось чаму i запаўняецца бляшаная баначка зпад гарбаты. Ад кожнай дваццаткi палова трапляе якраз туды. Другая – адводзiцца на чарговую бутэльку спiрту раяль. Час такi, рыначны. Хто не iнвесціруе, iдзе ў адстаўку.
Але пан Сенька больш улюбёны ў першую дзесятку. Любіць яе асаблiвым чынам, пяшчотна. Гладзiць бронзавую паперу, разглядае падабiзну князя Мешка, а ў вачах стаiць улюбёнае аблiчча наймалодшага, Славiчка.
Цяпер у Беластоку ён. I дай добры божа – няхай там астаецца. Адно неўдалоты вяртаюцца ў мястэчка, закончыўшы адукацыю. I прыдуркi. Ну, яшчэ ўсялякія сваякі мясцовага чыноўнiцтва – ім i ў складаны час прыдбаецца якi сэнсоўны занятак.
А Славiчка забяспечыць трэба кватэрай – дзве тысячы злотых квадратны метр.
Колькi ж тады разоў трэба збегаць да бляшанкi з рукой, узброенай дзесяткай, каб неабмежаваную пространь сцiснуць у квадратны метр падлогi?
А усё проста, калi чалавек ведае, дзеля каго i чаго ён жыве.
Ды вось ужо пана Сенькi няма сярод жывых. Яшчэ ранiцай, як i штодзённа, выйшоў на сходы, на вулiцу, накiраваўся ў краму. I звалiўся на тратуар. Дарма клiкалi дапамогу.
– Але так зразу, з месца, – здзiўляецца мiлiцыянер на пенсii Чарнейка. – За нашым часам не здаралася такое.
I пачынаюць ўспамiнаць усiх, хто апошнiм часам, i зусiм нечакана, кульнуў на другi бок. Карагод адкрывае Яша, што памёр стоячы – у аўтобусе, у натоўпе. Затым iдзе Францiк – у красавiку не падняўся з ночы, i нiхто не ведае чаму.
– Хiмiя i стрэс, – кажа Андрэйка.
Далей прыходзяць на памяць тыя, хто знiк па тэхнiчнацывiлiзацыйных прычынах. Антошка, што знойдзенай на агародзе бліскучай цацкай ляснуў у ручку плуга, так ляснуў, што аж бэбухi на электрычныя драты ўзляцелi. Затым стаіць у чарзе Мiшка – ладным куском жалеза пацэлiла яго ў патылiцу незразумелая машына на фабрыцы. Ёсць яшчэ i Сяргей, якi ўпiсваецца ў першую ды ў другую катэгорыю. Ад iнфаркту памёр, а хвiлiнай раней паспеў яшчэ засадзiць швайку проста ў сэрца святочнавялiкоднага кабанчыка. Так i звалiлiся смяротным дуэтам – чалавек i парсюк.
Пойдуць раніцай а полове дзевятай.
У хату пана Сенькi заходзiлi не раз, не два разы. Вось i ведаюць, што там i як.
Напачатку трэба ўвайсці ў сенцы – шмат якiя функцыi выпаўняюць яны – калiдор, складзiк лiшнiх трантаў. Затым будзе кухня – чвэрць яе запаўняе хлебная печ, што, дарэчы, па iнерцыi, без канкрэтнай патрэбы зайшла сюды. Не аддзячыла нi адной буханкай хлеба. Ды як жа iначай, калi побач за плотам – спажывецкая крама, што працуе з ранiцы да вечара, па будзённых i выхадных днях.
А наўкол печкi – дубовы паркет. Так i спрачаюцца між сабой:
– А ты, насенне мужыцкае, ты чаго тут?
– А калi б якая вайна, дык што, у крамiк за хлебам злётаеш? А баба замесiць у дзежцы, на бляху пакладзе i ад голаду не загiнуць нам.
Ёсць, значыць, кухонная печ гарантам сытасцi ў нядобры час, да якога, як падказвае мястэчковы вопыт, добрыя днi адно гаманлiвая падрыхтоўка..
З кухнi адны дзверы выходзяць на маленькую спальню, другiя – на гасцiнны пакой. Там якраз i ляжыць пан Сенька.
