БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 


Алесь Чобат, Зямля св. Лукі

Частка другая
Colchozum veto

Бо кажу вам, што многія прарокі і цары
хацелі бачыць, што вы бачылі,
і не ўбачылі,
хацелі чуць, што вы чулі,
і не чулі.
Лука Х, 24

Непрыгожых жанчын не бывае – бывае мала гарэлкі. Калі ж гарэлкі шмат, то цэлы Сусвет, а і кожнае стварэнне Божае і пачвара любая дасягаюць гармоніі. Каб дасягнуць яе, то бедныя індусы не ядуць і ў рот не бяруць ні кроплі, дыхаць перастаюць і да нірваны сябе даводзяць. Тут жа, на Крэсах, прапускаюць праз горла чарку за чаркай. Алкагалізм – гэта вышэйшая (ці ніжэйшая?!) і апошняя стадыя развіцця чалавецтва. На ёй дасягаецца поўная гармонія – крывое робіцца простым, дурное разумным, чорнае белым, заганнае дасканалым, ілжывае сумленным, грэшнае святым і немагчымае магчымым. Так паміж намі, дык знаходжанне грамадства альбо чалавека на той ці іншай ступені залежыць не так ад самое ступені, але ж ад пункту гледжання таго грамадства ці таго чалавека.

Светач целу ёсць вока;
дык вось, калі вока тваё будзе чыстае,
дык і ўсё цела тваё будзе светлае;
а калі вока тваё благое,
дык і цела тваё будзе цёмнае.
Лука ХІ, 34

Абшар Беларускай ССР (у постсавецкай мадыфікацыі вядомай як Рэспубліка Беларусь) здзіўляе, засмучае і палохае толькі нейкіх заблукаўшых сюды разведчыкаў, дыпламатаў і беспрацоўных хрысціянскіх місіянераў з Еўропы. Саміх насельнікаў ён не палохае і не засмучае, хоць і яны, трэба прызнаць, існуюць у перманентным здзіўленні. Калі абагульніць дробязі і падвесці філасофскую рысу, то здзіўляе тых насельнікаў, чаму гэта астатні Сусвет існуе не так, як яны самі. Чаго таму Сусвету трэба і трэба?! Чаго ён сюды пхаецца?! Чаго ён – на прамілы Бог! – хоча?!

А той Сусвет па-тутэйшаму і то ад часоў прэзідэнта Лукашэнкі называецца апазіцыя. Сюды ўваходзяць усе, хто мае не такое празрыстае і светлае вока, як сам прэзідэнт Лукашэнка. Насельнікі ж тутэйшыя – па-за памянутымі папярэдне вырадкамі – называюцца ад імя свайго прэзідэнта: лукашэнкі (множны лік). Ну, бо калі Андэрсэн-Нэксэ ў свой час слушна заўважыў, што ў Кітаі ўсе жыхары кітайцы і сам імператар кітаец, то гэтак жа справядліва можна вывесці, што калі на Крэсах прэзідэнт Лукашэнка, дык і ўсе жыхары лукашэнкі. То значыць, жыхары на гэтым свеце. А тыя, хто не лукашэнкі, дык тыя і не жыхары... То значыць, жыхары то яны жыхары, але не жыхары на гэтым свеце – рана ці позна... Так што ёсць лукашэнкі і ёсць апазіцыя. На Крэсах усё проста і спецыяльна разлічана на такіх, як ты – а калі ты нават такога не разумееш, дык паўтарай за мной гэтаксама, як паўтараю я – паўтараю за ўсім народам ці за адным прэзідэнтам. А можа, наадварот, я ўжо заблытаўся... Зрэшты, гэта не так важна, бо паўтараю ж я за народам, а народ жа не памыляецца. Нават засраная апазіцыя свята верыць у тую салодка-кіслую, як гарох з капустай, адвечную байку, што ўжо хто-хто, а народ ніколі не памыляецца.

Таму ніякай навукай і культурай забіваць сабе галаву не трэба, бо:

Гора вам, законнікам,
што вы ўзялі ключ разумення:
самі не ўвайшлі і другім перашкодзілі.
Лука ХІ, 54

Каб канчаткова ж адсеяць Крэсы ад астатняга Сусвету, як зерне ад мякіны – а можа, наадварот?! – трэба пакарыстацца старой надзейнай лацінай, бо хоць vox populi – vox Deum (голас народа – голас Бога), але ж на Крэсах не проста народ, а на Крэсах colchoz. І той закон, што народ ніколі не памыляецца, коратка выказваецца формулай colchozum veto. Народ мала таго, што не памыляецца – народ яшчэ заўсёды выкрывае памылкі розных надта разумных, а дасягаецца гэта праз бяссмерце народа, бо чалавек памірае, а народ не памірае, а таму мае час, як Антак з мястэчка. Кажа, рана ці позна, а праўда выйдзе, бо:

Няма нічога схаванага, што не выкрылася б,
і таемнага, чаго не ўведалі б.
Лука ХІІ, 2

А яшчэ народ не памыляецца гэтаксама, як не памыляецца той абачлівы, хто нічога не робіць. Не, то значыць, народ робіць – што скажуць, тое і робіць... Ну, таму вось і не памыляецца. Памыляецца той, хто кажа. Супярэчнасці тут ніякай няма – бо неамыльны Лукашэнка кажа, што ён ведае, што робіць, але ж не кажа, што ён менавіта ведае, бо гэта ёсць дзяржаўная таямніца. Ну, бо ён жа кіруе дзяржавай...

Памыляюцца тыя, хто не Лукашэнка і не лукашэнкі – і гэта ўсё тая ж злопаскудная апазіцыя. Часам простамоўна яе на Крэсах мянуюць: начальства, але трэба ўсвядоміць, што начальства таксама не памыляецца, бо ж яго трэба слухацца, а калі нейкі асобны начальнік усё ж памыліцца, то прэзідэнт пераводзіць яго на іншую работу – альбо ў апазіцыю. І таму на Крэсах апазіцыя ў значнай частцы складаецца з былых начальнікаў... Калі ж табе незразумела, што і пра што я тут нагарадзіў, то ты – як кажуць на Крэсах! – перастань думаць і падумай яшчэ раз. А так паміж намі, то не прыдурвайся цноткай, бо вяртаючыся да тых жа кітайцаў, каб вывучыць кітайскую грамату, то трэба самому зрабіцца хоць троху кітайцам...

Тут табе не там! Тут пабудзь толькі троху, дык цябе хутка адвучаць п’янкі п’янстваваць і хуліганствам хуліганіць! То значыць, дэмакратыю ўспамінаць і прэзідэнта забываць! Тут з цябе зробяць чалавека! То значыць – лукашэнку...

бо скажу вам, каго баяцца:
бойцеся таго, хто ўкіне ў геену;
праўду кажу вам, таго бойцеся.
Лука ХІІ, 5

А як прывядуць вас у сінагогі,
да начальстваў і ўладаў,
не турбуйцеся, як ці што адказваць,
ці што гаварыць,
Лука ХІІ, 11

бо Святы Дух навучыць вас,
што трэба казаць.
Лука ХІІ, 12

Трэба адразу адзначыць, што як на Крэсах рэдка мяняліся сацыяльныя парадкі за апошняе тысячагоддзе, гэтаксама часта мяняліся іх душа і вера. Пасля паганства зацягнутае на стагоддзі хрышчэнне, пры гэтым адразу адны ў праваслаўе, другія ў каталіцтва, а гэтаму яшчэ спадарожнічала перахрышчванне. Потым поўны хаос і гэтак званая поліканфесійнасць; потым дадатковы рэлігійны падзел з дапамогай Уніі; потым новы зварот уніятаў на праваслаўе са спадарожным уцёкам іх часткі да каталіцтва. Нарэшце дэхрысціянізацыя і панаванне чагосьці падобнага да сацыялістычных, а нават камуністычных ідэяў, чаму спадарожнічала ідэалогія грабежніцтва – усё гэта разам ёсць бальшавізм. Потым хуткае старэнне і аслабленне нават так прымітыўнай веры, а нарэшце канчатковы развал і імгненнае знікненне яе. Цяпер няма нічога – ні ад Усходу, ні ад Захаду. Няма і нічога свайго, бо хто ж цяпер так паважна спадзяецца на сваю ўласную працу – так што і колішняй веры ў гаспадарнасць таксама няма! – зямля і воля адпалі за непатрэбай, бо што з гэтай зямлі, а сваевольства і так дармовае і ўжо абрыдла. Нават страх і нянавісць у абліччы гэтак званага нацыяналізма (у мадыфікацыі Лукашэнкі „патрыятызма” – толькі ж „патрыятызма” чаго?!) таксама нейкія здохлыя і сонныя. Не той, маўляў, тэмперамент... Але ж даўно вядома, што калі людзі жывыя, то нейкая душа ў целе яшчэ ёсць – гадоў дзесяць таму яе быццам бы нават узважвалі: сем грамаў, як пісталетная куля! – і трэба толькі ўважліва кругом пашукаць, дзе яна там таямніча захавалася... І здаецца мне, што сутнасць цяперашняй тутэйшай душы і веры, цяперашняй ідэалогіі ў тэорыі і на практыцы гэта жабрацтва.

