|
Частка першая
Зямля св. Лукі
Пачатак беларускага падпольнага друку яшчэ ў 1860 годзе заклаў у Гродне і Беластоку інжынер-чыгуначнік Браніслаў Шварцэ, па крыві адначасова немец, француз і паляк – хіба на падставе яго рапартаў і згадзіўся потым Варшаўскі Жонд на выданне „Мужыцкай праўды”, трэба ж было, калі не перацягнуць на свой бок, то хоць нейтралізаваць мужыка... Тая дваістасць першай беларускай газеты, як з шапкі вушы! Беларускай мовай і лацінскім шрыфтам № 6 „Мужыцкай праўды” заклікае хама, якога ў 1839 годзе біскуп Сямашка павярнуў назад на праваслаўе, вярнуцца да Уніі – маўляў, гэта ад праваслаўя ўсе новыя падаткі ды іншыя беды, а як будзе ізноў Унія, дык беды адпадуць самі сабой... Неяк сумніўна, каб сепаратыст ды камуніст К. Каліноўскі заклікаў сваіх улюбёных беларускіх мужыкоў падпарадкавацца польскаму касцёлу, чытай, польскаму пану – ён жа сам загадваў вешаць што паноў, што мужыкоў, бо тыя не спяшалі за ім да светлай будучыні! Сумніўна, што менавіта К. Каліноўскі першы беларус, бо ані дзеячы нашы пачатку ХХ стагоддзя, ні палітыкі Беларускай Народнай Рэспублікі зусім не паміналі і не ўзвышалі К. Каліноўскага – памянулі яго і заадно з Вікенція Канстанціна зрабілі Кастуся – хоць сам ён ніколі так сябе не называў – менавіта бальшавікі ў 1923 годзе ў Мінску: драма Яўгена Міровіча так і называлася – „Кастусь Каліноўскі”... Справа ў тым, што сам Каліноўскі сапраўды не быў палякам, але наўрад ці быў і беларусам – хутчэй камуністам. Гэта не выдумка, але таксама нешта накшталт рацыі. Гэта толькі пачыналася тады, узмацнела пазней, а існуе па сённяшні дзень – і каб толькі на Беларусі...
Цікавыя і вельмі трапныя назвы дзвюх партый 1863 года – белыя і чырвоныя. Адзіны польскі бела-чырвоны штандар разадраны, пры гэтым „белыя” ў Варшаве, а „чырвоныя” ў Вільні: Карона і Літва, палякі і „тэж-палякі”, багацейшыя і бяднейшыя, Польшча і Крэсы, Польшча А і Польшча Б альбо „панская Польшча” ды „савецкая Беларусь”...
Беларусь была паважна ўспамянутая не так Каліноўскім, як яго асноўным канкурэнтам, генерал-губернатарам Віленскай губерні і камандуючым акругай М. Мураўёвым: той адразу заўважыў, што сацыялізм Каліноўскага больш небяспечны для Расійскай Імперыі, чым чысты польскі сепаратызм. Бо сепаратызм мог адарваць адну правінцыю, а сацыялізм жа разваліць усю Імперыю... І Мураўёў надаў вельмі паважнае значэнне таму Каліноўскаму, на загад генерал-губернатара была створана „камісія палкоўніка Ратча”, следчага справы Каліноўскага, якая першай у Расійскай Імперыі пачала дэталёвае вывучэнне Беларусі як не польскай, але і не рускай правінцыі; „камісія Ратча” фактычна прызнала гэты Край за асобны.
Тое ж самае назіралася і з другога боку. У Кракаве ў 1854 годзе – пачатак Крымскай вайны, інтэрвенцыя ў Расійскую Імперыю яе датагачасных саюзнікаў Вялікабрытаніі і Францыі ды поўная яе ізаляцыя – Вінцэнты Поль выдае паэму „Крэсы”, пра гераізм аднаго ротмістра ў паўстанні 1830 года паміж Дняпром і Збручам; потым сам Юльюш Славацкі апявае ўжо „блэнкітнэ поля Украіны”... Палякі з Кракава і Познані, маючы Галіцыйскі Сэйм і фабрыкантаў накшталт Цагельскага, лічылі сябе чамусьці свабоднымі – бо ў параўнанні з палякамі з падрасійскага Царства Польскага ды Крэсаў; гэтак і ў польскай думцы замацоўвалася, што тыя Крэсы не зусім польскія, але – о, парадокс! – Польшчы належаць... Пачынаўся экспарт нацыянальна-вызваленчага руху з нямецкай і аўстрыяцкай частак былой Рэчы Паспалітай на частку расійскую. Зрэшты, у тых „польскіх Пьемонтах” у Прусіі і, асабліва, у Аўстрыі не было на той час нічога нікому дзіўнага, існавалі аднак два адрасы таго экспарту: ці на Крэсы Польске, ці на Летуву, Беларусь ды Украіну... Да таго ж, справа ўскладнялася тым, што летувісы ды ўкраінцы мелі хоць нешта: адны Данялайціса з яго „Чатырма порамі года”, другія свежага Тараса Шаўчэнку з яго „Кабзаром” ды „Гайдамакамі”. Беларусаў ж не заўважалі, бо Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан і ўсё іх пакаленне пісалі пра Беларусь па-польску... Крэсы як новае паняцце імгненна замацаваліся ў свядомасці шляхцюкоў з-над Нёмана і Віліі, бо адлюстроў валі мілы іх сэрцу погляд на гэты Край: поляк то пан, а не паляк то хам! Фармавалася з многіх былых ліцьвінаў – вечных перабежчыкаў ад слабога да моцнага! – фармацыя крэсавах палякаў альбо касцельных палякаў, што яшчэ больш праясняе праблему. Касцельны паляк ёсць палякам толькі ў нядзелю ў касцёле – астатнія шэсць будніх дзён ён тутэйшы, такі самы, як усе...
1863 год быў гістарычным шанцам усіх народаў на захадзе Расійскай Імперыі, а шанц гэты быў менавіта ў адзінстве на грунце сацыялізму. Цар Аляксандр ІІ, калі накіроўваў М. Мураўёва ў Вільню, гаварыў яму даслоўна:
– Польшу мы уже потеряли, постарайтесь сохранить хотя бы Літву...
Гэта гаварылася ў той час, калі рускія войскі разбілі найбольш буйныя злучэнні паўстанцаў, а сам Мераслаўскі вярнуўся на эміграцыю!
І гэта тым не менш было недалёка ад праўды. Супрацоўнік М. Мураўёва, а потым блізкі да імператара Аляксандра ІІ генерал П. Чарэвін, які ў 1863 годзе быў „першым дарадчыкам” М. Мураўёва ў Вільні, піша ў сваіх пазнейшых мемуарах наступнае:
– На час прыбыцця М. М. Мураўёва ў Вільню 14 мая 1863 года Заходні Край увесь быў ахоплены паўстаннем. Гаварыць, што сяляне не прымалі ўдзелу ў мецяжы, а частка шляхты нядобразычліва глядзела на гэту справу, могуць толькі тыя, хто зусім не ведае Краю (падкрэслена мною – А. Ч.). Адны толькі стараверы сапраўды заставаліся вернымі свайму абавязку... Але, што значылі гэтыя некалькі тысяч душ на 8-мільённае насельніцтва, калі нават габрэі ўсяляк садзейнічалі паўстанню... Маўчу я аб праваслаўных сялянах Краю – бо нічога не магу сказаць на іх карысць. Паводле статыстыкі, гэтае насельніцтва было вельмі шматлікае, але, як было ў сапраўднасці каталіцкім да Уніі, такім і засталося. Такім і працягвала быць праваслаўе пасля пераводу яго ў 1839 годзе назад на праваслаўе ад Уніі... Адзіны касцельны арган быў больш красамоўным для селяніна, чым усе доказы праваслаўнага святарства (падкрэслена мною – А. Ч.)”.
Далей генерал П. Чарэвін падрабязна апісвае, як М. Мураўёў запрасіў да сябе віленскага біскупа Красінскага (высланага адразу ж у Вятку!) і ўсіх віленскіх ксяндзоў і патрабаваў ад іх сваім словам спыніць мяцеж у Краі, пакуль ён сам не хоча ліць кроў і спыняць яго сілай! Бліскучая рэпліка! Генерал-губернатар М. Мураўёў, празваны „Вешальнікам” – пры гэтым не зусім справядліва, бо на яго загад павесілі сто дваццаць сем чалавек за два гады (літаральна: пяцёх у месяц); паўстанцы ж пакаралі смерцю за гэты перыяд каля дзвюх тысяч, а казакі без усякага суду, следства і загаду сваіх афіцэраў перабілі больш дваццаці тысяч; сапраўды, гнеў народа – гнеў Божы... – значыць, Мураўёў цудоўна ведаў, што тутэйшы не чытае лісткі паўстанцаў і не слухае абяцанкаў улады, але ў бядзе слухае ён ксяндза і бацюшку! Толькі ў бядзе, бо калі ўсё добра і ёсць што жэрці, то халоп нікога не слухае, а толькі выглядае, дзе што б сцягнуць ці нарабаваць бярэмя... Біскуп Красінскі пачаў нешта гаварыць генерал-губернатару ў сваё апраўданне, маўляў, касцёл не займаецца палітыкай і г.д. Тут М. Мураўёў уставіў папярэднюю шпільку: а вось сярод вас ёсць пралат Баўкевіч, мой добры знаёмы з Гродна, яшчэ з 1830 года, яму я веру, а вам не... Увесь клір паглядзеў на Баўкевіча з нянавісцю: губернатар купіў усіх адной фразай! Пралат быў да канца свайго жыцця дыскрэдытаваны... А следам М. Мураўёў пусціў галоўную шпільку:
– Вы, гаспада, князі – але князі не гэтага свету! І чым хутчэй вы апыніцеся там, – тут ён паказаў пальцам у столь, – тым лепш для вас! Аб гэтым я паклапачуся...
Пасля гэтага ўвесь касцельны запал знік. На ўсялякі выпадак М. Мураўёў справадзіў да той жа Вяткі і Красінскага – на пачатку паўстання біскуп... папрасіў быў дазволіць яму выехаць на курорт пад Рыгу! Мураўёў дазволіў: біскупа пагрузілі ў вагон і... завезлі на Вятку. Загадам Мураўёва былі пакараныя смерцю сем ксяндзоў (Каліноўскі загадаў жа павесіць семнаццаць праваслаўных бацюшак!) – Ішору і Фалькоўскага, адпаведна з Ішкольны і Жалудка, за тое, што зачыталі з амбону пракламацыю Жонда паўстанцаў у Варшаве, астатніх жа пяцёх – у тым Бжозку і Матулявічуса – за партызанку са зброяй у руках і арганізацыю партызанкі. Усіх жа ксяндзоў лічылася больш трох тясяч, з іх выслалі ў Сібір дваццаць сем, а пад Урал яшчэ сто трыццаць дзевяць (паводле таго ж П. Чарэвіна – А. Ч.). Астатніх генерал-губернатар проста настрашыў...
Апошнія баі партызан з рэгулярнай арміяй адбываліся на Беларусі ўжо летам 1863 года – рэшткі злучэнняў Лянгевіча, Нарбута, Врублеўскага, Траугута спрабавалі прабіцца ў карэнную Польшчу. Ужо вясной 1864 года М. Мураўёў падаў Аляксандру ІІ мемарандум наконт будучай палітыкі ў Беларусі: ён прапанаваў зачыніць рыма-каталіцкія кляштары, якія прымалі ўдзел у мецяжы, зачыніць такія ж касцёлы, капліцы і г.д.; прапанаваў зачыніць усе касцёлы, пабудаваныя пасля 1815 года без дазволу ўладаў, бо на прыватных землях – у большасці гэтыя касцёлы будаваліся паміж праваслаўнага асяроддзя, а большасць з іх не магла набраць і паловы патрэбнай лічбы парафіянаў.
М. Мураўёў прапанаваў скасаваць канкардат з Ватыканам, лічыў той канкардат састарэлым глупствам (у 1860 годзе паўстала Італьянскае каралеўства, на чале якога стаялі сацыялісты, а папа Пій ІХ быў... выгнаны з Рыма!); М. Мураўёў прапаноўваў неадкладна канфіскаваць у скарб дзяржавы зямлю і маёнткі ўсіх мяцежнікаў, і не прадаваць іх быле-каму, але надзяліць імі мясцовых сялянаў незалежна ад канфесіі; М. Мураўёў прапанаваў тэрмінова завесці ў цэлым Заходнім Краі спецыяльныя жандармскія ўправы з афіцэрамі ад губерні да воласці ды адначасова... адмяніць ваеннае становішча і вывесці з Краю войскі, а казакоў тэрмінова!
Аляксандр ІІ дзіка ўзрадаваўся і падмахнуў рэзалюцыю: „Делайте все, что считаете нужным...” Адзіную такую за ўсе дваццаць шэсць гадоў свайго панавання! А праз менш чым паўгода генерал М. Мураўёў... быў адасланы ў адстаўку: яму нават на далі забраць тыя маёнткі шляхты, якія ўжо мелі быць канфіскаваныя!
Сярод крэсовай шляхты, што вынікае з пазнейшых цьмяных мемураў, кружляла легенда, быцам бы пад Аляксандра ІІ, аматара дамскіх ножак і бацькі пяці шлюбных ды васьмі пазашлюбных дзяцей, лягла ў Санкт-Пецярбурзе нейкая перабяганка з Крэсаў, „другая Валеўская”... Лягла сабе і лягла – кесару кесарава, а жонцы жончына. Толькі праект М. Мураўёва, які меў дзевяць шанцаў на поспех супраць аднаго, быў адхілены бадай па іншых прычынах... Больш таго – ён не мог быць не адхілены!
Чамусьці прынята лічыць, што ў кожнай імперыі ёсць нейкая тытульная нацыя. Так бы мовячы, Расія для рускіх... Менавіта на тым і пакаўзнуўся рускі патрыёт М. Мураўёў, які марыў не пра вялікую Імперыю, але пра вялікую Расію. Але ж любая імперыя стаіць на захопе і рабаўніцтве! Кіруе ёй банда альбо фамілія ці дынастыя (на сіцілійскім дыялекце, трасянцы італьянскай і арабскай моваў, мафія!) – ёй пляваць на любы народ, у тым жа і на тытульны... Само сабой, што супраць М. Мураўёва – а ў 1863 годзе за яго здароўе па ўсёй Расіі ў цэрквах стыхійна служылі малебны, як у 1812 годзе за цара Аляксандра і фельдмаршала Кутузава! – паўсталі палякі пры царскім двары, пусціў у ход усе свае сродкі касцёл, але ж туды далучыліся і шматлікія немцы, шматлікія нашчадкі французскіх эмігрантаў, свае служывыя небагатыя чыноўнікі і афіцэры – тыя самі мецілі ехаць на Заходні Край і нахапаць там канфіскаваных маёнткаў! У Расіі наспяваў палітычны крызіс, той М. Мураўёў сваёй выпераджальнай адданасцю Расіі пазбаўляў яе пануючы клас яго спакойных прывілеяў, быў у некаторым сэнсе горшы за сацыялістаў ды палякаў! На тым гэта быў палітычны канец Мураўёва-Вешальніка...