Можна было, вядома, зняць месца у спецыялiстаў, закiнуць туды нябожчыка на апошнюю ноч, а з ранiцы прыйшлi б смутныя хлопцы ў чорных пiнжаках, у белых рукавiчках, спраўна ўзялi б, што трэба ўзяць. Шмат хто зараз карыстаецца такiмi выгодамi, асаблiва жыхары шматпавярховых блокаў. Не трэба потым сцiраць, прыбiраць, чысцiць паркет.
Але на прадмесцi ўсё iначай. З прадмесця адыходзяць у вечнасць, пераступаючы свой парог i на спiне лепшых суседзяў.
Чэрвеньскi Млечны Шлях апоўначы разгортваецца белай хусткай. Колькi гадзiн i нябачна перальецца ў светласць ранiцы.
Да свiтанку трэба было б здрамнуць, адпачыць. А восьмай прыйдзе бацюшка.
Суседскi іх абавязак – адправiць пана Сеньку ў апошнi шлях.
Дом
На гэтай вулачцы ўсе дамы нараджаліся ў адзін час і цяпер, узаемна пераклікаючыся, салідарна адступалі ў нябыт. Спачатку зніклі маленькія, драўляныя домікі. Затым пайшлі следам большыя, двухпавярховыя, мураваныя. Наш дом быў самы вялікі і аднае раніцы застаўся са свайго пакалення адзін. Застаўся, бы правадыр заваёванага чужынцамі племя – на радасць турыстаў і славу сённяшніх валадароў.
А наўкол вырасталі ўжо новыя будынкі – чыстыя, элегантныя, светлыя вялікімі вокнамі.
Думалі разбурыць яго. Быў стары і неахайны, колькі год назад апошнія кватаранты закрылі за сабою дзверы. Потым жэўжыкі знялі іх і закінулі побач са сцяной, у высокую крапіву. Яшчэ пазней невядомыя рукі пазбавілі яго вокнаў.
Год, можа, два стаяў так, узіраючыся ў тратуар сляпымі зрэнкамі, абдзёртыя, абшастаныя сцены надавалі яму выгляд жабрака. І людзі міжвольна пачалі абмінаць гэты дом шырокім колам, пераходзілі на другі бок вуліцы. Бо людзі заўсёды абмінаюць жабракоў, ступаюць на супрацьлеглы тратуар, а калі зза сваёй няўвагі здараецца ім сутыкнуцца твар у твар з такім асобенем, тады адводзяць вочы абыкуды або пільна ўзіраюцца ў насы сваіх чаравікаў.
Аднае восені сышлася высокая камісія. Запускалі вока ў чорныя вокны, кружылі наўкол сценаў, тузалі іх кулакамі, абштурхоўвалі малаткамі, а сцены адгукаліся глухім, мёртвым голасам. І эксперты сумна ківалі галовамі, спазіралі адзін на другога, разводзілі рукамі, як сумуюць і разводзяць рукі лекары над смяротна хворым пацыентам.
“Што ж, адно бульдозер тут”, – можна было здагадацца па іхніх позірках і жэстах.
Дом выратавала зіма. Прыйшла рана, як ніколі, засыпала снегам усе мястэчковыя бульдозеры, закавала іх у халодныя кайданы.
Часам варта выстаяць, перачакаць яшчэ адну зіму. Нават тады, калі вясна ўяўляецца як адлеглы, недасягальны бераг.
З вясною прыйшлі ў дом другія спецыялісты. Таксама зазіралі ў сляпыя вокны, хадзілі наўкол сценаў, абмацвалі іх, але іначай – пяшчотна, ласкава краналі пальцамі прыімшэлы тынк. Шукалі прыгажосці ў старых мурах і знайшлі яе. Бо чалавек, калі моцна стараецца, знаходзіць тое, што шукае.
“Будзем рамантаваць”, – можна было здагадацца па іхніх позірках і жэстах. А напрыканцы вясны дом абступілі страхары, столяры, тынкары. Дзіравы дах апранулі ў бліскучую бляху, замацавалі новыя дзверы і светлыя вокны. Стары тынк аблажылі новым, памалявалі ў аптымістычныя жоўтыя і ясназялёныя колеры. І летам ён нічым не адрозніваўся ад маладых суседзяў.