Жабрак сапраўды ніколі не памыляецца – працягнуў руку і стой. Пакладуць у яе хто што – і добра, а не пакладуць – не ты ж вінаваты. І ў такім чыстым воку такі чалавек, такі народ, такая дзяржава без жартаў бачацца ледзь не сэнсам усяго чалавечага існавання, бо:

душа большая за ежу і цела за вопратку.
Лука ХІІ, 23

дык вось не шукайце,
што вам есці альбо што піць,
і не турбуйцеся,
Лука ХІІ, 29

бо ўсяго гэтага шукаюць
людзі свету гэтага,
а ваш Айцец ведае,
што патрэбна вам гэта
Лука ХІІ, 30

Жабрацтва як новая вера, ці хоць бы ідэалогія, неяк не ўспрымаецца табою – як усё новае. Таму патрабуе аргументацыі.

Па-першае, спынімся на паталагічнай любові беларусаў да Расіі з адначасовай, мякка кажучы, падазронасцю да астатняга Сусвету. Заезныя даследчыкі з абодвух бакоў той Вялікай Салёнай Вады, пэўна, ад грунтоўных ведаў ды пратэстанцка-каталіцкага педантызму хочуць зрабіць нейкае адкрыццё і хапануць нобелеўку. То лезуць у славянскія карані, то ў праваслаўе, то нават у пабрацімства крывёй і целам; так сказаць, з папулярнай генетыкі формулу Крэсаў выводзяць... І нічога з таго! Думаю, не так задачу яны паставілі, можа і былі калі тыя карані, але сплылі даўно... А вось, калі выводзіць не універсальную формулу, а гаварыць пра цяперашні час, калі не забываць пра жабрацтва як новую веру і падмурак існавання і мыслення, то лакальная формула сама ажно просіцца! Любоў да Расіі гэта любоў збяднелага мужыка (жабрака) да панскага двара – калі можна пайсці, пабажыцца, папрасіць і пазычыць, а потым... не аддаваць, а моцна плакаць і прасіцца ізноў! Пасрэдна гэта пацвярджаецца маімі шматгадовымі назіраннямі – клянуся гонарам крэсолага! – колькі разоў за апошняе дзесяцігоддзе з усімі яго аксамітнымі і крывавымі рэвалюцыямі і контррэвалюцыямі я чуў ад самых розных людзей на Беларусі „Как же мы без России!”, але аніводнага разу „Как мы без русских!”... „Славянскія карані”’, „пабрацімства”, „праваслаўе” і ўвесь гэты пыл і хлам некуды адпадалі. Ха! Некуды прападалі самі русскія – а на халеру яны (?!), то ж гультаі і п’янюгі! – і Расія заставалася пустою, як тая славутая бяздонная бочка... Бяры – не хачу.
Па-другое, жабрацтва як вера зусім не залежыць ад афіцыйнай ідэалогіі, дзяржаўнага ладу, дзеючага і бяздзейнага права, нават ад канкрэтных моцных гэтага свету. Ну, бо якая розніца, у каго прасіць?! Па гэтай жа прычыне жабрацтваносьбіта зусім не цікавіць апазіцыя з яе абяцанкамі: маўляў, яна дасць больш... Жабрака не падманеш – жабрак працягне руку да апазіцыі не раней, чым яна дарвецца да ўлады, а таму перастане быць апазіцыяй. Апазіцыя з яе пратэстамі і пісулькамі, героямі і ахвярамі можа цікавіць жабрака хіба на нейкі момант – калі ён троху перакусіў... Хлеб дае ўлада – відовішчы адбываюцца з удзелам апазіцыі. Цырк часоў імператара Нерана! Хрысціяне і львы!

Жабрацтва як спосаб існавання і мыслення немагчыма ўявіць менавіта без бацькі – менавіта бацькі, слова дыктатар тут не падыходзіць. Хоць і абвясцілі Сталіна яго халуі „айцом народаў”, але Сталін гэта не бацька, але дыктатар. І Гітлер гэта ніякі не бацька, але фюрэр. Дыктатар і фюрэр гэта ж, прабачце, такі самы дзяржаўны дзеяч, як любы ліберал ці дэмакрат – толькі не рабіце з мяне „чырвона-карычневага”! – дайце ж чалавеку сказаць... Дыктатар, па-першае, мае сваю ідэалогію; у ёй з жабрацтвам нічога агульнага; па-другое, дыктатара не просяць пра абы дробязь, але яго любяць ці баяцца так, што памерці гатовы там, дзе ён скажа... Госпадзі, ну, які з таго Лукашэнкі „дыктатар”?! Ды знайдзіце мне дурня нават у Рэспубліцы Беларусь, які пойдзе паміраць за Лукашэнку! І за яго „ідэю”... Бо за якую?