Змяніў яго генерал Патапаў... Божа! Як тады пілі і балявалі на Крэсах! Як лакомліва бралі „на лапу”! Усе будучыя расійскія мільянеры, у тым жа трымальнік абароннай прамысловасці Пуцілаў і нафтовы кароль з Баку армянін Манташыян (Манташев!) пачыналі пры Патапаве дробнымі чыноўнікамі на Крэсах... Калі Патапаў у Вільні начаваў дома, жонка адзначала гэта ў дзённіку, а камердынер (ён жа агент расійскай контрразведкі!) пісаў пра тое спецыяльны рапарт свайму тайнаму начальству... Неяк новапрысланы абсальвент Пецярбургскага універсітэта сказаў губернатару ў вочы горкую праўду.
– Молодой человек! – абурыўся Патапаў. – Сударь мой! На том вся Россия стояла и стоять будет, ибо от сих, – ён пацёр вялікі палец аб паказальны, так рускія просяць грошы, – пошла русская земля!
Патаптаў быў бы тут вечна і прапіў бы Крэсы ў дым. Толькі што не выйшаў з чарговага запою, прастудзіўся, захварэў і... памёр. Жыў чалавек (пакуль быў патрэбны), а потым узяў ды памёр... Хіба і тут не абышлося без нашай крэсавай гасціннасці.
Канчаючы з М. Мураўёвым, трэба сказаць, што напаследак ён паспеў-такі „прабіць” імператарскія Указы ад 1 студзеня 1864 года пра забарону „лацінскага” друку – на вуліцах Вільні паявіліся шыльдкі „Говорить по польски запрещается!” – і 10 снежня 1865 года, пра забарону купляць зямлю каталікамі. Але пры Патапаве Указы фактычна не дзейнічалі – дзесяць гадоў патапаўшчыны знявечылі ўсе намаганні Мураўёва; паколькі ж на хабар пайшлі вялікія грошы, то і на хама пайшлі вялікія казённыя падаткі ды панскія паборы.
Яшчэ перад паўстаннем, у 1855 годзе было закладзена ў Вільні Таварыства Землеўладальнікаў; адразу ж пасля амністыі 1883 года на яго базе Ю. Монтвіл засноўвае Віленскі Зямельны Банк. Найбольш сцісла і ясна пра яго дзейнасць сведчыць карэспандэнт газеты „Московские новости” ў 1892 годзе:
– „Віленскі Зямельны Банк прымае пад заклад выключна польскія маёнткі. Ён трымае ў сваіх руках усе зямельныя багацці дзевяці польскіх губерняў (падкрэслена мною – А. Ч.) і стаіць на варце польскіх інтарэсаў Краю. На Банк нельга глядзець як на камерцыйнае прадпрыемства. Ён ёсць самай буйной палітычнай сілай у Краі, а галоўная ягоная задача – захаваць польскія маёнткі ў польскіх руках”.
Сам Ю. Монтвол крытыкаваў і сацыялістаў, і артадоксаў – нават супер-каталіка віленскага біскупа Эдварда Ропа, але тым і тым... даваў грошы, бо гэта ж былі палякі! Нават выцягваў з-пад следства баевікоў ППС пасля нападу на паштовы вагон у Дукштах, але для біскупа „прабіў” замест высылкі ў Сібір хатні арышт. Хыццёвае credo Монтвіла складалася з банальнае быццам бы фразы „Хто не быў сацыялістам да дваццаці пяці гадоў, той не мае сэрца – а хто застаўся сацыялістам пасля дваццаці пяці гадоў, той не мае розуму!”. На практыцы ж гэтакі псеўдаеўрапейскі пазітывізм (сюды ж можна дадаць Э. Ажэшку і іншых) ва ўмовах закансерваванага сярэднявечча і дзікай нацыянальна-рэлігійнай мешаніны вёў толькі да ўмацавання на Крэсах палітычных дзівакоў ды яшчэ больш небяспечных радыкалаў усіх магчымых і немагчымых накірункаў. І ў такім закансерваваным сярэднявеччы, праз якое капіталізм за ноч пралятаў чыгункай з Варшавы ў Маскву і з Санкт-Пецярбурга ў Адэсу, трапляючы сюды сацыялістычныя ідэі ўспрымаліся тут усяго толькі як рабункі мужыкоў...
Адрозненні, здавалася б, ворагаў – радыкалаў з габрэйскіх мястэчак і служачых у царскай па ліцыі, зямельных магнатаў і вясковых галадранцаў, багатых мяшчанаў са шляхты і беспрацоўных „русскоязычных” семінарыстаў – былі хіба ў тым толькі, каму мае належаць кавалак. На Крэсах не толькі бедныя, але і багатыя былі сацыялістамі, бо галоўныя для іх былі не рэформы гаспадаркі, але перадзел на сваю карысць таго, што ёсць!
Той Віленскі Зямельны Банк пана Монтвіла гэтак нахабна дзейнічаў на абшары ажно дзевяці губерняў, бо ён цудоўна ўпісаўся ў сістэму агульнарасійскага рабавання вызваленага з прыгону яшчэ ў 1861 годзе агульнарасійскага мужыка. І палітычным цэнтрам Краю гэты банк зрабіўся таму, што гэты Край – Ковеншчына, Валынь і Падолле – быў Краем мужыцкім. У яго рабаванне хітрамудрыя праваслаўныя банкіры з Санкт-Пецярбурга, Варшавы (!) і Масквы (пераважна жыдоўскага паходжання) зацягнулі нават... сацыялістаў! Паралельна сістэме дваранскіх зямельных банкаў, адным з якіх быў банк Монтвіла, засноўвалася быццам бы апазіцыйная сістэма сялянскіх зямельных банкаў. Імперыя ж праз свае прававыя нормы забяспечвала куплю-продаж зямлі выключна праз гэтыя, быццам бы прыватныя, банкі, а праз дзяржаўныя крэдыты для гэтых банкаў і розныя працэнты платы за крэдыт (сялянскія банкі, як Мінскі ці Гродзенскі Пазямельныя, плацілі дванаццаць адсотак гадавых, а дваранскія, як Віленскі, толькі чатыры, а пазней шэсць!) не толькі зарабляла на спекуляцыі сродкі на пакрыццё вечнага бюджэтнага дэфіцыту, але і сродкі на ўтрыманне дваранаў-паразітаў, якія за адно пакаленне з гаспадароў і землеўладальнікаў ператварыліся ў смярдзючых рэнтыераў, якіх свет не бачыў...
На Крэсах сітуацыя ад агульнарасійскай адрознівалася тым, што тут яшчэ і пакарысталіся збожжавым крызісам канца 80-х гадоў ХІХ стагоддзя, калі танны імпарт з Канады, Аргенціны і Злучаных Штатаў збіў у чатыры (!) разы цэны на збожжа на еўрапейскім і расійскім рынках. У канцы 80-х ды пачатку 90-х мужык прадаваў зямлю гэтаксама прыблізна ў чатыры разы танней, чым заплаціў за яе праз выкуп ад прыгонных абавязкаў у 70-я гады. Розніцу ў цэнах пакрывала... дзяржава – для таго і была створана падвойная сістэма зямельных банкаў: сялянскія скуплялі зямлю па сапраўднай цане, перапрадавалі дваранскім, а тыя перапрадавалі шляхце па цане значна ніжэйшай за рынкавую... Калі ж мужык звяртаўся ў дваранскі банк (калі гэта ўдавалася!), то кола круцілася ў адваротны бок: зямлю куплялі па ніжэйшай цане (ну, якасць глебы не тая, і г.д.), потым яе праз сялянскі банк заганялі суседу таго ж мужыка па цане сапраўднай. Гэтак падрабязна распісана зямельную спекуляцыю, бо на Крэсах ліцьвінская шляхта польскай веры не мела тады іншых крыніцаў узбагачэння! Дакладней, маючы такую „халяву”, шляхта нават не займалася пошукам другіх крыніцаў даходу – скажам, Лодзь перажывала тэкстыльны бум, але на Беларусі „малая Лодзь” паўстала ў Беластоку, на ўскраіне Польшчы, далей на ўсход „пяць беларускіх губерняў” – Гродзенская, Віленская, Мінская, Віцебская і Магілёўская – маглі пахваліцца наступным: папяросная фабрыка ў Гродне (жыд Янкель Шарашэўскі), буйнейшая ў Расіі паперня ў Добрушы пад Гомелем (браты Вайнэры і Бранштэйн, сваяк будучага бальшавіка Троцкага), фабрыка тэкстылю „Двина” ў Віцебску (славуты расійскі фабрыкант Сава Марозаў), першы ў Расійскай Імперыі электрычны (!) трамвай у Віцебску (бельгійская Электрык Компані) і г.д. 9-мільённы Край налічваў паводле перапісу 1897 года трыста сорак тры фабрыканты і банкіры (супраць трыццаці васьмі тысяч (!) у Царстве Польскім альбо Кангрэсоўцы, якая афіцыйна менавалася ўжо „Привислинским Краем” альбо Беларусь „Северо-Западным”!) – гэтакай нібы моцнай была „беларуская” буржуазія. Тутэйшая шляхта на пазітывізме Монтвіла і спекуляцыях усіх, хто не лянівы, сядзела і спала, як Айчыну прадаўшы!
Крэсы мелі яшчэ дзве паскудныя асаблівасці.
На Беларусі, на канец ХІХ стагоддзя дзейнічала чатырыста трыццаць вінных заводаў, якія выраблялі выключна саракапрацэнтную гарэлку. З прычыны дрэннай якасці (гналі з бульбы, а не са збожжа і бурака, як на Волзе і на Украіне!) і жадання сэканоміць на транспартных выдатках, пераважная большасць яе рэалізавалася для ўсіх жадаючых на месцы. Рэформа прэм’ера Сяргея Вітэ і ўвядзенне дзяржаўнай манаполіі на продаж гарэлкі толькі пагоршылі становішча; па-першае, маёнткавыя бровары павялічылі выпуск і пагоршылі якасць (бо манаполь!), а скарб купляў так і так (за хабар!); па-другое, праз той хабар добрая палова гарэлкі ішла праз дзяржаўныя манапольныя крамы ўвогуле без дакументаў, але за жывыя „левыя” грошы з рук у рукі... У Мінску і Гродне гарэлка была самай таннай у Расіі і ў астатнім свеце: папулярны „мерзавчик” (250 г) каштаваў... 15 капеек! Пры сярэднім заробку мінскага пралетарыята прыблізна 1 рубель 20 капеек за дзень – муляр меў 60-70 капеек, слесар металічнага завода альбо чыгуначнік 1,5-2 рублі за дзень...
Другім паскудствам былі непамерныя зямельныя ўладанні тых жа магнатаў і шалёныя цэны на зямлю. Толькі Радзівілам (і гэта пасля паўстанскіх канфіскацый ХІХ стагоддзя!) належала васемсот дваццаць дзве тысячы гектараў! Гэтаксама было і з зямлёю ў местах – палову Мінска мелі тыя ж Радзівілы, палову граф Чапскі, у выніку кватэрная плата ў даходных дамах была самая высокая ў Расійскай Імперыі, а ноч у гатэлі каштавала столькі, колькі ў Парыжы, ды ў два разы больш за Берлін, Вену, Варшаву ці Санкт-Пецярбург! На Беларусі быў самы вялікі разрыў багатых ад бедных, але не было вялікага капіталізму; у тым уся штука, у тым і фокус, што самы голы і шалёны пралетарыят зусім не там, дзе самы развіты і перадавы капіталізм, больш таго – пралетарыят гэта зусім не рабочы клас, гэта галота самых розных прафесій, а перад усім гэта саматужныя рамеснікі ды беспрацоўная і, часам, бяздомная інтэлігенцыя, а на Беларусі паводле таго ж перапісу 1897 года было толькі 2,7 тыс. фабрычных рабочых (праўда, да іх можна далічыць 25 тыс. чыгуначнікаў на дзяржаўнай чыгунцы), але 473 тыс. рамеснікаў, „майстроў”, дробных гандляроў ды людзей „свабодных заняткаў”. Калі ж дадаць, што галота ў местах і мястэчках працэнтаў на восемдзесят была з габрэяў, то нічога дзіўнага, што менавіта на Беларусі нарадзіўся канец Расійскай Імперыі ў выглядзе самых розных экстрэмісцкіх партый і рухаў.
Што праўда, пасля забойства Аляксандра ІІ ў 1881 годзе і амністыі паўстанцам 1863 года яшчэ праз два гады, а таксама суцэльных арыштаў сярод падпольнай „Народнай Волі” ў расійскіх сталіцах, у Мінск і Вільню пацягнуліся расійскія сацыялісты – сам інтэлектуальны Г. Пляханаў перавёз сюды тыпаграфію памяркоўнай сацыялістычнай партыі „Чёрный Передел”, а літаральна ў тым жа 1883 годзе сацыялісты-радыкалы з „Народнай Волі” заснавалі тут свой ЦК. Тады ж да расійскага сацыялістычнага руху далучаецца, сярод іншых, і Юзаф Пілсудскі – начытаўся ён, трэба думаць, і рускамоўнай, але беларускай (спецыяльна для тутэйшых робленай!) падпольнай газеткі „Гомон”, артыкулаў Данілы Баравіка ды „Щирого Белорусса” з заклікамі не толькі да сацыялістычнага светлага будучага, але і да... рэспублікі Беларусь у складзе свабоднай федэрацыі ўсіх народаў, што жывуць у Расійскай Імперыі!
У 1887 годзе контрразведка накрыла цэнтр у Пецярбурзе (на чале з А. Ульянавым, старэйшым братам У. Ульянава-Леніна) і ўсе мінскія ды віленскія тыпаграфіі ды філіялы. Трапіў тады пад следства і „товажыш Віктар” (Пілсудскі) – напісаў у пратаколе допыту, што ён, хоць рыма-каталік, але беларус; трапіў дзякуючы таму, як і разлічваў, толькі ў здаля знаёмую палякам з усіх паўстанняў Вятку. Прызнаўся бы ён да польскасці, то мог трапіць у Сібір і не вярнуцца ўвогуле...
Але святое месца пустым не бывае! Калі ў 1895 годзе паліцыя накрыла ў Пецярбурзе ўжо „Союз борьбы за освобождение рабочего класса” на чале ўжо з самім У. Ульянавым-Леніным, яго паплечнік Ю. Цэдэрбаўм паспеў схавацца ў радзімую Вільню, і там вясною 1897 года арганізаваў Усеагульны габрэйскі Бунд ды рабочых у Літве, Польшчы і Расіі, а вясною 1898 года Бунд, кіеўскія сацыял-дэмакраты і кіеўская ж „Рабочая Газета” заснавалі ў Мінску Расійскую Сацыял-Дэмакратычную Рабочую Партыю; расійскую, а не рускую – бо аніводнага рускага там не было, толькі жыды, палякі, беларусы і ўкраінцы, усе пагалоўна з Крэсаў... Адбываючы высылку на Сібіры У. Ульянаў-Ленін, якога ў Пецярбурзе здалі контрразведцы рускія рабочыя, сарыентаваўся імгненна ў чым справа і разам з трыма дзесяткамі паплечнікаў падаў заяву ў гэтую партыю. На ІІ Кангрэсе РСДРП у 1903 годзе ў Бруселі і Лондане партыя расколецца на меньшавікоў і бальшавікоў – гэтак пачнецца незабыўны ХХ стагоддзю бальшавізм...