Напачатку пасяліліся тут ветэраны. Дакладней – ваенныя інваліды. Адзін быў без вока – на ваенны час выпалі дзіцячыя гады, так і не ведае – чужы ці свой асколак асляпіў яго, калі ў мястэчку нашы ворагі страляліся з нашымі сябрамі.
Другі быў без рукі, трэці без нагі. Дзе прапалі тыя канчыны – дом не пытаў. Ён дастаткова доўга жыў, і аб ўсім здагадваўся сам.
Ветэраны засялілі адзін невялікі пакойчык па ўсходняй сцяне. Невядома адкуль, ці не з сваёй пакалечанай мінуўшчыны, прыцягнулі абдзёртую шафу, хісткія крэслы, стол на трох нагах, бо чацвёртая чамусьці зламалася ў палове лыткі. І цяпер стаяў гэты стол побач з імі, абапіраючыся аб сцяну, аддыхваючыся ад нявыгады сходаў, што ўзводзяцца на другі паверх.
Да гэтых ветэранаў пачалі заходзіць іхнія сябры. Прысаджваліся на хісткія крэслы, на кульгавым стале разгортвалі тоўстыя папкі, дакументы, фатаграфіі. Пісалі нейкія прашэнні, дамагаліся кампенсацыі, падтрымкі, што неабавязкова выяўляецца ў польскіх залатоўках.
Усе тыя лісткі і лісты дылетант успрыняў бы як звычайную паперу. Але дом быў вопытным назіральнікам, здагадваўся, што якраз у гэтых старых фатаграфіях і ўчарашніх дакументах прыхоўваюцца правы на сённяшні дзень.
Следам за ветэранамі прыйшла нейкая партыя. Паставілі пісьмовы стол, чатыры крэслы. На сцяне разгарнулі дзяржаўны герб, белачырвоны сцяг.
У гэтым пакойчыку ішлі важныя размовы – будаваліся новыя вуліцы і новыя дамы, узнікалі новыя хатэлі і фабрыкі. Увогуле час быў давыбарчы і сённяшні дзень аддаваў усе свае сілы і ўсе правы невыразна акрэсленай будучыні. Дом глядзеў на гэтую мітусню, сачыў, як мінаюцца на сходах справы сусветнага маштабу з праблемамі штодзённага існавання, а адважныя абяцанкі крочаць упоруч з асноўнымі законамі эканомікі.
Зараз пасля выбараў у паўночнаўсходнім навугольніку пасяліліся інжынерыархітэктары. З раніцы да вечара загружаліся ў пакой камп’ютэры, ксераксы, эстампы, запоўненыя накідамі чалавечых мараў, а з чарговым днём з’явіліся і першыя кліенты.
Да інжынераў прыходзілі маладыя людзі. Прыходзілі парамі – ён і яна – прысаджваліся ў калідоры, бралі ў рукі каляровыя праспекты, лісталі старонкі. А на старонках, сонечнымі абразкамі выяўляліся новыя дамы. Часам яны даўжэй спыняліся над паасобнымі рысункамі, можна падумаць – заходзілі ў уяўныя сцены. Ён адчыняў дзверы ў гасцінны пакой, яна – у дзіцячы, на кухню. Чулліва абняўшыся, іх пальцы адляталі ў спальню.
А потым закрывалі праспект, выходзілі з каляровых абразкоў. Крадком, сарамліва, як чалавек, што памылкова і ў непрысутнасці гаспадароў зайшоў на чужую кватэру.
Апошнім пасяліўся ў доме пісьменнік. Выпаў яму на долю пакойчык з заходняга боку, самы маленькі, затое з акном на вуліцу. На гэтае якраз акно былі ў яго вялікія спадзяванні. “Ці раскрыецца акно новай кніжкай”, – думаў, спаглядаюдчы з другога паверху на чорны хрыбет вуліцы. І сумняваўся. Бо вуліца нат не вуліцай была, а вулачкай, што малаважнай жылкай пульсуе ў сетачцы такіх жа сябровак. Яе важнасць, яе значэнне, хто ведае, мабыць, зводзілася да нямой прысутнасці на карце мястэчка, да транспарту звычайных спраў з аднае хвіліны ў другую.