Дыктатар не можа існаваць не толькі без вышкаленага дзяржаўнага апарата, але без партыі, якая працінае ўсё грамадства ад верху да долу, кантралюе літаральна кожнага днём і ноччу. Бацька існуе – і то яшчэ як! Больш таго – парадаксальна, але пры тым жа Лукашэнку дзяржаўны апарат, хоць і расце, але функцыянуе, хоць неяк толькі пасля непасрэднага бацькавага загаду і пры яго непасрэдным удзеле. Коратка сутнасць „бацькавізма” выказаў сам Лукашэнка:

– Беларусь это небольшой колхоз... Мне в Минске всё видно и без местной власти! А вот Россией из-за её размеров так управлять нельзя...

Што бессэнсоўна пры рэжыме Лукашэнкі, дык гэта пісаць даносы. Не, нехта з апарата можа назбіраць кампрамат на іншага ўрадоўца – але толькі з апарата! – просты рабочы ці просты пенсіянер можа нават не пачынаць, бо нікому не цікавыя яго „партыйны стаж, узнагароды і заслугі”... Гэтага проста больш няма! Неяк прэзідэнту паскардзіліся на дырэктара буйнога прадпрыемства і Лукашэнка сказаў даслоўна наступнае:

– Это моё дело, когда его снимать з должности... А вы помните: если кто-то из моей администрации что-то сказал или сделал, это всё равно, как если бы сказал или сделал я! – Бязглуздзіца тут прысутнічае толькі на першы погляд. Калі прэзідэнт не бярэ пад увагу даносаў – няважна, наколькі ілжывых, а наколькі адпавядаючых праўдзе! – то няма сэнсу іх арганізоўваць ці падпіхваць, адным словам, прападае сэнс барацьбы груповак ва ўладных структурах і іх арганізацыі... Кожны сам па сабе. Гэта ізноў-такі парадаксальным чынам забяспечвае ад змовы супраць дыктатара ў атачэнні самога дыктатара – слушныя раней законы Макіявелі ў эпоху „бацькавізма” патрабуюць перагляду, а самае малое, істотных паправак.
Але такі сонны і раскіданы па адным апарат не здольны супрацьстаяць не тое, што якой-небудзь рэвалюцыі, а нават галоднаму бунту на адным асобным прадпрыемстве дзе-небудзь у цэнтры Мінска. Наадварот – ёсць рызыка, што, замест душыць бунт, атачэнне проста разбяжыцца... альбо захварэе і не выйдзе на службу! І таму Лукашэнка адчувае паталагічную асцярожнасць і сам надзімае апазіцыю да такіх памераў, якія ёй і не сняцца. Мала таго, што прэзідэнту асабіста дакладваюць, дзе бываюць і што робяць якія-небудзь Шарэцкі ці Шушкевіч – іх „партыі” складаюцца з... двух чалавек: ён сам і яго шафёр! – ён месяцы тры займаўся рэвалюцыйным паэтам Славамірам Адамовічам з яго рыфмаванкай „Убей президента!”, напісанай у відавочна рэкламных мэтах...

Мне здаецца, што падсвядома Лукашэнку вельмі хацелася б, каб „небольшой колхоз” – гэта ўсё ж 10 млн. чалавек! – з гіпербалы і метафары зрабіўся... рэальнасцю! Каб было там не мільёны, а чалавек трыста, каб прэзідэнт ведаў усіх у твар і па імеяні, каб ведаў іх сапраўднае становішча і сапраўдныя патрэбы, а не тое, што яны плачуць і чаго просяць... Тады б гэта быў бацька! А то, ведаеце, калі меншых дзяцей столькі, што выхоўваць іх мусіш пасылаць старэйшых, то якое гэта, к чортавай мацеры, выхаванне! Бацька мае лупцаваць у задніцу сваёй рукою, бо тады парадак, тады можна сказаць і спытаць, тады ніхто не схаваецца.