Але бальшавізм не быў адзіным сынам Крэсаў. Канцэнтрацыя ў палітыцы ХІХ стагоддзя „крэсавых элементаў” непазбежна мела прывесці да якаснага скоку. Крэсы з ускраіны рабіліся асобнай краінай, іх мясцовыя інтарэсы нараджалі такія феномены, што задаўлялі сабою на дзесяцігоддзі палітычную думку суседніх дзяржаваў і народаў.
Найперш трэба адзначыць „западноруссизм”. Менавіта паяўленне яго ў выніку 1863 года было пачаткам беларускага фактару ў міжнароднай палітыцы. Дагэтуль усебеларускія акцэнты, „ліцьвінства” і літвафільства, ці тая ж літваманія, Чачот і Міцкевіч, нават міністр замежных спраў Расіі часоў імператара Аляксандра І князь Чартарыйскі са сваім праектам рэанімацыі ВКЛ у „асабістай Уніі” з Расіяй зводзіліся да таго, што „ешчэ Літва не згінэла, пукі мы жыемы”... Расійскія мяцежныя дваране 1825 года („декабристы”) у выпадку прыйсця да ўлады намерваліся... на захад ад Дняпра і Дзвіны стварыць дэмакратычную Польшчу і заключыць з ёй ваенна-палітычны саюз супраць Еўропы! Павешаны ў крэпасці Санкт-Пецярбурга галава змоўшчыкаў, палкоўнік П. Пестэль, нават меў праект.. вывесці з „дэмакратычнай Польшчы” засталае там праваслаўнае святарства, а уніятаў аддаць касцёлу і зрабіць палякамі! Ці не першы гэта праект этнічнай чысткі ў „цывілізаванай” Еўропе?..
І вось у 1863 годзе выхавацель царскіх дзяцей прафесар Міхал Каяловіч, родам з цяпераняй мяжы Беларусі і Польшчы, з Кузніцы, чытае лекцыі... імператару Аляксандру ІІ: пра Полацкае княства, св. Ефрасінню, праваслаўе з 980 года, „рускую” дзяржаўную мову ВКЛ да Люблінскай Уніі і гадоў сто пасля яе, і пра цяперашні нацыянальна-рэлігійны падзел, які заснаваны на падзеле маёмасным, і... „гістарычную справядлівасць” вызвалення Расійскай Імперыяй беларусаў і ўкраінцаў, як адзінаверцаў! Формула М. Каяловіча трапіла не ў брыво, а ў вока – у ёй мільёны закаханых па сённяшні дзень: у Расіі, у Беларусі і ва Украіне... Нічога дзіўнага, што сам імператар Аляксандр ІІ паверыў прафесару з Крэсаў – у таго ўсё зграбна сходзілася. Там не Расія, але там і не польская Літва, але нейкія беларусы ды ўкраінцы, дык гэта ж па-тубыльску так завуцца, а для нашай праваслаўнай браціі гэта адзінаверцы... І „матушка” Кацярына праводзіла тую генеральную лінію!
Пачатковыя „западноруссы” часоў губернатара Патапава, М. Каяловіча не зразумелі: яны даводзілі, як цяпер нашы мяшчухі – „белорусы это те же русские”... Праваліўся іх друкаваны орган „Вестник Западной России” і ў Вільні, і ў Кіеве. На нейкі час гэты рух падупаў, саступіў месца грашовай асіміляцыі – натоўпы вяскаўні рушылі ў Расію на будаўніцтва чыгунак; моладзь бралі на шэсць гадоў да войска (замест ранейшай пажыццёвай рэкрутчыны аднаго навабранца са ста двароў!); абезземленыя шаракоўцы папаўнялі мясцовае „русское” чынавенства... І менавіта грашовая асіміляцыя зрабіла падмурак таго „новага народа”, які існуе дагэтуль – „рускія з нацыі, беларускія з паходжання”! Нічым фармальна гэта не адрозніваецца ад „палякаліцьвінаў”, толькі што там паланізавалася шляхта, а тут русіфікавалася люмпенства. Таму там шляхта альбо рабілася патрыётамі Польшчы мацней палякаў, альбо... здольная была вяртацца ў літваманства, а з яго ў сепаратызм – летувіскі, беларускі ці ўкраінскі! А вось новаспечаныя „западноруссы” і самі да канца не хацелі быць рускімі – хацелі быць лепшымі ад рускіх; больш рускімі, чым самі рускія, але ж... былі бедныя, а таму ў карэннай Расіі з іх смяяліся! Але і вяртацца назад „западноруссы” не хацелі – трэба ж было пачынаць тую Беларусь з нуля, а яны рачылі сабе прыйсці на гатовае...
Менавіта па тых прычынах пачынальнікі Беларусі выходзілі з польскае культуры на Крэсах – тыя ж „польскамоўныя” Міцкевіч, Чачот, Баршчэўскі, мяшаныя Рыпінскі, Сыракомля, а нарэшце ўжо роўнамоўныя Дунін-Марцінкевіч, Каліноўскі, Багушэвіч, Абуховіч, Неслухоўскі... Але, калі ад польскай культуры на пачатку ХХ стагоддзя адламалася купка беларусаў з газетай братоў Луцкевічаў у Вільні „Наша Ніва” і выдавецтвам братоў Іваноўскіх у Санкт-Пецярбурзе „Загляне сонца і ў наша аконца”, то сярод сваіх калегаў па той польскай культуры яны найшлі дзесятак аднадумцаў, а з праваслаўнага, ужо быццам бы „рускага” асяроддзя тут набеглі ўжо тысячамі – былі гэта тыя, хто спачатку трапіў да „западноруссов” і зразумеў, што іх камбінацыя „мы тут фарпост Расіі!” самім рускім... непатрэбная і смешная, „западнорусс” у Расіі ўсё роўна чалавек другога гатунку!
Тут цікава, што М. Каяловіч, сам таго не жадаючы, сапраўды прыдумаў новую нацыю – не беларусы, але і не рускія! Нацыю без імя, нацыю адмаўлення, нацыю найбольш здатную не на стварэнне „новага справядлівага свету”, але на руйнаванне старога несправядлівага, на рабункі мужыкоў...
„Западноруссизм” быў найменш здольнай інтэлектуальна плыняй на Беларусі пачатку ХХ стагоддзя, але найбольш масавай... І калі пасля 1905 года вылез з Вільні са сваёй газеткай за грошы маскоўскіх „чарнасоценцаў” нейкі Ванька Саланевіч, то польскія салоны імгненна знюхалі, чым пагражае яго няхітрая просьба да цара-бацюшкі прыняць усіх беларусаў у рускія, а за гэта ўзнагародзіць усіх іх кавалкамі зямлі з польскіх маёнткаў. Вось яно, адрозненне проста рускага ад тутэйшага „западнорусса”, ці па-цяперашняму „тоже-русского”! Рускі і так рускі – бясплатна, а тутэйшы будзе яшчэ неякім рускім, але – за грошы.... У гадах 1917-94 гэтая ідэалогія была на Беларусі пануючай між простых людзей, але прыціснутай ці то „маскалямі-бальшавікамі”, ці то „пшэкамі-пілсудчыкамі”, а з часоў устанаўлення эпохі прэзідэнта Лукашэнкі (пра эпоху кажу без жартаў, многа ён адбудзе ці мала!) гэтая ідэалогія зрабілася таксама ідэалогіяй уладнай эліты, дзяржаўнай ідэалогіяй. У ёй дзіўным чынам спалучаецца „братэрства” з рускімі праз вынішчэнне рэшткаў нацыянальнай культуры – што Маскве глыбока абыякава! – адначасна з катэгарычным адмаўленнем хоць чым-небудзь памагаць той Маскве, ад жаўнераў на паўднёвых войнах да гуманітарнай бульбы, якая пад Гроднам і Лідай так і гніе без патрэбы. А вось Расія дапамагаць Беларусі абавязана – а іначай мы возьмем ды перастанем быць „тоже-русскими”...
Польскія сацыялісты на Крэсах разбіліся на дзве плыні – Польская Партыя Сацыялістычная і Сацыял-Дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы. ППС пазней практычна ўся адыйшла ў „правіцу”, прыхапіўшы з сабой... частку сацыял-дэмакратаў; СДКПіЛ амаль цалкам з 1906 года далучаецца да расійскіх бальшавікоў, а ў 1918 годзе амаль цалкам уліваецца ў Расійскую Камуністычную Партыю. З ППС выйшаў Ю. Пілсудскі, з СДКПіЛ – Дзяржынскі... Цікава, што дамінуючы ў Царстве Польскім ды Познані з Галіцыяй нацыянальна-дэмакратычны накірунак, на Крэсах... практычна не быў прадстаўлены – на Крэсах розніца паміж ППСаўцам і НДэкам не існавала, таму што палітыкуючыя польскія „земяне” ў моры праваслаўных тутэйшых і так былі павязаныя сваяцтвам, суседствам і агульнымі інтарэсамі. На Крэсах існавала польская партыя, адзіны вялікі клан – нутраныя сваркі і парахункі не выходзілі за яго межы. „Праграма” клана была кароткай і яснай: мае быць тут Польшча, бо іначай прападуць маёнткі, калі будзе рэвалюцыя; калі будзе рэвалюцыя, нехта мае зберагчы нашы маёнткі, а таму мае быць тут польскае войска. Палякі пачатку ХХ стагоддзя рэпрэзентавалі на Крэсах мешанку кансерватызма з радыкальным клерыкалізмам, таму будучы дзяржаўны, сацыяльны і нацыянальны парадак паважна не абмяркоўваўся нават на саміх Крэсах, тым больш не разумелі Крэсаў пазнанцы і галіцыйцы! Хіба адзін Ю. Пілсудскі вызначаўся неверагодным нюхам на будучае: калі ў 90-х гадах на Крэсах паявіліся беларускія нелегальныя кніжкі „Дудка беларуская” і „Смык беларускі” Ф. Багушэвіча, віленскага адваката і „бацькі беларускай нацыі”, выдадзеныя дзеячом ППС Ф. Анчыцам за партыйныя грошы ў Кракаве і Познані, а распаўсюджвала іх на Віленшчыне і Міншчыне падпольная сетка ППС, Ю. Пілсудскі рашуча пратэставаў(!); калі ж пайшлі перакладзеныя з польскай мовы сацыялістычныя агіткі тыпу „Куды мужыцкія грошы ідуць”, а перакладалі тыя ж кракаўскія ППСаўцы, абурэнню Ю. Пілсудскага не было канца! У Кракаве нічога не разумелі: маўляў, звычайная рутынная агітацыя, з улікам „крэсовай спецыфікі”... Тады Ю. Пілсудскі патлумачыў выразна: той Францішак Багушэвіч, ён жа „Мацей Бурачок”, хоць у самой кніжцы і выставіў ворагамі мужыка маскаля, казака, немца і жыда, а польскі пан... не памінаецца зусім, як быццам яго няма, дык у прадмове да кніжкі напісаў: „Не пакідайце ж мовы нашай беларускай – каб не ўмёрлі!” Мова – гэта не дыялект ці нейкая „гвара”, а якой гергеча племя тубыльцаў пад стрэхамі... Мова – гэта асобная нацыя. А калі нацыя, то рана ці позна знойдзецца галава, паявіцца граматыка, пойдзе літаратура і журналістыка, напрацуецца нацыянальная ідэя, захочацца спачатку свае аўтаноміі, а калі не дадуць (а хоць і дадуць!), то свае дзяржавы! І што тады супрацьпаставіць гэтаму на Крэсах, дзе „польскасць” толькі ў касцёле ды па фальварках – і то з дзікім тутэйшым акцэнтам і засмечаная „кацапскімі” словамі?! Адну сілу, адно войска... Іначай пра адвечна „польскія” Вільню і Львоў таксама прыйдзецца забыць, бо гэта толькі энклавы ды і тыя на восемдзесят працэнтаў з жыдоў, а ўся „польскасць” на Крэсах гэта архіпелаг у мужыцкім моры, ціхім толькі да той пары, пакуль нехта не пасее вецер...
Аднак у ППС Пілсудскага не паслухалі, ну, пора гарачку, нейкая фобія... Аргументавалі: Касцёл наш прыціснуты ўладай, польскія школы на Крэсах у падполлі, ідзе „татальная” русіфікацыя (што такое татальная на самай справе, тады яшчэ не ведалі!), зараз мужыкоў пераробяць на рускіх... То няхай прызвычайваюцца, што і „гаворкай” іхняй можна друкаваць, а там і „пальшчызнай” паціху пойдзе – „гаворка” ж то не мова, а дыялект... Нехта дапусціўся фатальнай памылкі: бо па-польску „jкzyk” нешта вышэйшае, а „мова” і „гвара” амаль тое ж самае, а па-беларуску – як у Багушэвіча – „мова” і ёсць той самы літаратурны „ензык”!
Чакаць „Беларускага Лемантара” было не доўга – пры гэтым быў ён надрукаваны адначасова і лацінкай, і кірыліцай! Ці вы дзе бачылі „гвару” кірыліцай?! У Вільні абаранелі з адкрытым ротам... Здурэлі б зусім, калі б ведалі, што кірыліцу завялі сярод беларусаў пасля поўнага знішчэння яе ў XVII стагоддзі... таксама каталікі. Вацлаў Іваноўскі з-пад Ліды ставіў задачу, даставаў грошы і арганізоўваў друк, падручнікі пісаў у лацінскім варыянце наваградчанін Марыян Фальскі – пазней ён выдасць „Элементаж для шкул вейскіх” , па якім уся Польшча будзе вучыцца з 1919 года! – і мінчанін, але сын лідскага паўстанца 1863 года Казімір Кастравіцкі, сваяк Апалінарыя Кастравіцкага, больш вядомага як Гійём Апалінэр...
