|
Частка трэцяя
Зямля Абяцанак
Натхніцелі і рэалізатары Вялікай Французскай рэвалюцыі да свабоды лёгкадумна, як усе рэвалюцыянеры, дакінулі яшчэ роўнасць ды братэрства. Што такое свабода, людзі спрачаюцца столькі, колькі памятаюць сябе – цяпер вось схіляюцца да таго, што гэта катэгорыя не так праўная, як духоўная. Адно толькі права не дае аніякай свабоды. Да таго ж высветлілася, што свабода на справе ёсць свабодаю выбару, а далей пачынаюцца абавязкі. А вось з роўнасцю і братэрствам пайшло не проста лягчэй, але так лёгка, што яны падмялі пад сябе нават сваю старэйшую сястру Свабоду.
Даўно сплылі Стыксам першыя наіўныя ўяўленні, што роўнасць гэта ўсяго толькі роўнасць усіх саслоўяў перад законам, а братэрства гэта ўзаемадапамога, цярпімасць, апека бедных. Роўнасць перад законам ужо тым жа якабінцам Гракхам Бабёфам трактуецца як роўнасць сацыяльная, потым камуністы сярэдзіны ХІХ стагоддзя выводзяць з гэтага бяскласавае грамадства, а бальшавікі ХХ стагоддзя спрабуюць гэтае грамадства нават пабудаваць на практыцы – пры гэтым за лічаныя гады! – такім спосабам пачатковая роўнасць перад законам канчаецца дзяржаўным грабежніцтвам. Што было галоўнай прычынай той жа Вялікай Французскай рэвалюцыі. Так замыкаецца кола.
Горш, чым з роўнасцю, выйшлі справы з братэрствам. Аказалася, што братэрства непарыўна звязана з жабрацтвам, і што ўсеагульнае забеспячэнне роўнасці (!), асабліва калі за гэта бярэцца дзяржава, не запабягае жабрацтву, але садзейнічае яму. Шырока вядомы ў Беларусі тэрмін браткі-беларусы непарыўна звязаны з яе жабрацтвам, як спосабам побыту і мыслення. Да таго ж, беднасць і роўнасць у Беларусі гэта не часовы стан яе, але ледзь не галоўная агульначалавечая добраць,
бо кожны, хто ўзвышае сам сябе,
паніжаны будзе,
а хто паніжае сябе,
узвысіцца.
Лука XIV, 11
Братэрства па-нашаму зусім не азначае, што калі нехта дае, то і яму дадуць, і што калі дапамагае, то і яму дапамогуць. Але азначае, што адны маюць даваць, а іншыя браць – пры гэтым адны маюць святое права браць, а іншыя маюць святы абавязак даваць. Коратка гэта праяўляецца ў існаванні двух гатункаў чалавечых істотаў: народ і не-народ. Той другі мае вечны святы абавязак ратаваць той першы. Паколькі першы ўсё жыццё цяжка працуе (хоць ніколі не лічыць і не глядзіць, што выходзіць з яго працы і якім коштам!), то ад другога мае быць хоць нейкая выгода для першага. Скажам, ад літаратуры маюць ісці надоі і ўраджаі, мае яна паменшыць узровень злачыннасці, змякчаць чалавечыя душы і прасвятляць іх верай у светлую ж будучыню.... Не-народ нясе таксама і крыж адказнасці. За што? А за абы-што! Ну, бо якая розніца, за што менавіта, калі народ не памыляецца...
Памыляецца, звычайна, ці той, хто хоць што-небудзь робіць, ці той, хто ўсяго толькі нешта абяцае, напрыклад, палепшыць жыццё народа шляхам якіх-небудзь рэформаў (ці контррэформаў, гэта ўсё роўна). Усе дружна чакаюць, калі ж тое будзе, каб потым задаволена махнуць рукою,
кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць
і не змог закончыць?!
Лука XIV, 30
Беларускі перакладчык Бібліі Васіль Сёмуха гадоў дзесяць пры любой нагодзе пяром і словам успамінае, як гэта Майсей наўмысна сорак гадоў кружляў па пустыні, хоць напрасткі было пару тыдняў. А ўсё для таго, каб за сорак гадоў усе выведзеныя з Егіпта рабы жыдоўскія адсеяліся шляхам натуральнага адбору, а ўжо прыйшлі ў Зямлю Абяцаную іхныя дзеці, свабодныя людзі...
І ў страшным сне не прысніцца, каб гэтак даць сябе замардаваць дазволілі беларусы! На што так спадзяецца Сёмуха... У нас, на Крэсах, вынайшлі лепшы спосаб ад Майсея. Калі тут вышэй за ўсё братэрства, а забяспечвае яго жабрацтва, чый спакой і недатыкальнасць мае пільнаваць бацька, то на якую халеру каму патрэбная тая Зямля Абяцаная?! Што толку цягацца сорак гадоў у той пустыні і пушчы – каб здохнуць па дарозе?! Народ – гэта Соль Зямлі. Народу добра і ў той хаце, якая ёсць. І замест Зямлі Абяцанай тут выбралі Зямлю Абяцанак, якая заўсёды з табою – як свята ў Хэмінгуэя! – дзе б ты ні зваліўся пад плотам... Заплюшчыў сабе вочы і храпі на здароўе, сні ружовыя сны. У Мінску бацька, ён жа не спіць, а за цябе ўсё думае...