А той раб, які ведаў волю гаспадара свайго
і не быў гатовы, і не рабіў па волі ягонай,
біты будзе моцна,
Лука ХІІ, 47

Але чым большы „калхоз”, тым меншы дагляд! Любая ж парцэляцыя страшыць бацьку – нават парцэляцыя ўраду на міністэрствы: са спехам увосень 1998 года бацька замест ураду... скалаціў „штаб”, які ўзначаліў асабіста: каб кампактней, і там у ім адны любенькія дзеці! Нялюбенькія ж дзеці, хоць і не чужыя, але дагляд патрэбны ім штохвіліны, а таму лепш зусім іх нідзе не падпускаць, бо без дагляду

ад сёння ж пяцёра ў адным доме
пачнуць дзяліцца:
трое супраць двух, а двое супраць трох;
Лука ХІІ, 52 

Толькі не трэба думаць, што Лукашэнка ашалела кідаецца з канца ў канец Беларусі і ўсё стараецца зрабіць сам – зусім не! Сам ён стараецца ўсё кантраляваць. Дзяржаўны апарат за часамі Лукашэнкі расце галоўным чынам праз рост новай сістэмы кантролю – пад куратарствам Рады Бяспекі! – падпарадкаванай асабіста прэзідэнту. Дзейнічае гэтая сістэма нават не паралельна з існуючай фінансавай і таму падобнага кантролю, не пераправярае вынікі рутынных праверак, але зусім незалежна ад яе. Ніякага плана, ані накірунку такіх праверак таксама няма – усё ажыццяўляецца па асабістым загадзе прэзідэнта. Таму я і сцвярджаю, што эфектыўнасць даносаў амаль што роўная нулю; у тым і не толькі рутынных скаргаў, але часта работы пракуратуры ці КГБ... Такім чынам, маем чарговы парадокс: з аднаго боку, у кожны момант літаральна кожны – ад брыгадзіра на будоўлі да міністра! – можа быць прыцягнуты да адказнасці ў выніку работы прэзідэнцкай сістэмы кантролю, з другога ж, на „звычайны кантроль” амаль што махнулі рукою... З аднаго боку, урадовец ідзе на службу і не ведае, што з ім будзе да вечара – што праўда, гэта датычыцца пераважна сталіцы, – з другога, на службе ён забывае не тое што пра дзесяць запаветаў, але пра хоць якія тармазы, якія да 1994 года былі для яго ўсё роўна як дзесяць запаветаў! Беларусь чарговы раз жыве як у сне...

маўляю табе: не выйдзеш адтуль,
пакуль не аддасі і апошняга граша.
Лука ХІІ, 59

Асабісты ўсеагульны і хаатычны кантроль Лукашэнкі адлюстроўвае, аднак, толькі частку colchozum veto – забароне, паляпшэнню, знішчэнню і выкараненню падлягае толькі тое, што па нейкіх прычынах не спадабалася самому прэзідэнту.

Але colchozum veto мае паўсюдны характар. Здавалася б, тут нічога новага. Яшчэ Мілаван Джылас пісаў у сваіх мемуарах пра сустрэчы са Сталіным, што трымаючы Джыласа ў Маскве два месяцы да іх першай сустрэчы, Сталін дапусціў фатальную памылку. За гэты час Джылас пабываў у шмат якіх кабінетах, абышоў усю іерархію, заўважыў падабенства ўсіх урадоўцаў – кожны імкнуўся паходзіць на свайго шэфа! І на першай сустрэчы Джылас убачыў, што Сталін такі самы, як яго людзі на доле! Усе яны капіравалі Гаспадара... Таму і не падмануў мяне Сталін, піша Джылас, а сустрэнься ён са мной адразу, як я прыляцеў у Маскву, яму б гэта ўдалося – падмануць! – і то лёгка, бо тады для нас ён быў без жартаў неамыльным...

А ў лукашэнкаўскім „небольшом колхозе” ўсё не так! Ніхто не капіруе бацьку; думаю, таму б гэта не спадабалася. І потым, хоць і гаворыць Лукашэнка, што калі нехта з маіх людзей нешта сказаў, лічыце, што гэта я сказаў, ён моцна памыляецца. Паколькі ў „бацькі” няма ідэалогіі, паколькі ён цэлы час імправізуе ў залежнасці ад канкрэтнай задачы і канкрэтнай сітуацыі, то яго апарат таксама не мае ідэалогіі, не можа абапірацца ні на Праграму, ні на тэзісы апошняй партканферэнцыі. А таму на месцах – не пытаць жа кожны раз бацьку, ды і не дойдзеш да яго! – апарат альбо нічога не робіць, альбо... таксама імправізуе! Пры гэтым у кожнага ж свае густы, звычкі і ўяўленні пра жыццё – так што цяпер у Беларусі і не скажаш, які год на падворку... У адным раёне выкідваюць са школьных праграмаў нават Караткевіча, у іншым шануюць і вывучаюць нават радыкала Ермаловіча; у адным раёне літаратар гэта фашыст і нацыяналіст, у іншым адміністрацыя сваім коштам выдае альманах маладых графаманаў і г.д. За часы дыктатуры КПСС, прынамсі, было вядома, што легальна, а што на дадзены момант забаронена – і хоць цэлы час вагалася „генеральная лінія партыі”, і хоць служакі там былі розныя, але такога, як цяпер, проста быць не магло... Цяпер ніякай лініі няма зусім, бацька імправізуе, міністр імправізуе, дырэктар выдавецтва імправізуе, адміністратар на месцы імправізуе – але кожны імправізуе па-свойму.