І першыя газеты ў Вільні „Наша Доля” і „Наша Ніва” братоў Яна і Антона Луцкевічаў, Алаізы Пашкевіч, – усе трое суседзі Іваноўскага, – таксама адначасова выходзілі і лацінкай, і кірыліцай на працягу дзесяці гадоў! Такое мог прыдумаць толькі інжынер Іваноўскі разам з інжынерам Фальскім – філолаг перапалохаўся б самой крамольнай думкі, каб на адну мову ды два шрыфты і дзве граматыкі... Але зроблена ўсё было слушна! Таму, што першыя сацыялісты і газетчыкі, першыя літаратары і палітыкі на дзевяць дзесятых былі каталікамі, выходзілі з польскай культурнай і нават палітычнай традыцыі (праграма заснаванай у 1902 годзе Беларускай Сацыялістычнай Грамады была амаль цалкам перапісаная з праграмы ППС!), але адразу ж за рэвалюцыйны адзін 1905 год ясна ўбачылі, што тыя беларусы, да каго яны звярталіся, гэта праваслаўныя на тыя ж дзевяць дзесятых; каталікі ж прызнаюцца да беларускасці хіба ў тых парафіях, дзе беларусаў-ксяндзоў яшчэ не ўзяў за сутану біскуп Э. Роп... Дзве паралельныя граматыкі мелі, калі не запабегчы, то прыгладзіць рэлігійны раскол. Падмацаваны расколам у культуры ці палітыцы, ён лёгка мог перарасці ў нацыянальна-дзяржаўны. Што мы і бачым сягоння паміж сербамі ды харватамі – тыя і тыя сваю мову называюць серба-харвацкай, але які ўжо раз паміж сабой ваююць не на жыццё, а на смерць, вынішчэнне. Хаця ў 1918 годзе ядналіся ў адну дзяржаву, быццам бы на роўных... Што ж атрымалася ў Іваноўскага і Фальскага? Прыхаваны раскол існуе дагэтуль, але ні тады, ні пазней ажно да такой разні не дайшло, але і хатняя вайна на Крэсах загаралася не сама па сабе, але з прыходам якога-небудзь чарговага войска! Калі коратка, то да 1917 года і моцны польскі дух, і слабы беларускі былі на Крэсах нацыянальныя, а таму больш-менш маналітныя, бо заклапочаныя выключна сваімі нацыянальнымі інтарэсамі ва ўмовах Імперыі. Што датычыцца „агульнарасійскіх” партый, то яны закраналі на Беларусі толькі жменьку заезнага чынавенства – што сацыялісты, што канстытуцыйныя дэмакраты, што правыя, што левыя.... Як і цяпер, нават, быццам бы рускамоўнае места Расіяй цікавілася мала, а лёс Крэсаў па-ранейшаму вырашалі падзеі, што адбываліся недзе далёка-далёка... Грымнула ў 1914 годзе вайна, перакруціла і расцерла мільёны людзей, а праз тры гады грымнула рэвалюцыя, яшчэ праз год другая рэвалюцыя, зваліліся тры імперыі, і на тых руінах, дзе кожнаму было хоць нейкае месца раней, цяпер зрабілася цесна ўсім – багатым і бедным, каталікам і праваслаўным, палякам і беларусам, рускім і палякам, беларусам і рускім; а ўсе ўзброеныя і голарукія гарлапаны гарлалі кожны сваё, але неяк выходзіла ў іх адно і тое ж, бо кожны клікаў ісці за ім, абяцаў цэлы свет у свабодзе і шчасці толькі пры адной лёгкай і простай да выканання ўмове, маўляў,
і вось, калі ты паклонішся мне,
дык усё будзе тваё.
Лука IV, 7.
Дзейнічае тым часам Беларускае Таварыства Дапамогі Ахвярам Вайны, а на чале буйнейшай украінскай партыі, замаскаванай пад выдавецтва „Украинская Жизнь” стаіць... С. Пятлюра, будучы прэзідэнт Украінскай Народнай Рэспублікі. Нават без лішняй агалоскі з восені 1915 года, калі расійская армія адступае з-пад Варшавы ажно да Рыгі, возера Нарач і Мінска, фарміруюцца новыя палкі з мясцовых жыхароў, у тым жа афіцэраў; працэнтаў восемдзесят у мінскай 15 Арміі генерала Кандратовіча беларусы, а на Украіне тое ж робіць генерал Скарападскі, будучы гетман Украіны пад нямецкай акупацыяй...
У канцы 1916 года, калі кіраўнічыя эліты ваюючых краінаў ды ўсіх колераў рэвалюцыянеры ўжо адчуваюць блізкі канец гэтага свету, у Швейцарыі адбываюцца дзве малапрыкметныя канферэнцыі. На адной радыкалы на чале з У. Леніным пастанаўляюць стварыць фактычна Камуністычны Інтэрнацыянал, кожная з асобных партый якога мае дабівацца паражэння свайго ўраду. На другой жа – дэлегаты сацыялістычных і нацыянальных партый Расіі (дэ-факто такія ж радыкалы!) вырашаюць праблему... падзелу тэрыторыі былой Імперыі пасля яе ўпадку.
Лідэр беларускіх сацыялістаў Ян Луцкевіч прапануе... утварыць канфедэрацыю незалежных Летувы, Беларусі ды Украіны. Летувісы адмоўчваюцца – у Вільні ідуць нейкія падазроныя перамовы купкі газетчыкаў, адвакатаў і мясцовых фальваркоўцаў з камандаваннем 10-й нямецкай арміі... Украінцы супраць! „Хахлацкі сепаратызм” некуды знік... Аказваецца, спачатку трэба пабіць немца (ясна, сіламі расійскай арміі!) ды вызваліць... Львоў, Цярнопаль і Чарнавіцы! А вось ужо потым... Ні расійскіх, ні польскіх сацыялістаў на нарадзе няма, і няма каму спытаць Луцкевіча пра адносіны гэтай „канфедэрацыі” да Расіі ці Польшчы. Што гэта такое ўвогуле? Новае Вялікае княства Літоўскае?! Ды ні Польшча, ні Расія не пагодзяцца з яго новым існаваннем!
Але Луцкевіч, які прыехаў з Вільні, не надта ведае, што сабе думаюць тыя калегі з Грамады, якія цяпер за расійскім фронтам, у Мінску і Санкт-Пецярбурзе. Хіба тое ж самае, што да вайны: рэальна мець аўтаномію ў складзе федэратыўнай Расіі – на незалежнасць няма проста мінімальнай колькасці сваіх афіцэраў ды настаўнікаў пачатковых школаў, не гаворачы пра больш адмысловыя прафесіі...І фронт стаіць пад Мінскам! Так што справа можа быць вырашана толькі пасля вайны...
Ніхто не ведае яшчэ, што партыям у Петраградзе рупіць скінуць цара і дайсці да ўлады цяпер... Арганізаваны недавоз хлеба, раней яшчэ нагнана ў сталіцу дзвесце тысяч (!) жаўнераў запасных палкоў, Балтыцкі Флот стаіць у ільдах Кранштата, а дзесяткі тысяч узброеных матросаў „гуляют” у сталіцы... У канцы зімы стыхійныя дэманстрацыі канчаюцца разгонам паліцыі, арыштам ураду і... адрачэннем імператара дынастыі Раманавых! У краіне, дзе дзве тысячы кіламетраў фронту, дзе ўзброены восем мільёнаў чалавек, дзе жывуць дзесяткі вялікіх і малых народаў, дзе праваслаўныя, каталікі, лютэране, мусульмане і іншыя моляцца кожны іншаму Богу, дзе за стагоддзі зблытаны і запушчаны і адносіны людзей да зямлі, і адносіны людзей да людзей, у такой краіне пачынаецца рэвалюцыя. Што гэта была за „дэмакратычная” рэвалюцыя, як яна выглядала на самай справе – чамусьці тая рэвалюцыя лічыцца сапраўднай, а бальшавіцкі захоп улады ў кастрычніку 1917 года злачынствам, якое пацягнула мноства бязвінных ахвяраў! – сведчыць меншы брат Іваноўскага, акадэмік і „бацька летувіскай біялогіі” Тадас Іванаўскас, які быў тады ў Петраградзе дацэнтам Універсітэта і экспертам аднаго з расійскіх міністэрстваў:
„12 сакавіка 1917 года быў захоплены Арсенал у Петраградзе. Пад вечар я там праходзіў і бачыў мноства салдат і цывільных, пераважна рабочых. Бярэмямі, як дровы, з Арсенала выносяць вінтоўкі – новенькія, яшчэ ў вазеліне. Пад сцяной падлетак гадоў чатырнаццаці трымае поўную кардонку „браўнінгаў” і прадае амаль што дарам усім жадаючым. На Неўскім і Ліцейным нават у час вайны былі шыкоўныя крамы – у першы ж дзень многія ўжо разрабаваныя; каля разбітых спартыўных і паляўнічых вітрынаў ходзяць абарванцы з цудоўнымі навюткімі карабінамі і стрэльбамі на плячах, чутны стрэлы, на снезе валяюцца гільзы і пыжы... Далей разбіваюць крамы з алкаголем, льюць проста ў горла на месцы, набіваюць кішэні пляшкамі дарагога віна, каньяку, рому, валакуць скрынкамі, самыя спраўныя падганяюць фурманаў на санках і грузяць колькі конь пацягне. Следам рабуюць усе спрытна, урываюцца ў багатыя дамы, шукаюць „ворагаў рэваюцыі” (!); месцамі швайцары і старажы спрабуюць замыкаць падворкі і парадныя сходы, але ад таго яшчэ горш – страляюць, выломваюць, урываюцца і валакуць на снег усіх, хто трапіць у рукі! Сівога генерала ў поўнай форме з узнагародамі вывалаклі з дома на маіх вачах, збілі да крыві, растапталі нагамі і расстралялі з рэвальвераў. Ноччу пачынаецца паляванне на маладых паненак, служанак і гімназістак – прастытутак, якімі ваенны Пецярбург быў набіты бітком, ужо не хапае!..
У першы дзень паўстання там-сям можна было ўбачыць афіцэра ў форме. На другі дзень усе пахаваліся, ці пераапрануліся ў цывільнае... Аднаго з афіцэраў затрымала група рабочых чалавек дзесяць, усе з вінтоўкамі і з чырвоным сцягам, нешта крычалі і размахвалі рукамі. Тут падышоў матрос, моўчкі ўзяў у рабочага вінтоўку са штыхом, моўчкі ўсадзіў афіцэру ў жывот і пайшоў не аглядаючыся.... Салдаты найбольш любілі катацца на аўтамабілях і страляць у ліхтары і вітрыны, другой „народнай забавай” былі пагромы шматлікіх у сталіцы рэстаранаў і кавярняў – там абіралі абслугу і рэдкую публіку, часам стралялі і збівалі да смерці чысцей апранутых, выпівалі і выжыралі ўсё, што было...
На пачатку рэвалюцыі практычна ўсе яе віталі, плакалі ад радасці і цалаваліся на вуліцах, нават незнаёмыя людзі. Але вельмі хутка тая радасць змянілася агідай і страхам... У рускага народа і рускай інтэлігенцыі заўсёды былі і застаюцца нейкія крайнасці: да рэвалюцыі большасць інтэлігенцыі выступала нават за дыктатуру пралетарыята – цяпер жа яны ўбачылі ўсю „прыгажосць” той дыктатуры і дружна хіснуліся назад...”
Прыблізна тое самае адбывалася на пару дзён пазней і ў прыфрантавым Мінску, набітым войскам і бежанцамі – паўсюдна ў Імперыі адно толькі і хацелі скінуць цара, а ніхто не думаў, што будзе далей! Але ў Мінску адразу пачаліся і другія канфлікты: як толькі салдатня пачала пагромы, на абарону сваіх кварталаў сталі баявыя дружыны прафсаюзаў (тады палова Мінска была з яўрэяў-рамеснікаў) і... падпольныя да таго часу групы POW на адным з кварталаў Мінска, які так і называўся – Ляхаўка! Адтуль у Мінску былі ажно да восені 1917 года дзве ўлады: вакзал і казармы кантраляваў Савет салдацкіх дэпутатаў Заходняга Фронту, а другую частку – міліцыя Мінскага Савета. Усе палітычныя партыі, усе нацыянальныя і іншыя групы інтэнсіўна збіралі і куплялі зброю... Тады ж – задоўга да бальшавікоў! – Доўбар-Мусьніцкі фактычна выйшаў з-пад улады расійскага камандавання, сцягнуў большасць сваіх палкоў у раён Жлобіна-Бабруйска, абвясціў іх Польскім Корпусам, а сябе ўпаўнаважыў таксама і да цывільнай улады – польскім маёнткам рэальна пагражалі рабункі мужыкоў! Так на Беларусі выглядаў пачатак свабоды і дэмакратыі...
І сказаў: праўду кажу вам:
ніякі прарок не прымаецца ў сваёй Айчыне.
Лука IV, 24
Наступіў час, калі Бог быў на баку мацнейшых батальёнаў! Гісторыку магчыма наракаць на адсутнасць вопыту і палітычнай волі ў Часовага Урада ці асобных палітыкаў, спасылацца на адсутнасць дэмакратычных традыцый і г.д. Але ж, калі няма іншых традыцый, то праяўляюцца тыя самыя традыцыі рабунку! Самыя народныя традыцыі... І найбольш боездольнымі ў Расіі 1917-18 гадоў аказаліся нацыянальныя войскі – латышскія стралкі і польскія легіянеры. Спрацавала не еўпарейская культура, а хіба інстынкт самазахавання, бо іначай выжыць у расійскім крывавым моры не было як... З легіёнаў і POW (Polska Organizacja Wojskowa) пачалася Польшча, на латышскіх штыхах утрымалі ўладу бальшавікі. Уласна хатняя вайна ў Расіі паміж рускімі і рускімі ўзнікла толькі летам 1918 года, узнікла на яе ўскраінах, на Урале, Волзе, Каўказе, і была гэта не так вайна чырвоных з белымі, але вайна рэгіёнаў супраць цэнтральнай улады, а ў значнай ступені вайна нацыяў супраць Крамля. Пры гэтым у кожнай з нацыяў былое Расійскай Імперыі адбыўся раскол...
Летам 1917 года новапаўсталы Беларускі Нацыянальны Камітэт у Мінску апанавалі сацыялісты, выкінуўшы „памешчыкаў” (дэпутатаў расійскай Гасударсцвеннай Думы) на чале з Р. Скірмунтам. У снежні Усебеларускі Кангрэс быў разагнаны сіламі ВЧК і бальшавіцкіх войск Заходняга Фронту; сацыялісты апынуліся ў падполлі, улада ў Мінску і на ўсёй Беларусі перайшла да „военно-революционного комитета” з латышоў, габрэяў, палякаў, армянаў і Бог ведае каго... Тым часам наступіў час сепаратнага міру бальшавікоў з немцамі ў Брэсце – немцы занялі Латвію, Эстонію, усю Беларусь да Дняпра і Дзвіны і ўсю Украіну. 25 сакавіка 1918 года Рада Усебеларускага Кангрэсу заявіла пра незалежнасць Беларусі ад Расіі, узнікла Беларуская Народная Рэспубліка. Акупацыйныя нямецкія ўлады напачатку яе не прызнавалі, потым прызналі як прадстаўніцтва беларусаў у Мінску. У тым жа годзе былі яшчэ дзве падзеі ў той шалёнай каламыйцы: у маі 1918-га немцы раззброілі корпус Доўбара-Мусьніцкага, а ў кастрычніку... аддалі бальшавікам частку Беларусі ад Дняпра да Бярэзіны. Сусветная вайна дагарала, заходнія саюзнікі праламалі Салоніцкі Фронт – капітулявалі Турцыя, Балгарыя, Аўстра-Венгрыя. Нарэшце ў лістападзе 1918-га капітулявала Германія, Вільгельм ІІ уцёк у Галандыю, у Варшаве выбухнула паўстанне і 11 лістапада паўстала ІІ Рэч Паспалітая ды пачала фарміравацца польская армія. Немцы эвакуіраваліся з Беларусі, захоўваючы за сабой толькі чыгункі ў раёне Брэста і Гродна – следам за імі ішлі бальшавікі. 1 студзеня 1919 года была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, праз некалькі дзён войскі Чырвонай Арміі зламалі польскую самаабарону ў Вільні і занялі амаль усю Беларусь. А ўжо праз месяц, у раёне Слоніма і Картуз-Бярозы, пачаліся баі з польскай арміяй. У красавіку 1919 года палякі занялі Вільню, а да восені выйшлі на Дзвіну і Бярэзіну-Дняпроўскую. Тут фронт прастаяў да мая 1920 года...