І ўсё было б добра на той Зямлі Абяцанак, у тым адвечным свеце ружовых, як сала, сноў пра тое, чаго хочацца, каб, вось, не паскудны Час, які не цячэ сабе міма, а нішчыць усё на свеце, нават Соль Зямлі, нават бязгрэшны і неамыльны народ.
Соль – добрая рэч;
але калі соль траціць сілу,
чым асаліць яе?
Лука XIV, 34
ні ў зямлю, ні ў гной не прыдасца;
прэч выкідаюць яе.
Хто мае вушы, каб чуць, хай чуе!
Лука XIV, 35
Так, дык так яно, братка... Але гэтак хай страшаць дзе на біблейскай пустыні! А на Зямлі Абяцанак вушы чалавеку не пашкодзяць, бо тут дазволена гаварыць і спяваць адны абяцанкі. Галоўнае адрозненне абяцанкі ад іншых чалавечых майсаў – закліку, пагрозы, просьбы, прысягі, тлумачэння, разважання і г.д. – датычыцца не зместу і глыбіні, але вонкавай прыгажосці. Абяцанка – найбольш эстэтычна чысты жанр моўнага і пісьмовага мастацтва. Усё астатняе можна сяк-так апрацаваць рамяством пры нейкай падтрымцы розуму і сумлення. Абяцанка прызнае толькі прыродны дар. Лукашэнка нараджаецца раз на стагоддзе...
Майстэрства абяцанкі грунтуецца на поўнай адсутнасці якога-небудзь зместу. Прывядзем асобныя прыклады з дзейнасці тых, каго беларусы нейкі час (працяглы ці менш працяглы) мелі за бацьку.
– Будзеце роўныя з роўнымі, вольныя з вольнымі! Будзеце самі вырашаць, якою ваша дзяржава будзе!...
Гэта Пілсудскі.
– Я ваюю не за памешчыцкую, не за генеральскую, не за панскую, але за вольную, працоўную, сялянскую, свабодную, шчаслівую Беларусь!
Гэта Булак-Балаховіч.
Ці добрыя гэта абяцанкі? Добрыя. Але ёсць лепшая.
– Я ведаю, мае дарагія, чаго вы хочаце! Прашу вашай падтрымкі! Паверце мне!
Гэта Лукашэнка.
Чым першыя дзве абяцанкі горшыя за трэцюю? Тым, што пры ўсёй рыторыцы і шматлікіх эпітэтах, у іх ёсць канкрэтыка. Пілсудскі абяцае дзяржаву. Булак-Балаховіч абяцае Беларусь. Гэта значыць, абодва разлічваюць (хоць і думаюць, што гэта ўсім да спадобы!) толькі на тых, каму тыя дзяржава ці Беларусь патрэбныя. А Лукашэнка не абяцае нічога канкрэтнага зусім, не робіць сябе разумным. Наадварот! Гэта не ён сам чагосьці хоча – і не тое ўсім абяцае! Ён проста кажа, што ён ведае, чаго хочуць усе (падсвядомае ўражанне слухачоў: гэты чалавек сабе не хоча нічога!) – і абяцае ім за іх гэта зрабіць!
Геніяльна проста!
Дарэчы, з літаратурнага пункту гледжання, у Лукашэнкі фраза пабудавана ідэальна. Пры ўсёй рыторыцы няма ніводнага эпітэту – бо няма ж прадмету абяцанкі. Замест эпітэтаў у Лукашэнкі... голас! Неяк ён сам наступным чынам класіфікаваў эфектыўнасць уздзеяння на электарат з боку сродкаў масавай інфармацыі: самае важнае гэта радыё, потым ідзе тэлебачанне, і толькі потым друкаванае слова. У друку вылазіць змест, а яго ж няма... Чаму састарэлае радыё ў Беларусі важней перадавога тэлебачання, таксама зразумела. Народ цэлы час цяжка працуе, сядзець перад тэлевізарам няма калі, а радыё бесперапынна дастае бабу на кухні, а яе мужыка за рулём аўтамабіля.
І што тут новага, спытаеш ты мяне? Гэта ж усім вядома! Канешне, вядома, але ж ведаць і разумець – гэта зусім розныя рэчы. Не трэба абяцаць чалавеку даць нешта, а ў канкрэтных умовах Беларусі нельга ні ў якім разе абяцаць яму шмат – напрыклад, „месца ў Еўропе” ці „прыўкрасную Будучыню”, як гэта робіць выгнаннік Зянон Пазьняк. Ні ў якім разе! Госпадзі, ну адкуль ты ведаеш, што чалавеку трэба?! І чаму дарэчы ты адбіраеш яму свабоду? Ці пытаў ты, а хоча беларус да той сранай Еўропы, ці на х...й яму яна патрэбна?! Той, бядуля, і сам не ведае, чаго ён хоча, а бачыць ён, што яму ніхто нічога ніколі не даў з усіх канкрэтных абяцанак, а таму ён так паміж намі зусім нічога не хоча, а проста нясе сваю крыўду, бо:
і ён рады быў напоўніць чэрава свае струкамі,
якія елі свінні,
але ніхто не даваў яму.