Адсутнасць хоць якой-небудзь праграмы, ідэі, мэты, лініі ў палітыцы, гаспадарцы і культуры – яшчэ адна характэрная рыса жабрацтва. Жабрак жа толькі хоча, але невядома яму, што ў руку пакладуць, а таму ён сам не ведае, чаго ён хоча.

Ага, яшчэ адно! Што не зрабі жабраку – усё роўна кепска, колькі яму ні дай – усё роўна мала.... І цэлы свет здаецца яму ілгуном і ворагам! Такое ўражанне, што і адсутнасць эканамічнага ўяўлення будучыні сярод сягонняшніх уладных Беларусі псіхалагічна можна растлумачыць менавіта пададзенымі вышэй прычынамі. І ўсе спробы таго ж Міжнароднага Валютнага Фонду ці транснацыянальных прамысловых і фінансавых гігантаў навязаць з Рэспублікай Беларусь хоць нейкія кантакты правальваюцца нават не таму, што нашы „дзівакі” граюць па нейкіх сваіх правілах, якіх цывілізаваны свет не разумее, а толькі таму, што нашы „дзівакі” самі не ведаюць, чаго яны хочуць; усё баяцца, каб іх не падманулі, каб не далі мала... Божа, ды тыя канцэрны і банкі залезлі ўсюды! У сваім часе нават чорны імператар-людажэр Бакаса быў з імі ў гешэфтах! А тут ніяк!

Непрывабная для інвестыцый цяперашняя Беларусь,

маўляю табе:
не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі
і апошняга граша.
Лука ХІІ, 59

Рэжым асабістай улады Лукашэнкі ў сродках масавай інфармацыі звычайна называюць „антынародным таталітарным рэжымам Лукашэнкі” – пры гэтым не заўважаюць банальнай памылкі: калі ўжо рэжым таталітарны ці ўсеагульны, то як жа ён можа быць антынародным?! Канешне, можа скласціся так, што паступова ў Беларусі ўстановіцца і класічная ваенна-паліцэйская дыктатура, накшталт колішняга Самосы ў Нікарагуі, але гэта здарыцца без Лукашэнкі, думаю, нават пасля Лукашэнкі. Чыстай вады ваенна-паліцэйская дыктатура Лукашэнку сама па сабе непатрэбна. Больш таго, думаю, ён не без падставаў асцерагаецца чаго-небудзь накшталт „надзвычайнага становішча” – надта ўжо паўнамоцным і самастойным робіцца тады ваенна-паліцэйскі апарат, гэтак і да перавароту недалёка. Ды і прычынаў для той надзвычайкі няма! Пры ўсім збядненні народа, падзенні рэальных заробкаў, рэйтынг Лукашэнкі ўстойліва вагаецца па сінусаідальнай крывой з экстрэмумамі ад трыццаці да сарака пяці працэнтаў. Ды такому рэйтынгу на працягу чатырох гадоў сталага пагаршэння жыцця пазайдросціць любы палітык! Хіба ў Беларусі трэба гаварыць не пра „рэжым Лукашэнкі”, але хутчэй пра міф Лукашэнкі, а таму варта прыгледзецца да рэальнага народа, адкуль выйшаў Лукашэнка, і які абраў яго першым прэзідэнтам, і які верыць у яго пры любых абставінах.

Парадоксу тут няма, бо любыя міфы ўзнікаюць і жывуць у галовах рэальных людзей. Спачатку разбярэм міф, якім жыве апазіцыя рэжыму Лукашэнкі – міф пра тое, што народ не памыляецца.

Здавалася б, разбіць яго банальна проста. Народ – гэта шмат людзей. А ці памыляецца чалавек? Памыляецца. Ну, калі нават і знойдзецца нехта і скажа, што я ні разу ў жыцці памылкі не зрабіў, бо жыву так, як хачу, і раблю, што хачу, і ўсё ў мяне добра, то і яго можна трохі паправіць. Абяцалі, скажам, дождж, а пан забыў парасон; змок, прастыў, ляжаў тры дні – у выніку не адбылася нейкая важная сустрэча ці паездка, прапаў магчымы інтарэс, у выніку потым не хапіла на нешта грошай і г.д. Калі памыляецца любы чалавек, то нейкая камбінацыя памылак дае той вынік, што і цэлы народ таксама памыляецца! Ха, у дэмакратычных краінах народ сам прызнае, што ён памыляецца: сягоння выбірае правых, праз чатыры гады левых, потым ізноў правых і г.д.