Сутнасць польскай палітыкі на Крэсах была выкладзена ў добра вядомай адозве Начальніка Дзяржавы Ю. Пілсудскага „Да грамадзянаў былога Вялікага княства Літоўскага!”. Праект Пілсудскага мала чым адрозніваўся ад памянутага праекта Луцкевіча: у Луцкевіча была канфедэрацыя Летувы, Беларусі і Украіны, а ў Пілсудскага федэрацыя тых жа краін і Польшчы – альбо аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, толькі на прынцыпе „роўныя з роўнымі, вольныя з вольнымі”. У Коўне гэты праект адразу адкінулі – там разлічвалі на падтрымку Германіі і... Расіі! У Кіеве думкі падзяліліся – частка палітыкаў, з пэўнымі заўвагамі была схільная яго падтрымаць, частка была катэгарычна супраць (з прычыны Львова і Усходняй Галіцыі). Што ж датычыцца Мінска, то найбольшы супраціў тут выказалі не беларусы, але... палякі! Прысутны на прамове Ю. Пілсудскага ў 1919 г. у Мінску Рдултоўскі сведчыць:
„– Шчыра дзякую за выказаныя мне прывітанні, – гаварыў Пілсудскі. – Як сын гэтай зямлі, я добра ведаю яе гаротнае становішча. Дзяды нашыя не бачылі нічога лепшага за мукі, здзек і злачынства. Кожнага прымушалі тут прызнаваць тое, што яму гвалтоўна накідалі (падкрэслена мною – А. Ч.)... Польскае войска, якім я маю гонар камандаваць, усюды нясе вызваленне і свабоду. Польшча ідзе на Крэсы не для таго, каб навязваць сваю волю. Польскі Сэйм пацвердзіў маю віленскую адозву, што гэтай зямлі ніхто і нічога накідаць гвалтам не будзе – будзе яна свабоднай, і насельніцтва яе свабодна вырашыць формы сваяго бытавання.
Я даў слова і трымаю яго моцна: насельніцтва будзе паклікана да выбараў мясцовага самакіравання, а потым надыдзе час выказаць свае думкі пра дзяржаўны лад (падкрэслена мною – А. Ч.). Я буду ганарыцца Польшчай, польскім войскам і самім сабой, калі змагу даць гэтай зямлі найвышэйшы дар, якога яна дагэтуль не мела – дар волі. Пакуль я буду камандаваць польскім войскам, я гарантую вам свабоду. Я веру і спадзяюся, што гэта зямля, як асобная адзінка, зойме належнае ёй месца ў сусветным ліку дзяржаўных народаў...
– Для большасці нас, мінскіх палякаў, – піша далей Рдултоўскі, – не знаёмых з палітычнымі праектамі Пілсудскага, абедзве яго гэтыя беларускія прамовы (на вакзале і ў Шляхецкім Доме ў Мінску Пілсудскі гаварыў па-беларуску! – А. Ч.) зрабілі дзіўнае і прыкрае ўражанне. Нават той факт, што прывітанне было сказана не па-польску, быў для нашых вушэй непрыемны. Столькі гадоў мы чакалі яго па-польску! І да таго ж, Начальнік Дзяржавы ведаў, што ўсе прысутныя дасканала разумеюць па-польску!
А тая „аўтаномія”!!! Як практычна яна мела выглядаць?! У гэтым „аўтаномным Краі”, дзе мы, палякі, у дамінуючай меншасці?! Калі аўтаномія будзе „шырокай”, ці здолеюць гэтыя землі супрацьстаяць камуністам і сацыялістам-рэвалюцыянерам? Хоча той аўтаноміі жменя нацыяналістаў, а большасць насельніцтва пра яе і не думае...”
Рэакцыя Рдултоўскага, „міньскего поляка”, вельмі паказальная. Па-першае, ён адрознівае камуністаў і сацыялістаў-рэвалюцыянераў – „камуністы” тыя, хто ў Маскве, а „сацыялісты” гэта беларускія арганізацыі ў Мінску, настроеныя супраць Расіі. Але паколькі палякаў на Міншчыне „дамінуючая меншасць”, то любое самакіраванне і тым больш аўтаномія гэтую меншасць проста змятуць. І ў тым, што аўтаноміі хоча толькі „жменя нацыяналістаў”, ёсць святая праўда – бо вёска нават не ведае, што гэта такое, а „нацыяналісты” наўзабаве расколюцца на тры партыі. Урад БНР В. Ластоўскага заявіць пра „польскую акупацыю” і выедзе ў Коўна, Урад БНР А. Луцкевіча (раскол адбыўся адразу ж пасля адозвы Ю. Пілсудскага вясною 1919 года!) паспрабуе з дапамогай Варшавы ўправіць мазгі крэсавым ксяндзам і „зямянам”, а леварадыкальная група У. Ігнатоўскага (будучы прэзідэнт Акадэміі Навук Беларусі) утворыць Беларускую Камуністычную Арганізацыю і распачне... антыпольскую партызанку! Сам Ігнатоўскі ў 1920 годзе будзе кааптаваны ў ЦК Камуністычнай патрыі Беларусі. З насторю мемуараў Рдултоўскага выразна відаць не расчараванне, а паніку і страх, якія ахапілі „міньскіх полякув” – справа была не ў „беларускім нацыяналізме”, але ў магчымых... рабунках мужыкоў пры няпольскіх самаўрадах і няпольскай аўтаноміі! Без рэгулярнай арміі і падтрымкі Варшавы „польскасць” на Крэсах знікла б за які месяц-другі!
Цікава, што, на пачатку сустрэчы, Пілсудскага віталі праваслаўны мітрапаліт Мельхіседэк і старшыня Беларускага Нацыянальнага Камітэта А. Прушынскі (Алесь Гарун), але перад імі вылез нейкі М. Ярашэвіч і... па-руску накінуўся на Пілсудскага з абвінавачаннямі ў „польскай акупацыі” і патаканні „местным националистам”, бо ўвесь тутэйшы народ „рускі”, гаворыць „па-руску” і „хочет жить в России”. Цікава, як гэты „западнорусс” Ярашэвіч прайшоў усе пастарункі, усю ахову, хто яго прывёў, пусціў наперад і навучыў, куды і якімі словамі калоць Начальніка Дзяржавы? Каму была патрэбна правакацыя?! Самотная асоба ў такіх выпадках ніколі не бывае самотнай – нехта яе рыхтуеі беражэ да пары і да часу...
І вось, пасля гэтай абразы Пілсудскі цудоўна зразумеў, каму гэта трэба, і сказаў тое, што пададзена вышэй! Тым болей, прысутнічалі і сам генерал Шаптыцкі, і генеральны камісар Усходніх Земляў Асмалоўскі, і камісар Мінскай Зямлі Рачкевіч, будучы прэзідэнт Польшчы на Захадзе з 1939 года... У тым і адрозненне Пілсудскага ад будучых пілсудчыкаў на Крэсах, што маршалак быў практыкам, а яны рамантыкамі! Яны вырашылі, што Польшча ўжо моцная і вялікая, вайна ўжо скончаная, у той Польшчы жывуць адны палякі – у тым жа і толькі „дамінуючая меншасць” на Міншчыне! У тым і ўся справа, што вайна не была скончаная, што яшчэ былі патрэбны жаўнеры, што – самае галоўнае! – лёс ІІ Рэчы Паспалітай пасля вайны залежыць ад таго, дзе будуць яе межы і якія ў ёй будуць парадкі, бо гэта вайна яшчэ не апошняя... Але тым і адрозніваецца дзяржаўны дзеяч ад засцянковага патрыёта, што ён абавязаны яшчэ і думаць, і рабіць, а не толькі кахаць Айчыну без памяці! Ды дзе там – калі гэта на Крэсах каму была да спадобы развага і калькуляцыя?! „Поляцы міньске” не пачулі ў словах Пілсудскага ніякіх тактычных абяцанак, прынялі ўсё за чыстую манету, адным словам,
пачуўшы гэта,
усе ў сынагозе напоўніліся гневам,
Лука IV, 28
і ўстаўшы, выгналі Яго прэч з горада
і павялі на вяршыню гары,
на якой горад іхні быў пабудаваны,
каб скінуць Яго,
Лука IV, 29
Не, тады восенню 1919 года Пілсудскі з Мінска паехаў як мае быць! І праводзіны былі – як сустрэчы! Але, пад федэралізм Пілсудскага пачалі інтэнсіўна капаць „поляцы міньске”, і ўзнік нейкі дзіўны сімбіёз паміж „крэсовымі” ды тымі, хто ў Варшаве – Грабскі, Домбскі і К° – не хацелі мець ніякіх Крэсаў... І ўзнікла быццам бы разумная, а нават кампрамісная формула: „праглынуць на Усходзе роўна столькі непалякаў, колькі Польшча здолее асіміляваць за адно пакаленне”, гэта значыць, за дваццаць гадоў, бо менавіта толькі тое і ёсць дзейсны час аднаго пакалення. У палітычна-вайсковых, значыць, больш канкрэтных формулах тое самае акрэслівалася як „заняць і ўтрымаць толькі тыя тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага, дзе большасць насельніцтва каталікі”.
У тую ж восень прыступілі да рэалізацыі гэтага плану – так хутка, бо на „Літве Ковеньскей” „федэралізм” Пілсудскага і „праглынанне каталікоў на Усходзе” ў яго апанентаў цалкам супадалі. Але паўстанне ў Коўні сіламі аднаго POW было правалена! І нічога дзіўнага – кіраўнік польскага падполля ў Коўні капітан Р. Кавалец дакладваў рэзідэнтуры ў Вільні – між іншым, узначальваў яе Леан Васілеўскі – што паўстанне абсалютна не падрыхтавана, на ўсю Ковеншчыну ён мае ўсяго тысячу чалавек і здольны пры добрай удачы заняць Коўню толькі на адны суткі, а таму настойваў, каб за гэты час пад Коўню паспелі дайсці самае меншае некалькі батальёнаў рэгулярнай польскай арміі...
Таксама ён папярэджваў, што „ўрад прэм’ера Сляжавічуса карыстаецца поўнай падтрымкай сярод летувісаў, а нават значнай часткі палякаў (!). Што ж датычыцца генерала Жукаўскаса, на якога спадзяваліся ў Варшаве, бо зусім нядаўна той генерал быў палкоўнікам Жукоўскім і гаварыў па-польску, то Р. Кавалец акдрыта пісаў, што гэтаму чалавеку нельга верыць, бо свае погляды ён мяняў ужо некалькі разоў... Дарэчы, Тамаш Зан, праўнук Тамаша Зана-„Прамяністага”, пазней палкоўнік АК, а тады ўлан 211-га палка ротмістра Дамброўскага, пісаў у сваіх мемуарах, што іх суседам пад Коўняй быў нейкі былы паляк, капітан царскай арміі Жукоўскі, які гаварыў толькі па-руску, палякаў старанліва абыходзіў, а сябраваў толькі з, наехаўшымі на канфіскаваныя пасля 1863 года маёнткі, рускімі памешчыкамі! Такі Жукаўскас быў не адзін – і ў Коўні, і ў Вільні, і ў Мінску, і ў Варшаве...
Але, ці то Васілеўскі не змог пярэчыць Пілсудскаму, які вясною 1919 года даў ясныя інструкцыі, што сярод летувісаў можна знайсці „разумных людзей”, бо ўсе яны ўчарашнія мужыкі і любяць грошы, ці то кола круцілася само па сабе, але сігнал да паўстання быў дадзены і... шавулісы за адну ноч яго зліквідавалі; было некалькі забітых з абодвух бакоў, а сотні арыштаваных палякаў напоўнілі ковенскую, панявежскую і ўсе астатнія турмы. Аказалася, што нават шчырыя каталікі, якія дасканала разумеюць па-польску, то не заўжды шчырыя палякі... Ідэнтыфікацыя паляка за каталіка, а каталіка за паляка была справядлівай толькі для карэннай Польшчы і крэсавай магнатэрыі ды „зямянства” – але нават „на Крэсах” гэты закон выконваўся не паўсюдна і не заўжды, нават у 1919 годзе, а таму і цяпер „новыя крэсавякі” на Беларусі хочуць надаць паляка-католікам характар усяленскага ды універсальнага!
Правал тае „ковенскай авантуры” і разрыў усялякіх адносінаў з Літоўскай Рэспублікай канчаткова развялі Пілсудскага і астатніх палітыкаў у Варшаве. Маршалак меў непадважальны аўтарытэт толькі сярод простага народа ды армейскіх афіцэраў і шэрагоўцаў – палітыкі, генералітэт і зямельна-фінансавая алігархія ўжо тады глядзела на „водза”, быццам на таго „маўра, які зрабіў сваю справу і можа быць вольны”... А на Беларусі наступствы візіта Пілсудскага ў Мінск былі непапраўныя для далейшых польска-беларускіх адносінаў!
Польскія вайсковыя і цывілныя ўлады ў Мінску і на беларускіх землях перакрэслілі і той малы даробак, чаго дамагаліся беларусы з БНР нават пад нямецкай акупацыяй, з чым вымушаны былі лічыцца, нават прадэкляраваўшыя Савецкую Беларускую Рэспубліку маскоўскія бальшавікі!
Былі зачынены рэдкія беларускія школы, зачынены амаль усе газеты, распушчаны вайсковыя камісіі, педагагічныя і афіцэрскія курсы, арыштаваны дзесяткі дзеячаў беларускіх партый, спынены ў касцёлах імшы на беларускай мове і г.д. Гэта хоць трапляла да якой-небудзь грамадскасці ў вушы! Пра гэта ў Варшаве стараліся консул БНР інжынер Л. Вітан-Дубейкаўскі і... спецыяльны высланнік Ураду БНР княгіня Магдалена Радзівіл-Завіша: княгіні неяк удавалася, але калі варшаўскія газеты сталі празрыста ківаць на яе „прарасійскія” (!) сімпатыі да называць не іначай як „Магдалена Івановна”, княгіня ўзяла ды купіла дом, у якім арандавалі памяшканні амаль усе тыя варшаўскія рэдакцыі, і... павыкідала ўсіх прыткіх журналістаў на вуліцу. Na zbity pysk! Газеты хутка збавілі тон, але, нават княгіня Радзівіл не магла выкінуць з упартых галоваў тое, што пазней сталі называць „польскай глупотай”, хаця купіць тыя задніцы, на якіх выраслі такія галовы, магла лёгка... Чалавека і дурнога не купіш! Нельга купіць тое, чаго ў ім няма... Значыць: розуму.
Але „хоць нейкай грамадскасці” траплялі ў вушы хоць нейкія факты пра крыўды эліты – газетчыкаў, настаўнікаў і вайсковых. Крыўды вёскі нікому не траплялі ў вушы! Ну, што ж – ідзе вайна, войска жэрці хоча, і бабаў, людзі могуць пацярпець, а коні не могуць і г.д. Так то яно так, толькі бралі выключна з вёсак – а не з маёнткаў! І, каб хоць бралі! Праваслаўныя вёскі трактаваліся як... бальшавіцкія, да таго ж, часова захопленыя; сказаць, што іх абіралі, гэта не сказаць нічога – іх пляндравалі, як у казацкіх і шведскіх войнах XVII стагоддзя! Пустошылі!