У пісьменніка было жаданне напісаць кніжку, важкую і незвычайную. Ён не быў ужо маладзенькім, заходзіў у той час, калі дзверы ў чарговыя дні звужаюцца, левы касяк бліжэй і бліжэй прыгортваецца да правага, а ноч расстаўляе густое сіта зор і трэба бязлітасна адсеяць слова ад балбатні. Што ёсць быццё, што чалавек? Што справядлівасць, а што праўда? На такія пытанні яму хацелася даць адказ.
Але па вуліцы ішлі звычайныя людзі і звычайныя дні. Часам восеньскі дождж вышываў іх шэрымі ніткамі ў банальны настальгічны смутак. Часам летнім сонцам падмалёўвалася радасная кірмашовая мазня. Не хацелася запісваць такія абразкі і такія настроі.
Ён адыходзіў ад камп’ютэра і глядзеў за акно. А насупраць акна была крама з вопраткай. Называлася аптымістычна: “Капейка”. Значыць, кожнаму па кішэні, кожнаму яна даступная. У цёплыя летнія дні прадаўшчыцы раскрывалі дзверы насцеж і можна было назіраць, як няспынным крокам струменяцца туды мясцовыя элеганткі. Пераступіўшы парог, прыпыняюцца між вешалкамі, разглядаюць сукенкі і спадніцы. Гартаюць вопратку, згодна, калектыўна, быццам спалучаныя якой нябачнай сілай у адзін першапачатковы арганізм, у адну бязмежную думку, лістаюць супольную ўсім людзям кніжку, напісаную далёка раней, мабыць, у тую хвіліну, калі святло і змрок раздзяліліся, пайшлі кожны сваім шляхам.
Так думаў пісьменнік і яму не хацелася пісаць. Усё ўяўлялася лішнім і раней сказаным.
Але зноў аднаго дня стаяў ён у акне і глядзеў на вуліцу. Тратуарам ішлі хлопец і дзяўчына, няспешна, нага за нагу. У іхніх далонях, шчыльна сплеценых, бы ў сонечных арэлях, калыхаліся і агульна даступны чэрвеньскі дзень, і маленькае прыватнае шчасце. Спыніліся перад крамай, стаялі хвіліну, зазіраючы адно другому ў вочы, а затым пераступілі адчыненыя насцеж дзверы.
Дзяўчына і хлопец, можна здагадацца, рыхтаваліся да шлюбу. Здымалі з вешалак гарнітуры, ён знікаў на адну хвіліну ў паўзмрочным нутры прымяральні, разгортваючы занавес, яна цікавала за ім. Выходзілі на тратуар, разглядалі ў летнім сонцы колер пінжака або нагавіц і зноў вярталіся ў краму. У хлопца з дзяўчынай было наперадзе ўсё жыццё і яны зараз дэталёва абмяркоўвалі – у які касцюм, у якую сукенку апрануць свой першы супольны дзень.
Ля прылаўка, побач з хлопцам і дзяўчынай прыпынілася жанчына ў чорнай вопратцы. У яе ўчора памёр муж – малады, трыццацігадовы.
Маладая смерць у малым мястэчку – ніколі не ананімная. Усе ведаюць яе імя і прозвішча, на адну кароткую хвіліну стараюцца адшукаць у памяці яе твар. Пісьменнік глядзеў за акно і таксама стараўся прыгадаць мужчынскую постаць – дзень, тыдзень раней, мабыць, у пары з жанчынай сустракаў іх на гэтай вуліцы.
Але ні твар, ні постаць у памяці не знайшліся.
Жанчына ў чорнай сукенцы, не губляючы залішне часу, прыхапіла штось з прылаўка – нат не паспеў адсачыць – можа хустачку, можа блузачку – загарнула гэта ў пластмасавы пакет і апынулася на вуліцы.