Народ не памыляецца толькі там, дзе нічога не робіць.

Скажам, не памыляецца ён у рэжыме асабістай улады, якая абапіраецца на жабрацкую веру. І калі „дэмакраты” ў Беларусі гэтаксама апелююць да народа і да таго, што ён не памыляецца, гэта зразумець немагчыма – гэта поўны тупік. Не можа ні цяпер, ні ў перспектыве быць ніякай дэмакратыі там, дзе народ не памыляецца. І ўсё ж такі вераць у неамыльнасць народа самі дэмакраты на Беларусі! І ведаеце, чаму? Бо адкуль самі яны? А з народа! З таго самога народа, што і Лукашэнка...
Унікальнасць беларускага грамадства – калі яно ўвогуле ёсць – у яго поўнай і абсалютнай маналітнасці. А ў такім грамадстве не заўжды кароткая дарога да дэмакратыі, не прымае яно агульначалавечых каштоўнасцей, бо за такія каштоўнасці ўважае свае звычкі, а тыя каштоўнасці – за дарэмныя дурноты. Не бывае так, каб усё адразу;

імкнецеся прайсці праз вузкую браму,
бо, маўляю вам,
многія паспрабуюць увайсці
і не здолеюць.
Лука ХІІІ, 24

Colchozum veto накладае перад усім сам colchoz. А менавіта вёска засталася ў Беларусі пасля 1945 года. Калі ж улічваць, што класічны сярэднявечны прыгон быў тут фармальна скасаваны толькі ў 1861 годзе, яшчэ гадоў дваццаць ніякіх істотных зрухаў не было ў сэнсе ўстанаўлення зямельнага рынку і таварнай гаспадаркі, то да завірухі 1914-20 гадоў маем толькі два дзейсныя пакаленні, якія хоць умоўна былі „гаспадарамі”. Далей – класічны „колхоз” у савецкай частцы Беларусі і растлумачанае ўжо раней становішча ў польскай частцы. Такая вось перадгісторыя...

І цяперашнія міністры, дактары навук, прадпрымальнікі і камерсанты псіхалагічна мала чым адрозніваюцца ад тых класічных „рабочых і сялянаў”. Не зусім правільна сцвярджаць, што ў Беларусі дэмакратыя слабая – правільней будзе сказаць, што Беларусь не ведае дэмакратыі, бо тут і следу яе не было. Пад агульным паняццем дэмакратыя я разумею не так палітычны лад ці эканамічную сістэму, але перш за ўсё правы чалавека, месца асобы ў грамадстве. З гэтага непазбежна вынікае самая балючая праблема Беларусі – праблема меншасці, таму што без існавання меншасці няма ні свабоды, ні дэмакратыі, ні культуры, ні самога чалавека ўвогуле.

Вясковы „патоп” у бок места (горада) на працягу 50-х – 70-х гадоў вынес на самы верх грамадства не так найбольш здольных, але найбольш спрытных, да таго ж без належнай шліфоўкі. Цяперашняя беларуская эліта складаецца з вузкіх спецыялістаў, якія з усёй, не тое што сусветнай, але і з маладой уласнай культуры амаль нічога не прынялі і не засвоілі, мала таго, і не хочуць засвойваць, бо нават лепшыя з іх існуюць толькі ў сваёй прафесіі. Штодзённы побыт прафесара універсітэта мала чым адрозніваецца ад побыту слесара ад рамонту аўтамабіляў; дарэчы, яго суседа ў блоку. Пра якую-небудзь інтэлектуальную эліту гаварыць увогуле цяжка. Пад час маіх рэдкіх сустрэчаў у беларускай правінцыі з літаратарамі, журналістамі і навукоўцамі з Польшчы і іншых заходніх краінаў было нязменным адно – шчырае здзіўленне гасцей тым, што нашы палітыкі і літаратары топяцца самі і топяць суразмоўцу ў вірах фактаў, лічбаў, прозвішчаў, плётак і чутак, але збіваюцца на банальнасць, калі справа даходзіць да аналізу. Нічога дзіўнага! Аналіз немагчымы без самастойнага мыслення, без таго, каб ты апынуўся ў меншасці, думаў не так, як усе. Іначай твой „аналіз” нікому не цікавы і не патрэбны! І тут высвятляецца, што самаму смеламу апазіцыянеру не так страшныя агульнае цкаванне з боку ўладаў, турэмныя краты і гумовыя палкі, як страх меншасці. Калі ва ўладзе ўвогуле няма канцэпцыі суверэнітэта, дык апазіцыя шукае тут канцэпцыю абы-дзе – ад навамодных тэорый ліберальнага рынку да даўно мінулай гісторыі часоў ВКЛ – абы не апынуцца ў меншасці, не застацца без спасылак на аўтарытэтную першакрыніцу, на даўно вядомае. З уласнае дасведчанасці магу падаць той смешны прыклад, як мой артыкул „Трансфармацыя беларускай нацыянальнай ідэі” быў адхілены адной з апошніх незалежных рэдакцый у Мінску (прыблізна ў тым жа часе ён быў апублікаваны ў Польшчы).