І гэтага не чуў ніхто ў Польшчы па-за... ІІ аддзелам Генштаба, чые афіцэры на Беларусі ў тую ж восень 1919 года даносілі ў Варшаву, што „пачатковы энтузіязм насельніцтва знік, настала разгубленасць і непрыязнасць да войска, якая вельмі хутка перарасла ў нянавісць да ўсяго польскага”. Але ў Варшаве ІІ аддзел Генштаба таксама не слухалі – яго інфармацыя не адпавядала кабінетным канцэпцыям і канструкцыям...
Палітычныя ж польска-беларускія кантакты былі перапыненыя да вясны 1920 года. На працягу гэтага часу Ю. Пілсудскі спрабаваў загуляць яшчэ далей на ўсход. Двойчы яго міністр для спецыяльных даручэнняў Ежы Іваноўскі (старэйшы брат Вацлава і Тадэуша) ездзіў да „главнокомандующего вооруженных сил Юга России” генерала Антона Дзянікіна – і абодва разы Дзянікін... „згаджаўся” (!) на існаванне Польшчы. Але, як аўтаноміі ў межах Расіі, і на правах ды на абшары былога Царства Польскага! „Белая армія” Дзянікіна дайшла ажно да Тулы, што за 200 км ад Масквы; далейшае яе наступленне пры падтрымцы палякаў ад Бярэзіны паклала б фізічны канец бальшавізму, але – як усе прайгранцы! – тыя генералы і палітыкі з абозу нічога не разумелі і нічаму не навучыліся... Дзянікін быў адкінуты на Дон і Кубань, там у лютым 1920 года яго армія была разбіта каля станіцы Егарлыкскай – біліся сорак пяць тысяч кавалерыі з абодвух бакоў на снежным стэпе сто на сто кіламетраў, як у часы Напалеона! І да вясны 1920 года рэшткі „белай арміі” былі загнаныя ў Крым – грамадзянская вайна ў Расіі фактычна скончылася, а пры ўсёй разрусе і голадзе ў бальшавіцкай Расіі яе армія налічвала да 1,5 млн чалавек, пры гэтым „інтэрнацыяналістаў” у ёй – немцы, венгры, чэхі, палякі, татары, кітайцы і г.д – было больш паловы. Фактычна другім чалавекам у бальшавіцкім кіраўніцтве быў Леў Троцкі, тэарэтык „перманентнай рэвалюцыі” альбо „экспарта рэвалюцыі”; спецслужбы ВЧК узначальвалі палякі Ф. Дзяржынскі і В. Мянжынскі, намеснікамі
Л. Троцкага ў вышэйшым дзяржаўным органе ВРК (Ваенна-рэвалюцыйны Камітэт) былі нямецкія габрэі К. Радак і В. Уншліхт, венгр Б. Кун і іншыя радыкалы з усяго свету... Цесна і нецікава было ім у „азіяцкай” Расіі, добра вядома было ім, што пасля вайны яны рана ці позна акажуцца ў Расіі лішнімі і паляцяць іхнія галовы. Як толькі вясною 1920 года суцішылася полымя грамадзянскай вайны, ЦК РКП(б) у глыбокім сакрэце заняўся падрыхтоўкай „сусветнай рэвалюцыі” – планавалася ажыццявіць узброеныя інтэрвенцыі ў Кітай, Турцыю, Афганістан і... Еўропу. У разбуранай Германіі „левыя” па-ранейшаму мелі моцныя пазіцыі, для фінансавання і каардынацыі дзеянняў туды паехаў К. Радак, і нават, калі ён быў арыштаваны контрразведкай і засаджаны ў Маабіт, то ў Берлін імгненна прыйшла дэпеша, што К. Радак... прызначаны народным камісарам замежных спраў чырвонай Украіны! Камера Радака была перароблена немцамі на выгодную кватэру, а на сустрэчы з ім заспяшалі не адны камуністы, а і нямецкія генералы, дыпламаты. Ішоў ціхі гандаль усіх з усімі... Шлях да Германіі з Расіі быў адзін – праз новапаўсталую ІІ Рэч Паспалітую. Не было гэта асаблівым сакрэтам і для польскай разведкі, толькі што міністры і генералы не заўжды належным чынам успрымалі яе інфармацыю...
Вясною 1920 года было дасягнута польска-ўкраінскае (з Пятлюрам) пагадненне пра наступленне на Кіеў. Прэзідэнт Украіны Сэмэн Пятлюра згаджаўся на будучую мяжу з Польшчаю па рэках Збруч на захадзе і Прыпяць на поўначы – далей на ўсходзе Украіна мела быць датуль, дакуль дойдуць польскія і ўкраінскія войскі.
Вясною 1920 года ў Варшаве і ў Мінску абываліся перамовы польскай дэлегацыі на чале з Л. Васілеўскім і прадстаўнікамі беларускіх партый на чале з В. Іваноўскім – ІІ аддзел Генштаба сакрэтна даносіў, што Іваноўскі мае найвышэйшы аўтарытэт у беларускай Вільні і ў Мінску; а хто ж яшчэ мог яго мець, калі палітычны рух быў расколаты і абезгалоўлены ў 1919 годзе дзеяннямі польскіх мілітарыстаў, касцёла і „крэсовых зямянаў”?! Толькі беспартыйны д-р Іваноўскі, чый брат да таго ж займаў у польскай адміністрацыі міністэрскія пасады... Федэратыўны праект ужо Іваноўскага, у тым жа справы адміністрацыі і асобнай беларускай арміі, быў прыняты, але.... для „разгляду і вывучэння” без акрэсленага тэрміну; канкрэтна ж за тыдзень дамовіліся толькі на вяртанне „статус кво” ў справе беларускай асветы і друку. Але і гэтыя дамоўленасці сабатаваліся на месцы польскай адміністрацыяй... Пілсудскі не мог адкрыта ні падтрымаць, ні адкінуць „беларускую праблему” – ён манеўраваў і чакаў. Пры гэтым ён па-ранейшаму камбінаваў далучэнне да Польскай Федэрацыі Летувы, Беларусі і Украіны як абмежаваных аўтаномій, але пра Беларусь ён выразна не хацеў гаварыць з Урадам БНР, нават з такімі памяркоўнымі і „прапольскімі” дзечамі як Іваноўскі. У Пілсудскага былі іншыя людзі для сваіх планаў – ён разлічваў на некалькіх генералаў і свой аўтарытэт у арміі. Ужо вясною быў нагатаваны план рэалізацыі федэратыўнага праекта Пілсудскага выключна збройнай сілай і без ведама ўраду ў Варшаве; „паход на Кіеў” быў пачаткам гэтага плана.
Аднак падзеі беглі іначай. З поўдня і ўсходу бальшавікі перакінулі некалькі свежых армій, у тым жа семнаццаць (!) кавалерыйскіх дывізій С. Будзённага і Г. Гая; ужо ў канцы мая быў адбіты Кіеў, прычым генерал У. Сікорскі ледзь паспеў вывесці галоўныя сілы з поўнага акружэння, а летам Чырвоная Армія пачала генеральнае наступленне і праз месяц была пад Варшавай і Львовам. Былі ізноў прадэклараваныя не толькі Беларуская ССР у Мінску, але і.. Польская ССР у Беластоку на чале з Ф. Конам і Ф. Дзяржынскім! Цікава, што Дзяржынскі – рыхтык як „белапалякі” па тагачаснай савецкай тэрміналогіі! – спрабаваў мець у складзе „чэрвонэй Польскі” таксама Гродзенскую, Віленскую і Мінскую губерні; спрабаваў расстаўляць там у адміністрацыі сваіх людзей з мясцовых палякаў (!), друкаваць бальшавіцкія газеты па-польску і г.д.
Потым быў „цуд над Віслай”, развал савецкага фронту, новае паражэнне рэзерваў „чырвоных” у Нёманскай аперацыі і восенню 1920 года польская армія ізноў заняла Мінск, а перадавыя батальёны былі за 20 км ад той самай Бярэзіны...
У час самых крытычных і напружаных баёў, фактычна на правабярэжным наваколлі Варшавы, брытанскі ўрад і прэм’ер Лойд-Джордж звярнуліся з ультыматумам... адначасова да Польшчы і Расіі. Мяжа прапанавалася на гэтак званай „лініі Керзана” – сам Керзан, які значальваў тады палату лордаў, наўрад ці добра ўяўляў сабе, дзе менавіта праведзена тая лінія; усё было апрацавана ў канцылярыі самога Лойд-Джорджа! – якая... мала разыходзілася з мяжой Царства Польскага ад 1815 года! „Еўрапеец” Лойд-Джордж аказаўся вельмі падобным да „расійскага імперыяліста” Дзянікіна, хоць прычыны таго былі, ясная справа, іншыя: брытанцы не хацелі, каб паміж Германіяй і Расіяй былі ўвогуле якія-небудзь дзяржавы, а калі ўсё ж нейкія дзяржавы ёсць, то хай будуць як можна меншыя, каб Расія і Германія былі ўсё роўна побач; каб мелі спрэчныя інтарэсы, каб пачалі новую вайну, а Брытанская Імперыя з таго б ізноў скарыстала...
Урад Польшчы – як сцвярджаў сам Лойд-Джордж у ноце ў Маскву! – на гэтыя прапановы „згадзіўся”; урад Савецкай Расіі адказаў, што ён годам раней прапаноўваў Польшчы мяжу на Бярэзіне, але тая не згадзілася... Хлусілі ўсе – брытанцы, палякі і бальшавікі. Кіравалі не ўрады і нават не штабы, усё было ў руках палкавых камандзіраў – хто каго!
Савецкая дыпламатыя на самай справе не збіралася моцна выстаўляць сваю мяжу на захад. Як дамова з летувісамі ў Маскве ад 1 ліпеня 1919 года аддавала Літоўскай Рэспубліцы Гродна, Ліду, Смаргонь і Ашмяны, гэтаксама і восенню 1920 года ў Мінску палякам ізноў прапанавалі забраць усё да Дзвіны і Бярэзіны – у Маскве ўсе межы лічылі часовымі, бо ад „перманентнай рэвалюцыі” ніхто не адмаўляўся, да таго ж, бальшавікі мелі сябе за вучняў рымлянаў з іх правам „дзялі і кіруй!”: беларусаў ужо аддалі Летуве, а цяпер амаль усіх прапаноўвалі Польшчы, каб падкласці бомбу на будучае... Трэба думаць, што польскі камуніст і прыяцель У. Леніна Ю. Мархлеўскі, які з вясны 1919 года да вясны 1920 года нелегальна матляўся паміж Варшавай і Закапаным у кампаніі генералаў і дыпламатаў, і вёў патаемныя перамовы, за гэты час добра зарыентаваўся і ў будучай польскай палітыцы на Крэсах, у яе ксяндзоўска-шалёным наступальным характары, а яго начальнікі ў Маскве прааналізавалі магчымыя наступствы і прыйшлі да высновы, што чым болей ад Беларусі і Украіны адкусіць Польшча, тым прасцей ім будзе потым праглынуць усю Польшчу з вантробамі!
але Ён, прайшоўшы сярод іх,
пайшоў.
Лука IV, 30.
Пасля прэлімінарнай паперкі, перамовы з галоднага Мінска перанеслі ў нейтральную Рыгу. Зона прыблізна ў 50-70 км шырынёю ачышчалася польскай арміяй у якасці „нейтральнай”; адразу за апошнімі адступаючымі польскімі патрулямі Мінск занялі бальшавікі...
У тыя ж дні кастрычніка 1920 года „узбунтаваўся” корпус генерала Л. Жалігоўскага (19-я і 22-я дывізія з „тутэйшых!”), які заняў Вільню і Віленшчыну. Генерал абвясціў пра стварэнне „незалежнай” Сярэдняй Літвы, але ўрад самі ж віленчукі ахрысцілі „ўрадам трох братоў” – дэпартамент замежных спраў узначальваў Ежы Іваноўскі, тры гаспадарчыя дэпартаменты Вацлаў Іваноўскі, а наборам у войска ў дэпартаменце абароны загадваў Станіслаў Іваноўскі; трэба абавязкова дадаць, што беларускі аддзел дэпартамента асветы ўзначаліў Браніслаў Тарашкевіч, аўтар нормаў і правілаў літаратурнай беларускай мовы і будучы лідэр ненавіснай „крэсавякам” і падкасцельным фанатыкам Грамады 1926 года...
„Мяцеж Жалігоўскага” быў толькі часткай глыбока заканспіраванага плана Пілсудскага, апошняга шанцу „федэралізма”... На Палессі ў савецкі тыл мела рушыць Саюзніцкая Народная Армія генерала Станіслава Булак-Балаховіча, лікам да 20 тыс. чалавек; апроч беларусаў былі там „добровольцы” галавы „Русского Национального Комитета в Польше” Б. Савінкава і ўкраінская брыгада атамана Іскры. Але мэта пахода, як планавалі яе Пілсудскі і Балаховіч, становіцца яснай, калі дадаць, што разам са штабам арміі ехаў... гатовы ўрад Беларусі П. Аляксюка пад назвай: Беларускі Нацыянальны Камітэт; а пасля ўзяцця Мазыра генерал Балаховіч абвясціў сябе Начальнікам Беларускай Дзяржавы і пачаў пагалоўную мабілізацыю ў Беларускую Народную Армію, прычым толькі за два тыдні былі сфарміраваныя з добраахвотнікаў Смаленскі, Хабенскі, Полацкі, Віцебскі і Палескі палкі. Супраць Балаховіча быў кінуты ўвесь Заходні фронт чырвоных – сем пяхотных і шэсць кавалерыйскіх дывізій, войскі ВЧК, бронецягнікі і авіяцыя; перавага ў людзях на баку чырвоных была чатырохкротнай... А другі эшалон арміі Балаховіча – да 10 тыс. пяхоты, уся цяжкая і амаль уся палявая артылерыя – быў затрыманы... палякамі на дэмаркацыйнай лініі! „Бацьку” Балаховіча выпусцілі, а зброю не – можа, загіне; а няма чалавека, то няма клопатаў... І нават, калі „бацька” прарваў акружэнне чырвоных і перайшоў на польскі бок фронту, то палякі з 18-й дывізіі... патрабавалі здаць зброю! А за парушэнне „пакаёвай дамовы з бальшавікамі” (!) тысячы балахоўцаў фактычна інтэрнавалі і два гады (!), трымалі ў лагерах у Пётркаве і Чанстахове; самога генерала С. Булак-Балаховіча, яго брата палкоўніка Ю. Балаховіча і ўсіх афіцэраў прымусова звольнілі ў адстаўку, сакрэтны мемарандум усё таго ІІ аддзела „не рэкамендаваў” прымаць балахоўцаў ні ў войска, ні на дзяржаўную службу і прасіў (!), каб МЗС падшукаў ім „якую-небудзь краіну (!), куды б яны маглі пераехаць”... І не прайшло года пасля Рыжскай дамовы 18 сакавіка 1921 года, як савецкі амбасадар у Польшчы Карахан і міністр Домбскі патаемна дамовіліся, каб... выслаць братоў Балаховічаў у Германію альбо на верную смерць, бо ў Германіі 1922 года баявікі камуністычнай партыі і агенты ВЧК-ОГПУ хадзілі, як па сваёй хаце... У выніку скандалу, бо пра намеры Домбскага стала вядома Балаховічу і ён падняў на ногі генералітэт і прэсу, цэлы ўрад В. Вітаса пайшоў у адстаўку. Сам генерал паспеў яшчэ паваяваць на баку генерала Франка ў Гішпаніі, у вераснёўскай кампаніі 1939 года і ў падполлі; загінуў ён у 1942 годзе ў наваколлі Варшавы, трапіўшы ў засаду СД.
Жалігоўскі выйграў, а Балаховіч – не (па розных прычынах). З адным біліся (сімвалічна!) толькі заслоны шавулісаў, другі меў перад сабою Чырвоную Армію ў значнай перавазе. Аднаго бесперашкодна забяспечвалі зброяй і амуніцыяй, а палітыкі ездзілі і збіралі „дабраахвотнікаў”, другому адабралі нават ужо падрыхтаваныя рэзервы. Але галоўнае было ў тым, што генералітэт падтрымаў Пілсудскага толькі часткова: ну, Вільня то ўсё ж былая сталіца, настальгія, памяць etc. А што з таго Мінску? Ды і наступаюць на Вільню „поляцы”, а на Мазыр і Мінск нейкія „хамы”... Яшчэ больш паскудна, але і больш шчыра пісалі варшаўскія газеты:
– „тое, што адбылося ў Вільні, і тое, што хіба адбудзецца ў Мінску-Літоўскім (падкрэслена мною – А. Ч.), нішчыць падмурак спакою ўжо ў гэтую хвіліну, калі нават не падпісаная дамова з Масквою...”!
Тых „мінскіх полякув” накшталт памянутага вышэй мемуарыста Рдултоўскага, сытыя Познань і Кракаў, якім „надакучыла” шасцігадовая вайна, проста кінулі, а за імі кінула іх і Варшава, на якую тыя ў Мінску так спадзяваліся... А той Пілсудскі, чыімі „беларускімі” прамовамі яны абураліся годам назад, цяпер застаючыся галоўнакамандуючым мала не ў канспірацыі мусіў камбінаваць з нейкімі „хамамі”, каб не кінуць „міньчукув” і „надбэрэзыньцув”! О так, пане-браце!!!...
быў у сінагозе чалавек,
які меў у сабе дэмана нячыстага,
і той закрычаў немым голасам.
Лука IV, 33
Пасля рыжскага дагавору 18 сакавіка 1921 года паміж РСФСР, Украінскай ССР і Польшчай беларускія землі былі раздзелены дзяржаўнымі і адміністрацыйнымі межамі на чатыры кавалкі. Заходняя частка адышла Польшчы з выняткам „Сярэдняй Літвы”, чые далучэнне да Польшчы было таксама справай часу; усходнія землі ўваходзілі ў Віцебскую, Смаленскую і Гомельскую губерні РСФСР, а з шасці(!) паветаў Мінскай губерні была зноў утворана Беларуская ССР. Што ж, фармальна, і гэта дзяржаўка была суб’ектам міжнароднага права – летам 1921 года ў Мінску адчынілася пасольства Германіі. Плошча БССР складала 52,3 тыс. кв. км., а насельніцтва толькі 1,64 млн чалавек. Першапачаткова планавалася, што да БССР будуць належаць і заходнія землі: Ліда, Баранавічы, Пінск, Брэст і Гродна – дэкляравалася ж яе „другое абвяшчэнне”, хоць і пасля разгрому Чырвонай Арміі пад Варшавай, але фронт на нейкія два тыдні стабілізаваўся тады прыблізна на цяперашняй мяжы Беларусі і Польшчы. У 1921 годзе БССР яшчэ не была буферам паміж Польшчай і Расіяй, пакінулі ж ёй „самастойнасць” бальшавікі толькі таму, што наступствы „палескага паходу” Булак-Балаховіча выразна адчуваліся яшчэ некалькі гадоў – у лясах былі тысячы „зялёных” (мужыцкая самаабарона), увесь Заходні фронт быў задзейнічаны ў карных акцыях, па-за Мінскам, Слуцкам і буйнейшымі мястэчкамі цывільнай савецкай улады фактычна не існавала, „зялёныя” былі мілітарна не пагрозлівым, але вельмі дакучлівым ворагам, тым болей, што ніякіх „сваіх” камуністаў на Беларусі практычна не было, да 1924 года ўся партыя налічвала толькі тысячу дзвесце чалавек (для параўнання: у 1917 годзе Беларуская Сацыялістычная Грамада налічвала восем тысяч!), а ўся рэальная ўлада належала арміі і ВЧК-ОГПУ. Ваеннае становішча ў Беларусі на савецкім баку „рыжскай мяжы” захоўвалася да вясны 1924 года, тут працягвалася грамадзянская вайна, апошні ж рэгулярны атрад „зялёных” быў знішчаны пад Рудзенскам (50 км на ўсход ад Мінска) ажно ў 1929 годзе...
На „польскім” баку тае рыжскай лініі фармальна ваеннага становішча не існавала, але войска несла службу ў падвышанай гатоўнасці да канца 1922 года, так што першыя паваенныя выбары ў беларускіх ваяводствах Польшчы, як і плебісцыт у Сярэдняй Літве, адбываліся пад дуламі карабінаў. Палескае, Беластоцкае, Наваградскае і Віленскае ваяводствы мелі агульную плошчу 112,9 тыс. км2, а насельніцтва налічвалася 4,6 млн. чалавек. Заходняя Беларусь перажывала не так грамадзянскую вайну, хоць і „ковенскі ўрад” БНР В. Ластоўскага арганізоўваў баявыя групы (Г. Шыманюк-„Скамарох” і інш.), і ўрад БССР высылаў дыверсантаў (будучыя генералы ОГПУ-НКВД Арлоўскі і Ваўпшасаў), але страшную галечу ў выніку нямецкай акупацыі, прымусовай эвакуацыі праваслаўных у Расію ў 1915 годзе і пазнейшай савецка-польскай вайны.
На абодвух баках „рыжскай мяжы” панаваў хаос, беларусы не былі настаўленыя прыхільна ні да бальшавікоў, ні да палякаў – Расія і Польшча мелі прыблізна роўныя шанцы кожная на падкантрольнай тэрыторыі стварыць „беларускі Пьемант”, з дапамогай якога падтрымваць і гадаваць сепаратысцкія настроі на супрацьлеглай тэрыторыі суседа.
Адчай панаваў на цэлым абшары. Але з адчаю расце не адна роспач і смерць, расце і надзея. Прычым тая надзея ў чалавеку скіравана не на светлую будучыню альбо на дабро Айчыны, але на рэальную і хуткую паправу свайго побыту, існавання. І сталася так, што паступова перавага схілілася на бок бальшавікоў...
Ужо вясной 1921 года саветы былі змушаны адмовіцца ад палітыкі т.зв. ваеннага камунізму, і „продразвёрстки” альбо суцэльнага рабунку вясковых гаспадарак. Шматлікія паўстанні (Кранштат, Тамбоў, Сібір і інш.) змусілі ўлады і да самай шырокай амністыі – хаця саміх паўстанцаў Троцкі і Тухачэўскі нішчылі авіяцыяй і газамі, расстрэльвалі палонных, палілі вёскі і не пакідалі ў жывых ні старых, ні малых! А брак кваліфікаваных работнікаў адміністрацыі і тэхнічнага персаналу патрабаваў лібералізацыі парадкаў і адмаўлення ад вынішчэння „классовых врагов”, „богачей” і г.д. Дастаткова сказаць, што вярнуліся з эміграцыі лідэр украінскіх сацыялістаў Віннічэнка (другі чалавек ва ўрадзе С. Пятлюры!), начальнік штаба арміі Врангеля на Крыме генерал-лейтэнант Слашчоў, празаік з сусветным імем А. Талстой і інш. На Беларусі гэта праяўлялася ў масавым наплыве да РКП(б) і дзяржаўнага апарату... былых сацыялістаў, у тым жа дзеячаў БНР, а таксама ў найпершым пачатку эміграцыі з Польшчы беларускай інтэлігенцыі, хаця гэтая плынь і не была шматлікай. Але – паказальна! На працягу 1923 года, калі ў СССР бальшавіцкае кіраўніцтва грызлася за спадчыну хворага У. Леніна і вызначаліся лідэры двух асноўных груповак, І. Сталін і Л. Троцкі, ішла падрыхтоўка да пашырэння БССР коштам Расіі – тут галоўную ролю адыгралі менавіта былыя сацыялісты, а знайшлі яны падтрымку ад сталінскай групы. З 1918 года І. Сталін узначальваў Народны Камісарыят па справах Нацыянальнасцей і здолеў стварыць апарат большы за ОГПУ і партыйныя камітэты губерній разам узятыя. І. Сталін фактычна ажыццяўляў падбор людзей ува ўсе дзяржаўныя інстанцыі на месцах – нават утварэнне Савецкага Саюза ў снежні 1922 года, калі замежныя справы, войска і спецслужбы ды замежны гандаль цалкам адышлі Маскве, мала што змяніла. Пасля смерці У. Леніна ў студзені 1924 года сепаратызм у савецкіх рэспубліках дасягнуў найбольшага размаху. Ужо ў сакавіку 1924 года да БССР далучана Полацк, Віцебск, Оршу, Магілёў і Бабруйск, а яшчэ праз паўтары гады Гомель і Рэчыцу – так канчаткова аформілася сягонняшняя мяжа Рэспублікі Беларусь з Расіяй. Да восені 1939 года БССР займала тэрыторыю 125,9 тыс. кв. км., на якой жылі 5 млн. чалавек – многія суверэнныя дзяржавы тагачаснай Еўропы былі яшчэ меншыя.
На польскім баку „рыжскай лініі” беларусы не атрымалі не тое, што нацыянальна-культурнай аўтаноміі – гэта прадугледжвала фармальная дамова польскага ўрада з Найвышэйшай Радай БНР (Я. Лёсік, А. Смоліч, І. Серада, С. Рак-Міхайлоўскі, В. Іваноўкі, А. Цярэшчанка) ад 24 сакавіка 1920 года – але згубілі нават тое, што яшчэ было. Як у Мінску ў 1919 годзе, так цяпер у Вільні, Гродне і па ўсёй Заходняй Беларусі ліквідаваліся беларускія арганізацыі, школы, курсы, выдавецтвы, а іх актывісты часта арыштоўваліся за... „бальшавіцкую прапаганду”! Плебісцыт 1922 года пра далучэнне Сярэдняй Літвы да Польшчы ў якасці Віленскага ваяводства без усялякага следу абяцанай аўтаноміі штурхануў беларускіх лідэраў альбо на адыход ад палітычнай дзейнасці ўвогуле (В. Іваноўскі), альбо на выезд у БССР (Я. Лёсік, А. Смоліч і інш.), ці на рэзкі паварот да „левых” (Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі).
У кастрычніку 1923 года на базе Беларускай Рэвалюцыйнай Арганізацыі, гэта значыць: левых сацыялістаў з таго самага БНК, чый старшыня А. Прушынскі (Гарун) выступаў з афіцыйнай прамовай пад час памятнага візіту ў Мінск Ю. Пілсудскага, была створана падпольная КПЗБ, чые сакратары ўваходзілі ў ЦК КП(б)Б! Без сацыялістаў, адкінутых ад супрацоўніцтва польскімі ўладамі, ніякага камуністычнага падполля на Заходняй Беларусі проста не магло быць – з 4 млн. чалавек было толькі... 86 тыс. рабочых, калі не лічыць 25 тыс. беспрацоўных, ды і тыя амаль цалкам былі габрэі! Тое, што было ў КПЗБ на пачатку чалавек усяго трыста, істотнага значэння не мела – важна, што літаральна праз два-тры гады польскай улады на Крэсах нават „прапольскія” беларусы павярнуліся да бальшавікоў. Гэта быў самы першы вынік найноўшай польскай палітыкі – такі вынік, якая і сама палітыка; за апошнія дзвесце гадоў палякі на Крэсах не прыдумалі нічога новага. „Пераважная (дамінуючая) меншасць”, падмацаваная наезным войскам і паліцыяй, абсела на сто працэнтаў і адміністрацыю, і дзяржаўныя прадпрыемствы (транспарт, сувязь etc.), і дзяржаўны гандаль, і асвету, і культуру, і суд, і палітыку... „Дамінуючая меншасць” ўяўляла сябе за большасць – бо гэта толькі яна была „правдзівымі полякамі”; непалякаў на Крэсах дэ-факто не існавала, значыць, не існавала і ніякіх нацыянальна-гістарычных асаблівасцяў рэгіёна, рэлігійнага падзелу, гаспадарчага заняпаду... Беларусы былі людзьмі другога гатунку; прававыя нормы і Канстытуцыя распаўсюджваліся на католікаў-палякаў, астатнія даставалі тое, што ім гарантавалася правам, выключна з ласкі мясцовай адміністрацыі.
Дыскрымінацыя непалякаў была асноўнай рысай ІІ Рэчы Паспалітай 1919-39 гадоў. Вось што на самай справе азначае падзел на Польшчу А і Польшчу Б! Катастрафічнае становішча прамысловасці і сельскай гаспадаркі, трактаванне Крэсаў як сыравіннай базы ды аператыўнай прасторы на выпадак новай вайны з СССР былі не асновай, але надбудовай менавіта той дыскрымінацыі, вынікаючай з касцельнага місіянерства і шляхецкай настальгіі па мінулым. Станіслаў Цат-Мацкевіч, у тыя гады рэдактар віленскага „Слова”, абсалютна слушна пісаў, што Крэсы былі адзіным месцам у цэлай Еўропе, дзе феадалізм XVIII стагоддзя пратрываў некранутым да верасня 1939 года...
І напала на ўсіх жудасць,
і разважалі паміж сабою:
што гэта азначае, што Ён з уладаю
і сілаю загадвае нячыстым духам,
і яны выходзяць?
Лука IV, 36
Пасля лістападаўскіх выбараў 1922 года ўсе беларускія арганізацыі ўтварылі Беларускі Пасольскі Клуб: сацыял-дэмакраты А. Аўсянік, П. Мятла, Б. Тарашкевіч, Ф. Ярэміч, хрысціянскія дэмакраты А. Станкевіч, Б. Багдановіч, сацыялісты С. Баран, У. Каліноўскі, С. Якавюк, С. Рак-Міхайлоўскі, беспартыйныя М. Кахановіч, В. Рагуля. Фактычна кіраваў БПК, хоць і не быў паслом Сойма, экс-прэм’ер БНР А. Луцкевіч. Гэта была цалкам легальная арганізацыя, якая пачаткова адмаўляла і супрацоўніцтва з бальшавікамі ў Мінску, і аперціся на эміграцыйны ўрад БНР у Берліне, Празе-Чэшскай.
І менавіта БПК з першага дня сталі абвінавачваць палякі... у антыдзяржаўнай дзейнасці! На думку пілсудчыкаў, якія на Крэсах усталявалі сваю санацыю без Пілсудскага за чатыры гады да перавароту 1926 года, сама беларуская нацыянальнасць азначала „антыдзяржаўную дзейнасць”! Дайшло да таго, што паслы С. Баран і У. Каліноўскі былі... арыштаваны без пазбаўлення іх пасольскага імунітэту, а Сойм адхіліў нават разгляд пратэсту БПК і іншых пасольскіх клубаў у гэтай справе! З цяперашняга часу, калі чытаеш стэнаграмы, газеты і рапарты контрразведкі, складваецца ўражанне, што практычна ўсе палітычныя плыні Польшчы імкнуліся ад пачатку ліквідаваць менавіта легальны нацыянальны рух, загнаць яго ў падполле, прымусіць шукаць замежнай падтрымкі.
Але асноўнай праблемай для Заходняй Беларусі была зямля. Ажно пяцьдзесят пяць тысяч гаспадарак мелі 1-2 га зямлі, кожны шосты мужыцкі двор у сярэдзіне 20-х не меў нават каровы, кожны трэці двор не меў каня. Тут ужо не тое, што не магло быць ніякага рынку, тут можна было гаварыць толькі пра фізічнае выжыванне. Рэформы 20-х гадоў складаліся: з парцэляцыі (на продаж ішла пераважна „нічыя зямля”, якую кінулі ў вайну памешчыкі з Расіі); з ліквідацыі сервітута (пры гэтым землі супольнага карыстання двара і вёскі ішлі на продаж, а не на падзел, і даставаліся таму ж багацейшаму двару!); і з камасацыі (або: рассяленне гаспадароў на хутары, ліквідацыя „шахаўніцы”). Рэформа ажыццяўлялася – зрэшты, як і любая рэформа! – у інтарэсах саміх „рэфарматараў”. Але тыя „рэфарматары” былі тою ж „дамінуючай маншасцю” – „крэсовымі зямянамі”! – а калі дадаць, што зямельная рэформа спалучалася з павелічэннем дзяржаўных падаткаў і фактычным аднаўленнем даўно забытых павіннасцей – будаўніцтва і рамонт дарог, і мастоў, падводы, праца „на скарб паньства” і г.д. – аднаўленнем шарварка, падарожчын, ловаў (!), „гвалтаў” і „згонаў”, а ўсе з таго ж XVIII стагоддзя, то няцяжка ўявіць, які настрой панаваў на вёсках... ІІ Рэч Паспалітая, менавіта, на беларускіх Крэсах была ахрышчана Панскай Польшчай – гэта ўжо потым тыя словы з вясковай хаты пад саломай і з глінянай падлогай трапілі да маскоўскай прапаганды! Хам не разумеў і не хацеў разумець мэтаў палітыкі – ён разумеў яе тэхналогію. А практычная ўладная рэалізацыя той палітыкі кожны дзень нагадвала яму адно і тое ж: „поляк то пан, а не поляк то хам”!... У адным трэба прызнаць рацыю санацыйнікам – яны здолелі бядоце Крэсаў надаць нацыянальна-рэлігійны колер: біскупскія каталіцкія вёскі, дзе па-польску адмаўлялі толькі пацеры, а ў будні дзень не разумелі ні настаўніка, ні паліцэйскага, таксама адчувалі сябе ў варожым атачэнні. Але дасягалася гэта не ільготнымі крэдытамі ці іншым заахвочваннем да Польшчы мясцовых каталікоў, бо на тое не было сродкаў, а калі былі, то не даходзілі, але дадатковым адміністрацыйным уціскам, ксяндзоўска-маёнткавым самадурствам над праваслаўнымі. Чым ваяваць з жабрацтвам, то лепш распаліць вайну паміж жабракамі! Дагэтуль на Крэсах – праз шэсцьдзесят-семдзесят гадоў пасля, не гавораць „палякі – беларусы” ці „каталікі – праваслаўныя”, але з поўнай узаемнай знявагай дзеляць на нашых і вашых... Санацыі даўно няма, але справа яе жыве і квітнее!
Тады ж – хоць і пачалося тое раней! – замацаваўся тып новага чалавека: „касцельны паляк” альбо „крэсовы поляк”... Ужо памянуты акадэмік Тадас Іванаўскас адзначаў у сваіх мемуарах яшчэ пра часы царызма: „Якой нацыі былі мясцовыя людзі? Не буду гаварыць пра буйных землеўладальнікаў – то ж паны-каталікі, а панскі каталіцызм абавязваў да польскасці! Сяляне часткай цягнуліся да „рускіх”, часткай да „палякаў”. Калі спытаць мясцовага пра нацыянальнасць, той адказваў: „тутэйшы”... Вось тыповая размова з мясцовым гаспадаром пра веру: „Хто ты будзеш?” – „Э-э, там! Няма чым хваліцца: праваслаўны...” Нават, калі за цара-бацюшкі праваслаўны „не меў чым хваліцца”, бо цудоўна ведаў, што царскага жандара ён бачыць раз у год, а ад „польскага пана” залежыць кожны дзень, то можна толькі ўявіць, як мацней гэты сам мужык стаў залежаць ад пана, падмацаванага польскімі войскам, паліцыяй, судом, адміністрацыяй, касцёлам, школай, Богам і Чортам!!!
Той жа Іванаўскас працягвае: „Пры царызме па ўсёй Летуве і Беларусі існавалі толькі рускія школы. Лацінскі ж алфавіт забаранялася вывучаць нават прыватна... Асобныя памешчыкі – дакладней, іх жонкі (падкрэслена мною – А. Ч.) – трымалі падпольныя школкі, дзе вучылі польскай граматыцы; праўда, канчатковая мэта навукі была няхітрая – абы мог чытаць польскі малітоўнік ды паўтараць у нядзелю за ксяндзом пацеры... Тое ж засталося і пры ІІ Рэчы Паспалітай: па-за Вільняй і Гроднам ды асобнымі мястэчкамі такі ж узровень адукацыі давала „школа польска” – ну, бо хто ж хацеў ехаць з Познані ды Варшавы на тыя, забытыя людзьмі і Богам. Крэсы?! Паланізацыю – як і шарваркі! – адраблялі мясцовыя „касцельныя палякі” з дзікім крэсавым акцэнтам альбо miкkk№ grodzieсsk№ polszczyzn№... Гэтаксама, пазней саветы мясцовымі ж недавукамі рабілі тут русіфікацыю! У выніку сягоння маем ні два „языка”, ні паўтара, ні нават адзін і семдзесят пяць сотых. Пануе псеўдамова трасянка – корм жывіне, трасянка сена з саломай! – а сягонняшні касцёл ужо пры Гарбачове і яго „перестройке” пускаў на Крэсах „польскія” малітоўнікі кірылічным шрыфтам і з пастаўленымі націскамі... „Касцельны паляк” альбо kresowy Polak гэта такі псеўдапаляк, чыя польскасць трывае гадзіну на тыдзень, на імшы ў касцёле. Больш ні яму (но-о бо-о по-о цо-о?!), ні касцёлу не трэба: адзін чуе сябе „вышэй хама”, другі піша ў сваю касцельную статыстыку яшчэ аднаго „правдзівэго поляка”...
У 20-я і 30-я гады зямельны голад на Крэсах не яднаў, але дзяліў галодных! Быў той падзел падмацаваны ў імя Айца, і Сына, і Святога Духа... Зрэшты, а ці можа хоць што-небудзь паяднаць двух галодных?! Хіба што рабункі мужыкоў... Сацыялізм ішоў па Крэсах у след за санацыяй!
І разнеслася чутка пра Яго
па ўсіх навакольных мясцінах.
Лука IV, 37
Ужо 24 чэрвеня 1925 года Б. Тарашкевіч, датыхчасны лідэр БПК, сам разарваў гэты клуб і заявіў пра паўстанне клуба новай Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Як выразна відаць, БСРГ нават абрэвіятурай мала чым адрознівалася ад БСГ, Беларускай Сацыялістычнай Грамады, заснаванай Луцкевічамі і Іваноўскім ажно ў 1902 годзе і добра памятнай мужыкам з 1917-22 гадоў! Што цікава – праграма БСРГ была такой самай радыкальнай, як і праграма БСГ, толькі што „першая” Грамада выступала супраць Расійскай Імперыі, а „другая” Грамада супраць Польшчы.... Нядаўні дзеяч ураду Сярэдняй Літвы такім чынам узначаліў антыпольскі рух!
БСРГ узначалілі яшчэ паслы Сойму – акрамя Тарашкевіча – П. Мятла, П. Валошын, С. Рак-Міхайлоўскі (!) – апошні быў фактычным кіраўніком антыбальшавіцкага Слуцкага Паўстання ў лістападзе-снежані 1920 года ў „нейтральнай зоне”, інспіраванага ўладамі БНР. Гэта здаецца парадоксам толькі на першы погляд: але ж у 1925 годзе канферэнцыя беларускай палітычнай эміграцыі ў Берліне прызнала БССР адзіным палітычным прадстаўніком усяго беларускага народа – у Мінск вярнуўся і кіраўнік „ковенскага ўраду БНР” В. Ластоўскі, які быў адразу ж прызначаны... сакратаром Беларускай Акадэміі Навук! Вектар беларускай апазіцыі ў Польшчы выразна павярнуўся на Мінск... Фармальна Грамада патрабавала таго ж, чаго ўсе левыя ў цэлай Еўропе: канфіскацыя памешчыцкіх зямель без выкупу і перадзел іх паміж беззямельнымі і малазямельнымі, стварэнне „працоўнага” ўраду, устанаўленне роўных для ўсіх дэмакратычных свабод, васьмігадзінны працоўны дзень, аднаўленне беларускай школы і г.д. Але былі два параграфы, якія кожны ўрад у тагачаснай Еўропе трактаваў бы, як антыдзяржаўныя: па-першае, ліквідацыя „асадніцтва”, па-другое, самавызначэнне Заходняй Беларусі.
„Асадніцтва” было праявай, так паміж намі, малаістотнай з пункту гледжання зямельнай праблемы. Ветэраны вайны 1920 года атрымвалі на Крэсах коштам дзяржавы альбо за невялікія сумы кавалкі 15-30 га, на хутары; да 1934 года было іх асаджана толькі восем тысяч семсот сорак два, а і тыя ўздоўж савецка-польскага пагранічча. Але асаднікамі былі нават не тутэйшыя панове, а выключна каланісты з цэнтральнай Польшчы; тыя асаднікі мелі права трымаць неабмежаваную колькасць зброі і права ўжываць яе для самаабароны, былі фактычна рэзервам КОПу і паліцыі... Скасаванне інстытута асадніцтва фактычна азначала б патрабаванне аўтаноміі Крэсаў – бо згодна з пастулатамі БСРГ выходзіла, што зямлю тут мог атрымліваць ці купляць толькі тутэйшы! Самавызначэнне Заходняй Беларусі, калі нават на пазнейшым судзе сам Б. Тарашкевіч трактаваў гэта не як „далучэнне да СССР”, але як самавызначэнне беларусаў у межах СССР і Польшчы адначасова, падрывала ўжо тэрытарыяльную цэласнасць Рэчы Паспалітай! Не будзем, аднак, наіўнякамі – не будзем думаць, што сам Б. Тарашкевіч таго не разумеў...
Сам Тарашкевіч сваім разрывам пасольскага клуба адназначна сігналіў Мінску, што беларускія партыі ў Польшчы вычарпалі ўсе магчымасці супрацоўніцтва з Варшавай і таму гатовыя прыняць умовы Мінска! Ужо ў лютым 1926 года ў Сопаце пад Вольным Гданьскам адбылася заканспіраваная нарада лідэраў Грамады і... мінскіх функцыянераў з ЦК і ОГПУ. Там былі абмеркаваныя тактыка і парадак дзеянняў, шляхі фінансавання і ўсе астатнія тэхнічныя праблемы. Але, калі нават Тарашкевіч пабег у мінскае ОГПУ, гэта магло значыць толькі адно: ІІ Рэч Паспалітая растаптала ўсе „федэралістычныя” абяцанкі і робіць Польшчу для палякаў, хоць у той Польшчы украінцаў, жыдоў, беларусаў, немцаў, рускіх і татараў можа больш паловы.
Фармальна Б. Тарашкевіч – з 1925 г. у КПЗБ? – заявіў пра паўстанне Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады ў маі 1926 года – за два тыдні да ваеннага перавароту Ю. Пілсудскага! Трэба прызнаць – яго арганізацыйнай групе папярэдні год не прапаў дарэмна: у Вільні і на месцах былі прыцягнуты да работы некалькі сот чалавек, наладжаны легальны і падпольны друк, ажыццяўлялася хуткае і па нашых крэсавых мерках немалое фінансаванне... праз спецыяльна заснаваны Беларускі Банк, якім распараджаўся экс-прэм’ер Ураду БНР Ан. Луцкевіч! Хм, дайце людцы веры... Беларусы раптам скінуліся і заснавалі банк?.. Палітычны крызіс у Польшчы, калі не выклікаў параліч улады, дык быў да таго блізкі, таму інструктары БСРГ мелі пэўны час цалкам дэмакратычную свабоду – хоць і боек з паліцыяй і нанятымі за злотыя хуліганамі гэтаксама не бракавала. Прынятую на сягоння лічбу сяброў Грамады ў дзве тысячы чалавек можна лічыць больш-менш блізкай да праўды. Гэта ажно ў 60-я яны ператварыліся ў 2 тыс. „гурткоў”, а сама БСРГ нібы налічвала аж... 120 тыс. чалавек! Адна, кажуць, з буйнейшых у Еўропе і цэлым свеце сялянскіх партыяў... БСРГ была сапраўды масавая – на Крэсах, па вёсках, сярод мужыкоў! – але ў пазнейшым савецкім разуменні „масавасць” і тыя дзве тысячы ніяк не супадалі... Ім давай дзесяткі і сотні тысяч! Зрэшты, гэтыя прыпіскі, як і ўсё савецкае, не вартыя сур’ёзнай увагі. З гістарычнага пункту гледжання цікавае што іншае.
Забарона БСРГ 21 сакавіка 1927 года, сутычкі вёсак з паліцыяй – у Косаве-Палескім паліцыя ўжывала ўжо не палкі, але кулямёты! – арышты па вёсках, судовыя працэсы (разам асуджана 547 чалавек!) спіхнулі да камуністычнага падполля не толькі інструктараў-грамадоўцаў, але і тых, хто не лез у палітыку раней! Палітычнае значэнне Грамады і наследнага ёй „Змагання” было хутчэй прапагандысцкім, але ж для вёскі не так яе „дзейнасць”, як разгром меў рашальны паварот у сэнсе псіхалогіі: па ацэнках паліцыі, на пачатку 30-х падпольная КПЗБ лічыла 4-5 тысяч чалавек – і гэта – увага! – па вёсках... Масавая падпольная партыя ў баязлівай беларускай вёсцы?.. Трэба было ўмець таго дамагчыся! Але ж, бо ўмелі – суды скончыліся, ваеннае становішча адменена, але паліцэйскі мардабой працягваўся, як і раней... І тыя арышты, пабоі, затрыманні і пагрозы былі скіраваныя супраць некаталікоў.
Людзі пакутавалі за тое, што яны іншае веры!
А ў пастарунках убівалі ім у галовы і задніцы, што яны... камуністы і кацапы!
І ў гэтых сялянскіх галовах узнікала новая вера – як у любых мучанікаў! – што ёсць нейкая „светлая жизнь”, ёсць Савецкі Саюз, дзе ўсё добра, і ёсць мудры бацька Сталін... Зразумела, такая вера не была масавай, але яна мела перспектывы, як усё новае і прывабнае для маладых...
(працяг)
|