Час гэтай жанчыны размяжоўваўся між цяперашняй хвілінай і заўтрашнім днём, калі на могілках, на ўскраіне мястэчка трэба будзе развітвацца з усім, што было раней.
“Кожны чалавек – усётакі аўтаномны космас. Людзі ідуць паралельна, плячо ў плячо і папраўдзе – ніколі не сустракаюцца. Нават на вуліцы, нават у краме з вопраткай”, – падумаў пісьменнік. Ён адышоў ад акна, сеў за пісьмовы стол. Глядзеў на тэлефон, што драмаў побач з камп’ютэрам. Хацелася патэлефанаваць Іне – як заўжды, калі было яму дрэнна. Падняў трубку, набраў добра знаёмы нумар. Павярнуўшыся спіной да камп’ютэра, распавядаў абразок за акном.
– Людзі не ідуць паралельна адзін аднаму, – запярэчыла Іна. – Мы перасякаемся кожны дзень і кожную хвіліну. Адчуваем, думаем адзін пра аднаго і нашыя думкі – гэта тыя скрыжаванні, на якіх мы ўвесь час сустракаемся.
У голасе Іны прагучала, як заўсёды, штосьці незвычайнае. Ён не ведаў, як тое штосьці назваць. Кожнае слова здавалася банальным і агульным. А ў голасе Іны непаўторная жаночая лагоднасць спалучалася з падзіцячы безабароннай ўпэўненасцю ў перавагу добрага над злым. Гэты голас напаўняў яго спакоем.
Часам прыходзіла на думку і другое: “Я кахаю яе голас”. І ў такіх выпадках ён моцна хваляваўся, як хвалюецца і трывожыцца чалавек, ступаючы ўпершыню на невядомую яму сцежку.
Зараз слухаў яе голас і хацелася спытаць: “А ты? Думаеш пра мяне?”.
Але ён не спытаў. Як ніколі не пытаў яе: “Кахаеш?”. Ён ведаў – паставіўшы такое пытанне і самому трэба даць на яго адказ.
Часам заходзіў да пісьменніка ягоны лепшы сябра Уладзік. Пачынаў размову з надвор’я – раз яркім сонцам выпальвае яно кукурузу ў полі, іншым разам наводзіць неўраджай трускавак празмернымі ліўнямі. І кожная лішняя кропля дажджу, кожны прамень, легкадумна кінуты сонцам на зямлю, выгартае з чалавечых кішэняў залатоўкі.
Ніхто не ведае, на чым грунтавалася гэтае сяброўства.
– Пішаш? – пытаў Уладзік і прысаджваўся побач.
– Не, – адказваў пісьменнік, калі якраз ні адным словам, ні адным сказам не павялічылася напісанае раней. І Уладзік пытаў далей:
– Чаму не пішаш?
І тады пісьменнік распавядаў пра словы, што таксама, бы трускаўкі і кукуруза, спеюць сваім шляхам – часам ад сонца, часам ад дажджу. Часам днём, а часам ноччу. А паскораныя нецярплівасцю вырастаюць вялікімі, пустымі гібрыдамі.
Але здаралася – адказ быў станоўчы: “Пішу”. І Уладзік прысаджваўся яшчэ бліжэй.
– Пра што пішаш?
– А, такое там, – пісьменнік бязрадна разводзіў рукамі. Яму хацелася сказаць пра словы, што даюць адказы на ўсе самыя істотныя пытанні, але дасканала ведаў – няма такіх слоў на ягоных старонках. І яшчэ шырэй разводзіліся рукі. – Пра нас пішу. Зрэшты – няважна.
– І я таксама буду ў тваёй кніжцы? – Уладзік зазіраў у экран камп’ютэра. Можа шукаў там сябе, а можа ўглядаўся і глыбей, шукаючы адказу на пытанне: чаму дарослыя, сталыя мужчыны пішуць кніжкі?
Але на такія пытанні нават камп’ютэру не адказаць.
Дом таксама маўчаў. Бо толькі той, хто ўсё ведае, можа сабе такое дазволіць.
Публікэйцца на сайце з ласкавай згоды Аўтара
ды Беларускага
літаратурнага аб’яднання „Белавежа”
|