Лука XV, 16
Летам 1998 года ў Гродне, недалёка Фарнага Касцёла ў белы дзень выбухла страляніна. На месцы, пакуль прыехала паліцыя, былі двух забітых... Не, гэта не мафія зводзіла свае падрахункі, не найміты „антынароднага ды таталітарнага” пыльнулі нейкага бясстрашнага прагрэсіўнага журналіста ці падпольнага змагара за Беларусь – гэта было па нашай тутэйшай класіфікацыі бытавое забойства. Двух забітых і іх забойца сябравалі з маленства, служылі цяпер у адной камерцыйнай фірме... Гэтая трагедыя была вынікам тутэйшага братэрства на Зямлі Абяцанак.
Адзін з трох сяброў не меў „ Мерседэса”, а два іншыя ўжо мелі. І не меў трэці грошай таксама, і яму тыя давалі пазычыць на аўтамабіль, але ён шляхотна прызнаўся, што не здолее аддаць пазыку ні праз год, ні праз пяць. А грошы ж маюць быць у абароце... А крыху пазней той трэці знайшоў у Польшчы камбінацыю прадаць адзін тавар, купіць там іншы і даходна прадаць яго тут. А таму папрасіў цяпер у сяброў не пазыку, а крэдыт на тры месяцы, каб купіць патрэбны для пачатковай паездкі ў Польшчу тавар тут. Ну, што тут такога, звычайная гандлёвая аперацыя, якія на Крэсах робяцца тысячамі...
Далей быў такі працяг: трэці ўзяў крэдыт, купіў тавар. Не, пакуль што ён нікога не падмануў – здзелка нечакана аказалася вельмі грашавітай, так што хапіла і на „Мерседэс”, і на аддачу крэдыту. Але на месцы... грошы пайшлі нават не ў новы абарот, што было б хоць неяк зразумела, а на... футра для жонкі, мэблю, бытавую тэхніку і г.д.
Прыблізна праз два гады (!) двое другіх спыталі, нарэшце, дзе грошы. Трэці сказаў, што цяпер не мае. Яшчэ з паўгода цягнуліся размовы-перамовы, а потым трэці сказаў, што вы ўжо дамы збудавалі, а я з цёшчай пад адным дахам жыву – а вы з мяне яшчэ грошы цягнеце! Дык гэта ж нашы грошы, сказалі яму. Але вам і так добра! – сказаў ім ён.
Канфлікт пачаўся за грошы. Але імгненна перайшоў на справядлівасць. Грошы гэта ж нічога, а чалавек гэта ўсё... Мае быць роўнасць, тым болей, што мы ж не чужыя, у нас братэрства.
Потым тыя двое пачалі ўжо не прасіць аддаць (!), але патрабаваць – і назначылі сустрэчу пад Фарным Касцёлам. Па Святой Імшы. І кожны з трох, ідучы па справядлівасць, меў пры сабе пісталет ТТ. Які прабівае не тое, што чалавечае цела, але і бронежылет...
Першы стрэліў той, хто браў, а потым у яго адзін з тых двух, хто даваў. У выніку – дзве смерці, удовы, сіроты і г.д. Чаму ж то яны не падалі ў суд і не адсудзілі?! Таму, што давалі свайму, а сваім тут трэба дапамагаць, а не браць з іх вэксляў ці нейкіх квітоў... Але чаму той трэці не вярнуў грошы – хоць іх меў?! А таму, што тым двум і так добра. Гэта яны парушылі братэрства, а не ён – як гэта так: аддаваць грошы тым, у каго іх і так куры не дзяўбуць??! Тым болей, што мы ж не чужыя...
За апошнія дзесяць гадоў у Беларусі ўзровень злачыннасці застаўся такі самы! Прафесійных забойцаў і злодзеяў не пабольшала... А такі ж дзесяцікротны рост забойстваў прыпадае на... падрахункі паміж „сваімі”! Тут якраз бачым, як праяўляецца чалавек з ружовых сноў, калі гэты сон хоць бы часткова робіцца явай... Так не хочацца за гэта плаціць, бо плаціць гэта значыць прачнуцца –
і зразумець, што і багаты мае лічыць грошы, і што яму нідзе мёдам не намазана. А гэта значыць, што багатае жыццё на яве горш за ружовы сон бедака... Багатае жыццё, аказваецца, не пазбаўляе ад клопатаў, не прыносіць гэтак званага шчасця, не дае таго, што снілася ў тых ружовых снах... І чым далей жыве той, хто ў роўнасці і беднасці быў, здавалася б, прыстойным чалавекам, тым горшым ён робіцца багацеючы. І так між волі падумаеш, а ці быў той жабрак „парадачным” чалавекам? Ці проста не было дзе і як яму праявіць тое, чым ён быў у сапраўднасці? Ці здольны жабрак духам ўвогуле быць хоць трохі сумленным чалавекам? Няўжо гэта грошы марнуюць чалавека? Ці гэта проста апраўданне жабрака? Апраўданне сваёй і чужой крыві...
Верны ў малым і ў вялікім верны,
а няверны ў малым, няверны і ў вялікім.
Лука XVI, 10
І калі ў чужым не былі верныя,
хто дасць вам вашае?
Лука XVI, 12
Але хутчэй Неба і Зямля мінуцца,
чым адна рыска з закону прападзе.
Лука XVI, 17
Цяперашнія мардабоі і забойствы быццам бы за грошы – з пункту гледжання сярэднестатыстычнага беларуса зусім не за грошы. У кожным канкрэтным выпадку апінія бярэ пад абарону таго ці іншага не ў залежнасці ад устаноўленага права, але ў залежнасці ад нейкага цёмнага спрадвечнага звычаёвага права. У пададзеным вышэй прыкладзе вінаватымі палічыла Гродна тых двух, а не трэцяга, які ўзяў, а не аддаў! Бо трэці меў двое дзяцей, а з тых двух адзін толькі дачку, а другі ледзь паспеў ажаніцца...
Звычаёвае права пануе на Крэсах. Нічога тут не мянялася сотні гадоў і цяпер не хоча мяняцца. І было так, і будзе, бо:
елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж
да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
бо прыйшоў патоп
і знішчыў усіх.
Лука XVII, 27
Гэтаксама было і ў дні Лота:
елі, пілі, куплялі, прадавалі,
садзілі, будавалі,
Лука XVII, 28
так будзе і ў той дзень,
калі Сын Чалавечы адкрыецца.
Лука XVII, 30
Гэта быў прыклад „дзікага рынку” – цяпер паглядзім на рынак цывілізаваны.
Справа гэта адбылася на Магілёўшчыне і дагэтуль мае шырокі розгалас на Беларусі. Нехта Старавойтаў, старшыня аграмаднага colchoza, які лічыўся ў цэлым Краі самым вялікім і багатым, гадоў восем назад, яшчэ за савецкім часам, раптам заявіў, што ўсё гэта блеф, што „колхозный строй” сябе даўно вычарпаў і ён растлумачыў гэта людзям, і тады яны разам перарабілі той colchoz на акцыянернае таварыства, дзе кожны мае ўдзел у сваім банку. Пры гэтым заробленае раней падзелена было, так сказаць, прапарцыянальна ранейшым заслугам і працы, а цяпер усе палі, фермы, цэхі, майстэрні гэта самастойныя акцыянерныя таварыствы, а сам я, Старавойтаў, з „чырвонага памешчыка” ператварыўся ў сціплага прэзідэнта банка... І паверце мне, спачатку так і было! І дзялілі галосна ды справядліва; зразумела, наколькі гэта магчыма ў заблытанай савецкай сістэме. І рэфармаваны на банк калгас працаваў так пару гадоў, прыносіў нават зыскі! І нават простыя акцыянеры, тыя ж даяркі на ферме, атрымлівалі нядрэнныя дывідэнды! І настолькі нядрэнныя, што... панеслі яны ў той жа банк свае ашчаднасці – бо дывідэнды ж якія! Нашто ж, каб грошы без руху ляжалі?!
І раптам, ужо пры Лукашэнку, грымнуў гром! Старавойтаў быў арыштаваны, пачалі следства, банк аказаўся поўным банкрутам, гаспадарка ляжала ў руінах, а грошы перасыпаліся ў кішэні самога Старавойтава, яго сваякоў, прыяцеляў і кампаньёнаў... Дэмакратычная прэса ўзняла лямант, што бязвінна трымаюць у турме заслужанага чалавека! Але... паціху гэты лямант аглух таксама раптоўна, як і пачаўся. Аказалася, што гэта не выдумкі „антынароднага і таталітарнага”, а гідкая, паскудная, праўда. Скажам, за гады „банкавання” Старавойтава папярэдні грашовы ўклад даяркі ў дваццаць тысяч яшчэ савецкіх рублёў (прыблізна тры з паловай тысячы даляраў на „чорным рынку”!) на момант рэвізіі раўняўся... дваццаці тысячам рублёў беларускіх (на той час прыблізна... сорак цэнтаў!). Свае грошы ў банк Старавойтава (на які ж самі яшчэ і рабілі!) занеслі чатыры тысячы чалавек!!!
Паўтараю – гэта не ў мільённым месце. Гэта ў сваім жа мястэчку, дзе кожны ведае кожнага ад дзесяткаў гадоў!
Як такое магло быць?
На жаль, мой дарагі, вельмі проста... Неяк аднойчы таму Старавойтаву, які раней за пяцьдзесят гадоў свае працы не ўзяў лішняга рубля, надакучыла плаціць тыя дывідэнды быле-каму, нейкім учарашнім хамам, якіх ён сам жа выцягнуў у акцыянеры, сам жа прыдумаў гэты банк і нават здолеў яго заснаваць у часы яшчэ савецкага „нет”, дзякуючы выключна сваім ранейшым заслугам, сваім двум зоркам вышэйшай узнагароды СССР, Героя Сацыялістычнай Працы, гэта ён паказаў, як правільна жыць... А цяпер, аказваецца, што ён толькі прэзідэнт, а той банк належыць не яму, але ім! Цяпер аказваецца, што ўсе кругом самастойныя, а ў яго, гаспадара, менш улады, чым ён меў будучы засраным „прадсядацелем калхоза”, калі ніхто не лічыў грошай! Старавойтаў раздаў цэлы банк на крэдыты прыяцелям па ўсёй неабсяжнай постсавецкай прасторы, а тыя „акцыянеры” па-ранейшаму здымалі шапкі і хадзілі да яго прасіць пазычыць – хадзілі як на панскі двор! А хто спрабаваў праўды шукаць, таго „супакойвала”... ахова банка, рыхтык гайдукі ў феадальным маёнтку! Нічога дзіўнага, напалову тая „ахова” была набраная... з магілёўскіх крымінальнікаў... На жаль, гэта праўда, а не выдумкі „лукашэнкаўскай прапаганды”. Дэмакратычная ж прэса цяпер піша, што пасля арышту Старавойтава і „аднаўлення калхоза” там крадуць яшчэ больш, бо ўсе пагалоўна... А чаму дзівіцца?! Разносяць па хатах тыя крышкі – бо баяцца, што прападуць дарэшты.
Старавойтаў здабыў грошы, але страціў уладу. І толькі тут зразумеў ён, што зрабіў глупства з тым вольным рынкам, бо пры братэрстве і жабрацтве менавіта ўлада і ёсць грошы! І тым больш, што сказалі яму гэта тыя ж прыяцелі з неабсяжнай постсавецкай прасторы...
А ён, пачуўшы гэта, засмуціўся,
бо быў вельмі багаты.
Лука XVIII, 23
Багаты на ўладу... А таму ён і вярнуў усіх назад у жабрацтва – і тым уладу сабе вярнуў!
Тыя, што чулі гэта, сказалі:
хто ж можа ўратавацца?
Лука XVIII, 26
Але Ён сказаў: немагчымае людзям –
магчымае Богу.
Лука XVIII, 27
Абодва так розныя выпадкі скончыліся адным і тым – упадкам чалавека пры яго спробе пакінуць рабства. Іх жабрацкая вера таму прычынай. Неадпаведнасць яе законам рынка, якія – пры ўсёй сваёй недасканаласці – тым не менш грунтуюцца на павазе да ўмовы аднаго чалавека з другім, значыць, на правах чалавека. Бо што такое чалавек, яго права і яго слова, таго жабрак псіхічна не
ў стане зразумець. Чалавек для жабрака – у адным выпадку беднага, а другім багатага жабрака, – аказваецца, ёсць і такія! – і не чалавек зусім, не такі самы, як ты, але толькі крыніца, з якой можаш піць без канца і не плаціць за тое. Дармавізна, вось што.
Жабрак не бачыць на свеце нічога далей уласнага пупа; іншае дзівіць яго, гнявіць яго, страшыць яго,
і пачуўшы, што міма яго праходзяць людзі,
спытаўся: што гэта такое?
Лука XVIII, 36
Ілжэбратэрства, калі чалавек не асоба, а частка чаго-кольвек, нішчыць чалавека, а здавалася, мела яго берагчы. Не забудзем толькі, як доўга і цяжка выходзіла з вясковай грамады ды кругавой зарукі, з клана ды сацыяльнага класа тая цывілізаваная Еўропа. Колькі было на тым шляху глухіх тупікоў і брудных крывых вулічак! І дарэчы, а ці выйшла з таго Еўропа? А калі выйшла, то куды? І што з ёй там робіцца далей...
Нейкія футбольныя фанаты, брытагаловыя, ашалелыя паклоннікі рок, панк і таму падобных „зорак”... Карыстаючыся з дэмакратыі і свабоды асобы, людзі самі заганяюць сябе ў нейкую уніформу!
Што ж, такая самая чалавечая натура... І ўсё ж няма іншага шляху ад чалавека да чалавека! Тысячагоддзямі лепшыя галовы адваёўвалі ад гэтак званага грамадства права на існаванне, а сягонняшняе Чалавецтва існуе не дзякуючы той працы мускулаў, чым займаліся стагоддзямі такія, як усе, але дзякуючы працы мазгоў, чым займаліся адзінкі... Чалавецтва ратавалі ад згубы не праведнікі, а ерэтыкі. І прымаючы нават, што гэтак званы талент даецца ад Бога, трапляецца рэдка, а прападае часта, дзіву даешся адвечнай празе нішчэння таго, чаго і так мала. Вяртаючыся ад філасофіі да Беларусі і Крэсаў, гэтаксама не стамляешся здзіўляцца, як шмат людзей сусветнай славы і чыну былі выпіхнутыя адсюль народам з уласнай Айчыны, які цяпер узносіць ім помнікі, пралівае слёзы і складае ёмістыя біяграфіі.
Маўляю вам, што кожнаму, хто мае,
дадзена будзе,
а ў таго, хто не мае,
адымецца і тое, што мае.
Лука ХІХ, 26
Так і жыве Зямля Абяцанак... Страшэнна баіцца той халернай цывілізацыі, удзячная свайму першаму лукашэнку за тое, што ён туды свой народ „не поведёт”. Ale dok№d ta droga? Droga donik№d.
З другога боку, ці ёсць парадокс у тым, што жабрацтва імкнецца да Расіі, а не да Еўропы? Няма парадоксу. Але ёсць прыхаваная пакуль неспадзяванка: тая Расія, па-за адзічэлымі люмпенамі і нуварышамі, сама мроіць жыць „как в Европе”! Паводле апытання залежных і незалежных агенцтваў, працэнт „евроссиян” расце з году на год, незалежна ад палітычнай кан’юнктуры і гаспадарчага становішча ў кожным канкрэтным адрэзку часу...
Беларусь жа ў пераважнай большасці хоча да той Еўропы „ездить покупать”, але не хоча так, як у Еўропе жыць. Таму і пацвярджаю напісанае мною раней: і цяпер, і тым болей у блізкім ды прышлым часе Рэспубліка Беларусь не ёсць і не будзе часткай Расіі – па той простай прычыне, што гэта крэсы Расіі.
Крэсы не ёсць частка чаго-небудзь цэльнага. Крэсы існуюць самі па сабе. Культура пагранічча гэта такая самая асобная культура, як кожная іншая самастойная.
Крэсы ў сваім часе падхапілі нямецкі сацыялізм (праз Вільню і меншыя жыдоўскія мястэчкі) і нарадзілі практычны камунізм, больш вядомы як бальшавізм ці савецкі лад. На Крэсах адбылася не русіфікацыя, але саветызацыя – і таму тут дамінуе савецкая культура. Існаванне савецкай культуры ўшчэнт разбівае тэрмін ХІХ стагоддзя: нацыянальнасць – бо савецкай нацыянальнасці няма, але савецкі народ ёсць. Паколькі ў існаванні савецкай культуры не сумняваецца чамусьці нават самы зацяты нацыяналіст класічнага выхавання. Не сумняваецца – бо пад скуру залезла яму не „русіфікацыя”, але менавіта савецкая культура.
У чым жа, калі коратка, асаблівасці культуры Крэсаў сягоння? Што такое Зямля Абяцанак?
Па-першае, гэта прыярытэт гэтак званага грамадства, прыярытэт народа над асобай чалавека.
Па-другое, гэта падзел на народ і не-народ.
Па-трэцяе, гэта бесперапынныя пошукі сярод не-народа вінаватых у цяжкай долі таго народа. Адгэтуль вечны ўціск на кожнае праяўленне асобы чалавека ў якой хочаш галіне дзейнасці. Адсюль адмаўленне прыватнай уласнасці, свабоды творчасці, правоў чалавека, асноваў дэмакратыі, адмаўленне ад супрацоўніцтва з астатнім светам і самаізаляцыя.
Па-чацвертае, гэта няздольнасць апазіцыі нават да самавызначэння і самаакрэслення, паколькі сама яна баіцца быць самастойнай, матывуючы гэта... бядой народа і адказнасцю за народ. Адсюль яе слабасць – спачатку ідэйная, з чаго ўжо потым вынікае слабасць арганізацыйная.
Па-пятае, гэта амаль поўная адсутнасць – у выніку гвалтоўнай у часе індустрыялізацыі ў другой палове ХХ стагоддзя, калі вясковец не перарабіўся на рабочага, мешчаніна ды інтэлектуала, але вёска толькі ўсяго апанавала места і падпарадкавала яго сабе! – нармальнай інтэлектуальнай эліты ў еўрапейскім разуменні яе. Пры гэтым паўсюдна пануе сялянаэліта, якая ў канцы ХХ тагоддзя мысліць катэгорыямі канца ХІХ стагоддзя.
Горкі вопыт сведчыць: усе перамены на Крэсах дагэтуль, у кожнае стагоддзе, адбываліся ў выніку якой-небудзь інтэрвенцыі аднекуль звонку. Трэба думаць, што без пралому той самаізаляцыі, менавіта звонку, Крэсы паступова (і вельмі хутка!) здэградуюцца да ўзроўню жыцця якога-небудзь з XVII стагоддзя, зробяцца разносчыкам заразы па ўсім кантыненце ўжо ў медычным сэнсе... Здавалася б, з гэтага мае вынікаць павышаная цікавасць суседняй Еўропы да гэтых Крэсаў, але нават у Германіі і Польшчы – бліжэйшых суседках і адвечных тут інтэрэсантках! – больш чуваць пра Маскву, Кіеў і... Вільню. Але – не пра Мінск. А што такі інтарэс непазбежны, пра тое неяк сведчыць... пазіцыя „таталітарнага і антынароднага”! Тыя палітрукі нават разумеюць, што не можа застацца Беларусь вечнай „чорнаю дзірою”, а таму іх аж калоціць ад кажнюткай прыватнай ініцыятывы кантактаў з таго ж Захаду. Але дзяржаўнай ініцыятывы Захаду няма – і не прадбачыцца ў бліжэйшым будучым... „Ініцыятывы” шэфа польскага МЗС, Герэмка, і купкі беспрацоўных ксяндзоў больш падобныя на падлеткавы ананізм, а не на хоць-неяк прадуманыя дзеянні... Настальгія не ёсць палітыка.
Такое ўражанне, што паны еўрапейцы адпісалі Крэсы для Расіі – у леннае ўладанне. Маўляў, хай дзікуны разбіраюцца з дзікунамі. Ну, хто будзе жыць, той убачыць... Але я і цяпер перакананы, што гэта шлях памылковы, тлумачыцца ён еўрапейскай наіўнотаю і лёгкадумствам. На Беларусь прысылаюць дыпламатаў... з вопытам работы ў чорнай Афрыцы! А чаму ж не з вопытам работы ў тым жа славянскім свеце – Польшчы, Балгарыі, Расіі?!
Гэта зразумела, што багаты не любіць ніякіх пертрактацый з бедным. Хочаш – рабі на маіх варунках, а не хочаш – тады як сабе хочаш... Гэта па-свойму і добра. Бо апякунства і муштра недаразвітых народаў нараджаюць чарговага Патрыса Лумумбу альбо аяталлу Хамейні (хоць былі і іншыя прыклады, скажам, Камаль Атацюрк!). Але яшчэ горшая за неакаланіялізм – паўтараю: я спрабую разважаць з пазіцыі Еўропы, з месца на левым беразе Буга! – абыякавасць і лянота, бліскуча праяўленая Еўропай (у тым жа Польшчай!) на працягу 90-х гадоў ХХ стагоддзя.
Што датычыцца Польшчы, то ізноў – як сто і пяцьсот гадоў назад! – яе ўсходняй палітыкай займаецца амаль выключна біскупскі касцёл. Баюся, што прападуць шматгадовыя намаганні Е. Гедройця і яго парыжскай „Культуры” на перамену спецыфічнага польскага мыслення адносна Kresуw Wschodnich. Ніяк не хочуць у Варшаве памяняць патранат на звычайнае ад вякоў, рутыннае гаспадарчае партнёрства! Сутнасць цяперашняй польскай палітыкі адносна Беларусі – а таксама Расіі і нават Украіны! – не магу назваць іначай як анальфабетызм. Бо пра тое сведчыць не толькі непрафесіяналізм выканаўцаў, але прымітывізм палітыкаў і ідэолагаў.
Калі я гавару пра інтэрвенцыю заходняй цывілізацыі ў Беларусь, то перш за ўсё маю на ўвазе, менавіта, эканамічную інтэрвенцыю. Адзін супермаркет, не кажучы пра банк ці фабрыку, зробіць больш, чым усе дыпламаты і ксяндзы разам узятыя... У тым жа – такое жыццё! – і для дэмакратыі, а значыць, для ўсяго разам, не выключаючы і „еўрапеізацыі” культуры Рэспублікі Беларусь...
Ці той Захад часам не выдыхнуўся? Дзе падзеліся яго дынамізм і цікавасць да навакольнага свету – чым ён і быў моцны праз усю сваю гісторыю? Чым іх так страшыць тая Беларусь? Тым, што яна ёсць і што выглядае так, як выглядае? Але ж мала дзе і хто пачынаў амаль ад круглага нуля! Ды і ці ўжо нуль сягонняшняя Беларусь... Хіба тут пачынаюцца асабістыя амбіцыі асабістых палітыкаў, хіба той Лукашэнка сваімі гарачымі па-мужыцку вачыма іх проста напалохаў... Іначай вытлумачыць актуальную сітуацыю цяжка,
сказаўшы: ідзіце ў селішча, што насупраць,
увайшоўшы, знайдзіце маладога асла прывязанага,
на якога ніхто з людзей
ніколі не сядаў;
адвязаўшы яго, прывядзіце;
Лука ХІХ, 30
Звычайна цывілізацыя пачынае з таго, што робіць на вёсцы пачатковую школу. У нашым жа выпадку цывілізацыя прыехала ў вёску і паабяцала, што калі тая сама асягне Універсітэт, дык тады цывілізацыя прыедзе яшчэ раз прымаць экзамены... Як у Мрожака з Іянэску – тэатр абсурду!
Абы ціха было. Абы без клопатаў.
Але Ён сказаў ім у адказ:
кажу вам, што калі яны замоўкнуць,
то камяні загавораць.
Лука ХІХ, 40
Тым часам зусім іншыя шныраць з абяцанкамі па Зямлі Абяцанак. Гэта рускія фашысты. Шныраць яны і шныраць – і шырокага руху ніяк арганізаваць не могуць, займелі „базу” на... цэнтральным базары Мінска, на славутай Камароўцы, дзе і за савецкім часам быў злодзей на злодзеі. Такія „ўплывы” тут расійскіх левых... А „ўплывы” расійскіх правых ці дэмакратаў такія, што быў неяк адзін Рыгор Яўлінскі, а потым... пяць гадоў ніхто не бывае зусім. Таксама не маюць аўдыторыі. Гэта я пра „адвечны расійскі ўплыў” на беларусаў.
Але, ці хто там за Бугам дасць таму веры?!
Каламыйка грае далей, грае доўга і нудна, слухачы пасалавелі і спяць, раты разявіўшы, а прачнуцца – і далей адбываюць шарварку... Рэжым сабе, апазіцыя сабе, народ сабе – бо рэжым з апазіцыяй то не-народ! – разведчыкі і дыпламаты сабе, Расія сабе, Еўропа сабе... Чакаюць – пакуль нешта неяк наладзіцца таксама само па сабе.
Не ёсць тое, што пішу, ні крытыкай, ані просьбай – прыходзьце і нас бярыце! – проста кожны пішучы ў гэтым Краі адной нагою ўжо стаіць на скудзелі, таму глядзіць на ўсё, што робіцца тут і навокал, крыху як старонні назіральнік. Наўрад ці з нейкага боку, правага ці левага, відаць лепш – але бясспрэчна, што відаць іначай, чым бачаць і адчуваюць тое непасрэдныя ўдзельнікі таго, што робіцца, дзеці выключна свайго часу. Ім „антынародны і таталітарны” выдаецца канцом свету, гібеллю Беларусі, поўным заняпадам гэтага Краю... І з гэтай прычыны, хоць і замілаваныя ва ўласнай гісторыі, яе міфах, яны не бачаць, колькі раз ужо быў такі заняпад і такі канец свету! Хоць бы поўнае знікненне беларускага друку і амаль поўнае знікненне беларускага пісьма на добрых дзвесце пяцьдзесят гадоў! І ўсё ж – нават суверэнітэт, замежныя амбасады ў Мінску, канфлікт з паловай цывілізаванага свету нашага традыцыйнага грамадства, замкнёнага ва ўласным жыцці... Што да таго, што грамадства беларускае еўрапейскае, але не цывілізаванае – а якое яшчэ магло тут быць з пададзенай раней гісторыяй?! Больш таго – „лукашэнкаўская дыктатура” толькі і прыцягнула ўвагу цывілізаванага свету да Беларусі! Нарэшце вывучылі, дзе гэты Край знаходзіцца... А то пасля дасягнення незалежнасці нейкі прыдурак напісаў ажно ў парыжскай газеце, што Рэспубліка Беларусь заснавана нашчадкамі... эміграцыі „белой России”, разбіткамі грамадзянскай вайны 1917-22 гадоў! І праглынулі тую глуповіну „Figaro” і еўрапейскія „інтэлектуалы”! Чаму тут здзіўляцца, калі нават 50-мільённую Украіну з аграмадным яе патэнцыялам пачалі неяк „аддзяляць ад Расіі” ў свядомасці толькі пасля таго, як яе ліберальны прэзідэнт Кучма пастрашыў не аддаваць Расіі ядзерную зброю... Еўрапейскія палітыкі арыентуюцца больш на свайго абывацеля, чым на сапраўдныя інтарэсы сваіх краінаў, не гаворачы ўжо пра ўлік іншых краінаў і іх інтарэсаў, нават калі гэта самыя блізкія суседзі, якія да таго ж займаюць стратэгічнае месца ў геапалітыцы, бо акурат паміж адвечным Усходам і адвечным Захадам. Чамусьці лічыцца, што ў век авіяцыі і ракетнай зброі геапалітыка зрабілася архаізмам і часткай гістарычнага фальклору... Як быццам трубапровады і аўтамабільныя стратэгічныя як для вайны, так і для гандлю дарогі таксама раптам узнесліся да Неба, да Госпада Бога!
Цяпер глядзець на Рэспубліку Беларусь збоку непрыемна – глядзець жа на яе гадоў праз дзесяць, калі нічога ў яе адносінах з Захадам не пераменіцца, будзе страшна,
бо прыйдуць на цябе дні,
калі ворагі твае абложаць цябе акопамі,
і акружаць цябе,
і сціснуць цябе адусюль,
Лука ХІХ, 43
і зруйнуюць цябе,
і пазабіваюць дзяцей тваіх у табе,
і не пакінуць у табе каменя на камені
за тое, што ты не даведаўся
часу адведзінаў тваіх.
Лука ХІХ, 44
Забі гром, не разумею! Навошта спачатку рабіць сабе ворага, каб потым з ім ваяваць?! Такое ўражанне, што цяперашнія павучанні, як каму жыць, гэта нейкая халодная рэлігійная вайна XVI-XVII стагоддзяў... І тым болей не разумею цяперашнюю блакаду Беларусі ў святле, як казалі камуністы, ліхаманкавага дыялогу з Расіяй і крэдытавання Расіі пры кажнюткай уладзе і кожных абставінах, якая б улада там ні была! Адыходзячыя ад улады ў Еўропе лібералы і надыходзячыя сацыялісты выглядаюць гэтаксама, як Лукашэнка, якому яны дружна абвясцілі байкот... А байкот гэта і ёсць класічная „халодная вайна”. З „жалезнай заслонай” у Кузьніцы-Беластоцкай...
Крэсы не маюць аналагаў. Ні з якой краінай. Нідзе няма такога сутыкнення гісторыі і сучаснасці, нідзе сённяшні дзень не атоесамліваецца з учарашнім, а даўно мінулы дзень з днём нават заўтрашнім. Таму спаядзванні на тое, што Беларусь пойдзе „еўрапейскім шляхам”, „польскім шляхам”, „расійскім шляхам” абсалютна беспадстаўныя – нікуды яна не пойдзе, будзе сядзець і чакаць. Чым і займаецца цяпер прэзідэнт Лукашэнка – перасядзець сабе ціха і паглядзець, куды хіснецца Расія ды наколькі трэба ўсё гэта Злучаным Штатам і Еўропе... Каб потым, па мужыцкай традыцыі, перабегчы на бок моцнага! У нейкім сэнсе гэта таксама спосаб не існаванне, хоць і рызыкоўны сваёй блізкасцю да самагубства, бо тая ж Расія яшчэ гадоў пяцьдзесят можа кіпець, а Еўропа спаць. Але спадзявацца на хуткі „канец рэжыму” могуць толькі наіўнякі ды практыканты з правінцыйнага універсітэта дзе-небудзь на „хлебосеющей прерии” ці ў заштатным германскім мястэчку – з усімі сваімі планамі на кароткае і хуткае рашэнне, бо шукалі ўжо
і не знаходзілі, што б зрабіць з Ім,
бо ўвесь народ
неадступна слухаў Яго.
Лука ХІХ, 48
Ціхая вечная восень стаіць на Зямлі Абяцанак... Сёння хмары вісяць над спакойна чакаючым свае смерці абшарам. У гэтым годзе бачыў пад снегам пакінутыя бульбу, лубін, нават ячмень – бачыў тое на Крэсах, на правым беразе Нёмана, недалёка Ліды, дзе варшавякі „шукаюць Польшчу”... Першы раз такое ў жыцці бачыў. А старэйшыя ад мяне казалі, што і яны забыліся на такое, бо не было такога... з 50-х гадоў. Людзі разыходзяцца на тры канцы – на Усход, Захад і скудзель. Нічыя зямля, Terra Nullius, застаецца адна...
Зямля Абяцанак...
(працяг)
|