– Ну, ведаеце, – працягнуў рэдактар. – Гэта ўсё цікава і мне спадабалася самому, але для чытача ваша думка гэта яшчэ не аргумент.

Не хачу сказаць, што вось менавіта я адкрыў нешта новае і суперактуальнае, знайшоў выратаванне Беларусі і г.д. Але як гэта забойна гучыць! Думка гэта не аргумент! А што ж тады аргумент?! Дзяржаўная пасада? Навуковы тытул? Колькасць надрукаваных артыкулаў? Узрост, ці сямейнае становішча? Ці зноў абрыдлы ад часоў камуністаў „маральны воблік”?! Які ж сэнс у адхіленні ад улады „таталітарнага рэжым”, калі псіхалагічна „дэмакратычная апазіцыя” такая самая?!

Палітыка, ідэалогія і культура ў Беларусі нават не дагматычныя, але персаніфікаваныя. Лічыцца нейкі „аўтарытэтны чалавек”; вакол трахцяць прозвішчамі, шукаюць нейкіх „новых людзей” – што ўлада, што апазіцыя. З гэтага вынікае, што сам па сабе існуючы парадак – нават не парадак, а становішча грамадства! – тых і тых задавальняе. І ўся „палітыка” зводзіцца да ўсяго толькі абрыдлай за савецкім часам ратацыі...

І вось, ёсць апошнія, што будуць першымі,
і ёсць першыя, што будуць апошнімі.
Лука ХІІІ, 30<

Здаецца мне і такая прыкрая рэч, што прэзідэнт Лукашэнка адчуў прыродным розумам менавіта, вось, такі спосаб „мыслення” апазіцыі – таму пры ўсіх прыдзірках цэнзуры і розных кантралёраў да апазіцыйнага друку, ён – той друк – каторы ўжо год існуе легальна. Апазіцыйныя газеты выглядаюць гэтаксама, як... афіцыйныя: тыя і тыя пішуць пра адно і тое ж – мяса і малако, заробкі і цэны. Ну, хіба апазіцыйная прэса падае яшчэ пра мітынгі, арышты і надпісы на сценах – сваю хроніку. Зрэшты, афіцыйная прэса гэтаксама падае сваю хроніку: нарады, працэнты і г.д. У апазіцыйнай прэсе няма аналізу. І няма сэнсу заганяць яе ў падполле ды лішні раз псаваць праз тое нервы з заходнімі дыпламатамі. Адкрытыя канфлікты апазіцыйнай прэсы з уладай пачынаюцца толькі ў выпадку гэтак званых „нападак” на прэзідэнта – тут у Лукашэнкі няма ніякага цярпення; зрэшты, як ува ўсіх учарашніх вясковых; тыя проста не разумеюць ні палемікі, ні крытыкі, у іх альбо пахвала, альбо абраза і знявага, ці чорнае, ці белае. А ў астатнім...

– Да пишите вы! Пожалуйста! – неяк сказаў Лукашэнка журналістам. У яго стылі ўвогуле мець на языку тое, што ў галаве. – Да кто вас читает, если так по-честному?! И что там читать...

І не маглі запярэчыць яму на гэта.
Лука XIV, 6

Калі Антон Чэхаў пісаў, што „раба з сябе можна выціскаць толькі па кроплі”, хіба ён меў на ўвазе вось гэта самае colchozum veto. Бо нават такія, здавалася, „агульныя праблемы”, як захаванне нацыянальнай культуры ці пераход ад планавай да рынкавай гаспадаркі, па сутнасці зводзяцца да аднаго – да права меншасці. Бо ў сапраўды дэмакратычным грамадстве і адзін чалавек гэта меншасць, так што і правы чалавека, і дэмакратычныя свабоды гэта таксама правы меншасці. Большасць і так мае ўсе правы. У любым грамадстве. І таталітарызм ад дэмакратыі адрозніваецца адным: ці ёсць там права меншасці, ці проста дамінуе colchozum veto...

(працяг)

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія